КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 706312 томов
Объем библиотеки - 1349 Гб.
Всего авторов - 272774
Пользователей - 124657

Последние комментарии

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

DXBCKT про Миронов: Много шума из никогда (Альтернативная история)

Имел тут глупость (впрочем как и прежде) купить том — не уточнив сперва его хронологию... В итоге же (кто бы сомневался) это оказалась естественно ВТОРАЯ часть данного цикла (а первой «в наличии нет и даже не планировалось»). Первую часть я честно пытался купить, но после долгих и безуспешных поисков недостающего - все же «плюнул» и решил прочесть ее «не на бумаге». В конце концов, так ли уж важен носитель, ведь главное - что бы «содержание

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Москаленко: Малой. Книга 2 (Космическая фантастика)

Часть вторая (как и первая) так же была прослушана в формате аудио-версии буквально «влет»... Продолжение сюжета на сей раз открывает нам новую «локацию» (поселок). Здесь наш ГГ после «недолгих раздумий» и останется «куковать» в качестве младшего помошника подносчика запчастей))

Нет конечно, и здесь есть место «поиску хабара» на свалке и заумным диалогам (ворчливых стариков), и битвой с «контролерской мышью» (и всей крысиной шоблой

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
iv4f3dorov про Соловьёв: Барин 2 (Альтернативная история)

Какая то бредятина. Писал "искусственный интеллект" - жертва перестройки, болонского процесса, ЕГЭ.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
iv4f3dorov про Соловьёв: Барин (Попаданцы)

Какая то бредятина. Писал "искусственный интеллект" - жертва перестройки, болонского процесса, ЕГЭ.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
a3flex про Невзоров: Искусство оскорблять (Публицистика)

Да, тварь редкостная.

Рейтинг: 0 ( 1 за, 1 против).

Сцэнарый не для кіно [Іна Зуб] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]





1

Трынаццатага лютага Галіна выходзіла замуж, вырашыўшы такім чынам выпрабаваць свой лёс. Надвор’е ў той дзень мянялася тры разы: зранку сыпаў снег, удзень выбліснула сонца, увечары рэзка пацяплела і пачалася адліга. Маці такая змена надвор’я чамусьці не спадабалася. Маці наогул была супраць гэтага шлюбу, і калі Галіна, вярнуўшыся з загса, са смехам расказала, як, падымаючыся па прыступках на высокіх шпільках, паслізнулася і ўпала на рукі незнаёмаму мужчыну, маці збялела, схапілася за сэрца і пайшла прымаць валідол.

Роўна праз тры гады Галіна сядзела ў рэдакцыі ў сваім кабінеце і ду­мала, што паслізнулася яна не выпадкова. Ігар здымаў новы фільм ва Уладзівастоку і ўжо шосты месяц не падаваў пра сябе звестак. Напярэдадні яго ад’езду яны пасварыліся. I хоць зараз зачэпка для сваркі здавалася не вельмі сур’ёзнай, аднак тады, помніцца, яна цвёрда вырашыла, што развядзецца з ім. Урэшце, хто яна? Жонка ці камендант інтэрната, у які ён ператварыў іх аднапакаёвую кватэру?

Не паспелі пажаніцца, як да іх пераехаў аператар Паша Смірніцкі, якога жонка выгнала з дому. «Усяго на некалькі дзён», — запэўніў Паша, а пражыў як не тры месяцы. Потым аб’явіўся маскоўскі акцёр Глеб Шаталаў, у якога быў цудоўны нумар у гасцініцы. Але Глеб жыў у іх, а яна ў ягоным нумары пісала свае матэрыялы. Потым быў сябар з Таліна, потым з Тбілісі, у якога выявілася столькі сяброў, што на трэці дзень яго гасцявання галасіла ўжо не толькі яна, а і суседзі. А колькі іх было яшчэ?

Галіна ўспомніла, як у апошні раз вярнулася дамоў з камандзіроўкі позна ноччу. Асцярожна, каб не пабудзіць мужа, адамкнула дзверы і адразу ж зачапілася за раскладушку, якая стаяла ў калідоры. Двое мужчын спалі на тахце, чацвёра ўпокат на падлозе, на дыване. На кухні, пад сталом, красавалася батарэя пустых бутэлек з-пад гарэлкі. А аранжавая поўня, што прыветліва зазірала ў акно, асвятляла ракавіну з брудным посудам.

Спачатку ёй захацелася закрычаць, падпаліць усю кватэру, але, перасіліўшы сябе, яна ціха выйшла на вуліцу, у ясную вераснёўскую ноч, спыніла таксі і паехала да сяброўкі Алены Русаковіч. Крыўдна было да слёз. Лётала два дні, як ашалелая, каб вярнуцца на суткі раней і сабраць мужа ў дарогу. I вось... Вярнулася...

На наступны дзень ёй па чарзе званілі на працу ўсе яго сябры, тлумачылі, што ўсёй групай адзначалі першы здымачны дзень, што ўваліліся да Ігара без запрашэння, але яна не хацела нікога слухаць. I тое, што званіў не ён, злавала больш за ўсё. Уяўляла карціну. На канапе і ў крэслах усе члены здымачнай трупы. На стале — бутэлькі з півам, у цэнтры — каструля з мутнаватаю вадою, у якой плаваюць развараныя пельмені. У кожнага ў руцэ келіх. Пахмяляюцца. Ігар па-панску разваліўся ў фатэлі, з цыгарэтай у зубах. 3 сонным выглядам кіруе перагаворамі. Упэўнены, што даруе. Пазлуе, пазлуе і даруе. Але ж калі позна ноччу ён, нарэшце, патэлефанаваў сам, Галіна была ў такім стане, што гаварыць з ім увогуле не магла. Толькі сказала, што падасць на развод.

— Рэжысёры — гэта не мужы, — пераконвала яе сяброўка. — Калі ў трыццаць пяць гадоў мазгоў няма, то і не будзе. Думаеш, чаму ад яго збегла першая жонка? Ён табе кажа — здрадзіла, а я кажу — не вытрымала. I няма чаго з ім насіцца! Бачыце, талент знайшоўся! За што толькі прэмію яму далі?! Разводзься і хутчэй! Дваццаць сем гадоў — гэта не жартачкі. Пакуль не позна, пачынай усё спачатку.

Легка сказаць: «пачынай спачатку». Як быццам можна закрэсліць усё мінулае. Вырваць, як пустазелле, тое, на што патрачаны сілы, нервы, здароўе?! Ці не яна ганарылася, што чалавек, паранены няўдалым шлюбам, душэўна надломлены жыццёвымі нягодамі, дзякуючы ёй распраміўся? Ці не яна падтрымлівала яго ў цяжкія мінуты, калі ён сядзеў без працы і фактычна жыў за яе кошт? I вось цяпер, калі быт уладкаваны, а сямейны бюджэт не трашчыць па швах, усё кінуць, прызнаць, што твае намаганні былі марныя?!

— Віншую! Свята кіно скончылася? — запытала маці, калі Галіна вяр­нулася з рэчамі дамоў. Зяця свайго маці цярпець не магла. — 3 гэтымі творчымі людзьмі добра толькі ў кампаніях, —звычайна казала яна.

Але на гэты раз маці не стала ганіць зяця. Усё ж развод ёсць развод, працэдура не самая прыемная. Уважліва паглядзела на дачку і цвёрда ска­зала:

— Раскісаць не трэба. Ты ў мяне дзяўчына прыгожая. Знайдзі нармальнага мужчыну, інжынера, і выходзь замуж.

Дарадчыкі, з прыкрасцю падумала Галіна. Што для іх чужое каханне? Ілюзія. Яна запаліла святло, бо ў кабінеце было холадна і змрочна. Другі дзень гуляла завея. Абледзянелыя шыбкі жаласна пазвоньвалі пры кожным удары ветру. Не было сілы, каб узяцца за работу. Ды і якая можа быць ра­бота, калі не ведаеш, як жыць далей? Галіна ўзяла свежы нумар газеты, але прачытаць нічога не паспела. У кабінет заглянула сакратарка Ніначка.

— Цябе «мадам» выклікае, — сказала яна.

Калі галоўны рэдактар выклікала супрацоўнікаў праз сакратарку, гэта азначала толькі адно — чакай непрыемнасцей.

— Навошта? Не ведаеш? — спыталася Галіна.



— He, але, здаецца, не дзеля таго, каб прапанаваць дармавую пуцёўку на Паўднёвы бераг Крыма, — паціснула плячыма Ніначка.

Галоўны рэдактар працавала ў іх газеце два гады, але за гэты час на­строіла супраць сябе ўвесь калектыў. Атрымаўшы ў сорак пяць гадоў рэдактарскае крэсла, «мадам» больш усяго на свеце баялася яго згубіць. «Вы ведаеце, як цяжка размаўляць з Пятром Пятровічам», — звычайна казала яна, калі не прымала той ці іншы крытычны артыкул. На планёрках яна заяўляла: «У нас не Азія, не Узбекістан, на нашу рэспубліку раўняецца ўся краіна, дык і пакажыце, як трэба жыць і працаваць».

Калі Галіна зайшла ў кабінет, «мадам» засяроджана чытала нейкі ліст. Выгляд у яе быў хмурны. Губы сціснуты, вадзяністыя вочы з-пад вялікіх акуляраў нядобра паблісквалі. На стале з недапітай шклянкі чаю падымалася лёгкая пара.

— Сядайце, Муравіна,— прамовіла рэдактар і працягнула некалькі машынапісных лістоў. Галіна пазнала свой матэрыял, — Што гэта такое? — металічным голасам спыталася яна.

— Мой водгук на артыкул, — спакойна адказала Галіна.

— Вы ведаеце, хто напісаў той артыкул? — спытала рэдактар.

— Так.

— Вы супраць беларускай мовы?

— Я супраць таго, каб у адну кучу валілі замежную і беларускую мову. Самы надзейны шлях — спачатку давесці ідэю да абсурду, а потым загубіць яе. Як можна сур’ёзна сцвярджаць, што дзеці, якія вывучаюць замеж­ную мову з першага класа, з’яўляюцца праваднікамі буржуазнай маралі ў нашым грамадстве?! Я таксама вучылася ў спецшколе...

— А я не пытаюся, дзе вы вучыліся! — закрычала рэдактар. — I пра ва­шу думку ніхто не пытаецца! Не вам павучаць кандыдата навук, дачку вядомага пісьменніка!

— Ах, вось у чым справа, — паблажліва паківала галавою Галіна.— Ну што ж, калі вы лічыце, што мой артыкул перакрые дарогу ў Саюз пісьменнікаў вашаму мужу...

— Вон! — закрычала рэдактар і так стукнула кулаком па стале, што ледзь не перакуліла шклянку з чаем.

Ну вось і ўсё. Трохмесячнае перамір’е скончылася. «Мадам» гэтай выхадкі ёй не даруе. Можна падвесці вынік: у перспектыве — развод і звальненне. Поўны жыццёвы крах. Прыйдзецца пайсці ў які-небудзь кааператыў пячы піражкі. Хоць галава ні пра што не будзе балець. Галіна зноў разгарнула газету. Інтэрв’ю з урачом-алерголагам.

«Праяўленні алергіі носяць самы незвычайны характар, — прачытала яна. — Аднойчы да нас звярнулася дзяўчына, у якой пры сустрэчы з жаніхом адразу ж пачынаўся галаўны боль. Вяселле магло і не атрымацца. Аднак абследаванне паказала, што ў дзяўчыны алергія на французскі адэкалон, якім карыстаўся яе жаніх».

Добра жывём! Галіна адкінула газету. Алергія на французскі адэкалон! Анекдот з доктарскай практыкі. Можа, ёй таксама звярнуцца да дактароў? Можа, і ў яе алергія? Можа, ва ўсіх алергія? Можа, усе канфлікты тлумачацца простай алергіяй? Дарэчы, Ігар таксама цярпець не мог ні французскія духі, ні французскі адэкалон. «Самы лепшы пах — гэта пах чыстага цела», — казаў ён.

Галіна ўспомніла, як упершыню, збіраючыся да яго на спатканне, надушылася «Мажы нуар», і як ён адразу ж прымусіў яе памыць шыю. А яна адчувала сябе так, быццам яе прымусілі адмыцца ад паху кароўніка. Але алергіі ў яго не было. Проста ён адразу ж падпарадкоўваў чалавека, прымушаючы пераймаць свой густ, звычкі, погляды. Ці ты ідзеш разам з ім, ці...

— Чаму ты такі ўзурпатар? — аднойчы спыталася яна.

Яны сядзелі на кухні, вячэралі, і Ігар з абурэннем распавядаў, як нейкі рэдактар прапанаваў яму замяніць аднаго з акцёраў. Маўляў, той не пацягне. I як ён трыма словамі адбіў у яго ахвоту лезці ў чужыя справы.

— А можа, гэта ты памыляешся? — уступілася Галіна за рэдактара.— Можа, ён табе раіў ад шчырага сэрца? Урэшце, кіно — калектыўная творчасць, і твая думка не ісціна ў апошняй інстанцыі.

— Па-першае, — Ігар спахмурнеў, — работа можа быць калектыўнай, а творчасць — ніколі. А ў нас чамусьці лічаць, што калі ў рабоце прымаюць удзел хоць бы тры чалавекі, дык гэта ўжо калектыў, дзе ўсе аднолькавыя творцы. I таму кожны чыноўнік, трапіўшы працаваць на кінастудыю, механічна прылічвае сябе да творцаў і сваімі ідыёцкімі парадамі пачынае перашкаджаць рабоце. Але за вынік пытаюцца з аднаго — з рэжысёра. I таму, калі я адзін нясу адказнасць, дык і тварыць я таксама хачу адзін. Хай будуць памылкі, але гэта мае памылкі, і за іх я таксама адказваю адзін. I, па-другое, я нікога не узурпірую. Я стаўлю задачы, якія ўсе павінны выконваць. Я дазваляю спрэчкі і абмеркаванні на падрыхтоўчым этапе, але ў час здымак — прабач. Ніякай балбатні. Усё павінна падпарадкоўвацца адной ідэі.

«Якой ідэі?» — падумала Галіна. Калі яго першыя фільмы і сапраўды прываблівалі сваімі ідэямі, дык апошні атрымаўся нейкай бязглуздай меладрамай. Яна яшчэ калі прачытала сцэнарый, здзівілася, навошта ён за яго бярэцца. Але яму, відаць, карцела правесці лета на Чорным моры. А зараз ва Уладзівасток пакаціў здымаць нейкія марскія пагоні.

Галіна пачала праглядаць газету далей, перагарнула старонку і пахаладзела. 3 фотаздымка на яе глядзеў Ігар.

«Ігар Сяргеевіч, вось ужо тыдзень, як вы вярнуліся з Уладзівастока», — прачытала яна і застыла.

Тыдзень, як вярнуўся і дагэтуль не пазваніў! Ну што ж, маўчанне красамоўней за ўсякія словы. Далей так працягвацца не можа! Галіна рашуча зняла трубку і набрала яго нумар.


2

...Яны пазнаёміліся на кінафестывалі. У той дзень у Доме кіно паказвалі яго фільм. Конкурсны фільм быў спрэчны, пра яго шмат гаварылі яшчэ да выхаду на экран, і рэдактар, заўзяты паклоннік кіно, хацеў даць з прагляду падрабязную справаздачу. Яе меўся зрабіць загадчык аддзела навукі і культуры Стась Сянкевіч. Сярэдняга росту, бойкі, рухавы, ён здаваўся маладзей за свае трыццаць два гады, і гэта яго вельмі прыгнятала.

Галіна працавала ў яго аддзеле пасля інстытута другі год і была адзіным чалавекам у рэдакцыі, перад якім ён мог пахваляцца сваёй перавагай у га­дах. Стась быў журналіст «ад бога», але, як гэта нярэдка здараецца са здольнымі людзьмі, нічога не ўмеў растлумачыць і адказных спраў Галіне не даручаў, усё рабіў сам. I таму, калі напярэдадні прагляду яе паклікаў рэдактар і сказаў, што справаздачу будзе рабіць яна, бо Стась вывіхнуў нагу, Галіна ледзь стрымалася, каб не запляскаць у далоні, але радавацца чужому няшчасцю было недарэчна. Праўда, радавацца ёй давялося нядоўга, бо праз гадзіну пазваніў Стась і паведаміў, што гэта ён пераканаў рэдактара паслаць на фестываль яе.

— Ох, і нялёгка ж мне гэта далося,— казаў Стась, яўна набіваючы са­бе цану, — Я тлумачу, што змест фільмаў ты пераказваць ужо навучылася, — ён і слухаць не хоча. Я кажу, што шпаргалку-апытальнік сам табе зраблю, —не згаджаецца. I ведаеш, чым я яго ўзяў? Я спытаўся: «Вось у вас, Алесь Пятровіч, чырвоны дыплом ёсць? Правільна, няма. I ў мяне, і ў намесніка няма. А ў нашай Галачкі ў скураной вокладцы над шклом...»

Але дагаварыць ён не паспеў, бо Галіна кінула трубку. Праз колькі хвілін Стась пазваніў зноў і ўжо дзелавым тонам сказаў:

— Значыцца, так, слухай уважліва. Пачнеш з антуражу. Увядзеш чытача ў атмасферу. Потым сачы за рэакцыяй залы — хто колькі ўздыхае, смяецца, плача. Някепска было б ведаць думку і простага гледача. У прафесіяналаў можаш ні пра што не пытацца — праўду не скажуць, кожны перажывае за сваю кінастудыю. Да рэжысёра трымайся бліжэй, напачатку лепш інкогніта. I толькі калі ўсе пачнуць разыходзіцца, хапай яго за руку, цягні ў які-небудзь закуток і закідвай пытаннямі. Усё ясна?

— Усё, — буркнула Галіна.

— Вечарам чакаю званка. А заўтра ў дзевяць, не, а палове дзевятай прыедзеш да мяне і пакажаш, — закончыў Стась.

Прагляд пачынаўся зранку, аднак, калі Галіна пад’ехала да Дома кіно, людзей каля яго тоўпілася больш, чым перад рэстаранам у святочныя дні. Адно што не ціснуліся ў дзверы, паводзілі сябе спакойна, з зайздрасцю пазіралі на шчасліўчыкаў з запрашальнымі білетамі.

Галіна ўвайшла ў залу і знайшла вольнае месца непадалёк ад праходу ў пятым радзе. Справа ад яе сядзеў немалады грузны мужчына і цяжка дыхаў, абмахваючыся праграмкай.

Мужчына паглядзеў на гадзіннік.

— Нешта спазняюцца,— прабурчаў ён.

Галіна мяльком зірнула на яго. Цікава, хто ён? Можа, варта задаць яму некалькі пытанняў? Але мужчына сам апярэдзіў яе:

— Кажуць, цяжкі фільм атрымаўся.

— А вы ведаеце, пра што?

— Чытаў калісьці сцэнарый. Задумана някепска было.

— Вы часам не на кінастудыі працуеце?

Мужчына кіўнуў галавою.

— Так, рэдактарам. А вы, я мяркую, студэнтка?

— Я па заданню. 3 газеты, — прызналася Галіна.

— О-о-о! — працягнуў мужчына, — Прыемна пазнаёміцца з такім маладым, сімпатычным прадстаўніком прэсы.

«I ён пра маладосць, і ён усур’ёз не прымае», — засмуцілася Галіна.

— Ведаеце, — мужчына прыгнуўся бліжэй да яе,— я ж таксама да гэтага сцэнарыя дачыненне меў. Так сказаць, першы «дабро» даў, калі ўсе ад яго адмахваліся. Сцэнарыст малады, раней толькі зборнік апавяданняў надрукаваў. На студыі яго ніхто не ведае, займацца ім не хочуць. Прывыклі, ведаеце, да гучных імёнаў. А я, ведаеце, за моладзь, за новыя таленты. — Мужчына выцер насоўкай лоб. — Прачытаў і думаю: «У гэтым нешта ёсць!» Хаця выпадак, ведаеце, не тыповы. Гіпертрафіраваная любоў маці да свайго сына, якая прыводзіць яго да цяжкай нервовай хваробы. Давялося даказваць прапісныя ісціны, дыялектыку, так сказаць, агульнага і адзінкавага. Чаму, кажу, мы паказваем толькі тое, што і так ва ўсіх на вачах і даўно аскому набіла? I вы ведаеце, пераканаў-такі. Так што я — хросны бацька гэтага сцэнарыя.

Ён, пэўна, мог гаварыць яшчэ вельмі доўга, але ў гэты час святло ў за­ле патухла і на экране з’явіліся першыя тытры.

Дзеянне разгортвалася нетаропка, спакойна. Камера ўвесь час фіксавала дэталі, дакладна паказвала быт, атмасферу. Дзевяцігадовы хлопчык трапляе ў бальніцу з-за цяжкай нервовай хваробы. Урач-псіхіятр, каб зразумець, што прывяло яго да гэтага стану, пачынае неафіцыйнае даследаванне яго жыцця. Няма яркіх колераў, няма нічога павучальнага. Проста цячэ жыццё ў сям’і, дзе маці — кандыдат педагагічных навук. Гадоў пяць таму яна разышлася з мужам і з таго часу не дазваляе яму сустракацца з сынам. Ёй яшчэ няма сарака, у яе халодны твар, аргументаваная мова.

— Якую якасць вы лічыце галоўнай у педагога? — пытаецца ўрач.

— Вядома, добразычлівасць.

I наступны кадр. Хлопчык адзін у кватэры. Сядзіць на падлозе, нешта канструюе. Адчыняюцца дзверы, уваходзіць маці. Гэта ўжо не тая жанчына, якая, усміхаючыся, гутарыла з урачом. Твар ганарысты, халодны, выгляд вартавога. Hi слова не кажучы, яна спыняецца ля канапы, на якой ляжыць школьная вопратка. Камера паказвае на ўвесь экран разгублена-засмучаныя вочы хлопчыка.

Яны за сталом. Снедаюць. Худзенькая рука цягнецца да талеркі з каўбасой. Хлоп па руцэ! Хлопчык спалохана ўздрыгвае. Маці моўчкі дае яму відэлец.

Дробязі, дробязі, але ці не з іх складаецца жыццё?

Сонечны летні дзень. Хлопчык ідзе па вуліцы. На ім — чорныя штаны, дзявочая трыкатажная майка, чорныя чаравікі з чырвонымі шнуркамі. Цок-цок, адстуквае ён імі па асфальту, нібы вязень.

Апошняя размова з маці. Збянтэжана і нерашуча ўваходзіць яна ў ка­бінет урача.

— Хвароба вашага дзіцяці, — кажа псіхіятр, — гэта яго ўнутраны пратэст супраць таго ладу жыцця, у якім вы жывяце. Вы пазбавілі яго свабоды рухацца, думаць, развівацца. Вы не давалі выйсця яго энергіі, пачуццям. Вы і толькі вы прывялі яго да нервовага зрыву. Ён яшчэ маленькі, у яго ўсё наперадзе. Шмат пра што ён забудзецца, але якім ён вырасце, залежыць толькі ад вас.

I заключны эпізод. Маці з сынам ідуць па сцежцы праз бальнічны парк. Аператар здымаў іх са спіны. Дзве фігуркі, якія паволі аддаляюцца, расплываюцца на сонечным фоне і зліваюцца ў адну цёмную кропку.

— Ну як? — павярнуўся да Галіны мужчына.

— Цудоўна! — толькі і здолела вымавіць яна.

— А хлопчык, які слаўны хлопчык! Як тонка і натуральна трымаецца! — захапляўся мужчына.

Раптам Галіне прыйшла ў галаву думка, што гэты мужчына і мог бы пазнаёміць яе з рэжысёрам.

— Скажыце, калі ласка, а вы рэжысёра добра ведаеце?

— Дзіва што, гэта ж мой сябар. У мяне на студыі ўсе сябры. Дарэчы, магу вас запэўніць: вельмі таленавіты хлопец.

«Хлопец, — падумала Галіна. — Нішто сабе, у трыццаць два гады ўсё яшчэ хлопец».

— А вы не маглі б мяне з ім пазнаёміць? —асмелілася яна.

— Што за пытанне! — Ён закруціў галавою.— Зараз усё і арганізуем. Вас як зваць?

— Галіна.

— А мяне Алесь Яўменавіч.

Яны ўсталі і падаліся да выхаду.

Рэжысёра яны ўбачылі ў бары. Ён сядзеў за столікам з двума мужчымамі, і па іх узбуджаных тварах Галіна зразумела, што яны пра нешта спрачаліся. Шырока ўсміхаючыся, Алесь Яўменавіч рушыў да століка.

— Віншую, Ігар, віншую! — Алесь Яўменавіч паціснуў рэжысёру ру­ку.— Вось пабачыш, прыз забяспечаны. Павер майму слову. А ты ведаеш, мае словы і мая інтуіцыя... — Тут ён асекся, успомніўшы пра Галіну, што стаяла ў яго за спіной. — Але сёння маю для цябе нешта іншае, чым прыз. Паглядзі, якая дзяўчына! — Ён павярнуўся да Галіны, якая пачырванела ад абурэння і была гатова праваліцца скрозь зямлю. — Журналістка! Так што глядзі, — ён дурасліва паківаў пальцам, — не крыўдзі маю пратэжэ, спавядайся як на духу. — I ён галантна раскланяўся.

Мужчыны таксама ўсталі, вызваляючы месца.

Галіна села ў крэсла, пачала гартаць блакнот. Яна ўсё яшчэ не магла апамятацца пасля дзівацкай рэкамендацыі і таму марудзіла, стараючыся сабрацца з думкамі. Ігар з сумам у вачах назіраў за ёю. У яго быў адкрыты твар, важкі, валявы падбародак, сумныя вочы.

— Павінен вас засмуціць, — раптам сказаў ён, — але ў мяне вельмі ма­ла часу. Праз дваццаць хвілін трэба ехаць у Стайкі на закрыты прагляд французскага фільма. Потым — паездка па калгасах. Як бачыце, удзельнікам фестывалю сумаваць не даводзіцца.

— Але хоць на некалькі пытанняў вы адкажаце? — узмалілася Галіна.

— Добра, адкажу. — Ён усміхнуўся, і твар яго адразу расслабіўся, стаў больш лагодным.

Усмешка ў Ігара была вельмі прыемная, і ад усяго яго аблічча ішла та­кая ўпэўненасць, што Галіна раптам супакоілася, але спытаць нічога не паспела. Нечакана да іх падляцеў высокі хлопец з чорнай бародкай, у цёмных акулярах.

