КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 714295 томов
Объем библиотеки - 1412 Гб.
Всего авторов - 275021
Пользователей - 125159

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

чтун про серию Вселенная Вечности

Все четыре книги за пару дней "ушли". Но, строго любителям ЛитАниме (кароч, любителям фанфиков В0) ). Не подкачал, Антон Романович, с "чувством, толком, расстановкой" сделал. Осталось только проду ждать, да...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Влад и мир про Лапышев: Наследник (Альтернативная история)

Стиль написания хороший, но бардак у автора в голове на нечитаемо, когда он начинает сочинять за политику. Трояк ставлю, но читать дальше не буду. С чего Ленину, социалистам, эссерам любить монархию и терпеть черносотенцев,убивавших их и устраивающие погромы? Не надо путать с ворьём сейчас с декорациями государства и парламента, где мошенники на доверии изображают партии. Для ликбеза: Партии были придуманы ещё в древнем Риме для

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Влад и мир про Романов: Игра по своим правилам (Альтернативная история)

Оценку не ставлю. Обе книги я не смог читать более 20 минут каждую. Автор балдеет от официальной манерной речи царской дворни и видимо в этом смысл данных трудов. Да и там ГГ перерождается сам в себя для спасения своего поражения в Русско-Японскую. Согласитесь такой выбор ГГ для приключенческой фантастики уже скучноватый. Где я и где душонка царского дворового. Мне проще хлев у своей скотины вычистить, чем служить доверенным лицом царя

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
kiyanyn про серию Вот это я попал!

Переписанная Википедия в области оружия, изредка перемежающаяся рассказами о том, как ГГ в одиночку, а потом вдвоем :) громил немецкие дивизии, попутно дирижируя случайно оказавшимися в кустах симфоническими оркестрами.

Нечитаемо...


Рейтинг: +2 ( 3 за, 1 против).
Влад и мир про Семенов: Нежданно-негаданно... (Альтернативная история)

Автор несёт полную чушь. От его рассуждений уши вянут, логики ноль. Ленин был отличным экономистом и умел признавать свои ошибки. Его экономическим творчеством стал НЭП. Китайцы привязали НЭП к новым условиям - уничтожения свободного рынка на основе золота и серебра и существование спекулятивного на основе фантиков МВФ. И поимели все технологии мира в придачу к ввозу промышленности. Сталин частично разрушил Ленинский НЭП, добил его

  подробнее ...

Рейтинг: +6 ( 6 за, 0 против).

Мэдыі і камунікацыя (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Мэдыі і камунікацыя Курс лекцыяў

Досьледы камунікацыі і мэдыяў як навуковая дысцыпліна

Плян:

1. Вызначэньне прадмета

2. Камунікацыя ў жывёлаў

3. Камунікацыя ў першабытных грамадзтвах

4. Вызначэньне панятку “камунікацыя” і першасныя ўмовы яе ажыцьцяўленьня

“Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” альбо “Досьледы камунікацыі і мэдыяў” — гэта дысцыпліна, якая вывучае працэсы камунікацыі ў грамадзтве, разьвіцьцё сродкаў камунікацыі і іхні ўплыў на розныя сацыяльныя і культурныя працэсы, а таксама ролю гэтых сродкаў у разьвіцьці грамадзтва і чалавека на працягу ўсёй яго гісторыі.

Як навуковая дысцыпліна “Тэорыя камунікацыі і мэдыяў” пачала фармавацца ў другой палове 20 ст., і першымі навукоўцамі, што зацікавіліся праблемамі камунікацыі, былі канадыцы: эканаміст Харальд Ініс і літаратуразнаўца Маршал Маклюэн.

Х.Ініс цікавіўся старажытным сьветам, і ён першы адзначыў сувязь паміж разьвіцьцём пісьмовых тэхналёгіяў і ўзьнікненьнем вялікіх дзяржаўных утварэньняў, а менавіта старажытных імпэрыяў. Ажыцьцяўленьне ўлады на вялікіх тэрыторыях вымагала такога сродку перадачы інфармацыі, які б быў лёгка транспартабэльны і зьвязваў паміж сабоў тых, што ажыцьцяўляюць гэтую ўладу, і тых, што падпарадкоўваюцца ёй. Тэксты, напісаныя на паперы альбо папірусе, якраз і задавальнялі такому патрабаваньню. Між іншым, Ініс адзначаў важную ролю адукаванай эліты ў гэтым працэсе, функцыя якой палягала ў стварэньні тэкстаў і навучаньні грамаце.

М.Маклюэн, які быў спэцыялістам у ангельскай літаратуры, захапіўся ідэямі Ініса, аднак інтарэс Маклюэна быў скіраваны на сучасныя грамадзтвы. Ён быў першы, хто ў сыстэматычнай форме спрабаваў вывучаць уплыў новых сродкаў камунікацыі (радыё, тэлебачаньня, фатаграфіі і кіно) на фармаваньне сучасных грамадзтваў.У 60 гадох 20 ст. ягоныя ідэі мелі вялікі посьпех, і не ў апошнюю чаргу з тае прычыны, што ён выказваў іх у вобразнай і афарыстычнай форме.

Шырока вядомы сёньня выраз Маклюэна “глябальная вёска” вельмі добра перадаваў сутнасьць той новай камунікацыйнай і культурніцкай сытуацыі, што паўстала ў выніку распаўсюджваньня ў сьвеце электронных сродкаў камунікацыі, дзякуючы якім людзі атрымалі магчымасьць мабільнай камунікацыі паміж самымі аддаленымі кропкамі на нашай плянэце.

Як вы ўжо заўважылі, пачынальнікі камунікацыйных досьледаў былі спэцыялістамі ў іншых галінах ведаў, і гэта акалічнасьць добра ілюструе міждысцыплінарны характар новай навуковай плыні, якая інкарпаруе ў сябе фрагмэнты з такіх традыцыйных дысцыплінаў, як гісторыя і антрапалёгія, філязофія і лінгвістыка, сацыялёгія і паліталёгія, культуралёгія, агульная і сацыяльная псыхалёгія, кібэрнэтыка, тэхнічныя навукі і нават эталёгія, навука аб паводзінах жывёлаў, у жыцьцядзейнасьці якіх камунікацыйныя працэсы таксама адыгрываюць надзвычай важную ролю.

Вывучэньне камунікацыі ў жывёлаў і іншых жывых істотаў — важны элемэнт навуковага разуменьня фэномэну камунікацыі ўвогуле, да таго ж яно дазваляе крыху інакш паглядзець на камунікацыйныя працэсы і ў чалавечых супольнасьцях.

Многія жывёлы абменьваюцца знакамі і сыгналамі дзеля таго, каб знайсьці ежу, арыентавацца ў прасторы альбо працягнуць род. Прыкладам камунікацыйных паводзінаў зьяўляецца вядомы пчаліны танец. Пчала, якая знайшла нэктар, вярнуўшыся ў вулей, з абсалютнай дакладнасьцю інфармуе сваіх суродзічаў аб адлегласьці, накірунку і мейсцы знаходжаньня кветкавай плянтацыі. Сланы, каб паклікаць чальцоў свайго статку, карыстаюцца нізкімі нячутнымі для чалавечага вуха гукамі, і гэтая камунікацыя спрацоўвае на адлегласьці ў некалькі міляў. Нарэшце, кіты і дэльфіны “сьпяваюць песьні” з мэтай абмяняцца інфармацыяй адносна свайго мейсцазнаходжаньня і накірунку руху.

Гэткім чынам, як і ў людзей, камунікацыя ў жывёлаў адбываецца праз акустычныя сыгналы, а таксама праз пахі, позы і адмысловыя рухі. Пры гэтым “мова жывёлаў” не такая ўжо і прымітыўная, як гэта падавалася раней. Напрыклад, сабакі маюць каля 30 розных “словаў”: скавытаньне, гаўканьне, віск разнастайных адценьняў і тэмбраў. Воўк можа падаваць каля 20 гукаў, што люструюць розныя эмоцыі, певень — 15, гусак — 23. Паўднёваамэрыканская птушка карыяма ведае ажно 170 фанэмаў. Нават інсэкты маюць свае “тэлеграфы”. Людзі не зьвяртаюць увагі на зьменлівыя інтанацыі крылатага маўленьня жамяры, але сама яна прыслухоўваецца да яго вельмі ўважліва. Мухі, якія імітуюць сваёй афарбоўкай пчолаў ці восаў, пераймаюць таксама і іхняе гудзеньне, бо інакш ім не схавацца ад ворагаў. Камары маюць некалькі розных таноў піску, залежных ад хуткасці палёту, якія зьяўляюцца рознымі сыгналамі — “трывогі”, “запрашэньня да рамантычнага спатканьня”, на “агульны сход” і г.д. Цікава, што першым расшыфраваў гукавую камунікацыю камароў вынаходнік кулямёту Хайрэм Максім.

Вядома, што пэўныя здольнасьці да тэлепатыі маюць ня толькі людзі, але і жывёлы і нават расьліны. Асабліва таленавітыя ў гэтым пляне сьлімакі. Нямецкі навуковец Гуга Цайман сьцьвярджае, што іх можна скарыстоўваць у якасьці бяздротавага тэлеграфу: сьлімакі, якіх у адначасьсе ўдарылі электрычным токам, усталёўваюць паміж сабой “сакрэтны” канал сувязі. Калі іх разлучыць і аднаго зь іх зноў ударыць токам, другі таксама адрэагуе на ўдар.

Францускія дасьледчыкі Алікс і Бэно перавялі гэты экспэрымэнт у плян вэрбальнай камунікацыі. Яны назьбіралі два “альфабэты” сьлімакоў, у кожным па столькі жывёлаў, колькі літараў у францускім альфабэце, г.зн. для кожнай літары — два сьлімакі. Кожная пара (напрыклад, адпаведная літары А) з дапамогай электрычнасьці навучылася капіяваць паводзіны адзін аднаго. Потым сьлімакоў падзялілі: адна партыя засталася ў Парыжы, а другую адвезьлі ў Нью-Ёрк. Калі трэба было адправіць нейкае паведамленьне з Францыі ў Амэрыку, дастаткова было дакрануцца электродам да сьлімакоў, адпаведных патрэбным літарам. Алікс і Бэно сьцьвярджаюць, што на другім беразе Атлянтыкі на гэтае электрычнае раздражненьне імгненна рэагавалі толькі напарнікі патрывожаных сьлімакоў, астатнія ж захоўвалі свой звычайны спакой. Экспэрымэнтатарам заставалася толькі складаць з “прасьлімачаных” за акіянам літараў словы, а са словаў — сказы. Такім чынам, з дапамогай чалавека жывёлы могуць абменьвацца ня толькі сыгналамі, але і знакамі, хай сабе і на чужой ім мове (у дадзеным выпадку — францускай).

Многія “грамадзкія” кузюркі — пчолы, тэрміты, мурашы — скарыстоўваюць у якасьці носьбіта інфармацыі ежу. Усе жыхары тэрмітніка — лічынкі, рабочыя, жаўнеры, самцы і саміцы — уяўляюць сабой, так бы мовіць, агульны кішэчнік. Усялякі, нават найменшы драбок ежы ніколі не ператраўляецца адным тэрмітам. У выглядзе адрыжкі, поту на чэраве ці экскрэмэнтаў ежа перадаецца, нібы эстафэта, ад аднаго тэрміта да іншага сотні разоў. А разам з агульнай на ўсіх стравай перадаюцца хімічныя рэчывы — фэрамоны, якія арганізуюць увесь лад сацыяльнага жыцьця тэрмітніка. Фэрамоны выхоўваюць кузюрак — прымушаюць адных тэрмітаў пасьля лінькі заставацца рабочымі, а другіх — ператварацца ў жаўнераў. Пчолы перадаюць адна адной пот з жывата маткі і гэтак даведваюцца пра яе патрэбы і стан здароўя.

Людзі і жывёлы здольныя адрозьніваць нашмат — у дзясяткі разоў — больш пахаў і смакаў, чым яны маюць клетак-рэцэптараў у роце і носе. Для навукоўцаў гэта доўгі час было загадкай. Высьветлілася, што за кожны канкрэтны пах адказвае не канкрэтны рэцэптар, а іх камбінацыя. Клеткі носу спрацоўваюць у розных спалучэньнях для кожнага водару. Мы маем у носе свайго кшталту альфабэт: рэцэптары скарыстоўваюцца для вызначэньня розных пахаў, як літары скарыстоўваюцца для складаньня розных словаў на пісьме. Пахі ня проста ўспрымаюцца носам, а менавіта чытаюцца.

Усе жывёлы маюць эндакрынныя залозы, што выпрацоўваюць рэчывы-рэгулятары (гармоны) для камунікацыі паміж рознымі органамі цела. Апрача таго, многія віды жывёлаў маюць экзакрынную (вонкавую) сыстэму залозаў, якія вытвараюць вонкавыя гармоны-фэрамоны для кіраваньня фізіялягічнымі працэсамі ў агульным сацыяльным арганізьме — статку, мурашніку і г.д. Калі мы размаўляем, то абменьваемся гукамі і жэстамі, а мурашы абменьваюцца пахавымі рэчывамі з розных залозаў. Літаральна ўсё жыцьцё мурашніка кіруецца мовай пахаў, якія заклікаюць “грамадзянаў” даглядаць дзятву, карміць начальства, бараніць дзяржаву ад варожага нашэсьця. Мова пахаў у мурашоў нават мае свой сынтакс: спалучэньне розных фэрамонаў азначае іншую інфармацыю, чым кожны зь іх паасобку. Частата паўтору пахавых сыгналаў або іхная інтэнсіўнасць таксама зьмяняюць сэнс інфармацыі. Напрыклад, калі ў мурашніку будзе адчувацца лішак фэрамону, якім мурашы звычайна пазначаюць свае дарогі ў зарасьцях травы, то ўсё насельніцтва разам з маткай павылазіць вонкі. Вялікая доза “дарожнага” паху, відаць, азначае сыгнал да перасяленьня на новую тэрыторыю.

Вывучэньне розных спосабаў камунікацыі ў жывых біялягічных істотаў — вялікая рэзэрва пашырэньня камунікацыйных магчымасьцяў і самога чалавека, бо некаторыя з гэтых спосабаў могуць быць скарыстаныя для канструяваньня новых тэхнічных сыстэмаў перадачы, апрацоўкі і захаваньня інфармацыі.

У адрозьненьне ад жывёлаў, чалавек ня мае адмысловых органаў-залозаў для камунікацыі з суродзічамі. Рука не была створаная для пісьма, і рот ня быў створаны для маўленьня. Гэта, напэўна, справа будучыні — вырасьціць у чалавечым целе нейкі орган, які дазваляў бы размаўляць нават нямым і немаўлятам. Зрэшты, менавіта адсутнасьць натуральнага органу камунікацыі прымусіла чалавека вынаходзіць разнастайныя спосабы зносінаў з супляменьнікамі — акустычныя, графічныя, электронныя, і канца гэтаму пошуку спосабаў паразуменьня ня бачна.

На досьвітку цывілізацыі людзі гаварылі ня словамі, а мімікай, жэстамі і ўсімі тымі гукамі, якія здольны вытвараць наш арганізм. Напрыклад, ангельскі палеантоляг Дэвід Этэнбора ў кнізе “Жыцьцё на Зямлі” кажа: “Твар чалавека мае заўважна больш асобных мускулаў, чым пыса ўсялякай жывёлы. Гэтыя мускулы забясьпечваюць магчымасьць вельмі па-рознаму рухаць вуснамі, шчокамі, ілбом, бровамі, на што ня здольная ніводная іншая істота. А вось спробы рэканструяваць горла нашага далёкага продка сьведчаць, што ён гаварыць мог вельмі павольна і зь цяжкасьцю. Таму,— кажа дасьледчык,— можна не сумнявацца, што твар быў асновай сыстэмы памаўленьня ў гома эрэктуса”.

Экспрэсіўныя магчымасьці натуральных рысаў твара для самога чалавека, напэўна, былі настолькі нечакана багатыя, што давялося распрацаваць адмысловую сыстэму татуяваньня, расфарбоўкі ці рытуальных шнараў, якія дазволілі хай крыху наблізіць твар да маскі, што мае заўсёды ўстойлівы выраз і сэнс. Задоўга да вынаходзтва альфабэту людзі ўжо не былі непісьменныя: яны рабілі і чыталі кадаваныя запісы на целеэкране, а таксама запісы на паветры ўласнымі рухамі цела. Вельмі верагодна, што мастацтва танцу нарадзіліся як пашыраны варыянт мімікі і як расшыфроўка татуяваньняў. Зь іншага боку, надпісы на целе маглі зьявіцца як канспэкт рытуальнага танцу.

На працягу 3-х мільёнаў гадоў асноўным сродкам сумоўя гуманоідаў былі, побач з абмежаванай колькасьцю (каля 20—40) кароткіх гукавых знакаў, сыстэмы ў некалькі соцень ці тысяч жэставых знакаў, і толькі ў самы апошні пэрыяд эвалюцыі чалавека (100—40 тысяч гадоў таму) пачалося фармаваньне ўласна вэрбальнай мовы. Пры гэтым прынцыпы пабудовы гукавых пасьлядоўнасьцяў былі пазычаныя з пасьлядоўнасьці жэстаў рук.

Дзясяткі і сотні розных плямёнаў у старажытнасьці (а яшчэ зусім нядаўна — амэрыканскія індзейцы і абарыгены Аўстраліі) карысталіся для стасункаў паміж сабой міжэтнічнай па сваёй прыродзе мовай жэстаў. І вельмі часта размова нагадвала танец, бо (як і ў сучасных мовах глухіх) эмоцыі і думкі перадаваліся ня толькі рукамі, але і позіркам, выразам твару, рухамі галавы і ўсяго цела. Танец шырока скарыстоўваўся для абмену інфармацыяй нават паміж прадстаўнікамі аднаго племя, бо падлеткі ў пэрыяд абрадаў ініцыяцыі і ўдовы падчас жалобы, якая магла доўжыцца некалькі гадоў, ня мелі права карыстацца словамі.

На добры лад, за апошнія 40 тысяч гадоў чалавек амаль не зьмяніўся. Па-ранейшаму мы часам лепш і хутчэй разумеем адзін аднаго не праз словы, а празь інтанацыю, выраз твару, жэстыкуляцыю. Жэсты дапамагаюць нам удакладніць сэнс словаў, якія мы кажам, а часам — зьмяніць яго на супрацьлеглы.

Прафэсар Лёс-Анжэлескага ўнівэрсытэту А.Мерабян падлічыў, што ў студыйных тэлеперадачах шляхі інфармацыі да гледача разьмяркоўваюцца прыкладна так: 55 працэнтаў — праз выраз твару і жэсты, 38 працэнтаў — празь інтанацыю і толькі 7 працэнтаў — праз словы. З аднаго боку гэта, канечне, сьведчыць пра дэбільную прыроду ўсялякіх ток-шоў, але з другога — пра тое, што жэсты могуць быць “разумнейшымі” за словы.

Каб прыцягнуць увагу больш-менш шырокай аўдыторыі да высокіх праблемаў палітыкі альбо мастацтва, галоўнае — ня тое, пра што чалавек кажа, а дзе і як ён гэта робіць. Каб перамагаць на выбарах і рэфэрэндумах, народ трэба не пераконваць, а зачароўваць, як гэта робіць тэлезорка БТ Аляксандар Лукашэнка.

Безумоўна, літаратару ці палітыку цяжка абысьціся без вэрбальнай мовы. Амаль гэтак жа цяжка, як без уласнага цела. Але нарадзіць сваю ўласную думку можна толькі тады, калі ты забыўся на ўсе словы ды знакі прыпынку і сам ня ведаеш, як яе выказаць. Калі для гэтага падыходзяць некаторыя звычайныя словы — што ж, тым лепей.

Апрача словаў, мімікі і жэстаў, чалавек мог скарыстоўваць у якасьці сыгнальных сродкаў любыя гукі, на якія здольныя ягоныя галасавыя зьвязкі. Напрыклад, пігмэі Цэнтральнай Афрыкі перадаюць навіны з дапамогай своеасаблівага манатоннага шэпту. Папуасы Новай Гвінэі будуюць на горных вяршынях “рэтрансьлятарныя станцыі”, празь якія ад гары да гары перадаюцца галасавыя сыгналы (эўрапейцам яны нагадваюць гарачае дыханьне вялікай сабачай зграі). Індзейцы племя крык карысталіся ў якасьці сыгналаў рознымі формамі кашлю.

Дыяпазон і гучнасьць чалавечага голасу адносна невялікія, і гэта сталася прычынай вынаходзтва музычных інструмэнтаў, якія мусілі ўзмацніць або падмяніць голас. Заходнеафрыканскія банту прыдумалі для перадачы паведамленьняў складаную сыстэму дудак. Многія народы скарыстоўвалі для трансьляцыі сыгналаў ракавіны малюскаў і рогі жывёлаў (“горн” у перакладзе і азначае “рог”). Але найбольш важным сыгнальным інструмэнтам быў барабан (тамтам), які дапамагаў распаўсюдзіць на вялікую адлегласьць дзясяткі закадаваных паведамленьняў і заклікаў. Тэлеграфаваць патрэбную вестку нашым продкам дапамагалі таксама вогнішчы на вяршынях пагоркаў, сонечныя “зайчыкі”, слупы дыму або пылу.

Відавочна, пошту людзі вынайшлі раней за пісьменнасьць. Старадаўныя кур'еры прыносілі навіны суседнім плямёнам ня толькі на словах і жэстах, але і ў выглядзе сымбалічных або пакрытых сымбалямі прадметаў. Калі індзейцы вырашылі прыпыніць змаганьне з амэрыканскім войскам, яны паслалі прэзыдэнту ЗША “люльку міру”, набітую тытунём і ўпрыгожаную пер'ем. Афрыканцы з племя н'ям-н'ям пры абвешчаньні вайны клалі на сьцежкі ворагаў пачатак маіса і курынае пяро, а над імі прымацоўвалі стралу: гэта азначала, што ад стралы загіне кожны, хто паспрабуе рабаваць іхныя палі або забіваць іхных курэй.

Напэўна, усе народы скарыстоўвалі ў якасьці носьбіта інфармацыі драўляныя таблічкі ці жэзлы з засечкамі. У славянаў такая таблічка называлася “носам” (адсюль выразы “зацеміць на носе” і “застацца з носам”). Некаторыя індзейскія і афрыканскія плямёны захоўвалі інфармацыю ў выглядзе камбінацыяў разнаколерных ракавінак на пасах-вампумах. У Гістарычным таварыстве штату Пэнсыльванія зьберагаецца вампум, які пераказвае дамову пра падзел зямлі паміж эўрапейскімі каляністамі і індзейцамі, заключаную ў 1682 г. Многія народы ведалі і вузялковае пісьмо (інкі называлі яго “кіпу”). Вузялковы тэкст уяўляў сабой сыстэму разнаколерных шнуркоў (колер мог перадаваць граматычныя катэгорыі — мінулы ці будучы час дзеяслова) з вузламі і петлямі розных канфігурацыяў. Верагодна, кіпу скарыстоўваліся для запісу ня толькі бугальтарскіх падлікаў, але гістарычных хронікаў і вершаў. Ведалі такое пісьмо і славяне, пра што сьведчыць выраз “завязаць вузельчык на памяць”.

Найбольш дасканалы спосаб перадачы зрокавых знакаў — гэта малюнкавае пісьмо (піктаграфія). Усе сучасныя віды пісьма — гіерогліфы, руны і літары — паходзяць ад піктаграмаў. Ад іх жа паходзяць коміксы, мультфільмы і кампутарныя гульні. Менавіта з дапамогай малюнкаў старажытныя людзі занатоўвалі “рэпартажы” пра свае прыгоды, дамовы паміж плямёнамі, легенды і магічныя формулы. Піктаграмамі запісаны вядомы эпас племя дэлавараў “Валам олум”. Белыя місіянэры ў Мэксыцы скарыстоўвалі для пашырэньня Хрыстовай веры катэхізыс, перапісаны ў выглядзе піктаграмаў. Вядома, што піктаграфіяй захапляўся Ленін: у Цэнтральным партыйным архіве пры ЦК КПСС захоўваўся піктаграфічны ліст правадыра бальшавікоў, напісаны на бяросьце. Найбольш распаўсюджаная вэрсія ягонай расшыфроўкі такая: шасьцёра сяброў прагаладаліся пасьля гульні ў паляваньне на мядзьведзя і просяць чарнабародага чалавека вярнуцца ў дом ля ставу і пакарміць іх.

Такім чынам, да зусім нядаўнага (прайшло толькі чатыры тысячы гадоў) зьяўленьня першых спосабаў лінійнай занатоўкі гукаў (клінапісу і г.д.) функцыю пісьма выконвалі сымбалічныя рэчы і выявы. Артыкуляваныя словы і рысы-малюнкі на сьценах пячораў — гэта толькі працяг мімікі твару і жэстаў рук, але ствараюць гэтыя апэрацыі ўжо не сыгналы, як у жывёлаў, а знакі. Да гэтага часу ў многіх мовах словы “пісаць” і “маляваць” гучаць аднолькава (“пісаць карціну”). Абстрактныя і фігуратыўныя творы першабытных людзей ствараліся хутчэй не дзеля эстэтычнай асалоды, а для захаваньня і перадачы пэўнай інфармацыі. Дзеці вучыліся маляваць, рэзаць з дрэва і ляпіць з гліны прыкладна з той жа мэтай, зь якой мы вучымся пісаць.

Першыя ўласна пісьмовыя знакі зьявіліся ў сярэдзіне 4 тысячагодзьдзя да н.э. у Мэсапатаміі, першы зычны альфабэт — фінікійскі — каля 1300 г. да н.э., а альфабэт з галоснымі — грэцкі — прыблізна ў 7 ст. да н.э. Адзначым, што паміж 12 і 13 стст. да н.э. у Грэцыі ня ведалі ні пісьменнасьці, ні вобразнага малюнка. Толькі на выхадзе з гэтага “тунэлю” грэкі адначасна вынайшлі тое і другое, пісьмо і жывапіс. На думку францускага мэдыёляга Рэжы Дэбрэя, “пісьменнасьць неўзабаве пасьля свайго зьяўленьня ўзяла на сябе асноўны цяжар утылітарна-камунікацыйнага пісьма і вызваліла ад яго маляваньне: відарыс ад гэтага часу робіцца адкрытым для самавыяўленьня мастака і для капіяваньня рэальных людзей і прадметаў”.

На сёньня ў сьвеце налічваецца больш за 6.000 моваў і асноўных дыялектаў, і гэта сьведчыць пра тое, наколькі вялікая разнастайнасьць існуе ў камунікацыйных сыстэмах-прыладах, распрацаваных у розных чалавечых супольнасьцях.

Моўная альбо вэрбальная камунікацыя на сёньня настолькі звыклая для нас зьява, што мы яе амаль і не заўважаем. І пачынаем зьвяртаць на яе ўвагу толькі тады, калі засвойваем якую-небудзь замежную мову альбо калі камунікацыя аказваецца неэфэктыўнай.

У шэрагу культураў “пазбавіць чалавека камунікацыі” азначае пакараць яго. І калі вы, да прыкладу, зайшоўшы да сваіх знаёмых альбо сяброў, раптам сутыкаецеся з сытуацыяй, калі з вамі адмаўляюцца размаўляць і не адказваюць на вашыя пытаньні, то найверагодней гэта азначае, што ў гэтай кампаніі вы ўжо чалавек непажаданы.

Акт камунікацыі, як правіла, пачынаецца зь якой-небудзь патрэбы, у тым ліку і з патрэбы ў самой камунікацыі, і завяршаецца тады, калі гэтая патрэба вычарпаная. Аднак трэба мець на ўвазе, што камунікацыя — гэта працэс зь вялікай колькасьцю дзеяў, і, напрыклад, з блізкімі нам людзьмі ён можа працягвацца ўсё наша жыцьцё.

Што ўяўляе зь сябе фэномэн камунікацыі ў чалавечай супольнасьці і як яго можна вызначыць?

Камунікацыя — гэта працэс абмену паміж людзьмі пачуцьцямі (эмоцыямі), думкамі, ідэямі, ведамі, навыкамі, ацэнкамі і інфармацыяй пра мейсца асобы альбо арганізацыі ў сацыяльнай гіерархіі.

Калі абмен пачуцьцямі, думкамі і г.д. рэч зразумелая, то ўсё ж такі варта сказаць колькі словаў пра абмен інфармацыяй, датычнай мейсца асобы альбо арганізацыі ў сацыяльнай структуры. Хаця ў шэрагу выпадкаў інфармацыя аб сацыяльным статусе асобы можа перадавацца ў наўпроставым паведамленьні (ён дырэктар, ён інтэлектуал альбо на шыльдачцы будзе напісана “VІP” (вельмі важная асоба), даволі часта, аднак, абмен падобнай інфармацыяй адбываецца зусім інакш, прычым гэтая інфармацыя можа быць пэўным чынам “запакаваная”, калі выкарыстоўваць кампутарную тэрміналёгію.

Да прыкладу, зьяўленьню якой-небудзь важнай асобы можа папярэднічаць пэўны рытуал. Існуюць і яшчэ менш заўважныя формы абмену інфармацыяй пра сацыяльны статус асобы. Напрыклад, дыстанцыя ў размове паміж дзьвюма асобамі можа сьведчыць пра тое, што адзін з суразмоўцаў мае ніжэйшы сацыяльны статус, а другі вышэйшы альбо, прынамсі, адзін зь іх знаходзіцца ў гіерархічнай падпарадкаванасьці адносна другога. Псыхоляг Ральф Ікслайн са сваімі калегамі вывучаў зрокавую камунікацыю паміж людзьмі з рознымі статусамі. Ува ўсіх выпадках было адзначана, што людзі зь ніжэйшым сацыяльным статусам часьцей кідаюць позіркі і больш уважліва сочаць за мімікай і жэстамі асобы з вышэйшым статусам. Бос, наадварот, дазваляе сабе часам нават не заўважаць свайго падначаленага. Сэнс гэтага незаўважаньня якраз і палягае ў тым, што падчас размовы, якая можа тычыцца як выключна прафэсійных, так і непрафэсійных рэчаў, адбываецца абмен інфармацыяй датычна сацыяльных статусаў асобаў.

Вышэй ужо адзначалася, што на важнасьць працэсу камунікацыі мы зьвяртаем увагу толькі тады, калі яна аказваецца неэфэктыўнай ці непасьпяховай, а таму першаснай умовай усялякай камунікацыі зьяўляецца наяўнасьць такіх сымбаляў і знакаў, значэньне якіх аднолькавым чынам інтэрпрэтуецца ўсімі ўдзельнікамі працэсу камунікацыі, іншымі словамі, суразмоўцы мусяць размаўляць на адной і той жа мове. Пад “мовай” тут разумеецца ня толькі мова словаў. Да прыкладу, у розных культурах адзін і той жа знак альбо жэст можа азначаць зусім розныя рэчы (знак “0” (нуль), зроблены вялікім і ўказальным пальцамі, у амэрыканскім культурным кантэксьце азначае “І am fine”, “Everything іs OK”, у Францыі і суседніх краінах — “Ты — нуль”, “Ты — нішто”, на Бліжнім Усходзе гэта наогул непрыстойны жэст). Таму яшчэ адной умовай пасьпяховай камунікацыі зьяўляецца наяўнасьць супольнага культурнага кантэксту.

І, нарэшце, камунікацыя як працэс можа адбывацца толькі тады, калі камуніканты часткова альбо цалкам падзяляюць тыя думкі, пачуцьці, ацэначныя меркаваньні і г.д., якімі яны абменьваюцца. Калі ж гэтыя эмоцыі, думкі і меркаваньні зусім не падзяляюцца, то працэс камунікацыі альбо спыняецца альбо ўтвараецца сытуацыя, калі камуніканты пераходзяць на ўзаеманепрымальныя ці нават варожыя пазыцыі.


Літаратура

1. Brіtannіca CD Encyclopedia //Communіcatіon.

2. Compton's Іnteractіve Encyclopedia //Communіcatіn.

3. Deluxe Encarta 98 //Communіcatіon Collage.

4. Lorіmer R. Mass Communіcatіon. Manchester University Press, 1996.

5. Deaux K. and others. Socіal Psychology іn the 90s. Books // Cole Publishing Company, 1993.

6. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1988.

7. Акимушкин И. Проблемы этологии. Смоленск, 1999.

8. Барысевіч Ю. Цела і тэкст. Мн., 1998.

9. Происхождение вещей. Очерки первобытной культуры. М., 1995.

10. Debraу R. Vіe et mort de l'іmage. Р., 1992.

11. Драчук В. Дорогами тысячелетий. М., 1976.

12. Общее языкознание. Сущность и история языка. Мн., 1993.

13. Павленко Н. История письма. Мн., 1987.

14. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

15. Маклюэн М., Фіорэ К. Вайна і мір у сусьветнай вёсцы//Фрагмэнты, №2, 1997.

Віды камунікацыі

Плян:

1. Вэрбальная і невэрбальная камунікацыя

2. Зрокавая камунікацыя

3. Міміка

4. Жэсты, рухі і паставы цела

5. Тактыльная камунікацыя

6. Камунікацыя ў малых і вялікіх групах

7. Віды камунікацыі паводле прызначэньня і характару пасланьня

У залежнасьці ад таго, якімі камунікацыйнымі магчымасьцямі карыстаецца чалавек, камунікацыю, у самым агульным выглядзе, можна падзяліць на два віды — моўную (вэрбальную) і нямоўную (невэрбальную).

Моўная альбо вэрбальная камунікацыя адбываецца пры дапамозе словаў і розных іх камбінацыяў, збудаваных па пэўных граматычных правілах.

Нясловавая моўная камунікацыя называецца парамоўнай і яе сродкамі зьяўляюцца інтанацыі, паўзы, тэмп маўленьня і розныя вакалізацыі (сьмех, плач, бурчэньне, сіпеньне, усхліпваньне і г.д.). Вэрбальная камунікацыя — гэта тое, ШТО гаворыцца ці ШТО прамаўляецца; а парамоўная камунікацыя — гэта тое, ЯК што прамаўляецца альбо ЯК што гаворыцца. У працэсе камунікацыі чалавек карыстаецца як моўнымі, так і парамоўнымі сродкамі, і часам гэта даволі істотна ўплывае на сэнс ягоных выказваньняў. Калі, да прыкладу, ваш сябра гаворыць вам, што вы вельмі недалёкі чалавек і пры гэтым пасьміхаецца, то найверагодней ён мае на ўвазе нешта іншае.

Камбінацыі моўных і парамоўных магчымасьцяў ствараюць сытуацыю шматзначнасьці выказваньня. Дарэчы, не існуе сэнсавай адназначнасьці і пры выкарыстаньні толькі моўных сродкаў. Рэч у тым, што словы, акрамя іх экспліцытнага альбо яўнага значэньня, маюць яшчэ імпліцытныя значэньні. Вялікая колькасьць камбінацыяў моўных і парамоўных сродкаў робіць працэс камунікацыі вельмі багатым.

Невэрбальная камунікацыя існуе ў розных формах. Гэта — зрокавая камунікацыя, камунікацыя празь міміку, жэсты, паставы цела, а таксама тактыльная камунікацыя.


Зрокавая камунікацыя
Часам вочы чалавека называюць люстэркам ягонай душы. Сэнс гэтага выказваньня ў тым, што позірк чалавека можа быць выказьнікам вельмі складаных пачуцьцяў, перажываньняў альбо ацэначных экспрэсіяў. Наколькі зрокавы канал камунікацыі зьяўляецца важным, можна меркаваць па тым, што мы звычайна пачуваемся некамфортна, калі падчас размовы ня бачым вачэй суразмоўцы. Вядомы выраз “злое вока” ці слова “сурочыць” сьведчаць пра тое, што зрокавая камунікацыя можа быць нават і небясьпечнай.

Дасьледчыца Майлз Пэтэрсан разрозьнівае пяць спэцыфічных функцыяў зрокавай камунікацыі: а) перадача інфармацыі, б) рэгуляваньне ўзаемадзеяньняў, в) выказваньне пачуцьцяў блізкасьці, г) ажыцьцяўленьне сацыяльнага кантролю і д) спрыяньне выкананьню нейкай задачы.

Праз зрокавую камунікацыю выяўляецца інфармацыя адносна прэфэрэнцыяў альбо непрэфэрэнцыяў асобы, ейнага стаўленьня да той ці іншай зьявы, учынку і г.д. Погляд перадае, наколькі чалавек пачуваецца ўпэўненым у сабе, наколькі ўважлівы ён да іншых людзей, наколькі кампэтэнтны ў нейкай справе. Вышэй мы ўжо адзналі, што частотнасьць поглядаў і позіркаў перадае інфармацыю пра сацыяльны статус чалавека. А калі чалавек хавае позірк, гэта можа сьведчыць, што ён пачуваецца некамфортна, мае згрызоты сумленьня, ня ўпэўнены ў сваіх сілах. Усім вядомая сытуацыя, калі выкладчык, які задаў пытаньне і не атрымаў на яго правільнага адказу, пачынае азіраць аўдыторыю, каб знайсьці дасьведчанага студэнта. Як правіла, тыя студэнты, якія не падрыхтаваліся да заняткаў, будуць “хаваць” вочы.

Функцыя погляду і позіркаў у рэгуляваньні стасункаў асабліва яскрава выяўляецца ў самой камунікацыі. Калі вы, напрыклад, жадаеце пачаць з кімсьці размову, ваш позірк будзе скіраваны на гэтага чалавека. І наадварот, калі вам карціць скончыць размову, ваш позірк будзе дэманстраваць вашу адсутнасьць альбо вы будзеце глядзець куды-небудзь убок. Людзі, якія доўга працуюць разам, каардынуюць свае дзеяньні, абменьваючыся позіркамі. Позірк таксама можа выкарыстоўвацца дзеля таго, каб прысьпешыць дзеяньні партнэра.

Даволі часта позірк выкарыстоўваецца ў выказваньні пачуцьцяў блізкасьці. Практычныя псыхалягічныя дасьледаваньні выявілі, што блізкія людзі часьцей абменьваюцца позіркамі, чым асобы, якія ня маюць блізкіх зносін. Магчыма, вы заўважалі, хто закаханыя могуць даволі працяглы час глядзець адзін на аднаго. Гэта сьведчыць пра інтэнсіўнасьць пачуцьцяў.

Людзі з высокім сацыяльным статусам часта выкарыстоўваць позірк дзеля таго, каб зазначыць аўтарытэтнасьць свайго рашэньня і абавязковасьць яго выкананьня падначаленымі. Позірк у падобных сытуацыях дэманструе ўладу і сілу. Так званы “позірк зьверху” прызначаны дзеля таго, каб “паставіць чалавека на мейсца”. Падобнае звычайна адбываецца ў сытуацыях, калі да канца ня вызначаныя адносіны паміж асобамі паводле іхнага мейсца ў гіерархіі, няважна, што гэта за гіерархія — фармальная альбо нефармальная. Пагарда, якая часам утрымліваецца ў позірку зьверху, можа сьведчыць пра тое, што яго ўладальнік мае пэўныя праблемы ўва ўсталяваньні менавіта тых адносін, якія ён хацеў бы мець зь нейкай асобай. Падобнае можа таксама азначаць, што рэальны ўплыў і рэальная ўлада ўладальніка позірку зьверху не распаўсюджваюцца на гэтую канкрэтную асобу.

Функцыю спрыяньне пры выкананьні нейкай задачы зрокавая камунікацыя зазвычай выконвае, калі адсутнічаюць магчымасьці выкарыстаньня іншых каналаў інфармацыі, скажам, вэрбальная камунікацыя немагчымая з-за шуму.


Міміка
Міміка альбо розныя выразы твару бадай што найбольш унівэрсальная мова камунікацыі. Калі сэмантыка шэрагу жэстаў, паставаў цела залежыць ад культурнага кантэксту, то эмацыйныя станы чалавека, якія перадаюцца празь міміку, практычна аднолькава вытлумачваюцца прадстаўнікамі розных культураў. Больш за тое, Ч.Дарвін выказваў думку, што камунікацыя празь міміку зьяўляецца міжвідавай.

На сёньня псыхолягі дэталёва апісалі шмат якія мімічныя праявы эмацыйных станаў чалавека. Да прыкладу, калі чалавек зьдзіўляецца, то ён характэрным чынам падымае бровы, а калі гэтая эмацыйная рэакцыя больш моцная — у яго адвісае сківіца.

Акрамя зьдзіўленьня на твары чалавека звычайна выразна перадаюцца гнеў, страх, радасьць, сум ды іншыя эмоцыі і эмацыйныя станы.

Аднак трэба мець на ўвазе, што ў розных культурах дзейнічаюць пэўныя нефармальныя абмежаваньні на мімічныя праявы эмоцый і ўвогуле на праяву эмоцый. Лічыцца, напрыклад, непрыстойным “дэманстраваць” на твары сум падчас якой-небудзь важнай сустрэчы альбо імпрэзы.

Некаторыя іншыя мімічныя праявы, наадварот, стымулююцца. Ветлівая ўсьмешка прадаўца ў краме ці офісе на Захадзе зьяўляецца стандартам і нават ледзьве не “прафэсійным патрабаваньнем”. Відавочна, што прагматычны сэнс ветлівай усьмешкі палягае ў тым, каб усталяваць камунікацыйны кантакт з патэнцыйным пакупніком ці кліентам і зрабіць саму камунікацыю прыемнай і нязмушанай.

Аднак аўтэнтычны камунікацыйны сэнс усьмешкі насамрэч у тым, каб “дзяліцца” радасьцю і добрым настроем. Непадзеленая радасьць — гэта, так бы мовіць, ня ўся радасьць. Псыхолягі назіралі за частатой усьмешак чалавека ў адзіноце і ў кампаніі. Пры адной і той жа колькасьці пазытыўных стымулаў да ўсьмешкі людзі на адзіноце пасьміхаліся значна радзей, чым тады, калі яны знаходзіліся разам зь іншымі.


Жэсты, рухі і паставы цела
Розныя часткі цела чалавека могуць удзельнічаць у камунікацыі і перадаваць пэўную інфармацыію. Танец, да прыкладу, зьяўляецца даволі добра распрацаваным сродкам цялеснай камунікацыі альбо камунікацыі з выкарыстаньнем рухаў, жэстаў і паставаў цела. У паўсядзённым жыцьці мы падсьвядома і даволі часта выкарыстоўваем гэтыя сродкі. Звычайна яны суправаджаюць вэрбальную камунікацыю і выконваюць ілюстрацыйную функцыю. Напрыклад, вас куды-небудзь запрасілі, а вы адказалі “не, не пайду” і пры гэтым зрабілі характэрны жэст рукой.

Іншыя жэсты, рухі і паставы цела могуць выконваць замяшчальную функцыю і выкарыстоўвацца замест словаў. Даволі часта гэта здараецца ў выпадку спантаннай эмацыйнай рэакцыі на нейкую нечаканую прапанову ці сытуацыю.

Паставы цела перадаюць і шмат якую іншую інфармацыю. Паназірайце ўважліва, напрыклад, за тым, як сядзяць людзі ў тралейбусе, і вы зможаце сёе-тое зразумець пра іх.


Тактыльная камунікацыя
Тактыльная камунікацыя зьяўляецца адным з найбольш “старажытных” відаў камунікацыі. Тактыльны кантакт, інстынктыўныя пошукі цела маці, дотык да яго — гэта першае, з чым сутыкаецца любая нованароджаная цеплакроўная істота.

Роля тактыльнай камунікацыі ў выхаваньні дзіцяці надзвычай важная. У 70-я гады быў праведзены экспэрымэнт па вывучэньні ролі тактыльнай камунікацыі, які стаўся клясычным. Адну зь дзьвюх нованароджаных малпаў пакінулі з маці, а другую зьмясьцілі ў асобную клетку разам з муляжом маці-малпы. З муляжом малая малпа паводзілася так, быццам гэта была сапраўдная маці: смактала малако з бутэлькі з сыслом, якая была часткай муляжу, прыціскалася ў тых выпадках, калі ёй нешта пагражала.

Вынікі “выхаваньня”, аднак, аказаліся рознымі. Калі празь некаторы час абедзьвюх малпак зьмясьцілі разам, то “выхаванка” муляжа аказалася пазбаўленай усялякіх навыкаў сацыяльнай камунікацыі: дэманстравала агрэсіўнасьць, хавалася са страху ў кут клеткі.

Праз тактыльную камунікацыю дзіця набывае першасны досьвед любові, пачуцьця бясьпекі і абароненасьці. У любой сытуацыі, зьвязанай зь небясьпекай, маленькія дзеці пачынаюць туліцца да цела маці.

Практычна ўва ўсіх культурах сьвету, вітаючыся, людзі паціскаюць адзін аднаму руку альбо дакранаюцца адзін да другога. Крыніцай паходжаньня гэтага рытуалу вітаньня зьяўляецца менавіта першасны досьвед тактыльнай камунікацыі маці і дзіцяці.

У наступныя гады жыцьця тактыльная камунікацыя, хаця і не адыгрывае такой важнай ролі, як у малым узросьце, але ўсё роўна застаецца істотным каналам абмену пачуцьцямі, эмоцыямі і нават узьдзеяньня на самыя складаныя фізычныя і псыхічныя працэсы ў арганізьме чалавека.

Узгадайма, як у Эвангельлі апісваюцца людзі, што прагнулі дакрануцца да Хрыста-Збавіцеля, каб выгаіцца. Увогуле ў царкоўных рытуалах тактыльная камунікацыя адыгрывае значную ролю.

Разрозьніваюць сацыяльна-тактыльную камунікацыю і інтымна-асабовую. Пацісканьне рук — трывіяльны прыклад сацыяльна тактыльнай камунікацыі. Інтымна-асабовая камунікацыя мае мейсца ў сяброўскіх стасунках, у стасунках паміж закаханымі людзьмі і ў сэксуальных дачыненьнях.

Пацалунак бадай што самы яскравы прыклад інтымна-асабовай камунікацыі.

Мужчыны і жанчыны па-рознаму ставяцца да тактыльнай камунікацыі. Зафіксавана, што жанчыны больш маюць тактыльных кантактаў. Яны, напрыклад, значна часьцей цалуюць адна адну, чым мужчыны.

Цікавы прыклад узьдзеяньня тактыльнай камунікацыі на паводзіны чалавека згаданы ў кнізе “Сацыяльная псыхалёгія 90-х гадоў”. У адным з рэстаранаў праводзілася назіраньне над вынікамі тактыльнай камунікацыі. У тых выпадках, калі афіцыянт, разьлічваючыся з наведвальнікамі, зьлёгку дакранаўся да іх рукі ці пляча, апошнія, як правіла, пакідалі большыя чаявыя, чым тыя наведвальнікі, да якіх ён не дакранаўся.

Паводле колькасьці ўдзельнікаў і іх ролі ў камунікацыйным працэсе разрозьніваюць: а) міжасабовую камунікацыю; б) інтраасабовую; в) камунікацыю ў малых групах; г) камунікацыю ўнутры арганізацыі; д) публічную і е) масавую камунікацыю.

Найбольш звыклай формай міжасабовай камунікацыі зьяўляецца размова альбо гутарка паміж двума людзьмі. Сэнс міжасабовай камунікацыі палягае ў тым, каб фармаваць і падтрымліваць сацыяльныя адносіны паміж людзьмі.

Міжасабовая камунікацыя існуе ў двух аспэктах: гэта альбо пэрсанальная альбо імпэрсанальная камунікацыя. У пэрсанальнай камунікацыі асобы выступаюць як унікальныя суб'екты з канкрэтнымі інтарэсамі, патрэбамі, прыватнымі і інтымнымі праблемамі. Пэрсанальная камунікацыя, як правіла, трымаецца на даверы адной асобы да другой. Часам пэрсанальная камунікацыя мае вельмі даверлівы і нават спавядальны характар, калі людзі давяраюць адзін аднаму свае самыя таемныя думкі і пачуцьці.

Імпэрсанальная камунікацыя — гэта зазвычай дзелавая камунікацыя, камунікацыя зь незнаёмымі людзьмі, якая ўзьнікае з той ці іншай нагоды альбо патрэбы, прыкладам: паміж прадаўцом і пакупніком адбываецца імпэрсанальная камунікацыя.

Хаця міжасабовая пэрсанальная камунікацыя звычайна ладзіцца з “вока на вока”, аднак яна можа адбывацца і па тэлефоне альбо празь ліставаньне.

Інтраасабовая камунікацыя — гэта камунікацыя асобы з самой сабой. Звычайна людзі камунікуюць сам-насам на адзіноце. Але калі ж яны ўголас размаўляюць з сабой у нейкім публічным мейсцы, то іншыя ўспрымаюць гэта як нешта дзіўнае і ненармальнае.

Інтраасабовая камунікацыя адбываецца з розных прычынаў. Людзі могуць абмяркоўваць самі з сабой нейкія важныя падзеі ці праблемы. Яны могуць пісаць інтымныя вершы альбо весьці дзёньнікавыя запісы. Могуць фантазіяваць, уяўляць сабе, як яны будуць адпачываць, напрыклад, летам. Студэнты на лекцыях часам пачынаюць камунікавацца самі з сабой, калі не жадаюць слухаць лекцыю. Спартсмэны перад стартам таксама камунікуюцца самі з сабой дзеля таго, каб засяродзіцца. Людзі, нарэшце, могуць складаць самі да сябе лісты і пасланьні.

Камунікацыя ў малых групах. Прыкладамі малых групаў зьяўляецца сям'я, школьная кляса, студэнцкая група, футбольная каманда, дыскусійны клюб і г.д. Мінімальная колькасьць малой групы — два чалавекі. Чалавек амаль заўсёды ўлучаны ў якую-небудзь малую групу.

Малыя групы існуюць дзеля выкананьня пэўных функцыяў і камунікацыя ў малых групах перадусім скіраваная на выкананьне гэтых функцыяў і падтрыманьне каманднага духу групы. Наколькі апошняе важна, можна меркаваць, да прыкладу, па футбольнай камандзе. Камандны дух — гэта перадусім усьведамленьне чальцамі каманды сваіх роляў, узаемаразуменьне і ўзаемападтрымка. Роля камунікацыі тут найпершая.

Камунікацыя ўнутры арганізацыі. Арганізацыя — гэта сукупнасьць людзей, якая складаецца з шэрагу малых групаў і ў сваёй дзейнасьці кіруецца да пэўных практычных мэтаў. Унівэрсытэты, бізнэсовыя кампаніі, дасьледчыя інстытуты, бібліятэкі, цэрквы і касьцёлы — усё гэта сацыяльныя арганізацыі. Сацыяльныя арганізацыі зьяўляюцца складанымі ўтварэньнямі і дзеля забесьпячэньня іх функцыянаваньня неабходныя добра наладжаныя сыстэмы камунікацыі. Параўнальна з малымі групамі патокі інфармацыі ў сацыяльных арганізацыях істотна павялічваюцца. Таму істотнае значэньне набывае камунікацыя па гарызанталі. Кожны ўдзельнік такой арганізацыі мусіць ясна ўсьведамляць як сваю ролю, так і ролю ўсіх іншых ў гіерархічнай пабудове. У вялікіх і складаных сацыяльных арганізацыях камунікацыйная дзейнасьць зьяўляецца ўжо самастойнай дзейнасьцю. Тут, як правіла, існуюць людзі, якія займаюцца як унутрыарганізацыйнымі стасункамі, так і стасункамі зь іншымі арганізацыямі і грамадзкасьцю. Камунікацыйная дзейнасьць кіраўнікоў наогул забірае асноўную частку іхнага працоўнага часу.

У вялікіх сацыяльных арганізацыях верагоднасьць узьнікненьня канфліктных сытуацыяў істотна павялічваецца. Дарэчы, гэтыя сытуацыі даволі часта ўзьнікаюць з прычыны неэфэктыўнай камунікацыі. І ў працэсе іх разьвязаньня камунікацыйная дзейнасьць адыгрывае важную ролю.

Публічная камунікацыя. Навучальная лекцыя, тэатральны спэктакль, канцэрт ці рэлігійная служба — гэта ўсё прыклады публічнай камунікацыі. Публічная камунікацыя — звычайна і пераважна працэс аднабаковай камунікацыі. У такой камунікацыі існуе прадвызначанасьць роляў — выступоўца, слухач, глядач. Апошняе падкрэсьліваецца спэцыяльна адведзенымі мейсцамі як для выступоўцаў, так і для гледачоў ці слухачоў. Акторы выконваюць спэктакль на сцэне, а глядач сядзіць у залі.

Выступоўцы нешта паведамляюць, а гледачы толькі ўспрымаюць гэтае паведамленьне. Двухбаковая камунікацыя адбываецца адно тады, калі гледачы ў тэатры, напрыклад, голасна рэагуюць ці пляскаюць у ладкі падчас спэктаклю.

Перадвызначанасьць роляў у публічнай камунікацыі выяўляецца і ў тым, што выступоўцы мусяць быць добра падрыхтаваныя.

Масавая камунікацыя — гэта такі від камунікацыі, які скіраваны на вялікую колькасьць людзей. Прыкладамі масавай камунікацыі зьяўляюцца камунікацыі, створаныя пры дапамозе такіх тэхнічных сродкаў, як радыё ці тэлебачаньне. Як і публічная камунікацыя, масавая камунікацыя зьяўляецца аднабаковай. Але ў адрозьненьне ад публічнай камунікацыі, аднабаковасьць масавай камунікацыі яшчэ больш акцэнтаваная. Да таго ж масавая камунікацыя скіраваная на цалкам ананімную аўдыторыю.

Яшчэ адной асаблівасьцю масавай камунікацыі зьяўляецца тое, што вытворчасьць яе прадуктаў — гэта вынік дзейнасьці групаў людзей, часам нават вялікіх групаў: у такім выпадку можна казаць пра індустрыю масавай камунікацыі. У падрыхтоўцы тэлевізійнай праграмы могуць быць заангажаваныя дзясяткі і нават сотні людзей. Гэта і прадзюсары, і апэратары, і карэспандэнты, і тэхнікі.

Асаблівасьцю масавай камунікацыі зьяўляецца і тое, што крыніца інфармацыі можа знаходзіцца далёка ад яе спажыўца.

Дагэтуль нашая ўвага была скіраваная на разглядзе розных відаў камунікацыі, на тое, чым ёсьць працэс камунікацыі і якія яе функцыі, аднак пакуль што мала было сказана наконт таго, што перадаецца праз камунікацыю і які характар таго, што перадаецца.

Мы ўжо казалі, што ў працэсе камунікацыі адбываецца абмен думкамі, пачуцьцямі, ацэнкамі і г.д. Думкі, пачуцьці, ідэі, якія перадаюцца ў сыстэматызаваным і лягічна арганізаваным выглядзе, называюцца пасланьнем. Паводле характару і прызначэньня пасланьня можна казаць пра: а) інфармацыйную камунікацыю; б) афэктыўную; в) імажынатыўную і г) камунікацыю ўплыву.

Інфармацыйная камунікацыя — гэта такая камунікацыя, празь якую людзі перадаюць адзін аднаму веды пра сьвет, у якім яны жывуць. Лічыцца, што вэрыфікаваныя веды зьяўляюцца аб'ектыўнай інфармацыяй. Наколькі ўсе мы залежым ад аб'ектыўнай інфармацыі можна меркаваць па тым, што бальшыня людзей, напрыклад, слухае паведамленьні аб прагнозе надвор'я. Яшчэ большая залежнасьць ад такой інфармацыі выяўляецца ў сытуацыях, калі людзі знаходзяцца ня ў горадзе, а займаюцца сельскай гаспадаркай, вандруюць у гарах ці патрапляюць у якія-небудзь экстрэмальныя ўмовы.

Афэктыўная камунікацыя збудаваная вакол перадачы пачуцьцяў і ацэначных меркаваньняў. Гэты від камунікацыі важны для станаўленьня асобы. Праз афэктыўную камунікацыю людзі даведваюцца пра саміх сябе, фармуюць вобраз свайго “я”.

Імажынатыўная камунікацыя. Гэта такая камунікацыя, у якой заангажаваная здольнасьць чалавека да ўяўленьня. Імажынатыўная камунікацыя — важны фактар разьвіцьця творчыхздольнасьцяў чалавека.

Камунікацыя ўплыву. Гэта такая камунікацыя, у працэсе якой нехта імкнецца ўплываць на погляды, перакананьні альбо рашэньні іншых людзей. Прыкладам масавай камунікацыі ўплыву зьяўляецца прапаганда.

І, нарэшце, спынімся на такім важным моманце, як аб'ектыўнасьць альбо праўдзівасьць перадаванай інфармацыі. Трэба заўважыць, што камунікацыя паміж людзьмі базуецца на экспэктацыях альбо чаканьнях адносна таго, што ў выніку камунікацыі чалавек атрымае аб'ектыўную інфармацыю. На жаль, падобнае адбываецца далёка не заўсёды.

Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што ілжывае паведамленьне можна лёгка распазнаць. Фройд, напрыклад, сьцьвярджаў, што яму дастаткова паглядзець у вочы і пачуць чалавека, каб распазнаць ягоныя сакрэты.

Наколькі гэта адпавядае сапраўднасьці?

Калі гаворка ідзе пра міжасабовую камунікацыю, то існуюць пэўныя магчымасьці вызначыць, чалавек кажа праўду альбо падманвае. Калі чалавек падманвае, то ён будзе імкнуцца рабіць як мага менш канкрэтных сьцьверджаньняў і даваць як мага менш канкрэтных тлумачэньняў. Зьменіцца і ягоны голас; падманьнік гаворыць больш высокім, чым звычайна, голасам, частата жэстаў павялічваецца, ён часьцей дакранаецца рукой да твару, часьцей пасьміхаецца і часьцей міргае.

Аднак трэба мець на ўвазе, што ёсьць людзі, якія ў справе падману дасягнулі высокага прафэсіяналізму і тады ўсе гэтыя знакі могуць і ня мець мейсца.

Для вызначэньня таго, наколькі чалавек кажа праўду, часам выкарыстоўваецца спэцыяльная апаратура. Да прыкладу, паліграф. Паліграф рэгіструе зьмены ў фізіялягічным стане чалавека праз аналіз працы сэрца, частаты дыханьня, вільготнасьці скуры. Аднак нават паліграф не зьяўляецца надзейным сродкам вызначэньня праўдзівасьці альбо ілжывасьці паведамленьня. У адным з экспэрымэнтаў рэспандэнтам сказалі, што калі яны скрадуць грошы, а тэст на паліграфе не пацьвердзіць гэта, то яны пакінуць грошы сабе. У выніку паліграф не зафіксаваў ніводнага з тых, хто скраў грошы. Чаму так здарылася? Пэўна таму, што ніхто з удзельнікаў экспэрымэнту не адчуваў аніякай рэальнай пагрозы быць пакараным за ману.


Літаратура

1. Britannica CD Encyclopedia // Communication.

2. Compton 's Interactive Encyclopedia // Communication.

3. Deluxe Encarta 98 // Communication Collage.

4. Lorіmer R. Mass Communіcatіon. Manchester University Press, 1996.

5. Deaux K. and others. Socіal Psychology іn the 90s. Books // Company, 1993.

6. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1988.

7. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

Сродкі камунікацыі

Плян:

1. Сродкі камунікацыі

2. Этапы разьвіцьця камунікацыі

3. Экспансія сродкаў камунікацыі і камунікацыя ў сучасным грамадзтве, камунікацыя як сацыяльная сыстэма

Сродкі камунікацыі альбо мэдыі — гэта такія сродкі, пры дамамозе якіх перадаецца, кадуецца і дэкадуецца паведамленьне. Слова “мэдыі” лацінскага паходжаньня і ў адзіночным ліку слова “мэдыюм” азначае “паміж” альбо “пасярэдзіне”. У гэтым сэнсе “мэдыюм” — пасярэднік, інструмэнт, прылада камунікацыі альбо, інакш кажучы, гэта ўсё тое, што робіць магчымай камунікацыю ці спрыяе ёй. Самым простым прыкладам “мэдыюму” зьяўляецца паветра, якое робіць магчымым перадачу гукавых хваляў ад таго, хто прамаўляе, да таго, хто слухае.

За сваю доўгую гісторыю чалавек вынайшаў вялікую колькасьць самых розных мэдыюмаў ці мэдыяў, якія рабілі камунікацыю больш лёгкай, дазвалялі ажыцьцяўляць камунікацыйную экспансію і заангажоўвалі ў працэс камунікацыі ўсё большую колькасьць людзей. У гэтым сэнсе, сродкі камунікацыі — гэта такія сродкі, якія пашыраюць камунікацыйныя магчымасьці чалавека.

Функцыя пашырэньня камунікацыйных магчымасьцяў ужо відавочная на прыкладзе вельмі простых мэдыяў. Складзеныя рупарам далоні чалавека дазвалялі камунікавацца на большай адлегласьці, вузельчыкі на памяць і засечкі на палках — гэта самыя першыя прыстасаваньні захаваньня інфармацыі, якія дазвалялі “камунікавацца” ў часе.

У старажытную пару людзі карысталіся агнём, каб перадаць нейкую інфармацыю. Відавочна, што агонь дапамагаў перадаць паведамленьне на яшчэ большую адлегласьць, чымся складзеныя рупарам далоні.

Значна больш складаны сродак камунікацыі пісьмо. Мы ня будзем тут спыняцца на гэтым мэдыюме. Адзначым толькі, што дзякуючы пісьму чалавецтва атрымала такі сродак камунікацыі, які дазваляе камунікавацца ў прасторы і ў часе. Дзякуючы пісьму да нас дайшлі цэлыя пласты старажытнай культуры.

Зыходзячы з таго, што розныя вынайдзеныя чалавекам сродкі перадачы інфармацыі істотным чынам уплывалі на характар абмену інфармацыяй паміж людзьмі, яе захаваньне і распаўсюджваньне, а таксама павялічвалі аб'ёмы перадаванай інфармацыі, спэцыялісты ў галіне камунікацыі і мэдыяў вызначаюць некалькі этапаў у разьвіцьці камунікацыі альбо гавораць пра розныя яе эпохі ці нават тыпы грамадзтва.


Эпоха знакаў і сымбаляў
Мы ўжо адзначалі, што першыя гуманоіды камунікаваліся праз агульназразумелыя гукавыя сыгналы, жэсты, паставы цела ды іншыя сродкі. Відавочна, што колькасьць ужываных сымбаляў і знакаў у тыя далёкія часы была вельмі абмежаваная. А паколькі набор знакаў і сымбаляў быў абмежаваны, падобная камунікацыя не забясьпечвала перадачы якіх-небудзь істотных аб'ёмаў інфармацыі. Гэта перадусім была сытуацыйная камунікацыя, якая найчасьцей не выходзіла за межы наўпроставай рэакцыі на вельмі канкрэтныя сытуацыі. Можна меркаваць, што падобная камунікацыя адбывалася ў выпадках нейкай небясьпекі альбо калі трэба было скаардынаваць дзеяньні падчас паляваньня ці змаганьня з чужынцамі.

Чаму ж першыя гуманоіды не карысталіся словамі? Адказ на гэтае пытаньне выяўлены ў працах па кампутарным мадэляваньні голасавага апарату гуманоідаў: гэты апарат быў проста ня здольны да прадукаваньня складаных сэквэнцыяў гукаў.

Адпаведна і паведамленьні, якія маглі перадавацца пры дапамозе толькі знакаў і сымбаляў, былі вельмі простыя. Сытуацыйная камунікацыя альбо камунікацыя, якая абмежаваная толькі якой-небудзь вонкавай і вельмі канкрэтнай неабходнасьцю, не выклікала аніякага працэсу сыстэматычнага мысьленьня.

Да таго ж сытуацыйная камунікацыя найчасьцей адбываецца па схеме “выклік—рэакцыя”, пры гэтым рэакцыя часта мае ці можа мець чыста інстынктыўную прыроду. Запамінаць рэакцыю звычайна няма патрэбы, бо інстынкт спрацоўвае заўсёды і аўтаматычна. Падкрэсьлім, што мысьленьне ня можа адбывацца без запамінаньня словаў, паняткаў і думак. А паколькі пры сытуацыйнай камунікацыі неабходнасьці ў такім запамінаньні няма, то камунікацыя пры дапамозе “натуральных” знакаў і сымбаляў, г.зн. жэстаў, паставаў цела і г.д., у лепшым выпадку прыводзіць толькі да вельмі простых канцэптуалізацыяў.

У прымітыўных супольнасьцях, якія карыстаюцца адно “натуральнай” знакавай і сымбалічнай камунікацыяй, не ўзьнікае культуры.

Паміж прымітыўнай камунікацыяй гуманоідаў і грамадзтвам моўнай камунікацыі ляжыць вялікі адрэзак часу ў некалькі мільёнаў гадоў. Гэта быў пэрыяд вельмі павольных зьменаў як у самой канстытуцыі будучага чалавека, так і ў вонкавых спосабах яго жыцьцядзейнасьці. Сэнс гэтых зьменаў вызначаўся разьвіцьцём здольнасьцяў да навучаньня і саманавучаньня, якасьцямі, якія мае толькі чалавек, і якія не ўласьцівыя аніякім іншым жывым істотам.

Узьнікненьне грамадзтва мовы і маўленьня можна датаваць часам у 35.000—40.000 гадоў таму адносна нашай пары. Краманьёнскі чалавек, які тады жыў на поўдні заходняй Эўропы, ужо меў падобную да сучаснага чалавека будову моўнага апарату. У грамадзтве моўнай камунікацыі ўзьнікае культура, пра што красамоўна сьведчаць сотні насьценных малюнкаў, знойдзеных у пячорах на поўдні Францыі і ў Гішпаніі. У параўнаньні з нэандэртальцамі краманьёнцы былі сапраўднымі інтэлектуаламі сваёй эпохі. Дасьледчыкі лічаць, што дзякуючы менавіта мове і інтэлекту краманьёнцы выжылі пасьля таго, як у канцы ледавіковага пэрыяду істотным чынам зьмяніўся клімат.

Дзякуючы мове краманьёнскі чалавек мог больш эфэктыўна каардынаваць сваю дзейнасьць па здабываньні ежы і быў здольны да канцэптуалізацый і плянаваньня сваёй дзейнасьці.

Можна таксама дапусьціць, што аднойчы вынайшаўшы мову, як сродак камунікацыі, першыя людзі вынайшлі і сам прынцып пасяродкавай альбо інструмэнтавай дзейнасьці, а менавіта такой дзейнасьці, якую можа пастаянна ўдасканальваць праз вынаходніцтва новых інструмэнтаў (у тым ліку, і новых “словаў-паняткаў”). У гэтым сэнсе кожнае слова, кажучы вобразна, можна разглядаць як інструмэнт ці прыладу дзеля таго, каб “выкопваць”, знаходзіць і “расчышчаць” новыя сэнсы і значэньні.

Увогуле, інструмэнтавая дзейнасьць — гэта дзейнасьць, якая рухае да стварэньня новага сьвету, а менавіта сьвету чалавечай культуры. Мова сама па сабе, безумоўна, не зьяўляецца чыньнікам наўпростых зьменаў у сацыяльным жыцьці чалавека, аднак, відавочна, што паміж ускладненьнем моўнай камунікацыі і ўскладненьнем сацыяльнай арганізацыі існуюць пэўныя паралелі.

Дарэчы, калі паглядзець на сёньняшняе грамадзтва, дык камунікацыя і мысьленьне робяцца ўсё больш заўважнымі і наўпроставымі чыньнікамі сацыяльных зьменаў. Гэта бачна з таго, што ў сёньняшнім сьвеце інтэрвал часу паміж нейкай каштоўнай ідэяй і яе ўвасабленьнем пастаянна скарачаецца.

Варта тут таксама сказаць і пра такі цікавы фэномэн, як грамадзтва вуснай камунікацыі ці, як яшчэ яго называюць, фэномэн вуснай культуры. Пэрыяд вуснай культуры характэрны практычна для ўсіх грамадзтваў на раньніх ступенях іх разьвіцьця. Між іншым, грамадзтвы вуснай культуры амаль што да апошняга часу існавалі паралельна грамадзтвам пісьмовай культуры.

Росквіт грамадзтва вуснай культуры згаданы ў першай лекцыі Харальд Ініс зьвязвае з пэрыядам распаўсюджваньня эпічных паэмаў. Складаньне і вусная перадача вялікіх эпічных тэкстаў запатрабавала складанай тэхнікі запамінаньня. Распавядальнікі, якія гадзінамі расказвалі напамяць цэлыя паэмы, уражвалі. Як у старажытнай Грэцыі, так і ў старажытнай Індыі распавядальнікі паэмаў мелі вялікі інтэлектуальны ўплыў і рэальную ўладу над людзьмі, і таму распрацаваныя імі складаныя прыёмы запамінаньня былі каставай тайніцай.

Вусныя тэксты не былі тэкстамі кананічнымі і завершанымі, а гэта азначала, што кожны распавядальнік мог у іх нешта мяняць і нешта дадаваць сваё. Таму вусны тэкст на працягу ўсяго свайго існаваньня пастаянна мяняўся. У ім знаходзілі сваё адлюстраваньне пазьнейшыя падзеі, што былі важнымі для слухачоў, якія былі іх сучасьнікамі, а ранейшыя падзеі маглі атрымліваць зусім іншую інтэрпрэтацыю. Скажам, у меру пашырэньня тэрытарыяльных уладаньняў Афінаў вусныя эпічныя тэксты ўключалі ў сябе фрагмэнты міталёгіі і ведаў, якія належалі калянізаваным народам і плямёнам, і, як адзначае Ініс, зьмененыя, яны добра служылі мэтам калянізацыі новых тэрыторыяў альбо, калі ўжыць распаўсюджаную ў нас афіцыйную тэрміналёгію, іх “інтэграцыі”.

Адной зь вяршыняў старажытнагрэцкага грамадзтва вуснай камунікацыі зьяўляецца рыторыка. Адзначым, што аратарскае мастацтва ў старажытнай Грэцыі істотна паўплывала на разьвіцьцё публічнасьці, грамадзянскага пачуцьця і самой формы старажытнагрэцкай дэмакратыі. У позьні пэрыяд разьвіцьцё рыторыкі прыводзіць да ўзьнікненьня такой плыні ў старажытнагрэцкай філязофіі, як сафістыка.

Рыторыка ёсьць своеасаблівым відам камунікацыі перакананьня і ўплыву. І калі перакананьне і ўплыў робяцца галоўнай мэтай камунікацыі, то адсюль ужо недалёка да таго, каб дзеля дасягненьня гэтай мэты разглядаць усе сродкі як прыдатныя. На мове сафістаў гэта азначала, што аніякай канцовай альбо абсалютнай ісьціны не існуе. Ісьціна ёсьць рэч рэлятыўная, адносная, а таму ісьціна — гэта тое, у чым ўдалося пераканаць іншых.

Добра вядомы ўсім фальклёр — гэта таксама фэномэн культуры грамадзтва вуснай камунікацыі. Дарэчы адзначыць, што беларускі фальклёр як функцыянальная сыстэма зь яе найбольш старажытнымі элемэнтамі захоўваўся да канца 19 ст. Гэта цікавы факт з гледзішча таго, што беларускі фальклёр быў практычна адзінай жывой сыстэмай культуры беларускга этнасу, а само беларускае грамадзтва да гэтага часу фактычна заставалася грамадзтвам вуснай камунікацыі.

Мы ўжо адзначалі, што грамадзтвы вуснай камунікацыі могуць існаваць паралельна грамадзтвам пісьмовай культуры і грамадзтвам масавай камунікацыі. Шырокае распаўсюджваньне анэкдотаў, якія ў былым Савецкім Саюзе распавядаліся на палітычныя і самыя розныя іншыя тэмы,— сьведчаньне таго, што ў 60-я і асабліва ў 70-я і 80-я гады канца 20 ст. на адной шостай частцы зямной кулі існавала вялікае паралельнае грамадзтва вуснай камунікацыі. Няцяжка здагадацца, што паралельнае грамадзтва вуснай камунікацыі ў былым СССР паўстала з прычыны жорсткага ідэалягічнага кантролю за ўсімі бакамі сацыяльнага і культурнага жыцьця з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму.


Грамадзтва пісьма
Гісторыя пісьма — гэта гісторыя разьвіцьця сыстэмаў фіксаваньня ідэяў ад піктаграфічнага да альфабэтнага спосабу іх запісу. Хвалявая лінія абазначала возера альбо раку, лук і страла — паляваньне. Гэта найбольш старажытныя піктаграфічныя сымбалі, пры дапамозе якіх на пісьме перадаваліся паняткі. І паколькі для кожнай рэчы, ідэі альбо панятку патрабаваўся свой сымбаль, то каб камунікавацца неабходна было мець вялікую колькасьць самых розных сымбаляў. Каб навучыцца карыстацца такімі складанымі сыстэмамі запісу, неабходна было вучыцца некалькі гадоў. Таму колькасьць людзей, для якіх гэты камунікацыйны сродак быў даступны і зразумелы, была вельмі невялікая.

Піктаграфічным пісьмом, да прыкладу, карысталіся эгіпцяне. Першымі вынайшлі іншы спосаб запісу шумэры, якія жылі на поўначы ад Пэрсыдзкай затокі. Яны пачалі выкарыстоўваць стылізаваныя сымбалі не для абазначэньня рэчаў, паняткаў альбо ідэяў, а для абазначэньня асобных гукаў.

Камунікацыйны выйгрыш быў калясальны: цяпер для камунікаваньня патрабаваліся ня тысячы сымбаляў, а ўсяго толькі дзясяткі. Сыстэма запісу істотна спрашчалася, пісьмо рабілася даступным для значна большай колькасьці людзей. Гэта азначала, што працэс фіксаваньня і перадачы інфармацыі пашыраўся і на іншыя, акрамя гандлю і дзяржаўных справаў, сэгмэнты сацыяльнага жыцьця.

Другім важным элемэнтам узьнікненьня грамадзтва пісьмовай камунікацыі было вынаходніцтва больш транспартабэльных носьбітаў інфармацыі: папірусу, скуры і паперы.

У рэшце рэшт альфабэт і папера сталіся рэвалюцыйнымі чыньнікамі шматлікіх зьменаў у грамадзтве. Пачала ўскладняцца яго сацыяльная структура, бо шмат якія віды дзейнасьці сталіся магчымыя як важныя і самастойныя віды. Да прыкладу, навука і адукацыя. Распаўсюджваньне пісьменнасьці заангажоўвала ў інтэлектуальную дзейнасьць усё большую колькасьць людзей. Пашыраліся веды, і з гэтага зьявілася больш эфэктыўная магчымасьць сэлекцыйнага падыходу да саміх ведаў. Зафіксаваныя веды заўсёды лягчэй было праверыць на трываласьць, дакладнасьць, карыснасьць і важнасьць. Адпаведна, тыя веды, якія вытрымоўвалі гэтую праверку, перадаваліся і надалей. Магчыма, што з гэтай акалічнасьці і па сёньня шмат якія людзі маюць большы давер да напісанага і друкаванага слова, чымся да слова прамоўленага.

Да таго ж пісьмовая камунікацыя рабіла дачыненьні паміж людзьмі больш вызначанымі і адказнымі. Пісьмовы тэкст, напрыклад, напісаная дамова можа вызначаць стасункі паміж людзьмі на працягу месяцаў і гадоў. Дзякуючы пісьму веды значна лягчэй назапашваюцца, з чаго ўзьнікае так званы камуляцыйны эфэкт. Назапашаныя (эмпірычныя) веды пачынаюць прадукававць новыя (тэарэтычныя) веды.

Пераход ад грамадзтва вуснай камунікацыі да грамадзтва пісьмовай камунікацыі з гістарычнага пункту гледзішча — даволі працяглы працэс. І хаця грэкі і ўдасканалілі альфабэт, і хаця пісьмо ў старажытнай Грэцыі было вельмі пашыранай зьявай, аднак, як лічыць Харальд Ініс, грэцкае грамадзтва не было грамадзтвам пісьмовай камунікацыі. Паводле Ініс, у гэтым сэнсе яно хутчэй было пераходным грамадзтвам. На вуліцах і плошчах Афінаў шматлікія аратары прамаўлялі бліскучыя прамовы, а філёзафы па-ранейшаму вялі бясконцыя дыскусіі і спрэчкі. Дарэчы тут зьвярнуць увагу на той факт, што шмат якія тэксты грэцкіх філёзафаў дайшлі да нас у дыялягічнай альбо размоўнай форме. Добры прыклад — вядомыя дыялёгі Плятона. Старажытныя філёзафы ўсьведамлялі пэўныя праблемы, зьвязаныя з гэтым пераходам. Зьвернемся да плятонаўскага дыялёгу “Федр”. Сакрат пераказвае размову паміж Тотам, эгіпецкім богам мудрасьці, пісьма і ліку, і богам Амонам.

Амон кажа: “Гэта тваё адкрыцьцё (г.зн. адкрыцьцё пісьма) спародзіць у душах вучняў забыцьцё, бо яны ніколі ня будуць карыстацца сваёй памяцьцю. Яны будуць давяраць напісаным знакам, і ня будуць узгадваць пра сябе саміх. Тое, што ты вынайшаў — гэта не дапаможнік памяці, а толькі дапаможнік цьмяных рэмінісцэнцыяў; ты даеш сваім вучням ня ісьціну, а толькі падабенства ісьціны… Яны будуць падавацца ўсёведнымі, а ў галоўным нічога ведаць ня будуць”.

Сакрат працягвае: “Не магу, Федр, пазбавіцца ад пачуцьця, што пісьмо, на жаль, падобнае да жывапісу; творы мастакоў утрымліваюць пэўнае стаўленьне да жыцьця, аднак калі запытаешся ў іх пра гэтае стаўленьне, яны захоўваюць урачыстае маўчаньне…”

Гэткім чынам, пісьмо, паводле Сакрата і яго суразмоўцы, не прасьвятляе розуму чалавека, а вызваляе яго ад неабходнасьці ўдасканаліць сваю памяць. Наколькі апошняе было важным, вынікае з тэорыі ісьціны Плятона. Гэта — тэорыя прыпамінаньня. Чалавек, які зьвяртаецца да сваёй памяці, зьвяртаецца да самога сябе. Пісьмо ж, наадварот, як бы адпрэчвае і адлучае яго ад сябе. І тады чалавек мае толькі цьмяную веду. Такі прыкладна сэнс гэтых выказваньняў. Увогуле, пасаж паказвае прыклад, якую важную ролю для старажытных грэкаў адыгрывала вусная камунікацыя.

Рым і Рымскую імпэрыю Ініс лічыць грамадзтвам пісьмовай камунікацыі. Асноўнае адрозьненьне грамадзтва пісьма ад грамадзтва вуснай камунікацыі палягае на тым, што ў грамадзтве пісьма асновай рэгуляваньня стасункаў паміж людзьмі зьяўляецца ўжо ня вусная дамова ці пэўная сыстэма супольных уяўленьняў, а пісьмовы тэкст, пісаны закон альбо сыстэма пісаных законаў. Быць уладальнікам зямлі ці нерухомасьці ў старажытным Рыме азначала быць падпарадкаваным прававому закону ўласнасьці. Уласьнік — гэта той, чый маёмасны статус адпавядае ўсім патрабаваньням пісанага закону. Вядомы вам выраз “літара закону” акрамя ўсяго іншага паказвае і на тое, што сапраўдны закон — гэта пісаны закон.

У грамадзтве пісьмовай камунікацыі пісаны тэкст, наогул, зьяўляецца больш аўтарытэтнай крыніцай веды і інфармацыі за вуснае паведамленьне. Большы давер да пісьмовага тэксту часткова зьвязаны зь ягонай нутраной будовай. Часткі пісьмовага тэксту мусяць знаходзіцца паміжсобку ў лінійнай лягічнай залежнасьці. Кожная новая тэза ці думка павінна вынікаць з папярэдняй. Лягічныя супярэчнасьці ў пісьмовым тэксьце недапушчальныя. Нарэшце, пісьмовы тэкст мае большую строгасьць і яму ўласьцівая сыстэматычная форма выкладаньня матэрыялу.

Усё гэта разам робіць пісьмовы тэкст добрым сродкам культываваньня і кшталтаваньня абстрактных паняткаў, лягічнага і дакладнага мысьленьня. Рымскае права і на сёньня зьяўляецца заўважнай вяршыняй абстрактнага сыстэматычнага мысьленьня, дапасаванага да вельмі канкрэтных выпадкаў і розных сфэраў зносінаў паміж людзьмі ў грамадзтве. У старажытным Рыме мы знаходзім таксама і першыя парасткі сапраўднага навукова-пазытывісцкага мысьленьня.

Пісьмовая камунікацыя ў адрозьненьне ад вуснай камунікацыі — гэта камунікацыя дыстанцыйная. Пісьмовы тэкст як бы пашырае ўяўленьне аб сацыяльнай прасторы, размыкае прастору кожнага канкрэтнага мейсца, дзе знаходзіцца чалавек — прастору гораду, дзяржавы і дзяржаваў. Таму, напэўна, не выпадкова рымскі стаіцызм фармулюе шэраг глябальных на той час ідэяў. Гэта ідэі сусьветнай дзяржавы, сусветнага грамадзянства (касмапалітызм) і натуральнай справядлівасьці. Рымскі стаіцызм стаўся той эўрапейскай філязофскай сыстэмай, якая зрабіла першы крок да таго, што мы сёньня называем унівэрсальнымі ці ўсеагульнымі правамі чалавека.

І на заканчэньне гэтага параграфу адзначым уплыў вуснай і пісьмовай камунікацый на такую шырокую і абстрактную рэч, як “карціна сьвету”. У часы, калі вусная камунікацыя зьяўлялася адзінай формай камунікацыі, яе адпаведнікам была сыстэма антрапаморфных уяўленьняў чалавека пра сьвет. Месяц, сонца, грымоты, агонь і шмат якія іншыя прыродныя зьявы ператварыліся ў мэтафары чалавека. У тую пару быў спэрсанізаваны ўвесь космас і ўвесь прыродны сьвет.

Старажытны Рым, як грамадзтва пісьмовай камунікацыі, стаўся сьведкам распаду сыстэмы міталягічных вераваньняў і ўяўленьняў.

Пісьмовы тэкст, як гэта ні парадаксальна,— гэта быццам тэкст бяз аўтара. Аўтар пісьмовага тэксту гэта, прынамсі, не суразмоўца. У пісьмовым тэксьце ідэі і думкі — рэч амаль што самадастатковая. А моц ідэяў і думак — гэта перадусім моц саміх ідэяў і думак, якія выступаюць замяняльнікамі, дэкодэрамі і рэпрэзэнтантамі таго сьвету, які наўпрост ня бачны і не відавочны. Адпаведна гэтаму, грамадзтва пісьмовай камунікацыі стварае імпэрсаналізаваную карціну сьвету. Таму гэтую карціну называюць аб'ектыўнай. І нарэшце, грамадзтва пісьмовай камунікацыі — гэта грамадзтва, у якім чалавек адкрывае сябе для самога сябе, адкрывае сябе як індывіда. У пэўным сэнсе чалавек ператвараецца ў праблему для самога сябе. І гэта ёсьць вынікам паўстаньня аб'ектыўнай карціны сьвету.

Далейшае разьвіцьцё камунікацыі ў грамадзтве зьвязана з вынаходніцтвам мэханічных сродкаў тыражаваньня інфармацыі (тэкстаў). Таму наступны этап разьвіцьця камунікацыі і грамадзтва называюць грамадзтвам друкавальнага варштату ці эпохай Гутэнбэрга.


Эпоха Гутэнбэрга
Мы ўжо ўзгадвалі пра камуляцыйны эфэкт назапашваньня ведаў. Друкавальны варштат, вынайдзены Гутэнбэргам, якраз і быў вынікам назапашваньня розных ведаў і тэхналёгіяў. Альфабэт быў распрацаваны. Папера вынайдзена. Прэс быў вядомы са старажытных часоў, бо прэсы выкарыстоўваліся для адцісканьня з аліўкаў алею. Гутэнбэргу заставалася спалучыць усе гэтыя рэчы разам.

Якія ж былі наступствы і ўплыў Гутэнбэргавага вынаходніцтва? Перадусім друкавальны варштат дазваляў вырабляць сотні і тысячы копіяў. Пісьмовыя тэксты сталіся даступныя для значна большай колькасьці людзей, справакавалі цікавасьць да чытаньня, у выніку чаго пачынаючы з 16 ст. у Эўропе імклівымі тэмпамі распаўсюджваецца пісьменнасьць. Цікавасьць да чытаньня выклікала яшчэ адно важнае наступства. Раней мовамі адукаванай эліты былі лацінская і грэцкая, але новыя чытальнікі ня ведалі гэтых моваў. Таму ў шырокі ўжытак пісьмовай камунікацыі ўводзяцца мовы розных эўрапейскіх народаў.

Фармуецца новая каста пісьменных людзей. Гэта будучая буржуазія і сярэдняя кляса эўрапейскіх грамадзтваў. Увядзеньне ў шырокі пісьмовы ўжытак размоўных моваў было першым і вельмі моцным штуршком да ўзьнікненьня нацыянальных ідэалёгіяў і рухаў, якія прывялі да паўставаньня новых эўрапейскіх нацыяў і ўтварэньня нацыянальных дзяржаваў.

Друкавальны варштат робіць магчымым тыражаваньне ня толькі пісьмовых тэкстаў, але і малюнкаў, напачатку, натуральна, толькі чорна-белых. Тэксты і малюнкі да іх утвараюць першыя сапраўдныя кнігі, якія робяцца даступнымі для значна большай колькасьці людзей параўнальна з рукапіснымі кнігамі. Загэтым у працэс стварэньня новай эўрапейскай культуры і навукі ўцягваюцца ўсё новыя і новыя народы.

Да таго ж кнігадрукаваньне становіцца новым бізнэсам, які прывядзе да фармаваньня такіх паняткаў, як “інтэлектуальная маёмасьць” і “аўтарскія правы”.

Кнігадрукаваньне як бізнэс і як сродак камунікацыі ў самых розных стратах ці сэгмэнтах грамадзтва спрычынілася таксама і да працэсу сэкулярызацыі сацыяльнага жыцьця. Больш падрабязна гаворка пра гэта пойдзе ў далейшых лекцыях, прысьвечаных кнігадрукаваньню і мысьленьню ў эпоху друку.

І, нарэшце, грамадзтва электроннай камунікацыі альбо эпоха сынтэзу розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў.

Характэрнай асаблівасьцю грамадзтва электроннай камунікацыі зьяўляецца: а) паўставаньне новых (электронных) сродкаў камунікацыі; б) інтэнсыфікацыя і масавасьць камунікацыйных працэсаў; в) сынтэз розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў і г) глябалізацыя камунікацыйных і інфармацыйных працэсаў.

Радыё, тэлебачаньне, кампутарныя сеткі і іншае — гэта ўсё новыя сродкі электроннай камунікацыі. Шырокае выкарыстаньне ў сучасным сьвеце гэтых самых розных сродкаў вядзе да інтэнсыфікацыі і масавасьці камунікацыйных працэсаў. Аднак тут мы спынімся больш падрабязна толькі на сынтэзе розных відаў камунікацыі і камунікацыйных сродкаў.

Хоць радыёвяшчаньне і ўяўляе зь сябе від вуснай камунікацыі, тым ня менш яно зьяўляецца як мінімум сынтэзам двух відаў камунікацыі: вуснай і пісьмовай. Справа ў тым, што значная колькасьць інфармацыі, якая трапляе ў наўпроставы эфір — гэта інфармацыя, якая папярэдне была падрыхтаваная ў пісьмовай форме. Гэта таксама запісаныя на магнітафонную стужку тэксты, якія рэдагуюцца і рыхтуюцца да эфіру.

Тэлебачаньне — гэта сынтэз аўдыя і візуальнай камунікацыі. І, нарэшце, кампутарная камунікацыя — гэта мультымэдыйная камунікацыя. Адзначым, што ў сучасным грамадзтве кампутарная камунікацыя найбольш спрычынілася да глябалізацыі інфармацыйных і камунікацыйных працэсаў.

Названыя сродкі і віды камунікацыі будуць падрабязна разглядацца ў наступных лекцыях. Тут толькі адзначым, што грамадзтва электроннай камунікацыі добра карэлюецца з такім прынцыпам дэмакратычнага грамадзтва, як плюралізм думак, поглядаў і выказваньняў, бо сучаснае электроннае грамадзтва — гэта грамадзтва шматканальнай камунікацыі.

Што ж тычыцца ўплыву сучаснага грамадзтва электроннай камунікацыі на асобу, то некаторыя дасьледчыкі лічаць, што яно вядзе да фармаваньня слоевай ідэнтычнасьці чалавека. А ў шэрагу малых эўрапейскіх краінаў, дзе ангельская мова ператварылася ў другую функцыянальную мову — да ўзьнікненьня мультыкультурнай ідэнтычнасьці.

Экспансія электронных сродкаў камунікацыі — вельмі заўважны працэс у сучасных грамадзтвах другой паловы 20 ст. У сярэдзіне 50-х гадоў мейсца традыцыйных лямпавых прыёмнікаў пачынаюць займаць транзыстарныя. Транзыстарныя тэхналёгіі дазваляюць вырабляць танныя сэрыйныя радыёпрыёмнікі малых памераў. Дзякуючы гэтаму радыё як сродак камунікацыі пачынае займаць у паўсядзённым жыцьці людзей больш істотнае мейсца. У пэрыяд з 1960 па 1970 гг. колькасьць радыёпрыёмнікаў у Заходняй Эўропе павялічылася ў 7—8 разоў, а ў наступныя 20 гадоў — яшчэ ў 4 разы.

У 60-я гады пачынаецца шырокае распаўсюджваньне тэлебачаньня, якое хутка робіцца вельмі папулярным.

З прычыны таго, што тэлебачаньне базуецца на “жывой карцінцы” і сынтызуе розныя віды камунікацыі, ягонае экспрэсіўнае ўзьдзеяньне на аўдыторыю значна пераўзыходзіць узьдзеяньне традыцыйных відаў камунікацыі. Зь зьяўленьнем у кватэрах і дамох тэлевізійных апаратаў пачынаецца працэс паступовага выцясьненьня іншых сродкаў камунікацыі. Найбліжэйшым канкурэнтам тэлебачаньня аказваецца традыцыйны кінематограф зь ягоным публічным рытуалам дэманстраваньня фільмаў. У параўнаньні з 50-мі гадамі нашага стагодзьдзя колькасьць наведвальнікаў кіназаляў скарацілася ў сьвеце на адну траціну. Экспансію тэлебачаньня (пачынаючы з 60-х гадоў) зазнаў таксама і тэатар. Пачалі нават казаць пра сьмерць тэатру, але, сёньня лёс тэатру ўжо ніхто не ўспрымае ў апакаліптычнай пэрспэктыве.

Канкуруючы ўплыў тэлебачаньня зазналі на сабе таксама друкаваныя сродкі інфармацыі. У Францыі, да прыкладу, дзе 80 адсоткаў насельніцтва рэгулярна глядзіць тэлевізію, кожны другі не чытае газэт, а кожны трэці ніколі не чытае кніжак.

Найбольшы ўплыў тэлебачаньня зьведалі шматтыражныя буйныя газэты. А вось рэгіянальныя газэты, асноўны зьмест якіх складаецца зь інфармацыі лякальнага характару, у меншай ступені аказаліся залежнымі ад тэлебачаньня.

Трэба адзначыць, што буйныя шматтыражныя газэты спрабуюць канкураваць з тэлебачаньнем на тым жа самым полі, на якім тэлебачаньне мае вялізны посьпех, г.зн. — на полі экспрэсіўнасьці. Дасьледчыкі адзначаюць, што пад уплывам тэлебачаньня ў газэтах адбыліся зьмены ў падачы інфармацыі. Большы акцэнт сёньня робіцца на сэнсацыйнасьць паведамленьняў, на выкарыстаньні больш экпрэсіўных вобразаў, шокавых карцінак і фатаграфіяў. Зь зьяўленьнем тэлебачаньня выявілася тэндэнцыя да друкаваньня ў газэтах большай колькасьці скандальных матэрыялаў.

Радыё і тэлебачаньне паўплывалі на кнігадрукаваньне. Зьяўленьне партатыўных транзыстарных радыёпрыёмнікаў і “покітбукаў” — зьвязаныя рэчы. У афармленьні кніжных вокладак заўважная тэндэнцыя да большай экспрэсіўнасьці і, так бы мовіць, яркай карціннасьці.

З другога боку, пасьля некаторага пэрыяду спаду колькасьць наведнікаў буйных музэяў застаецца стабільнай. Аднак у музэяў сёньня зьявіўся новы канкурэнт — мультымэдыйныя энцыкляпэдыі па мастацтве.

Тэлебачаньне і зьяўленьне новых сродкаў камунікацыі, такіх, як аўдыя і відэазапісы, зьмянілі суадносіны паміж рознымі сродкамі камунікацыі. Калі ў 60-я гады дамінуючай была трыяда “радыё — плыта і сінематограф”, то сёньня — гэта “тэлебачаньне — аўдыя — відэакасэты і аўдыя-відэа і мультымэдыйныя дыскі”.

Экспансія сродкаў камунікацыі ў другой палове 20 ст. асабліва відавочная ў такой сфэры, як спажываньне тавараў. Сёньня продаж і купля тавараў амаль што цалкам апасродкаваныя рэклямай у сродках інфармацыі.

Як агульны вынік экспансіі камунікацыі і сродкаў камунікацыі трэба разглядаць таксама і зьмены ў сацыяльнай структуры грамадзтва. Наўрад ці варта сёньня сьцьвярджаць, што на вяршыні сацыяльнай піраміды знаходзяцца “гегемон-пралетарыят”, “шырокія народныя масы”, “простыя людзі”. Здабываньне, апрацоўка і перадача інфармацыі — гэта куды больш важны працэс у сучасным грамадзтве, чымся проста мэханічнае прадукаваньне традыцыйных тавараў. Апошняе, безумоўна, таксама важнае, але ўмельства вырабляць мутэркі, плавіць мэтал альбо даіць карову можа прэтэндаваць на прыярытэтную ролю толькі ў тэхналягічна і інфармацыйна адсталых грамадзтвах.

Вышэй мы ўжо казалі, што камунікацыя і мэдыі сталіся важным сацыяльным інстытутам сучаснага грамадзтва. І ў той жа час яны — важная частка практычна ўсіх сацыяльных інстытутаў. У той меры, у якой мэдыі і камунікацыі ўдзельнічаюць у працэсе спажываньня тавараў, аказаньня паслугаў і арганізацыі вытворчасьці, яны — частка эканамічнай сыстэмы любога грамадзтва. У той меры, у якой мэдыі і камунікацыя забясьпечваюць палітычныя працэсы ў грамадзтве, яны — частка палітычных інстытутаў. А ў той меры, у якой камунікацыя і сродкі камунікацыі забясьпечваюць арганізацыю вольнага часу чалавека, сямейнага побыту, выхаваньне дзяцей — яны частка такога сацыяльнага інстытуту, як сям'я.

Дагэтуль мы казалі пераважна пра тое, як сродкі камунікацыі паўплывалі на разьвіцьцё грамадзтва, на ягоныя структурныя зьмены і сацыяльнае жыцьцё. У сучасных грамадзтвах сродкі камунікацыі адыгрываюць, аднак, і яшчэ адну важную ролю, а менавіта ролю стабілізацыі сацыяльнага жыцьця. Няцяжка ўявіць, да якіх нэгатыўных сацыяльных наступстваў можа прывесьці спыненьне сучасных інфармацыйных і камунікацыйных сыстэмаў. Калі, да прыкладу, у такім вялікім горадзе як Менск усяго на гадзіну адключыць тэлефонную сувязь, эканамічныя страты і нават страты ў чалавечых жыцьцях будуць вялізныя. Спыненьне функцыянаваньня камунікацыйных сыстэмаў у сучасным грамадзтве здольнае спарадзіць татальны хаос і паніку.

Сур'ёзныя адмоўныя наступствы для стабільнасьці грамадзтва выклікаюць таксама абмежаваньні на свабоду інфармацыі. Хаця эфэкт гэтых абмежаваньняў не такі відавочны, як ў выпадку поўнага спаралізаваньня камунікацыйных сыстэмаў, ён, аднак, непазьбежна выяўляецца ў пэўнай часавай пэрспэктыве. Акрамя шэрагу іншых прычынаў, таталітарныя грамадзтвы распадаюцца яшчэ і таму, што ў іх існуюць абмежаваньні на інфармацыйныя свабоды. Скажоная і цэнзураваная інфармацыя ў такіх грамадзтвах вядзе да неадэкватнага ўспрыняцьця сацыяльнага жыцьця, прыняцьця неадэкватных рашэньняў і ў выніку да сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай крызы.

Праўда, мэдыі могуць і адмыслова скарыстоўваць розныя прыёмы для падтрыманьня стабільнасьці ў грамадзтве, аднак гэта не заўсёды вядзе да чаканых вынікаў. Зьвернемся да прыкладу расейскага і беларускага тэлебачаньняў. Я думаю, што ўсе заўважылі, колькі часу на расейскіх тэлеканалах займаюць розныя забаўляльныя праграмы. Сотні тысячаў беларускіх тэлегледачоў амаль што кожны вечар праглядаюць савецкія фільмы пэрыяду разьвітага сацыялізму, плачуць і радуюцца разам з героямі гэтых фільмаў, ціха настальгуюць па лепшых часах, якія ўжо незваротна адышлі. Пачуцьцё “як было добра раней” адсоўвае на задні плян усялякія непрыемныя думкі, “мабілізуе” грамадзтва на аднаўленьне таго, чаго няма і ўжо ніколі ня будзе.

І на завяршэньне скажам колькі словаў пра камунікацыю і мэдыі як сацыяльны інстытут. Як сацыяльны інстытут, мэдыі і камунікацыя існуюць у сфэры публічных стасункаў. Адсюль вынікае, што гэты інстытут мае дачыненьне да публічных і грамадзкіх справаў — гэта значыць да публічнай апініі і яе фармаваньня.

Мэдыі фармальна не надзеленыя ўладай. Асноўны сацыяльны прынцып функцыянаваньня мэдыяў — гэта свабода. У той жа час яны падпарадкоўваюцца пэўным законам грамадзтва. Як складаныя сацыяльныя інстытуты, яны функцыянуюць дзякуючы вялікай колькасьці самых розных роляў і функцыяў, якія выконваюць людзі, заангажаваныя ў камунікацыйную ці інфармацыйную дзейнасьць.


Літаратура

1. Britannica CD Encyclopedia // Communication.

2. Compton 's Interactive Encyclopedia // Communication.

3. Deluxe Encarta 98 // Communication Collage.

4. Lor і mer R. Mass Commun і cat і on. Manchester University Press, 1996.

5. Deaux K. and others. Soc і al Psychology і n the 90s. Books / / Company, 1993.

6. DeFleurMelv і n L. Theor і es of Mass Commun і cat і on, Longman, 1988.

7. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

Масавае грамадзтва і масавая камунікацыя

Плян:

1. Паўставаньне масавага грамадзтва

2. Вызначэньне тэрмінаў “масы”і “масавае”

3. Масавае і інфармацыйнае грамадзтва

4. Масавая камунікацыя ў масавым грамадзтва

Хоць у папярэдніх лекцыях мы і гаварылі пра зьмены, што адбываліся ў грамадзтве ў зьвязку з паўставаньнем новых сродкаў камунікацыі і іхным уплывам на розныя сацыяльныя працэсы, аднак будзе перабольшаньнем сьцьвярджаць, што масавае грамадзтва ёсьць вынікам разьвіцьця толькі камунікацыйных працэсаў і сродкаў масавай камунікацыі. Паміж масавай камунікацыяй і масавым грамадзтвам няма наўпроставай вытворнай залежнасьці. Масавае грамадзтва паўстала ў выніку разьвіцьця ня толькі масавай камунікацыі.

