КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 716135 томов
Объем библиотеки - 1422 Гб.
Всего авторов - 275431
Пользователей - 125272

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Lena Stol про Небокрад: Костоправ. Книга 1 (Героическая фантастика)

Интересно, сюжет оригинален, хотя и здесь присутствует такой шаблон как академия, но без навязчивых, пустых диалогов. Книга понравилась.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Lena Stol про Батаев: Проклятьем заклейменный (Героическая фантастика)

Бросила читать практически в самом начале - неинтересно.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Masterion про Харников: Вечерний Чарльстон (Альтернативная история)

До Михайловского не дотягивает. Тема интересная, но язык тяжеловат.

2 Potapych
Хрюкнула свинья, из недостраны, с искусственным языком, самым большим достижением которой - самый большой трезубец из сала. А чем ты можешь похвастаться, ну кроме участия в ВОВ на стороне Гитлера, расстрела евреев в Бабьем Яру и Волыньской резни?.

Рейтинг: 0 ( 1 за, 1 против).
Lena Stol про Чернов: Стиратель (Попаданцы)

Хорошее фэнтези, прочитала быстро и с интересом.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Влад и мир про серию История Московских Кланов

Прочитал первую книгу и часть второй. Скукота, для меня ничего интересно. 90% текста - разбор интриг, написанных по детски. ГГ практически ничему не учится и непонятно, что хочет, так как вовсе не человек, а высший демон, всё что надо достаёт по "щучьему велению". Я лично вообще не понимаю, зачем высшему демону нужны люди и зачем им открывать свои тайны. Живётся ему лучше в нечеловеческом мире. С этой точки зрения весь сюжет - туповат от

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).

Прымакі [Янка Купала] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Янка Купала Прымакі

Сцэнічны жарт у адным акце

Асобы


М а к с і м К у т а с.

П а л а н е я – яго жонка.

М а ц е й к а – іх сын.

Т р а х і м С і н і ц а.

Д а м і ц э л я – яго жонка.

К а ц я р ы н к а – іх дачка.

У р а д н і к.

С о ц к і.

С я л я н е, с я л я н к і.


Дзея адбываецца ў часе, калі былі манаполькі, на другі дзень Сёмухі, у хаце Трахіма Сініцы.


З'ява I


Максім адзін.


М а к с і м (ляжыць на ложку і разглядаецца па хаце). Цьфу, каб цябе паляруш! Куды мяне, самдзеле, загнала нядобрае? Ці гэта я жыву, ці гэта я не жыву, ці гэта я толькі сон сню? Папрабую сам сабе па носе стукнуць, ану ж пазнаю, на каторым я свеце. (Ударае сябе па твары рукой.) Ай, баліць, каб цябе немач! Значыцца, я на гэтым свеце і нават не сплю. Але як тут споўзаць па розум да галавы і навясці спраўку, куды мяне ліхаманка з сваёй хаты перавалакла? Бо ж такі хата гэта не мая, як сабе, мае міленькія, хочаце. У маёй хаце павуцінне па ўсіх чатырох кутках, а тут бачу толькі на трох... У маёй – абразы: Юры на белым кані з доўгаю пікаю і Мікола ў бляшанай шапцы; а тутака, праўда, Юры ёсць, але на месцы Міколы вісіць «Страшны суд». Брр! Які ён, самдзеле, страшны, гэты «Страшны суд»! I давялося ж мне папасці ў хату з гэтым судом страшным! Пачакайце! Як гэта выйшла? Учора была, здаецца, нядзеля? Так, такі ж нядзеля, ды першая ў гэтым тыдні. Раніцай еў бліны. Пасля спаў да паўдня; устаўшы, паабедаў ды йзноў хацеў легчы, але тут і выйшла закаклюка. Мая Паланея, як распаланелася на ўсю сваю моц, дык і сон мой прапаў аж да часу, калі я – ужо не помню як – апыніўся на гэтым вось чужым ложку. Дзе ж! Трэба ведаць! Прычапілася – канечна, каб я вёў кабылу пасвіць. Найшла пастуха! Я кажу – не павяду! Яна кажа – павядзеш! Я кажу – не мяшайся ў маю гаспадарку! А яна і паехала-паехала: а ты сякі-такі, а ты – ламака, а ты абібока, а ты... а ты! Каб цябе не знала, а пайшла за Трахіма Сініцу, як ён да мяне сватаўся, дык бы паняй была, а за табой, дурнем... Як сказала яна «дурнем», ну дык, мае міленькія, хто ж гэта вытрымае? Калі б хто і папраўдзе быў дурань, дык не засмакуе, каб яму ў вочы гэткі чын давалі – ды яшчэ хто? Родная-раднюсенькая жонка! Ну, як яна, значыцца, сказала, самдзеле, дурань, дык мяне аж за самыя вантробы забрала. Усхапіўся я, самдзеле, з ложка, адшпіліў дзягу і ўжо думаю сабе... А яна – не тут успамінаючы, не дзяга, а мая жонка – вазьмі ды схапі мешалку. Ох, мае міленькія! Сам Люцыпар, відаць, выдумаў гэтыя мешалкі, як падсоўваў нябожчыцы Еве яблыкі ў раі. Бо дайце ж рады! Паліў я гэта яе – значыцца, мешалку, а не Еву – колькі раз, на добрыя кусочкі сек, і ўсё роўна: як прыйдзе што да чаго, дык – на табе, і ёсць! I каб цябе ліхаманка, яшчэ выдумалі стаўляць гэтыя мешалкі ў качарэжніку, каля парога. Значыцца, як угледзеў я, што мая баба бярэ гэты – згінь-прападзі! – пісталет бярозавы, ну, а я... што ж я? Бачу, што непераліўкі, схапіў бравэрку пад пахі і, трымаючыся за паясніцу, – гэта, каб не спутала мяне самая патрэбная рэч, – ды гэтак: скакель праз акно! Балазе што хоць было адчынена. Не думайце, мае міленькія, што гэта я з перапугу задаў так лататы. Гэта я так сабе, як вам сказаць, на далікатны манер пусціўся. Я ж, як самі бачыце, пэўна што яе не баюся. Ды што ж бы было, каб даведаліся суседзі, што я ў сваёй аздабулькі пад хвартухом сяджу? Я не такі трус, як гэты Трахім Сініца: чуць яго Даміцэля мешалкай памсціцца, дык ён са страху аж дрыжыць. Ну, значыцца, як гэта я спакойна сабе выбег з хаты, узяў ды пайшоў памаленьку на сяло. Дзягу на сваім месцы замацаваў, бравэрку на плечы накінуў – гэта, значыцца, каб форсу больш было, – іду сабе па вуліцы, як нішто ні ў чым. Падходжу пад манапольку, глядзь – сядзіць мой Трахімка Сініца на ганку і трымае паўквартачкі ў руках, – гарэлачка й шкло аж пераліваюцца на сонцы! «А мой жа Кутасок! – гэтак ён да мяне: – садзіся, кумочак-галубочак! А то я думаў-думаў, з кім бы гэту палавінку ды яшчэ на палавінку перакрышыць?» Ну, а я, канечна, чалавек натуры няўпарчывай: чаму ж, думаю сабе, ад добрага суседа ласкі не прыняць? (Пазяхае.) Ха-ха-ха! Нешта зноў спаць хочацца. (Сонна.) Селі мы гэтак сабе – я і Трахімка – асушылі паўквартачкі – адну, другую, трэцюю. Сядзелец – каб яму і ў пекле здароўе было ды панаванне – вельмі падатлівы ў нас: і ў нядзельку гарэлачкай таргуе, хоць гэта, кажуць, закон і забараняе. Вось цяпер, значыцца, і не помню, як я ў гэту не ў сваю хату папаў. Ведаю, што за нешта рукі пабілі, барыш нейкі пілі, цалаваліся. Трахімка слязу пусціў, і я не вытрываў, размасліўся, а там.... а там, хаця лопні, нічога не ведаю!.. (Праз сон.) Можа, як засну, дык прысню, хто я і дзе я?..

