КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 713018 томов
Объем библиотеки - 1403 Гб.
Всего авторов - 274606
Пользователей - 125088

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Влад и мир про Шенгальц: Черные ножи (Альтернативная история)

Читать не интересно. Стиль написания - тягомотина и небывальщина. Как вы представляете 16 летнего пацана за 180, худого, болезненного, с больным сердцем, недоедающего, работающего по 12 часов в цеху по сборке танков, при этом имеющий силы вставать пораньше и заниматься спортом и тренировкой. Тут и здоровый человек сдохнет. Как всегда автор пишет о чём не имеет представление. Я лично общался с рабочим на заводе Свердлова, производившего

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Влад и мир про Владимиров: Ирландец 2 (Альтернативная история)

Написано хорошо. Но сама тема не моя. Становление мафиози! Не люблю ворьё. Вор на воре сидит и вором погоняет и о ворах книжки сочиняет! Любой вор всегда себя считает жертвой обстоятельств, мол не сам, а жизнь такая! А жизнь кругом такая, потому, что сам ты такой! С арифметикой у автора тоже всё печально, как и у ГГ. Простая задачка. Есть игроки, сдающие определённую сумму для участия в игре и получающие определённое количество фишек. Если в

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Дамиров: Курсант: Назад в СССР (Детективная фантастика)

Месяца 3-4 назад прочел (а вернее прослушал в аудиоверсии) данную книгу - а руки (прокомментировать ее) все никак не доходили)) Ну а вот на выходных, появилось время - за сим, я наконец-таки сподобился это сделать))

С одной стороны - казалось бы вполне «знакомая и местами изьезженная» тема (чуть не сказал - пластинка)) С другой же, именно нюансы порой позволяют отличить очередной «шаблон», от действительно интересной вещи...

В начале

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Стариков: Геополитика: Как это делается (Политика и дипломатия)

Вообще-то если честно, то я даже не собирался брать эту книгу... Однако - отсутствие иного выбора и низкая цена (после 3 или 4-го захода в книжный) все таки "сделали свое черное дело" и книга была куплена))

Не собирался же ее брать изначально поскольку (давным давно до этого) после прочтения одной "явно неудавшейся" книги автора, навсегда зарекся это делать... Но потом до меня все-таки дошло что (это все же) не "очередная злободневная" (читай

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Москаленко: Малой. Книга 3 (Боевая фантастика)

Третья часть делает еще более явный уклон в экзотерику и несмотря на все стсндартные шаблоны Eve-вселенной (базы знаний, нейросети и прочие девайсы) все сводится к очередной "ступени самосознания" и общения "в Астралях")) А уж почти каждодневные "глюки-подключения-беседы" с "проснувшейся планетой" (в виде галлюцинации - в образе симпатичной девчонки) так и вообще...))

В общем герою (лишь формально вникающему в разные железки и нейросети)

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

І радасць i боль [Сяргей Грахоўскі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Сяргей Грахоўскі I РАДАСЦЬ I БОЛЬ

Вершы і паэма


Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Грахоўскі, І радасць i боль. Падзагаловак, — Мінск: Мастацкая літаратура 1988.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

На самоце


Недалюбіў, недакахаў, недаспрачаўся,
Не ўсе спаліў збуцвелыя лаўжы
I вось з аднапляменнікаў астаўся
Адзін на небяспечным рубяжы.
Прыспешваюць гады. Не азірнуцца
На свой бясконцы i цярністы шлях.
Гукаю тых, што ўжо не азавуцца,
Агонь шукаю, што даўно ачах.
Здаецца часам,— i мяне гукае
Знаёмы голас з-за тае мяжы,
Але ніхто нідзе не сустракае,
За міражом знікаюць міражы.
Здаецца часам,— кружыць чорны воран
I над маёй ссівелай галавой,
А сонца разгараецца, як горан,
Душа душы адказвае жывой:
Жыві, пакуль глядзяць удалеч вочы,
Душой нідзе ніколі не крыві,
Не бойся, дык i вораг не сурочыць,
I за сябе, i за другіх жыві.

* * *


Адзіная зорка у небе гарыць,
З кім можна з адкрытай душой гаварыць.
Цябе я з маленства начамі шукаў,
Табе спавядаўся, калі сустракаў.
Ты ведала думы мае i сакрэты,
Я быў да світання табою сагрэтьт,
Табе я даверыў таемныя мары,
А ты нечакана знікала за хмары,
Ты зноў узыходзіла на небасхіле,
Хоць часта ў касмічным гублялася пыле.
Адна ты заўсёды свяціла ў жыцці.
Цяпер на змярканні другому свяці.
Як толькі прыстану ў нялёгкай хадзе я,
Спытаю:
— А як ты завешся?
— Надзея.

Аналогія


Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы,
Нашы юныя сяброўкі
З Ляхаўкі i з Камароўкі,
У таргсінках
I ў берэтках,
У кароценькіх жакетках
I ў спаднічках да кален?
Вы жылі без важных змен,
Без высокае пасады;
Палівалі палісады,
Раніцай палілі ў печы,
Вечарамі на сустрэчы
Вы ішлі ў адзіны сквер,
Дзе нудзіўся кавалер.
Шчабятухі, тараторкі
Беглі да «Чырвонай зоркі»
I лічылі за удачу,
Што глядзелі «Кукарачу».
Вы анёльскімі вачыма,
Без падводак i акрас,
Што ўтрымацца немагчыма,
Пазіралі i на нас.
Мы хадзілі ўслед за вамі
На Пярэспу, а ж да брамы,
I баяліся прызнацца,
Што хацелі б зноў спаткацца.
Нас лічылі дзівакамі,
Бо ні словам, ні рукамі
Не прызналіся ў той час,
Што усё ж кахалі вас.
Дзе вы, дзе вы,
Нашы дзевы
З той далёкае вясны?
Дзе вы, дзе вы,
Нашы Евы
У карунках сівізны?
Не пазнаю вас ніколі,
Не пазнаеце мяне,
Дык няхай ліхая доля
Назаўсёды нас міне...
Шпацыруюць па праспекце
Прыгажэйшыя на свеце,
Моцна ўзяўшыся за рукі,
Нашы ўнучкі, нашы ўнукі,
Хоць i з лішкамі акрас,
I ўсё ж падобныя на вас.

Лірычнае


Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
Я за табою сотні кіламетраў
Прайду, не азірнуўшыся назад.
Не ведаю i сам, якая сіла
Мяне вяла i зноў услед вядзе,
Хоць нада мной завея галасіла
I не было ратунку анідзе.
А ты была, як на пачатку мая,
Такою, як сустрэлася спярша,
I верылася,— зноўку акрыяе
Мая даўно настылая душа.
Твая мне ласка трэба, як паветра,
Мне ў змроку свеціць ясны твой пагляд,
А ты мільгнула, як далёкі ветразь,
I знікла за туманны далягляд.

19 кастрычніка


Здрабнелі зоркі ў тую ноч,
I месяц заблудзіўся дзесьці.
Мяне вядуць у змрок, а воч
Ніяк ад дому не адвесці.
Яшчэ зірнуў апошні раз
I ад пакуты аж заенчыў,
Калі ў маім акне пагас
I без таго слабы агеньчык.
Шумела лісце, дождж імжыў,
У сцены біўся вецер з гулам.
I з гэтае хвіліны жыў
Я не ў наступным, a ў мінулым.
Паўзла дарога, як змяя,
Пранізваў холад мозг i цела,
I знічка ранняя мая
У чорным небе праляцела,
I след яе адразу знік
На заімглёным небакраі,
Не замаўкаў над намі крык
Начное крумкачынай зграі.
Вязуць. Не ведаю куды,
I так прыспешваюць таропка.
Няўжо у дваццаць тры гады
Лёс i на мне паставіў кропку?
Вязуць па вуліцах пустых,
Я не ў сваёй, a ў ix уладзе.
Мутнее зрок, тупее слых,
У думках — поўнае бязладдзе,
Не мог тады я зразумець
Той таямнічае работы,
Што будуць дваццаць год рыпець
I па душы таптацца боты.
Як толькі ўспомню чорны год
I ноччу страчаную волю,
Астудзіць спёка, быццам лёд,
Завея апячэ да болю.
Дажыў я ўсё ж да сівізны,
Як ні ламалі, ні малолі,
А вось сябры маёй вясны
Дамоў не вернуцца ніколі.
За імі спалены масты,
I сцежка даўняя глушэе,
Крышталь адвечнай мерзлаты
Аздобіў брацкую траншэю.
Яе карэнні аплялі
I дол сціскае невыносны.
Каторы год на той зямлі
Гайдаюцца над імі сосны.
А я жыву. I вось ізноў
Гляджу, як з клёна лісце льецца.
Паклічу ў госці ўсіх сяброў,
Хоць i ніхто не азавецца.
Пабачылі б яны хаця
Наш новы дзень, i свет зялёны,
I вернутыя з забыцця
Святых пакутнікаў імёны.