Рэч ў тым, што ад сярэдзіны 19 ст. у Эўропе і ў Амэрыцы пачынаюць адбывацца вельмі істотныя працэсы, зьвязаныя з машыннай тэхналягізацыяй вытворчасьці, яе спэцыялізацыяй, падзелам працы, фармаваньнем урбаністычна-індустрыяльных асяродкаў і, нарэшце, з ускладненьнем арганізацыі і сацыяльнай структуры грмадзтва. Пры гэтым адзначым, што як у канцы 19 ст., так і напачатку 20 ст. шмат якія вядомыя нам сёньня сродкі масавай камунікацыі альбо знаходзіліся толькі ў зародкавым стане, альбо наогул яшчэ не былі вынайдзеныя.

Першым, хто зьвярнуў увагу на тое, што ў грамадзтве пачалі адбывацца істотныя структурныя зьмены, быў, напэўна, Агюст Конт, францускі філёзаф і сацыёляг (1798—1857). Конт быў прыхільнікам новага пазытывісцкага альбо навуковага мэтаду вывучэньня грамадзтва і верыў у навуковы прагрэс. Навуковы мэтад, як мы цяпер ведаем, стаўся інструмэнтам шматлікіх адкрыцьцяў у самых розных галінах ведаў.

Фундамэнтальным прынцыпам Конта была канцэпцыя арганічнага грамадзтва. Гэтак жа сама як і арганізм, грамадзтва, паводле Конта, зьяўляецца структурай, якая складаецца з мноства розных частак альбо адзінак, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. Грамадзтва, аднак, характарызуецца яшчэ большай разнастайнасьцю складовых адзінак, дзе кожная выконвае сваю адметную функцыю. Конта захапляла менавіта тое, што хоць розныя людзі і дзейнічаюць, зыходзячы са сваіх прыватных і адрозных інтарэсаў, грамадзтва, аднак, функцыянуе як адзіны арганізм.

Ангельскі філёзаф Гербэрт Спэнсэр таксама быў прыхільнікам канцэпцыі арганічнага грамадзтва. Ён быў першым мысьляром, які сфармуляваў ідэю эвалюцыі ў дачыненьні да грамадзтва. Вынікам эвалюцыі Спэнсэр лічыў: а) індывідуалізацыю жывых арганізмаў і б) дыфэрэнцыяцыю і дывэрсыфікацыю грамадзтва, г.зн. зьяўленьне і разьвіцьцё новых яго частак.

Калі параўнаць ідэі Конта і Спэнсэра з тым, што ўяўляла зь сябе традыцыйнае грамадзтва, дык робіцца відавочным рэвалюцыйнасьць іх поглядаў. Традыцыйнае грамадзтва было замкнёным і кансэрватыўным, на працягу стагодзьдзяў у ім нічога істотнага не адбывалася, а арганічнае грамадзтва — гэта грамадзтва, для якога характэрныя працэсы інавацыяў, пастаяннага ўскладненьня і ўсё большай спэцыялізацыі ў ягоных частках.

Нямецкаму мысьляру Фэрдынанду Цёнісу належыць ідэя разрозьніваньня двух тыпаў грамадзтва — даіндустрыяльнага і індустрыяльнага. Цёніс зьвярнуў увагу на характар сацыяльных сувязяў у гэтых грамадзтвах. У даіндустрыяльным грамадзтве паміж людзьмі існавалі моцныя нефармальныя сувязі, якія базаваліся на пачуцьцях сваяцтва, сяброўства, знаёмства, прывязанасьці да пэўнага мейсца, а таксама — на супольных традыцыях. Менавіта такія сувязі задзіночваюць сем'і, жыхароў вёсак, мястэчак ці сяброў рэлігійных супольнасьцяў. Такі тып сувязяў натуральны для аграрнага грамадзтва. Аднак з падзелам працы, індустрыялізацыяй і паўстаньнем індустрыяльна-урбаністычных асяродкаў былыя сувязі парушаюцца. Мігранты, што зьяжджаюцца ў горад з самых розных мейсцаў — гэта незнаёмыя людзі, якіх ня зьвязваюць ні пачуцьці сваяцтва, ні пачуцьці сяброўства, ні нейкія кланавыя традыцыі.

Між тым індустрыяльныя супольнасьці існуюць і не распадаюцца. Задзіночвае самых розных людзей у гэтых супольнасьцях, паводле Цёніса, новы тып сацыяльных сувязяў, а менавіта — сувязі, якія базуюцца на кантракце, на яўнай і няяўнай дамове. Адкуль узьнікае дамова — гэты новы мэханізм падтрыманьня сувязяў паміж людзьмі? З падзелу працы і функцыяў, а таксама — з выкананьня абавязкаў, вызначаных той ці іншай функцыяй. Калі пакарыстацца сучасным сацыялягічным тэрмінам, то дамоўны характар зносінаў вынікае з тых сацыяльных роляў, якія абіраюць сабе людзі і, адпаведна, з тых статусаў, якія яны маюць альбо імкнуцца мець.

Гэта вельмі цікавая сытуацыя: з аднаго боку, грамадзтва і супольнасьці ў грамадзтве існуюць як цэлае і не распадаюцца, а, з другога боку, сувязі паміж людзьмі фармалізуюцца, і людзі як бы аддаляюцца адно ад аднаго.

Вось што піша Цёніс пра характар гэтых новых сувязяў: “…кожны — сам па сабе і ізаляваны, і паміж усімі існуе стан напружанасьці. Сфэра дзейнасьці кожнага пазначана асобнымі межамі; і гэткім чынам кожны адмаўляе іншаму ў тым, каб увайсьці ў гэтыю сфэру, інакш кажучы, умяшальніцтва разглядаецца як варожы акт. Падобнае нэгатыўнае стаўленьне адно да другога робіцца нормай… ніхто ня хоча штосьці даць альбо зрабіць для другога проста так, ніхто ня схільны да таго, каб з добрых намераў штосьці даць другому, а калі гэта і адбываецца, дык у абмен на падарунак ці ў абмен на эквівалент працы, які ён разглядае як, прынамсі, роўны таму, што ён даў”.

Відавочна, што характар гэтых новых сувязяў яўна кантрастуе з сувязямі, якія існавалі ў традыцыйным, так бы мовіць, “цёплым” грамадзтве. У індустрыяльным грамадзтве мяняецца і сыстэма ацэнкі чалавека. Цяпер чалавек ацэньваецца ня з гледзішча ягоных асабістых чалавечых якасьцяў, а з гледзішча функцыяў і абавязкаў, якія ён мусіць выконваць. Інакш кажучы, адбываецца дэпэрсаналізацыя стасункаў і зносінаў паміж людзьмі. Спэнсэр называў гэта індывідуалізацыяй (у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра індывідуалізацыю чалавека). Вобразна кажучы, чалавек ў моры соцыюму апынаецца на высьпе індывідуальнасьці.

Для разуменьня таго, чым ёсьць масавае альбо сучаснае грамадзтва, важныя таксама думкі яшчэ аднаго мысьляра, францускага філёзафа і сацыёляга Эміля Дуркгайма (1858—1917). Паводле Дуркгайма, падзел працы — гэта мэханізм фармаваньня новага тыпу сацыяльнай салідарнасьці. Як гэта не парадаксальна, але менавіта падзел працы робіць людзей залежнымі адзін ад аднаго пры выкананьні розных функцыяў, якія насамрэч зьяўляюцца часткамі адной агульнай задачы. Выкананьне гэтай адной агульнай задачы прымушае людзей скаардыноўваць свае дзеяньні і падтрымліваць трывалыя стасункі адзін з адным. Парадаксальнымі зьяўляюцца і сацыяльныя наступствы падзелу працы: залежнасьць людзей адно ад аднаго і іхная інкарпараванасьць у адну і тую ж агульную сыстэму прыводзіць не да нейкіх супольных і ўніфікаваных схемаў мысьленьня, а наадварот,— да таго, што кожны чалавек мае свой асабовы спосаб мысьленьня, сваю візію і свой пункт гледжаньня. Тое, што вышэй мы назвалі “выспамі індывідуальнасьці”, у кантэксьце развагаў Дуркгайма паўстае як новая сацыяльная прастора індывіда, узьніклая з прычыны спэцыялізацыі і адноснай адасобленасьці дзейнасьці, якой ён займаецца. У яшчэ больш шырокім сэнсе гэтая прастора — поле індывідуальнай свабоды чалавека.

У той жа самы час Дуркгайм усьведамляў, што падзел працы — далёка не адназначная зьява. Яна можа прымаць і “паталягічныя формы”. У выпадку, калі розныя віды дзейнасьці не скаардынаваныя і выразна ня вызначаныя, калі індывіды і розныя часткі грамадзтва ня здольныя эфэктыўна ўзаемадзейнічаць паміж собою, узьнікае небясьпека распаду салідарызацыйных сувязяў. Гэта выяўляецца падчас эканамічных і палітычных крызаў ува ўзмацненьні напружанасьці паміж працадаўцамі і наёмнымі працаўнікамі, у сацыяльных пратэстах і г.д. У такіх выпадках адбываецца дэзарганізацыя сацыяльнага жыцьця, людзі страчваюць пачуцьцё грамадзкасьці, а само грамадзтва ўжо не існуе як цэльная сыстэма.

Тут якраз будзе да мейсца ўзгадаць і яшчэ пра аднаго мысьляра — Карла Маркса. Маркс, відавочна, захапіўся “паталягічнымі формамі” падзелу працы. На “паталягічных формах” ён пабудаваў ня толькі сваю канцэпцыю гісторыі чалавечага грамадзтва зь ейнай клясавай барацьбой і пастаянным змаганьнем за сродкі вытворчасьці і ўладу, але і сваю гістарычную эсхаталёгію зь ейным камунізмам як дасканалымграмадзтвам будучага. Калі тут узяць пад увагу вызначэньне традыцыйнага грамадзтва і ідэю кантрастыўнага падзелу грамадзтва на даіндустрыяльнае і індустрыяльнае, то камунізм марксістоўцаў выглядае як нэапатрыярхальная ўтопія. Адсюль зразумела, чаму Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя зьдзейсьнілася не на радзіме Маркса, а ў Расеі — краіне, што пераходзіла ад даіндустрыяльнага (патрыярхальнага) да індустрыяльнага тыпу грамадзтва.У пераходных грамадзтвах “паталягічныя формы” падзелу працы заўсёды больш выразныя і доўгатрывалыя. Для самой Эўропы рэвалюцыйныя ідэі Маркса аказаліся крыху запозьненымі. Там ужо практычна адбыўся пераход да індустрыяльных ці, інакш кажучы, капіталістычных грамадзтваў. Апроч іншых характарыстык капіталістычнае грамадзтва — гэта грамадзтва зь істотна больш дынамічнай сыстэмай самарэгуляваньня, чымся ўсе тыя, што існавалі да яго, і праблемы, якія паводле Маркса і Леніна маглі быць вырашаныя праз пралетарскую рэвалюцыю, насамрэч вырашаліся ў заходніх грамадзтвах зусім іншымі сродкамі і спосабамі.

Тым ня менш, бясспрэчна тое, што марксізм зьвярнуў увагу на зьяўленьне ў капіталістычных грамадзтвах новай масавай сацыяльнай сілы — рабочай клясы. І, як вядома, марксізм адводзіў масам вядучую і вырашальную ролю ў гісторыі.

Дваццатае стагодзьдзе часам называюць стагодзьдзем масаў. І сапраўды, вялікія колькасьці людзей аказаліся ўцягненыя ў самыя розныя буйнамаштабныя сацыяльныя і палітычныя працэсы ў мінулым стагодзьдзі. Гэтая ўцягненасьць характэрная перадусім для таталітарных і аўтарытарных грамадзтваў, дзе масы ўяўляюць зь сябе даволі своеасаблівы фэномэн, а менавіта,— зьяўляюцца ідэалягічна ўніфікаванымі сукупнасьцямі людзей альбо такімі сукупнасьцямі, дзе стасункі паміж людзьмі базуюцца на рэпрэсіўных і рэгрэсіўных формах задзіночаньня і ўзаемадзеяньня. Даволі часта гэтыя стасункі маюць патэрналісцкі характар.

Як правіла, для падобных (таталітарных і аўтарытарных) грамадзтваў уласьцівая спрошчаная сацыяльная структура: на адным полюсе знаходзяцца “шырокія народныя масы”, “народ” альбо “простыя людзі”, а на другім полюсе,— “правадыр” ці “перадавы атрад усіх людзей працы” кшталту КПСС, як гэта было ў СССР.

Блізкасьць масаў і правадыра адмыслова культывуецца ў падобных грамадзтвах; правадыр можа быць добрым і адначасова вельмі суровым “бацькам”, які ведае пра ўсе беды, паўсядзённыя клопаты і праблемы простых людзей і з усіх сваіх сілаў імкнецца іх вырашыць. Культываваньне блізкасьці адбываецца праз наўпроставую камунікацыю правадыра “зь людзьмі працы”, г.зн. з “простымі людзьмі”; час ад часу ён таксама выкрывае карупцыю, шкодную дзейнасьць бюракратыі альбо намэнклятуры, выкрывае ворагаў у сваім найбліжшым атачэньні, і ў ахвяру служэньня “народу” прыносіць ўсяго сябе, сваё асабістае шчасьце і нават сямейнае жыцьцё. Блізкасьць правадыра да народу культывуецца і праз абарону ўсіх пакрыўджаных і абдзеленых. Наогул, правадыр паўстае як увасабленьне самой справядлівасьці і парадку ў грамадзтве. Ён жа адначасова і вялікі, і вельмі просты чалавек, блізкі і зразумелы самым шырокім народным масам.

Масы, у тым сэнсе, у якім тут ідзе пра іх гаворка,— гэта перадусім фэномэн, што паўстае падчас сур'ёзных сацыяльных катаклізмаў, крызаў ці “паталягічных станаў”, выкліканых альбо вонкавымі (параза ў вайне, да прыкладу), альбо нутранымі прычынамі эканамічнага разьвіцьця. Абуджэньне масаў падчас такіх пэрыядаў адбываецца, як правіла, на падставе даволі прымітыўных калектывісцкіх пачуцьцяў, а вынікам падобнага аб'яднаньня людзей ёсьць дэіндывідуалізацыя асобы. Чалавек пачынае ўспрымаць сябе як прадстаўніка натоўпу, а ўсіх астатніх з натоўпу — як адно “я”. Адмаўленьне чалавека ад свайго “я” можа дасягаць тут высокай ступені. У таталітарных і аўтарытарных грамадзтвах масавая мэнтальнасьць адмыслова культывуецца пры дапамозе той ці іншай ідэалёгіі і пэўных сацыяльных рытуалаў.

У дачыненьні да адкрытага грамадзтва тэрміны “масы” і “масавае” маюць, безумоўна, іншае значэньне, якое зьвязанае з тым, што пасьля другой сусьветнай вайны ў заходніх грамадзтвах выявіліся новыя тэндэнцыі да паслабленьня сацыяльных сувязяў паміж людзьмі, а таксама паміж чалавекам і рознымі, асабліва традыцыйнымі інстытутамі, такімі як касьцёл, царква і сям'я. Сталася відавочнай таксама і дэпалітызацыя грамадзтва, прынамсі, значна меншая колькасьць людзей цікавілася палітыкай як нацыянальнай, так і міжнароднай.

З гэтага ў новых тэорыях грамадзтва былі зроблены высновы, што індывід цяпер, магчыма, знаходзіцца ў стане псыхалягічнай ізаляцыі, што характар дачыненьняў паміж людзьмі робіцца ўсё больш безасабовым, што ў грамадзтве адсутнічаюць дастатковыя мэханізмы сацыяльнай кансалідацыі. Менавіта ў гэтым сэнсе і была сфармулявана канцэпцыя масавага грамадзтва. Прывядзем тут вызначэньне масавага грамадзтва, зробленае Брумам і Сэлзьнікам:

“Сучаснае грамадзтва складаецца з масаў у тым сэнсе, што ў грамадзтве паўстала вялікая маса сэгрэгаваных, ізаляваных індывідаў, якія праз шэраг вельмі спэцыялізаваных спосабаў сталіся ўзаемазалежнымі, аднак для якіх адсутнічае якая-небудзь галоўная аб'яднальная каштоўнасьць альбо мэта. Паслабленьне традыцыйных сувязяў, рост рацыянальнасьці і падзел працы стварылі грамадзтвы, складзеныя зь індывідаў, якія слаба зьвязаныя паміж сабой. У гэтым сэнсе слова “маса” ўказвае хутчэй на пэўную сукупнасьць людзей, чымся на добра зьнітаваную сацыяльную групу”.

Гэткім чынам, ідэя масавага грамадзтва паўстала як такая мадэль грамадзтва, якая фіксавала працэсы канчатковага разбурэньня традыцыяналісцкіх уяўленьняў пра мэханізмы сацыяльнай арганізацыі людзей і калектывісцкія спосабы іхнай жыцьцядзейнасьці. Яшчэ раз зьвернем увагу на такія яго характарыстыкі, як грамадзтва паслабленых і імпэрсаналізаваных сувязяў, сэгрэгаваных індывідаў, у якім мае мейсца пэўная псыхалягічная ізаляванасьць адной асобы ад другой і ў якім адсутнічаюць агульныя аб'яднальныя каштоўнасьці і мэты. Як можна паставіцца да такога тыпу грамадзтва? Ніводная з названых характарыстык, відавочна, не зьяўляецца ні адназначна нэгатыўнай, ні адназначна пазытыўнай. Можна, безумоўна, канстатаваць пэўныя страты ўва ўзаемадачыненьнях паміж людзьмі, аднак у такім грамадзтве ў рэшце рэшт самі людзі выбіраюць той лад жыцьця, які ім падабаецца. Гэтае грамадзтва ніякім чынам не абмяжоўвае ні свабоды чалавека, ні свабоды ягонага выбару. Абмежаваньні свабоды і свабоды выбару, наяўнасьць прымусова-аб'яднальнай ідэалёгіі і шмат якія іншыя непрыемныя рэчы назіраюцца якраз у таталітарных і аўтарытарных грамадзтвах.

Праблема кансалідацыі, тым ня менш, застаецца. Гэтая праблема абудзіла пошукі калі ня новых аб'яднальных ідэалёгіяў, дык, прынамсі, новых унівэрсалісцкіх фармулёвак сучаснага грамадзтва. Мы ўжо неаднаразова адзначалі, што другая палова 20 ст. — гэта пэрыяд імклівага росту і экспансіі сродкаў камунікацыі ўва ўсіх сфэрах грамадзтва. Апошняя сталася падставай таго, што самі сродкі масавай камунікацыі пачалі разглядацца ў якасьці аб'яднальнага фактару ці нават новай аб'яднальнай “ідэалёгіі”. Вельмі сьцісла і вобразна гэтую ідэю сфармуляваў амэрыканскі палітоляг Ласвэл, які аналізаваў фэномэн масавай прапагады сярод амэрыканцаў падчас другой сусьветнай вайны. Мэдыі, пісаў ён,— гэта “новы молат і кавадла сацыяльнай салідарнасьці”.

Гэткім чынам, у больш агульным сэнсе масавае грамадзтва трэба вызначыць як грамадзтва, у якім мэдыі і масавая камунікацыя могуць адыгрываць даволі істотную кансалідацыйную ролю. Якія ж іншыя мадэлі сувязяў усё ж такі існуюць у грамадзтве масавай камунікацыі паміж людзьмі і мас-мэдыямі?

Гэта перадусім мадэль апасродкаваньня сацыяльных дачыненьняў. Відавочна, што кожны з нас абмежаваны ў магчымасьцях кантактавацца зь іншымі людзьмі, удзельнічаць альбо прысутнічаць пры тых ці іншых падзеях, наўпрост бачыць многае з таго, што адбываецца ў тым сьвеце, дзе мы жывем. Але ў той жа самы час, дзякуючы сродкам масавай камунікацыі, хаця і ў не наўпроставай форме, гэта робіцца магчымым.

Прагляд нацыянальных інфармацыйных праграмаў і праграмаў навінаў у сучасных грамадзтвах зрабіўся ледзьве не штодзённым рытуалам, у якім адначасова ўдзельнічаюць сотні тысячаў і мільёны людзей. І ў гэтым сэнсе мэдыі як бы далучаюць людзей да тых падзеяў, у якіх яны ня ўдзельнічалі.

Мэдыі апасродкуюць і нашы калектыўныя ўяўленьні пра сьвет, садзейнічаюць стварэньню агульнакалектыўных сымбаляў часу і мейсца (краіны), у якой мы жывем. Урэшце, яны ня толькі фармуюць нашыя ўяўленьні пра навакольны сьвет, але і зьвязваюць нас з гэтым сьветам.

Існуе шэраг мэтафараў, якія перадаюць гэтую апасродкаванасьць нашых сацыяльных дачыненьняў. Да прыкладу, мэдыі часам параўноўваюць зь люстрам, уважаючы, што яны нескажона адлюстроўваюць падзеі нашага жыцьця. Гэта даволі старая мэтафара, якая і зараз выкарыстоўваецца ў назовах некаторых газэтаў ці тэлевізійных праграмаў.

Мэтафара “форуму” ў дачыненьні да мэдыяў нагадвае, што мэдыі могуць быць мейсцам публічных сустрэчаў і выказваньня самых розных поглядаў і ідэяў. Падобная сувязь паміж мэдыямі і слухачамі ці тэлегледачамі асабліва заўважная ў перадачах, якія выкарыстоўваюць наўпроставы эфір, даючы людзям публічную магчымасьць удзельнічаць у абмеркаваньні тых ці іншых грамадзкіх праблемаў.

Яшчэ адну мадэль сувязі паміж мэдыямі і грамадзтвам можна вызначыць як мадэль нацыянальнага і сацыяльна-культурнага інтэграваньня. Хаця сёньня практычна ўсюды можна праглядаць дзясяткі самых розных тэлевізійных каналаў, аднак кожная краіна мае, як правіла, некалькі нацыянальных тэлевізійных праграмаў. Тое ж тычыцца і розных радыёпраграмаў. Звычайна нацыянальныя каналы карыстаюцца большай папулярнасьцю. Гэта, безумоўна, сьведчыць пра тое, што людзі адчуваюць патрэбу быць інтэграваным у грамадзтва, у якім яны жывуць. Ад гэтай інтэграванасьці залежыць іх паўсядзённае жыцьцё і іхні ўплыў на сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя працэсы ў краіне. Ад ступені інтэграванасьці насельніцтва ў рэальныя працэсы залежыць таксама, наколькі моцнай і ўплывовай зьяўляецца грамадзкая думка. Добрым прыкладам у гэтым сэнсе ёсьць Беларусь. З прычыны таго, што беларускія дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ знаходзяцца пад моцным ідэалягічным уціскам і кантролем (у выпадку незалежных СМІ — гэта перадусім ўціск фінансава-падаткавы), ступень інтэграванасьці грамадзянаў краіны ў рэальныя сацыяльныя, палітычныя і эканамічныя працэсы вельмі нізкая. З гэтай жа прычыны грамадзкая апінія ў Беларусі не заўсёды выразная і эфэктыўная, а рэальны ўплыў людзей на грамадзкае і сваё ўласнае жыцьцё мінімальны. Адпаведна, ні свае думкі, ні свае паводзіны людзі не разглядаюць у якасьці рэальных чыньнікаў зьмены сацыяльнай ці эканамічнай сытуацыі. У такім тыпе грамадзтва грамадзкая думка зазвычай робіцца аб'ектам маніпуляваньня з боку ўладаў, якія імкнуцца стварыць падфарбавана-прыгожую карціну жыцьця. У больш агульным сэнсе маніпуляваньне грамадзкай думкай мае на мэце здушэньне крытычнага мысьленьня і крытычнай апініі адносна стану грамадзкіх справаў, сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай сытуацыі.

Яшчэ адзін тып сувязяў мэдыяў і грамадзтва можна вызначыць як тып культурнага і нацыянальна-культурнага ідэнтыфікаваньня і самаідэнтыфікаваньня. Гэты тып надзвычай важны ў тым сэнсе, што ён забясьпечвае бесьперапынны альбо кантынуальны характар уяўленьняў людзей пра грамадзтва, у якім яны жывуць, і пра саміх сябе. Існуюць два вымярэньні працэсаў нацыянальна-культурнага ідэнтыфікаваньня і самаідэнтыфікаваньня: гістарычнае, зьвернутае да мінуўшчыны, і пэрспэктыўнае, зьвернутае да будучыні. Але ў гэтым кантэксьце гісторыя альбо мінуўшчына — гэта ня столькі гісторыя падзеяў і фактаў, колькі гісторыя сымбаляў і пачуцьцяў. Большасьць людзей у грамадзтве, як вядома, не зьяўляецца гісторыкамі, і іхнае веданьне мінуўшчыны сваёй краіны ёсьць веданьнем на ўзроўні гістарычных сымбаляў і пачуцьцяў. Менавіта ў фармаваньні гэтых сымбаляў і пачуцьцяў мас-мэдыі і адыгрываюць, як правіла, вельмі істотную ролю. Тое ж самае і ў вымеры пэрспэктывы. Зазвычай гэты вымер разгортваецца ў розных аналітычных праграмах і перадачах. Спалучэньне гэтых двух вымераў ператварае грамадзтва ў аб'ект зьменаў і трансфармацыяў, які як бы знаходзіцца на адлегласьці ад чалавека, а сам чалавек уяўляе сябе актыўным пачаткам у пераўтварэньнях і зьменах грамадзтва. Калі гэтую думку сфармуляваць інакш, то двухвымерная візія грамадзтва — гэта візія з пункту гледжаньня і пазыцыі чалавека, асобы, якая пачуваецца заангажаванай у жыцьцё грамадзтва і небеспадстаўна перакананай у тым, што ад гэтай заангажаванасьці залежыць як цяперашні, так і будучы стан грамадзкіх справаў, узровень правоў і свабодаў, стан эканомікі і шмат якія іншыя практычныя рэчы. Дарэчы адзначыць, што сучасныя грамадзтвы культывуюць нацыянальную ідэнтычнасьць не як этнічную, а менавіта як ідэнтычнасьць грамадзянскую.

Пэўныя зьмены ўва ўяўленьнях аб масавым грамадзтве адбыліся ў 60-я гады 20 ст. Справа ў тым, што ў пасьляваенныя гады назіраецца імклівы рост сфэраў паслугаў. З аднаго боку, гэта сьведчыла пра тое, што людзі пачалі мець усё больш вольнага часу, з другога азначала, што колькасьць людзей, занятых у індустрыйнай і сельскагаспадарчай вытворчасьці, пачала скарачацца. Рост эфэктыўнасьці вытворчасьці быў выкліканы разьвіцьцём навукаёмістых тэхналёгіяў. Новыя навуковыя веды, трансфармаваныя ў новыя тэхналёгіі, спрычыніліся да зьменаў у сацыяльнай структуры грамадзтва. Набыцьцё ведаў альбо адукацыя сталася яшчэ больш масавым сацыяльным заняткам, і ўсё большая колькасьць маладых людзей пачала атрымліваць ня толькі сярэднюю, але і вышэйшую ўнівэрсытэцкую адукацыю.

Гэтыя зьмены ў грамадзтве амэрыканскі сацыёляг Дэніэл Бэл вызначыў як паўставаньне постіндустрыяльнага грамадзтва. Маючы на ўвазе рост значэньня ведаў і інфармацыі, а таксама зважаючы на разьвіцьцё сродкаў камунікацыі, такое грамадзтва часам называюць інфармацыйным грамадзтвам.

Сам тэрмін “інфармацыйнае грамадзтва” найверагодней быў вынайдзены ў Японіі на пачатку 80-х гадоў. Шэраг аўтараў апісваюць інфармацыйнае грамадзтва як грамадзтва, залежнае ад складаных электронных інфармацыйных і камунікацыйных сетак, якое выдаткоўвае галоўную частку сваіх працоўных рэсурсаў на здабываньне, апрацоўку інфармацыі і абслугоўваньне інфармацыйных і камунікацыйных сыстэмаў.

Галоўная характарыстыка інфармацыйных грамадзтваў — гэта экспанэнцыяльны рост вытворчасьці інфармацыі і пашырэньне інфармацыйных патокаў як у асобных грамадзтвах, так і ўва ўсім сьвеце. Другая асаблівасьць гэтых грамадзтваў — паўставаньне складаных інфармацыйных сетак. У сваёй кнізе “Будучыня масаваў аўдыторыі” Э.Нойман піша:

“Квінтэсэнцыяй новых электронных мэдыяў ёсьць тое, што ўсе яны зьвязаныя між сабой. Мы зьяўляемся сьведкамі разьвіцьця ўзаемазьвязаных элемэнтаў сеткі аўдыя- відэа- і электронна-тэкставай камунікацыі, якая ў будучыні зьліквідуе розьніцу паміж міжасабовай і масавай камунікацыяй, паміж публічнай і прыватнай камунікацыяй… У канцавым выніку гэта прывядзе да інтэлектуальнага плюралізму і пэрсаналізаванага кантролю над камунікацыяй”.

Як бачым з гэтае цытаты, Нойман даволі аптымістычна ацэньвае пэрспэктывы разьвіцьця сеткавай камунікацыі, у прыватнасьці, і інфармацыйнага грамадзтва ўвогуле.

Нагадаю яшчэ раз: масавая камунікацыя — гэта такі тып камунікацыі, які скіраваны на вялікую колькасьць людзей і разьлічаны на ананімную аўдыторыю. Аднак, калі ўзяць пад увагу тое, што інфармацыйнае грамадзтва вядзе да ўскладненьня інфармацыйных сыстэм і большай заангажаванасьці ў іх чалавека, то неабходна ўдакладніць зьмест панятку “масавая камунікацыя”.

Цытаваная вышэй Нойман як пра адну з асаблівасьцяў інфармацыйнага грамадзтва кажа пра ўзьнікненьне электронных інфармацыйных сетак, якія параўнальна з простым радыёпрыёмнікам ці тэлевізіяй вымагаюць новага ўзроўню камунікацыі. Гэты новы ўзровень — інтэрактыўнае ўзаемадзеяньне з крыніцамі інфармацыі. Прагляд тэлевізійных перадачаў ці радыё-праграмаў, безумоўна, патрабуе пэўнай псыхічнай актыўнасьці і заангажаванасьці чалавека, але падобная камунікацыя ўсё роўна застаецца аднабаковай.

Інтэрактыўнасьць — гэта такі спосаб камунікаваньня, які вымагае больш актыўнага ўдзелу і заангажаванасьці чалавека ў інфармацыйныя працэсы. Кампутарная камунікацыя — гэта прыклад інтэрактыўнай камунікацыі. Глябальная сетка Інтэрнэт — таксама прыклад інтэрактыўнай камунікацыі зь вельмі разгалінаванымі магчымасьцямі.

Дзякуючы інтэрактыўнай камунікацыі ў сетцы Інтэрнэт сталася магчымым працаваць зь вялізнымі банкамі дадзеных і масывамі інфармацыі; а пошук неабходнай інфармацыі сёньня займае ўжо ня месяцы і нават ня дні, а толькі гадзіны ці хвіліны. Важным сацыяльным наступствам постіндустрыяльнага грамадзтва, заснаванага на складаных электронных інфармацыйных і камунікацыйных сетках, мусіць быць сытуацыя, калі кантроль над інфармацыяй з боку дзяржавы, як гэта сёньня яшчэ мае мейсца ў шэрагу краінаў з таталітарнымі ці аўтарытарнымі рэжымамі, станецца немагчымым.

Хоць інфармацыя і ня ёсьць сынонімам ісьціны, аднак відавочна, што абмежаваньні на атрыманьне інфармацыі паводле ідэалягічных меркаваньняў — гэта заўсёды сьведчаньне таго, што яна зьяўляецца важным складовым элемэнтам разуменьня сапраўднага стану грамадзтва, у якім мы жывем.


Літаратура

1. Lorіmer R. Mass Communіcatіon. Manchester University Press, 1996.

2. Deaux K. and others. Socіal Psychology іn the 90s. Books / / Company, 1993.

3. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1988.

4. Фромм Э. Бегство от свободы. М., 1990.

5. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

6. Новейший философский словарь. Мн., 1999.

Функцыі мас-мэдыяў і масавай камунікацыі ў сучасным грамадзтве

Плян:

1. Сацыялізацыйная функцыя

2. Інтэграцыйная, кансалідацыйная і ідэнтыфікацыйная функцыі

Бадай відавочна, што большасьць людзей у сучасных грамадзтвах у сваіх уяўленьнях пра сьвет, пра саміх сябе і іншых робіцца ўсё больш залежнымі не ад якіх-небудзь ідэалёгіяў ці традыцыйных інстытутаў грамадзтва, а ад мас-мэдыяў і сфэры масавай камунікацыі. У шмат якіх сучасных сем'ях бацькі перадаручаюць выхаваньне сваіх дзяцей тэлевізіі, відэа, электронным цацкам і кампутарным гульням. І ад самага маленства электронныя нянькі ўплываюць на фармаваньне асобы і яе сьвядомасьць.

Працэс фармаваньня чалавека як сацыяльнай істоты называецца сацыялізацыяй. Інакш кажучы, гэта працэс фармаваньня вераваньняў, перакананьняў, поглядаў і мадэляў паводзінаў у грамадзтве. Можна таксама сказаць, што гэта працэс засваеньня і набыцьця чалавекам сацыяльных роляў і статусаў.

Сацыялізацыя адбываецца на працягу ўсяго жыцьця чалавека, аднак найбольш інтэнсіўны яе пэрыяд — дзяцінства і маладосьць. У гэты пэрыяд фармуюцца ня толькі погляды чалавека на самога сябе і іншых, але і сам чалавек фармуе сябе ў вачах іншых людзей, дамагаецца ад іх прызнаньня сябе такім, якім ён ёсьць, хоча быць ці яшчэ будзе. Разгортваецца гэты працэс па некалькіх накірунках: прафэсійным, калі чалавек засвойвае і сьцьвярджае сябе ў пэўнай прафэсіі, у накірунку набыцьця пэўнага мейсца ў сацыяльнай гіерархіі, сьцьверджаньня сваёй культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасьці, палавой асабовасьці ды ў іншым.

Як сьцьвярджаюць сацыёлягі, сацыялізацыя — гэта працэс падрыхтоўкі індывідаў да ўдзелу ў жыцьці сацыяльных групаў, у супольнасьці людзей і ў грамадзтве. Без працэсу сацыялізацыі індывідаў грамадзтва не было б здольнае самааднаўляцца і спынілася б у сваім разьвіцьці.

Таму з пункту гледжаньня грамадзтва, сацыялізацыя — гэта працэс перадачы ад адной генэрацыі да другой сацыяльных каштоўнасьцяў, навыкаў, ведаў, нормаў і мадэляў сацыяльных паводзінаў. Відавочна, што ў такім кантэксьце камунікацыя паміж людзьмі адыгрывае істотную сацыялізацыйную ролю.

Асаблівасьць сёньняшняга грамадзтва ў тым, што мас-мэдыі і масавая камунікацыя істотным чынам пашырылі поле магчымасьцяў сацыялізацыі індывіда ў самых розных накірунках і сфэрах. Калі, да прыкладу, у традыцыйным грамадзтве працэс сацыялізацыі адбываўся ў малых сацыяльных групах, перадусім у сям'і і на ўзроўні міжасабовай камунікацыі, да таго ж у даволі вузкім сацыяльным дыяпазоне, то сёньня ён адначасова адбываецца ў кантэксьце вялікіх супольнасьцяў людзей і ў шматлікіх вялікіх і малых сацыяльных групоўках. На тэлевізійным экране сёньня можна сустрэцца з прадстаўнікамі самых розных сацыяльных, культурных, этнічных, палітычных і г.д. груповак. Практычна гэта азначае, што ў сучасным масавым грамадзтве рэальны інфармацыйны выбар паміж рознымі сацыяльнымі статусамі і ролямі, якія прэзэнтуюць чалавеку мас-мэдыі, непараўнальна большы. Паходжаньне і каставая прыналежнасьць чалавека, якія ў традыцыйных грамадзтвах адыгрывалі вырашальную ролю, сёньня, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы сродкам масавай камунікацыі, сталіся неістотнымі пры выбары прафэсіі, пры набыцьці высокага сацыяльнага статусу і пэўнага мейсца ў сацыяльнай гіерархіі. У гэтым сэнсе можна казаць пра тое, што сродкі масавай камунікацыі спрычыніліся да большай празрыстасьці сацыяльных межаў і большай сацыяльнай мабільнасьці.

Ёсьць і яшчэ адна асаблівасьць, датычная працэсу сацыялізацыі, які адбываецца ў сёньняшніх грамадзтвах дзякуючы мас-мэдыям. Яе можна вызначыць як акцэнтуацыю альбо ўзмацненьне прэзэнтаваных мадэляў паводзінаў і чалавечых характараў. Кожны, напэўна, чуў выразы кшталту “Ну, такое бывае толькі ў кіно”, “Такіх людзей у жыцьці не бывае”. Сэнс гэтых выказваньняў у тым, што сродкі масавай інфармацыі часам рэпрэзэнтуюць акцэнтаваныя мадэлі паводзінаў і “канцэнтраваныя”, так бы мовіць, характары і вобразы людзей. Акцэнтаваныя мадэлі паводзінаў і акцэнтаваныя мадэлі характараў — гэта насамрэч даніна працэсу сацыялізацыі. Вобраз супэрмэна ў заходніх баявіках — гэта вобраз упэўненага ў сабе і сваіх сілах чалавека, які пераадольвае самыя розныя перашкоды на сваім шляху. І гэты вобраз звычайна вельмі папулярны ў падлеткаў, якія ні па сваім узросьце, ні па сваім жыцьцёвым досьведзе супэрмэнамі не зьяўляюцца.

Мас-мэдыі ў сёньняшнім грамадзтве — гэта і галоўны рэпрэзэнтант розных сацыяльных групаў і груповак. Праз мэдыі можна даведацца пра нормы, мадэлі і кодэксы паводзінаў, звычкі і характар адносінаў у такіх сацыяльных групах, як рэлігійная супольнасьць, палітычная партыя, банда рэкеціраў, спартовая каманда, рок-група, каманда журналістаў і г.д. Веды пра розныя сацыяльныя групоўкі — важны элемэнт сацыялізацыі. Яны даюць магчымасьць асобе знайсьці сваё мейсца ў складанай сацыяльнай структуры грамадзтва.

Бязь веданьня правілаў, нормаў паводзінаў, існуючай гіерархіі ў той ці іншай сацыяльнай групоўцы немагчыма знайсьці ў ёй сваё мейсца. Базуючыся на гэтых ведах, людзі будуюць і свае ўласныя мадэлі паводзінаў.

Мэдыі ўплываюць таксама і на ацэнкі тых ці іншых сацыяльных групаў і ў гэтым сэнсе ўплываюць на выбар чалавекам рэфэрэнтнай групы альбо той групы, зь якой ён будзе сябе ідэнтыфікаваць. Яшчэ больш відавочны ўплыў мэдыяў на сацыялізацыю дзяцей і падлеткаў у дачыненьні да працэсаў іхняга ўсьведамленьня сваёй полавай прыналежнасьці. Можна сьцьвярджаць, што тэлевізійны экран і відэа сёньня зьяўляюцца галоўнымі дарадцамі дзяцей і падлеткаў па сэксуальных праблемах. І здаецца, што ўжо пяцігадовыя дзеці ведаюць, што бусьлікі і капуста ня маюць аніякага дачыненьня да іхнага зьяўленьня на сьвет.

Ад таго часу, як зьявіліся газэты і часопісы, мас-мэдыі ператварыліся ў магутныя сродкі шырокага распаўсюджваньня ў грамадзтве розных ідэяў, тэорыяў і паняткаў. СМІ спрычыніліся да шырокай інтэлектуалізацыі грамадзкага жыцьця. З другога боку, пад уплывам сродкаў масавай камунікацыі ўспрыняцьцё сацыяльнай рэчаіснасьці сталася больш канцэптуалізаваным. Гэта адбываецца ад таго, што мэдыі апасродкуюць успрыняцьцё сацыяльнай рэчаіснасьці праз пэўныя тлумачальныя і інтэрпрэтацыйныя мадэлі. Зазначым, што ў рэйтынгу адукаванасьці прадстаўнікоў розных прафэсіяў журналісты, асабліва журналісты друкаваных мас-мэдыяў, займаюць мейсца, значна вышэйшае ад сярэдняга ўзроўню адукаванасьці. Пры гэтым менавіта мас-мэдыі культывуюць крытычны пагляд на палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і шмат якія іншыя працэсы, што адбываюцца ў грамадзтве.

Адным з прыкладаў канструяваньня новых значэньняў у грамадзкай сьвядомасьці можа быць слова “экалёгія”. У 60-я гады 20 ст. гэтае слова было вядома бадай вузкаму колу спэцыялістаў, якія займаліся вывучэньнем узаемазалежных стасункаў біялягічных арганізмаў і іхніх дачыненьняў з навакольным асяродзьдзем. Сёньня навука “экалёгія” і праблемы навакольнага асяродзьдзя, якія яна разглядае,— факт шырокага грамадзкага ўсьведамленьня, і гэта адбылося менавіта праз мас-мэдыі.

Аднак трэба мець на ўвазе, што мэдыі далёка не заўсёды прадукуюць толькі станоўчыя значэньні і сэнсы. Больш складаную візію паспрабуем падаць ніжэй, і дзеля збалянсаванасьці погляду зробім гэта ў кантэксьце тых, перадусім станоўчых, функцыяў, якія СМІ выконваюць у грамадзтве. У папярэдняй лекцыі мы ўжо закраналі гэтую тэму, калі казалі пра сувязі паміж грамадзтвам і мэдыямі ды вызначалі мадэль соцыякультурнага інтэграваньня і нацыянальна-культурнага ідэнтыфікаваньня.

Інтэграцыйная функцыя мэдыяў і камунікацыі — гэта функцыя забесьпячэньня цэльнасьці грамадзтва альбо яго функцыянаваньня як цэльнай сыстэмы. Перадусім пра азначэньне “цэльная сыстэма”. Цэльная сыстэма — гэта такая сыстэма, у якой нутраныя сувязі паміж яе элемэнтамі зьяўляюцца больш шчыльнымі, чымся сувязі паміж элемэнтамі сыстэмы і вонкавым асяродкам. Гэта даволі фармальнае вызначэньне, таму ў дачыненьні да грамадзтва трэба сказаць, што сувязі ў ім мусяць быць дастаткова лябільнымі і ня лішне жорстка вызначанымі. Калі гэтыя сувязі жорстка рэгулююцца, то, найверагодней, мы маем справу з таталітарнымі ці аўтарытарнымі грамадзтвамі.

У станоўчым сэнсе пра цэльнае грамадзтва мы гаворым тады, калі ў ім не існуе брутальных канфліктаў паміж асобай і ўладай, калі яно не расколатае на варагуючыя часткі. Цэльнае грамадзтва — гэта таксама грамадзтва, у якім эфэктыўна функцыянуюць самыя розныя яго падсыстэмы — ад эканомікі да культуры.

Хаця цэльнасьць грамадзтва падтрымліваецца палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі, адміністрацыйнымі і нават сілавымі сродкамі і спосабамі, масавая камунікацыя і мас-мэдыі таксама адыгрываюць у гэтым важную ролю. Кожная краіна мае ня толькі сваю нацыянальную сыстэму ці сыстэмы камунікацыі, але і сваю інфармацыйную прастору. І хаця ў сучасным сьвеце межы інфармацыйнай прасторы могуць далёка не супадаць з палітычнымі межамі краіны, аднак найчасьцей нацыянальныя сродкі камунікацыі і інфармацыі зьяўляюцца дамінуючымі ў інфармацыйнай прасторы кожнай краіны. Найбольшая канцэнтрацыя сродкаў камунікацыі назіраецца, як правіла, у адміністрацыйных альбо культурных цэнтрах краіны. Гэтая зьява невыпадковая, паколькі ў адміністрацыйных і культурных цэнтрах патокі інфармацыі найбольш шчыльныя. Да таго ж тут прымаюцца і найбольш важныя рашэньні, што тычацца як агульнанацыянальных, так і рэгіянальных інтарэсаў.

Кансалідацыйная функцыя. Адна старажытнарымская прымаўка кажа: “Калі пад сьценамі гораду зьбіраюцца ваўчыныя зграі, сваркі і звадкі ў горадзе суцішаюцца”. Дасьледчыкі мэдыяў і камунікацыі адзначаюць, што калі сытуацыя ў грамадзтве робіцца няпэўнай, мяняецца вельмі імкліва альбо існуе нейкая калектыўная небясьпека, людзі часьцей пачынаюць зьвяртацца да мас-мэдыяў. Тлумачыцца гэта тым, што ў сытуацыях няпэўнасьці і нявызначанасьці ўзрастае вартасьць інфармацыі, якая зьяўляецца падставовай ня толькі для ўразуменьня пераменаў, але і для прыняцьця рашэньняў. Між іншым гэты факт увідавочнівае і яшчэ адну акалічнасьць: сродкі масавай камунікацыі рэальна сталіся адным з галоўных сацыяльных інстытутаў у сучасных грамадзтвах, бо па сваім інфармацыйным патэнцыяле яны далёка пераўзыходзяць магчымасьці публічнай, міжасабовай камунікацыі альбо камунікацыі ў малых сацыяльных групах. Узрослая інфармацыйная залежнасьць грамадзтва ад сродкаў камунікацыі сьведчыць, што інстытут мас-мэдыяў ператварыўся ў адзін з самых магутных цэнтраў падтрымкі сацыяльных сувязяў паміж людзьмі, рознымі часткамі грамадзтва і зьяўляецца адным з сыстэмаўтваральных фактараў сучаснага грамадзтва.

Але найбольш заўважна кансалідацыйная функцыя мэдыяў выяўляецца, напэўна, на сымбалічным узроўні. Слова “сымбаль” грэцкага паходжаньня і літаральна азначае “злучаць”, “складваць разам”. У старажытнай Грэцыі існаваў звычай: калі сябры разлучаліся на доўгі час, яны бралі які-небудзь прадмет і разламвалі яго на дзьве часткі. Здаралася так, што яны маглі сустрэцца толькі праз шмат гадоў. І тады пазнавалі адзін аднаго, складваючы ў цэлае гэтыя часткі. У больш шырокім сэнсе сымбаль — гэта ўказальнік на нешта цэлае альбо нейкая частка, якая рэпрэзэнтуе больш шырокую рэальнасьць. Сымбалі — гэта самыя розныя знакі: ад літары да іконы. Як нашае жыцьцё, так і сфэра камунікацыі літаральна поўніцца рознымі сымбалямі.

Згадаем некалькі прыкладаў сымбаляў, якія маюць кансалідацыйнае значэньне. Сымбалі, якія адыгрываюць кансалідацыйную функцыю, базуюцца, як правіла, на такіх калектыўных пачуцьцях, як патрыятызм, нацыянальная годнасьць, на агульнапрынятых нормах і супольных грамадзкіх каштоўнасьцях. У паўсядзённым жыцьці сымбалічна-кансалідацыйную ролю адыгрываюць агульнанацыянальныя сьвяты, ушанаваньне выбітных асобаў, якія зрабілі важкі ўнёсак у разьвіцьцё нацыянальнай культуры, навукі і г.д. Перамогі спартсмэнаў на буйных спаборніцтвах таксама маюць сымбалічна-кансалідацыйнае значэньне. Сродкі масавай камунікацыі, як правіла, надаюць такім падзеям вялікую ўвагу.

Характар падачы навінаў і інфармацыі ў мас-мэдыях таксама можа мець сымбалічны сэнс. Акцэнтаваньне ўвагі на навінах і інфармацыіі нацыянальнага характару, безумоўна, не выпадковае. Частае зьяўленьне на тэлевізійных экранах выбітных палітыкаў нацыянальнага ўзроўню, буйных прадстаўнікоў нацыянальнай культуры і навукі, наогул любой выбітнай асобы, акрамя ўсяго іншага таксама мае пэўны сымбалічны зьмест. Нарэшце, самі вядучыя папулярных тэлепраграм ці журналісты могуць ператварацца ў “нацыянальныя сымбалі”. Гэта — асобы, якіх усе ведаюць.

Ідэнтыфікацыйная функцыя. Сродкі масавай камунікацыі прадукуюць таксама вялікую колькасьць сымбаляў мейсца і часу, якія выконваюць ідэнтыфікацыйную функцыю ў грамадзтве. Лякальныя сымбалі мейсца могуць выступаць ў якасьці сымбаляў супольнай культурнай, палітычнай і нават інфармацыйнай прасторы. Эйфелеву вежу, да прыкладу, называюць сымбалем Францыі. І яе выява на тэлеэкране ёсьць, адпаведна, адным з сымбаляў культурнае, нацыянальнае і дзяржаўнае прасторы Францыі.

Інфармацыйная праграма “Панарама” Беларускага тэлебачаньня — гэта сымбаль часу, які ўжо даўно скончыўся, у тым ліку і ў шэрагу постсавецкіх краінаў.

Хаця раней мы падкрэсьлівалі менавіта станоўчую ролю мас-мэдыяў і масавай камунікацыі ў фармаваньні і функцыянаваньні грамадзтва, аднак гэтая роля не заўсёды адназначная. Таму цяпер спынімся на такіх зьявах, як стэрэатыпы, гвалт, агрэсія, парнаграфія, рэкляма і некаторых іншых рэчах, што прысутнічаюць у сродках масавай камунікацыі.

Стэрэатып можна вызначыць як пэўную сэмантычную схему, якая фармуецца і ўжываецца ў дачыненьні да пэўных сацыяльных групаў альбо прадстаўнікоў гэтых групаў ці нейкіх сацыяльных зьяваў. Тэрмін “стэрэатып” быў уведзены ўва ўжытак у 1922 г. журналістам Уолтэрам Ліпмэнам. Ліпмэн вызначаў стэрэатыпы як “карцінкі ў нашых галовах”. Можна таксама сказаць, што стэрэатып — гэта пэўны ўстойлівы вобраз. Для Ліпмана стэрэатып — зьява нэгатыўная, і ён разглядаў яго ў якасьці сродку, пры дапамозе якога абараняюць і апраўдваюць сваю дыскрымінацыйную пазыцыю прадстаўнікі тых ці іншых сацыяльных групаў. Дзеля гэтай мэты ўжываюцца вельмі нэгатыўныя вобразы, якія як бы тлумачаць, чаму прадстаўнікі іншых групаў мусяць быць дыскрымінаваныя. Як даволі ўстойлівыя і насамрэч вельмі эмацыйныя вобразы, стэрэатыпы становяцца своеасаблівымі пускавымі мэханізмамі адпаведных паводзінаў у дачыненьні да тых людзей, якія зьяўляюцца аб'ектамі стэрэатыпных уяўленьняў. Калі, да прыкладу, вы ад якой-небудзь беларускай цёткі пачуеце, што “гэтых чачэнцаў трэба забіваць”, то перад вамі вынік створаных расейскімі СМІ стэрэатыпных уяўленьняў пра чачэнцаў як пра бандытаў, тэрарыстаў і лахцуёў. Выказваньні шэрагу нашых суграмадзянаў старэйшага ўзросту кшталту “Узяў бы ў рукі аўтамат і пастраляў бы ўсіх бізнэсмэнаў” альбо “Пастраляў бы ўсіх гэтых нацыяналістаў” адлюстроўваюць нэгатыўны зьмест стэрэатыпаў, створаных дзяржаўнымі СМІ як былога СССР, так і сёньняшняй Беларусі. Гэта прыклад зьнішчальнага стэрэатыпу, скіраванага на прадстаўнікоў іншага тыпу эканамічных узаемадачыненьняў і прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазыцыі.

Адносна шырокае распаўсюджваньне стэрэатыпаў можна патлумачыць тым, што яны ня толькі апэлююць да эмоцый чалавека, але і прапануюць лёгкія тлумачальныя схемы складаных сацыяльных зьяваў і паводзінаў людзей. Пры гэтым мас-мэдыі могуць значна хутчэй ствараць розныя стэрэатыпы і стэрэатыпныя ўяўленьні, чымся гэта адбываецца ў камунікацыйных сыстэмах вялікіх і малых сацыяльных груповак. Асабліва лёгка стэрэатыпы замацоўваюцца тады, калі інфармацыя зь іншых крыніцаў адсутнічае. Людзі зь нізкім адукацыйным узроўнем і некрытычным поглядам схільныя прымаць іх за ісьціну. Да прыкладу, шмат людзей на Беларусі сёньня шчыра перакананая ў тым, што расейскамоўнае насельніцтва балцкіх краінаў жорстка дыскрымінуецца па моўнай і этнічнай прыкмеце. Гэты стэрэатып, аднак, мае адмысловае паходжаньне і базуецца на імпэрскай дамінанце саўкова-расейскай сьвядомасьці, якая ў савецкія часы забясьпечвала моўную, культурную і палітычную дыскрымінацыю шматлікіх народаў былога СССР. Памкненьне захаваць расейскі ўплыў і дамінантную пазыцыю расейскай мовы ў новых незалежных краінах, якія раней уваходзілі ў СССР, ёсьць прычынай культываваньня падобных стэрэатыпаў і сёньня.

Трэба, аднак, мець на ўвазе, што стэрэатыпы далёка не заўсёды зьяўляюцца агрэсіўнымі і нэгатыўнымі па сваім зьмесьце; найчасьцей гэта спрошчаныя мадэлі ўяўленьняў пра тыя ці іншыя рэчы. “Парвалі ўсе эканамічныя сувязі”,— гэта стэрэатып спрошчанага тлумачэньня сёньняшніх эканамічных праблемаў у Беларусі. Ён быў прышчэплены да сьвядомасьці значнай колькасьці беларускага насельніцтва менавіта дзяржаўнымі СМІ. Паводле свайго прызначэньня гэты стэрэатып скіраваны на ўмацаваньне пэрспэктываў палітыкі інтэграцыі і аб'яднаньня з Расеяй.

У 1983 г. псыхолягам Дэйн Арчэ і ягонымі калегамі былі праведзеныя цікавыя дасьледаваньні адносна таго, як стэрэатыпныя ўяўленьні ўплываюць на рэпрэзэнтацыю мужчынаў і жанчынаў у мас-мэдыях. Яны прааналізавалі тэлевізійныя карцінкі, фатаграфіі ў газэтах і часопісах і іншыя крыніцы візуальных матэрыялаў. У пераважнай большасьці выпадкаў аналіз паказаў, што мужчынаў найчасьцей рэпрэзэнтуюць праз паказ верхняга пляну, галавы, твару, а жанчынаў праз паказ іх фігуры. Падобная рэпрэзэнтацыя адлюстроўвае той факт, што і ў сёньняшніх культурах вобраз мужчыны асацыюецца зь інтэлектуальным пачаткам, а вобраз жанчыны — зь яе фізычным выглядам і прыгажосьцю. Дзеля цікавасьці паназірайце, як у праграме “Сегоднячко” паказваюць жанчын-вядучых і як паказваюць Лява Наважонава ці іншых мужчынаў-вядучых. А паколькі большасьць тэлевізійных апэратараў мужчыны, то маладыя і прыгожыя жанчыны часам рэпрэзэнтуюцца і праз досыць нясьціплыя пляны.

Гвалт і агрэсія — гэта такія праявы, якія могуць дэстабілізоўваць жыцьцё грамадзтва, парушаць ці аслабляць сацыяльныя сувязі паміж людзьмі і прыводзіць да дэзінтэграцыі грамадзтва. Сцэны гвалту і агрэсіі даволі частыя на тэлевізійных экранах, у кіно і на газэтных палосах. Аналіз зьместу самых розных тэлевізійных праграмаў у ЗША паказаў, што ў сярэднім за гадзіну дэманструецца восем актаў гвалту. У некаторых мультфільмах акт гвалту зьдзяйсьняўся кожныя дзьве хвіліны. Псыхолягі падлічылі, што дзіцё, якое рэгулярна глядзіць тэлевізію, да 16 гадоў можа быць сьведкам 13 000 тысячаў забойстваў на тэлеэкране.

У зьвязку з апошнім узьнікае пытаньне: ці вядзе паказ падобных сцэнаў да ўзрастаньня гвалту і агрэсіі ў жыцьці грамадзтва?

Дзеля адказу на гэтае пытаньне былі ўжытыя дзьве дасьледчыя стратэгіі: экпэрымэнтальная стратэгія з выкарыстаньнем відэаматэрыялаў са сцэнамі гвалту і стратэгія назіраньня і маніторынгу за вынікамі прагляду фільмаў са сцэнамі гвалту, якія дэманстраваліся па ТВ. Было выяўлена, што залежнасьць паміж тэлевізійнымі сцэнамі агрэсіі і гвалту і паводзінамі людзей існуе, аднак яна не заўсёды наўпроставая. Хутчэй яе можна назваць карэляцыйнай. Да прыкладу, амэрыканскі псыхоляг Дэвід Філіпс вывучаў уплыў газэтных рэпартажаў пра самазабойствы на агульную статыстыку. У прыватнасьці, ён выявіў, што колькасьць самазабойстваў у ЗША прыкметна павелічалася пасьля таго, як на першай старонцы газэта “Нью-Ёрк Таймс” на працягу месяца друкавала рэпартажы пра суіцыды.

Статыстычную залежнасьць паміж сцэнамі гвалту і агрэсіўнымі паводзінамі пацьвярджаюць і іншыя дасьледаваньні, асабліва выразна гэтая залежнасьць выяўляецца сярод дзяцей. Дасьледаваньні ў ЗША, Польшчы, Фінлядныі і Аўстраліі паказалі, што паміж сцэнамі агрэсіі на тэлеэкране і агрэсіўнымі паводзінамі дзяцей існуе рэальная сувязь.

Дасьледчыкі зьвярнулі ўвагу і на тыя ўмовы, пры якіх гэтая залежнасьць робіцца больш відавочнай. Яна мае тэндэнцыю праяўляцца больш выразна, калі сцэны гвалту апраўдваюцца ў фільме. Другі важны фактар — гэта ступень, зь якой дзіця атаясамлівае сябе з героем фільму, які дэманструе агрэсіўныя паводзіны, і наколькі герой яму падабаецца.

Было таксама выяўлена, што ўплыў агрэсіі з экрану глыбейшы ў тых выпадках, калі жыцьцёвы асяродак дзіцяці ўтрымлівае элемэнты агрэсіі і гвалту.

З другога боку, было ўстаноўлена, што сувязь паміж гвалтам і агрэсіяй на тэлеэкране і ў жыцьці не сымэтрычная. Да прыкладу, калі дарослы чалавек і дзіця праглядаюць фільм разам і дарослы камэнтуе сцэны гвалту ў нэгатыўным сьвятле, то гэта істотна зьмяншае ўплыў. У дзяцей, якія ня маюць агрэсіўных схільнасьцяў і якія выхаваны ў дусе дапамогі і сяброўскага стаўленьня да іншых, сцэны гвалту, наадварот, могуць узмацняць нэгатыўныя ацэнкі праяваў агрэсіі як у жыцьці, так і на тэлеэкране.

Базуючыся на даволі вялікай колькасьці дасьледаваньняў, сучасныя псыхолягі схіляюцца да высновы, што залежнасьць паміж гвалтам і агрэсіяй ў мас-мэдыях і ў жыцьці існуе, аднак гэтая залежнасьць ёсьць толькі адной з прычынаў падобных сацыяльных зьяваў.

Парнаграфія. На працягу некалькіх апошніх дзесяцігодзьдзяў колькасьць відэа і друкаваных парнаграфічных матэрыялаў істотна павялічылася. У адным са сваіх інтэрвію Адам Глёбус, разрозьніваючы эротыку і парнаграфію, сказаў прыкладна наступнае: эротыка — гэта сэксуальнасьць у ейнай жаноцкай праяве, а парнаграфія — гэта выяўленьне мужчынскага пачатку ў сэксе. Псыхолягі вызначаюць парнаграфію як такую зьяву, якая спалучае ў сабе элемэнты сэксу і агрэсіі.

Фройд быў першым, хто адзначыў, што сэкс і агрэсія зьвязаныя. Ён пісаў, што сэксуальныя паводзіны большасьці мужчынаў дэманструюць сумесь агрэсіі і жаданьня падпарадкоўваць.

Які ж эфэкт аказваюць парнаграфічныя матэрыялы на сэксуальныя паводзіны мужчынаў? Як і ў сытуацыі з гвалтам і агрэсіяй на тэлеэкранах, дасьледчыкі адзначаюць хоць і не наўпроставую, але ўсё ж такі нэгатыўную залежнасьць, прычым залежнасьць больш вызначаную і больш нэгатыўную, чым у папярэднім выпадку.

У 60—70-х гг. 20 ст. шырока абмяркоўваліся вынікі гэтак званага натуральнага экспэрымэнту ў Даніі, дзе былі спачатку ўведзеныя, а потым зьнятыя абмежаваньні на продаж парнаграфічных матэрыялаў. Падчас гэтых абмежаваньняў істотных зьменаў у сэксуальных паводзінах не было заўважана. Аднак пасьля таго, як абмежаваньні былі зьнятыя, колькасьць сэксуальных правапарушэньняў зьменшылася. Гэта дало падставу высунуць тэорыю “выпускнога кляпану”, паводле якой парнаграфічныя матэрыялы як бы каналізуюць сэксуальную энэргію. Аднак праз пэўны час выявілася, што колькасьць сэксуальных правапарушэньняў зноў пачала расьці.

Шэраг наступных дасьледаваньняў усё ж такі засьведчыў, што мужчыны, якія цікавяцца парнаграфічнымі матэрыяламі, выяўляюць большую агрэсію ў дачыненьні да жанчын.

У адным з дасьледаваньняў было адзначана, што калі прагляд парнаграфічнага фільму адбываецца ў кампаніі другога мужчыны, то гэта істотна не ўплывае на ўзровень сэксуальнай агрэсіі, але калі кампаньёнам аказваецца жанчына, то ўзровень сэксуальнай агрэсіі істотна падвышаўся.

У адрозьненьне ад парнаграфіі, эратычныя матэрыялы могуць не выклікаць у мужчын сур'ёзных агрэсіўных пачуцьцяў альбо наогул не выклікаюць іх. На сёньня большасьць псыхолягаў пагаджаюцца з тым, што парнаграфія на тэле- і кінаэкранах, на відэа — гэта сур'ёзны фактар росту сэксуальнай агрэсіі супраць жанчын.

Рэкляма — рухавік прагрэсу. Крылаты выраз. Нехта сказаў, што ў сучасным грамадзтве спажываньня галоўная праблема — гэта не як вырабіць прадукт, а як яго разрэклямаваць і прадаць. Я ня маю аніякага намеру адмаўляць важнасьць рэклямы ў сучасных індустрыяльных і постіндустрыяльных грамадзтвах. Я хачу тут толькі заўважыць, што як гвалт і агрэсія ў СМІ рэкляма таксама не зьяўляецца адназначнай зьявай. Калі казаць пра беларускае грамадзтва, дык шмат каго на тэлеэкранах рэкляма проста раздражняе: адных таму, што перашкаджае глядзець баевікі ці сэнтымэнтальныя мыльныя опэры, другіх сваёй неадпаведнасьцю рэчаіснасьці, бо ў крамах у адны рукі даюць толькі два кіляграмы цукру, а трэціх таму, што яна зьяўляецца сымбалем таго жыцьця, якое сёньня недаступнае беларускім грамадзянам.

Неадназначнасьць уплыву рэклямы яшчэ і ў тым, што яна можа быць сродкам маніпуляваньня спажывецкімі паводзінамі. Якасьць рэклямы можа быць значна большай, чымся якасьць тавару, які яна рэпрэзэнтуе. Бадай што клясычным выпадкам здольнасьцяў рэклямы маніпуляваць спажывецкімі паводзінамі зьяўляецца гісторыя, зьвязаная з Эдвардам Джорданам, заснавальнікамаўтамабільнай фірмы, што ў дваццатых гадох выпускала аўтамабіль, які называўся Плэйбой. На той час у параўнаньні з аўтамабілямі Форда, Крайслера і іншых гэта быў далёка ня лепшы аўтамабіль.

Аднойчы летам 1923 г. Джордан падарожнічаў з Дэтройту ў Сан-Францыска. На сваім аўто ён спыніўся перад чыгуначным пераездам. Сцэна, якую ўбачыў Джордан, зрабіла яго пазьней вельмі багатым чалавекам. Побач зь цягніком на кані скакала вельмі прыгожая, загарэлая і атлетычна складзеная маладая жанчына. Валасы яе разьвіваліся па вятры. Зачараваны сцэнай, Джордан толькі запытаўся ў свайго калегі-спадарожніка: “Дзе мы знаходзімся?”

— Недзе на захад ад Лэрэмі,— пачуў у адказ.

У хуткім часе ў часопісах па ўсёй Амэрыцы зьявілася рэкляма, якая пачыналася словамі: “Недзе на захад ад Лэрэмі ёсьць… дзяўчына, якая ведае, пра што я кажу… Плэйбой быў створаны для яе...”

У рэкляме адсутнічалі якія-небудзь апісаньні ці характарыстыкі аўто, што былі нормай для ўсіх астатніх рэклямаў. Аднак менавіта гэтая рэкляма стварала захапляльны і рамантычны вобраз падарожжа ў аўто.

Джордан вынайшаў новы спосаб псыхалягічнага перакананьня і ўплыву на спажыўцоў, хаця якасьці ягонага аўто засталіся ранейшымі.


Літаратура

1. Lorіmer R. Mass Communіcatіon. Manchester University Press, 1996.

2. Deaux K. and others. Socіal Psychology іn the 90s. Books // Company, 1993.

3. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1988.

4. Lippmann W. Public Opinion. Free Press Paperbacks, 1997.

Сродкі масавай камунікацыі

Кніга

Плян:

1. Узьнікненьне друкаванага тэксту/кнігі

2. Гутэнбэрг

3. Утварэньне бібліятэк

4. Фігуры аўтара й чытача ў кніжны пэрыяд гісторыі

5. Узьнікненьне й разьвіцьцё аўтарскага права

6. Паўстаньне прыватнага выдавецкага бізнэсу ў Беларусі на пачатку 90-х

7. Беларуская выдавецкая справа пры канцы 90-х: крызыс

Да 15 ст. кнігі перапісваліся і таму былі надзвычай дарагія, даступныя толькі вузкаму колу людзей, а ў працэсе іх перапісваньня часта дапускаліся памылкі. Напрыклад, вазьміце дыскусію сучасных гісторыкаў наконт таго, ці не было памылкі перапісчыка ў летапісным паведамленьні зь першай згадкай пра Менск. Гаворка ідзе пра славутую фразу “Ад Менску к Нямізе”. Яно й зразумела: перапісчыкі 15 ст. мусілі капіяваць тэксты пра падзеі, аб якіх яны даволі часта ня мелі ні найменшага ўяўленьня. Да таго ж старыя тэксты звычайна былі напісаны мовай, якой перапісчыкі актыўна не валодалі.

Крытычнай перадумовай узьнікненьня друку было ўвядзеньне ўва ўжытак паперы, вынайдзенай у Кітаі. Папера трапіла ў Эўропу, як, дарэчы, і шматлікія іншыя тэхналягічныя вынаходніцтвы, праз пасярэдніцтва ісламскага сьвету. У ісламскім сьвеце папера распаўсюдзілася недзе ў 8 ст., і тады ж праз маўрытанскую Гішпанію яна стала пранікаць у хрысьціянскі сьвет, але канчаткова выцесьніла пэргамэн толькі ў 12 ст. Другой важнай перадумовай узьнікненьня друку было вынаходніцтва шрыфтоў. Джордж Сартан, вядомы гісторык навукі, вызначыў выраб друкарскіх шрыфтоў як найвялікшае дасягненьне эпохі Адраджэньня. Майран Гілмар лічыць вынаходзтва і разьвіцьцё друку з разборнымі шрыфтамі найбольш радыкальнай падзеяй інтэлектуальнай гісторыі заходняй цывілізацыі, якая раскрыла новыя гарызонты на шляху асьветы і перадачы ідэяў. Чалавекам, які спалучыў гэтыя вынаходніцтвы ў друкарскім варштаце, быў Ёганэс Генсфляйш, вядомы пад імем Гутэнбэрг.

Нарадзіўся Гутэнбэрг у сям'і ювэліраў у старадаўнім надрэйнскім горадзе Майнцы, які быў заснаваны яшчэ рымлянамі. Ягоны лёс быў досыць пакручастым. У выніку палітычнай барацьбы ён мусіў выехаць у Страсбург. Там Гутэнбэрг стварыў новы тып чарніла на базе льнянога алею і матрыцы з дрэва і сьвінца. Першая кніжка, Біблія, выйшла ў 1456 г.; дагэтуль захавалася 48 асобнікаў. З выданьнем Бібліі зьвязана цікавая гісторыя. Як толькі яна была надрукаваная, фундатар, уладальнік прадпрыемства, які даў грошы на Гутэнбэргаў праект, Ёган Фуст, схапіў у торбу тузін копіяў і вырашыў асабіста праверыць, ці акупяцца яму ягоныя інвэстыцыі. Ён, ясная рэч, паехаў у Парыж, найбуйнейшы ўнівэрсытэцкі цэнтар тагачаснай Эўропы, дзе ў Сарбоне і шматлікіх коледжах навучалася больш за 10 тысяч студэнтаў. Але там, у Парыжы, магутная карпарацыя кнігароў, пераплётчыкаў, кніжных мастакоў, пісараў дабілася таго, што Фустам занялася паліцыя. Гэтыя хітрамудрыя выдаўцы сьцьвярджалі, што адзін чалавек ня можа валодаць такой вялізнай колькасьцю кніжак, а калі ён імі і валодае, дык толькі дзякуючы дапамозе д'ябла. Фуст мусіў уцякаць з Парыжу, каб ня скончыць жыцьцё на вогнішчы. Ад самага пачатку кнігадруку камэрцыйны інтарэс выконваў ролю рухавіка прагрэсу, але, зь іншага боку, і тармозіў яго. Гутэнбэргу кнігадрук не прынёс багацьця. Ён ледзьве-ледзьве расплаціўся з даўгамі. Толькі пазьней кіраўнікі царквы зразумелі, якую карысьць у распаўсюджваньні хрысьціянскага вучэньня можа мець кнігадрук. Тады друкарні сталі ўзьнікаць у іншых гарадох, спачатку ў Нямеччыне, пасьля ў Італіі, Францыі, Нідэрляндах. Друкарні ствараліся найперш у буйных гандлёвых, банкаўскіх і ўнівэрсытэцкіх цэнтрах.

Першыя кнігі, якія выходзілі з друкарняў, былі вельмі моцна падобныя да рукапісных. У некаторых нават загалоўныя літары выконваліся ўручную або ў выглядзе мастацкіх мініятураў. Тым ня менш, друкаваныя кнігі ўжо на пачатку 16 ст. перамаглі рукапісныя ўсюды, дзе для гэтага былі мінімальна неабходныя эканамічныя перадумовы. Аднак у пэрыфэрыйных зонах эўрапейскага сьвету, напрыклад, у Расеі, рукапісныя кнігі затрымаліся даўжэй, бо там друку ўспрацівіліся царкоўныя і дзяржаўныя ўлады. Існуе апокрыф пра тое, што Францішак Скарына хацеў абагаціцца, асвоіўшы расейскі рынак, але ягоныя кніжкі былі спаленыя як герэтычныя, а сам ён мусіў вярнуцца ў Эўропу. Як мы ўбачым далей, беларусы традыцыйна імкнуліся кантраляваць усходні рынак друкаванай прадукцыі.

Усе кнігі, якія былі надрукаваныя да 1500 г., называюцца інкунабуламі (ад лацінскага слова, якое абазначае “калыска, пачатак”). На працягу 15 ст. усяго было надрукавана ад 8 да 15 мільёнаў кніг. Наўрад ці столькі змаглі вырабіць усе перапісчыкі разам, пачынаючы ад імпэратара Канстанціна. Амаль 45 адсоткаў кнігаў мелі рэлігійны характар. Амаль тры чвэрці зь іх былі на лаціне. Першымі бэстсэлерамі былі рэлігійныя тэксты: Біблія, De imitatione Christi, а таксама кнігі Эразма Ратэрдамскага, Лютэра і Арыёста.

Пачынаючы з 16 ст. пачалі ўтварацца буйныя бібліятэкі. Ад пачатку існавалі як прыватныя, так і дзяржаўныя калекцыі.

Захаваліся цікавыя зьвесткі пра бібліятэкі, якія існавалі напрыканцы 14 і на пачатку 15 стст. Гэтыя зьвесткі былі апрацаваныя і падсумаваныя францускімі дасьледчыкамі кнігадруку Фэўрам і Мартэнам.

“З 377 бібліятэк, пра якія ў нас ёсьць зьвесткі, 105 належала царкоўным ураднікам (52 — кіраўнікам царквы: арцыбіскупам, канонікам і абатам; 18 — прафэсарам і студэнтам унівэрсытэтаў; 35 — звычайным сьвятаром або сьвятаром-магістрам), 132 — судзьдзям, 45 — адвакатам, 10 — пракурорам, 15 — натарыюсам... Радавітыя шляхціцы амаль ня мелі бібліятэк, вельмі мала было іх у ваенных (усяго каля 30). Затое досыць шмат кнігаў мела гарадзкая буржуазія, гандляры, рамесьнікі: у цэлым 66 бібліятэк з 377 належала шкляром, сыраварам, ювэлірам, пекаром, гарбаром, кавалям, разьбяром, гандляром тканінамі, аптакаром і г.д.”

Пачынаючы з 15 ст. адначасова з працэсам сэкулярызацыі грамадзкага жыцьця ўвесь час расьце колькасьць бібліятэк, якімі валодалі сьвецкія асобы. Ад самага пачатку існавала 2 тыпы бібліятэк: бібліятэкі для карыстаньня й чытаньня і бібліятэкі дарагіх і прыгожых кніжак для ўпрыгожваньня.

Першыя публічныя бібліятэкі былі адчыненыя ў Італіі кардыналам Фэдэрыгам Барамэем (“Бібліятэка Амбразьяна”), у Францыі — кардыналам Мазарыні. У 17 ст. зьяўляюцца першыя перасоўныя бібліятэкі.

Дзьве бурныя гістарычныя падзеі паспрыялі стварэньню бібліятэк, даступных народу: Рэфармацыя і Контрарэфармацыя, а таксама Француская рэвалюцыя. Большая частка нацыянальных бібліятэк вялікіх эўрапейскіх краінаў таксама была закладзеная менавіта ў гэты пэрыяд: француская нацыянальная бібліятэка была створаная на базе бібліятэкі Карла V, Мэдычы-Ляўрэнцыянская бібліятэка аб'яднала зборы Казіма і Лярэнца дэ Мэдычы, пруская Stadtbibliothek паўстала з калекцыі кнігаў, сабраных Фрыдрыхам-Вільгельмам, а бібліятэка Робэрта Котана стала асновай збору Брытанскага музэю.

Цікава, што першыя зьвесткі пра крадзеж кнігаў адносяцца да эпохі Цыцэрона, бібліятэку якога абчысьціў несумленны нявольнік. Аж да 15 ст. кнігі здаваліся настолькі каштоўным прадметам, што за іх крадзеж маглі адлучыць ад царквы. Дараваньне за такі грэх можна было атрымаць, толькі вярнуўшы набытак ягонаму законнаму ўладальніку.

Паступова друкаваныя кнігі сталі ўсё больш і больш адрозьнівацца ад рукапісных. Рукапісныя кнігі пераважна ўлічвалі інтарэсы вырабнікоў, а не спажыўцоў. Так, напрыклад, скарачэньне словаў, ужываньне толькі зычных і пропуск галосных, былі прыдуманы, каб спрасьціць працу перапісчыкаў. Але гэта ўскладняла чытаньне тэксту. А вось друкары, імкнучыся перамагчы ў канкурэнцыі, стараліся зрабіць тэксты як мага больш чытэльнымі (нумарацыя параграфаў, ілюстрацыі, выкарыстаньне розных шрыфтоў, нумарацыя старонак), зручнымі для карыстаньня (узьніклі альфабэтныя паказчыкі, зьмест), і як мага больш дакладнымі (зьявіліся карэктары і дадаткі з указаньнем памылак).

Цікавай тэмай уяўляюцца тыя зьмены ўва ўспрыманьні фігураў аўтара й чытача, якія адбыліся пры пераходзе ад рукапіснай кнігі да кнігі друкаванай, і якія адбываюцца цяпер.

Мы схільныя ўспрымаць рысы сучаснага нам грамадзтва як нязьменныя ды ўнівэрсальныя, але ж гэта ня так. У рукапіснай культуры аўтарства тэкстаў было элемэнтам, якому не надавалася шмат увагі, прычым гэтая абыякавасьць была ўласьціва як вытворцам тэкстаў, так і іх спажыўцам. Суб'ект яшчэ не панаваў у гэтай сфэры, як не панаваў ён у сьвеце ўвогуле. Вельмі распаўсюджанай практыкай была ананімнасьць. Паняткам аўтара і літаратурнай крыніцы не надавалася тое самае значэньне, якое ім надаем мы сёньня. Сярэднявечныя навукоўцы не клапаціліся пра вызначэньне таго, чыю працу яны цытуюць, пра пазначэньне крыніцы, на якой яны грунтуюцца. Засталося шмат тэкстаў тае эпохі, якія, несумненна, маюць аўтарства, але нікім не падпісаныя.

Праблеме аўтарства сталі надаваць вялікую ўвагу тады, калі слова зрабілася таварам, роўным іншым таварам. З тае пары зьявілася прыватная ўласнасьць на слова. Чытач стаўся мэцэнатам, а плягіят — злачынствам. Інстытуцыяналізаваўся ўжытак цытатаў, дакладнага капіяваньня якіх ад нас цяпер вымагаюць правілы выкананьня навуковых дасьледаваньняў. Для гусьляроў паняткі плягіяту або капірайту ня мелі ніякага сэнсу. Але для нашчадкаў Агаты Крысты або Чэйза яны маюць вялікае значэньне. У рукапісную эпоху самачыннае капіяваньне і распаўсюджваньне тэксту разглядалася як варты ўхвалы ўчынак. У наш час за падобнае можна панесьці крымінальную адказнасьць.

Гэтыя рэвалюцыйныя зьмены вынікалі з рознай сутнасьці рукапіснай і друкаванай кнігі. У пэрыяд друку адрозьненьне сацыяльных роляў чытачоў і аўтараў нашмат больш выразнае, чым у эпоху рукапісаў (параўнайце рукапісную кніжку, дзе як аўтарскі тэкст, так і занатоўкі чытача маюць тую самую форму і тое самае значэньне). Апроч таго, сам працэс стварэньня рукапіснага твору быў, так бы мовіць, больш хатнім. Дастаткова сесьці за стол і кніга гатовая. Тэхналёгія друку разьмяжоўвае выраб і спажываньне. Працэс індустрыяльнага вырабу кнігі робіць неабходным прызнаньне кнігі як якаснага аўтарскага прадукту. Графаманія і эпігонства пачынаюць стрымлівацца фінансавымі абмежаваньнямі.

Практыка аўтарскага права, то бок практыка атрыманьня аўтарам тэксту ад свайго выдаўца пэўнай кампэнсацыі за продаж копіяў свайго тэксту, усталявался не адразу. У першае стагодзьдзе пасьля вынаходніцтва друку аўтары паводзілі сябе так, як і аўтары рукапісных тэкстаў, хіба што спрабавалі атрымаць “прэмію” спонсара-мэцэната ўзамен за прысьвячэньне яму свайго тэксту. Першы аўтарскі ганарар ад выдаўца атрымаў Эразм Ратэрдамскі, чые творы сталіся бэстсэлерамі, нягледзячы на тое, што іх рэгулярна забаранялі, ці дзякуючы таму, што іх рэгулярна забаранялі. У беларускамоўным дыскурсе законы аўтарскага права і па сёньня, здаецца, не заўсёды дзеюць.

Паколькі ў Сярэднявеччы любы чалавек меў права капіяваць любы твор, то на пачатку эпохі друку, калі нейкі выдавец выпускаў цікавую кнігу, дык ніхто не забараняў іншаму выдавецтву адразу ж яе перавыдаць. На першых парах такі падыход не ствараў амаль ніякіх праблемаў. Бо збольшага друкаваліся антычныя або біблійныя тэксты ў арыгінале, да таго ж ужо шырока распаўсюджаныя і вядомыя яшчэ ў рукапіснай традыцыі. Апроч таго, існавала вялізная патрэба ў кнігах, і таму нават некалькі адначасовых выданьняў добра і хутка прадаваліся, прыносячы прыбытак друкару.

Аднак такое становішча зрабілася непрымальным, калі памножылася колькасьць друкаваных кнігаў, і калі пераважная большасьць зь іх стала належаць сучасным аўтарам. У такой новай сытуацыі той факт, што выдавец ня меў манаполіі на арыгінальныя творы, якія ён друкаваў першы, пачаў ствараць значныя эканамічныя цяжкасьці. Паколькі гэта быў недэмакратычны час, дык выдаўцы спрабавалі абараняць свае правы з дапамогай каралеўскіх прывілеяў. У нас, у Беларусі, гэта звычайна былі княскія прывілеі. Першы вядомы ў гісторыі прывілей быў выпісаны мілянскаму выдаўцу Андрэа дэ Бозіісу. У Францыі прывілеі дасталіся пераважна буйным парыскім выдавецтвам, якія былі бліжэйшыя да каралеўскага двара, спрытнейшыя і больш вядомыя. А правінцыйныя выдавецтвы былі дыскрымінаваныя. Пірацкія выданьні, аднак, працягвалі буяць, пагатоў, што рэжым прывілеяў ніколі яшчэ не забясьпечваў нармальнага функцыянаваньня хоць якой галіны эканомікі. Да таго ж сыстэма прывілеяў не функцыянуе на міжнародным узроўні, яна дазваляе шматлікія махлярствы так, як дазваляе абысьці сябе складаназлучаная сыстэма кнігадруку і кнігараспаўсюджаньня Беларусі і Расеі ў наш час. Сыстэма прывілеяў 15—16 стст. прывяла да ўзьнікненьня складанага, блытанага і супярэчлівага заканадаўства.

Урэшце некаторыя эўрапейскія дзяржавы, перадусім Англія і Францыя, вырашылі заканадаўча замацаваць асаблівыя стасункі паміж выдаўцамі, а таксама паміж выдаўцамі і аўтарамі. Першыя юрыдычныя нормы былі ўстаноўлены ў прынятым у 1709 г. англійскім Акце аб аўтарскіх правах. У Францыі ў 1793 г. у рамках стварэньня рэвалюцыйнага права быў прыняты аналягічны закон, які прадугледжваў абарону аўтарскіх правоў на два гады пасьля сьмерці аўтара. У Нямеччыне першы закон такога кшталту быў распрацаваны ў 1839 г. у Саксоніі. Ён быў адметны тым, што ў ім правы аўтара абараняліся на пэрыяд 30 год пасьля сьмерці аўтара. Нарэшце ў 1886 г. была прынятая славутая Бэрнская канвэнцыя, якая канчаткова замацавала міжнародны характар прынцыпаў аўтарскага права. Беларусь далучылася да гэтай канвэнцыі толькі ў 1996 г.

Да 19 ст. аўтары, хаця й існавалі за кошт выдаўцоў, але саромеліся ганарараў і імкнуліся замаўчаць гэты факт. Шмат хто зь іх, да прыкладу, Вальтэр, публічна ганьбілі тых, хто піша дзеля заробку. Аднак клімат ставаўся ўсё больш і больш спрыяльны для тых, хто пісаў менавіта дзеля ганарару, бо публіка паступова рабілася галоўным заканадаўцам рынку, мэцэнатам і абаронцам аўтара. З часам усе астатнія матывацыі да пісаньня, апроч фінансавай, сталі падавацца наўпрост ідэалістычнымі ці нават маніякальнымі.

Беларускае заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў і сёньня не заўсёды пасьлядоўнае. Гэтак, адна юрыдычная норма сьцьвярджае, што запазычваць кавалкі тэкстаў і выкарыстоўваць іх у кампіляцыйным творы нельга, а другая, наадварот, дазваляе выкарыстоўваць урыўкі тэкстаў памерам да аднаго аўтарскага аркуша (дарэчы, аўтарскі аркуш складае 40 тысячаў знакаў, або 22,2 машынапісныя старонкі), пазначаючы крыніцу, зь якой яны ўзятыя, калі гэтага вымагае неабходнасьць поўнага і дакладнага раскрыцьця апісванага прадмету. Супярэчнасьці ў галіне юрыдычнага рэгуляваньня аўтарскага права абумоўленыя яшчэ й тым, што суб'екты гаспадараньня, якія займаюцца выдавецкай дзейнасьцю і зарэгістраваныя ў Беларусі, найчасьцей часткова або цалкам працуюць на задавальненьне патрэбаў расейскага рынку, а юрыдычныя нормы расейскага і беларускага заканадаўстваў не заўсёды супадаюць. Гэта дазваляе знаходзіць шматлікія варыянты маніпуляваньня заканадаўчымі актамі на прыватную карысьць. Асабліва сьмелыя парушэньні юрыдычных нормаў дапускаліся ў пэрыяд станаўленьня выдавецкага рынку на пачатку 90-х гадоў, калі адбывалася першапачатковае назапашваньне капіталу. Менавіта на той пэрыяд прыходзяцца знакамітыя выданьні твораў беларускіх пісьменьнікаў пад псэўданімамі Элізабэт Рыплей або Джэймс Чэйз выдавецтвам “Сучасная літаратура”. На той самы пэрыяд прыпаў і іншы прыём, якім карысталася, напрыклад, выдавецтва “Інтэрдайджэст”, якое не абцяжарвала сябе пошукам аўтара кнігі, а самачынна выдавала гэтую кнігу і толькі рэзэрвавала на спэцыяльным банкаўскім рахунку пэўную суму грошай, як аўтарскі ганарар для аўтара. І нават калі аўтар заўважаў, што ягоная кніга была перавыдадзена безь ягонага дазволу (не заўжды гэта магчыма, улічваючы вялізны абсяг расейскага рынку, як эканамічны, так і геаграфічны: адначасова выдаюцца сотні кнігаў, а кнігі, выдадзеныя ў эўрапейскай частцы Расеі ці Беларусі, амаль ніколі не трапляюць у Сібір і наадварот, з-за вялізных адлегласьцяў), дык выдавецтва аказвалася перад ім “чыстым”, прычым аўтар яшчэ мусіў адчуваць удзячнасьць, што выдаўцы пагаджаліся кампэнсаваць яму нейкую частку грошай на рахунку, якую зьела вялізная ў тыя часы інфляцыя. Іншай выгоднай справай было выданьне тэкстаў, якія ўжо выходзілі па-расейску на пачатку стагодзьдзя, але нашчадкі аўтараў якіх згубіліся ў віры крывавага 20 ст. Яшчэ адзін круцельскі фінт — выкарыстаньне кнігаў, аўтарскія правы на якія належалі выдавецтвам былой ГДР, што спынілі сваё існаваньне ці збанкрутавалі, не пасьпеўшы здаць справы заходненямецкім выдавецтвам. Махлярскім крокам была таксама пераробка твораў замежных аўтараў на расейскі, а дакладней савецкі лад (у 90-х гадох вельмі хутка ўзьнік вялікі попыт на тое, што нельга назваць ніяк інакш, як кандовым савецкім дэтэктывам зь дзеяньнем, якое адбываецца ў правінцыйным горадзе, сьледчым у шэрым гальштуку, дрэнным заўгаспам і гэтак далей). Ступень пераробкі залежала ад характару апісваных у кнізе рэаліяў. Іншы раз абмяжоўваліся адно заменаю імёнаў уласных, а напару прыходзілася перарабляць нават сюжэтную лінію.

Дарэчы, згаданае выдавецтва “Інтэрдайджэст”, утварыўшыся ў Беларусі (сябрамі Саюзу пісьменьнікаў на чале з Кудраўцавым), вельмі хутка ператварылася ў беларуска-расейскі выдавецкі дом з офісамі ў Менску, Смаленску і Маскве. Невялікі горад Смаленск фігуруе тут невыпадкова: там маецца вялізны й сучасны паліграфкамбінат. Іншыя выдавецтвы таксама прайшлі гэткую эвалюцыю. У прыватнасьці, можна згадаць выдавецтва “Белфакс”, якое было створанае як даччыная фірма газэты “Звязда” (прэзыдэнт Булацкі), у Менску, але ўрэшце перанесла цэнтар сваёй актыўнасьці ў Маскву, аж пакуль не прагарэла ў выніку расейскае эканамічнае крызы, як і многія іншыя выдавецтвы, што працавалі з замежнымі партнэрамі і займаліся выданьнем дарагіх, багата ілюстраваных кнігаў. Да вышэй згаданых можна дадаць выдавецтва “Харвэст” (на чале з Хацкевічам), выдавецкі дом “Современное слово” і г.д. Ясна, што традыцыйныя дзяржаўныя дыназаўры “Мастацкая літаратура”, “Полымя”, “Маладосць”, “Ураджай”, “Юнацтва” ня вытрымалі канкурэнцыі дынамічных рынкавых выдавецтваў і хутка апынуліся на мяжы банкруцтва. Традыцыйныя выдавецтвы і сёньня існуюць дзякуючы дзяржаўным датацыям, што адкрывае шырокую дарогу карупцыі, як гэта бывае зазвычай у абдзяржаўленай эканоміцы. Ад іхнай ідэйнай і тэхнічнай адсталасьці (уявіце сабе, што дагэтуль ня ўсе зь іх перайшлі на кампутарны спосаб падрыхтоўкі кніжак) пакутуе таксама беларускамоўная літаратура, бо пераважная большасьць датацыяў трапляе ў рукі менавіта гэтых неразваротлівых монстраў, дзе пануюць кумаўство і прынцып “рука руку мые”. На рынкавай жа аснове пакуль што выдаецца толькі дыдактычная ды навучальная літаратура на беларускай мове.

Дынамічнае разьвіцьцё выдавецкай справы ў Беларусі тлумачыцца адносна высокай, проці расейскай і ўкраінскай, ступеньню разьвіцьця паліграфічнай базы. Тут, відавочна, мае значэньне і гістарычная разьвітасьць выдавецкай справы на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, і вялікія грашовыя датацыі ў часы Савецкага Саюзу, калі Беларусь рабілі пляцдармам перамогі сацыялізму, і асаблівасьці беларускай працоўнай этыкі, якія забясьпечваюць большую ў параўнаньні з расейскай прадукцыйнасьць працы. Разам з тым нашая адсталасьць, скажам, ад Польшчы ці Літвы, ня кажучы ўжо пра заходнеэўрапейскія краіны, велізарная, і гэта лёгка заўважыць, патрымаўшы ў руках кнігі, зробленыя з прыкладна тых самых матэрыялаў у польскіх і беларускіх друкарнях. Тэхналягічны разрыў яшчэ больш пашырыўся ў 90-х гадох, калі амаль не рабілася інвэстыцыяў у вытворчую сфэру, а імпартавалася выключна старое абсталяваньне, якое амаль аджыло свой час. Тым ня менш, “Беларускі дом друку” застаецца папулярным у расейскіх выдаўцоў, бо якасьць друку тут (параўнальна з шэрагам расейскіх друкарняў) адносна высокая. Адносна высокую якасьць друку забясьпечвае таксама Менская фабрыка каляровага друку. Сярод іншых беларускіх друкарняў трэба адзначыць яшчэ тры: Баранавіцкую ўзбуйненую, Маладэчанскую і Аршанскую, што з савецкіх часоў лічацца “друкарнямі рэспубліканскага значэньня”.


Літаратура

1. Baldini, M., Storia della communicazione, Roma, Tascabili Economici Newton, 1995.

2. Febvre, L.-Martin, H.J., L'apparition du livre, Paris, Albin Michel, 1958.

3. Havelock , E.A., The Muse Learns to Write. Reflections on Orality and Literacy from Antiquity to the Present, New Haven, Yale University Press, 1986.

4. McLuhan, M., The Gutenberg Galaxy, Toronto, University of Toronto Press, 1962.

5. Ong, W.J., Orality and Literacy. The Technologizing of the Word, London, Methuen, 1982.

Газэта

Плян:

1. Клясыфікацыя газэты паводле Ота Гроса

2. Узьнікненьне прэсы

3. Пэрыяд “жоўтай журналістыкі”

4. 19—20 стагодзьдзе: пад'ём і заняпад друкаванай прадукцыі

5. Першыя газэты і першыя фільмы: кароткае параўнаньне

6. Сытуацыя на інфармацыйным рынку друкаваных мэдыяў

7. Папяровая і электронная вэрсія газэты.

У 1836 г. рэдактар адной зь першых масавых амэрыканскіх газэтаў New York Herald Джэймс Гордан Бэнэт сьцьвярджаў: “Кнігі ўжо аджылі сваё, гэтак жа сама як тэатар і рэлігія. Каб рухаць наперад мысьленьне і цывілізацыю, на зьмену ўсяму гэтаму прыйшла газэта. Газэта можа… выратаваць ад апраметнай больш душаў, чым усе цэрквы ў Нью-Ёрку — разам з тым газэта дапамагае зарабляць грошы”.

Потым, праўда, настаў час, калі, здавалася, і газэта адыходзіць у нябыт, саступаючы мейсца больш рэвалюцыйным сродкам масавай інфармацыі. Але гэтак толькі здавалася...

У 1928 г. нямецкі вучоны Ота Грос распрацаваў пяць крытэраў для вызначэньня газэты. Па-першае, яна павінна друкавацца пэрыядычна, зь інтэрвалам ня менш, чым раз на тыдзень. Па-другое, гэзэта мусіць мець наклад, які вырабляецца шляхам мэханічнага капіяваньня. Па-трэцяе, кожны, хто заплаціць за газэту, мусіць атрымаць яе. Газэта — гэта выданьне для кожнага, хто жадае яе набыць, а не для абмежаванай колькасьці людзей. Па-чацьвёртае, зьмест газэты павінен увесь час мяняцца і ўлучаць ўсё новыя матэрыялы, што ўяўляюць грамадзкі інтарэс. Па-пятае, газэта мусіць існаваць нейкі час; газэта ў поўным сэнсе гэтага слова ня ёсьць тым выданьнем, якое выйшла толькі адзін раз. Аднак першыя вядомыя нам газэты не адпавядалі клясыфікацыі Гроса.

Прадвесьнікі сучасных газэтаў зьявіліся ў Старажытнай Грэцыі. Пачынаючы з 500 году н.э. у Кітаі стала выходзіць выданьне пад назвай “Цінь Пао”, якое нагадвала палацавы часопіс. Выданьне праіснавала да 20 ст.

У Англіі друк стаў вядомы ў канцы 15 ст. Але толькі праз паўстагодзьдзе зьявіліся друкаваныя выданьні, якія нагадвалі газэты. Зьмест гэтых выданьняў, якія выходзілі нерэгулярна, складалі замежныя навіны. Ад самага пачатку іхні выпуск жорстка кантраляваўся ўрадам. Наогул, для 17 ст. характэрны дзяржаўны кантроль над усімі формамі друкаваных выданьняў.

У Германіі першыя газэты зьявіліся ў пачатку 17 ст. У Італіі прадвесьнікамі сучасных пэрыядычных выданьняў былі “бюлетэні” на адну старонку.

Разьвіцьцё прэсы распачалося ў пэрыяд, калі старыя фэадальныя манархіі прыйшлі ў заняпад і надзённымі сталі новыя ідэі дзяржаўнага і палітычнага ўладкаваньня. Зьмена палітычных інстытутаў, якая мела вынікам большую лібэралізацыю грамадзкага жыцьця, аказала ўплыў і на разьвіцьцё камунікацыі. Гэтыя зьмены паклалі пачатак традыцыям журналістыкі, газэта паступова рабілася арэнай палітычных дэбатаў, камэнтароў, водгукаў на розныя грамадзкія падзеі.

Напярэдадні амэрыканскай і францускай рэвалюцыяў заходняе грамадзтва знаходзілася ў стане пэрманэнтных сацыяльных, культурных і палітычных рэфармацыяў. “Цьмянае” Сярэднявечча саступіла мейсца Адраджэньню. Фэадальнаму грамадзтву прыйшла на зьмену новая сацыяльная структура, у якой сярэдняя кляса пачала адыгрываць значную ролю. Гэтыя зьмены спалучаліся з разьвіцьцём камэрцыі, што, у сваю чаргу, спрыяла пашырэньню кантактаў паміж людзьмі, а таксама камунікацыі. Гэта быў час значных навуковых і геаграфічных адкрыцьцяў. Разьвівалася літаратура. Пашыралася пісьменнасьць. Назапашваліся новыя веды. Усе гэтыя чыньнікі падрыхтоўвалі глебу для ўзьнікненьня газэты, якая і зьявілася ў большасьці эўрапейскіх краінаў у 17 ст.

Першыя газэты не былі даўгавечнымі. Напрыклад, з сотняў газэтаў, што ўзьніклі ў Нью-Ёрку з 1725 па 1825 гг., да канца гэтага пэрыяду засталіся толькі дзьве. Выданьне газэтаў тады каштавала дорага, таму даволі часта яны друкаваліся з прыватнай замовы.

У назвах першых штодзённых газэтаў ЗША амаль нязьменна прысутнічала слова “адвэртайзэр” — “газэта з аб'явамі”, што паказвала на яе асноўнае прызначэньне: публікаваць розныя гандлёвыя і іншыя абвесткі. Рэдакцыйныя артыкулы былі рэдкія і ляканічныя, часта яны складаліся ўсяго з аднаго абзацу. Тры чвэрці першай паласы займала сумесь з гарадзкіх навінаў, плётак, “сьвецкай хронікі” і г.д. На другой паласе зьмяшчаліся замежныя і мясцовыя навіны. На трэцяй і чацьвёртай — аб'явы.

Калі зь цягам часу газэты патаньнелі, яны зрабіліся надзвычай прыцягальнымі для рэклямадаўцаў. Разьмяшчэньне за невялікія грошы інфармацыі пра розныя тавары сталася справай выгоднай. Рэклямныя матэрыялы, пададзеныя ў газэце, што разыходзілася вялікімі накладамі, дазвалялі больш пасьпяхова дайсьці да патэнцыйнага спажыўца. Сьціплыя ўкладаньні ў рэкляму прыносілі прыбытку на дзясяткі тысячаў даляраў. Пачаў спрацоўваць “закон вялікіх лічбаў” і ў справе выданьня саміх газэтаў, што прывяло да жорсткай канкурэнцыі ў змаганьні за новых чытачоў, і тым самым паспрыяла разьвіцьцю прэсы.

Неўзабаве зьявіліся рэклямныя агенты і агенцтвы. Вялікія выданьні ня вельмі цярпелі ад іх, а вось маленькім газэтам было цяжка — рэклямныя пасярэднікі адначасова вялі перамовы з многімі газэтамі, і тым самым рэзка зьніжалі кошты газэтнай прасторы.

Каб прыцягнуць да сябе больш чытачоў, газэты пачалі прыкладаць большыя намаганьні ў справе здабываньня “навінаў”. Задача рэпарцёра ўскладнілася. Сам тэрмін “рэпарцёр” нарадзіўся ў Англіі 19 ст., і спачатку пад рэпарцёрам меўся на ўвазе парлямэнцкі назіральнік.

Газэты сталі пасылаць сваіх прадстаўнікоў у іншыя краіны і наймаць спэцыяльных агентаў па зборы навінаў. Грамадзянская вайна, якая асьвятлялася сотнямі карэспандэнтаў, зьявілася добрай прафэсійнай школай для амэрыканскіх журналістаў. Адныя ваенныя рэпарцёры пасьля зрабіліся рэдактарамі ці ўладальнікамі газэтаў — Мюрат Хэлстэд, Уайтл Рэйд, Генры Віланд, другія пасьля працавалі ваеннымі карэспандэнтамі па ўсім сьвеце.

Попыт на “сьвежыя” навіны абумовіў узьнікненьне агенцтваў па зборы навінаў, якія затым перадаваліся па тэлеграфе. Агенцтвы дастаўлялі навіны газэтам у розных частках краіны, зь якімі яны заключалі дамовы. Такая сыстэма істотна зьменшыла выдаткі на збор навінаў і зрабіла магчымым выданьне газэтаў у маленькіх гарадох і новых селішчах.