З'ява II


Максім, Кацярынка.


К а ц я р ы н к а (адзеўшыся па-святочнаму, у руках кветкі і з кветак вяночак на галаве; убягае у хату, напяваючы).

Ой, чуць, маці, чуць,
Дзе малойцы п'юць!
Вясёлая там вуланька,
Куды яны йдуць.
А знай, маці, знай,
Дачку замуж дай!
Не дай мяне за п'яніцу, –
После ж будзе жаль.
Дачушка мая,
Родная мая,
Шукай сабе, выглядывай –
Яшчэ ж малада!
Матулька мая,
Родная мая!
Я й шукала, выглядала
I ўжо выбрала.
(Круціцца перад люстэркам і прышпільвае да грудзей кветкі.) Ха-ха-ха! Якраз як маладая да шлюбу, сягоння я паднядзелілася! Як убачыць Мацейка, дык ота ж уцешыцца! Ох, і ўмее ж ён абнімацца і цалавацца! А каб было каму? Ці даўно разам у бабкі гулялі і ў поле ганялі, а ўжо – на табе! За дзявочымі спадніцамі так і бегае як падсмалены. I нячысцікяго ведае, адкуль гэта ўсё ў яго бярэцца? Так абніме, так да грудзей прыцісне, ажно неяк млосна-млосненька робіцца. А як пачне цалаваць і цалаваць без канца, дык, даліпантачкі, твар гарыць, проста, як хто яго крапівой высек. Ох, Мацейка, Мацейка! Штосьці зашчыльна ты ка мне прыліпаеш, каб не наварылі гэтак мы з табой якой саладухі. (Максім храпе.) Ай, гэта ж тата на ложку! А я думала, што ўжо пайшоў. Ну, добра, што хоць спіць, як апошняе ў печ усыпаўшы, а то былj б паранкі і мне, і Мацейку за такую маю гутарку. (Далей круціцца перад люстэркам, прымярае, як лепей, вянок і напявае.)

У гародзе качка,
За гародамкачка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не дварачка!
У гародзе мята,
За гародам мята.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не багата!
У гародзе птушка,
За гародам птушка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не падушка!
У гародзе вішня,
Ля вішні – чарэшня.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я не яешня!
Ха-ха-ха! Хоць я не яешня, а, пэўна, як глядзіць на мяне, дык слінкі так і цякуць. Каб толькі папусцілася, дык з'еў бы мяне і не аблізаўся б нават.

У гародзе дзічка,
За гародам дзічка.
Любіць, любіць мой міленькі,
Хоць я невялічка!
Ой, ой! Хоць я і невялічка, але добра ўжо ведаю, чаго хлапцам ад мяне хочацца.

У гародзе хатка,
За гародам хатка,
(Глянуўшы ў акно.)

Ой, ідзе ўжо мая мамка –
Будзе вайна з таткай.

З'ява III


Максім, Кацярынка, Даміцэля.


Д а м і ц э л я (уваходзіць з судамі вады і стаўляе іх каля парога на прылаўку. Да Кацярынкі). А ты гэта, сарока, чаго так ухмыляешся да люстэрка, як серада на пятніцу? Звалаклася недзе, а тут адной мне хоць падарвіся: ні вады каму прынесці, ні ў хаце прыбраць. Зараз жа мне хату замятай! (Порацца качаргой у печы.)

К а ц я р ы н к а (замятаючы хату).Чаго, мамка, раз'ехалася, як прачыстая на сенажаці? Я ж не сядзела рукі злажыўшы. (Расцягваючы.) У-ста-ла, па-мы-ла-ся, павяла ця-луш-ку, напасвіла, назбірала кве-та-чак і вяночак спляла! (Кідае венік, знімае вянок і хоча надзець яго матцы.) Паглядзіце, які харошанькі! А як ён мамцы ідзе да твару! Даліпантачкі, хоць да шлюбу мамку вядзі! Каб татка ўгледзеў, вота б пацалаваў з любасці!

Д а м і ц э л я (зрываючы вянок). Адчапіся, назола! Я ўжо на каптур замяніла свой вянок у царкве, а ты, з вялікай рызыкі, каб толькі не згубіла свайго дзе пад плотам.

К а ц я р ы н к а (зноў налажыўшы сабе вянок на галаву, замятаючы хату). А скажыце, мамачка: ці гэта не ўсё роўна будзе, ці вянок у царкве на каптур прагандляваць, ці згубіць яго пад плотам? А мо і мамка перш згубіла, а пасля памяняла?

Д а м і ц э л я. Замятай вось лепей,а не мялі языком, як калатоўкай! Яшчэ молада ўсё ведаць – што трэба і што не трэба.

К а ц я р ы н к а (круцячыся з венікам і прыпяваючы).

Сама хату падмяла,
Сені выпратала;
Сама сябе палюбіла,
Сама высватала.
Д а м і ц э л я. Пацеры ці згаварыла, што так выкручваешся, як скурат на агні. Бяры настольнік і засцялі стол! Снедаць даўно ўжо пара.

К а ц я р ы н к а (засцілаючы стол). А,мамка, тату будзіце, а то ўсю гаспадарку сваю праспіць.