— Машына чакае! Давай хутчэй!

Да такога павароту Галіна не была гатова і ад разгубленасці ледзь не расплакалася. Ігар паглядзеў на яе і нахмурыўся.

— А заўтра?

— Заўтра матэрыял павінен быць на машынцы.

Ён на момант задумаўся.

— А ведаеце што? Паехалі з намі. А пагаворым па дарозе.

У машыне яе пасадзілі чацвёртай на задняе сядзенне, і пагаварыць ім ізноў не давялося. I толькі калі прыехалі ў Стайкі, Ігар за кароткі час, што заставаўся да прагляду, крыху расказаў пра сваю карціну.

Сказаў, што ў аснове сцэнарыя — сапраўдная гісторыя, хоць у жыцці, вядома, многае было інакш. Ён жа хацеў паказаць тып жанчыны-тырана, тырана ў сям’і. Але ўжо ў час здымак яны вырашылі пакінуць маці нейкую надзею. I тады фільм набыў іншую афарбоўку. Гераіня паказана ва ўсіх сваіх супярэчнасцях і павінна выклікаць складаныя пачуцці ў гледача. Ва ўсякім выпадку яны да гэтага імкнуліся. Па сутнасці, няшчасная жанчына, вельмі адзінокая. Яна, здавалася б, прызвычаілася да сваёй адзіноты і нават перастала яе заўважаць. Але ў душы яна ўвесь час пакутуе. Пакутуе больш, чым яе дзіця.

— Памятаеце, недзе ў сярэдзіне фільма ў псіхіятра ўзнікае пытанне: ці цалавала яна калі-небудзь свайго сына? Але ён не адважваецца спытаць, і пытанне застаецца адкрытым. Мы імкнуліся паказаць не проста прыватны выпадак, калі чалавек абмяжоўвае сябе рамкамі фармальнай маралі. Мы хацелі закрануць праблему выхавання. Выхавання дабра, душы чалавека. Памятаеце, ён пабіўся з хлопчыкамі і яму адарвалі ад кашулі ўсе гузікі. I ён поўзае па асфальце, шукае гэтыя гузікі, а потым ідзе да суседкі і просіць іх прышыць. Заўважце, не да маці, якая павінна пашкадаваць яго, а да суседкі. Сказаць вам шчыра? — ён моцна сціснуў яе руку. — Цяжка бы­ло здымаць гэты фільм. Самому цяжка.

Галіна з жалем выключыла дыктафон, бо пачаўся прагляд.

Калі фільм скончыўся, яны выйшлі на вуліцу.

— Зараз будзе аўтобус, — сказаў Ігар.— Паедзеш у горад.— Пасля фільма ён неяк непрыкметна перайшоў на «ты».

— А інтэрв’ю? Пра сябе? — спытала Галіна.

Ён паціснуў плячыма, насупіў лоб, нешта абдумваючы. Потым дастаў з кішэні ключы.

— Трымай. Гэта ад маёй кватэры. — Ён назваў адрас. — Запомніла? Прыйдзеш гадзін у дзевяць. Калі мяне яшчэ не будзе, пачакаеш. Але ду­маю, мы ўжо вернемся.

У дзевяць Ігара яшчэ не было. Галіна адамкнула ягоным ключом дзверы і прайшла ў пакой. Часам рэчы гавораць пра чалавека больш, чым ён сам. А ў гэтай кватэры яе ўразіла неўладкаванасць. Невялікі паліраваны гарнітур меў бы прыстойны выгляд, калі б з яго хоць раз у тыдзень сціралі пыл. Дзверы на балкон былі адчынены, і вецер ганяў па дыване таполевы пух. Каля газетнага століка рассыпаны попел, каля тахты на падлозе — маянэзны слоік з недакуркамі. На сценах — выцвілыя, абшарпаныя шпале­ры. Галіна прайшла на кухню. I там не лепей.

Здавалася, у такой кватэры мог жыць хіба што чалавек, якому ў жыцці ўсё абрыдла. Ігар жа не рабіў такога ўражання. Тады што гэта? Звычайная неахайнасць? Ці ён да сваёй кватэры ставіцца як да берлагу, куды часам заходзіць пераначаваць? Няўжо ў яго няма жанчыны? Але чаму? Ён жа прывабны мужчына, адзін з тых, хто захапляе сваёй унутранай сілай. Галіне раптам захацелася ўзяць венік, змесці пыл, прыбраць усю кватэру, каб ён, вярнуўшыся дадому, мог расслабіцца, адпачыць.

I тут Галіна зразумела ўсю недарэчнасць свайго становішча. Што гэта з ёю? Аб чым яна марыць? Галіна з сілай страсянула галавой, нiбы намагаючыся пазбыцца нейкага вельмі прыемнага, але недарэчнага сну. Марная спроба: адчуванне чагосьці новага, захапляючага асталявалася у ёй міжволі. Чорныя стрэлкі на жоўтым цыферблаце насценнага гадзінніка зліліся ў адну на лічбе дзесяць. Прайшла амаль гадзіна, а Ігара ўсё няма. Галіна паглядзела ў акно. Неба было светлае-светлае, амаль празрыстае, надыходу вечара зусім не адчувалася. У канцы вясны, у пачатку лета дн! заўсёды здаюцца доўгімі-доўгімі, а жыццё бясконцым, падумала яна. Падман прыроды, самападман людзей... Колькі яшчэ яго чакаць? Якая недарэчная сітуацыя!

Пэўна, Стась меў рацыю, калі казаў, што ёй нельга даручаць адказныя заданні.

Яна падышла да тэлефона і набрала нумар Стася.

— Ты не магла пазваніць раней? — адразу накінуўся той на яе, а калі даведаўся, што справаздача яшчэ не гатовая, ад абурэння нават не знайшоўся адразу, што сказаць. — Садзіся і пішы! — загадаў ён. — Што? Што хочаш. Дзе? Там, дзе сядзіш. Ну і работнічкі! Нічога даверыць нельга, — і ён кінуў трубку.

— I напішу, — сказала сама сабе Галіна. Але рэжысёра яна ўсё ж дачакаецца, тым больш што ён аддаў ёй ключы. I, зручна ўладкаваўшыся на тахце, яна пачала пісаць.

Прачнулася яна сярод ночы, знянацку, нібы нехта вырваў яе са сну. Плюскала вачамі, стараючыся зразумець, дзе яна, і ў цемры заўважыла нечы сілуэт, які нячутна рухаўся па пакоі.

«Які жах! — маланкай пранеслася ў галаве. — Заснуць у чужой кватэры, у незнаёмага мужчыны!» Яна рэзка села.

Ігар павярнуўся.

— Я вас разбудзіў? — Ён ізноў перайшоў на «вы».

— Якая зараз гадзіна? — ціха спытала Галіна, паціраючы рукой вочы.

— Нешта пасля трэцяй.

— Як?! — усклікнула яна і нахмурылася. — Прабачце, што так атрымалася. Я хацела пайсці, але не ведала, ці ёсць у вас запасныя ключы. I вось,— развяла рукамі, — заснула...

— Не турбуйцеся, гэта я павінен прасіць у вас прабачэння. Але ў мяне і ў думках не было, што мы так позна вернемся.

Абое замоўклі, адчуваючы няёмкасць.

— Я, відаць, пайду, — сказала Галіна і паднялася.

— Навошта, куды? Заставайцеся! — Ён разгублена і насуплена глядзеў на яе. Высокі, шыракаплечы, худы.

— Не. — Яна крутнула галавой.

— Заставайцеся, прашу вас, у мяне ёсць раскладушка, — настойліва вымавіў ён.

— Не,— паўтарыла Галіна і нахілілася, каб сабраць раскіданыя па ўсёй падлозе паперы.

— Застанься! — Ён ступіў да яе і схапіў за плечы.

Галіна інстынктыўна падалася назад, але на ягоным твары праступіла такая ўладарная мальба, што яна раптам застыла, не маючы сілы паварушыцца.

Колькі хвілін яны так стаялі? Тры, пяць, вечнасць?

Ён правёў рукой па яе валасах. Далонь у яго была шырокая і моцная. Гэтым жэстам ён нібы супакойваў і падпарадкоўваў яе сабе.

— Якія ў цябе мяккія, пушыстыя валасы,— ціха сказаў ён. — Цёмныя валасы і шэрыя вочы, матавая скура.

— А як вы ў цемры распазнаяце колер вачэй?

Ён рэзка выпрастаўся.

— Нічога я не распазнаю, але твае вочы... я проста іх запомніў. — I ён зноў моцна прытуліў яе да сябе...

Ціха шалясцеў фіранкамі вецер, блішчэлі за вокнамі зоркі, у начным спакоі растала штодзённая мітусня, боль, пакуты, расчараванні. Сон ператварыўся ў паўсон, пераплёўся з рэчаіснасцю, але не стаў ад гэтага менш цудоўным.

— Піць хочацца,— ціха прамовіла Галіна.

— Можа, кавы?

Галіна згодна кіўнула. Не запальваючы святла, ён узяў яе за руку і павёў за сабой на кухню. Прыхіліўшыся да сцяны, Галіна сачыла, як ён спрытна рухаецца ў цемры, уключае газ, ставіць на пліту чайнік, дастае кубачкі, насыпае ў іх растваральную каву. Ёй было спакойна і ўтульна, нібы нарэшце адбылося тое, чаго яна даўно чакала.

Ігар выцягнуў шуфлядку стала.

— Ніводнай чайнай лыжкі! — Вінавата зірнуў на яе. — I куды яны ўсе падзеліся? Купіў дзесяць шклянак па дванаццаць капеек, праз месяц — ніводнай. А цяпер лыжкі...

— Самі б’яце ці сябры? — пацікавілася Галіна.

— Сябры, вядома,— хмура адказаў Ігар.

Галіна падышла да ракавіны, знайшла паміж нямытых талерак дзве чайныя лыжкі, апаласнула іх гарачай вадой і падала Ігару. Чайнік тым ча­сам ужо закіпеў, і Ігар заліў гарачай вадой каву. Галіна ўзяла кубачкі, паставіла іх на газетны столік, села ў фатэль. Ігар таксама сеў, выцягнуў ногі, запаліў цыгарэту.

— Што ж, інтэрв’ю напісана,— задумліва сказаў ён. — Пытанні пастаўлены, адказы атрыманы. Гэта зразумела, гэта ў кадры. А што па-за кад­рам?

— Вы хочаце сказаць, што зараз ваша чарга браць у мяне інтэрв’ю?

— Ты замужам? — замест адказу спытаў ён.

— Не.

— Дзіўна.

— Чаму?

— Проста дзіўна. Хацелася б паглядзець, каго ты выбераш сабе за мужа.

— Я ўсё ж такі пайду. — Галіна рашуча паднялася.

— Сядай, калі ласка, — сказаў ён.

Галіне раптам захацелася шпурнуць у яго чым-небудзь цяжкім.

— Мне здаецца, я тут не дзеля таго, каб абмяркоўваць праблемы майго замужжа.

— Вось ты і пакрыўдзілася. Але табе гэта толькі пасуе. Так ты яшчэ больш прыгожая.

Галіна рушыла да дзвярэй. Ён ускочыў з фатэля і схапіў яе за руку.

— Прашу цябе, заставайся! — У яго голасе чуўся такі адчай, што Галіна міжвольна спынілася. I зноў іх вочы сустрэліся, і яго позірк здзівіў яе сваёй бездапаможнасцю.

Што за дзіўны чалавек, крыху супакойваючыся, падумала яна. Чаго ён хоча? Ад каго ці ад чаго абараняецца?

— Я сапраўды не хацеў цябе пакрыўдзіць. — Ён усміхнуўся, і Галіна зноў адчула сябе нібы ў палоне. — Я, відаць, стаміўся. Не зважай. Сядай, калі ласка. Так, што я хацеў сказаць?.. — Ён наморшчыў лоб. — Чорт, вылецела. Дарэчы, — ён здзіўлена паглядзеў на яе,— ты першая жанчына, якая наведала гэты забыты богам прытулак.

— Я гэта зразумела.

— Праўда? А ты, відаць, кемлівая. — I раптам яго твар зноў зрабіўся адчужаным. — Паўгода таму назад у мяне была іншая кватэра. Светлая, чыстая, вялікая. А тут... тут я толькі начую.

— Гэта я таксама зразумела.

Ён зірнуў на яе з цікаўнасцю:

— Ты і сапраўды кемлівая?

— Гэта ад прафесіі.

— Добрая ў цябе прафесія. Хадзем на балкон.

Яна ўстала і пайшла за ім. Абапёршыся на парэнчы, ён задумёна ўзіраўся ўдалечыню.

— Запомні гэтую ноч. Яна кароткая. Хутка світанак. Наступіць цвярозасць, як пасля выпітага шампанскага. Любіш шампанскае?

— Люблю.

— Усе жанчыны аднолькавыя. — I зноў ён быццам аддаліўся, замкнуўся. — Раніцай ты будзеш іншая. Чужая, незразумелая. Будзеш належаць усім. I я пра цябе, магчыма, забудуся. А можа, і не. Буду сядзець у гэтай хаціне і чакаць, калі надыдзе ноч, буду чакаць цябе. I ты прыйдзеш... I бу­дзеш толькі мая... — Ён рэзка павярнуўся і абняў яе за плечы.—Але ўсё роўна мы ніколі не пажэнімся.

— Зноў усё спачатку? — Галіна гнеўна ўскінула на яго вочы і тут жа адчула востры жаль. Здалося, што яна размаўляе з хворым, цяжка траўміраваным чалавекам. Хацелася сказаць яму што-небудзь ласкавае, добрае, але патрэбных слоў не было. А можа, яно так і лепш? Бываюць сітуацыі, калі словы лішнія.

— Глядзіце, глядзіце! — усклікнула яна, — Світае.

Неба святлела на вачах. Шэрая імгла разлівалася ў паветры, запаўняючы сабой усю прастору. У прыродзе адбывалася найвялікшая, неверагодная таямніца. I такімі ж неверагоднымі здаліся ёй гэтая сустрэча, гэты ча­лавек, што зараз абдымаў яе, іх незвычайны настрой. Няўжо і праўда з надыходам ночы ўсё пераменіцца?

Яна палажыла галаву яму на плячо.

— Ну вось, світае, а мы ўсё тыя ж. Хіба час вінаваты ў тым, што залежыць толькі ад нас? Ці не мы самі распараджаемся сваім лёсам?

— Маўчы! — Ён правёў пальцамі па яе твары і пацалаваў яе. Яна не адхілілася. Ён цалаваў яе ласкава, асцярожна, як цалуюць дзіця, але ёй здавалася, што ён сам шукае ў яе падтрымкі. Яна пагладзіла яго па галаве, і ён яшчэ мацней прытуліў яе да сябе.

— Сёння я адкрыў нешта незвычайнае... Незвычайнае для сябе. Нібы у гэты дом уварваўся водар дзяцінства ці... Не, не ведаю, не буду гаварыць. Сёння я вельмі стаміўся і, можа, заўтра ні пра што не ўспомню... Але я хачу, каб ты ведала: такога ў мяне не было з ніводнай жанчынай.

Яна слухала, не перапыняючы. У глыбіні душы ведала, што зараз ён кажа праўду. I баялася варухнуцца, парушыць гэтую зачараванасць. Ёй хаце­лася запомніць кожнае імгненне, кожны яго рух, кожнае слова. Раптам ён адхіліўся. Яго цёмныя вочы сталі на дзіва халоднымі, і ён сапраўды здаўся ей зусім стомленым.

— Вам трэба паспаць, — сказала Галіна.

— Бадай што... — згадзіўся ён.

Яны вярнуліся ў пакой. Галіна завесіла шторы, пакінуўшы адчыненымі балконныя дзверы, узяла кубачкі і падалася на кухню, каб памыць іх. Калі яна вярнулася, Ігар ляжаў у вопратцы на тахце і спаў. Некалькі хвілін яна глядзела на яго. Зараз твар у яго быў ясны, спакойны. Уздыхнуўшы, Галіна лягла побач, заплюшчыла вочы...

Раніцай, калі яна прачнулася, Ігар яшчэ спаў. Густыя чорныя валасы збіліся ў яго на лбе.

«Колькі ў іх сівізны!» — здзівілася Галіна.

Яна асцярожна ўстала, сабрала паперы. Восем гадзін. За паўгадзіны яна паспее дабрацца да Стася. Дзіўна, але пасля амаль бяссоннай ночы яна адчувала сябе зусім бадзёрай. Зірнуўшы ў апошні раз на Ігара, Галіна рушыла да дзвярэй. I ў гэты момант ён расплюшчыў вочы.

— Гэй, журналістка! — гукнуў ён. — Я паслязаўтра еду. Можа, на тыдзень, можа, на два. Вярнуся — пазваню. Цябе дзе шукаць?

Яго самаўпэўнены тон абурыў яе, і яна ўжо збіралася сказаць у адказ што-небудзь колкае, крыўднае, але штосьці ў ягоным позірку зноў спыніла яе.

— На рабоце, — суха адказала яна і плечуком зачыніла за сабою дзверы.


3

Ігар прачнуўся ў дрэнным настроі, з адчуваннем, што праспаў не болей дзвюх гадзін. Цела ламала, галава расколвалася. Ці ён учора занадта выпіў, ці пачынаўся грып. Прыслухаўся. За вокнамі скавытаў вецер. Здаецца, на вуліцы зноў завея. Расплюшчыў вочы. Так, завея. Цёмна, быццам ужо вечар. А можа, і сапраўды вечар? Ён прыпадняўся, паглядзеў на гадзіннік. Не, толькі палова першай. Зноў апусціў галаву на падушку і заплюшчыў вочы. Калі ён учора лёг? А трэцяй гадзіне, чацвёртай? Поўны правал.

3 рэстарана выйшлі а палове дванаццатай, потым паехалі да Пашкі, по­тым... Што было потым, ён не памятаў. Здаецца, ён быў з нейкай дзяўчынай, ці яна засталася ў рэстаране? Так, яна хацела ехаць разам з ім, а ён сказаў ёй нешта грубае. Што, ён не мог прыгадаць. Дзіўна, што яго так раз­везла. Раней мог выпіць бутэльку гарэлкі і яшчэ працаваць. Гэта ўсё Пашкава «фірмовае». Ігар навобмацак пашукаў цыгарэты на тумбачцы. Пачак быў пусты. Ён са злосцю скамячыў яго і шпурнуў на падлогу. Пацягнуўся за попельніцай. Ніводнага прыстойнага недакурка. Ледзьве падняўся, пайшоў на кухню, выпіў шклянку вады, знайшоў дзве цыгарэты і зноў лёг.

Што ж учора ўсё ж такі было? Атрымалі камандзіровачныя, вырашылі адзначыць прыезд і дзень нараджэння Пашкі. Гэта ён добра памятае. I што ў рэстаране было, здаецца, таксама прыгадвае. Але потым? Куды знікла гэтая грудастая бландзінка? У яе былі ярка-чырвоныя вусны, а на шчоках нейкія бліскаўкі. Яны яго раздражнялі. Урэшце ён узяў сурвэтку і выцер ёй памаду, а разам з тым і бліскаўкі. Усе рагаталі. Потым ён сказаў, што яна падобна на Мерылін Манро, падразумяваючы яе вялізныя грудзі, а яна сказала, што ўсё жыццё марыла здымацца. «Хіба цябе кожны дзень не здымаюць?» — пакпіў ён. Да яе яго каламбур дайшоў не адразу, але яна не пакрыўдзілася. «Я вельмі здольная», — выразна прамовіла яна. «Я ў гэтым не сумняваюся», — працадзіў ён праз зубы, ацэньваючы яе клубы. По­тым яна захацела ехаць разам з ім, а ён спытаўся, ці ёсць у яе даведка, што яна не хворая на СНІД. Так, усё было так. Ну ды чорт з ёй! Ігар са злосцю расціснуў цыгарэту і адразу ж адчуў палёгку, нібы гэтым жэстам расправіўся з бландзінкай.

Не, піць трэба кідаць. Здароўе ўжо не тое — сэрца шчыміць, ды і праца­ваць потым цяжка. Няма натхнення, няма ўлюбёнасці. Не ў бабу, зразуме­ла, а ў карціну сваю. Першыя фільмы здымаў — па чатыры гадзіны ў суткі спаў, ды і тое дзеля таго, каб у галаве патрэбны вобраз нарадзіўся. Вобразы, яны заўсёды прыходзяць ноччу. Удзень пакутуеш, нешта шукаеш, сам знервуешся, другіх дапячэш, ад бяссілля, здаецца, можна павесіцца, а ноччу ва ўзбуджаным мозгу раптам такое, такое ўзнікае, што хоць будзі ўсіх і здымай. I да самай раніцы ўжо не спіш, баішся забыць, згубіць хоць адну дэталь. А зараз, спі не спі, нічога ў думках не нараджаецца. Адно што прафесіяналізм і выратоўвае. Сумотна, стымула няма, сцэнарыя, які б, як жанчына, уразіў, захапіў,— няма. Шлюзы талентам быццам бы адчынілі, дума­лі хлынуць, радзімыя, затопяць усё наваколле, сусветная паводка пачнецца, а іх усё роўна няма. Ды і адкуль ім узяцца, калі культуру на працягу дзесяцігоддзяў знішчалі?! Па кім вучыцца? 3 кім сябе параўноўваць? Жыць за сямю замкамі ў каменнай крэпасці і ствараць шэдэўры?! Ды хоць не шэдэўры, проста добрыя фільмы, каб перад сабой не сорамна было! Але хіба на зямлі, што ніколі не ведала гною, можа вырасці здаровае дрэва?!

Яшчэ ніколі, як ва Уладзівастоку, ён не адчуваў такой агіды да сваёй працы і да сябе. Калісьці таксама лічыў сябе таленавітым, спадзяваўся, што шэрыя фільмы здымаць не будзе. I напачатку шанцавала. А потым... Успомнілася, як тры гады таму на мастацкім савеце крытыкавалі яго фільм пра калгас, патрабуючы выкінуць усе рэалістычныя сцэны. I калі адмовіўся, фільм паклалі на паліцу, грошы не заплацілі. Два гады без работы... Што тут казаць? Згодзішся не толькі на шэрае, але і на бура-малінавае. Не, не будзе ніколі ідэальнага грамадства. Утопія. Барацьба амбіцый — вось выснова высноў.

Днямі сустрэў Асмаловіча. Патаўсцеў, шчокі з-за вушэй тырчаць, жывот з джынсаў вывальваецца. Дрэнны рэжысёр, а цвіце. Убачыў Ігара, расплыўся ва ўсмешцы.

— О, спецыяліст па падводных здымках вярнуўся! Чуў, чуў, як ты там за русалкамі ганяўся. Кажуць, цікавы матэрыял прывёз?

— Хвасты, — здзекліва адказаў Ігар, — начальству на сувеніры.

— Зайздрошчу табе, — быццам не пачуўшы здзеку, сказаў Асмаловіч, —Адпачыў ад нашага звадлівага жыцця. А тут... — Ён панізіў голас,— пературбацыі, інтрыгі. 3 ранку да вечара засядаем, горла дзяром, кожны нешта даказвае, патрабуе, а справа ні з месца. Галоўнага рэдактара знялі. За непрадбачлівасць у рабоце з кадрамі. Ён сцэнарый маладога Белавуса адхіліў, а той, ужо не ведаю, якімі шляхамі, яго ў Маскве прыстроіў. Крык, шум! Зноў малады беларускі талент праз Маскву прабіваецца!

— Даўно трэба было гэта зрабіць, — суха адказаў Ігар.

Асмаловіч узяў Ігара пад локаць, адвёў да акна і зашаптаў:

— А новы — мужык нішто сабе, амерыканскага тыпу, усё ўсміхаецца. Кабеты па ім млеюць. На маю думку, у нашай справе ён мала цяміць, але да парад прыслухоўваецца. Баюся толькі, што акружыць ён сябе не тымі дарадчыкамі. Нам зараз трэба трымацца адзін аднаго. Разам пачыналі, ра­зам і працягваць.

Ігар выслабаніў руку, усміхнуўся.

— А ты прапануй яму сябе на пасаду галоўнага дарадчыка.

Вочы ў Асмаловіча сталі жорсткія.

— Ты ўсё яшчэ плаваеш, Ігарок. А на беразе жывуць па іншых зако­нах. I ты гэта хутка, вельмі хутка адчуеш. Мне што, мне зараз прапанавалі разам з палякамі карціну здымаць, так што я сябе на два гады наперад ра­ботай забяспечыў. А ты глядзі, каб не затрапятаўся, як твае русалчыны хвасты.

— Клапаціўся б ты лепш пра сябе, — рэзка сказаў Ігар.

А на наступны дзень у мантажную завітаў галоўны рэдактар. Паглядзеў зняты матэрыял, пакурыў разам з усімі, пажартаваў і, ужо калі збіраўся пайсці, запрасіў Ігара да сябе.

Ігар зайшоў да яго перад самым канцом работы.

— Хачу даць вам пачытаць адзін сцэнарый, — сказаў галоўны рэдак­тар.— А потым пагаворым. Сцэнарыст наш, Мігуля. Здымаць думаем сумесна з палякамі.

Ігар здзіўлена ўзняў на яго вочы. Ледзь не вырвалася: «А Асмаловіч?» Але змоўчаў, не стаў пытацца. Можа, Асмаловіч хлусіць, а можа, у галоўнага такая тактыка — дражніць усіх адной цукеркай?

— Чаго насупіліся? — спытаўся галоўны рэдактар, — Ці ў вас іншыя планы?

— Няма ў мяне ніякіх планаў,—хмура адказаў Ігар і больш лагодна дадаў: — Стаміўся.

Ён узяў са стала папку са сцэнарыем, пагартаў. Галоўны добразычліва назіраў за ім.

— Вы толькі не марудзьце. Тыдні праз два мы плануем паслаць рэжысёра і сцэнарыста ў Польшчу.

Ігар падняўся.

— Зразумеў. Праз тры дні зайду.

Ён выйшаў на вуліцу, вырашыў прайсціся да дому пешшу. Павольна церушыліся з неба сняжынкі, ветру не было, і мароз амаль не адчуваўся. На прыпынку тоўпіліся людзі, жанчыны нароўні з мужчынамі штурмавалі транспарт.

