КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 710644 томов
Объем библиотеки - 1389 Гб.
Всего авторов - 273941
Пользователей - 124936

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Stix_razrushitel про Дебров: Звездный странник-2. Тропы миров (Альтернативная история)

выложено не до конца книги

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Михаил Самороков про Мусаниф: Физрук (Боевая фантастика)

Начал читать. Очень хорошо. Слог, юмор, сюжет вменяемый.
Четыре с плюсом.
Заканчиваю читать. Очень хорошо. И чем-то на Славу Сэ похоже.
Из недочётов - редкие!!! очепятки, и кое-где тся-ться, но некритично абсолютно.
Зачёт.

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
Влад и мир про Д'Камертон: Странник (Приключения)

Начал читать первую книгу и увидел, что данный автор натурально гадит на чужой труд по данной теме Стикс. Если нормальные авторы уважают работу и правила создателей Стикса, то данный автор нет. Если стикс дарит один случайный навык, а следующие только раскачкой жемчугом, то данный урод вставил в наглую вписал правила игр РПГ с прокачкой любых навыков от любых действий и убийств. Качает все сразу.Не люблю паразитов гадящих на чужой

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 2 за, 1 против).
Влад и мир про Коновалов: Маг имперской экспедиции (Попаданцы)

Книга из серии тупой и ещё тупей. Автор гениален в своей тупости. ГГ у него вместо узнавания прошлого тела, хотя бы что он делает на корабле и его задачи, интересуется биологией места экспедиции. Магию он изучает самым глупым образом. Методам втыка, причем резко прогрессирует без обучения от колебаний воздуха до левитации шлюпки с пассажирами. Выпавшую из рук японца катану он подхватил телекинезом, не снимая с трупа ножен, но они

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 1 за, 1 против).
desertrat про Атыгаев: Юниты (Киберпанк)

Как концепция - отлично. Но с технической точки зрения использования мощностей - не продумано. Примитивная реклама не самое эфективное использование таких мощностей.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

Ноч перад нядзеляю [Зіновій Прыгодзіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Зіновій ПРЫГОДЗІЧ


НОЧ ПЕРАД НЯДЗЕЛЯЮ




1

У сенцах нешта ўпала, загрукацела, і Марыля ўстрывожана падхапілася: «Мусіць, зноў гэты рыштант улез!..»

Але не ступіла і кроку - пацямнела ўваччу, зрабілася моташна, млява. Каб не ўпасці, апусцілася, прысела на край ложка, абаперлася няцвёрдымі рукамі.

З сянец пачуўся злосны голас:

- Вечна ўсё пад нагамі валяецца! Галаву можна скруціць. Кажы не кажы - адно...

«Саня прыйшла... - адлегла ў старой ад сэрца. - А я ўжэ думала, мо што з малым...»

Паспакайнелая, яна пасядзела яшчэ колькі хвілін, счакала, пакуль пасвятлее ўваччу, адпусціць непрыемная слабасць. Выйшла ў кухню.

Дачка злосна бразгала віламі ў качарэжніку - збіралася, пэўна, даставаць з печы бульбу.

«От жэ натура... - падумала Марыля з сумам. - Калі што не па ёй, будзе як бура. Надзьмутая, вачыма бліскае - не азывайса».

Саня ўбачыла маці, але і галавы не павярнула, грымела чыгунамі ў печы.

- Разваяваласа!.. - не вытрымала Марыля, ступіла да печы. - Ідзі от, збірайса на работу. Сама замяшаю. Давай сюды.

- На вас паспадзявайса... - Саня выцягнула на прыпек пузаты чыгун. - Паспадзявайса, дак свінні і хлеў разнясуць.

- Нічога з імі не зробіцца. Рано ж яшчэ...

- Рано! Канечне, калі спіш, то яно заўсёды рано.

Марылю кальнула гэтае крыўднае «калі спіш», але стрымалася, сказала спакойна:

- Аге ж. Не адной табе спаць.

Дачка моўчкі завіхалася ля печы. Накрыўшы чыгун анучай, якая заўсёды была пад рукою, пад прыпекам, павалакла яго адцэджваць. Высыпала бульбу ў цабэрак, стала яе таўчы. Таўкла хапатліва, нервова. Ані слова да маці.

Марылі была непрыемна гэта варожая цішыня. Папыталася:

- А Паўлік дзе? На дварэ?

- Гэто ў вас трэба папытацца - дзе? - бырснула Саня і, падцяўшы губы, як бы ўжо нават не матцы, а ціха, самой сабе, стала жаліцца: - Лётаеш, рвешся на рабоце, свету белага не бачыш, а тут адно дзіця папросіш паглядзець - і то як след не дагледзяць...

Марыля прамаўчала, уздзела свае старэнькія, стаптаныя ўжо пантоплі, накінула хустку і выйшла з хаты.

Праўнука на двары не было.

«Зноў недзе з Шарыкам...» - падумала яна і падышла да сабачай будкі, куды ўзяў моду хавацца Паўлік. Нагнуўшыся над будкай, гукнула:

- Ты тут?

У будцы нешта заварушылася, здалося, нават пырснула смехам.

- Ах ты!.. Ану вылазь! Каму кажу?

З цёмнай, паўкругам, дзіркі высунуў калматую галаву Шарык.

- Цьфу ты, халера! - адышлася Марыля і азірнулася наўкол з неспакоем. - Куды ж яго нячыстая сіла панесла? От жа неслух! І прыказвала ж гіцлю далёка не адлучацца, і прасіла. Дак не ж, павіхурыўся недзе. Хоць ты, як гэтага Шарыка, на дрот прывязвай.

Малога не было ні ў паветцы, ля цацак, ні ў гаражы, куды ён часам залазіў і шкодзіў - раскідваў на паліцах рознае жалеззе, крэмзаў новенькія «Жыгулі».

Бы скрозь зямлю праваліўся.

Заставалася адно - канаўка. І Марыля прама па загону - бульбу ж выкапалі - подбежкам заспяшалася да канаўкі, што ішла адразу за агародамі. Некалі гэта была быстрая, са светлай вадой і травяністымі берагамі рэчачка, але пасля таго як меліяратары пагулі, пагрукаталі тут са сваімі экскаватарамі ды бульдозерамі, яна перасохла, засталіся адны лужыны, дзе маглі толькі напіцца гусі, качкі, паплёскацца дзеці.

Паўліка сюды не пускалі. Яшчэ ж і трох няма! А яно вось, жабянё, узяло дый уцякло само. Малое яшчэ, дурное, наробіць бяды. Не лета ж, вада - халодная...

Трывога падганяла Марылю, і яна, блытаючыся ў сухім бадыллі, праставала да канаўкі. Але дарога, якую звычайна прабягала незаўважна, здавалася цяпер бясконца доўгай. Задыхалася гэтак, што зноў пацямнела ўваччу.

Ды вось і канаўка...

Малы быў тут. Яна адразу пазнала яго - па чырвонай куртачцы - сярод хлапчукоў, якія поркаліся пад мастком, ля самай вады.

- Па... Паўлік... - хацела строга, моцна гукнуць Марыля, але з грудзей вырваўся сіплы, здаўлены гук. Малы, аднак, пачуў.

- Баба, баба! Глядзі, што я знайшоў! - кінуўся да яе Паўлік і працягнуў на далоньцы запэцканую ў гразь ракавінку.

Ну што ты з ім будзеш рабіць! Яшчэ хвіліну назад у Марылі кіпелі злосць і жаданне адсцёбаць як след гэтага неслуха, а цяпер адно толькі таргануліся ў нейкай няпэўнай усмешцы вусны.

- Ах ты, гіцаль-гіцаль... Я там шукаю яго, галаву скруціла, а ён... Хто дазваляў ісці сюды, га?

Паўлік спахмурнеў, вінавата апусціў вочы. Марыля ўбачыла, што малы па калені мокры, у гразі не толькі штонікі, але і новая чырвоная куртачка.

- Лазіў у ваду? Прастудзіцца захацеў? - злосць абудзілася ў Марылі. - Я вось табе зараз пакажу. Ану марш дахаты, разбойнік!

Паўлік, шмаргануўшы носам, сігануў ужо быў у разору, але яна гукнула:

- Стой! Пачакай... - Падышла, узяла яго за руку. - Будзе нам сёння з табою...

Марыля пабаялася адразу весці малога - мокрага, бруднага - у хату і рашыла памыць, пераапрануць яго ў паветцы. Схадзіла ўзяла сухую адзежу, чаравічкі, напусціла ў вядро з вялікага чорнага бака, які зяць прыстасаваў пад душ, цёплай вады. І толькі ўзялася здымаць малому штонікі, як за спінаю нечакана - Марыля ажно ўздрыгнула - пачуўся Санін голас:

- Паўлічак, дзіцятко маё, дзе ж гэто ты так уквэцаўса?

- На канаўцы!

- На канаўцы! - жахнулася Саня. - Гэто ж дзіця магло і ўтапіцца! Беднае маё дзіцятко...

Паставіўшы на зямлю вёдры з мяшанкаю, Саня кінулася да Паўліка, апусцілася на калені, стала паспешліва, нервова расшпільваць брудную куртачку, сцягваць мокрыя штонікі.

- Вось і давер, вось і пакінь... - прыгаворвала яна. - Бедная мая сірацінка! Коцік мой залаценькі!

Марыля разгублена, вінавата стаяла побач, не ведаючы, за што ўзяцца. Памкнулася была памагчы Сані, але тая толькі бліснула вачыма:

- Адыдзіце лепш! Памаглі ўжэ. Цяпер няма чаго. Хай толькі захварэе. Хай толькі захварэе!

- Захварэе, дак вылечу. Ты ж з ім сядзець не будзеш.

- Ну, канечне, вам так шчэ й лепш. Вам абы яно ляжало, абы клопату було менш.

- Аге, у адной толькі цябе душа баліць.

- Бо і баліць! З такою нянькаю будзе балець.

- А я да цябе ў нянькі і не наймаласа. Не трэба мая помач - магу пайсці.

Саня разагнулася, узялася рукамі ў бокі:

- От, напужалі. Ай-яй-яй... Можаце ісці! Як-небудзь абыдземса!

- Ну і на здароўе.

Да сваёй хаты, што стаяла насупраць, праз вуліцу, старая ледзь даплялася. Пераступіўшы родны парог, зняможана апусцілася на лаву і, калі ўбачыла са сцяны строгі, але разам з тым нейкі спачувальны Кандратаў позірк, не магла ўжо стрымацца. Крыўда перахапіла дыханне, балюча запякла ў грудзях, і ёй зноў стала кепска.


2

Колькі яна ляжала гэтак, нераспранутая, у хустцы, Марыля не памятае. Ледзь дайшла да ложка - і як правалілася ў нейкае цяжкае забыццё. Калі ачнулася, у хаце было ўжо цёмна. Доўга не магла даўмецца: дзе яна, што з ёю? Нарэшце здагадалася: гэта ж яна дома, у сваёй хаце. І адразу прыгадалася ўсё, што адбылося сягоння.

...Яна ўстала як звычайна, калі яшчэ толькі бралася на світанне. Прынесла з істопкі бульбы, памыла, насыпала ў чыгуны - лепшую, гладчэйшую - сабе, драбнейшую - свінням. Запаліла ў печы. Узялася замешваць цеста - малому на аладкі. Апошнім часам Паўлік нічога не хацеў есці, акрамя гэтых аладак з варэннем. Марыля нават сварылася на Саню, што яна вельмі ж ужо дагаджае малому, псуе яго гэтымі ласонікамі, але тая толькі махнула рукою: «Хай есць, што яму хочацца. Мне яму нічога не шкода».

- Добрай раніцы, мама, - са спальні выйшаў Віктар, яе зяць.

- Здароў, здароў! - прыветліва адгукнулася Марыля. - Чаго так рано падхапіўса?

Віктар дастаў з халадзільніка слоік малака, са смакам напіўся, крактануў:

- А-а, добра!.. Хачу падскочыць на Востраў. Нагледзеў там адзін куточак ля канаўкі. Трава, як чай. Капы са дзве будзе.

- А брыгадзір?

- З брыгадзірам ужо дамовіўся. Вось толькі б Жамойда не нарваўся. А вечарам падскочу на машыне - забяру, дасушыцца на двары.

- Няблаго було б. Толькі глядзі, коб абышлоса... З гэтым чортам жартачкі кепскія.

Новага старшыню - Жамойду, якога нядаўна прыслалі ў іхні калгас, пабойваліся. І дзе толькі выкапалі яго такога - злога, унурыстага? Ранейшы, бывала, міма людзей ніколі не праедзе, падыдзе, пагаворыць, папытаецца: што, як? А гэты праскочыць, не падымаючы галавы, нават не павітаецца. І ўсё бегае, злодзеяў шукае. Кажуць, нават ноччу па балоце гойсае. Нельга ж так усіх падазраваць. З людзьмі трэба па-людску. Нечым жа трэба карміць сваю скаціну. А ён нават пожню, якую спрадвеку тут касілі, і тую забараніў касіць. Вольга Кавалішына выйшла была з касою на Шнуры, дык наляцеў з пенаю на губах, касу паламаў і саму ледзь не набіў - не паглядзеў, што ўдава, што даярка. Плакала тады Вольга, кляла Жамойду, хацела кінуць ферму, але куды дзенешся - у хаце трое едакоў. А людзі таксама - пагаварылі кожны ў сваім кутку і заціхлі. Кажуць, толькі аграном асмеліўся быў сказаць пра гэта на праўленні калгаса, але Жамойда і на яго наляцеў. Ніхто не азваўся, не падтрымаў агранома, і той замоўк. Пасля гэтага новы старшыня зусім расперазаўся. Нікога не прызнае. Нашто ўжо яе зяць, Віктар, да любога, здаецца, падыход знойдзе, а тут пакуль, як ні стараецца, нічога не выходзіць. Таму і затрывожылася, калі той сабраўся на Востраў касіць. Самавольна.

- Нічога, - бадзёра сказаў Віктар. - Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць.

Ён даеў падсмажаныя скрылі мяса, устаў:

- Дзякую, мама.

Праз хвіліну яго матацыкл затрашчаў на двары пад акном - паехаў.

У хаце зноў стала ціха. Толькі зрэдку патрэсквалі ў печы дровы, якія ўжо добра разгарэліся. Што значыць сухія!.. Чыркнуў запалку - і ніякага клопату. А ў іх жа з Кандратам раней ніколі паленца ў запасе не было. Заўсёды, як кажуць, з плеч ды ў печ. Дый дровы тыя былі, як яе доля. Сыроўля. Зімою іншы раз кладзеш у печ, а з іх ажно капае. Дзе ж ты іх упаліш. Цэлы ранак, бывала, стаіць, моліцца ля праклятай печы, і ў сажу вымурзаецца, і дыму накаўтаецца, і Кандрата свайго пракляне, а яны ўсё не хочуць гарэць. Часам не вытрымлівала, шпурляла лучыну, крычала Кандрату:

- Ідзі падпальвай сам, калі яны сухія! Коб табе ўжэ рукі паадсыхалі!

- Хай табе язык адсохне, - бурчэў той, але браўся за лучыну, шчапаў яе, доўга кешкаўся ля печы, пакуль нарэшце-такі з-пад дроў не паказваўся кволы, асцярожны агеньчык. - Ну во, і гарыць. А то хутчэй клясці...

- Няўжэ ж трэба цэлую раніцу гараваць, каб запаліць у печы? - даводзіла сваё Марыля. - Чаму гэто людскія гаспадары могуць і прывезці ў пару, і не такога, як ты, сырога ламачча?

- Людскія могуць, бо крадуць.

- То дагаварыса з лесніком. Людзі ж неяк дагаворваюцца.

- Ён прапівае казённы лес, а я пайду да яго на паклон? Галлё збіраць буду, а такому не пакланюся!

- А мне, думаеш, добрэ кожную раніцу кланяцца перад печчу?

Але ўпарты Кандрат так нікуды і не пайшоў. Цяпер жа, калі гаспадарку ўзяў у свае рукі Віктар, не толькі летам, але і зімой у хаце заўсёды былі сухія бярозавыя дровы. Іх назапашана гэтулькі ўжо, што закладзены ўся паветка і сушэйшыя прысценкі. На дзесяць гадоў хопіць...

На сцяне гучна азваўся дынамік, які забыліся звечара выключыць. Старая кінулася да радыё - яшчэ малога разбудзіць...

Але не паспела яна адысціся назад, да печы, як рыпнулі дзверы і на парозе спальні, у доўгай начной кашульцы, паказаўся заспаны Паўлік. Тручы кулачком вочы, састроіў кісла-капрызную міну:

- А дзе мае аладкі?

- Будуць твае аладкі, нікуды не дзенуцца. Ідзі яшчэ спаць, рано.

- Не хачу спаць! - топнуў ножкаю Паўлік. - Сама ідзі спаць.

Марыля ўсміхнулася:

- Ну чаго гэто ты з саменькай раніцы пачынаеш ужэ са мною сварыцца? Ідзі от лепш, калі не хочаш спаць, памыйса, ды будзем аладкі табе пячы.

Малы пастаяў яшчэ якую хвіліну, насуплены, у парозе, але не знайшоў, мусіць, што б яшчэ такое сказаць, і пайшоў да ўмывальніка.

Завіхаючыся ля печы, Марыля краем вока назірала і за Паўлікам, які не так мыўся, як забаўляўся з вадою, разліваючы яе па падлозе, пырскаючы на сцяну, на абоі.

- Ах ты, гіцаль малы! Ану выцірайса і марш за стол! - Марыля зрабіла выгляд, што адвязвае свой фартух.

- Я болей не буду, - умомант прысмірэў малы. - Не тлэба Паўліка біць. Паўлік халосы.

- Харошы, харошы... На от ручнік. Да садзіса, а то аладкі астынуць.

Карміць малога - Марылі найгоршая пакута. Раздураны, ён і хвіліны не можа пасядзець спакойна. Круціцца, капрызнічае, а калі яна пачынае сварыцца - натапырваецца і не хоча есці зусім.

Малы сядзеў напачатку ціха. Але не паспела яна адвінуцца ад печы, як той шпурлянуў аладкаю ў ката, што аціраўся, мяўкаючы, ля стала.

- Паўлік, еш сам, - сказала Марыля строга. - Кату мы дамо малачка. Усё адно ён тваіх аладак есці не будзе.

- І я не буду. Вот!

- Не будзеш дак не будзеш. Вялікая мне бяда.

Марыля зрабіла выгляд, што яе зусім не цікавіць: есць ён што ці не. Дастала з печы бульбу, пачала таўчы. Калі разагнулася, каб паглядзець, чаго гэта малы прыціх, то ўбачыла: той памакнуў руку ў сподак з варэннем і прыкладвае растапыраныя пальцы да абояў.

- Ах ты, паскуднік! Што ж гэто ты робіш? - кінулася яна да малога і пацягнула да ўмывальніка. - Ёсць у цябе галава? Ну што за наказанне Гасподняе! - прыгаворвала яна, мыючы яму запэцканыя рукі. - Сачы і сачы, як за ўрадзіцелем якім. Садзіса за стол!

Малы, надзьмуўшыся, сеў, але да аладак нават не дакрануўся, толькі бліскаў вачанятамі з-пад ілба. Выгляд яго быў пакрыўджана-няшчасны, і Марыля ўжо пашкадавала, што не стрымалася, накрычала.

- Еш, еш, Паўлічак, - прысела яна побач. - Я не буду болей сварыцца. Еш, аладкі сма-ачныя. Ну давай, хто хутчэй з'есць, ну?

Малы сядзеў, унурыўшыся.

Марыля ціха паківала галавою. Божа, Божа... Гэта ж каб некалі ёй, малой, нехта прынёс такую смакату і сказаў - еш, яна скакала б ад шчасця. Не вельмі раскашавалі і яе дзеці, гадаваліся на бульбе ды капусце. А тут чаго толькі ні прыдумляеш, ледзь на калені не становішся, каб яно цябе ашчаслівіла, узяло што-небудзь у рот...

- Ну дак будзеш ты есці або не?

- Не буду. Ты клычыш на мяне. Я сказу бабе Сані.

- Скажы, унучак, скажы, - пачула Марыля голас дачкі, якая выйшла са спальні і стаяла ззаду. - Усё скажы. Крыўдзіць цябе баба Мыля? Крыўдзіць майго залаценького? У-у, мы зараз бабу Мылю наб'ем. Ну-ну, баба Мыля! - памахала, пагразіла ёй пальцам Саня. - А ты еш, мой каток, еш, мой залаценькі. Ну разяў роцік. Ап! Маладзец...

- Ну што ты мажашса з ім, як з немаўлём якім, - не вытрымала Марыля. - І так ужэ спешчаны без меры.

- А хто ж яго, бедную сірацінку, пашкадуе? Вам бы толькі крычаць на яго да калі што якое за фартух хапацца.

- Ушкадаваласа!.. Глядзі толькі, коб пасля табе гэта не выйшла бокам. Ён ужэ і цяпер гатовы на галаву сесці.

Старая ўзяла цабэрак з тоўчанаю бульбаю, пайшла з ім у сенцы - гатаваць мяшанку кормніку. Калі вярнулася ў хату, малы, ужо апрануты, грукацеў на падлозе сваімі грузавікамі і танкамі. Саня круцілася ля трэльяжа - збіралася ў кантору.

- Мамо, - павярнулася да яе дачка. - Як прыедзе Віктар, скажаце, што я сёння паеду ў Пінск. Па грошы. А вы прыберацё на двары і ў адрыне. І цялятко не забудзьцеса выпусціць на поплаў. Чуеце?

- Чую, чую... - без асаблівай ахвоты азвалася Марыля.

Нейкія не то крыўда, не то жаласць да самой сябе зноў развярэдзілі сэрца. Толькі і ведае, што загадвае, як парабчанцы якой! Усё ўспомніць: і свіней, і цяля, і агарод. Забывае толькі папытацца, як сябе адчувае яна, яе маці. Думае, што калі яна заўсёды цягнула, не скардзілася, дык і вечна так будзе. А яно ўжо так не выходзіць. Конь і той прыстае з гадамі. Ёй жа, дзякаваць Богу, з леташняй зімы пайшоў ужо восьмы дзесятак.

- Ну, я пайшла, мамо... - Дачка ў сінім лёгкім плашчыку стаяла ў парозе. - Паўлік! Ідзі пацалуй бабу Саню. Ну, хутчэй!

Той неахвотна адарваўся ад сваіх цацак.

- А цукелкаў плынясеш?

- Прынясу, абавязкова прынясу, мой унучак.

Малы абыякава чмокнуў яе ў шчаку.

Саня пайшла.

Цяпер можна было перакусіць і самой. Марыля спаласнула рукі, расчасала свае рэдкія ўжо, ссівелыя валасы, прысела да стала. Есці, аднак, не хацелася. Калі б не работа, якая чакала яе, яна, пэўна, і не дакранулася б ні да чаго, выпіла б толькі гарбаты. Але за адной гарбатай і ног не пацягнеш...

Калі старая прыбірала са стала, прыехаў Віктар. Увайшоў у хату ажыўлены, давольны: усё ўдалося, як і хацеў. Цяпер заставалася толькі ціха забраць накошанае.

Неўзабаве пайшоў на работу і зяць.

Засталася ў хаце яна адна. Ды яшчэ Паўлік, які гуляў на падлозе са сваімі жалезнымі цацкамі, грукацеў так, што ажно ў скронях аддавала. Але Марыля ўжо нічога не гаварыла, цярпела. «Абы забаўляецца, абы маўчыць...»

Трэба было прыбіраць у хаце, чакаў іншы клопат, а яна ўсё сядзела і сядзела на табурэтцы і не магла крануцца. Не тое каб ёй не хацелася ўставаць, але нейкая млявасць, нейкая абыякавасць як бы прыдавілі да гэтай табурэткі, і не было сілы падняцца.

«Не, так нельга. Так можно раскіснуць зусім».

Марыля праз сілу ўстала, узялася за работу. Перш за ўсё навяла парадак у спальні - заслала ложкі, працёрла вільготнай анучай падлогу. Прыбрала, памыла посуд на кухні. У зале ёй рабіць асабліва не было чаго. Адно хіба толькі змахнуць пыл з тэлевізара ды паліць вазоны. Парадак тут трымала сама дачка, не давяраючы гэта нікому - баялася, пэўна, каб не папсавалі яе дарагіх дываноў, далікатнай канапы і вельмі ўжо адмысловага серванта, застаўленага крышталём ды рознымі талеркамі. Гэтага дабра тут было поўна, а Саня ўсё купляла і купляла.

- Ну і нашто табе гэтулькі? - не стрымалася, сказала неяк дачцэ з дакорам. - Ты ж нават гасцям не дастаеш.

- Гэто гледзячы якія госці. От прыедзе Віктарава начальства з горада, простых шклянак не паставіш. І звычайных талерак таксамо. Трэба, коб усё було па-гарадскому.

- Ну дак ужэ ж тут у цябе не на адно начальства хопіць.

- Хопіць не хопіць - маё дзела, - сказала Саня. - Няўжо калі нешто купіў, то абавязкова, коб карысць давало? А калі стаіць просто так, для красы, хіба гэто кепско?

- Ніхто й не кажэ, што кепско. Але ж усё гэто - грошы. І, мусіць, не малыя.

- Што грошы? Сёння яны ёсць, а заўтра - няма. А дабро застаецца. Дый нельга ж ад людзей адставаць! Чым мы горшыя за іншых?

- От, от... Стараецеса адзін перад адным, гатовы ў аладку распляскацца. А нашто? Нашто табе ўсё гэто? Толькі хату завальваць.

- Ай, мамо! - сказала з раздражненнем Саня. - Не разумееце нічого, дак не лезьце.

Пасля гэтага Марыля хадзіла і ўсё думала: а можа, яна сапраўды ўжо такая старая, што нічога не разумее? Ці то час цяпер такі, што чалавеку мала ўжо простага ложка, звычайнай шафы, навыдумлялі нейкіх гарнітураў, сервантаў розных, да якіх не ведаеш, як і падступіцца. Людзі нібы пашалелі, грабуць пад сябе, грабуць - і ўсё ім мала. І ўсё квокчуць, стогнуць, што кепска. Як бы і не бачылі ніколі галечы, як бы і не жылі зроду ў нястачы, у бядоце, калі кавалку чорнага хлеба рады былі. А цяпер... Поўная хата дабра, ходзяць, калоцяцца ля яго: не дакраніся, не дыхні. І ўжо, барані Бог, не там сядзь, не так нешта палажы. Свет пайшоў! Век звекавала, а такога ў вёсцы не бачыла: каб чалавек вакол шафы якой бегаў і дагаджаў ёй, нібы пані.

Узяць хоць бы яе дачку з зяцем. Самы вялікі, самы светлы пакой адвялі пад залу, панастаўлялі ўсяго-ўсякага і зачынілі. «Гэто, - кажуць, - калі госці, якія будуць, коб парадак буў». Самі туляцца ў маленькай, душнай спальні, малы забаўляецца на кухні, пад нагамі, а зала - пустуе. Дак які ж гэто парадак?

Марыля пастаяла пасярод залы з анучкаю ў руках, якою выцірала пыл, паківала галавою і ціхенька выйшла, асцярожна зачыніла за сабою дзверы.

Да абеду прыбрала на двары, памыла і пераапранула Паўліка - той заплёхаўся па самыя вушы ў карыце ля калодзежа. Пасля карміла зяця, які прыязджаў на абед. І, можа, яна зусім расхадзілася б, адчуўшы сябе крыху мацней, калі б не пракляты бычок. Канечне, які ўжо з яе пастух у такія гады. Яшчэ пакуль вяла бычка мяжою, той ішоў смірна, а на поплаве, як толькі ён адчуў прастор, дык і рвануў, і давай выбрыкваць. Учапіўшыся абедзвюма рукамі за вяроўку, яна спрабавала ўтрымаць бычка, але дзе там - хіба з гэтым чортам падужаешся! Адразу ж закалацілася сэрца, не стала хапаць паветра, яна адпусціла вяроўку і, цяжка дыхаючы, села на траву.

Суседскі Ясік і яшчэ некалькі хлапчукоў, якія пляскаліся ў канаўцы, падбеглі да яе:

- Вам кепска, цётка Марыля?

- Нічого, дзеткі. Дзякую... Пасяджу от... А вы мне злавіце гэтаго палазуна...

Хлапчукі кінуліся да бычка, са смехам, з гіканнем акружылі яго.

Калі ўсім гуртам завялі бычка ў хлеў і яна, замкнуўшы дзверы, вярнулася ў хату, то адчула такую слабасць, што ледзь дапаўзла да ложка. Востры боль з-пад сэрца аддаваў недзе пад лапатку і ажно ў нагу. Нельга было ні паварушыцца, ні ўздыхнуць. Аблівалася халодным потам, цярпела. А праклятыя абцугі сціскалі ўсё мацней і мацней...

«Няўжэ гэто ўжэ мая смерць прыйшла? - мільгнула выразная, але нейкая спакойная думка. - І нікого ж у хаце няма. Малога толькі напалохаю...»

Калі боль адступіў, яна задрамала. І прахапілася ўжо, як прыйшла дачка.


3

У хаце сцямнела. Трэба было б падняцца ды хоць вады каўтнуць, а то ў роце перасмягла - языком не паварушыць. Есці, хаця яна цэлы дзень амаль не ела, не хацелася. А калі б і захацела, то ў хаце, акрамя, можа, якога ўчарсцвелага акрайца, нічога не знойдзеш. Праўда, у лёшку, пад падлогаю, ёсць трохі бульбы і цэлая бочка агуркоў, якія нядаўна сама саліла. «Ну от і добрэ, - разважыла Марыля. - Навару сабе заўтра бульбы, паем з агуркамі. А да яе не пайду! Не трэба мне іхняй ласкі. Калі яны абыдуцца без мяне раз, то я без іх - дзесяць разоў. Папрашу Янакавых хлопцаў, прынясуць што з крамы і як-небудзь пражыву, не памру. Дак хоць буду ведаць, што сама сабе гаспадыня, што ні на кога не трэба аглядвацца, пад некага падладжвацца. Калі захачу - устану, калі захачу - лягу. Добрэ, што не згадзіласа прадаць тады гэту хату. Як чула сэрца!»

З-за хаты яно, бадай, усё і пачалося.

...Калі памёр Кандрат, Саня з Віктарам сталі настойліва ўгаворваць яе перабірацца жыць да іх.

- Што вам рабіць тут адной у чатырох сценах? Гэто ж яшчэ цяпер, летам, вечары кароткія, а прыйдзе зіма? У вас жэ нават тэлевізара няма.

- Такое там бяды - тэлевізар... - не прыняла яна гэтых угавораў. - Трэба будзе - схаджу да вас ці унь да суседзяў.

- А нашто хадзіць? Будзеце жыць у нас - можаце глядзець, калі захочаце.

- Ай, Санько, я ўжэ як-небудзь дажыву свой век і тут. Не хачу рабіць вам лішняга клопату.

- Які клопат, мамо?! Пра што вы кажаце? Гэто вось цяпер дак сапраўды клопат - упраўляцца на дзве гаспадаркі.

- Ну, праўда, мама, - падтрымаў Саню і Віктар. - Не думайце вельмі. Перабірайцеся. І вам будзе лепш, і нам. Хату прыгледзіце. Паўлік будзе на воку.

- Дак ён і гэтак увесь час са мною. А памагаць, мне здаецца, я і так памагаю, што магу. Не адмаўляюса.

- Памагаеце. Дзякуй вам. Але ж мы не пра сябе думаем, зразумейце. Саня праўду кажа. Што вам тут рабіць? Нашто кожны дзень бегаць то сюды, то туды? Паліць і ў адной печы і ў другой?

- Можэ, яно і так... - не вельмі пярэчыла Марыля, але і не спяшалася згаджацца.

Нечага ўсё цягнула. Шкада было расставацца са сваім кутком. Абжытым. Родным. Напоўненым тваім цяплом, тваімі думамі. Кутком, дзе кожная рэч, кожная драбніца пра нешта напамінала. Як жа ўсё гэта кінуць?

Але спыняла, мусіць, не толькі гэта. Бо, калі на тое пайшло, перабірацца ёй трэба было не на край свету, а ўсяго праз вуліцу, і ў любы момант яна магла заглянуць у сваю хату.

Стрымлівала іншае - характар дачкі.

«Наўрад ці ўжывемса мы, - прыкідвала, сумнявалася яна. - Ой, наўрад...»

Надышла восень, а за ёю - і першыя халады. Работы ў полі больш не было, і дачка з зяцем сталі прыходзіць дадому раней. Раней вярталася ў сваю хату і яна, Марыля. Запальвала святло, даставала з печы што-небудзь паесці, прысаджвалася да стала. Ела без асаблівага смаку, нетаропка. Павячэраўшы, не ведала, што рабіць далей, за што ўзяцца, куды сябе дзець. Навальваўся сум, якога яна не адчувала раней. Хто б мог падумаць, што ёй будзе так кепска без Кандрата. І яна зразумела: болей так жыць нельга. Пярэбары былі нядоўгія. Увязала ў хустку цёплую кофту, сёе-тое з бялізны, суконныя шкарпэткі, замкнула дзверы і сцежкай, якой яна многа разоў хадзіла дагэтуль, з нялёгкім сэрцам, з адчуваннем, нібы ідзе ў нейкі невядомы, чужы ёй свет, пайшла ў даччыну хату.

Ёй адвялі месца на тапчанчыку, у спальні. Тут жа, адзін пры адным, стаялі яшчэ два ложкі, на якіх спалі зяць з дачкою, а крыху збоку, бліжэй да грубкі, туліўся маленькі, Паўлікаў, ложак. Напачатку яна ніяк не магла прывыкнуць да такога цясноцця, ёй было душна, не хапала паветра. Ды яшчэ ад прасцінак, калготак, якія сушыліся тут, развешаныя ля грубкі, вечна тхнула пісюнамі. Але нездарма кажуць, што чалавек да ўсяго прывыкае. Прызвычаілася і яна - і да свайго новага становішча, і да сваіх новых клопатаў. Ноччу ўставала да малога, каб пераапрануць у сухое - малы, хоць яму ішоў трэці год, да гэтага часу бурыў у пасцель - ці даць папіць малачка, калі ён раптам прачнецца, закапрызнічае. Раніцай паліла ў печы, уходжвалася, гатавала есці. На першым часе, праўда, усё гэта яна рабіла разам з дачкою, але Марыля бачыла, што, устаючы рана, дачка не высыпалася, ішла на работу раздражнёная, нервовая, вярталася стомленая. Дастаецца, відаць, небарацы - усё ж з людзьмі ды з грашыма. Тут чорт ведае якія нервы трэба мець. Не з яе здароўем круціцца і на рабоце і дома. Пашкадаваўшы дачку, Марыля сказала ёй аднойчы, калі тая, як заўсёды, хмурая, заспаная, выйшла са спальні:

- Ідзі, Санько, паспі яшчэ. Няма чаго тут таўчыса ўдзвюх. Упраўлюса і сама.

Памагаў ёй цяпер зяць, і то не заўсёды - калі не быў чым іншым заняты. Даставаў з печы чыгуны, насіў свінням цяжкія вёдры. Горш за ўсё ўпякаліся ёй гэтыя вёдры: пакуль данясеш да хлява - рукі ажно занямеюць, ажно, здаецца, вырываюцца з плячэй.

Лепш ёй, канечне, не стала. Адзіноту сваю, праўда, яна цяпер адчувала не так востра. Але і пэўнага душэўнага спакою, раўнавагі не было. Пакінула родную хату - і як бы пакінула нейкую вельмі важную апору, што надавала яе жыццю неабходную ўпэўненасць, сэнс. Бо цяпер яна хоць і ўходжвалася, як звычайна, але гаспадыняй сябе не адчувала. Увесь час у яе душы жыў нейкі страх: а што, калі яна нешта зробіць не так або не тое? Яшчэ больш баялася нешта недарабіць, каб, крый Божа, не папракнулі, што дарма кормяць. Можа, канечне, ніхто так і не думаў, але вось жа дурны характар - старалася лепш недаесці, чым узяць што лішняе. Садзілася за стол у апошнюю чаргу і даядала тое, што ўжо заставалася. Зяць дык нават не раз сварыўся за гэта.

- Вы што ж гэта, мама, асароміць нас хочаце? Людзі ўбачаць, яшчэ падумаюць, што мы шкадуем вам кавалка хлеба.

- Бог з вамі! - ажно ўспляснула яна рукамі. - Якое можэ быць шкадаванне? Унь поўны стол ежы. А ці много старому чалавеку трэба? Узяў што на зуб - і даволі. Так што на мяне не глядзіце, колькі душа хочэ - столькі і ем.

А сама, як і раней, што смачнейшае пакідала Паўліку альбо Сані.

Не, лепш ёй не стала, але і скардзіцца на нешта было б грэх. Дачка абыходзілася добра. Зяць таксама.

Горшае пачалося на зыходзе зімы.

- Глядзеў сёння вашу хату, - сказаў аднойчы Віктар, калі селі вячэраць. Сказаў нібы з заклапочанасцю. - Падмокла моцна. Сям-там ад сырасці грыб узяўся. Трэба нешто рабіць...

- Грыб... - забедавала яна. - Дык ты ж, Віцько, лепш за мяне знаеш, што да чаго. Рабі што трэба. Кажуць, салярка добрэ памагае ад грыба.

- Што салярка! Калі будзе сырасць, то ніякая салярка не паможэ. Трэба, каб у хаце нейкае цяпло было, жывы дух.

- То, можэ, пусціць кватарантаў? Перахудчыха мне казала, што да яе нядаўна прыходзіла настаўніца, прасіла, коб узяла. Харошая такая, ціхая маладзічка. Можно було б узяць.

- А, што з гэтых кватарантаў! - паморшчыўся зяць. - Грошай тых кот наплакаў, а клопату...

- Яно праўда, - згадзілася Марыля, не здагадваючыся, куды хіліць зяць. - Пусціш чужого чалавека, і ўжэ хата як бы не твая.

Віктар нейкі час маўчаў, потым устаў, захадзіў па пакоі.

- Ну што вы, мама, трымаецеся за гэту хату? Вам кепска ў нас, ці што? А каму яна больш трэба! Алесю? У яго свая, гарадская. Што яму гэта парахня? А будзе пад замком - зусім згніе.

«Унь яно што... - здагадалася яна. - Прадаць хочэ. Грошы...»

І ёй шмат што стала зразумелае. І тое, чаму ўгаворвалі дачка з зяцем пераходзіць да іх, і тое, чаму Віктар, калі гадоў з пяць назад зайшла гаворка, каб перасыпаць хату, адразу ўхапіўся за гэта, падахвоціўся памагаць. Прывёў яшчэ свайго брата, калгаснага будаўніка, ды сестрынога мужа, Колю Шведзюковага, дужага, што мядзведзь, і ўтрох (з Кандрата які работнік?) за два тыдні і справіліся. Яна тады нарадавацца не магла на зяця: які гаспадарлівы, які кемны! Усё ўмее, усё зробіць па-гаспадарску. Старыя, падгнілыя падрубы павыкідалі, залілі падмурак з цэменту. Паклалі - вянцоў з пяць, аж пад вокны, смалістага бярвення. На яго - старое. Калі не хапіла тых дзесяці кубаметраў, што выпісалі былі Кандрату ў сельсавеце як ветэрану вайны, - Віктар дагаварыўся са знаёмым лесніком і прывёз яшчэ машыну лесу. Шыферу таксама дастаў за свае грошы.

- Як мы ўжэ будзем з табою разлічвацца, Віцько? - расчульвалася яна тады.

- Пра што вы кажаце, мама! - усміхаўся зяць. - Свае ж людзі...

- Ты робіш, нібыто мы збіраемса пражыць дзвесце гадоў. Можно було б так і не дакладацца. На наш век хапіла б.

- Нічога. Паміраць збірайся, а жыто сей. Яшчэ прыдасца.

«От і прыдаласа... - згадваючы тую гаворку, падумала з сумам Марыля. - Далёка глядзеў...»

Памаўчаўшы нейкі момант, уздыхнула:

- Можно, канечне, і прадаць. Воля твая. Ты на гэтую хату маеш большае право. Рашай сам.

- Ну калі так, то лічыце, што я з вамі ні аб чым не гаварыў. Я хацеў як найлепш...

На гэтым размова з зяцем і скончылася. А праз некалькі дзён стала пад'язджаць дачка:

- Мамо, ну давайце прадамо хату, га? Усё роўна ж вы там не жывеце, нікому яна не патрэбна. А ў нас і купец якраз добры знаходзіцца.