Страчаная маладосць


Я шукаю цябе, маладосць,
Я гукаю цябе, маладосць.
Дзе ты ёсць? Дзе ты ёсць?
Маладосць адказала:
«Заляцеў ты ў сіло,
I таму маладосці ў цябе не было.
Юнаком згаладалым
З палескіх дарог
Пехатою прыйшоў
I прабіцца ты змог
Да натхнёнай работы,
Да шчырых сяброў,
Аж кіпела у жылах юначая кроў,
Ды на ўзлёце цябе
Захліснула сіло.
I таму маладосці ў цябе не было.
Незваротную сцежку
Да роднае хаты
Засланілі надоўга
Іржавыя краты.
У вялікім натоўпе ты быў адзінокі...
Замаўкалі штодзённа пакутнікаў крокі.
Ты ў дарозе лічыў
За вялікае шчасце
Не прыстаць, не спыніцца,
Каб толькі не ўпасці,
Дапаўзці да парогa,
Зваліцца на нары
I яшчэ ўратавацца
Ад новае кары.
Ты пачаў забываць,
Кім ты быў, хто ты ёсць,
Як цябе абмінула твая маладосць.
Ты не бачыў радні,
Hi вясновых садоў
Дзевятнаццаць гадоў,
Дзевятнаццаць гадоў!
I таму адзінокі,
Стамлёны, нясмелы
Ты з юнацтва вярнуўся
Дамоў пасівелы.
Вочы засцілі слёзы,
Завея i дым.
Кім ты толькі ні быў?
Ды не быў маладым.
Мабыць, добра цяпер
I самому відно:
Маладыя цябе перагналі даўно.
Нават будні для ix — урачыстыя святы,
A здабыткі твае
Больш падобны на страты.
Адыходзяць усе, як часовыя госці.
Нe шукай i дарэмна пе кліч маладосці.
Паглядзі: падрастае надзейная змена.
Ты шчаслівы, што век дажываеш сумленна».

Згаслыя свечкі


Звалілася бяда, нібыта камень:
Мяне мой друг пакінуў без сяброў,
I мне здалося,— белымі вянкамі
Укрылася спакойнае Дняпро.
Нa Беларусі — яблыневы снежань,
I салавей спакою не дае,
Дзяўчаты на пясчаных узбярэжжах
Спяваюць песні першыя твае.
На Беларусі — месячный ночы
Засыплюць срэбрам цёмныя сады,
A маці i варожыць, i прарочыць,
Што сын з выгнання прыйдзе малады.
Ёй кожнай ноччу мроіцца i сніцца,
Што праз завеі i здзічэлы лес
Праб'ецца i паціху ў аканіцу
Пастукаецца сын яе Алесь.
Каторы год не спіць, i мроіць маці,
I чуе крокі сына ля акна,
Каторы год у апусцелай хаце
I днём i ноччу журыцца яна.
Але ніхто не скажа ёй ніколі,
Што ў тую ноч, калі прысніўся сын,
Калі душа заходзілася болем,
Яго хавалі каля трох асін.
У гушчары тайгі без дамавіны,
Засыпаны зямлёю назаўжды,
I толькі з адзінокае рабіны
Сцякалі кроплі дажджавой вады.
Шуміць тайга над братняю магілай,
I слёз няма, i не хапае сіл
Злічыць усё, што Беларусь згубіла,
Стаптаных лёсаў i зламаных крыл.
I я, магчыма, следам за сябрамі
Пакіну свой барак без забарон,
I нехта пажартуе каля брамы:
— На «волю» едзе з біркаю i ён.
Дзяўчаты заспяваюць на купалле,
Русалка карагоды павядзе,
I там, дзе слёзы матчыны упалі,
Патухнуць нашы свечкі на вадзе.
19.IX.1942

На вогнішчы сумлення


Я спальваю сябе штодня
Пакутамі i хваляваннем,
I памагае мне радня
Наблізіць дату развітання.
Упарты, быццам Авакум,
Пакутую за ўсе пакуты,
За крывадушны гулкі тлум,
За кроплі горкае атруты,
Не за сябе, а за другіх,
За самых блізкіх i далёкіх,
За незваротных дарагіх,
За кінутых i адзінокіх.
О, як душа мая баліць,
Як сэрца стомленае ные,
Што мне грахі не замаліць
Hi ўласныя i ні чужыя.
Знясілены ад горкіх дум,
Гатовы ўпасці на калені
I дагарэць, як Авакум,
На вогнішчы свайго сумлення.

Прагноз


Сіноптыкі прадказваюць надвор'е,
Дакладна часам, часам неўпапад:
То раптам Грузію, то Чарнамор'е
Заваліць снег або златошыць град.
I я прагнозы ўсе свае узважу,
Ды не магу прадбачыць аднаго,
Што ўвечары ці раніцай пакажа
Барометр у начальніка майго.
Як толькі распагодзіцца, знянацку
Прысніцца птушка з вогненным пяром,
А прахаплюся, страчу, быццам цацку,
Калі захмарыць, калі грымне гром.
Пакуль вясна i ясная пагода
I сонца узыходзіць у пару,
Жыву бядой i радасцю народа
I, што падумаў, тое гавару.

Век


Незразумелы наш трывожны век,
Круты, неўраўнаважаны, кароткі,
Што ледзьве паспявае чалавек
Агледзецца, дзе страты, дзе знаходкі.
Мільгаюць ночы, дзень за днём ляціць,
Знікае век у бездані сусвету.
Няўжо камусьці ўдасца скараціць
Дваццаты век i даканаць планету?
Не, сіл яшчэ i розуму стае,
I чалавецтва з кожным днём сталее,
Каб юныя сучаснікі мае
Сустрэліся з каметаю Галея.
Каб далячынь нязведаных дарог
Адкрылася i прывяла дадому,
Каб чалавека чалавек бярог
I век не скарачаў адзін другому.

Сарваны паром


Адгула навальніца,
A кроплі звіняць,
I коціцца водгулле грому.
Віруе рака,
I ніяк не суняць
Сарванага бурай парому.
Скруціўся іржою пасечаны трос,
Раве i бушуе паводка,
I мой нешчаслівы гайдаецца лёс,
Нібыта дзіравая лодка.
Прыстану на бераг
Ці знікну ў віры
Адзін у такую нягоду.
Забудзе радня
I былыя сябры,
Не будзе ні племя,
Hi роду.
Усімі забыты,
У змроку лячу
На хісткім сарваным пароме.
Hi знічкі,
Ні гуку.
Туман уваччу,
Пагібель чакае на строме.
Знікаюць у памяці.
Сцежкі мае,
Сівеюць зялёныя травы.
Душа ледзянее,
I сэрца здае,
I ўжо не відно пераправы.
У прорву імчыцца сарваны паром,
Усё засланіла трывога,
Ды бліснула раптам
Далёкім святлом:
«Трымайся!
Ідзе дапамога!»

Бальшавікі


За новы лад, за рэвалюцыю
Крывёй пісалі рэзалюцыю,
Не на гады, а на вякі,
Сапраўдныя бальшавікі.
Яны на Лену ў кайданах
Цярністы церабілі шлях,
Яны за Праўду паміралі
У Аляксандраўскім цэнтрале.
Няскораныя ў барацьбе,
Яны не дбалі пра сябе,
Ішлі на бой за свой народ
I не чакалі ўзнагарод.
З галоднымі бальшавікі
Дзялілі посныя пайкі,
Усё рабілі, што маглі,
Таму ў баях перамаглі
I на скрыжалях рэвалюцыі
Крывёй пісалі рэзалюцыі,
Як нам наказ, як запавет,
Каб пазайздросціў цэлы свет.
I вось настаў праверкі час,
Ці кожны выканаў наказ.

Упэўненасць

На собраньи целый день сидела:

То голосовала, то лгала.

Как я от тоски не поседела?

Как я от стыда не умерла?