Навошта, падумаў Ігар. Навошта давіцца ў такое цудоўнае надвор’е? Куды спяшацца? Да каго? Бедныя жанчыны, ды кіньце вы вашы дяжкія сумкі, спыніцеся на імгненне, павыпроствайце плечы, падыміце галовы, адчуйце, як растаюць на вашых стомленых тварах гэтыя сняжынкі, як змываюць вашу касметыку і вяртаюць вам натуральнасць і прыгажосць!

Але на яго маўклівы заклік ніхто не адгукнуўся, і ён рушыў далей, здзіўляючыся свайму настрою.

Сцэнарый Ігар прачытаў тым жа вечарам і быў ашаломлены. Так, гэта матэрыял! Жудасны матэрыял! Але які можа атрымацца фільм! Зараз ужо ён баяўся, што сцэнарый аддадуць Асмаловічу. Хацеў адразу ж ісці да галоўнага рэдактара і ставіць кропкі над «і», але, памеркаваўшы, вырашыў не спяшацца. Сказаў: праз тры дні, значыць, праз тры. Заўтра ён да яго і завітае. Заўтра... Што будзе заўтра?

Ігар закурыў апошнюю цыгарэту. А галава ўсё роўна баліць, трашчыць, нібы пераспелы кавун. Ён падняўся, падышоў да тэлефона, набраў нумар свайго памочніка Сярожы.

— Вось што, Сяргей, прывязеш цыгарэты і лякарства.

— Ігар Сяргеевіч, — заныў Сярожа, — у такое надвор’е ў чарзе стаяць...

— Тады заедзеш да Пашкі.

— У Пашкі скандал з жонкай, яна мяне на парог не пусціць.

— Добра, — уздыхнуў Ігар, — піва купі. I давай хутчэй.

Ён павесіў трубку. Прайшоўся па пакоі, паглядзеў у акно. Мяце і мяце. Якое сёння чысло? Трынаццатае?! Ігар адчуў нейкі ўнутраны штуршок, і ў галаве раптам праяснілася. Гадавіна іх з Галкай вяселля. Ён сеў на тахту. Рукі дрыжалі. Забыў! Пра ўсё забыў! Раней у гэты дзень ён заўсёды дарыў ёй ружы. Ружы ўзімку, у гэтым быў асаблівы шарм. А сёння нават званіць не хацелася. Занадта цяжкай павінна была атрымацца ў іх размова, і ён яе ўвесь час адкладаў. Разумеў, што апошніканфлікт зацягнуўся, перарос у нешта большае, стаў прынцыповым. У такіх абставінах Галіна можа пайсці і на развод. А ён разводзіцца не хацеў, але і ўгаворваць яе таксама не збіраўся. Паўгода —дастатковы тэрмін, каб кожны абдумаў свае паводзіны. Колькі разоў казаў: не падабаецца што — скажы. Дык не, затоіцца, маўчыць. ці зачыніцца ў кухні і паўночы стукае на машынцы. Шклянку чаю выпіць няможна.

Ну, засталіся сябры ў яго начаваць! Ну і што?! Ці ў першы раз? Ёсць. жа, нарэшце, традыцыі, і не яму іх адмяняць! Раней у такіх выпадках не скандаліла. Кемлівая была. А цяпер... Што ён, кожны дзень п’е?! Ну, завітаюць часам сябры, прынясуць сухача ці піва. Ну дык што?! Алкаголікам адразу ж абражаць?! I наогул, папярэджваць трэба, калі з камандзіровак вяртаешся. Хоць бы сустрэў, а то бадзяецца па начах адна. А калі здарыцца што, хто будзе вінаваты? Вядома, ён. Як жа, жонку не сустрэў.

Што за жыццё? Вар’яцкі дом. I быццам усе прагнуць шчасця. Што перашкаджае Галіне быць нармальнай жонкай? Прыгожая, зграбная, на араб­ку падобная. Валасы чорныя, як варанячае пер’е, вочы празрыстыя блакітныя, то гарэзлівыя, як у сіямскай кошкі, то даверлівыя, безабаронныя. Ідзеш разам з ёю па вуліцы — мужчыны азіраюцца. Здаецца, радуйся таму, што бог даў. Не, мала. Мэта жыцця — вялікай журналісткай стаць. I не ра­зумее, што мужчын не спакушаюць подзвігамі на рабоце. I тыя мінуты, калі ён быў на ўсё гатовы дзеля яе, звязаны зусім з іншым.

...Яны ў Вільнюсе, у сябра Ігара па інстытуце кінематаграфіі Уладаса. Едуць у машыне на Тракайскія азёры. Моцна пячэ праз шыбы залаціста-вогненнае сонца. Сонечныя зайчыкі скачуць па валасах Галіны. Усім надзвычай весела. Уладас сядзіць за рулём, расказвае анекдоты з інстытуцкага жыцця. Ён гаворыць сур’ёзна, з акцэнтам, і ад гэтага ўсе яшчэ больш заходзяцца ад смеху.

— А ведаеш, Галачка, як нам твой Ігарок харч здабываў? — пытаецца Уладас.

— Не, раскажы, — смяецца Галіна.

— Ну, ты, напэўна, ведаеш, што такое галодны мужчына. Але ты не ведаеш, што такое пяць вечна галодных маладых ілбоў, асабліва перад стыпендыяй. Дык вось, ляжым мы неяк у нірване, пустымі жыватамі да жалезных ложкаў прыраслі, апошнюю лусту хлеба дзве гадзіны таму як з’елі, кішкі пахавальны марш іграюць. I тут вяртаецца з чарговага спаткання гэты аптыміст. Па паху вызначаем: у Тамарачкі ў «Арагві» пабываў, чахахбілі еў. Нам бы яго пустымі бутэлькамі закідаць, дык усе бутэлькі тры дні таму здалі. Адну пагарду выказаць і засталося. А ён весяліцца: «Хочаце, браткі, я вас усіх накармлю?» «Ну, — думаем, — зусім сумленне страціў, біфштэкс перасмажаны». А ён шась за дзверы. Прыходзіць да дзяўчат, а тыя аладкі пякуць. Ён пакруціўся крыху і кажа: «Хочаце, дзяўчаты, я вам карціну Пярова «Гракі прыляцелі» ў натуры пакажу?» — «Хочам!» — адказваюць. Тады ён зноў за дзверы. Прыбягае да нас, крычыць: «Хапайце, браткі, талеркі і лыжкі і строем за мной!» Мы толькі пераглянуліся і за ім. Каля пакоя дзяўчат пастроіў ён нас у шарэнгу, расчыніў шырока дзверы і ўрачыста аб’явіў: «Гракі прыляцелі!»

— Ну, Ігар, ну, малайчына! —пляскае ў далоні Галіна і весела смяец­ца, а яшчэ праз імгненне туліцца да яго і ціха шэпча: — Я так кахаю цябе, што ў мяне ад шчасця галава кругам ідзе.

I ў яго кругам ідзе галава, і ён адчувае сябе бязмежна шчаслівым. А потым яны гуляюць па беразе возера, ходзяць па старадаўняму замку. Галіна ў ботах на высокіх шпільках. Яна ўсё часцей спатыкаецца, спыняецца, потым садзіцца на каменныя прыступкі і жалабна кажа: «Я больш не магу». I ў гэты момант яна выглядае такой слабай, безабароннай, што ён бярэ яе на рукі і нясе да машыны, а Уладас здымае іх у гэты час на слайды.

Не, немагчыма зразумець жанчыну. Хіба ён самы горшы муж? I дапамагае, па магазінах ходзіць, і грошы ўсе аддае. Зрэшты, грошай ім ніколі не хапала. Занадта вялікімі былі перапынкі паміж карцінамі, занадта паглыналі камандзіроўкі. I на апошнюю карціну ён згадзіўся толькі дзеля та­го, каб зарабіць. Цудоўна разумеў, што са сцэнарыя, які яму падсунулі, добрай карціны не атрымаецца. На гэтай падставе пасварыліся з Галінай. Яна вырашыла, што ён узяўся за карціну, каб паехаць ва Уладзівасток, а ён хацеў купіць ёй дублёнку. Але пра свае меркантыльныя інтарэсы лічыў за лепшае маўчаць. Бо для яе быў важны толькі яго поспех. I можа, таму ён даражыў ёю і разводзіцца да гэтага часу не збіраўся. Але цяпер... Мала ці што яна магла выкінуць за гэты час.

Успамін пра Галіну даканаў яго. Хацелася на каго-небудзь накрычаць, пабіцца, разбіць што-небудзь. I калі зазваніў тэлефон, ён насілу падняўся, зняў трубку і раўнуў:

— Гаварыце!

— Я табе ўсё скажу, толькі не зараз, — пачуў ён голас Галіны.


4

Кафэ толькі што адчынілася, і людзей у зале было няшмат. Галіна села за столік у невялікай нішы, якая была абабіта цёмна-карычневымі драўлянымі панелямі. Два круглыя ярка-жоўтыя бра на сцяне, нібы вочы нейкае птушкі, стоена пазіралі на залу. Ціха іграла музыка, мігацелі пад столлю каляровыя ліхтарыкі. Месца для закаханых, падумала яна. Але ці ёсць яны тут, закаханыя?

Галіна агледзелася. У другім кутку залы, каля акна, сядзела немаладая ўжо пара, відаць, муж і жонка. Дзве дзяўчыны-студэнткі ў аднолькавых вязаных шапачках засяроджана гарталі нейкі канспект. Высокі, шыракаплечы мужчына ў скураным пінжаку і дымчатых акулярах чытаў «Вячэрні Мінск». Яны чакалі мо хвілін пятнаццаць, але афіцыянткі, як заўсёды, не спяшаліся.

Галіна патрымала і адклала меню: Ігар спазняўся, а можа, ён і наогул не прыйдзе? 3 яго станецца. Яна адчула, што зноў пачынае нервавацца.

Колькі разоў за апошнія шэсць месяцаў яна спрабавала ўявіць сабе гэтую сустрэчу, колькі разоў у думках размаўляла з ім. Чула свае словы, простыя, дасціпныя, чула яго блытаныя адказы. I хоць кожны раз гэтыя сустрэчы праходзілі па-рознаму, канец быў заўсёды адзін: яны застаюцца разам.

Але ў апошнія дні ў шчаслівы канец яна больш не верыла. Была амаль упэўнена: шэсць месяцаў, што яны не бачыліся, паскорылі ў геаметрычнай прагрэсіі распад іх адносін.

Галіна ўжо шкадавала, што прызначыла гэтую сустрэчу. Яна паглядзела на немаладую пару, якая цярпліва чакала афіцыянтку. Сівая жанчына з хлапчуковай кароткай стрыжкай, у тонкім бежавым світэры з каўняром-стойкай. Мужчына гадоў на пяць старэйшы, такі ж сівы, таксама з карот­кай стрыжкай, у шэрым твідавым пінжаку і блакітным пуловеры. Падобныя не толькі прычоскамі, але і манерамі, выразам твару, яны, здавалася, былі ў зале адны. За іх жэстамі, стрыманымі, поўнымі годнасці і павагі, таілася такая ўзаемная пяшчота, што Галіна нават пазайздросціла. I, нібыта спрабуючы адкрыць для сябе таямніцу чужога шчасця, уважліва пачала сачыць за гэтай парай.

Цёмна-вішнёвыя шторы на вокнах паглыналі дзённае святло, стваралі ў кафэ атмасферу заспакаення, даверу. I калі б не снег на вуліцы, лёгка было б уявіць, што зараз летні вечар, ціха плёскае за вокнамі мора, а гэтыя двое на схіле дзён гартаюць ва ўспамінах старонкі свайго кахання.

Мужчына ў дымчатых акулярах таксама з цікавасцю назіраў за немаладой парай. I калі Галіна сустрэлася з ім позіркам, па-змоўніцку ёй падміргнуў. Выгляд у яго быў прыемны, хіба што крыху фанабэрысты, як у чалавека, які прывык да высокіх пасад.

— Цікава? — напаўголасу спытаўся ён і адклаў газету.

— Хутчэй зайздросна, — міжволі вырвалася ў Галіны.

— Вам і зайздросна?! Такая маладая, прыгожая... — Яму, відаць, карцела пазнаёміцца.

Але ў гэты час у дзвярах паказаўся Ігар. I Галіна раптам адчула неадольнае жаданне кінуцца яму насустрач, прыпасці да ягоных грудзей і забыцца, пра ўсё забыцца — пра гэтыя шэсць месяцаў разлукі, пра бяссонныя ночы, пра слёзы ў падушку, пра ўсе свае крыўды і сваю рашучасць быць гордай і стрыманай да канца. Вялікім намаганнем волі ўзяла сябе ў рукі. I калі яна навучыцца валодаць сабой?!

Ігар агледзеўся, убачыў Галіну і хутка падышоў да яе століка. Сеў, нядбайна адкінуўся ў крэсле, прыжмурыўся, разглядаючы яе. На ім былі новыя штроксы і белы пушысты світэр з чорнай палоскай. Але ж, прыбраўся, калі ішоў да яе.

— Доўга чакаеш? — спытаўся, быццам яны толькі ўчора рассталіся.

— Не, не вельмі, — Галіна ўжо супакоілася.

Яго валасы былі мокрыя ад снегу, пад карымі вачыма — цёмныя мяшкі, твар расчырванеўся ад марозу. Ігар дастаў з кішэні насоўку, абцёр лоб, прыгладзіў рукой валасы.

— Мог бы і прычасацца, — сказала Галіна.

Ігар не адказаў, уважлівым позіркам абвёў напаўпустую залу, а Галіна сачыла, ці прывабіць яго ўвагу немаладая пара. Не, толькі зірнуў на іх, по­тым узяў меню, хутка прагледзеў першую старонку.

— Ты ўжо снедала?

— Снедала?! — абурылася Галіна. — Калі?

Поўная афіцыянтка ўзяла заказ у мужчыны ў дымчатых акулярах і нарэшце падышла да іх століка. Спынілася каля Ігара, дастала з кішэні блакнот, аловак і, як аўтамат, прамовіла:

— Біфштэкс з яйцом, шніцэль па-міністэрску...

— Біфштэкс з яйцом, шніцэль па-міністэрску...

— Кавы, — у тон яму сказала Галіна. — Каўнік.

Упершыню за гэты час ён, нарэшце, з цікаўнасцю паглядзеў на яе.

— Ты што, есці не будзеш?

— 3 табой, мой мілы, я магу і тыдзень каліва ў рот не браць. Вельмі зручна для сямейнага бюджэту.

Твар афіцыянткі перастаў здавацца акамянелым, яна з іранічнай усмешкай глядзела на іх.

— Прынясіце ёй што-небудзь, — папрасіў Ігар, — цукерак, пірожнае.

Афіцыянтка моўчкі кіўнула і адышла.

Вось і ўсё сказана, падумала Галіна.

— Два тыдні, як вярнуўся, а кожную ноч бачу мора і параходы. I хістае, хістае,— задумліва сказаў Ігар. — Якія былі падводныя здымкі! — Яго вочы раптам загарэліся. Калісьці такімі ж вачыма ён глядзеў і на яе.— Апускаліся разам з вадалазамі...

Ну, але, пачалося... Галіна нахіліла галаву над сталом. Падводныя лодкі, караблі, пагранічнікі, засвечаная кінастужка... Толькі ён, усюды ён, яго жыццё, яго работа, і нідзе няма месца для яе. Нават шчыліначкі.

Яна не слухала, што ён гаворыць. Глядзела пільна на яго і адчувала, як сэрца разрываецца на кавалкі. Зблажэў, твар абветраны, стомлены. Паглыбелі зморшчынкі ля вачэй, рэзка выступілі скулы. Злева знізу не стае зуба. Але наогул выгляд незалежны, задаволены. Відаць, і праўда, яна яму больш не патрэбная.

Афіцыянтка прынесла піва, каўнік, цукеркі і два пірожныя. Адкаркавала адну бутэльку, паставіла перад Ігарам.

— Табе наліць? — спытаўся Ігар.

— Паўбакала.

Ён асцярожна напоўніў яе бакал па самыя берагі пушыстай белай пенай, потым наліў сабе.

— За сустрэчу, — сказала Галіна.

— За сустрэчу, — задумліва паўтарыў ён.

Яны моўчкі пілі, не гледзячы адно на аднаго. Размова не клеілася.

— А зуб ты часам не ў сутычцы з кітом страціў? — нявесела пажартавала Галіна.

— Ды не, разбалеўся, лячыць не было калі...

Галіна адставіла пусты бакал, наліла ў кубачак кавы.

— Цудоўны нацюрморт: піва, кава, цукеркі, пірожныя, — сказала яна, абы нешта сказаць, абы абарваць гэтае шчымлівае маўчанне.

Але ён прамаўчаў. Галіна паглядзела на немаладую пару: абое нетаропка пілі чай.

— Хочаш, падкажу тэму для невялікай навелы? Назавеш яе «Двухгалоссе». У ёй будзе зусім мала слоў, адны рухі, жэсты і міміка. I Каханне — з вялікай літары. Вялікае каханне.

— Не трэба. Каханне, жанчыны — усё гэта мінулася. Справай, справай займацца трэба.

— Як хочаш. А дарэмна, было б цікава.

Кафэ паволі запаўнялася. I пачуццё адарванасці ад свету таксама паволі знікала. Новыя людзі, афіцыянткі, якія ўжо снавалі сюды-туды, пахі ежы парушалі нядаўнюю атмасферу інтымнасці.

— Скажы, — Галіна ўся напружылася, — ты хоць зрэдку ўспамінаў пра мяне?

Ігар падліў сабе піва ў бакал.

— Не, не было калі. Працаваў шмат.

На вуліцы пачалася завіруха. I ад павеваў ветру цёмна-вішнёвыя што­ры на вокнах надзімаліся і рабіліся падобнымі на ветразі. Пунсовыя ветразі. Але ўсё роўна за вокнамі было ўжо не мора.

Галіна кінула ў каву драбок цукру, маленькай лыжачкай пачала расціскаць яго, пакуль не адчула, як цукар мякчэе і растае.

— Праз дзесяць дзён ад’язджаю ў Польшчу. Будзем здымаць сумесны фільм. Мігуля натрапіў у архівах на такія дакументы аб вайне, пра якія наогул ніхто не ведае. Жудасныя...

Галіна прыўзняла галаву і заўважыла, што мужчына ў дымчатых акулярах уважліва глядзіць на яе. Яна не адвяла вачэй, і ён па-змоўніцку ўсміхнуўся. Зубы ў яго былі белыя і роўныя, нібы ўстаўныя. Галіне зрабілася смешна, і яна ўсміхнулася ў адказ. Ігар змоўк, здзіўлена назіраючы за ёй.

— 3 чаго ты смяешся?

— Я не смяюся, а ўсміхаюся.

Ёй раптам стала ўсё абыякава: і гэтая недарэчная сустрэча, і пустая размова, і Ігар, які сядзеў перад ёй, — муж па дакументах і невядома хто напраўдзе. Чалавек, праз якога яна сапсавала сабе столькі нерваў, што пра гэта было страшна ўспамінаць.

— Ігар,— стараючыся ўсё ж здавацца спакойнай, сказала яна, — я лічу, што нам трэба аформіць развод.

Рука, што трымала бакал, міжволі ўздрыгнула, і Ігар паставіў бакал на стол.

— А я табе краба прывёз. Маленечкага. — Ён палез у адну кішэню пінжака, потым у другую. — Чорт! Відаць, у куртцы пакінуў. I цыгарэты так­сама.

— Тут усё роўна не кураць.

Але ён хапатліва працягваў корпацца ў кішэнях. Потым пачаў выкладаць з іх на стол усялякую драбязу. Галіна заўважыла валідол і заклапочана зірнула на Ігара. Раней ён ніколі не скардзіўся на сэрца, а прыняць таб­летку для яго было немагчыма. Яна прыгадала, што некалькі месяцаў на­зад памёр ад сэрца адзін з яго лепшых сяброў, аператар-пастаноўшчык. Паехаў на здымкі і там... Колькі ж яму было? Гадоў сорак пяць. Жонка потым казала, што на сэрца ён ніколі не скардзіўся. А можа, утойваў хваробу? Гэта быў у яго трэці шлюб, і жонка стала ўдавою зусім маладзенькая. Напэўна, ён спадзяваўся жыць доўга. Доўга і шчасліва. А ці бывае шчасце доўгім?

Завіруха, што ўсё мацней усходжвалася за вокнамі, паглынула ўсё святло, і ў кафэ зрабілася зусім цёмна. Ігар, так і не знайшоўшы краба, пачаў распіхваць па кішэнях свае дакументы, блакноты, паперкі з нейкімі запісамі, нумарамі тэлефонаў. Твар яго быў задумлівы, засяроджаны — звычайны твар, з якім, бывала, ён браўся за работу. I калі б не гэтая хлапатлівасць, яна б ніколі не здагадалася, што ён хвалюецца. Хвалюецца! Але, пэўна ж, не ад таго, што можа страціць яе, а ад нечаканасці. Ён настолькі звыкся з яе каханнем, з яе адданасцю...

Чаму ён, рэжысёр, думала Галіна, чалавек, які патрабаваў ад акцёраў дакладнай логікі ў паводзінах, чаму ён ніколі не імкнуўся зразумець яе? I што прываблівала яе да гэтага чалавека, якога цяжка назваць прыгожым, але ў якім столькі незалежнасці, упэўненасці, што часам карцела заплюшчыць вочы, адчуць сябе проста слабай жанчынай і пайсці за ім услед. Услед за сапраўдным мужчынам. Сапраўдным? Галіна нявесела ўсміхнулаюя. Хто, як не яна, ведаў, якім слабым мог быць гэты сапраўдны мужчы­на. Але нават гэтым ён толькі мацней прывабліваў. I ўсё ж жыць, як раней, яна болей не магла.

Зноў яны маўчаць. Ён невялічкімі глыткамі п’е піва. Яна малюе паль­цам на паліраванай паверхні стала нейкія ўзоры. Сэнс іх сустрэчы хоць і павольна, але даходзіць да яго.

— У цябе нехта ёсць? — нарэшце пытаецца ён.

«Нехта ёсць». Да чаго ж зручная формула! Варта толькі з ёю пагадзіцца, і ўсё — сутнасць канфлікту ўмомант мяняецца. Прычына знойдзена, прычына — не ён, прычына — трэцяя асоба.

Галіна адмоўна круціць галавою. Не, мой мілы, прычына — у нас саміх, холькі наўрад ці ты яе дашукаешся. Гэта ж не фільм, дзе ты не супакоішся, пакуль не раскрыеш збольшага душы сваіх герояў, гэта ж канкрэтная сітуацыя. Ты і я, як тыя двое, на якіх ты нават не зірнуў.

— Ну што ж, калі ты вырашыла... — сказаў ён.

Бач: яна вырашыла! А ён убаку, ён — чужы чалавек.

— Я не вырашыла, а падвяла рысу пад тым, што ў нас з табой адбываецца, — павольна прамовіла яна, — Мы нібы за падвойным шклом — і разам, І паасобку. У кожнага сваё жыццёвае поле, а тое, што адбываецца на суседнім, нікога не цікавіць, дакладней кажучы, не нікога, а цябе. Стукается, стукается, і ніякага адказу. Я не патрэбна табе. Лялька, якую трымаюць у кватэры дзеля інтэр’еру.

Ігар здзіўлена паціснуў плячыма.

— Зусім звар’яцела! Калі гэта я ставіўся да цябе як да лялькі? Праўду кажуць, бабы ўсе аднолькавыя. Абы валіць з хворай галавы на здаровую! — Ён стомлена адкінуўся на спінку крэсла, — Ды да цябе не ведаеш, як падступіцца. Усё на нерве, з ранку да вечара ў сваей рэдакцыі, дадому прыйшла — адразу на тэлефон. Разагнала ўсіх маіх сяброў...

— Няўжо ўсіх? — пакпіла Галіна.

— Цяпер жа ў нас з Сярожам спакойна, а абед я і сам як-небудзь згатую.

— Дык Сярожа зноў жыве ў цябе? —не стрымалася Галіна.

— У яго з бацькамі новы канфлікт, — неахвотна адказаў Ігар.

— Ну ведаеш, ад тваёй дабрыні звар’яцець можна...

Дагаварыліся! А яна ж не хацела, каб іх размова ператварылася ў сямейную спрэчку.

Галіна паднесла да рота кубачак з астылай кавай і зноў сустрэлася позіркам з мужчынам у дымчатых акулярах. Той ужо даўно скончыў снедаць, але пайсці не спяшаўся, знарок марудзіў.

«Можа, пакакетнічаць? — падумала Галіна. — Папсаваць нервы мужу на развітанне?» I Галіна нібы неўпрыкмет кіўнула мужчыну галавой.

Ігар павярнуўся, запытальна паглядзеў на мужчыну, потым моцна сціснуў Галіне руку.

— Здаецца, мы з табою яшчэ не разышліся! А гэтаму тыпу я хутка паб’ю акуляры.

Галіна, іранічна пасміхаючыся, вызваліла руку. Як заўсёды! Толькі ў такія хвіліны яна адчувала, што ён не зусім раўнадушна ставіцца да яе. Але хіба рэўнасць доказ кахання? Зняважанае пачуццё ўласнай годнасці, толькі ўсяго.

— Ты так і не адказаў: згодзен ці не? — зноў спыталася яна.

— Ты ж усё вырашыла. Ты ж разумная. Гэта ў цябе ад прафесіі,— згадаў ён словы, якія яна сказала ў першы вечар іхняга знаёмства, і з іроніяй паглядзеў на яе.

— Не будзем пачынаць усё спачатку, — ціха прамовіла яна.

— Спачатку ўжо нічога не пачнеш. — Твар у яго зрабіўся сур’ёзным. — Толькі даруй, ні ў які загс ці суд я не пайду.

— Як сабе хочаш. Але мне патрэбна пасведчанне. А яно ў цябе.

— У мяне? — здзівіўся Ігар.

— У тваёй кватэры, — удакладніла Галіна.

— Я заўтра еду ў камандзіроўку.

— Тады дай мне ключы, я сама яго знайду.

Ігар дастаў з кішэні нізку ключоў, аддзяліў адзін з іх і кінуў на стол. Галіна міжволі ўсміхнулася.

— Як заўсёды, носіш запасны пры сабе?

Але ён не адказаў. Падышоў да афіцыянткі, разлічыўся і выйшаў, моцна штурхнуўшы плячом дзверы.