- І колькі ж ён дае, гэты ваш купец?

Саня запнулася:

- Ну... пяць тысяч абяцаў. Але калі патаргавацца, усе шэсць можно ўзяць. Болей ніхто і не дасць. А ўпусцім купца - зусім не прадамо.

- Пяць тысяч... - задуменна сказала Марыля. - У мяне такіх грошай зроду не було.

- Я ж пра што і кажу. Трэба хутчэй дамаўляцца.

- А што гэто вам так прыспічыло, што ўсё прадамо ды прадамо?

- Мамо, так і быць, прызнаюса вам да канца... - узрушана загаварыла Саня. - Віктар два гады стаяў на чарзе на «Жыгулі», і вось цяпер прыйшла паштоўка, можна ехаць палучаць. Ну, а ў нас грошай і не хапае.

- Не хапае? А дзе ж гэто вы іх падзявалі? Кожны ж год па два кабанчыкі прадаяце. І за бульбу выручаеце няблага. Зноў жа, абое на зарплаце.

- Ай, мамо, чужыя грошы заўсёды лацвей лічыць. А вы ж самі ведаеце, колькі ў гаспадарцы розных дзірак. Што і було, дак на Валіна вяселле распусцілі.

Слухала дачку, а душу трэсла: «Жыгулі», значыць, сабраліса купляць. Загадзя падумалі, спланавалі. Забыліса толькі пра мяне, пра тое, што яшчэ я жывая...»

- Дак што, мамо, чаго вы маўчыце?

- А што гаварыць... - уздыхнула Марыля і, каб не паказаць слёз, узялася парадкаваць на стале. - Вы ж без мяне рашылі...

- На табе! - у голасе Сані пачулася раздражненне. - Як гэто мы рашылі? Мы ж раімса з вамі. Хочэм зрабіць як найлепш. Прадамо - і вам нейкая капейчына будзе.

- Не трэба мне тыя грошы. Не було іх зроду, дак і цяпер не трэба.

- Вось дурная ўпартасць! З бацькам некалі трудно було дамовіцца, а з вамі ў дзесяць разоў цяжэй. Вы просто не хочаце нікого слухаць!

- Якая ўжэ е.

- Ну й... Ну й... - ад злосці Саня ажно не знаходзіла слоў. - Ну й няхай прападае! Скажу Віктару, каб больш і пальца ні да чаго не прыкладаў. А ён яшчэ, дурань, стараўса, гэтулькі труда ўлажыў. Хопіць!

І, ляснуўшы дзвярыма, Саня выйшла з хаты. Не размаўлялі яны з тыдзень. Потым як бы і паладзіліся - Віктар папрасіў не крыўдаваць: «Пагарачылася яна. Ведаеце ж яе характар. Калі мы гэтак адзін на аднаго будзем дзьмуцца, то што ж тады выйдзе?» Марыля толькі махнула рукою: «Ладно». Не стала трымаць крыўды, але пасля таго стрыманасць, трэшчына ў іхніх адносінах паявілася. Пра хату болей размовы не ўсчыналі...


4

Старая адчула, што пачынае мерзнуць. Холад браўся ад акна, ішоў па нагах, пранікаў пад адзежу.

«Вераснёўскія ночы ўжэ не летнія... - падумалася ёй. - Дый у хаце даўно не палена. Як у склепе, сыра, няўтульна. Так доўга не ўлежыш. Трэба неяк распрануцца ды залезці пад коўдру, не ляжаць усю ноч пластом...»

Але як толькі Марыля намерылася ўстаць - пад левай лапаткай нібы паласнула чым, вострым і балючым, і яна знясілена апусцілася на спіну.

Калі боль аціх, яна ражком хусткі выцерла з ілба халодны пот і рукамі пачала абмацваць вакол сябе - можа, што знойдзецца, каб накрыцца. Ад холаду яе пачыналі калаціць дрыжыкі. На шчасце, ля самай сцяны ляжаў згорнуты стары Кандратаў кажух. Стараючыся не варушыцца, яна асцярожна ўсцягнула кажух на сябе і заціхла, адчула прыемнае, гаючае цяпло.

Старая сплюшчыла сухія, гарачыя павекі.

Сон, аднак, не ішоў. Думалася пра дачку. Думалася без вялікае злосці. Толькі пякла, вярэдзіла душу крыўда ды яшчэ нейкая жаласць да сябе. «Заслужыла, называецца, за ўсё сваё старанне, за ўсю сваю дабрату. Заслужыла...» А яна ж думала: ля каго ўжо, а ля дачкі то зможа спакойна дажыць свае апошнія дні. І вось табе нажыла... Праўду людзі кажуць: малыя дзеці спаць не даюць, а вялікія - жыць.

Хаця на сыноў ёй асабліва няма чаго скардзіцца, памагаюць, калі што якое. А вось яна не можа сказаць, што да кожнага са сваіх дзяцей адносілася аднолькава, што кожнаму з іх дала, што магла. Не, не можа. Старэйшага свайго, Янака, як толькі той вярнуўся з арміі, адправіла ў прымы. Адправіла ў чым стаяў. І не таму, што шкадавала, а таму, што не было чаго даць - самі ледзь зводзілі канцы з канцамі.

Нічым, можна сказаць, не памагалі і малодшаму, Алеську, які падаўся адразу ж пасля школы ў горад, толькі адно лета і пабыў дома. І хіба лёгка яму было там вучыцца ў інстытуце, не адзін год туляцца па чужых кватэрах, а пасля, ужо з двума малымі дзецьмі, перабівацца на адну сваю зарплату: дзеці хварэлі і жонка не працавала. Хапіла яму, пакуль, дзякаваць Богу, не выбіўся ў людзі.

Марыля разумее: гэтых пакут у Алеся было б куды менш і, можа, не хварэў бы ён гэтак, не качаўся б па бальніцах, калі б у свой час была якая помач з дому. Але самае большае, што яна магла зрабіць, - гэта з'ездзіць на які тыдзень-другі да сына, паняньчыць унукаў. І то Саня не давала спакою сваімі званкамі, прасіла, каб вярталася хутчэй назад. І Марыля спяшалася дадому, дзе чакаў яе нялёгкі воз штодзённых клопатаў - сваіх, даччыных...

Хто яго ведае, чаму так атрымалася, - можа, таму, што гэта дачка, а з дачкою заўсёды больш клопату, ці то ўжо гэткі ў Сані характар, патрабавальны, капрызны, але выйшла, што з самага пачатку Саня як бы засланіла астатніх дзяцей. Янак, ледзь падняўся на ногі, стаў памагаць бацькам - і кароў пасвіў, і коней на начлег вадзіў, і араць, касіць навучыўся рана, любой работы не цураўся, за ўсё браўся з ахвотаю. З малодшым, хоць ён часам і падленьваўся, таксама асаблівай бяды не было. А Саня гадавалася пястухаю. Яе і будзіць рана шкадавалі, і работу давалі лягчэйшую, і з'есці - лепшае. Дзіўна толькі, чаму яна расла такая кволая, пастаянна не вылазіла з хвароб. Ці не тады ўжо і прывучыла яна дачку, што ўсё толькі ёй, дзеля яе?

Не вельмі што памянялася і пасля Санінага вяселля. Спачатку, праўда, Марыля ўздыхнула з палёгкаю - дачка пайшла ў добрую, паважаную ў вёсцы сям'ю. Муж, няма чаго Бога гнявіць, трапіўся рабацяшчы, гаспадарлівы.

Але не доўга радавалася Марыля. Аднойчы надвячоркам Саня забегла да іх і не села, а зняможана ўпала на лаву:

- Мамачко, родненькая, не магу больш. Не вытрымаю...

І залілася слязьмі.

- Ну ціхо ты, не раві. Не маленькая, коб суцяшаць, - знарок сурова сказала Марыля, хаця ў самой, калі глядзела на вялікія сінія дугі пад вачыма ў Сані, на нос, які завастрыўся, разрывалася сэрца.

- Кажы, што ў цябе там такое? Пасварыліса?

Саня зашморгала носам:

- Ён жэ да мяне, як да парабчанкі якой... Здзекуецца, як можэ.

- Хто, Віцё?!

- Не. Свёкар.

- Не можэ быць! - не дала яна веры. - Такі ж харошы чалавек, памяркоўны, разважлівы. Не можэ быць. Хіба ты сама не тое робіш.

- Як жэ сама, мамо, калі я ўжэ стараюса дагаджаць яму, бы той скуле, што ён толькі скажа, раблю, а ўсё адно кепско, усё адно бурчыць, папракае кавалкам хлеба. Сала ўсё пахаваў пад замок, цукру дае па драбку на дзень. Душымса адной нішчымніцай...

- Ну, а ён што, Віктар твой?

- А што Віктар? З бацькам, кажэ, не будзеш сварыцца. Церпіць таксамо.

- Ой, доню, глядзі. Такое цярпець? Пагавары з Віктарам, ды калі што якое - перабірайцеса да нас. Хата ў нас хоць і меншая, затое спакойна будзе.

- Я гаварыла з ім. Не хочэ. Кажэ, бацькоў толькі зняславім. Пацярпі, кажэ, год-другі, а там сваю хату паставім. Ён ужэ і лесу выпісаў.

- Лёгко сказаць «год-другі». А будзе малое?

- Не знаю, мамо...

Пасля размовы ўстрывожылася за дачку не на жарты. Хто-хто, а яна ведала добра, што значыць гэта хатняя муштра - спазнала таксама, па горла хапіла чужой ласкі... Дык то ж калі было - пры адналічніках яшчэ. А каб цяпер? Ужо нідзе й не чуваць такога. От табе і хвалёны Пракоп! Калі ў бяседзе, то такі ўжо гжэчны, прыемны - зроду і не падумаеш чаго кепскага. А ён, бач, які... Праўду кажуць: бойся сабакі галоднага, а чалавека багатага.

Шчыра кажучы, свайго свата, Пракопа Чамярыцу - высокага, худога, з падкручанымі на панскі манер вусамі, з цвёрдым, халаднаватым позіркам цёмных вачэй, Марыля не тое каб баялася, але адчувала сябе пры ім ніякавата, бянтэжылася і не магла, нават калі адчувала ці ўпэўнена была, што праўда - яе, не магла адстояць гэту праўду.

Марыля вырашыла схадзіць да сватоў і пагаварыць з імі адкрыта. Але не паспела яна заікнуцца, што от Саня, маўляў, цяпер цяжарная, варта б ёй аберагацца - есці лепш, цяжкага чаго не рабіць, як Пракоп незадаволена нахмурыў калматыя бровы і адрэзаў:

- Ты, Марыля, у чужы манастыр са сваімі саветамі не лезь. Мы, гэто самае, як-небудзь разбярэмса і самі.

- Бог з табою, Пракопко. Я ж хіба што кажу... - спалохалася яна, каб гэтай неасцярожнай размовай не зрабіць дачцэ яшчэ горш.

Адыходзячы, пахваліла парадак на двары, у агародзе.

- Усё ў вас даведзено да ладу, усё па-хадзяйску...

Пракоп задаволена падкруціў вус, але адказаў стрымана, як бы нават з папрокам ці павучальна:

- Хто дбае, той і мае.

Больш такіх спроб яна не рабіла. Праўда, праз нейкі час Пракоп крыху змякчыўся: ці то сапраўды пашкадаваў маладую нявестку, ці то не хацеў, каб у вёсцы лішняе гаварылі, бо людзі хутка заўважылі, як схуднела Саня, выпетрала ў трэску на свёкравых харчах.

Змякчыцца-то змякчыўся, ды, відаць, позна. Стала прыкмячаць Марыля, што пакухеквае нешта яе Саня. Суха, нядобра. І бляск нейкі ў вачах паявіўся - ліхаманкавы, нездаровы.

- У цябе нічого не баліць? - не вытрымала аднойчы, папыталася з трывогаю.

- Ды не, нічого, - адвяла вочы ўбок Саня. - Трохі, мусіць, прастудзіласа. Капалі нядаўна бульбу, дак вымакла ўся да руба, замерзла.

- З'ездзіла б ты ў Лагішын на прасвятленне. Не наравіцца мне твой выгляд.

Прадчуванне яе не падманула. Ад дактароў Саня вярнулася сама не свая.

- Ну? - адчуваючы, як падгінаюцца калені, села насупраць дачкі Марыля. - Што яны табе сказалі?

Саня слаба, праз слёзы выціснула:

- Туберкулёз, мамо...

- Беркулёз! Ох, Божэ ж мой Божэ! За што, за якую правіннасць такая кара? І што цяпер рабіць? Якой шукаць рады?

Ніколі яшчэ ў яе жыцці не было такога чорнага дня. От як яно бывае. Здаецца ж, усё так добра складвалася: і замуж Саня выйшла раней за сваіх сябровак, і чалавек ёй трапіўся харошы - і на табе, такая бяда. І хоць доктар сказаў, што нічога пакуль страшнага няма, толькі нейкі ачаг, добра, што на скорым часе схамянуліся, але лячыцца трэба. А як лячыцца, калі спрадвеку ў вёсцы «беркулёз» гэты лічыўся самай паганай хваробай? Дзеўку, у сям'і якой хто-небудзь хварэў на туберкулёз, абыходзілі за тры вярсты, а ўжо, не дай Бог, сама - большай ганьбы і не прыдумаеш. Саня хаця ўжо і не дзеўка, але невядома, як да гэтага паставіцца Віктар, што скажуць сваты. Дый пра малое думаць трэба. Пяць месяцаў ужо. Доктар папярэдзіў: уколы могуць зашкодзіць. Вось і думай, што хочаш...

У той вечар яны наплакаліся абедзве. Але колькі ні плач - слязьмі бядзе не паможаш. І Марыля, выцершы фартухом вочы, сказала цвёрда:

- Гаварыць нікому нічого не трэба. Нават Віцю. Паспрабуем лячыць самі.

Назаўтра ж яна выбралася ў Дабраслаўку, суседнюю вёску, дзе жылі іхнія сваякі. У іх хварэў на туберкулёз хлопчык. Лячылі яго дома, нават і гаварылі чым, але яна не запомніла. Трэба было дазнацца, распытаць падрабязна. А калі пацікавяцца, каму лекі, - скажа, што гэта старому.

Сваякі паспачувалі Кандрату, расказалі, як і што рабіць, далі мёду, альясу. Кагору яна купіла ў краме.

Тры месяцы Марыля паіла Саню сваімі лекамі. Куды толькі не хадзіла, чаго толькі не знаходзіла.

Рабіла ўсё, што раілі добрыя людзі. Але самае труднае было не гэта. Цяжэй было рабіць так, каб ніхто не здагадаўся: каму лекі і ад чаго. Першым стаў бурчэць свёкар:

- Што гэто ты зачасціла да сваіх, нібы мёдам табе там намазана? Быццам дома ніякай работы няма?

Саня, як дамаўляліся, сказала, што захварэла маці, нешта з сэрцам кепска, дык вось прывезла з Лагішына парашкоў, а цяпер ходзіць, застаўляе, каб піла.

- А Кандрат што, не можэ?

- Ведаеце ж нашага бацьку... А мама - як малое дзіця, сама не вып'е.

Віктар падтрымаў Саню:

- Нічога страшнага, тата. Там яна не доўга бывае. А хадзіць ёй цяпер на пользу.

Вось гэтак, хаваючыся і ад сваіх, і ад чужых, глядзела яна Саню, паіла лекамі, карміла ўсім лепшым, што было ў хаце. І даў Бог, памагло! Калі праз тры месяцы паехала на прасвятленне зноў, доктар здзівіўся. «Няўжо, - кажа, - лячыліся без уколаў? Вы - малайчына, нідзе ніякага знаку». А яно і без доктара было бачна, што лекі пайшлі на карысць - і з твару пагладчэла, і бляск нядобры ў вачах прапаў.

Нарадзіла неўзабаве Саня дачушку, ладную, крэпенькую, і сама як быццам акрэпла, павесялела. На работу вярнулася. І ў Марылі адлегла ад сэрца - якой матцы не прыемна, калі ў дзіцяці ўсё добра?

Ды якіх праз паўгода зноў Саня пазмрачнела. Стала скардзіцца, што жывот пабольвае. Думала: пройдзе. А яно далей - болей. Кепска зусім. Раніцаю скурчыцца ад болю, а выгляду не падае - і дачку пакорміць, і ў хаце прыбярэ, і на работу бяжыць...

Але колькі ж можна цярпець? Паехала Саня да доктара. Прыязджае - язва! Што?.. Як?..

Пайшла Марыля па людзях зноў. Маракавала ля Сані цэлае лета - і сок капусны давала, і сок бульбяны, якімі толькі зёлкамі ні паіла, а паправунку ніякага.

Памог праполіс, пра які яна дазналася ў Пінску, на рынку. Параіў адзін чалавек (дай яму Бог здароўя), ён і прадаў гэтага праполісу, нават пляшка спірту ў яго знайшлася для настою.

Расчуленая, Марыля накінула за лекі пяцёрку, але чалавек не ўзяў. «Мне, кажа, маладзіца, лішняга не трэба. Я на чужой бядзе багацця рабіць не збіраюся. Хай п'е на здароўе. А будзе лепшаць - прыязджай. Сам я не з Пінска, а з Падбалоцця. Чула такую вёску? Прыедзеш, папытаеш Мікіту-пчаляра, табе любы пакажа маю хату».

Ездзіла яна да таго добрага чалавека яшчэ двойчы: лекі яго памаглі Сані. Пакуль капаць бульбу, яна паправілася зусім.

Цяпер, праз гэтулькі гадоў, здаецца, што нічога страшнага і не было. А тады наперажывалася Марыля. Саню, бывае, суцяшае, крычыць на яе, каб дурныя думкі з галавы выкінула, а сама заснуць не можа. Плача - слёз не хапае.

Дзякаваць Богу, абышлося. У вёсцы ніхто нічога не заўважыў. А людской пагалоскі Марыля баялася не менш, чым праклятай язвы. Пусцяць якую паганую плётку - за тры гады не адмыешся.

Пра хваробу ведаў толькі Віктар. Прызналася яму Саня. Марыля дык нават насварылася была на дачку, навошта сказала - мужчыны ўсе аднолькавыя, любяць жонку, пакуль яна здаровая. Віктар, праўда, аказаўся маладзец. Не толькі ні за што не ўпікнуў Саню - як мог памагаў ёй: не даваў цяжка рабіць, заступаўся, калі свёкар спрабаваў бурчэць...

К зіме дачка з зяцем перабраліся ў сваю хату. Не трэба было больш нікому дагаджаць. Самі сабе гаспадары. Дый Марыля цяпер магла забегчы, памагчы, што трэба, - хата ж побач.

Гадоў з пяць жылі яны хораша, дружна. Саня, як і раней, працавала ў канторы, касірам. Віктар, каб мець больш вольнага часу і каня ў руках, уладкаваўся заўхозам у школу. За адно лета навазіў ён лесу і напілаваў гэтулькі дошак, што абгарадзіў сядзібу і яшчэ засталося. Другім летам на месцы дашчанага хлеўчука паставіў новы хлеў, не хлеў - стадолу, дзе пад адным дахам былі адрына, павець, стойлы для каровы, для свіней, асобныя катухі для курэй і гусей. І ўсё гэта пад шыферам, на цэментавым падмурку - як ні ў кога ў вёсцы. «От што значыць хадзяін!» Марыля не магла нарадавацца, нахваліцца сваім зяцем.

Віктар жа не толькі сваю сядзібу давёў да ладу, але і на іхнім двары знайшоў што зрабіць. Колькі й жылі яны з Кандратам, ля хлява ў іх была вечная гразь, якая хіба толькі і высыхала ў спякотлівае лета. Віктар падахвоціў Кандрата, пракапалі яны канаўку, спусцілі ваду, прывезлі пару вазоў жвіру, засыпалі лужыну. А зверху з цэментавых пліт, што засталіся ў Віктара ад хаты, выклалі дарожку, проста да хлява... Неяк зімою ўбачыў Віктар, што яна доіць або ў цемнаце, або пры газоўцы, - правёў электрычнасць у хлеў.

Не, на зяця Марыля нічога благога сказаць не магла. А вось дачка... Дачка яе, займеўшы сваю хату, сваю гаспадарку, стала мяняцца на вачах. Спярша, праўда, прасіла: «Можэ б, вы паглядзелі за дзецьмі, а то еду па грошы і вярнуса позно...» Адчуўшы яе пакладзістасць, не прасіла ўжо, а, бегучы раніцай на работу, адно толькі кідала ёй на хаду, іншы раз нават не пераступіўшы парога: «Мамо! Я не паспела выпаліць у печы, паглядзіце там...»

Далей - болей. Ужо стала загадваць: «Пакорміце свіней!», «Памыеце бялізну!», «Прыбераце ў хаце!».

Не раз хацела Марыля сказаць дачцэ, што ў яе і свайго клопату хапае, але, разважыўшы, адганяла крыўду прэч. Шкадавала Саню: яна, бедная, нацярпелася. Толькі й пабачыла свету, як сюды перабралася. Дый хто ёй паможа, калі не матка?

А Саня камандавала. Ды яшчэ і прыкрыквала: не так зрабіла, не туды ступіла! Аднаго разу, калі дачка стала павучаць яе, маўляў, хто ж гэтак робіць, дзіва, што ў вас ніколі парадку не было, Марыля не вытрымала, сказала:

- Усякая будзе гаспадыня, калі поўная скрыня.

- Ну от! - незадаволена гмыкнула Саня. - Пагавары з вамі. Калі не разумееце, дак хоць бы слухаліса.

- Аге ж... За добрым мужыком і ты разумная.

Такія прыкрыя сваркі ўзнікалі паміж імі ўсё часцей і часцей. Апошнім часам дык не тое што кожны дзень, а нават некалькі разоў на дзень. Асабліва пасля той размовы пра хату. І хаця «Жыгулі» яны ўсё адно купілі (знайшлі-такі грошы!), але Саня цяпер і на вочы не напускала яе.

«Ох, Божэ-Божэ...» - уздыхнула старая і ад рэзкага, пякучага болю так і замерла, з адкрытым ротам, з нявыдыхнутым паветрам.


5

Упершыню ёй стала кепска з сэрцам у тое лета, калі два страшныя, жахлівыя няшчасці зваліліся на іхнюю радню адно за адным.

...Надвячоркам да яе забег Косцік, Янакаў сярэдні, паведаміў, што здаў экзамены без троек, нават чацвёрак усяго толькі тры, і што ён цвёрда рашыў паступаць на інжынера.

- Ах ты, мой саколік! - расчулілася яна. - Чакай-но, чакай...

Марыля пакорпалася ў куфры, але, не знайшоўшы там нічога, што магло б прыдацца хлопцу, дастала проста пяць рублёў і падала іх Косціку.

- На от хоць гэто. Купіш што ў краме.

- Ну што вы, бабуля... - засаромеўся той. - Нічога мне не трэба.

- Бяры, бяры, - настояла яна.

Чырванеючы да вушэй, хлопец з няёмкасцю ўзяў скамечаную паперку, выскачыў з хаты. На адыход толькі кінуў:

- З заўтрашняга дня ў мяне вольнага часу - процьма. Буду памагаць вам часцей, бабуля.

- Бяжы ўжэ, бяжы... - усміхнулася Марыля яму ўслед. - Памочнік ты мой дарагі.

І бы адчувала што: яшчэ і ў акно паглядзела, усцешана залюбавалася, як яе чубаты памочнік пабег на вуліцу.

А на досвітку яе разбудзіла Саня.

- Мамо, адчыніце! - і ледзь пераступіла парог, выдыхнула: - З Косцікам няшчасце... Парэзалі...

- Як - парэзалі?

- Янак толькі што прыбягаў да нас выклікаць «скорую», казаў, што нейкія чужыя п'яныя хлопцы прыблудзіліса ў школу на вечар і сталі хуліганіць, прыставаць да дзяўчат. Ну, Косцік і ўмяшаўса. Дак яны яго вызвалі на ганак і там... Нажамі...

- Нажамі?! - жахнулася яна. - І моцно?

- Моцно... Павезлі ў больніцу без памяці.

- Ах, Божэ ж ты мой Божэ!.. А што ж гэто такое? - замітусілася яна па хаце, не ведаючы, куды кінуцца, што рабіць. Нарэшце запыталася: - А Янак дзе, дома?

- Паехаў у больніцу. І Віктар з ім.

- То хадзем да Зосі.

Зося сядзела на ложку як скамянелая, безуважная да таго, што ёй гаварылі, толькі зрэдку паварочвала галаву да акна, калі з вуліцы чулася гамана.

Янак з Віктарам вярнуліся пасля абеду. І ўжо толькі глянуўшы на іх твары, можна было нічога не пытацца. Зося павалілася на ложак, забілася галавою аб сцяну, загаласіла нема і страшна.

Косціка хавалі праз дзень.

Двое сутак Марыля была там, у Янака. Старалася хоць чым памагчы, хоць крыху суцешыць нявестку з сынам.

- Ну што ўжэ гэтак зводзіць сябе? Што цяпер зробіш? Яму ўжэ нічым не паможэш, а вам шчэ трэба жыць да жыць. Думайце і пра сябе... - усё паўтарала яна то аднаму, то другому, а ў самой душа ажно разрывалася ад страшнай, непапраўнай бяды.

Не спаўшы дзве ночы, наплакаўшыся і наперажываўшыся, Марыля яшчэ ў хаце адчула слабасць, а калі на могілках сталі развітвацца з Косцікам апошні раз, усё закалыхалася, паплыло перад вачыма - і людзі, і труна, не стала чуваць ні плачу, ні галасоў...

Ачнулася ўжо на лаўцы, ля плота. Саня з Віктарам і некалькі жанок стаялі побач.

- Ну, дзякаваць Богу, здаецца, адышла...

Фельчарка, якую пазваў Віктар, сказала, што трэба паляжаць, папіць лякарства. Сэрца вельмі слабое.

Не ведала Марыля, што самае цяжкае выпрабаванне яе чакае наперадзе.

...У ясны вераснёўскі дзень, калі яна з Саняю капала на полі бульбу, нечакана прыехаў на матацыкле Віктар. Не глушачы матора, ён нязграбна, бы п'яны, злез з сядла і паволі падышоў да іх. Твар белы-белы, губы трасуцца - і слова сказаць не можа.

- З-збірайцеся... п-паедзем... - выціснуў нарэшце як не сваім голасам.

Абамлелыя, яны абедзве са страхам глядзелі на Віктара, баючыся што-небудзь пытацца.

Памаўчаўшы хвіліну, той здушана сказаў:

- Няма Сашкі... Зарэзала цягніком...

- Ох, Бо-ожачко! Ох, людачкі! - Успляснула рукамі Саня і асела на зямлю, роспачна загаласіла: - А што ж гэто зрабіласа? Колькі ўжэ нам гэтаго гора? Што за праклён такі на нашу радню?..

Твар Віктара болесна перасмыкнуўся:

- Збірайцеся. Трэба ехаць...

У той жа вечар яны селі на аўтобус, які ішоў да Пінска.

Паехалі ўсе трое - Саня, Віктар і яна, Марыля. Дома застаўся адзін Кандрат.

«Што цяпер будзе? - горка думала яна, калываючыся на скрыпучым, мулкім сядзенні. - Казала ж ім, папярэджвала: не ганіцеса за багаццем. Не паслухалі, зрабілі па-свойму...»

І ёй прыгадаўся гэткі ж сонечны вераснёўскі дзень мінулай восені.


6

У хаце, на двары - поўна гасцей і проста цікаўных, якія прыйшлі паглядзець на маладых, на вяселле.

Стаіць бязладная гамана, смех, грае музыка. І грае не які-небудзь там гармонік, а цэлы аркестр - чатыры чалавекі з нейкімі бліскучымі, мудрагелістымі трубамі, гітарамі, якіх яна зроду й не бачыла. Віктар ездзіў па гэтых музыкаў спецыяльна ў Пінск, заплаціў вялікія грошы.

Усе чакаюць жаніха і яго радню. Вось-вось яны павінны прыехаць са сваіх Пінкавіч. Ужо не раз, прысеўшы за багатыя сталы, і выпілі, і паспявалі, а чаканых гасцей усё няма. Узрушаны Віктар раз-пораз бярэ слухаўку і тэлефануе на пошту - яна ля самага гасцінца, - пытаецца там у некага:

- Ну што, не відно? - і адыходзіць, недаўмяваючы. - Дзе ж яны затрымаліся?

Саня з жанкамі парадкуе на сталах, ставячы закуску, выпіўку.

Марылі пакуль рабіць няма чаго. Яна заглядвае ў спальню, дзе каля Валі шчыруюць яе сяброўкі. У доўгай белай сукенцы, у прыгожым дарагім вэлюме, Валя трымаецца сур'ёзна-стрымана, выглядае зусім дарослай. Убачыўшы бабулю, прыветліва ўсміхаецца, махае рукой. «А можэ, дасць Бог, усё будзе добрэ? - супакойваецца Марыля. - Можэ, напрасно я набрала ў галаву?»

...Сватоў, што пастукаліся ў хату зімовым адвячоркам, ніхто не чакаў. Віктар і Саня разгубіліся. Чужыя, незнаёмыя людзі. Ажно з Пінкавіч, за трыццаць кіламетраў. Дый... дый Валю яшчэ не збіраліся аддаваць замуж - толькі ж скончыла школу, паступіла вучыцца ў Менск, на настаўніцу.

- А мы, знацца, і не гонім, - спакойна сказаў бацька жаніха, чырванатвары, з тоўстым, аж перавальваўся цераз папругу жыватом. - Мы і не гонім. Мы, знацца, хацелі б дамовіцца ў прынцыпе. Спяшацца нам няма куды. Мы вось прыехалі да вас, а вы, знацца, прыязджайце да нас, паглядзіце, як мы жывём, з Сашкам нашым паталкуйце. А там будзе бачна...

Сваты як з'явіліся раптоўна, так і сабраліся. Селі ў свае «Жыгулі» - і паехалі, пакінуўшы Саню і Віктара гадаць: што за людзі? Адкуль ведаюць іх дачку? Што за жаніх?

А на другі дзень у хату зайшоў Віктараў сусед, Юзік Яворскі. Хітравата пасміхваючыся, спытаў:

- Ну, як сваты?

- А ты адкуль ведаеш? - здзівіўся Віктар.

- Ведаю... Мой жа Васіль служыў разам з іхнім Сашкам. От ён яму пра вашу Валю і расказаў. Так што шукай, браце, як кажуць, магарыч.

- Паспеецца... - не падтрымаў яго тону Віктар. - Ты мне лепш скажы, што яны хоць за людзі.

- Я-то іх не знаю, - паціснуў плячыма Юзік. - Васіль ездзіў нядаўна да іх, гасцяваў. Казаў, што багата жывуць, парнікі трымаюць. Знаеш, якія грошы закалачваюць? Па сем-восем тысяч за лета!

- Ого! - крутнуў галавою Віктар і глянуў запытальна на Саню. Тая сядзела ўся ўрачыста-сур'ёзная, прагна лавіла кожнае слова.

- А што ты, браце, думаеш! Бачыў, якія ў іх «Жыгулі»? Люкс! Такія і ў старэйшага сына. Не сумнявайся, малодшаму свайму купяць не горшыя.

- От, знайшлі пра што гаварыць, - сказала, не вытрымаўшы, Марыля. - Хіба ж дзело ў «Жыгулях»? Галоўнае, коб хлопец харошы буў.

- Яно-то так... - вёў сваё сусед. - Але калі ёсць грошы, то і хлопец будзе харошы.

Яна тады нават паспрачалася трохі, бо не спадабаліся ёй сваты - вельмі ж нейкія сытыя, задаволеныя, упэўненыя. І размову вялі спакойна, дзелавіта, практычна, нібы гаворка ішла не пра чалавека, а звычайную рэч, якую можна з выгадай купіць, прадаць.

Саня з Віктарам, аднак, з'ездзілі ў Пінкавічы. А калі вярнуліся, то ўжо нічога і слухаць не хацелі.

- Лепшага для Валі мы, каб і хацелі, не знойдзем...

Сказалі - як адрэзалі.

Усё ім там прыйшлося даспадобы: і цяпліцы («ой-ёй-ёй, там жэ цэлы агарод пад плёнкаю!»), і сад, што дае да тысячы рублёў, і вялікі, дагледжаны дом. А побач з гэтым домам стаіць, ужо амаль гатовы, яшчэ адзін, на чатыры пакоі - для Сашы. Калі Валя пойдзе, то можна будзе жыць дома, а на работу ездзіць у горад, які, можна сказаць, пад бокам.

- Ну, а сам гэты Саша, як ён вам? - папыталася Марыля, калі тыя нарэшце скончылі расказваць.

- Нічога, па-мойму, хлопец, - сказаў Віктар.

- Ага, нічого, - паўтарыла і Саня. - Адно што, можэ, хіба занадто спакойны нейкі. Ну, да гэто, можэ, к лепшаму.

- І што вы надумалі?

- А што тут думаць, мамо? Пайсці на ўсё гатовае, ды ў такія людзі... Шчасце, можно сказаць, само ў рукі даецца.

- Ніхто не знае, дзе яно, шчасце, блукае... - уздыхнула Марыля, прыгадаўшы, як некалі і сама, спакусіўшыся на багацце, шаснаццацігадовай дзяўчынай пайшла за Кандрата, у якога было многа поля, а ёй, сіраціне, здавалася: дзе поле - там і шчасце. А як прыйшлося, то нічога добрага на гэтым полі не ўбачыла. Тады толькі і адкрыўся свет, калі арганізавалі ў іхняй вёсцы калгас.

- Я свайму дзіцяці не вораг, - сказала Саня, зразумеўшы, мусіць, што турбуе Марылю. - Канечне, у тых парніках трэба працаваць, само яно расці не будзе. Але старыя сказалі, што Валя хай уладкоўваецца дзе хочэ, у горадзе, дак у горадзе, яны да цяпліц прывязваць яе не будуць. Саша ўправіцца і сам. У яго часу хапае. Ну, а яна ўжэ хіба толькі калі што паможэ, ды і то якую лягчэйшую работу.

- Яно так заўсёды: «кось-кось», пакуль не ў аглоблі. А тады як запрагуць, то і пугу пакажуць.

- Ай, мамо, вы ўжэ як скажэце! - незадаволена паднялася Саня, і гаворка на гэтым скончылася.

А праз нейкі тыдзень, калі Валя была на канікулах, сваты прыехалі зноў. На гэты раз ужо з Сашам. Доўга, прыдзірліва прыглядалася тады Марыля да хлопца, які сціпла сядзеў за сталом, у размову асабліва не ўступаў, але калі што гаварыў - гаварыў талкова, разважна. І не хваліўся гэтак, не выстаўляўся, як бацька.

«Здаецца, нішто хлопец», - рашыла Марыля. А Валі ён не спадабаўся. Сказала, што і малы, і худы, і наогул цялё нейкае.

- Ніводнай кніжкі не чытаў! Пра што ні папытаюся - нічога не знае.

- Бач ты! Разумная такая знайшласа! - пачала гарачыцца Саня, але Віктар яе спыніў.

- Не трэба, - сказаў ён хмура. - Не падабаецца, дык і не трэба. Ніхто сілай не застаўляе.

І ламаць адразу дачку не сталі. Узяліся ўгаворваць паступова, ласкаю. І такі дамагліся свайго. Задумалася Валя, завагалася.

А неяк, у свой чарговы прыезд, Валя забегла да Марылі. Пасядзела, памулялася, а тады і пытаецца:

- Бабуля, ну што мне рабіць? Мае ўсе раяць выходзіць замуж за Сашу. А я нешта... Парайце, бабуля, вы ж у мяне такая разумная, такая добрая. Як скажаце - так і зраблю.

- Ах ты, мая ластаўка... - абняла яна ўнучку. - Коб жэ я магла ведаць, як яно будзе лепш. Тут не ўгадаеш. Бувае, што і за любаго, за жаданаго выходзяць, а жыткі няма. А як на шчасце, то і нялюбы стане любым. Трудно нешто параіць. Табе, дзіця маё, жыць - табе і рашаць. Думай сама...

- Ды я ўжо думала - думала і разгубілася.

- Некалі мой бацька, калі я малая була, вучыў мяне так. Благога, казаў, не рабі і ад добрага не ўцякай. Так і я табе скажу. Саша - хлопец, па-мойму, някепскі, і да цябе, я прыкмеціла, хіліцца. Значыць, шкадаваць будзе.

Цяжка сказаць, з якімі думкамі пайшла тады ад яе Валя, але з Сашкам яна пасля гэтага палагоднела і пісьмы пачала пісаць часцей. Усю зіму і вясну перапісваліся яны, сустракаліся, а к лету стала ясна: усё складвалася на тое, каб рыхтавацца да вяселля...


7

- Едуць! Едуць!.. - Пачуліся галасы пад акном.

Марыля падхапілася са сваёй табурэткі, на якую прысела ў кутку на кухні, заспяшалася з хаты. Вароты былі ўжо расчынены насцеж, і шумны, нецярплівы натоўп валіў на вуліцу.

- Расступіцеса, расступіцеса! - камандаваў Пракоп Чамярыца. - Дайце дарогу!

Трое новенькіх «Жыгулёў», апавітых каляровымі стужкамі, кветкамі, і грузавая машына, поўная галасістых вясельнікаў, паволі пад'язджалі к дому.

Саня і Віктар, узрушана-ўрачыстыя, крыху збянтэжаныя ўсеагульнай увагай, выйшлі на ганак. Саня ў вывернутым кажусе, з вечкам ад дзяжы, на якім стаіць перавязаная чырвоным касніком пляшка гарэлкі і міска мёду.

Калі машыны спыніліся, аркестр урэзаў марш. З пярэдніх «Жыгулёў» нетаропка выбраўся сват - у капелюшы, пры гальштуку. Пачуўшы музыку, хацеў зухавата, па-маладзецку стаць «смірна», але яго моцна павяло ўбок. Нехта спрабаваў памагчы яму, аднак ён рашуча адвёў руку, угрунтаваўся на нагах сам і, выцершы насоўкай чырвоны, успацелы твар, агледзеў усіх задаволеным позіркам - от я, маўляў, які! Да яго падышла жонка, стала нешта гаварыць, але сват нібы і не чуў, зашпіліў толькі пінжак, які ледзь сыходзіўся на тоўстым жываце, паправіў новы, мусіць, спецыяльна куплены дзеля гэтага дня капялюш і паважна рушыў туды, дзе ўжо чакалі яго Саня і Віктар.

Саша з маці пайшлі крыху ззаду. За імі - астатнія вясельнікі.

Калі госці наблізіліся да ганка і сталі наўкруг, Саня зачырванелася ад хвалявання, ступіла на прыступку ніжэй, сказала Сашу:

- Дарагі мой зяцёк! Як цябе я не знала, то і зяцем не звала. А цяпер буду знаці, дак і зяцем зваці. Добрыя мыслі мець - з зяцем гарэлку піць. Будзь здароў, зяцёк!

Віктар, наліўшы з перавязанай касніком пляшкі чарку, падаў яе Сашу. Той прыгубіў чарку і выліў гарэлку цераз левае плячо. Ззаду пачуўся вясёлы віск, смех.

Людская гамана стала больш моцнай, ажыўленай, і Марыля ўжо не магла разабраць, што гаварылі Саня з Віктарам сваім сватам, што адказвалі тыя. Затое выразна чула гамонку за спінаю.

- Бач ты! - казаў нечы мужчынскі голас. - Нібы міністр які, толькі партфеля не хапае.

Другі, падхапіўшы, весела рагатнуў:

- А нашто яму той партфель, маючы такое пуза!

- А жаніх нешта не ў бацьку, - вёў трэці. - Худы, як гарохавая лапатка.

Тым часам чарка, абышоўшы круг, вярнулася на вечка ад дзяжы. Саня з Віктарам замітусіліся вакол сватоў.

- О, о, глядзі, - зноў пачуўся насмешлівы голас ззаду, - глядзі, як дагаджаюць, лістам сцелюцца.

«І праўда, - падумала Марыля, - навошта ўжэ гэтак? Няма чаго тут падлізвацца, прыніжацца. Яшчэ невядомо, хто каму ласку робіць...»

На натоўп - і раз, і другі, і трэці сыпанулі зерне жыта, капейкі. На шчасце. На добрую долю. Каб вадзіліся грошы.