Вольга Бергольц
Мы ўсе галасавалі, як адзін,
За дэлегатаў i за пастановы
I слухалі амаль па пяць гадзін
Стары даклад, хоць быў дакладчык новы.
I пляскалі, калі спыняўся ён,
Грымела зала, як у навальніцу,
Каб толькі разагнаць маркотны сон
Ад нуднае тае перадавіцы.
Нас клікалі наперад i вышэй
На рубяжах змагацца i маячыць,
Хоць словы даляталі да вушэй,
А сэрцы не змаглі пераіначыць.
Цярпліва слухалі бясконцую нуду,
Бо быў дакладчык у высокім чыне,
А справы на вялікую бяду
У слоўным патаналі шумавінні.
Чаго, чаго нам толькі ні плялі,
Куды нас ні вялі i як ні павучалі,
А маладых ад роднае зямлі,
Нібы знарок, упарта адвучалі.
Раслі на чарназёме гарады,
Дзе некалі аж гнулася калоссе,
Парэпаўся асфальт. Hi вішні, ні грады
На той зямлі даўно не засталося.
Былі «паказчыкі», «здабыткі» i «запал»
Адзін другога весела хвалілі
За «перавыкананне» i за «вал»,
Хоць «вал» той у адвал пасля валілі.
Але збіралі шчодрыя дары
Амаль на ўсіх узроўнях зухі —
Вышэйшай катэгорыі майстры
Нябачанай у свеце паказухі.
Жылі. Уволю елі i пілі,
Хоць самі не касілі, не аралі,
A з самае маленькае зямлі
За ураджаем ураджай збіралі.
Пісалі «творы» ім сакратары
I том за томам выдавалі,
Хоць ix усе да гэтае пары
Макулатуршчыкам здаюць, як i здавалі
I вось нарэшце надышла пара
Вялікай i бяскроўнай рэвалюцыі,
I тыя, што гарланілі «ура!»,
Зрабіліся i ціхія i куцыя.
Цяпер не ім, a пляскаюць яны
I сцерагуцца новага, як грому,
Каб толькі зберагчы свае чыны
I перабудавацца па-старому.
Каб мы руціну скінулі раней
I на сумленні ставілі апоры,
Адзін другому сталі б мы радней,
Не зведаўшы чарнобыльскага гора.
Яшчэ i дэмагогі, i рвачы
Жыццё плануюць па даўнейшай мерцы,
А каб нягоды ўсе перамагчы,
Па Леніну звяраем нашы сэрцы.
Надзейнай будзем змену гадаваць,
I кожнага гаспадаром выхоўваць,
I так свой дом агульны будаваць,
Каб больш ніколі не перабудоўваць.
Мы ўпэўненыя ў нашай праваце,
Ніколі нас ніхто назад не верне,
I буйным ураджаем прарасце
Адвагаю пасеянае зерне.
Шчаслівы, што дажыў да гэтых дзён,
Што ў заўтрае з надзеяю глядзеў я,
I хоць выразна мой рубеж відзён,
Ад спадзяванняў сэрца маладзее.

Любімая i родная


Дзве родныя мовы, як два ручаі,
Зліліся i сталі крыніцай жывою.
Мне курскія ў Глуску пяюць салаўі,
I кружацца нашы буслы над Нявою.
Я з першага класа усё разумеў:
«Плакала Саша, как лес вырубали...»
Пад гукі цымбалаў ад шчасця нямеў,
Калі за ракой датлявала купалле.
Купала i Колас адкрылі мне зрок,
Душу зачароўвалі матчыны песні,
A пушкінскі вечна крылаты «Прарок»
I ў познюю восень прыносіць прадвесне.
Я ў ленінскім слове знаходжу заўжды
Падтрымку, адказ i параду,
I мне, як i ў даўнія тыя гады,
Не трэба зусім перакладу.
Заўсёды адданы праўдзіваму слову,
Я сэрцам знаёмыя гукі лаўлю,—
Люблю неўміручую рускую мову
I роднае слова, як маці, люблю.

Шчыры адказ


— Скажыце, вы не ветеран вайны?
— Я — ветэран пакутаў без віны,
I стаж мой — два дзесяцігоддзі,
Пакуль нарэшце не сказалі: «Годзе.
Ты зарабіў ударнай працаю
На волю «дэмабілізацыю».
Хоць i прапах салёным потам
I дымам за калючым дротам,
Не ный i паслухмяны будзь,
А што было, пра ўсё забудзь,
Дзе быў, не гавары ні слова,
Бо трапіш зноў сюды нанова».
I мне адразу мову заняло.
Няўжо забудзеш тое, што было?
Пазлазілі з далоняў мазалі,
А на чале разоры праляглі,
Загоіліся раны на плячах,
Але душа галосіць па начах,
Баліць душа, калі бяссільных б'юць
I ні стагнаць, ні плакаць не даюць.
Даўно рубец на целе не баліць,
А вось душу ніяк не загаіць.
Было б збавеннем не прыйсці з вайны,
Чым зведаць столькі гора без віны,
Ды i цяпер смыліць у горле ком,
Як хто плявузгае атрутным языком.

Балючая памяць Паэма

Пара сапраўднай праўды

Я, нізавошта пакараны,
Даўно прымушаны маўчаць,
Залізваю дагэтуль раны,
Што ўсё яшчэ кроватачаць.
Прыйшла пара сапраўднай праўды,
Якой з маленства даражу.
Язык мой, столькі год маўчаў ты.
Цябе я ўрэшце развяжу.
Я пасталеў занадта рана,
Быў актывіст i гаварун,
Агітаваў i быў адданы
Любому лозунгу з трыбун.
Насіў юнгштурмаўку i боты,
Лічыў сябе мудрэй за ўсіх,
Ды шальмавалі абармоты
Мяне i родзічаў маіх.
Я за пракосам гнаў пракосы,
Цягаў лясіны па спіне,
А нехта ўжо страчыў даносы
I весела ўсміхаўся мне.
Відаць, я замінаў нямала
Сваёю вераю святой,
Ды ўдарыў гром: пара настала
Мяне прыціснуць пад пятой.
Усё здавалася трызнёю,
Кашмарным i часовым сном,
Неспадзяванай валтузнёю,
I ўсё ж хлусні зрявіўся том.
Круціўся дзень i ноч канвеер,
Хоць i не верыў зрок i слых,
Што нізашто вышэйшай мерай
Караў бяздумна свой сваіх.
Адбедаваў i больш не плачу
Hi па сабе, ні па сябрах.
Мне лёс наканаваў удачу,
Сябры ж развеяліся ў прах.
А я дасюль у снежным шале
Ўсё бачу змучаных калек,
Што маладымі паміралі
На гразкіх сцежках лесасек,
Што на пагрузцы падстаўлялі
Пад шпальнік сцёртыя маслы,
Што курчыліся на павале
Пад свіст лучковае пілы.
Мае сябры, я вас пайменна
Збярог у памяці сваёй.
Я — сведка ваш, я — ваша змена,
Мы доляй скутыя адной.
Не знойдзе самы клапатлівы,
Дзе ваш прапаў апошні след,
Хоць толькі знікнеце тады вы,
Як я пакіну гэты свет.
Лірычных адступленняў годзе.
Пакуль відзён былога цень,
Я з клятага дзесяцігоддзя
Хачу адзін прыпомніць дзень.
Быў i тры тысячы шэсцьсоты,
За ім найшоў паўторны круг...
А я прыпомніў, як з работы
На вахту не вярнуўся друг.
Яго няма. Па ім бядую,—
У сэрцы ён i у вачах,
Хоць сорак тры зімы зімую
Я без таго «уцекача».

