КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 713290 томов
Объем библиотеки - 1404 Гб.
Всего авторов - 274708
Пользователей - 125099

Последние комментарии

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Влад и мир про Семенов: Нежданно-негаданно... (Альтернативная история)

Автор несёт полную чушь. От его рассуждений уши вянут, логики ноль. Ленин был отличным экономистом и умел признавать свои ошибки. Его экономическим творчеством стал НЭП. Китайцы привязали НЭП к новым условиям - уничтожения свободного рынка на основе золота и серебра и существование спекулятивного на основе фантиков МВФ. И поимели все технологии мира в придачу к ввозу промышленности. Сталин частично разрушил Ленинский НЭП, добил его

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Влад и мир про Шенгальц: Черные ножи (Альтернативная история)

Читать не интересно. Стиль написания - тягомотина и небывальщина. Как вы представляете 16 летнего пацана за 180, худого, болезненного, с больным сердцем, недоедающего, работающего по 12 часов в цеху по сборке танков, при этом имеющий силы вставать пораньше и заниматься спортом и тренировкой. Тут и здоровый человек сдохнет. Как всегда автор пишет о чём не имеет представление. Я лично общался с рабочим на заводе Свердлова, производившего

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Влад и мир про Владимиров: Ирландец 2 (Альтернативная история)

Написано хорошо. Но сама тема не моя. Становление мафиози! Не люблю ворьё. Вор на воре сидит и вором погоняет и о ворах книжки сочиняет! Любой вор всегда себя считает жертвой обстоятельств, мол не сам, а жизнь такая! А жизнь кругом такая, потому, что сам ты такой! С арифметикой у автора тоже всё печально, как и у ГГ. Простая задачка. Есть игроки, сдающие определённую сумму для участия в игре и получающие определённое количество фишек. Если в

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Дамиров: Курсант: Назад в СССР (Детективная фантастика)

Месяца 3-4 назад прочел (а вернее прослушал в аудиоверсии) данную книгу - а руки (прокомментировать ее) все никак не доходили)) Ну а вот на выходных, появилось время - за сим, я наконец-таки сподобился это сделать))

С одной стороны - казалось бы вполне «знакомая и местами изьезженная» тема (чуть не сказал - пластинка)) С другой же, именно нюансы порой позволяют отличить очередной «шаблон», от действительно интересной вещи...

В начале

  подробнее ...

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
DXBCKT про Стариков: Геополитика: Как это делается (Политика и дипломатия)

Вообще-то если честно, то я даже не собирался брать эту книгу... Однако - отсутствие иного выбора и низкая цена (после 3 или 4-го захода в книжный) все таки "сделали свое черное дело" и книга была куплена))

Не собирался же ее брать изначально поскольку (давным давно до этого) после прочтения одной "явно неудавшейся" книги автора, навсегда зарекся это делать... Но потом до меня все-таки дошло что (это все же) не "очередная злободневная" (читай

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

На вакзале чакае аўтобус [Міхась Стральцоў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Міхась СТРАЛЬЦОЎ


НА ВАКЗАЛЕ ЧАКАЕ АЎТОБУС


Усё было, як і ўчора, і ўсё пачыналася спачатку…

У калідоры Юновіча ледзь не збіў з ног загадчык аддзела інфармацыі. Няголены, дзіўна сутулы пры сваім невялікім росце, адскочыўшы ўбок, асалавела лыпаў круглымі вачамі.

— Ты? Выскачыў, нібы… нібы… Здароў!.. Слухай, а што, калі са стала знаходак інфармацыю даць? Давалі, кажаш? Ну, прыдумаю пад яе новую рубрыку, рубрыка вывезе… Ведаеш новы анекдот? Муж варочаецца ў сне, мармыча, а жонка бярэ яго за руку і кажа…— ён нагнуўся да Юновіча, шэпчучы яму на вуха, і раптам закалаціўся ўвесь, зарагатаў:

— Сатыра, гумар — здорава, га? — і тыцнуў Юновічу кулаком у бок. I, не чакаючы, пакуль той будзе смяяцца, пабег да машыннага бюро.