Вось і ўсё, з сумам падумала Галіна. Яна ўявіла, як ён ідзе зараз па вуліцы, пад снегам, без шапкі, адзінокі, спустошаны, і ёй да слёз стала шкада яго, сябе. I каб не расплакацца, яна абхапіла галаву рукамі, моцна сціснула далонямі скроні і зажмурылася. Усё добра, усё правільна, усё мінецца, забудзецца. Лепей перахварэць каханнем адзін раз, чым пакутаваць усё жыцдё. Раптам адчула, як нехта крануў яе за плячо. Расплюшчыла вочы. На месцы Ігара сядзеў мужчына ў дымчатых акулярах, і гэта ёй зараз здалося ледзь не кашчунствам.

— Пасварыліся? — спачувальна спытаўся ён.

— Што вам трэба? — Яна ўжо забылася, як перамігвалася з ім.

— Я магу вам чым-небудзь памагчы?

— Ды адчапіцеся ад мяне! — выгукнула яна, схапіла сумку і пабегла да выхаду.


5

Да Ігара Галіна паехала праз некалькі дзён. Падняўшыся на ліфце на сёмы паверх, яна падышла да дзвярэй, прыслухалася. Музыка. Значыць, Ігар дома. Можа, і не адзін. Сустракацца з ім яшчэ раз не хацелася, але і адступаць было позна.

Дзверы адчыніў Сярожа. У свае дваццаць шэсць гадоў ён ужо адслужыў у арміі, змяніў тры інстытуты і нарэшце асталяваўся на кінастудыі. Ігару Сярожа чымсьці спадабаўся, і той пачаў браць яго з карціны ў карціну. На студыі Сярожу так і звалі: «3 трыма вышэйшымі». На свае гады ён выглядаў занадта інфантыльным, часта бянтэжыўся і ўсім імкнуўся дагадзіць. Ці не за гэтае яго і цярпелі? Сярожавы бацькі сынавых бадзянняў не разу­мелі, а ягонае імкненне да мастацтва наогул лічылі блазенствам, і дома ў іх ішла бясконцая вайна.

Убачыўшы Галіну, Сярожа радасна заўсміхаўся, замітусіўся вакол яе, дапамог зняць паліто.

— Ігар Сяргеевіч казаў, што ты прыйдзеш.

— А што, ён не ў камандзіроўцы?

— Не, зараз жа агучванне. — Сярожа не разбіраўся ў тонкасцях іх адносін і пра ўсё гаварыў шчыра, як на споведзі.

— А ты, як заўсёды, на падсяленні?

— Ды не, — трохі збянтэжыўся Сярожа, — Ігар Сяргеевіч сам прапанаваў у яго пажыць.

Потым яны пілі чай, і ёй зноў прыйшлося выслухаць падрабязны расказ пра здымкі ва Уладзівастоку.

— Сёлета буду паступаць, — сказаў Сярожа.

— На рэжысёрскі? — пацікавілася Галіна, стараючыся схаваць іронію ў голасе. Ігар аднойчы сказаў, што рэжысёр з Сярожы наўрад ці атрымаецда — мала дапытлівасці.

— Не, на аператарскі. Ігар Сяргеевіч лічыць, што ў мяне атрымаецца.

— Ігар Сяргеевіч лічыць... — перадражніла Галіна. — А свая думка ў цябе ёсць?

— Вядома, — апусціў вочы Сярожа. — Цікавая работа.

— Цікавая, цяжкая, няўдзячная. Колькі эпітэтаў адразу, цябе гэта не здзіўляе?

Сярожа паціснуў плячыма:

— Чаму няўдзячная?

— Таму што ў выніку ўсе лаўры пажынаюць рэжысёры.

— Ну ты і скажаш, — не згадзіўся Сярожа. — Добры аператар на вагу золата.

— Так, на вагу золата, пакуль здымаецца фільм. А як скончылі, дык пра яго і забыліся. Ніколі не забуду, як Паша Смірніцкі выцягнуў карціну Асмаловіча і як Асмаловіч тут во, за гэтым сталом, у вечнай любові да Пашы кляўся. А на прэм’еры? Асмаловіча ўсе віншуюць, рукі ціснуць, лезуць з пацалункамі, а Паша ў нейкім закуточку сядзіць, курыць, попел гэтак культурненька ў сметніцу страсае і сам сабе ўсміхаецца. Глядзець моташна! Быццам ніхто не ведае, што без Пашы ў Асмаловіча ўсе акцёры са здымачнай пляцоўкі паўцякалі б!

— Паша не прападзе,— сказаў Сярожа.

— Я не пра Пашу, я пра аператараў наогул і пра чалавечую падзяку ў прыватнасці.

Сярожа раптам рашуча выпрастаўся.

— Мне трэба ісці.

— Куды? — здзівілася Галіна. — Ты, мусіць, мяне спужаўся?

— Ды не, мне трэба. Праўда, трэба, — паўтарыў ён. — А ты б заставалася. — Сярожа ўпершыню адкрыта паглядзеў ёй у вочы, і Галіна зразумела, што ён усё ведае.

Калі дзверы за Сярожам зачыніліся, Галіна прайшлася па кватэры, зазірнула ва ўсе шуфлядкі. Як бы Ігар ні казырыўся, а ў халадзільніку пуста, пад ваннай — нямытая бялізна, у шафе — пакамечаныя кашулі. Галіна ўключыла прайгравальнік, паставіла пласцінку Джо Дасэна і падышла да акна.

Мокрыя шэрыя сняжынкі нячутна біліся аб шыбы і, павольна асядаючы на ліштвы, ператвараліся ў бясформенныя шэрыя камячкі. Да чаго ўсё шэра, маркотна, тужліва, падумала Галіна. Адны шэрыя будні. Прыйдзеш з работы, уключыш тэлевізар, адшчыкнеш кавалачак ад чужых радасцей ці гора і — спаць, не пакінуўшы ні кроплі эмоцый для сваіх блізкіх. I гэтак з дня ў дзень, год за годам, не агледзішся, як жыццё і праміне. Хоць бы ўспомніць што-небудзь прыемнае, але што?

Галіна падышла да пісьмовага стала, выцягнула верхнюю шуфлядку. Дзе ж пасведчанне? Раней яно заўсёды было тут. Дастала з-пад старой га­зеты, што закрывала дно шуфлядкі, вялікі белы канверт. Фотакарткі... Нешта напаўзабытае варухнулася ў памяці. Ігар каля гасцініцы, у якой яны жылі тым летам, калі яна ўпершыню прыехала да яго на здымкі. Калі ж тое было? Амаль чатыры гады таму. Галіна села ў фатэль, пачала разглядаць фотакарткі, успамінаючы сваё падарожжа.


6

...Дажджы, што няспынна лілі два тыдні, раптам аціхлі і змяніліся апракметнай спякотай. Супрацоўнікі рэдакцыі падзяліліся на два лагеры.

Тыя, што ішлі ў адпачынак, радаваліся жыццю. Тыя, што заставаліся, з нецярплівасцю чакалі выхадных, каб хутчэй вырвацца са змучанага сонцам горада. Хацелі браць па чарзе адгулы — за зіму іх назбіралася нямала,— але рэдактар адгулаў не даваў. I калі ён абвясціў, што ідзе ў адпачынак, Галіна падумала, што лёс злітаваўся над ёй.

Ігар быў у экспедыцыі і ўжо месяц зваў яе ў госці. Ён званіў з гасцініцы (за кошт карціны) кожны дзень у шэсць гадзін раніцы і роўна ў поўнач. Ігар здымаў тым летам сваю трэцюю карціну. Карціна была складаная, сцэ­нарый недароблены, і Ігар увесь час нерваваўся, лаяўся са сцэнарыстам, прымушаючы таго перапісваць сцэнарый.

— Кіно не тэатр,— казаў Ігар.— У кіно ўсё іграе: і зямля, і неба, і спіна героя. Навошта мне гэты набор слоў, калі тую ж думку я магу давесці да гледача іншым спосабам? — I ён тут жа пачынаў расказваць, як яму бачыцца тая ці іншая сцэна.

Яго апісанні былі такія вобразныя і так захаплялі, што Галіна толькі здзіўлялася, чаму гэты сцэнарыст упарціцца, калі і так усё ясна. Нарэшце, выматаўшы ўсім нервы, сцэнарыст здаўся і, праклінаючы той дзень, калі звязаўся з кінастудыяй, паехаў у санаторый загойваць душэўныя раны, а Ігар прыступіў да «латання ран» у сцэнарыі.

Апошнія дні званіў, праўда, не ён, а Сярожа, які сказаў, што Ігар Сяргеевіч на натуры, а на натуры няма тэлефона, і таму звоніць ён, Сярожа, каб Галіна не хвалявалася. А чаму яна павінна хвалявацца? Дык жа ўсе пахварэлі. Ад чаго? Ад кансерваў і мясцовай ежы... Ігар Сяргеевіч? О, ён адчувае сябе вельмі добра, бо галадае. Чаму галадае? Грошы скончыліся. Дажджы ж ішлі, а дажджлівага надвор’я ў сцэнарыі не было, вось два тыдні і чакалі, калі дажджы скончацца. А калі сядзіш без працы, сама ве­даеш...

3 гэтай блытанай размовы Галіна зразумела, што грошы прапілі, пакуль ішлі дажджы, а цяпер, вядома, галадаюць.

Прыйшоўшы ў чацвер з работы дамоў, Галіна дастала вялікую сумку, паклала туды дзве палкі сухой каўбасы, тры банкі тушонкі, якую прывезла Алена Русаковіч, каб беларускі кінематограф не аслабеў, запякла дзве курыцы і падалася на вакзал.

Начны вакзал быў як у ліхаманцы. Усе кудысьці спяшаліся, мітусіліся, сутыкаліся і толькі каля білетных стоек аддыхваліся, становячыся ў доўгую чаргу.

Галіна выбралася з натоўпу, моцна трымаючы ў руках білет. «Усю ноч трэсціся ў агульным вагоне, — з жахам думала яна. — Можа, вярнуцца, паехаць заўтра?» Яна нерашуча апусцілася на лаўку. Ад цяжкай сумкі шчымелі далоні. Галіна асцярожна падзьмула на іх. Якая ж яна бездапаможная! А ён чакае...

Галіна ляжала на багажнай лаўцы, паклаўшы пад галаву вятроўку. А за акном плыла цемра. I ў гэтай цемрадзі было нешта змоўніцкае, сяброўскае. I Галіне здавалася, што ў цемры таксама ёсць свая радасць, ёсць свой світанак. Яшчэ колькі гадзін — і яны сустрэнуцца, зліюцца на імгненне, зажывуць адным жыццём, а потым разбягуцца, каб сустрэцца зноў.

«Ён, пэўна, прышле па мяне машыну, з кветкамі», — марыла яна ў паўдрымоце і амаль не адчувала рэзкіх штуршкоў цягніка.

...7 гадзін раніцы. Вецер даўно развеяў ранішні паўзмрок і цяпер забаўляўся тым, што ганяў па пероне брудныя паперкі і недакуркі. На сметніцах радаваліся жыццю тлустыя мухі. Каля цыстэрны з півам сабралася невялікая чарга. Яе ніхто не сустракаў. Галіна стаяла каля масіўных вакзальных дзвярэй, азіраючыся па баках. Першае жаданне — вярнуцца. Назаўсёды. Але цягнікоў у той бок не было. Яна пакорпалася ў кашальку, дастала дзве капейкі і зачынілася ў тэлефоннай будцы.

— Раз, два, тры, чатыры, — лічыла яна гудкі. На пятым — сонны голас. Любімы чалавек прачнуўся. Ён быў узрушаны і шчаслівы. Ён так чакаў яе, ён так чакаў яе... Галіна, не даслухаўшы, бразнула трубкай.


7

Ігар Сяргеевіч Раданевіч, рэжысёр, на якога ўскладалі вялікія надзеі, быў шчаслівы і разам няшчасны. Любімая тут, побач з ім. Яна яго талісман. У ёй чэрпаў ён сваю сілу.

Ігар Сяргеевіч не мог жыць адзін. У адзіноце ён задыхаўся. Яму трэба было гаварыць, гаварыць, разважаць, думаць уголас, аддаваць камусьці свае эмоцыі. А такі напал магла вытрымаць толькі жанчына. Дужая і закаханая. У яго, вядома.

Няшчасце ўсё было ў тым, што з-за мінулых дажджоў зрываўся выхадны, які быў запланаваны па графіку. Зрывалася лазня, рыбалка і шмат усяго, чым хацеў уразіць Галіну Ігар Сяргеевіч. Вядома, яна магла пайсці куды-небудзь у горад, але ён сказаў, каб яна засталася ў гасцініцы, бо ўсё роўна ён хутка вернецца.

Ігар пайшоў, і Галіна засталася адна. Яна выйшла на балкон. Раніца была сонечная-сонечная і свежая. Хацелася жыць і радавацца. Яна паглядзела ўніз. Ля клумбаў, на якіх раслі чырвоныя ружы, стаялі два студыйныя аўтобусы. Кіношнікі павольна выходзілі з гасцініцы і, чакаючы астатніх, садзіліся на лаўкі альбо проста на тратуар.

Цікава, падумала Галіна, як яны ўсе мяняюцца ў час здымак: пацёртыя джынсы, кепачкі з доўгімі казыркамі, стракатыя майкі, на нагах — шлёпан­цы ці красоўкі. Нейкі паўвячэрні, паўпляжны стыль. Арыстакраты ў лаге­ры хіпі.

Галіна пашукала вачыма Ігара. Ён стаяў з аператарам ля ўваходу ў гасцініцу і ўзбуджана жэстыкуляваў. Потым, нібы адчуўшы на сабе яе позірк, задраў галаву і паглядзеў угору. Галіна памахала яму рукой. Некалькі кабет сінхронна павярнулі галовы ўслед за рэжысёрам. Хоць Ігар і не хацеў афішыраваць яе прыезд, Галіна была задаволена, што яе заўважылі. Як ні кажы, а тое, што ён, рэжысёр, вылучыў яе з вялікай колькасці прыгожых жанчын, з якімі штодзённа сутыкаўся на кінастудыі, узвышала яе ва ўласных вачах.

I зараз, калі стаяла на балконе і махала яму рукой, Галіна была ўпэўнена, што варта перажываць, пакутаваць, чакаць дзеля таго, каб хоць на імгненне адчуць вось гэткае шчасце.

Аўтобусы павольна, адзін за другім рушылі з месца. «Вось і ўсё, — па­думала Галіна. — Ігар пачаў працаваць і пра яе забыўся, Ён ніколі не мог раздвойвацца. Гэта не азначала, што ён быў чэрствы альбо эгаіст. Проста ён быў такі. Чалавек, у якога каханне і работа існавалі паралельна і ніколі не скрыжоўваліся».

Сонейка пачало прыпякаць, і Галіна вярнулася ў нумар. Ігар займаў двухпакаёвы люкс з ваннай, тэлефонам і вялікай пярэдняй. Нядрэнна жывуць у экспедыцыях рэжысёры, бадай, лепш, чым дома. Фінская мэбля, мяккія фатэлі, дываны. За шклом серванта — кубкі, талеркі, фужэры, чаркі.

Разлічана на велікасвецкі прыём, падумала Галіна. У такіх абставінах жыць хочацца вольна, а раніцу пачынаць з шампанскага. I ўсё ж адчуваецца, што мужчына жыве тут адзін. На крэслах — раскіданыя рэчы, пад канапай — газеты, на стале — завялыя кветкі. Яна наліла свежай вады ў вазу, падрэзала сцяблінкі, павесіла ў шафу вопратку, зварыла моцную каву, паставіла яе астываць, а сама села ў спальні за пісьмовы стол. Паперы, паперы, нататкі на каляндарных лістках. Зусім як у яе ў рэдакцыі. Узяла са стала адкрытую кнігу. Хемінгуэй. Любімы пісьменнік, які заўсёды пры ім. Калісьці, яшчэ на пачатку іхняга знаёмства, ён сказаў: «Я хачу навучыцца здымаць так, як пісаў Хемінгуэй. Няўлоўнае рабіць не толькі ўлоўным, але і будзённым. Толькі тады я маю права сказаць: «Так, я прафесіянал». А пакуль усё, што ты бачыш, — гэта рамесніцтва».

У ацэнках сябе і іншых Ігар быў бязлітасны, і Галіна ведала, што працаваць з ім цяжка. Аднак жа яго любілі і ахвотна ішлі ў яго групу.

— Чаму? — задумаўся ён, калі Галіна спыталася пра гэта. — Таму што ў мяне ўсе занятыя. Мне патрэбны адданыя людзі, зацікаўленыя ў сумеснай справе. А для гэтага важна, каб кожны — і цясляр, і грузчык, — адчуваў сябе патрэбным. Хай не мне, а карціне. Мне ўсё адно. Галоўнае, каб нiхто не сноўдаўся без справы. Няма работы — прыдумаю. Прымушу пераставіць святло, змайстраваць стол, а потым скажу, каб разабралі яго. Хай яны бачаць у гэтым творчы пошук, хай мой капрыз. Мая мэта — захаваць ва ўсіх рабочы настрой. А як? Гэта ўжо іншая рэч.

Галіна ўзяла кнігу і пайшла ў гасціную. На пісьмовым стале яна ні да чога не дакранулася. У гэтым яны былі салідарныя. Hi ён, ні яна не любілі, каб адзін корпаўся ў паперах другога. Села ў фатэль, прысунула да сябе газетны столік, маленькімі глыткамі пачала піць каву.

Аднойчы ён прызнаўся, што марыць зрабіць фільм паводле апавядання Хемінгуэя «Белыя сланы».

— Уяўляеш, як было б здорава! Фільм пра каханне, якому суджана пагібель, якому ніколі не рэалізавацца. Крык душы, а вакол вакуум, абсалютнае неразуменне, нямая, выпаленая спякотай прырода і ўзгоркі, падобныя на белых сланоў. — Ён уздыхнуў, — На жаль, гэта толькі мара. Як і бе­лыя сланы.

— Чаму? — спыталася Галіна.

— Ёсць рэчы, якія не паддаюцца кінематографу, апроч таго не нарадзіўся пакуль другі Хемінгуэй, які здолеў бы напісаць адпаведны сцэна­рый... I яшчэ па многіх прычынах.

— Але чаму ты хочаш зняць фільм пра каханне, якому суджана пагібель? — дапытвалася Галіна.

— Каханне — як раса на траве: высахла і пагасла, — замест адказу працытаваў ён.

— Ты не верыш у каханне, — ціха сказала яна.

— Я не веру ў вечныя ісціны, — сур’ёзна запярэчыў ён і прыхінуў яе да сябе.

— Але ж я кахаю цябе.

— Ці надоўга? — Ён з усмешкай зірнуў ёй у вочы.

Калі яна пакахала яго? Успамінала Галіна. Спярша была зацікаўленасць. Ён мала расказваў пра сябе, больш задаваў пытанні і слухаў. Пра першую жонку сказаў, як адрэзаў: «Развяліся, і ўсё». Пра маці з бацькам: «Памерлі адно за другім». Але аднойчы...

Яна вярнулася з пахавання. Хавалі супрацоўніцу Алены Русаковіч На­ташу Глушчанка, маладую дзяўчыну трыццаці гадоў, якая памерла ад белакроўя. Але людзі лічылі, што гэтую смерць паскорылі яе родныя: бацька і мачаха. Гэта было дзіўнае пахаванне, на якім людзі не падыходзілі ні да сястры, ні да бацькі, не выказвалі ім свайго спачування. Гэта было пахаван­не, на якім наспявала сварка, і толькі бязмежная павага да нябожчыцы ды прысутнасць карэспандэнта — бо Галіна прыйшла знарок, каб напісаць артыкул, — папярэдзілі яе.

Наташына маці таксама памерла ад белакроўя, і бацька, які застаўся з дзвюма дочкамі, праз год ажаніўся. А яшчэ праз год мачаха выселіла васемнаццацігадовую Наташу ў сваю аднапакаёўку, мэблю з якой загадзя прадала. 3 бацькоўскага дома ёй нічога не далі, як не далі і грошай на рамонт.

Прыехаўшы ў морг, Галіна доўга не магла зразумець, дзе ж Наташына сястра. Па ўзросту падыходзіла толькі адна. У чорным аксамітавым паліто з пушыстай ламай, у шэрых італьянскіх ботах, у чорным пуховым касцюме, яна з абыякавым выглядам стаяла ля акна. Адна з супрацоўніц Наташы, ледзь стрымліваючы слёзы, выбегла з морга і загаласіла:

— Божухна, не магу глядзець! Стаіць, расфуфыраная, да труны не падыдзе... А Наташа... да замаразкаў без калготак хадзіла, пад самавязаным паліто шарсцяной хусткай абмотвалася, старыя бацькоўскія кашулі перашывала...

— Ляжала ў бальніцы, ужо не выходзіла, — дрыжачым ад хвалявання голасам пачала распавядаць Наташына сяброўка, — бацьку папрасіла, каб прыёмнік прывёз, а той кажа: «Як жа я яго табе прывязу? Ён дарагі, мы яго на кухні слухаем».

— Яшчэ адна прыгожая гісторыя пра норавы ў нашым грамадетве,— пакпіў Ігар, калі Галіна расказала пра тое, што адбывалася на пахаванні.— Разумееш, твая Наташа і яе родныя — гэта адзін бок праблемы. Маральны. Але ёсць і другі бок — сацыяльны. I на маю думку, ён галоўны. Бо існаванне такіх людзей, як яна, якія ў трыццаць гадоў не могуць пражыць на свой заробак, — гэта ненармальная з’ява. I пісаць трэба пра гэта. Што такое ў наш час пенсія шэсцьдзесят рублёў ці зарплата інтэлігента — сто дваццаць, ці зарплата той жа Наташы — дзевяноста? Што гэта? Дзяржаўная дапамога, каб чалавек не хадзіў з працягнутай рукой па вуліцах? Было б у тваёй На­ташы дастаткова грошай, харчавалася б яна як след, можа, не ляжала б за­раз у чарзе на крэмацыю.

— Можа, і не ляжала б, — згадзілася Галіна, — Але ўсё роўна ніколі я не зразумею, як можна паміраючай дзяўчыне, у якой кроў не спыняецца, замест падкладаў парэзаныя на кавалкі штроксы прыслаць?! I гэтае паха­ванне... Нават бацька не даў волі нервам. Раней людзі хоць у бога верылі, зданяў баяліся! А зараз? А можа, ёсць яны, здані? Можа, будзе яна ім з’яўляцца па начах?

— Не ведаю, — ціха сказаў Ігар, — Я бацьку рэдка сню, а з маці ўсё гамонкі пра сваё жыццё вяду.

— А як яны памерлі, твае бацькі? — спыталася Галіна.

— Бацька хварэў доўгі час, рак у яго быў. У бальніцы, калі выпісвалі, урачы папярэдзілі: два месяцы засталося, а ён яшчэ два гады пражыў. Шудасная хвароба. Ведаеш, што канец, а сэрца да гэтай думкі ніяк не прызвычаіцца. Ноччу ўстану, падыду да яго ложка, слухаю: дыхае ці не, а праз гадзіну якую мама да яго — туп-туп. Так і хадзілі па чарзе. Апошнія тры месяцы ён і не ўставаў ужо, ад болю ледзь прытомнасць не губляў, а ўколы тры разы на дзень. Сядзі, глядзі, як чалавек пакутуе, пакуль медсястра не прыедзе. Я тады з адным тыпам звязаўся, у лапу даў, надыбаў тых наркотыкаў i, як мог, астатняе жыццё бацьку аблегчыў. А ў мамы нервы зусім сапсаваліся. — Ігар падышоў да акна. На вуліцы было цёмна. Сеяўся дроб­ны, надакучлівы дождж. — Восень, час ураджаю, — сказаў Ігар. — Ва ўсім у прыродзе ёсць свой парадак, ва ўсім, акрамя смерці. — Ён крыху памаўчаў, углядаючыся ў цемру. — Калі памёр бацька, вядома, цяжка было, але я ўсё ж такі быў не адзін. Засталася мама, і я павінен быў яе падтрымліваць. Але калі праз тры гады мне пазванілі з бальніцы а першай гадзіне ночы і сказалі, што раптоўна сканала мама, якая ляжала там з запаленнем лёгкіх, мне хацелася біцца галавой аб сценку. Дома была гарэлка. Я выпіў шклянку, паехаў у бальніцу. Заходжу ў палату. Пусты ложак, перапалоханыя суседкі. Нешта кажа дзяжурны ўрач, я ківаю ў адказ, але нічога не разумею. Сядаю на мамін ложак, і мне здаецца, што я адчуваю яе пах, мамін пах, і мне хочацца, як у дзяцінстве, схаваць галаву ў яе падушку і забыцца, бо я яшчэ не веру, што яе больш няма. Потым прыходзіць нянечка, прыносіць сінюю маміну кофту, урач падае мне шклянку з вадой і таблеткі, я глытаю іх, выходжу з бальніцы. Чатыры гадзіны раніцы. Лета. Ужо днее. Блакітнае неба, зялёная трава, пустыя вуліцы. Я стаю адзін, у руках маміна кофта... Разумееш, кофта, якую больш некаму будзе апрануць, і я ўяўляю, як увайду ў кватэру, дзе ўсё яе: рэчы, вопратка, кнігі, а яе няма. Гэта страшна. Гэта так страшна... I самае крыўднае, што яна, якая так любіла дзяцей, не дачакалася ўнукаў. I таму, пэўна, я праз год ажаніўся.

Ігар змоўк. I па ягоным насупленым твары Галіна ўбачыла і зразумела, што ён зараз злуе на сябе за гэты ўсплёск шчырасці, і зрабіла адно, што лічыла правільным: дастала з бара бутэльку сухога віна і сказала:

— Давай памянём тваіх бацькоў.

Напэўна, у той вечар яна ўпершыню ўсвядоміла, што кахае яго. Нейкае мацярынскае пачуццё нарадзілася ў ёй, хацелася быць з ім лагоднай, пяшчотнай. I яшчэ яна паверыла ў яго, бо лічыла, што мужчына, які так любіў і шанаваў сваю маці, ніколі не пакрыўдзіць жанчыну.

Галіна дапіла каву і доўга глядзела на дно шклянкі, нібы спрабуючы прачытаць сваю будучыню.