Уцякач


Я быў i дужы, i здаровы,
Худы, галодны, малады.
I да знямогі рэзаў дровы
У незабыўныя гады.
Калі лучковаю пілою
Крамсаў бярозы дзень у дзень,
Ад пайкі поснай i малое
Рабіўся доўгі, нібы цень.
A пілаваў. Хоць без надзеі
Свой цяжкі крыж цярпліва нёс,
Каб толькі у штрафным кандзеі [1]
Не завяршыўся горкі лёс.
Я ж не паспеў ні стаць на ногі,
Hi завяршыць кірунак свой,
Калі казённыя дарогі
Таптаць пагнаў мяне канвой.
Тады пайшла на «пільнасць» мода,
I ўсё вышуквалі часцей
Уяўных ворагаў народа,
Ix матак, жонак i дзяцей.
На ўсіх адразу не хапала
Аховы, камер i замкоў,
Hi перасылак, ні каналаў,
Hi лагераў, ні руднікоў.
Тут «вынаходцы» ў захапленні
Падалі смела галасы,
Што трэба ўзяць у ачапленне
Заводы, шахты i лясы.
Ix зверху блаславілі «шышкі».
I разгарнуліся ж яны:
Цягнулі дрот, стаўлялі вышкі
I... палучалі ардэны.
Вось у такое ачапленне,
Не знаю, па чыёй віне,
Валіць бярэзнік, драць карэнне
Зімой прыгналі i мяне.
Вядуць. Пілуй з апошняй сілы,
Пот залівае, як рапа,
За пайку, лапці, i бахілы,
I целагрэйку да пупа.
I я хадзіў вось так прыбраны,
На шэрых шчоках мох парос,
Гнаіліся на целе раны,
Ад сцюжы аблузаўся нос.
Ёсць i ў бядзе свае няшчасці:
З'ясі паёк, то — без пайка,
Бо можна з голаду прапасці,
Калі не маеш кацялка.
Хоць бы які: бляшанка з дужкай,
Глячок, з якога пi i eш,
Калі здабудзеш лыжку з кружкай.
Дык да вясны i дажывеш.
А што вясной? Вясна-красуня
Падсцеле цёплае травы,
Падкіне шчаўя, грыб падсуне,
З'ясі, глядзіш,— яшчэ жывы.
A ўзімку строчыць зноў заявы
I скардзіцца тутэйшы люд,
Што ix судзіць не мелі права
Hi тройка, ні закрыты суд.
Але ж з «яжовых рукавіцаў»
Не вылузацца, хоць памры...
Заявы ж нашыя ў сталіцу
Ідуць да гэтае пары.
А каб дайшлі, дык хто б заўважыў,
Сумленна хто б разгледзеў ix?
Адзін найбольш на свеце важыў
I вырашаў усё за ўсіх.
A ў нас надзеі не згасалі,
Бо верылі яму усе,
Ды аптымістаў тых спісалі
За вахту з біркай на назе.
I я пісаў сабе i людзям,
Бо ўсе надзеямі жылі,
Што некалі нарэшце будзе
Закон i праўда на зямлі.
A найвялікшы між вялікіх
Усіх народаў i вякоў
Гартаў дакладныя падлікі
Яму адданых мердвякоў
I толькі не звяртаў увагі,
Што там пісаў жывы шкілет,
I пакідалі дахадзягі
З надзеяю агорклы свет.
Калі ж вайна бядой крывавай
Ішла па нашай старане,
Я кожны дзень пісаў заявы,
Каб узялі на фронт мяне.
Прасіўся я ў штрафную роту
I марыў днём i уначы
Пра тую страшную работу,
Дзе гінуць, каб перамагчы,
Каб у крутой віхуры бою
Усім паклёпнікам назло
Мне змыць уласнаю крывёю
Віну, якое не было.
Але аслеплі i аглухлі
Даўно за сценамі муроў.
Надзеі светлыя патухлі
Ў мяне i у маіх сяброў.
Ніхто ні разу не паверыў
I не зрабіў насустрач крок.
Наадварот,— на нашы дзверы
Другі павесілі замок.
А мы усе для Перамогі
Сіл не шкадуючы жылі,
Пракладвалі ў тайзе дарогі,
Калолі тоўстыя камлі
На шпальнік i на ружбалванку,
Забыўшы ўласную бяду,
Грузілі з вечара да ранку
I засыналі на хаду.
Спытаеце: «Ці не кляпаеш?
Навошта тая даўніна?»
Не, калі крыўду не зламаеш,
Цябе зламае зноў яна.
Былі ў нас вера i цярпенне,
Але мне сняцца i цяпер
Развод, канвой i ачапленне,
Аўчарка дзікая, як звер.
Пілую,— чуркі, чуркі, чуркі,
Кладу паленіцаў рады,
З дзесятнікам гуляю ў жмуркі
За міску поснай баланды:
Саскроб адмеціны з паленняў,
Душу запляміўшы сваю,
Часова страціўшы сумленне,
Што здаў учора, зноў здаю.
I ўсё ж не раз бяда страчала:
Сачыў дзесятнік з-за куста,
Тады кандзей, ды выручала
Часамі i мяне туфта.
Туфта — для кожнага удача:
У зводках множацца нулі.
Вось за такія справаздачы
Начальству прэміі былі.
Без круглых лічбаў не пахваляць,
Без гучных рапартаў — скандал,
Дзялянку без туфты не зваляць,
Не пракладуць нідзе канал.
Туфта усім была патрэбна:
Начальства прэміі грабе
I, быццам дыфірамб хвалебны,
Загад чакае на сябе.
Так кар'ерысты i дзялягі
Займалі важныя пасты,
Ад лесасекі да ГУЛАГа
Былі ўсе творцамі туфты.
Туфта туфтой, а ты ў брыгадзе
Для ўсіх папіхач i халуй:
Знясілены пад штабель сядзеш,
A ўжо крычаць: «Фіціль, пілуй!»
Відаць, i праўда,— дагараю,
Нібы фіціль; увесь апух,
Як ачмурэлы, пазіраю,
Пакуль зусім не выйшаў дух.
У рэйку б'юць: «Канчай работу.
Выходзь на вахту, як адзін!»
Мы ж завіхаліся да поту
Амаль што тузіну гадзін.
Гараць кастры у ачапленні,
То датляваюць, то гудуць,
У мітульзе жывыя цені
На вахту з ліпамі брыдуць.
Палічаць там усе галовы,
Скамандуюць: «Шарэнгі здвой!»
Калі ўсё сыдзецца, гатовы
Начальнік паздымаць канвой.
Але марудна нешта лічаць
Па тры разы ад краю ў край,
Сабачніка чамусьці клічуць...
Выходзіць, хлопцы, загарай
На лютым ветры i марозе,
Снег i душу, i твар сячэ,
I з лесу па такой нягодзе
Ніхто нікуды не ўцячэ.
I ўсё ж кагосьці не xaпae.
Трывогу б'юць: «Уцёк! Уцёк!»
Аўчарка рвецца, снег капае,
Трашчыць сырычны павадок.
Галёкаюць, крычаць, страляюць,
Бягуць лавіць уцекача,
А хлопцы ціха разважаюць:
«Калі няшчаснага спаймаюць,
Улепяць «вышку» згарача».
Кастры у змроку дагарэлі,
А ты на ветры скавычы.
Відаць, з адчаю ачмурэлі
Ці звар'яцелі ўцекачы.
A колькі ix? Што за прапажа?
I хто падаўся ў белы свет?
Пра гэта нам ніхто не скажа,
Бо гэта тайна i сакрэт.
Але куды ўцячэш у лютым?
Відаць, здурэў, калі пабег,
Галодны i амаль разуты,
Калі вышэй папружкі снег.
Мы ўсе заходзімся да ночы
I лапцямі чачотку б'ём...
Аўчарка рвецца i якоча,
Папружку цягне ў буралом.
Няўжо знайшлі? Ці не зашыўся,
Каб ноччу ўрэзаць лататы,
Але дзівак, відаць, забыўся,—
Куды ні сунешся,— пасты.
Яны i ў лесе, i на полі,
На вышцы i каля кастра...
Як нас ахоўваюць, ніколі
Так не ахоўвалі цара.
Тваё засведчана аблічча
На картцы ў профіль i анфас,
Цябе, нібы каштоўнасць, лічаць
На дзень, бывае, дзесяць раз.
Калі храпуць на голых нарах
На ўсе лады i галасы,
Ізноў падлічваюць па парах
Галовы, пяты i насы...
Да нар прыпнутага папружкай
Дні па чатыры мерцвяка
Хавалі часам пад дзяружкай
Сабе для лішняга пайка.
«Сюды!» На кліч сабакавода,
Грузаючы, па хмызняках
Ужо спяшаецца падвода
З лекпомам у старых пімах.
Гадаюць хлопцы: «Зацкавалі.
Знявечылі, а можа, горш.
Вось так не аднаго спісалі
Hi за панюшку, ні за грош».
Рассунуў конь дугою вецце,
Атросшы іней з галавы,
«Калі прыбыў памочнік смерці,
Дык, значыць, уцякач жывы.
Хоць бы хутчэй яго прывезлі»,
I хлопцы лаюцца усмак,
Бо кішкі да кішок прымерзлі
I заігралі кракавяк.
Вязуць! Няма, выходзіць, страты.
Ён без наколак i прыкмет,
Сягоння спісаны з брыгады
У лепшы бесканвойны свет.
Ён паўтары адолеў нормы.
Hi ў чым яго не дакарай,
I ўсё ж, нібыта збіты штормам,
Падаўся ў пекла або ў рай.
Ну, вось i ўсё. Адбой канвою,
Настылі пілы на плячах,
I конь з панылай галавою
Павёз у зону «ўцекача».
...Ну, i трывушчы ж мы народ!
За што? За нечыю памылку
Адбухалі па дзесяць год
I трапілі «навечна» ў ссылку.

