КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 713244 томов
Объем библиотеки - 1404 Гб.
Всего авторов - 274674
Пользователей - 125099

Последние комментарии

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Влад и мир про Семенов: Нежданно-негаданно... (Альтернативная история)

Автор несёт полную чушь. От его рассуждений уши вянут, логики ноль. Ленин был отличным экономистом и умел признавать свои ошибки. Его экономическим творчеством стал НЭП. Китайцы привязали НЭП к новым условиям - уничтожения свободного рынка на основе золота и серебра и существование спекулятивного на основе фантиков МВФ. И поимели все технологии мира в придачу к ввозу промышленности. Сталин частично разрушил Ленинский НЭП, добил его

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Влад и мир про Шенгальц: Черные ножи (Альтернативная история)

Читать не интересно. Стиль написания - тягомотина и небывальщина. Как вы представляете 16 летнего пацана за 180, худого, болезненного, с больным сердцем, недоедающего, работающего по 12 часов в цеху по сборке танков, при этом имеющий силы вставать пораньше и заниматься спортом и тренировкой. Тут и здоровый человек сдохнет. Как всегда автор пишет о чём не имеет представление. Я лично общался с рабочим на заводе Свердлова, производившего

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Влад и мир про Владимиров: Ирландец 2 (Альтернативная история)

Написано хорошо. Но сама тема не моя. Становление мафиози! Не люблю ворьё. Вор на воре сидит и вором погоняет и о ворах книжки сочиняет! Любой вор всегда себя считает жертвой обстоятельств, мол не сам, а жизнь такая! А жизнь кругом такая, потому, что сам ты такой! С арифметикой у автора тоже всё печально, как и у ГГ. Простая задачка. Есть игроки, сдающие определённую сумму для участия в игре и получающие определённое количество фишек. Если в

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Дамиров: Курсант: Назад в СССР (Детективная фантастика)

Месяца 3-4 назад прочел (а вернее прослушал в аудиоверсии) данную книгу - а руки (прокомментировать ее) все никак не доходили)) Ну а вот на выходных, появилось время - за сим, я наконец-таки сподобился это сделать))

С одной стороны - казалось бы вполне «знакомая и местами изьезженная» тема (чуть не сказал - пластинка)) С другой же, именно нюансы порой позволяют отличить очередной «шаблон», от действительно интересной вещи...

В начале

  подробнее ...

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
DXBCKT про Стариков: Геополитика: Как это делается (Политика и дипломатия)

Вообще-то если честно, то я даже не собирался брать эту книгу... Однако - отсутствие иного выбора и низкая цена (после 3 или 4-го захода в книжный) все таки "сделали свое черное дело" и книга была куплена))

Не собирался же ее брать изначально поскольку (давным давно до этого) после прочтения одной "явно неудавшейся" книги автора, навсегда зарекся это делать... Но потом до меня все-таки дошло что (это все же) не "очередная злободневная" (читай

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

Марсіяне над вёскай [Вінцэсь Мудроў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Вінцэсь Мудроў


Марсіяне над вёскай


Апавяданне


А восьмай вечара тупкі пляц каля клуба ажывае. Сюды і мальцы на матацыклах пад’язджаюць, і малеча на роварах, і старыя цёткі да клуба клыгаюць, сюд-туд прыкладаючы далоні да броваў і паглядаючы ў канец бальшака. Гэтым часам з Азярышча прыязджае рэйсавы аўтобус. Людзі вяртаюцца з горада наладкаваныя, таму сямейнікі іх тут і пераймаюць, каб паднесці хатулі.

Я таксама таўкуся каля клуба, бо сёння прыязджае мой сябар Мішка Канапелька. Мішка яшчэ ў ліпні паехаў да дзядзькі ў Невель, і вось толькі цяпер вяртаецца. Сустракаю Мішку не толькі я, але і ягоная малодшая сястра Нюрка. Тая ўся змучылася, аўтобус выглядаючы. Відаць, гасцінцаў чакае.

- Дакладна сёння прыедзе? - пытаюся Нюрку, якая ўжо добрых пяць хвілінаў стаіць на дыбачках, неадрыўна ўзіраючыся ў заліты залатою імгой далягляд.

- Дзядзька ліста надаслаў. Напісаў, што сёння.

Усе стаяць моўчкі, і толькі загадчыца клуба Мандрычыха няўцямнай хуткагаворкай распавядае нешта дзвюм вясковым цёткам. Я міжволі прыслухоўваюся.