Анекдот быў як анекдот. Смешны. Юновіч не смяяўся. Усё было, як і ўчора, і ўсё пачыналася спачатку…

Адчыніўшы ў пакоі фортку, Юновіч, не распранаючыся, сеў за стол. Яму не хацелася ні анекдотаў, ні размоў. Хацелася памаўчаць, пабыць аднаму, пакуль не збяруцца работнікі і не закруціцца на ўсю моц рэдакцыйная машына.

I Юновіч маўчаў.

Папяроска тлела паволі, і гэтак жа паволі, але з дзіўнай яснасцю, цяклі яго думкі. Чулася праз фортку шаргаценне ног пад акном — Юновіч слухаў, і яму ўяўлялася, які там шэры, з вільготнай цёмнай зеленаватасцю снег на тратуары. Крокі сціхалі, і тады ў цішыню, няпэўную, як завязь, урывалася імклівае сіпенне аўтамабільных шын, а то і вісклівы, здушаны скрыгат тармазоў. Стаялі ліпы ля агароджы праз вуліцу — галінастыя, шырокія, гладка ўкрытыя цьмяна-белым ранішнім снегам, а за імі відна была школа, і ў вокнах яе гарэла святло: жоўта і роўна свяціліся лямпы. Было пахмурна на дварэ, была адліга.

А ў пакоі цёпла пахла фарбай, і ў вядро, падвешанае да радыятарнага крана, скупа падала вада: учора званілі водаправодчыку,— значыць, яшчэ не прыходзіў. Юновіч устаў, прайшоўся па пакоі, пастаяў, успомніў: ага, ён хацеў сесці на канапу, старую, звыклую канапу,— прыперціся плячамі да спінкі і заплюшчыць вочы… Якраз у час успомніў: канапу ўчора загадаў вынесці рэдактар, каб супрацоўнікі не спакушаліся адпачынкам і каб не заседжваліся ў аддзеле чужыя людзі. «Зануда,— думаў Юновіч,— самы звычайны зануда»,— але думаў зусім не злосна, бо не адкрываў амерык: рэдактара ніхто не любіў. У рэдактара быў вузкі, бясстрасны і, як казалі ў рэдакцыі, халоднай штампоўкі твар; прыйшоў ён у газету нядаўна, і адразу стала многа мітусні ў рэдакцыі, лятучак, планёрак, «накачак» і яшчэ больш — размоў пошапкам у калідоры. Газета не лепшала, і ўсім хацелася, каб рэдактара хутчэй перавялі куды-небудзь, няхай нават на павышэнне.

Зрэшты, сёння Юновічу было ўсё адно: пра рэдактара ён не надта думаў…

У горадзе ёсць вакзал, і калі пайсці туды, купіць білет і сесці ў аўтобус — спачатку будзе чаканне, ціхія, стрыманыя размовы, потым — штуршок: на момант абарвецца трапяткая нітка часу і — паехалі, паехалі… Будуць прыпынкі на далёкіх кіламетрах, будзе бязладная гамана ў аўтобусе, дым, хоць сякеру вешай, будуць нязлосна лаяцца жанчыны, а дзядзькі ў суконных паддзёўках скаліць зубы і ўсё адно курыць; будзе падсаджвацца да самотнай дзяўчыны салдацік, а глухаваты дзядок з пяньковай бародкай паказваць суседу боты, што вязе ад сына. А потым наперадзе выплывуць маленькія дамкі раённага цэнтра — Юновіч выйдзе з аўтобуса і не паспее агледзецца, як на яго насядзе, нібы мядзведзь, высокая, шырокая, такая шаматлівая, аж да звону ў вушах, нязвыклая цішыня… Калі ён прыедзе надвячоркам, у драўлянай гасцініцы будзе паліцца грубка і сядзець у дзяжурнай цёткі якая-небудзь знаёмая, за адну толькі добрую душу, за шумлівы агонь у грубцы аддаючы без жалю дзённыя навіны. Ён убачыць у нумары акуратна засланыя пасцелі, яшчэ раз услухаецца ў цішыню, і тады яму здасца: усё, што было з ім раней, да гэтага дня, недзе далёка-далёка і што жыццё можна пачынаць нанава…

Так ён часта падманваў сябе, Юновіч, так было і ў апошнюю паездку.