- Куды ўжэ ім сыпаць, - азваўся нечы буркатлівы жаночы голас. - Мала ім багацця? Саліць хіба будуць...

Марыля азірнулася. Гаварыла суседка, Кавалішына Вольга - злая, языкастая кабета.

«Коб табе заняло! - падумала з прыкрасцю. - От жа зайздросная істота. І ўсюды яна прывалачэцца, і ўсё сваімі нялюдскімі вачыма выгледзіць. Хай табе будзе тое, што ты зараз каму жадаеш!»

Марыля адышлася далей ад гэтай халеры, але на душы засталася нейкая трывога.

«Не на дабро людская зайздрасць. Паганыя языкі горш за атруту. Не трэба було ім гэтак выстаўляцца. І казала ж ім, прасіла. Дак не, захацелася лепш за ўсіх».

- Дарагія госцейкі! - перакрываючы гаману, пачуўся раптам бадзёры, зычны голас Пракопа Чамярыцы. - Раз чарка выпіта сватам, то пара ўжэ і нам у хату. Прашу да бяседы!

Усе дружна павалілі ў хату.

Марыля за стол не садзілася - трэба было падаваць закуску, сачыць, каб не выходзіла гарэлка, ліманад. Снавала сюды-туды, завіхалася ля сталоў, а сама не-не дый кідала пільны, неспакойны позірк на Валю - як яна, што ў яе за настрой? Як быццам нічога - усміхаецца, гаворыць і з Сашам, і з сяброўкамі, жартуе, калі хто з гасцей падыходзіць выпіць з маладой чарку. Толькі адзін раз, заўважыла Марыля, нібы хмурынка набегла на Валін твар, калі Саша зачапіў рукавом фужэр, разліў віно на настольнік і, мусіць, на яе белую сукню. Нешта злое, раздражнёнае ўспыхнула на імгненне ў яе вачах, але яна тут жа ўзяла сябе ў рукі і зноў была прыветлівая, спакойная, усміхалася ўсім ціхай, задуменна-журботнай усмешкай.

Колькі разоў Марыля нават лавіла сябе на тым, што любуецца Валяй. Прыгожая ў яе ўнучка! Высокая, зграбная, з доўгай каштанавай касой, што цяпер рэдка ўжо ў каго і сустрэнеш. Асабліва пасуе ёй гэта белая далікатная сукня, гэты тонкі, як ранішні туман, вэлюм. Саша ў параўнанні з ёю зусім яшчэ хлапчанё.

- Го-о-рка-а! - закрычаў раптам нехта з таго боку, дзе сядзелі госці з Пінкавіч.

- Горка! Го-о-рка-а! - падхапілі ўсе гучна, дружна.

Валя ўстала не адразу. Яна як бы знерухомела, і толькі калі Саша ўжо абняў яе, нязграбна, няўмела пацягнуўся губамі, твар яе ўспыхнуў, яна прыпаднялася і як бы з намаганнем, як бы перасільваючы сябе, павярнулася да свайго суджанага.

Напэўна, ніхто нічога і не заўважыў. Госці шумна елі, пілі. Той-сёй заводзіў ужо песпю. Абняўшыся, стукаліся чаркамі Віктар і сват. А Марылі ўсё стала няміла. Нешта як бы абарвалася ў яе ўсярэдзіне. «Не хіліцца яна да яго! Не любіць... - халадзела на сэрцы. - Што ж яна тады робіць?! Гэто ж не на адзін дзень... Не трэба було нікого слухаць. Нікого. І я, старое заткало, таксама добрая. Нараіла! Бедная дзеўка!..»

І доўга яшчэ пасля вяселля Марыля не знаходзіла сабе месца - усё дакарала сябе, вінаваціла. Усякі раз, як Саня ці Віктар вярталіся з Пінкавіч, з прытоенай трывогай распытвала: ну што там, як Валя, і адлягала ад сэрца, лягчэла на душы, калі чула, што ўсё добра ў іх - Валя робіць бібліятэкаркай у горадзе, Саша - ля парнікоў. Купілі нядаўна каляровы тэлевізар, вось-вось падыдзе чарга на «Жыгулі».

Сама ж Валя паявілася толькі недзе ў Калядах.

Удваіх з Сашам. Ужо прыкметна пакруглелая ў стане, з асунутым тварам, з запалымі вачыма.

Выбраўшы момант, калі Валя засталася адна, Марыля не сцярпела, спыталася:

- Нешто, унучка мая, зблажэла ты... Як жэ хоць жывеш там?

- Усяк... Жыву, - вяла адказала тая.

- Усяк жыве й сабака. А чалавек на тое і чалавек, коб жыць добра.

- Ну дык лічыце, што я так і жыву. Дом свой, грошай хапае...

- А чаго ж не хапае? - кінула на яе пільны позірк Марыля.

- Чаго? - сумелася Валя, але, убачыўшы на Марыліным твары не простую цікаўнасць, а шчырую, балючую заклапочанасць, жаданне дапамагчы, прызналася: - Сумна мне. Не радуе мяне нішто. Чужое мне ўсё там, нялюбае... Паверце, вяртаюся з работы - і ногі не ідуць. Не хочацца яго бачыць. Што ні зробіць, што ні скажа - усё мяне раздражняе, зліць. А набліжаецца ноч - здаецца, з хаты ўцякала б... Мае ўжо і сварыліся на мяне, і ўгаворвалі, а я нічога не магу зрабіць з сабою. Не магу - і ўсё...

І слёзы заблішчэлі ў яе на вачах.

- Не, Валя, нельга так... - як мага ласкавей сказала Марыля, а сама гатова была заплакаць разам з унучкай. Тое, пра што яна даўно здагадвалася і чаго так баялася ўсе гэтыя месяцы, аказалася-такі праўдай.

Памаўчаўшы і не ведаючы як, з якога боку падступіцца да гэтай бяды, Марыля ціха паўтарыла:

- Нельга так, галубка мая, нельга... Я знаю, трудно табе, кепско. Але ж не ты першая, не ты апошняя. Трэба неяк і табе цярпець. Трэба було думаць раней. Тады, як я табе казала. А раз рашыла, пайшла - не смяшы цяпер людзей. Трэба жыць. Іншыя унь з п'яніцамі, з няўдаліцамі жывуць, а твой, сама кажаш, гаспадарлівы, руплівы. Навошто Бога гнявіць? Думаеш, усе, што жывуць, сваіх мужыкоў любяць? Проста прывыкаюць адно да аднаго. І ты пачакай, прывыкнеш. Прывыкнеш, прывыкнеш, - махнула яна рукой на Валіну нязгоду. - А паявіцца, унь, дзіцятко, дак і зусім памірыць яно вас. От пабачыш.

І перавяла на другое, спыталася:

- Ты калі збіраешса раскідацца?

- Недзе к восені... - паружавела і крыху весялей усміхнулася Валя.

- Хлопчык будзе, - кіўнуўшы на яе жывот, сказала, як даўно вядомае, Марыля.

- Чаму вы так думаеце?

- Я не думаю. Па табе бачу.

Яны пасядзелі яшчэ трохі, пагаманілі. Калі Валя адыходзіла, шчыра, з пачуццём сказала:

- Дзякуй вам, бабуля. Пагаварыла з вамі - на душы лягчэй стала.

- А ты бо не бяры лішняго да галавы.

Валя, здаецца, паслухалася яе. Прыязджалі апошні раз, то і яна была спакайнейшая, і Саша прыкметна павесялеў.

Калі ж нарадзілася малое - хлопчык, - здавалася, што ўсё цяпер пойдзе інакш, добра. Марыля з Саняю з'ездзіла да Валі ў адведкі і ўсцешана парадавалася, бачачы, як Саша, радасны, узрушаны, то завіхаўся ля іх, каля стала, то, заклапочаны, кідаўся да калыскі, ледзь толькі азываўся малы, пачынаў калыхаць, няўмела, пацешна выводзячы пры гэтым сваім сіпаватым баском: «а-а-а... а-а-а...»

- Ціха ты, дзіця разбудзіш. Ідзі да стала, - казала Валя строга, але ў гэтай напускной строгасці выразна адчуваліся прыхаваная жаночая гордасць, пэўная пяшчота.

«Можэ, яно і наладзіцца. Дай жэ Бог, коб було так», - думала яна тады, вяртаючыся дадому. Упершыню ёй паверылася, што цяпер так яно можа і быць. І хто мог ведаць, хто мог падумаць, што ўсяго праз тыдзень здарыцца такое няшчасце...


8

Марыля азірнулася. Саня, апусціўшы галаву, плакала. Віктар сядзеў нерухома, невідушчымі вачыма глядзеў некуды ўдалечыню.

«От горэ дак горэ... І нічым не суцешыш, нічым не паможэш. Што нарабіласа!..» - ціха, роспачна ківала яна галавою, і адно чаго хацелася ёй цяпер, каб гэты скрыпучы, марудлівы аўтобус бег крыху шпарчэй, каб хутчэй канчалася гэта пакутлівая, невыносная дарога.

У Пінкавічы яны дабраліся цёмначы.

Валін дом яшчэ здалёк свяціўся ўсімі вокнамі. Толькі сёння гэтае святло не радавала, не ўсцешвала, а наадварот, яшчэ больш падкрэслівала трагічнасць таго, што здарылася.

Ля ганка яны спыніліся, нібы баючыся, нібы не маючы сіл пераступіць апошнюю, страшную мяжу...

Першы ўзяўся за клямку Віктар.

Згледзеўшы іх у парозе, свацця з плачам кінулася да Сані, і яны абедзве загаласілі - горасна, няўцешна. За імі зашморгалі, захлюпалі насамі і ўсе, хто быў у хаце.

Труна стаяла ў другім, большым пакоі. Сашу цяжка было пазнаць. Галава забінтавана, твар белы-белы, толькі злева на лбе цямнеў сіняк.

Марыля хацела падысці бліжэй, але адчула, што сэрца пачынае як бы правальвацца, стала не хапаць паветра, калі б не села - добра, што побач стаяла табурэтка, - напэўна, зноў бы самлела, як тады, на Косцікавым пахаванні. Аддыхаўшыся, папрасіла вады.

Ля труны заходзілася ад плачу Саня:

- Сашачко ты наш залаценькі! Што ж ты нарабіў?! Хто цябе, хто згубіў такого маладзенького? А чаму ж ты не ўстанеш і не скажэш мне хоць слоўцо? Ты ж заўсёды так радаваўса, не ведаў, куды пасадзіць, чым частаваць сваіх гасцей. А цяпер ляжыш і не азываешса. А каго ж я цяпер у госці чакаць буду? З каторого боку выглядаць? Ох, няма, няма больш нашаго гаспадарыка...

Змаўкала Саня, пачынала галасіць свацця. Яна не крычала, амаль не плакала, адно толькі ціха, цяжка, як бы не могучы здыхацца, казала:

- Сыно-о-к мой! Сыно-о-чак... А з кім жа я цяпер буду гуркі прадаваць? З кім жа я паеду на машыне ў аўторак? Мы ж ужо дамовіліся і ўсё падрыхтавалі. Устань жа, сынок мой. Уста-а-нь...

Казала не то з жальбою, не то з нейкім дакорам, ад якога рабілася вусцішна. Глытаючы слёзы, Марыля адчувала, як душна, як млосна ёй робіцца ў хаце.

Падышоў і сеў побач сват. Сеў згорблена, цяжка.

- От як яно, свашко, бувае... - усхліпнуў ён здушана і, дастаўшы насоўку, выцер шчокі, выпрастаўся, сказаў жорстка, пагражальна: - Толькі хай не думаюць, што я гэто так пакіну. Трэба будзе - тысячу, дзесяць тысяч пакладу, а таго, хто загубіў майго сынка, знайду. На тым свеце знайду!

«Навошто ён цяпер пра гэто? Нават і ў такую хвіліну - пра свае грошы...» - падумала яна, але папыталася пра другое, што турбавала, непакоіла яе:

- Як жэ гэто ўсё здарыласа? Калі?

- Учора... Учора ўсё... Якраз такою парой. Мы яшчэ і спаць не клаліся. Прыбеглі, сказалі. Я на машыну і туды. Ужо было поўна людзей. Міліцыя прыехала з Пінска, нікога не пускала блізка да насыпу. Свяцілі ліхтарыкамі, нешта замервалі. Сказаў, што я - бацька, мяне прапусцілі, падвялі да рассцеленага збоку брызенту. Сашку перарэзала якраз папалам...

Ён усхліпнуў, прыклаў да вачэй насоўку.

Марыля паківала горка галавою:

- Ну, а што міліцыя? Што яна кажэ?

- Што міліцыя! - з нейкай злосцю азваўся сват. - Разбяромся, кажуць, не хвалюйцеся. А каму ж хвалявацца, як не мне? Яны й цяпер, нічога не дазнаўшыся, гатовыя ўсё спісаць на няшчасны выпадак. Ім абы закрыць дзело. Але не на таго натрапілі. Я да Масквы дайду, а свайго даб'юся!

Сказаў гэта з такой лютай рашучасцю, што Марыля не адважылася пытацца пра што-небудзь яшчэ.

- Яны даказваюць мне, што сын быў п'яны, трапіў пад цягнік сам. А машыніст прызнаўся, што бачыў, як уздоўж рэек ішлі двое. Калі цягнік наблізіўся, яны пачалі раптам валтузню і адзін з іх паляцеў на рэйкі. Машыніст затармазіў, але адлегласць была занадта малая... А яны кажуць - п'яны. Які ж тут п'яны, калі і выпілі-то ўсяго пляшку віна на траіх. У той дзень Сашка прадаваў на базары агуркі і надвячоркам, калі ўжо збіраўся ехаць дадому, сустрэў на вуліцы Рамана, свайго знаёмага, а потым і гэтага... З нашай жа вёскі, поскудзь. Сусед, можна сказаць. Зіны Боўдзілавай байструк. Сама з турмы не вылазіла і шчанюка такога ж выгадавала. Нават сямі класаў не мог скончыць, кінуў школу, швэндаўся адуркам. Дзе якая п'янка ці бойка - ён першы. Трапіла ж Сашку напаткаць яго. Гэта мне ўжо Раман сёння расказаў. Сустрэлі, кажа, яго, а ён, як смала, і прыстаў: пастаў пляшку, дый годзе, сына замочым, сусед я табе, маўляў, ці не? Сашу трэба було б плюнуць у вочы дый пайсці. А ён на характар мяккі, не можа адмовіць. Ну і пайшлі... Гарэлкі не було - віна ўзялі. І яшчэ што Раман добра запомніў: калі Саша дастаў з кішэні грошы, злыдзень гэты нядобра ўхмыльнуўся. Ого, кажа, колькі ў цябе грошай. Саша перамаўчаў. Ну дапілі яны тое віно, усе трое пайшлі да пераезда. У Сашы быў веласіпед, і ён хацеў ехаць, але яго спыніў гэты злыдзень. «Пачакай! Што ты кідаеш суседа аднаго. Пойдзем разам». І сцежкай, уздоўж палатна, пайшлі. А праз паўгадзіны Сашка аказаўся пад цягніком. Веласіпед ляжаў у кустах, а гэты знік, як у воду ўпаў. Каб я тады адразу, як убачыў сына распалавіненага, ведаў, з кім ён ішоў, я б яго з-пад зямлі дастаў і забіў бы, гада, а тады хай бы што хацелі са мною рабілі.

- Бог з табою, сват! Што ты гаворыш... - аж пляснула рукамі Марыля. - Навошто грэх такі на душу браць? Разбяруцца без нас.

- Разбяруцца... Хто больш грошай усуне - на тым баку і праўда.

Марыля памаўчала, папыталася:

- І што ж, забраў ён тыя грошы ў Сашы ці не?

- Не, не забраў, - з нейкай злараднасцю сказаў сват. - Не паспеў, сабака. Не спадзяваўся, мусіць, што цягнік спыніцца...

Ён злосна гмыкнуў:

- Гэхм! І яшчэ, галоўнае, будуць папракаць мяне: скупярдзяй!.. От жа людзі! Знаю, знаю, каму ў вёсцы маё багацце - костка ў горле. Толькі я не краду, не махлюю, зарабляю капейку сваім мазалём і, калі трэба, ніколі не пашкадую. Абодвум сынам паставіў дамы, як званы, абстаноўку справіў - у горадзе такой не знойдзеш. І пахаваю сына як мае быць. Хай не думаюць. Касцюм крымпленавы купіў, пярсцёнак залаты, гадзіннік электронны. Усё, што трэба, зраблю. Мне...

- Сцяпанко... - далікатна перабіла яго незнаёмая жанчына і кіўнула на пярэдні пакой. - Там пра вянок пытаюцца. Хочуць нешта параіцца.

- Што раіцца? Я ж ім сказаў! - пакрывіўся ён незадаволена, але падняўся, пайшоў за жанчынай.

Ля труны сядзелі Саня з Віктарам, старэйшы Сашаў брат з жонкаю. Саня ўжо не галасіла, толькі сутаргавата прыціскала складзеныя рукі да грудзей і моўчкі, роспачна хітала галавою - мусіць, не было ўжо сілы і плакаць.

Марыля павяла вачыма па хаце - Валі нідзе не было відаць. «Можэ, ёй кепско?» - занепакоілася яна, і калі свацця праходзіла міма, папыталася шэптам:

- А дзе ж гэто Валя?

- У нас яна. З самай раніцы ў нас. Як Сашку прывезлі, яна пералякалася моцно, малако нават прапало. То мы яе спецыяльна адаслалі туды. Малое соскі ў рот не бярэ, крычыць, аж заходзіцца. Быццам і яно што панімае...

- Пайду хіба пагляджу, як яна там, - сказала Марыля і паплялася на двор.

Валя сядзела ў хаце адна. Малы спаў у калясцы. У хаце быў прыцемак - гарэла настольная лямпа.

Азвалася яна роўным, спакойным голасам:

- Праходзьце, бабуля, сядайце.

Марыля прымасцілася на крэсле, паглядзела на малое, якое неспакойна ўздрыгвала ў сне, з жальбою, са шкадаваннем:

- От што нарабіласа, га?

- Што нарабілася... - нейкім абыякавым, нібы не сваім голасам сказала Валя. - Што хацелі, тое і нарабілася...

- Хто ж гэтаго, Валечко, мог хацець? Хай Бог крые, што ты кажэш?

- А я з самага пачатку ведала, што кончыцца ўсё кепска. Знала! Толькі не думала, што так хутка... А ўчора, калі Сашка пасварыўся з бацькам і, ляснуўшы дзвярыма, паехаў на базар, цэлы дзень не пакідала трывога. І вось вечарам...

Заварушыўся ў калясцы малы, і Валя падышла да яго, калыхнула колькі разоў. Той зноў заціх.

Марыля асцярожна пацікавілася:

- Дак а чаго яны пасварыліся?

- Чаго? - як бы нават здзівілася з такого пытання Валя. - Вы думаеце, калі свёкар добры, разгаворлівы з вамі, то ён і са ўсімі такі? Ого! Пачулі б вы, як ён размаўляе са сваімі сынамі, з жонкаю. Толькі каманды, загады, і хай толькі хто не паслухае, запярэчыць... Так і з Сашам. Я ўгаворвала яго, каб ён кінуў гэтыя цяпліцы, не швэндаў дзень пры дні па базарах, а знайшоў работу, працаваў як чалавек, не саромеўся сам і не сарамаціў мяне. Ён усё адмахваўся. Праўда, аднойчы сказаў, што кіне свой гандаль, як толькі купім машыну. А калі нарадзіўся Паўлік, стаў задумвацца, і я бачыла, што кожны раз ён усё з большай неахвотай выбіраўся на гэты свой базар. А ўчора нарэшце адважыўся і сказаў бацьку, што не паедзе прадаваць агуркі. Ну той адразу і ўзвіўся. Лёгкага жыцця, кажа, захацелася? Хочаш, каб я на цябе спіну гнуў, а ты са сваёй вучонай жонкай толькі гулі спраўляў ды кніжкі пачытваў? Не выйдзе! І пайшоў, і пайшоў. Ты, кажа, ведаеш, у якую капейку абышліся мне твае харомы і ўсё, што ты зараз маеш? Дык от, ты спачатку сплаці мне свой доўг, а тады ўжо і думай. А не хочаш - дык выбірайся к чортавай матары на вуліцу! Як сказаў ён пра вуліцу, Саша ажно пабялеў. «Ладна, - выціснуў ён праз сілу. - Аддам я ваш доўг. Аддам...» Ляснуў дзвярыма і паехаў...

- Ох, Божэ-Божэ... - Марыля ўздыхнула.

Тое, што яна пачула ад Валі, яшчэ больш прыбавіла непрыязі да свата, якога яна і раней недалюблівала. Гэта Саня з Віктарам, як ім усё адно вочы засляпіла, гатовы былі маліцца на яго, усё паддобрываліся ды падлашчваліся. Ёй жа, калі чула, як сват пачынаў хваліцца, колькі ён утаргаваў сёлета, што ён збіраецца рабіць, каб утаргаваць яшчэ больш, ёй было не па сабе. Няўжо чалавеку няма іншага клопату, апрача гэтага бясконцага гандлю? І са страхам думала: не, гэтая пагоня за багаццем, гэтая ненатольная прага да грошай не скончыцца дабром. Рана ці позна нешта павінна здарыцца. От і здарылася... Шкада толькі Сашу. Ды і Валю таксама. Упяклі бедную дзеўку, яшчэ, можна сказаць, і свету не бачыла, а ўжо - удава...

Заплакаў малы. Марыля зрабіла Валі знак рукою - сядзі, узяла малога на рукі сама.

- А-а, ты ўжэ мокранькі? Ну, ну, не бушуй... Зараз, мой саколік, зараз...

Малога перапавілі ў сухое, але ён усё адно кволіўся, капрызіў, не хацеў спакойна ляжаць.

- Есці хоча, - сказала Валя. - Ён жа з самага ранку амаль нічога ў рот не браў. У грудзях ні кроплі няма.

- Падагрэй тады малака. Ды разбаў крыху салодкай вадою.

Марыля ўзяла бутэлечку з пітвом і, ласкава прыгаворваючы, паспрабавала даць соску. Малы адварочваў галоўку, сашчапіўшы губкі.

- Пі, мой саколік, пі. Смачно. Вазьмі хоць паспрабуй...

За нейкім разам малы лізнуў язычком кроплю, потым яшчэ раз і, рассмакаваўшы, узяў нарэшце соску ў роцік.

- Даўно б так, дуранько малы... - усцешана глядзела Марыля на малога, які прыпаў да бутэлечкі з малаком і толькі пакрэктваў.

Калі Паўлік заснуў, вярнуліся да невясёлага.

- Пайду я, мусіць, Валько, туды...

Валя ўсё гэтак жа нерухома сядзела на ложку.

- Табе мо прыслаць каго?

- Прышліце, - з кволасцю адказала яна.

І Марыля пайшла. Яна выседзела яшчэ цалюткую ноч. Назаўтра правяла Сашу да самых могілак, а ўжо сесці за стол не змагла - балела сэрца. Аўтобусам, мабыць, і не даехала б дадому. Добра, што аказалася спадарожная машына.

А з дому, уначы, Марылю забрала «хуткая дапамога».


9

Адпусцілі з бальніцы толькі праз два тыдні. Дома ўжо і бульбу пакапалі, і атаву скасілі.

Выпісваючы яе, доктар строга наказваў:

- Глядзіце ж, каб рабілі ўсё, як я казаў. Пасля такога прыступу - трэба берагчыся. Інакш можа быць вельмі кепска.

Яно, канешне, так. Не шкодзіла б паберагчыся. Ды як было ёй сядзець склаўшы рукі, бы пані якой, калі і ў сваёй хаце гэтулькі клопату, і Сані трэба памагчы, бо яны ж абое, як пойдуць з раніцы на сваю работу, вяртаюцца ўжо цёмначы. А тут і пра Валю душа балела: як яна там адна? З малым дзіцем? На ўсю гаспадарку? Таму, калі Саня сказала неяк, што трэба было б з'ездзіць на які тыдзень у Пінкавічы, яна ахвотна згадзілася.

Валі ўсё нездаровілася. Балела галава, прапаў сон, не магла глядзець на яду. Хварэла, капрызнічала малое. Старыя ж, занятыя гандлем, нічым не памагалі. У першыя дні, праўда, свякруха пару разоў зайшла, папыталася, як, што, пасядзела паўгадзінкі - і пабегла. А свёкар і не заглянуў. Прыйшлося ўсё самой... Таму і схуднела, высахла - аж шкода глядзець.

Пажыла Марыля ў Пінкавічах не тыдзень, а цэлы месяц. Глядзела і малога, і ў хаце парадак вяла. Нічога не давала Валі рабіць, абы толькі яна не нервавалася. Паправунку, аднак, не было. Марыля ўжо нават прыдумляла рознае куплянне, пасылала Валю колькі разоў у горад, думала: паедзе, павесялее. Валя ж хадзіла як у ваду апушчаная.

Марыля меркавала, што гэта яна перажывае па Сашу. Але і пра яго Валя ўспамінала без асаблівага шкадавання.

Трэба было ратаваць дзеўку, шукаць нейкай рады. Можа, забраць дадому? Думка такая мільганула спачатку як роздум, як нешта няпэўнае. А пасля размовы са сватамі Марыля зразумела, што гэта - адзінае выйсце.

...Быў якраз выхадны дзень. Прыехалі з дому Саня, Віктар. Пазвалі сватоў, разгаварыліся. Зайшла размова пра Валю.

- Што ж, яна - маладая, можа яшчэ і замуж выйсці. Хай сабе выходзіць, мы не супраць, - сказала свацця і падціснула губы.

Віктар запярэчыў:

- Які там замуж! Будзе яна жыць тут і гадаваць сына.

- Хай сабе жыве і тут, - не вельмі каб абрадавалася свацця. - Мы яе не праганяем... Але калі надумаецца перабірацца да вас, то мы гэту хату, усё, што ёсць, зачынім на замок і будзем берагчы.

- А кніжку з грашыма перапішам на ўнука, - дадаў сват.

І Марылю ажно скаланула тая халодная абыякавасць, з якой гэта было сказана. «Зачынім усё, як ёсць, на замок». Значыць, нічога Валі не дамо. І кніжку перапішам на ўнука... Што ім нявестка? Яны і бралі Валю толькі таму, што ведалі - з багатай сям'і, спадзяваліся на добры пасаг...

«Не, трэба, трэба забіраць маладзіцу адсюль. І чым хутчэй - тым лепш».

Яна так і сказала Сані з Віктарам, калі засталіся адны. Саня, аднак, напусцілася:

- Вечно вы, мамо, лезеце не ў сваё дзело. Як жэ гэто мы забярэм? Коб з нас смяяліса, ці што? І сватоў пакрыўдзім.

Віктар, пакуль яны спрачаліся, маўчаў. Нешта цяжкое, пакутлівае было ў гэтым маўчанні. Мусіць, і яму штосьці не спадабалася ў размове сватоў.

- Ладна, - сказаў ён нарэшце і ляпнуў далоньмі па каленях. - Пароць гарачку не будзем, пачакаем.

Валю ўсё ж неўзабаве прыйшлося забраць. Пад Новы год ёй стала зусім блага. Ехаць Марылі і сядзець з ёй не выпадала - захварэў якраз і Кандрат. Сваты ж памагаць не кідаліся...

Валю перавезлі і паклалі ў бальніцу. Праляжалаяна там больш за месяц. А выпісалася, пабыла трохі дома і паехала ў Менск на экзамены. Зноў прабыла месяц. Пасля Віктар дастаў ёй пуцёўку, адправіў у санаторый. З дзіцем увесь час сядзела яна, Марыля. І ўдзень і ўначы. Дык каб хоць малое было спакойнае, як у людзей, а то крычыць і крычыць. Усё яму не наравіцца: у калыску пакладзеш - плача, на рукі возьмеш - курчыцца, канозіцца. А чаго хоча - і само не знае.

Найгорш уначы. Толькі пачнеш засынаць, а яно: «Вя-а-а!» Уставай, насі на руках, агукай. Сяк-так уціхамірыш, закалышаш, здаецца, але не паспееш яшчэ і павекі звесці, а яно зноў: «Вя-а-а!» Ах, каб цябе! І так за ноч набегаешся, натузаешся, што ногі не ходзяць і рукі не трымаюць. Ну так бывае раззлуе, так дапячэ, што, здаецца, узяла б ды адсцёбала. А тады, калі злосць крыху адыдзе, сорамна робіцца за такія думкі. «Даруй, Божэ, грэх... Куды яго біць, гэту сіраціну няшчасную. Худзенькае, кволенькае, як былінка якая. У чым толькі душа трымаецца?»

І ўсё ж, мусіць, пакараў яе Бог за паганыя думкі. Захварэў Паўлік, і захварэў моцна. На запаленне лёгкіх. Вінавата, праўда, у гэтым больш Саня, чым яна, але ўсё адно - трэба было глядзець.

...Якраз недзе на другі дзень Каляд, ужо надвячоркам, прыбег з работы ўзрушаны, заклапочаны Віктар.

- Вечарам Апанасенка будзе, - аб'явіў ён, дастаючы з сеткі нейкія бляшанкі, буханку свежага хлеба. - Трэба сабраць што-небудзь хуценька.

Неўзабаве заявілася і Саня, таксама несучы нешта ў пакунку. Стала камандаваць:

- Мамо, пратрыце падлогу. Ты, Віктар, раскладзі стол. А дзе гэто наша адкрывачка? Пашукайце хто-небудзь, ды хутчэй, а то госці прыедуць, а ў нас нічого не гатово!

Марыля кідалася то да шафы, то ў каморку, то ў сенцы, моўчкі выконвала ўсе Саніны распараджэнні. У такія хвіліны дачцэ лепш не пярэчыць...

Недзе ў спальні крычаў, аж заходзіўся малы. Марыля колькі разоў наважвалася пайсці туды, глянуць малога, але Саня махала рукой, нецярпліва казала:

- Хай пакрычыць. Нічого з ім не станецца. Пратрыце вось гэтыя чаркі. Ды відэльцы дастаньце другія, сярэбраныя, пратрыце таксамо.

Стол накрылі як на вяселле. Чаго толькі ні было - і свойская каўбаса, і вяндліна, і белыя, адзін у адзін, марынаваныя грыбкі, і розная крамная закусь. Віктар не пашкадаваў, паставіў на стол пляшку дарагога каньяку, што прывёз пазалетась пляменнік з Калінінграда. І хоць Марыля пярэчыла, казала, навошта гэтае пітво, - яе ніхто не паслухаў.

Апанасенка, былы іхні старшыня, а цяпер начальнік сельгасупраўлення, прыйшоў не адзін, а з Жамойдам, сваім пераемнікам. Як толькі яны пераступілі парог ды павіталіся, Саня з Віктарам забегалі, замітусіліся вакол іх. Павялі ў залу.

- Ого-о! - здзівіўся Апанасенка, убачыўшы накрыты стол. - Ды вы тут як на замежную дэлегацыю нарыхтавалі.

- Якое там, - засвяціўся задаволены Віктар. - От перакусім трохі.

У зале, дзе ніхто не спаў і палілі рэдка, было халаднавата. Мужчыны дружна ўзялі па чарцы.

Марыля сядзела ў спальні, ля малога, пачула, што размова зайшла пра Валю. Апанасенка пытаўся, што яна думае рабіць.

- Няважна пакуль са здароўем, - гаварыў Віктар. - Ніяк не можа пасля такога ўдару аправіцца. У санаторыю от адправіў, хай палечыцца, адпачне.

- Канечне, канечне... Ну а калі што надумаецеся - заходзьце да мяне. Што змагу - памагу.

- Дзякую вам, Іван Мікалаевіч, - гэта ўжо Саня падала свой голас. - Вялікі вам дзякуй. Вы ўжо не раз нас выручалі. Не знаем, як вам і аддзячыць.

- Кінь ты, Аляксандра. Свае людзі. Ну, а як унук? Што яго не відаць?

- Го-о! Унучак - герой! - азваўся Віктар. - Такого перцу дае - будзь здароў!

Праз хвіліну дзверы ў спальню расчыніліся, і Саня, з парога, загадала:

- Мамо, хуценько апраніце Паўліка!

- Чаго гэто?

- Госці хочуць паглядзець.

- Мокры ён. Скрычаўса. Хай крыху паляжыць, абсохне.

- Мамо! От не люблю, калі вы ўлазіце не ў сваё дзело.

Саня нагнулася над каляскай:

- Ну што, Паўлічак? Што, мой унучак? Пойдзем гулі-гулі? Пойдзем, пойдзем, мой залаценькі.

І да Марылі:

- Ну што вы стаіцё? Давайце паўзункі новыя, сарочачку. Ды хутчэй! Людзі ж чакаюць.

- Абыдуцца яны і без твайго Паўліка. Што ты робіш? Прастудзіш дзіця, там жэ холадно.

- Нічого. Ужэ надыхалі.

І, не слухаючы яе, пераапранула Паўліка ва ўсё лёгенькае, летняе (абы толькі прыгажэй было!), нават шарсцяную кофтачку накінуць не захацела, павалакла малога да гасцей.

Паўлік, апынуўшыся на чужых руках, дзіўна прыціх і толькі разгублена вадзіў вачанятамі - то на зыркае святло люстры, то на фужэры, якія стаялі на стале, то на незнаёмага дзядзьку. А потым, асвойтаўшыся, пацягнуўся да твару Апанасенкі, сарваў яму акуляры.

Усе засмяяліся.

- Вось гэта герой! - падкідаючы на руках Паўліка, гаварыў Апанасенка. - Вось гэта саабразіцельны...

Марылі ж было не да смеху. «Прастудзяць малое, ой, прастудзяць. Унь як цягне з акна. А яно ж у адной сарочачцы...»

Калі Апанасенка нацешыўся, патрымаць малога захацеў і Жамойда. Унурысты, ваўкаваты, ён, мусіць, не тое што дзяцей, а і нікога, акрамя сябе, не любіў, але каб падладзіцца пад начальства, а заадно і дагадзіць гаспадарам, узяў малога на рукі, пачаў няўмела гушкаць. Паўлік адразу ж заплакаў.

- Ну-ну... - пацягнуўся да яго Віктар. - Ну ідзі да мяне. От так. Пагуляй крыху з дзедам.

Віктару, мабыць, вельмі хацелася паказаць, што ўнук яго ўжо пазнае, усміхаецца яму, і ён пасадзіў малога на шырокую, нібы лапата, далонь, пачаў пагушкваць, падкідваць таго ледзь не пад столь. Аднак Паўлік заплакаў яшчэ мацней.

- Давай, Віцько, мне... - не вытрымала нарэшце Марыля, ступіла з гатоўнасцю наперад. - Ён ужэ, мусіць, спаць хочэ.

- Нічога, нічога. Ён зараз супакоіцца. Ён любіць гуляць з дзедам. Оп-ля-ля! Оп!

Паўлік не сунімаўся. Гасцям, відаць, ужо надакучыла забаўка з малым. Твары іх сталі сумныя. Заўважыў гэта і Віктар.

- От бо, малы разбойнік, - сказаў ён з прыкметным раздражненнем, аддаючы Паўліка старой. - Раскрычаўся, усё адно як яго хто тут швайкай пора.

І, павярнуўшыся да стала, стаў тлумачыць - як бы з вінаватасцю якой:

- Нешта ён сёння не ў гуморы. Не выспаўся, мабуць...

- З дзецьмі бывае, - зазначыў паблажліва Апанасенка.

- Бывае, - паўтарыў, як рэха, і Жамойда.

Марыля, прытуліўшы да сябе малога, панесла яго хутчэй у спальню. Яшчэ несучы, адчула, што лобік і асабліва шыйка яго ў халодным поце. Халодненькія былі і ножкі.

Загарнуўшы Паўліка ў шарсцяную коўдру, яна супакойвала малога, мармытала яму калыханку. А ў самой білася неспакойная, неадчэпная думка: «Хоць бы, крый Бог, не захварэў... Найшлі мне тожэ забаўку...»


10

Ноч прайшла сяк-так, а раніцай яна заўважыла, што малы нядужы - вочкі слязяцца, крык нейкі хваравіты. К вечару гарэў тварык, цельца стала гарачае, як варанае. Марыля не знаходзіла сабе месца, ледзь дачакалася, пакуль прыйшла з работы Саня.

Пачуўшы пра малога, тая напусцілася на маці:

- Так я і знала! Не ўпільнавалі дзіця...

- О, я ж і вінавата, - задыхнулася Марыля ад крыўды. - А хіба я не казала табе ўчора не чапаць малого? Не казала?

- Казала не казала... Не мог жэ ён за пяць хвілін прастудзіцца ў хаце.

- Многа яму, цыпляняці, трэба...

- Бо спесцілі яго, запарылі. Колькі разоў я прасіла: не хутайце, не цягніце на яго шарсцяное - у хаце цёпла. Паслухаліса?

- Не пляшчы абы-чаго, - узлавалася і Марыля. Пагушкваючы абмяклага, нядобра прыціхлага Паўліка, сказала строга, з дакорам: - Ты б от лепш чым крычаць, узяла б ды патэлефанавала ў больніцу.

- А то я без вас не знаю, - буркнула Саня і пайшла да тэлефона.

Доктарка, якая прыехала недзе праз гадзіну, паслухаўшы малога, сказала:

- Пнеўманія. І баюся, што двухбаковая...

- Што, вы кажаце, у яго? - не разабрала Марыля і ад гэтага перапужалася яшчэ больш.

- Запаленне легкіх, бабуля. Трэба ў бальніцу.

- У бальніцу, - забедавала Саня. - Ай-яй-яй... Што ж гэто рабіць? Аднаго яго не пакладзеш, а ехаць з ім няма каму... Можэ, вы ўсё напішаце, а наша фельчарка будзе прыходзіць і лячыць?

Доктарка крыху падумала, згадзілася:

- Можна і так. Зараз я зраблю ўкол, а раніцай вось па гэтым рэцэпце атрымаеце лякарства, і хай ваш фельчар працягвае лячэнне. Не меней дзесяці дзён!

Паўліку хутка збілі тэмпературу, знялі адышку, але кашаль, сухі, задушлівы, заставаўся. І ён, гэты кашаль, біў малога так, што той іншы раз ажно зацекваўся. У Марылі, калі яна глядзела, як ён часта, сутаргава хапае роцікам паветра, сціскалася, ледзянела сэрца.

Думала, што ўжо, бедны, і не выкачаецца - малы слабеў, блажэў на вачах. Ніякія таблеткі, парашкі, што выпісвалі яму дактары, не памагалі. Узялася Марыля за народныя сродкі. Парыла яму маліннік, выгравала над гарачай картаплянай парай, націрала спіртам грудкі, ножкі. Усё, дзе што чула, рабіла. Крукам сядзела над ім дзень пры дні, ноч у ноч. Прыляжа, не распранаючыся, на канапцы, праваліцца ў нейкае цяжкае, неспакойнае забыццё, а ледзь дзе што рыпне, зашалясціць пад акном - ужо на нагах...

І дамаглася свайго - адпусціла хвароба. Ачуняў малы, пачаў патроху есці, павесялеў. І яна павесялела. Як камень з душы зваліўся.

Паўліка-то выхадзіла, а сабе здароўя надняла. Крэпка надняла. Усё ж сама, усё адна.

Валя, праўда, як вярнулася з санаторыя, на першым часе яшчэ бралася тое-сёе памагаць, ды Марыля, пашкадаваўшы яе, сказала:

- Ай, Валько, я ўжэ як-небудзь сама. Ты глядзі сябе. От палепшала крыху, дак беражыса.

І тая больш не падахвочвалася, адно сноўдалася па хаце, як сонная, альбо ляжала на канапе з кніжкаю ў руках. Ні пялюшкі памыць, ні пакарміць дзіця. Падыдзе, калі пад настрой, паагукае - і пайшла сабе. А каб ужо ўначы... Колькі і жыла тут - ні разу не паднялася да яго, не сказала: адпачніце, баба, я сама. Дзе там! Нават спаць перайшла ў залу і дзверы завесіла коўдрай - каб, крый Божа, сну свайго не патрывожыць...

А калі пацяплела - зачасціла Валя ў Менск. То, кажа, на сесію, то на нейкую кансультацыю, то яшчэ якую халеру прыдумае. І ўсё едзе ды едзе. Па тыдню, па два прападала там. Вяртаецца - вочы неяк дзіўна свецяцца, усміхаецца сама сабе...