- Таварышы, там такі быльнік, такі быльнік!

Тры гады таму - якраз было дажджлівае лета - калгас папрасіў усіх, хто можа стаяць на нагах, дапамагчы выбраць палеглы лён. Ну і Мандрычысе далі пару сотак. 3 тае пары яна і распавядае кожнаму стрэчнаму, ужо можа сотым разам, якія яна пры тым зведала пакуты.

- Быльнік, таварышы, галавы не відаць. І як жа пачало мне потым рукі круціць. Думала, кончуся.

Цёткі, якія на сваім веку выбралі не адзін гектар ільну і ўжо шматкроць чулі гэтую гісторыю, слухалі балаболку з непадробнай увагай і спачувальна ківалі галовамі.

- Ну куды, куды? - гукае Мандрычыха, перарваўшы аповед пра быльнік. Двое малалетак вырашылі ўзлезці на бляшаны шчыт з надпісам «Харчовую праграму выканаем!»

Мандрычысе, як загадчыцы клуба, даводзіцца даглядаць тыя каляровыя шчыты з выявамі трактарыстаў ды маладых даярак, але ўсё адно яны пакарабачаныя, з размытай фарбай на доле, а адзін шчыт, з дынамікай надояў, наогул нахіліўся пасля таго, як у яго ўрэзаўся на матацыкле кінамеханік Лябёдка.

- Едуць! - крыкнуў адзін з гарэзаў, што ўзбіўся на шчыт, і людскі збой заварушыўся, паглядаючы на пыльную, падсвечаную нізкім сонцам аблачыну, што ўзнялася на дарозе.

Аўтобус-пазік спыняецца пасярод пляца, дзверцы з глухімі рыпам адчыняюцца і з пыльнай аблачыны выплываюць: спачатку цётка Авадзіха з гусаком у кашы - вазіла на базар прадаваць ды не прадала; наш сусед па вуліцы Васька Бохан - з мяхом камбікорму на карку; мая аднакласніца Люська Халімонава; потым нейкія незнаёмыя дзядзькі ў капелюшах... Я зацкавана гляджу на Люську, але тут жа задаволена аддзімаюся: дзяўчына з вясёлым падскокам бяжыць да аўтобуса.

- Дома аддам, - адмахваецца Мішка ад сястры, скочыўшы на аўтобусную прыступку.

- Ой, ну Мі-іш, - скуголіць сястра.

Брат уздыхае, пстрыкае зашчапкамі валізы.

- Трымай, - Мішка перадае сястры перавязаныя вяроўчынай кнігі - падручнікі для школы. - А гэта табе дзядзька перадаў, - у Мішкавых руках прыемна шамаціць спавіты ў цэлафан пакунак - відаць, нейкая дзявочая абнова.

Прыціснуўшы кніжкі з пакункам да грудзей, Люська бяжыць да хаты, але брат рашуча яе спыняе:

- Стая-аць...

Папоркаўшыся ў валізе, Мішка дастае даўжэзную жычку, якія дзеўкі заплятаюць у косы, і грымлівую бляшанку манпасье.

- Ну, што новага? - выдыхае Мішка, калі мы парукаліся.

Я крыўлю твар, маўляў, якія тут, у вёсцы, могуць быць навіны, і ў сваю чаргу пытаюся:

- А сабе што-небудзь прывёз?

Ні слова не кажучы, з прытоенай усмешкай на твары Мішка, запускае руку ў кішэнь палатняных портак і выцягвае адтуль колькі вялізных таблецін.

- Што гэта? - пытаюся, узяўшы з падстаўленай далоні адну з іх.

- Сухі спірт, - кажа Мішка прытоеным голасам, а калі я меруся лізнуць таблеціну, хапае мяне за руку.

- Э-ээ... атруцішся.

3а спінамі нашымі аглушальна гарлае гусак Авадзіхі. Цётка выпусціла яго з каша, і гусак, распасцёршы крылы, валюхаста ідзе па вуліцы. Узрадаваўся, відаць, што вярнуўся дахаты.

- А каб цябе, гергуна, парвала, - бубніць Авадзіха, паспяваючы за гадунцом. Цётка, відавочна, незадаволена, што не ўдалося прадаць гусака.

Мы сыходзім убок, даўшы дарогу Авадзісе і яе гергуну.