Д а м і ц э л я (стаўляючы на стол яешнюі бліны). Глядзі, каб ты толькі сама сябе непраспала, а за бацьку не бойся!

К а ц я р ы н к а (глянуўшы на яду). Ого!Мамка сягоння бліноў і яешні напякла.

Д а м і ц э л я. А нешта ж ты не ведаеш,што сягоння толькі другі дзень Сёмухі? (Ідзе да ложка і будзіць Максіма.) Трахім,Трахім! Уставай! Годзе табе адлежвацьбакі! Паўдня ўжо на дварэ! На сталеснеданне! Уставай! (Прыглядаючыся дабравэркі.) Адкуль ён гэту бравэрку сцяг нуў? Гэта ж не наша! Паглядзі, Кацярынка!

К а ц я р ы н к а (прыглядаючыся). Але ж,не наша! Мусіць, тата памяняў з некім, якмамка вянок на каптур.

Д а м і ц э л я. Ды ўжо ж недзе памяняў,бо ўчора, апоўначы, п'яны прыйшоў, чуцьпамагла на ложак узабрацца. (ТузаючыМаксіма.) Уставай жа, каб ты не ўстаў! Ато зараз мешалкай...

М а к с і м (усхапіўшыся і хрысцячыся).Цьфу, ізноў мешалка! Кабяе пярун пашчапаў!


Даміцэля і Кацярынка адскакваюць ад ложка, здзіўленыя,перапужаныя.


Д а м і ц э л я. Гэта ж не Трахім!

К а ц я р ы н к а (разам з Даміцэляй). Гэта ж не тата!

М а к с і м (праціраючы вочы, убок). Натабе! Хата чужая, баба чужая, а заместамайго ўласнаручнага сына – нейкае спаднічнае стварэнне! Вось так папаўся ў нерат – ні ўзад ні ўперад! Ну, Максім! Ламі мазгі, каб не прапаў саўсім.

Д а м і ц э л я (прыгледзеўшыся). Ды гэтаж наш кум – Максім Кутас!

К а ц я р ы н к а.Ха-ха-ха! Татка надзядзьку Максіма перакуліўся! Ха-ха-ха!Тата – ваўкалак, ваўкалак!

М а к с і м (ахіліўшыся бравэркай, садзіцца на ложку). Што я тут бачу? Гэта ж Трахімава хата і яго баба. (Да Даміцэлі.) А мая ж Даміцэлька! Ці не ведаеш, якім-такімманерам я сюды папаўся?

Д а м і ц э л я. Я зараз манеры выганюваспану з галавы! Дзесятаму закажаш, як чужых жонак поначы ашукваць. (Ідзе ў качарэжнік і бярэ мешалку.)

К а ц я р ы н к а (убок). Быў адзін тата,а цяпер аж два! (Да Максіма.) Мусіць, дзядзька сягоння кепска з мамкай вянок на каптур гандляваў, дык яна хоча прыдатку даць.

М а к с і м (чухаючы галаву). I ўпутала ж мяне нядобрае ў гэту авантуру! Яшчэ з гэтай бабай, можа, і дам як-колечы рады, але што будзе, як мая Паланея ды Трахім даведаюцца? А тут яшчэ гэты, як на безгалоўе, «Страшны суд» вісіць на сцяне! (Да Даміцэлі.) Кумачка, Даміцэлька! Кінь ты гэту мешалку, я сваёй маю аж вось пакуль! (Паказвае на шыю.)

Д а м і ц э л я (прыступаючы да Максіма з мешалкай). Я цябе пытаюся: чаго ты ўбіўся ў чужую хату? Га?

М а к с і м. А я ў свацці пытаюся: чаго я ўбіўся ў чужую хату?

К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! А я ў мамкі і дзядзькі папытаюся, чаму ў мяне цяпер два таты?

Д а м і ц э л я (чуць не галосячы). А божухна мой, бацюхна! I собіла ж, каб гэтакае ліха ні за што ні пра што звалілася на маю галаву?! Гэта ж як даведаюцца на сяле, на вуліцу нельга будзе паказацца: вочы заплююць. Ды яно і варта: маю, дзякуй Богу, свайго чалавека, хоць у гадах, але хай так яшчэ і малады дакажа; дачку адlавай хоць у пятніцу замуж, а тут – на табе! – гэты чорт! I каб я хоць пальцам на яго калі кіўнула. (Трасучы мешалкай.) І-і, лабідуда няшчасны! Чаму ты, ідучы сюды, галавы сабе не збяёдаў або кастылёў сваіх не павыкручваў?!

М а к с і м. Чаму лепей мяне маці малога, у начоўках купаючы, не ўтапіла, чымся я меў дачакацца гэтакага сораму?Сам я, дзякуй Богу, не маладзёначак, сын каля дзевак юрыць ды свая кабеціна яшчэ не зломак, хоць, не раўнуючы, палі забівай, а тут – на табе! Яшчэ гэта з мешалкай, ведзьма кіеўская!

К а ц я р ы н к а (убок). Ужо мы з Мацейкам сваякі!

Д а м і ц э л я. Што я скажу – як даведаецца – свайму Трахіму?

М а к с і м. Куды я дзенуся – як даведаецца – ад сваёй Паланеі?

К а ц я р ы н к а (убок). Як гэта я, пасля такога сваяцтва, буду цалавацца з Мацейкам?

Д а м і ц э л я (з рызыкай). Гэта ты ўсё, гад, наварыў гэтай саладухі, каб цябе зямля ненасіла, абібок пракляты! Бяссорамнік! А яшчэ – кум! Хоць бы пайшоў, злыдзень, дамоў у сваёй пары, каб мае і людскія вочы не бачылі!

М а к с і м. Не я, а ты, ведзьма, вінавата! Нарабіла пекла і маёй, і сваёй хаце ды яшчэ рызыкуе. Нашто пусціла на свой ложак, калі бачыла, што гэта я – не я?

К а ц я р ы н к а (убок). Шкода, што мамка дзядзьку падсаджвала!

Д а м і ц э л я (заламаўшы рукі, слязліва). I што тут рабіць, што чыніць? Не будзе ўжо мне жыцця з Трахімкам, на векі вечныя не будзе! Прапала маё сумленне кабечае, за нямашто прапала! Асталася адна сцежка-дарожка: пайду ўтаплюся, ды ўсё тут! Хай мяне ўжо цяпер халодная вадзіца галубіць, а не мой саколік Трахімка. (Плача, абапёршыся на мешалку.)