Ужо тады некаторыя выданьні пачалі спэцыялізавацца на прыгодах і сэнсацыях, якія, здаралася, самі і арганізоўвалі. Да прыкладу, супрацоўніца газэты World Нэлі Блай (псэўданім рэпарцёра Элізабэт Кокрэйн) у 1889 г. выправілася ў кругасьветнае падарожжа, каб прайсьці шляхам героя Жуля Вэрна (“Вакол сьвету за 80 дзён”), але за меншую колькасьць часу. Наогул, матэрыялы гэтай журналісткі надавалі пікантнасьць зьместу World. Напрыклад, міс Блай правакавала мужчын на ўвагу да сваёй пэрсоны, а затым выкрывала іх паводзіны на старонках газэты. Ці сымулявала шаленства, каб зрабіць артыкул пра вар'ятню. Кругасьветнае падарожжа (яно доўжылася 72 дні) міс Блай значна павялічыла наклад World.

Газэты рабіліся ўсё больш папулярнымі. У 1850 г. у ЗША на кожныя дзесяць сем'яў прыпадала па дзьве штодзённыя газэты. Да 1880 г. наклады ўзрасталі паступова. Аднак пасьля 1890 г. адбыўся рэзкі скачок. Хуткі рост працягваўся і ў часы першай сусьветнай вайны і трымаўся да пачатку 20-х. Апошняе дзесяцігодзьдзе 19 ст. вызначаецца ў гісторыі прэсы тым, што ў гэты час нарадзіўся новы від журналістыкі. Ён паўплываў на далейшы лёс мас-мэдыяў.

Як і любая іншая зьява, журналістыка павінна была прайсьці пэрыяд усталяваньня і выпрацоўкі сваіх канонаў. Адзін з драматычных эпізодаў у разьвіцьці прэсы — пэрыяд “жоўтай журналістыкі”. У 1880 г. газэта зрабілася звычайнай зьявай у амэрыканскім доме. Стымуляваць далейшае павелічэньне накладаў стала цяжка. І тады прадпрымальныя выдаўцы пачалі завабліваць спажыўца фатаграфіямі, коміксамі, спартыўнымі падзеямі, любоўнымі парадамі, гісторыямі пра сэкс і злачынствы. Сэнсацыйныя рэпартажы гэтага пэрыяду сталі называць “жоўтай журналістыкай”.

Гэтая назва павялася ад “жоўтага дзіцяці” (Yellow Kid) — пэрсанажа коміксаў, створаных у New York Herald. Існуе яшчэ адна вэрсія паходжаньня тэрміну “жоўтая прэса”. Кажуць, што адзін выдавец пачаў друкаваць сваю газэту на жоўтай паперы. Дактары сьцьвярджаюць, што чорная фарба лягчэй успрымаецца менавіта на жоўтым, а не на белым фоне. (Дарэчы, некаторыя газэты і па сёньня выкарыстоўваюць журналісцкія прыёмы, народжаныя канкурэнцыяй 1890-х гг., напрыклад, каляровыя коміксы). Нью-ёрскія газэты набылі ў той час больш чым 1,5 мільёну чытачоў. Сэнсацыйнасць зьместу дапаўнялася перадавымі тэхналёгіямі таго часу: таблёідным фарматам (набліжаным па форме да квадрату) і інтэнсіўным выкарыстаньнем фатаграфіяў.

Пасьля 1920 г. газэты пачынаюць занепадаць. Ні больш дасканалыя тэхналёгіі збору навінаў, друку, продажу, ні рост пісьменнасьці не спынілі гэтага працэсу. Хаця на сёньняшні дзень прадаецца шмат газэтаў, і прыбытак ад іх застаецца высокім, аднак газэты ня здолелі захаваць былых тэмпаў росту. Паменшылася і колькасьць выданьняў, асабліва буйных (шматнакладных). У Нью-Ёрку, які ў 1880 г. меў 29 газэт, у 1969 іх засталося толькі 3 (у 1990-м — 4). Такая ж тэндэнцыя назіралася ў кожным вялікім горадзе сьвету.

Якая ж прычына заняпаду? У 20-я гады сталі зьяўляцца іншыя формы мэдыяў, да прыкладу, папулярныя штотыднёвыя часопісы навінаў. Адмоўную ролю ў гэтым адыгралі і радыё, і нават кіно. У канцы 40-х—пачатку 50-х зьявілася тэлебачаньне. У той ці іншай меры кожнае вынаходніцтва выступала альтэрнатывай газэце.

Гісторыя масавай прэсы шчыльна зьвязаная з важнымі палітычнымі і эканамічнымі падзеямі. Хоць газэты ня раз мянялі свае адносіны да палітыкі і палітычнай дзейнасьці, яны, аднак, заўсёды ўспрымалі палітыку, як адну з асноўных сфэраў сваёй дзейнасьці. Гаворка тут ідзе, калі не пра прамую палітычную агітацыю, дык, прынамсі,— пра асьвятленьне палітычных падзеяў і іхны аналіз.

Кінематограф ад самага пачатку быў хутчэй скіраваны на прадукаваньне забаўляльнага зьместу. І хаця кіно не прамінала палітычных ці сацыяльных тэмаў, яно не было арыентаванае на абарону тых ці іншых палітычных ідэалёгій. Прапагандысцка-ідэалягічныя магчымасьці новага візуальнага сродку камунікацыі выявіліся пазьней, падчас першай сусьветнай вайны.

Вайна адкрыла магчымасьці выкарыстаць кіно як дзейсны сродак перакананьня. Кінематограф з забаўляльнага мастацтва ператварыўся ў эфэктыўную зброю палітычнага і сацыяльнага ўзьдзеяньня.

Значна ўзрасла падчас першай сусьветнай вайны і роля газэтаў як прапагандысцкіх органаў. Гэты пэрыяд даў цудоўныя магчымасьці для вывучэньня розных стратэгіяў маніпуляваньня грамадзкай думкай. Пазьней гэта майстэрства толькі ўдасканальвалася.

Галоўная сусьветная тэндэнцыя ў друкаваных мэдыях — манапольнае ўласьніцтва. У Злучаных Штатах большасьць газэт належаць “ланцугам”, але самі газэтчыкі звычайна называюць іх “газэтнымі групамі”. На самым высокім узроўні гэта тэндэнцыя ўвасабляецца ў экспансіі “мэдыя-канглямэратаў”. Вялізным карпарацыям належаць розныя выдавецтвы (кнігі, часопісы, газэты), кінакампаніі, радыё- і тэлестанцыі. Такая асаблівасьць уласьцівая многім краінам, дзе ўрады не валодаюць манаполіяй на сродкі камунікацыі. (Вядома, што ў нашай краіне ўрадавая манаполія існуе: электронныя мэдыі, па сутнасьці, дзяржаўныя. Маленькія недзяржаўныя рэгіянальныя тэлеканалы сытуацыю не мяняюць. Умовы выжываньня недзяржаўных выданьняў камэнтара не патрабуюць.) Вялікія прыватныя газэты нацыянальнага маштабу імкнуцца паглынуць выданьні зь меншым накладам. Усім добра вядомая знакамітая карыкатура: газэтная “акула” з разяўленай драпежніцкай пашчай даганяе маленькіх “газэтных рыбак”.

Канкурэнцыя зь іншымі мэдыямі, асабліва тэлебачаньнем, стымулявала тэндэнцыю, пры якой “некалькімі аб'яднаньнямі валодаюць некалькі карпарацый”. “Партыйныя” газэты, якія пачалі эру журналістыкі, даўно зьніклі зь інфармацыйнага рынка Злучаных Штатаў. Цяпер і ў Заходняй Эўропе яны не ўладараць на рынку, а толькі змагаюцца за жыцьцё. У некаторых скандынаўскіх краінах дзяржаўныя субсыдыі падтрымліваюць частку партыйных газэт. Але, калі чытачу даецца выбар паміж партыйным і незалежным выданьнем, ён, як правіла, аддае перавагу незалежнаму.

Неабходнасьць перамагаць у канкурэнтнай барацьбе зь іншымі друкаванымі сродкамі камунікацыі і электроннымі мэдыямі вымушае традыцыйныя газэты кардынальна мяняць сваю стратэгію. Залежнасьць ад рэклямных грошай, узрастаньне коштаў на вытворчасьць прыводзіць да таго, што “высакаякасныя” газэты адыходзяць ад былых стандартаў і набываюць больш “дэмакратычны” зьмест. Зь сярэдзіны 70-х гг. 20 ст. адбываецца размываньне межаў “якаснай” і масавай прэсы.

Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да спэцыялізацыі і разам з тым — да ўнівэрсальнасьці. Гэта значыць, што, як цэлае, газэта апэлюе да вялікай разнастайнай аўдыторыі, а асобныя яе часткі — да спэцыялізаваных групаў насельніцтва (старонкі для жанчын, падлеткаў, старых, спартовая інфармацыя і г.д.).

Адна з прыкметаў свабоднай прэсы — здольнасьць паведамляць навіны, якія яна лічыць цікавымі.

Паколькі электронныя мэдыі набываюць ліцэнзію для вяшчаньня на “грамадзкіх” хвалях, то яны вымушаны ісьці на некаторыя абмежаваньні ў падачы навін, бо мусяць “служыць грамадзкім інтарэсам”.

Такія абмежаваньні не патрабуюцца ад друкаваных мэдыяў. Яны не павінны прадстаўляць роўныя магчымасьці для кожнага кандыдата ці ўсебакова асьвятляць спрэчнае пытаньне, альбо даваць магчымасьць выказваць супрацьлеглыя думкі.

Манапольнае ўласьніцтва ёсьць і дабром і злом для друкаваных мэдыяў. Канцэнтрацыя дае большы эканамічны эфэкт, спрыяе стабільнасьці прэсы ў межах канглямэрату. Разам з тым, яна прыводзіць да заангажаванасьці, немагчымасьці аб'ектаўнай крытыкі. Вось адзін з прыкладаў. Робэрт Хілард, спэцыяліст па масавай камунікацыі, быў запрошаны ў 1987 г. “Бостан Геральд” дзеля напісаньня рэцэнзіі на дзьве новыя тэлевізійныя праграмы, якія былі дэбютам кампаніі Fox Network. Ён адразу ж адмовіўся, таму што ўладальніку Fox Network Рупэрту Мэрдаку належалі і “Бостан Геральд”, і тэлеканал. Але потым згадзіўся быць адным зь незалежных экспэртаў, каб падрыхтаваць “сумленную” рэцэнзію. Праграмы яму вельмі не спадабаліся. Таму ніводная зь ягоных высноў не была надрукавана ў “Бостан Геральд”, якая зьмясьціла рэцэнзію свайго штатнага крытыка пад назвай “ Fox Network прапаноўвае новае жывое відовішча”.

Камэрцыйная манапалізацыя, гэтак жа сама як і палітычная, пагражае дэмакратычным каштоўнасьцям грамадзтва. Некаторыя крытыкі бачаць у канцэнтрацыі ўласнасьці на сродкі масавай інфармацыі інструмэнт па стварэньню стэрэатыпізаванай грамадзкай думкі. Праўда, існуе адваротнае меркаваньне, маўляў канглямэраты наогул ня маюць улады, бо знаходзяцца пад кантролем ураду і гэта прымушае іх да палітыкі нэўтралітэту.

Наогул, у ЗША публіка і ўрад імкнуцца ўплываць на газэты з тым, каб яны дбалі пра “грамадзкі інтарэс” гэтак жа сама, як і электронныя мэдыі. Галоўны крок у гэтым накірунку быў зроблены ў 1940 г., калі суд абавязаў агенцтва Associated Press служыць грамадзтву. Агенцтва мусіла прадстаўляць паслугі фактычна любой газэце, якая гэтага патрабавала.

Ужо сёньня мноства газэт, кніг, часопісаў існуюць як у друкаваным, так і ў электронным варыянце. Паўсюдна зьяўляюцца электронныя бібліятэкі. Падобна да таго, што прадказаная Хорхэ Луісам Борхесам Вялікая Бабілёнская бібліятэка, у якой ёсьць, варта толькі настойліва шукаць, любая кніжка, ужо ўзьнікае ў віртуальнай рэальнасьці.

Існуе меркаваньне, што час папяровых выданьняў незваротна зыходзіць. Вядома, што колькасьць электронных вэрсій друкаваных мэдыяў будзе павялічвацца, як і магчымасьць доступу да іх. Але ж у друкаванай прадукцыі ёсьць адметныя ўласьцівасьці, якія забясьпечаць ёй будучае.

Нягледзячы на значны прагрэс у разьвіцьці электронных сыстэм абароту дакумэнтаў, у дзяржаўных установах ЗША толькі за год вырабляецца некалькі мільёнаў папяровых дакумэнтаў. Чаму? Адказ відавочны — паперы лягчэй і зручней чытаць. Цяжка ўявіць чалавека, які б чытаў Талстога ці Шэкспіра на экране манітора. Электронныя дакумэнты пакліканыя не замяніць, а паслужыць дадаткам да папяровай дакумэнтацыі.

Адзін з аргумэнтаў на карысьць электронных вэрсій друкаванага прадукту — яго танны кошт. Таму прапаноўваецца раздрукоўваць дакумэнты на прынтары. Такую палітыку вельмі ўхваляюць “зялёныя” (зьберажэньне лясоў). Але кошт такога друку мала саступае кніжнаму, а якасьць пагаршаецца.

Асаблівае мейсца ў сыстэме электроннай інфармацыі занялі вэб-сэрвэры. Многія спэцыялісты лічаць гіпэртэкставы фармат дакумэнтаў адным з найвыдатнейшых дасягненьняў апошняга часу. Аднак ня трэба абсалютызаваць гэтага фармату. Калі чытаеш вялікі дакумэнт, то пастаянныя спасылкі падаюцца нязручнымі. Чалавечая псыхалёгія больш прыстасаваная да пасьлядоўнага ўспрыманьня інфармацыі, а не да фрагмэнтарнага.

Электронныя варыянты маюць, безумоўна, вялікую перавагу ў справе кампактнага захаваньня інфармацыі і яе кампутарнай апрацоўкі. Да таго ж электронны тэкст адразу і адначасна даступны тысячам спажыўцоў. Але выдаўцы пакуль не баяцца, што электронная вэрсія выданьня выцесьніць друкаваную. Электронныя публікацыі толькі спрыяюць папулярнасьці традыцыйных газэтаў і часопісаў.

Даволі часта прыходзіцца чуць і пра сьмерць рамана. Адзін з выпускаў New Yorker за 1994 г. зьмясьціў карыкатуру барадатага прарока на вуліцах Нью-Ёрку, што нёс тэлевізар, на экране якога былі словы “Набліжаецца канец друкаванага сьвету”. У 1967 г. навэліст Джон Барт надрукаваў эсэ пад назвай “Літаратура вычарпала сябе”, у якім ён разважаў пра канец мастацкай прозы. У сувязі з гэтым сталі гучаць прагнозы і наконт зьнікненьня традыцыйнай газэтнай прозы.

Навэліст Марыа Варгас Лоса прайграў прэзыдэнцкія выбары ў Пэру. Хутка пасьля гэтага ён выступіў зь лекцыяй “Літаратура і свабода”. Гэта быў аналіз сувязі паміж інтымным царствам чытаньня і публічным жыцьцём грамадзтва.

“З-за адзіноты, у якой нарадзілася літаратура, хуткасьці, зь якой яна можа капіявацца і выдавацца, сакрэтнасьці, якую мае яе пасланьне, і працяглага ўплыву на чалавечую сьвядомасьць літаратурных вобразаў, пісьмовы сьвет упарта супраціўляецца заняволеньню.

У адрозьненьне ад кніг, аўдыявізуальны прадукт імкнецца абмежаваць уяўленьне, зьбедніць адчувальнасьць і стварыць пасыўны розум. Я не рэтраград, які мае алергію да аўдыявізуальнай культуры. Наадварот, пасьля літаратуры для мяне няма нічога лепшага, чым кіно, вельмі мне падабаюцца таксама добрыя тэлепраграмы. Але аўдыявізуальнае ўзьдзеяньне ніколі ня будзе такім значным, не паўплывае так на духоўны пачатак у чалавеку, як кнігі. Яго ўплыў эфэмэрны, удзел інтэлекту і фантазіі слухача і гледача мінімальныя ў параўнаньні з удзелам інтэлекту і фантазіі чытача”.

Тэлебачаньне мае справу толькі з тымі рэчамі, якія можна паказаць. Яму патрэбна карцінка. Яно ня любіць ідэяў, і аддае перавагу дзеяньню (“attraction to action”). Таму яно зусім неэфэктыўнае ў прадстаўленьні навін. Калі зьмест 30-хвіліннай праграмы тэленавінаў надрукаваць у газэце, ён зойме адну старонку.

Газэта дазваляе чытачу магчымасьць выбраць найбольш цікавы артыкул практычна адразу. Яна — адзіны сродак камунікацыі, які прадстаўляе чалавеку такую свабоду выбару.

Адна з канцэпцый газэты будучага: “The Daily me” — “штодзённая газэта для мяне”. Гэта электронная калекцыя артыкулаў, якія задавальняюць прыватны чытацкі інтарэс. Артыкулы адбіраюцца пры дапамозе “разумных агентаў” — спэцыяльных кампутарных праграм з элемэнтамі чалавечага інтэлекту. Агенты робяць адбор па адпаведнаму запатрабаваньню з усіх інфармацыйных крыніц: газэтаў, афіцыйных дакумэнтаў, індывідуальных камэнтароў і іншых крыніцаў інфармацыі. У сувязі з гэтым гавораць пра “сьмерць рэдактара”, бо кожны спажывец стане сам ствараць для сябе інфармацыйную прастору.

Ці зможа “Daily me” замяніць сучасную газэту?

Канцэпцыя “Daily me” падае навіны толькі як факты, біты і байты інфармацыі. Сучасная газэта таксама ўключае такія матэрыялы — табліцы з фондавай біржы, зьвесткі па хакейных матчах, рэйтынгі палітыкаў, хіт-парады…

Але друкаваныя газэты — гэта “стварэньні”, якія маюць “чалавечы характар”. Daily me яго мець ня будзе. Традыцыйная газэта заўсёды паведамляе чытачу нешта такое, што выклікае яго інтарэс.

Адзін з найцікавейшых артыкулаў у Tribune распавядаў, як утвараецца лёд на возеры Мічыган. Многія чытачы не задумваліся ніколі над гэтай зьявай. Газэта падштурхоўвае да ведаў.

Нехта з журналістаў правёў наступны экспэрымэнт. Наняўсакратарку, якая на працягу некалькіх тыдняў мусіла выразаць для яго артыкулы з розных газэтаў і часопісаў. Сакратарка ведала, якія тэмы цікавяць журналіста і на падставе гэтага рабіла адбор. А журналісту было цікава назіраць, як іншы чалавек вырашаў — што варта яго ўвагі, а што не. Такое “кліпавае” чытаньне выклікала ў яго асацыяцыю зь люстэркам, якое не адбівае ўвесь сьвет. Друкаваная газэта — якраз тое, што зьбірае цэлае з фрагмэнтаў.

Новым тэхналёгіям сьпяваюць панэгірыкі, але забываюцца на тое, што электронная інтэрактыўнасьць у значнай ступені мэханічная. Любая размова мае падтэкст — сэнс па-за словамі. Газэтнай камунікацыі ўласьцівы гэты другі сэнс. Можна прывесьці шмат прыкладаў. Іншы раз падтэкст нечаканы, ён утвараецца ад недастаткова ўважлівай рэдактуры і карэктуры. Пасьля нараджаюцца анэкдоты: “Таварыш Хрушчоў на перадавой сьвінафэрме. Другі справа — Мікіта Сяргеевіч”. Ці яскравы падтэкст “белых палос” беларускіх газэтаў.

Ад газэты чакаюць адметнасьці, асабовасьці, нягледзячы на тое, што газэта заўсёды — аркестра.

Людзям патрэбны аўтарытэты, лідэры. Daily me ня можа быць лідэрам.

Адэпты электроннага выданьня будучага прызнаюць, што ў яго ёсьць праблемы. Але яны канцэнтруюць увагу не на праблематычнасьці самой зьявы, а на праграмах-агентах, якія будуць адбіраць, скажам, матэрыял ня толькі тэматычна, але і тэрытарыяльна, ці ўлічваць адразу мноства крытэраў. Атрымоўваецца вяртаньне да старой мадэлі друкаванай газэты.

Трэба прыняць як дадзенасьць, што наклады газэтаў зь цягам часу будуць зьніжацца. На чым можа ўтрымацца газэта — на адаптацыі сябе да новых тэхналёгій. Адна з формаў такой адаптацыі — электронная вэрсія, пра што мы ўжо казалі раней. Іншыя — выкарыстаньне апошніх тэхналягічных набыткаў.

Узьнікненьне электронных банкаў дадзеных, да прыкладу, спрыяе зьмястоўнасьці сучасных газэтных матэрыялаў. Па характары інфармацыі, базы дадзеных можна падзяліць на спэцыялізаваныя і ўнівэрсальныя. Гэта “інфармацыйныя супэрмаркеты” ці “электронныя бібліятэкі”. У ЗША сканцэнтравана больш 2/3 базаў дадзеных Захаду. Вялікія газэты, напрыклад, “Нью-Ёрк Таймс” ці “Вашынгтон Пост”, маюць свае інфармацыйныя “банкі”.

Выкарыстаньне зьвестак з электронных базаў дадзеных дадае журналісцкім расьсьледаваньням глыбіні. Вашынгтонскія карэспандэнты прэсава-аўдыявізуальнай кампаніі “Найт-Рыдэр” выкарысталі базы дадзеных для вызначэньня шпіталяў з падазрона высокім узроўнем сьмяротнасьці. Пасьля была надрукавана сэрыя артыкулаў, якая мела значны грамадзкі водгук.

Але масавае зьяўленьне разнастайных банкаў дадзеных і непазьбежнае дубляваньне стварыла праблему стандартызацыі, якая з-за адсутнасьці сусьветнай інфармацыйнай інфраструктуры грамадзтва можа быць вырашана яшчэ ня хутка.


Літаратура

1. Bittner R.J. Mass Communication. Introduction. 5th ed., Prentice Hall, Englewood.

2. Bogart L. Commercial Culture. The Media System and the Public Interest, Oxford University Press, 1995.

3. Agents of Power. The Role of the News Media in Human Affairs, Longman, 1984.

4. Emery M. The Press and America. An Interpretive History of the Mass Media, 7th ed., Prentice Hall, Englewood.

5. Randall D. The Universal Journalist, Pluto Press, 1996.

6. Janda K. The Challenge of Democracy. Government in America , 3rd ed., Houghton Mifflin Company, 1992.

7. Возникновение и развитие журналистики в эпоху становления капитализма. М, Издательство Университета Дружбы Народов, 1987.

8. Merrill C. J., Lowenstein L. R. Media, Message and Men. 2nd ed., Longman, 1979.

9. DeFleurMelvіn L. Theorіes of Mass Communіcatіon, Longman, 1989.

10. Fuller J. News Values. Ideas for an information age. University of Chicago Press, 1996.

Радыё

Плян:

1. Незаменны спадарожнік

2. Гісторыя стварэньня

3. Уплыў і аўдыторыі

4. Радыё ў Беларусі

Радыё (ад лацінскага radio — пускаю промні, radius — прамень) — спосаб перадачы інфармацыі на адлегласьць пры дапамозе радыёхваляў.

Ніхто ня стане аспрэчваць таго відавочнага факту, што менавіта радыё адыграла ў 20 ст. найбольшы уплыў на разьвіцьцё сыстэмы электронных мас-мэдыяў і на станаўленьне тэорыі масавай камунікацыі. Ад самага пачатку радыё паўстала як масавы сродак камунікацыі, які дазволіў ахапіць значна большыя аўдыторыі, чымся тыя, што раней ахоплівалі газэты. Апэратыўнасьць, дынамічнасьць і даступнасьць — вось тыя чыньнікі, што ў 20 ст. зрабілі радыё “самым папулярным суразмоўцам”.

Мадыфікацыі, якія за прамінулы ад вынаходніцтва час прайшла радыётэхніка, дазваляюць казаць, што ў 21 ст. радыё захавае сваю ўплывовасьць. Зьяўленьне радыёстанцыяў, жорстка арыентаваных на розныя аўдыторыі, ілюструе “прыстасавальныя” магчымасьці радыё, якія дазваляюць яму захаваць сваю уплывовасьць.

“Уцёкі радыё ў Internet”,— менавіта так можна акрэсьліць агульнасусьветны працэс сынхранізацыі распаўсюджваньня радыёсыгналу ў эфіры і сусьветным павучыньні.

Асаблівасьцю радыёвяшчаньня ёсьць ягоная “фонавасьць”. Гэты дзіўнаваты тэрмін становіцца больш зразумелым, калі ўлічыць, што радыёхвалі пэрманэнта прысутнічаюць і ў хаце, і на працы, і ў дарозе. Нягледзячы на тое, што радыё называюць “фонам”, гэта не перашкаджае слухачам апэратыўна прылучацца да цікавых тэмаў радыёэфіру. Гэткая гнуткасьць робіць радыё незаменным спадарожнікам чалавецтва.

Дагэтуль працягваюцца спрэчкі паміж расейцамі і эўрапейскімі навукоўцамі ў пытаньні: хто ж вынайшаў радыё. Расейскія крыніцы далікатна апускаюць імя італійца Гуглельма Марконі (1874—1937), называючы вынаходнікам радыё Аляксандра Папова (1859—1906). Хаця добра вядома, што італійскі вынаходнік у 1895—1897 гг. сканструяваў радыё і вынайшаў антэну. Менавіта ён выпрабаваў радыйную сувязь, трансьлюючы сыгнал у 1899 г. праз Ля-Манш, а ў 1901 г. праз Атлянтыцкі акіян.

Між іншым, менавіта Марконі разам з Браўнам Карлам Фэрдынандам (1850—1918) у 1909 г. атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі.

Пры гэтым ніхто не аспрэчвае значнасьці вынаходніцтваў расейскага фізыка Аляксандра Папова. У 1895—1897 гг. ён збудаваў, незалежна ад Марконі, сваё радыёпрыстасаваньне, якое дазваляла перадаць на адлегласьць сыгнал радыё. Сыгнал быў кадаваным і распаўсюджваўся альфабэтам Морзэ. Менавіта расейскаму фізыку Папову належыць вынаходніцтва слухалак і канструяваньне прымача.

Сам тэрмін “радыё” пачаў выкарыстоўвацца з 10-х гадоў 20 ст. Менавіта на гэты час прыпадае адкрыцьцё першых радыёстанцыяў у Эўропе і ЗША.

Камэрцыйны ўздым гэтага спосабу камунікацыі прыпаў на пачатак 20-х гадоў і вельмі хутка перажыў ашаламляльнае разьвіцьцё. Тут трэба заўважыць, што вынаходніцтва радыё было вытворным ад некалькіх непасрэдна зьвязаных з камунікацыяй зьяваў. Перш за ўсё, стварэньне радыё стала тэхнічна магчымым дзякуючы дасягненьню кантролю за рухам электронаў: эмісія, абмен, цыркуляцыя электронаў — камунікацыйная зьява, якую ўдалося апанаваць на фізычным узроўні. Між іншым, менавіта ў сувязі з гэтай зьявай было вынайдзенае паняцьце зваротнай сувязі (feed-back), якое празь некалькі год пачало служыць камунікацыі ў цэлым.

Дасьледчык Дэйвід С.Ландэс зазначыў: “Радыё сьведчыла пра існаваньне сьвету ведаў, адкуль людзі чэрпалі ідэі…акрамя таго, удасканальваньне сродкаў камунікацыі... у вялізарнай ступені спрыяла распаўсюджваньню кожнай новай ідэі”.

Радыё сапраўды было складаным тэхнічным аб'ектам, які ўключаў у сябе шматлікія вынаходніцтвы. Інтэнсіўныя зносіны паміж навукоўцамі, інжынэрамі і прамыслоўцамі дазволілі дабіцца росквіту новага сродку камунікацыі. Да таго ж, радыё ня ведала ніякіх праблемаў з камэрцыйным распаўсюджваньнем. Радыё само эфэктыўна спрыяла свайму распаўсюджваньню, гэтак жа, як і кніга ў эпоху Адраджэньня, якая самім сваім зьместам рабіла сабе рэкляму і дэманстравала сваю вартасьць як сродку камунікацыі.

Каб растлумачыць вельмі хуткае масавае распаўсюджваньне радыё, Ландэс зьвярнуў увагу на той факт, што тут мы маем сытуацыю, калі сацыяльная значнасьць прадукту залежыць ад прыбытку тых, хто ім карыстаецца. Калі для прывілеяваных слаёў грамадзтва радыё было адной з многіх забаваў, то для найбольш зьнядоленых — адзінай забавай у вольны час, безь якой нельга было абысьціся. Несумненна, трэба падкрэсьліць і эфэкт трэнінгу і аўтатрэнінгу, які быў зьвязаны з гэтым сродкам сацыяльнай камунікацыі.

Першая сусьветная вайна паспрыяла разьвіцьцю і папулярызацыі радыё. Крызыс 1929 г., дэпрэсія, а затым уздым таталітарызму сталі ідэальнай глебай для разьвіцьця патрэбы ў камунікацыі. Эўрапейская статыстыка выдачы дазволаў, якія тады былі неабходнымі для атрыманьня права набыцьця радыё-прымача, паказвае, наколькі радыё тады было больш папулярным у Нямеччыне, чым, напрыклад, у Англіі і Францыі. У 1933 г. у Нямечыне налічвалася 5 млн. 53 тысячы выдадзеных дазволаў на карыстаньне радыёпрыймачом пры 6 млн. у Англіі і 1 млн. 308 тысячаў у Францыі. У 1939 г., гэтыя лічбы складалі, адпаведна, 13 млн. 711 тысячаў (Нямеччына), 8 млн. 900 тысячаў (Англія) і 4 млн. 992 тысячы (Францыя). Адольф Гітлер у свой час так захапіўся “чароўнай сілай радыё”, што гэты сродак камунікацыі быў пастаўлены на службу трэцяга райху. Нямецкія жаўнеры нават былі абавязаныя штодня праслухоўваць радыёпраграмы, цэнзураваньнем якіх займаўся асабіста Гёбэльс.

Іосіф Сталін разглядаў радыё як надзейны сродак прапаганды, які дазваляў данесьці голас “бацькі народаў” да самай занядбанай вясковай хаты.

Пачатак разьвіцьцю радыёвяшчаньня на Беларусі паклала стварэньне ў 1924 г. акцыянэрнага таварыства “Радыёперадача”. Першая перадача беларускага радыё адбылася ў 1925 г. Шырокае разьвіцьцё на Беларусі атрымала правадное (кабельнае) радыёвяшчаньне. Сёньня перадачы дзяржаўнага радыё вядуцца ў дзьвюх праграмах — у мона і стэрэаварыянтах. Агульны сярэднесутачны аб'ём — 35 гадзінаў.

Каб праілюстраваць уплыў, які набыло радыё ў 20 ст., варта прыгадаць хрэстаматыйны прыклад. У адзін са сьнежаньскіх дзён у амэрыканскім штаце Арызона людзі без аніякіх на тое відавочных прычынаў пачалі выскокваць са сваіх дамоў і бегчы ў невядомым накірунку. Як высьветлілася пазьней, у гэты момант мясцовае радыё пачало трансьляваць урыўкі з кнігі вядомага фантаста Гербэрта Ўэльса пра захоп зямлі марсіянамі. Падрабязны аповед пра дэталі захопу нагэтулькі ўразіў радыё-слухачоў, што яны пачалі ратавацца ўцёкамі...

Актуалізацыя “фонавасьці” — менавіта так акрэсьліваюць псыхолягі стан, у якім радыё пачынае выконваць функцыю мадулятара паводзінаў. Дзьве сусьветныя вайны, якія перажыло чалавецтва ў 20 ст., засьведчылі, што радыё, дзякуючы сваёй усеабдымнасьці, у часы пераломных трансфармацыяў грамадзтва ня толькі набывае першаснае значэньне для дыфэрэнцыяваных аўдыторыяў, але таксама бярэ на сябе функцыю “артыкулятара” базысных прынцыпаў паводзінаў соцыюму. Адольф Гітлер называў радыё “чароўным прапагандыстам”. Зьяўленьне ў Савецкім Саюзе “радыёкропак”, як сьцьвярджаюць псыхолягі, назаўсёды зафіксавала ў сьвядомасьці савецкага чалавека формулу “я думаю праз радыё – значыць, існую”.

Выпрабаваньнем для гэтай формулы стаў пэрыяд “халоднай вайны”, калі цяжар супрацьстаяньня дзьвюх сыстэмаў быў пэрсаніфікаваны ў супрацьстаяньні мас-мэдыяў. “Заходнія галасы”, якія зьявіліся ў 50-я гады, мэтанакіравана руйнавалі міты савецкай сьвядомасьці. Дарадца амэрыканскага прэзыдэнта Зьбігнеў Бжэзінскі назваў праграмы “Радыё Свабода” і “Голасу Амэрыкі” адным з самых удалых прадпрыемстваў у гісторыі “халоднай вайны”. Паводле амэрыканскіх дасьледаваньняў, асноўным слухачом “Радыё Свабода” была савецкая інтэлігенцыя, прадстаўнікі якой у 80-я гады пачалі “быццам з паветра” назвычай актыўна трансьляваць сыстэму заходніх каштоўнасьцяў у сьвядомасьць савецкага грамадзтва. Паколькі насельніцтва Савецкага Саюзу і краінаў Усходняй Эўропы існавала пад “інфармацыйным каўпаком”, то ўва ўмовах абвастрэньня крызысных працэсаў у гэтых краінах натуральна ўзьнікла сытуацыя “інфармацыйнага голаду”. Разам з тым трэба адзначыць, што пасьля крушэньня камунізму ўва Ўсходняй Эўропе колькасьць слухачоў “заходніх галасоў” значна зьменшылася.

Агульнасусьветнай тэндэнцыяй цяпер зьяўляецца жорсткая дыфэрэнцыяцыя радыёэфіру і радыёаўдыторыяў. Тэхнічны прагрэс і новыя вынаходніцтвы ў галіне распаўсюджваньня радыёхваляў зрабілі працэс радыётрансьляцыі нагэтулькі нескладаным, што колькасьць станцыяў, якія існуюць у FM-дыяпазоне любой сярэднеэўрапейскай краіны, вымяраецца дзясяткамі. Радыёаўдыторыя падзялілася паводле самых розных зацікаўленьняў. Да прыкаду, толькі ангельская служба ВВС прапануе слухачам 8 радыёканалаў — ад музыкі да спорту.

Падлічана, што прыбыткі ад рэклямы ў радыёстанцыяў, якія разьлічаны на вузкія аўдыторыі, значна большыя, чым у радыё-станцыяў з “плаваючай аўдыторыяй”. Гэта, бадай, і ёсьць галоўнай адметнасьцю камэрцыйнага, як яго прынята называць, FM-дыяпазону. Радыё для аўтамабістаў, інфармацыйнае радыё, радыё для бізнэсоўцаў, радыё для хатніх гаспадыняў, радыё для жыхароў аднаго кварталу і да т.п. — усё гэта прыклады жорсткай дыфэрэнцыяцыі, якая пануе ў сусьветным эфіры. Беларусь тут выключэньне. Большая частка беларусаў усё яшчэ слухае радыё праз правадную сетку, якая традыцыйна называецца “радыёкропкай”.

Радыёкропка — прэрагатыва дзяржаўнага радыё, якое знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Так было задумана ў савецкія часы, так застаецца і цяпер. Праз стандартныя прымачы (а такіх большасьць) можна слухаць толькі адзін канал дзяржаўнага радыё, і толькі праз адмысловыя — два. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка здолеў ацаніць усе “перавагі” гэтага становішча і ў 1998 г. падпісаў адаведны дэкрэт аб падтрымцы праваднога вяшчаньня. Адбылася своеасаблівая кансэрвацыя беларускага радыёэфіру.

Дзяржава выкарыстоўвае правадное вяшчаньне, каб праводзіць палітыку адасабленьня аўдыторыі ад камэрцыйных станцыяў. Радыё 101,2 было зачыненае ўладамі ў той момант, калі пачало складаць сур'ёзную канкурэнцыю дзяржаўнаму радыё ў Менску. Засталыя ў беларускай FM-прасторы радыё-станцыі вымушаныя трымацца фармату, зададзенага палітычнай беларускай кан'юнктурай, што робіць прадукцыю гэтых станцыяў аднатыпнай.

Сельская мясцовасьць Беларусі дагэтуль застаецца запаведнікам дзяржаўнага радыё: нешматлікія незалежныя станцыі, як правіла, ня маюць магчымасьці працаваць па-за межамі эфіру вялікіх гарадоў.

У скарб ад савецкіх часоў Беларусь атрымала вяшчаньне на ЎКХ-дыяпазоне. Аднак знаўцы цьвердзяць, што ЎКХ ня маюць будучыні і павінны саступіць мейсца FM-дыяпазону. Адбудзецца гэта, аднак, ня так хутка. Прымачы, якія былі вырабленыя ў Савецкім Саюзе, прымаюць УКХ-дыяпазон і не прымаюць FM-дыяпазону, а таму “скарочанае” вяшчаньне захаваецца яшчэ некалькі гадоў.

Як ні парадаксальна, але дзякуючы менавіта савецкім прымачам атрымала разьвіцьцё вяшчаньне на кароткіх і сярэдніх хвалях. Да радыё “Свабода”, якое вядзе вяшчаньне з Прагі, у 2000 г. дадаліся “Балтыцкія хвалі” і “Радыё Рацыя”, якія таксама апанавалі дыяпазон сярэдніх і кароткіх хваляў. Уплыў на палітычна актыўную беларускую аўдыторыю дазваляе гэтым станцыям падтрымліваць значную да сябе ўвагу. Працяг афіцыйным Менскам савецкай традыцыі “інфармацыйнага каўпака” актуалізуе прысутнасьць гэтых станцыяў у беларускім радыёэфіры.


Літаратура

1. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

2. Дэбаш Ш., Пант'е Ж.-М. Уводзіны ў палітыку. Мн. БФС., 1996.

3. Рамазава Э. Бурные волны радиоэфира. Часопіс “Среда”. М. № 3—4 (9—10) сакавік—красавік, 1999.

4. Энцыкляпэдыя “Britannica”.

5. Вольф Е. Феномен ключевых слов в радиожурналистике. М. Высшая школа, 1998.

6. Церын В. Пoлитика средствами общения. (Media Studies).

7. Wolny K. Dziennikarstwo. Warszawa, 1998.

Кінематограф

Плян:

1. Кінематограф як сацыяльны фэномэн

2. Мовы і “дыялекты” кіно. Элітарнае, масавае і “незалежнае” кіно

3. Фэномэн “дрэннага добрага” фільму

4. “Відовішчнае” кіно як інструмэнт фармаваньня масавых настрояў

Кiно — мастацтва 20 ст. Гэткае цьверджаньне выдае на пустое i банальнае. Тым ня меней, яно абсалютна дакладнае. Менавiта ў мастацтве “рухомага малюнку” знайшл i сваё найбольш тоеснае адлюстраваньне духоўныя i фармальныя пошукi культуры нашага стагодзьдзя.

Нараджэньне кiнематографу звычайна датуецца 1895 г., хаця знаўцы гiсторы i кiно згадваюць, што першы фiльм быў зьняты французам Луi Эме Агюстэнам Ле Прынсам яшчэ ў 1888 г., а першы адкрыты кiнапаказ адбыўся ў лябараторыi Томаса Алвы Эндсона 22 траўня 1891 г. I тым ня менш, зьяўленьне кiно, як сацыяльна значнай зьявы, датуецца менавiта 28 лiстападам 1895 г. У гэты дзень у парыскiм Гран кафэ на бульвары Капуцынак браты Люм'ер арганiзавалi першыя платныя публiчныя кiнапаказы. Кiнематограф перастаў быць проста тэхнiчным фокусам i прылучыўся да iснуючай сыстэмы вытворчасьцi i спажываньня культурных прадуктаў. “Сны наяве” былi пастаўленыя на канвэер i зрабiлiся істотным чыньнікам узьдзеяньня на грамадзкiя настроі, а таксама крынiцай вялiкiх фiнансавых прыбыткаў.

Рост папулярнасьцi кiно i ператварэньне яго ў эфэктыўны сродак масавай камунiкацыi стаўся магчымым з шэрагу перадумоваў сацыяльна-псыхалягiчнага пляну. Каб лепей зразумець мейсца кiнематографу ў сучаснай культуры, трэба прааналiзаваць асаблiвасьцi вiзуальнай культуры як такой. Яе сутнасная адметнасьць — у стварэньнi адмысловай цэльнай iнфармацыйнай прасторы, пэўнага “наiўнага” асяродку, падобнага да таго, што фармуецца непасрэдным жыцьцёвым досьведам чалавека. Па словах выдатнага кiнарэжысэра Дэвiда Ўарка Грыфiта, “глядзець кiно — значыць станавiцца першабытным чалавекам. Выява — першы сродак запiсу думак чалавека”.

Вiзуальная камунiкацыя стварае тэксты, якiя лягчэй успрымаюцца i лепей запамiнаюцца, паколькi адначасна ўзьдзейнiчаюць на ўвесь комплекс чалавечых пачуцьцяў. Сынтэтычны характар кiнематографу (карцiнка + мантаж + гук + сюжэт + акторская праца + культурны кантэкст) фармулююць iлюзiю “натуральнага” паходжаньня аўдыявiзуальнага тэксту, тоеснага спантаннаму жыцьцёваму досьведу.

“Iлюзiён” кiнематографу канструюе рэальнасьць, падлеглую кожнаму спажыўцу, паколькi, у адрозьненьне ад тэкстаў элiтарна-iнтэлектуальнага “кнiжнага” тыпу, для задзiночаньня зь ёй не патрабуецца спэцыяльнай падрыхтоўкi i прафэсiйнай адукацыi. Рэальнасьць кiно — гэта рэальнасьць калектыўнага “сну наяве”, якi адмыслова яднае “тут” (звычайны сьвет) i “там” (сьвет кiнатэксту). “Зробленае” кiно рыфмуецца з “наiўным” кiно штодзённасьцi як “другая рэальнасьць”, iлюзiя сапраўднасьцi, якая адбываецца на экране. У адрозьненьне ад, скажам, тэатру, умоўнасьць кiнадзеi невiдавочная масаваму гледачу. Яна ўдала схаваная за наплывам зрокавых вобразаў, якiя запрашаюць нас на дзьве гадзiны ў “iншае жыцьцё”. Патрапляючы ў гэтую плынь вобразаў, глядач пераключае сваё ўспрыняцьцё з актыўнага ўдзелу ў штодзённых справах на пасыўна-захопленае “падгляданьне” за жыцьцём на экране. Пры гэтым сукупнасьць вiзуальных вобразаў стварае сэнсавыя фiгуры жаданай рэальнасьцi. Працэс iхняга ўспрыняцьця Дж.Файкс вызначае як канцэптуальны рух, паколькi вiзуальны мiф ня ёсьць нечым цэльным, а хутчэй “ланцужком элемэнтарных канцэптаў, паўзь якiя рухаецца нашае ўспрыняцьце”. З гэтага кiнатэкст уяўляе своеасаблiвае квазi-наiўнае пiсьмо, наглядную карцiнку зь “iдэяй”, якая, як правiла, чытаецца на дарацыянальным узроўнi. Ключавы message патрапляе ў сьвядомасьць гледача ня бачным, таемным шляхам, абмiнаючы фiльтры рацыянальнага кантролю. Сэнс кiнатэксту як руху ўспрыняцьця, якi ўвесь час высьлiзгвае, “сплывае”, тоесны не вэрбальна-канцэптуальнаму, а спантанна-сытуацыйнаму ўзроўню практычнага засваеньня рэальнасьцi. Тыповы кiнатэкст прынцыпова дэмакратычны, ён не патрабуе для свайго засваеньня “навучэньня чытаньню”. Кiно адкрытае ўсiм i кожнаму: “Iдзi i глядзi”.

Кiно зразумелае “прафаннай” сьвядомасьцi ня толькi таму, што яно тоеснае “наiўнаму” кiно ўласнага зрокава-пачуцьцёвага досьведу, але яшчэ і таму, што яно падобнае да ўласнага “кiно памяцi”, “кiно ўяўленьня”, “кiно сну”. Натуральная для чалавечай псыхiкі здольнасьць гульнi ўяўленьня, адвольнага камбiнаваньня зрокавых вобразаў садзейнiчае як кiнатворству, гэтак i гатоўнасьцi гледача ўспрымаць мову кiно. Дзьве магутныя традыцыi масавых дзействаў — сакральна-абрадавая i карнавальна-сьмехавая — фармавалi i падтрымлiвалi неабходнасьць калектыўных перажываньняў, заснаваных на эмацыйным прылучэньнi гледача да таго, што адбываецца.

Такiм чынам, кiнематограф стаўся магчымым ня толькi дзякуючы вынаходнiцтву спосабу фiксаваньня i аднаўленьня руху шляхам пасьлядоўнай зьмены карцiнак-кадраў. Ягонае зьяўленьне абумоўлена агульнымi тэндэнцыямi развою духоўнага жыцьця iндустрыяльнага грамадзтва i найперш — зьяўленьнем фэномэну чалавека масы.

Чалавек масы — адзiнка армii наёмных працаўнiкоў буйной прамысловай вытворчасьцi i бюракратычнага апарату. Яго адметныя рысы: адарванасьць ад традыцыйнай патрыярхальна-аграрнай культуры, праца ў рэжыме падначаленасьцi i залежнасьцi, абмежаванасьць i аднабаковасьць адукацыi. Адсюль натуральны вынiк: няздольнасьць да самастойнай пабудовы цэльнага сьветагляду i выбару адпаведных мадэляў сацыяльных дзеяньняў. Чалавек масы, “эмiгрант” з архаiчнай культуры ў iндустрыяльна-гарадзкую, шукае сабе правадыра i настаўнiка, якiя кампэнсуюць яму згубленыя традыцыйныя арыентыры. Яму не патрэбная Iсьцiна, ён не ўспрымае лягiчна выбудаваную аргумэнтацыю. Чалавек масы прагне ясна i эмацыйна выкладзенага мiту. Лепшай з формаў “прамысловай вытворчасьцi мiталёгii ” сталася кiно. Сiла аўдыявiзуальнага вобразу — у яго скрайняй пачуцьцёва-эмацыйнай насычанасьцi. Як дакладна заўважыў тэарэтык кiно Крысьцiян Мэтц, “плян” у кiно блiжэйшы не да кнiжнага слова, а да выказваньня натуральнай мовы. Колькасьць плянаў, як i колькасьць выказваньняў, можа быць бясконцай. Плян перадае таму, хто яго ўспрымае, нявызначаную колькасьць iнфармацыi і тым самым стварае выказваньне неабмежаванай даўжынi. Рэальнае значэньне паведамленьня аказваецца значна шырэйшым за яго непасрэдны зьмест.

Заўважым у гэтай сувязi, што звыклыя клiшэ “iнтэлектуальнага” цi “фiлязофскага” кiно (Таркоўскi, Занусi, Кесьлеўскi, Сакураў) можна разглядаць як своеасаблiвае адхiленьне, рэцэдыў “кнiжнасьцi”, якi надае вiзуальнаму вобразу службовы статус адносна Слова. Сацыяльная значнасьць падобных “кампрамiсных” стасоўна традыцыйнай эўрапейскай культуры кантэкстаў непазьбежна зьнiжаецца па меры павелiчэньня ўплыву найноўшых iнфармацыйных тэхналёгiяў.

Магiя кiнатэксту заключаецца ў тым, што праз пазнавальныя, звычайныя карцiнкi будуецца невядомы нам тэкст, якi рэфармуе нашае ўспрыняцьцё, наноў наймуе рэальнасьць. Стваральнiк усялякага вiзуальнага паведамленьня прапаноўвае спажыўцу ня толькi само паведамленьне, але i правiлы ягонага прачытаньня. З гэтага, у адрозьненьне ад вэрбальнага тэксту, кiнатэкст узнаўляе ня толькi поўны набор знакаў, але i набор стратэгiяў iх успрыняцьця. Па сутнасьцi, кiнематограф заняты пашыранай вытворчасьцю пэўнага тыпа дыскурсу, спосабу чытаньня сацыяльнай рэальнасьцi, у канцавым вымеры — нейкага канону сацыяльнасьцi. Кiнематограф — гэта будаўнiцтва прасторы культуры з наяўнага матэрыялу, гульня ў рэальнасьць, якая актыўна яе перастварае.

Вiзуальны iнфармацыйны канал па азначэньні зьяўляецца незавершаным. Гэта зьменлiвая плынь разнастайных вобразаў-кадраў, непазьбежна зьнiкаючых з поля нашага зроку. Калейдаскоп кадраў аналягiчны калейдаскопу iмгненьняў нашага жыцьця, i гэтаксама як жыцьцё ён прапаноўвае гледачу iнфармацыi значна болей, чым мы здольныя ахапiць у кожны асобны момант лягiчным мысьленьнем. Як i спантанны жыцьцёвы досьвед, кiнатэкст узьдзейнiчае на нас адначасна на пачуцьцёва-эмацыйным, рацыянальным i пазасьвядомым (iнтуiцыйным) узроўнях. Такiм чынам, сутнасьць кiнематографу — не ў перадачы нейкага канцэптуальнага пасланьня, а ў няспыннай вытворчасьцi першасных дарэфлексiйных уражаньняў i эмоцый.

Як вядома, штодзённая практычная сьвядомасьць ад пачатку ўключае ў сябе значную колькасьць iнтуiцыйных, вобразна-эмацыянальных мiталягiчных уяўленьняў. I таму менавiта тэрыторыя “сьвету жыцьця” становiцца мейсцам сустрэчы двух мiтаў — кiнематаграфiчнага (штучнага) i штодзённага (натуральнага). Тут тоесьняцца ня “праўда жыцьця” i яе адлюстраваньне на экране, а два канцэпты, здольныя ўзмацнiць цi паслабiць iх агульную значнасьць для гледача. I калi ў пару Сярэднявечча вiтражы i скульптурныя ўпрыгожваньнi сабораў называлi “Бiблiяй для неадукаваных”, то ў 20 ст. гэткую самую ролю стаў адыгрываць кiнематограф.

Кiно зь першых сваiх крокаў зрабiлася найважнейшым сродкам масавай камунiкацыi. Найперш дзякуючы дакумэнтальным здымкам Люм'ераў i iхнiх пасьлядоўнiкаў штодзённыя газэты займелi свой кiнааналяг у выглядзе зборнiкаў навiнаў. Кiно актыўна прылучылася да справы пашырэньня i насычэньня iнфармацыйнай прасторы. Затым кiнематограф зрабiўся важным сродкам прапаганды, эфэктыўным пасярэднiкам памiж уладай i народам. Згадаем хаця б “рэвалюцыйны” савецкi кiнематограф, “агiтацыйнае” нацысцкае кiно, антынацысцкiя (а затым — антыкамунiстычныя) амэрыканскiя фiльмы, патасныя кiнастужкi “чырвонага” Кiтая i “чырвонай” Паўночнай Карэi... Масавая забава, “кiношка”, была прынятая на дзяржаўную службу: фармавала грамадзкiя погляды, дэманстравала эталёны “iдэалягiчна правiльных” паводзiнаў i нястомна нагадвала грамадзянам пра “ашчэранага” ворага. Натуральным крокам у iдэалягiчнай барацьбе сталася зьяўленьне кiнацэнзуры. Агульнавядомае выказваньне Ленiна: “з усiх мастацтваў найбольш важным для нас зьяўляецца кiно” мела абсалютна канкрэтны i цалкам практычны сэнс. Аднолькава невыпадковай была захопленасьць кiнематографам Гiтлера i Сталiна. I, урэшце, з прычыны сваёй скрайняй дэмакратычнасьцi i “чытэльнасьцi”, кiно зрабiлася агульнанародным псыхааналiтыкам — яно перакладала падсьвядомыя страхi i патаемныя жаданьнi калектыўнага несьвядомага на мову аўдыявiзуальных сродкаў. Такiм чынам, кiно з простай тэхнiчнай забаўкi ператварылася ў аднаго з галоўных творцаў сучаснай сацыяльнай мiталёгii.

Роля кiно як “фабрыкi мрояў” становiцца асаблiва вiдочнай у крызысныя пэрыяды жыцьця грамадзтва. Да прыкладу, знакамiтая “вялiкая дэпрэсiя” ў ЗША 30-х гадоў спарадзiла неверагодную цiкавасьць да кiнематографу. Штотыдзень 85 мiльёнаў амэрыканцаў наведвалi 17 тысяч кiнатэатраў. У Амэрыцы той пары кiнатэатраў было ў два разы болей, чым гатэляў i ў тры разы болей, чым унiвэрсальных крамаў. Для людзей, пазбаўленых звыклай сацыяльнай стабiльнасьцi, менавiта кiно, працуючы ў рэжыме “вялiкага суцяшальнiка”, стварала магчымасьць псыхалягiчнага распружаньня. Iнфарматар, прапагандыст, забаўляльнiк i суцяшальнiк — вось асноўныя амплуа кiно ў культуры 20 ст. Якраз дзякуючы гэтаму кiно сталася iдэальным камэрцыйным прадуктам масавага спажываньня, што мела пэўныя наступствы.

З самых першых сваiх крокаў кiнематограф выклiкаў ня толькi ўвагу i павагу да сябе, але i жорсткую крытыку з боку iнтэлектуальнай элiты. Як гэта нi дзiўна, але кiно крытыкавалi за ягоныя бясспрэчныя каштоўнасьцi: дэмакратычнасьць, дынамiчнасьць, схiльнасьць да эфэктных сюжэтаў i ўмельства працаваць зь “нiзкiмi” жанрамi. Найбольш ярка падобная пазыцыя была выкладзеная ў вядомым творы Макса Горкгаймэра i Тэадора Адорна “Дыялектыка асьветніцтва”. Гэтыя аўтары даводзiлi, што кiно ўяўляе зь сябе шматтыражную пустку, запоўненую таннымi трукамi. У кiно тагачасная эўрапейская элiта бачыла апатэоз “фэльетоннай” (Г.Гесэ) культуры. Але самае сур'ёзнае абвiнавачваньне гучала наступным чынам: кiнематограф мэтанакiравана пазбаўляе народ творчых патэнцыяў, паколькi прызвычайвае гледача выключна да спажываньня ўсё новай i новай кiнапрадукцыi.

Наколькi слушнымi былi падобныя цьверджаньнi? З пазыцый сёньняшняга часу яны падаюцца залiшне эмацыянальнымi i недастаткова абгрунтаванымi. Кульмiнацыя “крытыкi кiно” прыпадае на першую палову 20 ст. i зьвязана з канфлiктам традыцыйнай “культуры слова” i новай вiзуальнай культуры. Зь цягам развою мовы кiно, эвалюцыяй жанраў, зьяўленьнем кiнаавангарду i “iнтэлектуальнага” кiно, станаўленьнем уплывовых нацыянальных кiнематографаў i павелiчэньня колькасьцi фiльмаў, прызнаных сапраўднымi шэдэўрамi, спрэчкi аб статусе кiно ў сыстэме культуры перасталi быць актуальнымi. Вiдавочна, што сучасны кiнематограф — складаная дынамiчная сыстэма, здольная ствараць культурны прадукт самай рознай якасьцi. Мова масавай культуры тут не дамiнанта, а толькi адзiн з дыялектаў.

У агульнай прасторы вiзуальнай культуры элiтарнае, незалежнае i масавае кiно пасьпяхова суiснуюць i ўзаемадзейнiчаюць у пошуках аптымальнага суладзьдзя патрабаваньняў рынку i амбiцыяў “аўтарскага кiно”. Да прыкладу, найбольш пэрспэктыўны сёньня накiрунак art house (незалежнае малабюджэтнае вiдовiшчнае кiно) зьвязаны зь мiнiмiзацыяй звычайнага падзелу на зашыфраваныя пасланьнi “iнтэлектуальных” аўтараў i дынамiчныя фiльмы для шырокага гледача. Art hоuse (Кустурыца, фон Трыер, Джармуш, Альмадавар, браты Коэны) злучае вытанчанасьць формы, чытэльнасьць сюжэту, ёмiстыя псыхалягiчныя партрэты герояў i ненавязьлiвыя цытаты з кiнаклясыкi. Адносна падобнага “антыэлiтарнага” кiно канца стагодзьдзя прэтэнзii Адорно i Горкгаймэра выглядаюць безнадзейна састарэлымi.

Амэрыканскi дасьледчык Сол Уорт у сваiм тэксьце “Распрацоўка сэмiётыкi кiно” прапаноўвае разглядаць сучасны кiнематограф як сукупнасьць шматлiкiх “моўных супольнасьцяў” (“падпольнае” кiно, Галiвуд, эўрапейскае “iнтэлектуальнае кiно”, фiльмы для тэлебачаньня i г.д.). На думку Ўорта, кожная з такiх супольнасьцяў стварае сваю сыстэму кiназнакаў i такiм чынам акрэсьлiвае чарговы “магчымы сьвет”. Калектыўны характар аўтарства вiзуальнага тэксту выяўляецца як у стварэньнi ўласнага iнфармацыйнага прадукту, так i ў канструяваньнi для яго пэўнага сэнсавага контуру.

Такiм чынам, зьмест канкрэтнага кiнатэксту ёсьць сумай “непасрэднага”, заяўленага, i “ўскоснага”, зададзенага актуальным кантэкстам, сэнсаў. Iнфармацыйная насычанасьць вiзуальнага мэдыя-тэксту фармуецца як вэктар актыўнасьцi аўтара, актыўнасьцi спажыўца i наяўнага культурнага кантэксту, якi стварае пэўны iнтэрсуб'ектыўны набор чаканьняў i пажаданьняў адрасата пасланьня. Такiм чынам, кiнакантэкст як сродак масавай камунiкацыi прадугледжвае актыўнасьць ня толькi аўтара, але i адрасата iнфармацыйнага пакету, таго, хто прамаўляе канчатковы прысуд фiльму, робiць яго папулярным, залiчвае да “кiно не для ўсіх” цi жорстка крытыкуе. Меркаваньне гледача, як правiла, прадугледжвае тры ўзроўнi ацэнкi кiнатэксту:

— “наiўны”: спантанная эмацыйная рэакцыя на дарацыянальным узроўнi.

— “прафэсiйны”: ацэнка тэхнiкi пабудовы кiнатэксту.

— “канцэптуальны”: тэарэтычны аналiз зьместу i мовы фiльму ў аспэктах яго сацыякультурнай значнасьцi.

Посьпех фiльму, як мы бачым, залежыць ад ступенi адпаведнасьцi чаканьням масавага гледача, ступенi прафэсiяналiзму творчай групы i здольнасьцi прывабiць увагу iнтэлектуальнай меншынi. Любая ацэнка фiльму лятэнтна прадугледжвае наяўнасьць гэтых трох складнiкаў у розных прапорцыях, што залежаць ад агульнага ўзроўню культуры спажыўца. Пры гэтым зьнешне простыя ацэнкi кiно як “харошага” цi “дрэннага” застаюцца ўнутрана неадназначнымi.

Масавае кiно ад пачатку будавалася як мантаж архетыпаў калектыўнага несьвядомага. Ягоная папулярнасьць — у максымальнай пазнавальнасьцi пэрсанажаў i сюжэтных хадоў. Возьмем, да прыкладу, такi жанр, як палiтычны трылер. Зь фiльму ў фiльм вандруюць нязьменныя пэрсанажы: агент спэцслужбы ў адстаўцы, малады саманадзейны журналiст, наiўная, але высакародная гераiня, зламысны шэф сакрэтнага аддзелу, эксцэнтрычны хакер...

Сюжэты напiсаныя як пад капiрку: на пачатку забойства, потым пагонi i засады, напрыканцы доўгiя тлумачэньнi абставiнаў, фiнальны стрэл злодзея сабе ў скронь i пацалунак героя i яго жанчыны (дачкi, сабакi) пад тытры. Усё выдае на канвоер, штампоўку. Аднак тут абвiнавачваньнi ў шаблённасьцi i прымiтыўнасьцi абсалютна бессэнсоўныя. Iншым сучаснае “вiдовiшчнае” кiно быць проста ня можа, паколькi яго звышзадача — ня творчы ўзьлёт, а простае ўзнаўленьне актуальнага мiталягiчнага поля, паўтор звыклых формулаў, якiя забясьпечваюць працэс сацыяльнай стабiльнасьцi. Для “вiдовiшчнага” кiно менавiта ў гэтым падстава посьпеху.

Подавае пачуцьцё кожнага аматара кiно — чаканьне эмацыйнага ўзрушэньня, звыклай дозы адрэналiну. Менавiта з гэтага iнтэлектуалы, побач з “кiно не для ўсiх”, часам з ахвотай глядзяць жанравыя фiльмы далёка не найлепшай якасьцi. Масавае кiно — гэта гульня па знаёмых правiлах, i найбольш прыемнае для гледача ў тым, што гэтыя правiлы не парушаюцца. Самы першы ўзровень кiно: задавальненьне запатрабаваньняў гледача. Супадзеньне таго, што я хачу атрымаць, i таго, што мне прапануюць. Пры гэтым уласна мастацкiя якасьцi не адыгрываюць вырашальнай ролi. Вiдавочная параза сэрыялу Дэвiда Лiнча “Твiн Пiкс” на амэрыканскiм тэлебачаньнi была абумоўлена элемэнтарнай несумяшчальнасьцю густаў аматараў “мыльных опэраў” i арыгiнальнай рэжысэрскай задумы. Цэнтральнае месца ў сыстэме глядацкiх прыярытэтаў займае “добрае дрэннае кiно”. Тут паважаюць не складанасьць i мэтафарычнасьць вобразаў, а чысьцiню жанру. I калi падобнае атрымлiваецца — фiльм мае посьпех.

Яшчэ адзiн варыянт “добрага дрэннага кiно” — сьвядомая праца аўтара з штампаванай “сьметнiкавай мовай” масавай культуры. Клясычны прыклад — “Крымiнальная чытанка” Тарантыны, дзе сабраная анталёгiя самых банальных сытуацый “чорнай” сэрыi дэтэктыўнага жанру. Набор стандартных знакаў задавальняе масавага гледача, а iх нестандартны мантаж робiць гэтую працу прывабнай для iнтэлектуала. Падобныя экспэрымэнты можна разглядаць як спробу ўнiвэрсальнай мовы, пошук аптымальных формаў камунiкацыi паўзьверх бар'ераў “высокага” i “нiзкага” ў культуры. Гэта асаблiва iстотна ў сытуацыi глыбокага крызысу гэтак званага “ iнтэлектуальнага” кiнематографу.

Апошнi можна перафармуляваць як “дрэннае добрае кiно”. “Дрэннае добрае кiно” — кiно зь iдэяй, звычайна адмыслова выбудаванае, але абсалютна не вiдовiшчнае. Да прыкладу, Аляксандар Сакураў, якi працягвае лiнiю пошукаў Андрэя Таркоўскага, актыўна распрацоўвае мэдытатыўныя тэхнiкi працы з вобразамi, якiя абсалютна не перакладаюцца на мову шараговага гледача. У сваiх фiльмах Сакураў пасьлядоўна, хаця, магчыма, i неўсьвядомлена разбурае традыцыйную тканку аповеду. I гэтым, бадай наўмысна, стварае сытуацыю непаразуменьня з масавым гледачом. Аўтар гуляе “не па правiлах”, гэта значыць устанаўляе сам сабе такiя правiлы, па якiх глядач не падрыхтаваны гуляць. У падобных выпадках “элiтарны” кiнатэкст iнiцыюе абрыў камунiкацыяў. I тады з фармальнага гледзiшча дасканалы фiльм робiцца нецікавым гледачу, бо ён iм не прачытваецца.

Кiно ёсьць вытворчасьцю культурнага прадукту. I фiльм мусiць кампэнсаваць выдаткi на ягоную пастаноўку, iнакш кiнавытворчасьць перапынiцца. А акупляцца кiнастужка можа адно ў тым выпадку, калi яна скiраваная на набор знакаў, зразумелых масаваму гледачу. З гэтага, адзiнай магчымасьцю рабiць у сучаснай сытуацыi кiно, цiкавае для iнтэлектуальнага i масавага гледача, становiцца арыгiнальны аўтарскi кiнамантаж звыклых формулаў. Зрэшты, мантаж, гэта аснова кiнатэксту, i ў iм ня менш аўтарскай творчасьцi, чым у сцэнарнай iдэi цi акторскай працы.

Мы наблiжаемся да сытуацыi, калi ў кiнасьвеце ня будзе месца для Таркоўскага. Гэта вынiк натуральнай грамадзкай рэакцыi на нядаўнi “парад прарокаў” зь iх бясконцай вайной супраць “наiўнага” густу i папулярных жанраў. Новае пакаленьне гледачоў i кiнематаграфістаў, стомленае аўтарытарнасьцю i радыкалiзмам гуру прамiнулых гадоў, шукае магчымасьцяў для самавыяўленьня ў гульнi з кiнасьмецьцем, памыйкай, “trash”.

У пошуках новых сродкаў адбываецца сьвядомы зварот да маргiнальных, “сьметнiкавых” моваў культуры. Так, блiскучы майстра Тым Бэртан нядаўна стварыў фільм “Эд Вуд” пра “найгоршага кiнарэжысэра ўсiх часоў”. Паводле Бэртана, апантаны графаман ад кiнематографу варты павагi, паколькi ён гранiчна шчыры ў сваiм няўмельстве. “Трэш” — гэта кiно, якому з прычыны яго нiзкай якасьцi наканавана растварыцца ў “майн-стрыме”. Хаця якраз дзякуючы прафэсiйнай недасканаласьцi гэтага кiно ў iм раз-пораз зьяўляюцца нечаканыя знаходкi. I тады мы маем эфэкт iконы: “наiўны” расповед аб значных зьявах.

Але заўсёды сапраўднай падзеяй становяцца фiльмы, прасякнутыя натхненьнем аўтараў, якія здолелі перадаць гэтае натхненьне гледачу. I, па вялiкаму рахунку, тут зусiм неiстотна, iнтулектуальнае гэта кiно цi масавае, дарагое па фiнансавых тратах цi “сьметнiкавае”. Значнасьць вызначаецца эфэктыўнасьцю камунiкацый. Сапраўднае дрэннае кiно — гэта тое, якое ня хочацца глядзець.

На завяршэньне мэтазгодна пазначыць дзьве асноўныя мадэлi “вiдовiшчнага” кiно: аўтарытарную i партнэрскую. Кожная зь iх, незалежна ад таго, дзе адбываецца дзеяньне — у сучасным, прамiнулым цi будучым, фармулюе ў масавага гледача пэўны тып эмацыйнага стаўленьня да актуальнай прасторы яго “жыцьцёвага сьвету”.

Аўтарытарная мадэль масавага кiнатэксту адкрыта рэпрэсiўная адносна аўдыторыi, палiтызаваная, просталiнійная. Яна ўяўляе сабой пасьлядоўнасьць своеасаблiвых iдэалягiчных iн'екцый, якiя праграмуюць сьветапогляд гледача... Прынцыпова сэрыйная: “бедныя” iдэалягiчныя мiты, згодна з Р.Бартам, увесь час патрабуюць падмацунку. З гэтага, аўтарытарная мадэль кiнадыскурсу арыентаваная на аднаразовае засваеньне, i пастаянна патрабуе замены iншымi, але аналягiчнымi тэкстамi. Праца вядзецца па схеме канцэптуальнага кадаваньня масавай сьвядомасьцi, падобнай да цыклiчнай падачы рэклямы (зьмена iмiджу i выцясьненьне канкурэнта) з папраўкай на большую чым у камэрцыi хуткасьць “старэньня” вiзуальных вобразаў. Таму неабходнай умовай становiцца пэрыядычнае аднаўленьне вобразнага камплекту пры поўнай нязьменнасьцi зьместу.

Аўтарытарная мадэль кiнатэксту ёсьць узнаўленьнем тыповых установак архаiчнай калектыўнай сьвядомасьцi (“Далучайся!”— камэрцыйная рэкляма выкарыстоўвае тыя ж прыёмы). Адпаведна выбудоўваюцца i яе асноўныя рухавiкi (героi i сюжэты). Герояў умоўна можна падзялiць на “правадыроў”, “апрычнiкаў” i “нэафiтаў” (умоўна кажучы: маршал Жукаў—Шцiрліц—Бумбараш). Сюжэт раскручваецца, калi герой пачынае рухацца “ў накiрунку праўды” цi трымае выпрабаваньнi, каб пацьвердзiць ёй сваю адданасьць. Лiнійнае разгортваньне аповеду становiцца прэамбулай да фiнальнага масавага экстазу публікi пад сьцягамi Вялiкай Iдэi.

Партнэрская цi “лятэнтная” мадэль больш дэмакратычная i трывалая. Яна працуе падобна кампутарнаму вiрусу ў целе папулярных жанраў (мэлядрама, дэтэктыў, гiстарычная хронiка, вытворчы фiльм), адаптуючы свае магчымасьцi адпаведна з актуальнымі грамадзкiмі настроямі. Пры гэтым message падаецца не як “Поклiч Крывi”, а ў форме “аповеду сумоўнiка”, узнаўляючы сяброўска-партнэрскi тып нефармальных непасрэдных стасункаў. У адрозьненьне ад аўтарытарнай стратэгii , партнэрская фармуе ня лёзунгава-клiшавае мысьленьне, а пэўны тып сацыяльнага перажываньня на дарацыянальна-практычным побытавым узроўнi.

Партнэрская стратэгія ўзнаўляе постклясычную “мазаiчную мадэль” калектыўнай сьвядомасьцi. Яе аснову складвае не захапленьне наяўнай сытуацыяй, а разуменьне яе недасканаласьцi i падрыхтаванасьць да самастойнага выпраўленьня паўсталых хiбаў. Тут адначасна прысутнiчае i дыстанцыяванасьць (ад бюракратычных мэханiзмаў улады) i ўлучанасьць (“гэта мая краiна”). Асноўны герой прынцыпова неадметны: шараговы грамадзянiн, атам соцыюму. Сюжэт распачынаецца, калi герой “выпадае” са звыклага асяродку. А ў вынiку адбываецца разьвязка канкрэтнага эпiзоду (вяртаньне ў сыстэму), але не ўсяго сюжэту, паколькi лякальны посьпех ня можа быць падставай глябальнай гармонii.

Абедзьве гэтыя мадэлi прынцыпова мiталягiчныя. Iх канцавая мэта — узнаўленьне наяўнага стану рэчаў i падтрыманьне ягонай стабiльнасьцi. I зусiм натуральна, што ў абодвух выпадках сэнсавая плынь рухаецца па коле, вяртаючыся да абмежаванага набору дазволеных канонам сюжэтаў i пэрсанажаў.

Трэба адзначыць, што актуальная сытуацыя ў “вiдовiшчным” кiно складваецца, зазвычай, у вынiку сумяшчэньня абедзьвюх згаданых мадэляў. Канкрэтны балянс кiнапрадукцыi аўтарытарнага i партнэрскага тыпу вызначаецца сацыякультурнымi традыцыямi, тыпам улады, мерай напружанасьцi зьнешняй i ўнутранай сытуацыi, а таксама ўзроўнем разгорнутасьцi структураў грамадзянскай супольнасьцi. Iснуюць i пераходныя варыянты кiнадыскурсу (“адлiжнае” цi “перабудовачнае”, савецкае кiно, эўрапейскi “левы” кiнематограф 60-х, амэрыканскi контракультурны кiнаэпас), якiя ўзьнiкаюць у сытуацыi крызысу грамадзкага ладу i зьвязаных зь iм зьменаў вэктару масавых сацыяльных спадзяваньняў. Асобна трэба адзначыць постсавецкi варыянт 90-х: не прымаючы сучаснага, герой iмкнецца вярнуць мiнулае i змагаецца за Адраджэньне Iдэi. Манархiст Мiхалкоў (“Сiбiрскi цырульнiк”) i “чырвоны” Гаварухiн (“Варашылаўскi стралок”) аднолькава эксплюатуюць настальгiчныя настроi разгубленага абывацеля эпохi пераменаў. Антысыстэмны патас падобнага “бунтарнага” (у iдэйным пляне — тупiковага) кiнематографу ёсьць зьявай пераходнай на шляху да адной з вышэйазначаных мадэляў кiнатэксту, якiя пачынаюць выяўляць сябе па меры адбудаваньня стабiльнай сацыяльнай сыстэмы.


Літаратура

1. Арнхейм Р. Кино как искусство. М., 1972.

2. Базен А. Что такое кино? М., 1972.

3. Генис А. Вавилонская башня. Искусство настоящего времени. М., 1997.

4. Лотман Ю. Семиотика кино и проблемы киноэстетики. Таллинн, 1973.

5. Лотман Ю. Об искусстве. М., 1998.

6. Строение фильма. М., 1984.

7. Что такое язык кино? М., 1989.

8. Феллини Ф. Делать фильм. М., 1984.

9. Ямпольский М. Память Тиресия. Интертекстуальность и кинематограф. М., 1993.

Тэлебачаньне і відэа

Плян:

1. Тэлефэномэн у гістарычным кантэксьце

2. Сучаснае тэлевізійнае тыражаваньне

3. ТБ і кіно

4. Зьяўленьне відэафільму

5. Пэрспэктывы тэлебачаньня

Тэлебачаньне займае ў сучаснай цывілізацыі настолькі важнае мейсца, што гэта прыводзіць яго дасьледчыкаў да мэтадалягічнай памылкі: яны пасьлядоўна разглядаюць тэлефэномэн толькі ў кантэксьце сучаснай цывілізацыі, у храналягічных межах найноўшай гісторыі: сучасны фэномэн тлумачыцца праз сучаснасьць. З гэтага падыходу вынікае, што ТБ — толькі від шчасьлівай інжынэрнай ініцыятывы тэхнічнай цывілізацыі, які працягвае шэраг таксама шчасьлівых знаходак больш раньніх тэхнічных спосабаў перадачы і захаваньня інфармацыі.

Паспрабуем разгледзець ТБ у шырокім гістарычным кантэксьце, які выходзіць за межы нашай сучаснасьці.

Адзін з цэнтральных сюжэтаў новаэўрапейскай культурнай сыстэмы — зьяўленьне і распаўсюджваньне накладу (разуменьне, што тэкст ці якая-небудзь выява можа быць растыражавана ў неабмежаванай колькасьці асобнікаў). Гэты працэс пачынаецца адАдраджэньня і з кожным стагодзьдзем Новага часу набірае ўсё большую тэхналягічную хуткасьць. Сёньня стратэгічная інтэнсіўнасьць гэтага працэсу пакідае далёка ззаду ўсе яго папярэднія формы, тэмпы, магчымасьці (што, аднак, ня толькі не вычэрпвае гэтых магчымасьцяў, а адкрывае перад намі новую загадкавую пэрспэктыву).

Нагадаем пра ўнікальнасьць не самога інфармацыйнага працэсу, а пакладзенага ў яго аснову фэномэну тыражаваньня. Бо ад палеаліту да Сярэднявечча (хрысьціянскага, ісламскага і будысцкага) працэс матэрыяльнага тыражаваньня адбываўся надзвычай стрымана або спэцыяльна табуяваўся. І справа не ў адсутнасьці тэхнікі для тыражаваньня (у нейкіх эмбрыянальных формах яна існавала здавён, досыць прыгадаць пячаткі — умоўныя знакі, зробленыя ці выгравіраваныя на якім-небудзь цьвёрдым матэрыяле для атрыманьня адбітку, які мог бы засьведчыць аўтэнтычнасьць дакумэнту і пячаткі “іканічнага” тыпу зь меншай ступеньню ўмоўнасьці). Падобныя прыстасаваньні рабіліся і для прадукаваньня адбіткаў мастацкага характару.

Для ўсіх архаічных культураў быў характэрны пэўны іканаграфічны канон, існавала жорсткая іканаграфічная дысцыпліна. Існаваў нават рытуал, скіраваны супраць матэрыяльнай копіі таго ці іншага тэксту ці проста знаку. Напрыклад, цэнтральны прадмет амэрыканска-эскімоскай абрадавасьці — шаманскі бубен — пасьля заканчэньня абраду абавязкова зьнішчаўся. Адзін псыхіятар назваў гэтую зьяву “трагічнай карыкатурай на рэлігію”. Так, у архаічнай Японіі сінтаісцкі сьветапогляд зыходзіў з унікальнасьці сакральнай будоўлі — аж да рытуальнага разбурэньня, што падкрэсьлівала гэтую ўнікальнасьць. Галоўны сінтаісцкі храм у Ісі, створаны ў 7 ст., кожныя 20 год будуецца зноў, а стары будынак пасьля заканчэньня новага зьнішчаецца.

Форма захоўваецца ў цыклях аднаўленьня. Характэрна, што авангард зь яго рытуальнымі абнаўленьнямі-ператварэньнямі архаічных хадоў культуры таксама імкнецца да сэміятычнай унікальнасьці падобнага роду. Так, кампазытар-мадэрніст у “Доктару Фаўстусу” пераконвае, што музычны твор цалкам можа абысьціся без выкананьня яго перад слухачамі — маўляў, “дастаткова таго, што ён прагучаў у сьвядомасьці самога кампазытара”. Альбо музыкі, напрыклад, зьнішчаюць інструмэнты пасьля канцэрту. Тут мы маем справу зь першасна-магічным стаўленьнем да знаку, як да ўнікальнай сэміятычнай адзінкі. Яго ня могуць замяніць іншыя знакі, тым больш копіі.

Гэты патас унікальнага быў перапынены ў эпоху Рэнэсансу і Рэфармацыі. З аднаго боку, гэтыя эпохі вызначае напружаная “індывідуалізацыя”, як пазьней скажа Якаб Буркгарт, вялікі знаўца італьянскага Адраджэньня. З другога, людзі жадалі атрымаць больш ці менш вольны доступ да ўсёй знакавай структуры. Па сутнасьці, гэта быў першы сэанс дэмакратызацыі сьвету, падключэньня асобы да каналаў сусьветнай камунікацыі.

Рэфармацыя вымагала прылучэньня кожнага да Абсалюту. Хаця Гутэнбэрг і вынайшаў друкарскі прэс яшчэ да фармальнага пачатку Рэфармацыі, але і ягонае вынаходніцтва, і 95 вядомых лютэранскіх тэзысаў, якія сталі ідэалягічным пастулятам — відавочная праява адной і той жа тэндэнцыі.

Кніга ў сярэднявечнай Эўропе зьяўлялася прадметам выключна канфэсійнай альбо палацава-замкавай культуры. Характэрна, што Бізантыя ня ведала фэномэну “нямога”, самому сабе і для сябе чытаньня — толькі “ўголас”. Рэвалюцыя Гутэнбэрга стварыла магчымасьць тыражаваньня рукапіснай (і ад гэтага ўнікальнай) кнігі. Зразумела, у першую чаргу кнігі найбольш аўтарытэтнай. Да гэтай рэвалюцыі Біблію чыталі пераважна ўголас, што істотна абмяжоўвала знаёмства са Сьвятым Пісаньнем. Гутэнбэрг стварыў новае інфармацыйнае забесьпячэньне Рэфармацыі.

Паралельна з вынаходніцтвам і разьвіцьцём кнігадрукаваньня адбываецца разьвіцьцё гравюры. І кнігадрукаваньне, і гравюра паўстаюць як выцясьненьне-замяшчэньне ўнікальнага тэксту ці выявы, даступных цяпер ня толькі эліце, але і больш шырокім колам. Гэта быў своеасаблівы сэміятычны спосаб падключэньня грамадзтва да назапашанай інфармацыі і ўжо не праз колішняе архаічнае пасьвячэньне ўсіх яго чальцоў у міт, а шляхам наданьня сьвядомасьці асаблівых знакавых інструмэнтаў для пэрсанальнага ўваходжаньня ў сфэру інфармацыі.

Трэба падкрэсьліць абсалютную гістарычную ўнікальнасьць гэтага новаэўрапейскага рэнэсанснага замяшчэньня ўнікальнага тыражаванымі копіямі. У сусьветнай гісторыі падобнае ў масавай форме здарылася ўпершыню. Можна казаць пра крызыс сэміятычна-ўнікальнага.

У 1798 г., у Нямеччыне, у характэрным храналягічным суседзтве з Францускай рэвалюцыяй, была вынайдзена літаграфія — больш дэмакратычны варыянт гравюры, “гравюра для бедных”. А пазьней зьяўляецца і фатаграфія. Спачатку ў выглядзе дагератыпу, тэхналягічна непрыдатнага да тыражаваньня. Гётэ, як пісала тагачасная хроніка, атрымаў “літаграфічны здымак — від свайго шаноўнага сябра”. Расійскі паэт князь Вяземскі яшчэ ў 20-х гадох 19 ст. напісаў верш пра “літаграфічны здымак”, як эмблему цэлага стагодзьдзя. Пазьней літаграфію выцясьняюць фотаксыляграфія, фоталітаграфія. Літаграфія прыцягвае ўвагу тагачаснага мастацкага авангарду — імпрэсіяністаў. Якраз у асяродзьдзі імпрэсіяністаў быў вынайдзены новы жанр — плякат, які адыграў у станаўленьні паэтыкі кіно ня меншую ролю, чым сама фатаграфія. Адзін гісторык пісаў: “Адной з галоўных ідэй Дэга была ідэя пра непатрэбу рабіць мастацтва даступным ніжнім клясам і дазваляць продаж рэпрадукцый па 13 су”. Тут гаворка ідзе не пра антыдэмакратызм Дэга, а пра свайго роду культурны падзел эстэтычных і чыста інфармацыйных функцый. У цэнтры ўсяго інфармацыйнага сьвету апынулася фатаграфія зь яе неабмежаванымі магчымасьцямі да тыражаваньня.

Так завяршыўся своеасаблівы этап працэсу, скіраванага да максымальнага тыражаваньня знаку, які робіць інфармацыю даступнай кожнаму чалавеку. Далей насьпяваў новы этап, электронны, які мог давесьці тыражаваньне знаку да зусім астранамічных велічынь.

Чалавека завабіла свабода выбару: магчымасьць пераключаць радыёпрыёмнік з хвалі на хвалю ці выключаць яго. Гэты камунікацыйны лібэртарызм увасобіўся у вядомы афарызм: “Радыё — цудоўнае вынаходніцтва: адзін паварот ручкі — і нічога не чуваць”. Падобнае адбываецца і з тэлегледачом: адзін паварот рэгулятара ператварае тэлеадрасата ў памочніка камунікатара зь яго “тэлекарцінкай”, якая тыражуецца самім гледачом. Тэлеглядач замыкае 500-гадовы працэс, распачаты новаэўрапейскай ксыляграфіяй. Гравюра на дрэве — гравюра на мэтале — літаграфія — фатаграфія з “бакавой лініяй” у выглядзе кінаадлюстраваньня — тэлеадлюстраваньне.

Яшчэ ў эпоху Асьветы фізіякрат Цюрго ўяўляў сабе “грамадзянскую супольнасьць” як сыстэму “хатніх друкарскіх прэсаў”, дзе будуць ствараць неабходныя для правільнай сацыяльнай арыентацыі тэксты. Сам Цюрго працаваў над праектам падобнага прэсу і стварэньнем “новай мовы”, што магла б эфэктыўна абслугоўваць такі прэс. Па сутнасьці, ідэя Цюрго як бы прадвяшчала зьяўленьне і ксэракапіявальнай тэхнікі, і ТБ. Цікава, што Цюрго ўгадаў нават пашыраны жанр заходняй тэлежурналістыкі — ранішнюю перадачу навін без дыктарскага тэксту, у выглядзе друкаваных паведамленьняў інфармацыйных агенцтваў (напрыклад, першы канал сучаснага швайцарскага ТБ).

Гісторыя цалкам зьдзейсьніла інфармацыйны праект бацькоў “грамадзянскай супольнасьці” і Асьветы. ТБ (і відэа) на сёньняшні тэхналягічны дзень выступаюць як скрайняя праява волі да тыражаваньня.

І ўсё ж, што ляжыць у аснове гэтага безупыннага памнажэньня накладаў, якое і абумовіла ўзьнікненьне і функцыянаваньне ТБ як інфармацыйнага гіпэрінстытуту? Што ёсьць аснова такога памнажэньня?

Вялікі нямецкі сацыёляг Макс Вэбэр лічыў, што ў аснову будучага закладзены так званы “фармальна-рацыянальны прынцып”. “Капіталістычная эканоміка нясе ў сабе толькі адну меру — колькасную”,— разважаў Вэбэр. Увогуле, уся сацыялёгія Вэбэра базуецца на перакананні ў тым, што разьвіцьцё эўрапейскай супольнасьці ідзе ў накірунку рацыяналізацыі ўсіх бакоў жыцьця. Характэрна, што сваю першаідэю Макс Вэбэр выкладаў ня толькі на сацыяльна-гістарычным, але і на музычным матэрыяле, ён даволі пераканаўча тлумачыў гісторыю музыкі як “рацыяналізацыю ў прагрэсе”.

Такім чынам, тыражаваньне паўстае як від “фармальнай рацыянальнасьці” Новага часу. І функцыя ТБ як працэсу няспыннага памнажэньня створанай ім “карцінкі” ўпісваецца ў фэномэн сучаснага тыражаваньня, гэтай інфармацыйнай асновы сучаснай цывілізацыі.

Паралельна з паўсюдным умацаваньнем ТБ пачынаецца, аднак, гаворка пра інтэлектуальную “перавытворчасьць”, пра ўзмацненьне эсхаталягічных настрояў у грамадзтве. Інтэнсіўнае тыражаваньне чаго заўгодна накладаецца на трагічную магчымасьць татальнай катастрофы чалавецтва і ўсёй біясфэры, на трывожныя адчуваньні будучыні. Трэба адзначыць, што ксыляграфія і, асабліва, гравюра на мэтале таксама ўзьніклі ў атмасфэры змрочных эсхаталягічных прадчуваньняў, што панавалі ў Эўропе і асабліва ў Нямеччыне ў 15 ст. (узгадаем сэрыю з 15 гравюр на дрэве Дзюрэра на тэмы Апакаліпсысу).

На думку аднаго зь філёзафаў, у аснове ўсіх сучасных дысгармоній ляжыць незамірэнчая варожасьць агульнага і асабістага. Таму зьяўленьне тыражаваньня можна ўспрымаць як пэўную драму ўнікальнага (як “катастрофу” арыгіналу), якая вядзе да неабходнасьці яго знакавага замяшчэньня. Гаворка тут ідзе пра выкарыстаньне магчымасьцяў тыражаваньня ў якасьці сродку захаваньня (і перадачы) як “масавых”, так і больш складаных інфармацыйных блёкаў адукацыйна-інтэлектуальнага пляну.

У сувязі з гэтым характэрная пераарыентацыя ў 60-х гадох 20 ст. Рабэрта Расэліні з кіно на ТБ, дзе ён стварыў маралістычны цыкль гістарычных тэлефільмаў. У іх аснове ляжыць дасьледаваньне мінулага. Гэтыя тэлефільмы падзяляюцца на 2 клясы: рэлігійна-маралістычныя (“Дзеі апосталаў”, “Сакрат”, “Дэкарт”) і ўласна гістарычныя (“Прыход да ўлады Людовіка 14-га”, “Гісторыя амэрыканскай рэвалюцыі”). Такое тэлевізійнае кіно, што тыражавалася ці ня ў кожны італьянскі, а то і заходнеэўрапейскі дом, выглядае на магічна-рытульныя замовы гісторыі ад яе мажлівых катастрафічных паваротаў.

У тым жа накірунку працуе рэжысэр Рэната Кастэлані (“Жыцьцё Леанарда да Вінчы”, “Джузэпэ Вэрдзі”). У яго фільмах таксама “раздрукоўваюцца” найважнейшыя старонкі культуры мінулага, але ўжо выключна нацыянальнай і без спэцыфічнага тэлемэсіянскага пафасу Раселіні. Леанарда быў першым, хто загаварыў пра магчымасьць “мэханічнага” капіяваньня карцін, і таму зьяўленьне вялікага італьянца ў тэлесэрыяле Кастэлані нібы сэміятычна замыкае новаэўрапейскі працэс тыражаваньня — ад яго вытокаў да сёньняшняга дня.

Нават у банальным тэлепрымітыве (кшталту паўночнаамэрыканскага авантурна-крымінальнага тэлевізійнага кіно, ці паўднёваамэрыканскіх сэрыялаў даўжынёю ці ня ў цэлае чалавечае жыцьцё) пераймаецца праблема супрацьстаяньня фатуму. Глыбінная анталягічная сэмантыка тыражаваньня як змаганьня са сьмерцю ператвараецца ў гэтых тэлефільмах у пэўную драматургію мажлівай катастрофы. Праўда, тэлепрымітыў перасоўвае эстэтычную волю да змаганьня з фатумам у кітчавае вымярэньне. Міталёгія пазытыўнага героя выяўляецца тут празь перамогу над пэўнай пагрозай. Але і ТБ высокаэстэтычнага кшталту, і тэлепрымітыў абапіраюцца на падобныя фабулы (у адным выпадку мастацка-вытанчаныя, у другім — наіўна-спрошчаныя).

Андрэй Таркоўскі бачыў у кінематографе “запечатленное время”. “Упершыню ў гісторыі мастацтва, упершыню ў гісторыі культуры чалавек знайшоў спосаб беспасярэдне затрымаць час. І адначасова — магчымасьць колькі хочаш увасабляць гэты час на экране, паўтараць яго, павярнуцца да яго. Чалавек атрымаў матрыцу рэальнага часу. Убачаны і зафіксаваны час можа быць захаваны ў мэталёвых каробках надоўга (практычна бясконца”. Да гэтай цытаты патрабуецца адно лінгвістычнае ўдакладненьне. Культура вынайшла “матрыцу рэальнага часу”, але, зразумела, не абстрактнага часу, а часу мінулага і даўно мінулага. Пераглядаючы сёньня люм'ераўскі “палеафільм” “Сьняданак дзіцяці”, мы ўспрымаем канкрэтнае мінулае як адзін з атамаў вялікага часавага масыву (“мікрафрагмэнт” лета 1895 г.). Разам з тым кіношнае “мінулае” ўспрымаецца як “сапраўднае цяперашняе”.

Матрыца рэальнага часу ТБ можа цалкам выражаць цяперашні час, які ў лінгвістыцы завецца канкрэтным або актуальным. Пра гэтыя мажлівасьці ТБ першым сказаў Эйзэнштэйн, параўноўваючы час кінематаграфічны і час тэлевізійны. У кіно мантаж быў больш ці менш дакладным адбіткам рэальнага ходу падзей, якім яго ўяўляў мастак. А тут яно становіцца беспасярэднім адлюстраваньнем рэальнага працэсу. “Актор... што перадае гледачом зьмест сваіх думак і пачуцьцяў, працягвае руку кінамагу тэлебачаньня, які, жанглюючы памерамі аб'ектываў і кропкамі кінакамэр, будзе наўпрост і беспасярэдне перасылаць мільёнам гледачоў сваю мастацкую інтэрпрэтацыю падзеі ў непаўторны момант… бясконца хвалюючай сустрэчы зь ёю”.

Зьвернем увагу яшчэ на адну асаблівасьць ТБ — на “аўру калялюстэркавага адлюстраваньня”, якая існуе тысячагодзьдзі. Ці не зьяўляецца тады прага тэлеэкрану яшчэ адной вэрсіяй старажытна-грэцкага міту пра Нарцыса?

Зразумела, што старадаўняя фэтышызацыя выявы, убачанай у люстэрку — від наіўна-міталягічнага атаясамліваньня прадмета і яго адлюстраваньня. Але характэрна, што яна ажывае ў эпохі, калі чалавек асабліва востра перажывае сытуацыю адчужанасьці, залежнасьці ад ірацыянальных сіл і абставін. Люстэрка было ледзь ня першым сэміятычным інструмэнтам для “ажыўленьня” іканічнага знаку, для поўнага ўвасабленьня рэальнага часу і прасторы. У знакавай практыцы чалавека яно зьяўляецца адным з самых раньніх прыстасаваньняў дзеля фіксаваньня “матрыцы рэальнага часу”, і не гістарычна-цяперашняга, а менавіта канкрэтна-актуальнага часу. Між іншым, эпізоды мастацкай літаратуры, дзе апісваецца гаданьне зь люстэркам, нагадваюць тэлекарцінку з усімі ўласьцівымі ёй знакамі, аж да буйнага пляну, які дамінуе на ТБ.

Некаторыя дасьледчыкі яшчэ на пачатку эры інфармацыі падзялялі яе на “мёртвую” (друкаваныя матэрыялы, пласьцінкі, магнітныя стужкі, пэрфакарты) і “жывую”. Калі зь цягам часу якая-небудзь сыстэма і будзе выраджацца, то гэта здарыцца зь “мёртвай” (запісанай) інфармацыяй”. Люстэрка (тэлеэкран) — увасабленьне “жывой” інфармацыі, якая выклікае спэцыфічны інтарэс. Люстэрка (тэлеэкран) мае рэпутацыю ірацыянальнага мэдыюму”. Таму электронныя мас-мэдыі можна разглядаць як прылады для трансьляцыі з “залюстэркавасьці”.

Цікавасьць да “жывой” інфармацыі зь яе відавочнай недыскрэтнасьцю пачала ўзрастаць зь сярэдзіны 20 гг. У кінематографе 50—70 гг. робяцца папулярнымі спробы атаясаміць рэальны і экранны час. Антаніёні і Фэліні пачыналі працаваць на ТБ. Такая сытуацыя назіраецца і ў ЗША, дзе рэжысэры, як правіла, прыходзілі ў кіно з ТБ. 60—70 гг. — пік інфільтрацыі рэальнага часу ў экранную культуру. Культуролягі разважалі пра “дакумэнтальны цунамі”, які абышоў усю плянэту. Адначасова трэба зацеміць, што і прынцып “жыцьця зьнянацку” кінаавангардыста Дзігі Вэртава і пошукі “абсалютнай кінамовы” ў межах італьянскага нэарэалізму і францускай “новай хвалі” толькі падкрэсьлівалі знакавыя межы кінамагчумасьцяў. Толькі на ТБ зь яго бясконца бягучым і прынцыпова адкрытым патокам вобразаў удалося значна пашырыць межы ўвасабленьня “жыцьця зьнянацку”.

Відэафільм — фільм, запісаны ўжо не на кіна-, а на відэа-стужку — зьявіўся на мяжы 60—70-х гадоў у майстэрнях ТБ як яшчэ адно ўвасабленьне агульнакамунікацыйных, тэхналягічных і сацыялягічных тэндэнцый у сучасным грамадзтве. Сучаснае тэлебачаньне найлепей характарызуе тэрмін “сынхроннае”, г.зн. глядач падстройваецца пад расклад перадач. Але зьяўленьне відэамагнітафону зьмяніла характар стасункаў чалавека і тэлебачаньня. Пры запісе тэлеперадачы на відэамагнітафон сынхронная сувязь падмянілася больш зручнай — асынхроннай.

Дарэчы, чалавецтва заўсёды шукала спосаб замяніць сынхронную сувязь асынхроннай. Да вынаходніцтва пісьма адзінай формай стасункаў паміж людзьмі была вусная гаворка, г.зн. сынхронная сувязь. Пасьля зьяўленьня пісьма стала магчымым захоўваньне інфармацыі і тым самым перадача яе асынхронна.

Першыя відэамагнітафоны (ВМ) былі бабінныя. Пазьней зьявіўся касэтны відэамагнітафон. Тады на яго пачалі запісваць усё, што толькі можна: урокі кулінарыі, п'есы Шэкспіра, матчы па боксе, незьлічоную колькасьць старых фільмаў.

У пачатку 70-х ВМ каштаваў амаль 800 даляраў і быў даступны нешматлікім спажыўцам. Існавала і другая прычына маруднага распаўсюджваньня ВМ сярод шырокіх колаў насельніцтва — “канфуз тэхналёгій”: відэамагнітафоны мелі розныя стандарты. Пасьля таго як некаторыя бізнэсмэны страцілі мільёны адзіныя стандарты былі дасягнутыя.

У сярэдзіне 70-х Японія абагнала Амэрыку ў вытворчасьці ВМ. Японскія відэамагнітафоны мелі малую вагу і адносна танна каштавалі. У 1977 г. было прададзена больш за 200 000 відэамагнітафонаў. Большасьць зь іх была зроблена ў Японіі. Пачаліся сапраўдныя “часы відэа”.

Найбольш пераканаўча посьпех відэафільму праявіўся ў хуткім разбурэньні такога, здавалася б, такога трывалага “інстытуту сучаснай цывілізацыі”, як кінатэатар. Калі кінатэатар яшчэ неяк трымаў канкурэнцыю з ТБ, то відэафільм яго канчаткова перамог, аб чым сьведчыць урбаністычны пэйзаж, зь якога фактычна зьніклі некалі шырока распаўсюджаныя танныя кінатэатры. Праўда, на мейсцы некаторых зь іх паўсталі ўжо шыкоўныя кінацэнтры, якія гарантуюць заможнаму гледачу “сапраўднае шоў” на вялізным экране з гукам Dolby Surround. Менш патрабавальныя гледачы застаюцца ў палоне хатняга відэа. Для іх апошнім часам знайшлася нядрэнная суцяшальная цацка — тэхнічнае абсталяваньне Home Video Theater з “карцінкай” па яркасьці і гуку набліжанай да кінастандарту.

Відэафільм, з аднаго боку, нібы дапоўніў сямейны фотаальбом, з другога — сямейную бібліятэку. На вачах у сучасьніка ўзьнік раней абсалютна немагчымы інстытут сямейнай фільматэкі, што ўзмацняла пазыцыі прыватнага існаваньня на мяжы 21 ст.

Пэрспэктывы ТБ лепш за ўсё раскрывае фраза: “Увесь сьвет прыходзіць да мяне дадому, варта толькі пажадаць”. Асноўны панятак, які мае дачыненьне да ўсіх сфэраў чалавечай дзейнасьці у будучым,— “інфармацыйная магістраль”. Гэтая зьява трансфармуе нашу культуру ня менш кардынальна, чым друкарскі прэс Гутэнбэрга — сярэднявечную. Інфармацыйная магістраль — гэта неабмежаваны канал сувязі, які злучыць паміж сабой усё чалавецтва. Аднак слова “ магістраль” не перадае цалкам усяго сэнсу гэтага панятку. Мэтафара, заснаваная на падабенстве з дарогай, не зусім дакладная. На самой справе адна з галоўных рысаў новай камунікацыйнай тэхналёгіі якраз у тым, што яна зьнішчае адлегласьці. Другая мэтафара, якую стасуюць да інфармацыйнай магістралі — “унівэрсальны рынак”. Маецца на ўвазе, што ў ролі агульнага эквівалента будуць выступаць ня толькі грошы, але і разнастайная лічбавая інфармацыя. Дарэчы, ужо сёньня ўсе інфармацыйныя тэхналёгіі становяцца лічбавымі.

Тэлебачаньне існуе менш за 60 год, але за гэты час яно зрабілася галоўным фактарам фармаваньня грамадзкай думкі. Аднак тэлебачаньне і радыё ня могуць ісьці ні ў якое параўнаньне зь інфармацыйнай магістральлю. Пэрсанальныя кампутары наўпрост злучаюць спажыўца інфармацыі зь яе крыніцамі. І калі зьявіцца магчымасьць перадаваць па сетках высакаякаснае відэа, відэамагнітафоны не спатрэбяцца. Можна будзе проста выбраць патрэбнае з каталёгу даступных праграм.