- Дзе ўзяў? - я падкідваю таблеціну на далоні.

- Стрыечны брат з хімкабінета скраў.

- 3 якога кабінета?

- Ну са школьнага. Ён у Неўлі вучыцца. У дзявяты клас перайшоў.

- А што яшчэ прывёз?

Мішка, адставіўшы калена, зноў лезе ў валізу і выцягвае скрутак папяроснай паперы.

- А гэта ты бачыў?

Я паныла гляджу на скрутак.

- Вось дзіва! Думаў, ты мадэль самалёта прывязеш, ці яшчэ чаго цікавага...

- Больш, цікавага, чым гэтыя рэчы, і прыдумаць цяжка, - перабівае мяне сябар. - Вось пабачыш, хутка пра нашу вёску ў газетах напішуць. Магчыма, нават карэспандэнты з навукоўцамі прыедуць. Паселяцца ў хатах - будзем ім... гэтыя... як іх... інтэрв’ю даваць, і па тры рублі з носа за пастой дзерці.

Я з недаверам гляджу на Мішку і пасміхаюся. Сябар вялікі прыдумшчык. Дня не праходзіць каб ім не авалодала нейкая ідэя. Летась надумаўся выразаць з кансервавай бляшанкі круцёлку з лопасцямі і пускаць з дапамогаю шпулі. У выніку рассек брыво, ды так, што зашываць у Азярышча вазілі. І дагэтуль ліловы пісяг бачны. Пад Новы год з сіласнай вежы скакаў, у Лёшкі Гнядых з ваеннага гарадка плашч-палатку пазычыўшы. Казаў, што гэта плашч-парашут. Добра яшчэ, што зіма была, у сумёт прызямліўся. А так бы і нагу мог зламаць. А надоечы, іржавых патронаў назбіраўшы, стаў з іх порах ссыпаць ды выбух-пакет рабіць. Ну, той пакет і выбухнуў. Увесь твар небараку пасекла. І веі з брывамі згарэлі. І вось цяпер штосьці новае прыдумаў. Ды такое, што з усёй краіны павінны карэспандэнты з навукоўцамі зляцецца.

- Ну, распавядай, што ты там надумаў, - кажу Мішку, не зганяючы з твару іранічнай усмешкі.

- А вось і не скажу. Пасмейваешся. За дурня мяне прымаеш.

- Ну Мі-іш, - гамзаю з Нюрчынай інтанацыя, і сябар прымірэнча выдыхае:

- Заўтра распавяду. Бачыш, маці ўжо чакае.

Наперадзе, ля весніц, сапраўды стаяла Мішкава маці і махала рукой.

Паўночы круціўся на калючай пасцелі - сплю на гарышчы, забітым сяголетнім сенам, - разважаючы: што гэта такое Мішка. надумаў, і як можна з дапамогай сухога спірту і папяроснай паперы ўчыніць вэрхал з прыездам навукоўцаў і карэспандэнтаў? Можа, хоча зрабіць з паперы летавец ды запусціць над вёскай? Але што тут дзіўнага? Вунь, у ваенным гарадку, які месціцца непадалёку, увесь час летаўцы пускаюць - з намаляванымі пысамі, з даўгімі хвастамі, і нікога гэта асабліва не цікавіць. Змучаны такімі развагамі, я заснуў пад самую раніцу, а прадзёршы вочы, нават не паснедаўшы, пабег да сябра.

Мішка сядзеў на лаве каля хаты і еў булку, густа намазаную павідлам.

- Пачакай, - каротка мовіў Мішка, пабачыўшы мяне, падаўся ў хату і неўзабаве выбег з вялікім кавалкам булкі са шчодрым слоем павідла.

- На, падмацуйся. 3 Неўля прывёз.

Пачастунак страшэнна смакуе. У наш сельмаг такіх булак не завозяць. Ды і такога павідла не прадаюць.

- Галоўнае... каб Нюрка... нічога... не бачыла, - няўцямна, з набітым ро­там, прамаўляе сябар і, праглынуўшы смакошу, з трывогаю ў вачах пазірае на бокі. - Так што ідзем зараз да цябе, а я ўсё што трэба з сабой вазьму.

З’ядаем яшчэ па адным кавалку, запіваем калодзежнай вадой, і рушым да мяне. Мішка прыхапіў з хаты торбу, але што ў ёй - мне невядома, і гэта яшчэ больш распаляе цікаўнасць.