М а к с і м. Страшны суд будзе дома, ох, на ўсё жыццё маё страшны! Не зазнаць ужо мне на векі вечныя дабра і спакою са сваёй Паланейкай. Які я цяперака, к чорту, муж яе? Як там ні было, а ўсё-такі перажыў век паводле боскага прыказання, хоць мо і былі якія грашкі тайныя, але не такія ж ужо яўныя! А цяпер... цяпер адно збаўленне асталося для святога яе і майго спакою: дзяга ёсць,пайду і павешуся. Хай пятля раменная маю шыю абыме заместа ручак цёпленькіх маёй Паланейкі. (Звесіў галаву і задумваецца.)

К а ц я р ы н к а (убок). На табе, баба, груцы з бобам! Да нашага сваяцтва з Мацейкам прыбудзе яшчэ жалоба.

Д а м і ц э л я. Нічога-такі іншага не выходзіць: пайду тапіцца! Апошнія мінуты прыйшлі майго жыцця. (Да Кацярынкі.) Як прыйдзе татка, то скажы, дзетка, што ўтапілася вось праз гэтага... Дзе мая толькі хустка? (Шукае хустку.)

М а к с і м. Няма інакшае рады: пайду павешуся. Апошні канец на мяне прыйшоў. (Да Кацярынкі.) Як убачыш, Кацярынка, маю Паланею, дык скажы, галубка, ёй, што я павесіўся вось праз гэту... Дзе толькі мая шапка? (Шукае шапку.)

Д а м і ц э л я (закручваючы хустку). Бывай здарова, дзеткі. Кланяйся тату! (Хочавыходзіць.)

М а к с і м (надзяваючы шапку). Бывайздарова, Кацярынка! Кланяйся маёй Паланеі! (Хоча выходзіць.)

К а ц я р ы н к а (убок). Я думала, штояны жартуюць, ажно такі папраўдзе шукаюць гуза. (Забягаючы ад парога да Максіма і Даміцэлі.) Што гэта вы? За ночклёпкі ўсе ў галаве пагублялі? Мала аднаго грэху, дык хочаце яшчэ другі на душубраць! Вось лепей памірыцеся ды думайце, як з гэтай бяды выкараскацца, каб воўкбыў сыт і каза цэла. Снеданне на сталезастыне, зглуміцца, а яны скарэй вешацца, тапіцца! Калі ўжо так не хочаце мірыцца, то хоць без міру пад'ешце, тады і работа складней пойдзе, як пацяжэеце. Апа-мойму, лепш не смяшыце людзей, і ўсётут!

Д а м і ц э л я. А мо і праўду кажаш, Кацярынка? Што ты, кумок, на гэта?

М а к с і м. Дый, па-мойму, свацейка, гэтак лепей будзе... У жываце маім ужо даўно салаўі пяюць. Паснедаем, а там...

Д а м і ц э л я. Такі ж паснедаем, а там...

К а ц я р ы н к а. А там мамка новы каптур пашые для таты, а дзядзька новую мешалку зробіць для цёткі. (Усе садзяцца застол і снедаюць.)

Д а м і ц э л я (пакручваючы скавараду). Вось, кумок, з гэтага боку лепшая скварка!Не саромся, бяры і еш на здаровейка!

М а к с і м (пакручваючы скавараду).Нетурбуйцеся, кумка! Лепей ты яе бяры. Мнепасля ўчарашняга неяк ні сёе ні тое. Адным словам, праўду свацці скажу: залішне выпіў.

Д а м і ц э л я. Праўду,кумок, кажаце!Я сама гэта заўважыла, што трохі слаб быўна нагах. Куму пахмяліцца б не шкодзіла.

М а к с і м. Сам анёл-пацяшыцель падсказаў кумцы гэту думку! Усё роўна, як быты, Даміцэлька, у маёй душы сядзела і падслухала, чаго ёй хочацца.

Д а м і ц э л я. Ай! Уто ж я дурная! Гэта жі ёсць чым чарвячка замарыць! Мой учораз прычыны першага дня Сёмухі прызапасіў паўквартачку, каторай з палавінку выпіў, а рэшта асталася. Прынясі ты, Кацярынка, пляшку і чарку: там – у лыжачніку знойдзеш.

К а ц я р ы н к а (прыносячы паўквартоўку і чарку. Убок). Вот і салодкую гарэлку будзем піць!

Д а м і ц э л я (наліваючы і падсоўваючы чарку Максіму). Выпі, кумок, каб на сэрцайку палягчала! Я ж дык і зроду не піла і не п'ю.

М а к с і м. А мая Паланея часам любіць пацягнуць. (Выпіваючы.) За тваё здароўе, кумка, і тваё, Кацярынка! (Маргаючы да Даміцэлі.) Можа ж, некалі сваяўство якое звядзём. У мяне –Мацейка, у цябе – Кацярынка, а там (штурхаючы Даміцэлю ў бок), як ведаеш, кумка, і да царквы недалёка.

Д а м і ц э л я. Яно ж так! Што каму суджана, дык і пехатой таго не абойдзеш, і з канём не аб'едзеш. Што ж? Мая Кацярынка, як сам, кумок,бачыш, нікому не ўступіць – і з розумам, і з рукамі.

К а ц я р ы н к а (закручваючыся хвартухом). А я яшчэ замуж не хачу, і Мацейка, я ведаю, жаніцца не хоча!

М а к с і м. А я нешта другое заўважыў па табе і па Мацею там, у садзе. Помніш? Ха-ха-ха! Засаромелася!

Д а м і ц э л я. Трэ было, кумок, кіем даць хлуду добра аднаму і другому. Занадта рана пачалі ўжо нюхацца з сабой. Яшчэ малако матчына на губах ці абсохла.

М а к с і м. А, кумка, помніш, як мы гэта калісь... у поле яшчэ ганялі... Хэ-хэ-хэ!

Д а м і ц э л я.Ужо, кум, выпіў чарку і пачаў брахаць. Скажу Паланеі.

М а к с і м. Толькі, кума, перш мешалку ад яе адкрадзь.

К а ц я р ы н к а (убок).Але дзе ж гэта прапаў мой першы татка?

Д а м і ц э л я. Што ты кажаш?

К а ц я р ы н к а. Я кажу, дзе падзеўся тата наш?

Д а м і ц э л я. А такі ж праўда: дзе ён падзеўся? Гэта ўсё кум мне нарабіў! Як загаварылася, дык і на свайго забылася.

М а к с і м. Ды і я тут пры куме задлякаўся, а мая Паланейка недзе даўно прачакалася.