Спакойныя ночы


За годам год дзесяцігоддзі
З бядой i радасцю прайшлі,
Таму ёсць прымаўка ў народзе:
«Нішто не вечна на зямлі».
Не вечны боль, кумір не вечны,
I мне не вечна гараваць,
Але за здраду небяспечней
Несправядлівасць дараваць.
Не забываў я аніколі,
Hi ясным днём, ні па начах,
Hi ў радасці, ні ў горкай долі
Нятленны вобраз Ільіча.
Ён мне свяціў у долі горкай,
I сёння ў радасным жыцці
Ён свеціць пуцяводнай зоркай,
Каб да канца за ёй ісці.
Перагартаўшы памяць зноўку,
Для шчасця ўнукаў i сыноў
Не змоўк раней я i не змоўкну,
Каб час той не вярнуўся зноў,
Каб праўды, розуму i згоды
Агонь у сэрцах не ачах
I каб сумленныя заўсёды
Спакойна спалі па начах.
Каб не палохаў гул машыны
Апоўначы, i стук, i звон,
Каб нават i на паўхвіліны
Кашмарны не вярнуўся сон.
Іду да фінішу паволі
I ўсё выпростваю душу,
I шчаслівейшы, што ніколі
Я не схлусіў i не схлушу.
1980—1987

Вершы


Рэквіем рукапісам


Казалі,— рукапісы не гараць,
А я аднойчы бачыў, як гарэлі
У печы Галубковы акварэлі,
Як вершы адпраўлялі паміраць,
Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,
I ласкаю, i трапяткім каханнем,
А кажуць,— рукапісы не гараць.
I як яшчэ гараць! I колькі ix згарэла
У печах патаемнага двара,
Што зеўралі, як д'яблава нара,
Душа паэм за дымам адляцела,
Што так дайсці да кожнага хацела
Пасланцам весялосці i дабра,
Ды знікла ў полымі казённага кастра.
Яны не стануць кнігамі ніколі,
Не дакрануцца да другой душы,
Халодны попел як ні варушы,
Што датляваў па апантанай волі,
З вятрамі знік ён у здзічэлым полі,
Якое ні засеяць, ні ўзараць...
А кажуць,— рукапісы не гараць.

А дзе вы?


За сорак год там вырас лес,
Дзе я штодня са скуры лез:
Дзень пілаваў, пасля грузіў,
А мне начальнічак гразіў
I за віну, i без віны
Загнаць да скону на штрафны,
У БУР [2] з парашаю, за краты,
Бо я занадта языкаты,
Бо я абразы не цярплю,
Бо я спагады не малю,
Бо не згадзіўся на даносы,
Таму загнуся голы, босы
На трохсот грамах i вадзе,
I след бясследна прападзе.
Я выжыў, хоць усё прайшоў,
I месца пэўнае знайшоў,
Загаварыў, бо не маўчальнік.
А дзе ж вы, «гражданін начальнік»?

Ад «вінаватых» без віны


Пазбаўлен волі я на плошчы Волі.
Там колісь быў Вярхоўны суд.
I старшыня па злоснай волі
Загад суровы задаволіў
I вынес кожнаму прысуд.
Без сведак i без адвакатаў
Суддзя на знаку сатаны
Перагартаў тамы маны
I перадаў у рукі катаў
Нас, вінаватых без віны.
З мільёнаў выжылі адзінкі,
Свае адстояўшы правы,
А большасць, як вясной ільдзінкі,
Расталі на вятрах Дудзінкі...
А старшыня?
Яшчэ жывы.

Бязлітасная літасць


Не зводжу з тымі я рахункі,
Хто быў у бедах вінават,
Хто плёў даносы, як карункі
З жалезных i сталёвых крат.
За шкуру ўласную дрыжалі
Яны, як прусакі ў пазах,
Сабе набыткі памнажалі
I на крыві, i на слязах
Былых сяброў i камандзіраў,
Нa горы сірат i удоў.
I замінаў камусьці Кіраў
На стыку кручаных гадоў.
Даносчыкі, прадаўшы душы
I праслізнуўшы праз вайну,
Пра пільнасць зноў гудуць у вушы,
A ім бы пра сваю віну
Усё расказаць i, на калені
На плошчы стаўшы, галасіць,
Каб перад скопам прабачэння
У жывых i ў мёртвых папрасіць.

Душа


Мяне выхоўвалі,
Мяне захоўвалі,
Я то з'яўляўся,
То знікаў,
Мяне вадзілі
I ахоўвалі,
Хоць я нікуды
Не ўцякаў.
I пад замкамі,
I пад пломбамі,
Нібы каштоўнасць,
Бераглі
I неба клеткамі
I ромбамі
Разлінавалі
Як маглі.
Мяне узважвалі
I мералі,
Здымалі ў профіль
I анфас,
Але ні разу
Не праверылі
Душы наяўнасць
I запас.
Шкада,
Што не здымаюць копію
З яе юрысты
I ўрачы,
I нi адна дактыласкопія
Не можа
Тут дапамагчы.
Мая душа
Супраціўлялася,
Бо верыла i тым жыла,
Не чэрсцвела
I не ламалася —
Была такою, як была.
Хоць дзіўна,
Ў чым яна трымалася,
А паспрабуй
Яе сагні!
Яна ж з маленства
Гартавалася
На чыстым,
Праведным aгнi.
1964

Загартоўка


Відаць, такі мой лёс круты,
Што мала бачыў дабраты.
Мяне часцей дарэмна білі,
Чым шкадавалі i любілі.
Загартаваны на бядзе,
Я не згінаўся анідзе,
За дабрату ішоў на злом,
Мне ж за дабро плацілі злом.
Бо я ў пару i не ў пару
У вочы праўду гавару,
А хто яе не вельмі любіць,
Сябе ратуе, іншых губіць.
Я перажыў i боль i страх
На сцюжы i сямі вятрах
I сам свае загоіў раны,
Бо праўдаю загартаваны.

Ціхія пенсіянеры


He толькі знікалі паэты народу на гора,
Знікалі шэдэўры, знікалі саборы.
Над плошчаю Волі Белую вежу
Лашчылі сонца i ветрычак свежы.
Дзе тая вежа? Дзе той гадзіннік?
Даўнейшы касцёл, нібы той халадзільнік,
Схаваўся ад сораму, што безгаловы,
«Спартак» раскашуецца там адмысловы.
Чыталася, як спракаветная кніга,
У «Слове» апетая наша Няміга.
Час i вайна яе пашкадавалі,
A знішчылі тыя, што мы ўзгадавалі.
Дабраліся ўрэшце, далі-такі рады
Новай фармацыі Герастраты.
Сабе задавалі дурную работу,
Даводзілі потым да сёмага поту,
Каб тое, што людзі стваралі вякамі,
Знішчыць дазвання чужымі рукамі.
Сябе узвышалі, хваліла ix прэса,
А сверб руйнавання лічылі прагрэсам.
Іду праз Нямігу i плошчу дахаты
І думаю часта: «А хто ж вінаваты,
Што вуліцы зніклі, палацы, саборы,
Што столькі было i злачынстваў, i гора,
Што зніклі Гарэцкі, што знік Галавач,
Не вернецца Вольны з няволі, хоць плач,
Што згінулі недзе Чарот з Галубком,
Што ленінскай школы камбрыг i парком
Знікалі начамі, як чорная сажа?
Дык хто за ўсе гэтыя страты адкажа?
Тыя, што нішчылі, білі, судзілі,
Ходзяць яшчэ паміж нас, як хадзілі,
Лісліва ўсміхаюцца, хлусяць без меры
Ціхія-ціхія пенсіянеры.
Сірочы праклён на ix каменем ляжа.
Няўжо за пакуты ніхто не адкажа?

Немагчыма


Мне часта шкодзіць мой язык,
Таму ўдваіх з бядой кручуся,
Што праўду гаварыць прывык,
А лгаць ніяк не навучуся.
Хлусіць вучылі i не раз
Ліхія людзі i пакуты,
Але ніяк ілжывы сказ
Не мог звязаць язык прыкуты.
Не ўсё мы ўмеем шанаваць
I бачыць яснымі вачыма.
Без праўды можна існаваць,
А жыць без праўды немагчыма.