Маці такім часам на ферме, так што ніхто нічога не ўбачыць. Аднак на выпадак, калі прыбяжыць Нюрка, зачыняю дзверы на завалу. Пакуль завіхаўся з дзвярамі, Мішка скруціў з тонкага трансфарматарнага дроціка абадок і перавязваў яго ўпоперак суворай ніткай. Потым перавязаў яшчэ раз - так, што пасярэдзіне ўтварыўся крыж.

- Ведаеш, што гэта? - Мішка. махае перад маім носам нейкай белай пласцінкай. - Азбест! Братан з хімкабінета спёр.

Сябар прывязвае пласцінку да сярэдзіны крыжа, махае абадком у паветры.

- Усё, палова справы зроблена. Але застаецца самае складанае, - заклапочана мармыча сябрук.

Я сачу за Мішкавымі завіханнямі і дагэтуль не магу дапяць: якім чынам кавалак азбесціны можа зацікавіць навукоўцаў ды карэспандэнтаў.

- У Неўлі купіў, на апошнія капейкі, - у руках Мішкавых прадаўгаваты цюбік. - Ацэтатны клей. Усё склейвае.

Сябар заклапочана азіраецца.

- Цягні нажніцы. Будзем з паперы мех рабіць.

Цэлых паўгадзіны сябрук поўзае па падлозе, кроячы палосы папяроснай паперы, потым склейвае з тых палос вялізны мяшок, а я яму, як магу, дапамагаю. Урэшце мех, даволі нехлямяжы з выгляду і спрэс у латках - пакуль склейвалі, падзерлі паперу ў некалькіх мясцінах, - быў гатовы, і Мішка з павольнай урачыстасцю прыклеіў да таго месца, дзе завязваюць мяхі, абадок з азбеставай пласцінай.

Цяпер мне зразумела: сябрук хоча запусціць летаўца. Але ж надта кволую паперу падабраў для такой мэты.

- Ну добра... прывяжам, запусцім, а яго адразу ж ветрам парве, - кажу, не прыхоўваючы іранічнай усмешкі.

- Па-першае, нічога прывязваць не будзем. А па-другое, запускаць будзем, калі ветру не будзе.

- Дык а як жа ён паляціць? - пытаюся ўсё з той жа ёлкай усмешкай на вуснах і, Мішка, ляпнуўшы сябе па лбе, адчайдушна выдыхае:

- Сапраўды... спірт забыліся прыляпіць!

Мішка намазвае клеем таблеціну сухога спірту, лепіць да пласціны - з боку меха, - потым яшчэ тры, а падумаўшы лепіць і пятую.

- І што... падпальваем - і ён уздымаецца? - пытаюся ўжо сур’ёзным голасам.

- Мы з братанам у Неўлі ўжо такі мех запускалі. Праўда, узняўся невысока, за дрэва зачапіўся. Таму што дрот быў таўставаты, ды ўсяго дзве таблеціны прыляпілі. А гэты, - сябрук дзьмухнуў у мяшок і той злёгку калыхнуўся, - не меней, чым на кіламетр павінен узняцца.

Я захоплена гляджу на сябра і, не ведаючы, даваць ці не даваць ягоным словам веры, з хваляваннем паціраю рукі.

- Ну дык пайшлі, запусцім, - гукаю акрыялым голасам, - якраз ветру няма.

- Ноччу будзем запускаць, зараз няма сэнсу, - адказвае сябар і торгае галавой, - дзе тут можна яго прыхаваць?

Моўчкі ківаю на столь, і мы выкульваемся з хаты, пакінуўшы разнасцежанымі дзверы. Ацэтатны клей аказаўся надта смярдзючым, і ім навылёт прасмярдзела хата.

- Ну, дык увечары запускаем? - пытаюся, узлазячы па драбінах на гарышча.

- Не, - гукае з-за спіны сябрук, - сёння кіна няма.

Заміраю на імгненне, спрабуючы адшукаць сувязь паміж мехам з па­пяроснай паперы і кіном, і сябар ляпае мяне па азадку:

- Хутчэй давай, а то нас могуць убачыць!

Хаваем мяшок за комінам ды яшчэ і прыцярушваем сенам.

- Ты калі-небудзь пра НЛА чуў?

- А? - выдыхаю я, і сябар асуджана махае рукой.