Д а м і ц э л я. З'ямо, кумок, ды пойдзем: я – шукаць свайго Трахімкі, а ты – сваёй Паланейкі. Ужо я раздумалася – не пайду тапіцца: вада яшчэ такая халодная.

М а к с і м. I я ўжо раздумаўся – не пайду вешацца: дзяга яшчэ парвецца.

К а ц я р ы н к а. І я раздумалася: пайду замуж за Мацейку, а то, чаго добрага, пасля адрачэцца.

Д а м і ц э л я. Бач ты яе, чаго захацела! А пацеры ўмееш?

М а к с і м. Нічога, кумка! Пацеры не воўк – у лес не збягуць. А мой Мацейка – хлопец хоць куды! Яна смак чуе ў ім.

Д а м і ц э л я. Ну, кум ізноў пачынае сваё! Выпівай ды ідзём ужо. Дзе мая толькі мешалка?

М а к с і м (выпіўшы). Ідзём, кумка. Удваіх усё-такі смялей крыху.


Выходзяць; Даміцэля з мешалкай.

З'ява IV


Кацярынка адна.


К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Вось так камедыя! Мамка тату згубіла, а дзядзька цётку згубіў! Ха-ха-ха! Як знойдуцьадно аднаго, уто будуць мешалкі ў рабоце! Ха-ха-ха! Каб цяпер Мацейка, барані божа, прыйшоў, то ж бы разам пасмяяліся. (Скачаі прыпявае.)

Хто у боб, хто ў гарох,
А хто ў саладуху.
Там, дзе двух, будзе трох;
Дасць дзед бабе духу!
(Круцячыся перад люстэркам.)

А на дварэ курта брэша,
Ка мне міленькі мойчэша.
Ой, ці чэша, ці не чэша,
А мне сэрцайка пацеша!
А мо трэба ўжо і мне
Да Мацейкі часаць?
А мо лепей, а мо лепей
Пачакаць, пачакаць?
(Папраўляе пасцельна ложку.)


Трэба пакуль што хоць ложак у парадак прывесці, а то раскулдычаны, як бы тут рота салдатаў спала! Ха-ха-ха!

Падушачкі, падушачкі,
Мае пухавыя!
Малодачкі, малодачкі,
Мае маладыя!
(Скача.)

Каго люблю, каго люблю,
Таго пацалую,
Пухавую падушачку
Таму падарую!
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі позна,
Параскідаў, параскідаў
Падушачкі розна.
Як прыехаў, як прыехаў
Мой міленькі з места,
Паскладаў ён, паскладаў ён
Падушачкі ў месца.
(Чуваць ігру на скрыпцы, Кацярынка, прыслухаўшыся.)

На вуліцы скрыпка йграе,
Мяне ж маці не пускае;
Пусці, маці, пагуляці,
Калі хочаш меці зяця!
(Ідзе к дзвярам.)

Нашто тое а, бэ, цэ,
Нашто тое слова, –
Калі мілы пацалуе,
То і я гатова.

З'ява V


Кацярынка, Мацейка.


К а ц я р ы н к а (адскочыўшы ад дзвярэй). Гэта ты, Мацейка?!

М а ц е й к а (са скрыпкай). Гэта я, Кацярынка!

К а ц я р ы н к а. Ха-ха-ха! Мацейка прыйшоў да Кацярынкі!

М а ц е й к а. Ха-ха-ха! I Кацярынку Мацейка дома адну застаў! (Абымаючы.)

Кацярына рана ўстала,
У суседа запытала:
Ці не відзеў, ці не бачыў
Хто хвартух мой паскудлачыў?
К а ц я р ы н к а (абымаючы Мацейку)

Мацей,не дурэй,
Не дзяры сарочкі, –
Не ты праў, не ты ткаў,
А паповы дочкі.
Ха-ха-ха! А чаго ты прыйшоў, Мацейка?

М а ц е й к а. Да Кацярынкі ў госці прыйшоў і...гарэлачкі прынёс! (Паказваючы паўквартоўку.) Во!

К а ц я р ы н к а. А за гэта сухой лазні не дастанеш ад мамкі і таткі?

М а ц е й к а. Гэта толькі татка сягоння дастане ад мамкі лазні, бо дома не начаваў.

К а ц я р ы н к а. I мой дастане, бо таксама дома не начаваў.

М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Вось так аказія! Затое ж мы вып'ем з табой за іх здароўе.

К а ц я р ы н к а. Вып'ем, Мацейка! Але і за здароўе мамак нашых, бо каб не яны, дык як жа б мы тут з табою выпівалі. Бачыш, і закуска нават гатова!


Падыходзяць да стала і выпіваюць.


М а ц е й к а. Вып'ем па адной!

К а ц я р ы н к а. А пасля і па другой!


М а ц е й к а (абняўшы Кацярынку, прыпявае)

А, дзевачкі, і я ваш!
Пойдзем разам на кірмаш,
А з кірмашу дадому
Ды ў ярную салому!
К а ц я р ы н к а (таксама)

Па саломе качалася,
Нічога мне не сталася;
Зялёнае сена –
Яно мяне з'ела.
М а ц е й к а. А цяпер вып'ем па другой!

К а ц я р ы н к а. А пасля і па трэцяй!

М а ц е й к а

Дзяўчыначка чарнаброва
Паехала ў лес па дрова,
Паехала чорным бычкам,
Завязаўшы пастол лычкам.
К а ц я р ы н к а

Я на ганачку стаю,
Слёзы коцяцца;
Дзеўкі замуж ідуць,
I мне хочацца.
М а ц е й к а. А цяпер вып'ем па трэцяй!

К а ц я р ы н к а. А пасля і па чацвёртай!

М а ц е й к а. Ужо не астанецца па чацвёртай.

К а ц я р ы н к а. Дык і будзе годзе на расходзе!

М а ц е й к а

Чаму Каську не любіць,
Калі Каська ладна;
Хвартух новы, паркалёвы,
Спаднічка ядвабна!
К а ц я р ы н к а

Цераз рэчку, цераз стаў
Любіў мяне Станіслаў;
I я яго любіла,
Ды спаднічку згубіла!
М а ц е й к а. Ха-ха-ха! Як добра без старых загуляць трохі і пасмяяцца!

К а ц я р ы н к а. Але каб толькі з гэтага смеху не выйшла якога грэху?

М а ц е й к а. Як не захочаш, то і не выйдзе. Але ведаеш што? – пойдзем з табой «таўкачыкі»! Бо як трошкі я лыкну, дык тады бярэ мяне ахвота паскакаць.

К а ц я р ы н к а. I мне таксама хочацца. Сып, Мацейка!