Спачатку, вечарам у гасцініцы, усё было, як звычайна: і нясмелае чаканне нязнанага, і ціхая радасць адзіноты, і такая ж ціхая надзея на абнаўленне. А раніцай, выходзячы на вуліцу, Юновіч ужо шкадаваў, што раён незнаёмы; учарашні настрой прападаў, а маленькі гарадок мала чаго абяцаў нязнанага. Трэба было нешта шукаць для газеты — час падганяў Юновіча. Ён пайшоў у мясцовую рэдакцыю, і там сабрат па пяру, чырванатвары, у галіфэ, у шэрым пінжаку і зімовай шапцы, адклаўшы ўбок падшыўку газет, з якіх нешта старанна спісваў, падказаў Юновічу чалавека, які, на яго думку, заслугоўваў аж цэлага нарыса. Юновіч падзякаваў і паехаў у калгас.

…Стаяў зімовы сонечны дзень, але не з тых спакойных, роўных, ясных і як бы аглухлых ад цішыні, якія бываюць звычайна ў студзені. Дзьмуў вецер, і ўжо нешта сінела, падтавала на гладкім санным следзе. Ля ганка сельмага чырыкалі вераб’і, трымцела ад ветру і залацілася на сонцы растрэсеная на вуліцы салома. Нечакана зазвінеў званок,— Юновіч схамянуўся, убачыў, што ідзе да школы: адтуль ужо гурмою высыпалі на вуліцу дзеці. Чужога чалавека заўважылі адразу: школьнікі з малодшых віталіся з Юновічам. Ішла насустрач дзяўчына, жмурылася, гледзячы на сонца, і папраўляла свабоднай рукою пад пахаю папку.

Юновіч спыніў яе і запытаў, дзе калгасная кантора.

У дзяўчыны быў ціхі і прыемны голас і нешта далікатнае ва ўсім абліччы. Гаворачы, яна па-дзіцячы моршчыла лоб, чамусьці зняла рукавічку і камячыла яе ў пальцах.

— Дык вы знойдзеце цяпер? — спытала яна.

— Кантору? Знайду як-небудзь… Дзякуй.

— Не, хадземце, я вам лепш сама пакажу…

I яны пайшлі. Дзьмуў вецер, і дрыготка, сполашна свяціла сонца. Разгаварыліся, і неўзабаве Юновіч ведаў ужо, што дзяўчына гэта настаўніца, што завуць яе Валя, працуе тут другі год, а сама з горада. Ці сумна ёй у вёсцы? Моладзі, праўда, тут нягуста. Фільмы ў клубе найбольш круцяць даўнія, але — нічога. Вось толькі работы ў школе шмат, ды яшчэ — лекцыі, даклады. Яна класны кіраўнік, і часта даводзіцца хадзіць па вёсках — да бацькоў сваіх вучняў. Ці будзе перабірацца ў горад? Яшчэ не думала пра гэта. У горадзе ўладкавацца цяжка, трэба, каб нехта памог, а яна не ўмее прасіць, ды і не хоча. Там, у горадзе, у яе сястра, маці… Маці зарабляе мала, бо працуе прыбіральшчыцай, а сястра вучыцца ў інстытуце. Калі і ўладкавацца ў горадзе, наўрад ці будзе ў яе многа гадзін, а маці ж і сястры памагаць трэба.

Ля калгаснай канторы яны развіталіся.