Не ўтрывала аднойчы Марыля, выказала Сані сваё падазрэнне:

- Ох, баюса я, што не толькі па навуку яна туды шастае. Глядзіце, каб яна вам яшчэ аднаго ўнука не прывезла.

Саня недавольна гмыкнула:

- Яе дзело. Хай робіць, што хочэ. Не векаваць жэ адной...

- Калі б усё па-добраму, па-людску... А калі трапіцца які латруга? Пазабаўляецца і кіне... Ты пагаварыла б з ёю.

- Пагаворыш! Усё маўчыць, маўчыць, думае нешто. І слухаць нічого не хочэ.

А недзе к восені Валя, вярнуўшыся з апошняй паездкі ў Менск, аб'явіла, што выходзіць замуж і перабіраецца жыць у горад.

Саня з Віктарам як пачулі такое, дык і атарапелі.

- От як, - першы азваўся Віктар. - Дзякуй табе, дачушка, што хоць сказала, а то мы маглі б і не ведаць. З бацькамі, аказваецца, ужо можна і не раіцца. Навошта? Хіба яны чаму добраму навучаць? М-да... Ну і хто ж ён... твой кавалер?

- Якая розніца? - спакойна сказала Валя і толькі павяла плечуком. - Развадны, адзінокі, як і я. Так што можаце не хвалявацца: вяселля мы рабіць не збіраемся. Жыць будзем пакуль на прыватнай кватэры.

- А Паўліка ты куды дзенеш? - уставіла Саня, якая яшчэ не магла ачомацца ад разгубленасці.

- Паўлік пакуль пабудзе ў вас.

- От як! - нервова паўтарыў Віктар. - Значыць, ты ўжэ за нас і рашыла?

- Не пагаварыла ні з кім, не параіласа... Як жэ так? - глядзела Саня на дачку.

- Параілася ўжо адзін раз. Паслухалася. Хопіць!

Марыля чакала, што пры гэтых словах Віктар узарвецца, накрычыць, як бывала не раз, на дачку, як яна можа так размаўляць з бацькамі, але той адно толькі жалліва, бездапаможна зірнуў на Саню, на яе, Марылю, і вяла сказаў:

- Рабі як хочэш... А Паўліка, каб ты і хацела, не аддалі б.

«Не аддалі б, не аддалі б... - думала Марыля пазней, гушкаючы на руках малога, які круціўся, выгінаўся, ірваў рукі. - Канечне, калі толькі прыйсці ды пазабаўляцца, як з цацкаю якою, то можна і не аддаваць. А коб хоць дзень пакруціліса каля яго, то не бойса, хутко ахвота прапала б. Чужымі рукамі яно заўсёды лацвей жар заграбаць. Хіба ж у мае гады, ды пры такім здароўі лёгка і малога глядзець, і гаспадарку ўпраўляць? А яны, бач, як павярнулі: коб і хацела, то не аддамо... Ну дак і сядзіце з ім, даглядайце самі!»

Але злосць хутка прайшла, і Марыля спакойна разважыла:

«Нікуды я, канечне, не пайду. Яны ж работу не кінуць, не будуць сядзець дома... Дай Валю шкада. Дзяўчына, можно сказаць, і не жыла яшчэ, нічого не бачыла. Добрэ, што знайшоўса от чалавек. А з Паўлікам як-небудзь зіму перакідаемса. К лету падрасце - лягчэй будзе».

Не лягчэй, а цяжэй станавілася Марылі з праўнукам. Раней хоць можна было пасадзіць у каляску, прыдумаць нейкую забаўку і нешта зрабіць у хаце. Цяпер жа, калі Паўлік падняўся на ногі, з яго нельга было спускаць вока і на хвіліну, бо ледзь адвінешся куды - ужо бяда, ужо некуды залез, нарабіў шкоды. І што гэта за дзіця? Траіх сваіх выгадавала, але і блізка не мела таго клопату, які даваў ёй адзін Паўлік.

Марыля разумела: так яна доўга не вытрывае. Рана ці позна гэта дабром не кончыцца. Але пра кепскае не хацелася думаць. Не верылася, што яна такая слабая, хворая...

З гэтай жа вясны сілы не стала зусім. Неяк узялася Марыля высыпаць загон, што ўскапаў Віктар пад вокнамі для памідораў. І загону таго як ступіць, і зямля ўжо была сухая, лёгкая, а зрабіць так нічога і не зрабіла. Толькі нагнецца - цямнее ўваччу, жалязняк робіцца як пудовы і ногі падгінаюцца, не трымаюць, хоць плач.

Самае горкае, самае балючае было нават не тое, што не магла нічога зрабіць, а тое, што нехта мог падумаць, нібы яна не хоча гэтага рабіць. Больш за ўсё на свеце яна баялася, каб хто не папракнуў яе кавалкам хлеба...

Марыля тады нічога не сказала ні Сані, ні Віктару. Працягвала паціху кешкацца ў хаце, ля хаты.

І вось дажылася...


11

Было, мусіць, далёка за поўнач. Густая цемрадзь і цішыня стаялі за акном. Ні голасу, ні гуку, як бы вымерла ўсё навокал. Толькі зрэдку, усё гэтак жа адзінока-самотна і неяк трывожна шапацела пад сцяною таполя, і ад гэтага прыглушанага, як бы незямнога шапацення яшчэ больш сцішана рабілася на душы.

«Не, трэба-такі ўстаць, каўтнуць вады, а то ў роце аж горка...»

Марыля паціху апусціла ногі і асцярожна, стараючыся не рабіць рэзкіх рухаў, падалася ў куток, дзе заўсёды стаяла вядро з вадою. Рука ў цемры намацала пустую лаўку.

«А дзе ж гэто вядро?» - здзівілася яна, але ўспомніла, што гэта ж яна ў сваёй хаце, у якой даўно не жыве, і, канечне, ніякай вады тут не можа быць.

«Ах, ліхо на яго! - з прыкрасцю падумала яна і зняможана апусцілася на лаўку. - Што ж гэто рабіць? Як цісне, як цісне... Аж дух забівае. Млосно, бы ў печы якой... Гэтак, чаго добраго, і да раніцы не датрываеш...»

Расшпільваючы кофту, рука яе дакранулася да нечага цвёрдага, што ляжала ў кішэні. Марыля ўзрадавалася, калі ў пальцах аказалася пляшачка, якую паклала яшчэ з раніцы. То было яе лякарства. Звычайна яна налівала яго кропель з дваццаць у стограмоўку, разбаўляла вадой і піла. Як жа цяпер? Узяць хіба без вады?

Непаслухмянымі пальцамі Марыля адкаркавала пляшачку, глынула крыху пякучай вадкасці. Язык імгненна сцягнула, і ад гэтага ў роце стала яшчэ больш суха і непрыемна.

Заплюшчыўшы вочы, сядзела і слухала, як пякучае пітво разыходзіцца паволі ў грудзях, суцішвае боль.

Калі сунулася назад, да ложка, згледзела, што насупраць, праз двор, зырка свеціцца акно ў Янакавай хаце. Устрывожана прыстояла паглядзець, што там такое: ці не бойка зноў? Не, дзякаваць Богу, здаецца, усё ціха. Прамільгнула толькі патлатая галава Мішы, Янакавага малодшага, і святло тут жа пагасла. Уставаў, мусіць, піць ваду. Перасмяглі недзе вантробы, як і ў яе, толькі прычына іншая.

«Ох, горэ-горэ...»

Накрыўшыся кажухом, яна сцішылася. У вачах усё яшчэ стаяў квадрат святла, і на ім, як на экране, зноў ажыло, замільгала пражытае і перажытае...

Быў самы пачатак восені. Помніцца, як і цяпер, стаялі пагодлівыя, сонечныя дні. У калгасе жніво скончылася, іншай работы пакуль не было, і старшыня дазволіў калгаснікам заняцца кожнаму сваім клопатам.

У адзін з тых дзён, калі яны з Кандратам капалі бульбу на Далёкім шнуры, на поле прыбегла задыханая Саня, тады яшчэ зусім дзяўчо, школьніца, і здалёк радасна, нецярпліва паведаміла:

- Янак прыехаў!

Ад нечаканай навіны ў Марылі і капачка выпала з рук. Янак! Сынок!.. Нарэшце-такі. Тры гады яна не бачыла свайго большанькага, які служыў недзе на Далёкай Поўначы. Цэлыя тры гады... Ні разу нават у водпуск не прыехаў. Аднойчы, праўда, напісаў быў: на травень прыеду. Яна ледзь дачакалася таго свята, вочы прагледзела за два дні. Выходзіла на гасцінец то сама, то Кандрата пасылала. А сын не ехаў. Праз тыдзень прыйшло пісьмо: Янак у нечым праштрафіўся і водпуск скасавалі. Пацягнуліся марудныя, бясконцыя дні чакання, у якім была і шчымлівая радасць, і затоеная трывога: у вёсцы хадзілі ўпартыя чуткі пра вайну, якая нібыта вось-вось можа пачацца зноў, нехта з мужчын нават сказаў, што па гэтай прычыне не будуць пакуль пускаць з арміі.

І вось Янак дома!

Пакінуўшы ўсё на Кандрата («Калі не знойдзеш падводы - накрыеш бульбу бадыллем»), Марыля разам з Саняй подбежкам падаліся дахаты.

Янак з нейкім незнаёмым хлопцам сядзеў за сталом, перад імі стаяла пачатая пляшка крамнай гарэлкі, кансервы. Было накурана.

Убачыўшы маці, Янак падняўся, абцягнуў гімнасцёрку, з усмешкай пайшоў насустрач.

- Здравствуйте, мама!

- Здрастуй, сынок... - памкнулася было яна абняць сына, але, зірнуўшы на свае рукі, збянтэжылася. - Выбачай, не паспела памыць. З поля...

Янак абняў яе, і калі пацалаваў у вусны, Марыля не стрымала шчаслівых слёз.

- Ну вот, - азваўся хлопец за сталом. - Сын приехал домой, а вы плакать.

- Ды хіба ж я плачу? - выціраючы слёзы ражком хусткі, спрабавала ўсміхнуцца яна. - Дай Бог кожнаму так плакаць.

- Это мой армейский друг, - падвёў яе да незнаёмага хлопца Янак. - Родных у него никого нет, ехать некуда, вот я и уговорил его податься в наши места.

Толькі цяпер Марыля як след разгледзела госця. Гэта быў чарнявы, усмешлівы хлопец, толькі крыху драбнейшы і жвавейшы за сына.

- Николай Рубашкин, - назваў сябе хлопец і нечакана гучна засмяяўся. - Хотя какой я Рубашкин? Скорее - Гимнастеркин.

- Ничего, ничего, Николай, - ляпнуў яго па плячы Янак. - Все устроится. Вот определишься на работу - невесту тебе найдем. Правда, мама?

- Чаму ж не? Дзевак у нас много, - адказала яна і толькі цяпер схамянулася. - Сядзіце за пустым сталом... Саня, хуценько бяжы ў сцёпку, вазьмі сала, гуркоў, капусты. А я згатую яечню.

Сядзелі за сталом, гаманілі. Яна ўсё глядзела, расчуленая, на Янака, глядзела і як бы не пазнавала ў гэтым шыракаплечым, дужым мужчыне таго хлапчука, свайго сына, якога тры гады назад праводзіла гасцінцам за вёску. Тады за фурманкаю ішоў худзенькі (ведама, што за харчоўка была ў тыя галодныя, пасляваенныя гады), пакорна-ціхі падлетак, які ўпершыню адрываўся ад роднага дому, ехаў немаведама куды, не знаў, што чакае яго наперадзе, і ад гэтага на твары, у ягоных вачах адбівалася і журба, і разгубленасць, і прыкметная ўзрушанасць. Ля крыжа - далей пачынаўся лес - яны развіталіся. Янак сарамліва ткнуўся губамі ёй у шчаку і пайшоў за фурманкай. У картовым пінжачку, з-пад якога тырчэлі лапаткі, амаль па локці высоўваліся рукі, ён здаўся ёй зусім яшчэ дзіцём, і вострая жаласць сціснула сэрца... Як жа змяніўся за гэты час яе сын - узмужнеў, паправіўся, падрос.

Але чым больш яна ўглядалася, тым усё выразней адчувала, як да яе расчуленасці і радасці прымешваецца нешта прыкрае, трывожнае. Марылю вельмі ўразіла тое, што Янак піў, амаль не закусваючы, а гаварыў шмат. Хваліўся службаю, сваімі заробкамі і ўсё звяртаўся да таварыша: «А помнишь, Николай...»

- Дак што ж гэто ў вас за служба такая була? - не сцярпеў Кандрат, якому пахвальба гэтая таксама прыйшлася не даспадобы.

- Хар-рошая служба, пап-паша... - ікнуўшы, азваўся Янакаў напарнік. - Такой службы больше ни у кого не будет.

Вечарам Саня падахвоцілася павесці гасцей у клуб, на танцы. Марыля спрабавала ўгаварыць:

- Чаго туды поначы ісці? Нікуды яны ад вас, гэтыя танцы, не дзенуцца. Натанцуецеса яшчэ. А сёння ляжце адпачніце. З дарогі ж стаміліса, пэўно.

Янак перадражніў яе:

- «Поначы», «пэўно»... Вот деревня! Нет на вас нашего капитана. «Возьми мокр-рую тр-рапку и удар-р мне па бр-руху...»

І ён хацеў, мусіць, пры гэтым перадражніць таго свайго капітана, але, махнуўшы рукою, зачапіў лямпу, што вісела на бэльцы. Шкло выскачыла, рассыпалася на дробныя асколкі.

- Вот ё... - пачаў было Янак, але стрымаўся, кашлянуў. - Ну ладно. Вы уберете мокр-рой тр-рап-кой, а мы пошли...

У сенцах Марыля шапнула Сані:

- Глядзі ж там за ім. Коб яшчэ чаго не ўтварыў.

Як чула ўсё роўна бяду яе матчына сэрца - не клалася спаць, хадзіла па хаце, прыслухоўвалася да кожнага гуку з вуліцы.

Рыпнулі веснічкі, і ў шыбу нехта пастукаў:

- Марыля!

Яна расчыніла акно. Стаяла суседка.

- Бяжы хутчэй у клуб! Там Янак твой пабіўса. З Чэканам...

Пакуль яна дабегла да таго клуба, бойкі ўжо не было. Не было і Чэкана. Некалькі хлопцаў, акружыўшы Янака, заціснулі яго ў кутку, не пускалі на залу, а ён, скрыгочучы зубамі, усё вырываўся з рук, лаяўся:

- Я ему покажу! Он у меня узнает! Ану, пустите!..

Насілу ўдалося яго супакоіць, прывесці дадому. Раніцаю, не паліўшы ў печы, Марыля пабегла да старшыні - перапрошваць, каб той, крый Бог, не падаваў на Янака ў суд за ўчарашнюю бойку. Настройвалася на нялёгкую размову, але Чэкан не даў і слова сказаць, махнуў рукою:

- Ды ладна, чаго там... Калі на тое пайшло, я і сам вінаваты, таксама пагарачыўся. Што тут пра гэта ўспамінаць! Скажыце лепш свайму малайцу, хай прыйдзе да мяне ў кантору, ёсць адна справа. Толькі хай доўга не цягне.

Янака да старшыні яна адправіла ў той жа дзень. Сын радасны вярнуўся з канторы, паведаміў, што яму прапанавалі харошую работу - калгас з гэтага лета мяркуе будаваць электрастанцыю, патрэбны людзі, якія б ставілі слупы, рабілі праводку ў хаты. А яны з Мікалаем - армейскія будаўнікі, работа знаёмая, і каму, як не ім, яе пачынаць?

Марыля, пачуўшы гэта, зраднела. Што ні кажы, а будзе цвёрды, пастаянны занятак - дык менш стане спакус на розныя выпіўкі, пагулянкі. А то гэты Гімнасцёркін, ці як яго, Сарочкін? - цацка добрая. У першы ж вечар злыгаўся з пакіданкаю, Гэляй Лявонавай, якая страціла ўжо ўсялякі сорам, абняславілася на цэлую акругу, павалокся да яе нанач.

Янак і праўда ўзяўся за работу з азартам. Цэлымі днямі прападаў у лесе - разам з брыгадаю рыхтаваў бярвенне.

Так было ўсё лета, усю восень, да самай зімы. Не сказаць, каб Янак гэты час не піў гарэлкі зусім. Здаралася выпіваў - у выхадны дзень, ідучы на танцы, але кампаніі яму асаблівай не было - Мікалай перабраўся да Гэлі зусім.

Горшае пачалося з надыходам зімы. Работа ў лесе скончылася, і электрыкі сталі праводзіць у хаты святло. Янак усё часцей вяртаўся дадому прыкметна павесялелы, больш гаваркі, чым звычайна. Аднойчы Марыля не сцярпела, пацікавілася:

- Дзе гэто ты паспеў ужэ? Толькі ж з работы?

- Паспеў... - лагодна ўсміхнуўся Янак. - Паставілі добрыя людзі чарку, дак што мне було рабіць? Яшчэ чаго добрага, пакрыўдзяцца, падумаюць, што грэбую.

- Глядзі, можаш дагрэбацца, што і з работы патураць.

- Не патураць!

Сынава несур'ёзнасць, лёгкасць, нейкая недаравальная бяздумнасць расстроілі Марылю.


12

Тыдні праз тры пасля размовы з сынам, надвячоркам, у хату зайшла суседчына Зося.

Марыля якраз была ў хаце адна - сядзела ля грубкі і прала воўну. Убачыўшы Зосю, здзівілася: нешта нейкае, калі наважылася прыйсці. Вечна маўклівая, панурая, гэта дзяўчына дзічылася нават суседзяў. Можа іншы раз прайсці міма і зрабіць выгляд, што не заўважыла, не павітацца. А ўжо каб прыйсці калі пасядзець па-суседску - барані Бог. Не дазавешся. А тут сама...

Даўшы «дзень добры», Зося патапталася ў парозе, абабіла з валёнкаў снег і падышла да грубкі, села моўчкі на табурэтку.

Марыля з цікаўнасцю зірнула на дзяўчыну. У чорнай плюшаўцы, у нацягнутай на лоб шарсцяной хустцы, прыгорбленая, яна нагадвала не дзяўчыну, а старую, якая ўжо шмат пабачыла на вяку.

- Цётко Марыля... - азвалася Зося, і яе пальцы, складзеныя на каленях, нервова ўздрыгнулі. - Я што прыйшла да вас... Вы, мусіць, ведаеце, Янак ваш хадзіў са мной яшчэ да арміі, пасля пісаў мне пісьмы. А вярнуўса - як хто падмяніў яго. Зайшоў колькі разоў і не паказваецца больш. Не хочэ і бачыць, як дазнаўса... - пальцы, складзеныя ў замок, сутаргава, нервова сціснуліся, аж пабялелі суставы. - Як дазнаўса, што ў мяне будзе дзіця... Што ж мне рабіць цяпер? Цётко Марыля?

Твар яе перасмыкнуўся, губы пакрывіліся, задрыжэлі, і яна зарыдала.

«Якое дзіця? Што яна кажэ? - разгубілася Марыля. Не ведала, што і сказаць Зосі. Падумаўшы крыху, рашыла. - Ёсць дзіця, дак трэба, коб буў і бацька. Хай жэніцца, кот марцовы...»

Ад Сані Марыля ўжо сёе-тое знала. Знала, што Янак апошнім часам стаў улягаць за настаўніцай, якая гэтай восенню паявілася ў іхняй вёсцы. Канечне, з Зосяю яе не параўнаеш - і маладзейшая, і прыгажэйшая. Калі на тое пайшло, дык Марылі і самой гэтая гаваркая, сімпатычная настаўніца падабалася больш. Але ж з адной красы жыць не будзеш. Чалавеку патрэбен дом, гаспадыня ў гэтым доме. А якая з яе гаспадыня, калі яна, акрамя сваёй навукі, нічога, можа, і не знае, да вясковай работы не прывучаная? Зноў жа, хто ведае - адкуль яна, хто яна? А Зося, хоць і ваўкаватая нейкая па натуры, але вырасла на вачах, і добрае, і кепскае - усё вядома, а раз вядома, то страху, што возьмеш ката ў мяшку, няма. Дый бацькі Зосіны людзі якія! З радасцю прынялі б Янака ў свой дом, як роднага сына.

Так разважала Марыля не раз сама з сабою. Янаку, аднак, нічога не гаварыла. У яго ёсць свая галава, свае вочы - хай глядзіць, хай рашае сам! Але пасля таго, што сказала зараз Зося, маўчаць болей нельга. Такога ў іх зроду не было - каб хлопец парушыў дзеўку і адмовіўся ажаніцца. На ўвесь род ганьба.

- Ціхо ты! - прыкрыкнула Марыля на Зосю, якая румзала побач. - Што ўжэ цяпер плакаць? Раней трэба було думаць!

Да шкадавання прымешвалася і нейкая злосць на гэту дзяўчыну. «Маўклівая-то маўклівая, а як на што, дак, бач, якая скорая». І, недавольна глянуўшы на заплаканую, раскіслую дзяўчыну, паўтарыла зноў:

- Ціхо бо! Не плач, - сказала, аднак, ужо больш лагодна, спачувальна. - Не перажывай, нікуды ён не дзенецца. Пакруціцца, пакруціцца і вернецца назад. От пабачыш, вернецца.

- Коб жэ так... - усхліпнула Зося.

- Коб жэ, коб жэ... Тут слязьмі, дзеўко, не паможэш. Ты лепш паглядзі, на каго ты стала падобная. Хіба ж можно так?

Зося адразу ж паднялася, маўкліва пасунулася з хаты.

«От жэ характар! - паківала галавой Марыля. - І ў каго яна такая ўдаласа. Бацькі яе - людзі як людзі, прыветлівыя, гаваркія. І старэйшая сястра - вясёлая, жывая, прыкідлівая да другіх. А гэто... Ні ўсмешкі ад яе не ўбачыш, ні добраго слова не пачуеш. Ну, коб гэто толькі цяпер, дак яшчэ можно було б зразумець. А то ж колькі і помню, яна ўсё такая».

Дзяўчына заўсёды здавалася Марылі крыху дзіўнай і незразумелай. І нарадзілася яна тут, у вёсцы, і вырасла ў звычайнай сялянскай сям'і, а ганарыстасці дурной, шляхецкай фанабэрыі - уга, і пані другая не дакажа.

Аднойчы, калі Янак быў ужо ў арміі, Марыля з Зосяй ішлі палоць лён. Марыля дагнала дзяўчыну за вёскай на сцежцы, пайшла з ёй побач. Яна ведала: сын меў да Зосі пэўны інтарэс, пісаў ёй з арміі пісьмы. Хацелася пагаварыць з дзяўчынаю не проста па-суседску, а як бы ўжо па-свойску.

- Дзень, мусіць, гарачы будзе. Прыпарвае зранку, - пачала Марыля.

- Прыпарвае, ага, - азвалася Зося.

- А ты унь і хусткі ніякай не ўзяла, насмаліць за дзень у галаву. Вазьмі, калі хочэш, маю, белая, паркалёвая, вельмі добрэ ад сонца. Я сабе накіну во гэтую, - узняла Марыля хатулёк, у якім несла полудзень.

- У мяне і сваіх хустак хапае. Хацела б - узяла.

Размова не клеілася. Нейкі час ішлі моўчкі.

- А што гэто цябе не відаць нідзе? - парушыла няёмкае маўчанне Марыля. - Хоць бы зайшла калі да Сані, пасядзела. Усё адно як не суседка.

Спадзявалася, што Зося падтрымае размову, але тая адказала зноў коратка, суха:

- Я па чужых хатах не валачуса.

Так і дайшлі да самага поля: Марыля што-небудзь папытаецца - Зося абыякава адкажа...

Больш гаварыць са сваёй ганарыстай суседкай Марыля не спрабавала. Тая ж за ўсе тры гады ні разу не паявілася ў хаце. Калі ж сустракаліся на вуліцы ці на дварэ, Зося праходзіла моўчкі, толькі кідала не вельмі прыветліва «дзень добры». Ганарліўка! А як прыспічыла, дык не паглядзела на свой гонар - прыбегла.

Ну ды Бог з ёю! Ні крыўды, ні злосці Марыля ніколі на яе не трымала і нічога благога не жадала ёй. І не супраць была б, калі б Янак і ўзяў яе.

Некалькі дзён Марыля хадзіла, думала, як лепш падысці да Янака. Раней бы галавы не ламала: што сказала б сыну - тое і зрабіў бы. А цяпер з ім не дужа пагаворыш. Таксама дурнога гонару набраўся, да трох не лічы. Добра, калі добра, а калі што не па ім - успыхвае, як порах, і можа натварыць Бог ведае чаго... Не, крыкам, сваркаю тут нічога не даб'ешся. Трэба чакаць зручнага выпадку.

У пятніцу, як звычайна, рэзалі сечку. Янак, скінуўшы бушлат, у адной гімнасцёрцы, лёгка круціў вялікае металічнае кола. Марыля брала жмакамі салому, па жолабе падавала яе ў барабан. Вострыя, касыя нажы весела перагаворваліся «шых-шых-шых... шых-шых-шых...». Калі першы мех напоўнілі, прыселі перадыхнуць. Янак з цыгарэтаю на козлы, яна - на нейкае бервяно. Сядзела і любавалася сынам: дужы, шыракаплечы, ён дыхаў здароўем, сілаю, маладосцю. І ў гэтай яго зухаватасці, у прыхаваным, падсвядомым жаданні паказаць маці, на што ён здатны, было нешта вельмі блізкае і знаёмае ад таго, ранейшага Янака, з якім, бывала, не раз, натаміўшыся дзе-небудзь у лузе або на полі, гэтак жа моўчкі сядзелі побач, адпачывалі... «От, коб ён і ўсягды буў такі. А то ж як вып'е - бы чэрці ў ім пасяляюцца».

І неяк само сабой, нібы яна працягвала разважаць уголас, сказалася:

- Жаніцца табе, сынок, пара ўжэ. Колькі бацькаву гаспадарку ні глядзі, а сваю заводзіць трэба.

- Паспею яшчэ ў хамут... - пыхнуў дымам Янак. - Можна і пагуляць.

- Можно-то можно. Толькі гуляць яно таксамо трэба з розумам. А ты... дагуляўса ўжэ.

- Пра што вы, мама? - насцярожыўся Янак.

- Сам знаеш, - зірнула Марыля на сына. - Зося днямі прыходзіла. Казала, што ў яе ад цябе дзіця будзе.

Янак, нібы хлапчук, успыхнуў і падхапіўся з козлаў:

- Выдумляе! Яна і мне казала. Няпраўда!

- Навошто ёй такое выдумляць?

- Не ведаеце яе! Сілай хоча дабіцца свайго. Не выйдзе!

- А хіба раней яна цябе сілком цягнула? Наравіласа? Сам, пэўна ж, бегаў? А цяпер не наравіцца?

- Не наравіцца! Да арміі я нічога не разбіраўся. А цяпер пабыў з ёй некалькі вечароў - і гаварыць няма пра што.

- Не, дзіця, так нельга, - мякка, асцярожна, каб не ўзлаваць сына, сказала Марыля. - Трэба думаць пра чалавека. І не аднаго - двух.

- Ды няпраўда ўсё гэта, мама!

- А калі праўда? - паглядзела яна на сына.

Той неяк няпэўна паціснуў плячыма і не знайшоў што сказаць.

- От бачыш...

Янак зноў сеў на козлы, нервова прыкурыў новую цыгарэту.

- От бачыш, - паўтарыла яна. - Не так усё просто: хочу, не хочу. Дай што цяпер думаць? Цяпер другога выбару няма. Інакш не толькі табе, а ўсім нам, пазычыўшы ў сабакі вочы, трэба будзе глядзець на людзей. Ды і ад совесці сваёй, сынок, нікуды не ўцячэш.

- Чорт знае што! - шпурлянуў пад ногі цыгарэту Янак і выскачыў з-пад паветкі.

Марыля з сумам, са шкадаваннем паглядзела яму ўслед. Падышла да козлаў, падняла з трэсак цыгарэту, патушыла яе.

«Бач ты, гарачы які...» - і, уздыхнуўшы, узялася за ручку цяжкога кола.

У той дзень Янак прыйшоў дадому позна і такі п'яны, што не мог языком паварушыць. Марыля моўчкі памагла сыну распрануцца, давяла да ложка. Нічога не сказала яму і назаўтра, калі той наскара праглынуў свой сняданак, выскачыў з хаты.

Янак запіў не на жарты. Аднаго разу яго прывезлі п'янага як зямля.

Марыля стала ўпікаць Кандрата:

- Ты хоць бы пагаварыў з ім калі. Сын адбіўса ад рук, на вачах, можно сказаць, гіне, а яму - хоць бы што. І што ты за бацько такі, што нічого не бачыш, нічого не ведаеш?

- А што я павінен ведаць? - азваўся Кандрат.

- Што, што? А хоць бы тое, якіх дзялоў натварыў твой сынок. Дажыліса! Скоро на вуліцу паказацца будзе сорамно.

- Ды не гугні ты, ей-бо! - нахмурыў бровы Кандрат. - А скажы толкам, пра якія дзяла ты пляцеш?

- Пляту? Ну дак парадуйса...

І расказала яму ўсё - і пра Зосю, і пра сваю гаворку з Янакам.

- Хо, знайшла мне праблему! - спакойна сказаў Кандрат. - Не яна першая, не яна апошняя. Сходзіць няхай да Манькі Крывой і - усе дзяла.

- О, гэта толькі мужчыны могуць так гаварыць! «Сходзіць і - усе дзяла». А коб табе такое - дзесятаму заказаў бы! І як твой паганы язык павярнуўса ляпнуць такое? Да ці знаеш ты, чым усё гэто можэ кончыцца?

- Ходзяць жа іншыя, і нічога - не паміраюць.

- Много ты знаеш! - убачыўшы, што Кандрат пацвельваецца з ёю, выскаляецца, махнула рукою. - А, што з табою, дурнем, гаварыць!

І выйшла з хаты. Зноў сам-насам засталася са сваімі трывогамі і сумненнямі. Як быць? Што рабіць? Можа, не трэба было нічога Янаку гаварыць, хай бы выбіраў сам, каго хоча? Што, калі, шкадуючы Зосю, яна калечыць жыццё сыну? Многія, многія балючыя пытанні абступалі яе ў тыя дні, не давалі спакою ні ўдзень, ні ўначы. Думала-перадумвала... І ўсё ж разумела: не, тут па-другому ніяк нельга. Нельга пачынаць жыццё з подласці, з чужой бяды. Калі яна гаварыла пра совесць, то думала не толькі пра Зосю, а і пра сына.

І яшчэ спадзявалася Марыля, што Зося са сваім цвёрдым характарам, як ніхто іншы, зможа ўзяць Янака ў рукі, спрадвечнай жаночаю хітрасцю і ласкаю прывяжа яго да дому, не дасць яму распіцца.

І зрабіла ўсё, каб Янак ажаніўся з суседкаю.

Вяселле справілі на Вялікдзень.


13

Сваю памылку Марыля зразумела хутка. На бяду, дурнога гонару ў Зосі аказалася куды больш, чым розуму. І там, дзе трэба было цярпліва, асцярожна, далікатна гнуць, яна стала ламаць - упарта, зацята, з нейкай злараднасцю. Адразу ж пасля вяселля ўзялася камандаваць: гэтага не рабі! Туды не хадзі! Тое забудзь!

Янак цярпеў, цярпеў, а аднаго разу не вытрымаў і ўзарваўся:

- Што ты мне, панімаеш, камандуеш усё, як старшына які! Пляваць я хацеў на твае каманды! Што хачу, тое рабіць буду. У цябе не спытаюся!

І, бразнуўшы дзвярыма, пайшоў некуды на цэлы вечар.

З гэтага ўсё і пачалося. Што Зося ні скажа - Янак у штыкі, а тая не прамінае выпадку, каб не падкалоць, не ўпікнуць Янака: не выцер, прыйшоўшы з двара, ногі - доўбень, неабчэсанае палена; закурыў у хаце - асталоп, эгаіст, якому напляваць на другіх, сам труціцца і астатніх хоча патруціць; прылёг на засланы ложак - гультай, няўдаліца, які, мусіць, думае, што жонка - гэта парабчанка, што яна можа прыбіраць у хаце па дзесяць разоў на дзень...

Далей - болей. Сваркі рабіліся ўсё больш частыя, усё больш гняўлівыя. Марыля бачыла, што Янак ходзіць увесь напяты, нібы струна, што яшчэ адна-дзве такія сутычкі, і ён можа сарвацца, натварыць бяды.

Улучыўшы момант, калі Зося ў хаце была адна, Марыля сказала:

- І што ты сабе, маладзіца, думаеш! Хіба так можно? Ты ж адаб'еш яго ад дамоўкі.

Зося адразу натапырылася.

- Гэто маё дзело, што можно, а што няможно. Як-небудзь абыдуса без саветаў.

- Я ж табе кепского не саветую...

- От, коб меней розныя саветчыкі лезлі не ў сваё дзело, дак, можэ, і праўда було б лепш.

«Ого, як загаварыла! - здзівілася Марыля. - А тады, як прыходзіла, то гатова була рукі цалаваць. А цяпер, бачыш, ёй ужэ ніхто й не трэба».

Аднак Марыля пра тую размову напамінаць нявестцы не стала. Адказала спакойна, разважліва:

- Я ў саветчыкі не набіваласа і не набіваюса. Але тое, што ты робіш, - не толькі тваё дзело. Янак мне сын, і я не магу глядзець на ўсё спакойна. Так, Зося, не можно. Не канечне, каб усё твой верх буў. Трэба іншы раз і перамаўчаць. А як жэ? Такая наша жаночая доля.

- Ну, пэўно ж. Свайго сыночка вы будзеце абараняць. Вінавата я адна. Хто я вам? Чужая. Таму і вінаватая ва ўсім.

- Чаму ж? Я і Янака не хвалю. І ён бывае вінаваты. Але згода ў хаце - ад жонкі. Трэба крыху і сцярпець, калі што якое. Усім нам хочацца адразу ўзяць лейцы ў свае рукі да яшчэ нацягнуць іх тужэй, пацешыць свой гонар: от, маўляў, якая я лоўкая - мужык мой на цырлах перада мной бегае... Што ж, іншы, можэ, і будзе бегаць, а каторы не захочэ, халактар не такі. Што тады?

- Во, во! Вы яшчэ і Янаку гэто скажыце, - глянула ваўкавата з-пад ілба Зося. - Тады ўжэ ён саўсім расперажэцца.

- Скажу тое, што трэба, не турбуйса. А цябе просто прашу: не лезь з ім у чубкі. Ласкаю старайса, ласкаю... Іншы раз добрае слова больш зробіць, чым вялікая сварка.

Не паслухалася Зося. Палічыла, мабыць, за нізкае прымаць чужыя парады.

І дазвягалася.

...Марыля замешвала ў сенцах сечку, калі пачула з хаты дзікі Зосін крык. І тут жа ў сенцы выскачыў, мацюкаючыся, Янак.

- Чаго натварыў? - ступіла яна да сына.

- Я гэту сволач калі-небудзь заб'ю зусім! - скрыгатнуў ён зубамі і крутнуўся на двор.

Перапужаная Марыля кінулася ў хату. Зося, уся ў крыві, ляжала на лаўцы і слаба стагнала.

- Што ён з табою зрабіў, Зосько? - нагнулася яна над нявесткай.

А тая і вочы пад лоб закаціла:

- Усё мне. Канец...

«Ах, горэ ты маё!» - замітусілася Марыля каля Зосі. Разарвала старую хустку, намачыла яе ў халоднай вадзе, асцярожна выцерла Зосін твар. Кроў ішла толькі з носа.

- Ну, маладзіца, маліса Богу, што гэтым абышлоса.

Прыклаўшы нявестцы халодны кампрэс на пераноссе, Марыля прысела побач. Тая ляжала моўчкі, не варушылася і не расплюшчвала вачэй.

- Галава не баліць?

- Ох... Усё баліць... Усё чыста баліць...

- І чым жэ гэто ён цябе?

- Кулаком... Думала, заб'е.

- Ай-яй-яй! Паганец! Рукі ўжэ стаў распускаць.

- Стаў! Канечне, стане! - падхапілася Зося і раз'юшана, як бы не ляжала хвіліну назад нежывая, накінулася на Марылю. - Бо набаўляеце! Ён бы слухаўса мяне, коб не вы. Гэто вы яго вучыце не патураць жонцы, не хадзіць перад ёю на цырлах. Думаеце, я не знаю? Усё знаю! Вы набаўляеце, вы!

Марыля чакала, пакуль выгаварыцца нявестка, і калі тая, захліпаўшы носам, змоўкла, сказала з крыўдаю:

- От, Зося, Зося... Гэто ж ты пра мяне так думаеш... А я хіба хацела калі табе чаго кепскаго? Хіба ты мне чужая? Вы ж цяпер з Янакам для мяне роўныя. Нашто ж мне набаўляць, сварыць вас? Я ж хацела, коб вы пабраліса, жылі хораша, дружно. І цяпер гэтаго хочу. Таму і не ўцярпела, пасаветавала табе... А ты унь як перавярнула... Нядобрэ гэто, Зося, нядобрэ...

Нявестка панура маўчала. І невядома было, ці яна раскайваецца, што пад злосць, неабдумана сказала, ці проста не хоча болей гаварыць.

Зразумеўшы, што размовы не атрымаецца, Марыля ўстала з лаўкі.

- Ну, як сабе хочэш. Бог табе суддзя. Пакрыўдзіла ты мяне, але зла я не трымаю. Толькі паўтару: не пераменішса - не будзе ў вас жыткі. Памянеш маё слова, не будзе.

Зося пасля таго пацішэла. Дайшло, мусіць, што крыкам нічога не возьмеш, стала больш хіліцца да мужа. Не высоўвалася ўжо гэтак са сваім языком, часцей прыкусвала яго, перамоўчвала, калі што якое.

Дый нельга, грэх ужо ім было сварыцца - Зося ж хадзіла апошнія месяцы...

Неўзабаве нарадзіўся хлопчык. Яе першы ўнук... Марыля не чакала, што гэта яе так узрушыць. Седзячы ля калыскі і ўглядаючыся ў чырвоны, зморшчаны тварык унука, яна не раз з нейкай шчымлівай журбою, з ціхай прасветленасцю думала: «От я і баба... І не згледзела, як жыццё прамільгнула. Нібы адзін дзень... Няўжэ гэто я такая старая?»

Унука яна палюбіла адразу. Палюбіла, здаецца, яшчэ больш, чым некалі свайго першынца. І як толькі выпадала вольная хвіліна, бегла хутчэй да калыскі, адхінала асцярожна палог, глядзела, ці не забілася туды якая муха, ці не мокранькі малы. Калі ж той не спаў, цмокала яму губамі, забаўляла яго, і часам ёй здавалася, што малы ўжо ўсё разумее, нават спрабуе ўсміхацца.

Зосі Марыля не давала болей ні за што і ўзяцца. Праўда, яна не нагружала нявесткі і раней. От паможа што - дзякуй, а не, дак і так добра. Цяпер жа казала ёй:

- Тваё дзело - малы. Глядзі яго. - І сама яшчэ кідалася памагчы - то пялюшку памые, то ўначы ўстане, падменіць Зосю, пакалыша малога.

Мір і згода запанавалі ў хаце. А летам, у касавіцу, нечакана - ад сэрца - памёр Зосін бацька, і Зося настроілася: трэба перабірацца да маці, яна ж засталася адна.

Марыля асабліва не пярэчыла, і Янак з Зосяю неўзабаве перайшлі ў хату Зосіных бацькоў. З пярэбарамі вялікага клопату не было: хаты стаялі побач. Зося ўзяла малога на рукі, Янак ускінуў на плячо пасцель, яна - хатуль з астатнімі пажыткамі, за адзін раз і перанеслі ўвесь набытак.

Сядзіба Лантухаў (як звалі за вочы Зосіных бацькоў у вёсцы) была, канечне, не тое што ў іх зКандратам. Вялікая, пад гонтай, хата, хлеў, адрына, клець. Шырокі, куды можна заехаць з любым возам, двор. Сотак трыццаць, не меней, агарод, добры садок. Найбольш ганарыўся стары Мікалай гэтым сваім садком. Ні ў кога ў вёсцы не было такіх смачных яблыкаў, груш, як у яго. Мікалай сам расказваў, што па дрэўцы ён ездзіў ажно пад Слуцак, да садавода, пра якога вычытаў у газеце, і той за немалыя грошы прадаў яму колькі саджанцаў. Вось чаму нават у тыя гады, калі быў уведзены падатак, і амаль усе, хто меў які садок, высеклі дрэвы пад корань, ён сваіх не зачапіў, пашкадаваў...