8

Луг, з двух бакоў нібы ўзяты ў абдымкі яловым лесам, разразаў пасярод імклівы вузкі ручай. Пад кустамі арэшніку, на высокім узгорку, сядзелі вяскоўцы: загарэлыя дужыя хлопцы ў майках, жанчыны ў стракатых хустках, маладыя дзяўчаты ў паркалёвых выцвілых сукенках, некалькі дзядоў у цёмных кепках, з абветранымі, зарослымі сіваватым шчаціннем тварамі. Нават спякота не змусіла старых зняць прывычныя пінжакі. На траве — некалькі веласіпедаў. Каля ручая, на самым санцапёку, стаялі блакітныя студыйныя аўтобусы. Непадалёк ад іх загаралі акцёры, не занятыя цяпер на здымцы. Зусім блізка ад здымачнай пляцоўкі стаялі басанож хлапчукі і з захапленнем назіралі за аператарам. Кожнаму карцела паглядзець у «вочка» камеры, памацаць яе рукамі, але рэжысёр катэгарычна забараніў ім набліжацца да аператара, і яны з нецярпеннем чакалі, калі ў акцёраў бу­дзе перапынак.

— Адкуль кот?! Адкуль узяўся гэты кот?! — раптам зароў аператар і спыніў камеру.

Усе павярнуліся. I сапраўды: у цэнтры здымачнай пляцоўкі, выгнуўшы спіну і ашчацініўшыся, сядзеў чорны кот і нахабна варушыў вусамі.

— Псік! — закрычаў адзін з асвятляльнікаў і пранізліва свіснуў. Кот стрымгалоў кінуўся прэч.

— Так, — Ігар рушыў да хлапчукоў, якія былі спужаліся і адразу пачалі павольна падавацца назад. — Чый кот? — сурова спытаў ён.

Хлапчукі спадылба пазіралі адзін на аднаго.

— Я пытаю, чый кот? — яшчэ больш сурова сказаў Ігар.

— Мой,— шэптам адказаў ці не самы маленькі хлопчык гадоў шасці і на ўсякі выпадак адышоўся.

— Ты навошта яго прынёс?

— Здымацца, — яшчэ цішэй сказаў хлопчык.

— Паслухай, Іванка, — Ігар прысеў на кукішкі, — учора ты прынёс пеўня, сёння — ката, а заўтра што, карову прывядзеш?

Хлапчукі, адчуўшы, што небяспека мінула, захіхікалі.

— Не, — адмоўна крутнуў галавой Іванка, — карову мамка не дасць.

— Ну, дзякуй богу! — Ігар з палёгкай уздыхнуў, падняўся і, павярнуўшыся да акцёраў, гучна аб’явіў: — Таварышы, можаце не хвалявацца, каровы не будзе!

Навокал засмяяліся.

— Ану марш адсюль, і каб духу вашага не было, а не то... — Аператар, які падышоў ззаду, памахаў у паветры дубцом.

Хлапчукі кінуліся наўцёкі.

— Ігар Сяргеевіч, старшыня едзе! — падбегла адміністратар групы Ган­на Гаўрылаўна.

Па дарозе, што вузкай палоскай цягнулася ўздоўж лесу, пыліў, нязграбна падскокваючы на выбоінах, белы «Масквіч». Ігар, не спяшаючыся, пайшоў яму насустрач.

Ля ўзгорка, на якім сядзелі калгаснікі, «Масквіч» рэзка затармазіў, і з машыны паказалася невысокая, круглая, нібы шарык, фігура старшыні. Шырока ўсміхаючыся, ён моцна паціснуў руку Ігару, па-змоўніцку падміргнуў яму і скорагаворкай паведаміў:

— Артыстак прывёз. Як дамаўляліся. Усе актыўныя, у самадзейнасці ўдзельнічаюць, галасістыя: запяюць — на другім канцы вёскі чутно. — I, павярнуўшыся да калгаснікаў, закрычаў: — А гэта што яшчэ за вячоркі? Ці работа скончылася? Савеліч, табе хто грошы плаціць? Я альбо кінастудыя? А ты, Касач, дзе свой трактар пакінуў? Я табе раніцай што загадаў?

— Ну што ты гэтак во адразу? — прымірэнча сказаў, узнімаючыся з травы, высокі, сутулаваты мужчына. — У мяне на ўчастку парадак, усіх шэфаў з інстытута работай ахапіў.

— Ну малайчына! — Ад абурэння ў старшыні пачырванеў твар і шыя. — Шэфы робяць, а ён адпачывае.

— Ты, Цімафей Піліпыч, няправільна сучасны момант разумееш,— уступіў у размову малады хлопец з вузкімі прыжмуранымі вачыма. — Мы тут дзеля чаго? Каб рэжысёра ў галіне сельскай гаспадаркі кансультаваць. Каб праўду жыцця на экране захаваць. А то глядзіш іншы фільм і морду таму, хто яго здымаў, набіць хочацца. Касіць, — хлопец павысіў голас, — не ўмеюць! Правільна я кажу, таварыш рэжысёр? — Ён хітравата падміргнуў Ігару.

Але адбіцца жартам яму не ўдалося. Круглы твар старшыні раптам выцягнуўся, жылы на шыі выразна запульсавалі, і па тым, як калгаснікі заварушыліся, як хлопцы пасунуліся да сваіх веласіпедаў, Ігар падумаў, што зараз старшыня нешта «выдасць». Але той толькі стомлена махнуў рукой.

— Бачылі? — звярнуўся ён да Ігара.— Крытыкі, кансультанты... Зусім расперазаліся. Я вам такую праўду жыцця пакажу, — зноў закрычаў ён,— забудзеце, дзе жыццё, а дзе праўда!

Праз хвіліну ўсю моладзь з узгорка нібы ветрам здзьмула. Засталося толькі некалькі немаладых жанчын і дзядоў.

А старшыня, які ўжо супакоіўся, паглядзеў у бок сваёй машыны і здзіўлена працягнуў:

— А што ж гэта нашы прыгажуні на свет божы ніяк не вылезуць? Мо зусім ад сонца расталі? Гэй, дзяўчаты, выходзьце! — закамандаваў ён.

I тут адна за другой з машыны паказаліся тры рослыя, паўнагрудыя дзяўчыны ў яркіх шаўковых сукенках, з аднолькавымі пышнымі прычоскамі і нафарбаванымі цёмна-бардовай памадай вуснамі.

Убачыўшы іх, Ігар сеў на траву, схапіўся за галаву рукамі і пакаціўся ад рогату. Дзяўчаты, якія менш за ўсё спадзяваліся на такі прыём, пачырванелі і, разгублена пераступаючы з нагі на нагу, камячылі свае сукенкі. Старшыня, нічога не разумеючы, здзіўлена паглядаў то на іх, то на Ігара. Заўважыўшы, што ля машыны адбываецца нешта незвычайнае, падышлі некалькі акцёраў і аператар-пастаноўшчык. Аператар, які адразу зразумеў, у чым справа, махнуў рукой, вылаяўся і пайшоў прэч. Акцёры, добразычліва ўсміхаючыся, разглядалі дзяўчат. Нарэшце адна з іх не вытрымала і, ледзь стрымліваючы слёзы, закрычала:

— Як вам не сорамна! Самі запрасілі здымацца, а цяпер здзекуюцца!

Ігар падняўся з травы і, усё яшчэ пасмейваючыся, сказаў:

— Даруйце, дзяўчаты! Непаразуменне атрымалася. — Ён падышоў да старшыні. — Цімафей Піліпыч, я вас каго прасіў прывезці? Даярак, проста з фермы. А вы мне іх з цырульні даставілі ды яшчэ ў святочных сукенках.

— Ды хто ж ведаў?.. — развёў рукамі старшыня. — Я ж хацеў як лепш.

— Ну добра, — рашуча сказаў Ігар, — Ганна Гаўрылаўна, зараз жа дзяўчат да грымёраў, хай прывядуць іх у парадак. А вы застанецеся? — спытаў ён старшыню.

— Дзе там! — замахаў той рукамі. — I так вунь колькі часу з вамі бавіўся. — Ён сеў у машыну. — Усяго добрага! Да сустрэчы! Калі што трэба — звяртайцеся!

Ігар задумліва абвёў позіркам здымачную пляцоўку, паглядзеў на сон­ца, што высока вісела над лугам.

— Ганна Гаўрылаўна, аб’явіце перапынак, — стомлена сказаў ён і ру­шыў да аўтобуса, ля якога сядзеў другі аператар Вадзім і раскладаў на траве бляшанкі са стужкай.

— Таварыш рэжысёр! — Ігар раптам пачуў за спіной тонкі голас. Ён павярнуўся і ўбачыў дзвюх хударлявых дзяўчынак гадоў дзевяці-адзінаццаці. Яны цягнулі вялікі жоўты бітон. — Гэта вам мама казала перадаць. Кіслае малако. Халоднае-халоднае!

— Ах вы, мае мілыя! Ах, прыгажунечкі! — Ігар абняў дзяўчынак за плечы і расцалаваў, ад чаго тыя адразу зачырванеліся. — Ну дзякуй! Ну дагадзілі! А як жа зваць вашу маму?

—· Мама Каця, — у адзін голас адказалі дзяўчынкі.

— Ну дык вялікае-вялікае дзякуй вашай маме!

Дзяўчынкі згодна кіўнулі і пабеглі ў вёску, а Ігар узняў бітон над галавой і закрычаў:

— Гэй, грачы! Налятай, частуйся!

— Да нас нясі! — махнуў рукой аператар-пастаноўшчык.— Я выдаваць буду. Рубель за шклянку. За другую — два рублі.

— А чаму за другую — два рублі? — спыталася грымёр Наташа.

— Як чаму? — здзівіўся аператар, — Дэфіцыт!

Ігар сеў на траву, паставіў бітон між ног, зняў накрыўку і з асалодай удыхнуў свежы пах кіслага малака.

— Эх, смаката! Нажом рэзаць можна, — сказаў ён.

Пілі па чарзе, бо шклянак не хапала.

— Добра, што свет не без добрых людзей, — сказала Ганна Гаўрылаўна.

— Трэба з гэтай мамай бліжэй пазнаёміцца, — сказаў аператар-пастаноўшчык. — Увечары заедзем, падзякуем.

— Глядзі, каб цябе там тата дручком не сустрэў, — усміхнулася Ганна Гаўрылаўна.

— Тату бяру на сябе, — сказаў Вадзім, распростваючы плечы і напружваючы мускулы.

Ігар з шклянкай у руках адышоўся ўбок, сеў на траву, нетаропка пачаў піць кіслае малако. Ён паспрабаваў засяродзіцца на наступным эпізодзе, але думкі ці ад спякоты, ці ад стомы былі блытаныя, вялыя. Тады ён адставіў шклянку, лёг на траву і паспрабаваў расслабіцца.

Ляжаў, прыжмурыўшы вочы, слухаў. Яму здавалася, што паветра дрыжыць ад стракатання конікаў, якія хаваліся ў высокай траве, і дзумкання пчол. Сіняя прыгожая стракозка, даўжынёй з запалку, праплыла над ягоным тварам, рэзка хіснулася ўбок і замерла, выставіўшы ўгору свае бліскучыя празрыстыя крылцы. Ігар з цікавасцю назіраў, як яна, нібы падвешаная на нітачцы, лунае ў паветры.

«Як добра адключыцца ад усяго, — нечакана падумаў ён. — Пасяліцца ў якой-небудзь глухмені, ляжаць на траве, глядзець на далёкае бясхмарнае неба і ні пра што не думаць!» Раптам здалося, што ён пачынае разумець імкненне свайго героя збегчы ад гарадской мітусні, і думкамі зноў вярнуўся да работы...

Галоўны герой развёўся з жонкай, кінуў горад, кватэру, пасяліўся ў вёсцы. I вось мінуў год. Цяжкі для яго год. Іншы лад жыцця, іншыя праблемы. Вайна са старшынёю, з калектывам, п’янствам, марнатраўствам, з уласнымі сумненнямі. I калі, нарэшце, лёд зрушыўся, калі большасць людзей усвядоміла, што не пра сябе, не пра сваю кар’еру клапоціцца ён, змагаючыся з безгаспадарчасцю, герой раптам адчуў, што стаміўся і ніколі тут не прыжывецца. Бо адзін ён не здолее перайначыць тое, што складалася дзесяцігоддзямі, перадавалася з пакалення ў пакаленне, усмоктвалася з малаком маці, — псіхалогію дробнага ўласніка.

Ён ідзе па лузе. Адзінокі чалавек, сам па сабе, які пацярпеў у жыцці яшчэ адно фіяска. Над ім — незвычайна яркае сіняе неба. Пад нагамі — маладая, сакавітая трава, што сцелецца па зямлі зялёнымі хвалямі. Але ён нічога гэтага не заўважае. Вера, надзея, любоў — усё гэта ў мінулым. А наперадзе што?

Раптам ён спыняецца — пад нагамі параненая ластаўка. Ён асцярожна бярэ яе, кладзе на далонь, азіраецца. Як апынулася яна тут? Маленькая, галодная, бездапаможная, з перабітай лапкай. Ён ласкава гладзіць яе, падыходзіць да ручая, дае ёй напіцца, сядае на адхон, глядзіць на празрыстую імклівую ваду. Побач, кульгаючы на адну лапку, скача птушка і весела шчабеча. Дзіўна, але ён адчувае, што нягледзячы ні на што ўсё ж любіць гэтае неба, і гэты ручай, і гэтую ластаўку. Ён узнімае галаву і зажмурваецца.

Застанецца ён у вёсцы ці вернецца ў горад? Справа не ў гэтым. Галоўнае — поле душэўнага напружання, што стварылася вакол яго, пэўны паварот у грамадскай свядомасці. Зламаны чалавек і жыццесцвярджальны ма­тыў, які павінен гучаць у гэтай сцэне, як звон, як набат. Але ж як гэтага дамагчыся?

Можна, вядома, пайсці па правераным шляху: даць патрэбную музыку, эфектны пейзаж. Можна закрануць найбольш чуллівыя струны ў душы гледача. Можна ўсіх падмануць. Але падмануць сябе?! Ад сябе ж не схаваеш сваёй бездапаможнасці.

Ігар прыўзняўся на локцях і агледзеўся. Усе яшчэ адпачывалі. Узгорак, на якім сядзелі калгаснікі, апусцеў. Цішыня, што зараз панавала на здымачнай пляцоўцы, здавалася нязвыклай. Ігар зноў лёг на спіну і заплюшчыў вочы. Рашэнне не прыходзіла. Нешта разладзілася. А спачатку ўсё ішло як па масле. Працавалі на адной хвалі, і мізансцэны ўсе атрымліваліся ледзь не з першага разу. Нехта нават пажартаваў наконт прэміі за эканомію стужкі. А ён падумаў: «Усё вельмі проста: Галіна прыехала». I ўсё, нібы сурочыў. Палаяліся з аператарам. А ў гэты час Алка, якая іграла бы­лую жонку героя, спусцілася ў белых джынсах да ручая і вярнулася ў гразі па калені. Ён, не стрымаўшыся, сказаў некалькі рэзкіх слоў. Алка расплакалася. Дык што, здымаць яе ў кожным кадры ў новым адзенні? Потым яшчэ гэты кот, расфарбаваныя дзяўчаты. I ўсё. 3-за нейкіх дробязей здым­ка спынілася, і тая прыўзнятасць, з якой працавалі зранку, у адзін момант знікла і наўрад ці цяпер узновіцца.

Можа, трэба кідаць усё і вяртацца? Тым больш, што Галіна чакае. Недарэчна ўсё атрымалася. Зранку праспаў — забыў завесці будзільнік. Напярэдадні працавалі дванаццаць гадзін, прыехалі зусім стомленыя. Каб не тыя дажджы, усё ішло б нармальна, а то сядзелі, марнаваліся, чакалі сонца. Ды яшчэ гэты ёлуп, Вадзім. Паслалі ў Мінск праявіць стужку, а ён замест Мінска ў Ленінград заехаў. Паязды пераблытаў. Знарок не прыдумаеш... А Галка адно пытае: «Навошта мяне зваў? Грошы мог і па пошце атрымаць».

Якія грошы? Пры чым тут грошы? Што яна, жартаў не разумев? Прос­та шукаў зачэпку, каб прыехала. Ён усміхнуўся, раптам успомніўшы, як у паўзмрочнай зале яна брала ў яго інтэрв’ю. А ён назіраў, як яна паварочвае галаву, як смяецца, як ззяюць ад захаплення яе вочы. Спачатку ён назіраў за ёю. як прафесіянал, але недзе на сярэдзіне фільма скоса зірнуў на яе і адчуў, як у душы нешта зрушылася, сэрца сціснула і адпусціла, а па целе прабеглі лёгкія дрыжыкі. I потым, калі ездзілі па калгасах, увесь час успамінаў пра яе, і пачуццё чагосьці прыемнага, нейкай прыўзнятасці не пакідала яго.

Замест двух саўгасаў яны наведалі чатыры. I ў кожным іх так бурна прымалі, з такой шчырасцю і захапленнем, што абысціся кароткімі выступ­леннямі, як спачатку планавалі, было проста няёмка. Дадому вярнуліся каля трох гадзін ночы. Ён адамкнуў дзверы сваім ключом і вельмі здзівіўся, убачыўшы ў кватэры святло. Увайшоў у пакой. На тахце, скруціўшыся, як дзіця, спала Галіна. На падлозе валялася ручка і спісаныя аркушы паперы. Ён падняў адзін з іх, паспрабаваў чытаць, але почырк быў неразборлівы — некаторыя словы даводзілася адгадваць.

«Гэтая бязлітасная да іншых жанчын, па сутнасці, вельмі няшчасная. Яе аўтарытарнасць агрэсіўная. Але гэтую агрэсіўнасць можна параўнаць з агрэсіўнасцю двухгадовага дзіцяці, якое не ўсведамляе яшчэ, што ёсць нехта, дужэйшы за яго, і таму бясстрашна, з шырока расплюшчанымі вачыма, ідзе на любога ворага».

Ігар падняў яшчэ адзін лісток і адразу наткнуўся на свой партрэт:

«Ён мала смяецца, але вочы ў яго добрыя. Позірк пранізлівы і засяроджаны, як у чалавека, які спасціг самую сутнасць і імкнецца данесці яе ў цэласці да сваёй свядомасці».

Ігар усміхнуўся: вось якім убачыла яго гэтая дзяўчына.

Ён пакінуў лісты на падлозе, патушыў святло і толькі хацеў быў пайсці на балкон пакурыць, як яна прачнулася. Нават зараз, успамінаючы тую ноч, ён не мог растлумачыць, што з ім тады адбылося. Узбуджэнне, у якім ён жыў некалькі дзён перад прэм’ерай, змянілася апатыяй, стомленасцю, і ў той жа час, убачыўшы Галіну, якая так мірна і даверліва спала ў яго кватэ­ры, упершыню пасля смерці маці ён зведаў пачуццё спакою, нібы пасля доўгага бадзяння вярнуўся ў дом, дзе нехта чакаў яго. Упершыню ў гэтай ква­тэры, куды ён пераехаў пасля разводу і да якой ніяк не мог прывыкнуць, яго пакінула пачуццё адзіноты, цяжкага смутку, уласнай непатрэбнасці. Як гэта магло атрымацца вось так проста? Toe, ад чаго ён шукаў уратавання ў віне, у мімалётных раманах, у працы, схлынула ў адзін момант, нібы змытае марскім адлівам, і застаўся голы бераг — чысты, некрануты. Штосьці новае абудзілася ў ім. Не, гэта не было каханне. Гэта была боязь страціць яе, гэтую дзяўчыну. I гэтая боязь заглушыла ў ім у тую ноч усе іншыя пачуцці.

А ўранку яму прысніліся белыя матылі, і ён прачнуўся нібы нанова народжаны. Ляжаў і думаў, што Галіна прынясе яму шчасце. Ён меўся пайсці ў адпачынак, паехаць у горы, але пабаяўся, што, калі вернецца, яна пра яго ўжо забудзе.


9

Галіна паглядзела на гадзіннік. Як марудна цягнецца час! Вось так заўсёды: на рабоце марыш пра тое, каб адпачыць, а як знойдзецца вольная гадзіна, не ведаеш, чым і заняцца. Нават у горад не хочацца выходзіць. Ды што цікавага яна тут убачыць? Такія ж, як паўсюль, стандартный дамы, заклапочаныя людзі, пустыя магазіны, доўгія чэргі ў кафэ, дзе, дарэчы, няма нічога смачнага, некалькі кінатэатраў, Дом культуры побач з аддзяленнем міліцыі, каб апошняй было зручней «перавыхоўваць» наведвальнікаў такіх культурна-масавых мерапрыемстваў, як танцы. I хто наогул прыдумаў гэтыя дамы культуры, гурткі мастацкай самадзейнасці для дарослых?! Чаму прафесарам не прапаноўваюць паспяваць пасля работы ў народным хоры, а рабочых і калгаснікаў усіх трэба ахапіць, арганізаваць?! I як абрыдла пісаць пра гэтыя мерапрыемствы! А што рабіць? Над ёй начальства, якое патрабуе асвятляць, як шырыцца ў рэспубліцы сетка дамоў культуры, як ве­села і як цікава там бавіць вольны час насельніцтва. I вось прыязджаеш у раённы цэнтр, дзе няма ніводнага сквера, ніводнай прыгожай лавачкі, ніводнага прыгожага будынка, але ёсць Дом культуры, селішся ў завэдзганай гасцініцы, у пакоі з рыпучай драўлянай падлогай, са сценамі, пафарбаванымі ў брудны зялёны колер, і абабітай тынкоўкай, глядзіш на павуцінне, што звісае са столі, на акно, якое калі і мыюць, дык адзін раз у год — на суботніку, і думаеш: «Вось дзе яна, культура!» А потым сустракаешся з дырэктарам ці галоўным метадыстам, для якіх прыезд сталічнага карэспандэнта раўназначны стыхійнаму бедству, глядзіш разам з імі планы, слухаеш, колькі мерапрыемстваў праведзена, колькі людзей ахопллена, як сучасная моладзь любіць народныя песні, а на танцах танцуе вальс і крыжачок, і адчуваеш сябе ўдзельнікам гуртка «Хто каго перахлусіць». I, з аднаго боку, шкада гэтых людзей, якія нічога не бачаць у сваім жыцці, жывуць у агідных умовах, а з другога боку, злосць бярэ — чаму ж да сябе вы такія неахайныя?! Чаму ў суседняй Прыбалтыцы кожны дворык, кожны гарадок мае сваё аблічча, захоўвае нацыянальныя рысы, уражвае самабытнасцю?! Чаму ў іх дарогі як дарогі, а ў нас — успаміны пра вайну?! Чаму ў іх паўсюль чыста, утульна, прыгожа?! Чаму яны шануюць свой родны край, а мы жывём так, што пасля нас і сапраўды трава расці не будзе?! I хіба гэта жыццё? Не, не пра мерапрыемствы трэба пісаць, а пра нацыянальную годнасць! Бо хто і за што нас паважаць будзе, калі мы самі сябе не паважаем! Яна неяк напісала артыкул «3 чаго пачынаецца Радзіма і нацыянальная годнасць?», потым доўгую размову з рэдактарам мела, які амаль з гадзіну тлумачыў, што беларусаў ва ўсіх рэспубліках любяць за сціпласць, за добразычлівасць, за тое, што не высоўваюцца, а яна ў сваім артыкуле прапаведуе нацыяналізм. Потым уздыхнуў, выцер узмакрэлы лоб, сказаў:

— Ну што табе параіць? Артыкул не выкідай. Хай паляжыць. Некаторыя рэчы з гадамі цану набываюць.

Вось такую параду даў. Значыць, усё ж такі яна мае рацыю. I за гэта дзякуй. Не, не такой уяўляла сабе журналістыку, калі вучылася ў школе. Думала, што журналіст усё можа. Наіўная! Гэта толькі ў кіно журналіст — змагар за справядлівасць. А ў жыцці —паднявольны чалавек, як і ўсе. Праўда, зараз, пасля смерці Чарненкі, усе на перамены спадзяюцца, кажуць, не будзе «закрытых тэм». Ужо з’явіліся ў друку цікавыя публікацыі. Але многія з іх толькі здзекуюцца. Стась, напрыклад, самаўпэўнена заявіў: «Вось пабачыш, гэта як музыкальная шкатулка: паіграе, паіграе і зачыніцца з трэскам разам з тымі, хто першым павысоўваўся». А Ігар лічыць, што ў нашай краіне ўсё можа быць, нават галоснасць. Будзе, не будзе, а ўсё ж ці не з занядбання роднай зямлі пачынаюць ірвацца карані з радзімай, страчваецца пачуццё нацыянальнай свядомасці, прыходзіць у заняпад куль­тура? Шукаюць недзе ў нетрах прычыны чалавечай бяздушнасці, бязлітаснасці, раўнадушша, а яны ж тут, на паверхні. Бо якую мараль прынёс у горад той, хто пакінуў родныя мясціны? Пра што дбаюць гэтыя людзі, акрамя ўласнай карысці? Пачытаеш біяграфію кіраўнікоў — амаль усе з вёсак. Вывучыліся, атрымалі кватэры, машыны, мэблю купілі, за мяжу ездзяць, чу­жой культурай захапляюцца, па вечарах паказваюць сябрам слайды: пала­цы, цэрквы, касцёлы, сучасныя будынкі, якія захоўваюць нацыянальныя асаблівасці, а ў сябе на радзіме будуюць аднолькава безаблічныя каменныя дамы. Няўжо дваццатае стагоддзе праславіцца ў гісторыі Беларусі тым, што народ па добрай волі забыўся пра свае карані?! Нават жахліва пра гэта думаць. Але пакуль ганарыцца няма чым. Дойлідства ў заняпадзе, кінематограф у заняпадзе. У той жа Прыбалтыцы ва ўсіх фільмах здымаюць сваіх акцёраў, а «Беларусьфільм» даўно ператварыўся ў масфільмаўскі філіял. I ніхто бяды ў тым не бачыць. Во, зараз Ігар набіраў акцёраў: трое з Масквы, адзін з Ленінграда, а беларускія толькі для эпізодаў. Яна спытала:

— Паслухай, няўжо ў нас няма акцёраў?

— Такіх, як мне трэба, няма.

— А якія табе патрэбны?

— Такія, якіх я бачу ў гэтых ролях.

— А беларускіх ты не бачыш?

— Не бачу.

— Не хочаш бачыць.

Ён здзіўлена зірнуў на яе.

— Чаго ты да мяне прычапілася? Ці гэта не мая справа адбіраць акцёраў?