Забаронца


Чыноўнік спакойна давесці умее,
Што белае чорным уявіш i ты.
«Народ,— ён тлумачыць,— не зразумее
Занадта дачаснай тваёй праматы.
Народу патрэбны інакшыя песні,
Згадзіся, а ix у цябе i няма.
Пішы, каб вясною здалося прадвесне,
А восенню — лютая наша зіма.
Пішы для народа патрэбную праўду,
А ты калупаешся ў дробнай брыдзе,
Таму нават звання дасюль не прыдбаў ты,
Таму не вядомы нікому нідзе.
Я ведаю цвёрда, што трэба народу,
На варце яго інтарэсаў стаю,
Каб укараціць крытыканаў пароду
I ўзяць на цыгундар адвагу тваю».
Даслухаў яго — i як токам затрэсла:
«Народны заступнік» абедзве рукі
Да хрусту ўвагнаў у высокае крэсла,
Каб толькі не страціць рублі i пайкі.
Не, не абаронца ты, а забаронца.
Цябе нарадзілі за праўду раней,
Гатовага Месяц закрэсліць i Сонца,
Бо лічыш сябе за усіх разумней.
Сумленне i праўду табе не закрэсліць.
Магчыма, пакруцішся трохі яшчэ
I вылеціш коркам з утульнага крэсла,
Як знізу iзверху табе прыпячэ.

Балючае


А хто з нас не ашукваў сам сябе?
Хто слепа не ішоў на дапамогу
Таму, што толькі ўсё сабе грабе
I гучна паднявае дэмагогу?
Хто з нас абы-чаго не плёў,
У што i сам не вельмі верыў?
Хто з нас не падстаўляў нулёў
У зводках дзеля ўласнае кар'еры?
Хлусілі часта аднаму адзін,—
Дакладвалі, рапартавалі:
Ад рання да дванаццаці гадзін
Спакою людзям не давалі.
A паглядзіш праграму «Час»:
На ферме, фабрыцы, заводзе
Грыміць авацыя ў рабочы час,
Нібыта ўсе мы на агульным сходзе.
Яшчэ там-сям ліпяць «кіраўнікі»,—
Упартыя чыноўныя служакі,
I тузаюць па звычцы ў дзве рукі,
A кіраваць ужо няма кім.
Круцілася, як тая карусель,
На месцы тэхніка слабая,
I боўтаўся ружовенькі кісель,
Што i дасюль ніяк не расхлябаем.
Не, расхлябаем лайдакам назло,
I ўсё паправіць наша пакаленне,
Бо кожнай рэвалюцыі залог —
Адвага, Праца, Праўда i Сумленне.
Адзіны шлях выразна нам відзён,
I ўжо не перашкодзіць больш нішто нам,
I верыцца, што будзе наш закон
Для кожнага i ўсіх адным законам.

Аднагалоснасць


Становіцца часамі млосна,
Калі прымаюцца аднагалосна
Шматслоўныя i нават куцыя
Рашэнні або рэзалюцыі.
Няўжо ў паўтысячы галоў
Не знойдзецца сумленных слоў,
Каб выказаць дакладна думкі,
А не цягнуць, як пасак, гумкі
Або збуцвелыя вяроўкі,
Банальныя фармуліроўкі.
Мы ж па інерцыі пасуем
I механічна галасуем
Аднагалосна ўсе за аднаго,
Не ведаючы нават за каго,
А то за цэлую абойму...
А думаць хочацца па-свойму.

У імя дабра


Гавораць: праўда вочы коле
Таму, хто не казаў ніколі
Суровай праўды проста ў вочы
I гаварыць ніяк не хоча.
Хлусню ён можа апраўдаць,
Сказаць,— нібы яму відаць
Такое, што ніхто не бачыць,
А сам ён вельмі многа значыць,
Бо знае, што забараняць,
Кагo, i як, i дзе суняць,
Каб толькі спакайней жылося,
Каб добра елася, пілося.
Не лаюць тых, хто не дазволіў,
Хадайніцтва не задаволіў,
А хто адважна даў дазвол,
Той можа страціць важны стол.
Таму да пэўнае пары,
Што думаеш, не гавары.
Чыноўнік зразумеў i ў школе,
Што праўда толькі вочы коле,
Таму ён так стаіць за коснасць
I безгалосую галоснасць,
Але даўно прыйшла пара
Для Праўды у імя дабра.

Купалаўцы


У гэтых вузкіх калідорах
Каторы год i нездарма
Сумуюць сцены па акцёрах,
Якіх ужо даўно няма.
Усе яны глядзяць з партрэтаў
З усмешкамі ў жывых вачах,
Нібы з грымёрных i буфетаў,
Яны з нябыту па начах
Пустою залаю на сцэну
Паміж запыленых куліс
Ідуць адны другім на змену,
Нібы па выкліку на біс.
Пярэчыць Ржэцкая Галіне,
Ім Глебаў падае руку.
Адна ў шырокім крыналіне,
Другая — у андараку.
I Уладамірскі безупынку
Смяецца, плача i пяе,
Пa волі Чорнага на рынку
Зноў камізэльку прадае.
Пяюць дзяўчаты «На купалле»,
Вядзе «Паўлінка» карагод.
Начамі для пустое залы
Ідуць спектаклі круглы год.
I сэрца юнага акцёра
Дрыжыць страдой на цеціве,
Бо ў гэтых сценах, як i ўчора,
Душа Крыловіча жыве.
Купалаўцы! Жывы Купала
Да вас ідзе з крутых дарог,
I ружа ўдзячнасці упала
Паэту да стамлёных ног.
Даўно акцёры i актрысы —
Краса бацькоўскае зямлі,
Без воплескаў не за кулісы,
A ціха ў вечнасць адышлі.
Ізноў ідзе на змену змена,
Не моўкне воплескаў раскат.
Нябачныя вядуць на сцэну
Купалаўцы купалянят.

Споведзь


Знікаюць сведкі шчасця i пакут,
Завея замятае след за следам,
А я дасюль вяршу суровы суд
Сам над сабою, без прадажных сведак.
Дапытваю сябе пра кожны крок,
Пра кожнае зняваяшівае слова,
Пра тых, каго пакрыўдзіў незнарок
I з кім не прывітаўся выпадкова.
Сябе суджу.
Цябе заўжды хвалю,
Хоць прызнаюся ў гэтым i не многім,
Табе заўсёды літасці малю,
Апраўдваю перад людзьмі i богам.
Мяне сумленне джаліць, як асцё,
Але дайсці да сутнасці не ўмею:
Сябе не разумею ўсё жыццё,
Цябе — за тры жыцці не зразумею.

Над Кержанцам


Над кручай Кержанца з табою
У роснай i густой траве
Адчулі раптам мы абое,
Што нехта трэці ў нас жыве.
Ён клікаў i прывёў на кручу,
Смугою вусны апаліў,
I шчасце абяцаў, i мучыў,
I даць яму жыццё маліў.
Шумелі травы над ракою,
Маргалі свечкамі скіты,
А нам ён не даваў спакою,
Яшчэ не знаны i святы.
Гарэлі вусны, як суніцы,
A слоў патрэбных не было...
З тае пары дагэтуль сніцца
Тваё пяшчотнае цяпло.
Даўно з табою мы не тыя:
Згінаў нас i выпростваў час.
Мы толькі грэшнікі святыя,
I ўсе падобныя на нас.

Развітанне з Нараччу


Ноччу Нарач, як зорнае неба:
Выплыў месяц, i вецер заціх,
I прыпала такая патрэба
Да світання пабыць удваіх.
Чайкі спяць у зламаным чароце,
Зорку ловіць галодны шчупак.
Я на Нарач гляджу на самоце,
А расстацца няможна ніяк
З гэтым зорным блакітным прасторам,
З гэтым водарам роснай травы,
Дзе згасаюць світальныя зоры
I мільгае агеньчык жывы.
Нарач, мы расстаёмся з табою
Каля чорных рыбацкіх чаўноў
I, магчыма, пад рокат прыбою
Неўзабаве сустрэнемся зноў.

Снег


Ляціць, як i ў дзяцінстве, снег,
Але не растае на скронях,
Чуваць у змроку санак бег,
Курыцца белы пыл на конях.
Такая ціхая зіма!
Такое белае улонне!
Сцюдзёна, але ты сама
Пад снег падставіла далоні.
Ссівелі хвоі. Я i ты
Ідзём да незнаёмай вёскі,
Рыпяць у замеці платы,
Як даўняй песні адгалоскі.
Я галаву ніжэй хілю,
Каб разглядзець вачэй прадонні,
Сняжынкі вуснамі лаўлю
З тваёй ружовае далоні.

