Вандроўка [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (6) »
Андрэй Федарэнка
Вандроўка
Апавяданне
Ён сядзеў на Фрыдрыхштрасэ за столікам каля в’етнамскай кавярні, у якой толькі што паабедаў (востры духмяны суп з крэветак, кавалак смажанай свініны з таксама вострай марынаванай моркваю на гарнір, дзве чаркі моцнай, 70 градусаў, кітайскай рысавай гарэлкі), і вось, без 20 еўра ў кішэні, затое з поўным страўнікам і з лёгкай душою, сядзеў, курыў, расшпіліўшы куртку, паклаўшы на столік побач з попелкай шапку і пальчаткі (жонка б за гэта не пахваліла – кепская прыкмета).
Зіма, снежань, хутка Новы год, а ні снегу, ні марозу. На дрэвах сям-там жоўтае лісце. Пакуль ён абедаў, яшчэ больш пацяплела, нават нейкая пазнака сонца прабілася: не так было відно, колькі ўгадваўся яго дыск, прасвечваў праз смугу аранжава-апельсінавым святлом. Збоку, на газоне, свяцілася блакітная сінтэтычная елачка, пад якой стаялі два пузаценькія лялечныя Санта-Клаўсы – у чырвона-белых кажушках і шапачках, з белымі бародамі; адзін звычайны, падобны на нашага Дзед-Мароза, другі – негр; для поўнай еўраталерантнасці не хапала яшчэ аднаго – жаночага полу.
“Усё па два, – падумаў ён. – Дзве чаркі гарэлкі, два Санта-Клаўсы, два сябры цяпер са мною”.
Ён расслаблена, задаволена, сыта курыў, пазіраў на елачку, на вітрыну насупраць, якая падміргвала, пералівалася, пульсавала агеньчыкамі, фарбуючы ў розныя колеры тратуар, на машыны, на людзей, і думаў пра эвалюцыю беларускага пісьменніка, дзівіўся, як рассоўваюцца яго геаграфічныя межы. Вось сядзіць ён у цэнтры Берліна, а яшчэ ўчора быў у Мінску, а пазаўчора (ці калі? васямнаццатага? не, дзевятнаццатага, на Міколу) – у роднай вёсцы, калі прыехаў да Тані, стрыечнай сястры, і яны пайшлі на могілкі; была сапраўдная беларуская зіма, мароз, сонца і адначасова снег – падалі з неба рэдкія, буйныя сняжынкі, кружыліся, блішчалі на сонцы – а мы сунемся па цаліку, сястра з палкай паперадзе, я маладушна ззаду, ступаючы ў яе сляды, шкадуючы новых чаравікаў; я і цяпер у іх, у гэтых жоўтых чаравіках, на якіх, канечне ж, хоць нейкія мікраскапічныя родныя пылінкі засталіся… А прыемна так плаваць то ў першай, то ў трэцяй асобе, думаць пра сябе то “ён”, то “я”.
Раптам крыху запознена пачало дзейнічаць спіртное. Мацней забілася падагнанае тытунёвым дымам сэрца, ажыла кроў, цёплая хваля пайшла ў кончыкі пальцаў ног. Стала беспрычынна лёгка, амаль радасна. Хаця чаму беспрычынна? Наадварот, многа прычын. Гэта і апельсінавае святло, і блакітная елачка, і што хутка любімы Новы год. І што апавяданне яго пераклалі на нямецкую мову, дзякуючы чаму ён тут і апынуўся, запрошаны на кніжную выставу. Што ў яго атрымліваецца спраўджваць дадзенае некалі самому сабе абяцанне: колькі б разоў ні быў у Берліне – абавязкова прайсці тым самым маршрутам, што і некалі ў першы свой прыезд сюды, гадоў 20 назад, таксама на нейкую кніжную выставу, толькі звязаную з драматургіяй. Тады было лета, ён – з картай у руцэ, аглушаны чужагалоссем мовы, зусім непадобнай на тую, якой вучылі іх у школе і ВНУ (хто б мог падумаць, што яна спатрэбіцца? альбо што спатрэбіцца калі-небудзь яму нямецкая драматургія?) – ішоў, куды вочы глядзяць, пакуль не апынуўся перад саменькімі дзвярамі Літаратурнага дома-музея Брэхта (ці Брехьта, як немцы змякчаюць), драматурга! – але не надта здзівіўся, гэтаксама, як не здзівіўся аднойчы ў Маскве, калі, таксама ўлетку, ратуючыся ад невыноснай спёкі, – пеклам патыхала ад дарогі, ад сцен, асфальт нават на ценевым баку вуліцы прыліпаў да падэшваў, – ішоў, думаючы чамусьці пра Гогаля, завярнуў у нейкі стары маскоўскі дворык, і першае, што ўбачыў – пад цяністымі ліпамі чорны бюст даўганосага чалавека, далей двухпавярховы асабнячок літарай П; шыльда на сцяне пацвярджала, што гэта той самы дом, дзе паміраў Гогаль; праз лісце ліп можна было разгледзець комін, з якога вылецелі ў вечнасць “Мёртвыя душы”, том другі.
А за сцяной гэтага брэхтаўскага Дома-музея пачыналіся могілкі, больш падобныя на парк: зялёны, ідэальна чысты. Старыя і маладыя дрэвы заглушалі гукі мегаполіса. Заліваліся птушкі. Тут не было вянкоў, пластмасавых кветак, агароджаў у чалавечы рост. Каля абеліскаў і склепаў на зямлі не стаялі мутныя, пажаўцелыя і пачарнелыя, налітыя дажджавой вадой чаркі (з якіх у нас частуюцца нябожчыкі). Былі акуратныя дарожкі, дзе выкладзеныя пліткамі, дзе брукаваныя, дзе высыпаныя рознакаліберным гравіем, які асцярожна і прыемна храбусцеў пад нагамі. Паўз дарожкі цягнуліся вечназялёныя кусты, жывая агароджа з мірта, самшыта, вастраліста і, здаецца, нават з экзатычнага карлікавага падуба – усё ў форме геаметрычных фігур: прамалінейныя і крывалінейныя, авальныя, як пад лякала, і круглыя, як пад цыркуль; скрозь па зямлі, па кустах, па ствалах дрэў да самай кроны вісеў, віўся, поўз плюшч. У дальнім кутку хавалася лавачка пад бэзавым кустом, не кустом – дрэвам, так раскідаўся, вымахаў гэты берлінскі бэз – вышэй за ліпы і букі.
- 1
- 2
- 3
- . . .
- последняя (6) »
Последние комментарии
12 часов 55 минут назад
13 часов 14 минут назад
13 часов 22 минут назад
13 часов 24 минут назад
13 часов 27 минут назад
13 часов 44 минут назад