КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 710764 томов
Объем библиотеки - 1390 Гб.
Всего авторов - 273979
Пользователей - 124938

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

Stix_razrushitel про Дебров: Звездный странник-2. Тропы миров (Альтернативная история)

выложено не до конца книги

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Михаил Самороков про Мусаниф: Физрук (Боевая фантастика)

Начал читать. Очень хорошо. Слог, юмор, сюжет вменяемый.
Четыре с плюсом.
Заканчиваю читать. Очень хорошо. И чем-то на Славу Сэ похоже.
Из недочётов - редкие!!! очепятки, и кое-где тся-ться, но некритично абсолютно.
Зачёт.

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
Влад и мир про Д'Камертон: Странник (Приключения)

Начал читать первую книгу и увидел, что данный автор натурально гадит на чужой труд по данной теме Стикс. Если нормальные авторы уважают работу и правила создателей Стикса, то данный автор нет. Если стикс дарит один случайный навык, а следующие только раскачкой жемчугом, то данный урод вставил в наглую вписал правила игр РПГ с прокачкой любых навыков от любых действий и убийств. Качает все сразу.Не люблю паразитов гадящих на чужой

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 2 за, 1 против).
Влад и мир про Коновалов: Маг имперской экспедиции (Попаданцы)

Книга из серии тупой и ещё тупей. Автор гениален в своей тупости. ГГ у него вместо узнавания прошлого тела, хотя бы что он делает на корабле и его задачи, интересуется биологией места экспедиции. Магию он изучает самым глупым образом. Методам втыка, причем резко прогрессирует без обучения от колебаний воздуха до левитации шлюпки с пассажирами. Выпавшую из рук японца катану он подхватил телекинезом, не снимая с трупа ножен, но они

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 1 за, 1 против).
desertrat про Атыгаев: Юниты (Киберпанк)

Как концепция - отлично. Но с технической точки зрения использования мощностей - не продумано. Примитивная реклама не самое эфективное использование таких мощностей.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

Гэпварт, 16, 1924 [Сэлинджер Джером Дэвид] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




Джэрам Дэйвід СЭЛІНДЖЭР


ГЭПВАРТ, 16, 1924


Мушу напачатку даць пэўныя звесткі, самыя простыя і неабходныя: па-першае, мяне завуць Бады Глас, і ладню жыцця — вельмі мажліва, што ўсе сорак шэсць гадоў — я пачуваўся так, нібыта мяне дзесьці ўстанавілі, як мае быць зманціравалі і момантамі ўторквалі ў разетку, каб я праліў крыху святла на кароткае і заблытанае жыццё старэйшага майго брата, ужо нябожчыка, Сімара Гласа, які памёр, учыніў самагубства, палічыў за лепшае абарваць жыццё яшчэ у 1948, маючы трыццаць адзін год.


Я збіраюся адразу ж, ці й не на гэтым самым аркушы паперы, пачаць друкаваць дакладную копію Сімарава ліста, пра існаванне якога я не падазраваў чатыры гадзіны назад. Мая маці, Бэсі Глас, даслала яго заказным.

Сёння пятніца. У апошнюю сераду ўвечары па тэлефоне я сказаў Бэсі, што ўжо колькі месяцаў пішу доўгае апавяданне пра адну не зусім звычайную вечарыну, якая адбылася, бо павінна была адбыцца, і на якую і яна, і Сімар, і бацька, і я — усе мы пайшлі аднаго вечара 1926 года. Гэты апошні факт мае, хоць і невялікае, але, мяркую, ледзь не цуднае дачыненне да нашага ліста. Так, “цуднае” — не дужа вабнае слова, але тут яно здаецца да месца.

Больш ніякіх каментароў, паўтару толькі, што я маю намер выдрукаваць дакладную копію ліста, слова ў слова, коска ў коску. Распачынаю. 28 мая 1965.


Лагер Сайман Гэпварт

Возера Гэпварт

Гэпварт, Мэйн

Гэпварт, 16, 1924, або

проста на лане ў багоў!!


Дарагія Бэсі Лэс, Бэатрыс, Уолтэр і Уэкер!