Цяпер, пасля смерці старога Мікалая, гаспадаром гэтага багацця станавіўся Янак.

І жыць бы ім тут, як людзям, дзяцей гадаваць, - дык не... Перабраўшыся ў бацькоўскую хату, зноў стала паказваць свой нораў Зося.

Неяк, надвячоркам, Янак заскочыў да маці хмуры, злосны.

«Як схуднеў, асунуўса... - жаласлівымі вачыма глядзела яна на сына. - І сарочка на ім унь якая, пакамечаная, брудная. Хоць бы выпрала гультайка, людзей пасаромеласа б...»

Разам з жаласцю Марыля адчула і пэўную віну перад сынам. «Мо коб ён ажаніўса з той настаўніцай, то ўсё було б па-другому...»

- Мне, сынок, нічого не трэба, коб толькі табе було добрэ... Хто ж мог ведаць, што яна такая дурная.

- Дурная? - Янак нядобра ўсміхнуўся. - Ого! Яна і занадта разумная. Для сябе! Хацела б, каб усе вакол прыслужвалі ёй, а яна толькі, як пані якая, каманды падавала.

Што праўда, то праўда. Нават старая Барбарка, Зосіна маці, наколькі ўжо цярплівая жанчына, а і то не вытрымала, паскардзілася ёй аднаго разу: «Марылько, свашко мая дорогая, жыткі няма ад маёй Зосі. Усё ёй не так, усё ёй не гэтак. Колькі мне тут жыць засталоса, а яна ні на дзень спакою не дае, поедам есць. І што з ёю сталаса - розуму не дабяру. Усё адно як з ланцуга сарваласа. А беднаму Янаку...»

Дастаецца, ох дастаецца Янаку... Чаго, здавалася б, жанчыне трэба? Янак і ў хаце памагае, і свінням дае, і на работу штодня бегае. То хоць бы ўжо маўчала, калі чалавек стараецца. Не, усё роўна незадаволеная, чапляецца на кожным кроку. Сама ж, акрамя дзіцяці, нічога больш не знае. Хаця гэтаму дзіцяці другі год ужо, дзякуй Богу, можна было б пакінуць і на старую, а самой і ў агародзе што зрабіць, і ў калгас, як людскія жанкі, схадзіць. Куды там. Прыдумала сабе нейкую хваробу, кажа, як нагнецца, то галава кругам ідзе, млосна робіцца, і сядзіць сабе дома, у цянёчку.

Янак дастаў цыгарэту, лапнуў па кішэні, шукаючы запалкі.

- Ты б от лепш чаго з'еў, чым смаліць гэту атруту, - сказала Марыля. - Сала унь вазьмі, мяса.

- Нічога, мама, нічога, - як бы не чуючы яе, гаварыў пра сваё, набалелае, Янак. - Калі яна такая разумная, калі яна пачынае папракаць мяне за кавалак хлеба, то я ёй устрою. Кіну к чортавай матары і гэту хату яе, і дабро, а сам паеду. Хай робіць што хоча. Хай паскача адна.

- Куды гэто ты паедзеш? - занепакоілася Марыля. - Што ты чаўпеш дурное! А пра дзіця падумаў?

- Я-то падумаў. А цяпер хай трохі падумае і яна... Мама, у вас запалкі ёсць?

Марыля ўзяла з прыпечка карабок, падала. Янак пусціў праз нос густы струмень дыму, пасміхнуўся:

- Я ж не назусім. На які год. Правучыць яе хачу.

- Ай, сынок, не трэба гэтаго рабіць. Людзі смяяцца будуць. А ёй ты нічого не дакажаш. Калі ўжэ зародзіцца цяля з лысінаю, то і памрэ такое.

- Дакажу! Яна ў мяне яшчэ паскача! Маць яе ператак! - вылаяўся раптам Янак і стукнуў кулаком па стале, аж азваўся, забрынчэў посуд.

- Ну, ну, ціхо ты. Разваяваўса... - Ведаючы, аднак, сынаў характар, спрачацца не стала. Адно толькі папыталася: - І куды ж ты, цікаво, паедзеш?

- Го-о! Вольнаму воля. Цяпер, мама, нідзе не прападзеш. Цяпер рабочыя рукі ўсюды патрэбны. Хоць у Данбасе, хоць у Сібіры.

- У Сібіры... - паківала яна галавой. - Расхрабрыўса. Мора яму па калена... - і не стрымалася, зноў папрасіла: - Выкінь ты, Яначак, гэтыя думкі з галавы. Чуеш? Прыспічыло табе выракацца дамоўкі, роднага дзіцяці, ехаць недзе за свет, бадзяцца?

- Усё, мама, скончыліся разгаворы. Я рашыў цвёрда.

Янак падняўся, кінуў патухлую цыгарэту ў вядро з памыямі, узяўся за клямку.

- Дабранач!

Аднак падаўся не дадому - на вуліцу, павярнуў у Пахуўскі канец. «Зноў, мусіць, да свайго Гімнасцёркіна. І спараваў жэ чорт з гэтым п'яніцам. Коб яму! Прывалокса сюды на Янакаву галаву. А гэты дурань гатовы за ім хоць у агонь. Ну, канечне ж, гэто ён, Гімнасцёркін, набавіў сына. Гэля яго выпірае з хаты - вельмо ёй патрэбен гэтакі п'яніца - дак ён, бач, надумаўса ехаць сам і Янака падгаварыў. От жэ зараза!..»

Яна яшчэ колькі разоў спрабавала адгаварыць сына ад яго намеру, але той быў няўмольны. І восенню, пасля таго як выкапалі бульбу, звезлі ў хлявы сена, Янак, узяўшы свой пашарпаны салдацкі чамаданчык, падаўся з вёскі.


14

Тыдні праз два прыйшло пісьмо.

«Прывет вам з праслаўленага Данбасу! - пісаў Янак. - Прынялі нас добра. Жывём у інтэрнаце. У пакоі шэсць чалавек, хлопцы неблагія. Працуем усе на шахце. Амаль тысячу метраў пад зямлёй. Здабываем каменны вугаль. Работа нялёгкая, але і плацяць някепска. Калі пабыць тут з год, можна будзе зарабіць добрыя грошы...»

«Божэ мой! На шахце...» - адразу спахмурнела Марыля. Слова «шахта» трывожыла, палохала яе, бо ўяўлялася за ім нешта змрочнае, неймаверна цяжкае. Гэта ж ні свежага паветра, ні сонца. Тысяча метраў пад зямлёй. Крый Бог што якое!..

- А дзе гэто ён, той Данбас? - перапыніла Марыля дачку, якая чытала пісьмо.

- Далёка. На Ўкраіне. А горад, дзе жыве Янак, называецца Горлаўка.

- Ну, Украіна - гэта не так ужэ і далёка, - уставіў сваё Кандрат. - У сорак трэцім, помню, пасля курсаў...

- Пры чым тут твае курсы! - узлавалася Марыля і сказала дачцэ: - Чытай далей.

- А тут далей нічога няма. Перадае паклон вам, бацьку. Мне вось тут некалькі слоў, Алесіку...

- А Зосі?

- Зосі няма...

«Няма... От жэ зацяўса, паклону не перадаў. Не пацікавіўса, ці жывыя хоць... Ды хто знае, пісаў ён ці не пісаў?»

Марыля накінула хустку і праз агарод пайшла да Лантухаў.

Старая Барбарка і Зося былі дома.

- Дзіньдобры, дзіньдобры, свашко, - прыязна азвалася Барбарка, запрасіла прысесці.

А Зося і вуснаў не разняла, нават не глянула ў яе бок. З таго дня, як Янак паехаў, яна не гаварыла і не здароўкалася.

- Янак пісьмо сёння прыслаў, - не зважаючы на панурасць нявесткі, сказала Марыля. - Паклоны вам перадае, пытаецца, як Зося, ці здаровы сынок.

- Ага, успомніў!.. - бліснула вачыма Зося. - Калі б яго вельмо сынок цікавіў, то не папёрса б немаведама куды. Сабакам сена касіць!

- Папёрса... Але ж, мусіць, не па сваёй ахвоце.

- А што, я застаўляла яго? Я?! - ускочыла Зося і стала перад свякрухаю, працінаючы яе злым, лютым позіркам.

Барбарка, нешта мармытнуўшы, вышмыгнула з хаты.

Марыля вытрымала Зосін позірк, спакойна сказала:

- Застаўляць не застаўляла, але ж, мусіць, дапякла, раз чалавек кінуў усё і збег.

- Коб той язык свой апёк, хто так гаворыць!

- Кляні дай сабе бяры.

- Возьмеш і ты, нікуды не дзенешса, - мусіць, каб больш зняважыць свякруху, перайшла на «ты» Зося. - На мяне хочэш спіхнуць, а сама ўсё зазывала сыночка ў хату, усё падпойвала ды падгаворвала, як змяя падкалодная. Думаеш, не бачыла?

- Ну, бачыла. Ну, падгаворвала, дак і што?

- Яна яшчэ будзе здзекавацца з мяне?! - аж захліпнулася ад злосці Зося і закрычала ўжо з нейкім віскам, замахала рукамі. - Ану марш з хаты! Вон! Коб і нагі тут не было!

На двары яе сустрэла Барбарка. Азірнуўшыся на акно, яна ўзяла Марылю за рукаў, адвяла за вугал.

- Свашко мая дарагая, не гневайса на яе вельмо... Ты ж разумнейшая, не бяры блізко да сэрца. Даруй ёй, свашко. Сама не знае, што гаворыць. І раней була паганая, а цяпер... Як... як... - хацела яшчэ нешта сказаць Барбарка, але слёзы душылі горла.

- Бог ёй суддзя. Што мне на яе гневацца... - Марыля хацела ісці, але ўспомніла пра пісьмо, павярнулася да Барбаркі: - Хай бы яна напісала Янаку.

- Я скажу ёй, свашко, скажу...

Марыля чакала, што Зося адумаецца, прыйдзе па адрас. Але тая ні праз дзень, ні праз тыдзень не паказалася.

«Хібо мо таксамо палучыла?» І калі паштарка Маня прынесла другое пісьмо ад Янака, не ўцярпела, пацікавілася:

- А Зосі... було што?

- Не, цётко, не було. І правільно робіць!

Марыля здзіўлена паглядзела на паштарку.

- Як гэто - правільно? Што ты, Маня, кажэш?

- Што чуеце. Не трэба быць такой заразай, - ускінула на плячо цяжкую брызентавую сумку Маня.

«Бач, нават чужыя яе асуджаюць, - падумала Марыля, калі паштарка пайшла. - Ад людзей не схаваешса. Усё бачаць, усё разумеюць. Людскі суд строгі...»

Не дачакаўшыся Зосі, яна рашыла схадзіць да яе сама. Папрасіла Саню напісаць на лістку Янакаў адрас, узяла з сабой і пайшла.

Маленькі Сцёпка, унучак, як толькі згледзеў яе ў парозе, адразу кінуўся, расставіўшы ручаняты, насустрач, абхапіў за шыю.

- Ах ты, мой саколік... - цалуючы ўнучка, прыгаворвала яна расчулена. - Званочак мой залаты. Ну, пачакай жэ трохі, галубок, я табе гасцінца дастану. О, на, пестунок мой яснавокі...

І Марыля падала Сцёпку кулёк.

- Цукелкі? - заззяў тварык унучка.

- Цукеркі, цукеркі. Еш на здаровейка.

Зося панура сядзела на ложку, нешта шыла, зіркаючы з-пад ілба - нядобра, непрыхільна.

- Дак можно зайсці альбо не? - папыталася Марыля, стоячы ў парозе.

- Чаго пытацца, калі зайшлі... - хмура кінула Зося.

Марыля павяла вачыма па хаце, шукаючы, дзе б сесці. І выбрала месца ля печы, насупраць Зосі. Пачала адразу, без далёкіх заходаў.

- Як сабе хоч, Зося, а так не можно. Трэба табе напісаць Янаку. Ён чакае твайго пісьма, павер мне. І калі ты скажэш, коб прыязджаў, - прыедзе.

- Ён жэ не піша. А чаму гэто я буду пісаць?

- Не піша... Бо гонару непатрэбнаго много. А з цябе карона не спадзе, калі напішаш першая.

Нейкі час Зося панура маўчала.

- Нічого я не буду яму пісаць, - потым сказала: - Хочаце, пішыце самі, вы ж маці.

- Я-то маці, а ты - жонка. І ўжэ, тым часам, не мне з ім жыць, а табе.

- Калі б хацеў жыць, то чаго було перціса за белы свет.

- Зноў ты сваё. Ох, глядзі, маладзіца, глядзі...

Марыля не стала больш нічога казаць, каб яшчэ, крый Бог, не ўгнявіць нявестку, перавяла гаворку на другое:

- А дзе маці?

Зося моўчкі кіўнула на печ.

- Спіць хіба, што не азываецца?

- Занядужала. Гарачка прыкінуласа.

- То, можэ, у больніцу трэба було б, да дохтура?

- Няма каму вазіць. Паправіцца як-небудзь і так.

Марыля параіла запарыць ліпавага цвету, сказала, што прынясе слоік малінавага варэння - вельмі добра памагае ад прастуды. І пайшла. А паперку з адрасам пакінула. Паклала на стале - сядзе нявестка вячэраць і ўбачыць. «Няўжэ не напіша? От жэ ўпартасць, зацятасць! Не дай Бог... І сама змучыласа, высахла унь - адна скура ды косці, і другіх мучыць, жыцця не дае...»

Як бы яно ўсё было - цяжка сказаць, але падзеі неўзабаве павярнуліся зусім неспадзяваным бокам.

Старая Барбарка, пракачаўшыся тыдні са два на печы, памерла. Перад смерцю адно папрасіла: «Зяцю... зяцю паведаміце...»

Марыля сама пайшла на пошту і адбіла тэлеграму.

Янак прыехаў толькі праз чатыры дні. І хоць усе помнілі просьбу нябожчыцы, гэтулькі чакаць нельга было. Барбарку пахавалі, не дачакаўшыся Янака.

Прыехаў - і адразу дадому.

Якая ўжо была ў іх размова з Зосяй - невядома. Толькі назаўтра, раніцай, Марыля ўбачыла праз акно, як яны ўсе трое (Янак трымаў на руках Сцёпку) пакіравалі да Ўласавага двара, а там праз шнуры - на могілкі.

Разам вярнуліся і назад.

У Марылі адлегла ад сэрца. З цеплынёй падумала пра Барбарку. Ціхая, цярплівая, заўсёды прыветлівая да людзей, заўсёды гатовая чым можна было памагчы, яна і пасля сваёй смерці рабіла дабро.

Янак на шахту сваю больш не паехаў. Напісаў Гімнасцёркіну, каб прыслаў дакументы ды грошы, якія не паспеў палучыць, тэрмінова сабраўшыся ў дарогу.

Старшыня зноў узяў Янака за электраманцёра.

Жыццё як быццам уваходзіла ў свае прывычныя, спакойныя берагі. Але спакой гэты аказаўся падманлівым.

Недзе хутка пасля Янакавага вяртання стала Марыля прыкмячаць, што сын пазбягае, цураецца яе. Калі дзе і сустрэнецца, то як бы чаго саромеецца, вочы адводзіць убок і ўсё хутчэй спяшаецца размінуцца. І ў хату перастаў заходзіць. То, бывала, сюд-туд дый заскочыць, пасядзіць, пагамоніць, пакурыць. А то за ўсё лета ні разу не заглянуў. Нават калі Кандрат прывозіў з балота сена, і то не выйшаў, не памог скінуць. Заўсёды раней выходзіў, бо ведаў, што бацька хворы, слабы, памагчы няма каму. А тут хоць і дома быў - Марыля сама бачыла яго ў акне, - не выйшаў.

Прыдумаўшы нейкі клопат, яна пайшла да іх сама. Абрадаваўся ёй, здаецца, адзін толькі Сцёпка. Зося ж, як заўсёды, сядзела панурая, гаварыла неахвотна і непрыветліва. А Янак схапіў сякеру і адразу падаўся з хаты.

Нядобрае Марыля адчула яшчэ тады, калі нявестка і сын, абое, перасталі хадзіць да іх па ваду. Апошнім часам, калі старая лантухоўская студня без належнага догляду завалілася, Зося і Янак бралі ваду ў іхнім калодзежы. Гэта было праз агарод, і блізка, і зручна. Дый і вада тут, з крыніцы, заўсёды халодная, смачная і ніколі, нават у самую спёку, не выбіралася.

Хадзілі, хадзілі, а тут раптам як адрэзала. Спярша не пайшла нявестка, а потым ужо і сын. Ну што Зося не паказвалася, дык Марылю гэта асабліва не здзівіла, бо тая і раней часцяком, як толькі што сама сабе надумаецца або нешта ёй не спадабаецца, бярэ адразу вёдры і знарок, каб усе бачылі, ідзе цераз вуліцу да Зернюковых. Хоць гэта і далекавата, і вада там аддае нейкім балотам, цінаю.

А тут не пайшоў і Янак...

«Зазліўса, мусіць, на нешто... Але чым я магла яго пакрыўдзіць, калі?»

Перабірала ў памяці ўсё, што было паміж імі ў апошні час, і не знаходзіла якой-небудзь прычыны, не магла зразумець такой перамены.

Аднойчы, калі Янак быў на двары адзін, корпаўся нешта каля паветкі, Марыля падышла да яго. Запыталася:

- Што гэто ты ўжэ да нас і пе паказваешса? Баішса? Ці, можэ, крыўду якую маеш?

- Ды не, што вы... Якая крыўда, - разагнуўся Янак. - Проста работы вельмі многа. Вам паказалася.

Гаварыў, а сам у вочы ні разу не глянуў. Як бы няёмка было чагосьці, сорамна. Нейкі фальш, няшчырасць былі ў яго словах. Адчувалася, што сын не дагаворвае нешта, утойвае.

«Ну, не хочэш, - як хочэш», - рашыла Марыля і не стала больш лезці з роспытамі. Аднак прыкрасць засталася, і гэта вярэдзіла ёй душу, не давала спакою.

Усё праяснілася значна пазней. Ужо зімой.

Быў якраз вечар перад старым Новым годам. Агародамі яна вярталася ад Тэклі Корчыкавай, дзе звычайна збіраліся на вячоркі. Вярталася крыху раней, чым звычайна, бо ведала, што ў гэты вечар будуць хадзіць «шчодрыкі» і нядобра, калі ніхто з хаты не азавецца. Кандрат яе калі заваліцца спаць, то і громам не разбудзіш.

Марыля падыходзіла ўжо да сваіх веснічак, калі пачула на Янакавым двары, за хлявом, скрып снегу і неразборлівае мармытанне. Яна стала прыглядацца. Ля сцяны нехта варушыўся. Але хто - у цемені, ды яшчэ здалёк, цяжка было разабраць. Толькі па голасу можна было здагадацца, што гэта мужчына. І, мусіць-такі, добра п'яны, бо яго моцна вадзіла ў бакі.

Чалавек таптаўся ля хлява, як бы чаго шукаючы, да нечага прыглядаючыся. Нечакана ён паслізнуўся і, махнуўшы рукамі, паваліўся ў снег. Пачулася сярдзітае мацюканне, і Марыля пазнала: Янак!

«Чаго ён тут? Уляжацца на снег і засне, п'яны, замерзне на такім марозе...»

Марыля вярнулася назад, да Янакавых весніц, і сцежкаю пайшла да хлява.

Янак тым часам падняўся. Цяпер, зблізку, яна магла бачыць, што той трымаў пад пахаю жмак саломы. Дастаўшы з кішэні запалкі, падпаліў гэты жмак.

У Марылі ўсярэдзіне пахаладзела.

«Што робіць?! Запаліць жа хлеў!»

Калі жмак разгарэўся, Янак ступіў да хлява і стаў падсоўваць агонь пад страху.

Марыля кінулася да сына, схапіла за руку.

- Яначак, сынок... Што ты надумаў? Кінь! Чуеш?

- А-а-а! - зларадна выгукнуў Янак. - Прыйшла-такі. Прыйшла-а!..

І, адштурхнуўшы яе ад сябе, кінуў жмак на снег, пайшоў у хату.

Марыля, разгубленая, задыханая, стоячы па калені ў снезе, яшчэ некалькі хвілін не магла супакоіцца, адно толькі чула, як калоціцца, ледзь не выскоквае з грудзей сэрца. Паступова, як далёкае рэха, да яе стала даходзіць тое, што ёй сказаў сын. «Прыйшла-такі!..» Як бы чакаў яе, як бы ведаў, што яна прыйдзе. Але чаго? Навошта? І чаму ён выгукнуў гэта з такой злараднасцю, з такой варожасцю? Нічога не зразумець... Яна падышла да хаты. Святло гарэла толькі на кухні. Марыля асцярожна прыціснулася да сцяны. З хаты чуваць быў глухі сынаў голас:

- ...і толькі я гэта тыцнуў пад страху, а яна тут як тут! Прымчала, як з-пад зямлі выскачыла!..

- А я табе што казала? - гэта ўжо абрадаваны голас Зосі. - А ты не хацеў слухаць. Думаў, што жонка табе вораг. Цяпер будзеш ведаць хто.

«А-а, дак гэто ж яны варажылі... - працяла Марылю здагадка. - Варажылі супраць мяне... роднай маці!»

Цалюткую ноч яна не звяла павек. Крыўда яе была такая вялікая і гарачая, што не было нават слёз, як бы ўсе яны высмяглі...


15

Пасля таго яна рашыла: «Калі я ўжэ гэтак мяшаю ім, то, Бог з імі, магу і не хадзіць. Толькі б жылі яны па-людску. Толькі б ім було добрэ. Унучка от шкода, не буду бачыць. Але нічого, пабольшае - сам прыбяжыць...»

Так і не пайшла ўсю зіму. Кандрата колькі разоў пасылала. Першы раз, калі ўбачыла, як Янак адзін пад паветкаю пілуе дровы. Другі - калі той прывёз з балота сена і бегаў вакол саней запараны: Зося не выйшла нават вяроўку развязаць. Яшчэ два ці тры разы Кандрат хадзіў туды з рознай помаччу. Марыля пе пайшла.

«Пакуль не перапросіць - не дарую. Хай сабе слухае каго хочэ. Абы толькі слухаў. Абы нічого кепского не рабіў. А я ўжэ як-небудзь перажыву і без яго ласкі... Хоць гэто і нядобрэ такое, ды што зробіш? Праўду людзі кажуць: начная зязюля каго хочэш перакукуе...»

А Зося ўзялася за Янака сур'ёзна. Неяк ранкам, калі Марыля даіла сваю Лысуху, за сцяною - а іхнія хлявы стаяць побач - яна пачула сярдзіты голас сына: «Стой, халера! Стой, каб цябе ваўкі аперазалі! Малако унь усё разліла...»

Няўжо яна яго і даіць заставіла? А можа, здалося? Можа, ён проста зайшоў падкінуць карове сена, памагчы Зосі? Але не, дзынькала вядро, раз-пораз азываўся Янак, узлавана нукаючы на непрывыклую да мужчынскіх рук карову, а Зосінага голасу не чуваць было.

«Ну і ну-у... - пакруціла Марыля галавою, выходзячы з хлява і не верачы самой сабе, прыстояла крыху на двары, дачакалася, калі Янак з даёнкай у руках выйшаў з хлява. - Узяла-такі лейцы ў свае рукі. Закілзала... Выходзіць, і на гарачага ды натурыстага знайшласа ўправа...»

Ёй і шкода было сына, які стаў патураць жончыным капрызам, ледзь не вылузваўся са скуры: хапаўся ўсё рабіць сам, круціўся, як падсмалены, ад цямна да цямна. Зося ж ні халеры не рабіла, ляжала сабе на печы, нават суп які і той ленавалася зварыць, так, сухама - агурок, бульба ды які скрылёк сала - найчасцей і палуднавалі. І шкода сына было, калі пра ўсё гэта думала, і разам з тым брала злосць. «Так дурню і трэба! Дапусціцца, каб гэтая звяга села верхам...»

Але паступова, за хатнім клопатам, супакоілася, разважыла, што яна не зусім справядлівая да сваёй нявесткі. Нічога кепскага тая не зрабіла. Янак хоць заняўся гаспадаркаю, перастаў піць.

Так думала яна ў тыя дні не раз - супакойвала сябе, суцяшала, а сэрца не магло прыняць тое, што бачылі вочы, што трывожыла, вярэдзіла душу. Хіба ж можна так? Адрачыся ад роднай маці? Дапатурацца бабе да таго, што ў вёсцы унь пачынаюць ужо смяяцца. Сама днямі была сведкаю. Забегла ў краму купіць солі, запалак, яшчэ рознай дробязі. Узяўшы што трэба, выйшла на вуліцу - пачакаць Тэклю. Да мужчын, якія стаялі ля ўвахода, падышоў Аркадзь Раманоўскі.

- Ну што, арлы? - па голасу адчувалася, што ён ужо быў на падпітку. - Чаго насы звесілі? Пагамонім, пакурым?

- Не мяшала б... - азваўся хтосьці няпэўна. - Але, халера на яго, дадому трэба. Работа ж чакае...

- Работа не воўк - у лес не ўцячэ. А то даслужышся, як той Янак Кандратаў: будзеш жончыны штаны праць і дзьмухаць на іх, каб хутчэй сохлі. Ха-ха-ха...

- Го-го-го!..

Сыты мужчынскі рогат, здавалася, сцебануў Марылю па твары, і яна падалася хутчэй ад крамы.

«Жарабцы праклятыя! Што вам да таго!..»

Але як ні крыўдна было чуць такія смяшкі, Марыля разумела і іх пэўную справядлівасць.

А другі раз дакарала сябе: не гняві, маладзіца, Бога, калі добра, то ты хочаш яшчэ лепш. Абы яны не таўкуцца. Абы сын трымаецца дамоўкі, не п'е, не валочыцца абы-дзе...

І сама не ведала, як быць: ці злавацца, трымаць крыўду на сына і далей, ці махнуць на ўсё рукою, зрабіць выгляд, як бы нічога не было, парушыць гэтае нядобрае, пакутлівае маўчанне. І яна не раз гатова была пайсці ўжо да сына, першай пераступіць прыкрую мяжу, якая падзяляла іх, але стрымлівала адно: а што, калі зойдзеш, а яны возьмуць дый скажуць: «Мы цябе, мамо, не звалі і ласкі тваёй не жадаем...»

«А, хай жывуць, як жывуць», - рашыла Марыля і зноў засталася сам-насам са сваімі горкімі, трывожнымі думкамі.

Трывожылася ж яна нездарма. Як чула яе сэрца: Янак са сваім гарачым, самалюбівым характарам доўга не вытрымаў Зосінай муштры - сарваўся. Учыніў у хаце пагром, надаваў добра ў бакі Зосі і сышоў з дому. Не прыйшоў нават начаваць. Дзе ён быў, што рабіў цэлыя суткі - невядома. Толькі вечарам наступнага дня прывезлі яго фурманкаю з Рудні - суседняй, за сем кіламетраў, вёскі, і п'янага, як палена, занеслі ў хату.

Янак запіў зноў. Без просыпу, з безразважнай рашучасцю, зацятай злосцю, як бы хацеў стаць насуперак ужо не адной Зосі, а ўсяму беламу свету. Дзень пры дні чула цяпер Марыля ў Янакавай хаце сынавы мацюкі, нявестчыны крыкі, плач перапалоханага дзіцяці.

«Даскакаласа, ганарліўка ўпартая! А хіба ж я не гаварыла, не прасіла, коб не брала так круто, што калі ўжэ хочэш гнуць, то гнуць трэба асцярожно. Жалезны прэнт і той спачатку награваюць. А гэто ж жывы чалавек... Дак не паслухаласа. Ворагам мяне палічыла. І сыну тое ж у вушы ўвяла, пасварыць захацела з маці. От і пасварыла на сваю галаву...»

Злосць, прыкрасць, шкадаванне, трывога - усё змяшалася ў Марылінай душы. Валілася з рук работа, не лез кавалак у рот.

«Як да яго падступіцца? Што рабіць?» - сядзела пастаянна ў галаве думка.

Аднаго разу, калі Марыля з Кандратам вячэралі, у сенцах пачуўся ціхі шоргат і шкрабанне па дзвярах - нехта, мабыць, шукаў клямку. Доўга шукаў. Кандрат ужо быў падняўся, каб паглядзець, хто там дзяцініцца, як дзверы нарэшце адчыніліся і парог няўпэўнена пераступіў Янак.

Убачыўшы сына, Марыля абрадавалася і разгубілася. Каб схаваць сваю разгубленасць, пажартавала:

- А мы ўжэ думалі, злодзей лезе да нас.

Янак няпэўнай паходкай перайшоў хату, сеў па ўслончыку ля грубкі. Жарту пе прыняў, сказаў:

- Я, мамо, горш за любога злодзея...

Крыху памаўчаў, паўтарыў цвёрда, як даўно набалелае, выпакутаванае:

- Горш... Я - свіння, апошні нягоднік...

Яна зірнула на сына: у таго на вачах заблішчэлі слёзы. Значыць, не хмель у ім гаворыць. Перажывае.

Сказала:

- Што прыйшоў - добрэ. Садзіса от з намі вячэраць. А там разбярэмса, што да чаго.

- Не-е! - павёў галавой Янак. - Не-е... Пасля таго, што я зрабіў, я і пад сталом вашым не маю права сядзець! Вы не ведаеце, я ж тады...

- Ведаю, Янак. Усё ведаю.

- Адкуль?

- Здагадаласа...

- І як жэ ты, яловая галава, мог у такое паверыць? - не вытрымаў, сказаў з абурэннем Кандрат. - Мы ўжэ, выходзіць, табе ворагі? Э-эх!..

- Тато! Сам не знаю, яй-богу. Не магу зразумець. Замарачэнне нейкае нашло...

- Замарачэнне! - кінуў на сына гнеўны позірк Кандрат. - Піць трэба менш, то і замарачэння не будзе.

- Тато...

- Ну, ціхо вы! - спыніла іх Марыля. - Што лішне гарачыцца. Пагаварыць трэба спакойна, разважна. Ты лепш скажы мне другое, - павярнулася яна да сына. - Нашто ты зноў калаціцца пачаў? Сам унь як аплік стаў, нам, думаеш, добрэ бачыць?

- Мамо! - Янак ударыў кулаком у грудзі. - Мамо, паверце, не магу больш. Не ма-гу-у! Вы ж самі бачылі, я стараўся, рабіў што мог. Дагаджаў, як скуле якой. А яна? От жа зараза! Калі б тады не Сцёпка - прыдушыў бы, напэўна.

- Гэх! «Прыдушыў бы...» - азваўся Кандрат. - Герой мне знайшоўся. Сам сеў бы за краты, дзіця асіраціў.

- А! - махнуў рукою Янак. - Мне жызня не дарагая. Пляваць я хацеў на такую жызню!

- Распляваўся ты нешта вельмі. Глядзі, каб...

- Глядзець тут трэба адно, - перабіла яна Кандрата, які зноў пачаў гарачыцца.

Злосць у такой гаворцы - не памочнік. Можна ўсё сапсаваць. Дый навошта чапаць тое, што, бачна, і без таго баліць сыну. Трэба не папрокі кідаць, а шукаць тое, што магло б дайсці да ягонай душы, змякчыць гэты боль і жорсткасць. Матчыным чуццём Марыля ўгадала, што самым лепшым будзе зараз - гаворка пра Сцёпку, якога Янак вельмі любіў і шкадаваў.

- Глядзець трэба адно... - паўтарыла яна ціха. - Коб з гэтых вашых дурных сварак не було кепско трэцяму, невіноўнаму. Твайму дзіцяці. Што думаеш, калі яно маленькае, то нічого не панімае? Усё панімае! Яно, беднае, аж заходзіцца ад крыку, калі вы пачынаеце калатнечу. Нервовае якое стало, шкода глядзець...

Янак скрыгатнуў зубамі, пацёр даланёю лоб. Нічога не сказаў, але па тым, як пакутліва перасмыкнуўся твар, можна было здагадацца - напамінак пра дзіця зачапіў яго за жывое.

- Таму і кажу, і прашу. Калі не думаеш пра сябе - падумай пра сына. Такі харошы хлопчык. Такі слаўны...

- Не трэба, мамо... - падняўся Янак і захадзіў па хаце. - І без таго мутарна. Я ж не звер які. Усё бачу. Толькі што мне рабіць? Што?!

- Бацько табе праўду сказаў. Піць трэба менш.

- А, нічога вы не панімаеце. «Піць, піць...» Я, можа, таму і п'ю, што пагана, хрэнова мне ад усяго гэтага. Так хрэнова, што іншы раз хоць воўкам вый.

- А ўсё ж, Яначак, не налягай ты на гэту атруту. Да дабра яна не давядзе.

- Мне ўжо дабра няма чаго шукаць. Я ўжо сваё знайшоў...

Бязвольнасць, безнадзейнасць, што прагучалі ў голасе сына, балюча кальнулі Марылю ў самае сэрца. І абурылі.

- От бо заладзіў! - узлавалася яна. - Усё адно як на той свет сабраўса. Табе яшчэ дзяцей гадаваць, унукаў дажыдацца, а ён ужэ крылы складвае. Раскіс. Горэ сваё гарэлкаю заліваеш. Ты не горэ топіш - сябе топіш!

- Ладна, ладна... - нахмурыўся незадаволена Янак. - Не будзем пра гэта, мамо. Нічога са мною не станецца. Я п'ю, але галавы не губляю...

І пасля не раз ён паўтараў гэтыя словы, калі Марыля, здаралася, заводзіла з ім гаворку, зноў і зноў просячы, напрамілы Бог молячы спыніцца, узяцца за розум. «П'ю, але галавы не губляю...» Прыдумаўшы пустую адгаворку, ён, мусіць, як тапелец за саломіну, ухапіўся за яе, каб хоць нейкім чынам апраўдацца ў вачах іншых, падмануць, супакоіць сваё сумленне.

...Летам скончылі будаваць электрастанцыю. Месца для яе выбралі за хурсам, у хвойніку, так, каб было блізка да ўсіх трох вёсак калгаса. Многія з мужчын, дзяцей і нават жанок хадзілі паглядзець на тую дзіўную паравую машыну, што будзе даваць святло. Кандрат, які ў вайну быў шафёрам і трохі разбіраўся ў тэхніцы, аднойчы, пасвячы кароў, не ўцярпеў таксама, заглянуў на электрастанцыю. Але расчараваўся ўбачаным і вечарам даводзіў:

- Не, не пацягне яна ні халеры. Я думаў, там машына дык машына. Ажно - нічого асобеннага. Можа, нават меншая за той паравозік, што некалі бегаў у нас па вузкакалейцы. Куды ёй пацягнуць тры вёскі!

Але, мусіць, у тых будаўнікоў, што прыехалі ажно з самага Пінска, галовы былі не дурнейшыя, чым у яе Кандрата. На сыходзе лета, калі ўжо дзеці збіраліся ў школу, ад электрастанцыі, па роўнаму шнурку слупоў з бліскучымі правадамі, прыйшло ў іхнюю вёску першае святло, успыхнула яркімі лямпачкамі ў кожнай хаце. І не было, здаецца, ад самага заканчэння вайны, усе тыя восем цяжкіх, галодных гадоў, не было ў іхняй Дуброве радасці большай, чым гэтая. Дзеці, узбуджаныя ад такой незвычайнай навіны, шумна насіліся па вуліцы, гойсалі з двара ў двор, спрачаліся, у каго ў хаце ярчэй гарыць, у каго лепшыя, прыгажэйшыя правады.

Дарослыя, хоць і стараліся захоўваць саліднасць, радаваліся не менш, чым дзеці.

Не абышлося, як гэта заўсёды бывае, і без смеху. Прыйшлі неяк электрыкі да Ўласа Блажэвіча.

Таго якраз дома не было, у хаце корпалася адна Юста. Электрыкі ёй кажуць:

- Трэба, цётко, паставіць вам шчотчыка.

- Якого шчотчыка? - насцярожылася Юста.

- Звычайнага. Такога, які лічыць, колькі расходуецца электраэнергіі.

- Дак чаму іменна ў мяне вы хочаце яго паставіць? Стаўце унь да Марылі Зайцавай, - паказала Юста на суседчын двор. - У яе і хата большая, і дзяцей меней.

- А мы ў яе паставілі ўжэ. Толькі адтуль ідзем.

Юста задумалася:

- Дак гэто што, абязацельно?

- Абязацельно, цётко.

- Ну, калі ўжэ так, - уздыхнула Юста, - то стаўце. Але карміць яго я не буду. Як сабе хочаце.

Электрыкі ад здзіўлення аж раты паразяўлялі. А калі расшалопалі, што цётка зблытала «электрашчотчыка» з жывым рахункаводам, паклаліся ад рогату...

Героем у тыя дні хадзіў Янак. Прыезджыя электрыкі пабылі нядоўга - нешта, можа, з тыдзень, паглядзелі, пераканаліся, што ўсё нармальна, і паехалі пазад. А Янак застаўся галоўным на ўсю вёску. Дзе ў каго што перагарэла, сапсавалася - бягуць да яго. Хто ў свой час не паспеў ці не рашыўся правесці святло - зноў да Янака з паклонам. Ну, а раз ужо чалавека пазвалі, той зрабіў, што прасілі, то як тут без чаркі абыдзешся. Чарка да чаркі - і к вечару Янак ужо ледзь жывы цёгся дадому.

І так дзень пры дні.


16

У яе засталася апошняя надзея - на тое, што, можа, з гадамі сын пасталее, паразумнее, не будзе гэтак піць. Тым больш што неўзабаве ў яго паявілася яшчэ адно дзіця, а недзе праз год і яшчэ. Трое дзетак - гэта ўжо сям'я, яе трэба і накарміць, і апрануць. Самы час, як той казаў, спыніцца, адумацца.

Янак жа піў, як і раней. Ды яшчэ лез у самае люднае месца, нібы хацеў паказаць, што ён нікога і нічога не баіцца, нібы нават ганарыўся, што ён - п'яны.

Сэрца Марылі разрывалася ад болю і жаласці, калі бачыла, як дзеткі, яе ўнучкі, брудныя, абарваныя, адны, без нагляду, гойсаюць па вуліцы, а іх бацька аціраецца па чужых хатах, мянташыць языком з такімі ж латругамі, як і сам.

Праклятая гарэлка засланіла яму ўвесь свет. Быў хлопец як хлопец. Паслухмяны, гаспадарлівы. А гэта ж... Хлеў напрадвесні ветрам раскрыла, так і стаіць, свеціцца кроквамі. Плот на двары паваліўся, дык ужо Зося прывязала яго нейкімі матузамі, ліпіць пакуль да першага ветру. Гаспадар... Дзе яму - няма калі. Агарод арэ, калі ўжо добрыя людзі даўно ўсё пасадзілі. А сена дык найчасцей косіць дугою: запражэ ўзімку каня і паехаў ад вёскі да вёскі купляць. Як быццам у яго гэтых грошай лішак. Ці як быццам нельга было летам разам з іншымі мужчынамі пахадзіць па канаўках, па лесе, назбіваць капу-другую. Дык ён нават тую дзялку атавы, што калгас восенню выдзяляе, і то ў пару не скосіць, згноіць пад дажджом.

Дакаціўся, што кароў нельга даверыць пасвіць. Летась, як пагнаў быў чаргу, дык самога толькі на другі дзень знайшлі - спаў п'яны ў хмызняку, а кароў два дні збіралі па навакольных лясах.

Была ганьба і горшая. Падалося неяк Янаку, што яго кепска шануюць у вёсцы. Калі дзе якая бяседа, то старшыню запрашаюць, а электрыка, бачыце, не завуць. Дык ён што надумаў? Толькі госці сядуць за стол, чарку-другую возьмуць, песню завядуць, а святло раз - і патухла. Цемень, хоць вока выкалі. Гаспадары сюды-туды: уключальнікам шчоўкаюць, лямпачку колькі разоў памяняюць, нават па слупе дручком урэжуць - нічога не памагае. А якая бяседа без святла? Бягуць хутчэй да электрыка.

- Яначак, міленькі, выручай. Святло прапала, а ў нас якраз госці.

Янак як бы неахвотна выходзіць з хаты і пачынае, каб Зося не чула, куражыцца.