Тэлебачаньне працягне трансьляцыю перадач для “сынхроннага” ўжытку. Але яно стане інтэрактыўным. Гэта значыць, глядач зможа пастаянна ўплываць на ТБ праз канал “зваротнай сувязі”. Пры жаданьні можна будзе паглядзець “Аднесеныя ветрам” з вамі і вашай жонкай у галоўных ролях замест Кларка Гейбла і Віўен Лі. Бо звычайнымі рэчамі стануць праграмы, якія дазволяць нават непрафэсіяналу рэдагаваць фільмы і ствараць спэцэфэкты на пэрсанальным кампутары. Розьніцу паміж дылетантам і прафэсіяналам будзе вызначаць толькі талент. Разам з тым спэцэфэкты адкрываюць шлях да любых падробак відэадакумэнтаў.

Відэафільмы, тэлепраграмы будуць захоўвацца на сэрвэрах — магутных кампутарах з дыскамі вялікай ёмістасьці. Сэрвэры забясьпечаць дасягальнасьць інфармацыі ў любым месцы сеткі.

Пры дапамозе пульту дыстанцыйнага кіраваньня нават прамую трансьляцыю можна будзе перапыніць, зноў запусьціць ці перайсьці да любой папярэдняй часткі праграмы. Адзінае, што немагчыма будзе зрабіць з жывым эфірам — “пракруціць яго наперад”.

Гэтая карціна будучага тэлебачаньня станецца рэальнай ужо праз два-тры дзесяцігодзьдзі. Трэба толькі мець на ўвазе, што стварэньне магістралі — працэс не рэвалюцыйны, а эвалюцыйны.


Літаратура

1. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

2. Дэбаш Ш., Пант'е Ж.-М. Уводзіны ў палітыку. Мн., БФС, 1996.

3. Скуратівский В. Екранні мистецтва у социокультурних процесах 20 століття. Генеза. Структура. Функція. Частина 1. КМЦ. “Поезія”, 1997.

4. DeFleur Mellwin L. Theories of Mass Communication. Longman, 1998.

5. Гейтс Б. Дорога в будущее. Издательский отдел “Русская редакция”, 1996.

6. “40 мнений о телевидении. (Зарубежные деятели культуры о телевидении)”. “Искусство”, М., 1978.

7. Голядкин Н. Телевизионная информация в США. М., 1994.

8. Дмитриев Л. Тайны искусства. Законы телевизионной драматургии как законы творчества. М., 1994.

9. Борев В. Видео: Техника. Досуг. Культура.

10. Галушко Р. Западное телевидение и “массовая культура”. Издательство Московского университета, 1991.

11. Багиров Э. Очерки теории телевидения. “Искусство”, М., 1978.

Інтэрнэт

Плян:

1. Узьнікненьне Інтэрнэту

2. Асноўныя сыстэмы

3. Інтэрнэт як культурная і сацыяльная рэальнасьць

4. Падсумаваньне

У свой час вядомы філёзаф і мэтадоляг Карл Попэр прапанаваў ідэю трох сьветаў. Сьвет І — сьвет фізычных рэчаў, сьвет ІІ — сьвет нашых усьвядомленых перажываньняў, сьвет ІІІ — сьвет лягічных зьместаў, зафіксаваных у форме інфармацыйных базаў, бібліятэкаў, спосабаў апрацоўкі інфармацыі.

Зь зьяўленьнем працаў Маршала Маклюэна, Дж.П.Барлоў, Тыматы Ліры, Уільяма Гібсана стала магчымым казаць аб ІV сьвеце, сьвеце мэдыяў, сьвеце кнопачнай культуры.

Інтэрнэт — зьява, што адгалінавалася ад сьветаў І—ІІІ. Тут мэдыі выступаюць ня толькі як сродкі перадачы інфармацыі або калектыўнай дзеі, але і ў якасьці сэнсатворнай і нават сьветатворнай падзеі, якая спараджае спэцыфічныя сацыяльныя і культурныя практыкі. Досьвед станаўленьня Інтэрнэту — першай сусьветнай адкрытай кампутарнай сеткі,— дазваляе казаць пра пачатак новай эры ў развоі сродкаў і сыстэмаў перапрацоўкі інфармацыі. Пад перапрацоўкай тут разумеецца ўся сукупнасьць працэсаў — збор, апрацоўка, захоўваньне, назапашваньне, прад'яўленьне, перадача і абарона інфармацыі. У такой сетцы карыстальнік успрымае сам сябе і ўспрымаецца іншымі як неад'емны кампанэнт адзінай інфармацыйнай супольнасьці.

Ужо цяпер Інтэрнэт адыгрывае значную ролю ў многіх сфэрах дзейнасьці. У сусьветным бізнэсе, згодна з дасьледаваньнямі Andersen Consulting , прыблізна 92 адсоткі кіраўнікоў фірмаў зьвязаныя зь Інтэрнэтам. Нью-ёрскі e піскап Элія Раўбіч неяк сказаў: “Я перакананы, што калі б Ісус ішоў па Зямлі сёньня, то ў яго была б электронная пошта”. На фантазіі нью-ёрскага епіскапа можна не зьвяртаць увагі, але ўсе амэрыканскія палітычныя дзеячы так ці інакш гуляюць зь Сеткай. 82 адсоткі выпускнікоў коледжаў гэтым летам будуць шукаць працу празь Інтэрнэт (апытаньне SBC Internet Services). Новае выданьне оксфардзкага слоўніка ўключае ўжо мноства спэцыфічных тэрмінаў, якія спарадзіў Інтэрнэт. Між іншым, дасьледчыкі Vankee Group выявілі, што ў тых сем'ях, якія маюць доступ да Інтэрнэту, значна менш глядзяць тэлевізар.

Прыблізна 20 гадоў таму міністэрства абароны ЗША стварыла кампутарную сетку, якая папярэднічала Інтэрнэту,— яна называлася Arpanet. Arpanet рыхтавалася для падтрымкі навуковых дасьледаваньняў у ваенна-прамысловай сфэры,— у прыватнасьці, для дасьледаваньня магчымых мэтадаў фармаваньня сетак, устойлівых да частковых пашкоджаньняў, напрыклад, у выпадку бамбаваньня, і здольных функцыянаваць у экстрэмальных умовах. Гэтае патрабаваньне дае ключ да разуменьня прынцыпаў пабудовы і структуры Інтэрнэту. У мадэлі Arpanet заўсёды была сувязь паміж кампутарам-крыніцай і кампутарам-прыёмнікам (станцыяй прызначэньня). Асноўны прынцып палягаў у тым, што кожны кампутар мог зьвязацца як роўны з роўным з кожным іншым кампутарам. Першапачаткова задуманая як інфармацыйная сетка для захаваньня інфармацыі на выпадак ядравай вайны, Arpanet паступова была ператвораная ў міжнародную Сетку (Інтэрнэт), якая мела ня толькі вайсковае, але і грамадзянскае прызначэньне. Разам з тым трэба адзначыць, што ідэя стварэньня сусьветнай кампутарнай сеткі зьявілася ў адначасьсе ў розных мясцох (у Эўропе, ЗША і нават у СССР) і таму цьверджаньні аб першынстве якой-кольвек краіны тут не зусім карэктныя. І хаця напачатку падыходы да рэалізацыі гэтай ідэі значна розьніліся, але, у рэшце рэшт, усе паразумеліся на стварэньні сеткі, як адзінай глябальнай інфармацыйнай структуры.

У межах гэтага тэксту немагчыма больш-менш поўна расказаць, што ўяўляе сабой Інтэрнэт. Ды і ўвогуле, гэта якраз той выпадак, калі “лепей адзін раз пабачыць”. Таму я адно паспрабую асьвятліць асноўныя аспэкты карыстаньня Інтэрнэтам радавымі абанэнтамі, да якіх належу і сам, а таксама апісаць некаторыя сэнсавыя адметнасьці, якія ператвараюць Інтэрнэт у новую культурную і сацыяльную рэальнасьць.

Кажучы зусім коратка, Інтэрнэт — гэта сыстэма, якая дазваляе чалавеку з кампутарам і каналам сувязі атрымаць доступ да практычна неабмежаванай колькасьці разнастайнай інфармацыі на магнітных носьбітах, падключаных да Інтэрнэту, дзе б гэтыя носьбіты не знаходзіліся. Зразумела, апошняе магчыма адно пры ўмове, што ўладальнікі адпаведнай інфармацыі паклапаціліся, каб яе можна было атрымаць празь Інтэрнэт, гэта значыць, аформілі яе адпаведным чынам, і занесьлі на кампутар, падключаны да Інтэрнэту. Заўважым, што кожны жадаючы можа зьмясьціць у Інтэрнэце любую інфармацыю.

Першае моцнае ўражаньне ад Інтэрнэту звычайна зьвязана не з выкарыстаньнем электроннай пошты, якая досыць падобная да папярэдніх тэхналёгіяў перадачы інфармацыі, а зь пераходам да іншых мастацка аформленых інфармацыйных сыстэмаў, якія ўражваюць нават тых, хто ня любіць кампутарных гульняў і скептычна ставіцца да розных “дыгітальных” прыгажосьцяў.

Бальшыні шараговых карыстальнікаў Інтэрнэт уяўляецца адзіным і гамагенным дыскурсам. Насамрэч гэта ня так. Інтэрнэт складаецца зь некалькіх сыстэмаў, прызначэньне якіх і спосаб узаемадзеяньня зь якімі значна розьніцца.

Разгледзім некаторыя сыстэмы, пачаўшы з самай папулярнай — ужо згаданай вышэй электроннай пошты.

Электронная пошта — гэта пэрсанальная сувязь са сьветам Інтэрнэт. Дзясяткі мільёнаў людзей ува ўсім сьвеце, якія выкарыстоўваюць Сетку, маюць свой адрас электроннай пошты ці электронны адрас. І колькасьць гэтых людзей штодня вялічыцца.

Асноўныя прынцыпы, на якіх будуецца электронная пошта, паралельныя асноўным прынцыпам пабудовы звычайнай пошты. Вы дасылаеце людзям паведамленьні (e-mail) па іх канкрэтным адрасам. Яны, у сваю чаргу, пішуць вам на ваш паштовы адрас. Да таго ж у вас ёсьць магчымасьць падпісацца на электронныя аналягі газэтаў ды часопісаў і атрымліваць іх на свой адрас.

Электронная пошта мае дзьве істотныя перавагі ў параўнаньні са звычайнай поштай. Найбольш відавочная — хуткасьць. Ваша паведамленьне будзе перапраўлена на другі канец сьвету не праз некалькі дзён, а празь некалькі гадзінаў, хвілінаў ці нават сэкундаў (у залежнасьці ад месца, дзе вы “кінулі пісьмо”, і стану сувязі паміж гэтым месцам і вашым адрасатам). Другая істотная перавага электроннай пошты ў тым, што яна дазваляе вам патрапіць у базы інфармацыйных дадзеных і файлы бібліятэкаў.

Электронная пошта мае свае перавагі і над тэлефонам. Сваё паведамленьне вы дасылаеце ў зручны для вас час. А ваш адрасат адказвае вам, калі гэта зручна яму. Ня трэба арганізоўваць адначасовай прысутнасьці двух абанэнтаў у двух пунктах сувязі. Да таго ж, калі тэлефонная размова на далёкія адлегласьці каштуе дорага, то электронная пошта дазваляе абменьвацца вялікімі аб'ёмамі інфармацыі літаральна за “цэнты” — нават калі ваш абанэнт жыве ў Новай Зэляндыі.

E-mail паступае адрасату практычна адначасна зь яго адпраўкай і захоўваецца ў электроннай паштовай скрыні да той пары, пакуль адрасат ня “возьме” яго адтуль. Між іншым, e-mail не патрабуе асаблівых кампутарных рэсурсаў, для яго перасылкі і прыёму прыдатны практычна любы кампутар і любы мадэм.


Сыстэма WWW
WWW — ангельская абрэвіятура, што азначае World Wіde Web (на беларускую мову звычайна перакладаецца як Сусьветнае Павуціньне). Часта можна яшчэ пачуць “Вэ-Вэ-Вэ” ці “тры дабл-ю”.

WWW уяўляе сабой сыстэму, якая дазваляе практычна імгненна атрымліваць доступ да бальшыні рэсурсаў Інтэрнэту (тэкстаў, графікі, музыкі, відэаматэрыялаў, праграмнага забесьпячэньня).

Для эфэктыўнага выкарыстаньня закладзенай у Інтэрнэце інфармацыі ў WWW існуюць складаныя пошукавыя сыстэмы, сярод іх — самая папулярная шматмоўная — “AltaVista”, расейскі пошукавы сэрвэр “Rambler”. Гэтыя сыстэмы дазваляюць па ключавых словах знаходзіць у Інтэрнеце ўсе ці амаль усе тэксты, дзе ёсьць гэтыя словы.

Сыстэма WWW адначасна ўтрымлівае разнастайныя даведкі, забясьпечвае доступ да каталёгаў найбуйнейшых бібліятэкаў сьвету і магчымасьць “перапампаваць” (перанесьці на свой кампутар) патрэбныя вам праграмы ці тэкставыя файлы.

Згадаем яшчэ некалькі прыкладаў, калі доступ да WWW значна спрошчвае вырашэньне стандартных праблемаў. Уявім, што вы перакладаеце тэкст, у якім сустракаюцца цытаты зь Бібліі і вам неабходна пераправерыць гэтыя цытаты на мове перакладу. Самы хуткі спосаб гэта зрабіць, калі ў вас няма патрэбнай кнігі на паліцы, але ёсьць доступ у Інтэрнэт — гэта “перапампаваць” файл з адпаведным тэкстам.

Другі прыклад — вам спатрэбілася пэўнае праграмнае забесьпячэньне. Скарыстаўшы WWW, вы атрымаеце дэманстрацыйную вэрсію, а некаторыя праграмы ўвогуле распаўсюджваюцца празь Сетку бясплатна.

Інфармацыя ў Інтэрнэце прадстаўлена карыстальніку мультымэдыйна: да ягоных паслугаў рух, колер, гук, трохмерная выява. З гэтага праз WWW лёгка атрымаць дакладную і поўную інфармацыю пра зьнешні выгляд і тэхнічныя характарыстыкі самых розных тавараў, якія тут жа можна і набыць.

Сыстэма WWW пабудаваная па прынцыпе гіпэртэксту. Гэта азначае, што інфармацыя там захоўваецца ў выглядзе фрагмэнтаў, зьвязаных паміж сабой перакрыжаванымі спасылкамі. У пэўным сэнсе ўяўленьне пра гіпэртэкст можна атрымаць зь Бібліі, бо яна складзеная па падобным прынцыпе.

Гіпэртэкставая структура дапамагае значна скараціць шлях да той інфармацыі, якая вас цікавіць, да таго ж дазваляе карыстальніку самому вырашаць, на што ён жадае зьвярнуць увагу ў кожным канкрэтным выпадку. Як правіла, нават цэльная інфармацыя падаецца ў гіпэртэксьце малымі “порцыямі”, што паскарае пераход да патрэбнага фрагмэнту. Кожны фрагмэнт у Інтэрнэце мае пэрсанальны адрас, які называеццца “сайт”. Звычайна такі фрагмэнт утрымлівае невялікі аб'ём інфармацыі, які можна параўнаць са звычайнай кампутарнай “старонкай” — адсюль і назва...

Калі вам прапаноўваюць наведаць старонку ў Інтэрнэце (праз WWW-адрас), то гэта азначае, што вам паказваюць дакладнае месца, дзе вы напэўна знойдзеце прапанаваную інфармацыю.

Другая важная сыстэма ў Інтэрнэце — гэта так званыя электронныя канфэрэнцыі (news groups). Сама назва не зусім дакладна гаворыць пра сутнасьць, таму зьвернемся да аналёгіі. Уявім сабе газэту, аўтарамі якой зьяўляюцца самі падпісчыкі. Кожны, хто валодае доступам да гэтай электроннай газэты, можа зьмясьціць тут свой матэрыял і ён адразу будзе дастаўлены ўсім астатнім чытачам (“падпісчыкам”) гэтай “газэты”.

На “канфэрэнцыю” звычайна падпісваюцца (праз электронную пошту), каб атрымліваць неабходную інфармацыю. Як правіла, тэмы, якія абмяркоўваюцца ў кожнай канкрэтнай “канфэрэнцыі”, лякалізаваныя. Нехта заўсёды сочыць за тым, каб усе ўдзельнікі прытрымліваліся пэўных правілаў і зададзенай тэматыкі. У выпадку сыстэмных парушэньняў прапанаваных парамэтраў вас могуць нават адключыць ад канфэрэнцыі.

У Інтэрнэце існуе вялізнае мноства самых разнастайных па тэмах і праблематыках канфэрэнцыяў. У прынцыпе, любая тэма ці праблема, актуальная для карыстальнікаў Сеткі, можа быць вынесеная на абмеркаваньне. Гэта дазваляе ў кароткія тэрміны атрымаць інфармацыю, якая вас цікавіць, ад тых, хто сутыкаецца з гэткім жа пытаньнем.

Да прыкладу, існуюць канфэрэнцыі, у якіх абмяркоўваюцца праблемы выхаваньня дзяцей, і канфэрэнцыі, зьвязаныя з выбарам аўдыапаратуры, а ёсьць канфэрэнцыі, дзе проста расказваюць анэкдоты ці аналізуюць палітычныя навіны... Хаця бальшыня канфэрэнцыяў прысьвечаная абмеркаваньню штодзённых праблемаў побыту, але даволі і такіх, дзе абмяркоўваюцца прафэсійныя пытаньні. Гэтыя news groups задзіночваюць асобаў, занятых у адной і той самай сфэры дзейнасьці.

Вызначальная рыса канфэрэнцыяў — магчымасьць весьці дыскусію зь якой заўгодна колькасьцю людзей адначасна. Уявім, што вас цікавіць меркаваньне філяфаністаў пра якасьць запісаў музыкі Баха. Вы маеце рэальны шанец пачуць гэтае меркаваньне, калі зьвернецеся да адпаведнай канфэрэнцыі. Канфэрэнцыі распаўсюджваюцца праз абмен электроннымі пісьмамі паміж спэцыяльнымі сэрвэрамі такім чынам, каб поўны набор паведамленьняў быў на кожным сэрвэры, у кожнай, што ў ім знаходзіцца, канфэрэнцыі.

Акрамя канфэрэнцыяў ёсьць яшчэ адна форма абмену інфармацыяй паміж карыстальнікамі Інтэрнэту. Гэта сьпісы рассылкі (mailing list). Сьпіс рассылкі падобны да канфэрэнцыі і часта выконвае тую ж самую функцыю, але тэхнічна ён больш цэнтралізаваны, бо падтрымліваецца канкрэтным ініцыятарам, і гэты ініцыятар сам рассылае інфармацыю па электроннай пошце.

Канфэрэнцыя разгортваецца сама па сабе, а сьпіс рассылкі, паколькі ён распачынаецца як прыватная ініцыятыва, кантралюецца і абмяжоўваецца ў фармаце ініцыятарам. Да таго ж сьпіс рассылкі можа і ня мець на мэце дыскусіі: кантакты паміж яго ўдзельнікамі могуць ладзіцца з дапамогай электроннай пошты і тады ў сьпісе рассылкі апынуцца толькі вынікі абмеркаваньняў. З гэтага пры адносна невялікім аб'ёме той інфармацыі, што рассылаецца, падпісчыкі могуць быць абазнаныя ў праблемах, якія паўсталі ў гэтай сфэры. Напрыклад, папулярны сярод лінгвістаў Linguist List распаўсюджвае сярод сваіх падпісчыкаў (пераважна лінгвістаў) інфармацыю пра сэмінары, сымпозыюмы, новыя кнігі і часопісы па лінгвістыцы, а таксама прадстаўляе магчымасьць задаць нейкае пытаньне ўсім падпісчыкам адначасна.

Прафэсійныя сьпісы рассылак значна больш фармалізаваныя і тэматычна больш выразна арыентаваныя. І вось што яшчэ тут істотна згадаць. Вядучы сьпісу рассылак забясьпечвае доступ да электронных адрасоў усіх падпісчыкаў. Гэтым забясьпечваецца магчымасьць кантактаў з калегамі, якіх вы ніколі ня бачылі і пра існаваньне якіх не даведаліся б ніякім іншым чынам. Людзі, што актыўна ўдзельнічаюць у такога роду “mailing list”-ах, набываюць пэўную рэпутацыю і, адпаведна, пазыцыю ў сацыяльнай прасторы. Відавочна, што падобныя прафэсійныя аб'яднаньні дазваляюць казаць пра існаваньне міжнароднай навуковай супольнасьці ў якасна новым сэнсе.


Web-парталы
Парталамі называюць сябе заходнія пошукавыя сыстэмы, якія прэтэндуюць на ролю “галоўных брамаў” Сеткі. Асноўны прынцып — задавальненьне патрабаваньняў карыстальніка, так бы мовіць: усё, што вам заўгодна. Падставовыя стратэгіі Web-парталаў наступныя: спрашчэньне пошуку дадзеных, кантакты, навіны, гандаль. Парталы — гэта:

— арганізацыя супольнасьцяў.

— індывідуальная наладка.

— электронная пошта Web.

— пошук у каталёгах.

— навіны і фінансы.

— дыскусіі.

— дошкі паведамленьняў.

— куплі.

— кароткія рэклямныя аб'явы.

— гульні і праграмнае забесьпячэньне.

— перасылка паведамленьняў.

— бясплатныя базавыя старонкі.

Лепшым парталам 1999 г. названы Excite. Гэта адзін з самых насычаных парталаў, дзе карыстальнік атрымлівае адразу і бясплатна Maіl (у тым ліку voice-maіl)+Clubs+Chat+My Excite Start Page+Portfolio. Акрамя гэтага, прагноз надвор'я для патрэбнага вам раёну. У разьдзелах “Навіны”, “Спорт”, “Фінансы”, “Гараскоп”, “Куплі” ёсьць магчымасьць рэдагаваньня структураў: з шырокага сьпісу прапановаў карыстальнік выбірае адно патрэбныя яму падразьдзелы. Пасьля наладжваньня сыстэмы, загрузіўшы старонку http://www.excite.com/##my, вы ўбачыце апэратыўную інфармацыю. Між іншым, у вас ёсьць магчымасьць выбіраць афармленьне старонкі пад уласны густ.

Інтэрнэт як культурная і сацыяльная рэальнасьць

За адносна кароткую пару існаваньня Інтэрнэту зьявіўся вялізны сацыякультурны пласт рэальнасьці, які пашыраецца неверагодна хуткімі тэмпамі за кошт генэратыўных магчымасьцяў самога Інтэрнэту. Ужо сёньня ў ім ёсьць усё, неабходнае для інтэлігібэльнага існаваньня цывілізаванага чалавека: навука, філязофія, мастацтва, рэлігія, эканоміка і нават віртуальны сэкс. “Гэта вялікая і складаная транспартна-інфармацыйная сыстэма з грыбападобных (дыпольных) структураў, каптурок кожнай зь якіх (уласна дыполі) уяўляе сабой мозг чалавека, што сядзіць за кампутарам у супольнасьці з самім кампутарам, які як бы зьяўляецца штучным працягам чалавечага мозгу, а ножка — тэлефонная сетка, што задзіночвае кампутары, альбо эфір, празь які перадаюцца радыёхвалі. У адрозьненьне ад іншых аб'ектаў прыроды, Internet унікальная зьява, што стварае дадатковыя складанасьці ў яго дасьледаваньні (Басин М., Шилович М. Синергетика и Internet. — СПб.: Наука, 1999). І гэта не абзац з тэксту ў стылі кібэрпанк, а цытата з цалкам сур'ёзнай кнігі.

Памылкова было б думаць, што Інтэрнэт — гэта проста Вельмі Вялікая Бібліятэка. У любой Нацыянальнай бібліятэцы, сярод усіх яе даведнікаў і каталёгаў, наведвальнік патанае ў інфармацыі, у Інтэрнэце — ён “сьлізгае” (сёрфінг) па ёй.

“Патананьне” і “сьлізганьне” — мэтафары нашага стаўленьня да інфармацыі. Вось элемэнты падабенства і розьніцы паміж імі: у абодвух выпадках нам даводзіцца вучыцца плаваць, абедзьве сытуацыі залежаць ад звонку зададзеных умоваў, але сёрфінг больш дынамічны, чым “патынаньне”; сёрфінг — рух па воднай роўнядзі, а патананьне — гэта апусканьне ўглыб. Сёрфінгіст знаходзіцца там, дзе ён хоча быць, бо можа кантраляваць свой рух, а той, хто “тоне”, губляе ўсялякі кантроль над сытуацыяй... Але адслонімся ад мэтафараў і найперш заўважым наступнае: у адрозьненьне ад клясычнай бібліятэкі, Інтэрнэт шматфункцыянальны, ён уяўляе зь сябе якасна нешта зусім іншае і па задачах і па структуры, і па функцыянаваньні, а з гэтага — і па культурных і сацыяльных наступствах.

Калі ўпершыню пачалі казаць аб “інфармацыйным выбуху”, то разумелі яго як супярэчнасьць паміж аб'ёмам інфармацыі і немагчымасьцю ахапіць яе чалавечым розумам, аднак тады гэтая праблема паўставала істотнай пераважна для тых, хто быў заняты ў інавацыйных сфэрах — актуальнай навуцы і новых тэхналёгіях. У гэтым сэнсе Інтэрнэт зусім іншае, ён тычыцца (ці можа тычыцца) усіх, у прынцыпе Інтэрнэт разгортваецца як агульнадаступны інфармацыйны рэсурс. Там (і тады), дзе (і калі) кампутар зробіцца звыклым як тэлефон і тэлевізар, уключэньне ў сетку Інтэрнэт мусіць стацца масавай зьявай.

Тут трэба заўважыць, што адна з прычынаў папулярнасьці Інтэрнэту — гэта магчымасьць ня толькі нешта даведацца празь яго, але і заявіць пра сябе. Гэта магчымасьць цалкам рэальная і па сутнасьці нічым не абмежаваная. У гэтым сэнсе Інтэрнэт нечым падобны да “татальнага самвыдату”. Да прыкладу, калі вам закарціць зьмясьціць у Інтэрнэце фотаздымак свайго лецішча ці ўласны аповед, то там вашае лецішча будзе на тых жа ўмовах, што і Белы дом, а ваш аповед на тых жа самых умовах, што і навэла знакамітага пісьменьніка.

Інтэрнэт абсалютна індыфэрэнтны да зьместу той інфармацыі, што ў ім зьмяшчаецца, і з гэтага ўзьнікае шмат праблемаў — аўтарскага права, суадносінаў паміж свабодай слова і злоўжываньнем гэтай свабодай, іншыя юрыдычныя і маральныя праблемы.

Грамадзянская супольнасьць ня можа існаваць без грамадзянскіх свабодаў. У тым, што тычыцца свабоды слова, Інтэрнэт (і любыя сеткі гэтага тыпу) ня мае сабе роўных. Само ягонае ўладкаваньне выключае магчымасьць цэнзурнай палітыкі. Цікава, што ў масавай сьвядомасьці адначасна існуе два вобразы Інтэрнэту, аднолькава міталягізаваныя — “з аднаго боку, гэта Тэлемскі кляштар, царства інтэлектуалаў, якія займаюцца вольнымі мастацтвамі і непадуладныя бязладзіцы недасканалага сацыяльнага сьвету, з другога боку — гэта Сьметнік, у якім корпаюцца жахлівыя Хакеры, Пэдафілы, Фашысты і Сатаністы” (Раман Лейбаў). Таталітарная дзяржава ня можа мець абсалютны кантроль у краіне, дзе ёсьць кампутарныя сеткі — для гэтага неабходна адмовіцца ад усіх кампутарных тэхналёгіяў адразу. У адрозьненьне ад радыё, тэлебачаньня, газэты ці часопіса, якія трымаюцца ўласнай (ці дзяржаўнай) палітыкі і даюць месца толькі адпаведным матэрыялам, Інтэрнэт дазваляе кожнаму жадаючаму выказаць свае пачуцьці і развагі ўзглядам сацыяльных праблем. Ён па азначэньні дэмакратычны, бо ў ягонай прасторы тэксты шараговага грамадзяніна і найвышшага чыноўніка маюць аднолькавы статус і аднолькава вольна перасякаюць дзяржаўныя межы, а аб'яднаньні грамадзянаў з дапамогай інфармацыйных сетак структуруюць сацыяльную прастору больш трывала, чым звычайныя асацыяцыі, саюзы, таварыствы. Да таго ж, сеткі не залежаць ад волі чыноўнікаў, не патрабуюць памяшканьняў і доступу да СМІ, а значыць, застаюцца незалежнымі і ад дзяржавы як такой.

Антыгіерархічная структура Інтэрнэту зьвязаная зь яе генэзысам. Як ужо казалася, яна ўзьнікла з сыстэмы абмену інфармацыяй, якую ў свой час Пэнтагон ствараў для сувязі паміж ракетнымі цэнтрамі. Асноўнай задачай было забесьпячэньне надзейнасьці сыстэмы як цэлага ў выпадку пашкоджаньня аднаго зь яе вузлоў, з чаго вынікала, што кожная частка гэтай сыстэмы мусіла быць патэнцыйна роўнай усяму цэламу.

Падсумуем: Інтэрнэт, пры ўмове выкананьня тэхнічных патрабаваньняў, прымае ў сябе ўсё, што яму дасылаецца, і ня толькі тэксты, а і ўсялякую іншую інфармацыю (малюнак, аўдыязапіс, відэавыяву).

Сьвет Інтэрнэту, у адрозьненьне ад таго, у якім мыіснуем рэальна, характарызуецца меншай жорсткасьцю бар'ераў і абмежаваньняў і дазваляе значна большую меру свабоды. Напрыклад, у Інтэрнэце вы вольныя самі выбіраць інфармацыю, раз-пораз мяняць субяседніка, прэзэнтаваць сябе іншым у якім заўгодна вобразе (скажам, зьмяніўшы пол), у любы момант выходзіць з кантакту і г.д. Віртуальны сьвет Інтэрнэту дазваляе быць вам тым, кім вам жадаецца, у ім няма забаронаў, натуральных сьвету фізычных рэальнасьцяў.

Тут да месца будзе заўважыць наступнае: вышэйзгаданыя магчымасьці Інтэрнэту абумоўленыя тым, што інфармацыя не належыць фізычнаму сьвету і таму не падпадае пад яго законы. Апошняе цьверджаньне патрабуе філязофскага асэнсаваньня, але гэты ракурс праблемы мы тут кранаць ня будзем.

Яшчэ адной асаблівасьцю інтэрнэтаўскага дыскурсу зьяўляецца ягоная міталягічнасьць. Сытуацыя, у якой чалавек можа рэалізоўваць усе вышэйпералічаныя магчымасьці і да таго ж імгненна перапраўляцца з аднаго месца зямной кулі ў іншае ці прысутнічаць у некалькіх месцах адразу, простым націскам кнопкі распачынаць рух мэханізмаў, што знаходзяцца ад яго на вялізнай адлегласьці, хутчэй нагадвае чароўную казку, дзе герой-карыстальнік валодае звышнатуральнымі магчымасьцямі, чым рэальнае жыцьцё. Бясспрэчна, Інтэрнэт мае шэраг якасьцяў, якія адпавядаюць міталягічнаму сьветаўспрыманьню; адзначым некаторыя зь іх: — магія (словам і жэстам нададзена сіла ўзьдзеяньня на зьявы і рэчы знадворнага сьвету); — анімізм (рэчы знадворку надзеленыя сьвядомасьцю і воляй): гэты ўзровень пакуль рэальна не дасягнуты, але многія праграмныя прадукты і дадаткі да іх ужо сёньня ствараюць падобнае ўражаньне — артыфіцыялізм (зьявы і аб'екты прыроднага сьвету прымаюцца як створаныя самім чалавекам для ўласных мэтаў): уся сетка ад пачатку да канца створаная чалавекам для самога сябе; — сынкрэтычнасьць мысьленьня (уяўленьне аб аб'екце, як аб татальнай цэльнасьці, кожны фрагмэнт зь якой вымыкаецца адно на нейкі момант дзеля пэўнай патрэбы). Інтэрнэт-тэхналёгіі дазваляюць на абмежаванай прасторы Web-сайту зьмясьціць вялікую колькасьць аб'ектаў, зусім не зьвязаных паміж сабой, розных з паходжаньня, лёгікі функцыянаваньня, разьяднаных тэматычна і мэтава.

Як вядома, міталягічная сьвядомасьць ніколі не зьнікае цалкам, а толькі выцясьняецца ў несьвядомае, выяўляючыся ў забабонах, веры, у прыкметах і магічных рытуалах. Таму ў прасторы Інтэрнэту вельмі зручна актуалізоўвацца шматлікім працэсам і архетыпам міталягічнай сьвядомасьці, выціснутым у несьвядомае. У пэўным сэнсе для многіх людзей Інтэрнэт зьяўляецца брамай у чароўны, казачны сьвет, якога ўсім нам не стае сярод рэаліяў сацыяльнага жыцьця. Больш за тое, у віртуальнай рэальнасьці карыстальнік Інтэрнэту нават “змушаны” актуалізоўваць выцесьненыя ў несьвядомае паводзінныя мадэлі. Эфэкт узмацняецца яшчэ і тым фактам, што даволі часта гэта адпавядае псыхалягічным запатрабаваньням і памкненьням самога карыстальніка.

Згодна зь Сяргеем Кораневым, увесь спэктар уплываў глябальнай сеткі Інтэрнэт на культуру выяўляецца ўсяго ў двух фактарах, якія ляжаць навідавоку і ня маюць нічога экзатычнага.

Першы з гэтых фактараў — канец манаполіі друкарскага варштату. З распаўсюджваньнем Інтэрнэту губляецца неабходнасьць пасярэдніка паміж вытворцам і спажыўцом тэкстаў і ідэяў. Дзейнасьць па распаўсюджваньні тэкстаў, а значыць, і па іх вытворчасьці, што арыентуецца на спажыўца, больш не зьвязаная з кнігавыдавецкім бізнэсам і напрацаваным у соцыюме мэханізмам яго рэгуляваньня. Між іншым, якраз Інтэрнэт даў магчымасьць адбыцца эманцыпацыі сьвету ідэяў, раней цалкам залежных ад сацыяльнага ўладкаваньня.

Другі фактар — сьмерць адлегласьці. Інтэрнэт улучае нас у стан пэрманэнтнага кангрэсу канфэрэнцый, калі людзі, раскіданыя па ўсёй прасторы зямной кулі, маюць магчымасьць сабрацца як быццам у адной залі, дзе ўсё адбываецца адразу тут і цяпер, а значыць, зьнікае ня толькі прастора, але і час... Калі тэрмін публікацыі ў тоўстых часопісах патрабуе як мінімум некалькіх месяцаў, то ў Інтэрнэце ідэі і тэксты патрапляюць амаль у момант іх нараджэньня. Адпаведна любая дыскусія, якая ў пэрыядычным друку расьцягваецца на месяцы, а часам і гады, у Інтэрнэце можа ўкласьціся ў лічаныя дні. Прынцыповая безынэрцыйнасьць глябальнай Сеткі здольная шматкроць павялічыць інтэнсіўнасьць інтэлектуальнага жыцьця.

Найбліжшымі пэрспэктывамі Інтэрнэту зьяўляецца ня столькі колькаснае павелічэньне ягоных парамэтраў і далейшае ўлучэньне ў самыя розныя сфэры нашага жыцьця, колькі прынцыповая рэфармацыя самога нашага жыцьця пад уплывам Інтэрнэту. Гэта значыць, што самыя значныя перамены ў Інтэрнэце адбудуцца па-за межамі ўласна Інтэрнэту. Сяргей Дацюк наступным чынам вызначае тыя сфэры, дзе ўжо ў найбліжэйшым будучым мы будзем змушаныя зьмяніць свае сьветапоглядныя стэрэатыпы:

“Зьменіцца характар, аб'ём, зьмест і гарантыі права. Права зробіцца агульнасусьветным, асобавым і перастане быць грамадзянскім правам. Менавіта ў сувязі зь Інтэрнэтам дзяржава перастае быць адзіным гарантам права, асабліва, калі гэта датычыцца свабоды слова, сумленьня, руху, свабоды выбару (галасаваньня), свабоды ўдзелу ў выбарнай уладзе, права на працу, адпачынак і г.д.

Зьменіцца сам характар дэмакратычнай улады. Прадстаўнічая ўлада мусіць саступіць месца беспасярэдняй уладзе. Калі зьявіцца рэальная тэхнічная магчымасьць для кожнага грамадзяніна прагаласаваць за любы закон, паўплываць на любое выканаўчае рашэньне, выказацца па любой рэзананснай судовай справе па хатнім кампутары, функцыі ўсіх галінаў улады ня змогуць заставацца непарушанымі.

Зьменіцца спосаб кантролю грамадзянаў за дзяржавай. Будзе скасаваная дзяржаўная тайна (пры захаваньні нейкага пераходнага пэрыяду наяўнасьці вайсковай і камэрцыйнай тайнаў)...

Зьменіцца характар працы, спосаб працы і форма выбару месца існаваньня. Пра гэта ўжо шмат разоў казалася, але самае істотнае ў гэтым пляне вырозьнівалася рэдка. Палітычная канкурэнцыя (канкурэнцыя палітычных умоваў жыцьця і працы) перасоўваецца ў сфэру культурнай канкурэнцыі. Маючы доступ да Інтэрнэту, можна працаваць у любой краіне, атрымліваць адтуль грошы і там жа набываць неабходныя тавары. Але і для фізычнага існаваньня будуць выбірацца краіны найбольш прыдатныя ў сэнсе палітычнага клімату і культурнага дабрабыту. Менавіта сацыяльна-культурная сытуацыя ў той ці іншай краіне ў будучым станецца найважнейшым прыярытэтам для выбару мейсца пражываньня.

Зьменіцца характар стаўленьня чалавека да культуры. Гэтае стаўленьне перастане быць нацыянальным і монакультурным. Інтэрнэт нясе мультыкультурны зьмест адносінаў да культуры, ды і сама культура становіцца інтэрактыўнай, больш разьлічанай на беспасярэдняе сумоўе, чымся на аддаленае сузіраньне, адцягненае ўспрыняцьце і бязадраснае спажываньне...

Не парнаграфія, не прастытуцыя не зьяўляюцца магістральнымі шляхамі развою грамадзтва. Як толькі Інтэрнэт станецца па сваіх маштабах тоесным сусьветнай супольнасьці, магістральнай зробіцца сама культура, Інтэрнэт і ёсьць гэтай магістральлю культуры”.


Падсумаваньне
Сёньня больш чым для 66 адсоткаў карыстальнікаў Інтэрнэту вандроўкі па Сетцы замянілі прагляд тэлеграмаў. Пры гэтым 40 адсоткаў падключаных да Інтэрнэту карыстальнікаў адначасна глядзяць на манітор кампутару і на экран тэлевізару. Таму ўжо не здаецца нейкай надзвычай экстравагантнай гіпэрбалай азначэньне, дадзенае сучаснаму прадстаўніку віду Homo sapiens — “рэха электрамагнітных працэсаў у трубцы тэлевізара” (Віктар Пялевін). Уласна, гэта — галоўны пункт шматлікіх абвінавачваньняў: Інтэрнэт ператварае чалавека ў несамастойную істоту, бо экран кампутарнага манітора ўжо стаўся часткай мозгу чалавека.

Аднак чалавек і яго спосабы стасункаў са сьветам мяняюцца вельмі марудна. Уважлівыя назіраньні сьведчаць, што трансфармуюцца адно павярхоўныя формы сьвядомасьці, глыбінныя слаі застаюцца некранутымі. Гэта найперш стасуецца да культурных стэрэатыпаў, якія выяўляюць асаблівую ўстойлівасьць. Аднак ахоп сьвету кампутарнымі сеткамі пакрысе ўплывае і на іх, хаця і не заўсёды відавочным чынам. Гэтыя невідавочныя эфэкты заслугоўваюць асаблівай увагі.

Да прыкладу згадаем, што сёньня ўва ўсім цывілізаваным сьвеце чалавек карыстаецца для фінансавых разьлікаў у магазіне, рэстаране, на вакзале не грашыма, а кавалкам плястыку, памерам не нашмат большым за пушку запалак. Такая сацыякультурная зьмена магчымая менавіта таму, што банкі паяднаныя кампутарнымі сеткамі (Інтэрнэт — гэта толькі адна са шматлікіх сетак). Шараговы грамадзянін карыстаецца плястыкавай карткай і не задумваеццца пра кампутарныя сеткі, бо ён сам зь імі непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Псыхалягічна гэта натуральна і зразумела, хаця прычына самой зьмены карыстаньня грашыма і застаецца не відочнай. Альбо возьмем другі прыклад. Уявім сабе беларускую вёску, дзе ў кожным доме ёсьць тэлевізар, але на 1000 жыхароў маецца ўсяго толькі адзін тэлефон. І хаця не тэлевізар, а менавіта тэлефон зьяўляецца рэальным элемэнтам жыцьцязабесьпячэньня, адлучэньне ад тэлевізару было б успрынята як катастрофа, бо адносна тэлевізару ўжо сфармаваная неадольная інфармацыйная патрэба. З гэтага можна зрабіць выснову, што пэрспэктывы разгортваньня на Беларусі кампутарных сетак для масавага карыстаньня няпэўныя ня толькі з прычыны тэхнічнага адставаньня, але і з сацыяльных прычынаў — несфармаванасьці адпаведных інфармацыйных патрэбаў.


Літаратура

1. Басин М., Шилович М. Синергетика и Internet. СПб., Наука, 1999.

2. Коренев С. “Сетевая литература” и завершение постмодерна (www.chat.ru-kornevi/).

3. Дацюк С. Философия Интернет (www.uis.kiev.ua/russian).

4. Барысевіч Ю. Сусветнае павуцінне (Культура ў эпоху Інтэрнэта), Мастацтва, № 1, 1999.

5. Клименко С., Уразметов В. Интернет: Среда обитания информационного общества // ІФВЭ, МФТИ. — Протвино: РЦФТИ, 1995.

6. Нестеров В.Ю., Нестеров Е.И. Некоторые аспекты коммуникационных процессов в Сети с точки зрения культурологии // 5-я Международная научно-практическая конференция “Информационные системы и технологии “Виртуальный мир Инфосферы: практическое использование человеком”, Владивосток, 1997.

7. Носов Н. Виртуальный человек. —М. Магистр, 1997.

8. Смолян Г., Зараковский Г., Розин В., Войскунский А. Информационно-психологическая безопасность (определение и анализ предметной области). — М.: ИСА РАН, 1997.

9. Эко У. От Интернет к Гутенбергу // Новое литературное обозрение. № 32 (4/1998).

10. Ямпольский М. Интернет, или Постархивное сознание // Новое литературное обозрение, № 32 (4/1998).

11. Communication in the age of virtual reality. LEA's communication series. (Frank Bіossa, Mark R. Levy, Eds.), Lawrence Erlbaum Assocіates, Іns, Hіllsdale, NJ, US, 1995.

12. Culture of the Іnternet. (Sara Kіesler, Ed.), Lawrence Erlbaum Assocіates, Bns., Publіshers, Mahwah, NJ, US, 1997.

13. Donath, Judіth S. Іdentіty and deseptіon іn the Vіrtual communіty. L., 1997.

Зьмест мэдыяў

Зьмест мэдыяў як пасланьне

Плян:

1. Зьмест мэдыяў як пасланьне

2. ХТО прамаўляе і ЧАМУ так кажа?

3. Зьмест і каналы інфармацыі

4. Зьмест і аўдыторыі

5. Зьмест і рэчаіснасьць

Усё тое, што ўтрымліваюць у сабе мэдыі і што яны трансьлююць, можна разглядаць як пасланьне. Пасланьне ў дадзеным выпадку — сэмантычны канструкт, зьмест якога вызначаецца яўнымі і няяўнымі значэньнямі і сэнсамі, якія, у сваю чаргу, могуць быць па-рознаму праінтэрпрэтаваныя і зразуметыя. Апошняе адбываецца таму, што камунікацыя — гэта такі працэс, у якім камуніканты не заўсёды карыстаюцца аднолькавым сэмантычным шыфрам ці кодам, а сам тэкст зьяўляецца полісэмічным.

У 40-х гадах дасьледчык камунікацыі Харальд Ласвэл даў вельмі яркае і сьціслае вызначэньне акту камунікацыі. Ён пісаў, што дзеля таго, каб апісаць акт камунікацыі, неабходна адказаць на наступныя пытаньні:

“ХТО

КАЖА ШТО

ПРАЗЬ ЯКІ КАНАЛ

КАМУ

І ЗЬ ЯКІМ ВЫНІКАМ”.

Зьмест пасланьня ў гэтай формуле вызначаны як “КАЖА ШТО”. Адпаведна, “КАМУ” — гэта аўдыторыя ці аўдыторыі. “ПРАЗЬ ЯКІ КАНАЛ” азначае, якім спосабам гэтае пасланьне перадаецца, а “ХТО” — гэта суб'ект пасланьня альбо актыўны агент фармаваньня зьместу пасланьня. І, нарэшце, “ЗЬ ЯКІМ ВЫНІКАМ” азначае, што з гэтага пасланьня атрымалася, як яго “прачыталі” і які ягоны ўплыў на паводзіны і пазыцыю тых, хто ўспрыняў пасланьне.

Адсюль вынікае: зьмест пасланьня — гэта тое, што паўстае як ВЫНІК акту ці працэсу камунікацыі, разгляданай праз узаемадзеяньне ўсіх яе кампанэнтаў.

Калі гаварыць пра зьмест пасланьня, мадэль камунікацыі Ласвэла, аднак, ня будзе поўнай, калі не ўлічыць яшчэ адзін важны момант, а менавіта — саму рэчаіснасьць, г.зн. тое, пра ШТО нешта камусьці паведамляецца і як менавіта пра ГЭТА кажацца.

Разгледзім, у якіх стасунках са зьместам пасланьня знаходзяцца ўсе гэтыя кампанэнты акту ці працэсу камунікацыі ў тым парадку, у якім гэта вызначана Харальдам Ласвэлам.

ХТО? Пры ўсёй відавочнасьці, што гэтым “ХТО” можа быць журналіст, пісьменьнік, палітык альбо проста чалавек, у якога бяруць інтэрвію на вуліцы, “ХТО” не заўсёды зьяўляецца відавочным. “ХТО” можа быць і “ХТО” адназначна ня выяўленым. Яно можа быць і індывідуальным, і калектыўным. Добра вядома, што людзі часам могуць прамаўляць ад імя кагосьці. Да прыкладу, “Ад імя ўсіх, хто тут сабраўся, дазвольце мне павіншаваць нашую любімую Рыпіну Адольфаўну з днём нараджэньня…” і г.д. Яўна альбо няяўна розныя лідэры даволі часта прамаўляюць ад імя іншых людзей, вялікіх ці малых сацыяльных груповак ці нават ад імя ўсяе нацыі.

У дадзеным выпадку складваецца даволі парадаксальная сытуацыя, калі прамоўца і аўдыторыя як бы супадаюць альбо “ХТО” аўдыторыі і “ХТО” прамоўцы мяняюцца мейсцамі.

Падобнае “ХТО”, у якім прамоўца прамаўляе ня толькі ад свайго імя альбо па той ці іншай прычыне выказвае пэўныя пазыцыі, якія не зьяўляюцца адно асабіста ягонымі, вызначым як “ХТО” заангажаванае. Існуюць розныя віды заангажаванасьці. Можна гаварыць пра заангажаванасьць палітычную, ідэалягічную, сацыяльную, прафэсійную і нават фінансавую.

Падаецца цікавым прааналізаваць з гэтага пункту гледжаньня матэрыялы “кругла стала” ад 22.10.1999 г., тэмай дыскусіі якога быў “Свабодны доступ да СМІ — канстытуцыйнае права грамадзян Беларусі”. Хаця дыскусія і пачалася з абмеркаваньня вызначанай тэмы, аднак яе сапраўдным фонам была праблема заангажаванасьці журналістаў, а таксама беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Падкрэсьлім, што тут і надалей нас перадусім будзе цікавіць, як гэтыя пазыцыі адбіваюцца на зьмесьце мас-мэдыяў і, адпаведна, іхняга пасланьня.

Вось як названыя вышэй пазыцыі заангажаванасьці былі сфармуляваныя самімі ўдзельнікамі дыскусіі.

Пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці. Галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч: “Нашыя журналісты зусім нематывавана і на шкоду прафэсіі пачалі ўяўляць сябе палітычнымі дзеячамі… Шмат хто з журналістаў лічыць сябе ўдзельнікам палітычных падзеяў, носьбітам палітычных дактрынаў, якія яны абараняюць у калёнах дэманстрантаў і яшчэ дзесьці”. Заўважым, што гэтае абвінавачваньне было адрасаванае сп.Якубовічам журналістам недзяржаўных СМІ. У дадзеным выпадку нас цікавіць толькі сама фармулёўка гэтай пазыцыі, а не яе адпаведнасьць рэальнаму стану рэчаў.

Ул.Глод (журналіст, які працуе на недзяржаўныя СМІ), часткова пярэчачы П.Якубовічу, сьцьвярджае: “Я лічу, што гэта абсалютна слушная фраза, акрамя аднаго маленькага “але”, якое Павел Ізотавіч, канешне, па няўважлівасьці не сказаў, а менавіта, што да гэтай часткі журналістаў яму неабходна аднесьці і самога сябе, і прадстаўнікоў дзяржаўных арганізацыяў”. І далей: “У палітычна канфрантацыйным грамадзтве, якім зьяўляецца цяпер Беларусь, іншымі журналісты быць ня могуць… Заангажаванасьць журналістаў ідзе з абодвух бакоў…” Гэткім чынам, выказаная вышэй пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці базуецца на мадэлі палярызаванага альбо канфрантацыйнага грамадзтва, дзе выбар выяўляецца паводле схемы “мы-яны”, “альбо-альбо”, “хто ня з намі, той супраць нас”.

Пазыцыя сацыяльнай заангажаванасьці. У ідэальным выглядзе пазыцыя сацыяльнай заангажаванасьці — гэта пазыцыя непартыйнай і неідэалягічнай заангажаванасьці, што абапіраецца на відавочны факт існаваньня ў грамадзтве самых розных сацыяльных груповак, якія, хоць і маюць розныя культурніцкія, палітычныя, эканамічныя і іншыя інтарэсы, аднак гэтыя інтарэсы не заўсёды зьяўляюцца апазыцыйнымі і неабавязкова вядуць да сытуацыі канфрантацыі.

Газэты, як выказаўся адзін з удзельнікаў дыскусіі (пры гэтым пашырым сэнс яго выказваньня на ўсе СМІ), “мусяць друкаваць розныя пункты гледжаньня на тое, што адбываецца ў рэспубліцы, а ня толькі пункт гледжаньня, які сёньня спавядае група людзей, якая знаходзіцца пры ўладзе”.

Як можна бачыць, гэтая пазыцыя мае сваім ідэалам адлюстраваньне самых розных меркаваньняў і поглядаў, якія належаць розным сацыяльным групоўкам, палітычным партыям і асобам. Адзначым, што гэтая пазыцыя блізкая да пазыцыі прафэсійнай заангажаванасьці.

Пазыцыя прафэсійнай заангажаванасьці. Гэтая пазыцыя вынікае з погляду саміх журналістаў на сутнасьць сваёй прафэсіі, разуменьня імі сваіх прафэсійных абавязкаў і этычных нормаў журналісцкай дзейнасьці. Яна выяўляецца ў факце існаваньня кодэксаў журналісцкай этыкі і прафэсійнай салідарнасьці. Па сваёй сутнасьці гэтая пазыцыя скіраваная на пераадоленьне пазыцыяў ідэалягічнай, партыйнай і фінансавай заангажаванасьці.

Красамоўным у гэтым сэнсе зьяўляецца выказваньне яшчэ аднаго ўдзельніка дыскусіі журналіста Ўл.Дзюбы: “Я хачу сказаць, што, сапраўды, ня варта праводзіць мяжы паміж журналістамі: дзяржаўныя-недзяржаўныя. Але, на вялікі жаль, існуе пэўная каманда журналістаў, якая абслугоўвае ўладу… Гэтыя людзі забылі пра кодэкс прафэсійнага гонару, пра этыку, пра прафэсіяналізм у тым ліку”.

І, нарэшце, пазыцыя фінансава перадумоўленай заангажаванасьці. Заангажаванасьць газэты альбо якога-небудзь іншага сродку масавай інфармацыі можа даволі моцна залежаць ад крыніцы яе фінансаваньня. Гэтая залежнасьць бывае асабліва жорсткай, калі існуе манаполія на сродкі масавай інфармацыі. Як правіла, гэта манаполія дзяржаўная, і, як правіла, манаполія на сродкі масавай інфармацыі ўсталёўваецца ў тых краінах, дзе адсутнічае рынак і дзе права прыватнай уласнасьці моцна абмежаванае.

З улікам вызначаных пазыцыяў вернемся да галоўнага для нас пытаньня: як гэтыя пазыцыі адбіваюцца на зьмесьце мас-мэдыяў альбо зьмесьце іхняга пасланьня? Інакш кажучы, ШТО прамаўляецца ў залежнасьці ад таго, ХТО прамаўляе. Зноў жа, скарыстаем для гэтага матэрыялы “круглага стала”.

Зьмест пасланьня з пазыцыі ідэалягічнай і палітычнай заангажаванасьці. Прамаўляе рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч: “Клянуся, я выключу тэлевізію, калі ўбачу на экране Шчукіна, Пазьняка, Лябедзьку і шмат іншых. Я пасьля працы ўвечары не хачу слухаць тое, што я ўжо чуў на працягу дзесяці гадоў не адзін раз, і наогул я хачу паглядзець кіно “Санта Барбара”.

Як вядома, выключаць тэлевізар яму ня будзе патрэбы, бо ідэалягічная пазыцыя галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” супадае з пазыцыяй кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыё і ў эфіры ў якасьці прамоўцаў названыя асобы не зьяўляюцца. Гэта адна і тая ж пазыцыя палітычнай і ідэалягічнай заангажаванасьці на карысьць існуючага рэжыму. “У газэце “Советская Белоруссия”,— працягвае ў іншым мейсцы сп.П.Якубовіч,— я свабоду друку разумею як магчымасьць радыкальна адмовіць ў публікацыі такім спадарам, як, умоўна кажучы, Пазьняк…”

Зьмест пасланьня з пазыцыі сацыяльнай заангажаванасьці. Прамаўляе Аляксандар Тамковіч (недзяржаўная газэта “Свободные новости”): “…Сёньня, калі вы разгорніце газэты недзяржаўныя ці, як іх называюць, апазыцыйныя, вы бязь цяжкасьці знойдзеце там міністраў, членаў адміністрацыі прэзыдэнта, вы знойдзеце там высокага рангу чыноўнікаў, парлямэнтароў ня толькі 13 скліканьня, але нават і тых, хто пайшоў у Палату. Дастаткова разгарнуць “БГ”, “БДГ” — у любым нумары дадзена магчымасьць выказвацца ўсім. На жаль, у дзяржаўных СМІ няма такой палітры думак. Дамінуе, як правіла, ясна ўказаны накірунак у выкладаньні той ці іншай інфармацыі”. Відавочна, што зьмест пасланьня ў выпадку недзяржаўных выданьняў зьяўляецца плюралістычным.

Зьмест пасланьня з пазыцыі прафэсійнай заангажаванасьці. Анатоль Гуляеў (віцэ-прэзыдэнт БАЖу): “Мне падаецца, што думка Аляксандра Тамковіча… утрымлівае тое, што мы сьцьвярджаем даўно… Для нас, прафэсіяналаў, няма розьніцы, дзе працуе той ці іншы журналіст, розьніца толькі ў тым, што ён кажа са старонак таго ці іншага выданьня. Калі наш калега падманвае, то гэта ганьба і для гэтага калегі і для гэтага выданьня…” Гэткім чынам, можна бачыць, што праўдзівая альбо непраўдзівая падача інфармацыі, яе несфальсыфікаванасьць альбо сфальсыфікаванасьць ставіцца ў залежнасьць ад прафэсійнасьці журналіста, ад, так бы мовіць, унутранай лёгікі журналісцкай дзейнасьці, а менавіта, лёгікі, якая мае характар маральна-прафэсійнага імпэратыву. Гэтую залежнасьць можна сфармуляваць і інакш: аб'ектыўнасьць інфармацыі ёсьць функцыяй прафэсійнага падыходу. І, наадварот, як сьцьвярджае прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, разбурэньне прафэсіі радыё- і тэлежурналіста вядзе да фальсыфікацыі інфармацыі.

І, нарэшце, зьмест пасланьня з пазыцыі фінансава перадумоўленай заангажаванасьці. Жанна Літвіна, зьвяртаючыся да галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии”: “Маю прапанову: мы вялі запіс усёй размовы. Здымем стэнаграму, падправім тэкст… Ці магчыма, Павел Ізотавіч, каб стэнаграма сёньняшняга абмеркаваньня была надрукаваная ў вашай газэце?” Сп.Якубовіч: “Гэта немагчыма па меркаваньнях чыста эканамічных. Пэўна, ня варта было пра гэта казаць, але тую Канстытуцыю (маецца на ўвазе Канстытуцыя 1996 г.) я надрукаваў таму, што гэтая канкрэтная работа была аплочана органам, які ініцыяваў рэфэрэндум”. Без камэнтара.

Гэткім чынам, можна канстатаваць, што на зьмест мэдыяў уплываюць такія фактары, як палітычная альбо непалітычная заангажаванасьць, рознае разуменьне ідэалаў і нормаў прафэсійнай дзейнасьці, фінансавая залежнасьць і кантэкст існаваньня газэты альбо іншага сродку інфармацыі (у беларускай сытуацыі гэты кантэкст істотна розьніцца ў залежнасьці ад таго, дзяржаўным альбо недзяржаўным зьяўляецца выданьне).

Трэба адзначыць, што фармаваньне зьместу мэдыяў у пэўнай ступені залежыць і ад каналу перадачы інфармацыі. Існуюць тры галоўныя каналы перадачы інфармацыі: а) вуснае слова і аўдыраваньне; 2) напісанае слова альбо напісаны тэкст і чытаньне і 3) візуальны вобраз (карцінка) і візуалізацыя.

Для кожнага з гэтых каналаў інфармацыі існуюць свае магчымасьці перадачы зьместу пасланьня. Часам гэтыя магчымасьці цалкам некампэнсавальныя. Што гэта азначае? Да прыкладу, колькі б вы не апісвалі які-небудзь твор жывапісу, вам ніколі ня ўдасца выявіць увесь жывапісны зьмест гэтага твору. У ім заўсёды будзе нешта заставацца, што ніяк не перадаецца праз слова.

Вядома, што пісьмовы тэкст зьяўляецца найбольш эфэктыўным камунікацыйным каналам для перадачы абстрактных уяўленьняў і абстрактных рэчаў наогул. Справа ў тым, што напісанае слова — гэта слова, якое можна шматкроць перачытваць, і перачытваць менавіта ў кантэксьце і ў зьвязку зь іншымі словамі, якія складаюць тэкст. Гэтае перачытваньне “ў кантэксьце” і ёсьць спосабам адкрыцьця іншых, часам прыхаваных значэньняў і сэнсаў. Вуснае, пачутае слова — больш эфэмэрнае, як бы менш “кантэкстуальнае”, а таму і менш сэмантычна нагружанае.

Прамаўленьне і слуханьне — гэта, як правіла, сынхронны ці амаль што сынхронны працэс. Паміж словам прамоўленым і словам пачутым не існуе, так бы мовіць, дастатковага зазору часу, каб адрэфлексаваць гэтае слова ўва ўсіх ягоных канатацыях. Да таго ж, па сваёй унутранай прыродзе сэмантычны рытм пісьмовага тэксту адрозны ад сэмантычнага рытму тэксту вуснага, г.зн. тэксту, які прамаўляецца спантанна.

Прачытваньне пісьмовага тэксту вядзе да засваеньня інфармацыі на больш высокім і больш якасным сэмантычным узроўні. Таму пісьмовы тэкст часам называюць сродкам індактрынацыі (ад слова дактрына, вучэньне), бо ён апэлюе перадусім да рацыянальнай здольнасьці мысьленьня.

Вусны, прамоўлены тэкст па сваёй сэмантычнай структуры — гэта тэкст ня столькі індактрынальны, колькі тэкст сугестыўны, г.зн. што ён прамаўляецца дзеля дасягненьня нейкага эфэкту, прычым слова “эфэкт” ня варта тут інтэрпрэтаваць у сэнсе толькі ідэалягічным. Гэтым эфэктам можа быць і проста пастаўленая задача данесьці да слухача тое, што мае на ўвазе прамоўца. Аднак у палітычнай, да прыкладу, сфэры вусны прамоўлены тэкст — гэта, як правіла, тэкст, мэта прамаўленьня якога ў тым, каб пераканаць, мабілізаваць, наэлектрызаваць сваіх прыхільнікаў і дэмаралізаваць супернікаў. А таму прамоўлены тэкст — гэта не заўсёды тэкст, які збудаваны на строгай лёгіцы; наадварот, ён можа быць супярэчлівы, парадаксальны, не ўпарадкаваны, але з гэтага больш экспрэсіўны.

Нарэшце, вусны прамоўлены тэкст апэлюе хутчэй ня столькі да зьяваў складаных і абстрактных, колькі да зьяваў больш ці менш відавочных. Гэта азначае, што ў параўнаньні з тэкстам пісьмовым ён, як правіла, саступае яму па сваёй сэмантычнай нагружанасьці і насычанасьці.

Трэці галоўны канал інфармацыі, як адзначалася вышэй, гэта канал “карцінка-візуалізацыя”. Перавага “карцінкі” ў яе ілюстрацыйна-тлумачальнай здольнасьці і яе магчымасьці яшчэ большага сугестыўнага альбо ўнушальнага эфэкту. У адрозьненьне ад пісьмовага і прамоўленага слова, “карцінка” мае ўласьцівасьць беспасярэдняга і імгненнага псыхалягічнага ўплыву. Уплыў “карцінкі” да таго ж больш эмацыйны: параўнайце апісаньне якой-небудзь сцэны забойства ў газэце і кадры крымінальнай хронікі на экране тэлевізіі.

Хаця літаратурная мэтафара па сваё сутнасьці ёсьць таксама “карцінкай”, аднак “візуальныя карцінкі” валодаюць яшчэ большай сілай псыхалягічнага ўзьдзеяньня і зьяўляюцца магутным сродкам перакананьня чалавека. Часам “візуальную карцінку” называюць сродкам прапаганды. Нездарма, напэўна, прапагандыст і агітатар Ул.Ленін пісаў пра тое, што самым важным з усіх мастацтваў зьяўляецца для бальшавікоў кіно.

Зусім не выпадкова, што самыя вялікія кошты за рэкляму — гэта кошты за яе разьмяшчэньне на тэлебачаньні. Адказ на пытаньне, чаму гэта так, просты: тэлебачаньне — самы масавы і самы сугестыўны сродак камунікацыі.

Зважаючы на сказанае, можна сьцьвярджаць, што ў залежнасьці ад каналу перадачы інфармацыі можа зьмяняцца, калі ня сам зьмест паведамленьня і ягоная сутнасная аснова, дык, прынамсі, ягоная (зьместу) структура. Гэта азначае, што некаторыя элемэнты зьместу будуць па-рознаму акцэнтавацца ў залежнасьці ад скарыстанага каналу перадачы інфармацыі.

Як бы гэта парадаксальна ні выглядала, але зьмест мэдыяў і пасланьня залежыць таксама і ад аўдыторыі. Падобная залежнасьць вынікае з таго, што, па-першае, камунікацыя — гэта непазьбежна двухбаковы працэс, а, па-другое, з таго, што ўспрыняцьцё пасланьня адпавядае здольнасьці аўдыторыі раскадаваць альбо, прасьцей, зразумець зьмест пасланьня. Існаваньне гэтай залежнасьці можна прадэманстраваць, выкарыстоўваючы аргумэнтацыю ад супрацьлеглага. Наўрад ці можна чакаць, што газэта “Звязда”, да прыкладу, калі-небудзь надрукуе навуковы артыкул па калёіднай хіміі. Гэтага ніколі ня здарыцца таму, што аўдыторыяй гэтай газэты зьмест падобнага пасланьня ня будзе расшыфраваны (“прачытаны”). Аўдыторыя названай газэты, як і шмат якіх іншых не чакае зьяўленьня падобнага артыкулу, і гэта добра разумее кожны рэдактар. Таму можна сьцьвярджаць, што любая аўдыторыя няяўна вызначае межы і тэматыку зьместу любога выданьня.

Выкарыстоўваючы тэрміналёгію культурна-сэмантычнага падыходу да інтэрпрэтацыі аўдыторыяў, заўважым, што зьмест мэдыяў заўсёды ў той ці іншай ступені будзе залежыць ад культурна-сэмантычнага кантэксту, якім валодае аўдыторыя, і які вызначае межы ўспрымальнасьці зьместу паведамленьня. Гэтая залежнасьць, безумоўна, не зьяўляецца наўпроставай, яна хутчэй выяўляецца ў якасьці тэндэнцыі і мае характар карэляцыйнай залежнасьці. Актыўным агентам канструяваньня значэньняў і сэнсаў, натуральна, застаецца той, хто прамаўляе.

Аднак паколькі такая залежнасьць усё ж такі існуе, то, базуючыся на зьмесьце таго ці іншага выданьня альбо тэлевізійнай праграмы, можна рэканструяваць вобраз аўдыторыі і, наадварот, дасьледуючы тую ці іншую аўдыторыю, можна выявіць яе інфармацыйныя прыхільнасьці. Інакшымі словамі, “Скажы мне, якую газэту ты выпісваеш альбо якія тэлевізійныя праграмы ты глядзіш, і я скажу, хто ты”.

У якасьці экспэрымэнту паспрабуем у вельмі агульных рысах рэканструяваць ці скласьці сацыяльны вобраз аўдыторыі газэты “Советская Белоруссия”. Дзеля кампактнасьці аналізу абмяжуемся толькі адным, прычым выпадкова абраным нумарам гэтай газэты. Гэта — № 35 ад 26 лютага 1999 г.

Гэтая газэты мае наклад 425.578 асобнікаў і кваліфікуецца выдаўцамі як “грамадзка-палітычная”.

Пачнем зь першай, “грамадзкай” часткі газэты: чым цікавіцца беларускае грамадзтва, якімі праблемамі і тэмамі? Прыярытэтнасьць тэмаў (agenda setting) вызначым па тых публікацыях, якія зьмяшчаюцца на першых дзьвюх старонках, тым больш, што трэцяя старонка газэты пазначана рубрыкай “За мяжой”. Як вядома, замежная інфармацыя ў любым неспэцыялізаваным нацыянальным выданьні ніколі не зьяўляецца прыярытэтнай.

На першай паласе (з працягам на старонках 2 і 3) друкуюцца найбольш вялікія і найбольш важныя артыкулы газэты. Іхнія загалоўкі: “Гісторыя авіяцыі пачынаецца на зямлі”, “Маці ўкрала ўласнае дзіцё”, “Апраменьваньне… надзеяй”, “Нельга апускаць рукі” і “Страшна згубіць самога сябе”.

Артыкул “Гісторыя авіяцыі…” прысьвечаны праблеме аднаўленьня і захаваньня вайсковых савецкіх самалётаў як часоў другой сусьветнай вайны, так і тых, што былі створаныя пасьля яе. Артыкул “Маці ўкрала ўласнае дзіцё” дэталёва апісвае пошукі бацькам свайго пяцігадовага сына Грышы, якога маці зьвезла ў Ізраіль… “Апраменьваньне… надзеяй” — інтэрвію зь ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі РБ за 1998 г., доктарам мэдыцынскіх навук сп.Мураўскай. Артыкул “Нельга апускаць рукі” распавядае пра занядбаны стан кантораў некаторых калгасаў, пра пахіленыя платы калгасьнікаў, нахіленыя ліхтары і неўладкаванасьць вясковых вуліцаў. Артыкул завяршаецца “аналізам” прычынаў такога стану. Як можна выснаваць з артыкулу, асноўнай прычынай заняпаду зьяўляецца тое, што ў гэтых мейсцах людзі “махнулі рукой на зьнешні выгляд вёсак, а ў паўсядзённым жыцьці пануе бескультур'е”.

І, нарэшце, у артыкуле Вольгі Казловай “Страшна згубіць самога сябе” аўтарка разважае над праблемамі псыхалягічнай і інтэлектуальнай дэградацыі жанчыны ў ролі хатняй гаспадыні. Два артыкулы газэты прысьвечаны крадзяжу дзяржаўных трактароў і электраэнэргіі. Прыкладна траціна чацьвёртай паласы газэты адведзена для парадаў агароднікам, садаводам і жадаючым прыгатаваць бурачны сыроп.

Другая частка газэты “Советская Белоруссия” — “палітычная”. Традыцыйна факты палітычнага жыцьця газэта падае ў дзьвюх калёнках пад агульнымі загалоўкамі “У краіне” і “У сьвеце”. Правая калёнка “У сьвеце” зьяўляецца тэматычна вытрыманай, і інфармуе чытача пра найбольш важныя палітычныя і міжнародныя падзеі: ЗША ўвялі санцыі супраць дзесяці расейскіх арганізацыяў, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве зь Іранам у ракетнай і ядравай галіне, ізраільскія самалёты заатакавалі пазыцыі ліванскай арганізацыі “Хезбалах” і г.д.

Левая і галоўная калёнка найбольш значных падзеяў “У краіне” выглядае цалкам несымэтрычнай правай. Гэтая несымэтрычнасьць выяўляецца ў несупастаўнасьці падзеяў паводле іх маштабнасьці і грамадзка-палітычнай значнасьці. Вось назвы і кароткі зьмест гэтых паведамленьняў: “Нацбанк хавае “зуброў” — пра спыненьне выпуску Нацбанкам купюраў вартасьцю 100, 200 і 500 рублёў; “Падаюць надоі малака”; “Грып забіў падлетка”; “Запатэнтавана антывірусная гарбата”. Астатнія чатыры паведамленьні тычацца крадзяжу аўтамагнітолы і зьбіцьця злодзея, кантрабанды антыкварыяту, юнага тэрарыста, які разьліў у школе ртуць, і крадзенага піва, якім гандляваў адзін зь піўных бараў.

Відавочна, што чатыры апошнія паведамленьні падпадаюць пад рубрыку “Крымінал і здарэньні” і пад гэтай рубрыкай маглі б быць надрукаваныя на 4 паласе газэты. Інфармацыя пра падзеньне надояў малака наогул не зьяўляецца палітычнай. Гэткім чынам, “agenda setting” газэты альбо вызначэньне парадку прыярытэтнасьці падзеяў унутры краіны ня сьведчыць пра яе статус як агульнанацыянальнай грамадзка-палітычнай газэты. Да таго ж названыя падзеі ні ў якім разе ня могуць быць кваліфікаваныя як падзеі палітычныя. У гэтай калёнцы мусіла ўтрымлівацца менавіта найбольш важная, і ў першую чаргу, палітычная інфармацыя, пра што сьведчыць “agenda setting” правай калёнкі, якая складае адно цэлае з калёнкай пад рубрыкай “У краіне”.

Што азначае падобная “agenda setting” газэты “Советская Белоруссия”? Альбо тое, што напярэдадні ў краіне ці ў дачыненьні да яе не адбылося аніякіх важных палітычных падзеяў, альбо тое, што газэта выкарыстоўвае ідэалягічна-сэлектыўны падыход да падачы інфармацыі. Першая вэрсія мусіць быць адкінутая. Напярэдадні 25 лютага агенцтва “Інтэрфакс” распаўсюдзіў выказваньні Лукашэнкі падчас ягонага візыту ў Маскву адносна таго, што вывад ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі быў памылкай і ў гэты дзень быў арыштаваны Цэнтрвыбаркам на чале з В.Ганчаром.

Адзначым таксама, што ідэалягічна-сэлектыўны падыход “Советской Белоруссии” да падачы палітычнай інфармацыі карэлюе з парадкам вызначэньня прыярытэтаў у падачы асноўнай тэматычнай інфармацыі ў найбольш важных і аб'ёмных артыкулах газэты.

Цяпер на падставе “agenda setting” газэты паспрабуем апісаць яе аўдыторыю. Перадусім асноўную частку гэтай аўдыторыі мусяць складаць чытачы з блякаванай палітычнай сьвядомасьцю альбо зь яе вельмі нізкім узроўнем. Зусім верагодна, што значная частка чытачоў газэты наогул не цікавіцца беларускай палітыкай. Палітычны інтарэс гэтай часткі аўдыторыі зрэалізоўваецца на ўзроўні цікавасьці да палітычных падзеяў па-за межамі краіны. Гэта моцна нагадвае сытуацыю камуністычных часоў, калі савецкія людзі каналізавалі свае палітычныя інтарэсы праз салідарнасьць з “ахвярамі амэрыканскага імпэрыялізму” ды асуджэньне савецкіх дысыдэнтаў і іх амэрыканскіх памагатых. Артыкул “Раней адвакат быў абаронцам. Цяпер ён працуе на сябе?” якраз і выяўляе тых, хто “у нас ещё мешает жить”. Гэта адвакат В.Страмкоўская, якая абараняе ў судзе старшыню аграрнага аб'яднаньня “Рассвет” Васіля Старавойтава, гэта і праваабаронцы кшталту В.Шчукіна…

Значнай часткай аўдыторыі газэты мусяць быць таксама людзі зь некрытычным мысьленьнем. Пра апошняе сьведчыць прымітыўны ўзровень аналітыкі ў такіх матэрыялах газэты, як артыкулы “Нельга апускаць рукі” і “Страшна згубіць самога сябе”.

Вялікая частка аўдыторыі газэты — гэта людзі з савецкай і постсавецкай мэнтальнасьцю. Артыкул “Гісторыя авіяцыі…” перадусім будзе цікавы для вэтэранаў савецкіх узброеных сілаў, былых партыйных і савецкіх работнікаў, пэнсіянэраў і ўсіх тых, хто цікавіцца савецкай гісторыяй.

Абывацелі і хатнія гаспадыні мусяць зацікавіцца інфармацыяй пра тое, як у Беларусі крадуць трактары, электраэнэргію, піва, а таксама рэцэптамі антывіруснай гарбаты. Для гэтых чытачоў будуць таксама карысныя парады адносна прыгатаваньня бурачнага сыропу, абразаньня пладовых дрэваў, захоўваньня кансэрваў, а таксама інфармацыя пра капусную тлю.

Увогуле, аўдыторыя газэты “Советская Белоруссия”, гэта перадусім тая частка беларускага грамадзтва, якая спавядае савецкія і постсавецкія кансэрватыўныя погляды. І гэта дастаткова вялікая частка нашага грамадзтва. Нагадаем, што наклад газэты 425 тысячаў, і ён практычна ў два разы пераўзыходзіць наклад усіх недзяржаўных альбо незалежных выданьняў, разам узятых. З колькаснага супастаўленьня аўдыторыяў, а таксама з аналізу аўдыторыі “СБ” вынікае, што газэта істотна ўплывае на цяперашні стан беларускага грамадзтва, і, відавочна,— у накірунку захаваньня існуючага стану рэчаў і блякаваньня дэмакратычных пэрспэктываў яго разьвіцьця.

Рэчаіснасьць, зь якой маюць справу мэдыі, ня ёсьць рэчаіснасьцю ў традыцыйным навуковым альбо філязофскім сэнсе. У адной з папярэдніх лекцыяў мы гаварылі пра тое, што мэдыі дзейнічаюць у публічнай сфэры і зьяўляюцца часткай гэтай сфэры. Таму рэчаіснасьць для мэдыяў — гэта перадусім тая сацыяльная сфэра, у якой: а) адбываюцца пэўныя падзеі; б) дзейнічаюць пэўныя тэндэнцыі і в) выяўляюцца розныя інтарэсы самых розных людзей і сацыяльных групаў. Адсюль робіцца зразумелым, што зьмест мэдыяў у значнай ступені будзе вызначацца інтарэсамі і пазыцыямі як асобных людзей, так і розных сацыяльных груповак. Аднак гэтая залежнасьць ніяк не скасоўвае праблемы аб'ектыўнасьці мэдыяў. Аб'ектыўнасьць мэдыяў — гэта перадусім функцыя іхняй шырокай сацыяльнай заангажаванасьці. Апошняе азначае, што аб'ектыўнасьць палягае ня толькі на праўдзівым (прафэсійным) асьвятленьні падзеяў, але і на выяўленьні ўсяго спэктру розных апініяў, інтарэсаў і тэндэнцыяў у грамадзтве. І ў той жа самы час аб'ектыўнасьць выяўляецца ў канструяваньні такіх сацыяльных, палітычных і культурніцкіх значэньняў і сэнсаў, якія забясьпечваюць і гарантуюць саму магчымасьць свабоды выказваньня і волевыяўленьня. У адваротным выпадку мэдыі ператвараюцца ў “рупар” толькі адной якой-небудзь пазыцыі, робяцца сродкамі цэнзураваньня грамадзкай апініі, а ў скрайнім выпадку,— інструмэнтам для “прамываньня мазгоў”.


Літаратура

1. Lasswell Harold D., “The Structure and Function of Communication in Society” // The Communication of Ideas, ed. L.Bryson, Harper and Brothers, NY, 1948.

2. Manuel de Communication par Pierre-Antoine Pontoizeau // Editeur Armand Colin, Paris, 1991.

3. Чацьвёртая Улада, № 11. 1998.

4. “Советская Белоруссия”, № 35 ад 26 лютага 1999 г.

Aдлюстраваньне, сьведчаньне, рэпрэзэнтацыя і канструяваньне значэньняў і сэнсаў

Плян:

1. Зьмест: адлюстраваньне, сьведчаньне, рэпрэзэнтацыя і канструяваньне

2. Тэкст як адносна завершаная інфармацыйная адзінка і форма арганізацыі зьместу мэдыяў

3. Вызначэньне зьместу мэдыяў паводле жанру

Мінулую лекцыю завяршыў невялікі параграф “Зьмест і рэчаіснасьць”. У ім казалася пра тое, што зьмест мэдыяў вызначаецца перадусім сацыяльнай сфэрай, у якой а) адбываюцца падзеі; б) дзейнічаюць пэўныя тэндэнцыі і в) існуюць розныя інтарэсы, якія належаць як асобным людзям, так і сацыяльным групоўкам.

Вялікай спакусай было б тут сьцьвярджаць, што мэдыі якраз і адлюстроўваюць названыя вышэй сэгмэнты сацыяльнай рэчаіснасьці. Пры ўсёй відавочнасьці значэньня слова “адлюстроўваць” цяжка канкрэтна адказаць на пытаньне, што гэта азначае. Са значэньня гэтага слова вынікае, што паміж зьместам мэдыяў і рэчаіснасьцю існуе пэўная адпаведнасьць, аднак гэтая адпаведнасьць ня ёсьць наўпроставая. Узгадайма, што зьмест пасланьня можа па-рознаму інтэрпрэтавацца, што ён залежыць ад пазыцыі і намераў таго, ХТО прамаўляе і, у рэшце рэшт, гэты зьмест ёсьць вынікам узаемадзеяньня розных элемэнтаў акту камунікацыі. Таму вывучэньне зьместу мэдыяў на падставе мадэлі “адлюстраваньня рэчаіснасьці” найчасьцей прыводзіць да высноваў і канстатацыяў толькі агульнага характару.

Сучасны падыход да праблемы суадноснасьці аб'екта і “тэксту” не базуецца на тым, што “рэальны сьвет” альбо сьвет эмпірычных аб'ектаў ёсьць нечым першасным, а ягонае адлюстраваньне — гэта нешта другаснае. Сёньня мы надаем аднолькавую сэмантычную важнасьць як “рэальнаму сьвету”, так і ягонай рэпрэзэнтацыі. Гэта насамрэч два бакі сьвету, у якім мы жывем. Адсюль, аднак, ня трэба рабіць выснову, што аб'екты могуць быць рэпрэзэнтаваныя як заўгодна, без усялякай адпаведнасьці “тэксту”.

Магчыма, што з прычыны неэўрыстычнасьці мадэлі “адлюстраваньня рэчаіснасьці” сыстэматычнае вывучэньне зьместу мэдыяў разгортвалася перадусім у накірунку выяўленьня патэнцыйнага ўплыву (эфэкту) мэдыяў на аўдыторыі. Гэта значыць, што дасьледчыкі вывучалі зьмест мэдыяў у тым пункце, дзе тэкст альбо пасланьне сустракаюцца, так бы мовіць, з чытачом ці гледачом.

Але апошнім часам гэтае вывучэньне зьмяшчалася ў бок дасьледаваньня жанравага зьместу мэдыяў, розных культурна-сэмантычных кантэкстаў, у якія трапляе пасланьне, а таксама прафэсійных функцыяў і абавязкаў тых, хто прадукуе зьмест сродкаў масавай інфармацыі. З апошняга пункту гледжаньня зьмест мэдыяў можна вызначыць як сьведчаньне ці, калі сказаць больш моцна,— як бесстароньняе сьведчаньне.

Цікавай ілюстрацыяй да вызначэньня характару зьместу мэдыяў можа служыць пасаж з прадмовы перакладчыка да кнігі швэдзкага журналіста Эрыка Фіхтэліўса “Дзесяць запаведзяў журналістыкі”. Вось гэты пасаж: “Падчас нашага навучаньня пытаньні этыкі, як, дарэчы, і шмат якія іншыя аспэкты журналістыкі вызначаліся вучэньнем марксізму-ленінізму… Журналістаў усё яшчэ называлі ідэолягамі і прапагандыстамі, а газэту агітатарам і калектыўным арганізатарам. Сёньня, канешне, шмат што зьмянілася, і ўсё ж такі крытэры адбору інфармацыі і падача навінаў у Расеі і ў краінах СНД… значна адрозьніваюцца ад прынятых у Швэцыі.

Асабіста я не адразу прызвычаілася да існых у Швэцыі мэтадаў падачы навінаў. Напачатку швэдзкія інфармацыйныя праграмы падаваліся мне “бескаляровымі”,— журналістыкай, у якой асоба самога рэпарцёра і яго пазыцыя ніяк не выяўляліся. Рэпарцёры і аглядальнікі распавядалі пра падзеі, не выказваючы асабістых сымпатый і антыпатый, не асуджаючы і не абараняючы таго ці іншага боку, не даючы ўласных ацэнак”.

А вось як пра гэта піша сам аўтар кнігі: “Журналіст паведамляе пра падзеі, але ня ўдзельнічае ў іх сам, ён як бы знаходзіцца ў сыстэме, і ў той жа час па-за ёй. Ува ўдзельнікаў падзеяў, сьведкам якіх ён (журналіст) зьяўляецца, ёсьць магчымасьць выказаць сваю думку адносна таго ці іншага пытаньня, а сам рэпарцёр застаецца як бы з боку: “Я тут не дзеля таго, каб гаварыць пра тое, што думаю, а дзеля таго, каб паведаміць пра тое, што думаеце і робіце вы”. Гэткім чынам, сьведчаньне як спосаб прадукаваньня зьместу палягае на пэўным дыстанцыяваньні ад рэчаіснасьці і адпрэчваньні асабістай заангажаванасьці ў падзею альбо праблему з мэтай выявіць іхнюю сутнасьць у, так бы мовіць, “чыстым выглядзе”. Інакш кажучы, найбольшадэкватна зьмест падзеі выяўляецца тады, калі газэта ці тэлевізійная праграма ёсьць сродкам, мэдыюмам і толькі... Асабістыя сымпатыі альбо антыпатыі журналіста, рэпарцёра могуць папросту засланяць рэальны зьмест падзеі, скажаць сутнасьць праблемы.

Зьмест як рэпрэзэнтацыя. У дадзеным выпадку зьмест мэдыяў вывучаецца з пункту гледжаньня таго, якім чынам нейкія ідэі ці вобразы выказваюцца, падаюцца альбо рэпрэзэнтуюцца. Існуе бясконцае мноства манераў рэпрэзэнтаваньня адных і тых жа ідэяў альбо рэчаў. Да прыкладу, усе маладыя людзі, якія імкнуцца стаць мастакамі, мусяць навучыцца маляваць з натуры. І калі мы параўнаем малюнкі аднаго і таго ж прадмета, няцяжка ўбачыць, што ўсе яны будуць адрозьнівацца адзін ад аднаго. Тое, што іх адрозьнівае, гэта — манера альбо спосаб рэпрэзэнтаваньня. Адносна спосабу рэпрэзэнтаваньня бессэнсоўна ставіць пытаньне, які з малюнкаў больш праўдзіва адлюстроўвае прадмет, а які зусім непраўдзіва. У дадзеным выпадку гаворка можа ісьці толькі пра экспрэсіўнасьць альбо неэкспрэсіўнасьць малюнку, яго мастацкую вартасьць, пераканаўчасьць і г.д.

Возьмем яшчэ адзін прыклад. Можна дапусьціць, што п'еса У. Шэкспіра “Макбэт” не адну тысячу разоў ставілася па ўсім сьвеце. Безумоўна, што некаторыя з пастановак (рэпрэзэнтацыяў) былі лепшымі, а іншыя горшымі. Аднак гэтыя ацэнкі неістотныя для вывучэньня іхняга зьместу. Істотным зьяўляецца тое, якія ідэі стаяць за той ці іншай пастаноўкай-рэпрэзэнтацыяй, што хацеў сказаць рэжысэр, якія элемэнты зьместу п'есы Шэкспіра ён актуалізаваў і дзеля чаго ён гэта зрабіў. Інакш кажучы, гаворка тут ідзе пра інтэрпрэтацыю тэксту п'есы. У адрозьненьне ад рэпрэзэнтацыі як такой (г.зн. манеры, стылю падачы інфармацыі) інтэрпрэтацыя нейкай зьявы, падзеі і г.д. перадусім тычыцца сутнаснага боку рэпрэзэнтацыі альбо таго, што мае на ўвазе той, хто прапануе такую і менавіта такую рэпрэзэнтацыю.

Інтэрпрэтацыі ў адрозьненьне ад манеры падачы інфармацыі базуюцца на больш сур'ёзных рэчах — такіх як сьветапогляд, каштоўнасьці, грамадзкія ідэалы, асабістыя інтарэсы, ідэалягічныя, палітычныя, рэлігійныя альбо якія-небудзь яшчэ перакананьні і погляды. Усё гэта можа выяўляцца з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці. Калі прыхільнасьці выяўляюцца адкрыта, то выданьне, да прыкладу, газэта альбо часопіс, пазначаюцца як рэлігійнае, партыйнае і г.д. У межах палітычнага спэктру выданьні могуць быць “правымі”, “цэнтрысцкімі” альбо “левымі”. У той жа час у дэмакратычных грамадзтвах СМІ не імкнуцца займаць той ці іншай палітычнай нішы і не прывязвацца да пэўнай часткі палітычнага спэктру. Такая пазыцыя нагадвае пазыцыю рэпарцёра, які “як бы знаходзіцца ў сыстэме, і ў той жа час (існуе) па-за ёй”, паводле выразу ўжо цытаванага вышэй Эрыка Фіхтэліўса.

І, нарэшце, зьмест як канструяваньне значэньняў і сэнсаў. Каб уявіць сабе, што гэта азначае, зноў жа зьвернемся да канкрэтных аналёгіяў. Здымкам якога-небудзь, скажам, дакумэнтальнага фільму заўсёды папярэднічае “збор матэрыялу”. Гэта могуць быць як архіўныя відэаматэрыялы, так і кадры, зьнятыя “з жыцьця”. Калі матэрыялаў дастаткова, іх можна сабраць разам і паказаць, але гэта ніякім чынам ня будзе фільмам. Каб “адбыўся” фільм, неабходна адны матэрыялы скараціць, ад іншых наогул адмовіцца, знайсьці пэўную пасьлядоўнасьць іхняга паказу, магчыма, падабраць музыку да ўсяго фільму, альбо да нейкіх яго частак і г.д. Тое, што ў выніку такіх маніпуляцый з матэрыялам атрымаецца, і будзе фільмам. Падобны працэс стварэньня нечага цэлага і ёсьць працэсам канструяваньня зьместу альбо канструяваньня значэньняў і сэнсаў, якія ў скарыстаных паасобку матэрыялах фільму альбо не прысутныя зусім альбо могуць быць прысутныя толькі часткова і ў няяўным выглядзе.

Другі прыклад. Чаму прадстаўнікі беларускай апазыцыі патрабуюць на тэлебачаньні менавіта наўпроставага эфіру? Адказ навідавоку: таму што на падставе адзьнятага матэрыялу інтэрвію альбо гутаркі можна сканструяваць тэкст з такімі значэньнямі і сэнсамі, якія ня будуць адпавядаць рэальнаму зьместу гутаркі.

Апошняе — прыклад маніпуляваньня зь першапачатковымі значэньнямі і сэнсамі пасланьня. Магчымасьць маніпуляваньня таксама сьведчыць за тое, што прадукаваньне зьместу — гэта працэс канструяваньня значэньняў і сэнсаў на падставе таго, што ёсьць толькі матэрыялам і што можа набыць сэнс адно пасьля ажыцьцяўленьня пэўных працэдураў упарадкаваньня гэтых матэрыялаў, наданьня ім пэўнай лягічнай формы і пасьлядоўнасьці.

Праз ажыцьцяўленьне пэўных працэдураў прэпараваньня альбо апрацоўкі першапачатковых, назавем іх, эмпірычных матэрыялаў адбываецца канструяваньне зьместу інфармацыйных прадуктаў.

Напісаньне тэкстаў і іхняе рэдагаваньне — гэта таксама дзейнасьць па канструяваньні альбо рэканструяваньні значэньняў і сэнсаў таго, што і складае ў канчатковым варыянце зьмест тэксту.

Калі паспрабаваць вызначыць зьмест мэдыяў увогуле, г.зн. безадносна да сродку інфармацыі, то зьмест — гэта пэўным чынам арганізаваная і структурызаваная сэмантычная прастора, якую складаюць адносна аўтаномныя альбо цалкам самадастатковыя інфармацыйныя адзінкі. Адносна завершаныя сэмантычныя адзінкі, якія па сваіх памерах могуць быць як вялікімі, так і малымі, будзем называць тэкстамі. Такое вызначэньне тэксту, аднак, ня будзе поўным, калі не ўлічыць яшчэ аднаго важнага моманту, а менавіта, тэкст — гэта заўсёды такая адзінка інфармацыі, якая часткова альбо цалкам мусіць разбураць сэмантычную няпэўнасьць у дачыненьні да той ці іншай сытуацыі, праблемы альбо фрагмэнту рэчаіснасьці, зь якімі гэты тэкст стасуецца. Інакш кажучы, тэкст — гэта тое, што ўносіць пэўны дадатковы парадак у наша разуменьне сытуацыі, праблемы, у наша бачаньне таго ці іншага фрагмэнту рэчаіснасьці. Калі падобнага не адбываецца, то мы звычайна ацэньваем такі тэкст у словах “пусты тэкст”, “пустая кніга”, “няма чаго глядзець” і г.д.

Хаця зьмест мэдыяў фармальна складаецца з тэкстаў як адзінак зьместу, аднак зьмест ёсьць нечым большым за сукупнасьць тэкстаў. Ён — ня столькі тэксты самі па сабе, колькі тэксты пэўным чынам арганізаваныя ў адзінай прасторы, пададзеныя ў пэўнай пасьлядоўнасьці і, як правіла, тэматычна прамаркіраваныя.

Тое, што мы тут казалі пра зьмест мэдыяў, гэта, як бы, бачаньне з пункту гледжаньня тых, хто прадукуе зьмест, г.зн. журналістаў, аналітыкаў, аўтараў тэкстаў і рэдактараў. Мы ўжо адзначалі, што вывучэньне зьместу мэдыяў пачыналася з дасьледаваньняў уплыву і эфэктыўнасьці мэдыяў. Чаму менавіта гэтая дасьледчая пэрспэктыва была абраная? Адказ на пытаньне ляжыць у плашчыні тых зьменаў, што мелі мейсца ў заходніх грамадзтвах, а менавіта, гаворка ідзе пра паўставаньне масавай вытворчасьці, мас-культуры і масавага спажываньня. Усе гэтыя зьявы суправаджаліся істотнай інтэнсыфікацыяй працэсаў камунікацыі. Інфармацыя як бы сталася другім бокам працэсу вытворчасьці самых розных спажывецкіх тавараў, а рынкавая канкурэнцыя паміж вытворцамі тавараў была фактычна перанесеная ў камунікацыйную сфэру. Рэальны рынак тавараў ператварыўся ў рынак “інфармацыйных двайнікоў” ці “інфармацыйных муляжоў”. У сёньняшнім грамадзтве, каб купіць які-небудзь тавар, яго спачатку трэба “прадаць” у форме “інфармацыйнага двайніка”.

Гэткім чынам, адной з прычынаў паўставаньня названай вышэй дасьледчай парадыгмы быў працэс камэрцыялізацыі самой інфармацыі, перадусім маецца на ўвазе рэклямная інфармацыя. Больш за тое, у сучасных грамадзтвах інтэлектуальна-інфармацыйныя прадукты самі ператварыліся ў тавары. Збор, распаўсюджваньне і прадукаваньне інфармацыі зьяўляецца адначасова і бізнэсам. У гэтым, безумоўна, няма нічога дрэннага. Наадварот, рынкавая эканоміка, як вядома, зьяўляецца найбольш эфэктыўнай у сэнсе прадукаваньня якасных прадуктаў, у тым ліку і прадуктаў інфармацыйных.

Падкрэсьлім яшчэ раз, што гэта толькі адна з прычынаў. Існуюць, безумоўна, і іншыя.

Аднак ці мае тое, пра што мы толькі што сказалі, нейкае дачыненьне да нашага пытаньня пра арганізацыю зьместу мэдыяў? Так, мае. Каб у гэтым упэўніцца, разгледзім два даволі простыя пытаньні. Першае, чаму у шмат якіх выдадзеных у Беларусі кнігах старонка “Зьмест” зьмяшчаецца ў самым канцы кнігі? І другое пытаньне. З чым зьвязана тое, што некаторыя беларускія газэты — “БДГ”, “БГ” і іншыя — шмат якія матэрыялы падаюць на першай паласе з працягам на наступных старонках? Дарэчы, падобная манера арганізацыі зьместу газэты выклікае ў некаторых чытачоў незадавальненьне і нават раздражненьне.

Каб адказаць на гэтыя пытаньні, трэба проста зьмясьціць газэту альбо кнігу ў кантэкст рынкавых інфармацыйных прадуктаў. У кнізе, выдадзенай на Захадзе, вы ніколі ня знойдзеце старонку “Зьмест” напрыканцы, таму што насамрэч гэтая старонка зьяўляецца вітрынай кнігі, а вітрына крамы, як вядома, мусіць выходзіць на вуліцу, а не ўва двор. Чаму ў савецкіх і многіх сёньняшніх беларускіх кнігах “Зьмест” знаходзіцца ў канцы таксама зразумела, бо кніга ў дадзеным выпадку не тавар, а “крыніца ведаў”.

“Канцэпцыя вітрыны” ляжыць таксама і ў аснове арганізацыі зьместу такіх газэтаў, як “БДГ”, “БГ” і іншых. Газэта, якая не скарыстоўвае падобную форму арганізацыі матэрыялу, будзе больш падобная да складу гатовай прадукцыі, чымся да крамы. Пры сацыялізьме, як вядома, склад адыгрываў больш істотную за краму ролю.

З пункту гледжаньня дасьледчай парадыгмы “ўплыву/эфэктыўнасьці” мэдыяў цікавым зьяўляецца вызначэньне тэксту, дадзенае Файскам: тэлевізійная праграма “робіцца тэкстам у момант прачытаньня”. І ўсё ж такі Файск, як падаецца, занадта моцна “ссоўвае” зьмест тэксту ў бок таго, хто ўспрымае тэкст. У момант сустрэчы чытача ці гледача зь інфармацыйным прадуктам адбываецца хутчэй актуалізацыя зьместу тэксту, ён можа па-рознаму інтэрпрэтавацца, але гэта не азначае, што менавіта ў гэты момант ён і нараджаецца. Ідэя Файска цікавая ў іншым сэнсе: яна паказвае, што ў сучасных грамадзтвах тэксты ці інфармацыйныя прадукты зьяўляюцца больш адкрытымі і, так бы мовіць, больш “дэмакратычнымі” ў тым сэнсе, што яны не навязваюць пэўнага зьместу, а толькі яго рэпрэзэнтуюць. Узгадайма тут яшчэ раз Эрыка Фіхтэліўса: “Я тут не дзеля таго, каб гаварыць пра тое, што я думаю, а дзеля таго, каб паведаміць пра тое, што думаеце і робіце вы”. Адкрыты тэкст пакідае значна больш прасторы для чытача і гледача і адпаведна — для чытацкіх інтэрпрэтацыяў. Відавочна, што журналіст у падобнай сытуацыі — не аракул, не прарок, не агітатар, не мудрэц і нават не адвакат, бо не навязвае чытачу той ці іншай інтэрпрэтацыі тэксту.

Таму адкрыты тэкст — гэта тэкст “больш” полісэмічны, чымся тэкст закрыты. (Паняткі “адкрыты” і “закрыты тэкст” былі ўведзены ўва ўжытак філёзафам Умбэртам Эка.)

Зьмест мэдыяў можна аналізаваць і з пункту гледжаньня жанравага падыходу. Тэрмін “жанр” традыцыйна скарыстоўваецца ў тэорыі музыкі, кіно і літаратуразнаўстве. Ягонае прамое значэньне — тып, г.зн. такі тып твору, які характарызуецца пэўным стылем, формай і зьместам. Аднак тэрмін “жанр” дапасавальны і да зьместу мэдыяў, ён дазваляе расклясыфікаваць зьмест паводле розных катэгорыяў. Інфармацыйныя прадукты паводле іх жанравай прыналежнасьці, як правіла, лёгка распазнаюцца чытачамі, слухачамі і гледачамі. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што розныя жанравыя катэгорыі інфармацыйных прадуктаў маюць сваю адметную нутраную структуру і складаюцца з набору некаторых характэрных і паўтаральных элемэнтаў. Далей мы гэта ўбачым на аналізе некаторых катэгорыяў.

Разрозьніваюць наступныя галоўныя жанравыя катэгорыі: а) навіны; б) рэкляму, в) інфармацыйныя выпускі (праграмы); г) аналітычныя праграмы; (датычна пераважна відэа-прадукцыі) гэта — д) мыльныя опэры; е) трылеры; ж) відэа-кліпы і некаторыя іншыя жанры. Неабходна адзначыць, што далёка ня ўсе жанры інфармацыйных прадуктаў аднолькава добра прааналізаваныя. Таму спынімся толькі на некаторых зь іх.

Што характарызуе навіны як жанр? Мінімалісцкае вызначэньне навіны наступнае: навіна — гэта тое, што зьяўляецца нечаканым, важным і незвычайным. Вось як фармулюе панятак навіны Ўолтэр Ліпмэн. Навіна — гэта “аб'ектыўны ясны сыгнал, які сьведчыць пра падзею”. Як можна бачыць, навіна — гэта нешта такое, што ўказвае на нейкія важныя рэчы, якія могуць стацца прадметам аналізу і нешта зьмяняць у разуменьні пэўных працэсаў і сытуацыяў. Да прыкладу, навіной можа зьяўляцца проста паведамленьне, што генэральны сакратар ААН наведае Беларусь. Адпаведна, такая навіна выклікае шэраг пытаньняў адносна мэты візыту, да якіх міжнародных і палітычных зьменаў ён прывядзе і да т.п.

Гэткім чынам, зыходзячы з пададзеных вызначэньняў навіна — гэта:

— нешта незвычайнае;

— нешта нечаканае;

— нешта фрагмэнтарнае і ўказальнае.

Важнай характарыстыкай навіны зьяўляецца яе часовасьць. Гэта, па-першае, азначае, што навіна ня мае “доўгага жыцьця”, а, па-другое, што яна, так бы мовіць, прывязана да нейкага зьменлівага кантэксту.