Да чалавека, які заслугоўваў аж цэлага нарыса, Юновіч спазніўся: нарысы пра яго ўжо напісалі. Расклаўшы перад сабой газетныя выразкі, чалавек завучана пераказваў іх, а Юновіч не перапыняў яго, запісваў, хоць запісваць, папраўдзе, і не было чаго: што павінны рабіць і нават думаць героі дрэнных нарысаў, Юновіч добра ведаў і сам. I вось цяпер гэты, зусім незнаёмы і, можа, нават цікавы, чалавек расказваў пра сябе словамі, чужымі і сцёртымі, прыдуманымі падчас нядоўгага натхнення нейкім юновічавым сабратам. Створанае вярталася да творцы: была ў гэтым іронія, якую адчуў адразу Юновіч, але думаць пра якую пакуль не хацеў. «Газета чакае нарыс,— суцяшаў сябе ён,— горшы ці лепшы, але напісаны ў тэрмін. Толькі вось… гэты чалавек: хоча ён памагчы мне ці смяецца з мяне?»

Ён так і не дазнаўся праўды: час падганяў Юновіча, трэба было вяртацца ў рэдакцыю. А праз тыдзень, калі ў газеце з’явіўся нарыс, Юновіч не мог дараваць сабе, што напісаў яго. Пісаць трэба было пра кагосьці іншага. Можа, нават пра Валю. Ці не пісаць зусім.

…Шарэла пахмурная раніца, і Юновіч хадзіў па рэдакцыйным пакоі.

На вакзале стаяў аўтобус, ён быў далёка, але Юновіч шмат чаго ведаў пра яго. Аўтобус быў пусты, маўклівы, і аб яго халодныя бакі біліся паравозныя гудкі, перазвон трамваяў, маторны рокат, але аўтобус не пазнаваў яшчэ іх. Прастора і час ляжалі пад яго коламі, але ён не ведаў пра іх, як не ведае яблык пра таемную сілу семак, што схаваны ў ім. Аўтобус кранецца, і яму падуладныя стануць далёкія палі і дарогі, ціхія гасцініцы ў далёкіх гарадах і новыя людзі, а найбольш — Юновічава надзея забыцца на нядаўняе, прыкрае, што асталося ад мінулай паездкі, узяць і пачаць усё нанава…

Адзінокі, маўклівы аўтобус стаяў на вакзале.

На стале зазваніў тэлефон,— Юновіч падышоў, зняў трубку. Рэдактараў голас скупа і з націскам сказаў:

— Зайдзі.

Трубка змоўкла, потым у ёй нешта шчоўкнула. Трэба было ісці. Юновіч распранаўся. На вакзале стаяў аўтобус — ён чакаў, і нячутна ў пакоі кружыла ўжо шкадаванне: болей пра аўтобус Юновіч сёння думаць не будзе…

У прыёмным пакоі ён паволі тушыў папяросу. Сакратарка ўсміхалася, а потым з прытворнай сур’ёзнасцю кулаком пагразіла рэдактаравым дзвярам. Выходзіла зусім не смешна. Юновіч пайшоў…

Адкінуўшыся на спінку крэсла, рэдактар глядзеў у акно. Ён не варухнуўся, не павярнуў галавы, калі Юновіч увайшоў,— сашчэпленыя рукі ляжалі на каленях. Нічога новага, усё было Юновічу вельмі знаёмае. Нуднаватым і роўным голасам рэдактар сказаў:

— Трэба арганізаваць выступленне дырэктара льнокамбіната. У іх там добрая самадзейнасць… Сядай.

— У які нумар?

— У наступны.

Рэдактар усё яшчэ глядзеў у акно.

— Выступленне дырэктара давалі ўжо іншыя газеты,— сказаў Юновіч.

— Наша газета таксама «іншая». Што яшчэ?

Рэдактар усё яшчэ глядзеў у акно.

— А калі дырэктар,— чамусьці пачаў хвалявацца Юновіч,— не ўмее пісаць. Рабіць за яго… і наогул…

— Можаш наняць каго-небудзь — дзела тваё.