М а ц е й к а. Давай, Кацярынка! (Мацейка скача «таўкачыкі», а Кацярынка толькі памагае прыпяваць.)

Шах-мах, таўкачыкі!
Шах-мах, асіновы!
А работы Максімовы!
Сем год валяліся,
Пакуль к ступе дабраліся,
Шах-мах, таўкачыкі!.. і г. д.
То ў ніт, то пад ніт,
То у бердачка, –
Прыбівай, прыбівай,
Маё сэрдачка!
Не сядзі ля мяне
Ды не братайся;
За ручанькі не трымай
Ды не радуйся!
К а ц я р ы н к а (разахвочаная). А цяпер – «цыганку», Мацейка!

М а ц е й к а. Сып «цыганку», Кацярынка!

К а ц я р ы н к а. Лаві! (Надзявае шапку Мацееву і скача «цыганку». Мацей даганяе.)

Я – цыганка маладая,
Я – цыганка не старая,
Знаю варажыць!
Э-эх! Знаю варажыць!
О, падай, Мацейка, ручку
Ды насып мне грошай кучку, –
Усю праўду скажу!
Э-эх! Усю праўду скажу!
М а ц е й к а (злавіўшы Кацярынку і цалуючы). Ха-ха-ха! А што, такі злавіў! Ужо з маіх рук не выкруцішся!

К а ц я р ы н к а (цалуючы). Паглядзім! Гэта яшчэ, як я захачу!


Уваходзяць Трахім і Паланея з мешалкай.

З'ява VI


Тыя ж і Трахім, Паланея.


Т р а х і м (убачыўшы, як Мацейка з Кацярынкай цалуюцца, да Мацейкі). А ты гэта, шэльма, што вырабляеш з маёй Кацярынкай?

М а ц е й к а (адскочыўшы). Я... я... нічога! Гэта мы... гэта мы з Кацярынкаю «цыганку» скачам.

К а ц я р ы н к а. Так, так, татачка! «Цыганку» з Мацейкам скакалі. Вось яшчэ і шапка ў мяне на галаве.

Т р а х і м. Каб толькі гэтак часам вы цыганят безпары не наскакалі? Глядзіце ў мяне!

К а ц я р ы н к а. Татачка, я добра гляджу!

М а ц е й к а. І я ў шапку не сплю!

П а л а н е я (да Мацейкі). Ты таты не бачыў?

М а ц е й к а. Я спаткаў – як татка з цёткай Даміцэляй пад нашу хату пайшлі.

Т р а х і м. А мы з кумой пайшлі пад манапольку і такім манерам, значыцца, размінуліся. (Падыходзячы да стала.) А гэта што за пляшкі?

К а ц я р ы н к а. Гэта...гэта мамка з дзядзькам Максімам частавалася; ён у нас сягоння начаваў.

П а л а н е я (убок). Ну, дзякуй Богу, не я адна набралася грэху!

Т р а х і м (убок). Эге! значыцца, імая Даміцэля не без таго, што і я? (Да Паланеі.) Хадзем, кумка, пагасці трохі ў мяне. Ужо твой не дзе падзеўся, калі тут быў сягоння.

П а л а н е я. А чорт яго бяры, калі ён пусціўся ў бадзяцкую скуру і дома не начуе!

Т р а х і м.Ціха, ціха, кума! Лепей не ўспамінай! Вось садзіся ды вып'ем па чарачцы.


Дастае паўквартоўку, і частуюцца з Паланеяй.

Мацейка з Кацярынкай у старане між сабою жартуюць.


П а л а н е я. І собіла ж куму ў нашу хату забрацца?

Т р а х і м. Так, так! Але і куме надало ўпусціць мяне?

П а л а н е я. Як гэта выйшла – розуму я не прыстаўлю?

Тр а х і м. I я, хоць не з дурнога заводу, але нічога не ўкемлю.

М а ц е й к а. Адным словам, без паўкварты не разбярэш. Ха-ха-ха!

П а л а н е я (да Мацейкі). А да цябе, паўкварта, калі не п'юць, то і не кажы «здароў будзь».

Т р а х і м. Затое ж, кумка, будзь здарова!

П а л а н е я. На здароўе, кумок, на здароўе! (Выпіваюць.)

Т р а х і м. Ацяпер, можа, паскачам, кумка? Мацейка пайграе нам.

П а л а н е я. Ды ўжо ж, кумок!.. Ці за адну нагу вісець, ці за дзве– адна ласка. (Да Мацейкі.) Іграй, Мацейка!

М а ц е й к а. Мамка, як не стыдна? Гэта ж ужо мне з Кацярынкай лепей уходзе, як табе з дзядзькам...

Т р а х і м. Не тваё дзела, блазнюк! Іграй, калі кажуць! Бач ты яго, як разласаваўся да Кацярынкі!

М а ц е й к а. Ну, ужо буду! А што іграць?

П а л а н е я. Рэж лявоніху!

М а ц е й к а (убок). Папілі салодкую гарэлку, а цяпер і вяселле ім іграй. (Іграе лявоніху, а Трахім з Паланеяй скачуць.)

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Несалоная капуста твая!
Ліха мачыха на пасынка была,
Несалоную капусту дала;
А пасынка дык і чорт не бярэ,
Несалоную капусту жарэ!

З'ява VII


Тыя ж і Максім, Даміцэля.


Д а м і ц э л я (кідаючыся з мешалкай да танцуючых). А гэта што такія за гоцы ў маёй хаце?

Т р а х і м і П а л а н е я (пакідаючы гульню). Мы... мы... так сабе... паскакаць хацелі!..

Д а м і ц э л я (да Трахіма). Ты дзе гэта ўсю ноч прападаў?

Т р а х і м. А ты, як мяне няма дома, дык з гэтым валочышся!!

Д а м і ц э л я (трасучы мешалкай). Я цябе пытаюся, бясстыднік! Чаму дома не начаваў?

М а ц е й к а. Цётка, так не крычыце на дзядзьку: ужо мамка на яго накрычала і мешалкай настрашыла. Дзядзька ў нас начаваў.

П а л а н е я (схапіўшы мешалку сваю, да Максіма). Ну, кавалерчык! Гавары мне, дзе ты сягоння на начлезе быў? Га?

К а ц я р ы н к а. Цётка,так не пужай дзядзьку, ужо яму мамчына мешалка далася ў знакі. Ён у нас начаваў.

П а л а н е я (да Даміцэлі). Дык гэта ты мне, імасць, зводзіш майго старога? Як табе стыду няма! Усё ведаю: яешняй частавала, бессаромніца, і гарэлкай. Бач, якая гасцінная!