Паводле формы падачы навіны істотна адрозьніваюцца ад іншых жанраў інфармацыйных прадуктаў. Форма падачы навіны заўсёды мусіць быць яснай і сьціслай. Пры гэтым выкарыстоўваюцца не пасыўныя, а актыўныя моўныя формы. Сэмантычную структуру навіны некаторыя падручнікі для журналістаў падаюць праз указаньне наяўнасьці ў ёй такіх сэмантычных элемэнтаў як “хто?”, “што?”, “калі?”, “дзе?”, “чаму?” і “якім чынам?”.

Адзначым яшчэ і такія характарыстыкі навіны, як яе скіраванасьць на адлюстраваньне нейкага дзеяньня ці ўчынку, а таксама пэўную драматургічнасьць гэтага ўчынку альбо дзеяньня.

Гэтак жа сама як і навіны рэкляма як жанр мае свае ўстойлівыя характарыстыкі.

Што ж уяўляе зь сябе рэкляма як інфармацыйны жанр? Хаця паводле сваёй формы і некаторых іншых асаблівасьцяў рэклямная інфармацыя будзе разрозьнівацца ў залежнасьці ад каналу перадачы інфармацыі (маюцца на ўвазе газэты, радыё, тэлебачаньне), аднак яе нутраны зьмест застаецца адзін і той жа. Па-першае, рэкляма заўсёды мае на мэце: а) данесьці інфармацыю пра пэўны тавар альбо паслугі, б) выклікаць цікавасьць альбо проста зьвярнуць увагу патэнцыйнага спажыўца на гэты тавар, в) стварыць тую ці іншую матывацыю да пакупкі тавару альбо як мінімум справакаваць зьяўленьне спажывецкай патрэбы адносна нейкага тавару і г) умацаваць альбо падвысіць станоўчую самаацэнку таго, хто зьяўляецца патэнцыйным спажыўцом гэтага тавару ці паслугі.

Задачы а) і б) вырашаюцца на ўзроўні рэпрэзэнтаваньня тавару. Відавочна, што рэпрэзэнтацыя мусіць быць а) экспрэсіўнай, б) эмацыйна-заангажаванай, в) арыгінальнай з мастацкага пункту гледжаньня, г) простай і наўпроставай, г.зн., што рэкляма ня можа быць рэбусам альбо галаваломкай і д) атракцыйнай альбо прыцягальнай.

Задачы в) і г) крыху больш складаныя. Сутнасьць іх у тым, каб зрабіць рэкляму сугестыўнай (унушальнай) і пераканаўчай. Гэта ўжо псыхалягічны бок рэклямы як жанру. Як гэтыя дзьве задачы вырашаюцца? Большасьць дасьледчыкаў рэклямы адзначае, што мэта ўнушальнасьці дасягаецца шляхам апэляцыі да пачуцьця спакусы і праз прыхаваныя і сублімаваныя, г.зн. вельмі тонкія мэханізмы пагрозы. Апошняе зрэалізоўваецца прыкладна паводле такой формулы: “Калі вы ня купіце, то…” Для ілюстрацыі падамо адзін вядомы жарт “калі вы ня купіце пасты “Блендамэд”, якая ахоўвае вашыя зубы ад карыесу з раніцы да вечара, то ўночы на іх нападзе карыес. Калі вы ня купіце калготак, якія носяць усе прывабныя і сэксапільныя маладыя жанчыны ад Парыжу да Находкі (пры гэтым паказваецца карцінка такой маладой жанчыны), то вы будзеце выглядаць “белай варонай”. Калі вы ня будзеце ўжываць “Ронда”, то будзеце мець сэксуальныя праблемы нават са сваёй уласнай жонкай. Калі вы ня будзеце купляць “Fairy”, то гэта будзе вельмі недарэчна з вашага боку. Нарэшце, калі ня будзеце карыстацца адбельвальнікам “АСЕ”, кашулі вашага мужа падзяруцца”. І гэтак далей.

Даволі распаўсюджанай зьяўляецца таксама апэляцыя да “я-іміджу” чалавека. У аснове такой станоўчай апэляцыі даволі часта ляжыць эксплюатаваньне комплексу “Нарцыса” — захапленьне чалавека самім сабой.

Рэчы, як вядома, зьяўляюцца дэманстрантамі сацыяльнага статусу чалавека (нізкага альбо высокага). Таму ў рэкляме статус і рэчы часам зьвязваюцца паміж сабой. Акрамя ўсяго названага рэкляма можа таксама апэляваць да пачуцьця зайздрасьці, комплексу вершнасьці ці дасканаласьці, пачуцьця свабоды і г.д.

У сучасных сродках масавай інфармацыі рэкляма — істотная частка зьместу мэдыяў, да таго ж яна сталася і камэрцыйным прамотарам саміх СМІ. Гэта азначае, што разам з рэклямай ці нават у дадатак да яе выдаўцы, да прыкладу, газэтаў прадаюць таксама і свой уласны інфармацыйны прадукт. Рэклямная інфармацыя, сабраная разам у адной газэце, робіць само гэтае выданьне камэрцыйным прадуктам. Напрыклад, газэты “Из рук в руки”, “Из первых рук” ня ёсьць гэзэтамі ў традыцыйным разуменьні гэтага слова. Гэта ў сутнасьці “зборнікі” рэклямнай інфармацыі. Падобныя газэты ёсьць “рэклямамі рэклямы”. Своеасаблівым камэрцыйным прамотарам газэты зьяўляецца і тэлевізійная праграма, якую таксама можна разглядаць як пэўны тып рэклямы. Магчыма, усе вы зьвярнулі ўвагу, што ў шапіках людзі, асабліва старэйшага ўзросту, часам пытаюцца “Ці ёсьць у вас газэта з тэлевізійнай праграмай?” Гэтых чытачоў не цікавіць ні зьмест газэты, ні хто і навошта яе выдае. У дадзеным выпадку тэлевізійная праграма зьяўляецца камэрцыйным прамотарам газэты. І з гэтага пункту гледжаньня для “чытача” тэлевізійнай праграмы няважна, пра што яшчэ піша газэта, затое для выдаўца важнае тое, што яна прадаецца і яе купляюць.

Мыльныя опэры — даволі распаўсюджаны жанр інфармацыйнага прадукту на Захадзе. Упершыню яны зьявіліся ў 30-я гады ў ЗША на радыё. Сучасныя мыльныя опэры існуюць у відэавэрсіях. Фармат мыльнай опэры — гэта фармат сэрыялу. Некаторыя мыльныя опэры могуць паказвацца па тэлебачаньні месяцамі і нават гадамі.

Мыльная опэра характарызуецца як наратыўны жанр, у якім дыялёг дамінуе над дзеяньнем. Асноўны фокус мыльнай опэры — гэта міжасабовыя дачыненьні. Як правіла, у цэнтры наратыву — вялікая сям'я, у якой асноўная роля адводзіцца жанчыне-маці ці хатняй гаспадыні. Гэта, як правіла, прыстойная сям'я, дзе як быццам усё ёсьць, але чагосьці яшчэ не хапае. Пускавы мэханізм мыльнай опэры — фантазія, памкненьне да чагосьці большага, да чагосьці пазапаўсядзённага. “Мыльная опэра” адначасова як бы ўтрымлівае ў сабе два пласты жыцьця: штодзённае жыцьцё з рознымі і шматлікімі дэталямі і жыцьцё ў сьвеце фантазіяў ды ілюзіяў.

Асаблівай папулярнасьцю мыльныя опэры карыстаюцца ў жанчын. Паводле свайго зьместу мыльныя опэры вельмі моцна нагадваюць такія камунікацыйныя сытуацыі, калі вясковыя жанчыны зьбіраюцца разам, каб, груба кажучы, пачасаць языкамі, і дзеля гэтага ўсе тэмы прыдатныя: ці то здохла карова, ці то Марфа сустрэла на лузе Міколу.

Для савецкіх і былых савецкіх жанчынаў, якія і сёньня “млеюць” ад “Санта-Барбары”, мыльная опэры — гэта своеасаблівая адтуліна ў прыгожы сьвет. Моц гэтага жанру ў тым, што ён культывуе камэрную, утульную і камфортную атмасфэру, у якую паступова ўцягваецца глядач. Для пэўных сацыяльных катэгорыяў людзей у нашым грамадзтве мыльныя опэры — гэта сродак рэляксацыі, магчымасьць, хоць на нейкі час, пабыць там, дзе людзі жывуць “прыўкрасным” жыцьцём.


Літаратура

1. Фихтелиус Э. Десять заповедей журналистики. Стокгольм, 1999.

2. McQuail D. Mass Communication Theory. An Introduction. L., 1994.

Мэханізмы трансьляцыі зьместу мэдыяў

Плян:

1. Трансьляцыя мэдыя-пасланьня. Канцэпцыя эфэктыўнай і неэфэктыўнай камунікацыі

2. Пабудова сэнсу; канструкцыянісцкая канцэпцыя Ў.Гемсана

3. Фактары пашырэньня і ўзнаўленьня дыскурсу

Ужо сталася банальным цьверджаньне, што сучасны сьвет у значнай меры сфармаваны масавымі камунікацыямі. Палітычная ці эканамічная падзея толькі тады становіцца сапраўды значнай, калі пра яе распавялі ў сродках масавай камунікацыі. Мас-мэдыі па меры свайго разгортваньня ўсё больш мінімізуюць калектыўныя формы баўленьня часу, чалавек усё часьцей застаецца сам-насам з газэтай, тэлебачаньнем ці кампутарам. Як адзначае дасьледчык масавай псыхалёгіі Сэрж Маскавічы, “наладзіць авацыю, абсьвістаць, спраставаць ці паправіць, даць рэпліку на газэтны матэрыял, на выяву, што зьявілася на экране ці голас па радыё — усё гэта робіцца немагчымым. Цяпер мы, пасыўныя, знаходзімся ў іхняй уладзе. Мы ў іхніх руках, закладнікі друкаванага слова ці экраннай выявы”.

У чым жа сутнасьць зьвернутага да нас мэдыя-пасланьня? Нагадаю, што агульнапрынятая стандартная мадэль камунікацыі складаецца з наступных элемэнтаў: крыніца — кадаваньне — паведамленьне — дэкадаваньне — адрасат. Адначасна камунікацыйная прастора структуруецца першаснымі і другаснымі камунікацыйнымі працэсамі. Другасныя (пасьлякамунікацыйныя) працэсы зьвязаныя з абмеркаваньнем і распаўсюджваньнем інфармацыі, атрыманай у выніку першаснага працэсу. Першасны камунікацыйны працэс мае посьпех у тым выпадку, калі ён знаходзіць свой працяг у другасных працэсах. Да прыкладу, аповед пра знакамітую шклянку соку, выплюхнутую Жырыноўскім у твар Нямцову ці гісторыя пра скрыню цьвікоў, якія каштавалі экс-сьпікеру Шушкевічу палітычнай кар'еры, распаўсюджваліся больш шырока, чым сам першасны матэрыял. У такім выпадку зьмест мэдыя-пасланьня набывае неадназначны, складаны характар, ініцыюючы набор новых значэньняў. Трэба таксама мець на ўвазе, што працэс пераходу ад падзеі да паведамленьня непазьбежна затрымліваецца ў часе, бо перш чым патрапіць спажыўцу, першапачатковы тэкст мусіць прайсьці праз шэраг трансфармацыяў. Спашлемся на некаторыя прыклады:

— Прэзыдэнт выступае з прамовай, напісанай групай дарадцаў. У гэтым выпадку мы маем справу з кадаваньнем першапачатковай задумы ў тэкст, які потым зачытвае прэзыдэнт.

— Адзін і той жа тэкст, у залежнасьці ад каналу камунікацыі, можа кадавацца па-рознаму. Умоўны прыклад: выступленьне ў парлямэнце з нагоды таго ці іншага закону і выступленьне на гэтую ж тэму ў жывым эфіры маладзёвага радыёканалу.

— Нейкая задума спачатку можа быць рэалізаванай як падзея і ўжо толькі потым аформленай у якасьці тэксту. Скажам, каб атрымаць магчымасьць шырока заявіць пра свае пазыцыі, палітычная партыя ладзіць рок-канцэрт пад лёзунгам “Мы чакаем пераменаў”. Такім чынам ствараецца інфармацыйная падстава, якая дазваляе лідэрам партыі выступіць у мас-мэдыях з тлумачэньнем сваіх поглядаў.

— У мэтах прапаганды часам выкарыстоўваюць фікцыйную крыніцу паведамленьня, на якую потым пачынаюць спасылацца як на сапраўдную, і якую перадрукоўваюць. Так у савецкую пару была сфальшаваная інфармацыя пра нейкую індыйскую газэту, якая зьмясьціла матэрыял пра лябараторыю Пэнтагону, дзе нібыта быў створаны вірус СНІДу. Затым уся савецкая прэса пачала перадрукоўваць гэтае паведамленьне са спасылкай ужо на цэнтральную газэту, дзе яно ўпершыню пабачыла сьвет.

Фрэйдэр Зэйтэль называе некалькі найбольш характэрных памылак у камунікацыі:

— пасыўнае слуханьне — слуханьне мусіць быць актыўным;

— адсутнасьць арыентацыі на таго, хто слухае — людзі зацікаўленыя ў “адрасным” пасланьні, таму галоўным павінен стацца “вы”-падыход, які абапіраецца на запатрабаваньні аўдыторыі;

— супярэчлівыя невэрбальныя сыгналы — згодна з сучаснымі дасьледаваньнямі, невэрбальная інфармацыя займае 65 адсоткаў вэрбальнага паведамленьня, глядач адначасна зьвяртае ўвагу на таго, хто паведамляе, паўзы, атачэньне і г.д.

— адсутнасьць здольнасьці пісаць ці прамаўляць так, каб быць цалкам зразуметым; дасканалы пісьмовы альбо аратарскі тэкст патрабуе мастацкага таленту. Да таго ж, тое, што аўтару падаецца абсалютна празрыстым, паколькі ён пра гэта ўвесь час думае, можа быць незразумелым для аўдыторыі;

— неразуменьне таго, што камунікацыя зьяўляецца двухбаковым працэсам — без зваротнай сувязі сама трансьляцыя інфармацыі ня ёсьць камунікацыяй;

— адсутнасьць элемэнтарных правілаў ветлівасьці — агрэсіўнага і грубага камунікатара будуць успрымаць значна горш, чым ветлівага і зацікаўленага ў аўдыторыі.

Адметны характар масавай камунікацыі палягае на тым, што ў яе межах грамадзтва рэалізуе розныя сцэнары вытворчасьці сацыяльных значэньняў. Зыходзячы з гэтага, амэрыканскі дасьледчык Уільям Гемсан запрапанаваў сваю мадэль масавай мэдыякамунікацыі, назваўшы яе канструкцыянісцкай. З гісторыі камунікацыйных мадэляў нашага стагодзьдзя ён вылучае дзьве, што папярэднічалі ўсім астатнім. Да разуменьня першай мадэлі, якая атрымала назву мадэлі максымальнага эфэкту, дасьледчыка падштурхнулі наступныя зьявы, зьвязаныя з эфэктыўным выкарыстаньнем камунікацый:

1. Посьпех прапаганды ў першую сусьветную вайну, якая сталася пачатковым палігонам сыстэматычных маніпуляцый масавай сьвядомасьцю.

2. Узьнікненьне індустрыі “паблік рэлейшэнз”. Кантакт-аналіз 1926 г. газэтаў “New York Tіmes” і “New York Sun” засьведчыў, што 57 адсоткаў паведамленьняў першай газэты і 46 адсоткаў другой мелі сваімі крыніцамі працу спэцыялістаў гэтай сфэры.

3. Таталітарны кантроль у Нямеччыне і СССР. Аналізуючы яго, дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што камунікацыя можа ўзьдзейнічаць на чалавека, як падскуравае ўпырскваньне праз шпрыц, якому нічога нельга супрацьпаставіць.

Другая мадэль, якая атрымала назву мадэлі мінімальнага эфэкту, узьнікла пазьней. Можна назваць наступныя фактары фармаваньня гэтай мадэлі:

1. Фэномэн выбарачнага ўспрыняцьця. Чалавек выбірае з усяго корпусу інфармацыі адно тое, што супадае зь ягоным меркаваньнем, і адпрэчвае адваротнае.

2. Пераход ад разгляду чалавека як асобнага індывіда да разуменьня яго ў якасьці элемэнту соцыюму. Падчас другой сусьветнай вайны прапагандысцкія атакі саюзьнікаў ня мелі плёну да той пары, пакуль не зьмянілася само разуменьне адрасата інфармацыйнага пакету. Для немцаў больш істотнымі былі групавыя, а не індывідуальныя каштоўнасьці. Саюзьнікі, адпаведна, перайшлі ад заклікаў: “Дэзэртуючы, ты выратуеш сябе” да “Дэзэртуючы, ты выратуеш сваю сям'ю”.

3. Палітычныя паводзіны падчас выбараў. З шасьцідзясятых гадоў дасьледчыкі выбарчых тэхналёгіяў зьвярнулі ўвагу на фэномэн супраціву прапагандзе з боку публікі. З гэтага была зробленая істотная выснова: перамяніць погляды выбаршчыка немагчыма. Барацьбу можна весьці адно за тых, хто яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня.

Гэтыя дзьве мадэлі — максымальнага і мінімальнага эфэкту — можна разрозьніваць між сабой як акцэнтуючыя ўвагу альбо на крыніцы інфармацыі (у максымалісцкай трактоўцы ўсё залежыць ад яе), альбо на атрымальніку інфармацыі (у мінімалісцкай трактоўцы менавіта тут сутнасьць праблемы).

У.Гемсан прапаноўвае ўласную канструкцыянісцкую мадэль. Аналізуючы крыніцы аптымальнага эфэкту мас-мэдыяў, ён пералічвае наступныя яе складнікі:

— вызначэньне “ідэі дня”, празь якую бачна, як мас-мэдыі фармуюць у масах уяўленьне пра рэчаіснасьць;

— праца ў межах прэзыдэнцкіх “гонак”, калі мас-мэдыі заўважна ўплываюць на ацэнкі грамадзтва;

— фэномэн “сьпіралі моўкнасьці”, які паказвае, што прэса, даючы голас меншыні, змушае бальшыню адчуць сябе меншынёй;

— эфэкт культывацыі, калі тэлебачаньне дэманстрацыяй, да прыкладу, гвалту ўплывае на муніцыпальную палітыку, дыктуе прыярытэты.

Пра сваю мадэль У.Гемсан кажа наступнае: “Канструкцыянісцкі падыход цэнтральнымі робіць працэсы інтэрпрэтацыі. Ён заснаваны на канцэпцыях, узятых з кагнітыўнай псыхалёгіі — схемах, канструктах, кагнітыўных картах, фрэймах, сцэнарох і мадэлях палітычнага мысьленьня”.

У.Гемсан вызначае два ўзроўні прыдатнасьці ягонай мадэлі: культурны і кагнітыўны. У першым выпадку размова ідзе пра “абгортку” паведамленьня з дапамогай такіх спосабаў, як мэтафары, візуальныя іміджы, адсылкі да маралі. Гэты ўзровень характарызуе дыскурс мас-мэдыяў. Кагнітыўны ўзровень зьвязаны з грамадзкім меркаваньнем. На ім адбываецца прыстасаваньне атрыманай інфармацыі да жыцьцёвага досьведу і псыхалягічных установак індывідуума. Але толькі спалучэньне абодвух узроўняў вынікае сацыяльным канструяваньнем значэньняў, фармуе пэўны спосаб успрыняцьця рэальнасьці. Заўважым, што абодва гэтыя ўзроўні функцыянуюць паралельна. У сваім дасьледаваньні “ Medіa Dіscourse and Publіc Opіnіon” Гемсан сьцьвярджае: “Кожная з сыстэмаў узаемадзейнічае з другой: мэдыя-дыскурс зьяўляецца часткай працэсу, празь які індывідуумы канструююць значэньні, а грамадзкае меркаваньне — гэта частка працэсу, з удзелам якога журналісты і іншыя культурныя камунікатары разгортваюць і крышталізуюць значэньне ў публічным дыскурсе”.

У асяродку мас-мэдыяў увесь час вядзецца барацьба за інтэрпрэтацыю і рэінтэрпрэтацыю падзеяў. Кожная палітычная праблема спараджае ў мас-мэдыях адпаведны палітычны дыскурс, які фармуецца з набору ідэяў і сымбаляў, што канструююць значэньне. Дыскурс арганізаваны ў выглядзе пэўных пакетаў, якія валодаюць унутранай структурай. Ягоным ядром становіцца цэнтральная арганізуючая ідэя альбо фрэйм, які вытварае значэньне з адпаведнай падзеі. Фрэйм раскрывае сутнасьць праблемы. Ён адказвае на пытаньне: “Што зьяўляецца асноўнай крыніцай праблемы і чаму нам гэта цікава?” Мэдыя-дыскурс паўстае ў гэтай канцэпцыі як набор інтэрпрэтуючых пакетаў, што надаюць праблеме вагу ў вачах аўдыторыі.

Тут вельмі істотным ёсьць тое, што пакеты дазваляюць прылучаць новыя падзеі ў іх інтэрпрэтуючыя фрэймы, паколькі фрэймы — гэта не набор жорстка зафіксаваных паняткавых схемаў, а набор пазыцыяў, зьвязаных між сабой у большай меры інтуіцыяй, чым лёгікай.

Гемсан акцэнтуе ўвагу на існаваньні ў мэдыя-дыскурсе “актыўных” элемэнтаў, што садзейнічаюць інтэнсіўнаму фармаваньню фрэймаў, празь якія складаны і аб'ёмны зьмест тэксту можа быць выяўлены абмежаваным наборам знакаў. Сярод іх можна вылучыць пяць відаў: мэтафары, прыклады, ідыёмы, візуальныя іміджы, вэрбальныя апісаньні іміджаў.

Прыклад 1. Пэрманэнтны канфлікт у Чачні. Вэрбальны набор: “бандфармаваньні”, “чачэнская мафія”, “асобы каўказкай нацыянальнасьці” фармуе ўяўленьне пра гэтую сытуацыю як відавочна зьвязаную з парушэньнем нормаў. У якасьці гістарычных прыкладаў згадваецца першая вайна Расеі на Каўказе і Афганістан як доказ немагчымасьці рэальнай перамогі ў такіх войнах. Візуальны тэкст узбуйняе гэтае сэнсавае поле, паказваючы разгубленых расейскіх салдатаў, амаль што дзяцей, якіх невядома дзеля чаго пасылаюць на пагібель. І адначасна тэлебачаньне дэманструе годных і ўпэўненых у сабе чачэнскіх палявых камандзіраў. У такім жа рэчышчы тыражаваліся і мэтафары: “наш Віетнам”, “партызанская вайна”, “каляніяльная вайна”, а акцэнтавалася ўсё гэта пры дапамозе вайскова-жаргонных выразаў кшталту “вайсковыя дараднікі”, “палявыя камандзіры”, “блёкпасты”, “зачыстка”. Агульная выснова: гэта чужая вайна зь нейкімі дзіўнымі людзьмі, якія крыўдзяць Расею. Такі дыскурс быў агульным практычна для ўсіх расейскіх СМІ, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі.

Прыклад 2. Палітычная барацьба ў Беларусі. Тут дыскурс расколаты на два супрацьлеглыя блёкі. Вэрбальны пакет: з аднаго боку “парлямэнтары, якія падтрымалі прэзыдэнта”, з другога — “палітычныя марыянэткі”; з аднаго боку — “законныя прадстаўнікі ўлады” (пра дэпутатаў мяцежнага Вярхоўнага Савету), з другога — “палітычныя авантурысты, што жывуць на грошы Захаду”, з аднаго боку — “аўтарытэтны і ініцыятыўны лідэр”, з другога — “неўраўнаважаны правінцыял з комплексам Напалеона”. Гістарычныя прыклады зьвязаныя ці то з рознымі формамі моцнай улады (ад Пятра Першага да аўстрыйскага яфрэйтара), ці то з досьведам нацыянальнага самавызначэньня ірляндцаў, баскаў, палякаў ці прыбалтаў. Візуальны пакет можна прадэманстраваць праз адну апазыцыю: “Рэзананс” супраць “Обыкновенного президента”. А вось сытуацыя з мэтафарамі досыць своеасаблівая: у дзяржаўнай прэсе яны практычна адсутнічаюць. Верагодна, гэта зьвязана як з дырэктыўна-бюракратычнай стылістыкай афіцыйных СМІ, так і з запатрабаваньнямі спажыўцоў — функцыянэраў сярэдняга зьвяна і абывацеляў. Для абедзьвюх гэтых групаў менавіта мова дырэктыўна-загаднага тыпу, насычаная прымітыўным гумарам і лаянкай, найбольш натуральная. І, наадварот, мова недзяржаўных СМІ, якія працуюць з адукаваным і самастойна мысьлячым чытачом, поўніцца адмысловымі мэтафарамі: “беларускі Нар'ега”, “беларускі Дантон”, “наш Садам Хусэйн”, што характэрна для элітарнага тыпу мовы. Агульная выснова: у гэтым выпадку мы маем справу з канфліктам дыскурсаў, які адлюстроўвае рэальнае супрацьстаяньне бюракратычна-канфармісцкай масавай сьвядомасьці і сьвядомасьці нацыянальна-культурніцкай эліты, арыентаванай на дэмакратычныя каштоўнасьці.

Да таго ж Уільям Гемсан вылучае тры тыпы развагаў, заснаваных на пэўным фрэйме, якія прапаноўваюць розныя вэрсіі таго, што адбываецца на ўзроўні папулярнай (г.зн. даступнай шараговаму спажыўцу) аналітыкі:

— адсылка да прычынаў (“усё з-за развалу СССР” ці “гэта справы КДБ”);

— адсылка да наступстваў (“ды гэты паветраны шар на Маскву рухаўся”);

— адсылка да прынцыпаў (“я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду”).

Кожная апэрацыя ў апрацоўцы і фармаваньні значэньня дадае яму новыя грані. У гэтым задзейнічаны тры віды сродкаў: рэзанатары, спонсары і практыкі мас-мэдыяў.

Пры гэтым ня ўсе сымбалі валодаюць аднолькавым патэнцыялам для разгортваньня значэньняў. Тыя, што больш актыўна ўспрымаюцца спажыўцамі, атрымалі назву культурных рэзанатараў. Напрыклад, для амэрыканцаў такімі рэзанатарам ёсьць ідэі эфэктыўнасьці і самадастатковасьці (тыпа Self Made Man). Таму вынаходнік тут становіцца культурным героем (Томас Эдысан, Бэнджамін Франклін). У масавай сьвядомасьці сучаснай Беларусі нейкім чынам спалучаюцца ідэя “памяркоўнасьці” і ідэя Гаспадара як вышэйшага дабра, ідэальнага культурнага героя. Іншыя ідэі, на жаль, пакуль культывуюцца толькі ў асяродку сацыяльнай меншыні, для якой сапраўдныя беларускія традыцыі ня маюць нічога супольнага з пампэзнымі “Дажынкамі”.

У дыскурсе масавай сьвядомасьці кожная тэма мае сваю контратэму. Для той жа амэрыканскай культурнай мадэлі ідэі прагрэсу, зьвязанай з новымі тэхналёгіямі, супрацьстаяіць ідэя вяртаньня да прыроды, якую найбольш выразна запрэзэнтавалі Генры Тора і Эмэрсан. З гледзішча Гемсана, “паколькі і тэмы, і контратэмы маюць аднолькава трывалыя культурныя традыцыі, то трэба пагадзіцца, што большасьць індывідаў пэўнай культуры спалучаюць у сабе абедзьве зь іх. І рэзананс з кожнай будзе карысным”.

Кожны інфармацыйны пакет мае сваіх спонсараў, якія садзейнічаюць ягонаму руху. Звычайна гэта арганізацыі, што наймаюць спэцыялістаў, каб тыя наладзілі кантакты з журналістамі. Гэтыя спэцыялісты ўмеюць гаварыць на прафэсійнай мове журналістаў пра тое, што патрэбна арганізацыі давесьці праз мас-мэдыі ўсяму грамадзтву ці нейкай яго частцы. Гэта, па сутнасьці, калектыўна прамаўляючы мэдыюм, пасярэднік паміж СМІ і карпарацыяй ці палітычнай структурай.

Такім самым чынам дзейнічаюць і грамадзкія арганізацыі, якія імкнуцца мабілізаваць сваіх патэнцыйных прыхільнікаў і дэмабілізаваць супраціўнікаў, адпаведна да сваіх мэтаў інтэрпрэтуючы тую ці іншую сытуацыю (параўнайце ацэнку кампаніі па правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня ў дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсе).

І, урэшце, практыкі мас-мэдыяў. “Тое, што спонсары актыўныя, не азначае, што журналісты пасыўныя. Працоўныя нормы і практыкі журналістаў дадаюць істотныя каштоўнасьці ў гэты працэс” (Гемсан). Нават калі афіцыйнае гледзішча робіцца дамінуючым, журналісты заўсёды могуць выкласьці і іншыя інтэрпрэтацыі гэтай падзеі. Але ўвогуле журналісты самі зацікаўленыя ў афіцыйных каналах інфармацыі. Праведзенае ў 1973 г. дасьледаваньне каналаў, па якіх інфармацыя трапляе да журналістаў “New York Tіmes” і “Washіngton Post”, засьведчыла, што толькі адну чвэрць інфармацыі для сваіх паведамленьняў журналісты адшукалі самі, а вось “руцінныя” каналы (прэс-рэлізы, прэс-канфэрэнцыі, афіцыйныя паседжаньні) далі 60 адсоткаў усёй апублікаванай інфармацыі.

Такім чынам, пакеты функцыянуюць у дыскурсах мас-мэдыяў праз камбінацыю культурных рэзанатараў, дзейнасьць спонсараў і практыкі журналістаў. Адпаведна да кагнітыўнага ўзроўню існуюць пэўныя схемы па апрацоўцы “сырой рэальнасьці”, празь якія выяўляецца як пачатковае запатрабаваньне, так і прадбачаньне таго, што будзе далей. Схемы функцыянуюць як мэханізмы наладкі, змушаюць на нейкую інфармацыю зьвяртаць увагу, а нейкую прамінаць. Схема дапамагае нам распазнаць істотнае і зразумець, чаму яно істотнае.

Схемы і інфармацыйныя пакеты функцыянуюць паралельна. Як і пакет, схема мае асноўны фрэйм, які прымаецца спажыўцом за нешта наперад дадзенае, як набор пазыцый і кандэнсуючых сымбаляў, што выяўляюць зьмест фрэйму ў сьціслым выглядзе. Розьніца паміж канцэптамі палягае на ўзроўні аналізу: тое, што рэалізуецца на культурным узроўні, стасуецца да публічнага дыскурсу; тое, што рэалізуеццца на індывідуальным узроўні, стасуецца з асабовым спасьціжэньнем рэальнасьці.


Літаратура

1. Барт Р. Мифологии. М., 1996.

2. Герштейн Р. Война, которую выиграл Гитлер. Смоленск, 1996.

3. Моль А. Социодинамика культуры. М., 1973.

4. Московичи С. Век толп. М., 1996.

5. DeFleur Melvіn L. Theorіes Of Mass Communіcatіon. Longman, 1988.

6. Lorіmer R. Mass Communіcatіons. A Comparatіve Іntroductіon. Manchester Unіversity Press, 1994.

7. McQuaіl D. Mass Communіcatіon Theory. An Іntroductіon. L., 1994.

Зьмест мэдыяў: трансфармацыя сэнсаў

Плян:

1. Псыхалягічная вайна як тып агрэсіўнай камунікацыі. Зьмест агрэсіўна арыентаванага інфармацыйнага пасланьня

2. Чуткі як альтэрнатыўны інфармацыйны асяродак

3. Зьмест мэдыя-пасланьня і канцэпцыя “сьпіралі маўчаньня” Э.Ноэль-Нойман

4. Канцэпцыя мэдыя-эфэкту Дж.Файска. СМІ як машына мітаў

Нагадаю, што ў мінулай лекцыі мы гаварылі пра ідэі Ўільяма Гемсана, які ў сваіх працах прааналізаваў сыстэму стварэньня і функцыянаваньня сацыяльных сэнсаў у публічным ды прыватным дыскурсах. Менавіта ў гэтых дыскурсах і адбываецца барацьба за масавую сьвядомасьць. Гэта асабліва выразна бачна ў грамадзтве пераходнага пэрыяду, дзе сутыкаюцца супрацьлеглыя фрэймы. Найбольш дакладна гэтую сытуацыю можна выразьніць такім паняткам, як псыхалягічная вайна, якая вядзецца альбо паміж дзяржавамі (культурамі) альбо ўнутры аднаго грамадзтва.

Пэрыяд псыхалягічных войнаў распачаўся падчас першай сусьветнай вайны, калі былі створаныя адпаведныя структуры ў Англіі, ЗША, Францыі, Італіі. Псыхалягічная вайна зьвязаная, як правіла, з выкарыстаньнем супрацьлеглымі бакамі агрэсіўнай мэдыя-палітыкі. Агрэсіўная мэдыя-палітыка заснаваная на дзьвюх элемэнтарных апэрацыях:

— адбор навінаў, якія б асьвятлілі падзею ў загадзя вызначаным ракурсе;

— павелічэньне ці зьмяншэньне значнасьці падзеі ў залежнасьці ад абранага гледзішча.

Пад гэтыя апэрацыі пераважна падпадаюць сапраўдныя абставіны і рэальныя падзеі, што істотна падвышае эфэктыўнасьць іх узьдзеяньня, асабліва калі праца выкананая на высокім прафэсійным узроўні.

Адметнымі прафэсіяналамі псыхалягічнай вайны былі лідэры Трэцяга Райху. Многія іх рэкамэндацыі ў пэўных тыпах мэдыя-дыскурсу выкарыстоўваюцца і сёньня. Так, Гітлер у “Майн кампф” называе шэраг прынцыповых правілаў, якія павінна выконваць прапаганда (тут і далей цытаты паводле: Герштейн Р.Э. Война, которую выиграл Гитлер, Смоленск, 1996):

— пазьбягаць абстрактных ідэяў, апэляваць да эмоцыяў;

— пастаянна паўтараць некалькі ідэяў, выкарыстоўваючы стэрэатыпныя фразы;

— спыняцца на адным баку аргумэнтацыі, унікаючы варожых меркаваньняў;

— пастаянна крытыкаваць ворагаў дзяржавы;

— вылучаць аднаго “любага” ворага для асобнага праклёну.

У сваю чаргу Гёбэльс сфармуляваў гэтак званае правіла спрашчэньня, якое таксама актыўна выкарыстоўваецца і па сёньня. Ён пісаў: “Народныя масы звычайна больш прымітыўныя, чым мы іх сабе ўяўляем. Зыходзячы з гэтага, прапаганда заўсёды мусіць заставацца простай і аднастайнай. У гэтай бясконцай гонцы толькі той здольны дасягнуць значных вынікаў у справе ўзьдзеяньня на грамадзкія погляды, хто зможа зьвесьці ўсе праблемы да найпростшай тэрміналёгіі і ў каго хопіць мужнасьці бясконца паўтараць іх у найпростшай форме, нягледзячы на пярэчаньні інтэлектуалаў”. Гітлер пісаў у “Майн кампф”: “Няправільна рабіць прапаганду шматплянавай”.

Адной з тыповых памылак у псыхалягічнай вайне зьяўляецца спроба карэкцыі варожай прапаганды: калі гэта адбываецца, тады прапагандысцкі мэдыя-прадукт адначасна ўзнаўляе ў памяці аўдыторыі нэгатыўныя аргумэнты сваіх ворагаў. Як адзначае амэрыканскі дасьледчык Джордж Браўн, “крытыка выказваньняў непрыяцеля, калі толькі вы не знаходзіцеся ў відавочна больш выгаднай пазыцыі, служыць прыцягненьню ўвагі да гэтых выказваньняў і стварае ўражаньне, што “няма дыму без агню”. Адзіным выпадкам апраўданьня ўдару ў адказ зьяўляецца сытуацыя, пры якой атака ворага настолькі магутная, што ў цэлым адказ можа даць больш карысьці, чым шкоды”. Як і ў рэкляме, у такой сытуацыі патрабуецца, каб паведамленьне было пазытыўным, а не нэгатыўным. Камутатар павінен прадстаўляць толькі сваё гледзішча, а не апраўдвацца ці дыскутаваць.

Першай арганізацыяй прафэсіяналаў такога роду стаўся Камітэт Крыля ў ЗША, створаны ў 1917 г. Гэта быў “грамадзянскі варыянт” вайсковай структуры, а сам Крыль працаваў рэдактарам газэты. Крылю вельмі дапамагло тое, што ён карыстаўся даверам прэзыдэнта Вільсана — гэта давала магчымасьць выступаць каардынатарам прапагандысцкай дзейнасьці ў маштабах усёй краіны. З Камітэту Крыля вырасла шмат спэцыялістаў у сфэры паблік рэлейшнз. І гэта зразумела, бо яны атрымалі досьвед стварэньня актыўнай ці “агрэсіўнай” камунікацыі, які немагчыма ў вялікім аб'ёме напрацаваць у мірным жыцьці.

Для пэрыяду першай сусьветнай вайны ў ЗША асноўнымі сродкамі інфармацыі былі друкаваныя: памфлеты, улёткі, газэты. Але адначасна была шырока разгорнутая кампанія вусных выступаў. Спэцыяльна падабраныя людзі праз “чатыроххвілінныя” прамовы ў школах, цэрквах і да т.п. інфармавалі грамадзтва пра апэратыўныя падзеі па ўсёй краіне. Тэксты для гэтых выступленьняў тэлеграмамі дасылаліся з вышэйзгаданага Камітэту Крыля. Сам Джэймс Крыль ваяўніча называў свае тэкстоўкі “папяровымі кулямі”.

Джордж Браўн фармулюе наступныя мэты падобнай прапаганды ў ваенным часе:

— мабілізаваць народ і скіраваць ягоную нянавісьць на ворага;

пераканаць свой народ у правільнасьці дзеяньняў саюзьнікаў і падтрымаць дух тых, хто ваюе;

— мацаваць сяброўства з нэўтральнымі краінамі і падвышаць адчуваньне таго, што разам з табой у гэтай вайне ня толькі саюзьнікі, а і іншыя дзяржавы;

— сфармаваць пачуцьцё адзінства з нацыямі, якія змагаюцца разам з намі.

Падчас вайсковых дзеяньняў актыўна выкарыстоўваецца гэтак званая “чорная” прапаганда, якая хавае свае крыніцы. Нацысты для гэтых мэтаў мелі радыёстанцыі, якія імітавалі трансьляцыю з тэрыторыі Вялікабрытаніі. Адна станцыя называлася “Радыё Каледоніі” і прамаўляла ад імя шатляндзкіх нацыяналістаў. Другая мела ў сваёй назьве слова “працоўная” і быццам прадстаўляла меркаваньні левых сілаў. Трэцяя называлася “Новае Брытанскае Радыё” і працавала пад Бі-Бі-Сі, знаёмячы слухачоў зь нямецкім бачаньнем падзеяў, але ў звыклай для ангельцаў радыёформе. Аналягічныя станцыі працавалі і на Францыю. А вось саюзьнікі пачалі выкарыстоўваць падобныя “чорныя” станцыі толькі напрыканцы вайны.

Контрапрапаганда Бі-Бі-Сі прытрымлівалася цікавага правіла, якое потым было перанятае “Голасам Амэрыкі” пры трансьляцыі перадачаў на СССР. Калі на акупаваную Францыю паведамленьні зачытваў дыктар-француз, то да немцаў прамаўляў ня немец, а толькі ангелец, каб у слухача ня ўзьнікла думкі, што гэта голас зрадніка ці, магчыма, габрэя. Гэтак і ў выпадку з “Голасам Амэрыкі” дыктар прамаўляў з акцэнтам, каб выключыць падазрэньні, што гэта гаворыць “перабежчык”. Чалавеку з акцэнтам, як высьветлілі псыхолягі, слухачы больш верылі.

Радыё зрабілася для Гітлера важным сродкам зьнешняй прапаганды. Асабліва інтэнсіўную радыёвайну ён разгарнуў у 1933 г. супраць Аўстрыі, заклікаючы яе народ скінуць законны ўрад. Радыё актыўна выкарыстоўвалася ў краі Саар ў 1936 г., калі Гёбэльс пераправіў туды вялікую колькасьць танных радыёпрыёмнікаў, каб пашырыць уплыў радыёпрапаганды.

Для нацысцкай прапаганды ўвогуле было характэрна адраджэньне аўтарытэту прамоўленага слова. У Нямеччыне было створана Галоўнае ўпраўленьне па справах аратараў, пад дахам якога аб'ядналіся такія структуры, як “Арганізацыя аратараў” і “Агенцтва па інфармацыі для аратараў”. З 1 верасьня 1939 г. па 15 сьнежня 1940 г. было наладжана 140 тысяч мітынгаў і зьездаў, 50 тысяч фабрычных і заводзкіх сходаў. Актыўна выкарыстоўваліся плякаты з простымі ілюстрацыямі і эфэктыўнымі слёганамі. Гёбэльс раіў часьцей зьвяртацца да гераічных тэмаў, бо яны наймацней кранаюць сэрцы простых грамадзянаў. Так, у 1928 г. нацысты стварылі перадвыбарчы плякат з выявай салдата, які загінуў у першую сусьветную вайну “Нацыянал-сацыялізм — нашыя ахвяры не дарэмныя”. У кампаніі 1932 г. “Гітлер супраць Гіндэнбурга” таксама шмат увагі было аддадзена плякатам, улёткам і брашурам. На плякатах пераважала злосная сатыра — эфэктныя малюнкі ў яркай каляровай гаме, дзе ворагі Гітлера паказваліся як паслугачы зла, а Гітлер маляваўся анёлам-мсьціўцам, які абараняе згвалчаную Германію. Плякаты стракацелі паўсюдна — на сьценах будынкаў, у шапіках, вокнах партыйных установаў і ў вокнах усіх, хто сымпатызаваў Гітлеру. Сюжэты іх былі не складанымі, але яны апэлявалі да двух дамінуючых эмацыянальных станаў: нянавісьці да “чужога” і любові да “свайго”. Сучасныя дасьледчыкі схільныя лічыць, што ў прапагандысцкім пляне вайну Гітлер выйграў, хаця і прайграў яе збройна.

Абодва ваюючыя бакі выкарыстоўвалі самыя розныя прыёмы ў мэтах прапаганды. Японцы, да прыкладу, на адваротным баку сваіх улётак друкавалі парнаграфічныя малюнкі. У радыё-паведамленьнях яны пералічвалі імёны салдатаў, пра якіх няма зьвестак, каб зацікавіць сваіх слухачоў. Нейкі час Радыё Люксэмбург рабіла перадачу “Лісты, якія вы не атрымалі”, у якой вабны жаночы голас чытаў урыўкі зь лістоў, знойдзеных пры забітых нямецкіх салдатах.

Прапаганда мае посьпех, калі яна адрасаваная тым, хто яе жадае ўспрымаць,— такую выснову робіць вышэйзгаданы Джордж Браўн на заканчэньне свайго дасьледаваньня.

Пазьней прапагандысцкія сродкі актыўна выкарыстоўваліся падчас войнаў у Карэі, Віетнаме, Пэрсыдзкай затоцы. Карэйская вайна пачалася ў 1950 г. У прапагандысцкім пляне новым яе аспэктам, як лічаць амэрыканскія дасьледчыкі Джавэт і О'Данэл, была барацьба за ўплыў на меркаваньні сусьветнай супольнасьці паміж капіталістычнай і камуністычнай ідэалягічнымі сыстэмамі. Карэйская вайна сталася першым маштабным досьведам “халоднай вайны”.

Віетнамскую вайну можна разглядаць як яе чарговы этап. У аснове прапаганды супраць Віетнаму былі наступныя прыёмы:

— “страх сьмерці” — улёткі паказвалі мёртвых салдат, даючы гэтым зразумець, што падобны лёс чакае ўсіх, хто будзе працягваць змаганьне;

— акцэнт на цяжкія ўмовы жыцьця ў лягерох партызанаў, іх жаданьне пабачыць родных;

— паколькі сям'я адыгрывае істотную ролю ў традыцыі віетнамскай культуры, то заклік да адмовы ад барацьбы і да ўзьяднаньня сем'яў стаўся найбольш эфэктыўным;

— комплексны падыход, калі ў тыповай улётцы пісалася: “Твае лідэры выправілі цябе на адзінокую сьмерць далёка ад твайго дому, тваёй сям'і, тваіх продкаў”.

Прапагандысцкія атакі падчас вайны ў Пэрсыдзкай затоцы былі заснаваныя на паказе Іраку і яго саюзьнікаў як прынцыпова антыдэмакратычных дзяржаваў. Цікава, што саюзьнікам і ЗША ў гэтай вайне былі такія самыя “антыдэмакраты”, але ў вачох заходняй грамадзкасьці падобны спосаб разьмежаваньня сяброў і ворагаў аказаўся ўдалым, бо стварыў пазытыўны вобраз “абаронцаў дэмакратыі”. Характэрна, што ў першапачатковы пэрыяд баявых дзеяньняў у 66 тысячах паведамленьняў аб гэтай вайне 7.299 раз прагучала слова “Віетнам“. Гэта стварала адчуваньне “паўтору Віетнаму”, што няяўна фармавала нэгатыўны кантэкст. Неўзабаве прапаганда была апэратыўна пераарыентаваная на тое, каб пераканаць аўдыторыю, што ў гэтым выпадку другога Віетнаму ня будзе.

Джавэт і О'Данэл лічаць, што псыхалягічная вайна ў Пэрсыдзкай затоцы абапіралася на актыўнае ўжываньне мэтафараў з абодвух бакоў. Так, прэзыдэнт Буш назваў усіх амэрыканцаў у Кувэйце (іх там было больш за тры тысячы) закладнікамі. Гэты тэрмін адразу выклікаў асацыяцыі з тэрарызмам. Пазначэньне іракцаў як тэрарыстаў было істотным фактарам у задзіночаньні антыіракскай кааліцыі. Параўнаньне Садама Хусэйна з Гітлерам стварыла яму выразны імідж, які выклікаў моцны грамадзкі рэзананс. Са свайго боку Садам Хусэйн называў Буша “злачынцам Бушам”, “гвалтаўніком Бушам”, “злачынным тыранам”, “пачварным катам”, “амэрыканскім д'яблам”.

Актыўна фармавалі фрэйм гэтай вайны і самі вайскоўцы. Амэрыканскі генэрал Норман Шварцкопф з сымпатыяй цытаваў генэрала Шэрмана, які яшчэ ў мінулым стагодзьдзі варагаваў з журналістамі і заклікаў сваіх падначаленых не супрацоўнічаць зь імі. І лічбы тут сьведчаць самі за сябе. У разгар віетнамскай вайны яе асьвятлялі 700 журналістаў. Пра вайну ў Пэрсыдзкай затоцы расказвала 1.000 журналістаў, але толькі кожны сёмы зь іх мог пабачыць вайну на ўласныя вочы. Усе астатнія папросту бавілі час у гатэлях.

Такім чынам, зьмест канфліктнай ці агрэсіўнай мэдыя-палітыкі фармуецца праз утварэньне:

— магутнай інфармацыйнай хвалі пажаданай арыентацыі;

— блякаваньня паведамленьняў ворага;

— правакаваньня ворага на неабачлівыя ці пасьпешлівыя крокі;

— фальшаваньня падзеяў і стварэньне на гэтай аснове самарэклямы;

— фармаваньня пазытыўнага кантэксту;

— фільтраваньня інфармацы і зь месца падзеяў.

Ува ўмовах блякады ці адсутнасьці дастатковай колькасьці інфармацыйных каналаў асаблівае распаўсюджваньне атрымліваюць такія сродкі альтэрнатыўнага інфармацыйнага забесьпячэньня, як чуткі.

Адно з вызначэньняў чутак, якое належыць амэрыканскаму псыхолягу Т.Шыбутані, гучыць так: “чуткі — гэта дынамічная форма камунікацый, з дапамогай якой людзі, калі яны знаходзяцца ў няпэўнай сытуацыі, ствараюць яе зразумелую інтэрпрэтацыю ў працэсе сумеснага выкарыстаньня сваіх інтэлектуальных патэнцыяў”.

Можна прапанаваць некалькі тлумачэньняў зьяўленьня і папулярнасьці чутак:

— па-першае, дастаткова часта чуткі будуюцца на падзеях, якія ўтойваюцца сродкамі масавай інфармацыі. Натуральна, тое, што сьвядома замоўчваецца, цікавіць многіх і таму, стаўшы вядомым, хутка распаўсюджваецца. Таму чуткі ніколі не паўтараюць таго, што паведамлялася праз сродкі масавай інфармацыі. Можна сфармуляваць наступную заканамернасьць: зона замоўчваньня масавай камунікацыяй роўная зоне распаўсюджваньня чуткі;

— па-другое, фэномэн чуткі можа быць патлумачаны як праява калектыўнага несьвядомага, выяўленьне пэўных архетыповых (паводле Юнга) спадзяваньняў масавай сьвядомасьці;

— па-трэцяе, чутка — гэта форма сумоўя натоўпу, від масавай камунікацыі. Элемэнты строгай лёгікі тут практычна не прысутнічаюць. Чуткі прынцыпова ананімныя. Гэта як бы ўтрыраваны варыянт размовы з самім сабой. Чутка — гэта сумоўе розных пластоў калектыўнай сьвядомасьці.

Чуткамі рухаюць зьдзіўленьне і тайна. Падзеі, якія патрапляюць у гэтую сфэру, звычайна выказваюць нешта істотнае. Дзейнымі фігурамі чутак апынаюцца вядомыя асобы: чутка звычайна імкнецца да пэрсаніфікацыі і канцэптуацыі вакол знакамітых людзей — пісьменьнікаў, навукоўцаў, актораў, спартоўцаў. Акрамя таго, пэўная запатрабаванасьць чуткі зьвязаная зь яе ўласнай інфармацыйнай зьмястоўнасьцю для масавай сьвядомасьці (стыхійныя бедзтвы, рост цэнаў, прыватызацыя і г.д.). Мы карыстаемся чуткамі ў сілу натуральнай цікаўнасьці ці ўтоенага недаверу да СМІ. А ўлада выкарыстоўвае чуткі для апасродкаванага праграмаваньня грамадзкіх перакананьняў.

Такім чынам, чуткі могуць быць:

— працягам інфармацыйнай працы мас-мэдыяў;

— дадаткам да афіцыйнага інфармацыйнага пакету;

— заменай мас-мэдыяў у крызысных ці крытычных сытуацыях;

— сродкам мэтаскіраванай актывізацыі масавых сацыяльных дзеяньняў.

Тое, што першапачаткова распаўсюджваецца на ўзроўні чутак, потым можа апынуцца на газэтных старонках. Гэта адбываецца тады, калі чутка — элемэнт агульнай карцінкі, які зь нейкай прычыны “выпаў” з масыву афіцыйнага інфармацыйнага патоку. Магчыма таму, што ён супярэчыў “дазволенай” інфармацыіі сьвядома быў “згублены” ляяльнымі да ўлады мас-мэдыямі. Але “забытым” ён застаецца адно да той пары, пакуль не сфармуецца новая інфармацыйная палітыка, якой гэтая “чутка” стане патрэбнай.

Аднак якімі б радыкальнымі не былі зьмены ў інфармацыйнай палітыцы, наўрад ці магчыма татальная перамена інфармацыйных запатрабаваньняў аўдыторыі. Згодна з Джорджам Браўнам, прапаганда і рэкляма як “агрэсіўныя” мэдыястратэгіі здольныя толькі паскорыць ці замарудзіць сацыяльныя тэндэнцыі, але ня могуць замяніць іх на супрацьлеглыя.

Нямецкі прафэсар Элізабэт Ноэль-Нойман прапанавала ўласную мадэль фармаваньня грамадзкіх поглядаў, якую назвала “сьпіраль маўчаньня”. Яе канцэпцыя заснаваная на наступным факце. Шматлікія сацыялягічныя апытаньні дэманструюць, што групы, чые меркаваньні супадаюць зь меркаваньнямі большасьці, больш схільныя агучваць іх у грамадзкіх месцах і пры гэтым эмацыйна адстойваць свае перакананьні. Істотным фактарам, які вызначае нашу вэрбальную актыўнасьць, Ноэль-Нойман лічыць “адчуваньне таго, што ты прылучаны да дамінуючай тэндэнцыі, духу часу, што гэтаму адпавядаюць уласныя перакананьні, што з табой згодныя найбольш адукаваныя ці проста аўтарытэтныя людзі”.

Э.Ноэль-Нойман адзначае, што сродкі масавай інфармацыі могуць дазволіць чалавеку выступіць у абарону сваіх пераканьняў, а могуць, наадварот, пазбавіць яго слова. Калі чалавек не знаходзіць для апісаньня сваёй пазыцыі агульнапрынятых фармулёвак і да таго ж пазбаўлены магчымасьці быць пачутым, то ён замыкаецца ў моўкнасьці, становіцца “нямым” у агульнай інфармацыйнай плыні. Да прыкладу, калі сродкі масавай камунікацыі даюць слова адно прыхільнікам саюзу Расеі і Беларусі, то ўсе праціўнікі гэтага саюзу пад прэсынгам аднабакова сфармаванай тэндэнцыі пачынаюць адчуваць сябе ў меншасьці (нават калі рэальна яны складаюць большасьць) і ў выніку могуць затаіцца ў моўкнасьці.

Іншую канцэпцыю ролі прэсы ў фармаваньні грамадзкіх настрояў у ЗША падчас прэзыдэнцкіх выбараў высунуў амэрыканскі дасьледчык Томас Патэрсан. Адна зь ягоных гіпотэзаў стасуецца і палітычнай сытуацыі постперабудовачнага грамадзтва: у сілу неразгорнутасьці шматпартыйнай сыстэмы прэса пачынае выконваць у грамадзтве тыя функцыі, якія насамрэч належаць палітычным партыям, і тым самым часткова прадвызначае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.

Томас Патэрсан лічыць, што прэзыдэнцкія выбары асьвятляюцца досыць аднабакова — толькі як пагоня за галоўным прызам. Увагу журналістаў у асноўным прыцягваюць драматычныя і дыскусійныя, “атракцыйныя” аспэкты палітыкі, а ня сутнасныя праблемы. Пры гэтым журналісты пераважна зьвяртаюць увагу на падзеі, якія адбыліся за апошнія дваццаць чатыры гадзіны, што спрыяе развою інтрыгі, але зусім не садзейнічае сутнаснаму высьвятленьню праграмных разрозьненьняў кандыдатаў. Схема гульні дамінуе ў журналісцкіх паведамленьнях таму, што гэта адпавядае спэцыфіцы працы мас-мэдыяў. У выніку ўласныя словы кандыдата выяўляюцца менш значнымі за развагі журналістаў.

Масавыя камунікацыі сёньня зрабіліся магутным палітычным сродкам, які ня толькі фармуе грамадзкія погляды, але і непасрэдна ўплывае на выбар тых ці іншых палітычных рашэньняў. Таму іх актыўна выкарыстоўваюць (напрыклад, для “ўцечкі інфармацыі”) дзеля дасягненьня неабходнага на дадзены момант грамадзкага рэзанансу.

Як адзначае Джон Файск, масавы інфармацыйны прадукт найперш арыентаваны на зьмену падыходу да сытуацыяў штодзённага жыцьця. Пэўная “вульгарнасьць”, “спрошчанасьць густаў”, характэрныя для гэтага культурнага асяродку, зусім не выпадковыя, а істотны элемэнт у супрацьстаяньні культуры дамінуючай клясы. Файск тоесьніць папулярную культуру і хатнюю працу: у абодвух выпадках вынікі хутка перапрацоўваюцца, лёгка засвойваюцца, а значыць, патрабуюць наступных паўтораў. Сэрыяльнасьць папулярнай культуры лёгка рыфмуецца з руцінай штодзённага побыту. Папулярны тэкст мусіць быць ня толькі празрыстым, але і шматзначным, каб задаволіць патрабаваньні мноства спажыўцоў, таму кожнае яго прачытаньне заўсёды будзе ўмоўным, адпаведным пэўнаму тыпу сытуацыі і канкрэтнаму тыпу спажыўца. Усялякая “мыльная опэра” функцыянуе як “мэню”, зь якога кожны выбірае той тып стравы, які ён хоча спажыць.

Так расава і сацыяльна прыгнечаныя групы аўдыторыі могуць убачыць у “мыльных опэрах” сваіх сацыяльных прадстаўнікоў у канфлікце з членамі “культурнай большасьці”, прычым пры адэкватным скарыстаньні канфлікту злодзеі перамагаюць наўсьцяж аж да перадапошняй фінальнай падзеі. Прыкладам, вядомы і ў нас паліцэйскі сэрыял “Mіamі Vіce” вельмі папулярны ў Лацінскай Амэрыцы, паколькі паказвае “лацінаса” (хаця і ў вобразе злачынцы) з усімі прыкметамі посьпеху ў “англамоўным” грамадзтве: цікаўнасьць публікі заснаваная на простым разглядваньні палацаў, лімузынаў, слугаў, жанчынаў, басэйнаў, гішпанамоўных наркабаронаў, што для гледачоў больш істотна за іх непазьбежнае паражэньне ў фінале.

У сучаснай папулярнай культуры аб'ектам увагі ўсё часьцей становіцца не ізаляваны тэкст ці мастак як асоба, але фігуры кшталту Мадонны ці Пугачовай, якія па сутнасьці існуюць інтэртэкстуальна. Ніводны канцэрт, альбом, плякат, кніга, відэафільм не зьяўляецца адэкватным тэкстам Мадонны альбо Алы Пугачовай. Пугачова, як мазаічны тэкст, ня ёсьць поўнай, пакуль яна ня ўлучаная ў сыстэму цыркуляцый зьвязаных зь ёю культурных паведамленьняў, якія фармуюць інфармацыйнае цела зь імем “Пугачова”. Мас-мэдыі канструююць поп-зорку. Менавіта зь мітаў зьберты каркас сьвету, у якім мы існуем. І мы, жыхары пераходнага пэрыяду, настойліва шукаючы новай міталёгіі зь імем “нацыянальная ідэя”, адчуваем гэта вельмі выразна.

Кожнае грамадзтва з дапамогай сваіх СМІ будуе ўласны міт. Сучасная цывілізацыя валодае некалькімі відамі мітастваральных машынаў. Мас-мэдыі таксама патрапляюць сюды з розных прычынаў. Іх можна, сьледам за Г.Пачапцовым, пазначыць праз шэраг парадоксаў, на якіх будуецца мэдыявытворчасьць.

— Парадокс сэлекцыі. Мас-мэдыі занятыя адборам інфармацыі, але зь мільёну падзеяў у паведамленьні патрапляюць толькі адзінкі. Выбар адбываецца з дапамогай пэўных каштоўнасных фільтраў. Суб'ектыўнае адсейваньне зьвестак робіць “крывым” сьвет, вымыкае на авансцэну толькі абмежаваны шэраг падзеяў, якія з-за гэтага перастаюць быць рэальнымі — яны ператвараюцца ў выключна знакавыя. Да таго ж у адборы задзейнічаныя ня толькі “гнасэалягічныя” прычыны, але і палітычныя, эканамічныя, відовішчныя.

— Парадокс нормы. Разыходжаньне сьвету падзеяў і сьвету інфармацыі абумоўленае таксама пэўнай неўнармаванасьцю той інфармацыі, што прапануецца спажыўцу. Дэманструючы адданасьць пэўным сацыяльным нормам, СМІ адначасна імкнецца завабіць адрасата скандальнай ці нязвыклай інфармацыяй. Просты прыклад: паведамленьне “сабака ўкусіў чалавека” менш цікавае за паведамленьне “чалавек укусіў сабаку”.

— Парадокс узаемаўплыву. Досьледы паказваюць, што ня толькі рэальны сьвет уплывае на сьвет інфармацыі, але і законы інфармацыйнага сьвету ўплываюць на падзейны сьвет. Да прыкладу, захоп закладнікаў прадугледжвае ў якасьці істотнага элемэнту акцыі яе адлюстраваньне ў СМІ. Другі прыклад: графік візытаў дзяржаўных дзеячоў падладжваецца падчас прамых рэпартажаў для асноўных перадачаў навінаў.

— Парадокс узаемазамены, як сьледзтва папярэдняга парадоксу. Тэлевізійная палітыка (кшталту тэледэбатаў, калі Лукашэнка перамог па меркаваньні гледачоў “непатапляльнага” Кебіча, паколькі больш эфэктна выглядаў на экране) становіцца вырашальным фактарам рэальнага жыцьця. Для сучаснай палітычнай сцэны характэрная пераарыентацыя палітычных лідэраў на акторскую манеру паводзінаў. Адбываецца пераасэнсоўваньне паводзінаў, яны цяпер арыентуюцца на законы мастацкай рэальнасьці.

— Парадокс прыярытэту рэагаваньня. Варыянт публічных паводзінаў, калі ўдалае рэагаваньне на чужыя дзеяньні прыносіць большы плён, чым уласныя дзеяньні.

— Парадокс міталягічнай інтэрпрэтацыі. Усе мы схільныя аддаваць перавагу падзеі, якая ўкладаецца ў звыклую для нас міталягічную схему. Падзея ўспрымаецца намі толькі тады, калі адначасна зь ёю мы атрымліваем яе міталягічную інтэрпрэтацыю. Больш за тое, міты патрабуюць “падкормкі”, і гэта яны змушаюць чалавека чытаць газэты ды глядзець тэлевізар, каб праз адпаведную інфармацыю мацаваць сваю наяўнасьць. А калі інфармацыя супярэчыць нашым міталягічным схемам, мы называем яе выключэньнем з правілаў.

— Парадокс несымэтрычнасьці. Тут маецца на ўвазе несымэтрычнасьць тых, хто прамаўляе і тых, хто слухае. Калі ў звычайным жыцьці мы выступаем і “прамоўцамі” і “слухачамі”, то ў сытуацыі з мас-мэдыямі адбываецца фіксацыя роляў: адны ўвесь час прамаўляюць, другія заўсёды слухаюць. З гэтым падзелам функцыяў зьвязаны раней ужо згаданы эфэкт “сьпіралі маўчаньня”, які ўтвараецца праз штучнае адсланеньне сацыяльна актыўнага адрасата мас-мэдыяў у сытуацыю маўклівай бальшыні.

Калі карыстацца паняткам уладкаванай сацыяльнай прасторы, ахопленай інфармацыйным дыскурсам, то можна канстатаваць: найбольш актыўна мас-мэдыі дзейнічаюць у памежных сытуацыях. Аварыі, катастрофы, пажары, злачынствы, рэлігійныя і палітычныя канфлікты — натуральныя крыніцы, якія даюць мас-мэдыям навіны для першай паласы.

Такім чынам, мы можам канстатаваць, што СМІ, калі яны ствараюць сьвет па законах інтрыгі ці па законах “мыльнай опэры”, прапаноўваюць нам штучны вобраз рэальнасьці, адзіным гарантам адноснай сапраўднасьці якога можа быць прафэсійная прыстойнасьць працаўнікоў мас-мэдыяў.


Літаратура

1. Барт Р. Мифологии. М., 1996.

2. Моль А. Социодинамика культуры. М., 1973.

3. Ноэль-Нойман Э. Общественное мнение. Открытие спирали молчания. М., 1996.

4. Почепцов Г. Теория коммуникации. Киев, 1996.

5. Fіske J. Іntroductіon To Communіcatіon Studіes. L. 1990.

6. Lorіmer R. Mass Communіcatіons. A Comparatіve Іntroductіon. Manchester Unіversіty Press, 1994.

7. McQuaіl D. Mass Communіcatіon Theory. An Іntroductіon. L. 1994.

8. Brown J.A. Technіques Of Persuasіon. From Propaganda to Braіnwashіng. Harmondsworth, 1963.

Візуальныя мэдыі: кіна- і тэлетэкст

Плян:

1. Кінатэкст і тэлетэкст: агульная характарыстыка і асноўныя формы

2. Структура тэлевізійнага інфармацыйнага асяродку. ТБ як гіпэртэкст

3. Тэленавіны як “машына мітаў” і тэхніка інтэрпрэтацыі

4. Успрыняцьцё тэлетэксту. Спэцыфіка “канцэптуальнага руху” ўвагі гледача

Працягнем размову пра сучасныя канцэпцыі зьместу мас-мэдыяў і зьвернемся да аналізу самага масавага і дэмакратычнага з СМІ — тэлебачаньня. Менавіта ТБ сёньня максымальна поўна выяўляе сутнасьць актуальнага інфармацыйнага парадку і агульную скіраванасьць яго тэхналёгій. Згадаем для пачатку, што ўжо знаёмы нам амэрыканскі дасьледчык Дж.Файкс сфармуляваў асноўныя прынцыпы “інтэграванай тэорыі эфэктаў мас-мэдыяў”, згодна зь якой мас-мэдыі задавальняюць наступныя патрэбы чалавека: патрэбу ў разуменьні сацыяльнага сьвету; патрэбу дзейнічаць сьвядома і пасьпяхова ў гэтым сьвеце; патрэбу прытулку ў фантазіях як схароне ад штодзённых праблемаў і псыхічнай напругі. Усе згаданыя патрэбы знаходзяць сваё адлюстраваньне ў сучасных стратэгіях тэлекамунікацый. Тэлебачаньне фармуе пэўны ракурс сьветабачаньня, выхоўвае свой падыход да рэальнасьці. Рэгулярны спажывец “Рэзанансу”, “Итогов”, “Поля чудес” ці праграмаў навінаў CNN незаўважна для сябе набывае адметны тып псыхікі, які істотна вызначае яго штодзённае жыцьцё. Жадаем мы гэтага ці не, але ўсялякі тэлетэкст — гэта своеасаблівы сэанс калектыўнага гіпнозу, які адрасуе нашай сьвядомасьці (і падсьвядомасьці) паток пэўным чынам афарбаваных вобразаў. Мастацтва кіно скіравала ўвагу дасьледчыкаў да такога базавага прынцыпу пабудовы мастацкага тэксту, як кінамантаж. Калі кадар — моўная адзінка кіно, то мантаж — ягоная граматыка. Менавіта мантаж нараджае сэнс візуальнага тэксту. Вядомы дасьледчык сэміётыкі культуры Вяч.Іваноў кажа пра мантаж як пра такі спосаб пабудовы любых паведамленьняў (знакаў, тэкстаў) культуры, пры якім адбываецца перакрыжаваньне ў адным хранатопе дзьвюх выяваў, адрозных па дэнататах ці структуры. Мантаж прынцыпова мэтафарычны, ён надае элемэнтам, якія паядноўваюцца ў рамках выказваньня, нейкі дадатковы сэнс і, тым самым, “дабудоўвае” рэальнасьць. Магія візуальнага тэксту выяўляецца ў тым, што праз пазнавальныя, звыклыя малюнкі будуецца новы тэкст, які рэфармуе нашае ўспрыняцьцё, наноў наймуе рэальнасьць.

Кінематограф — гэта забудова прасторы культуры з наяўных матэрыялаў, гульня ў рэальнасьць, якая актыўна гэтую рэальнасьць перастварае. Мы ўжо адзначалі, што візуальная мова выконвае шэраг істотных функцыяў у сыстэме культуры: інфармацыйную, прапагандысцкую, забаўляльную і кампэнсаторную (тую, што кампэнсуе недасканаласьці рэальнага жыцьця). У розных сытуацыях тая ці іншая функцыі могуць выходзіць на першы плян, набываючы вырашальнае значэньне. Прапагандысцкая і кампэнсаторная функцыі найбольш актуальныя для сацыяльных сыстэмаў закрытага ці пераходнага тыпу, інфармацыйная і забаўляльная — для сацыяльных сыстэмаў адкрытага ці канкурэнтна-дынамічнага тыпу. Пры гэтым усе названыя функцыі зьяўляюцца складовымі элемэнтамі існаваньня тэлебачаньня як адной з формаў сацыяльнай камунікацыі. Як вядома, Клёд Шэнон вылучае ў сваіх працах тры ўзроўні камунікацыі: тэхнічны, сэмантычны і ўзровень эфэктыўнасьці. Тэхнічныя праблемы зьвязаныя з дакладнасьцю перадачы інфармацыі ад таго, хто яе пасылае, да таго, хто яе атрымлівае. Сэмантычныя праблемы зьвязаныя зь інтэрпрэтацыяй паведамленьня адрасатам. Праблема эфэктыўнасьці адлюстроўвае пасьпяховасьць, зь якой атрымліваецца перамяніць паводзіны ў сувязі зь перададзеным паведамленьнем. Цэнтральнай праблемай тут становіцца пытаньне перадачы інфармацыі, але галоўным ёсьць ня тое, што прамоўлена, а тое, што магло быць прамоўлена: “Інфармацыя — гэта мера вашай свабоды выбару падчас выбару паведамленьня. Калі вы пастаўленыя ў элемэнтарную сытуацыю, дзе ў вас ёсьць выбар з двух альтэрнатыўных паведамленьняў, умоўна можна казаць, што інфармацыя роўная адзінцы” (Weaver W. The mathematіcs // Communіcatіon and culture. NY. 1966. P. 17—18). Клёд Шэнон прапаноўвае ўключыць у сыстэму руху сэнсу ад крыніцы да трансьлятара яшчэ адзін элемэнт — “сэмантычны шум”. Ён пакліканы адлюстроўваць зьмены ў значэньні, якія міжволі прыўносіць крыніца інфармацыі. Як правіла, такія зьмены зьвязаныя зь неадэкватнай рэалізацыяй ідэі праз наяўныя фармальныя сродкі. Акрамя гэтага, натуральныя зрухі сэнсу візуальнага тэксту стварае сам культурны асяродак. Схематычнае поле сэнсавай напоўненасьці візуальнага мэдыя-тэксту можна выявіць наступным чынам (калі рухацца ад цэнтру да краёў):

Як бачна з прапанаванай схемы, сэнсавая наяўнасьць візуальнага мэдыя-тэксту фармуецца як вэктар актыўнасьці аўтара, актыўнасьці спажыўца і наяўнасьці культурнага кантэксту, які стварае пэўны інтэрсуб'ектыўны набор спадзяваньняў і прыярытэтаў адрасата пасланьня. Такім чынам, зьмест канкрэтнага тэлетэксту ўяўляе зь сябе суму заяўленага “прамога” і “ўскоснага”, зададзенага актуальным кантэкстам, сэнсаў. Актыўнасьць калектыўнага аўтара візуальнага тэксту выяўляецца ў наступных формах:

— стварэньне максымальна эфэктыўнага (цэльнага і чытэльнага) паведамленьня;

— адэктватнае зьмяшчэньне паведамленьня ў сетцы тэлевізійнай трансьляцыі каналу (з улікам яго агульнай канцэпцыі і характару меркаванай аўдыторыі);

— узаемастасункі з канкурэнтнымі тэлеканаламі (стварэньне больш якаснага прадукту, завабліваньне кадраў і партнэраў, контрапраграмаваньне);

— пазапрафэсійнае лябіраваньне сваіх інтарэсаў (палітычныя, рэлігійныя, моўныя ды іншыя абмежаваньні, якія блякуюць працу канкурэнтаў).

Актыўнасьць спажыўца пры гэтым проста прапарцыйная існуючаму на дадзены момант інфармацыйнаму ладу — аўтарытарна-дагматычнаму, рынкаваму, крызыснаму ці пераходнаму. Агульна кажучы, спажывец можа:

— купляць тэлевізар ці не;

— быць задаволеным наяўнай колькасьцю каналаў альбо пашыраць іхнюю колькасьць коштам падключэньня да кабельнага тэлебачаньня ці куплі спадарожнікавай антэны;

— глядзець усе перадачы запар ці выбіраць асобныя зь іх;

— ставіцца да ўбачанага зь якой заўгодна мерай крытычнасьці;

— успрымаць інфармацыю ў фармаце завершанага тэлесюжэту, праграмы, фільму ці сьлізгаць па хвалях эфіру, ужываючы папулярны “rappіng” — адвольнае пераключэньне каналаў.

Парадаксальна зайстрыў актуальную мэдыя-сытуацыю папулярны літаратар Віктар Пялевін — апалягет “постсучаснасьці”,— прапанаваўшы ў сваім рамане “Пакаленьне “П” (1999 г.) уласную вэрсію дыялёгу з тэлеэкранам у стылі дзэн. Згодна зь Пялевінам, ёсьць чатыры асноўныя спосабы глядзець тэлевізар: сачыць за пустым экранам выключанага тэлевізару, які па сваім глыбінным сэнсе сумерны “Чорнаму квадрату” Малевіча; глядзець усё запар, усёй сваёй сутнасьцю заглыбіўшыся ў запоўненую тэлефантомамі інфармацыйную прастору; уключаць “пусты” канал і мэдытаваць, узіраючыся ў “сьнег” на экране; перакуліць тэлевізар дагары нагамі і глядзець любую трансьляцыю. На думку Пялевіна, усе названыя тэхнікі тэле-дзэн аб'ядноўвае як адмаўленьне прымаць тэлетэкст у якасьці люстэрка рэальнасьці, гэтак і ўсьведамленьне прынцыповай немагчымасьці пазьбегнуць залежнасьці ад патоку зьвестак, якія штодня выплюхваюцца на нас з “блакітнага экрану”. Парадаксальная камунікацыя становіцца ў такой сытуацыі адзіным спосабам захаваньня ўласнага “Я” перад татальнай пагрозай штодзённага інфармацыйнага нашэсьця. Тэлебачаньне з поўным правам можа быць названым ідэальным сродкам масавай камунікацыі. Яно максымальна дэмакратычнае як па форме, гэтак і па зьмесьце. Яго тыповы глядач: юнак, які шукае прыгодаў, хатняя гаспадыня, стомлены працай у канторы служачы, вясковы жыхар, які такім чынам ратуецца ад паныласьці вясковага існаваньня. Усе яны прынцыпова ня здольныя на дадатковыя інтэлектуальныя высілкі.

Эфэкт сапраўднасьці на ТБ дасягаецца дваістым шляхам:

— за кошт імітацыі натуральнага, наіўнага ўспрыняцьця. Доўгія пляны, рыхлы мантаж, дрэнны гук, статычная камэра. Падкрэсьленая антытэхнічнасьць, “карцінка, як у жыцьці”, дзе адсутнасьць кідкага прафэсіяналізму не надахоп, а перавага. Тыповыя прыклады: рэпартажныя здымкі“зь месца падзеяў”, шматлікія ток-шоў, тэлесэрыялы;

— за кошт арганізацыі складанага інфармацыйнага тэксту, праз паяднаньне простых вобразаў.

Тэлевізійны гіпэртэкст складаецца з масы асобных паведамленьняў, кожнае зь якіх становіцца элемэнтам агульнай карціны. Пры гэтым адбываецца своеасаблівае ўзмацненьне тэлетэксту за кошт “чужых”, перайманых і адаптаваных тэкстаў. Тыповыя прыклады: тэлетрансьляцыя канцэртаў поп-зорак, спартовых спаборніцтваў, тэатральных спэктакляў. Асобная гаворка — перавод у тэлевізійны фармат кінафільмаў (ад простага паказу клясыкі і новых фільмаў да ператварэньня герояў папулярных стужак у цэнтральныя пэрсанажы гульнёвых і мультыплікацыйных тэлесэрыялаў (“Горац”: фільм — тэлесэрыял — мультсэрыял, трылёгія Стывэна Спілбэрга аб Індыяну Джонсу — тэлесэрыял “Хронікі маладога Індыяна Джонса”).

Уласная прадукцыя, прызначаная, як правіла, выключна для тэлевізійнай трансьляцыі, заснаваная на той жа тэхніцы дасканалага мантажу разнаплянавага візуальнага матэрыялу. Да “чыста” тэлевізійнай прадукцыі можна аднесьці:

— тэлевізійныя фільмы, найперш сэрыйнага кшталту;

— рэклямныя ролікі, што рэгулярна разрываюць тэлевізійны тэкст;

— музычнае відэа — фільмы даўжынёй у песьню, заснаваныя на асацыяцыйным мантажы візуальных вобразаў;

— шоў, конкурсы, сустрэчы з зоркамі, дыскусійныя клюбы, адукацыйныя праграмы (па формуле: вядучы + удзельнікі + публіка);

— відэаарт — экспэрымэнтальныя працы з тэлевыявай (найбольш характэрны прыклад — фільмы амэрыканскага аўтара Зьбігнева Рыбчынскага);

— інфармацыйна-аналітычныя праграмы (ад трохмінутных навінаў да маштабных “Итогов” ці эпічнага “Рэзанансу”).

Ува ўсіх пералічаных праявах тэлематэрыял трымаецца на двух асноўных элемэнтах: чалавек і “карцінка”. Суадноснасьць двух названых складнікаў вызначаецца спэцыфікай канкрэтнага жанру. Відавочна, што, да прыкладу, злоўжываньне кампутарнымі эфэктамі ў праграме навінаў будзе выглядаць зусім недарэчна, а вось у відэаарце, наадварот, натуральна і да месца.

Сярод шматлікіх відаў тэлепрадукцыі асаблівую цікавасьць выклікаюць інфармацыйныя блёкі. Аналіз таго, як “робяцца” навіны, найлепей дазваляе зразумець прыроду тэлевізійнай інфармацыйнай прасторы. Праграмы навінаў успрымаюцца шараговымі гледачамі як акно ў сьвет, стэнаграма падзеяў, непасрэднае падключэньне да руху гісторыі. Мы глядзім навіны, каб даведацца, што робіцца ў сьвеце. У інфармацыйных праграмах аўтар паведамленьня і навідавоку, і схаваны. Карэспандэнт, які вядзе рэпартаж і камэнтуе падзеі, апэратар, што робіць “карцінку”, прадуцэнт, які ўкладае навіну ў зручны для масавага гледача фармат — усе яны разам выступаюць своеасаблівым мэдыюмам, пасярэднікам, які робіць магчымай нашу прысутнасьць у цэнтры падзеяў. Сапраўдныя аўтары тэлетэксту, якія ствараюць яго асноўныя элемэнты, апынаюцца ў ценю.

Чалавек у кадры, здольны памыляцца, заблытвацца і нават ілгаць, становіцца часткай “нагляднага” тэлепэйзажу, складовым элемэнтам комплекснага візуальнага вобразу. Пачуцьцёва-эмацыйная насычанасьць выявы, якая стварае эфэкт прысутнасьці, змушае гледача прымаць тэлесюжэт як аб'ектыўнае сьведчаньне, “убачанае” сваімі вачыма, як “чыстую” інфармацыю, пазбаўленую суб'ектыўных скажэньняў. Разам з тым, успрымаючы тэлетэкст, мы апынаемся ў значна большай залежнасьці ад яго, у параўнаньні з друкаваным:

— тэлевізійны тэкст нельга перачытаць, а значыць — яшчэ раз ацаніць;

— тэмп падачы тэлеінфармацыі не паддаецца нашаму рэгуляваньню (мы можам выбіраць канал, але ня хуткасьць і форму паведамленьня);

— тэлетэкст не дае гледачу магчымасьці ўважліва ўглядзецца ці прыслухацца да інфармацыйнага патоку, ён пераважна зьвяртаецца да дарацыянальнага ўзроўню псыхікі. Гэта як бы нейкая форма “інфармацыйнага гіпнозу”, аднолькава эфэктыўнага для тэлерэклямы і палітычнага аповеду;

— мы ня можам спыніць тэлетэксту, адсланіцца ад патоку вобразаў і параўнаць яго з фактамі. Калі мы ўлучаныя ў інфармацыйны паток, то становімся падначаленымі хуткасьці ягонага руху. Нам прапануюць паверыць, што кінакамэра ня здольная хлусіць. Але яна заўсёды фармуе рэальнасьць, фіксуючы: а) выбраныя фрагмэнты рэальнасьці; б) падаючы іх у пэўным ракурсе бачаньня. Відавочца ці сьведка (хай нават зь відэакамэрай у руках) заўсёды нечаму аддае перавагу, да таго ж ён абмежаваны ў магчымасьцях і аднабакова інфармаваны. Таму кожны тэлесюжэт гэта толькі адна з вэрсіяў падзеі.

Тэленавіны ня хлусяць. Яны проста выбарачныя і ангажаваныя. Прызнаючы гэта, сучасныя дасьледчыкі інфармацыйных тэхналёгіяў робяць сумную выснову: у якасьці абароны ад дэзінфармацыі з боку тэлебачаньня і СМІ ў цэлым мы можам разьлічваць толькі на журналісцкую этыку, уплыў якой заўважна слабне ў крытычных сытуацыях (вайна, палітычны крызыс, ідэалягічны заказ ува ўмовах інфармацыйнай вайны, перасьлед за перакананьні і г.д.).


Літаратура

1. Аронсон Э. Общественное животное. М., 1999.

2. Бодрийар Ж. Злой демон образов // Искусство кино, 1992. С. 43—48.

3. Иванов В. Монтаж как принцип построения в культуре первой половины ХХ в. // Монтаж: литература, искусство, театр, кино. М., 1988. С. 118—122.

4. Строение фильма. М., 1985.

5. Разлогов К. Еще раз о культуре или ТВ как культура // Искусство кино, 1997, № 7, С. 52—54.

6. Lorіmer R. Mass Communіcatіons. Manchester Unіversity Press, 1996.

7. Weaver W. The mathematіcs of communіcatіons // Communіcatіon and culture. NY, 1966. P. 17—23.

Тэлебачаньне як “машына сэнсаў”

Плян:

1. Тэленавiны як “машына мiтаў” i тэхнiка iнтэрпрэтацыi

2. Успрыняцьцё тэлетэксту. Спэцыфiка “канцэптуальнага руху” ўвагi гледача

Спэцыфiку тэлебачаньня навiнаў мы разгледзiм на подзе па-ранейшаму актуальных iдэяў бацькоў-заснавальнiкаў сацыялёгii навiнаў Уолтэра Лiпмэна i Робэрта Парка. Нагадаю, што згодна зь Лiпмэнам, збор навiнаў для распаўсюджваньня праз сродкi мас-мэдыяў “ёсьць пошук аб'ектыўна яснага сыгналу, якi пазначае падзею”. Навiны пры гэтым разумеюцца не як люстэрка сацыяльных стасункаў i абставiнаў, але як “рэпартаж пра iх асобныя аспэкты, якiя гучна заявiлi пра сябе”. Адсюль вынiкае, што журналiсцкая праца па пошуку навінаў заключаецца найперш у пошуку “першага сыгналу” падзеяў у судох, бальнiцах, палiцэйскiх участках i г.д. Асноўная мэта — апiсальнаiнфармацыйная, каб даць спажыўцу праўдзiвыя зьвесткi пра тое, што адбываецца вакол яго. Мас-мэдыі, як вочы i вушы шараговага грамадзянiна: “Вас там не было, але мы пра ўсё вам раскажам”. Падобнае разуменьне працы з навiнамi можна праiлюстраваць наступнай схемай: падзея — крытэры навiнаў — рэпартаж — зацiкаўленасьць спажыўца. Для Робэрта Парка на першае месца выходзiць сацыяльна-нарматыўная роля iнфармацыйных навiнаў. Парк аналiзуе якасьцi гэтага блёку ў параўнаньнi з такой формай сацыяльнай iнфармацыi, як гiсторыя. Калi гiсторыя — гэта “веданьне пра...”, а ўласная прысутнасьць — “суаднесенасьць з...”, то навiны, паводле Парка, знаходзяцца недзе пасярэдзiне. Сваё разуменьне сутнасьцi навiнаў Парк выказаў у шэрагу наступных цьверджаньняў:

— Навiны мiнучыя. Кожная сэнсацыя жыве да той пары, пакуль яе ня зьменiць iншая.

— Навiны бессыстэмныя. Кожны збор навiнаў ёсьць наборам дыскрэтных тэкстаў. Сьвет у люстэрку навiнаў — шэраг вырваных з агульнага патоку падзеяў. Навiны — гэта сьляды падзеяў. Iнтэрпрэтацыя — ня справа навiнаў.

— Навiны актуальныя, гэта аповед пра тое, што адбываецца цi мусiць адбыцца. — Каб зрабiцца навiнай, падзея мусiць быць нязвыклай цi нечаканай. Гэта куды больш iстотна за “значнасьць” падзеi.

— Эфэкт паведамленьня навiны вызначаецца таксама i ягоным месцам у структуры iнфармацыйнага блёку. Навiны на першай паласе газэты заўсёды кiдаюцца ў вочы.

— Навiны прыцягваюць увагу i фармуюць стаўленьне да сябе. Веданьне пра сутнасьць падзеяў — за межамi навiнаў.

— Навiны прадказальныя. Гэта люстэрка грамадзкiх спадзяваньняў, сфармаваных учарашнiмi паведамленьнямi. “Дайце народу тое, чаго ён жадае”. Навiны залежаць ад зацiкаўленьняў грамадзтва. Яны — слугi, а не настаўнiкi натоўпу.

Пры падобнай трактоўцы праца з навiнамi разгортваецца па трохi iншай схеме, чым у Лiпмэна, а менавiта: зацiкаўленасьць (спажыўца — заказчыка) — крытэры навiнаў — падзея — рэпартаж. Такiм чынам, са стэнаграмы “дзён нашага жыцьця” ў iх найбольш яркiх праявах блёкi навiнаў мас-мэдыяў ператвараюцца ў “навiны па заказе”, падачу ў пару заказанага iнфармацыйнага блёку.

Вiдавочна, што абодва згаданыя падыходы адрозьнiваюцца прынцыпова рознымi зыходнымi пасылкамi. Лiпмэн бачыць навiны як “вiдушчае вока”, якое назiрае за сьветам падзеяў аднекуль зьверху i прасьвятляе iхнюю сутнасьць. У Парка зусiм iншы вобраз: навiны як рызыкоўная гульня са спадзяваньнямi спажыўца, мастацтва расфарбоўкi банальнай штодзённасьцi. Такiм вобразам цяжка захапляцца, але так яно ёсьць насамрэч. Можна адно саркастычна канстатаваць, як вучанiца Паркса Хэлен Мак-Джыл, калi апошняя заўважыла, што газэты набылi кшталт бульварнай лiтаратуры, насьледуючы то канонам мэлядрамы, то палiцэйскага рамана, то палiтычнага памфлету.

Разгортваючы тэарэтычныя высновы Лiпмэна i Парка, амэрыканскi дасьледчык Уорэн Брыд сфармуляваў наступныя асноўныя апазыцыi працы з навiнамi: навiны супраць iсьцiны (неабходнасьць наданьня iнфармацыi “таварнага” выгляду), складанасьць супраць прастаты (“палявая” i “тэлефоннаархiўная” мадэлi збору матэрыялу), iнфармацыя супраць зацiкаўленьняў спажыўца (спажыўца трэба не “нагружаць”, а заваблiваць).

Усе вышэйпрыведзеныя выказваньнi стасуюцца i да тэлевiзiйнага iнфармацыйнага поля. Iнфармацыйны тэлетэкст фармуецца двума асноўнымi складнiкамi: вэрбальным i вiзуальным. Пры гэтым, як паказваюць сучасныя дасьледаваньнi па псыхалёгii ўспрыняцьця, 69 адсоткаў iнфармацыi счытваецца гледачом з экрану тэлевiзара менавiта вiзуальна. Iншымi словамi, тэлеглядач спачатку глядзiць, а ўжо потым слухае.

Аналiзуючы самыя iстотныя моманты працы ТБ, М.Маклюэн адзначае досыць цiкавую асаблiвасьць: “Тэлебачаньню больш пасуюць перадачы таго, што адбываецца непасрэдна цяпер, чым наперад аформленыя, вывераныя па сэнсе паведамленьнi”. Асноўная iдэя Маклюэна фармулюецца наступным чынам: адназначнае паведамленьне ня тое, што не падыходзiць для тэлебачаньня, хутчэй яно проста яму не цiкавае, бо ператварае паведамленьне ў “прымiтыўнае вэрбальнае пасланьне”, у газэту. Яно як бы не дае магчымасьцi скарыстацца тымi выйгрышнымi магчымасьцямi, якiя можа прадставiць тэлебачаньне як адмысловы канал камунiкацыi. Гэта значыць, што ў дадзеным выпадку нас цiкавiць ня столькi хуткасьць перадачы паведамленьня, колькi яго “недааформлены” характар, з чаго вынiкае, што перад намi рэальная падзея, а не расповед пра яе.

Трэба таксама ўлiчваць, што вэрбальны тэкст падлягае рацыянальнаму асэнсаваньню адрасата ў значна большай меры, чым вiзуальны. Таму можна сьцьвярджаць, што iнфармацыйны тэлетэкст валодае высокай ступеньню ўзьдзеяньня менавiта ў якасьцi пэўнага “гледзiшча”, а не “разумнай прамовы”. Вось тыповыя прыклады: Лукашэнка выступае на сэлектарным паседжаньнi, Ельцын на танку, Клiнтан грае на саксафоне. Менавiта такiя яркiя “карцiнкi” фармуюць масавыя настроi куды больш пасьпяхова, чым разумныя прамовы Яўлiнскага альбо Лябедзькі.

Тэлекарцiнка будуецца па пэўных правiлах — i асноўныя зь iх: што паказваць i як паказваць. У залежнасьцi ад атрыманага даручэньня здымачная група можа выбраць выйгрышны цi, наадварот, кампрамэтуючы канкрэтны пэрсанаж сюжэт, яго ўдалае цi недарэчнае выказваньне. Апытаньне тэлегледачоў засьведчыла, што франтальныя здымкi на ўзроўнi вачэй выклiкаюць сымпатыю, ствараюць уражаньне спакою i непасрэднасьцi. А здымкi зьверху (пэрспэктыва “птушынага палёту”) цi зьнiзу (пэрспэктыва “жабкi”) абуджае антыпатыю, фармуе ўражаньне слабасьцi, спустошанасьцi. Гэтаксама дасьледаваўся эфэкт паказу публiкi на тэлеэкране, з чаго былi атрыманыя наступныя вынiкi: “Пры экраннай трансьляцыi рэакцыi публiкi вырашальнае значэньне мае выбар адпаведнага ракурсу — своеасаблiвай “карцiнкi”, дзякуючы якой можна ўзмацнiць цi паслабiць уражаньне (да прыкладу, эфэкт аплядысмэнтаў). Можна даць агульны плян публiкi, вылучыць нейкую яе частку, невялiкiя групы цi асобныя твары. Пры дапамозе простых прыёмаў можна паказаць некалькi чалавек як масу, а натоўп як некалькi чалавек. Чым больш людзей на экране, тым меншае ўражаньне, чым менш людзей у “карцiнцы”, тым больш iнтэнсiўнае ўражаньне” (Э.Ноэль-Нойман).

I яшчэ адна iстотная выснова: палiтык “у кадры” стварае адмоўнае ўражаньне, калi размаўляе з журналiстам супрацьлеглай палiтычнай арыентацыi, паколькi ў такiм выпадку экран дэманструе адчужанасьць: вочы, якiя пазьбягаюць сумоўнiка, напружаная плястыка. А калi да таго ж ёсьць задача паказаць палiтыка ў адмоўным ракурсе, апэратар мэтаскiравана фiксуе непрывабныя для гледача асаблiвасьцi мiмiкi i жэстаў.

Дадатковыя фарбы прыўносiць агучваньне. Згадаем iранiчны “а-ля Ром” камэнтар у “Обычном президенте” i жорстка-агрэсiўны тэкст “Детей лжи”. У абодвух выпадках закадравы голас “вучыў” гледача, як глядзець карцiнку, тлумачыў, што трэба бачыць. Вядома, што эўрапейскiх палiтыкаў навучаюць прамаўляць ня больш за паўтары мiнуты, каб iх не рэдагавалi ў тэлевiзiйных навiнах. Прэзыдэнт ЗША Нiксан увогуле выступаў з заявамi, у якiх было ня болей за сто словаў, каб прэса ня мела магчымасьцi праiнтэрпрэтаваць iм прамоўленае.

З усяго згаданага вынiкае, што творчая група, працуючы на краі падзеi, прапануе гледачу не “акно ў жыцьцё”, а “аповед з нагоды” здарэньня. Апошнiм часам менавiта гэты бок вырабу тэлепаведамленьняў шырока абмяркоўваецца ў прафэсiйных колах i прэсе. Гэта тычыцца i так званых “даздымкаў”, калi эфэктыўныя кадры ладзяцца па заказе журналiстаў дзеючымi асобамi той цi iншай падзеi. Да прыкладу, падчас чачэнскай вайны расейскія журналiсты маглi прыехаць на месцы баёў i папрасiць салдатаў пастраляць у бок чачэнцаў, каб зрабiць здымкi стрэлаў у адказ.

Акрамя ўсяго гэтага, iснуе iнфармацыйная палiтыка кожнага канала, якая акрэсьлiваемежы дазволенай праўды. Адна зь вядучых расейскiх тэлежурналicтаў Алена Масюк ня тоячыся кажа “Мы працуем у кампанii, якая мае свае правiлы гульнi. Рэпарцёр мусiць гуляць па гэтых правiлах. Ёсьць некаторыя рэчы, якiя пройдуць на iншым канале, а ў нас ня будуць паказаныя нiколi”. Аднак наiўны глядач схiльны прымаць “карцiнку” за рэальнасьць, бо звыкся верыць убачанаму на ўласныя вочы.

Мiталягiчнасьць тэлевобразу абумоўлiваецца яго выточнай “кiношнасьцю”, запраграмаванасьцю на пэўную рэакцыю. У гэтай сувязi цiкава згадаць iдэю расейскага фiлёзафа i тэарэтыка мастацтва Паўла Фларэнскага аб тым, што кожнае мастацтва стварае сваю ўласную прастору. Пры гэтым, як сьцьвярджае ён,— мастак часта перакладвае задачу пабудову прасторы на чытача цi слухача. У гэтым сэнсе тэлебачаньне можа быць названа мастацтвам у квадраце, паколькi сваё сэнсавае поле яно стварае з чужога матэрыялу, мантуючы ня толькi фрагмэнты рэальнасьцi, але i культурныя тэксты.

Эфэктны вобраз-iкона ўзьдзейнiчае на псыхiку гледача на дарацыянальным узроўнi i фармуе пэўны тып стаўленьня да ўбачанага. Адпаведнае стаўленьне фармуецца пры дапамозе яркiх i пазнавальных вобразаў, сапраўднасьць якiх глядач у дадзены момант ня здольны праверыць. Праглядаючы iнфармацыйныя тэлесюжэты, мы атрымлiваем аднаразовыя дозы “iнфармацыйнага абслугоўваньня”, аповеды аб лякальных падзеях, якiя забываюцца на наступны дзень. Але пры частым паўторы адных i тых самых ацэнак таго, што адбываецца ў розных сюжэтах i з рознай нагоды, гэтыя аднаразовыя iн'екцыi здольныя сфармаваць трывалы эфэкт. Тым болей, што мiталягiчныя машыны працуюць безь перапынку.

Найпростшая машына такога тыпу — iнфармацыйная праграма кшталту расейскiх “Вестей” цi ВВС. Падобныя праграмы маюць стабiльную структуру, якая, як правiла, уключае наступныя разьдзелы:

— застаўка + анонсы сюжэтаў выпуску (“тытульны лiст”);

— галоўная тэма (“cover story”);

— агляд бягучых падзеяў у краiне;

— агляд бягучых падзеяў за межамi краiны;

— хобi, забавы, культура;

— спорт;

— надвор'е i анонсы наступных выпускаў навiнаў.

Гэты нязьменны ў прынцыпе набор можа вар'iравацца з гледзiшча месца таго цi iншага разьдзелу ў структуры выпуску, а таксама яго канкрэтнай “накрапкі”. Зазвычай гэта зьвязана з сацыяльна-культурнымi традыцыямi, а не з нацыянальна-моўнымi адметнасьцямi. Так, напрыклад, параўнальныя дасьледаваньнi тэлевiзiйных навiнаў у ЗША i Iталii, што былi праведзеныя групай Хэлiна i Манчынi, паказалi, што тэлеканалы ЗША мала ўвагi надаюць грамадзкiм iнiцыятывам, а ў Iталii асноўная ўвага зьвернутая на дзяржаўныя справы. Пры гэтым амэрыканскiя iнфармацыйныя матэрыялы больш адпавядаюць памкненьням аўтараў сюжэтаў, прэзэнтуюць пазыцыю журналiстаў. Iтальянскiя, наадварот, пераважна выяўляюць пазыцыю гаспадароў таго цi iншага тэлеканалу.

Усё гэта адлюстроўвае розныя, гiстарычна сфармаваныя мадэлi стасункаў мас-мэдыяў i ўладных структураў. Характэрна, што для грамадзтваў пераходнага тыпу ў прынцыпе натуральная полiстылiстыка тэлемовы, якая тлумачыцца зьменай культурных арыентыраў. Паводле дасьцiпнай заўвагi Кiрыла Разлогава, постсавецкае тэлебачаньне падобнае да “Бiг-Мака”, бо паядноўвае ў рамках сваiх трансьляцыяў такiя разнародныя зьявы як:

а) падзеi глябальнай поп-культуры (рэкляма + шоў + масавае кiно), культурны архiў (сусьветная кiнаклясыка, опэрныя i балетныя спэктаклi i г.д.),

б) спадчыну савецкага цэнтральнага тэлебачаньня (“Огоньки” i iншыя культасьветпраграмы + тэлепублiцыстыка + навiны + тэле- i кiнафiльмы мiнулых гадоў), i

в) розныя культурныя “гiбрыды” i мутацыi тыпу “Намедни, 1961—1999” i “Старых песен о главном”.

У той жа час паўсюдна фiнальным акордам тэленавiнаў выступаюць спорт i надвор'е. I гэта не выпадкова. Выпуск навiнаў прапаноўвае гледачу па-свойму цэльную мадэль сьвету, панараму рэальнасьцi, задзіночваючы пэўным чынам эмацыйна нагружаную мазаiчную карцiнку нашага жыцьця. З гэтага, згодна з дасьледаваньнямі Glasgow Media Group, вынiкi футбольных гульняў i прагнозы прыродных зьяваў выконваюць ролю своеасаблiвага амартызатара, якi ў нейкай меры мiнiмiзуе шок ад ваенных канфлiктаў, крымiнальнай хронiкi i палiтычных скандалаў. Яны пераключаюць увагу гледача, неўпрыкмет вяртаючы сьвету вобраз стабiльнай i кантраляванай прасторы. А калi казаць увогуле, то тэлевiзiйныя iнфармацыйныя праграмы ператвараюць жыцьцё ў матэрыял для вострасюжэтнага аповеду, адважна драматызуюць рэальнасьць. “Галоўны прынцып — гледачу не павiнна быць сумна”,— раскрывае сваё крэда тая ж Алена Масюк. На гэтым сыходзяцца шляхi журналiстаў i гледачоў. Асноўная задача журналiста — прывабiць i ўтрымаць увагу гледача. Глядач шукае чыстых эмоцый — i атрымлiвае iх. Тэленавiны становяцца штодзённай забавай, iнфармацыйным атракцыёнам.

Мiталягiчны характар тэлевiзiйных навiнаў знаходзiць пацьверджаньне ў дэманстрацыi значных з гледзiшча ўлады падзеяў. Вiзыты, паседжаньнi i да т.п., прынцыпова не тэлевiзiйныя, наўсьцяж пазбаўленыя яркага вiзуальнага iмiджу. Але менавiта iмi ў першую чаргу запоўненыя тэленавiны. Яны пастаянна дэманструюць нам iснуючую сацыяльную гiерархiю, нагадваюць пра значнасьць пэўных пэрсонаў, аб якiх ня можа быць нiякай адмоўнай iнфармацыi.