- Нічым, - кажа, - памагчы не магу. Разумею, сачуствую, але... - разводзіць рукамі, - не магу.

- Як - не магу? Дык ты зразумей, госці ж сядзяць за сталом!

- У вас госці, а ў мяне - інструкцыя. Усякія рамонтныя работы праізвадзіць у начны час кацягарычаскі запрашчано!

- Ды які там час! Яшчэ ж толькі звечарэла.

- Усё роўна. Тэхніка безапаснасці. Прыйду заўтра раніцай, - працягвае набіваць сабе цану Янак.

А бедны гаспадар у адчаі ўжо гатовы ледзь не на калені перад ім станавіцца - як толькі ні ўпрошвае, ні ўмольвае, каб той злітасцівіўся, выручыў з нечаканай бяды.

- Ладно, - кажа нарэшце Янак і выразна глядзіць на гаспадара. - Прыйдзецца, мусіць, нарушыць правілы. Толькі майце на ўвазе, што раблю гэта ісключыцельна для вас.

І крочыць разам з абрадаваным чалавекам да падстанцыі, ляскае там для прыліку нейкім жалеззем, затым уключае рубільнік, і яркае святло зноў успыхвае ў тым баку, дзе ўжо занудзіліся ў цемнаце прыціхлыя госці.

Янака, канечне, пасля гэтага вядуць за стол, частуюць.

Раз так зрабіў, другі, і дабіўся-такі свайго - ніводнае застолле не абыходзілася цяпер без яго.

Аднойчы Янак адключыў святло нават Віктару. Віктар спраўляў тады сваё саракагоддзе. Людзей запрасілі многа. Можа, яны размясціліся б і ўсе разам, але Саня з Віктарам рашылі падзяліць іх на дзве кампаніі і прыняць паасобку: у першы вечар больш ганаровых гасцей, начальства, а ў другі - сваякоў, суседзяў. Ну і выйшла так, што Алесь, Марылін малодшы, аказаўся ў першай кампаніі, а Янака запрасілі ў другую. І не таму, што нехта хацеў падзяліць братоў: таго, што ў горадзе, - да гарадскіх, да культурных, а Янака, як невучонага, - да вясковых мужыкоў. Проста Алесь у нядзелю застацца не змог бы - яму трэба было ў панядзелак рана быць на рабоце. Таму яго і запрасілі на суботу. Янак жа ўспрыняў гэта як кроўную крыўду, як вялікую знявагу. І не пайшоў зусім. Не пайшоў, ды яшчэ і святло адключыў.

Як толькі лямпачкі патухлі і за сталом, у цемнаце пачулася здзіўлена-разгубленае «О-о-о...», Віктар адразу здагадаўся, чыя гэта «работа».

- Пашукай там у сенцах лямпу і запалі яе пакуль, - сказаў ён Сані і ўзяўся за клямку. - А я збегаю да Янака.

Марыля накінула хустку і пайшла разам з ім - так, на ўсякі выпадак, бо хто іх, мужчын, ведае, чым яны скончаць сваю гаворку, калі адзін раззлаваны, а другі пакрыўджаны і, напэўна, п'яны. Хата Янака была зачынена знутры. Віктар патузаў дзверы - цішыня. Пастукаў у шыбу - нікога. Толькі за трэцім ці чацвёртым разам, калі ўжо Віктар забарабаніў у акно кулаком, з хаты пачуўся незадаволены Зосін голас:

- Носіць халера начамі. Спаць не даюць... Хто там?

- Гэто мы, - азвалася Марыля і ступіла бліжэй да акна. - Я з Віктарам.

- А чаго вам трэба?

- Янак дома?

- Спіць ваш Янак! Набраўса як смалы і спіць.

- Разбудзі яго, Зосько...

- Няма чаго начамі калаціцца.

- Разбудзі, разбудзі, - патрабавальна сказаў Віктар і ступіў да дзвярэй.

Зося нешта прабурчэла, але дзверы адчыніла і, уключыўшы святло, злосная, пасунулася ў спальню. У той жа момант адтуль выйшаў Янак. Было бачна, што ён не спаў яшчэ і быў не такі п'яны.

- Навошта ты гэта зрабіў? - стаў перад ім Віктар.

- Што зрабіў? - як бы здзівіўся Янак, але прамога, асуджальнага позірку Віктара не вытрымаў, адвёў вочы ўбок, пачаў лапаць рукамі па кішэнях, шукаючы цыгарэту. - Нічога я не рабіў. А што здарылася?

- Не круці. Сам добра знаеш што. І не сорамна? Ты ж не аднаго мяне адключыў, ты ж увесь канец без святла пакінуў.

- А-а, от яно што, - паспрабаваў быў засмяяцца Янак, але смеху не атрымалася, і ён, ужо сур'ёзна, сказаў: - Ну дык я тут ні пры чым. Фідэр, мусіць, выбіла, халера на яго...

- Фідэр... - паківаў галавою Віктар. - Не фідэр, а совесць у цябе, мабыць, выбіла, калі ты ўжо нават з сястрою не лічышся. Яшчэ і хвастом круціш - дурняў шукаеш.

- Чаго шукаць? Вядома: дурань - гэта я. А вы ўсе разумныя, культурныя. Ну ды нічога... - Янак нервова, крыва ўсміхнуўся. - Як-небудзь і мы, цёмныя, пражывем. Без вашае ласкі, - націснуў ён на апошнія словы.

- Ага, вунь ты куды хіліш! - як абрадаваўся Віктар таму, што пачуў. - Крыўда загаварыла? Сена не даю? Ты ўсю зіму ездзіў па чужых дварах купляць, а ў мяне ў стажку яшчэ леташняе ляжыць, і не даю? А ты хоць раз калі як чалавек прыйшоў да мяне, папрасіў? Ці хоць бы так сказаў, што сена от скончылася. Прыйшоў? Не. Гордасць заядае. Як на што, дык у вас з Зосяю гэтай гордасці аж лішне. Ну дак у мяне яна тожа ёсць. Я са сваім дабром набівацца не буду. На талерачцы табе не панясу.

- А я не прасіў у цябе нічога і прасіць не збіраюся. І дабра мне твайго не трэба. Падавіся ім сам!

- Вось як ты загаварыў... - твар Віктара наліўся пагрозлівай чырванню. - Табе коле вочы маё дабро? Што я не пабіраюся, як ты, не швэндаюся абібокам па вёсцы, а думаю пра сям'ю, пра гаспадарку?

- Ды ўжо ж... Ты свайго не ўпусціш.

- А ты хацеў бы, каб і я, як ты, з ранку да вечара мок у гарэлцы? От тады я, напэўна, буў бы добры. А калі гавару праўду, хачу, каб ты ўзяўся за розум, то я, значыцца, табе вораг?

- Ты пра мяне вельмі не турбуйся. Пражыву як-небудзь і сам.

- Пражывеш... Я бачу, як ты жывеш. Звязаўся з кім? Аркадзь Раманоўскі! Юзік Хемкаў! Гэтыя басякі, алкаголікі... Харошая, нічога не скажаш, кампанія. Дакаціўся...

- Ідзі ты, знаеш куды! Указчык мне знайшоўся!

- Бо мне не ўсё роўна, як ты жывеш. Мне шкода тваіх дзяцей. Разуй свае вочы, глянь на іх!

- А ты маіх дзяцей не чапай! - падхапіўся раптам, як уджалены, Янак і хмура, са сціснутымі зубамі стаў насупраць Віктара. - Чуеш, не ча-па-ай!.. - працінаючы яго злым, цяжкім позіркам, паўтарыў ён, і тугія жаўлакі захадзілі на худых, запалых шчаках. - Глядзі лепш сваіх свіней, каб не падохлі. У цябе ж іх цэлая ферма. А да мяне са сваім шкадаваннем не лезь. С...ць я хацеў на цябе і на тваё кулацкае кубло!

- Ты? Мяне? Кулаком?! - аж задыхнуўся ад гневу Віктар, і збялелая яго ніжняя губа дробненька задрыжэла. - Ах ты, пустадомак паганы! Ды ты ж... Ты...

- Віцько! Янак! - кінулася да іх Марыля, убачыўшы, што сварка прымае небяспечны паварот, і стала рашуча паміж імі, уперлася аднаму і другому рукамі ў грудзі. - Ану разыдзіцеса! Бач ты, натапырыліса, як пеўні. Людзей насмяшыць захацелі? І ты таксамо добры! - адштурхоўваючы Віктара далей, да парога, дакорліва ківала галавою Марыля. - Знайшоў час для спрэчкі! Забуўса, чаго прыйшоў? Людзі недзе чакаюць, а ён...

- Не, мамо, чакайце, чакайце, - адвёў матчыну руку Янак. - Хай выгаварыцца. Хай скажа ўсё, што думае. Мне цікава паслухаць.

- Цікава? - зноў тузануўся да яго Віктар. - Цікава? Дак слухай!

- Віцё! - Марыля ўперлася яму ў грудзі ўжо дзвюма рукамі, спадзеючыся выпхнуць яго за парог, не дапусціць сваркі, але куды там, дужы, як воўк, Віктар толькі крутнуў плячом, і яна, нібы мячык, адскочыла ўбок.

- Дык слухай! Дурань ты і ёсць дурань! Пустадомак такі ж, як і твае хаўруснікі. З-за гарэлкі свету не бачыш. Апусціўся, глядзець проста праціўна. Цьфу!

Віктар плюнуў Янаку пад ногі і рушыў да дзвярэй. У парозе павярнуўся:

- А што да маіх свіней, то хай яны табе ўпоперак горла не стаяць. Я кармлю іх не крадзеным, а ўстаю раненька, і пакуль ты спіш, я ўжо з'езджу на балота і ношку зелля прывязу. І здаю гэтых свіней не за граніцу, а сваёй дзяржаве. Кармлю такіх от, як ты, латругаў. Ён, бачыце, пралетарый! Вецер у хляве гуляе. Няма чым ганарыцца! Калі б усе такія былі гаспадары, вы б не толькі калгас - усю краіну па свету пусцілі б.

Віктар ляснуў дзвярыма, і чуваць было, як зарыпелі сходцы на ганку пад яго цяжкімі кірзавымі ботамі.

Марыля з заміраннем сэрца глядзела на сына - баялася, што той зараз ускіпіць і кінецца следам за Віктарам. Але Янак стаяў пасярод хаты як укапаны, глядзеў некуды наперад сябе дзіўна-сумнымі, невідушчымі вачыма.

- Ідзі ты ўжэ, Яначак, спаць, - асцярожна сказала яна. - Ідзі, мой сынок... Не дзяржы на яго зла, калі ён што пад гарачую руку і лішняе сказаў. Ён табе благога не жадае...

- Усё правільна, мамо, - ганяючы жаўлакі на шчоках, працадзіў праз зубы Янак. - Ус-сё п-пра-вільна!

Са спальні бокам высунулася надзьмутая Зося, раздражнёна зарыпела:

- Важдаюцца сярод ночы, калоцяцца. Хто іх сюды зваў...

- Сціхні ты! - гыркнуў на яе Янак і, сеўшы на лаву, абхапіў рукамі галаву.

Марыля пастаяла яшчэ нейкі час у напятай цішыні, ступіла за парог.

Віктар чакаў яе ля весніц, пабліскваў у цемры цыгарэтаю.

- Ну і што цяпер будзем рабіць? - ціха сказала яна, падышоўшы. - Не распускаць жэ нам гасцей...

- А чаго гэта распускаць? Хо! Шчэ й лепш - менш розных кантралёраў будзе. Ха-ха-ха...

Віктар хацеў, мусіць, паказаць, што ён спакойны, абы-якавы да таго, што адбылося, але па тым, як ён знарок падкрэсліваў гэты свой спакой і сваю бадзёрасць, як нервова, змушана засмяяўся, Марыля беспамылкова вызначыла, што і ў яго на душы пагана, што і ён узбуджаны, растрывожаны прыкраю, непрыемнаю сваркай.

- Лепш-то лепш, - уздыхнула яна, - а ўсё-ткі не трэба було гарачыцца. Ты ж бачыў, ён п'яны. Трэба було па-добраму, па-харошаму...

- «Па-добраму, па-харошаму»! А чаму гэта я павінен паддобрывацца? Ён мне адключыў святло, сапсаваў, лічы, вечар, а я буду перад ім шапку знімаць, кланяцца? Хопіць! Сказаў і не шкадую. Трэба было болей сказаць. Хай ведае! А то строіць з сябе героя. Дабро маё папярок горла стала. Алкаголік няшчасны! Пустадомак!

Марыля не сталапярэчыць.

Да самай хаты яны дайшлі моўчкі.


17

Электрычнасць Янак больш нікому не адключаў. Калі прыходзілі запрашаць на якое застолле, адмаўляўся, спасылаючыся на розны клопат.

Піў ён цяпер часцей за ўсё са сваім сабутэльнікам - кладаўшчыком Аркадзем Раманоўскім. Не было таго дня, каб іх не бачылі разам, - то ў краме, калі яны пілі проста ля прылаўка, закусваючы якім пернікам або заляжалымі рыбнымі кансервамі, то на школьным стадыёне, пад ліпамі, а найчасцей - у Аркадзевай дашчанай баковачцы пры складзе.

Марыля не любіла гэтага хітраватага брахуна Раманоўскага. І хоць, можа, грэх такое думаць пра калеку (Аркадзь вярнуўся з Поўначы, з лесанарыхтовак, без нагі, на пратэзе), але і сваім абліччам - востранькі твар, рудыя валасы, быстрыя, бліскучыя вочкі, - і сваёй натурай ён вельмі нагадваў тхара: такі ж вёрткі і паскудлівы.

Яшчэ да арміі не было таго агарода, таго саду, дзе б ён ні пабываў, ні налаташыў агуркоў або яблыкаў. Нарве колькі хоча ды яшчэ й грады патопча, галіну адломіць ці завяжа дротам клямку ў хаце. Вольга Кавалішына падавала нават на Аркадзя ў суд, калі той забраўся на страху і выцягнуў дручкі з-пад дошкі, на якой ляжалі гарбузы, і яны пападалі, паразбіваліся. Бацькі вымушаны былі заплаціць немалы штраф.

Ды што там казаць! Аркадзь аднойчы нават родную маці пратрымаў паўдня ў шафе, пакуль тая не прызналася, дзе схавала самагонку.

І вось собіла ж Янаку звязацца з такім чалавекам. Марыля трывожылася, каб гэты спрытнюга Раманоўскі не ўцягнуў у якую паганую справу і яе сына. Піць жа за нешта трэба. У вёсцы ўжо даўно пагаворваюць, што Аркадзь збожжа са склада мяняе на самагонку.

Сплёўшыся з Раманоўскім, Янак прыходзіў дадому далёка за поўнач. Іншы раз яго падвозіў на сваёй траскучай інвалідскай калясцы Аркадзь.

Адно суцяшала Марылю: Янак болей калатнечы дома не ўзнімаў. Зося часам звягала, чаплялася, але ён нават не азываўся. Прыходзіў, моўчкі распранаўся і клаўся спаць.

Марыля адчувала сэрцам: з сынам нешта адбываецца. Пасля той сутычкі з Віктарам ён неяк нядобра аціх, патух, апусціў крылы. Не было ў ім ранейшай весялосці, зухаватасці. І п'яны заставаўся хмуры, пануры, абыякавы да ўсяго.

Неяк у будні дзень Янак застаўся дома. Ці ў яго выдаўся які выхадны, ці проста не пайшоў на работу, наводзіў на двары парадак. Паспрабаваў падняць ля калодзежа павалены плот. Разгроб шуфлем снег, прынёс з-пад паветкі дручок, стаў падважваць ім штыкетнік. Нічога не атрымалася - штыкетнік прымёрз да зямлі, не паддаваўся. Янак шпурлянуў дручок у агарод. Узяўся секчы дровы. Вывалак на сярэдзіну двара тоўстую калоду, махнуў колькі разоў сякераю, кінуў... Пасноўдаўся туды-сюды па двары, паўзіраўся з сумам на дзірку ў страсе, праз якую сыпаўся ў паветку снег, на разбураны зруб калодзежа, на пахіленую, гатовую вось-вось заваліцца клець і цяжка, прыгорблена сеў на калоду, звесіўшы рукі паміж каленяў, апусціўшы панура голаў, і доўга сядзеў гэтак, знерухомелы, не зважаючы на мароз, аж пакуль не выбеглі з хаты Сцёпка з Косцікам, не сталі кідаць у яго снежкамі. Але нават дзеці не разварушылі яго, не вывелі з пакутлівага одуму. Янак паволі, як бы неахвотна падняўся з калодкі і, не зважаючы на дзяцей, маўкліва паплёўся ў хату.

Толькі Зося, як сляпая, па-ранейшаму ўсё гугнела і звягала на кожным кроку, не разумеючы альбо не могучы зразумець таго, што робіцца зараз на душы ў Янака. Перамену ў ягоным настроі яна вытлумачыла па-свойму. Рашыла, што ён, пэўна, злёгся з чужою. Стала дзіка, па-дурному раўнаваць.

А тут яшчэ і Раманоўскі падліў масла ў агонь.

У адзін з вечароў, не дачакаўшыся Янака, Зося не вытрымала, пайшла да Раманоўскіх - мо Янак там. У хаце была толькі старая Параска. Яна сядзела на табурэтцы ля печы і прала кудзелю. На Зосін «добры вечар» старая азвалася не вельмі каб ахвотна, а калі Зося папыталася пра Аркадзя, разбурчэлася:

- Коб я, дзеўка, магла знаць, дзе яго чэрці носяць. Ні дня яму няма, ні ночы... Раней то хоць Бога баяліса, а цяпер ні Бога, ні людзей, ні міліцыі. Нішто не страшна. І твой, дзеўка, таксамо харошы...

На двары затрашчала каляска, і праз нейкі момант у хату ўваліўся п'яны Аркадзь.

- А-а, Зося, здароў! - хістануўся ён у парозе. - Што, мужыка свайго шукаеш?

- Хай яго ваўкі шукаюць! - нават не павярнула галавы Зося. Яна хоць і прыйшла сюды з нядобрым, пякучым пачуццём, але гонару старалася не губляць.

- Дак можаш не шукаць. Ён сёння няскора прыйдзе, - загадкава сказаў Аркадзь і, зарыпеўшы пратэзам, падышоў да лавы, гупнуўся, як мяшок. Здзіўлена павёў позіркам па пустым стале. - А што гэто вы, бабанькі, седзіцё без гарэлкі? І сумныя, як асеннія вароны?

- Хопіць, што ты ўжэ вясёлы, - буркнула ад печы старая.

- А і вясёлы! - ляпнуў па грудзях Аркадзь і задаволена засмяяўся. - Мы от з яе мужыком крэпка сягоння пагулялі. Ой крэпка!

- Дзе ж гэто, цікаво, вы так пагулялі? - наструнілася адразу Зося.

- Хо, мало хіба ў вёсцы добрых маладзіц? Уга!

- Кала б вам бярозаваго, а не маладзіц! - падхапілася Зося і стала хапатліва завязваць хустку.

- Гы-гы-гы!.. - аж захліпаўся ад п'янага рогату, адкідваючы галаву назад, Аркадзь.

- Сціхні ты, боўдзіла! - узлавалася старая. - Разгігікаўса тут, а яна унь падумае і праўда.

Ляснуўшы дзвярыма, Зося выскачыла з хаты.

З таго дня маладзіца згубіла галаву зусім. Ад Янака нідзе ні на крок. Той ідзе ў калгасную кантору на нарад - і яна, кінуўшы дамоўку, дзяцей, ззаду, за колькі крокаў, маўклівым ценем сунецца. Ён корпаецца з маторам у кароўніку - і яна стаіць за вуглом, выглядвае.

Спачатку Янак злаваўся, спрабаваў угаварыць жонку, сварыўся - нічога не памагло. А тады махнуў рукою - чорт з табою, рабі што хочаш!

Гэтак Зося і трапіла аднойчы ў непрыемную гісторыю, якую ў вёсцы доўга яшчэ пасля перамывалі злыя, насмешлівыя языкі.

...Ноччу Гэля Лявонава падхапілася і, накінуўшы наапашкі кофту, выйшла на двор. Вось-вось мелася ацяліцца яе Лысуха, і праз кожныя дзве-тры гадзіны Гэля бегала ў хлеў, прыслухоўвалася да каровінага дыхання, гладзіла яе па цёплых, пукатых баках. Але і на гэты раз ніякіх прыкмет яна не заўважыла. Лысуха спакваля жавала жуйку, дыхала роўна, спакойна.

Гэля ішла па двары, падыходзіла ўжо да ганка, калі ёй здалося, што ў агародзе як бы што мільгнула. Глянула - і аслупянела. У разоры сярод бульбоўніку, якраз насупраць вокнаў, стаяла доўгая шэрая здань. Ногі Гэліны як бы прымерзлі да зямлі, усярэдзіне ўсё пахаладзела.

Хоча азвацца, гукнуць каго - голас прапаў. І з месца скрануцца не можа. Здань таксама стаіць, не зварухнецца.

Што было б - невядома, ды тут з будкі, пачуўшы гаспадыню, высунуўся Тарзан - здаравенны і злы, як чорт, Гэлін сабака, ціха, лісліва скавытнуў. Гэта вывела Гэлю са здранцвення, і яна здушаным голасам крыкнула:

- Тарзан! Вазьмі яго! Кусі, кусі!..

Сабака рвануўся ў той бок, куды яна паказвала рукою, але туга напяты ланцуг утрымаў яго, і ён, адно толькі грабянуўшы ў паветры пярэднімі лапамі, злосна забрахаў.

Здань матлянулася ўбок і сіганула разораю на шнуры.

- Кусі яго, кусі!..

Гэля нагнулася і дрыжачымі рукамі спусціла сабаку з прывязі. Тарзан куляй ірвануў у канец двара, з ходу перамахнуў цераз весніцы і зашастаў па бульбоўніку. Зразумеўшы, мусіць, што не ўцячы, здань кінулася цераз загоны да суседавага плота. Прайшло нейкае імгненне, і ў цемнаце жнівеньскай ночы пачуўся немы, адчайны крык.

«Ох Божэ ж ты мой, гэто ж чалавек... Пакусае, халера», - захвалявалася Гэля і пабегла следам, на агарод.

- Тарзан, сюды! Сюды!..

- А-а-а! - зноў пачуўся крык.

Задыхаўшыся, Гэля дабегла да плота.

- Сціхні, Тарзан! Сціхні, каму кажу!

Тарзан аж заходзіўся зацятым брэхам. Гэля намацала на загрыўку ашыйнік і моцна тузанула сабаку, крыкнула:

- Ану марш у будку! Ну!..

Толькі цяпер Гэля ўбачыла вузкую, на адзін адарваны штыкет дзірку, а па той бок плота - распластанага на траве чалавека.

- Ага! Папаліса, паганцы! - дзесьці ў цемнаце сюды бег, спяшаўся сусед, стары Лявошка. - От я вам зараз... Вы ў мяне!..

Лявошка бліснуў ліхтарыкам Гэлі ў твар і асекся.

- Ты?! - выгукнуў ён здзіўлена. - А я бо думаў... Няўжэ ж гэто ты абірала мае яблыкі?

- Якія яблыкі? - перабіла Гэля старога. - Гляньце унь туды! Нехта ляжыць... Напужаў мяне да паўсмерці.

Лявошка перавёў святло ліхтарыка пад яблыню, і тады яны ўбачылі на зямлі нерухомую постаць. Гэта была жанчына. Твар свой яна прыкрывала рукамі.

Стары нагнуўся, хацеў, мусіць, адняць яе рукі, але жанчына раптам узняла галаву і бліснула на Лявошку злымі, калючымі вачыма.

- Зося?! - здзівіўся Лявошка і нейкі момант, збянтэжаны, не ведаў, што рабіць.

Дзіва што! Было ад чаго разгубіцца. У пятлю, якую ён падрыхтаваў для вясковых разбойнікаў, што начамі абіралі яго сад, трапіла Зося Лантухава - яго сваячка, жончына стрыечная сястра!

- Ай-яй-яй... - екатаў, бегаючы вакол Зосі, Лявошка. - Як жэ гэто цябе, Зосько, собіло? Чаго ж бо ты ноччу паперласа сюды?

- Вы б от лепш пе пыталіса, а адвязалі мяне... - злосна буркнула тая.

Лявошка нарэшце здагадаўся, што яму трэба рабіць, гукнуў Гэлю падысці бліжэй і, даўшы ёй ліхтарык, каб пасвяціла, стаў на калені, узяўся развязваць дрот.

- Ну вот і гатово... - адкідваючы дрот убок, з палёгкаю выдыхнуў Лявошка. - Ай-яй-яй... Дак гэто ты і лямантавала гэтак?

- Залямантуеш... Калі во гэтая прасцітутка сабаку нацкавала.

- Я ж хацела... Хіба ж я ведала... - вінаватая Гэля памкнулася да Зосі. - Не пакусаў ён цябе, халера?

- Не падыходзь! - закрычала тая і дабавіла, з прыдыханнем, з нянавісцю: - С-сучка!..

Гэля, зніякавелая, стаяла і ўсё свяціла на Зосю, якая паднялася ўжо і абмахвала рукою з адзежы камякі зямлі, сухое лісце, калючкі дзядоўніку.

- Хе-хе-хе... - пачуўся раптам дробненькі смяшок старога Лявошкі. - Няйначай, як ты тут Янака свайго шукала? Хе-хе-хе...

- Няма чаго выскаляцца! - рэзка крутнулася Зося і пайшла прэч. Ужо зводдаць, з цемнаты, кінула: - Смяшкі строяць! Коб вы са сваіх дзяцей гэтак смяяліса! Коб вам!..

- Хе-хе-хе! Вот адчыбучыла, дак адчыбучыла. Хі-хі-хі...

За старым зарагатала і Гэля.

А назаўтра з Зосінага канфузу пацяшалася ледзь не ўся вёска. Канечне, гэта пастаралася Гэля. Мо каб не яе доўгі язык, то ніхто нічога і не ведаў бы.

Тыдняў са два пасля гэтага Зося нават не высоўвалася з хаты. Можна толькі здагадвацца, што перажыла яна ў тыя дні са сваім хваравітым гонарам. Янак казаў, што нават на рэўнасць забылася. Ляжала на печы, як барсук у нары, не азывалася...


18

Увесь той год дзікая, на грані вар'яцтва, рэўнасць душыла Зосю. Яе заклятым ворагам станавілася любая жанчына, з якой толькі загаварыў або паздароваўся яе муж. А ўжо, не дай Бог, зайсці ў хату...

Праз гэта Зося пасварылася нават з роднай сястрой і доўга не гаварыла з ёю, не напускала на вочы. Іншы раз, здавалася, яна сама не памятала, што робіць.

Янак у той год амаль не бываў дома. Марыля бачыла, як ён падхопліваўся на досвітку, корпаўся, пакуль развіднее, на двары - даваў карове, сек дровы, насіў ваду - і адразу ж, перакусіўшы што, а мо і так, нашча, бег на работу. Вяртаўся позна.

І піў... Не прасыхаючы, не ведаючы аніякай меры.

Марыля спрабавала была прысароміць сына, але той рэзка, з раздражненнем перапыніў яе:

- Не трэба, мамо!..

І, звесіўшы цяжкую, п'яную голаў, доўга сядзеў моўчкі. Курыў. Глянуў на яе сумнымі, халоднымі вачыма, сказаў:

- Загубіў я сваё жыццё, мамо, загубіў... Ну, ды дзе наша не прападала!

Янак трасянуў парадзелай чупрынай, хацеў усміхнуцца, але ўсмешка атрымалася жаласлівая, гаркавая. У Марылі падступіў к горлу даўкі камяк.

- Сынок, кінь ты гэтыя выпіўкі, вазьміса за розум. Усё шчэ наладзіцца...

- Не будзем, мамо, - хмура сказаў Янак. - Пустадомак і ёсць пустадомак. Мне ўжо дарогі назад няма...

Упершыню Марыля адчула, што за гэтымі словамі стаяла не ранейшая яго п'яная зухаватасць, не простае жаданне падражніць або пазліць яе, а нешта горшае.

Трывога, якая даўно ўжо закралася ў яе сэрца, ажыла з новай сілай. Дакарала, асуджала Зосю, а цяпер сама пачала сачыць за Янакам. Хто яго ведае, што ён надумаўся. Сказаў жа унь: «Мне ўжо дарогі назад няма...» І Марыля шукала любую зачэпку, каб толькі зайсці ў кантору, на калгасны пляц. А ўжо ў краму дык бегала па некалькі разоў на дзень. Прадаўшчыца ажно не вытрымала, хітравата папыталася:

- Што гэто вы, цётко, зачасцілі да нас?

- Ды во, халера на яго... - пачырванела яна. - Старая ўжэ, мусіць, стала, памяць, як рэшато. Адно куплю, другое забудуса. За дурною галавою нагам ліхо...

«Крый Бог, не нарабіў бы сп'яну якой бяды», - баялася яна, і гэты страх выганяў яе з дому днём, цёмначы, у любую пагоду.

А бяда падкрадвалася ўсё бліжай. Палез аднаго разу Янак на слуп, каб замяніць у ліхтары лямпачку, а прывязацца ці то забыўся, ці мо знарок не захацеў, і калі неасцярожна - вядома ж, п'яны - дакрануўся рукамі да правадоў, яго і адкінула назад. На шчасце, кіпцюры, на якіх ён стаяў, утрымалі Янака, і ён павіс на слупе ўніз галавою. Доўга так, канечне, не павісеў бы... Добра, што нехта якраз ішоў, убачыў, падняў трывогу.

Другі раз, зазімкам, Янак уваліўся ва ўласны калодзеж. Марыля ўжо спала ў тую ноч, але ў нейкі міг яе як бы хто штурхануў у бок. Яна прачнулася і, ахопленая незразумелым неспакоем, ніяк не магла заснуць. Круцілася, круцілася, пакуль не паднялася, не выйшла на двор. Толькі стала на ганку, аж чуе з Янакавага двара глухі, дзіўны голас: «Бу-бу-бу...» Што з-пад зямлі. Тады чутней, больш выразна - мацюк за мацюком. І зноў: «Бу-бу-бу...» Як з магілы. Аж вусцішна стала. Яна хацела ўжо сігануць назад у хату, ды ўсё ж перасіліла страх, пайшла на голас.

Аказалася, у калодзежы - Янак!

Марыля гэтак спалохалася і разгубілася, што не магла даўмецца, як жа ёй ратаваць сына. Схапілася адразу за шэст жураўля, якім дастаюць ваду, але калі Янак павіс на ім, выцягнуць шэст наверх у Марылі не хапіла сілы.

Кінулася шукаць вяроўку. Ды дзе яе ў цемнаце знойдзеш? Наткнулася ў хляве на лесвіцу. Здагадалася: найлепшы ратунак. Узяла лесвіцу - і да калодзежа. Падала Янаку, а той ужо, мусіць, так залядаў, што не можа нават ступіць на перакладзіну.

Ледзь дачакалася, пакуль мокрая, без шапкі сынава галава паказалася нарэшце з калодзежа.

Марыля падхапіла закалелага Янака пад пахі, праз агарод павяла ў сваю хату. Нацёрла, напаіла малінавым адварам - і на печ, на гарачы чарэн, пад Кандратаў кажух. Раніцаю прачнуўся - як бы й не прымаў ледзяной купелі. Мо толькі з тыдзень пакашляў...

Сапраўдная бяда прыйшла пазней.

...Яна корпалася нешта ў сенцах, здаецца, замешвала каровам сечку, калі раптам прыбегла Надзі Накразавай дзяўчынка і, не пераступаючы парога, задыхана сказала:

- Цётачко... Мама казала, каб вы хутчэй беглі да школы... Там Янак ваш разбіўся!

Марыля як стаяла, так мяшком і аб'ехала на падлогу.

- Ой, цётачко! Што з вамі?! - замітусілася ля яе перапалоханае дзяўчо. - Можа, вам вады даць?

- Нічого... Не трэба... - слаба сказала яна і папрасіла: - Памажы мне, дзіця, падняцца...

Як ішла вуліцаю, шнурамі - Марыля не помніць. Апамяталася ўжо ля школы, на гасцінцы.

Натоўп людзей...

Убачыўшы яе, людзі расступіліся. Ля вялікага цёмнага грузавіка стаяла пакарабачаная інвалідская каляска. Усярэдзіне нікога не было. На раструшчаным шкле і на бруку чырванелі плямы крыві.

- А дзе ж Янак? - Марыля няўцямна, баючыся ўбачыць самае страшнае, павяла позіркам наўкол. - Дзе мой сын?!

Некалькі чалавек кінуліся да яе, узялі пад рукі, адвялі далей ад каляскі.

- Жывы твой Янак, жывы, - казала Надзя Накразава. - Толькі што павезлі ў больніцу. Віктар якраз...

- Жывы... - выдыхнула абрадавана Марыля. - Жывы... Я паеду да яго.

І толькі цяпер Марыля ўбачыла, што прыбегла сюды як стаяла - без хусткі, у фартуху, з перапэцканымі па локці рукамі. Так ехаць у бальніцу нельга было.

Яна вярнулася дадому, пераапранулася ў чыстае і спадарожнай машынай паехала ў Лагішын.

Віктар быў яшчэ там. Стаяў пры акне, у доўгім бальнічным калідоры.

- Ну, як ён? - кінулася да яго Марыля. - Жывы?

- Жывы-то жывы... - нахмурыўся Віктар. - Але...

- Што «але»? Што? Ну, кажы ж!

- Што казаць... Разбіўся моцна. Кроў увесь час цякла з рота. Павезлі от на аперацыю...

- Ох, Божэ ж ты мой Божэ! Адвядзі бяду нянажаную... Не дапусці да благого, Літасцівы...

Пасля аперацыі да Янака іх не пусцілі. Доктар, праўда, абнадзеіў:

- Будзе жыць. Едзьце спакойна дадому. Наведаецеся дні праз два. А пакуль нельга. Слабы.

Але і праз два дні Марылю да сына не пусцілі. Янаку стала горш, яго адправілі ў Пінск, у раённую бальніцу...

Праляжаў ён там ажно два месяцы. Нацярпеўся, бедны, пакут. З таго свету, можна сказаць, дасталі чалавека.

Янак вярнуўся дадому пад Новы год. Яму часова прызначылі пенсію. Сказалі: нічога цяжкага пакуль не рабіць, не браць у рот нават кроплі.

Удзень Янак ляжаў на печы, у цяпле, альбо, накінуўшы куфайку, сноўдаўся па двары ў нейкім маркотным задуменні. Вечарамі заглядваў у бацькоўскую хату пасядзець, пагаманіць альбо ішоў да Віктара, на тэлевізар. Пасля бальніцы яны, здаецца, памірыліся і той прыкрай сваркі больш не ўспаміналі.

І ўсё ж Марыля бачыла: як ні бадзёрыўся Янак, самотна было ў яго на душы. Нудзіўся ён. І чым далей - тым больш. Нешта як бы гняло яго, тачыла з сярэдзіны. Піць, аднак, не піў. Трымаўся аж да сярэдзіны лета. І толькі пахаваўшы Косціка, запіў зноў.

Аднойчы, калі Марыля і Кандрат ужо клаліся спаць, Янак на добрым падпітку ўваліўся ў хату і папрасіў гарэлкі. Калі не пляшку, то хоць бы шклянку або паўшклянкі. Марыля пачала ўгаворваць сына: хопіць і таго, што выпіў, ідзі спаць.

- Значыць, не дасце? - сказаў ён. - Шкадуеце?

- Цябе, сынок, шкадуем, цябе...

- Шкадуеце... Ніхто не хоча мяне разумець. Родная маці і тая... Іэх! - стукнуў кулаком па стале Янак і, звесіўшы галаву, заплакаў - ціха, з усхліпам, як пакрыўджанае дзіця.

Усяго магла чакаць Марыля - што ён будзе настойваць, прасіць, як гэта было раней, пакуль усё ж не выцыганіць сваіх сто грамаў, што ён пакрыўдзіцца, грукне дзвярыма і пойдзе, як гэта часам здаралася перад бальніцаю. Усяго магла чакаць яна, толькі не гэтага. Бачачы, як ходырам ходзяць сынавы худыя плечы, Марыля зніякавела. Ёй і шкода было сына, што хоць ты бяры ды зараз жа даставай тую праклятую гарэлку, каб толькі ён супакоіўся, і разумела, што гэтага рабіць нельга. Як жа даваць яму піць, калі кожны глыток гэтай атруты яму на шкоду?

- Эх, мамо, мамо... - усхліпваў Янак. - І за што мне такія мучэнні? Я ж хацеў, сам хацеў тады разбіцца, дык не... Хай бы я лепш здох у той больніцы, чым такая жытка!..

Памаўчаў, падняўся:

- Ладна... Звіняйце, што патрывожыў...

Агародамі пайшоў на свой двор.

Неўзабаве ў акне загарэлася святло. Стоячы пасярод хаты, Янак зняў куфайку, расшпіліў сарочку. Да яго падскочыла Зося, стала размахваць рукамі... Янак моўчкі распрануўся, кінуў сарочку на лаву і, адапхнуўшы Зосю ўбок, палез на печ.

А ў начной цемені доўга яшчэ гарэла, трывожна свяцілася акно ў сынавай хаце...


19

Боль, які быў крыху адпусціў, падступіў зноў. Зноўку рабілася млосна. Не хапала паветра. Нямеў, пакрываўся мурашкамі ўвесь левы бок.

Перасільваючы млявасць, Марыля дрыготкай рукою дастала з кішэні пляшачку і раз і другі глынула.

Боль, аднак, не сунімаўся.

«Не паслухаласа Алеся... Трэба було тады, як була ў Менску, як ён угаворваў, упрошваў легчы ў больніцу, палячыцца хоць пару тыдняў, дак мо і палепшала б крыху. А цяпер во... рабі што хочэш... І дзе тая раніца? Ноч, як год...»

У маленстве ёй думалася: калі чалавеку семдзесят гадоў - ён Бог ведае які стары, яму, напэўна, даўно ўжо надакучыла жыць і ён адно толькі чакае, каб хутчэй пайсці на той свет.

Марыля калісьці не раз чула ад маткі, як тая, укленчыўшы перад абразамі, з болем, у роспачы гаварыла: «І калі гэто ўжэ мая смертухна прыйдзе? Зніме з мяне гэтыя пакуты, гэтыя беды?..» І не разумела тады Марыля, што не на жыццё, а на лёс свой скардзілася маці, што не працаваць і жыць надакучыла ёй, а не было больш моцы цярпець вечную нястачу і галадэчу, біцца як рыбіна аб лёд. Зразумела гэта пазней, а тады шчыра верыла, што тая напраўду просіць сабе смерці.

Малая была, дурная... А цяпер куды старэйшая за сваю нябожчыцу-маці, а паміраць не хочацца. Няпраўда, што ёсць людзі, якія па сваёй волі ідуць на той свет. Няпраўда... Старому чалавеку смерць не страшная, але жыць усё роўна хочацца. От, здаецца б, яшчэ які гадок, яшчэ паўгода...

Марыля перавяла дыханне, прыслухалася. Як бы лягчэй, вальней стала ў грудзях. Хоць левая рука і нага па-ранейшаму былі анямелыя, непаслухмяныя, нібы чужыя.

«Коб хоць, крый Божэ, не спарызавало...» Як недарэчы прывязалася гэта хвароба! Бульбу выкапалі, атаву пакасілі, прыбралі. Можна было на тым тыдні ўжо і кросны ставіць. Дак нб табе. Цяпер, мусіць, без больніцы не абысціся. Будуць... і посцілкі, і ручнікі... Наабяцала, нагаварыла. Вельмі ж ужо хацелася ёй зрабіць што-небудзь прыемнае свайму меншанькаму. Як усё адно чула душа: гэта будзе яе апошняе гасцяванне...

...Дождж ішоў і ішоў, і Марыля, як мінулі Баранавічы, занепакоілася: аўтобус можа спазніцца, сын не дачакаецца яе на вакзале і, вымаклы, пойдзе дахаты, а яна, адна ў чужым горадзе, ноччу, не будзе ведаць, куды ісці, што рабіць.

Але непакоілася яна дарма. Ледзь толькі аўтобус спыніўся, на асветленай прывакзальнай пляцоўцы Марыля адразу ўгледзела сына. Побач з ім стаяла Надзя. Ад дажджу іх ратаваў вялікі чорны парасон.