Уладкаваўшыся на драбінах, - я вышэй, ля дзверцаў на гарышча, Мішка.

- ля маіх ног, - зморана аддыхваемся. Усё ж такі давялося папрацаваць. Ды і ўсё рабілі спехам, бо вось-вось павінна прыйсці маці з фермы.

- У братана ў Неўлі падшыўка часопіса «Тэхніка - моладзі» за мінулы год. Усю яе прачытаў. Там у двух нумарах пра НЛА напісана. Гэта значыць: неапазнаны лятаючы аб’ект. Уяўляеш, пасярод неба раптам узнікае талерка, ці вялізны шар, які свеціцца знутры. І ніхто не можа дапяць - што гэта такое. Шмат ужо было такіх выпадкаў. Цэлы навуковы інстытут вывучае гэтую праблему. Там у адным з нумароў нават адрас пададзены, куды можна паведамляць, калі пабачыш нешта такое. У нас таксама НЛА атрымаецца. Мяшок жа знутры свяціцца будзе. Толькі б на вочы Мандрычысе патрапіў. А тая потым па ўсім белым свеце раззвоніць.

- А чаму падчас кіна запускаць трэба?

- Ну ты дзівак. Запусці сярод ночы - хто гэта ўбачыць. А пасля кіна мальцы з клуба выкуляцца, а па небе немаведама што ляціць ды агнямі зыркае.

Мішка хацеў яшчэ нешта сказаць, але тут ад весніц пачуўся зычны Нюрчын голас:

- Мішка, дзе ты? Мама на абед кліча!

- Ледзь паспелі, - незадаволена мармыча сябар, і мы збягаем па драбінах на зямлю.

Душным суботнім вечарам, калі ўжо падаілі кароў і сонца схавалася за лесам, мы з Мішкам ідзем агародамі, а потым хмызамі ў бок Дабранскай гары. Гара тая падпірае вёску з паўднёвага боку, і з яе вяршыні бачна ўсё наваколле. Схаваўшыся пад кустом, стоена пераводзім дых.

Лагодны ветрык то абуджаецца, то аціхае, павяваючы ў спіны.

Сёння ў клубе круцяць «Ніхто не хацеў паміраць», і нам добра чуваць раскацістыя галасы, стрэлы і жаночы лямант - фільм, відаць, пра вайну. Сэрца маё парывіста грукае, рвецца з грудзіны, а калі ў клубе, стрэльнуўшы наастачу, адчыняюцца дзверы і ў прастакутніку жоўтай яснасці пачынаюць мітусіцца людзі, і зусім замірае. Зараз будзем запускаць! Але Мішка, глянуўшы на неба, прамаўляе:

- Не, хай зусім сцямнее.

Мяне пачынаюць даймаць дрыжыкі - ці то ад хвалявання, ці то ад прахалоднага ветрыку, што рабіцца ўсё больш зябкім. У клубе пачаліся танцы, і калі там пятым разам завялі Абадзінскага, Мішка, нарэшце, выдыхае:

- Запускаем!

Сябрук нягнуткімі пальцамі выцягвае з кішэні пушку запалак.

- Трымай мех, і як мага вышэй, - стаўшы вокрач, сябар чыркае запалкай.

Мне праз паперу бачна, як таблеціны засвяціліся кволым сінім агнём,

потым нібыта патухлі і нечакана загарэліся дружна і зырка. І, што самае дзіўнае, мех у маіх руках пачаў раздзімацца, і Мішка, ускочыўшы на ногі, гракнуў:

- Адпускай!

Мех здрыгануўся, праляцеў колькі метраў над самай зямлёй, а потым імкліва ўзляцеў у неба. Мы з Мішкам ад захаплення нават раты разявілі. І было з чаго. Вялізны, асветлены знутры шар, ляцеў у цемрыве ночы і быў падобны на нешта казачнае і неверагоднае. Лёгкі ветрык гнаў яго дакладна ў бок клуба.

Я парываюся бегчы за шарам, але сябар хапае за рукаво:

- Стой, нам там не варта з’яўляцца.