Буду пісаць за нас абодвух, як відаць, бо ж Бады бавіцца недзе, і невядома, дакуль. Ад шасцідзесяці да васьмідзесяці адсоткаў часу напэўна, як бы я ні здзіўляўся і ні засмучаўся, гэты цудоўны, няўлоўны, камічны хлопец бавіцца недзе ў іншым месцы! Перакананы, што вы сэрцам і пячонкамі адчуваеце, як страшэнна не стае нам вас усіх. На жаль, я нават не пешчу надзеі, што гэткае, з вашага боку, стасуецца да нас. Гэтае шкадаванне — прычына маёй не надта глыбокай, несур’ёзнай роспачы, хоць, зрэшты, не такой і несур’ёзнай. Заўжды да агіды прыкра: штосьці асягнуўшы сэрцам або целам, шукаць тады, як падтрымкі, ухвалы свайму чыну. Цалкам перакананы, што калі капялюш А. падчас шпацыру А. па вуліцы сарвала ветрам, то прыемны абавязак Б. падняць і ўручыць той А., не вывучаючы твар А. і не шукаючы на ім знакаў удзячнасці! Божа, няхай мне бракуе маёй каханай радзіны без шчымлівага спадзявання, што й ёй бракуе мяне гэтак жа, дай мне ўзбіцца на гэта! Тут патрэбны мацнейшы характар, неасягальны для такой размазні, як я. Божа, але ж чыстая праўда і тое, што Ты бязлітасна праследуеш чалавека, калі той проста ўспамінае! Як не хапае нам кожнага вашага няўрымслівага, жывога твару! Я нарадзіўся без ніякага апірышча на выпадак працяглай разлукі з роднымі людзьмі. Просты і смешны факт, які вярэдзіць душу: мая незалежнасць тонкая, што павуцінка, не гэтак, як у майго няўлоўнага малодшага брата і таварыша па летніку

Працяты думкай, як невыносна, і асабліва сёння, мне вас не стае (ледзь трываю, па праўдзе кажучы), у да датак я хапаюся за шчаслівую магчымасць ужыць сваё новае, хоць і цалкам трывіяльнае валоданне пісьмовай канструкцыяй і прыстойнай будовай сказа, як гэта падавалася ў той малой кніжачцы, адначасна неацэннай і нікчэмнай, над якой, вы бачылі, я сляпіў вочы на працягу тых няпростых дзён, што папярэднічалі нашаму ад’езду сюды. Хоць гэта вам страшэнна нудна, дарагія Бэсі і Лэс, раскошная ці проста зграбная канструкцыя сказаў займае юнага дурня накшталт мяне, валодаючы пэўнай мімалётнай значнасцю! У мяне тара спала б з плячэй, калі б сёлета мая сістэма пазбылася напышлівасці. Бо інакш магчымая мая будучыня як маладога паэта, вольнага навукоўца і шчырага, не сапсутага манернасцю чалавека, пад пагрозай. Прашу вас абодвух і, магчыма, міс Овэрман, калі раптам вы зойдзеце ў бібліятэку або завітаеце да міс Овэрман у вольны час, зірніце свежым вокам на ўсё, што я тут напісаў, а пасля неадкладна паведамце мне, ці не наткнуліся вы на грубыя хібы або проста на неахайнасць у будове сказаў, граматыцы, пунктуацыі, а мо на якую безгустоўнасць. Калі вы сапраўды натрапіце на міс Овэрман, зусім выпадкова ці знарок, калі ласка, папрасіце яе быць да мяне ў гэтай невялікай справе жорсткай, міла запэўніваючы яе, што мяне даводзяць да шаленства і непакояць пэўныя неадпаведныя непадабенствы, і сярод іншага, шырозны прагал паміж галасамі: маім жывым і тым, якім я прамаўляю з аркуша! Чуешся пагана і несамавіта з двума галасамі. I яшчэ, будзьце ласкавы, перадайце гэтай цудоўнай, вартай хваласпеву даме маю вечную любоў і пашану. Як бы я жадаў, каб вы, прызнаныя мае ўлюбёнцы, адкінулі прэч думкі пра яе як пра старамодную зануду. Аніякая яна не зануда. У гэтай малой лагоднай жанчынкі сціпла праглядвае вялікая прастата і слаўная моц духу невядомае гераіні Грамадзянскае ці Крымскае вайны, мажліва, найбольш хвалюючых войнаў некалькіх апошніх Стагоддзяў. Божа, прашу цябе, зрабі невялікую ласку, не забудзься, што гэтая годная жанчына і старая дзеўка не мае ў нашым стагоддзі ўтульнага жытла! Цяперашняе стагодцзе, на жаль, для яе суцэльная вульгарная турбацыя! У глыбіні душы яна з радасцю пражыла б рэшту сваіх гадоў у якасці мілай суседкі і сяброўкі Элізабэт і Джэйн Бэніт, да якое гэтыя чароўныя, хоць і неаднолькава, гераіні “Гордасці і прадузятасці" часцяком звярталіся б па разумную і практычную параду. Яна нават і не бібліятэкарка па прызванні, на жаль. Ва ўсялякім выпадку, калі ласка, падбярыце ёй як узор ладны кавалак гэтага пісьма, які не здасца вам занадта асабістым або вульгарным, адначасна пераконваючы яе не выносіць ізноў майму стылю занадта строгі вырак. Калі шчыра, мой стыль не варты ейнага напружанага цярпення, знясільвання, ды яшчэ зважаючы на вельмі няпэўнае адчуванне ёю рэальйасці. I яшчэ, калі казаць шчыра, пакуль мой стыль трохі палепшыцца (як я пасталею), робячыся ўсё менш і менш падобны на мову вар’ята, ён невыпраўляльны. Мая асабістая нестабільнасць і лішак эмоцый будуць выразна відаць, на маю бяду, у кожным росчырку пяра.