Рэдактар любіў гумар. I вось звычайная чалавечая слабасць рабілася сілай, выстаяць перад якою ніхто ў рэдакцыі не мог. Але сёння Юновічу чамусьці не хацелася адступаць. Ён сказаў:

— Мне здаецца, трэба даць выступленне каго-небудзь з самадзейнасці. Або рэпартаж. Будзе цікавей, і не паўторым… іншыя газеты.

— Будзе цікавей, калі табе перастане здавацца… Рабі.

Рэдактар глядзеў у акно. Гаварыць далей не было ніякага сэнсу. Юновіч устаў. «Дзівак,— думаў ён, гледзячы на рэдактара,— не хоча нават усміхнуцца. Сядзіць, як Буда,— бог, цар і воінскі начальнік, напускае на сябе суровасць… Не, браце, так у нас справа не пойдзе».

Юновічу чамусьці было шкада рэдактара.

У прыёмным пакоі зноў усміхалася сакратарка — ён моўчкі прайшоў ля яе. У канцы калідора паказаўся загадчык аддзела інфармацыі — Юновіч шмыгнуў у свой пакой. Закурыў, набраў тэлефонны нумар: ненатуральна плаўны жаночы голас тлумачыў, што дырэктара на камбінаце няма, але, мусіць, скора будзе. У тэлефоннай трубцы было чуваць, як стукала машынка. Сказаць, каб чакалі карэспандэнта? Яшчэ падумаюць, што ён прыедзе па крытычны матэрыял, і тады дырэктара сёння не знойдзеш.

— Хто гэта гаворыць? — пыталася жанчына.

Юновіч палажыў трубку.

Ён нічога яшчэ не вырашыў, калі выйшаў на вуліцу. Было пахмурна, туман не рассейваўся — спяшаліся пешаходы, аўтобусы хадзілі з запацелымі вокнамі. Па адзін бок вуліцы гарэлі ліхтары, ля піўнога ларка непадалёк ад рэдакцыі тоўпіліся мужчыны. Юновіч не спяшаўся. Колькі часу стаяў ён на мосце, гледзячы на раку,— лёд ля берагоў быў шэры, з наліплымі лапікамі снегу, а пасярэдзіне ракі цямнела вада, і галкі хадзілі па лёдзе ля самага яе краю. Юновіч пайшоў далей: пабольшала людзей на вуліцы, ля магазіна прадавалі піражкі і яблыкі — ад піражкоў ішла пара, а на яблыках быў іней. Ля кінатэатра захліпаўся даўняй песенькай рэпрадуктар. Юновіч пайшоў да касы і купіў білет…

Фільм быў стары, замежны; зала маўчала, і са спакойнай цікаўнасцю наглядаў Юновіч чужое, далёкае, уціснутае ў паўтары гадзіны жыццё. I было мора — прыгожае пад ранішняй смугой і тамлівае, млявае пад дзённым сонцам. I бронзавыя твары рыбакоў былі, і ўсмешка на іх — скупая, спакойная, і былі яшчэ ён і яна, шчаслівыя,— але ён збіраўся ў вялікі горад па яшчэ большае шчасце, і з надзеяй і трывогай глядзела на яго яна… I быў горад — была мітусніна машын, былі рэкламы, бары, сустрэчы з жанчынамі, кароткія, як кінутае на хаду «хэло!» — і вось аднойчы раніцай пасля вясёлай ночы ён вяртаўся дамоў, а на рагу вуліцы стаяла яна, і позіркі іх сустрэліся, але ён не пазнаў яе: яму хацелася спаць, і гаварыць з незнаёмай жанчынай не было ахвоты. Ён пайшоў, а яна глядзела яму ўслед, і ў вачах яе, як некалі, зноў былі і трывога, і надзея… Фільм канчаўся, і гучала мелодыя, кволая і сумная, як успамін аб надзеі, што не збылася… Успыхнула святло, зарыпелі крэслы, адчыніліся на вуліцу дзверы — жыццё, чужое, далёкае, уціснутае ў паўтары гадзіны, канчалася. Людзі выходзілі з кінатэатра. Юновіч закурыў. На другім баку вуліцы ён сеў у аўтобус.