Лебядзіны крык


Знікае возера ў тумане,
I толькі лебядзіны крык
У сэрцы будзіць хваляванне,
Хоць хвалявацца я адвык.
Адхваляваўся, адбалела
Зачараваная душа,
Хоць з перабоямі, нясмела,
А сэрца б'ецца, як спярша
У незабытай роднай хаце
Пры развітанні назаўжды,
Калі я толькі траціў, траціў
Даўно знаёмыя сляды
Маіх сяброў i самых блізкіх,
Што пазавейвала зіма.
Няма над імі абеліскаў,
I нават могілкаў няма.
Відаць, апошні i адзіны
Я завяршаю свой віток,
I будзе песняй лебядзінай
Мой недапісаны радок..

У завею


А мы былі з табою, як адна
Ў пакутах непадзельная істота,
Шапталіся таемна давідна,
I казкаю здавалася пяшчота.
Нас развялі нягоды i гады,
I кожны паасобку цягне лямку.
Цябе я ўрэшце адшукаў, а ты
Перада мною зачыніла брамку.
На дахі навагодні снег ляціць,
Гайдаецца i кружыцца паволі,
А прорву i яму не загаціць
I не вярнуць мінулае ніколі.
За ноч завея замяла сляды,
Каб сцежку болей не шукаць сюды.

Добрае слова


Мяне i лаялі, i дакаралі,
Чыталі павучэнні i маралі,
Ламалі у няроўнай барацьбе
I так паклёпамі маралі,
Што быў не рады сам сабе.
Адзін нягоднік распускае плётку,
Другі, глядзіш, хапае ўжо за глотку,
I пачынае сумнявацца друг,—
Ca мною ён не ходзіць на праходку,
I ўжо здаецца, што замкнуўся круг.
Сам пачынаеш гаварыць з сабою,
У рэбры сэрца стукае слабое,
На сонцы вочы засцілае змрок.
Здаецца, нехта ходзіць за табою
I пацяшаецца знарок.
Прыдуманая плётка адмыслова
Мяне, нібыта выракам суровым,
Кудысьці гоніць ад сваіх дзвярэй...
А вы мяне суцешце добрым словам,
I я зраблюся ў сто разоў дабрэй.

Нечаканасць


Заходзіць сонца ў золаце i ў дыме
За дахі, за вішнёвыя сады,
I белай павуцінкаю над імі
Знікаюць рэактыўныя сляды.
Такі спакой. Hi ветрыку, ні гуку,
Яшчэ апошні зіхаціць прамень,
Здаецца, не прарочыць ён разлуку
Hi гэтай ноччу, ні ў наступны дзень.
Ды нечакана заваліла хмара
Блакіт i чырвань i ў зеніт плыве.
Усё стаілася, і, быццам кара,
Ударыў град i лівень па траве.
Гудуць струмені ў лапушыстым вецці,
Сячэ лісты песпадзяваны град,
A i ў залеву недзе сонца свеціць
I заўтра зранку вернецца назад,
I будуць зноў блакіт i пазалота,
I будзе сонцу радавацца свет,
I тонкай павуцінкай самалёты
У небе пракладуць ружовы след.
Я i ў такую непагадзь заўсёды
Чакаю самай яснае пагоды.

Людзі


Мае браты i сёстры — людзі,
Я гавару вам: «Добры дзень.
Хай кожны дзень шчаслівы будзе,
А змрочны знікне, быццам цепь».
Мае браты i сёстры — людзі,
У нас усіх кароткі век,
I толькі ён тады нрыбудзе,
Як стане чалавекам чалавек.
Мае браты i сёстры — людзі,
У нас адзін агульны дом,
I ён датуль трывалы будзе,
Пакуль над ім не грымнуў гром.
Мае браты i сёстры — людзі,
Даволі зброяю грымець.
Мы ж i падсудныя i суддзі,
Пара нам гэта зразумець.
Мае браты i сёстры — людзі,
Спазнаем шчасце мы, калі
Паразумнеем i здабудзем
Спакой на небе i Зямлі.

Казкі жыцця


А я дагэтуль веру ў казкі,
Хоць казкі розныя былі,
То з ласкаю, а то без ласкі,
З дабром i з горам на зямлі.
Я казкам веру, як i верыў,—
Без казак холадна душы.
А часам нейкія хімеры
Мне шэпчуць: «Лепш не варушы
Сваіх балючых успамінаў,
Жыві для радасных надзей,
Што толькі суцяшаць павінны
I сэрца хваляваць радзей».
Я часам сам сабе не веру,—
Дзе ява, дзе трызня, дзе сон,
A казкі пра ліхога звера
Трывожаць i да гэтых дзён.
То ў казках ажыве яскрава
Усё, што цешыла раней,
Але бывае часам ява
За казку страшную страшней.
Жыццё спяшаецца імкліва,
Гарыць, то тлее каганцом.
Я веру ў казкі ca шчаслівым
I непрыдуманым канцом.

Немінучасць


Я знікаю паступова,
Як хвіліны, як гады,
Як нясказанае слова,
Як размытыя сляды.
Я знікаю, я знікаю,
Так i знікну, нібы цень,
I спакойна сустракаю
Непазбежны гэты дзень.
Да апошняга парогa
Крок за крокам прывялі,
A ў душы расце трывога,
Што каштоўнага нічога
Не пакіну на зямлі.

Апошні радок


Паэты паміраюць на хаду
I падаюць, як каласы на пожні,
А я не здамся, я не упаду,
Пакуль не дапішу радок апошні.
Відаць, пісаў я не заўсёды так,
Каб ажылі мае у сэрцах песні,
Відаць, дарэмна думаў, што — мастак,
Што творца, a выходзіць, быў рамеснік.
Збяру ўсе сілы, боль i жар душы
I над самім сабою узнімуся,
Каб сэрца загадала: «Запішы
Адзін радок, патрэбны Беларусі».

Экалогія душы


Высякаюць лясы,
I няшчадна вытоптваюць боты
За дзялянкай дзялянку —
Верасы, i багун, i чарот,
На мяжы растапталі
Жывую яшчэ берасцянку,
Што будзіла над полем світанні
Штогод.
Паміраюць званочкі,
Зязюлі, чабор, журавіны,
I не ў вырай, а некуды так
Адляцяць журавы.
Мы сябе абкрадаем,
А множыць здабыткі павінны
I ўзвышаць абавязкі свае
I правы.
Вынішчаем лясы,
I пачуцці, i светлыя словы,
Што, як матчына песня,
За сэрца бяруць,
Падсякаем бяздумна
Карэнні свае i асновы
I не бачым, што хутка
Лісты адамруць.
Нашы песні i мова знікаюць паціху.
Пачакайце!
Звяртаюся з просьбаю я:
Занясіце хутчэй у Чырвоную кнігу
Верасы i чабор, наша слова i наша імя.

Няўжо?


Калі за мной зачыняцца вароты
У таямнічы, невядомы свет,
Мінуць усе пакуты i турботы,
I следам знікне мой апошні след.
Я ж мітусіўся, думаў, застанецца
Пасля мяне хоць водгулле душы,
А нехта, больш разважлівы, смяецца
I раіць: «Не пакутуй, не пішы,
Бо голас твой слабее i нямее,
Знікае ў словах водар i краса,
А праз гады ніхто не зразумее,
Што ты па-беларуску напісаў».

Тармазы


Чаго ж ён спалохаўся, колішні следчы,
I той, што ахвотна няпраўду засведчыў,
Што мог i сяброў, i сябровак, i брата
Загнаць без вагання за ржавыя краты?
А там распіналі няшчасных начамі
I прагна глядзелі на ўсіх крумкачамі,
Знаходзілі ў кожным сумленным ахвяру
I ў змрок сутарэння цягнулі на кару:
Здзіралі пазногці, ламалі суставы,
Пасля ў тупіках заганялі ў саставы
Галодных, знявечаных, невінаватых
З тугою ў вачах маладыя салдаты.
Адзін аднаму мы шапталі: «Трымайся».
А варта гарланіла: «Не вяртухайся!»
Затворамі ляскала, вылі аўчаркі,
Начальнік сіпеў пасля добрае чаркі:
«Хто ступіць направа ці ўлева на крок,
Пабачыць, што б'е без асечкі курок».
Сягоння былыя начальнік i следчы
Адзін аднаму прызначаюць сустрэчы.
Няма ў ix чыноў, ні чубоў, ні зубоў,
На плошчы зганяюць яны галубоў
Адтуль, дзе стаяў i рассыпаўся помнік.
З ix кожны прыходзіць сюды, як паломнік,
Даўнейшае ўспомніць, палаяцца злосна,
Што знаюць пра ўсё i гавораць галосна,
Бо ix не цікавіла, праў ці не праў ты,
Таму i становіцца страшна ад праўды.
Каб толькі вярнуць ім былыя часы,
Яны надавілі б на ўсе тармазы,
Пасаду адразу б i ўладу займелі,
Паставілі б помнік, каб зноў анямелі.
Дарэмна! Не будзе ранейшых пасад,
I помніка болей не вернуць назад.