Бэсі! Лэс! Сябры мае дзеці! Магутны Божа, як не стае мне вас гэтым прыемным бесклапотным ранкам! Бледнае сонечнае святло струменіцца праз дужа прывабнае бруднае акно, а я вымушаны ляжаць тут у ложку. Вашы забаўныя, жвавыя, прыгожыя твары, магу запэўніць, як жывыя перада мною, як быццам яны падвешаны на цудоўных вяровачках, прымацаваных да столі! У абодвух у нас здароўе вельмі нават здавальняючае, Бэсі любая. Бады есць проста выдатна, калі страву можна ператравіць. Ежа тут сама па сабе не жахлівая, але гатуюць яе без каліва любасці або натхнення, кожная фасоліна і морквіна апынаецца на талерцы дзіцяці, цалкам пазбаўленая сваёй маленечкай расліннай душы. Становішча з ежаю магло б, я ўпэўнены, мігам змяніцца, калі б містэр і місіс Нэльсан, кухары, муж і жонка, з пекла родам, мяркуючы па маіх выпадковых назіраннях, толькі ўявілі сабе, што кожны хлапчук, які заходзіць у сталоўку, іхняе ўласнае любае дзіця, чыім бы нашчадкам яно ні было ў гэтым абліччы. Аднак, калі б вы мелі малапрыемную аказію некалькі хвілін пагутарыць з названымі асобамі, дык убачылі б: гэта было б, што кіем па вадзе, бескарысна. Неадольная млявасць скоўвае абаіх, змяняючыся прыступамі безразважнага гневу, і забівае ў іх усялякую волю і жаданне гатаваць прыемную, вартую пахвалы ежу або нават трымаць чысцюткім пагнуты срэбраны посуд на сталах. Выгляд адных толькі відэльцаў часта выклікае ў Бады шал. Ён імкнецца пераадолець гэта ў сабе, але брудны агідны відэлец ёсць брудны агідны відэлец. Да таго ж, апроч аднаго важнага кранальнага моманту, я нітрохі не маю права лагодзіць ягоную гняўлівасць: зважаючы на ягоны век і на тую ашаламляльную ролю, якую ён выконвае ў жыцці.