Для апiсаньня культурных мiтаў, якiя трансьлюе ТБ, Дж.Файск скарыстоўвае разуменьне мiту, дадзенае Ралянам Бартам. Празь ідэю культурных мiтаў мы можам зразумець, да прыкладу, як ТБ стварае міт “армiі”. Знак першага парадку, выточная адзiнка сэнсу, можа паказаць нам асобнага салдата. Армiя ў мiце (а гэта ўжо знак другога парадку, пабудаваны на базе выточных дадзеных) паўстае як “нашыя мужныя хлопцы, сапраўдныя прафэсiяналы, якiя добра ўзброеныя i тэхнiчна забясьпечаныя”. Калi тэлекамэра паказвае нам падзеi з-за сьпiны салдатаў, то мы глядзiм на сьвет як бы iхнымi вачыма (быццам мы знаходзiмся пад iх абаронай), а не нэўтральна. Такi тып маляваньня падзеяў часта скарыстоўваецца ў вэстэрнах цi вайсковых фiльмах тыпу “Ратаваньне радавога Раяна”. Гэтае параўнаньне зусiм не выпадковае. На думку Дж.Файска, “iнфармацыйныя паведамленьнi i мастацкiя камунiкацыi выкарыстоўваюць блiзкiя знакi, паколькi яны адсылаюць уяўленьне гледача да адных i тых жа мiтаў нашай культуры”.

Паводле дакладнага вызначэньня Г.Пачапцова, “наша” армiя ў навiнах заўсёды рухаецца наперад у вызначаным накiрунку да сплянаваных пазыцыяў i дэманструе прыклад арганiзаванасьцi i парадку. Вораг, наадварот, як правiла ўтойваецца за кадрам. У карцiнцы тэленавiнаў яму застаецца адно дзьве ролi: злосна ашчэранага злыдня, абвешанага зброяй, альбо зьнiякавелага, разгубленага палоннага дэзэрцiра.

Тэхнiчная забясьпечанасьць дэманструецца вiзуальным тэзаўрусам вайны — аўтаматы, бронетранспарцёры, верталёты. Гэтыя вiзуальныя знакi затым задзiночваюцца ў агульны мiт пра армiю. Але мiт пра армiю фармуецца хутчэй не татальна, у адзiн момант успрыняцьця, а ў вынiку канцэптуальнага руху, калi наша ўвага сьлiзгае паўз ланцужок канцэптаў, з чаго паступова складваецца пэўны тып псыхалягiчнай рэакцыi. Дж.Файск адзначае ў якасьцi iстотнай характарыстыкi культурнага мiту яго дынамiзм. Складнiкi мiту ўвесь час мяняюцца, аднаўляюцца, i мэдыя-крынiцы адыгрываюць у гэтым значную ролю: “Тэлебачаньне пастаянна правярае мiты на рэалiстычнасьць, увесь час адзначаючы, дзе iх вытлумачальная сiла зьмяншаецца i ўзьнiкае неабходнасьць зьмены вобразнага ладу”.

Пры гэтым, дэманструючы нам адаптаваную згодна з палiтыкай тэлеканалу i патрабаваньнямі аўдыторыi карцiну рэальнасьцi, тэлебачаньне не фальшуе рэальных падзеяў. Яно толькi аднабакова iх тлумачыць, абапiраючыся на эфэкт узьдзеяньня прафэсiйна зробленай “карцiнкi”. Прычына гэтай аднабаковасьцi палягае ў выбарачным акцэнтаваньнi тых цi iншых элемэнтаў сьвету падзеяў. Сукупнасьць вiзуальных вобразаў стварае як бы сэнсавыя контуры пажаданай рэальнасьцi.

Ангажаванае бачаньне здымачнай групы канкрэтнай тэлекампанii як бы замяняе на пэўны час уласнае бачаньне гледача. Зграбна выбудаваная “пад праўду” карцiнка дапаўняецца прысутнасьцю на экране аўтарытэтнага камунiкатара, якi прэзэнтуе матэрыял i служыць гарантам яго сапраўднасьцi. Такiм камунiкатарам у залежнасьцi ад зьместу i характару матэрыялу можа быць незалежны журналiст, праўдзiвы палiтык, бескарысьлівы экспэрт, прызнаны аўтарытэт у iншай сфэры (вялiкi Пэле, якi рэклямуе каву цi “арт-дэсант”—96 расейскай папсы ў падтрымку Ельцына), i, нарэшце, “просты” чалавек. Роля камунiкатара палягае ў факусаваньнi ўвагi гледача на канкрэтным тэлематэрыяле i наданьнi яму статусу выключнай сапраўднасьцi. Тым самым дасягаецца зьнiжэньне ўзроўню крытычнасьцi i аўдыторыя больш поўна падпадае пад уплыў заплянаванага “message”.

Сам глядач, захоплены тым, што адбываецца, як правiла, ня мае часу заўважыць, як зрабiўся аб'ектам манiпуляцыяў. А мiж тым iнфармацыйныя перадачы засвойваюць новыя формы масавага культуратворства, працуючы то ў жанры тэлерэклямы (“Ах, якi ў нас прэзыдэнт — актыўны, строгi i справядлiвы!”), то ў жанры гераiчнага эпасу (хронiка “бiтвы за ўраджай”), а то i ў жанры палiтычнай правакацыi (“iм усiм плацiць ЦРУ”).

Таму нам не пазьбегнуць высновы, што межы памiж рознымi жанрамi ТБ досыць умоўныя. Па сутнасьцi, пераключыўшы канал, мы зноў апынаемся перад чарговай формай мiталягiчнай рэальнасьцi.

А цяпер зiрнем на гэтую праблему трохi ў iншым ракурсе — да прыкладу, праз “мыльную опэру”, бясконцую, як штодзённы побыт, якая распавядае аб прыгодах сваiх пэрсанажаў на мове хатнiх гаспадыняў i такім чынам дазваляе цiкаўным прастаком вiртуальна падглядаць за чужым жыцьцём. Тэлесэрыялы нараджаюць гледача-экспэрта, дасьведчанага ўва ўсiх пэрыпэтыях сюжэту, якi атрымлiвае ня меншае (а то i большае) задавальненьне ня толькi ад самога прагляду, але i ад магчымасьцi абмеркаваць убачанае зь iншымi. Так фармуецца iстотны элемэнт пабытовай iнфармацыйнай прасторы, а разам з тым мэханiзм узнаўленьня ўстойлiвага набору сацыяльных роляў, што ненавязьлiва абараняюць status quo.

Цiкава, што падкрэсьлена дэмакратычная “некiношная” кiнамова тэлесэрыялу знаходзiць свой стылёвы працяг i ў “народных” праграмах, падобных да расейскай “Сам сабе рэжысэр”, “Знак якасьцi” цi “Будка галоснасьцi”, якiя неўпрыкмет перасоўваюцца ад “масавага вiдовiшча” да “рускай народнай галюцынацыi”. Беларускi аналяг — “Бархатны сэзон”.

Музычнае вiдэа, арыентаванае на трохi iншага спажыўца (“прасунутую” тэхна-моладзь цi зьняможанага жыцьцём “постсаўка”, выханаванага на расейскай папсе), таксама зьдзяйсьняе функцыю сацыяльнага праграмаваньня. На пачатку выконваючы ролю рэклямных ролiкаў поп-зорак, музычнае вiдэа досыць хутка сфармавалася ў адметны жанр, паяднаўшы ў сабе элемэнты ўласна тэлерэклямы, кiно i вiдэаарту. Сучасныя клiпы, кароткамэтражныя фiльмы цi “блiц-мiты” — гэта паток вобразаў, сашчэпленых па прынцыпе свабоднай асацыяцыi. Прынцыповая “мазаiчнасьць” вiзуальнага тэксту, перагружанасьць рознымi эфэктамi, высокi тэмп зьмены плянаў, любоў да цытатаў зь фiльмаў i кiнахронiкаў — усё гэта служыць сродкам “перакладу” музыкi на мову вобразу i колеру. Мову тым больш эфэктыўную, што ў дадзеным выпадку задача палягае толькi ў замацаваньнi пэўнай эмацыянальнай хвалi, якая не патрабуе нi камэнтароў, нi тлумачэньняў. Звышзадача тут — фармаваньне не перакананьняў (як у палiтычных праграмах), а стылю жыцьця, своеасаблiвай харэаграфii штодзённасьцi.

У прынцыпе, у мыльнай опэры, палiтычнай iнфармацыi цi музычным вiдэа як у комплексным тэксьце кожны можа ўбачыць i прачытаць тое, што яму жадаецца. Тэлебачаньне — машына вытворчасьцi тэкстаў масавага спажываньня, а тэкст для масаў прынцыпова шматзначны. Дж.Файск фармулюе гэтую iдэю яшчэ больш дакладна: “Папулярныя тэксты мусяць прапаноўваць ня множнасьць значэньняў, а множнасьць магчымасьцяў яго прачытаньня, мадэляў спажываньня... Стратэгiяй тут становiцца вытворчасьць кантэксту, у якiм людзi хацелi б затрымацца”.

У цэлым гiпэртэкст тэлебачаньня, што складваецца як з праграмнага “мэню” кожнага каналу, так i з сукупнасьцi ўсiх даступных спажыўцу тэлевiзiйных праграмаў, выступае ў якасьцi своеасаблiвай “карты сьвету”, па якой заўзятары “блакiтнага экрану” арыентуюцца ў сваiх вандроўках па штодзённым жыцьцi. Паводле дадзеных амэрыканскага сацыяльнага псыхоляга Элiота Арансон, у гэтак званых “гледачоў-цяжкавагавiкоў”, што глядзяць тэлевiзар больш за чатыры гадзiны штодня, i “гледачоў-лёгкавагавiкоў” прынцыпова розныя сьветапоглядныя ўстаноўкi.

“Гледачы-лёгкавагавiкi” вылучаюцца дынамiчнасьцю i пазытыўнай арыентацыяй. “Гледачы-цяжкавагавiкi”, наадварот, схiльныя да паныласьцi, дагматызму, расавых забабонаў, яны перакананыя, што жанчыны менш разьвiтыя за мужчын. Гэты тып гледачоў лiчыць, што ў грамадзтве нарастае хваля гвалту, а старыя людзi цяпер жывуць горш, чым дваццаць гадоў назад. “Гледачы-цяжкавагавiкi” неадэкватна ацэньваюць рэальную сацыяльную структуру грамадзтва, перабольшваюць колькасьць людзей, якiя працуюць дактарамi, адвакатамi i прафэсiйнымi спартоўцамi.

Падобная структура глябальна-сьветапоглядных арыентацый проста прапарцыйная частаце вiзуальных вобразаў у прайм-тайм — вячэрнi час, калi тэлеэкран зьбiрае найбольшую аўдыторыю. Сярэднестатычны рэжым прайм-тайм паказвае на экране мужчын i жанчын у суадносiнах 3:1, пры гэтым жанчыны, як правiла, маладзейшыя за мужчын. Колькасьць “экранных” мужчын на прэстыжных пасадах у параўнаньнi з жанчынамi ў 10 разоў пераўзыходзiць рэальную статыстыку. У тэлерэальнасьцi дзецi, старыя i “каляровыя” застаюцца на другiм пляне, а на першыя месцы патрапляюць сьвецкiя скандалы i крымiнальная хронiка. На гэтай падставе Элiот Аронсон робiць наступную выснову: колькасьць часу, якi глядач праводзiць ля тэлевiзару, проста прапарцыйная ступенi памылковасьцi яго ўяўленьняў пра жыцьцё.

Разам з тым адзначым, што ня трэба супрацьстаўляць “хлусьлiвае” тэлебачаньне i “праўдзiвы” ўласны жыцьцёвы досьвед. Наша штодзённая практычная сьвядомасьць ад пачатку ўключае ў сябе значную колькасьць iнтуiцыйных, вобразна-эмацыйных цi проста мiталягiчных уяўленьняў. Размова тут вядзецца пра iншае, трэба пазбаўляцца iлюзiяў аб безумоўнай праўдзiвасьцi i аб'ектыўнасьцi ўсяго, што прапануецца нам у фармаце iнфармацыйна-аналiтычных праграмаў, незалежна ад iх паходжаньня.

Мы схiльныя забывацца, што выслоўе “бачыў сваiмi вачыма” зусiм не гарантуе аб'ектыўнасьцi iнфармацыi. Жан Бадрыяр дакладна заўважыў: “Экран — гэта вы самi, гэта тэлебачаньне глядзiць на вас i працягвае скрозь вас магнiтную стужку...” Тэлебачаньне будуе вiртуальны сьвет, якi можа быць нашым настаўнiкам, суцяшальнiкам, нашым прытулкам i нашай пляцоўкай для гульняў. Яно заўсёды гатовае прапанаваць нам ролю гледача, патэнцыйнага пэрсанажу цi нават магчымага аўтара. Сутнасьць тэлебачаньня — вучыць нас бачаньню. Узiраючыся ў тэлевiзар, спажывец адначасна чытае iнфармацыю i iнструкцыю па яе ўжываньні, з чаго ў сукупнасьцi набываецца досьвед прачытаньня любой вiртуальнай цi рэальнай падзейнай лiнii. Зрэшты, для “запойнага” гледача розьнiца памiж iмi робiцца неiстотнай.

Тэлебачаньне дзелiцца з намi сваёй суб'ектыўнасьцю. Прэтэндуючы на агляд праблемаў сьвету, яно, па сутнасьцi, усялякi раз усяго толькi пацьвярджае факт свайго ўласнага iснаваньня.


Лiтаратура

1. Аронсон Э. Общественное животное. М., 1999.

2. Ноэль-Нойман Э. Общественное мнение. Открытие спирали молчания. М., 1996; Строение фильма. М., 1985.

3. Панкратова Ю. Профессия — репортёр // Искусство кино, 1999, № 2, С. 95.

4. Почепцов Г. Теория и практика коммуникации. М., 1998.

5. Флоренский П. Анализ пространственности и времени в художественно-изобразительных произведениях. М., 1993.

6. Lorimer R. Mass Communications. Manchester University Press, 1996.

7. McQuail D. Mass Communication Theory. An Introduction. L., 1994.

8. Fiske J., Hartley J. Reading television. L., 1978.

9. Weaver W. The mathematics of communications // Communication and culture. NY., 1966. P. 17—23.

Аўдыторыя мэдыяў

Грамадзтва як “вялікая аўдыторыя” мэдыяў

Плян:

1. Сацыяльная прастора камунікацыі

2. Грамадзкая думка (апінія)

3. Мас-мэдыі і грамадзкая думка

4. Сацыяльныя групы і аўдыторыі

5. Дзьве вялікія аўдыторыі мэдыяў

“Досьледы камунікацыі і мэдыяў” фармулююць сваю ўласную візію грамадзтва. Гэта — перадусім прастора камунікацыі паміж людзьмі, рознымі сацыяльнымі групоўкамі, інстытуцыямі, ідэалёгіямі і культурамі.

Магчымасьць камунікацыі вынікае тут з актыўнасьці розных удзельнікаў сацыяльных дачыненьняў, якія, як правіла, адбываюцца ў форме каапэрацыі, канкурэнтнай барацьбы ці нават у форме канфліктных сытуацыяў. Ува ўсіх гэтых выпадках камунікацыя ня толькі апасродкуе сацыяльныя дачыненьні, але і ёсьць важным элемэнтам іхнага канструяваньня гэтак жа сама, як і асягненьне выніковасьці самога дзеяньня ці дзеяньняў.

Найбольш інтэнсіўныя камунікацыйныя працэсы адбываюцца ў чатырох вялікіх сфэрах грамадзтва, а менавіта, гэта — а) сфэра дзяржавы, г.зн. сацыяльная прастора дзяржаўных інстытуцыяў і тых дачыненьняў, што падпадаюць пад іхны кантроль; б) эканамічная сфэра, в) палітычная сфэра і г) сфэра публічнасьці.

Гэтыя сфэры знаходзяцца ў дынамічных узаемадачыненьнях.

Неабходна адзначыць, што ў дэмакратычных грамадзтвах межы сацыяльнай прасторы дзяржавы і сфэры кантраляваных ёй дачыненьняў, як правіла, зьяўляюцца добра вызначанымі і кантралюцца празь існыя законы, дзейнасьць палітычнай апазыцыі (партыяў, што не знаходзяцца ў гэты момант пры ўладзе), грамадзкую думку, а таксама праз культываваньне такіх дэмакратычных свабодаў, як свабода выказваньня і свабода прэсы. Спынімся тут на сфэры публічнасьці, бо якраз ува ўзаемадачыненьнях публічнай сфэры і сфэры дзяржавы выяўляюцца шмат якія праблемы, якія тычацца СМІ.

Лічыцца, што публічная сфэра — гэта сфэра свабоднага выяўленьня апініі, думак і меркаваньня грамадзянаў адносна розных сацыяльных, палітычных, эканамічных альбо якіх-небудзь іншых зьяваў і праблемаў. У гэтай прасторы на падставе рацыянальных аргумэнтаў і дыялёгу ўзьнікае і фармуецца свабодная грамадзкая думка. Варта адзначыць, што прадметам абмеркаваньня ў публічнай сфэры зьяўляюцца не вузкапрафэсійныя альбо прыватныя праблемы людзей, а тыя, што тычацца альбо могуць тычыцца дастаткова вялікіх сацыяльных групаў, жыцьцёвых інтарэсаў людзей, а таксама ўсяго грамадзтва.

Нямецкі сацыёляг і філёзаф Юрген Габэрмас, які разьвіваў менавіта такую інтэрпрэтацыю публічнай альбо грамадзкай сфэры, лічыў, што яна выступае ў якасьці пасярэдніцкай інстанцыі паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю і паклікана абмяжоўваць сфэру ўплываў дзяржавы, забясьпечваючы тым самым працэсы функцыянаваньня дэмакратычнай сыстэмы і дэмакратычных інстытутаў грамадзтва.

Лічыцца таксама, што да сфэры публічнасьці належыць і прэса як форум альбо мейсца публічных выказваньняў і выяўленьня розных думак, поглядаў і меркаваньняў. Пры гэтым, аднак, неабходна адзначыць, што хаця мэдыі і дзейнічаюць пераважна ў публічнай сфэры, але яны не зьяўляюцца шараговымі агентамі гэтай сфэры. Мэдыі адыгрываюць надзвычай актыўную ролю і зьяўляюцца самым дзейсным інструмэнтам фармаваньня грамадзкай думкі і ўплыву як на гэтую, так і на іншыя сфэры грамадзтва.

Погляд Габэрмаса на публічную сфэру як прастору, у якой камунікацыйныя паводзіны засноўваюцца на выкарыстаньні рацыянальных аргумэнтаў і дзе ўдзельнікі зьяўляюцца як бы раўнапраўнымі яе агентамі, якія імкнуцца да выяўленьня публічнай ісьціны, часам крытыкуюць за тое, што яна ігнаруе іншыя матывацыі, зь якімі ўдзельнікі публічнай сфэры могуць у ёй прысутнічаць ці дзейнічаць. У першую чаргу гэтая крытыка тычыцца палітычных паводзінаў і палітычнай дзейнасьці.

Амэрыканскі сацыёляг і філёзаф Ганна Арэндт высунула іншую інтэрпрэтацыю публічнай сфэры. Зь яе гледзішча публічная сфэра — гэта “публічная сцэна”. Публічныя фігуры, найчасьцей гэта палітыкі, паўстаюць тут ня ў якасьці асобаў, якія імкнуцца да высьвятленьня публічнай ісьціны, а як акторы. І, адпаведна, грамадзкая сфэра — гэта ня форум для публічных дыскусіяў, а сцэна, на якую выходзяць з тым, каб дасягнуць пэўнага посьпеху. Прычым посьпех залежыць не ад таго, што скажа актор, а ад таго, ці патрапіць ён дагадзіць, спадабацца публіцы.

Галоўная мэта такога камунікацыйнага дзеяньня — гэта не абмеркаваньне важных грамадзкіх мэтаў і сродкаў іх дасягненьня, а імкненьне зачараваць публіку, займець яе падтрымку дзеля тых мэтаў, якія насамрэч ніколі публічна не абмяркоўваюцца. “Плакаў узрушаны электарат…”, — так камэнтуе рэжысэр Ю.Хашчавацкі адну са сцэнаў наведваньня кандыдатам у прэзыдэнты А.Лукашэнкам свайго роднага Шклова ў фільме “Звычайны прэзыдэнт”.

Як піша францускі дасьледчык Жан-Марк Фэры, у дадзеным выпадку мы маем справу з “выяўленчай эстэтыкай прэзэнтаваньня самога сябе, калі кожны мусіць “праявіць сябе”, каб дамагчыся славы”. Цікава адзначыць, што слава ў дадзеным выпадку не зьяўляецца чымсьці, што цалкам належыць яе ўладальніку, — яна ёсьць фэномэнам добраахвотнага падпарадкаваньня думкі дастаткова вялікай колькасьці людзей аўтарытэту меркаваньня асобы, якая “праявіла сябе”, здолела прыцягнуць да сябе ўвагу.

Адзначым таксама, што прапанаваная Ганнай Арэндт інтэрпрэтацыя публічнай сфэры як “публічнай сцэны” мае пэўнае дачыненьне да таго, што можна назваць фэномэнам папулізму. Папулізм — гэта і ёсьць тое, што ў значнай ступені базуецца на прадстаўленьні, на тэатральным дзеяньні, на пэрфомансе, якія мусяць захапіць публіку, выклікаць у яе самыя розныя эмацыйныя рэакцыі (пераважна станоўчыя), стварыць эфэкт эмацыйнага ці нават эстэтычнага задавальненьня.

Відавочна, што інтэрпрэтацыі публічнай сфэры Ю.Габэрмаса і Г.Арэндт — гэта розныя інтэрпрэтацыі, але наўрад ці можна назваць іх глыбока супярэчлівымі. Хутчэй, яны проста фіксуюць розныя станы публічнай сфэры. У краінах з добра ўсталяванымі дэмакратычнымі інстытуцыямі і трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі публічная сфэра — гэта перадусім прастора дыскусіяў, у якіх рацыянальныя аргумэнты насамрэч адыгрываюць вызначальную ролю; у краінах пераходнага пэрыяду, якія перажываюць сур'ёзныя крызы і дзе значная колькасьць людзей знаходзіцца ў стане дэзарыентаванасьці, яна мае тэндэнцыю ператварацца ў “сцэну” для асобаў і палітыкаў зь яўна авантурыстычнымі памкненьнямі, асобаў з мэтамі і амбіцыямі хутчэй асабістага, чымсьці грамадзкага характару.

Ужо адзначалася, што публічная сфэра — гэта сфэра выяўленьня думак, датычных сур'ёзных грамадзкіх альбо агульнанацыянальных праблемаў. Інакш кажучы, публічная сфэра — гэта сфэра, дзе фармуецца і выяўляецца грамадзкая думка альбо апінія.

Шмат якія сацыёлягі сыходзяцца на тым, што для ўзьнікненьня і фармаваньня грамадзкай думкі неабходна наяўнасьць прынамсі чатырох фактараў, а менавіта: а) нейкай грамадзкай праблемы, якая выклікае напружанасьць; б) даволі значнай колькасьці людзей, якія выказваюць свае меркаваньні адносна гэтай праблемы; в) асноўны зьмест гэтых меркаваньняў падзяляецца большасьцю людзей і г) гэтыя меркаваньні мусяць уплываць на іншых людзей, сацыяльныя ці ўрадавыя інстытуцыі.

Будзем мець на ўвазе, што грамадзкая апінія — гэта абавязкова вынік сацыяльнага ўзаемадзеяньня і камунікацыі. Інакш кажучы, ня можа існаваць той ці іншай грамадзкай думкі, калі асобы, якія фармуюць яе, не камунікуюцца і не абменьваюцца паміж сабой сваімі меркаваньнямі і ацэнкамі адносна той ці іншай праблемы. Камунікацыя пры гэтым адбываецца альбо ў форме наўпроставай міжасабовай ці публічнай камунікацыі, альбо, як у сёньняшнім грамадзтве масавай камунікацыі, пры дапамозе СМІ.

Акрамя таго, што сацыяльнае ўзаемадзеяньне і камунікацыя зьяўляюцца базавымі фактарамі, якія фармуюць грамадзкую апінію, на яе фармаваньне могуць таксама ўплываць розныя абставіны, прыналежнасьць людзей да розных сацыяльных групаў, а таксама меркаваньні фармальных і нефармальных лідэраў.

У той жа час неабходна ўсьведамляць, што крыніцай меркаваньняў і думак зьяўляецца сам чалавек, таму псыхалягічнай падставай фармаваньня грамадзкай апініі зьяўляюцца самыя розныя каштоўнасьці, якія падзяляюць, падтрымліваюць альбо адстойваюць людзі. Гэтыя каштоўнасьці могуць быць як палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, так і рэлігійныя, эстэтычныя і да т.п. У гэтым сэнсе можна сьцьвярджаць, што грамадзкая думка заўсёды ўгрунтаваная ў якія-небудзь каштоўнасьці ці сыстэму каштоўнасьцяў.

Калі гаварыць пра структуру грамадзкай апініі, якую мы вызначылі як думку вялікіх колькасьцяў людзей адносна важных і сур'ёзных грамадзкіх праблемаў, то няцяжка заўважыць, што гэтая думка, так бы мовіць, паўтарае тую структуру сацыяльна-камунікацыйнай прасторы, пра якую мы казалі на самым пачатку лекцыі. А менавіта, грамадзкая думка структуруецца галоўным чынам вакол праблемаў дзяржавы і ўлады, палітыкі ўрадаў, дзеяньняў апазыцыі, эканамічных праблемаў грамадзтва, і ўласна публічнай сфэры, куды даволі лёгка трапляюць самыя розныя сацыяльныя, культурныя, палітычныя, этнічныя і іншыя праблемы.

Колькі словаў неабходна таксама сказаць пра дынаміку грамадзкай апініі. Гэта важны момант, бо мас-мэдыі маюць самае непасрэднае дачыненьне да фармаваньня, уплыву і падрыхтоўкі зьменаў у грамадзкай думцы.

Трэба сказаць, што існуюць як адносна кансэрватыўныя сэгмэнты грамадзкай думкі, так і адносна дынамічныя. Да прыкладу, у эканамічна стабільных і багатых краінах грамадзкая думка можа дзесяцігодзьдзямі ці нават стагодзьдзямі не зьмяняцца адносна такіх рэчаў, як эканамічны лад ці дзяржаўнае ўладкаваньне. Цікава адзначыць, што большасьць амэрыканцаў сёньня, як і 50 гадоў назад, перакананая, што капіталізм ёсьць найлепшай эканамічнай сыстэмай. Але за пасьляваенныя гады істотным чынам зьмянілася, напрыклад, стаўленьне грамадзкай думкі ў ЗША да такой праблемы, як сумеснае навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах белых і чорных грамадзянаў. Калі ў 1942 г. толькі 30 адсоткаў амэрыканцаў лічыла, што гэта магчыма, то ў 1984 г. ужо 90 адсоткаў выказалася станоўча. Сьветапоглядная перамена сталася магчымай праз публічнае абмеркаваньне праблемы як у асяродку нэгрыцянскай супольнасьці, так і ў амэрыканскай прэсе.

Гэткім чынам, некаторыя зьмены грамадзкай апініі могуць адбывацца даволі хутка. Перарухі ж у стаўленьні да глябальных праблемаў звычайна адбываюцца цягам гадоў і дзесяцігодзьдзяў.

Якія ў гэтым сэнсе ўзаемадачыненьні існуюць паміж мас-мэдыямі і грамадзкай думкай?

Мы ўжо неаднаразова адзначалі, як сродкі масавай камунікацыі апасродкуюць самыя розныя сацыяльныя працэсы, з чаго чалавек становіцца залежным у сваіх меркаваньнях ад СМІ. Вось яшчэ адзін цікавы прыклад: у сучасным сьвеце тое, што мы называем навінамі альбо падзеямі, зьяўляецца такімі толькі таму, што пра гэта напісалі газэты ці паведаміла тэлебачаньне. Інакш кажучы, вартым увагі грамадзкай думкі даволі часта аказваецца адно тое, што было асьветлена ў прэсе.

Адсюль, аднак, ня варта рабіць выснову, быццам мас-мэдыі — гэта нешта накшталт інфармацыйнага дыктатара, які загадвае, што лічыць важным, а што няважным. Гэта хутчэй сьведчаньне таго, што ў дэмакратычных грамадзтвах мэдыі, акрамя ўсяго іншага, ёсьць важнай часткай грамадзкай думкі. Здараецца, канечне, і так, што прыярытэты мас-мэдыяў і грамадзкай апініі не супадаюць. Апошняя надае часам большую вагу якраз і ня самым важным падзеям альбо праблемам.

Цікавымі ў гэтым сэнсе сталіся вынікі аднаго дасьледаваньня. У першыя два месяцы 1990 г. у ЗША шырока асьвятляліся палітычныя зьмены, што адбываліся ўва Ўсходняй Эўропе. У лютым ЗША наведаў Вацлаў Гавэл і выступаў у кангрэсе ЗША. Калі ў сакавіку гэтага ж году да тэлегледачоў зьвярнуліся з пытаньнем “Ці ня ведаеце вы часам, хто такі Вацлаў Гавэл?”, то толькі 14 адсоткаў апытаных правільна адказала на пытаньне. Было зададзена аналягічнае пытаньне і пра міс Мэпл. Аказалася, што 37 адсоткаў ведаюць, што яна ёсьць новай палюбоўніцай аднаго зь нью-ёрскіх мультымільянэраў. Як бачна, значнасьць асобы міс Мэпл для грамадзкай думкі пераўзышла значнасьць асобы Вацлава Гаўла.

У дэмакратычных грамадзтвах праблема несупадзеньня прыярытэтаў, аднак, не зьяўляецца драматычнай. Мэдыі і грамадзкая апінія знаходзяцца тут у даволі дынамічных стасунках. Адсутнасьць цэнзуры і наяўнасьць шматлікіх каналаў інфармацыі робяць магчымым разгледзець любую значную праблему ці тэму ў публічнай сфэры і заакцэнтаваць на ёй увагу публікі.

Іншая сытуацыя існуе ў тых грамадзтвах, дзе СМІ кантралююцца ўладай. Для разгляданай тут праблемы ўяўляюць цікавасьць такія прыёмы, як шырокае ўжываньне “фігураў замоўчваньня” і навязваньне грамадзкай апініі сацыяльных, палітычных ці іншых прыярытэтаў, якія не адпавядаюць рэальным праблемам і, адпаведна, не вядуць да іх вырашэньня.

Дагэтуль мы разважалі пра грамадзкую апінію як пра нешта адзінае і недыфэрэнцыяванае. Хаця такі падыход і выглядае абстрактным, аднак фактам зьяўляецца тое, што ў шэрагу выпадкаў большасьць ці нават пераважная большасьць людзей, якія належаць да аднаго і таго ж грамадзтва, сапраўды могуць мець аднолькавую думку адносна той ці іншай праблемы. Спашлемся на ўжо пададзеныя лічбы, выяўленыя ў апытаньні амэрыканцаў адносна праблемы супольнага навучаньня чарнаскурых і белых людзей. 90 адсоткаў амэрыканцаў сёньня лічаць, што гэта нармальная рэч. Пераважная большасьць людзей ува ўсім цывілізаваным сьвеце лічыць сёньня, што экалягічныя праблемы ёсьць важнымі і што ўрады іхных краінаў мусяць праводзіць адпаведную палітыку.

У гэтым сэнсе мы і казалі пра грамадзтва як пра адну вялікую аўдыторыю. Разам з тым відавочна, што ў грамадзтве заўсёды ёсьць людзі, якія не падзяляюць апініі большасьці, існуюць вялікія групоўкі, якія часам маюць супрацьлеглыя думкі адносна адной і той жа праблемы. Ня ёсьць аднароднай ці гамагеннай і сама публічная сфэра.

Чаму грамадзкая думка людзей адной і той жа супольнасьці падзяляецца? Чаму, нарэшце, у межах адной “вялікай аўдыторыі” існуе шэраг розных як па сваёй велічыні, так і па сваёй інфармацыйнай скіраванасьці аўдыторыяў?

Адказ на гэтыя пытаньні ляжыць адначасова ў некалькіх плашчынях. Усе людзі маюць адрозныя інтэлектуальныя здольнасьці. Працэс сацыялізацыі індывідаў адбываецца ў непадобных культурных, інтэлектуальных, сацыяльных і палітычных умовах. Урэшце, усе людзі маюць свой уласны досьвед узаемадачыненьняў зь іншымі людзьмі і належаць да розных сацыяльных групаў.

У кантэксьце нашай тэмы панятак сацыяльнай групы важны, бо дазваляе адценіць зьмест панятку “аўдыторыя”. Скарыстаем тут дэфініцыю, якую даў псыхоляг Джозэф МакГрат. “Група — гэта сукупнасьць дзьвюх альбо большай колькасьці асобаў, якія знаходзяцца ў той ці іншай ступені дынамічных узаемастасункаў”. Прыкладамі сацыяльных групаў ёсьць сям'я, студэнцкая група, палітычная партыя, прафэсійныя саюзы і г.д.

Паколькі абавязковым крытэрам групы зьяўляецца наяўнасьць той ці іншай ступені ўзаемастасункаў і ўзаемадачыненьняў, то сацыяльная група — гэта такая структураваная сукупнасьць людзей, дзе існуюць розныя, але ўзаемазалежныя ролі, пэўныя нормы паводзінаў, а таксама нейкім чынам арганізаваная сыстэма камунікацыі. Калі, да прыкладу, гэта палітычная партыя, то яна мае ці можа мець сваю газэту. Дзеля абмеркаваньня розных праблемаў партыі зьбіраюцца на свае кангрэсы ці зьезды. Калі гэта футбольная каманда, то, як вы ведаеце, у ёй таксама адбываецца даволі інтэнсіўны працэс камунікацыі. Футбалісты і трэнэры заўсёды абмяркоўваюць згуляныя ці яшчэ не згуляныя матчы і дыскутуюць адносна ролі кожнага з гульцоў у гэтых гульнях.

Для сацыяльных групах характэрны таксама пэўны ўзровень эмацыйных сувязяў. У партыях і прафсаюзах гавораць пра еднасьць і салідарнасьць, у футбольных камандах пра “пачуцьцё локця”, у студэнцкіх асяродках — пра студэнцкае братэрства і г.д.

Хаця аўдыторыі, як і сацыяльныя групы, таксама ўяўляюць зь сябе сукупнасьці людзей, аднак названае вышэй не характэрнае ні для аўдыторыяў наогул, ні для аўдыторыяў мэдыяў, у прыватнасьці. Праўда, у некаторых даволі вузкіх аўдыторыях гэтыя характарыстыкі могуць прысутнічаць у няяўнай ці слаба выражанай форме. Да прыкладу, калі ў невялікім горадзе, то ёсьць тэатар, то ясна, што некаторыя яго наведнікі будуць ведаць адзін адно. Паміж імі нават могуць існаваць нейкія кантакты. Але калі гаворка ідзе пра аўдыторыю кінатэатру ў вялікім горадзе, то малаверагодна, што сярод гледачоў вы сустрэнеце вашых знаёмых. Гэта азначае, што ў аўдыторыях ніяк ня вызначаныя стасункі паміж людзьмі.

А таму аўдыторыі — гэта малыя альбо вялікія сукупнасьці людзей, у якіх альбо цалкам адсутнічае структураванае і пэўным чынам арганізаванае ўзаемадзеяньне паміж асобамі, альбо яно прысутнічае ў мінімальнай і ня выражанай ступені . Ці адрозьніваецца тады аўдыторыя ад, напрыклад, натоўпу на тралейбусным прыпынку, дзе ўзаемадзеяньне таксама адсутнічае? Безумоўна адрозьніваюцца: у аўдыторыях заўсёды адбываецца працэс камунікацыі . Але калі вы, прыкладам зьвернецеся да натоўпу на прыпынку з палымянай прамовай адносна таго, што ўжо даўно няма тралейбусу ды пры гэтым яшчэ паставіце пытаньне “хто вінаваты?”, то вы лёгка ператворыце натоўп у аўдыторыю.

Скажам тут колькі словаў і пра сам тэрмін “аўдыторыя”. З этымалягічнага пункту гледжаньня ўжываньне гэтага тэрміну выглядае як супярэчлівае. Тэрмін паходзіць ад лацінскага слова “audire”, што азначае “слухаць “, а аўдыторыя, адпаведна, мейсца, дзе слухаюць. Сёньня тэрмін, аднак, ужываецца ў пашыраным значэньні і тычыцца ня толькі тых, хто слухае, але і тых, хто глядзіць. Зрэшты, такое пашырэньне значэньня — нармальная лінгвістычная зьява. Скажам, слова “чарніла” абазначае сёньня ня толькі чорную вадкасьць для пісаньня. А сфармаваўся тэрмін “аўдыторыя” ў тыя часы, калі вусная камунікацыя была дамінуючай формай.

Ці ёсьць яшчэ якія-небудзь характарыстыкі аўдыторыі, акрамя вышэйназванай? Так. Гэта — агульны інтарэс, агульная цікавасьць. Калі зусім незнаёмыя людзі сабраліся на стадыёне, каб паглядзець якія-небудзь спаборніцтвы, то гэта азначае, што ўсе яны маюць прыкладна аднолькавую цікавасьць да спаборніцтваў.

Яшчэ адна характарыстыка аўдыторыяў — гэта агульны настрой. У аўдыторыях існуе тэндэнцыя да супольных і калектыўных па сваёй прыроде эмацыйных рэакцыяў. Гледачы, да прыкладу, могуць разам сьмяяцца, плакаць ці разам пляскаць у ладкі.

Як вядома, два асноўныя каналы ўспрыняцьця інфармацыі — гэта слых і зрок. Радыё, прыкладам, “эксплюатуе” слых, газэты — зрок, тэлебачаньне, кіно, тэатар, відэа — зрок і слых разам. Маючы на ўвазе гэтыя два каналы інфармацыі, аўдыторыі мэдыяў можна падзяліць на слыхавыя і візуальныя. Хаця такое падзяленьне выглядае ўмоўным у дачыненьні да тэлебачаньня, напрыклад, аднак сэнс яго ў тым, што існуюць яўныя адрозьненьні як ува ўспрыняцьці і падачы візуальнай інфармацыі, так і ўва ўспрыняцьці і падачы слыхавой інфармацыі. Гэтае разрозьненьне, як убачым ніжэй, не зьяўляецца толькі тэарэтычным, але мае і важнае практычнае значэньне.

У 60-х і 80-х гадох у ЗША праводзіліся цікавыя дасьледаваньні ўспрыняцьця палітычных навінаў праз тэлебачаньне і газэты. Як вядома, тэлебачаньне зьяўляецца вельмі насычаным і вельмі дынамічным сродкам перадачы навінаў і рознай іншай інфармацыі. Здавалася б, што людзі, якія рэгулярна глядзяць тэлебачаньне, мусяць лепш арыентавацца ў розных палітычных падзеях, чымся дваццаць ці трыццаць гадоў назад, калі асноўнай крыніцай інфармацыі была газэта. Аднак высьветлілася, што гэта ня так.

У 1967 і 1987 гг. у ЗША праводзіліся дасьледаваньні, у якіх у рэспандэнтаў пыталіся пра прозьвішча губэрнатара іхняга штату. У 1967 г. толькі 9 адсоткаў апытаных не назвалі гэтага імя. У 1987 г. аказалася, што ўжо 17 адсоткаў ня ведаюць прозьвішча свайго губэрнатара. Аўтар гэтага дасьледаваньня лічыць, што меншая кампэтэнтнасьць рэспандэнтаў зьяўляецца вынікам пераключэньня большай колькасьці людзей на атрыманьне інфармацыі праз тэлебачаньне.

Разам з тым высьветлілася, што людзі, якія рэгулярна чытаюць газэты, значна лепш чым тэлегледачы арыентуюцца ў такіх рэчах, як адрозьненьні палітычных праграмаў розных кандыдатаў. Спэцыялісты тлумачаць гэта тым, што на тэлебачаньні галоўным элемэнтам пасланьня зьяўляецца “карцінка”, а ў газэце і на радыё — тэкст. Да таго ж можна дадаць, што радыйны тэкст, напэўна, больш інфармацыйна самадастатковы, чымся тэлевізійны, які прывязваецца да “карцінкі”.

Аднак найбольш выразна аўдыторыя падзяляецца на слыхавую і візуальную на ўзроўні ўспрыняцьця інфармацыі. Практычна ўсе падручнікі па журналістыцы ўтрымліваюць разьдзелы, прысьвечаныя стылю матэрыялаў на радыё, тэлебачаньні і ў друкаваных сродках інфармацыі. Што такое стыль у нашым кантэксьце? Гэта такі спосаб падачы інфармацыі, які забясьпечвае яе лепшае ўспрыняцьцё аўдыторыяй.

Зьвернемся да “Дапаможніка для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”. На старонках 129—130 прыведзеныя асноўныя разрозьненьні стылю на радыё/тэлебачньні і ў друкаваных выданьнях. Вось некаторыя зь іх.

“Па магчымасьці пазьбягайце прамога цытаваньня. Калі толькі прамая цытата не зьяўляецца істотнай, лепш за ўсё ўжываць пераказ. Карыстацца прамымі цытатамі ў эфіры вельмі нязручна, бо складана ўказаць слухачу на пачатак і канец цытаты”.

“Лічбы трэба акругляць. Журналісту газэты трэба падаваць лічбы як мага дакладнейшыя”.

Альбо: “Пазьбягайце прыдаткаў у сказах. Прыдатак — гэта слова ці група словаў, якія азначаюць назоўнік”.

Як бачна, усе гэтыя рэкамэндацыі скіраваныя на спрашчэньне тэксту на радыё і тэлебачаньні. Тэкст на слых успрымаецца цяжэй, а таму ён у пэўнай меры мусіць спрашчацца. Між тым рэчаіснасьць, як і тэкст, які яе адлюстроўвае ці тлумачыць, далёка не заўсёды паддаецца спрашчэньню.

У той жа час тэлебачаньне і радыё, так бы мовіць, “не дазваляюць” доўгіх тэкстаў. Відавочна, што тэлебачаньне імкнецца таксама да экспрэсіўнасьці “карцінкі”. А экспрэсіўнасьць — гэта толькі адзін бок зьявы: прыгажосьць ружы, напрыклад, нічога ня кажа нам пра працэсы фотасынтэзу ці якія іншыя працэсы, што адбываюцца ў расьлінах. Тлумачэньне пэўнай зьявы не супадае зь яе прэзэнтацыяй, а аб'ектыўнасьць інфармацыі — з экспрэсіўнасьцю яе падачы. У больш шырокім сэнсе можна сказаць, што экспрэсіўнасьць, эмацыйнасьць і выразнасьць падачы інфармацыі могуць засланяць фактычны бок зьявы альбо падзеі. Экспрэсіўнасьць — гэта толькі сродак, прычым сродак апэляцыі менавіта да эмоцыяў аўдыторыі, чым, здараецца, карыстаюцца СМІ дзеля стварэньня пэўнай грамадзкай апініі і маніпуляваньня ёю.


Літаратура

1. Deaux К. and others. Social Psychology in the 90s. Books // Cole Publishing Company, 1993.

2. DeFleur Melvin L. Theories of Mass Communication. Longman, 1988.

3. Janda K. The Challenge of Democracy. Government in America, 3rd ed., Houghton Mifflin Company, 1992.

4. Аронсон Э. Общественное животное. М., 1998.

5. Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Мн., 1995.

6. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

7. Бурдье П. Социология политики. М., 1993.

Грамадзтва як “вялікая аўдыторыя” мэдыяў

Плян:

1. Сацыяльная прастора камунікацыі

2. Грамадзкая думка (апінія)

3. Мас-мэдыі і грамадзкая думка

4. Сацыяльныя групы і аўдыторыі

5. Дзьве вялікія аўдыторыі мэдыяў

“Досьледы камунікацыі і мэдыяў” фармулююць сваю ўласную візію грамадзтва. Гэта — перадусім прастора камунікацыі паміж людзьмі, рознымі сацыяльнымі групоўкамі, інстытуцыямі, ідэалёгіямі і культурамі.

Магчымасьць камунікацыі вынікае тут з актыўнасьці розных удзельнікаў сацыяльных дачыненьняў, якія, як правіла, адбываюцца ў форме каапэрацыі, канкурэнтнай барацьбы ці нават у форме канфліктных сытуацыяў. Ува ўсіх гэтых выпадках камунікацыя ня толькі апасродкуе сацыяльныя дачыненьні, але і ёсьць важным элемэнтам іхнага канструяваньня гэтак жа сама, як і асягненьне выніковасьці самога дзеяньня ці дзеяньняў.

Найбольш інтэнсіўныя камунікацыйныя працэсы адбываюцца ў чатырох вялікіх сфэрах грамадзтва, а менавіта, гэта — а) сфэра дзяржавы, г.зн. сацыяльная прастора дзяржаўных інстытуцыяў і тых дачыненьняў, што падпадаюць пад іхны кантроль; б) эканамічная сфэра, в) палітычная сфэра і г) сфэра публічнасьці.

Гэтыя сфэры знаходзяцца ў дынамічных узаемадачыненьнях.

Неабходна адзначыць, што ў дэмакратычных грамадзтвах межы сацыяльнай прасторы дзяржавы і сфэры кантраляваных ёй дачыненьняў, як правіла, зьяўляюцца добра вызначанымі і кантралюцца празь існыя законы, дзейнасьць палітычнай апазыцыі (партыяў, што не знаходзяцца ў гэты момант пры ўладзе), грамадзкую думку, а таксама праз культываваньне такіх дэмакратычных свабодаў, як свабода выказваньня і свабода прэсы. Спынімся тут на сфэры публічнасьці, бо якраз ува ўзаемадачыненьнях публічнай сфэры і сфэры дзяржавы выяўляюцца шмат якія праблемы, якія тычацца СМІ.

Лічыцца, што публічная сфэра — гэта сфэра свабоднага выяўленьня апініі, думак і меркаваньня грамадзянаў адносна розных сацыяльных, палітычных, эканамічных альбо якіх-небудзь іншых зьяваў і праблемаў. У гэтай прасторы на падставе рацыянальных аргумэнтаў і дыялёгу ўзьнікае і фармуецца свабодная грамадзкая думка. Варта адзначыць, што прадметам абмеркаваньня ў публічнай сфэры зьяўляюцца не вузкапрафэсійныя альбо прыватныя праблемы людзей, а тыя, што тычацца альбо могуць тычыцца дастаткова вялікіх сацыяльных групаў, жыцьцёвых інтарэсаў людзей, а таксама ўсяго грамадзтва.

Нямецкі сацыёляг і філёзаф Юрген Габэрмас, які разьвіваў менавіта такую інтэрпрэтацыю публічнай альбо грамадзкай сфэры, лічыў, што яна выступае ў якасьці пасярэдніцкай інстанцыі паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю і паклікана абмяжоўваць сфэру ўплываў дзяржавы, забясьпечваючы тым самым працэсы функцыянаваньня дэмакратычнай сыстэмы і дэмакратычных інстытутаў грамадзтва.

Лічыцца таксама, што да сфэры публічнасьці належыць і прэса як форум альбо мейсца публічных выказваньняў і выяўленьня розных думак, поглядаў і меркаваньняў. Пры гэтым, аднак, неабходна адзначыць, што хаця мэдыі і дзейнічаюць пераважна ў публічнай сфэры, але яны не зьяўляюцца шараговымі агентамі гэтай сфэры. Мэдыі адыгрываюць надзвычай актыўную ролю і зьяўляюцца самым дзейсным інструмэнтам фармаваньня грамадзкай думкі і ўплыву як на гэтую, так і на іншыя сфэры грамадзтва.

Погляд Габэрмаса на публічную сфэру як прастору, у якой камунікацыйныя паводзіны засноўваюцца на выкарыстаньні рацыянальных аргумэнтаў і дзе ўдзельнікі зьяўляюцца як бы раўнапраўнымі яе агентамі, якія імкнуцца да выяўленьня публічнай ісьціны, часам крытыкуюць за тое, што яна ігнаруе іншыя матывацыі, зь якімі ўдзельнікі публічнай сфэры могуць у ёй прысутнічаць ці дзейнічаць. Упершую чаргу гэтая крытыка тычыцца палітычных паводзінаў і палітычнай дзейнасьці.

Амэрыканскі сацыёляг і філёзаф Ганна Арэндт высунула іншую інтэрпрэтацыю публічнай сфэры. Зь яе гледзішча публічная сфэра — гэта “публічная сцэна”. Публічныя фігуры, найчасьцей гэта палітыкі, паўстаюць тут ня ў якасьці асобаў, якія імкнуцца да высьвятленьня публічнай ісьціны, а як акторы. І, адпаведна, грамадзкая сфэра — гэта ня форум для публічных дыскусіяў, а сцэна, на якую выходзяць з тым, каб дасягнуць пэўнага посьпеху. Прычым посьпех залежыць не ад таго, што скажа актор, а ад таго, ці патрапіць ён дагадзіць, спадабацца публіцы.

Галоўная мэта такога камунікацыйнага дзеяньня — гэта не абмеркаваньне важных грамадзкіх мэтаў і сродкаў іх дасягненьня, а імкненьне зачараваць публіку, займець яе падтрымку дзеля тых мэтаў, якія насамрэч ніколі публічна не абмяркоўваюцца. “Плакаў узрушаны электарат…”, — так камэнтуе рэжысэр Ю.Хашчавацкі адну са сцэнаў наведваньня кандыдатам у прэзыдэнты А.Лукашэнкам свайго роднага Шклова ў фільме “Звычайны прэзыдэнт”.

Як піша францускі дасьледчык Жан-Марк Фэры, у дадзеным выпадку мы маем справу з “выяўленчай эстэтыкай прэзэнтаваньня самога сябе, калі кожны мусіць “праявіць сябе”, каб дамагчыся славы”. Цікава адзначыць, што слава ў дадзеным выпадку не зьяўляецца чымсьці, што цалкам належыць яе ўладальніку, — яна ёсьць фэномэнам добраахвотнага падпарадкаваньня думкі дастаткова вялікай колькасьці людзей аўтарытэту меркаваньня асобы, якая “праявіла сябе”, здолела прыцягнуць да сябе ўвагу.

Адзначым таксама, што прапанаваная Ганнай Арэндт інтэрпрэтацыя публічнай сфэры як “публічнай сцэны” мае пэўнае дачыненьне да таго, што можна назваць фэномэнам папулізму. Папулізм — гэта і ёсьць тое, што ў значнай ступені базуецца на прадстаўленьні, на тэатральным дзеяньні, на пэрфомансе, якія мусяць захапіць публіку, выклікаць у яе самыя розныя эмацыйныя рэакцыі (пераважна станоўчыя), стварыць эфэкт эмацыйнага ці нават эстэтычнага задавальненьня.

Відавочна, што інтэрпрэтацыі публічнай сфэры Ю.Габэрмаса і Г.Арэндт — гэта розныя інтэрпрэтацыі, але наўрад ці можна назваць іх глыбока супярэчлівымі. Хутчэй, яны проста фіксуюць розныя станы публічнай сфэры. У краінах з добра ўсталяванымі дэмакратычнымі інстытуцыямі і трывалымі дэмакратычнымі традыцыямі публічная сфэра — гэта перадусім прастора дыскусіяў, у якіх рацыянальныя аргумэнты насамрэч адыгрываюць вызначальную ролю; у краінах пераходнага пэрыяду, якія перажываюць сур'ёзныя крызы і дзе значная колькасьць людзей знаходзіцца ў стане дэзарыентаванасьці, яна мае тэндэнцыю ператварацца ў “сцэну” для асобаў і палітыкаў зь яўна авантурыстычнымі памкненьнямі, асобаў з мэтамі і амбіцыямі хутчэй асабістага, чымсьці грамадзкага характару.

Ужо адзначалася, што публічная сфэра — гэта сфэра выяўленьня думак, датычных сур'ёзных грамадзкіх альбо агульнанацыянальных праблемаў. Інакш кажучы, публічная сфэра — гэта сфэра, дзе фармуецца і выяўляецца грамадзкая думка альбо апінія.

Шмат якія сацыёлягі сыходзяцца на тым, што для ўзьнікненьня і фармаваньня грамадзкай думкі неабходна наяўнасьць прынамсі чатырох фактараў, а менавіта: а) нейкай грамадзкай праблемы, якая выклікае напружанасьць; б) даволі значнай колькасьці людзей, якія выказваюць свае меркаваньні адносна гэтай праблемы; в) асноўны зьмест гэтых меркаваньняў падзяляецца большасьцю людзей і г) гэтыя меркаваньні мусяць уплываць на іншых людзей, сацыяльныя ці ўрадавыя інстытуцыі.

Будзем мець на ўвазе, што грамадзкая апінія — гэта абавязкова вынік сацыяльнага ўзаемадзеяньня і камунікацыі. Інакш кажучы, ня можа існаваць той ці іншай грамадзкай думкі, калі асобы, якія фармуюць яе, не камунікуюцца і не абменьваюцца паміж сабой сваімі меркаваньнямі і ацэнкамі адносна той ці іншай праблемы. Камунікацыя пры гэтым адбываецца альбо ў форме наўпроставай міжасабовай ці публічнай камунікацыі, альбо, як у сёньняшнім грамадзтве масавай камунікацыі, пры дапамозе СМІ.

Акрамя таго, што сацыяльнае ўзаемадзеяньне і камунікацыя зьяўляюцца базавымі фактарамі, якія фармуюць грамадзкую апінію, на яе фармаваньне могуць таксама ўплываць розныя абставіны, прыналежнасьць людзей да розных сацыяльных групаў, а таксама меркаваньні фармальных і нефармальных лідэраў.

У той жа час неабходна ўсьведамляць, што крыніцай меркаваньняў і думак зьяўляецца сам чалавек, таму псыхалягічнай падставай фармаваньня грамадзкай апініі зьяўляюцца самыя розныя каштоўнасьці, якія падзяляюць, падтрымліваюць альбо адстойваюць людзі. Гэтыя каштоўнасьці могуць быць як палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, так і рэлігійныя, эстэтычныя і да т.п. У гэтым сэнсе можна сьцьвярджаць, што грамадзкая думка заўсёды ўгрунтаваная ў якія-небудзь каштоўнасьці ці сыстэму каштоўнасьцяў.

Калі гаварыць пра структуру грамадзкай апініі, якую мы вызначылі як думку вялікіх колькасьцяў людзей адносна важных і сур'ёзных грамадзкіх праблемаў, то няцяжка заўважыць, што гэтая думка, так бы мовіць, паўтарае тую структуру сацыяльна-камунікацыйнай прасторы, пра якую мы казалі на самым пачатку лекцыі. А менавіта, грамадзкая думка структуруецца галоўным чынам вакол праблемаў дзяржавы і ўлады, палітыкі ўрадаў, дзеяньняў апазыцыі, эканамічных праблемаў грамадзтва, і ўласна публічнай сфэры, куды даволі лёгка трапляюць самыя розныя сацыяльныя, культурныя, палітычныя, этнічныя і іншыя праблемы.

Колькі словаў неабходна таксама сказаць пра дынаміку грамадзкай апініі. Гэта важны момант, бо мас-мэдыі маюць самае непасрэднае дачыненьне да фармаваньня, уплыву і падрыхтоўкі зьменаў у грамадзкай думцы.

Трэба сказаць, што існуюць як адносна кансэрватыўныя сэгмэнты грамадзкай думкі, так і адносна дынамічныя. Да прыкладу, у эканамічна стабільных і багатых краінах грамадзкая думка можа дзесяцігодзьдзямі ці нават стагодзьдзямі не зьмяняцца адносна такіх рэчаў, як эканамічны лад ці дзяржаўнае ўладкаваньне. Цікава адзначыць, што большасьць амэрыканцаў сёньня, як і 50 гадоў назад, перакананая, што капіталізм ёсьць найлепшай эканамічнай сыстэмай. Але за пасьляваенныя гады істотным чынам зьмянілася, напрыклад, стаўленьне грамадзкай думкі ў ЗША да такой праблемы, як сумеснае навучаньне ў школах і ўнівэрсытэтах белых і чорных грамадзянаў. Калі ў 1942 г. толькі 30 адсоткаў амэрыканцаў лічыла, што гэта магчыма, то ў 1984 г. ужо 90 адсоткаў выказалася станоўча. Сьветапоглядная перамена сталася магчымай праз публічнае абмеркаваньне праблемы як у асяродку нэгрыцянскай супольнасьці, так і ў амэрыканскай прэсе.

Гэткім чынам, некаторыя зьмены грамадзкай апініі могуць адбывацца даволі хутка. Перарухі ж у стаўленьні да глябальных праблемаў звычайна адбываюцца цягам гадоў і дзесяцігодзьдзяў.

Якія ў гэтым сэнсе ўзаемадачыненьні існуюць паміж мас-мэдыямі і грамадзкай думкай?

Мы ўжо неаднаразова адзначалі, як сродкі масавай камунікацыі апасродкуюць самыя розныя сацыяльныя працэсы, з чаго чалавек становіцца залежным у сваіх меркаваньнях ад СМІ. Вось яшчэ адзін цікавы прыклад: у сучасным сьвеце тое, што мы называем навінамі альбо падзеямі, зьяўляецца такімі толькі таму, што пра гэта напісалі газэты ці паведаміла тэлебачаньне. Інакш кажучы, вартым увагі грамадзкай думкі даволі часта аказваецца адно тое, што было асьветлена ў прэсе.

Адсюль, аднак, ня варта рабіць выснову, быццам мас-мэдыі — гэта нешта накшталт інфармацыйнага дыктатара, які загадвае, што лічыць важным, а што няважным. Гэта хутчэй сьведчаньне таго, што ў дэмакратычных грамадзтвах мэдыі, акрамя ўсяго іншага, ёсьць важнай часткай грамадзкай думкі. Здараецца, канечне, і так, што прыярытэты мас-мэдыяў і грамадзкай апініі не супадаюць. Апошняя надае часам большую вагу якраз і ня самым важным падзеям альбо праблемам.

Цікавымі ў гэтым сэнсе сталіся вынікі аднаго дасьледаваньня. У першыя два месяцы 1990 г. у ЗША шырока асьвятляліся палітычныя зьмены, што адбываліся ўва Ўсходняй Эўропе. У лютым ЗША наведаў Вацлаў Гавэл і выступаў у кангрэсе ЗША. Калі ў сакавіку гэтага ж году да тэлегледачоў зьвярнуліся з пытаньнем “Ці ня ведаеце вы часам, хто такі Вацлаў Гавэл?”, то толькі 14 адсоткаў апытаных правільна адказала на пытаньне. Было зададзена аналягічнае пытаньне і пра міс Мэпл. Аказалася, што 37 адсоткаў ведаюць, што яна ёсьць новай палюбоўніцай аднаго зь нью-ёрскіх мультымільянэраў. Як бачна, значнасьць асобы міс Мэпл для грамадзкай думкі пераўзышла значнасьць асобы Вацлава Гаўла.

У дэмакратычных грамадзтвах праблема несупадзеньня прыярытэтаў, аднак, не зьяўляецца драматычнай. Мэдыі і грамадзкая апінія знаходзяцца тут у даволі дынамічных стасунках. Адсутнасьць цэнзуры і наяўнасьць шматлікіх каналаў інфармацыі робяць магчымым разгледзець любую значную праблему ці тэму ў публічнай сфэры і заакцэнтаваць на ёй увагу публікі.

Іншая сытуацыя існуе ў тых грамадзтвах, дзе СМІ кантралююцца ўладай. Для разгляданай тут праблемы ўяўляюць цікавасьць такія прыёмы, як шырокае ўжываньне “фігураў замоўчваньня” і навязваньне грамадзкай апініі сацыяльных, палітычных ці іншых прыярытэтаў, якія не адпавядаюць рэальным праблемам і, адпаведна, не вядуць да іх вырашэньня.

Дагэтуль мы разважалі пра грамадзкую апінію як пра нешта адзінае і недыфэрэнцыяванае. Хаця такі падыход і выглядае абстрактным, аднак фактам зьяўляецца тое, што ў шэрагу выпадкаў большасьць ці нават пераважная большасьць людзей, якія належаць да аднаго і таго ж грамадзтва, сапраўды могуць мець аднолькавую думку адносна той ці іншай праблемы. Спашлемся на ўжо пададзеныя лічбы, выяўленыя ў апытаньні амэрыканцаў адносна праблемы супольнага навучаньня чарнаскурых і белых людзей. 90 адсоткаў амэрыканцаў сёньня лічаць, што гэта нармальная рэч. Пераважная большасьць людзей ува ўсім цывілізаваным сьвеце лічыць сёньня, што экалягічныя праблемы ёсьць важнымі і што ўрады іхных краінаў мусяць праводзіць адпаведную палітыку.

У гэтым сэнсе мы і казалі пра грамадзтва як пра адну вялікую аўдыторыю. Разам з тым відавочна, што ў грамадзтве заўсёды ёсьць людзі, якія не падзяляюць апініі большасьці, існуюць вялікія групоўкі, якія часам маюць супрацьлеглыя думкі адносна адной і той жа праблемы. Ня ёсьць аднароднай ці гамагеннай і сама публічная сфэра.

Чаму грамадзкая думка людзей адной і той жа супольнасьці падзяляецца? Чаму, нарэшце, у межах адной “вялікай аўдыторыі” існуе шэраг розных як па сваёй велічыні, так і па сваёй інфармацыйнай скіраванасьці аўдыторыяў?

Адказ на гэтыя пытаньні ляжыць адначасова ў некалькіх плашчынях. Усе людзі маюць адрозныя інтэлектуальныя здольнасьці. Працэс сацыялізацыі індывідаў адбываецца ў непадобных культурных, інтэлектуальных, сацыяльных і палітычных умовах. Урэшце, усе людзі маюць свой уласны досьвед узаемадачыненьняў зь іншымі людзьмі і належаць да розных сацыяльных групаў.

У кантэксьце нашай тэмы панятак сацыяльнай групы важны, бо дазваляе адценіць зьмест панятку “аўдыторыя”. Скарыстаем тут дэфініцыю, якую даў псыхоляг Джозэф МакГрат. “Група — гэта сукупнасьць дзьвюх альбо большай колькасьці асобаў, якія знаходзяцца ў той ці іншай ступені дынамічных узаемастасункаў”. Прыкладамі сацыяльных групаў ёсьць сям'я, студэнцкая група, палітычная партыя, прафэсійныя саюзы і г.д.

Паколькі абавязковым крытэрам групы зьяўляецца наяўнасьць той ці іншай ступені ўзаемастасункаў і ўзаемадачыненьняў, то сацыяльная група — гэта такая структураваная сукупнасьць людзей, дзе існуюць розныя, але ўзаемазалежныя ролі, пэўныя нормы паводзінаў, а таксама нейкім чынам арганізаваная сыстэма камунікацыі. Калі, да прыкладу, гэта палітычная партыя, то яна мае ці можа мець сваю газэту. Дзеля абмеркаваньня розных праблемаў партыі зьбіраюцца на свае кангрэсы ці зьезды. Калі гэта футбольная каманда, то, як вы ведаеце, у ёй таксама адбываецца даволі інтэнсіўны працэс камунікацыі. Футбалісты і трэнэры заўсёды абмяркоўваюць згуляныя ці яшчэ не згуляныя матчы і дыскутуюць адносна ролі кожнага з гульцоў у гэтых гульнях.

Для сацыяльных групах характэрны таксама пэўны ўзровень эмацыйных сувязяў. У партыях і прафсаюзах гавораць пра еднасьць і салідарнасьць, у футбольных камандах пра “пачуцьцё локця”, у студэнцкіх асяродках — пра студэнцкае братэрства і г.д.

Хаця аўдыторыі, як і сацыяльныя групы, таксама ўяўляюць зь сябе сукупнасьці людзей, аднак названае вышэй не характэрнае ні для аўдыторыяў наогул, ні для аўдыторыяў мэдыяў, у прыватнасьці. Праўда, у некаторых даволі вузкіх аўдыторыях гэтыя характарыстыкі могуць прысутнічаць у няяўнай ці слаба выражанай форме. Да прыкладу, калі ў невялікім горадзе, то ёсьць тэатар, то ясна, што некаторыя яго наведнікі будуць ведаць адзін адно. Паміж імі нават могуць існаваць нейкія кантакты. Але калі гаворка ідзе пра аўдыторыю кінатэатру ў вялікім горадзе, то малаверагодна, што сярод гледачоў вы сустрэнеце вашых знаёмых. Гэта азначае, што ў аўдыторыях ніяк ня вызначаныя стасункі паміж людзьмі.

А таму аўдыторыі — гэта малыя альбо вялікія сукупнасьці людзей, у якіх альбо цалкам адсутнічае структураванае і пэўным чынам арганізаванае ўзаемадзеяньне паміж асобамі, альбо яно прысутнічае ў мінімальнай і ня выражанай ступені . Ці адрозьніваецца тады аўдыторыя ад, напрыклад, натоўпу на тралейбусным прыпынку, дзе ўзаемадзеяньне таксама адсутнічае? Безумоўна адрозьніваюцца: у аўдыторыях заўсёды адбываецца працэс камунікацыі . Але калі вы, прыкладам зьвернецеся да натоўпу на прыпынку з палымянай прамовай адносна таго, што ўжо даўно няма тралейбусу ды пры гэтым яшчэ паставіце пытаньне “хто вінаваты?”, то вы лёгка ператворыце натоўп у аўдыторыю.

Скажам тут колькі словаў і пра сам тэрмін “аўдыторыя”. З этымалягічнага пункту гледжаньня ўжываньне гэтага тэрміну выглядае як супярэчлівае. Тэрмін паходзіць ад лацінскага слова “audire”, што азначае “слухаць “, а аўдыторыя, адпаведна, мейсца, дзе слухаюць. Сёньня тэрмін, аднак, ужываецца ў пашыраным значэньні і тычыцца ня толькі тых, хто слухае, але і тых, хто глядзіць. Зрэшты, такое пашырэньне значэньня — нармальная лінгвістычная зьява. Скажам, слова “чарніла” абазначае сёньня ня толькі чорную вадкасьць для пісаньня. А сфармаваўся тэрмін “аўдыторыя” ў тыя часы, калі вусная камунікацыя была дамінуючай формай.

Ці ёсьць яшчэ якія-небудзь характарыстыкі аўдыторыі, акрамя вышэйназванай? Так. Гэта — агульны інтарэс, агульная цікавасьць. Калі зусім незнаёмыя людзі сабраліся на стадыёне, каб паглядзець якія-небудзь спаборніцтвы, то гэта азначае, што ўсе яны маюць прыкладна аднолькавую цікавасьць да спаборніцтваў.

Яшчэ адна характарыстыка аўдыторыяў — гэта агульны настрой. У аўдыторыях існуе тэндэнцыя да супольных і калектыўных па сваёй прыроде эмацыйных рэакцыяў. Гледачы, да прыкладу, могуць разам сьмяяцца, плакаць ці разам пляскаць у ладкі.

Як вядома, два асноўныя каналы ўспрыняцьця інфармацыі — гэта слых і зрок. Радыё, прыкладам, “эксплюатуе” слых, газэты — зрок, тэлебачаньне, кіно, тэатар, відэа — зрок і слых разам. Маючы на ўвазе гэтыя два каналы інфармацыі, аўдыторыі мэдыяў можна падзяліць на слыхавыя і візуальныя. Хаця такое падзяленьне выглядае ўмоўным у дачыненьні да тэлебачаньня, напрыклад, аднак сэнс яго ў тым, што існуюць яўныя адрозьненьні як ува ўспрыняцьці і падачы візуальнай інфармацыі, так і ўва ўспрыняцьці і падачы слыхавой інфармацыі. Гэтае разрозьненьне, як убачым ніжэй, не зьяўляецца толькі тэарэтычным, але мае і важнае практычнае значэньне.

У 60-х і 80-х гадох у ЗША праводзіліся цікавыя дасьледаваньні ўспрыняцьця палітычных навінаў праз тэлебачаньне і газэты. Як вядома, тэлебачаньне зьяўляецца вельмі насычаным і вельмі дынамічным сродкам перадачы навінаў і рознай іншай інфармацыі. Здавалася б, што людзі, якія рэгулярна глядзяць тэлебачаньне, мусяць лепш арыентавацца ў розных палітычных падзеях, чымся дваццаць ці трыццаць гадоў назад, калі асноўнай крыніцай інфармацыі была газэта. Аднак высьветлілася, што гэта ня так.

У 1967 і 1987 гг. у ЗША праводзіліся дасьледаваньні, у якіх у рэспандэнтаў пыталіся пра прозьвішча губэрнатара іхняга штату. У 1967 г. толькі 9 адсоткаў апытаных не назвалі гэтага імя. У 1987 г. аказалася, што ўжо 17 адсоткаў ня ведаюць прозьвішча свайго губэрнатара. Аўтар гэтага дасьледаваньня лічыць, што меншая кампэтэнтнасьць рэспандэнтаў зьяўляецца вынікам пераключэньня большай колькасьці людзей на атрыманьне інфармацыі праз тэлебачаньне.

Разам з тым высьветлілася, што людзі, якія рэгулярна чытаюць газэты, значна лепш чым тэлегледачы арыентуюцца ў такіх рэчах, як адрозьненьні палітычных праграмаў розных кандыдатаў. Спэцыялісты тлумачаць гэта тым, што на тэлебачаньні галоўным элемэнтам пасланьня зьяўляецца “карцінка”, а ў газэце і на радыё — тэкст. Да таго ж можна дадаць, што радыйны тэкст, напэўна, больш інфармацыйна самадастатковы, чымся тэлевізійны, які прывязваецца да “карцінкі”.

Аднак найбольш выразна аўдыторыя падзяляецца на слыхавую і візуальную на ўзроўні ўспрыняцьця інфармацыі. Практычна ўсе падручнікі па журналістыцы ўтрымліваюць разьдзелы, прысьвечаныя стылю матэрыялаў на радыё, тэлебачаньні і ў друкаваных сродках інфармацыі. Што такое стыль у нашым кантэксьце? Гэта такі спосаб падачы інфармацыі, які забясьпечвае яе лепшае ўспрыняцьцё аўдыторыяй.

Зьвернемся да “Дапаможніка для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”. На старонках 129—130 прыведзеныя асноўныя разрозьненьні стылю на радыё/тэлебачньні і ў друкаваных выданьнях. Вось некаторыя зь іх.

“Па магчымасьці пазьбягайце прамога цытаваньня. Калі толькі прамая цытата не зьяўляецца істотнай, лепш за ўсё ўжываць пераказ. Карыстацца прамымі цытатамі ў эфіры вельмі нязручна, бо складана ўказаць слухачу на пачатак і канец цытаты”.

“Лічбы трэба акругляць. Журналісту газэты трэба падаваць лічбы як мага дакладнейшыя”.

Альбо: “Пазьбягайце прыдаткаў у сказах. Прыдатак — гэта слова ці група словаў, якія азначаюць назоўнік”.

Як бачна, усе гэтыя рэкамэндацыі скіраваныя на спрашчэньне тэксту на радыё і тэлебачаньні. Тэкст на слых успрымаецца цяжэй, а таму ён у пэўнай меры мусіць спрашчацца. Між тым рэчаіснасьць, як і тэкст, які яе адлюстроўвае ці тлумачыць, далёка не заўсёды паддаецца спрашчэньню.

У той жа час тэлебачаньне і радыё, так бы мовіць, “не дазваляюць” доўгіх тэкстаў. Відавочна, што тэлебачаньне імкнецца таксама да экспрэсіўнасьці “карцінкі”. А экспрэсіўнасьць — гэта толькі адзін бок зьявы: прыгажосьць ружы, напрыклад, нічога ня кажа нам пра працэсы фотасынтэзу ці якія іншыя працэсы, што адбываюцца ў расьлінах. Тлумачэньне пэўнай зьявы не супадае зь яе прэзэнтацыяй, а аб'ектыўнасьць інфармацыі — з экспрэсіўнасьцю яе падачы. У больш шырокім сэнсе можна сказаць, што экспрэсіўнасьць, эмацыйнасьць і выразнасьць падачы інфармацыі могуць засланяць фактычны бок зьявы альбо падзеі. Экспрэсіўнасьць — гэта толькі сродак, прычым сродак апэляцыі менавіта да эмоцыяў аўдыторыі, чым, здараецца, карыстаюцца СМІ дзеля стварэньня пэўнай грамадзкай апініі і маніпуляваньня ёю.


Літаратура

1. Deaux К. and others. Social Psychology in the 90s. Books // Cole Publishing Company, 1993.

2. DeFleur Melvin L. Theories of Mass Communication. Longman, 1988.

3. Janda K. The Challenge of Democracy. Government in America, 3rd ed., Houghton Mifflin Company, 1992.

4. Аронсон Э. Общественное животное. М., 1998.

5. Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Мн., 1995.

6. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Мн., БФС, 1995.

7. Бурдье П. Социология политики. М., 1993.

Друкаваны тэкст

Плян:

1. Чалавек рукапіснай і чалавек друкарскай культуры

2. Мысьленьне чалавека друкарскай культуры

3. Друк і разьвіцьцё нацыянальных моваў

4. Друк і вынікненьне нацыяналізму

5. Чым ёсьць аўтар?

6. Ускосныя ўплывы друку

7. Цэнзура

8. Жанры ў культуры друку

9. Друк і найноўшыя формы камунікацыі

Друк паўплываў на ўсе галіны чалавечага жыцьця. Маклюэн сьцьвярджае, што друк як новы спосаб захаваньня і перадачы інфармацыі нарадзіў новага чалавека — “чалавека друкарскага”, а розьніцу паміж чалавекам рукапіснай і друкарскай культуры ён лічыў такой сама значнай, як розьніцу паміж пісьменным і непісьменным чалавекам.

З вынаходзтвам друку завершыўся той працэс разбурэньня пляменных супольнасьцяў, які пачаўся з стварэньнем альфабэту. Асноўнымі характарыстыкамі друкарскага пэрыяду культуры зьяўляюцца ўніфікацыя, кантынуальнасьць, паўтаральнасьць і нармалізацыя.

Уявіце сабе рукапісную кнігу, дзе тэкст не падзелены на словы, дзе галосныя замененыя дыякрытычнымі знакамі. Такі тэкст можна ўспрымаць толькі зачытваючы ўголас. Чытаньне рукапіснай кнігі можна прыраўнаць да такога дзеяньня, як сьпевы або танцы, бо яно вымагала поўнай увагі. Кнігі былі надта дарагімі, рэдкімі, іншы раз унікальнымі прадметамі. Чытаньне заставалася прывілеем людзей багатых. Пры чытаньні трэ было ставіцца да кнігі зь вялікай асьцярожнасьцю, каб не скараціць век гэтага дарагога і каштоўнага скарбу. Пажары, што пэрыядычна спусташалі сярэднявечныя гарады, часта зьнішчалі кнігі, зьбіраныя цягам стагодзьдзяў і тысячагодзьдзяў. Толькі зь зьяўленьнем друку чытаньне ператварылася ў занятак масавы, выйшаўшы за межы кола вучоных і магнатаў.

Друкаваныя кнігі сталі чытаць самі сабе, а ня ўголас. Любоў да чытаньня выявілі жанчыны, што ў будучыні прывядзе да ўзьнікненьня шэрагу par excellence жаночых жанраў, напрыклад, раману і ў сваім чыстым выглядзе жаночага раману.

У 18 ст. мода на чытаньне распаўсюдзілася паміж гандляроў. У 19 ст. кола чытачоў рэзка пашырылася з увядзеньнем усеагульнай адукацыі. Сацыяльная дзяржава 20 ст. стварыла неабходныя сацыяльна-эканамічныя перадумовы, каб абсалютная большасьць людзей мела магчымасьць атрымліваць асалоду ад чытаньня.

Публіка ўвесь час рабілася ўсё больш індывідуалісцкай і атамізаванай. Публіка, а за ёю літаратура, прайшла стадыю дыфэрэнцыяцыі. Зьявілася дзіцячая, жаночая літаратура і г.д. Чытаньне стала адным з найпершых і найулюбёнейшых задавальненьняў, спосабаў бавіць вольны час, пры якім чалавек застаецца сам-насам з сабой.

З разьвіцьцём друку сталі разьвівацца аналітычнасьць, сынтэтычнасьць, аб'ектыўнасьць, абстрактнае мысьленьне, унівэрсальнасьць, якія характарызуюць усю сучасную гуманітарную думку.

Друкаваны тэкст дазваляе ахапіць адразу некалькі радкоў, яго можна чытаць “па дыяганалі”, чытаць толькі асобныя месцы. Фактычна, зь зьяўленьнем друку чалавек пачаў па-іншаму выкарыстоўваць вочы: не як орган “дотыку”, які дасьледуе вобразы і думкі адна па адной, перабіраючы літары, але факусаваць іх так, каб адразу ствараць сабе агульнае ўяўленьне.

З перамогай друку “вока” перамагло “вуха”. Жак Ле Гоф у кнізе “Цывілізацыя сярэднявечнага Захаду” піша, што сярэднявечнае грамадзтва было грамадзтвам змроку, ночы, цемры, слыху, дотыку, але ня зроку. У сярэдзіне нашага тысячагодзьдзя ўсё пачало зьмяняцца.

У гэтым кантэксьце цікавае тое адрозьненьне, якое дагэтуль захоўваецца, напрыклад, паміж раманскімі і ўсходнеславянскімі мовамі. Калі мы возьмем, напрыклад, францускую і беларускую мовы, то ўбачым, што ў францускай мове нашмат больш разьвітая сыстэма колераў (да двухсот) у параўнаньні зь беларускай і, адпаведна, калярыстычная мэтафорыка і фразэалёгія, тады як у беларускай мове нашмат больш частотныя аўдыяпаралелі. Напрыклад, бел. “наткнуцца на глухую сьцяну”, фр. “se heurter contre un mur noir”. Або беларускія дзеясловы, якія абазначаюць кіпеньне: кіпець, бурліць, разьлягацца, булькатаць, клекатаць — для адзінага францускага дзеяслова bouillir.

З друкам адміраюць тыя рысы, якія былі ўласьцівыя вуснай камунікацыі, напрыклад, формульнае мысьленьне. У людзей няма больш абавязку захоўваць у памяці абавязковы мінімум ведаў, зафіксаваны ў паданьнях, песьнях ці прыказках. Гэтыя веды цяпер захоўваюцца ў кніжках або цяпер яшчэ і ў памяці кампутараў. Старыя непісьменныя бабулькі ў вёсках — апошнія, хто ведае па тысячы, дзьве тысячы песьняў, ня кажучы ўжо пра паданьні, прымаўкі, прыказкі, народныя прыкметы, замовы — усё тое, што было неабходна для захаваньня і перадачы інфармацыі ў дапісьмовы пэрыяд. Паэзія ў эпоху друку саступае месца прозе.

У Сярэднявеччы друк прывёў да масавага пераходу на клясычную лаціну, мову Цыцэрона, адмовы ад барбарызмаў і пазычаньняў з жывых моваў, што ў сваю чаргу спрычынілася да рэзкага зьмярцьвеньня лаціны, канчатковаму адрыву яе ад гутарковай мовы і яе выцісканьню з ужытку.

Пакупнікі кнігаў ставалі ўсё шырэйшым колам, кнігі куплялі ня толькі людзі царквы, але й сьвецкія асобы, якія не валодалі лацінай. Друк паспрыяў разьвіцьцю нацыянальных моваў. Толькі італьянская мова ўзьнікла ў пэрыяд, што папярэднічаў вынаходзтву друку. У пераддрукарскі пэрыяд мовы знаходзіліся ў неўпарадкаваным, магматычным стане. У эпоху друку розьніца паміж пісьмовай і вуснай гаворкамі стала нашмат больш выразнай, адбылася нармалізацыя моваў. Калі раней пісьмовая мова ішла сьледам за разьвіцьцём вуснай мовы, то пасьля вынаходзтва друку ўжо вусная мова стала “прыслухоўвацца” да правілаў, якія накідала ёй пісьмовая. Адначасова зьявіліся магчымасьці для моўнай творчасьці, арыгінальнасьці, экспэрымэнту: авангардныя літаратурныя практыкі ў рукапісным выглядзе ніхто б папросту не зразумеў.

Друк скараціў колькасьць лінгвістычных варыяцыяў, узбагаціў лексычны склад мовы. Разам з тым пачалося адміраньне дыялектаў. Спробы ўжываньня дыялектаў у пісьмовым друку, якія мелі мейсца ў цітаўскай Югаславіі (чайкаўскія, кайкаўскія дыялекты), а таксама ў Беларусі (мовазнаўца Ф.Клімчук паспрабаваў выкарыстоўваць берасьцейска-пінскія дыялекты), не змаглі знайсьці гістарычнай і сацыяльнай легітымацыі.

Друк быў моцнай крышталізуючай сілай ня толькі для моваў, але й для нацыянальных супольнасьцяў. З нармалізацыі правапісу нараджалася й пачуцьцё аднароднасьці сваёй супольнасьці, агульнага гістарычнага лёсу, пракладаўся шлях да таго нацыянальнага адзінства, якое канчаткова замацавалася з вынікненьнем сродкаў масавай камунікацыі.

Друк дазволіў захаваць ці, прынамсі, закансэрваваць і кадыфікаваць гаворкі малалікім і эканамічна адсталым этнасам (прыклад — Уэльс, дзе выжываньне гэльскай мовы ў значнай меры абавязана таму факту, што з 1546 г. на гэльскай мове друкаваліся кніжкі).

Увогуле, друк цесна зьвязаны з вынікненьнем нацыяналізму. “Друк і нацыяналізм — гэта скаардынаваныя элемэнты”,— пісаў Маклюэн. Сапраўды, толькі вытворчасьць друкаванае (або іншае інфармацыйнае: у наш час, напрыклад, аўдыявізуальнае) прадукцыі робіць мажлівым той сынтэз ідэяў, які спараджае нацыянальную сьвядомасьць і дае штуршок фармаваньню мадэрнай нацыянальна-культурнай саматоеснасьці. У Беларусі моцны нацыянальны рух пачаўся зь некалькіх, на першы погляд, лякальных і дробнамаштабных падзеяў — “Дудкі беларускай” Мацея Бурачка, “Нашай Нівы”.

Цікавыя зьмены зь зьяўленьнем друку адбыліся ў спосабах выказваньня рэлігійнага пачуцьця. Адным з найбольш папулярных жанраў раньняй друкаванай кнігі зьяўляецца “Часаслоў”, кніга з малітвамі на розныя выпадкі і розныя гадзіны дня. Калі ў Сярэднявеччы пабожным лічылася маленьне ўголас разам з усімі падчас імшы або на адзіноце, і мы ня раз знаходзім у сярэднявечных тэалягічных трактатах сьцьвярджэньні, што Бог лепш чуе тыя малітвы, якія прамаўляюцца гучна, то з распаўсюджаньнем часасловаў зьмяняецца стаўленьне да самога акту малітвы. Цяпер царква заклікае маліцца моўчкі, самому сабе, не паўтараючы мэханічна часта незразумелыя словы, якія чуеш з амбону, а ўдумліва чытаць тэкст па малітоўніку.

Друк зрабіў таксама шмат ускосных уплываў, пранікнуўшы ўва ўсе сфэры грамадзкага жыцьця. Францускі дасьледчык Ражэ Шарт'е паказаў гэта на прыкладзе пашырэньня так званых “шлюбных граматаў”. У 17 ст., на якое прыпадае пік папулярнасьці гэтых дакумэнтаў, у вялікіх гарадох амаль усе маладыя пары, уступаючы ў шлюб, падпісвалі функцыянальна бескарысны, але неверагодна прыгожы, аздоблены дрэварытамі або медзярытамі аркуш паперы з канвэнцыйным тэкстам, у якім паўтараліся славутыя біблійныя словы пра тое, што “чалавек хай не разлучыць тое, што Бог зьяднаў”. Гэта быў сымбалічны акт, і гэтыя шлюбныя граматы захоўваліся ў сям'і, маючы вялікае афэктыўнае значэньне. Мы цяпер таксама жывем у сьвеце мастацкіх друкаваных аб'ектаў, але часта не зьвяртаем на іх асаблівай увагі.

Айнштайн любіў паўтараць: “Мая асадка разумнейшая за маю галаву”. Ён меў на ўвазе, што працы любога навукоўца і творы любога літаратара ўтрымліваюць нашмат больш, чым ён сам здае сабе справу. Гэтак здарылася і з Гутэнбэргам. Ягоны друкарскі прэс стаў прычынай такіх зьменаў, пра якія ён і не падумаў.

Кнігі, маўклівыя настаўнікі, зьмянілі характар выкладаньня і навучаньня. На працягу ўсяго Сярэднявечча адукацыя насіла вусны характар. Звычайна студэнты сярэднявечных унівэрсытэтаў ня мусілі здаваць пісьмовых іспытаў, а калі ўсё ж такі такія іспыты праводзіліся, дык іх ацэньвалі як “іспыт надзейнасьці вуснай падрыхтоўкі” (вугорскі дасьледчык Іштван Гайнал). Той факт, што кніг было недастаткова, прымушаў прафэсараў надыктоўваць сваім вучням працы, патрэбныя ў навучаньні. Гэтак студэнты ставалі куратарамі і выдаўцамі падручнікаў для ўласнага карыстаньня.

З распаўсюджаньнем друку сытуацыя зьмянілася цалкам. На рынкі адразу выйшла шмат падручнікаў, якія абумовілі зьяўленьне людзей-самавукаў або тых, што працавалі на самоце, як Мантэнь у сваёй вежы. Магчымасьць навучацца, абыходзячыся без чалядзкай практыкі або абавязковага хаджэньня ў школу, нараджала новы сэнс незалежнасьці шматлікіх людзей-самавукаў. Выкарыстаньне шматлікіх асобнікаў аднога і таго ж падручніка ў межах адной навучальнай установы або нават шэрагу навучальных установаў паспрыяла стандартызацыі навучальных праграмаў і мэтодыкі. Гэтак жа аднолькавыя і малафарматныя кнігі цэнтралізавалі і стандартызавалі сыстэму іспытаў.

Чытаньне стала асновай адукацыі, ад навучаньня ў працэсе працы чалавек перайшоў да навучаньня ў працэсе чытаньня.

Украінскія мысьляры, аналізуючы прычыны выцясьненьня ўкраінскамоўных кніжак расейскамоўнымі ў 18—19 стст., прыйшлі да наступных высноваў. Нешматлікія сьвядомыя і шматлікія несьвядомыя слаі ўкраінскага грамадзтва (гэты аналіз шмат у чым прыдатны таксама для Беларусі) былі дзьвюхмоўнымі, прычым вельмі часта другая мова, а ёю ў Беларусі, напрыклад, была расейская мова для праваслаўных і польская мова для каталікоў, па сваім ўжываньні была ў рэальнасьці не другой мовай, а першай, бо сфэра ўжытку нацыянальнай мовы зводзілася да побыту. 20 ст. прынесла ў гэтым сэнсе толькі тую зьмену, што аналягічная сытуацыя пашырылася і на сялянаў ды работнікаў, загартаваных у савецкай культурнай рэвалюцыі. Да канца 18 ст. друкаваная кніга на нашых абшарах ня сталася зьяваю папулярнай культуры з-за сваёй маладаступнасьці ды жанравай абмежаванасьці. Грушэўскі з жалем канстатаваў, што кніжнасьць была амаль выключна царкоўнай. Па рукапісным матэрыяле мы бачым, што людзі надта цікавіліся гісторыяй свайго краю і сьвету, сьпісвалі старыя летапісы, складалі хронікі свайго часу, дапаўняючы імі гістарычныя сьпісы. Але амаль нічога з гэтага не друкавалася. “Людзям хацелася нечага жывейшага, сьвяжэйшага, бліжэйшага да жыцьця, але гэтага кніга не давала. Перашкаджала, з аднога боку, тая акалічнасьць, што ўсе тагачасныя ўкраінскія друкарні былі ў царкоўных руках, а яшчэ больш тое, што маскоўская ўлада сваімі забаронамі проста-такі загарадзіла ўкраінскай літаратуры дарогу да жывейшых і сучасных тэмаў”. Драгаманаў лічыў закамянеласьць украінскай выдавецкай справы адной з прычынаў імклівай русіфікацыі вышэйшых слаёў украінскага грамадзтва. “Тады шчэ ўва Ўкраіне друкавалася нашмат больш кніжак, чым у Маскоўшчыне... але ўва Ўкраіне друкавалі выключна старую царкоўшчыну, а ў Маскоўшчыне публікаваліся таксама тэхнічныя рэчы і падручнікі... Варта б украінафілам і, у прыватнасьці, галіцкім клерыкалам задумацца над гэтай розьніцай і цяпер”.

У сувязі з гэтым трэба зазначыць, уніяцкая царква з аб'ектыўных ці суб'ектыўных прычынаў ня здолела стварыць у Беларусі сьвядомых і сталых нацыянальных асьветных структураў, застаючыся ажно да сваёй забароны рэлігіяй цёмных народных масаў і неадукаваных сьвятароў.

Найбольш папулярнай кнігай у Беларусі ў пэрыяд, які папярэднічаў шырокаму распаўсюджаньню друку, былі “Четьи Минеи”, якія пашыраліся ў сьпісах. “Четьи Минеи” — гэта жыцьці сьвятых. Фактычна, мы можам сказаць, што гэта была такая сабе камэрцыйная літаратура старых часоў. У чым было яе падабенства, а ў чым адрозьненьне ад сучаснай папулярнай літаратуры, якой так шмат прадаецца цяпер у кнігарнях? Адрозьненьні ёсьць як у характары тэкстаў, так і ў мадэлях рэцэпцыі. Па-першае, сярэднявечны чытач шукаў у кнізе ня нечага арыгінальнага, а звычаёвага, нязьменнага, таго, што паўтараецца. Для людзей друкарскай культуры звыкла, што аўтар тым больш вялікі, чым больш ён арыгінальны, тады як людзі Сярэднявечча не разглядалі арыгінальнасьць як станоўчую якасьць. Гэтак, сьвяты Банавэнтура, адзін з найбольш пладавітых аўтараў каталіцкай царквы, у сваім пералічэньні чатырох спосабаў стварэньня кнігаў не называе якраз тых твораў, якія ёсьць плёнам поўнай і чыстай арыгінальнасьці, аддаючы перавагу перапісчыкам (скрыптарам), складальнікам (кампілятарам), тлумачальнікам (камэнтатарам).

Тая карціна сьвету, якую прапануюць “Четьи Минеи”, у прынцыпе вельмі падобная да карціны сьвету, якую малююць у папулярных баевіках, дзе станоўчы герой трыюмфуе над сваімі адмоўнымі ворагамі, абараняючы справядлівасьць або, прынамсі, нейкія якасьці, якім знаходзіцца легітымацыя ў сучасным яму сьвеце. Аналіз асобных тэкстаў жыцьцяў сьвятых выяўляе, што ў іх сюжэтах важную ролю адыгрываюць эпізоды, за якімі стаяць эратычныя матывы і, як іхная мадыфікацыя, матывы гвалту (спакушэньне, тартуры), а таксама “канфлікты вартасьцяў”, пераважна традыцыйных ці паганскіх — сямейных, маёмасных ды іншых — зь ідэйна-хрысьціянскімі.

Калі мы глянем на сёньняшнюю мас-культуру, так званую папулярную літаратуру, то ўбачым, што і сучасны масавы чытач або масавы глядач нейкай там Агаты Крысты, Уладзімера Караткевіча, Барбары Картланд, Аляксандры Марынінай, “Конана-разбуральніка” ці “Нікіты” можа пераказаць агульныя рысы сюжэту твору, друкаванага або візуальнага тэксту, пабачыўшы толькі завязку сюжэту. Звычайна злачынства будзе раскрыта, паскуднік пакараны, герой выйдзе сухім з вады або жывым зь пераплёту, а закаханыя змогуць аддацца сьветламу пачуцьцю, і выняткі з гэтага правіла толькі пацьвярджаюць яго. Аднак чары раскрыцьця таямніцы, салодкі жах балянсаваньня над прорвай — усе гэтыя эфэкты ўдаюцца толькі калі чытач наперад ведае, што таямніца будзе яму раскрытая, герой выратуецца, а дабро затрыюмфуе, толькі ня ведама, калі гэта здарыцца. Чым ніжэйшы адукацыйны цэнз сёньняшняга чытача, тым бліжэйшы ён у сваіх густах да чытача старадаўнага.

Сучасная эпоха зьмяняе ўяўленьне і пра аўтара. Ралян Барт пісаў, што аўтар ёсьць пэрсанажам цалкам мадэрным, паўсталым у нашым грамадзтве адно тады, калі па выхадзе зь Сярэднявечча з дапамогай ангельскага эмпірызму, францускага рацыяналізму і рэфармацкага прынцыпу асабістае веры грамадзтва адкрыла для сябе ўвесь прэстыж і вартасьць індывіда, ці, кажучы стылем больш высокім, чалавечай асобы. Лягічна, што пазытывізм, які падагульняў і падсумоўваў ідэалёгію капіталізму, надаваў такое вялікае значэньне асобе аўтара. У беларускіх падручніках літаратуры й дагэтуль аўтар пануе — ягоная асоба, біяграфія, густы, творчасьць як цэлае. Калі ў выпадку Кастуся Каліноўскага гэта зразумела, дык у выпадку шматлікіх беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, калі сама эпоха прамаўляла за чалавека, не.

Ралян Барт падсумоўваў неабходнасьць падстаноўкі мовы на месца таго, хто лічыўся яе ўладальнікам. Мова, а ня аўтар, прамаўляе, пісаў ён. Тэкст ёсьць тканкай цытатаў, што паходзяць з тысячаў культурных крыніцаў. Барт замяняе панятак аўтара паняцьцем скрыптара, які ня мае біяграфіі і ідэалёгіі, але ўяўляе сабою велізарны слоўнік. Месцам, дзе злучаюцца разнастайныя віды пісьма, ён лічыць чытача, а ня аўтара. Сьмерць аўтара абарочваецца нараджэньнем чытача.

Мішэль Фуко ў сваім эсэ “Чым ёсьць аўтар” вылучае фразу Бэкета “якая розьніца, хто гаворыць” у якасьці аднога з асноўных прынцыпаў сучаснага пісьма. Фуко абмяжоўвае аўтара да ролі рэгулятара выдумкі, да аўтара-функцыі, які характарызуе лад існаваньня, хаджэньня і функцыяваньня пэўных дыскурсаў унутры грамадзтва.

Пра сур'ёзнасьць уплыву друкаванага слова на сьвядомасьць людзей і розныя сацыяльныя працэсы сьведчыць факт існаваньня цэнзуры друкаванай прадукцыі. У старажытныя часы рукапісныя кнігі былі мала каму даступныя, а таму і адсутнічала патрэба кантролю за імі. А ў пару Контрарэфармацыі і інквізыцыі вогнішчы з кнігамі палалі па ўсёй Эўропе, не згасаючы і ў часы сталінскага і гітлерскага таталітарызму. Рэлігійныя і сьвецкія ўлады неўзабаве стварылі органы па наглядзе за друкам, функцыі якіх цяпер у Беларусі выконвае Дзяржаўны камітэт па друку.

Першы сьвецкі аддзел цэнзуры быў створаны на бацькаўшчыне Гутэнбэрга ў горадзе Майнцы ў 1486 г., а ў 1559 г. каталіцкая царква склала першы “індэкс забароненых кніг”, які пэрыядычна паднаўляўся аж да 20 ст. Рэлігійныя ўлады імкнуліся найперш забараніць і вынішчыць усе кніжкі, якія ўтрымлівалі герэтычныя ідэі. Палітычная цэнзура карала тыя працы, у якіх рабіліся спробы дэлегітымізаваць або проста крытыкаваць дзяржаўную ўладу. Існуюць гістарычныя зьвесткі, што за пэрыяд паміж 1600 і 1756 годам праз парыскую Бастылію, сымбаль францускага абсалютызму, прайшло больш за 800 аўтараў, друкароў, кнігароў. Папраўдзе, мабыць, не было такога чалавека, які б займаўся ў тыя часы кнігавыданьнем і хоць раз ня быў пакараны за сваё жыцьцё.

Паколькі любое дзеяньне сустракае адэкватнае супрацьдзеяньне, дык выдаўцы паступова назапасілі мноства рэцэптаў пераадоленьня цэнзуры. Тут і фальшывыя подпісы пад кнігамі, указаньне фальшывых выдавецкіх зьвестак, выхад у сьвет ананімных выданьняў, псэўданімы аўтараў і г.д.

Як і ў нашы дні, цэнзура спрыяе вялікаму посьпеху кніг і выдавецкіх праектаў. Забароненыя кнігі зазвычай надта прыцягваюць увагу чытачоў — калі даходзяць да іх.

Друк, кнігі паспрыялі замацаваньню індывідуалізму, унутранага аналізу, засяроджанасьці на сабе. Гэта ўплывала як на псыхалёгію людзей, так і на зьмены папулярнасьці літаратурных жанраў. Адным з такіх наступстваў стаў росквіт жанру літаратурнага дзёньніка. Калі чалавек піша, ён заўсёды нібы гаворыць, пісьмо — імітацыя гаворкі. Дзёньнік — імітацыя дыялёгу з самім сабой. Але ў рэальным жыцьці мы ніколі не гаворым самі з сабою гэткім чынам. Дыярыюш, дзёньнік — вельмі маладая літаратурная форма, яна зьявілася толькі пад канец 17 ст. Вэрбалізацыя саліпсістычных фантазіяў, прадугледжаная гэтым жанрам, ёсьць прадуктам зьменаў, якія спрычыніла друкарская культура ў структуры чалавечага розуму.

Іншыя жанры, народжаныя друкам — жанры слоўніка і падручніка. Аднак амаль не да спазнаньня зьмяніліся й тыя жанры, якія папярэднічалі вынаходцы Гутэнбэрга. Калі мы разгледзім буйныя тэксты, створаныя ў вуснай форме, “Калевалу”, “Манас”, “Адысэю”, то пабачым, што яны ня маюць лінійнай інтрыгі, як, напрыклад, дэтэктывы. Матэрыял да пісьмовых твораў пададзены эпізодамі, быццам шэраг асобных скрынак ці матрошак, што зьмяшчаюцца адна ў адну. Толькі пісьмо і друк дазволілі разьвіцца звыкламу для нас цяпер нарастаючаму наратыўнаму сюжэту.

Уолтэр Онг пісаў, што пісьмо ёсьць дзейнасьцю, якая пашырае сьвядомасьць. Апавяданьне з арганізаванай і кампактнай інтрыгай — гэта адначасова прадукт і прычына абвастрэньня сьвядомасьці, і дзеля гэтага яно знаходзіць свой сымбалічны выраз у бездакорнай пірамідальнай інтрызе дэтэктыўнага раману, дзеяньне якога факусуецца ў свядомасьці галоўнага героя, якім звычайна і зьяўляецца дэтэктыў.

Такія зьявы, як узьнікненьне друку, зараджэньне капіталізму, трыюмф індывідуалізму, Рэфармацыя, зьяўленьне зародкаў тэхнічнай рэвалюцыі, маюць несумненную сувязь паміж сабою. Усе гэтыя чыньнікі разам ляжаць у падмурку той эвалюцыі грамадзтва, якая прывяла да стварэньня мадэрнага грамадзтва. Усталяваньне капіталістычнай фармацыі было ня ў меншай ступені абумоўлена распаўсюджаньнем пратэстанцкай этыкі, пра якую пісаў Макс Вэбэр, або клясавым змаганьнем, апісаным Марксам, чым друкаваньнем дзясяткаў мільёнаў кніг.

З эканамічнага пункту гледжаньня першадрукары былі гарадзкімі прадпрымальнікамі, якім з дапамогай тэхнічных удасканаленьняў удалося замяніць прадукт ручной працы прадуктам працы машыннай, якія ажыцьцяўлялі сваю дзейнасьць, дзякуючы грашовым пазыкам, тым самым спрыяючы арганізацыі фінансавай сыстэмы грамадзтва, якія першыя сталі вырабляць масавую прадукцыю і разгарнулі гандлёвую сетку за межы асобна ўзятых карпарацыяў і гарадоў эпохі позьняга Сярэднявечча, якія на сваіх прадпрыемствах першыя ажыцьцявілі ключавыя сацыяльныя досьведы мадэрнай эпохі, напрыклад, першыя страйкі, і якія працавалі (першыя ў галіне эканомікі) ува ўмовах жорсткай канкурэнцыі, абумоўленай пошукам прыбытку.