У аўтобусе было цесна, кандуктарка аж недзе на пярэдняй пляцоўцы прапаноўвала купіць білеты. Сціснуты з усіх бакоў, Юновіч стаяў тварам да аўтобусных вокнаў, трымаючыся рукамі за металічную спінку сядзення. Перад ім жанчына з дзяўчынкай на каленях гартала дзіцячую кніжку, паказвала малюнкі.

— А гэта што? — пыталася дзяўчынка.— Гэта птушкі? Мама, якія гэта птушкі?

— Гэта снегіры.

— Снегары, мама?

— Не, ты паслухай, трэба сказаць: сне-гі-ры!

— Ну, мама, я і кажу: снегары!

А Юновіч глядзеў у кніжку… Ах, якія звонкія, чырванагрудыя, чырванабокія, нібыта яблыкі, былі там снегіры! Якая даўняя, далёкая і паўзабытая ўжо казка Юновічавага маленства! I навошта дзяўчынка пыталася пра снегіроў у маці, лепш бы запыталася ў яго. I ён бы… Ён расказаў бы пра дровы, што шугаюць у печы, пра акно, ружовае ад ранішняга сонца; акно замерзла, і цяпер калматае, квяцістае ад марозных узораў яно, і на адной шыбе ледзь свіціцца сіняя ўпадзінка — там, дзе ўчора хукаў на шыбіну. Гэта — учора, а сёння раніца, і ён абуваецца на нізкім услончыку, абкручвае нагу цёплай, падсохлай на гарачай чарэні анучкай, совае яе ў цёплы, таксама толькі з печы, чунь — яму прыемна, радасна, і ён паглядае на палатняную торбачку, што вісіць на сцяне, а ў торбачцы той кніжка, самаробны сшытак і карандаш — каляровы, круглы, з тоўстай сарцавінай, ён такі чырвоны пакідае на паперы след! Карандаш купіла ўчора маці: атрымала за бацьку першую пенсію. Маці ўвечары плакала, а дзед напіўся, кляў суседа, што ў першы год вайны прывалокся з фронту дамоў, нібыта з-за параненай нагі, ды так і астаўся дома, нават у партызаны не пайшоў. Бабуля ўсхліпвала, гладзіла рукою ўнукавы стрыжакі, а ён вырваўся ад яе, забіўся ў куток на печы і ціха плакаў там, каб не чулі. Гэта было ўчора, а сёння свяціла сонца ў хату. Яму было радасна, маці сказала збегаць на двор па дровы, калі ён абуўся, і ён пабег… Якая гэта была раніца! Чырвонае стаяла ў небе сонца, дыміў комін, ружовыя ад сонца водбліскі і сінія ад дыму цені ляжалі на снезе.

За агародамі па шаранку цягнуў з дровамі санкі дзядзька Апанас — санкі суха парыпвалі, і яшчэ чутно было, як правальваўся пад дзядзькавымі нагамі снег: шах! шах! шах! А ў гародчыку каля хаты абселі парэчкавы куст снегіры,— такія звонкія, чырванагрудыя, нібыта яблыкі, снегіры. На парэчкавым кусце асыпаўся іней, церусіўся на птушак, а яны ўсё адно былі звонкія і чырвоныя…

Ах, які ён шчаслівы, што такая раніца і што ў яго ёсць каляровы карандаш, каб намаляваць птушак!..

— Мама, а гэта што? — пыталася дзяўчынка.

Юновіч глядзеў у аўтобуснае акно. Праз адзін прыпынак трэба было выходзіць.

Ён нічога яшчэ не вырашыў, Юновіч, нават калі быў ужо ў дырэктаравай прыёмнай. Ён не прыспешваў сябе, і амаль непазбежнае, тое, што столькі разоў паўтаралася ўжо, марудзіла паўтарыцца. Час не падганяў Юновіча, і гадзіны адлічваліся не там, дзе была рэдакцыя.