— Вядома, твая. Але няўжо ў тваім фільме такія звышскладаныя ролі, з такой звышзадачай, што нават вясковую кухарку павінна іграць акцёрка з Масквы? — здзекліва спытала яна.

— А што? — паціснуў плячыма Ігар. — Цудоўная жанчына, твар — просты, добры, у вачах — жыццёвая мудрасць, і потым у яе імя.

— Во-во, імя! — запляскала ў далоні Галіна. — Калі не маеш свайго, як можна вылучыцца? 3 дапамогай чужога. А інакш хто на твой фільм пойдзе? Рэжысёр невядомы, акцёры таксама. А ці не занадта спрашчаеш ты сабе жыццё?

— У нашых акцёраў няма школы, — лектарскім тонам сказаў Ігар.

— Няма школы! — раззлавалася Галіна. — А адкуль ёй узяцца? Школа ёсць там, дзе ёсць настаўнікі! А хто ў нас настаўнік? Ты ці твае прыяцелі? Хто з вас дбае пра беларускую школу? Прыбалтаў усе студыі запрашаюць, а беларусаў на роднай у вочы не ведаюць! Калі ты быў апошні раз у тэатры? Каго з акцёраў на сцэне бачыў? Яшчэ інтэлігентам сябе лічыш! Толькі і ведаеце, ты і твае сябры, што сядзець з чаркай перад тэлевізарам і ганьбіць усіх запар! Бо вы адны геніі!

Яна думала, што ён пачне спрачацца ці хоць пакрыўдзіцца, нічога падобнага! Паблажліва ўсміхнуўся:

— Вось не падазраваў, што маю справу з нацыяналісткай.

Яна — нацыяналістка! Звар’яцець можна! Нічога не зразумеў. I нібы на злосць ёй дамовіўся, што музыку да фільма напіша ленінградскі кампазітар.

Галіна зноў паглядзела на гадзіннік. Але дзе ж Ігар? Сказаў, што доўга не затрымаецца. Гаротнік! Працаваць у такую спякоту — не пазайздросціш. Ды яшчэ без выхадных, па дванаццаць гадзін у суткі. У кіно таксама свой план. Дзіва, што ён такі нервовы зрабіўся. Кажуць, самая высокая смяротнасць сярод авіятараў і кіношнікаў. I самыя няўстойлівыя шлюбы таксама сярод іх. Паша Смірніцкі з адной жонкай два разы ажаніўся. I ўсё роўна жывуць, як кошка з сабакам. То ён ад яе пойдзе, то яна ад яго. Галіну Пашава жонка не выносіць. Як жа, адукаваная, журналістка, а хто ў Мінску самая модная касметычка — не ведае. і Ігару піць не дазваляе. Усе п’юць, Пашава жонка нароўні з мужчынамі, а Ігар не п’е! Не піў, удакладніла Галіна. Спачатку, як пазнаёміліся, ён і сапраўды не піў. Галіна таксама думала, што ў гэтым яе заслуга, а по­тым зразумела, што не, Ігарам не пакіруеш. Не можа мужчына не піць, калі ўсе вакол п’юць. Два месяцы ні кроплі ў рот не бярэ, толькі пачынаеш думаць, што на зямлі рай настаў, а тут нехта грошы атрымаў ці сябар прыехаў, і ўсё... Адлічвай кругі пекла.

I не таму ж п’юць, што грошы з усіх кішэняў сыплюцца. У Ігара наогул грошай няма. За апошнюю карціну атрымаў — з даўгамі разлічыўся, бо, калі з жонкай разыходзіўся, паўтары тысячы пазычыў, каб кватэру размяняць. Зараз ізноў у доўг жыве. I «пашанцавала» ж яму з першай жонкай! Бацькоўскую хату праз яе страціў, з паўгода ў прыяцеля Кастуся Кудрэйкі жыў. Кастусёва жонка Леся казала, што Ігар тады адно што на леках трымаўся, не мог сабе дараваць, што як дурань папаўся ў лапы васемнаццацігадовай пачвары і зараз павінен з бацькоўскага дома з’язджаць. А на выгляд, кажуць, Ігарава жонка была прыгожая! Рускі сувенір. Шчокі румяныя, вочы вялізныя, сінія, валасы белыя, доўгія, ледзь не да пят. «Як мужчына ўбачыць, — па сакрэту расказвала Леся, — унутры нібы полымя загараецца. Вось Ігар і спакусіўся. Ды і не ён адзін. 3 кім яе толькі не бачылі, нават з арабамі. A Ігар, як любы мужчына, занадта ўпэўнены ў сабе, вядома, нічога не ведаў. Яшчэ і па магазінах хадзіў, ежу гатаваў, бо яна нічога рабіць не ўмела ці не хацела». Такім чынам Галіна даведалася, чаму Ігар ніколі не расказвае пра першую жонку.

Леся з Кастусём таксама былі дзіўнай парай. Кастусь — рэжысёр, аднагодак Ігара. Леся — былая акцёрка тэатра, на восем гадоў старэйшая за Кастуся. Маленькая, худзенькая, з кароткай стрыжкай, — жанчына без узросту. Дзяцей у іх не было, хоць жанаты яны былі даўно. Галіна веда­ла, што Кастусь здраджвае Лесі, а Леся Кастусю. Але на людзях яны ніколі не сварыліся і нават клапаціліся адно пра аднаго. Кастусь ужо два гады нічога не здымаў — быў не ў ладах з кіраўніцтвам студыі, Леся так­сама не працавала, бо ў тэатр яе не бралі праз маленькі рост і, акрамя таго, яна часта хварэла. На якія сродкі яны жылі, ніхто не ведаў. У двухпакаёвай кватэры мэблі амаль не было: тахта, пісьмовы стол, фатэлі і некалькі крэслаў. Тыя, хто прыходзіў да іх, прыносілі ежу: пельмені, сасіскі, хлеб, каўбасу. Абое пілі, але ўпотай. Кастусь звычайна хаваў бутэльку з гарэлкай за кнігамі на паліцы, Леся — на кухні на антрэсолі. Але самае дзіўнае, што гасцей у іх заўсёды быў поўны дом. Ігар лічыў сябе ім вельмі абавязаным і першае, што зрабіў, калі пазнаёміўся з Галінай, павёў яе да Лесі ў госці. На агледзіны, як потым зразумела Галіна. Ле­ся Ігараў выбар адобрыла і, калі развітваліся, шапнула Галіне: «Вось пабачыш, ён з табой ажэніцца». Але Лесіна прароцтва ўсё яшчэ не споўнілася. Ігар жаніцца не збіраўся.

Перад ад’ездам у экспедыцыю ў іх выпадкова адбылася непрыемная размова на гэтую тэму.

Ігар складаў свае рэчы ў вялізную сумку, яна прасавала яго кашулі. Настрой у яе быў панылы. Першы раз яны расставаліся на некалькі месяцаў, і ад думкі, што ўжо праз дзень яна не ўбачыць яго, шчымела сэрца, валілася ўсё з рук, хацелася, як у дзяцінстве, сесці на падлогу і ціха плакаць, плакаць, плакаць ад жалю да самой сябе. I, каб саўладаць са сваёй нервовасцю, Галіна з нейкай злосцю вадзіла прасам па кашулі. Але Ігар заўважыў яе слязлівы настрой. Падышоў ззаду, абняў за плечы.

— Ну чаго, чаго ты хвалюешся? Я ж не на ўсё жыццё еду. Прыедзеш да мяне.

— У якасці каго? — раптам спыталася Галіна.

— Любімай жанчыны, — адказаў ён.

Галіна адставіла прас, павярнулася.

— Ігар, мне абрыдла быць проста любімай жанчынай.

Ён зноў паклаў рукі ёй на плечы, паспрабаваў пажартаваць.

— Хочаш страціць любімую жанчыну — ажаніся з ёй. А я цябе страчваць не збіраюся.

— Так ты мяне хутчэй страціш, — хмура адказала Галіна. — Я ж вольная жанчына, без якіх-небудзь абавязкаў.

Ігар спахмурнеў, цёмныя вочы зрабіліся жорсткімі.

— Хіба пачуццё — гэта абавязак? Хіба з дапамогай шлюбу мужчына можа ўтрымаць жанчыну ці наадварот? Пра якія абавязкі ты гаворыш? Я кахаю цябе, ты — мяне. Што трэба яшчэ?

— Трываласць, будучае, — Галіна рэзка скінула з плячэй яго рукі, адвярнулася, каб ён не бачыў яе выразу твару. Яна адчувала сябе бездапаможнай і адзінокай. Пяць хвілін таму ёй здавалася, што ў яе жыцці ёсць апора, а зараз... зараз яна разумела, што мужчына ніколі не пераступіць праз свой эгаізм. Яна падышла да акна, колькі хвілін глядзела, як хлапчукі ганяюць у футбол, потым ціха загаварыла: — Я стамілася жыць у дзвюх кватэрах, разрывацца паміж табой і бацькамі. Ты хочаш, каб я ўвесь час была пры табе, а мама патрабуе, каб я была дома. I каб вас усіх задаволіць, я павінна лгаць, выкручвацца! Я стамілася! Стамілася! А ты не разумеет, не хочаш разумець, што значыць быць жанчынай! — Яна стомлена правяла рукой па твары, цяжка ўздыхнула.

Ігар уважліва назіраў за ёй.

— Колькі табе гадоў, Галіна? — Тон у яго быў міралюбны, але сухі. — Дарослая жанчына, а ўсё жывеш з аглядкай на маму.

— Irap, мне дваццаць пяць гадоў, — упарта сказала яна. — Размова гэтая была ёй непрыемная, але, калі ўжо загаварылі, трэба ставіць кропкі над «і». — I я хачу мець нешта сваё. Свой дом, урэшце, у якім я — гаспадыня, дзе ўсе рэчы мае, нашы, дзе бегае наша дзіцё. Няўжо гэта так цяжка зразумець? Няўжо я патрабую нешта немагчымае? Я хачу мець будучае, а зараз у мяне яго няма. Зразумей мяне правільна, бо ты вымушаеш гаварыць пра такія рэчы, якія зневажаюць жаночую годнасць!

— Галіна, — запярэчыў Irap, — я кахаю цябе i не хачу зневажаць. Але i ты зразумей мяне. I не крыўдуй. Ты гаворыш пра будучае. А якое будучае ў мяне? Што я ведаю пра сваё будучае?! Будзе фільм, не бу­дзе? А калі мне, як Кастусю, прыйдзецца сядзець у прастоі? Нават за­раз што я магу табе даць, калі ў мяне нічога няма, нават грошай? I я не ведаю, што будзе заўтра!

— Заўтра... Хто ведае, што будзе заўтра? — паціснула плячыма Галіна. — Можа, загінеш у авіякатастрофе, а можа, выйграеш у латарэю «Масквіч». Ніхто нічога не ведае. Але ўсё роўна людзі жэняцца, раджаюць дзяцей, спадзяюцца на лепшае. А ты, з аднаго боку, жывеш так, Hiбы заўтра канец свету — не разважаючы ні аб чым, а з другога — увесь час перастрахоўваешся.

— Я мала разважаю, калі справа датычыцца мяне аднаго, а дзіцё, жонка — гэта ўжо адказнасць. Я не гатовы зараз да шлюбу, — сказаў, нібы адрэзаў, рассёк вузел, што звязваў іх. — Маральна не гатовы. I зразумей гэта. У мяне іншыя планы. I, каб іх рэалізаваць, мне патрэбна свабода. Сёння я з табой, заўтра ў экспедыцыі, паслязаўтра яшчэ дзе-небудзь. Ды і ты таксама не сядзіш на месцы. Я не магу зараз браць адказнасць за твой лёс. I мне спакайней, калі ты жывеш з бацькамі.

— Смешна і сумна, — уздыхнула Галіна.— Ты просіш, каб я зразу­мела цябе, я прашу, каб ты зразумеў мяне. Размова двух глухіх ці эгаістаў. Прысутнічаюць два дзеясловы: хацець і магчы. I ніхто не сказаў: я павінен, і таму гаварыць далей на гэту тэму не мае сэнсу. Я застануся пры сваёй думцы, ты — пры сваёй. А далей што? Што?

— Пачакай да зімы. Зараз я нічога не ведаю, нічога не магу табе адказаць. Я разумею, што не маю права цябе ўтрымліваць. I калі ты лічыш, што я ламаю тваё жыццё, калі ты і праўда так лічыш... — Ён запнуўся. — Ты вольная пайсці.

— I ты не пашкадуеш?

— Галіна, пра што мы гаворым?! —усклікнуў Ігар.

— Пра наша жыццё. — Галіна ўзняла на яго вочы, поўныя слёз.— Мне часам здаецца, што ў адносінах з мужчынам нельга быць шчырай. Трэба ілгаць, ілгаць, ілгаць, каб ён адчуваў сябе нібы на лязе нажа, каб ён даражыў жанчынай. Але гэтае акцёрства немагчыма, калі кахаеш. Я стамілася, Ігар. Стамілася. I баюся, што калі-небудзь я цябе зненавіджу.

— Гэта не страшна, — усміхнуўся ён, — бо ад нянавісці да кахання таксама адзін крок.

— Не, Ігар, — Галіна сумна пакруціла галавой, — гэтага кроку ўжо не будзе.

Вось такая размова. Вядома, яна пачакае. Яна толькі і робіць, што чакае. А ці не здарыцца так, што калі ён, нарэшце, вырашыць ажаніцца, яна перагарыць ужо?

Галіна зноў выйшла на балкон, паглядзела ўніз. Ад спёкі ружы зусім паніклі, апусцілі свае чырвоныя галоўкі. Hi ветрыку, ні воблачка, нават дыхаць цяжка. Яна вярнулася ў пакой, завесіла шторы, уключыла тэлевізар і пачала глядзець з сярэдзіны нейкі дзіцячы фільм.


10

Хутка пачне ўжо брацца на вечар, а спякота і не думае спадаць. На­ват у ценю паветра здаецца гарачым. Усе стаміліся, сварацца, варушацца, нібы сонныя мухі, а галоўны эпізод яшчэ не зняты. Аператар-пастаноўшчык паставіў побач з собой вядро халоднай вады і штохвіліны палівае галаву з конаўкі. Грым на тварах акцёраў зусім не трымаецца, цячэ, змешваецца з потам, і гэта якраз тады, калі ўвесь час патрэбен буй­ны план. Ганне Гаўрылаўне ад спякоты зрабілася млосна. Але што значыць старая гвардыя — ледзь угаварылі пайсці ў лес паляжаць. Маладым бы ў яе павучыцца, а то ледзь што — адразу ж у амбіцыю.

Ігар паглядзеў на светлавалосую, невысокую дзяўчыну ў вялікіх цен­ных акулярах, што сядзела з безуважным выглядам ля ручая і грызла зялёны яблык. Яблык, відаць, быў вельмі кіслы, бо вусны ў дзяўчыны ўвесь час крывіліся.

«Страказа, — падумаў Ігар, — ну ці ж не страказа? Усю раніцу загарала, хіхікала, а выйшла на пляцоўку — нібы мяшкі з бульбай дагэтуль цягала. I гэта настаўніца, якая праводзіць закаханым позіркам галоўнага ге­роя. Такім позіркам толькі мужчын на Плас Пігаль у Парыжы праводзіць. А сказаў слова — адразу ў слёзы. Адна аддушына — Яршоў, галоўны ге­рой. Тэты хлопец далёка пойдзе. Сіла волі вялізная. У любых абставінах можа сканцэнтравацца. Хаця не просты, ox, які не просты! Але, відаць, ужо і ён выдыхаецца. Паходка вялая, выраз твару, як у асуджанага на галеру. Зрэшты, нічога дзіўнага. У каторы раз праганяюць адзін і той жа эпізод, а радасці ад зробленага няма».

«Так далей не пойдзе, — вырашыў Ігар. Акрамя расходу, стужкі мы нічога не даб’ёмся. Трэба яшчэ раз усё добра абдумаць».

Ён угледзеўся ў апатычную фігуру Яршова, і раптам яму здалося, што ён пачынае разумець, чаму не атрымліваецца кульмінацыйны эпізод.

— Стоп, стоп! — пляснуў ён у далоні.

Усе недаўменна паглядзелі на яго, але ніхто нічога не сказаў, толькі два ці тры чалавекі вялай паходкай падаліся да ручая.

Ігар адклікаў убок аператара і Яршова. Як растлумачыць, чаго ён ад іх хоча, калі думка, што хвіліну назад нарадзілася ў яго, была яшчэ блытанай, невыразнай?

— Ты калі-небудзь жыў у вёсцы? — спытаўся ён у Яршова.

— Жыць не жыў, але ездзіў на бульбу з інстытутам колькі раз.

— Ты, мусіць, хочаш яго ў вёску перасяліць, вясковага жыцця адведаць? — са з’едлівай усмешкай спытаўся аператар.

— Я хачу, каб ён разумеў свайго героя. I ты таксама, — адказаў Irap. — У кожнай сацыяльнай групы свае законы, свая псіхалогія. Праблема актуальная: гарадскі жыхар ірвецца ў вёску, а прыехаўшы, не мо­жа там ужыцца. Чаму? Я пытаю: «Чаму?» Чаму мы цяпер, калі гаворым пра народ, неапраўдана звужваем гэтае ёмістае паняцце, зводзім яго да аднаго класа? Чаму ў нас лічаць, што «народ» жыве выключна ў вёсках, а да шматлікага насельніцтва гарадоў не мае ніякага дачынення? Чаму мы ў канцы дваццатага стагоддзя, вывучыўшы гістмат і дыямат, ва ўсіх гаворках, дыскусіях аб адлюстраванні сельскага жыцця ў кіно і ў літаратуры выглядаем падобнымі да народнікаў, бо ўбіваем у галовы тых, хто нас чытае і слухае, што толькі сярод вяскоўцаў захоўваюцца маральныя нормы, традыцыі, што пакінулі нам продкі? Адкуль гэты крэн? I хто, нарэшце, у нас носьбіт перадавой маралі? Мы ж гэтымі тэорыямі зневажаем інтэлігенцыю, наспее час, і будучыня нам адпомсціць. — Ён змоўк, потым рэзка павярнуўся да Яршова, — Вось ты, напрыклад, разумеет, ча­му твой герой зламаўся?

— Слабак быў, — паціснуў плячыма Яршоў.

— Баба памагла, — скрозь зубы прамовіў аператар, які ляжаў на зямлі і пакусваў травінку.

— Баба была ў горадзе, — хмура сказаў Ігар. — У вёсцы ў яго прыгод няма.

— Слабак усюды слабак, — паўтарыў Яршоў.

— Э не, ён не слабак, — задумліва пакруціў галавой Ігар. — Ён наогул не слабак. Адважыцца ўсё кінуць і паехаць у вёску — на гэта не кож­ны здольны. I зламаўся ён не ад самой барацьбы, а таму, што не быў да яе падрыхтаваны. — Ігар адчуваў, што ён на верным шляху, і, спрабуючы знайсці больш дакладныя словы, разважаў далей: — Ён, гарадскі жыхар, стварыў сабе ідэал вёскі, як вяскоўцы шукаюць сабе ідэал у горадзе. Толькі яны ўцякаюць ад неўладкаванага быту ў пошуках матэрыяльнага камфорту, а ён уцёк ад уладкаванага быту ў пошуках душэўнага камфорту. А цяпер уявіце, як ён выглядае ў вачах вяскоўцаў. Уяві сабе, — Irap кіўнуў аператару, — што ты, чалавек мастацтва, сёння здымаеш фільм на вачах усёй вёскі, а назаўтра прыходзіш да старшыні і сур’ёзна заяўляеш, што табе ўсё абрыдла і ты хацеў бы тут застацца. Што табе скажа той жа старшыня?

— 3 глузду з’ехаў, — не задумваючыся, адказаў аператар, выплюнуў травінку і сеў.

— Во-во, з глузду з’ехаў. А ці не гэтак жа выглядае наш герой? Яго псіхалогіі, яго намаганняў ніхто не разумее. Яны ўсё жыццё працуюць без выхадных, без летніх адпачынкаў і мараць пра адно — як лепш уладкаваць сваіх дзяцей у горадзе. Яны гадуюць гэтых свіней, кароў, рачкуюць на сваіх сотках дзеля чаго? Каб даць дзецям грошы на кааператыў, каб дапамагчы ім звіць утульныя гняздзечкі ў горадзе. Яны жывуць гэтымі марамі! I раптам гэты чалавек, добраахвотньг ізгой, які з пагардай глядзіць на ўсе іх імкненні. Ды яны яго не проста не разумеюць, ён для іх — чужаніца. Ён пасяляе ў іх душах сумненне. Ён, равеснік іхніх дарослых дзяцей, нібы насмешка над іх ідэаламі. Жывы прыклад няўдалага гарадскога лесу. Чаму ён тут? Дзеля чаго? Але пра яго мінулае ім нічога не вядома...

— А як бы хацелася ведаць! — іранічна ўставіў аператар.

— Чакайце, чакайце! — усклікнуў Яршоў. — Гэткае чужароднае це­ла, невядома для чаго яно тут з’явілася.

— Так-так, — згадзіўся Ігар,— чужароднае цела. А калгас не з моцных. Парадку няма, дысцыпліны таксама. Бухгалтар дом на калгасныя сродкі пабудаваў — у АБКСМ ананімкі пасыпаліся.

— А можа, ён камісар Мегрэ? — хітравата прыжмурыў вочы апера­тар.— Во было б цікава! I як гэта мы раней да гэтага не дадумаліся?!

Але Ігар так зірнуў на яго, што той адразу асекся.

— I ўсё ж такі ён змагаўся, — разважаў далей Ігар. — Змагаўся, каб не страціць веру ў сябе. Толькі нашто яму гэтая барацьба, калі ён прыехаў у калгас у пошуках спакою?! Спакою! — спатыкнуўся на гэтым слове Ігар. — Вось у чым сакрэт! Герой наш — ідэаліст, які, выхоўваючы іншых, выхоўваецца сам.

3 выглядам пераможцы Ігар паглядзеў на аператара. Ці зразумеў той яго думку, якую яму нарэшце ўдалося ясна аформіць?

— Ну-у-у! — з захапленнем працягнуў аператар. — Ды ты ў нас другі Феербах! Толькі да мяне твая філасофія, ты ўжо даруй, усё роўна не даходзіць.

— Ведаеш, якая самая сумніцельная прыкмета вялікага розуму? Вялікая галава, — нарэшце адыграўся Ігар, намякаючы на непрапарцыянальна вялікую галаву ў аператара. — Дык вось, — гаварыў ён далей, ужо звяртаючыся да Яршова, — няхай ён яшчэ жыве старымі ідэямі, няхай яшчэ ад іх не адмаўляецца, але безупынная барацьба ўжо адбілася на яго абліччы. Гэта ўжо не той раскіслы ад сямейных непаладак чалавек, які прыехаў у вёску. Так, ён страціў на нейкі час адчуванне радасці, але твар яго суровы, рукі моцныя, паходка цвёрдая. Нягледзячы ні на што, яго не назавеш банкрутам. I таму жыццесцвярджальны матыў будзе цяпер сугучны яго абліччу.

— Слава разумнай галаве нашага рэжысёра! — ускочыўшы з зямлі, зароў аператар.

— Усё зразумеў, — па-сяброўску паляпаў Ігара па плячы Яршоў, і яны, не спяшаючыся, пайшлі да здымачнай пляцоўкі, на хаду ўдакладняючы некаторыя дэталі.

— Ігар Сяргеевіч! — падбегла да рэжысёра задыханая Наташа і ўмольна заглянула яму ў твар. — Калі хутка скончым, махнём на рэчку? Усе так змарыліся...

— Паглядзім. — Ігар не ведаў, што адказаць. Вячэрнее купанне не ўваходзіла ў яго планы. Аднак, зірнуўшы на сваіх людзей, якія сонна сноўдаліся па пляцоўцы і рабілі выгляд, быццам не слухаюць, што ён адкажа Наташы, Ігар зразумеў: без вячэрняга купання не абысціся. — До­бра, паедзем, — згадзіўся ён.

— Паедзем! — гучна пераказала згоду рэжысёра ўзрадаваная На­таша.

I адразу ўсе, нібы на другім дыханні, кінуліся па сваіх месцах. I зноў звыкла застракатала камера, разлілося па траве ліловае святло «юпітэраў».

Вось галоўны герой ідзе па густой сакавітай траве, гаспадар, пераможца, бо ён здолеў перамагчы самога сябе, сваю слабасць, не замкнуўся на сваіх нягодах. У яго душы няма болей крыўды ні на былую жонку, ні на людзей. Так, ён стаміўся, бо ўвесь год абараняў справядлівасць, спрабаваў разварушыць людзей, каб не спажыўцамі адчувалі сябе на сваёй зямлі, а стваральнікамі, гаспадарамі. I гэта прыемная стома. I ён разумев, што толькі такое жыццё, жыццё не для ўласнай карысці дазваляе ў любых абставінах высока трымаць галаву і смела рушыць наперад. Бо ўсё яшчэ будзе, усё наперадзе.

Нарэшце ўсе з палёгкай уздыхаюць: здымкі скончаны, цяжкі рабочы дзень — таксама. Irap, задаволены, спускаецца да адхону, на якім толькі што сядзеў яго галоўны герой.

Пакуль ідуць зборы да ад’езду, можна, нарэшце, і адпачыць. Цікава, што зараз робіць Галіна? Нервуецца, відаць, страшэнна. А ён яшчэ згадзіўся паехаць на рэчку, але і адмовіцца было нельга. Наперадзе месяц, работы. Сілу ў людзей трэба берагчы. А Галіне ён потым усё растлумачыць. Яна зразумее. Зразумее і паверыць, што інакш ён не мог зрабіць. Навошта было забараняць ёй выходзіць з нумара? Але ніхто ж не меркаваў, што так атрымаецца. Проста не хацеў, каб яна трапляла на вочы адміністрацыі. Потым тлумач, што да чаго. Хоць, вядома, да іх, кіношнікаў, ставяцца паблажліва. Але ўсё роўна прыкра. За Галіну. I што за парадкі? Абавязкова ўсім быць жанатымі? 3 яго, даруйце, хапіла і адна­го разу.

Ігар успомніў, як перад ад’ездам у экспедыцыю выпадкова сустрэў сваю першую жонку. Ля кінатэатра «Кастрычнік».