Цяпер мы ўжо папераменна глядзім то на шар, то на асветлены клубны ганак, дзе, як гэта заўсёды бывае падчас танцаў, віруе невялічкі натоўп. Нечакана музыка ў клубе аціхае, хтосьці нема гарлае, потым свішча і людскі збой на клубным ганку пачынае варушыцца. Шар між тым завісае ў вышыні, а потым, гнаны ветрыкам, ляціць управа, уздоўж нашай вуліцы. У цьмяным святле, што цэдзіцца з проймы клубных дзвярэй, увішнымі мурашамі завіхаюцца людзі. Гамузам, з падвываннем, брэшуць сабакі, гергечуць гусі, а ў цёмных хатах адно за адным запальваецца святло.

Мы з Мішкам бяжым па схіле гары, уздоўж агародаў, не адрываючы вачэй ад шара, а таму раз-пораз спатыкаючыся і налятаючы адзін на другога. У натоўпе, які бяжыць ад клуба, відаць, таксама спатыкаюцца ды падаюць, бо чутныя кароткія мацюкі і вісклівыя воклічы. Бягуць за шарам не толькі мальцы, але і дзеўкі.

Шар між тым пачынае зніжацца.

- Трэба было... больш... таблецін пакласці! - задыхана гукае сябрук і, зачапіўшыся за нешта, ляціць у яму.

Пакуль дапамагаў Мішку падняцца, шар апусціўся яшчэ ніжэй. Неча­кана, каля Авадзішынай хаты, ён змяніў кірунак, паляцеў у канец агарода, і бязладны лямант і тупаценне пакрыў трэск сухога дрэва. Гэта трашчаў падгнілы штыкетнік.

- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а! - прарваў ноч жаночы лямант, які быў заглушаны роспачным гусіным гаганнем.

Нечакана агарод Авадзіхі, па якім бегла чалавечая гурма, асвяціўся зыркім святлом. Мы з Мішкам нават не зразумелі, што здарылася, і застылі на месцы, і толькі, перавёўшы дых, зразумелі, што гэта занялася агнём капешка сена, якая стаяла ў канцы агарода.

Калі мы да яе падбеглі, яна ўжо дагарала, пускаючы ў цёмнае неба вогненныя завітушкі.

- Нічога не чапаць! - крыкнуў нехта пагрозлівым голасам. - Павінна пажарная інспекцыя прыехаць.

Згарэлая капешка патыхала гарачынёй, таму людзі блізка да яе не падыходзілі, і толькі Мішка, закрыўшы рукой твар, пасунуўся да кола агністага прыску, але быў схоплены за каршэнь і адсунуты ўбок.

Мы з сябруком выслізгваем з натоўпу, бяжым прэч ад вогнішча, і Мішка. пры гэтым прыкметна накульгвае.

- Што, нагу вывіхнуў? - пытаюся я.

Мішка зладзеявата азіраецца, узнімае нагу, спрабуе падхапіць пачэплены на мысок чаравіка абадок з рэшткамі згарэлых нітак, і дзьме на апечаныя пальцы. Абадок яшчэ гарачы.

- Усё, разбягаемся, - рашуча загадвае сябар, і дадае: - Калі хто будзе пытацца - кажы, што ў арэхі хадзілі!

Раніцай мяне абуджае бразгат вёдзер у двары і зычны голас Мішкавай маці.

- Ці бачыла ты тое дзіва?

- Не, я ўжо спала. Пачула толькі: бягуць па вуліцы, гарлаюць як ашалелыя. Выскачыла ў адной сарочцы. Думала, хата нечая гарыць, - азвалася маці.

У нашым двары стаіць калодзеж, і ад самага ранку каля яго бразгаюць вёдрамі ды балбочуць жанчыны.

- У Авадзіхі агароджу павалілі, бульбу вытапталі і яблыкі абтрэслі. А яшчэ і капешка згарэла. Авадзіха ўсю ноч галасіла. А карга гэтая клубная як тое ўбачыла ў небе, пабегла да старшыні ў раён званіць. Крычала ў трубку: «Прыязджайце, да нас марсіяне прыляцелі!» Зусім з глузду з’ехала.

- Дык а што там было, у небе?

- А халера яго ведае. Кажуць, шаравая маланка ляцела.

Я салодка, на поўную губу пазяхаю, куляюся на бок і абуджаюся ад абрывістага свісту. Сонца свеціць ва ўсе шчыліны, на даху цвыркаюць вераб’і, а на двары зацята кудахча курыца.