Яна счакала, пакуль выйдуць самыя нецярплівыя, і, узяўшы ў абедзве рукі свае цяжкія, вялікія сумкі, падалася на выхад. У дзвярах яе сустрэў сын, памог сысці.

- Ну, здрастуйце... - сказала яна, радая, што доўгая дарога нарэшце скончылася, што сустракаць яе прыйшоў не толькі сын, а і нявестка.

І Марыля першай ступіла да Надзі, пацалавала яе. Пасля прывіталася ўжо з сынам.

- Жывыя, здаровыя?

- Жывыя... - усміхнуўся Алесь. - І амаль здаровыя.

- Амаль... Зноў нешто баліць? - запытала яна, углядваючыся ў твар сына.

- Пасля, пасля, мама. Пайшлі хутчэй на прыпынак.

Нявестка ўзяла Марылю пад руку, рупліва прыкрыла ад дажджу парасонам.

- Не капае на вас, мама?

- Няхай, Надзько, не турбуйса. Ніц са мною не станецца. Дзве хусткі на галаве, плюшаўка.

На прыпынку доўга стаяць не прыйшлося. Трамвай падышоў адразу, і акурат «сямёрка». Праз паўгадзіны яны былі ўжо на «Шарыках», як называў гэты раён сын.

- О, тут я ўжэ герой, не заблуджуса, - абрадавалася Марыля, убачыўшы знаёмую вуліцу, знаёмыя дамы.

Толькі адзін з іх, высокі, на некалькі паверхаў, увесь як бы з вялізных, ярка асветленых вокнаў, быў для яе новы. У апошні раз, калі яна прыязджала, дома яшчэ не было, толькі пачыналі будаваць.

- Во, паглядзіце, - паказаў на будынак Алесь. - Наш новы ўнівермаг. Нядаўна адкрылі.

- Бач ты! - сказала яна. - Прыгожы... Добрэ вам цяпер. Далёко і хадзіць не трэба.

- Ага, - згадзілася Надзя. - Толькі хадзіць асабліва няма калі. Як у горадзе? Усё бягом ды бягом...

Ліфта ў сынавым доме не было, і на чацвёрты паверх узбіраліся пешшу.

Марылі здавалася, што прыступкам не будзе канца. Яна ўжо і рукамі сабе памагала, трымаючыся за парэнчы, і адсопвалася на кожнай пляцоўцы, а ўсё роўна пакуль дайшла, змакрэла ўся, сэрца гатовае было выскачыць з грудзей.

- Вось бачыце, мама, - глядзела на яе нявестка. - А вы ўсё не слухаеце, не хочаце палячыцца.

- Якое мне, Надзько, лячэнне... - махнула яна рукою, не могучы здыхацца. - Старасць... Лячы не лячы - нічым не паможэш...

Алесь дастаў з кішэні ключ і асцярожна, каб не разбудзіць дзяцей, адамкнуў кватэру. Але толькі яны праціснуліся ў калідорчык і пстрыкнулі ўключальнікам, як Жэнік і Светка выскачылі са свайго пакоя.

- Добры вечар, бабулечка! - кінулася да Марылі ўнучка, абхапіла яе за шыю.

- Ах ты, мая пястуха... - расчулілася Марыля. - Ластаўка мая. Рада? Ну дай пагляджу на цябе. Вялікая ўжэ, роўная са мною.

- А як жа! - усміхалася ўнучка. - Я, бабуля, спортам займаюся.

- Шчокі унь поўненькія, румяныя.

- Паправілася, ага, - кіўнула галавою Надзя. - Стала лепш есці, дык і паправілася.

- Ну, а як, Жэнічак, ты? - павярнулася Марыля да ўнучка, што стаяў побач. - У-у, таксама падрос. Дай жэ я цябе, мой каток, пацалую...

Марыля нагнулася і абняла ўнучка за худзенькія, вострыя плечы. Той няўмела, сарамліва ткнуўся губамі ў шыю і адразу стаў выслабаняцца з абдымкаў. Што тут будзеш казаць? Хлопец ёсць хлопец. Такія ж былі некалі і Янак з Алесем.

Алесь распрануўся і чакаў, калі нарэшце скончыцца гэта абніманне.

- Ну, усё, - сказаў ён. - Павіталіся, і марш спаць. А то праспіце - заўтра ў школу. Ну, каму кажу?

- Ай, Алесько, хай бы ж я ім хоць гасцінца дастала. Яны ж чакалі, не спалі...

Марыля запытальна зірнула на сына.

- Паспеюць і заўтра. Ідзіце, ідзіце! - сказаў ён дзецям, якія, пачуўшы, што сказала бабуля, з надзеяй прыпыніліся ў дзвярах.

Марыля толькі ўздыхнула, але не стала пярэчыць - ведала характар сына: калі што сказаў, дык хоць страляй, са свайго не саступіць.

Пайшлі на кухню. Нявестка дастала з халадзільніка каўбасу, масла, місачку з вінегрэтам.

- Надзько, міленькая, нічого не трэба. Не даставай, - сказала Марыля. - Я ў Баранавічах перакусіла. Хіба толькі от чаго пап'ю.

- Зараз, зараз... - не слухаючы яе, рабіла сваё нявестка. - Перакусім чаго-небудзь.

- Ай, ей-богу, прыдумалі вы нешто...

Марылі было і няёмка, што нарабіла сярод ночы клопату, і прыемна, хораша, што сын і нявестка рады яе прыезду.

- Дак дайце я дастану тое, што вам прывезла, - кінулася яна да сумак. - Сала прыхапіла. Такое, як ты, Алеська, любіш, - тоненькае, з пражылкамі мяса. А гэто вы абое любіце - шаткаваная капуста, - паставіла на стол вялікі рондаль, пахвалілася: - Вельмо ж смачная ўдалася. Усю зіму стаіць, як свежанькая, ані памякчэла...

Потым Марыля паклала на стол цэлафанавы мяшэчак з сушанымі грушамі, яблыкамі, нізку грыбоў, слоік малінавага варэння. З меншай сумкі дастала два трохлітровыя слоікі малака.

- Ма-а-ма! - здзіўлена выгукнуў Алесь, убачыўшы слоікі. - Навошта? Хіба ў нас малака няма?

- Ёсць-то ёсць, але не такое. Свежанькае, тлустае. Дзецям, хай пап'юць. Любяць... Як былі ў мяне летам, толькі за ім і жылі.

- Такую вагу цягнулі.

- А што там цягнуць? Да Лагішына падвёз Віктар і ў аўтобус пасадзіў, а тут вы сустрэлі.

У сумцы заставаўся яшчэ адзін пакунак, абгорнуты ў старую хустку і перавязаны шпагатам. Марыля дастала пакунак, развязала яго.

- А гэто во падарунак вам. Сама рабіла. І яна разгарнула вытканую ў пруты каляровую посцілку.

- Прыгожа! - заіскрыліся вочы ў Алеся.

- Пакажыце і мне, - павярнулася ад пліты Надзя. - Яко-ое хараство-о! Няўжо выткалі самі?

- Сама... - абрадавалася Марыля. - Чаго ж. Абы толькі ніткі булі. Я вам магу яшчэ выткаць, калі хочэце.

- Дзіва што, - сказала Надзя. - Гэта ж заслаць у зале канапу - любата!

- Дак добрэ. Вытчу за зіму й прышлю.

Калі селі за стол, Марыля паглядзела на Алеся, які адсунуў талерку.

- Зноў, мусіць, сынок, нешто з жыватом?

- Нічога страшнага, мама. Невялікае абвастрэнне. Вясною яно заўсёды...

- Не вясна вінавата, а характар твой дурны, - сказала Надзя. - Пасварылі б вы яго, мама. Ні выхадных, ні прахадных няма яму з гэтай работай. І за сябе, і за іншых цягне. Думае, такі незаменны. А вось як кватэру палучаць, то ў апошнюю чаргу. Аддалі другому.

- Надзя! - недавольна сказаў Алесь. - Нашто зараз пра гэта? Не слухайце яе, мама. Чэснае слова! Бярыце што-небудзь. Усё як стаяла, так і стаіць.

- Дзякуй, сынок, дзякуй.

Марыля ведала: апошнія гады Алесь працаваў у нейкім інстытуце па меліярацыі. Быў давольны. Хваліўся: калі дзе якая запарка - ідуць да яго. Кватэру новую абяцалі. І вось табе маеш...

- Можа, гарбаты наліць? - папыталася нявестка.

- Ага, Надзько, налі. Смага з дарогі...

Гарачай, духмянай гарбаты Марыля выпіла цэлы кубак. Памаўчала, выціраючы хустачкаю ўспацелы твар, сказала:

- Аддалі другому... Чаму ж?

- Значыць, другому яна больш патрэбная. Вялікая бяда - пажывем яшчэ і ў гэтай. А ёй... - кіўнуў Алесь у бок жонкі, - Бог ведае што здаецца.

Сын усміхнуўся, як бы ўсмешкаю пацвярджаючы, што ўсё добра, нармальна, - знайшлі пра што гаварыць, і, падаючы Надзі сподачак з кубкам, папрасіў:

- Налі, калі ласка, і мне.

Але ад пільнага позірку Марылі не ўтаілася ні тое, як змушана ўсміхнуўся сын, ні тое, як дробна задрыжаў сподачак у ягонай руцэ. Перажывае...

- От бачыце, мама, - сёрбаючы гарачую гарбату, загаварыў Алесь. - Не паспелі вы парог пераступіць, як мы хутчэй са сваімі бедамі... Раскажыце лепш, што там у вас дома? Якія навіны?

- У нас? - уздыхнула Марыля і стала спакваля расказваць. Навіны былі не надта вясёлыя. Памёр сусед Хведар. Сядзеў на парозе, абіраў бульбу - і нават нажа не паспеў выпусціць з рук... Жамойда пасварыўся з аграномам - от жа чалавек, з усімі людзьмі перасварыўся ўжо, як ён будзе працаваць? Паведаміла і прыемнае - дачка Надзі Накразавай выйшла замуж, вяселле згулялі.

- Чакайце, якая дачка? - здзівіўся Алесь. - У яе ж быў сын. Адам. На тры класы ніжэй ішоў за мяне. Дык ён даўно ажаніўся. А дачка? Нешта я не знаю...

- Можэ, і не знаеш. Яна яшчэ малая була, як ты кончыў школу. А колькі ж гэто ты гадоў у Менску?

- З шэсцьдзесят другога. Васемнаццаць, лічыце.

- О, бачыш. Дзе ж ты ўжэ будзеш ведаць маладзейшых. Харошая дзеўка. І хлопец трапіўса харошы. Ты, мусіць, ведаеш яго - Пеця Кудраўцоў, Васіля Кудраўца сын. Каторы ля балотца жыве. Ведаеш? Ну от. Харошы хлопец, грэх було б што казаць. Працавіты, няп'юшчы.

- А Янак як? П'е?

- П'е, - сумна кіўнула Марыля. - Пасля больніцы трохі патрымаўса. А цяпер зноў... Разбасячыўса, не дай Бог.

Алесь шчыра любіў і шкадаваў свайго старэйшага брата. Кожную вестку пра нелады ў Янакавай сям'і прымаў блізка да сэрца, балюча перажываў. Бываючы дома, Алесь не раз гаварыў з Янакам, дакараў яго, пакуль той аднойчы не сказаў: «Не трэба, Алесь... Я ўсё разумею. Толькі розныя нам, браце, выпалі дарогі. Розныя... і давай больш не будзем пра гэта».

- Мда-а... - прамовіў Алесь задумліва. - Невясёлую рэч вы паведамілі, невясёлую...

- Якая ўжэ тут весялосць, калі бяда за бядою.

- Не бяда гэта, а разбэшчанасць, - азвалася Надзя, якая да гэтага слухала іхнюю размову моўчкі.

- Можэ, яно і так... - пагадзілася Марыля. - Але ў жыцці не заўсёды ўсё просто...

- А, і слухаць не хачу! - падхапілася Надзя і ўзялася нервова прыбіраць са стала посуд.

Алесь зірнуў на гадзіннік, падняўся таксама.

- Ладна. Будзем класціся. Заўтра ж рана ўставаць. Дый вы, мама, стаміліся з дарогі.

- А ў колькі вы едзеце?

- Цягнік у сем трыццаць. Але на вакзале трэба быць раней. Едзем цэлай групай.

- А-а, разбалбаталаса я тут, а вы нічого і не кажэце... Дай я табе, Надзько, крыху памагу.

Але нявестка рашуча забрала з яе рук посуд, які яна намерылася ўжо мыць, і мякка сказала:

- Я ўсё, мама, зраблю сама. Невялікая тут работа. Не мачыце рук. Алесь, заві маму ў залу. Ды раскладзі там крэсла-канапу. А я зараз пасцялю...


20

Раніцаю Алесь заглянуў у залу.

- Усталі? Ну і добра.

Ён быў ужо амаль сабраны - у касцюме, з напакаваным партфелем у руцэ.

- Значыць, так... На сёння абед гатовы, на пліце, вы толькі падагрэеце. А на заўтра што-небудзь зварыце самі. Папытаецеся ў Светы, яна скажа што. Прадукты ў халадзільніку. Глядзіце, каб дзеці рабілі ўрокі. Ну, от, здаецца, і ўсё... Ага, ледзь не забыўся. Можа зайсці сусед, невысокі такі, чарнявы мужчына, папросіць пазычыць грошай. Не давайце. Дазнаецца яго жонка - будзе скандал.

Алесь зірнуў на гадзіннік, гукнуў:

- Надзя! Спазняемся...

- Іду, іду! - выбегла Надзя з кухні, на хаду сказала Марылі: - Глядзіце ж, каб елі самі! Вечарам паслязаўтра будзем.

І толькі калі за імі зачыніліся дзверы, Марыля раптам спахапілася: забыла папытацца, калі будзіць дзяцей.

Будзільнік паказваў толькі палавіну сёмай.

«Хай паспяць. Разбуджу ў сем», - рашыла яна і пайшла на кухню.

Наабірала бульбы, накрышыла ў вялікую патэльню, паставіла на агонь. Узялася парадкаваць на стале: Надзя з Алесем спяшаліся, не паспелі за сабою прыбраць.

- Прывет, бабуля!

Калматая галава малога выглядвала з дзвярэй.

- Здароў, здароў, Жэнічак. Прачнуўса?

- Ага. А што ты нам смачнае робіш? Бульбу смажыш?

- Смажу. Я ж ведаю, вы любіце смажонцы. Ідзі, мой каток, умывайса. А Светка?

- Спіць яшчэ.

Марыля памяшала на патэльні бульбу, зменшыла крыху агонь і пайшла будзіць унучку.

Тая спала ледзь не ўпоперак ложка. Падушка ляжала на падлозе. Адзін канец коўдры быў усцягнуты на галаву, а з-пад другога тырчэлі голыя ногі.

- Як жэ ты спіш, унучка мая...

Яна хацела паправіць коўдру, але Света, не расплюшчваючы вачэй, злосна тузанула коўдру і накрылася з галавою зноў.

- Светка, Светачка... - дакранулася Марыля да пляча ўнучкі. - Уставай, дзіця. Восьмая гадзіна. Апознішса ў школу.

- Не спазнюся! - буркнула тая з-пад коўдры. - Ідзіце, я зараз устану.

Марыля зазірнула ў спальню і другі раз - унучка ляжала.

- Ай, Светка, нядобрэ так... Уставай!

Унучка звесіла з ложка ногі, расплюшчыла спачатку адно, а потым другое вока. Ляніва глянула на гадзіннік і ажно ўзвілася:

- Бабуля! Палавіна восьмай! Чаму не гаворыце?

І залётала, закруцілася па хаце.

- Дзе мой пярэднік? Хто бачыў? Ну пашукайце ж, што вы стаіце?!

Пярэднік знайшоўся пад крэслам. А праз хвіліну крычала ўжо з ваннага пакоя:

- Жэнік! Куды падзеў маю расчоску?

- Не браў я ніякай расчоскі.

- Ты заўсёды нічога не бярэш, толькі ніколі нічога не знойдзеш з-за цябе.

- Што ты выдумляеш! - пакрыўдзіўся малы. - Выдумшчыца такая! Сама параскідае, а пасля яшчэ будзе гаварыць...

- Дзеткі, дзеткі! Супакойцеса, - кінулася да іх Марыля. - Што гэто вы з самаго ранку ўзяліса сварыцца. Ай-яй-яй... Умывайцеса хутчэй ды за стол.

Паснедаўшы, Света і Жэнік палагоднелі, мірна сталі збіраць свае партфелі, з ажыўленай гамонкай рушылі ў школу.

Марыля засталася ў кватэры адна. Прысела на кухні за стол, дажавала рэшту смажонцаў, укінула ў рот кавалачак белага з маслам хлеба. Апошнія гады ёй чамусьці зусім не хацелася зранку есці. Выпіўшы шклянку гарбаты ці малака, лёгка магла чакаць да самага абеду.

Трэба было брацца за справу. І хоць сын з нявесткаю, ад'язджаючы, асаблівых наказаў ёй не далі, але яна ведала - у хаце заўсёды знойдзецца што зрабіць.

У дзіцячым пакойчыку ўсё было ўверх дном. Непрыбраныя пасцелі, параскіданыя на падлозе кніжкі, тапачкі, Светчына начная сарочка, Жэнікавы спартыўныя штонікі... Пад сталом валяліся кубікі, мноства зялёных пластмасавых салдацікаў.

«Лёталі адзін за адным, а прыбраць не падумалі...»

Навёўшы парадак, Марыля перайшла ў спальню. Тут рабіць не было чаго. Шырокі - на дваіх - ложак быў засланы цёмна-жоўтым бліскучым пакрывалам. Такія ж пакрывалы былі на падушках. Усё акуратна прыбрана, ніводнай абы-як кінутай рэчы. Толькі на трэльяжы сіратліва стаяла некалькі маленькіх пляшачак.

Па дывановай дарожцы Марыля падышла да акна, зазірнула, ці палітыя вазоны - зямля ў гаршках была вільготная, - і спынілася ля шафы, асцярожненька прачыніла дзверцы. І ў шафе быў парадак. На паліцах ляжалі свежыя, чыстыя прасціны, ручнікі, кофты. У большай палавіне на плечыках віселі адпрасаваныя Алесевы сарочкі, Надзіны сукенкі, зімовае паліто з чорным лісіным каўняром.

«Малайчына... - усцешана падумала яна пра нявестку. - І сабе справіла, і Алеся не забыла. Гаспадыня...»

Прыгадаўся далёкі халодны травень.

...Марыля ўпершыню ехала ў Менск. Не адна, з раднёю: Саня, Віктар, Янак, Алесева хрышчоная маці з мужам, дзве яе, Марыліны, стрыечныя сястры. Ехалі на Алесева вяселле.

Пагана было на душы ў Марылі. Не такога вяселля яна чакала. Са школы яшчэ Алесь хадзіў са старшынёвай дачкою - Верай, спраўнай прыгожай дзяўчынай. Хадзіў не адзін год, і ніхто ў вёсцы не сумняваўся, што яны пажэняцца. Жадалі гэтага і Верыны бацькі, якія лічылі Алеся за сына, і Бог ведае як хацела яна.

А павярнулася інакш... Нечакана, у спешцы, Вера выйшла замуж за другога - тутэйшага настаўніка.

Праз нейкі час, прыехаўшы дадому перад самым заканчэннем інстытута, завёў размову пра вяселле і Алесь.

- Хто ж яна? - пацікавілася Марыля.

- Чалавек, мама. Харошы і блізкі мне чалавек.

- Вучыцца? Працуе?

- Працуе.

- Старэйшая, відаць за цябе. Хітрэйшая...

- Вы ж не ведаеце чалавека, а гаворыце.

- Што ўжэ цяпер гаварыць... - уздыхнула яна. - Назад не вернеш. Гонар свой паказваў... Такую дзеўку ўпусціў. Таку-ую дзеўку!..

- Мама, у мяне свая галава на плячах.

- Рабі як хочэш... Табе ж з ёю жыць.

- Усё будзе добра.

- Дай Бог... Дай Бог...

Яшчэ горш стала ў Марылі на душы, калі сваякі, убачыўшы Алесеву жонку, зганьбілі яе: і малая, і непрыгожая, і апранута абы-як. Словам, не пара яе сыну, і ўсё. Адзін толькі Янак сказаў:

- Пажывём - пабачым...

Надзя не выказвала да сваёй новай радні асаблівай ласкі, як гэта ўмеюць паказаць іншыя маладзіцы. Адносілася да ўсіх роўна, спакойна. Калі трэба было зрабіць што - рабіла ціха, як бы неўзаметку. І таму з ёю заўсёды было проста, надзейна і хораша.

Сваёй дабратой, шчырасцю яна незаўважна і разбурыла тую сцяну насцярожанасці, непрыхільнасці, што ўзнікла была паміж імі напачатку. Марыля памякчэла да нявесткі. Найбольш усцешылася тады, калі ўбачыла, што Надзя вельмі ж шануе Алеся, глядзіць за ім, як за малым дзіцём. Гатуе яму спецыяльныя стравы, запарвае зёлкі, не лянуецца за сотні кіламетраў ездзіць у лес па суніцы, чарніцы...

А колькі марокі было з дзецьмі! Асабліва са Светай, якая расла кволая, тройчы хварэла на запаленне лёгкіх. І калі дактары сталі выказваць апасенне, што хвароба можа стаць хранічнай, кінула работу, забрала малую з дзіцячага садзіка і больш як два гады сядзела дома.

З Жэнікам было трохі лягчэй, ён рос крапчэйшы, але Надзя тым часам ужо заканчвала завочна інстытут, і выпускныя экзамены ёй давялося здаваць з двума малымі дзецьмі на руках. Тады, помніцца, нават яна, Марыля, прыязджала на пару тыдняў, каб памагчы нявестцы.

З Алеся ж памочнік аказаўся кепскі - ад цямна да цямна тырчэў на рабоце альбо тыднямі прападаў па камандзіроўках. Калі ж узяўся яшчэ вучыцца, пісаць нейкую дысертацыю, то і зусім дома рэдка бываў.

Усе хатнія клопаты поўнасцю леглі на Надзіны плечы. І хоць бы калі ў чым папракнула мужа, паскардзілася. Не. Ціхая, памяркоўная, яна не любіла сварак.

З гадамі Марыля ўбачыла, што яе нявестка не толькі добрая, клапатлівая жонка, маці, руплівая і ўмелая гаспадыня, але і зграбная, сімпатычная маладзіца. Пасля родаў Надзя папаўнела, расцвіла, налілася прывабнай жаночай сілай, стала як бы нават вышэйшаю ростам. Словам, з якога боку ні вазьмі - файная нявестка. Грэх скардзіцца, дай Бог кожнаму такую...

Марыля яшчэ раз абвяла позіркам спальню, дзе былі парадак і чысціня, ва ўсім відаць была дбайная жаночая рука, і выйшла ў залу. Прыбрала сваю пасцель, злажыла крэсла-канапу.

Галоўны занятак знайшла сабе на кухні. Зазірнуўшы ў скрынку пад ракавінай, убачыла цэлую гару пустых пляшак. Здзівілася, бо знала, што Алесь не п'е, а тут гэтулькі пляшак! Прыгледзелася да чырвоных наклеек, зразумела, што пляшкі з-пад мінеральнай вады. Бачыла такія ў Віктара.

«Во, памыю іх ды занясу здам, - Марыля глянула на гадзіннік. - Дзеці яшчэ не скора са школы. Паспею...»

Пляшак набралася цэлая сумка. Ажно з каптуром.

Краму, дзе прымалі посуд, яна ведала. Яна была недалёка, акурат насупроць іхняга дома, толькі перайсці праз двор. У мінулы раз яны з Надзяю хадзілі туды здаваць пляшкі з-пад малака.

Ля пад'езда, на лаўцы, самотна сядзеў незнаёмы мужчына. Убачыў яе, ажывіўся, абрадавана пайшоў насустрач.

- Добры дзень! Вы - Алесева мама? А я - Алесеў сусед. Памятаеце, памагаў яму перастаўляць у зале сервант?

Марыля паставіла сумку, уважліва глянула на мужчыну.

- Не, нешто не пазнаю...

- Ну, гэта няважна, - не засмуціўся той. - Давайце я вам памагу, - і, не чакаючы згоды, узяўся за сумку. - Ого! Нагрузілі! Можна было б і за два разы.

- Можно, канечне. Ды ўжэ калі сабраласа...

У краме чаргі не было, і яе посуд увішная кабета прыняла хутка. Імгненна пералічыла выстаўленыя на прылавак пляшкі, прыкінула нешта сама сабе і падала грошы - чатыры рублі і пяцьдзесят шэсць капеек.

- Цудоўна! - абрадавана пацёр рукі мужчына. - Цудоўна...

Увесь час ён стаяў побач і цярпліва чакаў. «Які харошы чалавек, - падумала Марыля. - Памог і цяпер чакае, баіцца, мусіць, коб я не заблудзіласа...»

Яна выйшла з крамы, спынілася пералічыць грошы. Мужчына не зводзіў вачэй з яе рук.

-О, чыстае дзела! Пяць хвілін работы - і амаль пяцёрка ў кішэні, - гаварыў ён узбуджана-радасна, - Як бы знайшоў, як бы хто ўзяў і даў задарма.

- Чаму задарма? - здзівілася Марыля. - За пляшкі ж плацілі.

- Ну-у, калі тое было. А цяпер вось яны, грошыкі. Можна траціць іх, не шкадуючы. Можна... Мамаша! - мужчына пазіраў на яе ўмольнымі вачыма. - Мамаша, пазычце мне тры рублі. Да панядзелка. Клянуся! Палучу аванс - адразу ж аддам! А, мамаша?

Марыля ўзяла тры рублі і хацела даць мужчыну, але раптам успомніла, што ёй раніцай казаў Алесь, - і хуценька прыняла руку.

- Я, гэто самае... мне не шкода... - пачырванела яна, баючыся ўзняць вочы на свайго гаваркога памочніка. - Я б вам пазычыла, дальбог, але мне за гэтыя грошы трэба купіць дзецям яды. Алесь і Надзя паехалі ў Ленінград. А дзяцей пакінулі на мяне. Так што... звіняйце... З дарагой бы душою, але не магу.

- Мда-а... - адразу абвяў мужчына, павярнуўся і хмура пасунуўся к дому.

Марыля ж, каб паказаць чалавеку, што яна не зманіла, пайшла ў краму.

Калі праз паўгадзіны яна вярнулася, мужчына ўсё яшчэ сядзеў на лаўцы. Пачуўшы крокі, ён толькі кінуў на яе абыякавы позірк і застаўся нерухома сядзець.

Марыля хацела прайсці міма, ужо нават узялася за ручку дзвярэй, але тут нешта спыніла яе, і яна нерашуча прыстояла, вярнулася, прысела побач з мужчынам.

- От, - сказала ўголас не то сама сабе, не то свайму маўкліваму суседу, - купіла сёе-тое... Якраз і тваражок свежы буў, і малачко. Прыбягуць дзеці са школы, а я іх пакармлю...

Яна павярнула галаву да суседа, які нават не паварушыўся.

- А вы, мабуць, пакрыўдзіліса на мяне?

Мужчына пакутліва, як ад болю, паморшчыўся. Але не сказаў нічога.

- Я б вам пазычыла... у мяне тут шчэ засталоса...

- Колькі? - ажывіўся адразу сусед, і вочы яго павесялелі. - Колькі засталося?

- Пару рублёў ёсць.

- Нічога. На чарніла хопіць. Давайце.

- Хопіць-то хопіць. Толькі ж баюса я... зраблю вам не лепш, а горш.

- Горш не будзе. Клянуся вам. Мамаша! Каб вы толькі ведалі, як усё смыліць усярэдзіне, як усё там дрыжыць і курчыцца. Мне б толькі шкляначку, хоць бы адну. А болей я піць не буду. Мамаша...

- От і мой сын гэтак гаворыць. Курчыць яго, беднаго, пераварочвае ўсяго з раніцы, а - п'е. І навошто вам гэтыя пакуты? Чаго вам, скажыце, не хапае?

Марыля глядзела на свайго суседа з болем і са спагадаю, з мацярынскім шкадаваннем.

- О, гэта складанае пытанне, мамаша, - нахмурыўся той. - Так проста не адкажаш.

- Ну, хай у нас, у вёсцы, няма куды пайсці. А ў вас жэ горад: кіно, ціятры, чаго толькі няма! Жывіце сабе і радуйцеса. А вы? Хто вінаваты, што гарэлка засланіла вам свет?

- Аніхто... Перш за ўсё - сам. Сам! - стукнуў мужчына кулаком у грудзі. - Але ж ніхто раней чамусьці не падышоў вось так, як вы, не пацікавіўся: а чаго табе, Віктар, не хапае, чаго ты хочаш. Ніхто! А я ж чалавек. Жывы чалавек. Разумееце?

У гэты момант зверху, з балкона, пачуўся зычны жаночы голас:

- Викто-ор! Ану домой!

- Мая кобра... - уздыхнуў мужчына. - Цяпер усё. Плакала пахмелка...

Ён неахвотна падняўся, пайшоў у пад'езд. Марыля пасядзела хвіліну, задуманая, і рушыла следам.


21

Алесь з Надзяю вярнуліся, як і казалі, у панядзелак, пад вечар.

Марыля сядзела на крэсле-канапе, вязала шкарпэтку. Дзеці глядзелі тэлевізар і раптам ускочылі, з крыкам «Ма-му-улечка! Папа!» кінуліся ў калідорчык.

У хаце адразу стала шумна. Дзецям хацелася хутчэй паглядзець, што бацькі прывезлі, Алесь жа адганяў іх ад сумкі. Надзя толькі ўсміхалася:

- Хай паглядзяць ужо, хай...

- Што хай, што хай? - злаваўся Алссь. - І так ужо дагары ўсё перавярнулі. Ды пачакайце ж вы!..

Нарэшце прывезенае распакавалі, раздалі, і кожны ўзяўся разглядаць свой падарунак.

Марылі прывезлі прыгожую кашміровую хустку. Накінуўшы хустку на плечы, яна падышла да люстэрка.

- Падабаецца? - спыталася Надзя.

- Файная... Пэўно ж, дарагая? Нашто було траціцца...

- Насіце на здароўе і не думайце, - Надзя паправіла на яе плячах хустку. - Яна вам да твару.

- Файная, файная... Я вам за гэто посцілак вытчу. Надзя Накразава пераняла новы ўзор - вачэй не адвесці. То я і вам гэтак зраблю.

Алесь паказваў Жэніку, як трэба заводзіць новую машынку. Пачуўшы матчыны словы, азваўся:

- Вы, мама, пільнуйце сябе. Не з вашым здароўем сляпіцца над кроснамі. Мы вось ехалі з Надзяй і гаварылі: трэба вам, мама, застацца ў нас яшчэ на якіх тыдні два і легчы ў бальніцу. З сэрцам не жартуюць. Трэба палячыцца.

- Што вы, дзеткі! І гаворкі пра гэто не можэ быць, - замахала рукамі Марыля. - Цяпер там - самая работа. А Паўлік? На каго яго кінеш? Не, нельга мне, нельга.

- Праўда, мама, - падтрымала Алеся і Надзя, - застаньцеся. Бальніца побач. Кожны дзень будзем вас праведваць. А дома - нічога, як-небудзь абыдуцца.

- Не, Надзечка, не магу. Коб я була адна. А так...

Алесь глянуў на яе, пасміхнуўся, але не сказаў нічога. Падняўся.

- Нешта я стаміўся з дарогі. Пайду прылягу.

Пасядзеўшы крыху з нявесткай, Марыля зазірнула ў спальню. Алесь з кніжкаю ляжаў на ложку.

- Заходзьце, мама, я не сплю.

Яна ўзяла нізенькую, мяккую табурэтку, што стаяла каля трэльяжа, прысела побач.

- Усё чытаеш? Колькі ж ты іх перачытаў!

Алесь адклаў кніжку ўбок, усміхнуўся. Дробненькія маршчынкі сабраліся ў куточках вачэй.

«Божухно, як хутко ляціць час! - падумалася Марылі. - Ці даўно быў дзіцем? А ужэ унь маршчыны якія. І валасоў сівых багато. Ці мо ад навукі?..»

- Што вы так глядзіце, мама? - усміхнуўся Алесь.

- Гляджу от, сынок, і думаю: колькі ты ўсяго-ўсякага перачытаў, і ўсё трэба ў галаве дзяржаць, усё трэба ўспомніць. Дзіва, што гэтая навука так высушвае. Дзе тое здароўе будзе!

- Нічога, мама. Былі б косці...

Марыля ўздыхнула, расправіла на каленях спадніцу. Кінула на сына дапытлівы позірк: гаварыць ці не гаварыць? Бо ўся гэта размова была толькі заходам, подступам да таго галоўнага, што карцела, не давала ёй спакою, з-за чаго, уласна, і адпусцілі, выправілі яе сюды Саня з Віктарам. Рашыла больш не адкладваць, пагаварыць сёння.

- Дык што ў цябе з кватэрай?

- Зноў вы пра гэта, - нахмурыўся Алесь. - Ну не далі цяпер - дык дадуць у чацвер.

- Я чаму гэто пытаюса... - замулялася на табурэтцы Марыля. - Вельмо ж Саня з Віктарам прасілі, коб ты ўзяў да сябе Валю...

- Удваіх з мужам?

Марыля кіўнула, растлумачыла:

- Дораго на чужой. Шэсцьдзесят рублёў.

- Дорага... А дзе цяпер дзешавейшую знойдзеш? Хай скажуць дзякуй, што мы ім такую знайшлі. Гэта яшчэ пашанцавала, што знаёмыя завербаваліся на два гады на Поўнач і здалі кватэру. А так бы шукалі...

- Пачакай, сынок... Разваж па-другому.

- Што разважаць? Памяркуйце самі: дзе яны ў нас будуць жыць? У зале? Але ж вы самі бачыце - там нават крэсла-канапа ледзь стала, не павярнуцца. А калі ложак? Пасля дзіцячы. Самому тады ідзі на кватэру. А мне ж трэба і вечарам, і ў выхадныя дні пасядзець, папрацаваць.

- Яно ўсё так... - абвяла Марыля позіркам невялічкі пакойчык. - Але што мне сказаць Сані з Віктарам? Пакрыўдзяцца...

Памаўчалі. Марыля не хацела больш настойваць. Сын праўду кажа. Кватэра ў яго малая, цесная, а Валя ж не адна... От толькі Саня з Віктарам нічога разумець не хочуць.

- То, можэ... - сказала яна нясмела, з надзеяй, - можэ, хоць прапішы Валю ў сябе? Га, сынок? Ёй жэ на работу трэба.

- І прапісаць не магу, - развёў рукамі Алесь. - Я хадзіў у райвыканком - не хапае метраў.

- А Косця Лапошкаў прапісаў жа сваю Гэлю...

- Не знаю, як прапісаў Косця - можа, па блату, можа, яшчэ як. Я так не магу. А па закону - нельга.

- От бяда... - сашчапіла рукі Марыля.

- Не бядуйце вельмі. Не такія яны няшчасныя, як вам здаецца. Ён жа прапісаны, стаіць на чарзе. Праз два-тры гады палучаць кватэру. А пакуль пажывуць на прыватнай. Я калі жыў - мяне ніхто не бачыў, не перажываў.

- Табе так здаецца, сынок, што не перажывалі. А я, бувало, не-не дай успомню: як там Алесь? Ці не мёрзне ён у чужым горадзе? Ці не галодны? Хто едзе да сваіх у Менск - хоць яблыкаў, сала кавалак перадам - што магла... А можэ, сынок, неяк можно памагчы?

- Мама, - глянуў Алесь з дакорам, - як вам яшчэ тлумачыць?

- Мне што? Як Сані сказаць? Яна перажывае. Мы, кажэ, нічога, але перад людзьмі сорамно. У брата свая кватэра, а Валя жыве ў чужых?

Алесь усміхнуўся:

- Хітрая! Ведае, з якога боку падысці. Хай не выдумляе вашая Саня. Ніхто там нічога не гаворыць. Проста ёй шкода грошай. Запасы ёсць. Каб хацелі - кааператыўную пабудавалі б. Дый цяпер не на дварэ. Можаце так ім і сказаць, няма чаго баяцца.

- Я не вельмо баюса.

- Баіцеся. Хіба ж я не бачу?

- Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць... Я цяпер, можно сказаць, ем іх хлеб. Часам трэба і перамаўчаць. Хто я без іх?

- Во, во! Вам здаецца, каб не яны, то вы з торбаю па свеце пайшлі б, з голаду даўно апухлі б. Соткі вам засяваюць, дровы прывозяць - усе сілы кладуць! А ці думалі вы калі, чаму яны гэта робяць? Каб не выгадна было, не стараліся б. А так бульбу з двух агародаў, выкармленага кабана, цяля прададуць, а грошы - сабе на кніжку. Вельмі яны разагналіся б на сваю зарплату справіць такое вяселле, падарыць тысячы ды яшчэ «Жыгулі» купіць! А вы баіцеся, што чужы хлеб ясце. Ды вы сабе за сваё жыццё на сто гадоў наперад зарабілі. І на хлеб, і да хлеба. А не - плюньце на ўсё і пераязджайце да нас. Казаў і кажу вам сур'ёзна.

Праўда, Алесь гаварыў гэта ўжо не раз. Угаворваў, бачыла яна, шчыра. Але куды ёй, на старасці, адрывацца ад родных мясцін? У горадзе хоць і лягчэй, а ўсё роўна нечага не хапае ёй, нудзіцца душа.

Марыля ўздыхнула:

- Я ўжэ, сынок, як-небудзь дажыву і там. Хачу памерці ў сваёй хаце і коб пахавалі каля сваіх. Месцейко сабе выбрала. Ля бацькі. Як заказвалі агароджу на яго магілу, то я папрасіла, коб зрабілі шырэйшую, на дваіх.

- Нашто гаварыць такое, - у Алесевым голасе пачулася занепакоенасць. - Вам жыць ды жыць, а вы пра што? Ці мала людзей, у якіх баліць сэрца? Трэба толькі палячыцца. Зімою каб абавязкова прыехалі. Чуеце?

- Чую, Алесько, чую...

Шчырая заклапочанасць сына расчуліла Марылю, і яна сказала гэта аслабленым, як не сваім голасам.

Алесь занепакоіўся яшчэ больш.

- А можа, вы ўсё-такі застанецеся цяпер, га?

- Не, не. Лепш зімою...

Назаўтра, раніцаю, Алесь і Надзя праводзілі яе на вакзал.

Ля аўтобуса - доўгага, ярка-чырвонага, гэткага ж, якім яна ехала сюды, - Марыля стала развітвацца. Абняла, пацалавала нявестку, сына. Сэрца сціснулася ад вострай жаласці. І яшчэ ад прадчування: не давядзецца ўжо ёй прыехаць у Менск, не пабачыць яна болей ні сына, ні нявесткі...

Каб не паказаць сваіх слёз, Марыля палезла ў аўтобус.

У дзвярах павярнулася:

- Бувайце... Дзякуй вам, дзеткі, яшчэ раз за ўсё. Дай Бог, коб усё було добрэ...


22

Плынь успамінаў нечакана парушыў рэзкі, скрыпучы гук. Марыля страпянулася. У запечку шкрэбалася мыш. Што яна там знайшла? У гэтым цёплым і зручным месцы Марыля звычайна трымала сушаныя грушы, яблыкі, гарбузікі. А калі перайшла жыць да Сані, запечак пуставаў. Ды от, мусіць, нешта завалялася, раз прыбегла сюды гэтая начная зладзейка.

Мышэй Марыля баялася. І калі б гэта раней яна пачула такое шорханне, ды яшчэ сярод ночы - даўно ўскочыла б з ложка, нарабіла крыку.

Цяпер жа не было сілы ні ўстаць, ні запаліць святла, ні нават азвацца.

«Хай сабе шкрэбаецца... - надзіва спакойна падумала Марыля. Нават пашкадавала мышку. - Галодная, мусіць... Усё жывое хочэ жыць...»

Яна асцярожна варухнулася пад кажухом. Ад ляжання пластом, без руху, занямелі і мерзлі ногі, пачалі бегаць казытлівыя, непрыемныя мурашкі. Хацелася павярнуцца на бок ці хоць бы легчы зручней, але не адважылася зрабіць - баялася разварушыць, ускалыхнуць той дзікі, невыцерпны боль, які ўжо крыху атух, тупа і роўна смылеў у грудзях.