Двое


Беленькія мамы,
Чорненькія дзеткі,—
Шчасця або драмы
Удзельнікі i сведкі.
Пошукі рамантыкі
Ці звычайнай страсці
Завялі раман такі,
Што гатовы ўпасці
У абдымкі ласкі
Юнакам з Нігерыі
I лічыць за казкі
Нават ночы шэрыя.
Змучаныя снамі
Ў будні, як у святы,
Саграшылі самі
Сціплыя дзяўчаты.
Вось i сталі дамамі,
Жонкамі часовымі,
I гуляюць з самымі
Чорненькімі Вовамі,
Песцяць i мілуюдь
Кожны пальчык любы
I у сне цалуюць
Пушкінскія губы.

Стары млын


Не пытаюся, куды вядзе дарога,
Калі ёсць, дык некуды вядзе...
Пэўна, да млына таго старога,
Што даўно не меле, а гудзе
Толькі вецер у кашах i ў скрынях,
Зарастаюць мохам латакі,
I ляжыць на бэльках, быццам іней,
Пыл калісьці змеленай мукі.
Не, не збіўся. Прывяла дарога.
Млын дрыжыць адбіткам на вадзе.
Пагукаў, але няма нікога,
Нават следу не відно нідзе.
На прантах парэпаліся жорны,
Пацукоў цікуе кот рабы,
На прыступках i ў паддашшы чорным
Стогнуць i жыруюць галубы.
А было ж завознікаў памногу,
Жорны аж да поўначы гулі,
I вазы ў далёкую дарогу
Везлі мліва цёплыя кулі.
Паглядзеў на млын, нібы на страту
Даўніны забытай i нямой,
I сумеўся, разабраўшы дату,
Што забыты млын — равеснік мой.

Завялы васілёк


Пісаў за вершам верш.
Здавалася, звінелі,
Іскрыліся i дыхалі радкі,
Здавалася, на стоптанай панелі
Павольна расцвіталі васількі,
Гарэлі зіхатлівыя вясёлкі,
Туманамі курыліся лугі,
Імчаўся стараною вецер золкі,
I не было ні гора, нi тугі.
Я высякаў i шліфаваў старанна
За словам слова, за радком радок,
Ды неспадзеўна i занадта рана
Маю душу ахутаў халадок.
A прачытаў напісанае ноччу
I разгубіўся раніцай, калі
Слязою затумапіліся вочы,
Вясёлкі згаслі, кветкі адцвілі,
I ўсё здалося хісткім, нетрывалым,
Бясколерным, бязгучным i даўгім,
Схіліўся верш, як васілёк завялы,
Ад холаду i ранняе тугі.

Сцюжы


Ад сцюжы сэрца халадзела
I прамярзала навылёт,
Шурпацела, як тарка, цела,
Не раставаў на вейках лёд.
Не сунімалася завея,
Збівала i валіла з ног,
Здавалася, душа сівее,
А праведных карае бог
За паслушэнства i бязволле,
За непавагу да сябе,
За абыякавасць да болю,
Да гругана, што лоб дзяўбе.
А сцюжы? Сцюжы лютавалі,
Сляпілі вочы ледзяшы,
I часам рэбры прыстывалі
Да пасівелае душы.
Я так настыў у маладосці,
Я навучыўся так цярпець,
Што толькі спадзяюся косці
У крэматорыі сагрэць.

Трывожная ноч


А мне дасюль кашмары сняцца,—
Ніяк збавення не знайду:
Не азірнуцца, не суняцца,
Ніяк не абмінуць бяду.
Яна мяне даўно цікуе:
То даганяе, то вядзе,
Няўжо ca мною i звякуе,
Няўжо сама не прападзе?
Шукаў i не знаходзіў выйсця
З палону выцвілых папер.
Былі даносчыкі калісьці,
Ёсць ананімшчыкі цяпер.
Яны адной жалобнай масці,
Яны адну нясуць бяду.
I будзе найвялікшым шчасцем,
Калі здалёк ix абыду.
Я прачынаюся на золку.
Світае. Сонца узышло,
Кароткі дождж размыў вясёлку,
У шыбы ўдарыла святло.
Куды ні гляну — ззяюць дахі
I ад дажджу, i ад святла.
Усе развеяліся страхі,
I ноч трывожная прайшла.
Сягоння будзе дзень пагодны,
Бо сонца з раніцы пячэ.
I я шчаслівы i свабодны
I прагну жыць і жыць яшчэ.

На схіле дня


Ліловым дымам сцелюцца па ўзгорках
I шапацяць таемна верасы,
Мільгаюць у арэшніку вавёркі,
На дол сцякаюць кропелькі расы,
Сівы туман курыцца над лугамі,
Дзяўбе далёкі дзяцел цішыню,
Буслы плывудь шырокімі кругамі
I плаўна набіраюць вышыню.
На хвоі дагарэў вішнёвы промень,
I небасхіл паволі дагарыць,
Рабіна ледзь трымаецца на строме
I золатам, i полымем гарыць.
Далёкі пах бярозавага дыму
I развітальны голас журавоў
Мяне заўсёды клічуць на радзіму,
I я спяшаюся дамоў.

* * *


Знікалі з крыкам лебедзі ў тумане,
З настылых мальваў асыпаўся цвет.
Ніхто не ведаў, што ў такое ранне
З'явіўся я на белы свет.
I вось ужо канчаецца дарога,
Сплылі, як здані, i мае гады:
За што ні браўся — не паспеў нічога,
I знікну непрыкметна назаўжды.

Аптымістычны фінал


Не распускайся нават перад смерцю —
На безнадзейнай i крутой мяжы.
Няхай ад злосці зарагочуць чэрці,
А ты найлепшы гальштук завяжы,
Зрабі прычоску, як у маладосці,
Адзень адпрасаваны гарнітур,
Збяры сяброў на развітанне ў госці
I не кажы, што блізка да хаўтур.
Не ўспамінай ніколі аб хваробе,—
Ніхто не дапаможа ўсё адно,
I знікні, як марак у чыстай робе
Знікае разам з караблём на дно.

1

Кандзей (жаргон) — штрафны ізалятар.

(обратно)

2

БУР — барак узмоцненага рэжыму.

(обратно)

Оглавление

  • Сяргей Грахоўскі I РАДАСЦЬ I БОЛЬ
  • На самоце
  • * * *
  • Аналогія
  • Лірычнае
  • 19 кастрычніка
  • Страчаная маладосць
  • Згаслыя свечкі
  • На вогнішчы сумлення
  • Прагноз
  • Век
  • Сарваны паром
  • Бальшавікі
  • Упэўненасць
  • Любімая i родная
  • Шчыры адказ
  • Балючая памяць Паэма
  • Уцякач
  • Спакойныя ночы
  • Вершы
  • Рэквіем рукапісам
  • А дзе вы?
  • Ад «вінаватых» без віны
  • Бязлітасная літасць
  • Душа
  • Загартоўка
  • Ціхія пенсіянеры
  • Немагчыма
  • Забаронца
  • Балючае
  • Аднагалоснасць
  • У імя дабра
  • Купалаўцы
  • Споведзь
  • Над Кержанцам
  • Развітанне з Нараччу
  • Снег
  • Лебядзіны крык
  • У завею
  • Добрае слова
  • Нечаканасць
  • Людзі
  • Казкі жыцця
  • Немінучасць
  • Апошні радок
  • Экалогія душы
  • Няўжо?
  • Тармазы
  • Двое
  • Стары млын
  • Завялы васілёк
  • Сцюжы
  • Трывожная ноч
  • На схіле дня
  • * * *
  • Аптымістычны фінал
  • *** Примечания ***