Шрыфты Гутэнбэрга зрабілі немалы ўнёсак у навуковую рэвалюцыю, нягледзячы на іх першапачаткова чыста рэлігійнае выкарыстаньне. Яны дазволілі дабівацца няспыннага паляпшэньня якасьці кніг і той інфармацыі, што ў іх утрымліваецца ад выданьня да выданьня. Дэвід Юм пісаў, што галоўнай выгодай мастацтва друку ёсьць магчымасьць няспыннага ўдасканаленьня і выпраўленьня кніг пры перавыданьнях, якую нам дае друк.

Друк робіць магчымым збор зьвестак на цалкам новай аснове, ён дае ў распараджэньне дасьледчыкам карты, дыяграмы, табліцы, усё больш дакладныя малюнкі, і вызваляе навукоўца ад неабходнасьці бессэнсоўнага перапісваньня тэкстаў.

Пакуль не зьявіўся друк, здавалася немагчымым пераўзысьці геаграфічныя вынаходніцтвы, зробленыя ў эпоху Аляксандра Македонскага. Неўзабаве пасьля таго, як на капітанскія сталы ляглі геаграфічныя карты, былі ажыцьцёўлены вялікія геаграфічныя адкрыцьці. Да зьяўленьня друку атрыманьне і захаваньне веды, назапашанай продкамі, было важнейшым за іншую разумовую дзейнасьць, а галоўнай функцыяй у любога ўнівэрсытэцкага факультэту быў збор і захаваньне асаблівага корпусу тэкстаў, якія дасталіся ад продкаў.

У 20 ст., калі тэхналягічныя зьмены ў сродках масавай інфармацыі зьмянілі ўмовы чытаньня і пісаньня, час і характарыстыкі пацехаў і ўвесь наш пачуцьцёвы апарат, а таксама калі мы прыйшлі да высновы пра выгоднасьцьзьмяненьня падыходаў да адукацыі, прынятых у папярэднія стагодзьдзі, шмат хто стаў ставіць пытаньне пра пэрспэктывы кнігі. Насамрэч, сьвет слова робіць акцэнт на лёгіцы, пераемнасьці і гісторыі, экспазыцыі, аб'ектыўнасьці, дыстанцыі паміж чытачом і аўтарам і дысцыпліне, якой вымагае працэс успрыманьня інфармацыі, сьвет тэлебачаньня, насуперак, вызначаецца фантазіяй, апавядальнасьцю, сынхроннасьцю перадачы інфармацыі, сучаснасьцю, набліжанасьцю да гледача, непасрэднасьцю рэакцыі і эмацыйнага ўзьдзеяньня. Усе вышэйпералічаныя якасьці нібыта спрыяюць зьмяншэньню папулярнасьці кнігі. Сапраўды, каб чытаць, трэба ўмець чытаць, а тэлебачаньне могуць глядзець людзі нават без адукацыі. Чытаньне, звычайна, ёсьць працэсам індывідуальным, а досьвед тэлебачаньня можна праходзіць і ў кампаніі. Кніга створана для спажываньня абмежаванымі дозамі, а тэлебачаньне можа спажывацца несупынна і ў вялікіх дозах. Хуткасьць распаўсюджаньня тэлеінфармацыі непараўнальна вышэйшая. Друк створаны для меншасьці грамадзтва, трэба гэта прызнаць, тады як электронныя сродкі масавай інфармацыі створаны для большасьці. Нарэшце, кнігі, хоць і вырабляць іх нядужа цяжка, для спажыўца абыходзяцца досыць дорага, тады як прадукцыю электронных мас-мэдыя вырабляюць дарагою цаною, затое ў выніку эканамічных экстраапэрацый спажыўцу гэтая прадукцыя абыходзіцца вельмі танна. Кнігу можам чытаць, толькі трымаючы яе перад вачыма, пад тэлевізар жа можна есьці, прасаваць бялізну, гатаваць ежу, прыбіраць пакой.

Сьмерць кнігі першы прадказаў францускі паэт Лямартын у 1830 г. Праўда, ён меркаваў, што кнігу заб'е газэта. З тае пары аналягічныя прароцтвы множыліся.

Усё ж кнігі наўрад ці зьнікнуць. Яны зьмяняюць сваю форму, зьяўляюцца гаворачыя кнігі, напрыклад, кнігі-інтэрвію, плён электроннай тэхналёгіі. Яны робяцца прыгажэйшыя — каб ня толькі перадаваць інфармацыю, але і існаваць як творы мастацтва.

Урэшце кніга й друкаваны тэкст маюць годнага нашчадка — кампутар і кампутарны тэкст. Аднак культурнай манаполіі кнігі прыйшоў канец, якія б анатэмы не прамаўлялі супраць вульгарнага тэлебачаньня і бяздушных электронных машынаў у абарону высакародных кніг. Кніга эпохі электроннай культуры застаецца адной сярод шматлікіх прыладаў пазнаньня.

Ад друкаванага тэксту, фізычнага тэксту кнігі, адбыўся пераход да віртуальнага кампутарнага тэксту. Ад тэксту — пераход да гіпэртэксту, які ўжо не валодае шматлікімі ключавымі характарыстыкамі друкарскай культуры. Ён ня мае акрэсьленага й нязьменнага пачатку й канца, ня мае акрэсьленых межаў, ён хаатычны, дынамічны, плынны. Уявіце сабе, напрыклад, гіпэртэкст, які складаецца з усіх тэкстаў газэты “Наша Ніва” плюс усіх крытычных камэнтароў, якія былі зроблены пра гэту газэту на працягу стагодзьдзя, плюс усе дайджэсты гэтай газэты, якія дзе-кольвек зьяўляліся, плюс усе дзяржаўныя і юрыдычныя акты, якія стасуюцца гэтай газэты, у тым ліку і матар'ялы судовага працэсу аб законнасьці ўжываньня клясычнага беларускага правапісу, плюс запісы ўсіх радыёперадач, у якіх расказвалася пра зьмест нумароў, плюс відэаматэрыял, пачынаючы ад фотаздымкаў аўтараў газэты, плюс тыя тэксты, якія дасылаліся ў рэдакцыю, але якія па тых ці іншых прычынах не патрапілі на старонкі — гэта й будзе такі сабе гіпэртэкст, які існуе як частка шматвымернага дыялёгу, складаных узаемасувязяў паміж адным фізычным тэкстам і тысячамі іншых, што разбурыць непазьбежную фізычную абмежаванасьць друкаванага тэксту.

Кнігі зьмяшчаюць тэксты. Этымалягічна слова “тэкст” азначае “тканка, тканіна” (параўнайце з словамі “тэкстыль”, “тэкстура”). Аднак, калі раней гэтую тканку нязьменна лічылі пэўнай заслонай, за якой з большым ці меншым посьпехам хаваецца сэнс, нейкая праўда (мы тут амаль цытуем Раляна Барта), то сучасная філязофія, гаворачы пра гэтую тканку, падкрэсьлівае ідэю спараджэньня, паводле якой тэкст ствараецца, выпрацоўваецца празь бясконцае пляценьне мноства нітак. Заблукаўшы ў гэтай матэрыі, суб'ект зьнікае, быццам павук у прадуктах уласнай сэкрэцыі, зь якіх ён пляце сваё павучыньне. Ралян Барт вызначае тэорыю тэксту як гіталёгію (грэцкае слова “гітас” азначае “тканіна” і “павучыньне”).

Пралятаючы праз тэорыі тэксту, нельга забываць, што тэкст — гэта аб'ект асалоды, і, як любы іншы аб'ект асалоды, збліжаецца з задавальненьнямі паўсядзённага жыцьця, з слодыччу ежы, з хараством краявіду, зь перахопленым раптоўным позіркам, з таямніцай голасу. Чытаньне — гэта прыгода, а ідэальная кніга — гэта кніга, дзе зьліваюцца асалода ад жыцьця і асалода ад тэксту.


Літаратура

1. Baldini M. Storia della communicazione, Roma, Tascabili Economici. Newton, 1995.

2. Eco U. Sei passegiate nei boschi narrativi. Milano, Bompiani, 1994.

3. Havelock E. The Muse Learns to Write. Reflections on Orality and Literacy from Antiquity to the Present. New Haven, Yale University Press, 1986.

4. McLuhan M. The Gutenberg Galaxy. Toronto, University of Toronto Press, 1962.

5. Ong W.J. Orality and Literacy. The Technologizing of the Word. London, Methuen, 1982.

6. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. Москва, Прогресс, 1994.

7. Берман Б. Читатель жития. // Художественная культура средневековья. М., 1982.

8. Гриценко О. Книжка. // Нариси української популярної культури. Київ, УЦКД, 1998.

Мас-мэдыі

Плян:

1. Канцэпцыi “мазаiчнай” культуры i сучасныя iнфармацыйныя тэхналёгii

2. “Новы iнфармацыйны лад” i праблемы культурнай iдэнтыфiкацыi

3. Мас-мэдыі i станаўленьне iнфармацыйнага грамадзтва. Эвалюцыя дактрынаў мас-мэдыяў

Дэвальвацыя — разбурэньне гiерархii каштоўнасьцяў “мёртвай” клясычнай культуры Захаду адбываецца адначасна зь “iнфармацыйным выбухам”, новым вiтком развою сыстэмы масавых камунiкацый.

Cтанаўленьне iнфармацыйнага грамадзтва, заснаванага на стварэньнi i рэалiзацыi iнфармацыйных прадуктаў, Абрам Моль зьвязвае з фармаваньнем прынцыпова новага тыпу культуры. Моль прапаноўвае называць яго “мазаiчным”.

Уся папярэдняя культура будавалася па прынцыпе жорсткай гiерархiчнасьцi i сыстэмнасьцi. З рознай мерай посьпеху розныя культурныя сыстэмы iмкнулiся забясьпечыць максымальную згарманiзаванасьць грамадзкiх стасункаў i каштоўнасных арыентацый. Уваходжаньне iндывiда ў такую сыстэму рабiлася магчымым у працэсе навучаньня цi адукацыi, праз засваеньне пэўнай мадэлi сацыяльных паводзiнаў i зьвязаных зь ёй ведаў, што выяўлялiся ў выглядзе набору лягiчна зьнітаваных паняткаў. Чым да больш высокай ролi ў сацыяльнай гiерархii рыхтаваўся чалавек, тым складанейшай была ягоная адукацыя. З гэтага культура, паводле Моля, уяўляла сабой жорстка арганiзаваную сыстэму, улучэньне ў якую магло адбыцца адно праз адукацыю. Адсюль i панаваньне культу розуму i культу ведаў, якiя рабiлi вiдавочнай разумовасьць сьвету.

Сучасная культура будуецца прынцыпова iншым чынам. Паколькi найвышэйшай каштоўнасьцю ў ёй становiцца iнфармацыя, якая набывае статус асноўнага гаранту грамадзкага посьпеху, сацыялiзацыя з працэсу развучваньня кананiчнай “культурнай ролi” ператвараецца ў пагружэньне ў разнаплянавы, размаiты i супярэчлiвы iнфармацыйны хаос. Гарманiчны гмах клясычнай культуры перабудоўваецца ў “глябальную вёску” Маршала Маклюэна, дзе ў прынцыпе ўсе могуць ведаць пра ўсiх i пра ўсё, але толькi на ўзроўнi павярхоўнага, прафаннага знаёмства, характэрнага для архаiчнай “бесьпiсьмовай” культуры. Замест лягiчнага ланцужка паняткаў прапаноўваецца яркая “карцiнка”. Так, скандал Клiнтан — Левiнскi быў растыражаваны празь Iнтэрнэт па ўсім сьвеце ў папулярным жанры вясковай плёткi.

“Мазаiчны” лад сучаснай культуры выяўляецца праз разбурэньне традыцыйнай сыстэмы каштоўнасьцяў i прызнаньне кожнай iнфармацыйнай крынiцы ў якасьцi раўнапраўнага агента камунiкацыi. “Мазаiчная” культура хаатычная i фрагмэнтарная, яна ня мае завершанага “пляну” i выразнай сацыяльнай гiерархii. Галоўная аб'ектыўная характарыстыка iнфармацыйнай прасторы — ужо ня якасьць, а шчыльнасьць, насычанасьць. Ранейшыя пошукi аптымальнай формы кiраваньня грамадзтвам зьмяняюцца памкненьнем стварыць максымальна эфэктыўнае “творчае бязладзьдзе”, якое дасьць iндывiду свабоду выбару формы i зьместу iнфармацыйных кантактаў. Характэрнай рысай сучаснай iнфармацыйнай прасторы становiцца яе прынцыповая нелiнійнасьць. Сэнс узьнiкае як вэктар, як вынiк перасячэньня рознаскiраваных iнфармацыйных патокаў.

Адукаванасьць як умельства засвоiць i скарыстаць “чужы” сацыяльны сцэнар, згодна з Молем, больш не зьяўляецца падставай посьпеху. Сыстэмнасьць веданьня саступае месца здольнасьцi разьняволена рухацца па розных узроўнях iнфармацыйнай прасторы. Iнфармацыйны плюралiзм, iнфармацыйная канкурэнцыя размываюць звыклую сыстэму каштоўнасьцяў, вяртаюць карыстальнiка на ўзровень дарацыянальнага “схоплiваньня” знакаў, якi Ралян Барт пазначаў як “нулявую ступень пiсьма”. Культурная праграма iндывiда пастаянна мяняецца, “аднаразовая” iнфармацыя сьлiзгае па паверхнi, не пранiкаючы ў глыб сьвядомасьцi, не пасьпяваючы стацца часткай уласнага досьведу. Падобны “сёрфiнг”, кожны раз зьвязаны з вырашэньнем канкрэтнай задачы, у чыста практычным аспэкце, зазвычай бывае досыць пасьпяховым. Аднак, насамрэч, ён прызвычайвае карыстальнiка да спрошчанага, “рэклямнага” стылю стаўленьня да рэальнасьцi.

Прыёмнiк, якi ўвесь час працуе ў машыне цi офiсе, звыклае тэлешоў у суботу вечарам... “Нахапанасьць” замяняе разуменьне, сыстэмна арганiзаванае бачаньне сьвету зьмяняецца наборам выпадковых уражаньняў, задзiночаных па прынцыпе свабодных асацыяцыяў. На гэты конт Умбэрта Эка дасьцiпна заўважыў: “Калi б Маргарэт Мiтчэл (аўтар “Аднесеных ветрам”. —М.Ж.) патрапiла ў Сусьветнае павучыньне, яна напiсала б “Памiнкi па Фiнегане”. Джэймс Джойс заўсёды жыў у Сетцы”. Авангардысцкая тэхнiка “плынi сьвядомасьцi” пачатку стагодзьдзя становiцца штодзённай звычкай у яго канцы.

Вiдавочна, што сучасныя мас-мэдыі ўсё больш яўна набываюць статус аднаго з асноўных культуратворчых фактараў. СМI фармуюць шкалу каштоўнасьцяў, уплываюць на моду i стыль сумоўя, дыктуюць палiтычны выбар i вызначаюць аб'ём продажу новага поп-альбому цi мэдыцынскага прэпарату. Мас-мэдыі не ствараюць iндывiдуальнасьцi, яны выштукоўваюць пэрсанажы. Мас-мэдыі не ствараюць новых сацыяльных зьяваў, яны дапамагаюць iх заўважыць i прапаноўваюць празрыстыя тлумачэньнi.

Мiж iншым мас-мэдыі, у сытуацыi адсутнасьцi палiтычнай цэнзуры, самi выступаюць у ролi своеасаблiвага цэнзара. Тое, што не патрапiла ў мас-мэдыі, практычна не ўплывае на жыцьцё грамадзтва. “Гэтага не было б, каб пра гэта б не расказалi ў вячэрнiм выпуску навiнаў”. I, наадварот: калi расказалi, значыць было. Папулярная формула Маршала Маклюэна “The Media is the Message” (“Мэдыі самі ёсьць пасланьнем”) набывае тут лiтаральны сэнс. Клясычны прыклад: калi ў 1939 г. Орсан Уэлс зрабiў iнсцэнаваньне “Вайны сьветаў” для радыё ў выглядзе “прамога” рэпартажу зь месца падзеяў, у студыю пачалi тэлефанаваць “сьведкi” з усёй Амэрыкi i паведамляць пра зьяўленьне прыбышоў. Яны гэта “ўбачылi!” Мы жывем у iнфармацыйна афарбаванай культурнай прасторы i гэта адзiная падлеглая нам рэальнасьць.

Даступнасьць i максымальная “ўежнасьць” пасланьня мас-мэдыяў мае свой адваротны бок. Зьмест iнфармацыйнага пакету жыве адзiн дзень i адразу забываецца. Аўдыторыю трэба заваёўваць кожную ранiцу нанова. Сярод апрабаваных тактыкаў заваблiваньня аўдыторыi амэрыканскi спэцыялiст па масавых камунiкацыях Роўленд Лорымэр называе наступныя:

— эфэкт нечаканасьцi цi “iнфармацыйны шок”;

— сэнсавы мантаж (ненатуральна прыгожыя дзяўчаты-дыктары з “Метео-ТВ”, эфэктны мужчына Антонiа Бандэрас у рэкляме калготак i г.д.);

— выкарыстаньне чалавечага фактару (апiрышча на культурныя архетыпы, агульначалавечыя жарсьцi i пачуцьцi, забабоны i страхi);

— квазiадраснае пасланьне (па прынцыпе “гэта магло б здарыцца з табой” цi “менавiта табе бяз гэтага нiяк не абысьцiся);

— частату ўзнаўленьня той самай iнфармацыi (колькасьць паўтораў песьнi па радыё цi рэклямных ролiкаў на тэлебачаньнi непасрэдна зьвязана з узроўнем папулярнасьцi тавару, хаця досыць хутка ўзьнiкае эфэкт прызвычайваньня, што неўзабаве можа выявiцца ў агрэсiўным непрыняцьцi празьмерна надакучлiвай прапановы);

— аптымальную моўную палiтыку (мова мусiць улiчваць адметнасьцi аўдыторыi i з гэтага адпаведна будаваць сумоўе. Вядома, што радыёслухачу неабходна 6—8 сэкундаў, каб “уключыцца” ў iнфармацыю).

У якасьцi рэзюмэ можна згадаць выказваньне Абрама Моля: “Чалавек заўсёды цiкавiцца другiм чалавекам, а грамадзтва патрабуе, каб ён цiкавiўся iдэямi”. Значыць, iдэю неабходна “ўпакаваць” у чалавечую гiсторыю. Таму мас-мэдыі пастаянна прапануюць нам стракаты набор “ідэяў з чалавечым тварам”, якiя часта ўзаемаадмаўляюць адна адну.

“Перагружанасьць” iнфармацыйнай прасторы, пра якую згадвае Бадрыяр, у сваiм скрайнiм выяўленьнi можа ператварыцца ўва ўласную супрацьлегласьць — паток “белага” шуму, запамежную сэнсавую “запоўненасьць”, якая ў гэтым выпадку абсалютна тоесная “незапоўненасьцi” белага аркуша, вольнага ад якога б там нi было “пасланьня”. Надрыўнае хаатычнае шматгалосьсе мас-мэдыяў, якiя гiстэрычна намагаюцца перакрычаць адзiн аднаго, можа калiсьцi выявiцца ў форме паведамленьня, якое немагчыма прачытаць, у паведамленьне, нулявое па сваёй iнфармацыйнай насычанасьцi. Тады кожныя мас-мэдыі, працуючы ў рэжыме аўтакамунiкацыi, будуць чуць толькi саміх сябе.

Аднак гэтая сумная пэрспэктыва мае шансы стацца рэальнасьцю адно ў тым выпадку, калi ўсё ўзрастаючы паток мэдыя-паведамленьняў будзе гучаць на адной i той самай хвалi. Найбольш натуральны i прадуктыўны выхад з сытуацыi iнфармацыйнай перагрузкi — своечасовы сыход на лякальныя рынкi. Па сутнасьцi гэта азначае адмову ад традыцыйнага разуменьня “масавасьцi” СМI як глябальнага ахопу аўдыторыi на карысьць пошуку сваёй прыватнай субпрасторы, уласнага фрагмэнту ў агульнай мазаiцы сучаснай культуры.

Новы iнфармацыйны парадак трактуе масавасьць найперш як агульнадаступнасьць i максымальную дэмакратычнасьць iнфармацыйных крынiцаў. У гэтай сытуацыi мэдыя-прастора iстотна мяняе сацыяльную праcтору. Узьнiкае структурнае беспрацоўе, калi працоўных месцаў пазбаўляюцца тыя, што не валодаюць кампутарам i не знаёмыя з асновамi Сусьветнага Павучыньня. Ува ўмовах iнфармацыйнага грамадзтва традыцыйная пісьменнасьць усё часьцей падмяняецца кампутарнай граматнасьцю, а здольнасьць да iнтэрпрэтацыi — наборам неабходных тэхнiчных прыёмаў.

Узьнiкаюць i новыя мадэлi адхiленьняў у нармаваных паводзiнах. Тут найперш маюцца на ўвазе хакеры — узломнікі iнфармацыйных базаў, сеткавыя авантурысты, якiя дрэйфуюць па Iнтэрнэце ў пошуках прыгодаў. У гэты шэраг можна залiчыць i сеткавую парнаграфiю i гэтак званы “кiбэрсэкс”, а таксама сеткавыя махiнацыi, да прыкладу, перавод банкаўскага рахунку шляхам падбора “ключа” цi падробкi iдэнтыфiкацыйных дадзеных сапраўднага карыстальнiка ўкладу.

Разам з тым узьнiкаюць i новыя формы прафэсiйнай занятасьцi, паколькi дзякуючы Iнтэрнэту палiтычныя межы i геаграфiчная адлегласьць перастаюць быць перашкодай для прадукцыйнай сумеснай працы. Менскi спэцыялiст па праграмаваньні, якi працуе ў сваiм офiсе на амэрыканскага замоўцу i на працягу дня шматкроць сумоўнiчае зь iм у рэжыме прамога дыялёгу — гэта ўжо рэальнасьць. Iнфармацыя — маёмасьць мабiльная i яна ня ведае нi межаў, нi мытнага кантролю. Спосаб i аб'ём перадачы iнфармацыi вызначаецца наўпрост тым, хто яе адпраўляе, i тым, хто атрымлiвае iнфармацыйны пакет безь якога-кольвек узгадненьня i пасярэднiцтва.

Такiм чынам, звыклы падзел на цэнтар i ўскраiну, мэтраполiю i правiнцыю, розныя дзяржавы i рэгiёны для iнфармацыйнага грамадзтва пазбаўляецца сэнсу. Iнфармацыйныя рэсурсы роўнадаступныя кожнаму карыстальнiку, якi ўключаны ў сетку, i даюць магчымасьць атрымлiваць дадзеныя адпаведна яго iндывiдуальным запатрабаваньням. З гэтай нагоды згадаем словы таго ж Майкла Джойса: “...каштоўнасьць праграме надае нашае веданьне аб тым, як выкарыстаць сябе самога i дзеля чаго. Трымаючы ў руцэ панэль дыстанцыйнага кiраваньня, мы перабiраем мноства гiсторый, загалоўкаў i рубрыкаў, адначасна кантралюючы некалькi трансьляцыйных каналаў i фiксуючы розныя часавыя кантынуумы. Праграмнае забесьпячэньне — гэта ня проста нейкая карысная каштоўнасьць, гэта яшчэ i каштоўнасьць, якую мы выбiраем адпаведна ўласным запатрабаваньням”. Мас-мэдыі iнфармацыйнага грамадзтва з “фармавальніка сьвядомасьцi” ператвараюцца ў стваральнiка своеасаблiвага поля магчымасьцяў, аўтара шматлiкiх iнфармацыйных вэрсiяў. Вядомы жарт Генры Форда: “Пакупнiк можа набыць “Форд” любога колеру, пры ўмове, што ён абярэ чорны”,— абсалютна не стасуецца з сучасным iнфармацыйным рынкам. Iнтэрнэт, шматкабельнае спадарожнікавае i кабельнае тэлебачаньне прадстаўляюць карыстальнiку самыя шырокiя магчымасьцi выбару.

Тым ня менш, было б вiдавочнай аблудай сьцьвярджаць, што сёньняшнi спажывец iнфармацыйнага прадукту зьяўляецца бясспрэчным гаспадаром становiшча. Па-першае, iнфармацыйныя рэсурсы Iнтэрнэту шырокiя, але не бязьмежныя. Iх структура вызначаецца стваральнiкам базаў i карыстальнiку прапаноўваюць толькi тое, што стваральнiк вынайшаў цi палiчыў патрэбным сюды ўключыць. Па-другое, сеткавыя пошукавыя праграмы тыпу Yahoo цi Altavista даволi абмежаваныя ў магчымасьцях. Найперш гэта зьвязана з мэханiчным падыходам да адбору матэрыялу. З чаго пошук па ключавых словах цi пэрсаналiях змушае перабiраць вялiкi сьпiс крынiцаў, большая частка якiх усяго толькi мiмаходзь згадвае пра неабходную вам iнфармацыю. Мэханiзмы меркаваных фiльтраў iнфармацыйных рэсурсаў, паклiканыя рабiць тэматычную выбарку па замове замоўцы, спрацоўваюць як глушыцель, “размываючы” шуканы матэрыял.

Яшчэ адна праблема зьвязаная з магчымасьцю вонкавага кантролю за працай карыстальнiка iнфармацыйнай сеткi шляхам адсочваньня наведвальнiкаў Web-старонак i адрасатаў электроннай пошты. Праблема ў тым, што апэратыўныя дадзеныя аб працы кампутара захоўваюцца ня толькi ў ягонай памяцi, але i ў памяцi сэрвэру, якi абслугоўвае дадзены кампутар у працэсе яго работы ў сетцы. Гэта стварае рэальную магчымасьць сфармаваньня “iнфармацыйнага дасье” практычна любога карыстальнiка, незалежна ад ягонага месцазнаходжаньня i сацыяльнага статусу. Назiраньне за прыватным сеткавым жыцьцём грамадзянаў у пэрспэктыве можа зрабiцца адным зь iнструмэнтаў шантажу i палiтычнага вiжаваньня. Ужо на сёньняшнi дзень гэта тэхнiчна магчыма. Перашкоды ў арганiзацыi iнфармацыйнага вiжаваньня зьвязаныя толькi з наяўнасьцю пэўных палiтычных, юрыдычных i сацыяльных абмежаваньняў. Але падобныя нормы могуць спынiць адно схiльных iх прытрымлiвацца.

Акрамя таго, шматлiкасьць iнфармацыйных крынiцаў не азначае шырокага выбару i якасьці iнфармацыi. Калi дзяржава зьяўляецца манапольным уласьнiкам усiх газэтаў у краiне, то ўсе яны будуць пiсаць пра адно i тое самае. Але i сам факт наяўнасьцi, да прыкладу, 42 незалежных каналаў кабельнага тэлебачаньня не гарантуе якасьцi iнфармацыйнага прадукту. Яшчэ трыццаць гадоў назад Джон Ленан (John Lennon) падчас першага вiзыту “Бiтлз” у ЗША саркастычна заўважыў: “Мне падабаецца амэрыканскае тэлебачаньне. Трыццаць каналаў i на кожным адно i тое самае сьмецьце”. Фармальна выбар iснуе, рэальна яго няма.

Даступнасьць сеткавых крынiцаў натуральным чынам абмяжоўваецца памерамi платы за падключэньне i карыстаньне Сусьветным Павучыньнем цi кабельным тэлебачаньнем. Да таго ж iснуюць розныя нацыянальныя стратэгii фiнансаваньня лякальных iнфармацыйных структураў. У Францыi, да прыкладу, ёсьць дзяржаўная праграма падтрымкi лякальных мас-мэдыяў. У ЗША, наадварот, падобнае ўспрымаецца як абсурд. Прынцыпова рознай тут аказваецца выходная ацэнка сытуацыi: для Францыi лякальныя iнфармацыйныя сеткi — люстэрка дзяржаўнай палiтыкi, фактар сацыяльнай стабiльнасьцi, рупар улады. Для ЗША — гэта форма прыватнага бiзнэсу, камэрцыйнае прадпрыемства, дзе асноўная гарантыя посьпеху — энэргiя i iнтуiцыя ўласьнiка, зацiкаўленага ў тым, каб зарабiць болей грошай.

Як мы бачым, рэалii новага iнфармацыйнага парадку не залежаць ад узаемаадносiнаў мас-мэдыяў i ўлады. Iнтэрнэт не гарант дэмакратычных свабод, а толькi адна зь iх магчымых перадумоваў. Кампутарызацыя мяняе структуру занятасьцi, але ня здольная перамянiць палiтычных цi рэлiгiйных перакананьняў. Найноўшыя iнфармацыйныя тэхналёгii забясьпечваюць магчымасьць сацыяльнага дзеяньня, але самi гэтым дзеяньнем не зьяўляюцца. У першым з разгледжаных намi выпадкаў (“францускi варыянт”) яны спрыяюць узмацненьню агульнага ўплыву дзяржавы на жыцьцё грамадзтва, у другiм (“амэрыканскi варыянт”) — садзейнiчаюць дасягненьню прыватных бiзнэсовых мэтаў. Мас-мэдыі зьяўляюцца адно толькi сродкам, прыдатны для дзеяньня ў любым вэктары. Супольным у абодвух накiрунках ёсьць пошук аптымальнага спалучэньня формы падачы матэрыялу, прывабны для спажыўца зьмест i даступныя цэны.

Слушна мяркуючы, што фiнансавая дапамога звонку ня будзе доўжыцца вечна, стваральнiкi сеткавых iнфармацыйных базаў ужо цяпер плянуюць атрымлiваць асноўны прыбытак за кошт зьмяшчэньня на сваiх Web-старонках рэклямы, падпiскi на Web-часопiсы, а таксама за кошт аплаты адрасных iнфармацыйных пакетаў, што паступаюць на пэрсанальны кампутар на жаданьне заказчыка.

“Мазаiчная” культура iнфармацыйнага грамадзтва можа атрымаць сваё адэкватнае адлюстраваньне толькi шляхам стварэньня “мазаiчнага” iнфармацыйнага прадукту, якi складваецца з шматстайнага набору максымальна пэрсанiфiкаваных прапановаў, здольных улiчыць як стабiльныя, так i апэратыўныя запатрабаваньнi спажыўца. З гэтага можа адбыцца своеасаблiвае адраджэньне традыцыйных мэдыя-тэхналёгiяў (выпуск пэрыядычных выданьняў, стварэньне сэрыяў дайджэстаў рознай тэматыкi, манiторынг прэсы на нейкую тэму, рэфэратыўны агляд i г.д.), здольных iснаваць i ў неабсяжных прасторах Сусьветнага Павучыньня.

Бясспрэчная перавага новых iнфармацыйных тэхналёгiй — гэта апэратыўнасьць, высокая хуткасьць камунiкацый, дастаткова шырокая база дадзеных практычна па ўсiх сфэрах жыцьця грамадзтва i ўнiкальная магчымасьць пабудовы бесцэнзурнай культурнай прасторы. У той жа час новы iнфармацыйны парадак непазьбежна скарачае колькасьць “жывых” чалавечых кантактаў, перасоўвае сацыяльныя стасункi ў вiртуальную сфэру.

Папулярны вобраз — “грамадзтва адзiнотнiкаў”, кожны зь якiх не выходзiць на людзi, аддаючы перавагу кампутару, гэта зусiм не мастацкая гiпэрбала. У Сетцы можна ўсё: даведацца пра навiны i пазнаёмiцца зь дзяўчынай, паслухаць новы дыск Дэвiда Боўi i паглядзець фрагмэнты найноўшага галiвудзкага блёкбастэру, прачытаць поўны збор твораў Вiктара Пялевiна i падрабязныя стэнаграмы допытаў прэзыдэнта Клiнтана, праагiтаваць за леварадыкальныя iдэi i заказаць бiлеты на самалёт, знайсьцi новую працу i даведацца, як робiцца запальнiкавая бомба... Сусьветнае Павучыньне навучае чалавецтва паводле Картасара, ператвараючы культуру ў мадэль для зборкi, унiвэрсальны канструктар.

Аднак сытуацыя ўскладняецца яшчэ i тым, што набор складовых элемэнтаў увесь час мяняецца, побач з намi іншыя будуюць з гэтых жа дэталяў уласную карцiнку, ды i мы самi далёка не заўсёды ясна ўсьведамляем, што мы, уласна, жадаем скласьцi. Таму новая iнфармацыйная культура пакуль прапануе нам практычна тое самае, што i традыцыйная: не саму гармонiю, а яе магчымасьць. Але калi ў традыцыйнай культуры будаўнiцтвам гармонii загадвалi цары i правадыры, кiруючы няўцямныя масы ў бок чарговай Вялiкай Iдэi, то ў iнфармацыйным грамадзтве гармонiя становiцца прыватнай справай кожнага асабiста — i ў той меры, у якой iндывiд здольны эфэктыўна прылучацца да мэдыя-сыстэмы i прадуктыўна рэгуляваць зь ёй свае ўзаемаадносiны.

Лякальная iнфармацыйная прастора як своеасаблiвы “iнфармацыйны двайнiк” iндывiда становiцца нечым накшталт субкультуры, пасярэднiкам памiж асобай i “вялiкай” культурай. Яна адначасна i абараняе чалавека ад непажаданага i непатрэбнага (“агрэсiўна-рэпрэсiўнага”) узьдзеяньня сацыяльнага асяродку i забясьпечвае неабходнымi i падабранымi “па росьце” каналамi сацыяльнай камунiкацыi.

Як адзначае Абрам Моль, разгортваньне падобнага стылю прысутнасьцi-ў-культуры стварае прынцыпова новыя формы культурнай iдэнтычнасьцi. Калi ў традыцыйнай “клясычнай” культуры культурная iдэнтычнасьць усьведамлялася i будавалася як набор пэўных стандартаў паводзiнаў i мысьленьня, заснаваных на традыцыйных формах трансьляцыi культурных каштоўнасьцяў, то для “мазаiчнай” культуры iнфармацыйнага грамадзтва характэрны шырокi спэктар мадэляў сацыяльнай камунiкацыi.

Асновай для культурнай iдэнтыфiкацыi i самаiдэнтыфiкацыi тут становiцца выбар канкрэтнай мадэлi iнфармацыйнага абмену. Мноства варыянтаў выбару (вэрбальнае сумоўе, кiно, электронная пошта, тэлебачаньне, кабельныя сеткi, кампутар, урадавыя базы дадзеных, электронныя iнфармацыйныя бюлетэнi, дыскусii on-line цi chats, FM радыё i г.д. i да т.п.) ствараюць магчымасьць самаiдэнтыфiкацыi сябе ў якасьцi партнэра па сеткавай гульнi, партнэра па бiзнэсе, удзельнiка прафэсiйнай групы, падпiсчыка электроннага бюлетэню, аднаго з групы сумоўнiкаў i г.д.

Сучасная культурная iдэнтычнасьць усё часьцей засноўваецца на ўлучанасьцi iндывiда ў пэўны набор iнфармацыйна-камунiкацыйных стасункаў. Як сьцьвярджае ў сваiм тэксьце “Сапраўдная сьвядомасьць, магчымыя сусьветы” тэарэтык кiбэрспэйсу Джэрам Брунэр, “рэч ня ў тым, каб ствараць нейкае новае ўласнае веданьне, а ў тым, каб займацца гэтым у супольнасьцi з тымi, хто падзяляе нашае разуменьне культуры”. Тып камунiкацыi вызначае тып сацыяльных кантактаў, а значыць i сацыяльную ролю чалавека. Двое сяброў аднаго ўзросту, якiя жывуць побач, сёньня могуць належаць да розных iнфармацыйных (а значыць i культурных) прастораў. I калi для заходняга грамадзтва iндустрыяльнага тыпу традыцыйна базысным элемэнтам вызначэньня культурнай iдэнтычнасьцi зьяўлялася нацыянальная прыналежнасьць, то ў сучасных умовах яе роля значна зьнiзiлася.

Сучасны чалавек, якi актыўна працуе з разнастайнымi інфармацыйнымi тэхналёгiямi, адзiночыцца з глябальнай iнфармацыйнай праcторай i праз гэта губляе сваю залежнасьць ад лякальнага сацыяльнага i культурнага асяродку. Традыцыйныя нарматывы культурных паводзiнаў, якiя вызначаюць жыцьцё iндывiда пэўнай супольнасьцi, у значна меншай меры ўплываюць на таго, хто дзеля працы цi забавы карыстаецца Iнтэрнэтам.

У Iнтэрнэце фармуюцца зусiм новыя мадэлi наўпроставых асабовых кантактаў, для якiх адлегласьцi i палiтычныя межы становяцца досыць умоўнай перашкодай. Новы iнфармацыйны парадак непазьбежна рухае да крызысу грамадзкiя сыстэмы, заснаваныя на дамiнаваньнi ўлады замкнутых элiтаў i манапольных iдэалёгiяў. Пашырэньне магчымасьцяў Сусьветнага Павучыньня натуральным чынам будзе ўплываць на зьнiжэньне аўтарытэту нацыянальных культураў, якiя паступова ператворацца з базавага фактару сацыялiзацыi iндывiда ў адзiн з раўнапраўных элемэнтаў “мазаiчнай” культуры iнфармацыйнага грамадзтва. Нацыянальна-этнiчныя культурныя дамiнанты натуральным чынам зьменяцца на сацыяльна-эканамiчныя. Новая iнфармацыйная прастора ўжо фармуе новы тып сацыяльнага дзеяньня, заснаванага на актыўным пошуку аптымальных умоваў для самарэалiзацыi асобы. “Brave New World” iнфармацыйнай культуры будуецца з масы дастаткова аўтаномных iндывiдуальных прастораў. У якасьцi найбольш пажаданага ўзору новай культуры выступае “пазытыўны плюралiзм”, якi ўсё часьцей прыходзiць на зьмену “татальнай ляяльнасьцi краiне i нацыi”.

Выходзячы з гэтага, можна прагназаваць зьнiжэньне ўплыву нацыянальных iнфармацыйных манаполiй, паслабленьне патэнцыялу нацыянальных кiнаiндустрый на карысьць мiжнародных праектаў, а таксама зьмяншэньне накладаў агульнанацыянальных газэтаў i часопiсаў i, наадварот, умацаваньне пазыцый мясцовых ды лякальных мас-мэдыяў. “Вялiкая культурная традыцыя”, раней зьвязаная з трансьляцыяй нацыянальнай сьвядомасьцi, ува ўмовах адкрытага грамадзтва будзе ўсё больш рашуча трансфармавацца. Мера яе аўтарытарнасьцi ўжо цяпер значна зьнiзiлася. Што тычыцца “малой” традыцыi, якая пераважна захоўвала канкрэтныя тыпы арганiзацыi штодзённа-пабытовага практычнага досьведу, то яе ўплыў у сiлу згаданых прычынаў будзе ўзрастаць.

Такiм чынам, рэальныя культурныя працэсы, характэрныя для постiндустрыяльнага грамадзтва, фармуюць новы тып iнфармацыйнай палiтыкi. На ўзроўнi глябальных сьветапоглядных мадэляў афармленьне i трансьляцыя каштоўнасных арыентацый i ўстановак адбываецца ў вынiку “хаатычнага” ўзаемадзеяньня разнаплянавых iнфармацыйных патокаў, якiя перасякаюцца ў межах лякальнай iнфармацыйнай прасторы канкрэтнага спажыўца. Гэта стварае своеасаблiвы “стэрэаэфэкт”, пазбаўляючы сумарную сытуацыю дагматычнай адназначнасьцi. На ўзроўнi прыватных практычных арыентацый вобраз сьвету фармуецца ў вынiку суаднясеньня глябальнага бачаньня сьвету, iндывiдуальнага практычнага досьведу i камэнтароў да яго, якiя агучваюць мясцовыя мэдыі. Схематычна суаднесенасьць глябальных i прыватных сьветапоглядных установак у рамках iнфармацыйнага грамадзтва можна выказаць у папулярнай сёньня на Захадзе формуле “Think globally, act locally!” (“Думай глябальна, дзейнiчай канкрэтна!”).

На завяршэньне ўяўляеццца мэтазгодным, насьледуючы клясыфiкацыі Абрама Моля, пазначыць асноўныя этапы гiстарычнага развою пануючых дактрынаў мас-мэдыяў:

— Культурны дагматызм. Мэта — упiсаць спажыўца ў штучна створанае поле ўплыву, заснаванае па а прыёры зададзеных каштоўнасьцях. Сьвядомае падтрыманьне сацыяльнай стабiльнасьцi шляхам пастаяннага ўзнаўленьня сьветапогляднага стандарту.

— Культурны канфармiзм. Мэта — захапiць спажыўца патокам дагматычных развагаў i запэўнiваньняў, пагружаючы яго ў прастору рэклямы. Цыклiчная зьмена “спажывецкага стандарту”, апэратыўная замена спажывецкiх матывацый.

— Культурны эклектызм. Эклектычная цi культуралiсцкая мадэль. Мэта — фармаваньне “адкрытай” сьвядомасьцi. Адсутнасьць жорсткiх каштоўнасных прыярытэтаў. Адзiная рэальная каштоўнасьць — адэкватнасьць чалавека ягонаму культурнаму асяродку. Галоўнае — не матэрыяльныя каштоўнасьцi, а пэўны падыход да рэчаў, “наiўны”, пазбаўлены забабонаў. “Iнтэлектуальны” аспэкт культуры больш iстотны, чым гiстарычны цi падзейны.

— Культурны дынамiзм. Мэта — стварэньне новых культурных узораў на аснове “нелiнійнага”, плюралiстычнага засваеньня культурнага прадукту. Стварэньне ўмоваў для самастойнага фармаваньня ўласнага культурнага асяродку спажыўца. Стымуляваньне субкультурнай актыўнасьцi на аснове доступу да глябальных iнфармацыйных рэсурсаў.

Апошнi этап суадносiцца з сучасным працэсам развою постiндустрыяльнага грамадзтва. Успрыняцьцё штодзённасьцi з гледзiшча глябальнага кантэксту, пазбаўленае палiтычнай, рэлiгiйнай цi вузканацыянальнай абмежаванасьцi, з адначасным напаўненьнем агульнасусьветных працэсаў “прыватным” эмацыйным успрыняцьцем iх непасрэднага ўдзельнiка — вось, бадай, той варыянт быцьця чалавека ў сучасным iнфармацыйным ляндшафце, якi ўяўляецца найбольш пажаданым.


Лiтаратура

1. Барт Р. Мифология. М., 1996.

2. Борев В., Коваленко А. Культура и массовая коммуникация. М., 1986.

3. Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунiкацыi. Мiнск, 1995.

4. Моль А. Социодинамика культуры. М., 1973.

5. Эко У. Отсуствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998.

6. Baudrillard J. The Implosion Of Meaning In The Media. // In The Shallow Of The Silent Majorities And Other Essays. NY, 1983.

7. Toffler A. Future Shock. NY, 1988.

8. Lorimer R. Mass Communicatoins. A Comparative Introduction. Manchester Univercity Press, 1994.

9. DeFleur Melvin L. Theories Of Mass Communication. Longman, 1988.

Мас-мэдыі і фармаваньне сучаснай інфармацыйнай прасторы

Плян:

1. Мас-мэдыі ў грамадзтве закрытага i пераходнага тыпаў. Барацьба элiтаў i iнфармацыйныя войны. “Беларускi варыянт”

2. Мэдыя-тэкст як генэратар значэньняў. Фэномэн “iнфармацыйнага сымулякру” паводле Ж.Бадрыяра

3. Прырода i асноўныя тыпы гiпэртэксту. “Мэдыі ёсьць пасланьнем”

Разуменьне мас-мэдыяў як прэзэнтанта запатрабаваньняў розных групаў уплыву знаходзiць сваё пацьверджаньне пры разглядзе стану СМI ў постсавецкiм і постперабудовачным грамадзтве. Традыцыйная для савецкага грамадзтва мадэль працы СМI ператварала iх у паслухмяныя прыдаткi партыйна-дзяржаўнай машыны, якая манапольна валодала сэрцамi i душамi масаў. У поўнай адпаведнасьцi мэсiянскаму духу “кiруючай i рухаючай сiлы” савецкага грамадзтва, СМI мусiлi распаўсюджваць дырэктывы ды загады i вучыць масы камунiзму. Функцыi агiтатара i прапагандыста цалкам пазбавiлi СМI якой-кольвек творчай незалежнасьцi, кiруючая партыя пасьлядоўна ператварала сродкi iнфармацыi ў “мiнiстэрства энтузiязму”, якое было занятае вытворчасьцю дзяржаўнай мiталёгii. Савецкiя СМI пасьпяхова стваралi аднастайную iнфармацыйную прастору, афарбаваную ў колеры пануючай iдэалёгii.

Гарбачоўская эпоха прынцыпова зьмянiла гэтую схему. СМI набылi статус рупару грамадзкiх запатрабаваньняў, своеасаблiвага каналу “зваротнай сувязi” для рэфарматараў з кiруючай элiты. У той жа час менавiта СМI зрабiлiся арэнай адкрытай спрэчкi аб магчымых шляхах далейшага развою грамадзтва, сродкам прапрацоўкi сцэнароў рэфармаваньня сацыяльнай сыстэмы. Па сутнасьцi, мас-мэдыі зьдзяйсьнялi гуманiтарную экспэртызу грамадзкiх стасункаў. Застаючыся па-ранейшаму ў поўнай залежнасьцi ад дзяржавы, у сытуацыi “iдэалягiчнага вакууму” перабудовачныя СМI выкарыстоўвалiся разгубленай уладай для пошукаў адаптацыйных мэханiзмаў, якiя дазволiлi б выйсьцi з узьнiклага тупiка. “Галоснасьць” па сутнасьцi была просьбай аб даверы (улада абяцала стаць “празрыстай”) i адначасна крыкам аб дапамозе кiруючай партыйнай элiты, якая iмклiва губляла кантроль над сытуацыяй.

Новы статус СМI — творцы iдэяў i стваральнiка рэпутацыяў, стаўся крокам на шляху да заходняга стандарту мас-мэдыяў як каналу прамой i зваротнай сувязi ўлады i грамадзтва, тэрыторыi дыялёгу розных сацыяльных групаў. У той жа час гэта быў плюралiзм меркаваньняў, фiнансаваны дзяржавай. Адносна забясьпечанае грамадзтва магло сабе дазволiць поўнае ўтрыманьне СМI, што ў сытуацыi перабудовы садзейнiчала iх фiнансавай стабiльнасьцi i ў той жа час не вымагала палiтычнай заангажаванасьцi.

Кiраваньне грамадзкiмi настроямi на карысьць рэфарматарскай часткi кiруючай элiты фактычна зьдзяйсьнялася шляхам узнаўленьня звыклай з савецкай пары схемы бiпалярнага сьвету, жорстка разьдзеленага на “сваiх” i “чужых”. Толькi цяпер “сваiмi” сталi “прарабы перабудовы”, а “чужымi” — камунiсты, бюракраты, сiлавыя ведамствы, спэцслужбы i г.д. Можна казаць пра своеасаблiвую рэанiмацыю радыкальна-дэмакратычнай субкультуры 19 — пачатку 20 ст., якая на нейкi час зрабiлася асноўным сэнсавым элемэнтам сучасных грамадзкiх настрояў.

Спроба рэфармаваньня савецкай сыстэмы пры Гарбачову спарадзiла шэраг тэндэнцыяў, зьвязаных зь пераходам да прынцыпова iншай мадэлi сацыяльнага ўладкаваньня. Рэфарматары ад улады адкрылi шлях да перадзелу некалi непадзельна адзiнай партыйна-дзяржаўнай уласнасьцi. Найбольш ярка гэта выявiлася ў постгарбачоўскай Расii. Адмова ад глябальнага дзяржаўнага кантролю за эканомiкай, фармаваньне магутных групаў новай фiнансава-прамысловай элiты, агульны заняпад на рубяжы 90-х гадоў узроўню жыцьця, размываньне “савецкай iнтэлiгенцыi” — усё гэта разам істотна паўплывала на сытуацыю ў СМI. Канкрэтна гэта азначала:

— вызваленьне СМI ад дзяржаўнага кантролю i зьяўленьне фармальна незалежных ад улады iнфармацыйных крынiцаў;

— рэзкае скарачэньне колькасьцi чытачоў, што пазбавiла друкаваныя СМI магчымасьцi пакрываць свае затраты за кошт падпiскi i рэалiзацыi ўраздроб;

— пераход на прыватнае фiнансаваньне, што ператварыла былыя “перабудовачныя” СМI зь iндыкатару грамадзкiх настрояў у выказьнiкаў запатрабаньняў розных фiнансава-прамысловых групаў. “Прыватызацыя” СМI сталася прычынай зьяўленьня “кiшэнных” выданьняў, тэлеканалаў i радыёстанцыяў розных суб'ектаў расiйскай эканомiкi;

— СМI, страцiўшы ранейшы статус пасярэднiка памiж уладай i народам, усё ў большай меры становяцца iнструмэнтамi ўплыву, сродкамi прафэсiйнага манiпуляваньня грамадзкiмi настроямi. Робiцца ўсё больш вiдавочным разрыў памiж запатрабаваньнямi ўладальнiкаў СМI i масавай аўдыторыi, з чаго значна страчваецца цiкаўнасьць грамадзтва да мас-мэдыяў. У вынiку пачынаецца актыўны пошук “прынадаў” для спажыўца: ад тыражаваньня чутак i плётак пра жыцьцё “зорак” да “народных” тэлешоў з разыгрываньнем каштоўных выйгранак;

— афармляецца адкрыта кан'юнктурная мадэль iнфармацыйнай трансьляцыi. Ацэнка асобаў i падзеяў на адным i тым жа канале можа мяняцца на дыямэтральна супрацьлеглую ў залежнасьцi ад канкрэтнай сытуацыi цi пажаданьня гаспадароў;

— iнфармацыйная палiтыка большасьцi СМI парадаксальным чынам паядноўвае ў сабе крытыку ўлады i яе падтрымку. Падтрымка зьвязаная з тым, што гэтая мадэль палiтычнага кiраваньня грамадзтвам робiць магчымым эканамiчны i iнфармацыйны плюралiзм i тым самым адпавядае патрэбам сучасных СМI. У гэтым пляне мэты ўлады i СМI супадаюць. А крытыка, наадварот, найчасьцей зьвязаная з залiшне актыўнай прысутнасьцю дзяржавы ў натуральным працэсе фармаваньня рынкавых стасункаў.

Такiм чынам, iнфармацыйная прастора постперабудовачнага грамадзтва ўяўляе зь сябе пераходную форму ад аднастайнасьцi i аднароднасьцi таталiтарызму да рэальнага плюралiзму “адкрытага” грамадзтва. Але нестабiльнасьць i незгарманiзаванасьць новай мадэлi грамадзтва замiнае выразнаму фармаваньню пэрспэктывы пэўных iнфармацыйных стратэгiяў. Канфлiкты ў iнфармацыйнай прасторы i барацьба за яе перадзел пазбаўляюць СМI ўстойлiвага iмiджу i яснай пазыцыi, што перашкаджае канцэнтрацыi ўвагi магчымых спажыўцоў. Да таго ж сацыяльная нестабiльнасьць дэфармуе спажывецкi рынак, i тым самым замаруджвае працэс афармленьня ўстойлiвай аўдыторыi. Да прыкладу, апошнi фiнансавы крызыс у Расii практычна зьлiквiдаваў фармацыю “новых рускiх”, што паставiла пад пытаньне лёс шматлiкiх глянцавых часопiсаў кшталту “Медведя” цi “Пентхауза”, арыентаваных менавiта на гэтага спажыўца.

Рэальная карцiна постперабудовачнай iнфармацыйнай прасторы хаатычная i непрадказальная, яна дакладна адлюстроўвае сацыяльную сытуацыю ў грамадзтве. Жаданы статус “чацьвёртай улады” немагчымы для СМI ў грамадзтве, дзе кiруе алiгархiя, а структура грамадзкай супольнасьцi яшчэ знаходзiцца ў стане пачатковага афармленьня.

Усё вышэйсказанае стасуецца i да сытуацыi ў Беларусi. Хаця нашая сытуацыя i розьнiцца ад расейскай у сiлу таго, што ў нас упарта рэанiмуецца савецкая мадэль кiраваньня грамадзтвам, а незалежныя iнiцыятывы ўва ўсiх сфэрах грамадзкага жыцьця рэалiзуюцца адно пры супрацiве і ўцiску з боку дзяржавы. А яшчэ беларускай iнфармацыйнай прасторы даводзiцца трываць магутнае ўзьдзеяньне расейскiх СМI. Рэальна ў сфэры СМI мы маем нават не двухуладзьдзе, а трохуладзьдзе: набор афiцыйных СМI, якiя цалкам кантралююцца рэжымам, недзяржаўная прэса апазыцыйнай арыентацыi i хваля расейскiх СМI.

Парадокс беларускай сытуацыi ў тым, што ўсе тры асноўныя кампанэнты нашай прасторы, працуючы на агульным полi, супрацьлегла скiраваныя i карыстаюцца рознымi тэхналёгiямi. Афiцыйныя СМI ўзнаўляюць горшыя прыклады правiнцыйнага прапагандысцкага мастацтва пары “позьняга Брэжнева”, папулярызуючы ўсё, што робiць улада. Апазыцыйныя СМI арыентуюцца на эўрапейскiя стандарты мас-мэдыяў, iдэалы адкрытага грамадзтва i нацыянальнай дзяржаўнасьцi. I, урэшце, расейскiя мас-мэдыі дэманструюць увесь iдэалягемны спэктар Вялiкага Брата — ад лiбэральна-рынкавых да нацыянал-камунiстычных iдэалёгiй, якiя так цi iнакш замацоўваюць у беларускага спажыўца мэнтальную мадэль жыхара “северо-западных губерний”.

Такiм чынам, станаўленьне беларускiх дэмакратычных СМI адбываецца ў працэсе пастаяннага супрацьстаяньня як архаiчнай дагматыцы афiцыйнай прэсы, гэтак i новай расейскай iмпэрскай мiталёгii. Супярэчлiвасьць гэтага працэсу ў неабходнасьцi злучэньня дзьвюх тэндэнцыяў: пошук новай нацыянальнай iдэi як сродку аб'яднаньня народу i стварэньне канкурэнтнай сытуацыi ў iнфармацыйнай прасторы, як рэальнай умовы дэмакратычных пераўтварэньняў у iнфармацыйнай палiтыцы. Паяднаць гэтыя дзьве супрацьлеглыя стратэгii можна было б “цывiлiзаваным плюралiзмам” цi “дыялёгам у iмя Беларусi”.

У сытуацыi складанага станаўленьня дзяржаўнасьцi новага тыпу часта можна пачуць цi прачытаць: “СМI мусяць абараняць дзяржаўныя iнтарэсы, а не хістаць лодку”. Тут нават сама фармулёўка выклiкае шмат пытаньняў. Аўтары падобных выказваньняў зазвычай чамусьцi тоесьняць праблемы дзяржавы з турботамi цяперашнiх уладных колаў, што зусiм не адно i тое самае. Гэта — па-першае. Па-другое, праблемы дзяржавы i праблемы народу таксама далёка не заўсёды супадаюць. Што такое “дзяржаўныя iнтарэсы”? Тэрмiн са слоўнiку таталiтарнай эпохi, якая выхоўвала ў народу гатоўнасьць жыць i памiраць за “родную” ўладу. “Пэўныя” дзяржаўныя iнтарэсы — гэта iнтарэсы вышэйшых чыноўнiкаў i ўладных структураў. А народу патрэбны ўрад, здольны эфэктыўна i ўпэўнена праводзiць унутраную i вонкавую палiтыку i тым самым забясьпечваць чалавеку магчымасьць заможнага жыцьця коштам сваёй працы. Калi б так яно было, то ўлада ня мела б патрэбы абараняцца ад крытыкi — з прычыны яе адсутнасьцi. Але калi ў дзяржавы не атрымлiваецца забясьпечыць сваiм грамадзянам прыстойныя ўмовы iснаваньня, як гэта ёсьць сёньня на Беларусi, то вышэйшая форма абароны “дзяржаўных iнтарэсаў” — у спакойным i зьмястоўным аналiзе памылак улады , у абмеркаваньнi стратэгiяў выхаду з сацыяльна-палiтычнага крызысу, у стварэньнi альтэрнатыўнага iнфармацыйнага асяродку, якi б фармаваў кола незалежна мысьлячых людзей.

Як уяўляецца, неабходным крокам у гэтым накiрунку мусiць стаць пераадоленьне стэрэатыпаў “перабудовачнай” сьвядомасьцi, якiя ў нашай краiне ўсё яшчэ шырока распаўсюджаныя. Рост уплыву дэмакратычных СМI магчымы толькi ў выпадку канцэптуальнай перамены нашага стаўленьня да сытуацыi ў цэлым. Газэты-клюбы, малатыражныя выданьнi “для дзелавых людзей”, iнфармацыйныя бюлетэні актыўнай меншынi ўжо “выбралi” сваю аўдыторыю. Для яе пашырэньня неабходны ахоп новых сацыяльных i ўзроставых групаў, адносна якiх яшчэ магчымая пазыцыя “настаўнiка i выхавацеля”. Але гэта стане магчымым адно ў тым выпадку, калi будуць дакладна вызначаныя ўласныя запатрабаваньнi гэтых групаў, а адрасная iнфармацыя для iх будзе выкладзена на той мове, якая iм зразумелая, i ў тых фактах i карцiнках, якiя будуць падобныя да рэалiяў iх уласнага жыцьця.

Функцыi кiраваньня настроямi грамадзтва i сацыяльнага мадэляваньня натуральныя для мас-мэдыяў. Змагацца з гэтым бессэнсоўна i дарэмна. Таму найлепшай формай “абароны дзяржаўных iнтарэсаў” будзе эфэктыўная “абарона ад дурня”, гэта значыць стварэньне максымальна шырокай канкурэнцыi розных палiтычных праграмаў i сцэнароў сацыяльнага развою, фармаваньне дыскусiйнай, антыдагматычнай iнфармацыйнай прасторы. Але пабудовагнуткай сыстэмы сацыяльнага кiраваньня, здольнай дынамiчна рэагаваць на зьмены грамадзкiх прыярытэтаў, магчыма толькi ў выпадку рэалiзацыi дэмакратычных прынцыпаў у палiтыцы i адмовы ад iдэалягiчнай цэнзуры ў мас-мэдыях.

Усе iншыя варыянты кантролю за iнфармацыйнай прасторай нагадваюць камунiстычную “iнфармацыйную ўтопiю”, заснаваную, як вядома, на асьветнiцкiх памкненьнях абцяжарыць масавую сьвядомасьць правiльнымi iдэямi. Пры гэтым лiчылася бясспрэчным, што асьветнiцкая iнтэрвэнцыя ў “цнатлiвую” сьвядомасьць масаў ёсьць вялiкай карысьцю i бясспрэчнай каштоўнасьцю. Гэтае перакананьне сталася iмпульсам для распрацоўкi розных тэхналёгiяў кiраваньня грамадзкiмi настроямi, сярод якiх былi ўжо згаданыя тэхналёгii фальшаваньня iнфармацыйнага патоку, з чаго ўрэшце i сфармавалася пасыўнасьць i абыякавасьць спажыўца да СМI.

Мэханiзм стварэньня “фантомных” тэкстаў мас-мэдыяў падрабязна аналiзуе вядомы тэарэтык культуры Жан Бадрыяр у сваiм тэксьце “Вайны ў Затоцы не было”. Разглядаючы адлюстраваньне ў мас-мэдыях вядомых падзеяў у Пэрсыдзкай затоцы, зьвязаных са збройным супрацьстаяньнем ЗША i Iраку, Бадрыяр ацэньвае яго як “вiртуальны Апакалiпсыс”. Рэальныя замаруджаныя падзеi, пазбаўленыя яснай лёгiкi i рацыянальнага абгрунтаваньня, СМI абодвух варагуючых бакоў паказалi як Глябальнае Супрацьстаяньне, падобнае да фiнальнай бiблійнай бiтвы Дабра i Зла. Пры гэтым шараговы спажывец мэдыя-прадукту патрапiў у сытуацыю “запалохваньня наяўнасьцю шляхам магчымасьцi”. Будучыя наступствы абвальвалiся на аўдыторыю, гiпнатызуючы масавую сьвядомасьць катастрафiчнымi пэрспэктывамi.

Бадрыяр схiльны зьвязваць узрастаньне эфэктыўнасьцi падобнай драматызацыi рэальнасьцi з агульнымi настроямi культуры канца 20 ст. Крытычна мысьлячы iнтэлектуал, згодна з Бадрыярам, як пэўны тып чалавека ўжо зьнiкае. Але натуральная гэтаму тыпу схiльнасьць да адцягненага рэфлексаваньня i пабудовы iдэальных мадэляў рэальнасьцi, “уяўных аб'ектаў”, тым ня менш, застаецца i атрымлiвае шырокае распаўсюджваньне ўва ўсiх грамадзкiх iнстытутах. Уласна падзея як такая губляецца, ператвараючыся ў “iнфармацыйную нагоду” — каталiзатар магутнага выкiду самых розных афiцыйных заяваў, брыфiнгаў, камэнтароў i тлумачэньняў. Бадрыяр заўважае, што “падзейная прастора ператвараецца ў гiпэрпрастору з мноствам рэфракцый”. Гэта значыць, што поле сэнсаў, зьвязаных з падзеяй, становiцца неэўклiдавым i дазваляе бясконцае мноства розных iнфармацыйных праекцый. Падзея “распушчаецца” ў вэрсiях i пакiдае сфэру ўвагi масавай сьвядомасьцi, якая аддае перавагу простым i вiдавочным рэчам.

Разарванасьць i хаатычнасьць мэдыя-пасланьняў мінімізуе цiкавасьць да падзеi. “Гэтая вайна — зусiм не вайна, але i iнфармацыя — зусiм не iнфармацыя”. У канфлiкце ў Затоцы, як i ў кожнай палiтычнай гульнi, няма i ня можа быць рэальных пераможцаў. Мы маем справу з наборам рытуальных танцаў, пабудовай складанай сыстэмы “падтрымак i балянсаў”. I абмеркаваньне падзеi мае той самы рытуальны характар. Яго мэта — не прасьвятлiць сытуацыю, а справакаваць выбух эмоцыяў масаў.

Зьвяртаючыся да мас-мэдыяў па iнфармацыю пра разгортваньне падзеяў, кожны з нас становiцца закладнiкам глябальнай сыстэмы камунiкацый. Палемiчна завастраючы сытуацыю, у другiм сваiм тэксьце “The Implogion of Meaning in the Media” Бадрыяр адзначае: “Болей няма мэдыяў у лiтаральным сэнсе гэтага слова (я кажу найперш аб электронных мас-мэдыях) — гэта значыць няма сiлы, якая б задзiночвала адну рэальнасьць з другой — нi з гледзiшча зьместу, нi з гледзiшча формы. Строга кажучы, гэта тое, што ўкладаецца ў панятак “iмплёзiя”: паглынаньне аднаго полюсу другiм цi кароткае замыканьне памiж палюсамi розных сыстэмаў сэнсу, бурэньне межаў i выразных апазыцыяў, гэта значыць — мэдыюму i рэальнасьцi”. I робiць выснову: “Мы жывем у Сусьвеце, дзе ўсё больш i больш iнфармацыi i ўсё менш i менш сэнсу”.

Тое, што мэдыя-прадукт, прысьвечаны чарговай Босьнii цi новай Затоцы, кажа пра рэчы, якiя знаходзяцца за межамi нашых прыватных зацiкаўленьняў, спараджае тры асноўныя тыпы рэакцыi спажыўца. Першы тып характэрны для масавай сьвядомасьцi аўтарытарнага грамадзтва, скiраванай на чарговую Вялiкую Праграму Шчасьця цi мару пра яго — апошняе больш характэрна для “пераходнага” грамадзтва. У гэтым выпадку ўвесь сьвет разглядаецца як арэна рэалiзацыi Праграмы i таму любая адпаведная падзея сучаснай палiтыкi актыўна ўспрымаецца iдэалягiзаванай сьвядомасьцю як “свая”, як яшчэ адзiн крок на Маршы За Шчасьце Ўсiх Запар. Натуральная рэакцыя — пастаянная публiчная рыторыка, мiтынгi i маршы, збор сродкаў у падтрымку “нашых”, пагрозы “ворагам” i г.д.

Другi тып рэакцыi спажыўца iнфармацыi можа быць названы рэалiстычным цi прагматычным. Ягоная сутнасьць — ува ўмельстве дакладнай калькуляцыi плюсаў i мiнусаў таго, што дзеецца з гледзiшча iндывiдуальных цi нацыянальных iнтарэсаў. У гэтым выпадку адбываецца своеасаблiвая “фiльтрацыя” патоку iнфармацыi, элiмiнацыя зь лякальнай iнфармацыйнай прасторы “шумавых”, лiшнiх элемэнтаў. Характэрная асаблiвасьць тут — крытычнасьць i выбарачнасьць iнфармацыi ў спалучэньнi з прыярытэтам прыватных iнтарэсаў над глябальнымi. Натуральная рэакцыя — адрасная актыўнасьць, заснаваная на рэалiстычным падыходзе да ўласных магчымасьцяў. Гэты тып рэакцыi характэрны для “мысьлячай меншынi”, схiльнай дыстанцыявацца ад масавых настрояў.

Трэцi тып — спантанная нэгатыўная рэакцыя масавага спажыўца, зьвязаная з празьмерным iнфармацыйным уцiскам. Тыповы прыклад — выбары прэзыдэнта Беларусi, на якiх падтрыманы ўсёй магутой дзяржаўнага прапагандысцкага апарату Кебiч атрымаў татальную паразу. У гэтым выпадку маса паўстала супраць хлусьлiвай iнфармацыi, якая была цалкам пазбаўленая для яе блiзкага i зразумелага зьместу. Агiтмашына працавала дарэмна, зьвяртаючыся да тых, хто не жадаў слухаць.

Падобную сытуацыю вядомы тэарэтык сучаснай культуры Элвiн Тофлер характарызуе наступным чынам: “Прэзыдэнт крычыць у тэлефон, але на другiм канцы лiнii нiкога няма”. У сучасным грамадзтве палiтык усё часьцей губляе кантроль над сытуацыяй, кiруецца ня фактамi, а ўласным бачаньнем стану справаў. I гэтая фантомная карцiна сьвету зьяўляецца ня толькi асновай плянаў надзеленых уладай асобаў, але i актыўна трансьлюецца СМI, уводзячы ў аблуду масавага спажыўца iнфармацыйнага прадукту. У якасьцi аналiтыкi нам досыць часта прапануецца набор памылковых лягiчных мадэляў, якiя фармуюць не разуменьне падзеяў, а iх эмацыйную ацэнку.

Масавая сьвядомасьць, якую кожны з канкуруючых мэдыя-каналаў iмкнецца перабудаваць на ўласны капыл, сёньня досыць часта проста адсланяецца ад усiх СМI. Гэты фэномэн у сучасных дасьледаваньнях мас-мэдыяў пазначаюць як “стому ад СМI”.

Эфэктыўная iнфармацыйцная палiтыка пры такiм стане справаў можа рухацца двума шляхамi. Першы зь iх патрабуе разгортваньня мас-мэдыяў у бок большай насычанасьцi i кiдкасьцi iнфармацыйнага пакету. Сутнасьць гэтага шляху можна сфармуляваць наступным чынам: “Тое самае, толькi ўдвая хутчэй i мацней”. Мяняецца як спосаб падачы матэрыялу (iранiчныя “Куклы” на НТБ можна разглядаць у якасьці мадэлі новага, ненавязьлiвага, “жартаўлiвага” палiтычнага праграмаваньня масавай сьвядомасьцi), так i ўся структура тэлеканалу з мэтай аптымiзацыi балянсу забаўляльнага i iнфармацыйнага матэрыялу. Такая мадэль паядноўвае ў сабе як прадуктыўную працу, так i працу ў рэжыме “глушылкi”, выштурхоўваючы канкурэнтаў з поля ўвагi гледачоў.

Другi шлях улiчвае тыя сацыякультурныя працэсы, што адбываюцца ў постiндустрыяльным грамадзтве, i арыентуецца не на стварэньне Глябальнага Гамбургера, а на фармаваньне масы прыватных, канкурэнтных iнфармацыйных пакетаў, кожны зь якiх мае арыгiнальнае зьмесьціва i ўласнага адрасата. У гэтым выпадку i iнфармацыйны прадукт набывае лякальны характар. Ён максымальна адлюстроўвае iндывiдуальнасьць адрасата. Сутнасьць гэтага шляху можна сфармуляваць наступным чынам: “Забудзься на iншых. Гэта твой часопiс (тэлеканал, радыё i г.д.)”. Падобны падыход робiць сапраўдным аўтарам мэдыя-пасланьня не журналiста цi тых, хто плоцiць за эфiрны час, а самога спажыўца, якi атрымаў магчымасьць набыць уласную iнфармацыйную прастору шляхам выбару з шматлiкiх альтэрнатыўных прапановаў. У вынiку такога выбару ён атрымлiвае своеасаблiвы гiпэртэкст, насычаны спасылкамi, аналягамi i асацыяцыямi, лякальнага двайнiка Сусьветнага Павучыньня.

Зазвычай вылучаюць два асноўныя тыпы гiпэртэксту як iнфармацыйнага пакету. Першы — гэтак званы пошукавы, прызначаны найперш для чытаньня. У гэтым выпадку мы маем справу з цэльным, завершаным iнфармацыйным прадуктам, як правiла зафiксаваным на носьбiтах CD-ROM. Тэкст уяўляе сабой набор зьместавых фрагмэнтаў цi “старонак”, якiя карыстальнiк выбiрае на ўласнае жаданьне. Такi iнфармацыйны кантакт пазначаюць як “абумоўленую iнтэракцыю”. Электронны тэкст уступае ў своеасаблiвы дыялёг са сваiм чытачом. Чытач атрымлiвае магчымасьць вольнага руху ў прасторы гiпэртэксту. У пэўным сэнсе менавiта ён, а ня аўтар, зьяўляецца стваральнiкам актуальнага тэксту. Аднак магчымасьцi чытача абмежаваныя зьместам i прынцыпамi арганiзацыi дадзенага пакету. Чытач падначалены лёгiцы носьбiта iнфармацыi. Сам тэкст пры гэтым не трансфармуецца. Ён застаецца аўтаномным, а ўсе дадаткi — маргiнальнымi, факультатыўнымi. Па сваёй сутнасьцi гэта варыянт традыцыйнага кантакту друкаванага тэксту i ягонага адрасата.

Другi тып гiпэртэксту — гэтак званы канструктыўны, ён прызначаны для творчай працы. Як правiла, у гэтым выпадку маецца на ўвазе асабiстая прысутнасьць чытача ў Сусьветным Павучыньні i розных формах ягонай працы з тамтэйшай iнфармацыяй у рэжыме дыялёгу. Сапраўдны канструктыўны гiпэртэкст дае магчымасьць чытачу выявiць i скарыстаць структуру сувязяў гiпэртэксту ў поўным аб'ёме. Але чытач, са свайго боку, мусiць валодаць здольнасьцю да пашырэньня наяўнай структуры i яе зьмены адпаведна з уласнымі запатрабаваньнямі i жаданьнямі.

Вiдавочна, што ў такой сытуацыi звычайны падзел на аўтара i чытача пазбаўлены сэнсу. Усе ўдзельнiкi камунiкацыi ўзаемна вольныя адзiн ад аднаго i прысутнiчаюць у iнфармацыйнай прасторы як суаўтары. Сеткавы гiпэртэкст можа быць створаны ў працэсе “сёрфiнгу” ад адной гiпэрспасылкi да другой, ад аднаго сайту да другога. Кожны карыстальнiк, калi разгортвае пэўную тэму, выступае як аўтар iнфармацыйнага поля, пiянэр нейкага “маршруту” ў прасторах Iнтэрнэту. У гэтым выпадку гiпэртэкст паўстае прынцыпова адкрытым, незавершаным.

Маршал Маклюэн схiльны разглядаць падобныя сытуацыi як прадумовы будучых “тэхналягiчных трансфармацыяў сьвядомасьцi”. На думку Маклюэна, сфармуляваную ў яго клясычным тэксьце “Understanding Media: The Extensions of Man” (1964), “творчы працэс у агляднай будучынi зробiцца карпаратыўным i калектыўным здабыткам усёй чалавечай супольнасьцi, гэтаксама, як раней розныя iнструмэнты ды сродкi бязьмежна пашырылi магчымасьцi нашых органаў пачуцьцяў i нэрвовых канчаткаў”. Умбэрта Эка ў гэтай сувязi кажа пра новую фобiю, якая фармуецца ў карыстальнiка кампутару — пра сындром пэрфэкцыянiзму, гэта значыць боязь скончыць працу, бо тэкст можна зрабiць “яшчэ лепшым”. Ацэнка працы адбываецца як бы з пазыцыi “калектыўнага стандарту”, якi прадугледжвае пэўную ступень ахопу калектыўнага iнфармацыйнага поля. Для сеткавага гiпэртэксту гэты прынцып можна сфармуляваць наступным чынам: “Заўсёды ёсьць яшчэ адна крынiца iнфармацыi i, магчыма, менавiта яна тут жыцьцёва неабходная”.

У працэсе сеткавага сёрфiнгу карыстальнiк адзначаецца як наведвальнiк чарговага сайту, ён мае магчымасьць пакiнуць сустрэтае паведамленьне некранутым, а можа дадаць да яго матэрыялы з уласных фондаў. У шэрагу сеткавых iнфармацыйных базаў тыпу “All Music Guide” цi “All Movie Guide” прадугледжаныя анкеты карыстальнiка, якiя дазваляюць браць удзел у складаньнi рэйтынгу дыскаў цi фiльмаў. Такiм чынам, вандроўнiк па Сетцы непазьбежна пакiдае “сьлед”, сваiм зьяўленьнем ён так цi iнакш мяняе тэкст.

Самы радыкальны на сёньня прыклад гiпэртэксту — гэта “адкрытая лiтаратура”, якую стварае ў Сусьветным Павучыньні амэрыканскi пiсьменьнiк Майкл Джойс. Яго тэксты ўяўляюць зь сябе своеасаблiвую “мадэль для зборкi” — комплекс асобных фрагмэнтаў цi разьдзелаў гiпэртэксту, якi Джойс называе раманам. Кожны карыстальнiк Iнтэрнэту мае магчымасьць чытаць гэтыя фрагмэнты адпаведна ўласнаму выбару, усялякi раз выбiраючы iншы варыянт разгортваньня падзеяў. Згодна з задумай Джойса, менавiта гэтак мусiць рэалiзоўвацца iдэя “адкрытай лiтаратуры”, якая ёсьць “лiтаратурай пачуцьцёвых арыентацый i трансфармацыйных вынаходак”. У гэтым выпадку мы маем справу зь фiзычнай “сьмерцю аўтара” цi, што больш дакладна, зь зьяўленьнем “калектыўнага аўтара” гiпэртэксту.

Апошняе нагадвае характэрныя для дапiсьмовага грамадзтва мэханiзмы ўзнаўленьня вуснай культурнай традыцыi з пастаяннай “дабудовай” першапачатковага тэксту. У рэшце рэшт мы апынаемся перад полiфанiчным паведамленьнем, якое захоўвае ў сабе вынiкi працы розных сэгмэнтаў iнфармацыйнай сеткi. Вiдавочна, што падобны тып прысутнасьцi ў iнфармацыйнай прасторы разбурае ранейшыя стэрэатыпы ўзаемаадносiнаў спажыўца як “паглынальнiка сэнсаў” i мас-мэдыяў як iх стваральнiка.

Хаця сам Джойс называе свае практыкаваньнi “досьведам новага пiсьма позьнедрукарскай эпохi”, яго экспэрымэнты больш дакладна будзе ацэньваць як знак спэцыфiчнай сытуацыi канца iндустрыяльнай эпохi. Для яе, як i для ўсялякай прамежкавай стадыi, характэрнае супярэчлiвае спалучэньне празьмернасьцi i недастатковасьцi культурных iнiцыятываў.


Літаратура

1. Бодрийяр Ж. Превентивный электрошок // Независимая газета, 6 сентября 1996 г.

2. Бодрийяр Ж. Реквием по масс-медиа // Поэтика и политика. СПб, 1999.

3. Борев В., Коваленко А. Культура и массовая коммуникация. М., 1986.

4. Джойс М. Примечания к ненаписанному нелинеарному электронному тексту “Конец печатной культуры” // Искусство кино, 1993, № 10.

5. Маклюэн М. Осмысляя средства коммуникации: новые измерения человека // Искусство кино, 1993, № 10.

6. Отечественные средства массовой информации. Социальная среда и политические функции // Независимая газета, 14 июня 1997 года.

7. Свобода и средства массовой информации. М., 1994.

8. Baudrillard J. The Implosion Of Meaning In The Media // In The Shallow Of The Silent Majorities And Other Essays. NY, 1983.

9. Toffler A. Future Shock. NY, 1988.

Сусьветная камунікацыя і камунікацыя ў культуры

Глябальныя інфармацыйныя патокі і інфармацыйныя прадукты

Плян:

1. Інфармацыя бязь “межаў” і абмежаваньняў

2. Інфармацыйныя прадукты: вытворчасьць і распаўсюджваньне

3. На шляху да новага інфармацыйнага і камунікацыйнага парадку

Калі паглядзець на гісторыю разьвіцьця СМІ, то няцяжка заўважыць, што іхны прагрэс зьвязаны з:

— паступовым пераадоленьнем усё большых дыстанцыяў у перадачы інфармацыі.

— павелічэньнем хуткасьці і аб'ёмаў перадаванай інфармацыі.

— глябалізацыяй інфармацыйных сетак і інфармацыйных патокаў.

Сапраўдны прарыў у перадачы інфармацыі на вялікія адлегласьці і даступнай шырокім аўдыторыям адбыўся ў 20 ст., і зьвязаны ён з разьвіцьцём кароткахвалёвых вяшчальных станцыяў і адпаведных прыймачоў. Упершыню яны пачынаюць актыўна выкарыстоўвацца падчас другое сусьветнае вайны. Кароткахвалёвыя перадачы паўсталі з прапагандысцкіх мэтаў і фактычна былі працягам той вайны, якая вялася канвэнцыйнымі ці традыцыйнымі сродкамі зьнішчэньня чалавека.

Найбольшага разьвіцьця кароткахвалёвае радыёвяшчаньне набыло ў пару гэтак званай халоднай вайны, якая доўжылася каля 15 гадоў, ад 1947 г. да, прыкладна, 1960 г. Як вядома, гэта была вайна дзьвюх палітычных і ідэалягічных сыстэмаў, у якой ролю пратаганістаў адыгрывалі Злучаныя Штаты Амэрыкі і былы Савецкі Саюз. На радыёфанічную вайну з абодвух бакоў выдаткоўваліся калясальныя сродкі. На самым яе пачатку, г.зн. у 1946—1947 гг., ЗША вырашаюць істотна пашырыць сваю радыёінфармацыйную сетку. Яны ўсталёўваюць каля ста радыёвяшчальных станцыяў агульнай магутнасьцю 15 млн. ват, якія забясьпечвалі 800-гадзіннае радыёвяшчаньне на 38 мовах сьвету. Вельмі хутка “Голас Амэрыкі” пачаў “размаўляць” на мовах былых краінаў савецкага блёку. А з траўня 1949 г. “Голас Амэрыкі” кругласутачна вяшчае на расейскай мове. Вяшчаньне на расейскай мове вялося з 60 перадавальнікаў, разьмешчаных у Эўропе.

Зьмест гэтых перадачаў быў прапагандысцкі. Францускі гісторык СМІ Жан-Наэль Жанэні так апісвае асноўныя пастуляты прапагандысцкага радыёвяшчаньня “Голасу Амэрыкі”: “па-першае, амэрыканцы — гэта добры народ, па-другое, Амэрыка — гэта высакародная і незаангажаваная краіна, па-трэцяе, Амэрыка — гэта дэмакратычная краіна, амэрыканцы вераць у свабоду думкі і выказваньня… Па-чацьвертае, амэрыканцы спрыяюць вызваленьню і свабодзе іншых народаў”.

Савецкае радыё, з свайго боку, сьцьвярджала, што канфлікт паміж двума блёкамі зьяўляецца пэрманэнтным і татальным, а таму ў ім немагчыма быць нэўтральным. “Другая тэма: мільёны людзей ува ўсім сьвеце падтрымліваюць камунізм… СССР аказвае дапамогу ўсім краінам, што імкнуцца да свабоды. Ён упарта працуе дзеля справы міру… Меншасьці (у ЗША) прыгнятаюцца, пастаянна адбываюцца страйкі працоўных, мае мейсца беспрацоўе і інфляцыя, што сьведчаць пра недасканаласьць капіталістычнай сыстэмы”.

Гэткім чынам, ад часу другой сусьветнай вайны пачынае складвацца глябальная камунікацыйная сыстэма. Хаця кантэкст паўставаньня гэтай сыстэмы і быў ідэалягічна-прапагандысцкі, аднак фактам зьяўляецца тое, што вялікія інфармацыйныя патокі, разьлічаныя на шматмільённыя аўдыторыі, пачынаюць перасякаць межы самых розных краінаў, ахопліваючы вялізныя тэрыторыі эўрапейскага, азіяцкага і амэрыканскага кантынэнтаў.

Заканчэньне халоднай вайны і аслабленьне ідэалягічнага супрацьстаяньня высунула і актуалізавала шэраг новых ці адносна новых праблемаў датычна як выкарыстаньня саміх сродкаў масавай інфармацыі, так і сацыяльнай, палітычнай і культурнай ролі тых людзей, якія непасрэдна займаюцца інфармацыйнай дзейнасьцю. Гэта — праблема свабоды слова і інфармацыі, свабоднага і ідэалягічна неабмежаванага доступу да інфармацыі, праблема яе нязмушанага распаўсюджваньня і атрыманьня. Гэта таксама праблема аб'ектыўнасьці і неперакручанасьці інфармацыі, праблема палітычнай заангажаванасьці альбо незаангажаванасьці журналістаў.

У той жа час неабходна ўсьведамляць, што галоўнай прычынай павелічэньня інфармацыйных патокаў, разьлічаных на вялікую колькасьць людзей, насамрэч сталася не халодная вайна і не прапагандысцкая дзейнасьць. Гэта ўсё ж такі толькі прыклад выкарыстаньня новых ці ўдасканаленых сродкаў перадачы інфармацыі ў пэўных, у дадзеным выпадку, прапагандысцкіх мэтах. Камунікацыйны выбух мусіў быў адбыцца паводле самой лёгікі разьвіцьця камунікацыйных сыстэм.

Зьвернем увагу на тое, што па другой сусьветнай вайне ў заходніх грамадзтвах адбываюцца вельмі істотныя агульнакультурныя і тэхналягічныя зьмены. Разам з камунікацыйнымі зрухамі іх можна разглядаць як вынік дзеяньня эфэкту назапашваньня навуковай веды, культурніцкага і сацыяльнага досьведу, а таксама навуковых і тэхналягічных ноў-хаў, здабытых зь веды ўсёй папярэдняй гісторыі заходняй цывілізацыі. Гэтыя зьмены, пра якія мы гаварылі ў папярэдніх лекцыях, прывялі да ўзьнікненьня масавага постіндустрыяльнага грамадзтва, у якім камунікацыйныя працэсы і сыстэмы адыгрываюць ня менш істотную ролю, чымся працэсы вытворчасьці матэрыяльных прадуктаў.

Ёсьць і яшчэ адзін момант, на які не заўсёды зьвяртаецца ўвага, а менавіта, у постіндустрыяльных грамадзтвах на некалькі парадкаў ускладняюцца самыя розныя працэсы, а таксама сувязі паміж людзьмі і арганізацыямі. Гэта азначае, што чым больш складаныя сувязі і чым больш структураванае грамадзтва, тым большы кошт набывае ў ім інфармацыя. Ускладненьне сацыяльнага жыцьця і ўзрастаньне кошту інфармацыі, у сваю чаргу, зьмяняе характар камунікацыйнай дзейнасьці. У рэшце рэшт яна ператвараецца ў самастойную дзейнасьць, а з узьнікненьнем новых электронных сродкаў перадачы і апрацоўкі інфармацыі такіх, як тэлебачаньне, відэа, кампутар і Інтэрнэт, ператвараецца ў сапраўдную індустрыю і нават бізнэс. Гэта індустрыя вырабу і бізнэс па продажы вялікага шэрагу інфармацыйных, інфармацыйна-культурніцкіх, інфармацыйна-забаўляльных ды іншых прадуктаў.

Зводкі навінаў, інфармацыйныя і іншыя тэлевізійныя праграмы, відэа- і кінафільмы, звычайныя і кампутарныя кампакт-дыскі — усё гэта прадукты сучаснай інфармацыйнай індустрыі і бізнэсу. Прадукаваньнем навінаў у сучасным сьвеце займаюцца пераважна інфармацыйныя агенцыі. Сёньня ў сьвеце існуе каля 1200 інфармацыйных агенцыяў. Самымі буйнымі зь іх зьяўляюцца 4 заходнія агенцыі. Гэта Reuters, Agence France Press, Associated Press і United Press International.

Паводле дадзеных ЮНЭСКА, у 1988 г. яны прадукавалі: Associated Press — 17 млн. словаў у дзень, United Press International —14 млн., Reuters — 1,5 млн. і Agence France Press — 1 млн. словаў у дзень. Названыя вышэй інфармацыйныя агенцыі пастаўляюць на сусьветны інфармацыйны рынак да 90 адсоткаў ад усёй колькасьці зводкаў навінаў.

Як можна бачыць, самай буйной зьяўляецца амэрыканская агенцыя Associated Press, заснаваная ў 1848 г. На сёньня паток навінаў, які прадукуе Associated Press, складаецца з 20 млн. словаў штодня. Акрамя тэкстаў яна прадукуе таксама 1000 фатаграфіяў у дзень і мае самую буйную радыёвяшчальную сетку ў ЗША.

Associated Press — добры прыклад глябалізацыі як працэсу прадукаваньня навінаў, так і іхнага распаўсюджваньня па ўсім сьвеце. Гэтая агенцыя мае 237 бюро ў 72 краінах, у якіх працуе каля трох з паловай тысячаў карэспандэнтаў.

Толькі ў ЗША Associated Press абслугоўвае 6000 радыё і тэлевізійных станцыяў і 1700 газэтаў. Акрамя гэтага падпісчыкамі інфармацыі зьяўляюцца 8500 газэтаў, радыё і тэлевізійных станцыяў у 112 краінах сьвету. Інфармацыя, якую рыхтуе Associated Press, распаўсюджваецца на шасьці мовах сьвету: ангельскай, нямецкай, францускай, гішпанскай, швэдзкай і данскай мовах.

Мы ўжо казалі, што чатыры самыя буйныя інфармацыйныя агенцыі пастаўляюць на сусьветны рынак каля 90 адсоткаў інфармацыі. Што ж да відэапрадукцыі, г.зн. кіна- і відэафільмаў, рознага кшталту тэлевізійных праграмаў, то і тут таксама назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да індустрыялізацыі іхнай вытворчасьці і паўставаньня глябальных сыстэмаў распаўсюджваньня.

Да 80-х гадоў 20 ст. складваюцца два магутныя цэнтры па вытворчасьці відэапрадукцыі: Злучаныя Штаты Амэрыкі і былы Савецкі Саюз. Гэтыя дзьве краіны імкнуліся ня толькі да самазабесьпячэньня відэапрадукцыяй, але і да яе экспарту па ўсім сьвеце. У 1980 г. зьмест тэлеканалаў у былым СССР на 92 адсоткі запаўняўся праграмамі ўласнай вытворчасьці. У ЗША гэтая лічба была яшчэ большай: 98 адсоткаў відэапрадукцыі было амэрыканскай вытворчасьці. Калі ў былым СССР па тым часе дзейнічалі ідэалягічныя абмежаваньні на дэманстрацыю заходняй відэапрадукцыі, то ў выпадку з ЗША прычыны такога становішча былі іншыя. З аднаго боку, рынак відэапрадукцыі быў настолькі насычаны, а відэаіндустрыя настолькі магутная, што “прабіцца” на гэты рынак камусьці яшчэ было практычна немагчыма, а, з другога, адносную закрытасьць амэрыканскага рынку можна патлумачыць тым, што і ў ЗША да пэўнага часу захоўваліся ідэалягічныя стэрэатыпы.

На вонкавым рынку прысутнасьць ЗША і былога СССР была зусім розная. У афрыканскіх краінах відэапрадукцыя ЗША складала 20 адсоткаў ад усёй колькасьці паказанай відэапрадукцыі, у той час як доля СССР была роўная толькі 1 адсотку. Адзінае мейсца, дзе былы СССР “канкураваў” з ЗША нароўні, былі краіны сацыялістычнага блёку. У той жа самы час сукупная доля заходняй відэапрадукцыі была ў 2 разы большая за долю відэапрадукцыі з СССР (адпаведна 12 і 6 адсоткаў).

У пэрыяд з 1980 па 1984 гг. практычна ўва ўсім сьвеце адбываюцца даволі істотныя зьмены ў разьмеркаваньні інфармацыйных патокаў. Хаця Злучаныя Штаты па-ранейшаму захоўваюць сваю дамінацыю, аднак разьвіцьцё інфармацыйна-камунікацыйных працэсаў пачало разгортвацца ў накірунку павелічэньня менавіта абмену інфармацыяй паміж рознымі краінамі і рэгіёнамі сьвету.

Паказальнымі тут зьяўляюцца зьмены на самім інфармацыйным рынку ЗША. Калі ў 1980 г. 98 адсоткаў відэапрадукцыі ЗША былі ўласнай вытворчасьці, то да 1984 г. імпарт відэапрадукцыі павялічваецца з 2 да 13 адсоткаў. Яна імпартуецца зь Вялікай Брытаніі (10 адсоткаў), Канады (2 адсоткі) і з Францыі (1 адсотак). У заходнеэўрапейскіх краінах таксама назіраецца павелічэньне ўзаемаабмену відэапрадукцыяй і, адпаведна, зьмяншэньне долі прадукцыі ўласнай вытворчасьці.

Цікавыя зьмены адбываюцца таксама і ў краінах трэцяга сьвету. Тут, наадварот, павялічваецца выраб уласных тэлепраграмаў і зьмяншаецца доля імпарту відэапрадукцыі і менавіта з ЗША. У названы вышэй пэрыяд выраб уласных тэлепраграм павялічыўся ў Чылі з 3 да 8 адсоткаў, у Маляйзіі — з 10 да 17 адсоткаў, у Бангладэш — з 15 да 25 адсоткаў. Зьмяншэньне імпарту з ЗША кампэнсуецца таксама павелічэньнем імпарту зь іншых краінаў трэцяга сьвету. Падобныя тэндэнцыі ў гэты пэрыяд характэрныя практычна для ўсіх краінаў трэцяга сьвету.

Чым можна патлумачыць гэтыя зьмены, і чаму яны адбываліся менавіта ў гэты пэрыяд? Прычынаў таму некалькі. Перадусім гэта эканамічныя, геапалітычныя, гістарычныя, культурніцкія і лінгвістычныя прычыны. Трэба аднак мець на ўвазе, што яны па-рознаму выяўляюцца, калі гаворка ідзе пра разьвітыя краіны і краіны трэцяга сьвету.

У выпадку Галяндыі, Швэцыі ці Фінляндыі імпарт амэрыканскай відэапрадукцыі (кінафільмаў і забаўляльных тэлевізійных праграмаў) дыктуецца больш танным, чымся ўласны, коштам, бо гэтыя краіны ня маюць канкурэнтаздольнай відэаіндустрыі.

У павелічэньні двухбаковага патоку відэапрадукцыі паміж ЗША і Вялікай Брытаніяй, акрамя эканамічных прычынаў, адыгрывае ролю і тое, што яны зьяўляюцца стратэгічнымі партнэрамі, да таго ж паміж гэтымі краінамі адсутнічаюць моўныя бар'еры.

Што да краінаў трэцяга сьвету, то тут трэба ўзяць пад увагу такія працэсы, як рэгіяналізацыя, умацаваньне культурніцкай і палітычнай незалежнасьці, пераадоленьне каляніяльных і посткаляніяльных комплексаў. Усё гэта разам прымушае краіны трэцяга сьвету ўмацоўваць сваю ўласную нацыянальную і культурную ідэнтычнасьць.

У якасьці больш агульных прычынаў працэсаў глябалізацыі інфармацыйнага і камунікацыйнага абмену неабходна назваць разбурэньне сыстэмы татальнага ідэалягічнага супрацьстаяньня (пасьля распаду СССР), культурную, палітычную, ідэалягічную і эканамічную дэцэнтралізацыю, якая характэрная для сёньняшняга сьвету, і, нарэшце, зьяўленьне па другой сусьветнай вайне шэрагу новых палітычных і эканамічных суб'ектаў. Зьмены ў глябальных камунікацыйных працэсах, зьяўленьне новых магутных інфармацыйных патокаў і зьвязваньне іх у глябальныя інфармацыйныя сеткі дасьледчыкі мэдыяў і камунікацыі разглядаюць як працэс фармаваньня новага сусьветнага інфармацыйнага парадку.

У якасьці ідэалягічнай асновы гэтага парадку яны называюць такія фундамэнтальныя каштоўнасьці, як свабода выказваньня, свабода доступу да інфармацыі, яе свабоднае распаўсюджваньне і аб'ектыўнасьць у асьвятленьні розных падзеяў і сацыяльных зьяваў. Сам тэрмін інфармацыя набывае тут значэньне чагосьці ад пачатку аб'ектыўнага і ставіцца ў адзін ровень з паняткам “факт”, што звычайна падкрэсьліваецца, калі гаворка ідзе пра адрозьненьне інфармацыі ад апініі, камэнтара ці аналітычнага матэрыялу.

У гэтым сэнсе можна казаць, што ў сучаснай камунікацыйнай сфэры інфармацыя разглядаецца ў якасьці своеасаблівай каштоўнасьці, ідэальнай мэты. “Сваёй місіяй агенцтва лічыць пастаўку якаснай, дакладнай і збалянсаванай інфармацыі”,— так вызначае для сябе найвышэйшую мэту сваёй дзейнасьці агенцыя Associated Press.

Фармальна, як лічыць Лорымэр, паўставаньне ідэі новага сусьветнага інфармацыйнага і камунікацыйнага парадку можна аднесьці да пачатку 70-х гадоў, калі з распадам каляніяльнай сыстэмы на міжнароднай арэне зьявіліся новыя краіны. Тады і была зьвернута ўвага на падзеі, што адбываліся ў краінах трэцяга сьвету. У 1970-я і 80-я гады шырока абмяркоўваліся недахопы дзейнасьці буйных сусьветных інфармацыйных агенцыяў па асьвятленьні падзеяў, што адбываліся ў краінах трэцяга сьвету. Вядомым фактам перакручваньня рэальнай сытуацыі зьяўляецца гісторыя з прагалошаньнем сурынамскай незалежнасьці. Ніводная лацінаамэрыканская газэта не падала на першай паласе ці не згадала наогул інфармацыю пра абвяшчэньне незалежнасьці гэтай краінай, хаця яна і знаходзіцца ў Паўднёвай Амэрыцы. Як высьветлілася, гэтак сталася таму, што інфармацыйныя агенцыі ЗША проста не зьвярнулі ўвагі на гэтую падзею, і, адпаведна, яе прамінулі залежныя ад інфармацыйных стужак, перадаваных з ЗША, лацінаамэрыканскія газэты.

Другім вядомым фактам перакручваньня рэальнай сытуацыі зьяўляецца гісторыя з цэнтральным офісам агенцыі Associated Press. Гэта прыклад гэтак званага фільтраваньня інфармацыі. Сутнасьць гісторыі ў тым, што пасьля апрацоўкі інфармацыі, якая падавалася паводле розных катэгорыяў (“Сельская гаспадарка”, “Эканоміка і бізнэс”, “Спорт” і г.д.), у зводцы цэнтральнага офісу істотна зьмяняліся суадносіны паміж імі. Калі да прыкладу, інфармацыі зь мейсцаў пра мастацтва і культуру складалі некалькі адсоткаў, то ў канчатковай зводцы яны адсутнічалі наогул. І наадварот, за кошт падобных скарачэньняў істотна павялічвалася ўдзельная вага інфармацыі па такіх катэгорыях, як “Крымінал” і “Бедзтвы”. Паводле дадзеных Ал Хэстэра, удзельная вага інфармацыі пра “крымінал” у шэрагу выпадкаў узрастала з 13—15 адсоткаў (у зводцы мясцовых бюро) да 50 адсоткаў у канчатковай зводцы цэнтральнага офісу, і менавіта такая інфармацыя рассылалася сотням і тысячам падпісчыкаў.

Яшчэ большыя праблемы ў гэтай сфэры могуць узьнікаць у зьвязку з экспансіяй масавай відэапрадукцыі. Найперш тут маюцца на ўвазе фільмы і тэлевізійныя праграмы рознага зьместу, ад адукацыйных да забаўляльных, але зробленых паводле дамінуючых стэрэатыпаў, характэрных для нейкай адной культуры. Асабліва вострай гэтая праблема становіцца ў тых выпадках, калі такая прадукцыя распаўсюджваецца ў посткаляніяльных грамадзтвах ці ў грамадзтвах, дзе лякальныя альбо ўласнанацыянальныя культуры недафармаваныя. Шырокае распаўсюджаньне і дамінаваньне на экране такой прадукцыі мае сваім эфэктам блякаваньне разуменьня рэальных культурных, сацыяльных праблемаў і працэсаў таго грамадзтва, дзе мадэрнізацыйныя працэсы яшчэ не адбыліся ці не завершыліся.

Гэтыя і падобныя праблемы і факты ў рэшце рэшт справакавалі сур'ёзныя міжнародныя дэбаты, на аснове якіх у межах ЮНЭСКА на пачатку 1970-х гадоў былі сфармуляваныя тры праблемныя тэзы.

Першая тэза: разьвіцьцё камунікацыйных паслуг і інфармацыйных тэхналёгіяў забясьпечыла дамінантную пазыцыю невялікай колькасьці дзяржаваў, якія і выкарыстоўваюць гэтую пазыцыю для забесьпячэньня сваёй дамінантнай прысутнасьці ў тых культурах і грамадзтвах, якія не валодаюць падобнымі тэхналёгіямі. А таму і захоўваецца сытуацыя, калі ёсьць дамінантныя і падпарадкаваныя краіны, цэнтар і пэрыфэрыя.

Другая тэза: буйнамаштабнае разьвіцьцё інфармацыйных сыстэм і адпаведнай ім індустрыі кансэрвуе падпарадкаванае становішча менш разьвітых краінаў. Спробы супрацьдзеяньня гэтаму становішчу могуць прывесьці да пагаршэньня сытуацыі са свабодай слова і свабоднага распаўсюджваньня інфармацыі і адкрыць магчымасьць прыходу да ўлады аўтарытарных рэжымаў.

Трэцяя тэза: глябалізацыя вытворчасьці інфармацыі, якая кантралюецца некалькімі агенцыямі, сталася інструмэнтам эксплюатацыі рынкаў і не служыць культурным, сацыяльным і палітычным патрэбам інфармацыйна падпарадкаваных краінаў. Гэта азначае, што элімінаваньне і ігнараваньне культурніцкіх, сацыяльных і адукацыйных патрэбаў паасобных нацыяў не спрыяе разьвіцьцю іхнай культурна-нацыянальнай ідэнтычнасьці і ня служыць мэце сацыяльнай інтэграцыі тых грамадзтваў.

Працяг дыскусіі адносна новага інфармацыйнага парадку меў мейсца вакол дакладу МакБрайда, падрыхтаванага камісіяй ЮНЭСКА па праблемах глябальнай камунікацыі. Гэты даклад на 312 старонках прывёў да фармуляваньня двух прынцыпаў, якія былі прынятыя на дзьвюх міжурадавых канфэрэнцыях. Адна зь іх адбылася ў 1976 г. у Сан Жозэ дэ Костарыка, другая ў 1979 г. у Куала Лумпур.