«Усё хочэ жыць... І мурашка, і мышка, і чалавек. Кожная жывая істота паяўляецца на свет са сваімі клопатамі, сваімі надзеямі...»

Ёй не было і васьмі гадкоў, як памерла маці.

І дзяцінства Марылі скончылася. Яно і раней не сказаць каб было вельмі ўжо радаснае, бесклапотнае - тады дзяцей асабліва не песцілі: ледзь паднялося на ногі, прывучалі да нейкай работы, што можаш, тое і рабі. Дарма хлеба ніхто не еў.

Рабіла што магла і яна.

І ўсё ж, пакуль жыла маці, было інакш - цяплей, утульней. Хоць зрэдку ды прытуліць яна сваю малую Марыльку, пагладзіць па галоўцы шурпатай і такой ласкавай рукою, скажа:

- Памочніца мая залатая... Стаміласа? Ну то бяжы пагуляй, я сама ўпраўлюса...

І Марылька бегла - шчаслівая, радасная. Разам з ёю, здавалася, радаваліся і птушкі на іхняй вялікай, высокай грушы-дзічцы, што расла ў агародзе, і сонейка, якое весела, ярка выблісквала з-за грушы, і чысценькі, белы пясочак у канцы агарода, дзе яна любіла забаўляцца...

Не стала маці - паменела наўкол цяпла, святла. Скончыліся нават тыя кароткія, рэдкія хвіліны ўцехі, якія мела раней. Бацька цяпер ад цямна да цямна быў то на полі, то на сенажаці - парабкаваў на пана. А ў хаце, на агародзе, на двары ўпраўлялася сама Марыля.

Дзяцінства ў яе, можна сказаць, не было. Так, мільганула толькі, як знічка, і прапала, згубілася ў шэрым тумане нялёгкіх будняў.

Кароткае было і дзявоцтва. Як у сне помніць Марыля той дзень, калі бацька сеў побач з ёю на лаўцы і, перабіраючы ў руках пугу, сказаў:

- Гэто самае... да цябе тут... кгм, кгм! ...знаходзіцца чалавек. Ты, Марылько, не адмаўляй яму. Ведаю: ранавато табе шчэ замуж, але... Сама бачыш, аднаму мне траіх карміць трудно, - бацька глянуў на яе павільгатнелымі, жаласнымі вачыма і як бы спахапіўся: - Ты не падумай, што ганю з хаты, не. Рашай сама. Скажу толькі, хлопец харошы. І поля много. Лепшага замужу я не жадаў бы.

Замуж... Ішла яе семнаццатая вясна. Яна сама што ўбіралася ў сілу, у вабную дзявочую красу, пачыналі абуджацца яе маладыя жаданні і мроі. Праўда, дзяўчынай сябе яшчэ не лічыла, таму на вячоркі, куды ўжо бегалі яе старэйшыя сяброўкі, пакуль што саромелася паказвацца. Той зімою, здаецца, і была ўсяго адзін раз. А тут нечакана такое...

- Дак што ж ты маўчыш, дочка? - глядзеў на яе бацька. - Чаму не пытаешся, хто ён?

Марыля пачырванела, яшчэ ніжэй апусціла галаву. Ёй і хацелася ведаць, і няёмка, сорамна было пытацца.

Бацька сказаў сам:

- Кандрат Падгародцаў.

Кандрат... Як толькі зайшла гаворка, Марыля падумала пра яго. Ніколі з ім не сядзела, не гаварыла, але хлопец падабаўся ёй. Мінулай восенню ён вярнуўся з войска і хадзіў заўсёды стройны, чыста паголены. Не сказаць, каб быў надта прыгожы ці выдзяляўся сваім розумам. Хлопец як хлопец. Ціхі, маўклівы, нават трохі ўнурысты. Ды нейкая воля, нейкая ўнутраная сіла адчувалася ў ім, як бы вылучала яго з усіх вясковых хлопцаў. І, можа, таму, калі Марыля пачула, што Кандрат на Каляды сватаецца да Хвелькавай Евы, нешта раўнівае варухнулася ў душы. Не ўцярпеўшы, нават пайшла да Хвелькавых пад вокны - паглядзець на Кандратава сватанне.

На двары стаялі дзяўчаты, жанкі. Але што рабілася ў хаце, было не відаць: шыбы паўмярзалі ажно даверху. Марыля ўсё ж адшукала чысты лапік і прыпала цікаўным вокам.

У хаце, над сталом, гарэла лямпа - тады гэта лічылася яшчэ вялікай раскошай - і было непрывычна светла. Кандрат сядзеў за сталом наструнены, трымаў рукі на каленях. Відаць, хваляваўся. Ён быў у блакітнай сарочцы, у новым касцюме. Блакітная сарочка хораша пасавала да яго вачэй. Зірнула яшчэ раз - вочы Кандрата здаліся ёй сумнымі-сумнымі.

Шкада стала хлопца. Ці не бацькі прымусілі ісці ў гэтыя сваты? Ці не пагналіся за багаццем? Ведама ж, Хвелькі - першыя багатыры ў вёсцы.

У сенцах раптам пачуліся крокі, забразгала клямка. Усе, хто быў пад вокнамі, сыпанулі з двара на вуліцу.

На ганак, ляснуўшы дзвярыма, нехта выскачыў. У цемені не разабраць было хто. І толькі калі постаць трапіла ў палоску святла з акна, усе пазналі: Кандрат! Апранаючы на хаду кажух, ён прабег міма і знік у цемнаце.

За ім моўчкі прайшлі сваты - прысадзісты, з кіем у руках Падгародзец і доўгая, бы жардзіна, Падгародчыха.

- Не згадзіласа... - пачуўся ў жаночым гурце здзіўлены перашэпт. - Ба-ач ты!..

Неўзабаве Марыля ўбачылася з Кандратам яшчэ раз, на тых самых вячорках, куды яе амаль сілком прывяла Гандзя.

Доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі тады збіраліся ў каго-небудзь у хаце - пралі, вязалі або вышывалі і паціху гаманілі, спявалі, пацвельваліся з хлопцамі. А калі заяўляўся гарманіст - адкладалі працу, танцавалі.

Кожны канец меў сваю зборню. «Пахуўскія» збіраліся звычайна ў Кавалішынай Вольгі, «вулічныя», куды была «прапісана» і Марыля, - часцей у Яворскіх. Сям'я Яворскіх была бедная, можа, адна з самых бедных у вёсцы, але ніколі ў іхняй хаце не панавалі ні смутак, ні скруха. Завадатарамі былі тры дарослыя дзеўкі. Вясёлыя, галасістыя, яны хвіліны не маглі сядзець без жарту, без песні. Не адставала ад дачок і гаспадыня - пявуха была ўга якая!

Да Яворскіх той зімой стаў заходжваць і Кандрат. Хоць жыў ён у пахуўскім канцы. А існавала няпісанае правіла: кожны трымаецца сваёй зборні. І калі хто з хлопцаў асмельваўся парушыць правіла, такога адводзілі ўбок і строга казалі: «Табе што, сваіх дзевак мала? Глядзі, а то...»

Кандрат з зацятай упартасцю працягваў хадзіць. Не пабаяўся пагроз.

Так яны і сустрэліся ў Яворскіх.

Марыля пры камінку вышывала ручнік. Дзяўчаты, кожная занятая сваім, ціха спявалі. Хлопцы сядзелі воддаль, лушчылі гарбузікі. Дражніліся:

- Маня, у цябе ж нітка крывая выходзіць, глянь!

Альбо:

- Гэля, а што гэто ў цябе адно вока глядзіць улева, а другое - управа?

Ці яшчэ што прыдумлялі.

Кандрат сядзеў якраз насупраць Марылі. Яна адчувала, што ён увесь час глядзіць на яе. Гэта яе бянтэжыла. Яна збівалася - то не дашывала крыжык, то рабіла лішні, паспешліва перарабляла. Адважылася: узняла галаву - Кандратаў позірк як бы апаліў яе...

Марыля пасядзела яшчэ трохі і стала збірацца.

- Пайду ўжэ, - сказала абыякава. - Позно.

- Якое там позно! - азвалася Яніна, дачка Яворскіх. - Пасядзі, Марылько. Першы ж раз у нас...

- Заўтра рано ўставаць. Едзем з бацькам на балото па сено.

- Ёй нельга: куры ж даўно на седале! - кінуў нехта з хлопцаў з'едліва, і ўсе зарагаталі.

Марылю як абдало варам - схапіла пад паху сваю работу і выскачыла з хаты...

І калі б хто сказаў ёй тады, што ўсяго праз паўгода яна пойдзе замуж за Кандрата, што іх лёсы сыдуцца - не паверыла б і слухаць не стала б. Бо нават тады, калі бацька павёў ужо гаворку пра замуж і ўпамянуў Кандрата Падгародцавага, яна хоць спачатку і абрадавалася была, але нават тады, разважыўшы пасля на адзіноце, абурылася: «Што, у яго самога мову адняло? Праз бацьку перагаворы вядзе». І цвёрда рашыла: «Не пайду! Хай і не думае...»

Яе нечаканая ўпартасць расстроіла бацьку, сваякоў. Яны ж гвалт як хацелі парадніцца з Падгародцамі. А Марыля ўперлася на сваім, і ўсё. Доўга не маглі ўгаварыць.

«Гэто ж трэба! Як цялушку якую таргуе з бацькам. Мне нават слова не сказаў, не папытаўса. За малую палічыў. Ну дак няхай і чакае, пакуль вырасту!»

Пазней, калі ўжо яны жылі разам і неяк пра гэта зайшла гаворка, Кандрат, апраўдваючыся, прызнаўся, што вельмі баяўся тады, каб і яна, Марыля, не адкінулася ад яго, і таму спярша паслаў ганцоў да бацькі.

Жылі яны з Кандратам без асаблівых любошчаў, але каб і сварыцца вельмі, то не сварыліся, няма чаго Бога гнявіць. Яднала іх праца. Восем дзесяцін поля, якое дасталося Кандрату па спадчыне, ды яшчэ ладны кавалак сенажаці на Востраве - патрабавалі, канечне, рук, сілы. І хоць маладыя яны абое былі, здаровыя, у самай, як кажуць, сіле, але каб управіцца, давесці ўсё да ладу, даводзілася рачкаваць на тым полі з цямна да цямна. Прывыклая, прагная да работы, Марыля і сябе не шкадавала, і мужу літасці не давала.

Кандрат, праўда, аказаўся гаспадар гультаяваты, лядашчы. Першы год яшчэ сяк-так - было нейкае і жаданне, і старанне. А пасля, як убачыў, што жонка ў яго трывушчая, можа пацягнуць за дваіх, стаў агінацца, усё часцей і часцей прыдумваць сабе розныя зачэпкі, абы толькі не рабіць. То ў яго жывот забаліць, то галава. Праўда, калі ўжо за нешта браўся, то браўся сур'ёзна і, што б там ні было, са сваёй зацятай упартасцю даводзіў работу да канца.

Што яшчэ падабалася Марылі ў сваім мужу? Кандрат ніколі не квапіўся на чужое. Нават калі тое будзе часам і кепска ляжаць, і само, як кажуць, просіцца ў рукі, - бокам абыдзе, а не возьме.

А от да гаспадаркі - не вельмі. Усё больш даводзілася ёй адной кідацца. Рабіць і сваю работу, і мужчынскую. І рабіла, не скардзілася. Адно толькі, што не ўмела касіць ды араць. Астатняе рабіла ўсё.

Напрацавалася яна тады, хлебянула таго багацця - поўнай мерай! Рукі да гэтага часу тузае - ніяк не могуць супакоіцца жылы, гэтак яна папарвала іх тады.

А што, калі разабрацца, мелі? Агоралі сяк-так людскага каня. Ну, трымалі двое каровак, свінчо нейкае... А сала, малака паесці ўволю не маглі. Пакідалі толькі нейкую драбніцу дзецям, астатняе - прадавалі. Трэба былі грошы - і на хату, што даўно збіраліся ставіць, і на гаспадарку, дзе заўсёды нямала розных дзірак.

Помняцца, добра помняцца ёй і галодныя пасляваенныя зімы. У адну з такіх зім пайшла па вёсцы клопатная, трывожная чутка, нібыта вясною будуць забіраць ва ўсіх зямлю, коней, кароў, аб'ядноўваць у адно і рабіць нейкія калгасы. Захваляваліся людзі. Адны, каторыя бяднейшыя, гэтаму радаваліся, гаварылі, што ва ўсходніх раёнах такія калектыўныя гаспадаркі арганізаваліся ўжо даўно, яшчэ да вайны, і нічога, жывуць людзі, не скардзяцца. Другія ж, як Хвелькі, у каторых і поле, і іншага дабра было многа, страшылі, казалі, што забіраць будуць нават хаты. А як гэта можна чалавеку без сваёй хаты? Таму трэба ўсяляк адбівацца, гуртам бараніцца ад таго калгаса.

Маўклівы, пануры хадзіў у тыя дні і Кандрат. Ён верыў чуткам і не верыў. Аднойчы, ужо напрадвесні, у хату да іх пастукаўся, зайшоў старшыня сельсавета Мікіта Занкавец. Мікіта быў свой чалавек, тутэйшы, але і па грамаце, і па тым, як ён сябе трымаў, апранаўся, адрозніваўся ад вяскоўцаў; нават гаварыў ужо не па-дубровенску, а неяк інакш, больш культурна. Да вайны, пры тых Саветах яшчэ Мікіту, як самага граматнага з вёскі, прынялі ў партыю, паставілі сакратаром у сельсавеце. У вайну ён быў камісарам у партызанах. Пасля ваяваў на фронце. Там жа яго і пакалечыла - адарвала снарадам руку. Вярнуўся ў сельсавет назад, цяпер ужо старшынёю.

Мікіта старанна абмёў венікам запэцканыя ў гразь боты, павітаўся, прысеў на лаву. Палажыў свой адзіны кулак на калені. Левае рукаво было акуратна запраўлена пад шырокую папругу. Павёў вачыма па хаце, спыніў позірк на гаспадару.

- У цібя, Кандрат, чыво-нібудзь закурыць найдзёцца?

- Чаму ж... - палез Кандрат у кішэню, дастаў мяшэчак з раменнаю зашмаргай. - Во, свежы. Толькі што накрышыў.

Мікіта ўзяў тытуню ў шчопаць, высыпаў яго ў газетны шматок і, памагаючы барадой, лоўка згарнуў цыгарэту.

Закурылі.

Марыля моўчкі сядзела ля грубкі і затоена, са страхам чакала, што скажа старшыня. Не так жа сабе ён прыйшоў...

- Дзела ёсць, - загаварыў нарэшце Мікіта і для важнасці кашлянуў. - Дзела гасударственнай важнасці. - Выпусціў з рота дым, кашлянуў зноў: - Кгм... У етым гаду, як вы ўжо, напэўна, чулі, у нашай дзярэўні арганізуецца калхоз. Сабыціе, так сказаць, ісключыцельнай важнасці. Мне паручана, каб я правёў сярод насяленія раз'ясніцельную работу. Першым я рашыў зайсці да цібя, Кандрат. Чаму? Січас аб'ясню. Ты ў нас хто?

- Як - хто? - здзіўлена глянуў на Мікіту Кандрат. - Чалавек.

- Э-э, «чалавек»... - узняў старшыня ўгару свой пракураны палец. - Чалавек чалавеку, брат, ба-аль-шая разніца. Аднаго, скажам, у дзярэўні слухаюць, адносяцца да яго ўважыцельна, а другога - як бы і не бачаць. Цібя, Кандрат, паважаюць, тваё слова мае аўтарыцет. І калі ты першым уступіш у калхоз, то за табою пойдуць і астальныя.

Кандрат памаўчаў, сказаў разважліва:

- Уступіць яно не штука... А ты вот скажы, ці праўду гэто баюць, нібыта забіраць будуць не толькі коней, кароў, але і хаты?

Мікіта аж папярхнуўся дымам:

- Какія каровы? Какія хаты? Брахня ўсё гэта! Кулацкія выдумкі! Абабшчаствляць будуць толькі зямлю і лашадзей.

- Угу... Зямлю, кажаш, і лашадзей. А скажы мне, можа, чытаў у газетах, як людзі жывуць у гэтых калхозах?

- Замячацельно! Хаты-чытальні ёсць. Кіно. Саўсім, брат, іншая жызнь!

Кандрат не сказаў болей ані слова. Ні ўхвалы, ні асуджэння пачутаму. І нішто нават не зварухнулася на яго панурым твары.

Марыля ведала: у такія хвіліны лепш не лезці да яго са сваімі роспытамі. І не чапала мужа. Чула толькі, як уначы той усё варочаўся, уздыхаў на ложку за печчу. Лёгка сказаць: уступі, аддай... А навошта? Каму? З чым застанешся сам? Як жыць без поля, якое карміла і апранала, на якім перабрана, абласкана кожная грудачка? Здавалася, што рушыцца ўсё, што з такім клопатам, з такой цяжкасцю набывалася. Рушыцца сама аснова, і жыццё пасля гэтага страціць усялякі сэнс.

Раніцаю Кандрат сеў за стол і, не дакранаючыся да яды, што стаяла перад ім, сказаў:

- От што. Схаджу я зараз да Мікалая Лантуха, пагавару яшчэ з ім... Але гавары не гавары, а трэба, мусіць, уступаць. Горш не будзе. Паглядзім.

- Дак а чаго спяшацца? Хай бы... - пачала было Марыля, але Кандрат так бліснуў на яе вачыма, што яна ўмомант асеклася. Толькі залілася слязьмі...

Калгас арганізаваўся той жа вясною. У ліку першых падаў сваю заяву Кандрат. Надзіва спакойна прыняў ён тое, што ёй здавалася такім незразумелым, страшным і дзікім. Можа, ён што ў душы і перажываў, але выгляду не паказваў. Разам з камісіяй перамераў сваю, а цяпер ужо як бы і не сваю зямлю, падпісаў акт, памог разабраць пуню і перавезці яе на другі канец вёскі, дзе меўся быць калгасны пляц, сабраў і адвёз туды разам з возам, саньмі і рознае начынне - хамуты, пастромкі, плуг, барану... Сабе пакінуў толькі новыя, нядаўна купленыя ў Лагішыне лейцы.

«Абыдуцца і без іх...» - буркнуў ён, перакладваючы лейцы з сянец, дзе яны віселі на сцяне, у запыленую скрыню на гарышчы.

Не стрымаўся ж Кандрат, калі аддаваў каня - свайго любімца Жука. Што гэта быў за конь! Прыгожы, вараны, з зорачкай на лбе. Дужы, як цяперашні трактар. Бывала, каля Дзеевай гары ніхто не мог, гружаны, пераехаць тую пясчугу, абавязкова трэба было альбо гуртам папіхаць воз, альбо пераносіцца. А іхні Жук як бы і не чуў вагі, нават не прыпыняўся, каб перадыхнуць.

А ўжо які быў разумны! Пугу Кандрат ніколі і не браў, хіба што едучы куды ў мястэчка - для форсу. Ды і лейцамі тузаць не трэба было, скажы толькі «но-о!», а ён ужо сам ведае і куды ісці, і дзе стаць.

Любіў Кандрат таго каня, ганарыўся ім. І даглядаў, не раўнуючы, як дзіця якое. Калі, адкуль ні вярнуўся б - спачатку дагледзіць каня, а пасля ўжо сядзе за стол сам.

І от вывеў ён свайго Жука з хлява апошні раз, абняў яго за шыю - і слова сказаць не можа. Адно толькі крывяцца, дрыжаць губы. Конь, як усё адно адчуў, што гаспадар развітваецца з ім назаўсёды, паклаў голаў Кандрату на плячо і заціх, заморгаў вялікім і сумным вокам, гатовы, як чалавек, заплакаць...

Сталі яны жыць у калгасе.

Непрывычна было спярша, трудна. Межы зааралі, а чым сеяць, як сеяць - ніхто не ведае. Ні насення няма, ні гною. Бяда... Мікіта Занкавец, якога выбралі за старшыню, ажно ахрып у тое лета, бегаючы ад хаты да хаты, упрошваючы людзей падзяліцца гноем.

Сяк-так адсеяліся, але ў першую восень ураджай сабралі небагаты. Настрой у многіх апаў. Мікіта, калі збіраліся на сходы, як мог, падбадзёрваў людзей, угаворваў іх не пужацца «ўрэменных труднасцей».

- Ну, што вы хаціце? - даводзіў ён горача, цярпліва. - Гэта ж тока начала. Мы ж тока вучымся. І то унь змаглі і гасударственныя пастаўкі здаць, і семянны фонд засыпаць, і вам сёе-тое выдаць на трудадзень. Нашы труднасці - урэменныя, паверце мне!

Яно і праўда. Трудна было толькі спачатку. А тады як год - то ўсё лепш і лепш. Асушылі балота, сталі сеяць на ім кок-сагыз, каноплі, цукровыя буракі... Узняўся калгас на ногі, а пры Чэкане выбіўся нават у мільянеры.

Шанцавала ім на старшынь. То быў Мікіта. Як-ніяк, а ўсё ж свой чалавек. І людзей знаў, і людзі яго зналі. І хоць невялікі быў грамацей, а гаспадарку вёў з толкам. Пасля, калі калгас пабагацеў, набраў моцы, калі немаладому ўжо Мікіту стала не пад сілу спраўляцца з такой гаспадаркай, паявіўся Чэкан. Пры ім калгас загрымеў на ўвесь раён. От дзе ў каго было энергіі, развароту. Работа і падарвала яго - не вытрымала сэрца. На хаду і памёр.

Апанасенка, што прыйшоў пасля Чэкана, здаўся чалавекам залішне спакойным, нават абыякавым. Ён не спяшаўся ламаць старое, не рваўся скарэй заводзіць свае парадкі. Прыглядваўся, раіўся - што і як - з людзьмі. І паціху, паціху - павёў калгас. Ды яшчэ як павёў! Ужо не толькі ў раёне сталі пра яго ведаць, а і далей. Іхнюю бульбу, капусту, кукурузу ажно ў Маскву вазілі на выстаўку. Клуб новы паставілі, школу, краму, дзіцячы сад. А якія кароўнікі, свінарнікі... Уга, як зажылі!

Што і казаць, разумны быў чалавек. Галава! Падыход да людзей меў, бачыў кожнага, хто да чаго здатны, як з кім можна гаварыць. Не тое што гэты цяперашні Жамойда. Ён не толькі пагаварыць, а нават павітацца з чалавекам па-людску не ўмее. Асядлае свайго «казла» з раніцы і цэлы дзень лётае, лётае, як тая ведзьма на памяле. Толькі пыл ззаду курыцца.

О-хо-хо... Колькі ж ёю ўсяго перажыта і перабачана за жыццё! Іншы раз нават здаецца, што яна ўжо жыве даўно-даўно, амаль вечна. Нарадзілася яшчэ да рэвалюцыі, перабыла паншчыну, адну вайну, другую, пасляваенную галадуху... Нацярпелася за гэтыя гады - на дзесяцярых, як кажуць, хапіла б.

Але яна на сваю долю не наракае. Не. Бо было ў яе жыцці не толькі кепскае, а і добрае, светлае. Іншы раз ёй нават здаецца, што людзі ў тыя гады жылі цікавей, больш дружна, адкрыта. Умелі радавацца і чужому шчасцю, і паспагадаць чужому гору. Цяпер усе жывуць багата, не параўнаць з тым, як жылі раней. Толькі багацце гэтае пачало як бы раз'ядноўваць людзей, заганяць тлушчам іх сэрцы і душы.

Яна заўважае гэта і па сваіх дзецях, сваіх унуках.

Не, усё ж такі як жалеза - каб яно было крапчэйшае - загартоўваюць халоднай вадой, так і чалавек павінен праходзіць праз цяжкасці, выпрабаванні. Інакш, у сытасці і дастатку, ён слабее духам, бяднейшы становіцца душою.


23

Пэўна, кожная маці не можа быць поўнасцю шчаслівая, спакойная, калі нешта не ладзіцца ў яе дзяцей, калі некаму з іх кепска, трывожна. Матчына душа баліць за ўсіх і за ўсё.

Баліць, баліць душа за сваіх дзяцей і ў яе, Марылі. Найперш, канечне, за дачку. Як магло здарыцца, што грошы, багацце сталі ёй даражэй за ўсё? Калі гэта пачалося? Няўжо яшчэ тады, як маленькай песцілі яе і дагаджалі, пакідаючы ёй самае лепшае, самае смачнае? Ці, можа, гэта хвароба абудзілася пазней ужо, як выйшла замуж і гаспадарлівы Віктар узяўся ладзіць сваё гняздо? Сані захацелася, каб не толькі хата, але і ў хаце было лепш, багацей, як у іншых. Купілі «Жыгулі». Але ці будзе гэтаму які канец?

Нейкая трывога паявілася ў Марылі і за Алеся. Асабліва пасля апошняга гасцявання. Не панаравілася ёй, што сын не ўзяўся памагчы Валі. Нельга гэтак чужацца, нельга...

Хаця наўрад ці яе меншы стане такі, як Саня. Не падобна гэта на Алеся. У яго зусім іншае ў галаве. Толькі й ведае, што правіць свае кнігі. Іншага багацця ў хаце й няма. А Валю ён, канечне, возьме да сябе. Як атрымае новую кватэру. Возьме. От толькі калі яму дадуць гэту кватэру? У апошнім пісьме Алесь паведамляў, што нядаўна на сходзе сказаў нешта такое на начальніка, і той прыгразіў, што не бачыць яму кватэры як сваіх вушэй. І навошта яму было ў гэта ўлазіць? А ўсё характар яго дурны. Такі ж, як і ў Кандрата. Той калісьці, бывала, таксама змаўчаць не мог, калі што якое. Усе будуць маўчаць, а яму абавязкова трэба вытыркнуцца. Я, кажа, не люблю, калі нешта робіцца несправядліва. Трэба, каб усё было па-чэснаму, па совесці. Гэтая яго совесць і не давала яму спакою ўсё жыццё. Нават тыя няшчасныя лейцы, якія быў прыхаваў, і то доўга не змог трымаць, увесь перамучыўся, спаць не мог, пакуль не аднёс іх, не аддаў конюхам.

Так от цяпер і Алесь. Нажыў сабе ворага, нарабіў непрыемнасцей. А чаго дабіўся? Алесь, праўда, супакойвае: усё будзе добра. Дай жа Бог... Толькі трывожна нешта ў яе на душы, трывожна. Цяперашнія прахадзімцы нічога не баяцца. Што хочуць, тое і робяць.

Узяць іхняга Жамойду. Колькі ўжо людзі пісалі - і ў газету, і ў раён, а што толку? Якая б камісія ні прыехала, у Жамойды адзін козыр: калгас не горшы? Не горшы. План выконваем? Выконваем. Чаго яшчэ хочаце?

Зайшла была неяк да Жамойды і яна. Доўга мучылася: ісці альбо не ісці? І трэба было, і баялася - як з гэтым воўкам пагаварыць? Яшчэ вызверыцца, з кабінета прагоніць. Усё ж наважылася, пайшла. Ранічкаю, да нараду. Ведала: калі ў гэты час старшыню не застанеш, то пасля ўжо не зловіш цэлы дзень.

Жамойда быў у канторы.

Яна пачакала, пакуль з кабінета выйдуць брыгадзіры, пастукалася. Не пачуўшы адказу, асцярожна прачыніла дзверы:

- Можно да вас, прысядацель?

Жамойда нешта пісаў. Не адрываючы галавы ад папер, буркнуў:

- Што там у цябе? Хутчэй!

Марыля міжволі азірнулася, падумала, можа, за ёю яшчэ хто зайшоў, маладзейшы, каму Жамойда гаворыць «ты». Але не, яна была адна. Значыць, ён гаворыць да яе.

- Што ў мяне... - зніякавела Марыля, не ведаючы, ці то ісці далей, ці то стаяць тут у парозе. Ступіла ўсё ж бліжэй да стала, сказала: - Бяда ў мяне, прысядацель...

- Якая яшчэ бяда? - Жамойда працягваў размашыста, хапатліва падпісваць нейкія паперы.

Марыля пакамечыла ражок хусткі, уздыхнула:

- Сын п'е...

- От адкрыццё!

- Дак мой жэ вельмо ўжэ. Не дай Бог... Без меры...

- Як завуць?

- Каго - мяне?

- Ды сына, сына! - паморшчыўся Жамойда.

- Сына?.. Янак... Іван, - з гатоўнасцю сказала яна. - Манцёрам у вас робіць. Па эляктрычаству. Ага.

- Іван? - Жамойда падняў галаву і здзіўлена глянуў на Марылю. - А ты, значыць, маці Івана?

- Маці, ага.

- Прыйшла, значыць, скардзіцца на свайго сына?

- Я не скардзіцца, не.

Марыля спалохалася, што вось зараз «прысядацель» раззлуецца і, не пагаварыўшы, выставіць яе за дзверы: Жамойда не любіў, калі хто-небудзь скардзіўся. І таму яна паспешліва паўтарыла:

- Не, не, я не скардзіцца. Параіцца з вамі хачу, якую шукаць раду.

- А чаго шукаць? - Жамойда падпісаў апошнюю паперу і павярнуўся да нейкага апарата, што стаяў на століку злева, націснуў кнопку: - Можаш забіраць...

Згробшы паперы ў папку, аддаў яе бухгалтарцы, якая амаль подбежкам ускочыла і выскачыла з кабінета.

- Чаго шукаць? - сказаў Жамойда і зноў глянуў на Марылю. Глянуў цяжка, ваўкавата. - У нас да твайго сына ніякіх прэтэнзій няма. З работай спраўляецца. П'яным яго я не бачыў. А што дома ці пасля работы - гэта ўжо не мая справа. Звяртайся, цётка, да ўчастковага. Вось так!

І ён падняўся з-за стала, ступіў да вешалкі...

Янак... Яе самая вялікая, самая балючая трывога. Мусіць, ужо ён так і не кіне піць. Не кіне...

Што нарабіла праклятая гарэлка! Такога хлопца загубіла! Такога хлопца... А хіба толькі яго аднаго?

Не, пры ранейшых старшынях такога ў іх не было. Тыя ўсё ж бачылі чалавека, думалі, дбалі пра яго душу. А гэты на вочы нікога не напускае. Нельга так з людзьмі абыходзіцца... «Гэта не мая справа. Звяртайся да ўчастковага». Трэба ж такое сказаць...

Хадзіла яна тады і да ўчастковага. Сорамна было, няёмка, але што зробіш? Калі прыпрэ бяда - да самога Люцыпара пойдзеш. Ну і што той участковы? Выслухаў, памяўся і кажа:

- Пішыце заяву - будзем прыўлякаць да атветственнасці.

Марыля ажно спалохалася:

- Не, не, вы не прыўлякайце. Вы толькі пастрашце. Пастрашце яго, коб болей не піў. А калі будзе піць, то скажыце, што пасадзіце ў турму.

- Вы, цётка, і самі не ведаеце, чаго хочаце, - развёў рукамі ўчастковы.

От і ўся размова.

А самае страшнае, што піў ўжо не толькі Янак, але і Міша. Яго самы меншы, які скончыў васьмігодку і застаўся ў калгасе, за пастуха. Грошы палучаў немалыя, от і раздурыўся. Дык Янак хоць і нап'ецца, але калі яго не чапаць, то прыйдзе і ціха ляжа, а гэты ж, - смаркач, - так і глядзіць, каб дзе што зламаць, скрышыць, пускаецца біцца, хай Бог крые, нават да бацькі. Перапужаў быў нядаўна ўсіх да паўсмерці.

Якраз заходзіла нядзеля. Яны ўжо і спаць ляглі. Віктар нават добра захроп. І раптам у акно, што з двара, нехта пастукаў - спачатку асцярожна, нясмела, а тады больш рашуча, моцна.

Марыля ўсхапілася са свайго тапчана, кінулася на кухню. Але дзе ты там у цемені што разгледзіш, бачна толькі - стаіць нехта пад акном, расхлістаны, рукамі махае.

- Віцько! - разбудзіла яна зяця. - Устань-но, Віцько! Нейкі чалавек там, на двары. Выйдзі паглядзі, чаго яму трэба.

Віктар накінуў паліто, выйшаў у сенцы. Назад вярнуўся з Янакам!

Той быў увесь скрываўлены, валасы растрэпленыя, сарочка да пояса парвана. І - босы! А на вуліцы ж ужо не лета - гразь, холад.

Яна, як убачыла яго такога, - і рукі сашчапіла:

- А Божухно ж ты мой! А што ж гэто з табою?

- Ціха, мама. Паўліка перапужаеце, - сказаў Віктар. - Дайце лепш вады памыцца.

- Не, я хачу спярша патэлефанаваць, - запярэчыў Янак, а ў самога рукі трасуцца, зуб на зуб не трапляе.

- Патэлефануеш, патэлефануеш. Паспееш... - павёў яго да ўмывальніка Віктар.

Калі Янак крыху ачомаўся, Марыля кінулася да яго з роспытамі:

- Дзе ж гэто ты так, сынок? Хто цябе гэтак скрывавіў?

- Хто, кажаце? - Янак пакратаў рукою верхнюю губу, што распухла, сачылася крывёю. - А мне цяпер нікога шукаць не трэба. Свой бандзіт дома ёсць. Дажыўся, маць яго так!

- Няўжэ ж Міша?

- А то хто ж.

- Ох, людачкі! І чаго ж гэто ён?

- А я знаю - чаго? Што гэтаму гаду ў галаву ўлезла? Ляжаў я на печы, спаў, а ён прыйшоў, святло ўключыў і давай па хаце хадзіць - то па сталу кулаком грукне, то нагой табурэтку таўхане. Рукі свярбелі. Ну я ляжу, маўчу. Паверце, мамо, ні слова яму не сказаў. А ён убачыў, што я ляжу, і да мяне. «А, кажа, стары чорт. І ты тут?» Ды за валасы і давай цягнуць мяне з печы. Звалок. Тут мы і счапіліся. Але ж ён, гад, здаровы, што я магу з ім зрабіць? Як схапіў ён за горла, дык і дыхаць не магу. Злаўчыўся я ды за патлы яго! Чую - аслаблі рукі. Я тады вырваўся - і ходу. А так задушыў бы...

Янак шумна, зусім па-дзіцячы шмаргануў носам і змоўк. Худы, увесь нейкі разгублена-няшчасны, ён сядзеў на табурэтцы прыгорблена і самотна.

- От бачыш, сынок, - паківала галавою Марыля, - што робяць гэтыя п'янкі. Да чаго яны даводзяць. Гэто ж страшно падумаць, коб роднае дзіця ды падняло руку на бацьку...

Янак раптам парывіста падхапіўся:

- Я яму, гаду, не дарую! Я зараз патэлефаную ў міліцыю - хай забіраюць гэтага вырадка! Хай робяць з ім што хочуць! Не сын мне ён пасля гэтага.

- Не гарачыся, - узяў яго за плечы Віктар і пасадзіў зноў. - Не гарачыся. Патэлефанаваць мы паспеем і заўтра. Нікуды не дзенецца твой Міша. Няма чаго сярод ночы калаціцца. Давай от лепш распранайся ды кладзіся ў нас спаць.

- І праўда, сынок. Я пайду пасцялю...

- Ладна. Чорт з ім, - паслухмяна абмяк Янак. - Нешта калоціць мяне ўсяго...

Янак распрануўся, пайшоў спаць. А яна так і не звяла тады вачэй, праплакала цалюткую ноч...

Марыля адчула, як важкая, пякучая слязіна выкацілася раптам з вока і ціхенька паплыла па шчацэ, за вуха. Яна выпрастала руку з-пад кажуха і памкнулася выцерці гэту няпрошаную слязу, але як толькі ўзняла руку - востры боль пранізаў яе ўсю, аж да пят. Зноў пякельна, невыцерпна запякло ў грудзях.

«Няўжэ гэто ўжэ канец? Няўжэ гэто прыйшла мая пара? Так скоро... Чаму? Навошто?..»

Як баліць сэрца!.. Ніколі яшчэ не балела гэтак. Не зразумець толькі, чаго яно так усхадзілася - ці то ад свайго ўласнага болю, ці ад яе горкіх, балючых успамінаў? І душна неяк стала ў хаце, млосна. Дыхаць цяжка-цяжка...

Госпадзі! Якая ж доўгая, пакутлівая ноч... Ці будзе калі тое світанне? Хоць бы не памерці тут адной. Пабачыць перад смерцю дзяцей. Сказаць ім хоць слоўца... Сказаць, каб жылі хораша, дружна, па совесці... Не трацілі свайго жыцця на пустое, нікчэмнае. Бо жыццё, хоць яно і доўгае, але разам з тым і такое імгненнае... Як знічка! Не загубіце ж яго, дзеці... людзі...


24

На досвітку Янак, даўшы карове сена, вяртаўся назад у хату. Зірнуў на матчын двор і, здзіўлены, спыніўся: дзверы ў сенцы былі насцеж адчынены. Маці? У такую рань? Але чаму ж тады не гарыць у вокнах святло? А мо які злодзей?

Янак праз агарод пайшоў да матчынай хаты. Зазірнуў у сені.

- Хто тут?

З-пад ног з кудахтаннем шуснулі на двор спалоханыя куры.

У сенцах нікога не было. Толькі валялася пасярод падлогі перакуленая курамі міска з падзёўбленымі агуркамі-насеннікамі.

Ціха, пуста было і ў хаце.

Янак агледзеўся - усё як быццам стаяла на сваіх месцах. Хацеў ужо ісці назад, рашыўшы, што гэта, мабыць, прыходзіла маці і забылася замкнуць дзверы, а ноччу іх адчыніла ветрам. Але з-за печы пачуўся раптам не то голас, не то нейкі скрып.

Янак глянуў за печ.

- Мамо! А чаго гэта вы тут?

Марыля хацела азвацца, што-небудзь сказаць, але не было сілы нават расціснуць вусны.

-Мамо, што з вамі? Што-небудзь баліць?

Яна толькі расплюшчыла вочы і заплюшчыла зноў.

- Я зараз, мамо!.. Я да Віктара. Патэлефаную толькі ў «Скорую». Я зараз...

Неўзабаве ў хату ўбеглі перапалоханыя Саня і Віктар.

- От яны, вашы капрызы! Бокам выходзяць... - Пачала было Саня, але Віктар, абарваўшы яе, прыкрыкнуў:

- Ціха ты! Давай хутчэй лякарства. Ды вады, вады прынясіце...

Праз паўгадзіны прыехала «хуткая».

Яна з віскатам спынілася ля весніц, і з кабіны нетаропка вылез малады мужчына з карычневым пузатым чамаданчыкам.

Саня, якая ўжо хвілін з дзесяць чакала машыну на вуліцы, кінулася да мужчыны:

- Скарэй, доктарко... Скарэй, родненькі... І не варушыцца ўжо, і не азываецца. На вас уся надзея. Ох, бяда-бяда!..

Доктар зайшоў у хату і толькі глянуў на Марылін твар, адразу, нічога не пытаючыся, палез у свой чамаданчык, дастаў шпрыц. Зрабіў укол, доўга слухаў яе сэрца. Нарэшце падняўся, загадаў:

- Прынясіце з машыны насілкі!

Калі Марылю асцярожна падымалі з ложка, яна расплюшчыла вочы і слаба, ледзь чутна выдыхнула, папрасіла:

- Алесю... Алесю патэлефануйце... Я ўжэ... мусіць...

- Добра, мама, добра, - нахіліўся над ёй Віктар. - Патэлефануем.

У бальніцу хацелі ехаць абодва - і Янак, і Віктар. Але доктар сказаў:

- Не трэба. Хопіць аднаго.

У машыне застаўся Віктар. Янак і Саня вярнуліся ў хату.

Узыходзіла сонца. Яго першыя промні залацілі пажаўцелае лісце старога ясеня, што рос пад сцяною. Святлела, вышэйшае рабілася неба. На двары, залопаўшы крыламі, пракукарэкаў запознены певень. Пад акном, у бадыллі завялых вяргінь, усчалі шумную валтузню вераб'і.

Жывое абуджалася да жыцця, да сваіх звычных, кожнадзённых клопатаў.

А ў самой хаце - стаяла мёртвая цішыня. Абапёршыся на стол, пануры, бы скамянелы, думаў нейкую сваю думу Янак. Ля печы ціха, моўчкі плакала Саня...

Востра пахла лякарствам і яшчэ нечым, няўлоўна-трывожным, што заўсёды прыносіць з сабою бяда.