— Вам да каго? — пыталася сакратарка.— Да дырэктара?

— Я з газеты,— сказаў Юновіч,— перадайце там…

I кіўнуў на дзверы.

Сакратарка чамусьці разгубілася:

— Дырэктар? Пагляджу… ён быў… не ведаю…

Сакратарка пайшла.

Юновіч сядзеў у прыёмнай і чакаў. «Смешна,— думаў ён,— дырэктар возьме вось ды і зарэжа свой артыкул, скажа: карэспандэнта не пускаць, мяне на камбінаце няма».

Выбегла сакратарка:

— Дырэктар просіць зайсці.

Юновіч пайшоў…

Адкінуўшыся на спінку крэсла, дырэктар глядзеў у акно. Ён жвава павярнуўся, калі Юновіч увайшоў, і ўстаў з-за стала, чакаючы.

— 3 газеты? Чым парадуеце, га? Бачу, крытыкаваць прыехалі… 3 вамі, газетчыкамі, трэба вуха трымаць востра… Калі ласка, сядайце.

Дырэктар быў нізкаваты, у чорным пінжаку шырокага крою. Несамавітую, у шэрую палоску кашулю ледзь не ўсю закрываў на грудзях чырвоны, завязаны фабрычным вузлом гальштук — з тых, што на гумцы. Твар у дырэктара быў курносы, а на лысаватай галаве тырчаў хібок зляжалых светлых валасоў.

— Дык пад што ж падкоп надумалі весці? Па сакрэту, га?

Дырэктар усміхаўся. Дырэктар быў яўна ў настроі, ён жартаваў. Здавалася, даўно не меў ён такой прыемнасці, як гэты нечаканы Юновічаў прыход. «Прытвараецца,— здагадваўся Юновіч,— бо не ведае, чаго я хачу».

Ён сеў і амаль афіцыйна пачаў тлумачыць, чаго прыйшоў.

Дырэктар на вачах мяняўся. Дырэктар ужо не жартаваў. Дырэктару было ўжо сумна. Пісаць артыкул яму не ставала часу і да таго ж ён не хацеў адбіраць у газетчыкаў іх законны хлеб. У дырэктара ёсць багаты матэрыял, ён яго цалкам дасць у распараджэнне Юновіча. (Дырэктар адчыніў дзверы і сказаў сакратарцы, каб падабрала ўсё, што ёсць па самадзейнасці.) Выразкі сваіх ранейшых артыкулаў дырэктар дасць асобна.

Юновіч не пярэчыў і маўчаў. Час не падганяў яго сёння, і амаль непазбежнае, тое, што столькі разоў паўтаралася, марудзіла паўтарыцца. Ён нічога яшчэ не вырашыў, Юновіч,— проста ведаў, што дырэктараў артыкул можа напісаць і не напісаць.

Сакратарка прынесла паперы. Ён пачаў іх гартаць.

Дырэктару было сумна, і ён хадзіў па пакоі. Падыходзіў да вешалкі, прыглядаўся нечага да паліто, пстрыкаў па ім пальцам, надзяваў на чаравікі галошы і адразу здымаў іх. Дырэктару было сумна. На стале пачаў званіць тэлефон. Дырэктару знаходзіўся занятак.

Юновіч усё яшчэ гартаў паперы.

Дырэктар гаварыў па тэлефоне:

— Іван Пятровіч? Як гэта вы надумалі пазваніць? Дзякуй… Жывём — не плачам… Ды я хоць зараз… Чаму ж — машыну ўзяць можна. Гэта вы праўду сказалі… Галаву праветрыць не пашкодзіць. Ну добра, добра… Дамовіліся.

Дырэктар палажыў трубку і запытальна паглядзеў на Юновіча. «Зараз трэба сказаць нешта,— падумаў Юновіч.— Чаго я маўчу?» —I ён адсунуў ад сябе паперы.

— Усё,— сказаў ён,— больш не трэба.