М а ц е й к а. Мамка! I ты ж дзядзьку частавала таксама – яешняй і паўквартай.

Д а м і ц э л я (да Паланеі). Ага! Дык вось якая, ясна пані, з сорамам! Чужых мужыкоў адбівае ды яшчэ на вока выкідае, калі чалавек праз памылку зайшоў і заначаваў.

Т р а х і м. Але ж, міленькая, але, – праз памылку ў кумаву хату папаў. Прабудзіўся гэта я раніцай, а кума, каб ёй здароўе, будзе мяне мешалкай. I скажы, што я вінават?

М а к с і м. Знаю тваю натуру, зладзюга! Праз памылку! Праз памылку! Напаіў мяне, а сам пайшоў у маю хату начаваць.

Т р а х і м.А не ты прынёс другую паўкварту, каб мяне спаіць? Га?! Можа, скажаш – няпраўда?А тады – дзе ж цябе нячысцік занёс, як я добра выпіў?

П а л а н е я (да Даміцэлі). Я думала, што маю куму і суседку дарэчную. Прыляціць, бывала: пазыч рэшата, пазыч чапялы! Усё давала, а яна вунь якія падступкі мне робіць. Мужа роднага адбівае!

Д а м і ц э л я. Але ж, але! Добранькая, нечага сказаць! То ёй Даміцэлька пажынай, то памажы гной растрэсці – і Даміцэлька, як магла, памагала. А яна адплацілася: каб каго – гаспадара апошняга звабіла! Варопаўка! Чаму яшчэ зямля цябе носіць?

П а л а н е я. П'яўка чорная! Чаму яшчэ на цябе сонца свеціць?

Д а м і ц э л я. Маўчы, бо бельмачы павыдзіраю!!

П а л а н е я. Калі табе не зойме, кудлы ўсе выкудлычу!

Д а м і ц э л я. На табе! на табе! (Тыцкае хвігі.)

П а л а н е я (таксама). На! на! А што? – смачна?

Д а м і ц э л я (учапіўшысяза Паланеіны валасы). Не будзеш ты болей гэтых каўтуноў насіць!

П а л а н е я (таксама). Вылышу шэльму, як ліпку!.

Т р а х і м (учапіўшыся за Паланею). Пакінь, кумка, пакінь! Ці табе справіцца з гэтай язычніцай? Яна ж мяне ўжо да паўсмерці загрызла.

М а к с і м (адцягваючы Даміцэлю). Не турбуйцеся, кумка! Я сам не дам ёй рады, а не то што каб ты... Балазе што хоць мешалку кінула. (Разбароньваюць.)

П а л а н е я (трасучы на Даміцэлю кулаком). Я табе яшчэ ўпомнюся. Хіба я жыва не буду!

Д а м і ц э л я (таксама). Пазнаеш ты ў мяне, дзе ракі зімуюць!

Т р а х і м (да Максіма). А ты і тут не вытрываў, каб за маю не ўчапіцца?

М а к с і м. А ты чаго першы, схапіўшы ўпол, маю цягнуў? Га?!

Т р а х і м (трасучы кулаком). Паткніся ты толькі другі раз – дам паранкі!

М а к с і м (таксама). Папрабуй, кацэрнік, палезь – спушчу юху!

Т р а х і м (прыступаючы). Ану, хоць крані?!

М а к с і м (таксама). Паткніся?!

Т р а х і м (счапіўшыся за грудзі з Максімам). Крані хоць пальцам, дык з зямлёю змяшаю!!

М а к с і м. Хоць толькі замахніся, дык на блін зляплю!

П а л а н е я (схапіўшы мешалку і замахваючыся на Трахіма). Гэта ты, кум, усяму прычынай!

Д а м і ц э л я (таксама замахваючыся на Максіма). Гэта ты, кум, нарабіў гэтакай калатухі!

М а ц е й к а (адцягваючы Даміцэлю). Цётка! не бі майго тату!

К а ц я р ы н к а (адцягваючы Паланею). Цётка! не чапай таты!

П а л а н е я і Д а м і ц э л я (у адзін голас). Гвалт! Ратуйце! Забіваюць!

З'ява VIII


Тыя ж і Ураднік, Соцкі.

Пасля сяляне, сялянкі.


С о ц к і. Гэта што за разбой сярод белага дня, ды яшчэ ў свята?!

У с е (кінуўшы калатню, бабы толькі трымаюць мешалкі, як посахі). Мы нічога! Мы так сабе!..

У р а д н і к. А гвалт гэты хто спраўляў? А мешалкі гэтыя нашто ў руках?

П а л а н е я. Гэта я свайго бараніла.

Д а м і ц э л я. А я свайго не папускала ў крыўду!

М а ц е й к а. Ваша бродзіе! Мой тата і яе (паказвае на Кацярынку) тата мелі гонар біцца за нашых мамак.

М а к с і м (паказваючы на Трахіма). Гэты гад сягоння ў маёй хаце начаваў.

Т р а х і м (паказваючы на Максіма). Гэта сухая пятніца ўсю ноч сваёй асобай маю хату паганіў.

П а л а н е я (паказваючы на Даміцэлю). Гэта мокрая серада майму мазгі закруціла, і ён, не тут гаворачы, у яе хаце начаваў.

Д а м і ц э л я (паказваючы на Паланею). Гэта ветраніца майму вочы пылам засыпала, і той, не тут успамінаючы, у яе хату папаў.

У р а д н і к. Нічога не панімаю!

У с е. I мы нічога не разумеем!

М а ц е й к а. Рассудзіце, ваша бродзіе, усіх, і ўсё тут будзе.

У с е. Рассудзіце! Рассудзіце! Не разумеем!

С о ц к і. Я, ваша бродзіе, панімаю!

У с е. Ну?

У р а д н і к. Дык як дзела абстаіць?

С о ц к і. А так, ваша бродзіе: учора пад вечар Трахім і Максім выпівалі...

М а к с і м (паказваючы на Трахіма). Ён болей, ваша бродзіе.

Т р а х і м (паказваючы на Максіма). Каб ён толькі дыхаў! Я з чарачку, можа, выпіў, а ён усё вытрубіў.

П а л а н е я. Каб не Трахім, то мой і ніколі б не піў.

Д а м і ц э л я. Мой жа бы ніколі і не панюхаў, каб не гэты звядзісвет, Максім яе!

М а ц е й к а. Мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка п'юць гладка – лепей яшчэ, як мы з вамі, ваша бродзіе!

У р а д н і к. Маўчыце ўжо вы! Хай адзін гавора!

С о ц к і. Дык, значыцца, яны выпівалі і выпівалі. Пасля я іду вуліцай, дык яны і мяне паклікалі.