Першы прынцып канстатаваў: “Нацыянальная камунікацыйная палітыка краінаў мусіць фармавацца ў кантэксьце нацыянальных рэаліяў, у кантэксьце свабоды выказваньня і павагі да індывідуальных і сацыяльных правоў”.

Другі прынцып канстатаваў: “Камунікацыя, адначасова разгляданая як сродак сьцьверджаньня нацыянальнай, калектыўнай ідэнтычнасьці і як інструмэнт сацыяльнай інтэграцыі, мусіць адыгрываць вырашальную ролю ў дэмакратызацыі сацыяльных зносін у той меры, у якой яна не замінае шматкірункаваму патоку пасланьняў…”

Калі прааналізаваць абодва гэтыя прынцыпы, то можна вылучыць некалькі істотных момантаў. Па-першае, гэта “кантэкст нацыянальных рэаліяў”. Вельмі выразна гэты момант сфармуляваны ў другім прынцыпе: камунікацыя ёсьць сродкам сьцьверджаньня і ўмацаваньня нацыянальнай і калектыўнай ідэнтычнасьці, інструмэнтам сацыяльнай інтэграцыі. Прыведзеныя фармулёўкі, хаця і ў стрыманай форме, аднак адлюстроўваюць антыкаляніяльны патас шэрагу новых краінаў, што паўсталі ў трэцім сьвеце.

Па-другое, яны адлюстроўваюць дзяржаўны і агульнанацыянальны прагматызм тых грамадзтваў, дзе сацыяльная кансалідаванасьць і больш шчыльная інтэграванасьць проста неабходныя дзеля ажыцьцяўленьня трансфармацыйных працэсаў, мадэрнізацыі гэтых грамадзтваў і правядзеньня рэформаў.

Па-трэцяе, “кантэкст нацыянальных рэаліяў” — гэта насамрэч кантэкст недафармаванай нацыянальнай сьвядомасьці і самасьвядомасьці, гэта кантэкст, у якім адсутнічаюць паўнавартасная грамадзянская самасьвядомасьць і паўнавартасная грамадзянская супольнасьць. З гэтай прычыны балянс паміж сацыяльным хаосам і сацыяльным парадкам у такіх грамадзтвах заўсёды хісткі.

Па сутнасьці, пададзеныя вышэй прынцыпы ўтрымліваюць у сабе элемэнт абарончай рэакцыі на рэальную пагрозу сацыяльнай дэстабілізацыі і канфліктаў у тых грамадзтвах, дзе адбываецца зьмена палітычнай, культурнай і сацыяльнай ідэалёгіяў. Як гэта ні парадаксальна, аднак шлях да дэмакратыі ў краінах, дзе грамадзянская супольнасьць несфармаваная, а нацыянальна-культурная ідэнтычнасьць размытая, даволі часта пралягае праз дыктатуры і аўтарытарныя рэжымы, якія, на жаль, аказваюцца больш моцным сродкам стрымліваньня татальнага хаосу і дэстабілізацыі, чымся праклямаваныя дэмакратычныя каштоўнасьці.

У той жа самы час вызначэньне камунікацыі як сродку сьцьверджаньня нацыянальнай, калектыўнай ідэнтычнасьці і інструмэнту сацыяльнай інтэграцыі ўступае ў супярэчнасьць з дэмакратычным правам індывіда на свабоднае і неабмежаванае атрыманьне інфармацыі. А таму названыя вышэй прынцыпы былі расцэнены ўрадам ЗША і журналісцкай супольнасьцю як спроба ўвядзеньня дзяржаўнага кантролю над свабоднымі патокамі інфармацыі. Урад ЗША спыніў фінансаваньне ЮНЭСКА, што прывяло да скарачэньня бюджэту гэтай арганізацыі на адну траціну. Генэральны дырэктар Амаду М'Боў падаў у адстаўку.

Мадэрнізацыя эканомік, што да 90-х гадоў адбылася ў шэрагу краінаў трэцяга сьвету, зьмяніла некаторыя акцэнты, якія тычацца праблемы новага інфармацыйнага парадку. Рост прамысловай вытворчасьці ў некаторых з гэтых краінаў зрабіў для іх актуальнай праблему эканамічных стасункаў з заходнімі эканомікамі. У гэты ж час назіраецца і ссоўваньне акцэнтаў з праблемаў культурнага, сацыяльнага і ідэалягічнага пляну на праблемы эканамічныя.

З другога боку, шэраг вядомых сусьветных інфармацыйных агенцыяў з разуменьнем успрынялі крытыку ў свой адрас, якая тычылася інфармацыйнага перакручваньня рэальных сытуацый у краінах трэцяга сьвету. Прыклад агенцыі Рэйтэр тут будзе да мейсца. Адказваючы на жаданьні некаторых урадаў краінаў трэцяга сьвету, агенцыя Рэйтэр час ад часу асьвятляе іх урадавыя ініцыятывы. І ўжо колькі год гэтая агенцыя пастаянна ўлучае ў свае зводкі эканамічную інфармацыю з трэціх краінаў.

За гэты час адбыліся зьмены і ў інфармацыйнай сытуацыі саміх краінаў трэцяга сьвету. Некаторыя зь іх самі зрабіліся сусьветнымі вытворцамі відэа і інфармацыйных прадуктаў.

Вядомымі ў сьвеце сталі дзьве лацінаамэрыканскія кампаніі: бразыльская “TV Globo” і мэксыканская “Televisa Mexico”. Абедзьве спэцыялізуюцца на вытворчасьці мыльных опэраў і шырока прысутныя на сусьветным інфармацыйным рынку. Да прыкладу, “Televisa Mexico” у 1989 г. экспартавала сваю відэапрадукцыю ў 35 краін сьвету. Былыя савецкія людзі таксама знаёмыя з прадукцыяй гэтых кампаніяў.

Аднак, нягледзячы на зьмены, што адбываюцца ў сусьветным інфармацыйным парадку, наўрад ці можна сьцьвярджаць, што ў сучасным сьвеце ўжо пакончана зь інфармацыйным імпэрыялізмам, перакручаньнем і прэпараваньнем інфармацыі ў інтарэсах тых ці іншых дамінуючых сацыяльных груповак альбо нават дзяржаваў. Аб'ектыўнасьць інфармацыі — гэта аргумэнт толькі тых і для тых, хто адмаўляецца ад гвалту, ужываньня грубай сілы і падману як сродку дасягненьня асабістых альбо карпаратыўных мэтаў.

А паколькі дзеля дасягненьня ўласных мэтаў людзі бываюць схільныя ігнараваць і адпрэчваць праўдзівую інфармацыю, то шлях да новага інфармацыйнага парадку пралягае праз збалянсаваньне самых розных інтарэсаў як асобных людзей, так і розных сацыяльных групаў і дзяржаваў; адпаведна — і празь няўціск гэтых інтарэсаў.


Літаратура

1. Lorimer R. Mass Communication. A Comparative Introduction. Manchester University Press, 1994.

2. Une Histoire des Medias des Origines а nos Jours par Jean-Noel Jeanneney, Paris.

3. Herman E. and Chomsky N. Manufacturing Consent. The Political Economy of Mass Media.

Камунікацыя ў культуры і культурніцкая дынаміка

Плян:

1. Асноўныя тыпы камунiкацый у культуры

2. Культурная камунiкацыя i дынамiка культуры. Культурны крызыс, яго прычыны i шляхi пераадоленьня

3. Асноўныя вiды мiжкультурнай камунiкацыi. Культурны шок i культурны канфлiкт

Зьвернемся да асноўных тыпаў камунiкацыi ў культуры. Можна вылучыць наступныя найбольш агульныя тыпы культурнай камунiкацыi: а) аўтарытарна-кананiчная камунiкацыя традыцыйнага (“натуральна закрытага”) грамадзтва; б) дынамiчна-канкурэнтная “мазаiчная” камунiкацыя эўрапейскага (“адкрытага”) грамадзтва і в) дагматычна-iдэалягiзаваная камунiкацыя таталiтарна-бюракратычнага (“штучна-закрытага”) грамадзтва.

У першым выпадку стабiльнасьцi грамадзтва, заснаванага на традыцыйных формах сацыяльнай практыкi i жорсткай сацыяльна-ролевай гiерархii, адпавядае аўтарытарны тып культурнай камунiкацыi, арыентаваны на пастаяннае ўзнаўленьне базавых установак архаiчнай сьвядомасьцi. Культурная камунiкацыя традыцыйнага грамадзтва працуе паводле прынцыпу кальцавога самацытаваньня, такiм чынам падтрымлiваючы цэльнасьць наяўнай мiталягiчнай прасторы i абараняючы яе ад любых вонкавых узьдзеяньняў, здольных парушыць упарадкаванасьць канону.

Традыцыйная культура задзейнiчаная не ў пашырэньнi сваёй прасторы i засваеньнi новых магчымасьцяў, а ў вытворчасьцi чарговых вытлумачальнiкаў-камэнтатараў клясычных тэкстаў. Прынцыповая культурная iнавацыя для такой культуры магчымая толькi як уварваньне звонку цi iнтэрвэнцыя “чужых” культурных узораў у вынiку ўзаемадзеяньня культураў (ад гандлёвых кантактаў да вайсковай агрэсii).

У другiм выпадку культурная камунiкацыя адлюстроўвае натуральныя для грамадзтва заходняга тыпу арыентацыi на дынамiчны працэс пашыранага ўзнаўленьня наяўнага тыпу сацыяльных стасункаў. Гэта азначае:

— пастаяннае ўскладненьне сацыяльнай структуры, зьяўленьне новых формаў працы i жыцьцёвага ладу, г.зн. рост субкультураў;

— пабудову сыстэмы прамысловай вытворчасьцi культурных узораў цi “культурнага канвоеру” масавага грамадзтва i як сьледзтва — прынцыповую антыаўтарытарнасьць культурнай прасторы, перавагу перад “вэртыкальнымi” каштоўнаснымi стасункамi (“высокае” мастацтва — “нiзкае” мастацтва) “гарызантальных” (роўныя правы культурных прадуктаў у канкрэтнай барацьбе за спажыўца).

I, урэшце, трэцi тып культурнай камунiкацыi, характэрны для таталiтарнага грамадзтва закрытага тыпу. Парадаксальнасьць таталiтарнай культуры крыецца ў яе прынцыповай падвоенасьцi: гэта адначасна i “вяртаньне жывых мерцьвякоў”, рэанiмацыя самых архаiчных формаў аўтарытарна-мiталягiчнага сацыяльнага парадку, i максымальнае зьдзяйсьненьне клясычнага iдэалу заходняй цывiлiзацыi — мары аб урачыстым шэсьцi чалавека, узброенага Вялiкай Iдэяй уласнага вырабу.

Таталiтарная культура ў пэўным сэнсе ўяўляе зь сябе ўзорны iнфармацыйны парадак, “утопiю Асьветы”, уцялесьненую ў жыцьцё. Яе прынцыповыя адметнасьцi — лiнійнасьць, празрыстасьць, кананiчнасьць i ўпарадкаванасьць.

Таталiтарная культура жорстка кiруецца зьверху i абапiраецца на масавы афэктыўны энтузiязм зьнiзу. Гэта прамысловая вытворчасьць iдэалягiчнага мiту, прынцыповае адрозьненьне якога ад дэмакратычных аналягаў у тым, што тут няма i ня можа быць спрэчак, канкурэнцыi: “Адзiн народ, адна партыя, адзiн фюрэр, адзiн райх!” Натуральны вынiк маналiтнасьцi культурнага канону — банальнасьць, зьместавая прымiтыўнасьць i клiшавасьць культурных узораў, якiя апэлююць да простых архетыпаў “прафаннай” сьвядомасьцi. Пры гэтым у пару пра мiт аб “мудрым правадыру”, бацьку i абароньніку нацыi, ствараецца мiт пра “простага чалавека” як увасабленьня адвечнай мудрасьцi i гiстарычнай мэтаскiраванасьцi.

Паколькi галоўнай мэтай таталiтарнай культуры ёсьць кансалiдацыя i задзiночаньне нацыi вакол уладных структураў дзяржавы, то яе асноўнай сфэрай зьяўляецца прапаганда пануючай iдэалёгii — агрэсiўная iнфармацыйная атака на масавую сьвядомасьць, якая лучыць у сабе прымусовае навязваньне штампаў “адзiна вернага” вучэньня з выхаваньнем страху перад iншымi iнфармацыйнымi крынiцамi як “голасам ворага”. Натуральны элемэнт “закрытай” сьвядомасьцi — перабольшваньне ролi “дзяржаўнай тайны”, якую ўсiм разам трэба “ахоўваць” ад шматлiкiх вонкавых i ўнутраных “ворагаў”.

Адсюль у грамадзкай сьвядомасьцi набывае неабходную матывацыю iснаваньне шырокай сеткi органаў дзяржбясьпекi (тайнай палiцыi), як перадавога аддзелу ахоўнiкаў i абароньнікаў сфэры “засакрэчанай iнфармацыi”. У сваю чаргу, “адважныя органы” атрымлiваюць карт-блянш на вядзеньне тайнага iнфармацыйнага пошуку з мэтай выяўленьня “ворагаў народу”: “Чэснаму чалавеку няма чаго хаваць ад савецкай улады!” Iнфармацыя робiцца iнструмэнтам сацыяльнага кантролю, манiпуляваньня масавымi настроямi i цiску на “iншадумцаў”.

Тыповай формай iнфармацыйнагазабесьпячэньня грамадзтва становяцца культурна-iдэалягiчныя кампанii, якiя несупынна зьмяняюць адна адну. Асаблiва эфэктыўна таталiтарная культура выконвае свае ахоўныя функцыi ў надзвычайных сытуацыях, якiя часта сама i стварае. Любыя абсурдныя дзеяньнi ўлады аўтаматычна апрацоўваюцца з гледзiшча пэрманэнтнага канфлiкту нашай “абкладзенай крэпасьцi” з вонкавым, варожым сьветам, а таксама зь бясконцага супрацьстаяньня “ўнутранаму ворагу”, пазначанаму як “iншы” (у мове, рэлiгiйных перакананьнях, думках i ўчынках).

Татальная культура адначасна i празьмерна iнфармацыйная (запоўняе сабой усю падлеглую iнфармацыйную прастору) i скрайне мiталягiчная (падмяняе iнфармацыю iдэалягiчнымi мiтамi). Фрагмэнты рэальных зьвестак прыватнага пляну, зьвязаныя з канкрэтнымi сфэрамi чалавечай дзейнасьцi, iснуюць у ценю Вялiкага Мiту. Чалавек таталiтарнага грамадзтва ахоплены iлюзiяй поўнай iнфармаванасьцi. Усё, што выходзiць за рамкi засвоенага шаблёну, аўтаматычна ўспрымаецца як намова i правакацыя.

Разбурэньне таталiтарнай культурай гiстарычна сфармаванай культурнай дынамiкi i падмена новых культурных узораў фантомнай псэўдаiнфармацыйнай прасторай “iдэалягiчна вытрыманай” галюцынацыi непазьбежна вядзе да культурнага крызысу. Грамадзтва губляе здольнасьць асэнсоўваць рэальнасьць свайго iснаваньня i прымаць эфэктыўныя рашэньнi.

Культурны крызыс можа быць выклiканы з прычыны як вонкавага, так i ўнутранага паходжаньня. Да вонкавых прычынаў могуць быць аднесеныя:

— Прыродныя: значныя паводле характару i кароткiя паводле тэрмiнаў зьмены прыродна-клiматычных умоваў, калi пэўная супольнасьць ня мае эфэктыўных сродкаў для адаптацыi да гэтых зьменаў. Падобнае здараецца найперш з архаiчнымi культурамi, якiя ў такiх выпадках чакае альбо мiграцыя, альбо гiбель.

— Сацыяльныя: агрэсiя альбо захоп адной супольнасьцi другой, калi заваёўнiк iмкнецца ня толькi да ўсталяваньня сваёй палiтычнай улады, але i да зьнiштажэньня культурнай традыцыi, iнстытутаў сацыяльнай арганiзацыi i рэгуляцыi, рэлiгiйных i каштоўнасных арыентацый паняволенага народу.

У абодвух згаданых выпадках перамены ўмоваў iснаваньня супольнасьцi вядуць да сур'ёзнай трансфармацыi стэрэатыпаў сьвядомасьцi i паводзiнаў, дэвальвацыi традыцыйных нормаў i стандартаў сацыяльных паводзiнаў, маралi, каштоўнасных iмпэратываў i табу; пачынае разбурацца сыстэма сацыяльных стасункаў i функцыянальных сувязяў памiж людзьмi. Грамадзтва губляе тыя культурныя ўзоры, якiя яго мацавалi, i ператвараецца ў тэрыторыю iснаваньня набору канкуруючых лякальных культурных праграмаў (прынесеных знадворку, традыцыйных i маргiнальна-эклектычных).

Унутраныя прычыны культурнага крызысу могуць быць зьвязаныя з:

— палiтычным крызысам у грамадзтве i зьнiжэньнем эфэктыўнасьцi працы iнстытутаў сацыяльнай рэгуляцыi, што мае наступствамi розныя дэвiянтныя формы сацыяльнай актыўнасьцi (улучна з крымiнальнымi i рэвалюцыйнымi);

— сацыяльна-эканамiчным крызысам, якi трансфармуе характар iнтарэсаў i запатрабаваньняў людзей, з чаго ўзьнiкае масавае незадавальненьне ўладамi, ня здольнымi выпрацаваць эфэктыўнай стратэгiі паводзiнаў;

— крызысам пануючай iдэалёгii, што не пасьпявае рэагаваць на зьмены жыцьця грамадзтва, якое губляе свае кансалiдуючыя i мабiлiзуючыя магчымасьцi;

— нарастаньнем нераўнамернасьцi развою розных сфэраў сацыяльнай жыцьцядзейнасьцi, што можа прывесьцi да сацыяльнага выбуху. Тыповы прыклад — маскоўскiя падзеi 1991 г.;

— тармажэньнем працэсаў культурнай мадэрнiзацыi, калi грамадзтва “загразае” ў становiшчы, пры якiм ранейшыя нарматыўна-каштоўнасныя рэгулятары сацыяльнага жыцьця ўжо дэградавалi (цi мэтаскiравана дэмантаваныя), а новыя яшчэ ня склалiся цi не пачалi паўнавартасна функцыянаваць.

Канкрэтныя формы праяваў культурнага крызысу, незалежна ад яго прычынаў, увогуле падобныя. Адбываецца зьнiжэньне ўзроўню сацыяльнай цэльнасьцi грамадзтва, “расфакусоўка” каштоўнасных арыентацый, вялiчыцца стракатасьць i хаатычнасьць сьветапоглядных установак i сцэнароў сацыяльнага дзеяньня (“субкультурная рэвалюцыя”), падзеньне цiкавасьцi да стандартных формаў “сацыяльна значнай” дзейнасьцi.

Пасьледкi культурнага крызысу могуць быць рознымi i залежаць ад сукупнасьцi фактараў, якiя вызначаюць здольнасьць грамадзтва да аднаўленьня разбуранай сыстэмы культуры. Размова iдзе ня толькi пра афармленьне новых каштоўнасных арыентацыяў i прэзэнтуючых iх культурных узораў, але i аб аднаўленьнi на новым узроўнi натуральных (“нармальных”) для дадзенай культуры мэханiзмаў культуратворства, вольных ад любых формаў культурнай цэнзуры i iнфармацыйнай агрэсii.

Як сьведчыць гiсторыя, у адных выпадках культурны крызыс прыводзiць да дэструкцыi канкрэтнага тыпу культуры i ануляваньня яе носьбiта (клясычныя прыклады — гiбель Рымскай iмпэрыi ў 4—5 стст. цi распад СССР у нашыя днi), у другiх — соцыюм знаходзiць унутраныя рэзэрвы для мабiлiзацыi i аднаўленьня структуры сацыякультурнай арганiзацыi, падвышэньня эфэктыўнасьцi мэханiзмаў кiраваньня грамадзтвам (досьвед постсацыялiстычнай “рэканструкцыi” краiнаў Усходняй Эўропы, пад'ём ЗША пасьля “бурных” 60-х).

Тэхналёгii выхаду з культурнага крызысу розныя, як розныя i канкрэтныя абставiны яго ўзьнiкненьня. Але ўва ўсiх выпадках назiраюцца дзьве абавязковыя ўмовы:

— назапашваньне “крытычнай масы” насельнiцтва, рэальна зацiкаўленага ў рэфармацыi цi аднаўленьні пэўных формаў сваёй сацыяльнай сыстэмнасьцi (палiтычнай, нацыянальнай, рэлiгiйнай i г.д.);

— афармленьне новай кансалiдуючай культурнай праграмы (цi функцыянальнае абнаўленьне традыцыйнай), якая выразна пазначае мэтавыя ўстаноўкi, здольныя выступiць у якасьцi новай мовы “вялiкай” культуры.

Адной з найбольш значных формаў культурнай камунiкацыi зьяўляецца ўзаемадзеяньне цi дыялёг культураў. Гэты панятак выкарыстоўваецца для пазначэньня сумы непасрэдных стасункаў i сувязяў, якiя складваюцца памiж рознымi культурамi, а таксама iх вынiкаў, узаемных пераменаў, якiя ўзьнiклi ў працэсе гэтых стасункаў. Асаблiвае значэньне для ўзаемадзеяньня культураў набываюць зьмены культурных патэрнаў — формаў сацыяльнай арганiзацыi, набору сфэраў дзейнасьцi, сыстэмаў каштоўнасьцяў адной i другой культураў, станаўленьне новых формаў культурнай актыўнасьцi, iнавацыйных духоўных арыентыраў i мадэляў ладу жыцьцядзейнасьцi пад уплывам вонкавых фактараў.

Трэба адзначыць, што просты абмен таварамi, эпiзадычныя кантакты цi нават устойлiвыя гаспадарчыя i iншыя стасункi, якiя не закранаюць глыбiнных асноваў культурнай актыўнасьцi, каштоўнасных арыентацый, ладу жыцьцядзейнасьцi абедзьвюх культураў, ня могуць быць у простым сэнсе аднесеныя да дыялёгу культураў. Яны хутчэй належаць да сфэры формаў iснаваньня цi кантактаў культураў адна з адной. Ува ўласна ўзаемадзеяньнi культураў можна вылучыць наступныя ўзроўнi:

— Этнiчны, характэрны для стасункаў памiж лякальнымi этнасамi, гiсторыка-этнаграфiчнымi, этнаканфэсiйнымi сацыяльнымi супольнасьцямi;

— Мiжнацыянальны, заснаваны найперш на дыялёзе розных дзяржаўна-палiтычных структураў i палiтычных элiтаў;

— Цывiлiзацыйны, зьвязаны з сустрэчай прынцыпова розных тыпаў сацыяльнасьцi, сыстэмаў каштоўнасьцяў i формаў культуратворства. Дыялёг культураў на гэтым узроўнi найбольш прадуктыўны з гледзiшча культурна-iнавацыйнай дзейнасьцi. Менавiта скрыжаваньнi культураў Усходу i Захаду, Эўропы і Афрыкi, антычнасьцi i арабскага сьвету станавiлiся месцам радыкальных паваротаў гiсторыi.

Акрамя таго дыялёг культураў магчымы i ў выглядзе ўзаемадзеяньня актуальнага тыпу культуры з гiстарычна сфармаванай культурнай традыцыяй, якая выступае ў якасьцi сумоўнiка, ня менш экзатычнага i каштоўнага, чым сучасны суб'ект дыялёгу. Скажам, фэномэн расейскага бальшавiзму ды i ўвесь постгарбачоўскi пэрыяд у Расеi цяжка зразумець без асэнсаваньня такой зьявы, як расейская саборнасьць, i гiстарычна зьвязанай зь ёй мадэлі патрыярхальнай масавай сьвядомасьцi, якая ўвесь час чакае харызматычнага правадыра.

У штодзённай практыцы культурнага дыялёгу звычайна задзейнiчаныя працэсы i стасункi, характэрныя для ўсiх трох узроўняў дыялёгу. У мiжкультурных сувязях, асаблiва ўнутры шматнацыянальнай дзяржавы, адначасна бяруць удзел як вялiкiя, гэтак i малыя нацыi, а таксама іх розныя “аскепкi”, якiя ствараюць своеасаблiвыя “культурныя рэзэрвацыi”.

Пры гэтым удзельнiкi дыялёгу ад пачатку знаходзяцца ў няроўным становiшчы. Натуральна, што больш буйная паводле колькасьцi i паводле рэальнай значнасьцi ў жыцьцi грамадзтва супольнасьць у працэсе дыялёгу будзе больш уплывовай, чым малая этнiчная група. У той жа час расейскi дасьледчык Леў Гумялёў прапаноўвае ўлiчваць i такi фактар, як “пасiянарнасьць” — своеасаблiвая культурная энэргетыка культурнай супольнасьцi, якая не залежыць ад яе колькасьцi. Тым ня менш, у межах узаемадзеяньня культураў звычайна вылучаюць культуру-донара (якая больш аддае, чым атрымлiвае) i культуру-рэцыпiента (якая больш бярэ, чым аддае). На працягу гiстарычна доўгага пэрыяду гэтыя ролi могуць мяняцца ў залежнасьцi ад таго, на якой стадыi культурнага росту знаходзiцца кожны ўдзельнiк дыялёгу.

Важнае значэньне ў дыялёзе культураў мае ягоная структура, г.зн. накiрунак i канкрэтныя формы ўзаемнага абмену культурнай iнфармацыяй. Адной з найбольш старажытных i шырока распаўсюджаных формаў узаемадзеяньня выступае абмен гаспадарчым досьведам i вытворчымi тэхналёгiямi, спэцыялiстамi-прафэсiяналамi; устойлiвым вiдам узаемадзеяньня зьяўляюцца мiждзяржаўныя, палiтычныя i прававыя стасункi. Заўсёды верагодныя ўзаемадзеяньнi лiнгвiстычных, мастацкiх, рэлiгiйных аспэктаў культураў. Трэба ўлiчваць i канкрэтны ўзровень узаемадзеяньня культураў — сувязi рэалiзуюцца на ўзроўнi дзяржаўнай палiтыкi, вайсковай акупацыi, лякальных прафэсiйна-карпаратыўных стасункаў, кантактаў арганiзацый “трэцяга сэктару” цi проста ў працэсе штодзённа-пабытовых узаемадзеяньняў розных слаёў насельнiцтва.

Розьняцца таксама формы i прынцыпы сутыкненьня культураў. У гiстарычнай практыцы вядомыя i мiрныя, добраахвотныя спосабы кантактаў (у гэтым выпадку прынцыпы ўзаемадзеяньня пераважна скiраваныя на партнэрскае, узаемавыгаднае супрацоўнiцтва) i прымусовыя, якiя рэалiзуюцца ў вынiку калянiяльнага цi вайсковага паняволеньня (у гэтым выпадку, як правiла, дамiнуе iмкненьне да аднабаковай выгады, аўтарытарна-патэрналiсцкi падыход).

Адной з формаў дыялёгу культураў служаць мiжнародныя стасункi, якiя ўлучаюць у сябе набор мэханiзмаў iх рэалiзацыi. Маецца на ўвазе кодэкс мiжнароднай дыпляматыi, а таксама наяўнасьць спэцыяльна прызначаных для гэтай мэты сацыяльных iнстытутаў, формаў кантактаў (афiцыйныя вiзыты, круглыя сталы, сумесныя камiсii i г.д.), “трацейскага судзьдзi” (ААН, ЮНЭСКА, Мiжнародны суд i г.д.). Акрамя таго, у практыцы культурнага ўзаемадзеяньня шырока выкарыстоўваецца сыстэма сацыяльных iнстытутаў i мэханiзмаў унутры самiх культураў. Важным мэханiзмам дыялёгу культураў можа стацца палiтыка мадэрнiзацыi, зьмена курсу ў нацыянальнай i культурнай палiтыцы, якая рэалiзуецца на ўзроўнi дзяржавы, а таксама радыкальныя трансфармацыi ўнутры асобных карпаратыўных структураў i сфэраў дзейнасьцi, структураў мясцовага самакiраваньня, формаў грамадзкiх (у тым лiку i культурнана-цыянальных) аб'яднаньняў.

У кожным канкрэтным выпадку ўзаемадзеяньня культураў можна вылучыць некалькi стадыяў цi этапаў. Зыходным пунктам тут прынята лiчыць стадыю культурнага шоку — першапачатковую рэакцыю iндывiдуальнай, групавой цi масавай сьвядомасьцi на сустрэчу зь iншакультурнай рэальнасьцю. Сытуацыя першапачатковага шоку можа быць раскрытая як прынцыповая несумяшчальнасьць розных культурных узораў, “сэнсавы разрыў” памiж каштоўнасьцямi, звыклымi нормамi мовы i паводзiнаў свайго культурнага асяродку i тымi каштоўнасьцямi, нормамi, штодзённымі практыкамi новага асяродку, куды патрапляе iндывiд (сытуацыя эмiграцыi цi турызму), сацыяльная група (сытуацыя масавай эмiграцыi, уцякацтва цi прымусовай высылкi па нацыянальных або рэлiгiйных прыкметах) альбо грамадзтва ў цэлым (сытуацыя iнтэнсiўнай культурнай дыфузii: “перабудова” i спроба будаўнiцтва сацыяльна-эканамiчных iнстытутаў паводле заходняга ўзору).

Цiкава, што эўрапейская культура мела ўласны культурны шок у 12—17 стст. Паведамленьнi вандроўнiкаў i місiянэраў, якiя апiсвалi бясконцае мноства новых краiнаў i народаў, ня толькi садзейнiчалі адкрыцьцю фэномэну культуры. Выклiканы гэтымi зьвесткамi культурны шок спарадзiў радыкальны пераварот, якi можна назваць антрапалягiчнай рэвалюцыяй, паколькi была разбураная прэтэнзiя заходняй культуры на выключнасьць i першынство — раптам высьветлiлася, што iснуе мноства культураў, якiя не саступаюць у сваiх каштоўнасьцях эўрапейскай культуры. З гэтага часу калянiзацыя сталася толькi адной з многiх формаў мiжкультурнай камунiкацыi.

Сiла шокавай рэакцыi iндывiда цi соцыюму пры сустрэчы з “чужой” культурнай прасторай вызначаецца:

— глыбiнёй адрознасьцяў (цi мерай сумяшчальнасьцi) памiж ранейшай i новай культурамi;

— асаблiвасьцямi iндывiдуальнага, групавога цi нацыянальнага псыхалягiчнага тыпу — арыентацыйнымi здольнасьцямi, мерай рыгiднасьцi цi плястычнасьцi, творчым патэнцыялам;

— наяўнасьцю цi адсутнасьцю ўстойлiвых фрагмэнтаў старога культурнага асяродку (сям'i, сяброў, прафэсiйнага досьведу i г.д.), якiя могуць быць “перанесеныя” ў новы культурны кантэкст;

— мерай адкрытасьцi цi закрытасьцi “сваёй” культурнай прасторы, узроўнем пачуцьця культурнай iдэнтычнасьцi, месцам традыцыйных каштоўнасьцяў у сыстэме культуры;

— мерай адкрытасьцi цi закрытасьцi ўзораў i носьбiтаў “чужой” культуры, што задзейнiчаныя ў дадзенай канкрэтнай сытуацыi культурнага кантакту, iх здольнасьцю да двухбаковай культурнай камунiкацыi.

У якасьцi характарыстык другога этапу дыялёгу культураў звычайна вылучаюць чатыры спосабы пераадоленьня канфлiкту, спароджанага культурным шокам:

— гетаiзацыя: “чужыя” цi ня здатныя супрацьстаяць культурнай экспансii “тубыльцы” (iндзейцы ЗША) задзiночваюцца мiж сабой i арганiзуюць унутры “вялiкай” культуры iзаляваныя анклявы (гета), дзе захоўваюць i падтрымлiваюць традыцыйныя мадэлi культурных паводзiнаў. За прыклад можна згадаць iснуючыя практычна ўва ўсiх буйных заходнiх гарадох чайна-таўны — заказьнiкi кiтайскай культуры i адпаведнага ладу жыцьця, iндускiя, маляйскiя цi расейскiя раёны кампактнага пражываньня (напрыклад, Брайтан-Бiч у Нью-Ёрку), кварталы-гета;

— асымiляцыя: спроба атаясамiцца з “чужой” культурай, засвоiць яе нормы, каштоўнасьцi, мадэлi паводзiнаў, цалкам адмаўляючы спадчыну больш “слабога” (цi пакiнутага) культурнага асяродку;

— узаемадзеяньне: памкненьне знайсьцi нейкi “сярэдзiнны” варыянт, спалучыць элемэнты “сваёй” i “чужой” культураў. У гэтым выпадку магчымыя два сцэнары: наладжваньне несупярэчлiвай культурнай камунiкацыi шляхам паяднаньня ў рамках паўсядзённай практыкi нормаў абедзьвюх культураў альбо падзел iснаваньня на дзьве часткi, адна зь якiх прысьвечаная “новай”, другая —”старой” культуры. Напрыклад, гастарбайтары з Турцыi цi Iндыi на працы паводзяць сябе адпаведна да правiлаў сучаснай iндустрыяльнай тэхналёгii, а ў побыце схiльныя прытрымлiвацца традыцыйных звычак i паводзiнаў. Iншы прыклад: выкарыстаньне на працы “чужой”, а ў хаце — роднай мовы;

— калянiзацыя: агрэсiўная дэманстрацыя i прапаганда ўласных культурных арыентыраў i мадэляў паводзiнаў насуперак традыцыйным для “мясцовай” культуры. Падобныя зьявы ўзьнiкаюць як у вынiку розных формаў вайсковай цi культурнай экспансii, так i з прычыны iнтэнсiўных працэсаў мадэрнiзацыi. Тэрмiн “калянiзацыя” ў дадзеным кантэксьце ня мае ацэначнай пазнакi, тут ён выступае ў якасьцi нэўтральнага панятку. Мова йдзе пра культурную калянiзацыю, у параўнаньні зь якой палiтычная калянiзацыя — толькi прыватны выпадак, далёка ня самы радыкальны па сваiх вынiках.

У цэлым культурны шок адыгрывае ў культурнай дынамiцы станоўчую ролю, паколькi пазбаўляе адназначнасьцi звыклыя культурныя стандарты, садзейнiчае культурным кантактам розных супольнасьцяў, пашырае меру iх адкрытасьцi, iнтэграцыi iншакультурных элемэнтаў у традыцыйныя культурныя сыстэмы, абуджае iнавацыйныя паводзiны з боку як асобных iндывiдаў, так i сацыяльных групаў.

Узаемадзеяньне культураў можа адбывацца як у канструктыўна-прадуктыўных, так i ў канфлiктных формах. У другiм выпадку культурны шок перарастае ў культурны канфлiкт. Культурны канфлiкт уяўляе сабой крытычную стадыю супярэчаньняў у каштоўнасна-нарматыўных устаноўках i сьветапоглядных арыентацыях памiж асобамi, групамi, асобай i групай, асобай i грамадзтвам, культурнай меншынёй i грамадзтвам у цэлым, памiж рознымi супольнасьцямi цi iх каалiцыямi.

У адрозьненьне ад большасьцi iншых вiдаў канфлiктаў, у аснове якiх, як правiла, знаходзяцца прыватныя супярэчнасьцi ў пэўных сфэрах (эканомiцы, палiтыцы, перадзеле ўласнасьцi, статусна-ролевых i крэўна-сваяцкiх стасунках i да т.п.), культурны канфлiкт вырозьнiваецца сваёй канцэптуальнай абумоўленасьцю. У ягоным подзе — прынцыповая несумяшчальнасьць моваў розных культураў. Сумяшчэньне несумяшчальнага спараджае “сэмантычны землятрус”, якi парушае ня толькi працэс мiжкультурнай камунiкацыi, але i ўнармаванае iснаваньне кожнага з удзельнiкаў сутыкненьня. Фундамэнтам канфлiкту становiцца ня нечая злая воля цi сьвядомы сабатаж, але найперш глыбiнныя разрозьненьнi ў сацыяльным досьведзе канфлiктуючых бакоў, замацаваных у фундамэнтальных прынцыпах культуры.

Практычныя формы культурнага канфлiкту могуць мець розны маштаб i характар: ад прыватнай сваркi да мiждзяржаўных супрацьстаяньняў (сытуацыя “халоднай вайны”) i каалiцыйных войнаў. Тыповымi прыкладамi найбольш маштабных i жорсткiх культурных канфлiктаў зьяўляюцца рэлiгiйныя i грамадзянскiя войны, рэвалюцыйныя i нацыянальна-вызвольныя рухi, генацыд i “культурныя рэвалюцыi”, гвалтоўнае прылучэньне да “iсьціннай веры” i зьнiштажэньне нацыянальнай iнтэлiгенцыi, палiтычны перасьлед “iншадумцаў” i г.д.

Культурныя канфлiкты, як правiла, адрозьнiваюцца асаблiвай жорсткасьцю i бескампрамiснасьцю, а ў выпадку ўжываньня сiлы маюць на мэце ня столькi прыгнёт, колькi фiзычнае зьнiштажэньне носьбiтаў чужых каштоўнасьцяў. У падобных выпадках людзьмi рухае ня лёгiка, а глыбiнная псыхалягiчная залежнасьць ад канкрэтнага тыпу культуры, замацаваная на дарацыянальным узроўнi перакананасьцi ўва ўласнай праўдзе. Культурны канфлiкт — гэта супрацьстаяньне не жыцьцёва iстотных аспэктаў чалавечага iснаваньня, а спрэчка суб'ектыўных перакананьняў, сутыкненьне прыярытэтаў. Тыповы прыклад: варагаваньне “тупаканечнiкаў” i “востраканечнiкаў” у Свiфта. Прырода культурнага канфлiкту iрацыянальная. Менавiта таму тут вельмi складана дасягнуць кампрамiсу.

Найбольш радыкальны i эфэктыўны спосаб выхаду з культурнага канфлiкту — не даваць магчымасьцi яму выявiцца. Папярэджаньне культурных канфлiктаў магчыма толькi на аснове недагматычнай сьвядомасьцi, для якой iдэя культурнага полiмарфiзму (прынцыповай шматмернасьцi прасторы культуры i прынцыповай немагчымасьцi “адзiна вернага” культурнага канону) будзе натуральнай i вiдавочнай. Шлях да “культурнага мiру” ў адмове ад манаполii на iсьцiну i памкненьня гвалтам дасягнуць кансэнсусу. Пераадоленьне “эпохi культурных канфлiктаў” станецца магчымым у той меры, у якой сацыяльны гвалт ува ўсiх ягоных праявах перастане разглядацца ў якасьцi рухавiка гiсторыi.


Лiтаратура

1. Арон Р. Демократия и тоталитаризм. М., 1993.

2. Гройс Б. Утопия и обмен. М., 1993.

3. Ерасов Б. Социальная культурология. М., 1996.

4. Ионин Л. Социология культуры. М., 1996.

5. Культурология. ХХ век. Энциклопедия. СПб., 1994.

6. Benedikt R. Patterns of Culture. Boston, 1994.

7. Kroeder A-L. Configurations of Culture Growth. Berkley. Los Angelos, 1944.

8. Merton R. Sociological Ambivalence. NY, 1976.

9. Parsons T. The Structure Of Social Action. Glenscoe, 1961.

Камунікацыя

Плян:

1. Прыватызацыя інфармацыйнай прасторы

2. Віртуальная цывілізацыя

3. Making things think

4. Рэліктавы шум першага слова

Прыватызацыя інфармацыйнай прасторы

Найбуйнейшы прадстаўнiк расейскага футурызму Велiмiр Хлебнiкаў меркаваў, што асноўным сродкам камунiкацыi ў будучынi станецца радыё, якое, аднак, навучыцца трансьляваць ня толькi голас i музыку, але i пазаакустычныя iлюзii — напрыклад, зрокавыя або смакавыя адчуваньнi: “Людзi будуць пiць ваду, але iм падасца, што перад iмi вiно. Просты i наедкi абед будзе здавацца раскошлiвым баляваньнем. Нават пахi скарацца волі Радыё: глыбокай зiмой мядовы пах лiпы, зьмяшаны з пахам сьнегу, будзе сапраўдным падарункам краiне... Радыё будучынi здолее выступiць i ў якасьцi лекараў, што лечыць бязь лекаў. Вядома, што некаторыя гукi, як “ля” i “сi”, уздымаюць мускульную здольнасьць, часам у шэсьцьдзесят чатыры разы, згушчаюць яе на пэўны прамежак часу. I ў днi абвастрэньня працы, жнiва, пабудовы вялiкiх гмахаў гэтыя гукi будуць рассылацца Радыё па ўсёй краiне i шматкроць уздымаць яе сiлу”.

Апрача таго, жыхары будучынi, паводле Хлебнiкава, будуць зносiцца праз своеасаблiвыя “ценякнiгi” — высачэзныя белыя сьцены, на якiя будуць праектавацца “ценепiсьмёны”: загады кiраўнiцтва, прыватныя абвесткi, вершы, нэкралёгi, “навiнкi зямной кулі”. У туманнае надвор'е навiны будуць друкавацца на аблоках (дарэчы, Кандрат Крапiва ў футуралягiчнай паэме “Хвядос — чырвоны нос” выказвае блiзкую думку: iнфармаваць людзей у будучынi мусiць кiнахронiка, якая будзе праектавацца ў вечаровы час проста на аблокi).

У iдэале вiдовiшча, якое разгортваецца ў жыцьцё з рэпрадуктару i экрану, са старонак газэты цi кнiгi, павiнна атачаць чалавека з усiх бакоў, мусіць затапiць вакол яго рэчаiснасьць, наколькi хопiць вока ды iншых пачуцьцёвых органаў. Мастацтва будучынi, напэўна, будзе чымсьцi падобным да парку атракцыёнаў “Футураскоп”, што месьцiцца ля Пуацье, памiж Парыжам i Бардо. Тут можна ўбачыць найбольш авангардныя спосабы апрацоўкi выявы, якiя толькi iснуюць у сьвеце. Напрыклад, “Кiнемакс” — гiганцкi экран плошчай 600 кв.м. i вышынёй у 8-павярховы дом. Можна наведаць “Дынамiчнае кiно”: у гэтым павiльёне фатэлi гледачоў круцяцца ў залежнасьцi ад руху герояў на экране. Ёсьць таксама залі “рэльефнага кiно”, iнтэрактыўных фiльмаў (тут гледачы выбiраюць самi той цi iншы варыянт сюжэту стужкi), “кiно на 360 градусаў” (9 экранаў дазваляюць гледачу адчуць сябе ў самым цэнтры падзеяў фiльму) i мноства iншых прыгодаў для зроку. “Дыван-самалёт” складаецца з двух экранаў агульнай плошчай 1.400 кв.м: адзiн — перад гледачом, другi — у яго пад нагамi, з чаго можна адчуць сябе мухай цi птушкай, паўдзельнiчаць у прыгодах пiлёта-кур'ера цi ведзьмы на памяле.

Многiя стужкi, што дэманструюцца ў “Футураскопе”, зьнятыя адмыслова для паказу на яго чароўных экранах (напрыклад, “Гiёме — крылы мужнасьцi” рэжысэра Жан-Жака Ано, сярод ранейшых работ якога — “Iмя ружы”). Iх немагчыма пабачыць дзе-небудзь яшчэ ў Эўропе, i цiкаўным застаецца хiба што самiм ехаць у Пуацье. I гэта наводзiць на думку, што ў адной з магчымых будучынь кiнематограф падзелiцца на некалькi эвалюцыйных галiнаў у адпаведнасьцi з той або iншай канфiгурацыяй экрану. Некаторыя фiльмы будуць здымацца для эксклюзыўнага паказу толькi ў адной кiназалі. Такi ж лёс чакае i тэлебачаньне, калi людзi авалодаюць нейкiмi новымi, яшчэ больш эфэктыўнымi сродкамi камунiкацыi. Толькi вызваленьне ад утылiтарнай функцыi перадачы актуальнай для ўсiх спажыўцоў або патрэбнай дыктатару iнфармацыi дазволiць тэлебачаньню i ўвогуле журналiстыцы перайсьцi ў стан мастацтва.

Сродкi масавай iнфармацыi маюць сёньня больш улады, чым калi-кольвечы раней. I аднак, на мой погляд, ужо зьявiлiся прыкметы iхнага непазьбежнага заняпаду, выклiканага прыватызацыяй iнфармацыйнай прасторы, у якой неўзабаве будзе жыць чалавек сам-адзiн або разам з блiзкiмi людзьмi. На зьмену ТВ-вяшчаньню для ўсiх прыходзяць кабельнае тэлебачаньне i вiдэазабавы, разьлiчаныя на больш вузкую аўдыторыю. Тэлеперадачы i вiдэафiльмы ўжо можна глядзець на экране пэрсанальнага кампутару, мадэлюючы на свой густ выяву, гукавое суправаджэньне i пасьлядоўнасьць кадраў. Найноўшыя iнфармацыйныя тэхналёгii ўжо не зусiм падобныя да мас-мэдыяў: кампутарныя сеткi маюць больш супольнага з тэлефонам, чымся з радыё. На чарзе — зьяўленьне iнтэрактыўнага тэлебачаньня, шматварыянтных фiльмаў i перадач: кампутар, вiдэамагнiтафон або тэлепрыймальнiк аўтаматычна будуць выбiраць дэкарацыi, павароты сюжэту, гукавое суправаджэньне i аблiчча герояў паводле густу i настрою гледача. Кiраваць тэмпам i зьместам падзеяў на экране чалавек зможа голасам, з дапамогай клявiятуры на пульце або кiбэршлему для адсочваньня выразу твару: дастаткова ўсьмiхнуцца або ўзьняць бровы — i далей сюжэт будзе разгортвацца ў iншым накiрунку. У вынiку нiводны фiльм амаль немагчыма будзе паглядзець двойчы. Кожны будзе глядзець сваё ўласнае кiно i асабiстыя зводкi навiнаў.

Сродкі масавай інфармацыі паступова ператвараюцца ў сродкі прыватнай інфармацыі. Нават у пляне аўтарства і распаўсюду, але найперш — у пляне спажываньня навінаў і забаваў. Клясычныя радыё і тэлебачаньне з адным-двума каналамі былі (а ў Беларусі ў значнай ступені застаюцца дагэтуль) вяршыняй канвоернай культуры індустрыяльнага грамадзтва, апірышчам (калі не самім вытокам) таталітарных рэжымаў 20 ст., найбольш зручным сродкам тыражаваньня аднолькавых думак у астранамічнай колькасьці галоваў. Сёньня ў радыёэфіры хваляў ужо ня менш, чым у моры — прынамсі, у менскім. Праблема свабоды слыху цяпер палягае ня ў праве чалавека пераключыць свой радыёпрыймальнік на іншую хвалю, а ў праве наогул яго адключыць (бо ён усё адно штосьці сьпявае за сьцяной у суседа). Мы жывем у аўтарытарнай дзяржаве, але амаль не заўважаем гэтага, бо маем магчымасьць глядзець замежныя тэлеканалы, якія беспакарана крытыкуюць улады сваёй, а зрэдчас — і нашай краіны. Адключыце ў Беларусі расейскае тэлебачаньне — і вы атрымаеце зусім іншую палітычную сытуацыю.

Ледзь не штодня ў продажы зьяўляюцца новыя кнігі, газэты, аўдыя- і відэазапісы, CD-ROMы ды іншыя носьбіты інфармацыі, не прызначаныя для сынхроннага спажываньня ўсім грамадзтвам. На жаль, у нашай краіне найбольш палітычна актыўныя грамадзяне (тыя, што заўсёды бяруць удзел у выбарах і рэфэрэндумах: пэнсіянэры, калгасьнікі, міліцыянэры, вайскоўцы і г.д.) жывуць у палоне больш танных і зручных дзяржаўных мас-мэдыяў. Дзясяткі тысяч дарослых у Беларусі да гэтага часу нават ня ўмеюць чытаць, а яшчэ некалькі мільёнаў умеюць, ды ня хочуць — за выключэньнем тэлепраграмы на тыдзень. Для Лукашэнкі сапраўдная катастрофа — тое, што многія калгасьнікі і пэнсіянэры ўжо не глядзяць ягоныя шоў, бо проста ня маюць грошай на рамонт тэлепрыймальніка: электарат дыктатара — гэта тэлектарат.

На Захадзе ўлады ведаюць пра грамадзянаў нашмат больш, чым у нас (праз усталяваныя ўва ўсіх публічных месцах відэакамэры і праз кампутарныя сеткі, дзе рэгіструюцца ледзь ня ўсе ўчынкі кожнага чалавека). Людзі жывуць ува ўмовах татальнага кантролю, як у рамане Оруэла “1984”, але гэта не замінае большасьці зь іх адчуваць сябе свабоднымі — бо яны самі ведаюць пра свае ўлады нават больш, чым хочуць (як, да прыкладу, у справе прэзыдэнта Клінтана і Монікі Левінскай). Многія самі выстаўляюць на пагляд усяму сьвету інтымныя падрабязнасьці свайго жыцьця. У Інтэрнэце (а гэта сёньня — патэнцыйная аўдыторыя ў 1 млрд. чалавек і 200 млн. аўтараў) можна знайсьці тысячы прыватных дзёньнікаў — аналягаў тых, што колісь хаваліся пад падушкамі. У сетцы ўжо мноства мініятурных тэлекамэраў, усталяваных літаральна паўсюль: пад ложкамі, у прыбіральнях, на дахах будынкаў і г.д. Наш сьвет робіцца ўсё больш празрыстым. Зьнікае мяжа паміж прыватным і грамадзкім жыцьцём. Няма такой падзеі, зь якой нельга было б зрабіць навіну.

Абанэнты Інтэрнэту маюць магчымасьць чытаць ня толькі чужыя дзёньнікі, але і зводкі “асноўных” навінаў ад усіх інфармацыйных агенцтваў сьвету (за грошы, калі маюць патрэбу ў найсьвяжэйшых навінах, ці бясплатна, калі згодныя атрымліваць крыху запозьненую інфармацыю). Канкурэнцыя паміж інфармацыйнымі агенцтвамі прымушае іх улічваць густы ўсіх патэнцыйных спажыўцоў або спонсараў, выпускаць тэматычныя дадаткі, падаваць адну і тую ж інфармацыю пад рознымі “соусамі” і ў розных фарматах. Няма такой навіны, якую нельга было б ператварыць у грошы.

Інтэрнаўты маюць доступ да матэрыялаў тысяч газэт і часопісаў, тэле- і радыёстанцыяў з усяго сьвету (таксама існуе багата радыёстанцыяў і часопісаў, якія выходзяць у сьвет без эфіру і паперы, выключна празь Інтэрнэт). Сеткавая вэрсія, напрыклад, “Белорусской деловой газеты” зьяўляецца раней за друкаваную і дасылаецца некаторым падпісчыкам па электроннай пошце. Беларускія выданьні ў Інтэрнэце пакуль што можна чытаць бясплатна, але ў пэрспэктыве спажыўцам давядзецца, як на Захадзе, купляць электронныя газэты за такі ж кошт, як папяровыя (прынамсі, трэба будзе плаціць за поўны зьмест артыкулаў).

Апрацаваныя штатнымі журналістамі матэрыялы — толькі кропля ў моры арыгінальных дакумэнтаў, даступных празь Інтэрнэт. Калі вам не дастаткова газэтных пераказаў тых ці іншых падзеяў — можна зьвярнуцца да першакрыніцаў гэтай інфармацыі. На Захадзе ўсе дзяржаўныя ўстановы, грамадзкія арганізацыі, партыі і прадпрыемствы маюць свае старонкі на Інтэрнэце, дзе друкуюцца выступы прэм'ер-міністра, дэбаты ў парлямэнце, фінансавыя справаздачы і г.д. Можна замовіць кампутару самому збіраць усе патрэбныя матэрыялы, рэдагаваць і макетаваць іх — рабіць для карыстальніка пэрсанальную газэту або тэлепраграму. Даволі шырокае распаўсюджаньне сёньня атрымаў г.зв. тэлетэкст, які дазваляе гледачу атрымліваць навіны на свой густ у раздрукаваным выглядзе праз тэлеэкран. Неўзабаве мусіць зьявіцца штосьці супрацьлеглае: газэта з функцыямі тэлебачаньня, велізарны гнуткі экран, які можна будзе скласьці і засунуць у кішэню. Безумоўна, у блізкай будучыні застануцца і звычайныя друкаваныя выданьні, але многія газэты і кнігі зьменяць звыклае для нас аблічча: на цьвёрдым ці гнуткім экране яны могуць быць прадстаўленыя ў выглядзе радыё- і тэлепраграмаў або глябальных архіваў з доступам да арыгіналаў згаданых дакумэнтаў і неадрэдагаваных чарнавікоў, зь лініямі сувязі да згаданых у выданьні асобаў і ўстановаў, з фанатэкай для музычнага аздабленьня працэсу чытаньня. Дзякуючы Інтэрнэту газэты, радыё, тэлебачаньне, кінематограф, архівы і музэі асымілююцца ў адно цэлае, у нейкі новы сродак інфармацыі, які будуць кантраляваць ня толькі тыя, хто яго стварае і распаўсюджвае, але і самі карыстальнікі. Па сутнасьці, у той ці іншай ступені журналістам будзе кожны чалавек.

Усё больш журналістаў працуе у мас-мэдыях у статусе free-lance (па-за штатам) або засноўвае прыватныя агенцтвы навінаў. “Чацьвертая ўлада” паступова пераходзіць у рукі маленькіх незалежных тэле- і радыёстанцыяў. Сучасныя кампутарныя тэхналёгіі дазваляюць рэпарцёру самому рабіць здымкі і мантаж сюжэтаў у сябе дома ці на месцы падзеі, якая яго зацікавіла. Можна нават рабіць мантаж яшчэ падчас запісу, напрыклад, інтэрвію і адразу дасылаць яго гледачам ужо ў адрэдагаваным выглядзе (рэдагаваньне цяпер можа папярэднічаць пісьму — праз выбар кампутарнай праграмы-трафарэту). Забракаваныя кавалкі сюжэту, які ідзе ў жывым эфіры, можна замяніць папярэдне падрыхтаванымі архіўнымі кадрамі, музыкай, анімацыяй.

Такім чынам, літаратар — не залежна ад таго, навіны ён зьбірае, успаміны вэтэранаў ці свае эратычныя фантазіі — мае стацца мультымэдыйным мастаком, які валодае ня толькі пяром, але і сродкамі апрацоўкі выявы і гуку. Пажадана таксама навучыцца рабіць свае артыкулы і апавяданьні ў некалькіх варыянтах (на выбар гледачу): у выглядзе забаўляльнага шоў, сур'ёзнай аналітыкі з табліцамі і спасылкамі, лірычнага вершу і г.д. Думаю, неабходнае для гэтага праграмнае забесьпячэньне неўзабаве зьявіцца.

Многiя мастакi i лiтаратары скардзяцца, што вельмi шмат губляецца на доўгiм шляху ад вока праз руку да пяра, шкадуюць, што нельга пiсаць наўпрост вачыма. Спадзяюся, новыя тэхналёгii дапамогуць вырашыць гэтую праблему, i на электронны носьбiт у кішэні будуць iмгненна запiсвацца для далейшай раздрукоўкi ня толькi тыя вобразы, якiя чалавек бачыць, чуе, прагаворвае — узятыя з вонкавай рэчаiснасьцi, але i тыя, што ён уяўляе сабе.

Можна паглыбiць iндывiдуальнасьць ня толькi пiсьма i друку, але i чытаньня. Кампутарызаваная кнiга перастае быць сродкам масавай галюцынацыi i ператвараецца ў прастору асабiстых фантазмаў. Я маю на ўвазе ня толькi экранныя хмызьнякi гiпэртэксту, але, напрыклад, вадкакрышталёвую кнiгу (свайго кшталту пэйджэр для зносiнаў з жывым або мёртвым аўтарам, што прадбачлiва запiсаў свае адказы i пытаньнi, а таксама зь iншымi чытачамi i крытыкамi). Плыткая паверхня вокладкi i старонак кнiгi дазволiць зьмяняць на свой густ шрыфты, iмёны герояў, фасон iхнай вопраткi на iлюстрацыях. Па сутнасьцi, кожны чытач будзе мець магчымасьць зрабiць уласнае перавыданьне ўпадабанага твору.

Разам з кнiгамi ў будучынi стануць прадаваць спэцыяльныя шлемы для чытаньня, якiя будуць сачыць за стомай вачэй i павялiчваць лiтары, а таксама за выразам твару i iнтэнсiўнасьцю думак, каб пераключаць разьвiцьцё сюжэту ў найцiкавейшы ў дадзены момант для гэтага чалавека бок. Ёсьць людзi, якiя любяць падчас чытаньня вадзiць па радках лiтараў пальцам — яны маглi б скарыстоўваць электронныя пальчаткi або напарсткi. Але найбольш зручна было б разьмясьцiць чуйнікі для счытваньня ўражаньняў чытача i карэкцыi зьместу кнiгi непасрэдна на яе палёх.

Iнтэрактыўная кнiга будзе ня толькi паказваць чытачу лiтары i iлюстрацыi, але i размаўляць зь iм чалавечым голасам (напрыклад, голасам аўтара). Можна будзе, спадзяюся, абмеркаваць зьмест кнiгi і зь яе героямi — маюць жа гледачы права пагаварыць з акторамi пасьля спэктаклю!

Яшчэ адзiн варыянт iнтэрактыўнасьцi — кнiга са звычайнай паперы з абстрактнымi малюнкамi i поўным наборам усiх лiтараў i знакаў пунктуацыi на кожнай старонцы, асэнсавана прачытаць якую i ўбачыць нешта канкрэтнае на iлюстрацыях можна было б толькi ў спэцыяльных акулярах. У адпаведнасьцi з тым або iншым настроем чытача i пэўнай праграмай яны самi будуць iмгненна адшукваць найбольш лягічныя i гарманiчныя спалучэньнi рысак i лiтараў, каб тут жа скласьцi зь iх фразы, вобразы, клясычныя або зусiм новыя тэксты. Магчыма, такi выгляд i павiнна мець Абсалютная кнiга, у якой захоўваюцца ўсе мастацкiя творы адразу, прыдатная для чытаньня зь любой нагоды i ўва ўсе бакi.


Віртуальная цывілізацыя
Былы “зборачны цэх” Савецкага Саюзу, наша краiна застаецца адным з найбольш iндустрыялiзаваных рэгiёнаў сьвету (паводле працэнту насельнiцтва, занятага ў прамысловасьцi). Большасьць працоўных у нас займаецца тым, што гераiчна (амаль на энтузiязьме) абслугоўвае састарэлыя станкi i машыны. У эканомiцы больш шчасьлiвых краiнаў ужо некалькi дзесяцiгодзьдзяў назiраецца працэс дэiндустрыялiзацыi: машыны навучылiся абслугоўваць самi сябе, а людзi (у каго ёсьць праца) занятыя ў сфэры паслугаў адно аднаму — адукацыi, гандлі, арганiзацыi сьвятаў i г.д. У Эўропе засталося ўжо ня шмат заводаў-гiгантаў: вытворчая база пераводзiцца ў краiны “трэцяга” i “другога” сьвету (былы сацыялiстычны лягер), дзе працоўная сiла ў некалькі разоў таньнейшая. Калі спадчына разьвітага сацыялізму ў Беларусі канчаткова спарахнее — гэтая хваля новай індустрыялізацыі накрые і нашу краіну коўдрай замежных інвэстыцыяў. А яшчэ празь нейкі час Беларусь і сама ператворыцца са “зборачнага цэху” Эўропы ў адно з “канструктарскіх бюро” для менш шчасьлівых краінаў Афрыкі ці былой Расеі. І калі хто з нас не дажыве да гэтага — спадзяюся, новыя высокія тэхналёгіі дапамогуць уваскрасіць яго, каб пабачыў на ўласныя вочы.

Многія людзі ў краінах “першага сьвету” (увогуле кажучы, сьветаў існуе столькі ж, колькі лічбаў у матэматыцы, але “першым” звычайна называюць той, які ў тую ці іншую эпоху задае тон усім астатнім) ходзяць на працу хутчэй па інэрцыі, чым зь пільнай патрэбы. Пэрсанальны кампутар дазваляе працаваць дома, перасылаючы праз мадэм на тэрмінал у офісе апрацаваныя тэксты, красьлюнкі, грошы і г.д. Некаторыя культуролягі з гэтай нагоды нават сьцьвярджаюць, што аўтамабілі неўзабаве пачнуць выміраць як дыназаўры: зьнікае патрэба кудысьці ехаць, усе свае жаданьні і прафэсійныя амбіцыі чалавек зможа задаволіць перад экранам хатняга кампутару. На маю ж думку, людзі будуць падарожнічаць яшчэ больш, чым сёньня, але амаль паўсюль будуць адчуваць сябе нiбы дома. Будучыня належыць нашчадкам Авеля — новым качэўнiкам-намадам, экiпаваным ня горш за Джэймса Бонда. Мастацтва новага стагодзьдзя мне ўяўляецца як сынтэз высокiх тэхналёгiяў зь першабытнымi формамi культуры. Бiзнэсам, выдавецкай справай цi iншай iнтэлектуальнай працай ужо можна займацца ў дарозе, у джунглях i дзе заўгодна. А далей, напэўна, чалавек зможа абсталяваць уласнае цела ўсiмi неабходнымi мiнiятурнымi прыладамi сувязi i апрацоўкi iнфармацыi. I тады офiс (працоўнае месца) звузiцца да памераў цела.

У тэлевiзiйных навiнах неўзабаве мусяць зьявiцца сюжэты-рэканструкцыi падзеяў, якiя было немагчыма своечасова зьняць: авiякатастрофы, выбухi ў амбасадах, вярбоўка лiдараў апазыцыi замежнымi спэцслужбамi i г.д. Патроху ажываюць i нябожчыкi: напрыклад, нядаўна ў рэклямным клiпе зьняўся як жывы кiнаактор Стыў Макуiн (выканаўца ролi аднаго з каўбояў у “Цудоўнай сямёрцы”, памёр у 1980 г.), “эксгумаваны” з дапамогай кампутарнай сымуляцыi. Такiм чынам, нiякi вiдэазапiс ня можа больш лiчыцца абсалютна надзейным дакумэнтам. Нават цалкам “рэалiстычныя” выявы можна ўжо разглядаць як адзiн з атракцыёнаў вiртуальнай рэальнасьцi.

Празь некалькi дзесяцiгодзьдзяў людзi, верагодна, ужо ня будуць пакутлiва вучыцца новым прафэсiям, мовам цi танцам — дастаткова будзе замянiць пад фрызурай адну мiкрасхему iншай. Пры патрэбе можна будзе перапiсаць чалавеку нанова памяць, палiтычную цi сэксуальную арыентацыю i ўсю асобу наогул.

Амэрыканская фiрма IBM напрыканцы 1998 г. стварыла кампутарную праграму “Home Page Reader”, якая дазваляе карыстацца Iнтэрнэтам сьляпым людзям: кампутар рознымi галасамi агучвае выведзеныя на экран тэксты i прапаноўвае гаспадару варыянты далейшых камандаў. У пэрспэктыве ж экран станецца непатрэбны нават вiдушчым. З дапамогай непасрэднай стымуляцыi электродамi зрокавых ды iншых нэрваў можна будзе бачыць i адчуваць амаль усё, што адчуваў раней (у запiсе) або адчувае цяпер (у жывой трансьляцыi) iншы чалавек, жывёла цi робат. Такiм чынам, нябожчыкi змогуць час ад часу ажываць у чужой сьвядомасьцi — запазычваць чужое цела цалкам або дзялiць яго ў нейкай прапорцыi з гаспадаром.

Новыя лёсы чакаюць i шмат якiя рэчы. Напрыклад, кожны зможа зь цiкавасьцю i карысьцю для сябе прачытаць любую кнiгу. Трэба будзе толькi спачатку запоўнiць анкету на вокладцы (родная цi пажаданая мова, узровень адукацыi, настрой i г.д.) — і ў залежнасьцi ад адказаў тэкст сам трансфармуецца да найбольш цiкавага i зразумелага стану для гэтага канкрэтнага чытача. Трохi падобная кнiга ўжо распрацоўваецца ў Масачусэцкiм тэхналягiчным iнстытуце. Яна будзе мець папяровыя старонкi з тонкай электраправодкай усярэдзiне, дзякуючы якой лiтары змогуць зьнiкаць i зьяўляцца ў iншым месцы. Кiраваць працэсам будзе кампутар, схаваны ў пераплёце. Нацiсканьнем кнопкi можна будзе выбраць той цi iншы варыянт тэксту — “Міколку-паравоза” або “Анну Карэнiну”. Зь цягам часу стваральнiкi электроннай кнiгi спадзяюцца зьмясьцiць у яе памяцi ўсе тамы найбуйнейшай у сьвеце бiблiятэкi Кангрэсу ЗША. У 1998 г. на кнiжным кiрмашы ў Франкфурце ўжо выстаўлялiся больш простыя кнiгi з вадкакрышталёвым экранам замест старонак — свайго кшталту “тара” для лiтаратурных твораў (прыкладна на 10 тамоў), якiя можна набыць i запампаваць празь Iнтэрнэт. Вядома, праблему адаптацыi тэксту можна вырашыць i зь iншага боку: перад чытаньнем трэба зьмянiць пол, тэмпэрамэнт, колькасьць вачэй да таго стану, на якi разлiчваў аўтар, калi ўяўляў сабе iдэальнага чытача. Раней цi пазьней iнжынэры i пiсьменьнiкi створаць шматфункцыянальную Абсалютную кнiгу, якая паглыне, сярод iншага, папярэднiя праекты такога кшталту: Бiблiю, энцыкляпэдыю, “Гiсторыю КПСС” i г.д. На ўсе выпадкi жыцьця дастаткова будзе адной кнiгi. Або аднаго чытача. Але побач зь iмi будуць, як заўжды, iснаваць i нячытаныя звычайныя кнiгi, i непiсьменныя людзi.

Колькасьць жывых моваў i дыялектаў на плянэце паступова скарачаецца пад цiскам некалькiх найбуйнейшых — найлепш распрацаваных i камэрцыйна найбольш канкурэнтаздольных. Можа нават падацца, што ў рэшце рэшт на Зямлi застанецца адна агульначалавечая мова (ангельская, эспэранта цi нейкая новая). Хутчэй за ўсё, гэтага ня будзе: працэсы агульнай унiфiкацыi i стандартызацыi характэрныя пераважна для iндустрыяльнай (канвоернай) эпохi, якую некаторыя народы ўжо пераадолелi або ўвогуле абмiнулi. Кампутары ды iншыя разумныя машыны (а ўрэшце — кампутарызацыя самаго чалавечага цела: органаў зроку, мысьленьня, маўленьня i г.д.) павiнны вызвалiць нас ад патрэбы быць iнтэлектуальнымi i фiзычнымi копiямi iншых людзей. Iмплянтаваны ў акуляры або непасрэдна ў цела мiкрапрацэсар будзе сынхронна перакладаць пачутыя цi прачытаныя думкi зь “вялiкай” мовы на тую цi iншую мясцовую. Аднойчы нацыянальныя мовы пакiнуць памiраць. Больш за тое, адродзяцца многiя з тых, што ўжо даўно выйшлi з ужытку. Разьвiцьцю нацыянальных моваў будуць пагражаць ня столькi iнтэрнацыянальныя мовы, колькi iндывiдуальныя: кожны зможа стварыць уласную мову з фрагмэнтаў некалькiх афiцыйных або зь невядомых нiкому iншаму словаў i граматычных канструкцыяў. Заняпад унармаваных пiсьмовых моваў можна назiраць ужо сёньня.

Досьвед штодзённых падарожжаў па Iнтэрнэце або па казачных ляндшафтах кампутарных гульняў робiць зноў актуальнымi для сучаснай культуры ўяўленьнi першабытных плямёнаў пра iснаваньне паралельных сусьветаў. Напрыклад, аўстралiйскiя абарыгены вераць, што побач з нашай рэчаiснасьцю працягвае iснаваць мiталягiчная мiнуўшчына — “час мрояў”, якi можна наведаць у снох або з дапамогай шаманскiх прыёмаў, каб атрымаць дадатковыя сiлы i веды. Варты ўвагi той факт, што найбольш кампутарызаваны народ сёньня — не амэрыканцы або японцы, а канадзкiя эскiмосы: ужо цяпер больш за палову зь iх карыстаецца Iнтэрнэтам, а неўзабаве электронны “лiфт” у звыклы па шаманскiх практыках вiртуальны сьвет будзе мець кожны. Можна меркаваць, кампутарызацыя найменш пагражае нацыянальным традыцыям тых народаў, што ня зьведалi нi прамысловай, нi нават агракультурнай рэвалюцыi. Эскiмосы скарыстоўваюць Iнтэрнэт ня толькi як унiвэрсальны сродак камунiкацыi i забаваў на сваiм ускрайку сьвету, дзе няма чыгунак i гарадоў, але i як сховiшча этнічнай культуры, даступнай цяпер усiм жыхаром плянэты.

Нашы першабытныя продкi былi перакананыя, што ўяўленьне нiколi не падманвае чалавека: усё, што мы бачым унутраным зрокам, ня менш рэальнае за навакольную рэчаiснасьць (i наадварот).Усё, што мы думаем, малюем, апавядаем — сапраўды адбываецца недзе ў паралельных часава-прасторавых кантынуумах, у некаторых зь якiх жывуць душы дзядоў, сфiнксы, цмокi, Ленiн ды iншыя героi мiтаў. Не памыляюцца нават тыя, хто сёньня ўпарта сьцьвярджае (у тым лiку празь Iнтэрнэт), што жыве Беларусь.

Сусьветныя камунiкацыi ўжо iснуюць, а вось сусьветную культуру ўявiць сабе пакуль цяжка. Напрыклад, ёсьць англамоўная лiтаратура, расейскамоўная i г.д., але сусьветнай лiтаратуры няма. Пераклады толькi часткова вырашаюць праблему паразуменьня памiж народамi або пакаленьнямi. Сусьветная культура зьявiцца тады, калi высокiя тэхналёгii дазволяць нам iмгненна i дакладна разумець усе iншамоўныя тэксты. Гэта значыць, калi кожны чалавек па аб'ёме памяцi i сьмеласьцi ўяўленьня будзе роўны ўсяму чалавецтву.


Making things think
Цэнтральным сродкам камунікацыі ў найбліжэйшай пэрспэктыве мае стацца мабільны тэлефон, які будзе служыць для перадачы ня толькі голасу, але таксама тэкстаў, фотаздымкаў, тэлевізійных навінаў і нават грашовых пераводаў. У тэлефон будуць інтэграваныя крэдытная картка і пашпарт (ідэнтыфікацыйная картка) абанэнта, што дазволіць яму набываць авіяквіткі, напоі ў суседнім бары ці акцыі на біржы простым націсканьнем некалькіх клявішаў. Перадача праз кішэнны тэлефон пісьмовых тэкстаў пакуль каштуе ў 10 разоў больш, чым перадача голасу, але гэтая тэхналёгія мае добрыя пэрспэктывы, бо сучасным людзям больш даспадобы супольнічаць “завушна”— хаваць жывыя вібрацыі голасу за нэўтральна-стандартнымі літарамі. Ужо існуючая мадэль Nokia 9110 можа выконваць асноўныя функцыі кампутару і факсу, дазваляе адпраўляць і атрымліваць электронную пошту і лічбавыя фотаздымкі. Гэты тэлефон, аднак, мае ня надта зручныя (бо маленькія) экран і клявіятуру. У мадэлі Nokia 7110 гэтая праблема часткова вырашаная: экран у некалькі разоў вялікшы, і на ім можна пісаць сьветлавым пяром. Дарэчы, фірма Ericsson мяркуе неўзабаве пачаць выпуск электронных пёраў, якімі можна пісаць на любой паверхні і нават у самім паветры. Яны будуць выглядаць як звычайныя асадкі, але схаваны ў іх мікрачып будзе аналізаваць рух пальцаў і дасылаць гэтыя дыяграмы ў кампутар, дзе яны трансфармуюцца ў стандартны шрыфт. Такім чынам, клявіятура будзе ўжо непатрэбная. Вызваліцца ад неабходнасьці набіраць тэксты (і тэлефонныя нумары) дапаможа нам і мікрачып расшыфроўкі голасу, ужо ўсталяваны, напрыклад, у мабільніку Phillips Genie (каб патэлефанаваць сябру, дастаткова назваць ягонае імя).

Германскі канцэрн Siemens распрацоўвае бяздротавы тэлефон зь мікравідэакамэрай і каляровым дысплэем, выява на якім будзе ня горшая за тэлевізійную. Абанэнты змогуць браць удзел у відэаканфэрэнцыях, паказваць суразмоўцам, што бачаць навокал, падарожнічаць па Інтэрнэце і тэлеканалах. Аўтары канцэпцыі мяркуюць, што відэафон станецца для чалавека галоўнай крыніцай візуальнай інфармацыі, больш істотнай за тэлебачаньне і нават ягоныя сны. Існуюць, аднак, і іншыя спосабы зроку. British Telecom стварыла маленькі экранчык, які можна прымацаваць да звычайных акуляраў і, напрыклад, праглядзець у цягніку патрэбныя старонкі Інтэрнэту ці відэафільмы. Samsung выпускае ручны гадзіньнік, які можа працаваць як тэлефон і ператвараць цыфэрблят у экран. Распрацоўваюцца кантактныя лінзы з сыстэмай мікралюстэркаў і лязэраў, якія будуць трансьляваць на дно вока электронную пошту, тэлевізійныя навіны і г.д. Пераключаць каналы або старонкі Інтэрнэту дапаможа пульт дыстанцыйнага кіраваньня — той жа тэлефон (празь яго, дарэчы, можна будзе кіраваць і ўсімі хатнімі электрапрыладамі).

У 1997 г. у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце стварылі кампутар, зь якім можна размаўляць па тэлефоне (напрыклад, спытаць прагноз надвор'я для любой кропкі сьвету). Бэльгійская фірма Lernout & Hauspie распрацавала тэхналёгію, якая дазваляе кіроўцу аўтамабіля чытаць мапу, не здымаючы рукі з руля: трэба толькі сказаць бартавому кампутару, дзе вы знаходзіцеся і куды хочаце патрапіць, а ён растлумачыць найбольш зручны маршрут. Падобнае праграмнае забесьпячэньне ствараецца таксама для хатняй і офіснай тэхнікі, якая мае шмат складаных, няўцямных для карыстальніка функцыяў.

Новыя праграмы машыннага перакладу дазволяць нам чытаць, пісаць і гаварыць на замежных мовах, не вывучаючы іх. Тая ж фірма L&H рыхтуе праграму шматмоўнага перакладу ў рэальным часе для інтэрнэтаўскіх чатаў (абанэнт гаворыць па-ангельску, а ў іншым канцы сьвету кампутар імгненна перакладае ягоныя словы на японскую і раздрукоўвае або агучвае іх). Прэзыдэнт фірмы Гастон Бастыенс упэўнены, што ўжо празь пяць гадоў можна будзе, напрыклад, гаварыць па тэлефоне на францускай мове, а ваш суразмоўца ў Пэкіне будзе чуць у слухаўцы кітайскую.

Асноўнай мовай міжнародных камунікацыяў (паводле савецкай тэрміналёгіі — міжнацыянальных зносінаў) пакуль застаецца “вялікая і магутная” ангельская мова. Яна ж зьяўляецца асноўнай мовай, на якой мы размаўляем з рэчамі: кампутарам, відэамагнітафонам і г.д. (мімаходзь адзначу, што для зносінаў з сабакамі людзі абралі францускую мову). Усялякая манаполія раней ці пазьней усьведамляецца як тормаз чалавечай гісторыі. Аднамоўныя сродкі камунікацыі ня могуць стацца сапраўды сусьветнымі, бо далёка ня ўсе людзі і жывёлы маюць жаданьне і магчымасьць вывучыць ангельскую. Інтэрнэт стаўся асноўнай пляцформай для камунікацыі ў краінах Захаду, але Сетка ня станецца сапраўды глябальнай без засваеньня ўсіх моваў чалавецтва. Ужо ў 2002 г. колькасьць абанэнтаў Інтэрнэту, для якіх ангельская не зьяўляецца роднай, перасягне колькасьць англамоўных, і гэта паскорыць паляпшэньне якасьці перакладчыцкіх праграмаў. У пэрспэктыве яны будуць усталяваныя ня толькі ў кампутарах і тэлефонах, але і ў мэню тэле- і радыёпрыймальнікаў, каб можна было, напрыклад, усе спадарожнікавыя тэлеканалы глядзець на беларускай, а выступы правадыра па БТ — на суагілі.

Расшыфроўваць і перакладаць голас тэлепрыймальнікам і тэлефонам дапамогуць праграмы чытаньня па вуснах ды іншых органах цела. У Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце кампутары вучацца пазнаваць чалавечыя эмоцыі і прыстасоўваць да іх сваю працу. Мікравідэакамэры сочаць за мімікай і жэстыкуляцыяй, мікрафоны прыслухоўваюцца да інтанацыі, а мініятурныя біясэнсары на целе карыстальніка назіраюць за зьменамі псыхафізіялягічных парамэтраў — такіх як пульс, рытм дыханьня, электраправоднасьць скуры. Сучасныя кампутары бясконца распытваюць карыстальніка, што ім рабіць далей (просяць націснуць тую ці іншую клявішу). Эмацыйныя машыны ня будуць задаваць ніякіх пытаньняў. Схаваныя ў завушніцы, пярсьцёнку ці ў кампутарнай мышы сэнсары заўважаць, напрыклад, скачок электраправоднасьці скуры, калі вас узрушыць нейкая старонка Інтэрнэту, і кампутар сам падшукае для вас іншыя падобныя старонкі. Такія ж чуйнікі могуць кіраваць праз кампутар схаванай у гузіку ці на капелюшы відэакамэрай, якая будзе аўтаматычна здымаць усё, што вас зацікавіла, і зьмяшчаць здымкі на вашую старонку ў Інтэрнэце або дасылаць іх па электроннай пошце вашым сябрам ці Вялікаму Брату (ня варта забываць, што продак эмацыйнага кампутару — дэтэктар маны).

Найбольш амбіцыйны за ўсю гісторыю MTJ праект мае назву Oxigen (“Кісларод”). Ягоная мэта — растварыць кампутары ўва ўсім, што атачае чалавека (у сьценах, аўтамабілях, вопратцы, нават у паветры) і ў самім нашым целе. Паводле аднаго з аўтараў праекту, Крыса О'Мэлі, выглядаць Oxigen будзе прыкладна гэтак. Вы сядзіце ў бэрлінскай кавярні, смакуеце напоі, і раптам у вас нараджаецца пэўная ідэя. Вы вымаеце з кішэні тэлефон (які можа ператварацца ў кампутар, тэлевізар, радыёперадатчык, відэакамэру і г.д.) і кажаце яму: “Знайдзі мне Мэры ў Мілуокі”. Памочнік-хамэлеон скануе навакольле, знаходзіць найбліжэйшую камунікацыйную сетку і спрабуе скантактавацца з вашай каляжанкай праз тэлефон і электронную пошту. Але кампутар у сьцяне офісу Мэры адказвае, што яе няма на працы, і нават дзьверы зачыненыя — мабыць, яна дома ці ў дарозе. Памочнік тэлефануе ёй у машыну, потым яе хатняму кампутару. Той ведае, што яна дома і праектуе вашую выяву натуральнага памеру на сьцяну або ў паветра. “Мэры, мне тэрмінова патрэбныя матэрыялы, якія мы праглядалі ў нашую апошнюю сустрэчу!” — кажаце вы. “Мой кампутар раіць табе не хвалявацца гэтак, — адказвае Мэры.— Усе тыя нататкі ўжо загрузіліся ў твой камунікатар”.

Даваць загады схаванаму ў вопратцы або ў сьцяне кампутару можна ня толькі голасам, але і празь віртуальныя клявіятуру і манітор, намаляваныя праектарам на якой-небудзь паверхні: відэакамэра будзе сачыць за рухамі пальцаў і пераказваць іх працэсару, нібыта вы націскаеце сапраўдныя клявішы. Калі апрануць на рукі кібэрпальчаткі зь імітатарамі дотыку — можна працаваць з аб'ектамі на экране ці на ягонай праекцыі, як з рэальнымі рэчамі. Скульптары ўжо маюць магчымасьць ляпіць свае мадэлі зь віртуальнай гліны, хірургі могуць рабіць апэрацыі на вялікай адлегласьці ад пацыента, а навукоўцы — маніпуляваць асобнымі малекуламі пад мікраскопам.

Фірма Phillips распрацавала некалькі гатункаў лічбавай тканіны, здольнай атрымліваць і перадаваць электронную інфармацыю. Кавалачкі такой тканіны, нашытыя на бікіні ці на спартовы гарнітур, могуць выконваць усе функцыі сучасных мабільных кампутараў і тэлефонаў. Напрыклад, адна з мадэляў уяўляе сабой джынсавую куртку, у каўняры якой схаваныя стэрэанавушнікі. Калі каўнер апусьціць — музыку пачуюць усе навокал, калі ўзьняць — слухаць яе будзеце толькі вы самі. Нашытая на куртку тканіна-антэна дазваляе размаўляць па тэлефоне або загружаць інфармацыю ў Інтэрнэт. На рукаво можна прышыць панэль кампутарных гульняў. У спалучэньні з прыладай спадарожнікавай лякацыі і мікравідэакамэрай лічбавая тканіна дапаможа бацьком сачыць за малымі дзецьмі, а органам бясьпекі — за вялікімі. Вопратка такога кшталту патрабуе ня больш энэргіі, чым звычайны мабільны тэлефон: для падзарадкі дастаткова павесіць яе перад сном на адмысловую электразачэпку.

Іншы гатунак тканіны здольны зьмяняць сваю шчыльнасьць і цеплаёмкасьць у залежнасьці ад навакольнай тэмпэратуры: удзень яна нагадвае бавоўну, а увечары — цёплую воўну.

У 1998 г. ангелец Кевін Уорвік, выкладчык кібэрнэтыкі Рыдынгскага ўнівэрсытэту, прыжывіў сабе ў руку мікрачып памерам у паштовую марку, які дазваляе яму кіраваць сваёй хатняй і офіснай тэхнікай, не кранаючы клявішаў. Напрыклад, калі ён вяртаецца дахаты, мікрачып аўтаматычна адчыняе дзверы, запальвае сьвятло і выклікае ягоны асабісты вэб-сайт на кампутар, які ветліва кажа: “Хэло, прафэсар Уорвік!” Цяпер Уорвік плянуе імплянтаваць такі самы чып у цела сваёй жонкі, Ірэны: калі можна кантактаваць па радыёхвалях з машынай, чаму нельга зь іншым чалавекам? У выніку мае зьявіцца “тэлепатыя празь Інтэрнэт”: жонка будзе адчуваць на адлегласьці, прынамсі, рэзкія перапады ў псыхаэмацыйным стане сужэнца. Калі дамовіццца пра пэўны код і навучыцца лепш кіраваць сваімі эмоцыямі — можна будзе абменьвацца ня толькі пачуцьцямі, але і абстрактнай інфармацыяй.

Навукоўцы ў многіх краінах спрабуюць падлучыць Інтэрнэт непасрэдна да чалавечага мозгу, што зробіць магчымым тэлекінэз — кіраваньне кампутарам ды іншай тэхнікай простым высілкам думкі. Дасьледчыкі з Мэдычнай школы Ханэмана ў Філядэльфіі навучылі пацукоў адкрываць вадаправодны кран, дасылаючы адпаведную каманду робату празь імплянтаваныя ў іхні мозг электроды. Ува ўнівэрсытэце Эмары, што ў Атлянце, падобныя электроды прыжывілі паралізаваным людзям, што дазваляе ім празь “мыш у галаве” кіраваць курсорам на экране кампутару, проста ўяўляючы сабе, што гэта рухаюцца розныя часткі іхнага бездапаможнага цела. Цяпер яны могуць самі пісаць (выбіраючы літары на экране), дасылаць і атрымліваць электронную пошту, адчыняць дзьверы і ўключаць тэлевізар. Нямецкія навукоўцы з унівэрсытэту Тубінгену дасягнулі такога ж посьпеху, не прыжыўляючы электроды, а проста прымацоўваючы іх да патрэбных участкаў мозгу.

Падобную тэхналёгію ў Брытаніі распрацоўваюць для вайсковых пілётаў, каб тыя маглі кіраваць сваімі машынамі ўва ўмовах бою з хуткасьцю думкі. У пэрспэктыве, напэўна, пілётам і ня трэба будзе ўзьнімацца ў паветра: кіраваць зьнішчальнікам можна і з падземнага сымулятару. Яшчэ лепш перанесьці паветраныя бітвы і ўвогуле ўсе войны ў віртуальную рэальнасьць — ператварыць іх у кампутарную анлайнавую гульню зь мільёнамі ўдзельнікаў, вынікі якой прызнаваліся б міжнародным правам.

Ува ўсялякім выпадку, галоўнай “зброяй помсты” ў наступнай сусьветнай вайне будуць не ракеты, а “бомбы па электроннай пошце” — кампутарныя вірусы.

Сёньня толькі пятая частка чалавецтва мае вольны доступ да тэлекамунікацыяў, а кожны трэці чалавек ня мае нават электрычнасьці ў хаце. Больш за палову насельніцтва ў бедных краінах застаецца непісьменьнай, і нашмат вялікшы працэнт ня ўмее чытаць па-ангельску, на асноўнай мове Інтэрнэту. Каб зарабіць на пэрсанальны кампутар апошняй мадэлі, сярэдняму амэрыканцу трэба працаваць месяц, а грамадзяніну Бангладэш — восем гадоў. У Беларусі разьвіцьцё Інтэрнэту таксама ня мае вялікіх пэрспэктываў у найбліжэйшай будучыні з прычыны беднасьці насельніцтва і нізкай канкурэнтнай здольнасьці нашай прадукцыі: галоўны рухавік экспансіі Сеткі — зусім не падтрымка дэмакратычнага руху ў адсталых краінах і не распаўсюд парнаграфіі, а гандаль (квіткамі, праграмным забесьпячэньнем, кнігамі, кампактамі і г.д.), пошук патрэбных тавараў і новых рынкаў збыту. Інтэрнэт кепска спалучаецца з нашай ценявой эканомікай, якая аддае перавагу наяўным, а не электронным грошам (электронныя хаваюцца за мяжой). Тыя ж праблемы мае большасьць краін сьвету. Ува ўсёй Афрыцы меней людзей, якія штосьці купляюць празь Інтэрнэт, чым у адным Лёндане. І тым ня менш Сетка паступова пашыраецца і ў бедных краінах. Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў заклікае ўсталяваць у кожнай вёсцы хай сабе адзін кампутар з выхадам у Інтэрнэт, і шмат дзе гэта ўжо робіцца. Абнадзейвае і тое, што простыя мадэлі кішэнных кампутараў будуць таньнейшыя за настольныя сыстэмы, і гэта дазволіць значна павялічыць колькасьць абанэнтаў Сеткі ў “трэцім сьвеце”.

А ў краінах Захаду праз пару дзесяцігодзьдзяў цяжка будзе адшукаць рэч, яшчэ не падлучаную да Сусьветнага Павуціньня. Лядоўня будзе сама сачыць за тым, якіх прадуктаў у ёй не стае, і замаўляць іх у краме, ложак будзе прыслухоўвацца да пульсу гаспадара, а ўнітаз — рабіць штодзённы аналіз мачы і калу апошняга. Любую рэч і нават уласнае цела можна будзе ператварыць у радыёпрыймальнік, тэлевізар, газэту. У падарожжах па Інтэрнэце будуць браць удзел усе органы пачуцьцяў: аб'екты на экране можна будзе ўспрымаць на пах, дотык і смак (у Паўднёвай Карэі ўжо выпускаюць пахавыя прыстаўкі да тэлевізараў). Наведнікаў вэб-сайтаў будуць сустракаць усьмешлівыя двайнікі гаспадароў або іх віртуальныя слугі. Яны паціснуць вам руку і адкажуць на ўсе пытаньні на любой зручнай вам мове.

Некаторыя фірмы ўжо стварылі сваіх сеткавых агентаў, вельмі падобных да жывых людзей. Напрыклад, каліфарнійскую кампанію Extempo ў Інтэрнэце прадстаўляе 30-гадовая брунэтка Джэніфэр Джэймс. Яна любіць чырвоныя сукенкі і музыку кантры, а на працы займаецца продажам аўтамабіляў. Джэніфэр размаўляе з наведнікамі сайту, дапамагае ім зрабіць выбар, прычым яе рэакцыі не заўсёды прадказальныя, бо не запісаныя наперад. Такога прадстаўніка ў Сетцы калісьці будзе мець кожны чалавек. Віртуальныя агенты будуць рабіць замест нас ледзь ня ўсю працу: удзельнічаць у біржавых таргах, шукаць навіны, кіраваць нашым аўтамабілем, весьці хатнюю гаспадарку, разьбірацца з падаткавай інспэкцыяй. На іх нават будуць выпрабоўваць лекі, перш чым даваць іх хворым вытворцам. Агенты будуць нястомна сачыць ня толькі за курсам акцыяў і за ўраганамі (уркаганамі), але і за справамі канкурэнтаў і нашых сяброў. Тое, што нам сёньня здаецца сапраўдным жыцьцём, у значнай ступені перакачуе ў віртуальную рэальнасьць, а вось чым тут, на зямлі, будзем займацца мы — не зусім зразумела. Магчыма, нашае жыцьцё станецца сапраўдным менавіта тады, калі новыя разумныя рэчы адправяць чалавецтва на пэнсію. Хай цяпер яны паўтараюць за Дэкартам: Cogito ergo sum.

Сучасная цывілізацыя разьвіваецца такім чынам, каб вызваліць чалавека ўжо ня толькі ад фізычнай, але і ад інтэлектуальнай працы. У цудоўнай кампутарызаванай будучыні за нас будуць думаць машыны, але асабіста мне і не шкада было б разьвітацца з абсалютнай большасьцю нашых цяперашніх думак. Хай машыны думаюць замест нас пра чарговага Лукашэнку, пра грошы, пра законы лёгікі, хай самі даглядаюць за іншымі машынамі. Кожнага разу, калі чалавек разважае лягічна, ён сам ператвараецца ў машыну.

“Вы спыталі, як мне ўдаецца зазіраць за межы прасторы. Пэўна, што не з дапамогай лёгікі. Ад лёгікі трэба вызваліцца перш за ўсё. Вы памятаеце яблык зь Бібліі, які Адам зьеў у раю? А ведаеце, што было ў тым яблыку? Лёгіка. Лёгіка і ўсялякае Спазнаньне. Больш там нічога не было. І вось што я вам скажу: галоўнае — гэта каб чалавека званітавала тым яблыкам, калі, зразумела, хочаш убачыць рэчы, як яны ёсьць. Тады вам больш ня будуць мроіцца ў кожнай рэчы яе межы”. (Дж.Сэлінджэр, “Тэдзі”.)


Рэліктавы шум першага слова
Чалавечы мозг мае 10 млрд. нэйронаў, кожны зь якiх можна лёгка змадэляваць на кампутары. На думку амэрыканскага фiзыка Аляксандра Балонкiна, калi мы празь некалькi дзесяцiгодзьдзяў зможам змадэляваць працу адразу ўсiх нэйронаў, чалавек як асоба зробiцца неўмiручым. Ён будзе iснаваць у новым, электронным целе кампутарнага чыпу. Электронны чалавек будзе мець шмат перавагаў перад звычайнымi людзьмi — зможа падарожнiчаць у космасе, па дне акiяну, у Арктыцы i г.д., а найперш — у кампутарных сетках. Ён будзе мець неабмежаваныя магчымасьцi ў навучаньнi i мысьленьнi. На маю думку, жыцьцё ў вiртуальнай рэальнасьцi будзе ня лепшым i ня горшым за фiзычнае. Прынамсi, манiпуляваць чалавечай сьвядомасьцю можна з аднолькавым посьпехам i там, i тут. Галоўная перавага (або загана) кiбэрпрасторы — тое, што там усё адбываецца хутчэй i можа бясконца паўтарацца.

Паступова зьявяцца новыя формы жыцьця: эфірная, электрамагнітная, сьветлавая і г.д. Па правадах і радыёхвалях будуць трансьлявацца ня толькі навіны, але і самі людзі. Зноў актуальнай будзе ўспрымацца перасьцярога вэтэрана партызанскага руху ў камунікацыях Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж жывога эфіру, каб ня ўмёрлі!”

З тэлевiзiйнай рэклямы мы ведаем чалавекападобны “разумны” пральны парашок ОМО intelligent, iнгрэдыенты якога распазнаюць тып забруджваньня тканiны. Iснуюць шматфункцыянальныя лекi. Можна ўявiць сабе ўнiвэрсальны прадукт харчаваньня. А мэтай навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi зьяўляецца стварэньне ўнiвэрсальнага чалавека, якi будзе безь вялiкiх цяжкасьцяў мяняць прафэсiю, грамадзянства, мову, пол, узрост, а нават i прыналежнасьць да пэўнага бiялягiчнага вiду. Чалавек пакiне гвалтоўна прыстасоўваць да сваiх патрэбаў прыроду i грамадзтва, бо навучыцца сам iдэальна прыстасоўвацца да iх. Магчыма, гэта i будзе для яго канцом гiсторыi i пачаткам вечнасьцi (у якой ён, дарэчы, i жыў у дагiстарычны час).

“На пачатку было Слова?..”

Вядомы маскоўскі авангардыст Алег Кулiк паспытаў сябе ў ролi новага Iсуса Хрыста — ахвярнага Збаўцы, пасланага нябёсамi ўжо ня людзям, а нашым братам — жывёлам. Падчас пэрфомансу “Сабака Паўлава” голы мастак быў сымбалiчна ўкрыжаваны на машыне — лябараторным абсталяваньнi акадэмiка Паўлава, на якiм калiсьцi былi закатаваныя сотнi сабакаў. Кулiк распрацоўвае тэорыю г.зв. заафрэнii, спрабуе стварыць свайго кшталту Найноўшы Запавет, сутнасьць якога — абуджэньне ў людзях першабытнай жывёльнай вiтальнасьцi (на мой погляд, лепш абудзіць чалавечнасьць у саміх жывёлах). Чалавек вылучыўся з жывёльнага царства ня так ужо i даўна, i некаторыя прыкметы кажуць, што не назаўжды. У iншым пэрфомансе Кулiк пераўвасобiўся ў ланцуговага сабаку i перакусаў наведнiкаў стакгольмскай выставы “Iнтэрпол”. У кожным з нас, сапраўды, сьпiць жывёла, але, спадзяюся, i ў кожнай жывёле сьпiць чалавек цi нейкая iншая разумная iстота.

Здольнасьць да камунiкацыi не зьяўляецца выключным прывiлеем чалавечага роду. Радыё i тэлекамунiкацыi ня маюць манаполii на транспартаваньне сэнсаў, маўленьне i пiсьмо — тым болей. У шырокiм дыяпазоне сродкаў сэнсаперадачы чалавечая мова займае вузкую i адносна новую паласу частотаў.

Асноўны i вельмi эфэктыўны канал перадачы абстрактнай iнфармацыi пажыцьцёвага карыстаньня памiж жывёламi (часткова i памiж людзьмi) — генэтычны. Усе мы атрымлiваем у спадчыну iнстынкты — досьвед жыцьця папярэднiх пакаленьняў.

Пакуль што навука ня ведае ўсiх генаў, паводле якiх будуецца чалавечы арганiзм i лад жыцьця, аднак у 1998 г. ужо быў расшыфраваны геном першай шматклеткавай iстоты — пляскатага чарвяка Сi Элеганс. Цiкава, што ён запiсаны камбiнацыямi чатырох лiтараў адпаведна да назваў нуклеатыдаў, зь якiх складаюцца гены ўсiх зямных арганiзмаў, займае аб'ём у 25 разоў вялiкшы за раман “Вайна i мiр”. Генэтыкi iмкнуцца прачытаць нашае цела як кнiгу, але апублiкаваць яе змогуць хiба што ў электроннай вэрсii дзеля яе неабсяжнага аб'ёму. Геном чалавечага арганiзму мусiць складацца з 3 мiльярдаў лiтараў у абрэвiятурах — зь iх атрымалася б кнiга на сотнi тамоў.

“Няма нiчога па-за тэкстам” (Дэрыда). Акудовiч у “Архiпэлягу Беларусь” параўноўвае беларускую нацыю зь бiблiятэкай (наборам тэкстаў). А хiмiкi нават увесь рэчавы сьвет разглядаюць як тэкст, якi можна перапiсаць нейкай сотняй лiтараў (паводле элемэнтаў таблiцы Мендзялеева). Найвялiкшая таямнiца быцьця — хто, каму i пра што пiша нашымi генамi, хiмiчнымi элемэнтамi, альфабэтам элемэнтарных часьцiнак квантавай фiзыкi.

“Выбух камунiкацыi” пачаўся не з вынаходзтва пiсьменнасьцi або ўтаймаваньня электрычнасьцi, а на 15 млрд. гадоў раней — зь Вялiкага Выбуху, у якiм нарадзiўся сусьвет.

Усе нашыя словы і жэсты, пахавая камунікацыя мурашоў, хімічныя рэакцыі, грукат рэчаў — гэта рэха таго першага Слова, зь якога, паводле Эвангельля ад Яна, усё і пачалося. Пры канцы сьвету ўсе мовы і падзеі зноў зьліюцца ў адно выніковае слова, але ня тое самае, што стварыла нас. Кожны наступны сусьвет гучыць па-свойму, але, здараецца, і паўтарае адзін з папярэдніх, як словы ў тэксьце. Суцяшае тое, што ня толькі мы жывём у рэху нечага кароткага слова, але і з кожнага нашага слова пачынаецца цэлы сусьвет.


Лiтаратура

1. Барысевiч Ю. Цела i тэкст. Мн., 1998.

2. Debraу R. Vie et mort de l'image. Р., 1992.

3. Общее языкознание. Сущность и история языка. Мн., 1993.

4. Хлебников В. Творения. М., 1986.

5. Фихтелиус Э. Десять заповедей журналистики. Стокгольм, 1999.

6. The Communications Revolution. Time (vol. 154, № 15). 1999.


Оглавление

  • Уводзіны
  •   Досьледы камунікацыі і мэдыяў як навуковая дысцыпліна
  •   Віды камунікацыі
  •   Сродкі камунікацыі
  •   Масавае грамадзтва і масавая камунікацыя
  •   Функцыі мас-мэдыяў і масавай камунікацыі ў сучасным грамадзтве
  • Сродкі масавай камунікацыі
  •   Кніга
  •   Газэта
  •   Радыё
  •   Кінематограф
  •   Тэлебачаньне і відэа
  •   Інтэрнэт
  • Зьмест мэдыяў
  •   Зьмест мэдыяў як пасланьне
  •   Aдлюстраваньне, сьведчаньне, рэпрэзэнтацыя і канструяваньне значэньняў і сэнсаў
  •   Мэханізмы трансьляцыі зьместу мэдыяў
  •   Зьмест мэдыяў: трансфармацыя сэнсаў
  •   Візуальныя мэдыі: кіна- і тэлетэкст
  •   Тэлебачаньне як “машына сэнсаў”
  • Аўдыторыя мэдыяў
  •   Грамадзтва як “вялікая аўдыторыя” мэдыяў
  •   Грамадзтва як “вялікая аўдыторыя” мэдыяў
  • Уплыў мэдыяў
  •   Друкаваны тэкст
  •   Мас-мэдыі
  •   Мас-мэдыі і фармаваньне сучаснай інфармацыйнай прасторы
  • Сусьветная камунікацыя і камунікацыя ў культуры
  •   Глябальныя інфармацыйныя патокі і інфармацыйныя прадукты
  •   Камунікацыя ў культуры і культурніцкая дынаміка
  •   Камунікацыя