- Ну ты і дрыхнеш, - з дакорам кажа Мішка Канапелька, калі я адчыніў дзверцы гарышча. - Заварылі кашу, - ужо стоена шэпча сябар, узбіраючыся па драбінах. - Юрка Гуль малако прывёз у Азярышча, дык да яго ўвесь малаказавод збегся. Пыталіся: ці бачыў ён марсіянаў? Адваротным рэйсам карэспандэнта прывёз, з раённай газеты. А яшчэ раней участковы прыехаў на матацыкле. Сядзяць зараз у клубе і людзей па чарзе выклікаюць. Пытаюцца - што там ды як. І Мандрычыха каля іх круціцца. Нюрку маю таксама выклікалі. Пра нас з табой пыталіся: дзе мы ўчора ўвечары б^ілі ды што рабілі. Сказала: у арэхі хадзілі. Во... дарэчы... - Мішка піхнуў руку ў кішэнь, - я тут надоечы залез у ляшчыннік, набраў крыху ды схаваў ад Нюркі.

Мішка сыпануў мне ў прыгаршчы арэхаў.

- І Авадзіха ў клубе сядзіць. Сказала, што ёй шкоду аж на сто рублёў нанеслі. Мальцы вунь, чуеш, новы паркан ставяць, - знадворку і сапраўды далятала ляскатанне малатка.

- Прыходзь ўвечары пад аўтобус. Паслухаем - што людзі кажуць. А мы з Нюркай ідзем канюшыну за хатай варушыць - маці загадала.

Народу каля клуба сёння больш чым калі. І ўсе скрозь гамоняць пра начную падзею.

- Сеанс закончыўся, я ўжо дахаты ішла, аж бачу - ляціць нешта, - сіпата апавядае Мандрычыха гурту вясковых цётак. - Не магу нават сказаць - што гэта было. Свеціцца, ківаецца, і не зразумець - высока яно ляціць, ці нізка. Я яшчэ тады падумала - ці не марсіяне гэта?

Мы з Мішкам пераглядваемся і разам закідваем у рот па арэху. Цяпер, відаць, Мандрычыха зменіць кружэлку. Тры гады пра быльнік апавядала, а зараз пра марсіян будзе дзяўбсці.

- Там, я чула, унутры свечка гарэла і анёлы спявалі, - прамовіла сухарлявая цётухна ў чорнай хустцы і тройчы перахрысцілася. Цётка была нетутэйшай. Відаць, прыехала з Азярышча і цяпер чакала аўтобуса.

- Гэта ўсё Амерыка. Яна нам калараду падкінула, а цяпер во, калі хочаш, і хаты спаліць, - паведаміла дзябёлая цётка, што працавала ў калгаснай канторы бухгалтаркай. - Мая Нінка прыйшла з танцаў, і новая сукенка аж па пояс падзёртая. Казала, лезла праз штыкетнік ды за цвік зачапілася.

- А ці вялікі хоць стог згарэў? - спытаўся нехта за нашымі спінамі.

- Ды які там вялікі. Капешка. На адны вілкі падхапіць можна. Старшыня прапанаваў па пяцьдзясят капеек з хаты сабраць. Усё ж такі гарод Авадзіхі добра стаўклі.

- Дык а што там ляцела? - я пазнаю па голасу Юрку Гуля - вадзілу, што возіць малако ў Азярышча.

- Табе ж кажуць: шаравая маланка, - адказвае Васька Бохан - наш сусед па вуліцы.

- Шаравая маланка зыркая, вочы слепіць, - прамовіў Юрка, прыпальваючы папяросіну.

- А ты яе бачыў? - уедліва пытаецца Бохан, і Юрка, каб пазбегнуць адказу, ляпае па спіне спачатку мяне, а потым Мішку. - А ці не вашы гэта штукі, браты-бязбацькавічы? Казалі, вы ўчора нешта ў кустах хавалі.

Мы панурваем вочы - не любім, калі нас бязбацькавічамі клічуць.

- У арэхі хадзілі, - панура гугнее Мішка, - аж за Балбекі зайшлі, таму вярнуліся позна.

- У гарэхі? А дзе ж яны?

Мішка лезе ў кішэнь, сыпе малакавозчыку ў далонь тузін спелых лузаноў.

З павароткі выязджае аўтобус, усе бязладна гамоняць, але тут жа аціхаюць ды гамузам паварочваюць галовы ў бок кінабудкі. Адтуль выводзяць карэспандэнта. Двое мясцовых хлопцаў яго вядуць, а трэці нясе капялюш. Карэспандэнт ужо не ўпершыню завітвае ў вёску. Цяпер хоць неяк варушыць нагамі, а мінулым разам так напіўся, што яго паклалі на перамотны стол, дзе ён і праспаў да раніцы.