У р а д н і к. I цябе?

С о ц к і. Але, ваша бродзіе. Я – чалавек падатлівай натуры, ды, у суседстве жывучы, мусіш з усім гадзіцца. Ну, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі – а ўжо і ноч падышла. Тады сталі, значыцца, яны хваліцца, у каго жонка горшая. Максім кажа, што ў яго горшая...

М а к с і м. Праўда, ваша бродзіе!

С о ц к і. А Трахім кажа, што яго горшая!

Т р а х і м. Так, так! Такі ж горшая!

С о ц к і. Тады, значыцца, мы... яны выпівалі і выпівалі...

У р а д н і к. Годзе табе ўжо гэтага – выпівалі!

С о ц к і. Слухаю, ваша бродзіе! Значыцца, яны вып... тады яны ў такую спрэчку залезлі, што аж я мусіў мірыць іх, і вып... і... пасля таго Максім кажа Трахіму, а Трахім– Максіму: памяняймася жонкамі, калі мая, кажа адзін, для цябе лепшая, а калі мая, кажа другі, для цябе лепшая! Гэта, значыцца, вазьмі яны, такім парадкам і памяняй жонкі, як,не пры вас кажучы, ваша бродзіе, цыганы кабыл. Значыцца, памяняўшы, тады ізноў вып... Не вытрымаю, ваша бродзіе.Максім купіў яшчэ прыдатку паўкварты за сваю, а Трахім паўкварты за сваю, тады вып... тады кажа Максім Трахіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. Трахім кажа Максіму: я пайду, значыцца, к тваёй у прымы. I, значыцца, яшчэ вып... пацалаваліся і пайшлі, барануючы нагамі. А Максім прыпяваў забароненую песню: «Ой ты, мая гарэліца, ой ты, весялушка!» I Трахім пацягваў таксама забароненыя прыпеўкі: «Курыць, веець мяцеліца!» А далей нічога я не ведаю. Толькі – гэты гвалт... ды мы яго разам з вамі, ваша бродзіе, пачулі, ідучы вуліцай, і сюды зайшлі.

У р а д н і к. Ну, што вы скажаце на гэта?

У с е. Нічога, ваша бродзіе!

М а ц е й к а. Ваша бродзіе! Ды тут усё ясна: мой тата прыстаў у прымы (паказваючы на Кацярынку) да яе мамкі, а яе тата да маёй мамкі...

С о ц к і (паказваючы на Кацярынку). А ты, можа, верхалоз, хацеў бы да яе ў прымы?

У р а д н і к. Ну, што, прымакі! Можа, так і астаніцёся ў прымах?

М а к с і м. Хай мяне бог крые! Усё роўна, як відаць, няма жонак на свеце без мешалак.

Т р а х і м. Не хачу, ваша бродзіе! Мая цнотка добрая, а яго то,мусіць, і маю перагнала.

П а л а н е я. Чымся з яе п'яніцай век гараваць, дык лепш хай свой чалавек трэзвы астаецца.

Д а м і ц э л я. Які ён ёсць стары, а ўсё-такі не тое, што новы.

М а к с і м. Каб не Трахім, то нічога б гэтага і не было.

Т р а х і м. Каб не гэты Максім,то ўсё добра б скончылася.

П а л а н е я. Каб гэта шэльма, Даміцэля, хвастом не круціла, дык мой ніколі б мяне не мяняў.

Д а м і ц э л я. Каб яна, гэта ахмістрыня, бельмачамі за маімне сачыла,ён жа б ніколі да яе ў прымы не пайшоў.

М а ц е й к а. Каб, ваша бродзіе, мой татка і яе (паказвае на Кацярынку) татка гарэлкі не пілі, дык і мамак не пускалі б у гандаль.

У р а д н і к. Ну, дык, па-вашаму, хто тут вінават?

У с е. Усе, ваша бродзіе!

М а ц е й к а. I манаполька!

У р а д н і к. Як я ўважаю, то гэтыя вашыя прымы падходзяць пад стаццю, што судзіць за незаконную здзелку. Памірыцеся лепей, каб не дайшло дзела да

суда!

К о л ь к і г а л а с о ў. Яно ж можна!

У р ад н і к. А каб мір мацнейшы быў, дык пацалуйцеся!

У с е. I гэта можна, ваша бродзіе! (Бабы цалуюцца між сабой, пасля – мужы з жонкамі.)

М а ц е й к а. Пазвольце, ваша бродзіе, і мне памірыцца з ёй! (Паказвае на Кацярынку.)

У р а д н і к. Што? і ты ў прымы да яе прыставаў?

М а ц е й к а. Ды не яшчэ! Але мы хочам наперад з ёй памірыцца!

У р а д н і к. Гэтага вы пытайцеся ў бацькоў сваіх: я ў такіх справах не суддзя.

М а ц е й к а (звяртаючыся да Трахіма). Дзядзечка! Можна мне з ёй так,як вы з цёткай, памірыцца?

Т р а х і м. Бач ты яго! чаго яму зажадалася? А не гуляў жа сягоння без майго пазвалення з ёй у «цыганку»? Дык вось пытайся затое свайго бацькі!

К а ц я р ы н к а (да Максіма, паказваючы на сябе і на Мацейку). Пазвольце, дзядзечка, мне да яго, а яму да мяне ў прымы пайсці!..

М а к с і м (да Ўрадніка). А гэткіяпрымы, ваша бродзіе, не будуць незаконнай здзелкай?

У р а д н і к. Здаецца, што не!

М а к с і м і Т р а х і м (да Мацейкі і Кацярынкі). Ну, дык мірыцеся! што з вамі зробіш?


Мацейка і Кацярынка цалуюцца.


Т р а х і м. А цяпер давайце гуляць іх прымацкія заручыны, а нашы – прымацкія разлучыны!

У с е. Давайце! Давайце!

М а к с і м (да Мацейкі). Рэж, сынок!

Г о л а с (з прысутных). Я буду іграць, а ён няхай скача свае заручыны.


Пачынаецца гульня, у якой найбольш выдзяляюцца Мацейка з Кацярынкай. Танцуюць лявоніху, «мяцеліцу», «мікіту» і іншыя танцы. Хор пяе «Ой ты, мая гарэліца!», «Дуду-весялуху» і іншыя. У часе самага разгару гульні апускаецца


Заслона.


Оглавление

  • Асобы
  • З'ява I
  • З'ява II
  • З'ява III
  • З'ява IV
  • З'ява V
  • З'ява VI
  • З'ява VII
  • З'ява VIII