— Ну вось і добра,— узрадаваўся дырэктар,— вось і добра… Вы, газетчыкі, з налёту ўсё хапаеце — такая прафесія. Вам і пяро ў рукі. Толькі вы гэта… тэлефон мой запішыце: можа, удакладніць што трэба ці падпісаць…

— Тэлефон? — перапытаў Юновіч,— а навошта тэлефон? Вы яго самі напішаце ў канцы артыкула — такая ў нас форма…

— Дык вы…— сказаў дырэктар.

— …артыкул пісаць не буду,— сказаў Юновіч.— Нічога не разумею ў гэтых паперах. Не ведаю спецыфікі. А вам, як кажуць, і пяро ў рукі…

Дырэктар утаропіўся на Юновіча і маўчаў. «Нямая сцэна,— думаў Юновіч,— трэба ісці». Яму было нецікава глядзець на выраз дырэктаравага твару. Ён падняўся з крэсла.

— Бывайце,— сказаў Юновіч.— Было б добра, каб артыкул падрыхтавалі да заўтра.

Юновіч пайшоў…

Ён не адразу заўважыў на вуліцы, што пачало пагаднець. Дзьмуў слабы вецер. Туману ўжо не было.

Дробныя, вільготна-белыя хмары плылі над горадам, і сінія лапікі неба высвечвалі ў іх.

Юновіч сеў у аўтобус. Было цесна. Нейкі хлопец стаяў з лыжамі на пляцоўцы, намерзлы на лыжах лядок раставаў, і ў аўтобусе па-веснавому свежа і моцна пахла вадою: была ўжо сярэдзіна лютага. I Юновічу ўспаміналася чамусьці нядаўняя паездка ў калгас, Валя, і ён цяпер шкадаваў, што не дамовіўся тады, у вёсцы, сустрэцца з ёю ў горадзе.

«Але я яшчэ сустрэнуся з ёю»,— думаў ён. Яму ўспаміналіся рэдактар, размова з дырэктарам, паездка ў вёску і зноў Валя — і ўсё гэта паўставала перад ім са спакойнай нейкай яснасцю, і ў яго было адчуванне чалавека, які ўдала завяршыў вельмі доўгі і вельмі турботлівы дзень: круг замкнуўся, на заўтра асталіся некранутая раніца і надзея.

Ля кінатэатра Юновіч выйшаў з аўтобуса.

3 тэлефоннай будкі ён пазваніў у рэдакцыю — рэдактара на рабоце ўжо не было. Сказалі, што ён, мусіць, дома. Юновіч званіў другі раз. У трубцы жаночы голас пытаўся, хто звоніць і навошта. Юновіч тлумачыў, што звоняць з рэдакцыі, а рэдактар трэба тэрмінова.

— Пачакайце,— сказала жанчына.

Юновіч чакаў. «Зараз пачнецца,— думаў ён».

— Я слухаю,— сказаў рэдактараў голас.— У чым справа? Юновіч? Не будзеш пісаць выступленне? Ты разумееш, што сказаў? Ну, ведаеш… Разбяромся заўтра!

«Вось і ўсё,— думаў Юновіч, выходзячы з тэлефоннай будкі.— Заўтра ў мяне будзе цяжкі дзень. Але я растлумачу. Не можа быць, каб ён не зразумеў… А што, калі яму сказаць: «Нам, браце, яшчэ вучыцца ці перавучвацца трэба. I табе, і мне. Інакш у нас справа не пойдзе». А потым папрашуся ў камандзіроўку… Напішу нарыс… Харошы нарыс…»

Юновіч ішоў па вуліцы, і яму зноў думалася пра аўтобус. Яму думалася пра ціхія гасцініцы ў далёкіх гарадках — маленькія, чыстыя, з шырокімі маснічынамі. I яшчэ яму хацелася забыцца на даўняе, прыкрае, узяць і пачаць усё нанава…

Юновіч ішоў па вуліцы, і яму думалася пра аўтобус, што стаяў на вакзале.


1962