- Усё ж такі добра я прыдумаў з арэхамі, - шапоча Мішка, і я ўхвальна ківаю галавой.

Сёння маці, калі прыйшла на абед, таксама пыталася: дзе гэта я цягаўся так позна? А я ўзяў ды сыпануў на стол Мішкавых арэхаў. Маці адразу палагаднела і нават адзін арэх пакаштавала, чапялой раскалоўшы.

Праз тры дні, такой жа вечаровай парой, я сядзеў на кухні, еў яечню на вячэру, але тут, як заўсёды абрывіста, знадворку свіснуў сябра. Давялося схапіць недаедзеную лусту хлеба і пад матчыны нараканні: «Паеш ты як чалавек!», - бегчы на надворак.

Мішка стаяў ля весніц і махаў газетай.

- Во, раёнка прыйшла. Пачытай... на апошняй старонцы.

Я схапіў газету і няўцямна, жуючы сухі акраец, уголас прачытаў:

- «З рэдкай атмасфернай з’явай сутыкнуліся ў мінулую суботу жыхары вёскі Бычкі. Прыкладна ў 22 гадзіны 30 хвілін у небе з’явілася шаравая маланка. Яна ляцела з боку райцэнтра ў паўночным напрамку. Завіснуўшы над клубам, маланка паляцела ўздоўж галоўнай вясковай вуліцы і нечакана падпаліла вялізны стог...»

- Ды які там вялізны... - прамовіў я, папярхнуўшыся, і сябар тыцнуў мяне ў бок, маўляў, чытай далей.

- «Вялікую бяду магла прынесці нязваная нябесная госця, калі б не зладжаные дзеянні мясцовай добраахвотнай пажарнай дружыны, якую ўзначальвае М. Мандрык».

- Гэта хто, Мандрычыха? - спытаў я і зноўку адчуў штуршок у бок.

- «Ачаг узгарання быў своечасова лакалізаваны, і агонь патушаны. У тушэнні пажару вызначыліся механізатар К. Марштрупа і кінамеханік Бычкоўскага кінастацыянара П. Лебядко. Наш кар.»

- А што за наш кар.? - запытаўся я, голасна ікнуўшы.

- Карэспандэнт... ну той, які з Марштрупам і Лябёдкам у будцы піў.

Сябрук выхапіў з маіх рук газеціну.

- Ёсць у мяне адна ідэя. Калі ўсё атрымаецца, да нас не нейкія там азярышчанскія п’яніцы, а сапраўдныя карэспандэнты прыедуць. А ідэя такая, - сябрук мружыць вочы, паглядаючы ў бок Дабранскай гары, - капаем звечара яму, раскладаем у ёй вогнішча і награваем камень...

- Навошта?

- Ды пачакай ты... - крывіцца сябар. - Камень я ўжо прыгледзеў - чорны, як сапраўдны метэарыт. Карацей, награваем яго, вакол ямы насыпаем порах

- у мяне паўслоікі прыхавана, - падпальваем, каб вакол была выпаленая зямля, а дзесьці пасля дванаццатай ночы, з розных канцоў вёскі, гарлаем, што з неба штосьці звалілася. Толькі гэта трэба рабіць у панядзелак, калі кіна не будзе. Усе кінуцца да ямы, а там агонь і камень, ды такі гарачы, што плюнь - засіпіць. Мандрычыха, вядома, у Азярышча патэлефануе, маўляў, на вёску метэарыт зваліўся, і на раніцу да нас з’едуцца карэспандэнты і навукоўцы, што метэарыты вывучаюць. Ну як табе ідэя?

Я перасмыкваю плечукамі.

- Перш чым карэспандэнты, да нас участковы прыедзе. Гэтым разам ужо не спудлуе. Зразумее - чые гэта жарцікі. А яшчэ і марсіянаў нам прыгадае.

- Ну дык ты падтрымліваеш маю ідэю, ці не?

Я нічога не адказваю, заклапочана чухаю патыліцу, і Мішка, крутнуўшыся, рашуча шыбуе прэч. Колькі часу стаю ў непаразуменні, а зірнуўшы на Мішкаву спіну, ляпаю далонню па сцягну і бягу следам.