Яны не бачыліся амаль два гады. Ён з цікавасцю агледзеў яе. Апранута ва ўсё «фірмовае». Зграбная, яркая, прыкметная. Каб не гэтая пячатка самазадаволенасці на яе твары.

— Вось дык сустрэча! — Вочы яе акругліліся. — Не чакала.

Яна сказала гэта такім тонам, быццам ён знарок сцярог яе.

— Я таксама. — Ён гаварыў стрымана.

— Як маешся?

«Бяздарнае пытанне, — падумаў ён,— хоць інтарэс яе яўна не пусты».

— Як бачыш, нармальна.

— Ажаніўся?

— Пасля цябе?

Яна задаволена ўсміхнулася, прыняўшы яго рэпліку за камплімент.

— Пойдзем пасядзім?

«Гэтага яшчэ не хапала!» Яго ўразіла яе самаўпэўненасць, і ўсё ж такі ён спытаў:

— Куды?

Яна паказала рукой на бар.

«Яе прыроджанай здольнасці і нахабству перахопліваць усюды і ва ўсім ініцыятыву можна толькі пазайздросціць, — зазначыў ён, назіраючы, як натуральна яна трымаецца. — Сябры, якія і не сварыліся».

Яны i пажаніліся па яе ініцыятыве. Іх пазнаёміў яго прыяцель. Яна працавала прадаўшчыцай у абутковым магазіне, а Ігару тэрмінова спатрэбіліся чаравікі. Так, Ігар горка ўсміхнуўся, у тых чаравіках яму давялося прайсці доўгі шлях.

Праз некалькі месяцаў пасля вяселля яна звольнілася з магазіна і ўладкавалася адміністратарам у гасцініцу. Ігар жа хацеў, каб яна насту­пала ў інстытут, але яна катэгарычна адмовілася. Пакрыўджана сказала:

— Табе патрэбна жонка ці энцыклапедыя?

Ён не знайшоўся, што адказаць. Урэшце, вырашыў ён, ці так ужо трэба, каб у жанчыны была адукацыя.

Гэта быў цяжкі час у ягоным жыцці. На студыі да яго ўсё прыглядаліся, самастойна здымаць карціну не даручалі, і ён то працаваў другім рэжысёрам, то здымаў хроніку. Жылі на адну зарплату. Грошай не ха­пала, а жонка ўсё нешта купляла і купляла. 3 жахам ён даведаўся, што яны доўгі час жывуць у доўг.

— Але ж ты калі-небудзь атрымаеш карціну, — супакоіла яна му­жа.— А жонка рэжысёра павінна добра апранацца.

«Жонка рэжысёра...» Ён быў абураны. Ці не занадта хутка яна забылася, адкуль родам?

Пра тое, што яна здраджвае, ён, як гэта звычайна бывае, даведаўся апошні. Вырваўся на некалькі дзён дамоў, але яе не застаў і зайшоў да сябра. Сядзелі, гутарылі, як раптам сябрава жонка сказала:

— Ігар, мы не хацелі б умешвацца, але твая жонка... яе паводзіны не месцяцца ні ў якія рамкі. Яна, відаць, думае, што жыве ў Галівудзе.

Ён усё зразумеў. I калі вярнуўся дамоў, пакідаў усе яе рэчы ў чамадан і сказаў: «Усё! Выбірайся!» Потым развод, размен кватэры, які цягнуўся так доўга, што калі яна сказала, што, каб добра размяняцца, патрабуецца даплата, ён адразу даў ёй грошы. I ўжо калі пераехаў, даведаўся, што палова даплаты дасталася ёй.

I вось ён сядзіць з ёю ў бары. Афіцыянт прынёс меню. Яна разгарнула яго на апошняй старонцы, пачала чытаць назвы він.

«Прафесійна», — міжвольна ўсміхнуўся ён.

— Што будзем піць? — спыталася яна.

«Ну не, галубачка, піць я з табою не буду»,— падумаў ён, а ўголас сказаў:

— Чай ці каву.

— Ты што, наогул не п’еш?

— Наогул, — адрэзаў ён.

— Дзіўна.— Яна ўважліва паглядзела на яго. — Мне здавалася...

Ён перапыніў:

— Табе толькі здавалася.

— Ты змяніўся. Але павінна табе сказаць, не ў лепшы бок. Стаў нейкі грубы.

«Цікава, — ён ледзь стрымліваў сябе,— я перад ёю павінен на дыбачках выдыгаць?»

Падышоў афіцыянт.

— Два жульены і каву, — сказала яна.

«Ага, пачынае да мяне прыстасоўвацца». Ён, як урач за хворым, назіраў за ёю, аналізаваў кожнае яе слова і кожны рух.

Яна паклала на стол рукі — на пальцы брыльянтавы пярсцёнак.

«Відаць, нядрэнна мець багатага мужа», — падумаў ён.

Яна заўважыла яго позірк.

— Прыгожы, праўда? Муж на вяселле падарыў... — Яна ўзняла руку і паварушыла пальцам, —Ведаеш, аб чым я часам шкадую? — памаўчаўшы, спытала яна. — Я шкадую, што ў нас не засталося дзіцяці.

— Не засталося дзіцяці?! — перапытаў ён. — Па-твойму, дзіця — гэта сувенір, што пакідаюць на ўспамін пра сябе?

— Які ж ты злапомны! — Яна пакрыўджана надзьмула губы.— Але я сапраўды аб гэтым шкадую.

«Шкадуеш аб страчаных аліментах», — удакладніў ён.

— Бачыла твой фільм. Увогуле не спадабаўся. Надуманы, прэтэнцыёзны. Ты быццам задаўся мэтай расчуліць да слёз гледача. I аператар у цябе нейкі затарможаны.

Ігар зморшчыўся. Усё, што яна казала, было настолькі бязглузда, наіўна, што ён не мог уцяміць, як здолеў пражыць з гэтай жанчынай амаль тры гады.

Афіцыянт прынёс на падносе невялікія гаршчочкі з жульенам.

— I ведаеш, пра што я падумала? Гэтая жанчына ў фільме — твой ідэал.

Ад нечаканасці Ігар папярхнуўся.

— Так-так, менавіта такая жанчына патрэбна табе за жонку. Знешне ты яе адмаўляеш, але калі па Фрэйду прааналізаваць цябе, то выявіцца, што ў тваёй падсвядомасці жыве менавіта такі ідэал.

«О божа! Яна ўжо гаворыць пра Фрэйда!»

— Прызнайся, — не тоячы іроніі, спытаўся ён, — твой апошні палюбоўнік — псіхааналітык?

Яна перастала есці.

— Як ты можаш! Ты заўжды ставіўся да мяне з пагардай!

Ну ўсё. Ён і так занадта доўга стрымліваўся. Ігар выняў кашалёк, паклаў на стол пяць рублёў.

— Табе хопіць, каб разлічыцца?

На нейкае імгненне яна застыла, трымаючы відэлец у руцэ.

— Ігар, я не разумею...

— Пачытай Фрэйда, ён табе ўсё растлумачыць.

Ён устаў і хутка рушыў да выхаду.

...Ігар міжволі перасмыкнуў плячыма. Што і казаць, успамінаць пра першую жонку было не вельмі прыемна. Ён намацаў у кішэні цыгарэты, узяў адну, закурыў.

Пасля таго, як развёўся, вырашыў, што ніколі больш не ажэніцца. I раптам Галіна... Шчырая, упартая, прыгожая. У ёй быў нейкі ўнутраны стрыжань, тое, чаго не хапала яму самому. Але ўсё роўна жаніцца ён баяўся. Баяўся быту, абавязкаў, дробных клопатаў, што былі звязаны са шлюбам. Баяўся, што і яна не вытрывае перападаў у ягоным характары. Ён павінен належаць кіно, а яна — яму. Тады ўсё будзе ў парадку. Але яго вабіць да яе, таму што яна — гэта яна і растварыцца ў ім ніколі не зможа. I што рабіць? Калі ён з ёю не ажэніцца, наўрад ці яна застанецца з ім. Гэ­та ён добра разумее. Але што дарэмна ламаць галаву, час пакажа. Irap кінуў цыгарэту ў ручай і падаўся да здымачнай групы.


11

Галіна ляжала на ложку і невідушчымі вачыма глядзела на столь. Вокны былі па-ранейшаму заштораны, і ў пакоі было душнавата і змрочна. Па столі, па сценах слізгалі яркія сонечныя палоскі, адбіткі доўгага летняга дня, з сумятні якога яна гэтак недарэчна аказалася выкінутай.

I навошта было прыязджаць? Везці сумку ежы і грошы? Хіба ў яе ня­ма спраў, хіба ў яе не творчая работа? I абяцаў жа, што доўга не затрымаецца! А сам... Нябось, загарае дзе-небудзь са сваімі акцёрамі! Не, усё можна зразумець, дараваць, калі ведаеш, што ў чалавека ёсць пачуццё адказнасці. А ў яго? Hi пра што не дбае, нічым не даражыць. I яна яму патрэбна толькі дзеля таго, каб загойваць яго душэўныя раны.

...Пасля ўдачы на фестывалі Ігар вырашыў, што цяпер сцэнарыі паплывуць да яго, як рыба — касяком. А ён будзе сядзець з вудаю на беразе, нядбайна закідваць яе ў ваду, вылоўліваць рыбку і крытычна ацэньваць — падыходзіць яна яму ці не. Але сцэнарыяў не было. Ніякіх. Спа­чатку, месяц-другі, ён не турбаваўся. На студыі бываў рэдка, потым пачаў хадзіць часцей і часцей, званіў камусьці па тэлефоне, падоўгу нешта высвятляў, над кімсьці смяяўся, камусьці спачуваў, кагосьці падбадзёрваў.

Ёй нічога не казаў. Але яна заўважыла, што ў яго не ўсё ў парадку, па яго тоне, раздражнёнасці, па яго доўгіх адлучках, дзелавых сустрэчах. Аднойчы вярнуўся ўсхваляваны і з парога абвясціў, што знайшоў надзвычайны сцэнарый. Расказаў яго змест, меркаваў, якога ўзяць аператара, якіх запрасіць акцёраў. Яго прыўзнятага настрою хапіла на два тыдні. А потым пазваніў ёй днём у рэдакцыю і нейкім гулліва-бесклапотным то­нам, ці быў п’яны, ці хаваў свой сапраўдны настрой, сказаў, што сцэна­рый перахапілі і што сёння яны не сустрэнуцца, бо яму трэба кагосьці пабачыць. I ўсё. Знік, нібы скрозь зямлю праваліўся.

Ігара не было чатыры дні. На пяты Галіна абзваніла ўсіх яго сяброў і, не ведаючы, што рабіць далей, пайшла да Лeci.

Леся была дома адна, і яе выгляд Галіну ўразіў. Твар ў Лесі быў блек­лы, нездаровы, валасы прылізаны. Шэрая самавязаная сукенка ўвесь час расхіналася, і з-пад яе было відаць брудную кашулю. Але яшчэ больш уразіла Галіну кватэра. У вялікім пакоі з адной сцяны былі садраны амаль усе шпалеры.

— Вы што, збіраецеся рабіць рамонт? — спыталася Галіна.

— Рамонт! — хмыкнула Леся і даверліва сказала: — Гэта я сама паздзірала.

— Навошта? — здзівілася Галіна.

— Разумееш, вяртаюся неяк з камандзіроўкі...

— Ты ўжо працуеш?

— Ды не, часова ўладкавалася. Дык вось, вяртаюся дамоў, нікога ня­ма, а на крэсле ляжыць вязаная кофтачка. Дык я гэтую кофтачку распусціла, потым шпалеры садрала і брыгаду выклікала.

Галіна адчула, як ад жаху па целе пабеглі мурашкі.

— Нічога, падлячылі, — вяла сказала Леся. — Месяц пракачалася. За­раз зноў не працую.

— А Кастусь? — спыталася Галіна.

— Што Кастусь?! У бальніцу кожны дзень бегаў, прабачэння прасіў. Зараз з адным тыпам сцэнарый піша. Слухай, рубель не пазычыш, а то хлеба няма на што купіць, — папрасіла Леся.

Галіна дастала кашалёк і пакорліва працягнула тры рублі.

— А я зараз зусім не п’ю, — сказала Леся. — Кастусь не дазваляе. Дарэчы, пайду пагляджу, можа, у яго што-небудзь ёсць.

— Не трэба, — сказала Галіна. — Лепей чаю.

Леся паставіла на пліту чайнік.

— Леся, ты не ведаеш, дзе Ігар? — спыталася Галіна.

— Учора быў тут, а ўранку пайшоў, быццам бы дамоў.

— Я званіла, ніхто не падыходзіць.

— Мусіць, адключыў. Гэтым мужыкам усім лячыцца трэба. Справы той, сцэнарый перахапілі. Асмаловіча работа. А ён, бач, ганарысты! Да на­чальства не пайшоў, з Асмаловічам пачаў адносіны высвятляць, ледзь раз­нялі. Сабе ж горш зрабіў. Ты яго зараз не чапай, — параіла Леся. — Супакоіцца, сам пазвоніць. Мужыкі, яны любяць быць на кані. А ён, нябось, ужо і павыхваляўся?

— Павыхваляўся,— уздыхнула Галіна.

— Ну вось, усе яны аднолькавыя, нібы тыя дзеці, — па-мацярынску сказала Леся. — А мой з усім кіраўніцтвам палаяўся. Нехта на яго ананімку напісаў, што ён у час здымак п’е, і яго з карціны знялі. Звяругі! Ён жа тады ні кроплі ў рот не браў, хварэў, з тэмпературай на работу хадзіў, радаваўся, што працаваць пачаў. Парторг зайшоў, паглядзеў на яго, а твар у Кастуся аж гарэў увесь, вядома, чалавек хворы. I што? Знялі. Нават разбірацца не сталі.

— Няўжо ніхто не заступіўся? — здзівілася Галіна.

— А каму трэба? Звяжашся — сам у няміласць трапіш.

— Што праўда, то праўда, — згадзілася Галіна.

— Пайду я ўсё ж гляну, мабыць, у майго што-небудзь засталося,— усхамянулася Леся.

— Не трэба, — Галіна паспрабавала яе ўтрымаць, але Леся пайшла ў пакой і праз колькі хвілін вярнулася з пачатай бутэлькай віна.

— Вось так, нальём па чарачцы, ён і не заўважыць, — прымаўляла яна, разліваючы віно.

— Не, Леся, я не буду, мне яшчэ працаваць трэба, — сказала Галіна і паднялася.

— Як сабе хочаш, — безуважна прамовіла Леся. — Заходзь часцей. A Ігара не шукай, сам паявіцца.

Але Галіна Лесі не паслухалася і ў той жа дзень паехала да Ігара. Ён быў дома, і калі яна ўбачыла яго апухлы, палінялы твар, у ёй закіпела такая злосць, што яна з усёй сілы дала яму поўху. А ён балюча схапіў яе за плечы і, як кацянё, шпурнуў на тахту..

— Зусім ашалела! — прашыпеў ён і паказаў на дзверы. — Усё, можаш ісці. Канец камедыі, канец каханню.

Галіна паволі паднялася. Яна глядзела на яго панылую фігуру, на злыя насцярожаныя вочы і калацілася ад ярасці. I гэтага чалавека, гэтага алкаголіка яна кахала! Праз яго не спала тры начы, шукала па ўсяму гораду, сапсавала сабе ўсе нервы! I ён яе яшчэ выганяе! Дрыжачымі рукамі намацала ў сумцы ключы, шпурнула яму ў твар і кінулася за дзверы.

Яна бегла па вуліцы і нічога не бачыла перад сабой. Ногі правальваліся ў раскіслы снег, ляцелі ва ўсе бакі пырскі, здзіўленыя прахожыя саступалі з дарогі. I толькі ля тэлефона-аўтамата затрымалася, адубелымі рукамі — пальчаткі пакінула ў яго — набрала нумар Алены Русаковіч і, калі тая адказала, расплакалася.

Пазней, калі яна трохі супакоілася, яны сядзелі з Аленай на кухні, пілі чай і абмяркоўвалі гэтую гісторыю.

— Далі хлопчыку па галаве, — з’едліва казала Алена, — сцэнарый адабралі. I гэта цяпер мужчына называецца! Яго абышлі — і ён за бутэльку! Чаму мы з табой сваё гора віном не заліваем? Думаеш, у яго гэта першы зрыў? Пры табе — першы. I заўваж, так будзе і далей. Сёння — сцэнарый перахапілі, заўтра — творчы спад, паслязаўтра — не тую катэгорыю за фільм атрымаў. А акрамя няўдач яшчэ і святы будуць. I ведаеш, дзе ён скончыць са сваёй чулай псіхікай? У горшым выпадку — пад плотам, а ў лепшым — у прывілеяванай лячэбніцы.

Галіна слухала, апусціўшы галаву, і маўчала.

— I не надумай яму дараваць! — суровым тонам казала Алена. — Ты і так занадта чуллівая. Паглядзі, на каго падобная стала! Твар жоўты, пад вачыма сінякі. I гэта ўсяго за паўгода!

— Зіма, сонейка мала, — няўпэўнена адказала Галіна.

— Зіма, — перадражніла Алена. — Ты калі свае матэрыялы пішаш? Па начах?

— Бывае, — кіўнула Галіна.

— Дык чаго ж ты хочаш? Разрывацца паміж ім, работай, домам і яшчэ добра выглядаць?! I заўваж, усё гэта дарэмна. Бо ён тваіх намаганняў не ацэніць, а сінякі пад вачыма заўважыць. I калі сустрэне прыгожанькую дзяўчынку, хай пустышку, але свежанькую ды з паўднёвым загарам, гала­ву дам на адсячэнне — пабяжыць за ёю. — Алена ўстала, прайшлася па кухні і пераканаўча сказала: — Мужчыны любяць жанчын у квецені і робяць усё, каб тыя хутчэй завялі.

— Але чаму, чаму? — спыталася Галіна.

— Акуль я ведаю? — Алена падліла ў шклянкі чаю і зноў села. — Таму што так усё жыццё ідзе, пачынаючы з матрыярхату. Жанчына нясе ў сабе станоўчы, устойлівы пачатак. Паглядзі, нават у мове ўсе асноўныя, фундаментальныя паняцці — жаночага роду. Зямля, радзіма, любоў, вернасць. А алкагалізм, дарэчы, мужчынскага. — Яна задумалася. — Вось ты жывеш толькі ім, забылася пра сябе. За некалькі месяцаў спазнала ўсю кіношную кухню. А ён? Ці многа ён ведае пра цябе? Цікавіцца тваёй работай?

— Часам ён мне вельмі дапамагае, — запярэчыла Галіна. — Разумееш, ён можа зрабіць усяго адну заўвагу — і ўсё адразу праясняецца. Ён — мас­так, і чуццё ў яго беспамылковае. I потым, з ім робішся багацейшай. Ён жа пра ўсё на свеце ведае, ва ўсім разбіраецца: у жывапісе, музыцы, літаратуры.

— Пра ўсё на свеце ведае! Мастак! — перадражніла Алена. — Варэння пакладзі сабе. Цукар для мазгоў карысны — прачышчае. Калі ён мастак, ча­му ж цябе не адчувае?

— Можа, і адчувае, — нахмурылася Галіна. — Толькі ён слабы, а хоча здавацца моцным. I яшчэ самалюбства...

— Во-во, ты ўжо шукаеш яму апраўданні, — усміхнулася Алена. — Ну што ты яго ідэалізуеш? Паглядзі на яго збоку, паглядзі маімі вачыма! Самаўзвышэнне і эгаізм! Я разумею, табе зараз цяжка. Але ты яго не пераробіш. Гэта спецыфіка характару, якая ідзе ад спецыфікі работы. Вялізнай работы мозгу, вялізнага напружання. I хоць да такога стану яны прызвычайваюцца, але знаходзідца ў ім пастаянна, дзень пры дні, з году ў год, немагчыма. Звар’яцееш. Патрэбна разрадка. I яны разраджаюцца. Хто як: п’юць, гуляюць. Але ізноў не як усе, а нібы падключаныя да высокага напружання. Максімалізм ва ўсім: у побыце, рабоце, каханні і нянавісці. Сярэдзіны не бывае. Гэта цікава... Да нейкага моманту. А далей што? Ці ёсць у цябе ўпэўненасць, што ўсё гэта вытрымаеш, што, выкупаўшыся ў гэтым бурным вадаёме, не апынешся аднойчы на беразе, спустошаная і нікому больш не патрэбная? Кінь яго, кінь цяпер! Інакш, паўтараю, напакутуешся.

Калі Галіна вярнулася дамоў, бацькі ўжо спалі. Яна запаліла ў пакоі святло і доўга разглядала сябе ў люстэрку. Так, Алена мае рацыю. Трэба заняцца сабою: пайсці ў цырульню, да касметолага. Спярша свае справы і толькі потым — яго. Яго? А ці будзе ён наогул пасля ўсяго, што здарылася? I няўжо яна яму даравала?

Назаўтра ён патэлефанаваў у рэдакцыю.

— Прабач, — сказаў ён, — я быў вінаваты.

Яна паклала трубку. Рука па-здрадніцку дрыжала. Ён патэлефанаваў зноў.

— Ты забыла ў мяне свае пальчаткі.

— Пакінь іх сабе на ўспамін. — I яна зноў паклала трубку.

Ён патэлефанаваў у трэці раз:

— Сустрэнемся пасля работы.

...Яны стаялі побач, блізкія і чужыя, і вельмі адзінокія. Маўчалі, чакалі, але першага кроку ніхто не рабіў. Уздыхнуўшы, ён дастае з кішэні яе пальчаткі.

«Які ўпарты твар! — кідаецца ёй у вочы. — Але ў вачах мальба».

Ён падае пальчаткі. Яна павольна нацягвае іх. Ну вось і ўсё. Бела-шэры ўзор стракаціць перад вачыма. Зараз ён пойдзе... Яна марудна паварочваецца, але раптоўны парыў кідае яе да яго.

— Галіна, Галіна, — узрадавана шэпча ён, тулячы яе да сябе, а з яе вачэй павольна, адна за адной, коцяцца слёзы.

Гэтая сварка ўскалыхнула яго, але апатыя не праходзіла. Цэлымі днямі ён ляжаў на тахце, шмат чытаў, амаль не выходзіў з дому, не падыходзіў да тэлефона. Яна бачыла, што ён пакутуе, пакутавала сама, але дапамагчы нічым не магла.

Яе аптымізм здаваўся яму няшчырым, ад пустых падбадзёрванняў ён толькі злаваў, ды і сама яна адчувала, што ўсе яе словы былі вымучаныя, легкаважныя.

— Пасля добрай карціны ад цябе чакаюць яшчэ лепшай, — з прыкрасцю казаў ён. — А я змогся. I ведаю, што ні на што ўжо больш не варты.

Гэта гучала як прысуд. Абвінавачаны і суддзя зліліся ў адной асобе. На яе вачах чалавек гінуў, а яна нічога не магла зрабіць і баялася аднаго, каб ён зноў не запіў. Бо колькі ўжо бачыла алкаголікаў сярод акцёраў, якіх ніхто не здымаў, колькі счарсцвелых душ сустрэла сярод рэжысёраў і аператараў, якія па некалькі гадоў сядзелі без працы, перабіваючыся выпадковымі заробкамі. I што за бязлітасны свет, дзе не кожны талент знаходзіць сабе выйсце, дзе ўсё звязана паміж сабою і нішто ні ад чаго не залежыць! Вытворчасць, дзе нельга запланаваць удачу і дзе ўсё вісіць на валаску. Цікавы сцэнарый, які можа загубіць дрэнны рэжысёр, таленавіты рэжысёр, які не можа праявіць сябе, маючы на руках дрэнны сцэнарый. Працаваць дзеля грошай ці дзеля таго, каб працаваць? I апускацца, наперад ведаючы, што з тваёй працы нічога добрага не атрымаецца?

Уласны вопыт і інтуіцыя ёй падказвалі, што, калі ў чалавека творчы спад ці дэпрэсія, яму неабходна змяніць абстаноўку. Нездарма ж мастакі мінулага столькі падарожнічалі. Але Ігар пра адпачынак і слухаць не хацеў. I тады яна патэлефанавала ў Вільню Уладасу. Уладас, разважлівы, спакойны, нібы выключэнне з усёй кіношнай браціі, што-небудзь прыдумае, дапаможа.

I сапраўды, праз некалькі дзён Ігар сказаў, што званіў Уладас, відаць, нешта здарылася, бо той прасіў, каб ён прыехаў.

Ігар вярнуўся праз тыдзень, прывёз ёй падарунак — бурштынавыя завушніцы. Настрой у яго быў прыўзняты, бадзёры. Вочы па-добраму ззялі, а твар, здалося, пакруглеў.

— Але ж цябе там і адкармілі! — здзівілася Галіна.

— Калі ты навучышся гатаваць, як Уладасава жонка, дык я адразу з табою ажанюся.

— Калі ты будзеш паводзіць сябе, як Уладас, дык я магу кінуць рабо­ту і скончыць дзеля цябе кулінарны тэхнікум, — парыравала Галіна.

Пасля вячэры, калі яна прыбірала са стала, Ігар раптам сказаў:

— Але ты і хітруга.

Потым падышоў да яе, абняў і сур’ёзна прамовіў:

— Ведаеш, жыццё доўгае, усякае можа здарыцца. Але дзе б я ні быў, у якіх адносінах мы б ні былі, памятай: ты заўсёды можаш разлічваць на мяне.

«...Вось і разлічвай, — падумала Галіна. — Людзі ўжо вяртаюцца з ра­боты, а яна ўсё чакае. Ведаў жа, што выхаднога не будзе, але знарок не сказаў! Эгаіст! Карыстаецца ёю, як мэбляй. Хоча — паставіць у адзін кут, хоча — перасуне ў другі. Не, трэба з гэтым канчаць! Грошы і ежу прывезла, сваю місію выканала! Бывай, любоў мая!»


12

Гэта ўжо не іронія лесу, а нешта горшае, думаў Ігар, назіраючы, як два шафёры корпаюцца пад капотам. Засесці на дарозе за пяцьдзесят кіламетраў ад горада...

Змораныя і галодныя акцёры наламалі сушняку, распалілі вогнішча і цяпер смажылі сала з хлебам. Ад зямлі ўзнімалася цёплая пара і шараватым мроівам слалася над скошаным лугам, змешвалася з дымам ад вогнішча. Ружавата-блакітнымі палосамі раскідаўся па небе захад. Узняўся свежы ветрык і прыгнаў з-за лесу невялічкія аблокі, якія то рассоўваліся, то зноў збіваліся разам, утвараючы вычварныя фігуры. I ад гэтага неба здавалася фантастычна размаляваным.

— Якое неба! Вы толькі паглядзіце, якое неба! Сапраўдная колерамузыка!— захаплялася Наташа. Яна першы раз працавала на карціне і ўсе непрыемнасці лічыла за цікавыя прыгоды.

— Ігар Сяргеевіч! Здыміце неба! Вось пабачыце, такога больш не бу­дзе! — не сунімалася яна.

— Зусім ачмурэла дзяўчына! — абурыўся аператар-пастаноўшчык.— Засталося пяць цыгарэт, а ёй — неба здымай. Зараз пойдзеш на шашу цыгарэты страляць.

Наташа, пакрыўджаная, адышла ўбок.

У кожнага свае праблемы, падумаў Ігар.

— А ты чаго мардуешся? — накінуўся на яго аператар. — Лаві машыну, гані ў горад!

Але Ігар толькі пакруціў галавой. Вядома, частка групы магла паехаць і на адным аўтобусе, але, каб быць салідарнымі, усе вырашылі застацца. Ён адышоў ад аўтобуса і прысеў на броўку.

Што будзе з гэтым фільмам, калі яго ўбачыць кіраўніцтва студыі? Ці прымуць яго версію, ці будзе скандал? Тым больш, што канчатковы варыянт сцэнарыя ён не ўзгадніў з галоўным рэдактарам. Знарок утаіў, што ў чацвёрты раз перапісалі сцэнарый, бо адчуваў, што не атрымае падтрымкі і будзе вымушаны здымаць фільм пра кінакалгас. А ён хацеў паказаць тое, што засталося ад некалі здаровага сялянства — затузаных вяскоўцаў, якія нават да жывёл і да зямлі ставяцца як чужакі.

Гэтая задума зарадзілася ў яго некалькі гадоў таму, калі ён выпадкова стаў сведкам таго, як на ферме сапсаваўся даільны апарат, а механік валяўся недзе п’яны, і ўвесь статак нядоеных кароў роў ад болю, пакуль даяркі шукалі па ўсяму сялу якога мужыка, які б адрамантаваў гэты апарат. А Ігару тады хацелася раўці разам з тымі каровамі.

I зараз, калі пабыў тут, пакруціўся сярод вяскоўцаў, яшчэ больш упэўніўся ў слушнасці сваёй думкі. Неяк сядзелі са старшынёй на ганку сельсавета, палілі цыгарэту за цыгарэтай, размаўляючы пра цяжкасці вясковага жыцця. Высока ў небе ззяла праменнае сонейка, сляпіла вочы. Весела шчабяталі на дрэвах ластаўкі. Горда ўзняўшы галаву, прагульваўся па пыльнай дарозе карычневы певень. У траве, пад плотам, кудахталі куры. Мірнае, вальготнае сялянскае жыццё, а старшыня ўсё скардзіўся і скардзіўся.

— Няма ў людзей сумлення, — асуджальна казаў ён.— Толькі пра ся­бе, пра сваю скаціну і дбаюць. У мінулым годзе патравілі ўсе пасевы. I што я толькі не рабіў! I сам бычкоў тых лавіў, і штрафы браў, і на сходзе рашэнне прымалі. I што? Як кармілася тая жывёла з калгасных палёў, так і корміцца. Разбэсціўся народ. Працаваць няма з кім. Моладзь паўцякала, старыя яшчэ робяць, але колькі іх засталося, тых старых? Ды і на сучасную моладзь спадзявацца нельга — несумленна да працы ставіцца. Во, бачылі ў нас дзве фермы? Адна — на цэнтральнай сядзібе, новая, мадэрнізаваная, а другая — старая, на беразе возера.

— Так, бачыў, — сказаў Ігар, згадаўшы цудоўнае возера з гладкай ціхай вадой, у якую, нібы ў люстэрка, глядзеліся ніцыя вербы. Метрах у двустах ад яго тулілася пачарнелая, абымшэлая ад даўнасці, спарахнелая ферма, да якой нават у пякучы летні дзень без гумавых ботаў немагчыма было падысці, бо двор быў забруджаны гноем. I ў дадатак да ўсяго — цяжкі, смярдзючы пах, які разносіўся па наваколлю. Успомніўшы гэты пах, Ігар міжволі скрывіў вусны і перасмыкнуў плячыма. Вар’яты! Такое возера загубіць! Hi сабе, ні людзям. I як душа не баліць?

Але старшыня зразумеў яго жэст па-свойму.

— Вы, пэўна, думаеце, што там каровы недагледжаныя, і памыляецеся. Бо там каровы здаравейшыя і малака ў паўтара раза больш даюць. А ведаеце чаму? — старшыня запытальна паглядзеў на Ігара. — Даяркі ўсе старыя, спрактыкаваныя, ведаюць, як з жывёлай абыходзіцца трэба. Каро­ва,— ён павучальна паківаў пальцам, — гэта тая ж жанчына. I хваробы ў яе жаноцкія: то мастыт, то саскі трэскаюцца. I характар таксама жаночы — любіць, калі яе песцяць. 3 каровай і пагаварыць іншы раз трэба, і настрой яе зразумець. Можа, хварэць пачынае. А маладыя ўсё бягом, з крыкам, лаянкай, а то і пугаю кароў хвошчуць. Колькі разоў казаў: «Не псуйце каровам настрой! Вас бы гэтаю пугаю!» А яны смяюцца: «Які ў кароў на­строй? Жывёла, нічога не разумее». Нібы і не ў вёсцы выхоўваліся. Мая матка, тая інакш як з ласкальнай мянушкай да каровы не звярталася. Цяжка працаваць стала, цяжка.

— Гэта добра, што вы моладзь вучыце, пра настрой у кароў дбаеце, — з’едліва сказаў Ігар, — адно незразумела: чаму ж вы такое возера загубілі? Ужо добры адстойнік вы маглі б пабудаваць ці хоць апаражняць яго своечасова. Мы гэтую ферму з гадзіну здымалі, потым ніхто есці не мог. А як жа ў вас там старыя ўсё жыццё працуюць? Дзіва што моладзь будзе ўцякаць з вёскі. Жыць на беразе возера і не мець магчымасці ні пакупацца, ні рыбу павудзіць. Вы не крыўдуйце, але я лічу, што за такія справы судзіць трэба. Бо невядома яшчэ, што мае большую каштоўнасць: малако ці возе­ра? Ды я на вашым месцы гэту ферму зруйнаваў бы, а замест яе пабудаваў невялічкі рыбзавод. Умомант разбагацеў бы.

— Так,— хмура згадзіўся старшыня, — з возерам і сапраўды бяда. I ферму зруйнаваць даўно трэба, і ўсіх старых з хутароў перасяліць, і ўсё трэба, трэба, трэба, а я тут з вамі языком малачу, —Ён зірнуў на гадзіннік, суха развітаўся і пайшоў да сябе ў кантору.

«Уцёк ад крытыкі», — усміхнуўся Ігар.

Скардзіўся не толькі старшыня, скардзіліся і калгаснікі. Яны нібы знайшлі ў асобе Ігара вышэйшую ўладу і ішлі да яго са сваімі бедамі, і кожны раз прапаноўвалі што-небудзь зняць.

— А вы да нас завітайце, у нашу вёску,— зычным голасам казала рос­лая жанчына з агрубелымі, моцнымі рукамі, — на наша кармасховішча паглядзіце! Здыміце, як праз дах дождж лье, як кароў гніллю кормім!

— А вы б над кожнай каровай парасон паставілі б, і праблемы з дахам не было б, — пажартаваў Ігар.

— Вясной прыязджайце, калі шчупак ідзе, — апіраючыся на кій, прашамкаў бяззубым ротам маленькі дзядок. — Здыміце, як раённыя начальнікі па рыбах са стрэльбаў паляць.

— Гэта не да мяне трэба звяртацца,— развёў рукамі Ігар, — а да пракурора.

— Дык і пракурор з імі, — сумнымі вачыма паглядзеў на Ігара дзядок.

Скардзіліся калгаснікі і на побыт: магазін толькі на цэнтральнай сядзібе, бальніца — у раённым цэнтры, а калі захварэеш, асабліва восенню ці зімой, дык лепей адразу ж памерці, каб не мучыцца, бо з-за дарог у бальніцу тую ўсё роўна не трапіш. Вунь Яўхім тры дні гарэлкай ад страўніка лячыўся, і калі б у бальніцу яго не павезлі, дык жыў бы і жыў. А ў той час мароз на двары стаяў трыццаць градусаў, ён па дарозе запаленне лёгкіх атрымаў і памёр.

Ну а як магутны, нібы волат, ляснічы дзядзька Сымон сам сабе зуб ірваў, Ігар бачыў уласнымі вачыма. Узлез на табурэтку, прывязаў тоўстую нітку адным канцом да зуба, а другім да крука і саскочыў на падлогу. По­тым выпіў шклянку гарэлкі і пайшоў працаваць.

Цікавы гэты дзядзька Сымон. У калгасе сапраўдны гаспадар ён, бо ў яго руках лес, а лес — гэта і будаўнічы матэрыял, і дровы. Хоча — дасць дазвол на высечку, а хоча — не дасць. Усё залежыць ад таго, у якіх ты з ім адносінах. Кажуць, і хабарам дзядзька Сымон не грэбуе. Але калі іншыя вяскоўцы разлічваюцца паміж сабой гарэлкай, дзядзька Сымон аддае перавагу грашам. У яго тры дачкі, і кожнай ён па машыне справіў. Зараз малодшай на кааператыў збірае. Гаспадарка ў дзядзькі Сымона добрая: і свіней, і карову, і каня трымае. Неяк частаваў вэнджаным салам. Смачнае! Але што самае смачнае ў дзядзькі Сымона, дык гэта гарэлка. П’ецца, нібы вада, і галава пасля не баліць.

— Вы, пэўна, дзядзька Сымон, сакрэт нейкі ведаеце? — спытаўся ад­нойчы Ігар.

Дзядзька Сымон задаволена зарагатаў.

— Я, братка, гарэлку нават у канцлагеры гнаў. I таксама была добрая.

У вайну трапіў дзядзька Сымон да немцаў у палон, два гады ў канц­лагеры на мяжы з Францыяй сядзеў, потым на радзіму вярнуўся. Але як яго рэпрэсіі мінулі, пра гэта дзядзька Сымон ніколі не кажа. Можа, такса­ма адкупіўся гарэлкай.

Багата цікавага тут у вёсцы і багата чаго, праз што душа баліць. Бо жыццё гэтых людзей у поўным сэнсе слова і жыццём нельга назваць. Рабы на ўласнай зямлі, што бачаць яны акрамя гарэлкі і знясільваючай працы? I ці іх у гэтым віна? Калі дзяржава забылася пра вёску, ці мае яна права хоць што-небудзь патрабаваць ад гэтых людзей?!

«Галіну б сюды, — думаў Irap. — Хай напісала б некалькі нарысаў. Не пра культуру і ўраджаі, а пра лёсы людскія. Напісала б пра васьмідзесяцігадовую старую, у якой пасярод зімы скончыліся дровы, і яна паліла печ шпалерамі, пакуль суседзі не забралі яе да сябе. Ці пра дэбільных дзяцей — пладоў бацькоўскай любові ў п’яным запале. Хаця не, Галіне прапаноўваць пісаць пра гэта нельга. Напіша добра, па-жаночаму, так, што ў чытача з вушэй слёзы пацякуць, але потым чакай непрыемнасцей. Яшчэ хто-небудзь з высокіх кіраўнікоў на яе апалчыцца. Хай працуе ў сваім аддзеле культуры. Так і мне і ёй спакайней».

Ігар намацаў у кішэні апошнюю цыгарэту, закурыў. Шафёры ўсё яшчэ корпаліся ў маторы. Колькі ж яны будуць тут марнавацца? Ён устаў і падаўся да шафёраў.


13

Эгаістка, пакутніца! Подзвіг зрабіла — на багажнай лаўцы праехала! Ён працуе суткамі, а ты? Прамову рэпеціруеш. Калі любіш — цярпі. Любоў — гэта цярпенне. Цярпенне і спачуванне. Здольнасць адчуваць другога. Другога, а не сябе.

Галіна хадзіла з кута ў кут і пры кожным шолаху аўтамабіля кідалася на балкон. Галава расколвалася.

«Нешта здарылася, нешта здарылася,— без канца паўтарала яна.— Дванаццатая гадзіна, а іх усё няма. Але чаму я сяджу, чаму не званю ў міліцыю? Недзе падзеліся два аўтобусы. Два аўтобусы з людзьмі. Трэба ўсё кінуць, імчацца на дапамогу. Але куды? Куды?»

Галіна знясілена апусцілася ў крэсла, абхапіла галаву рукамі і запла­кала.

Ігар сядзеў на пярэднім сядзенні побач з Наташай і сачыў, як за вокнамі праносіцца цемра. Нервовае напружанне, у якім ён знаходзіўся ўвесь дзень, адступіла, і ўсё цела нібы запаланіў бяздумны вакуум. Карцела толькі аднаго: хутчэй дабрацца да пасцелі, упасці і заснуць. I нікога не бачыць. Тым больш Галіну.

Ён заплюшчыў вочы, паспрабаваў адключыцца, але не змог. Мозг, як нявыключаны магнітафон, працягваў працаваць, пракручваючы будучую сварку з Галінай.

— Гэй, ты спіш? — Ігар нахіліўся да Наташы, якая нарэшце стамілася і цяпер драмала. — Ведаеш, мяне ў гасцініцы жанчына чакае, — даверліва паведаміў ён.

— Ведаю, — кіўнула ў адказ галавой сонная Наташа.— Усе ведаюць. А што?

— Яна не дачакаецца, яна не даруе.

— Даруе. Усе жанчыны даруюць.

— Не, я вінаваты. Я больш вінаваты, чым ты сабе ўяўляеш. — Ён змоўк. — Наташа, я стаміўся. Я вельмі стаміўся. У мяне няма сіл яшчэ нешта тлумачыць... Я пайду да хлопцаў. А ты падыміся да яе і скажы: «Выбачайце, ён спіць. Ён вельмі стаміўся».

— Не, так няможна! — запярэчыла Наташа. — Тады яна вам сапраўды не даруе. Ніколі не даруе. Вы лепш вазьміце букет чырвоных ружаў... Не! Вы вазьміце ўсяго адну ружу, моўчкі працягніце ёй, а тады пагасіце святло... I вы будзеце стаяць сярод ночы, і яна будзе слухаць, што ёй шэпча чырвоная ружа.

— Прыгожа гаворыш, — задумаўся Ігар, — Можа, і сапраўды яно так і лепш. Але дзе я знайду ўначы чырвоную ружу?

— Як дзе? — шчыра здзівілася Наташа.— На клумбе перад гасцініцай. Іх там вельмі багата. Ды вы не хвалюйцеся, Ігар Сяргеевіч, — мякка сказала яна. — Мы вам усе паможам.

Галіна выцерла слёзы. Здаецца, нейкі шум? Яна выбегла на балкон. Слава богу! Прыехалі! Цэлыя і здаровыя! Але чаму ніхто не ідзе ў гасцініцу? Тоўпяцца... Зусім звар’яцелі! Ходзяць кругамі па клумбе... А гэта яшчэ што? Міліцыя пад’ехала... У яе перахапіла дыханне. Так і ведала, трапілі ў аварыю... Ігар з міліцыянерам стаіць на ганку гасцініцы. Нешта тлумачыць, размахвае рукамі. Усе ідуць у гасцініцу. Можа, спусціцца?

Галіна вярнулася ў пакой, нерашуча спынілася, прыслухоўваючыся да крокаў у калідоры. Раптам дзверы адчыніліся, Ігар з пахмурым выглядам наблізіўся да яе.

— У цябе грошы ёсць?

— Ёсць, — здзіўлена паглядзела на яго Галіна.

— Колькі?

— Пяцьдзесят рублёў.

— Давай сюды.

Нічога не разумеючы, Галіна дастала з сумкі пяцьдзесят рублёў, працягнула іх Ігару.

— А нашто? — спыталася, калі ён ужо быў у дзвярах.

— Штраф заплаціць, — злосна кінуў ён, — за ружу! —I, нядобра бліснуўшы вачыма, дадаў: — Я гэтую малую з яе рамантыкай заўтра ж у Мінск адпраўлю!

«Здаецца, усе звар’яцелі, — падумала Галіна. — Якая ружа? Які штраф? Якая малая?»

Яна разгублена паціснула плячыма і села ў крэсла чакаць Ігара.

...Тэлефонны званок раптам вярнуў Галіну да рэчаіснасці. Яна ашалела страсянула галавой, падышла да стала, зняла трубку.

— Слухаю.

Але ў трубцы было маўчанне, потым раздаліся кароткія гудкі. Галіна некалькі хвілін пастаяла ля тэлефона, чакаючы паўторнага званка, але ананімны абанент больш не званіў. Чаму? Ці памыліўся нумарам, ці не чакаў пачуць яе голас? А можа, гэта быў Ігар? Сярожа, напэўна, ужо паведаміў, што яна тут. Шкада, што з ёй не захацелі размаўляць. Мабыць, гэты званок што-небудзь праясніў бы. I чаму людзям не хапае шчырасці? Адзін нешта тоіць пра сябе, другі пра гэта і не здагадваецца. У выніку — канфлікт, сапсаваныя адносіны. Багата яна б зараз дала, каб даведацца, што ў Ігара на душы.

Галіна сумна паглядзела на тэлефон, потым узяла фотакарткі, пачала складаць іх у канверт. Думкі зноў вярнуліся да мужа.

...Пасля гэтых здымак у Ігара пачаліся непрыемнасці на кінастудыі. Галоўнага рэдактара ледзь удар не хапіў, калі ён убачыў кадр, дзе даяркі ў цяжкіх гумавых ботах прабіраліся пасля дажджу да кароўніка праз разлітую метраў на сто гнаявую жыжку.

— Дзе вы гэта здымалі? — зароў ён.

— На натуры, — агрызнуўся Ігар.

Потым на мастацкім савеце яго абвінавацілі ў тым, што ён вырашыў паказаць у адной карціне ўсе асобныя недахопы, якія яшчэ ёсць у некаторых калгасах, што ў калгаснікаў пустыя, забітыя твары, а дзеці падобны на сірот, якія ніколі не ведалі матчынай ласкі. Урэшце адзін з прысутных падвёў вынік і сказаў, што ў сцэнарыі была зусім іншая ідэя. I замест таго, каб прапагандаваць цяжкае, але высакароднае жыццё сялян, ён паказаў непраглядную цемру, умовы працы, якія нельга назваць чалавечымі.

— Што і каму вы хочаце даказаць, калі паказваеце буйным планам распухлыя рукі даярак? — казаў прамоўца. — Ваш фільм — ідэалагічная дыверсія.

Потым паступіла прапанова ці перазняць некаторыя сцэны, ці «пакласці» фільм на паліцу, а рэжысёру аб’явіць вымову. Ігар пераздымаць што-небудзь адмовіўся. У выніку фільм на экраны не выйшаў, а творчая група не атрымала пастановачныя.

Ігар спачатку трымаўся, хадзіў героем, казаў, што павязе фільм у Маскву, а потым запіў. I гэта быў кашмар, які доўжыўся некалькі месяцаў. I нічога няможна было зрабіць. Галіна разумела, што ён сам павінен выйсці з гэтага стану, і, як магла, падтрымлівала яго. Пасварыўшыся з-за Ігара з бацькамі, пераехала да яго. Яна не падлагоджвалася пад яго настрой, прос­та жыла разам з ім, жыла яго болем, гатавала, прыбірала. У яе хапіла вытрымкі і розуму не грызці яго ўвесь час, не дакучаць натацыямі. I ён ацаніў гэта. Самае дзіўнае, што ўсе гэтыя нягоды толькі зблізілі іх, і ўзімку яны пажаніліся. Жылі без грошай, на адну яе зарплату, і весела рагаталі, калі Ігар вырашыў зарабляць на жыццё набойкамі. I нават зараз той год здаец­ца ў іх жыцці самым шчаслівым. Вядома, гэта было не бязвоблачнае шчасце. Былі і крыўды, і сваркі. Але было і нешта іншае, нейкая ўнутраная патрэбнасць, якая надзейна звязвала іх.

I нечакана ўсё абарвалася. Ці, можа, не так ужо і нечакана? Ці разрыў наспяваў ужо даўно, а яна не хацела гэтага заўважаць? I калі ў яе душы нарадзілася стомленасць, што перарасла ў пачуццё палёгкі, з якім яна ў апошні раз бегла па лесвіцы, поўная нянавісці да таго, каго зусім нядаўна так кахала?

Што здарылася? 3 ім? 3 ёю? Цяпер? Даўно? I не гэтая ж п’янка выклікала ў ёй пачуццё непрымірымасці, паслужыла прычынай іх разрыву?

Хоць дзверы ix дома i не зачыняліся, але такія зборышчы бывалі вельмі рэдка. Не, справа не ў гэтым. Справа ў ёй самой. Чаго яна чакала і ў чым расчаравалася?

Галіна ўспомніла, як тлумачыла сяброўцы, чаму пайшла ад мужа.

— Разумеет, мне ўсё абрыдла! Чалавек, якому аддаеш сябе без астатку, увесь час плюе табе ў душу. Колькі можна жыць толькі ім, яго клопатамі, яго інтарэсамі, жыць і нічога не атрымліваць узамен?

Нічога не атрымліваць узамен... А што, уласна кажучы, яна хацела атрымаць? Каханне ж не рынак, дзе кожны можа патаргавацца, перш чым заключыць здзелку: пачуцці на пачуцці, пачуцці на грошы, пачуцці на ўдзячнасць. I ці не тут хаваюцца вытокі яе стомленасці, яе расчаравання? Спачатку растварыцца ў каханым чалавеку, прынесці сябе ў ахвяру, адчуваючы пры гэтым бязмежнае шчасце, а потым патрабаваць удзячнасці?! Але за што? За свае каханне? За сваю бескарыслівасць? За тое, што несвядома ішло з глыбіні душы і што цяпер цвяроза пераацэньваецца? I вось у душы прачынаецца рыначная гандлярка, і замест ахвярнага алтара з’яўляецца вага з гіркамі, і пачынаецца халодны падлік: туды-сюды, туды-сюды. Ар­гументы, аргументы... Хісткія спачатку, яны нябачна набіраюць вагу і сыплюцца самі па сабе, як каменні з гары, завальваючы ўсё, што было добрага, жыццесцвярджальнага. I ўсё ж нішто не забываецца. Памяць падманлівая і наравістая. Яна, як мора ў час шторму, іграе, нібы каменьчыкамі, успамінамі. Усё раней ці пазней усплывае на паверхню. Часцей тады, калі паправіць ужо нічога немагчыма. Вядома, мінулае не вяртаецца. Але ёсць сённяшні дзень, і ёсць будучае. I нехта павінен паклікаць другога туды. Вось толькі хто?

Божа! Як змрочна ў гэтым пакоі! I калі нарэшце скончыцца гэтая жахлівая зіма?! Галіна шчоўкнула выключальнікам. Ружовае святло разлілося па пакоі. Ніколі яшчэ не адчувала такой раздвоенасці: кахаць чалавека і ўсё ж выкрэсліваць яго з свайго жыцця. А потым што? Бязрадаснае і бязмэтнае існаванне, якім яно было гэтыя шэсць месяцаў? А можа, усё было б інакш, калі б у іх нарадзілася дзіця?

Галіна задумалася, села ў фатэль, утаропілася ў столь.

Якія слушныя думкі прыходзяць у галаву, калі ты адна! Як усё цудоўна разумееш, аналізуеш, ацэньваеш! I якой бездапаможнай робішся пры сутыкненні з рэчаіснасцю. Думаеш адно, гаворыш другое, робіш трэцяе і ніяк не можаш прымірыцца сама з сабой, а яшчэ замахваешся на другога чалавека. Не, усё не так, усё няправільна!

Яна рашуча паднялася, прынесла з кладоўкі прасавальную дошку, уключыла прас. Трэба прывесці да ладу Ігаравы кашулі.

Можа, маці і мае рацыю, можа, з творчымі людзьмі добра толькі ў кампаніях. Можа, з кім іншым і яе жыццё склалася б інакш. Яна ўзяла ў шафе скамечаныя кашулі. Можа, ёсць сотні мужчын больш разумных, прыгожых, высакародных. Але ёй патрэбен ён, толькі ён, з яго няроўным характарам, з яго творчымі спадамі і ўздымамі, з яго дабратой, рэзкасцю, з яго неардынарнасцю. Галіна адпрасавала адну кашулю, павесіла яе на крэсла, узяла другую. I пакуль у яе ёсць хоць адзін толькі шанц, яна будзе змагацца. Трэцяя кашуля, чацвёртая, пятая... Можа, ён вернецца і ўсё зразумее, і яе маленькае паражэнне абернецца вялікай перамогай! Сёмая, восьмая... А калі не? Калі яна яму ўсё ж не патрэбна і ў яго душы даўно ўсё перагарэла? Дзевятая, дзесятая... Ну што ж, ва ўсякім выпадку яна развітаецца з ім з чыстым сумленнем.



Галіна выключыла прас, склала дошку, зноў паставіла пласцінку Джо Дасэна і, стаміўшыся, прылегла на тахту.

Яна ляжала, прыжмурыўшы вочы, прыслухоўвалася да прыемнага, праніклівага голасу Дасэна і здзіўлена думала, што яшчэ нешта памятае з французскай мовы.

«Салют! Гэта зноў я. Салют! Ну як ты тут? — перакладала яна знаёмыя словы, — Звары мне кубачак добрай кавы, мне столькі ёсць пра што рас­казаць».

Яна слухала песню і добра ўяўляла сабе адзінокага, стомленага мужчыну, які пасля доўгіх вандраванняў па морах нарэшце вяртаецца да каханай жанчыны. Яна слухала яго споведзь, і ёй здавалася, што ён гаворыць менавіта тыя простыя словы, якія павінен быў сказаць ёй Ігар, але так і не сказаў.

I калі песня скончылася, яна паставіла яе зноў, узмацніла гук, каб лепей разбіраць словы, і не адразу зразумела, што нехта за яе спіной таксама папрасіў кавы.