Усё абдумаўшы, прашу вас нічога не казаць міс Овэрман наконт майго стылю. Гэтак найлепш для яе, штодня цэлымі гадзінамі яна сядзіць, уткнуўшыся ў мой жахлівы стыль або гаворыць пра яго, пакуль душа не задаволіцца. Я ў неаплатным даўгу перад гэтай добрай жанчынай! Яна была гарліва вышкалена міністэрствам адукацыі. На вялікае няшчасце, мой завэдзганы стыль ды тое, што мяне ў той ці іншы дзень у апошнія гадзіны займае дужа часта — адзіныя тэмы для дыскусіі, якія здаюцца ёй цалкам адпаведныя і знаёмыя. Пакуль не ведаю, дзе я падвёў яе ў гэтым плане. Відаць, я збіў яе з тропу і мы пакіравалі не ў той бок, калі я быў меншы і ўвёў яе ў зман, нібыта я вельмі сур’ёзны хлопчык, бо чытаю ўсё, што толькі трапляецца. Сам таго не жадаючы, я нават не пакінуў у яе натуральнага чалавечага разумення, што дзевяноста восем адсоткаў майго жыцця, дзякуй Богу, не маюць нічога супольнага з такім сумніўным заняткам, як здабыццё ведаў. Часам мы абменьваемся жарцікамі каля ейнага стала або калі падыходзім да шуфляд каталогаў, але гэта дужа фальшывыя жарцікі, без усякіх пячонак. Нам абаім цяжка і нудна весці нашы размовы — без пячонак, без дурноты, уласцівай чалавеку, без агульнавядомай ісціны, цудоўнай і вясёлай, на маю думку: усе, хто сядзіць у бібліятэцы, маюць пад скурай жоўцевы пузыр ды іншыя разнастайныя цікавыя органы. Льга яшчэ шмат чаго сказаць па гэтай тэме, але плённа развіваць яе сёння я не ў стане. Мае пачуцці сёння, трасца на іх, што аголеная рана. Ды і вас, маю даражэнькую пяцёрку, зараз аддзяляюць ад гэтага месца незлічоныя мілі, і заўжды да халеры лёгка выпусціць з памяці, як блага я пераношу бескарысную разлуку. Хоць часта гэтае месца вельмі ўражвае і натхняе, мне асабіста здаецца, што некаторым дзецям на гэтым свеце накшталт вашага дзівоснага сына Бады і мяне, мажліва, больш адпавядае карыстацца гэтым прывілеем толькі пры крайняй неабходнасці або калі яны ў глыбокім разладзе з іхнімі роднымі. Але дазвольце мне, і не марудзячы, перайсці да больш агульных тэмаў. Ах, Божа, з якой асалодай вяду я няспешную гэтую гутарку з вамі!

Бальшыня юных насельнікаў лагера, няхай вам будзе вядома, відаць, не можа стацца ні больш мілая, ані больш жахлівая на працягу нейкіх дзён, асабліва, калі яны не раскашуюць з падазроным захапленнем у групоўках, якія забяспечваюць папулярнасць або сумніцельны прэстыж. Небагата хлопчыкаў, дзякуй літасціваму Богу, што мы на такіх тут натрапілі, не ўважаюць сябе за “соль зямлі”, у гэтым пераконваешся, калі ўдаецца абмяняцца з імі колькімі словамі, у баку ад іхніх халерных дружбакоў. Як ні сумна, тут, як і ўсюды на нашае кранальнае планеце, імітацыя — гэта пароль, а прэстыж — найвышэйшая амбіцыя. Не мая справа турбавацца наконт агульнай сітуацыі, але ж не са сталі я зроблены. Мала хто з гэтых шыкоўных, здаровых, а то і надзвычай прыгожых хлапчукоў даспее. Бальшыня — такі мой змрочны прагноз — проста састарэе. Ці можа цешыцца сэрца гэткім малюнкам? Наадварот, ад яго яно разрываецца на часткі. Ды і выхавальнікі такімі толькі завуцца. Бальшыні іх, здаецца, наканавана прайсці сваю пуцявіну ад нараджэння да магілы, захаваўшы дробнае недаспелае стаўленне да ўсяго ў сусвеце і далей за ім. Бясспрэчна, гэта круты і жорсткі прысуд. Але ён яшчэ недастаткова круты! Вы ж думаеце, я, у глыбіні душы, добры хлапчына? Божа, пабі мяне градам і камянямі: не! Не мінае ніводнага дня, каб я, чуючы з вуснаў выхавальнікаў бяздушныя, абыякавыя тырады і розную лухту, употай не жадаў бы істотна выправіць справы, лупянуўшы пару вінаватых па кумпалу добрай рыдлёўкай або замашным кіем! Я не быў бы гэткі бессардэчны, хочу верыць, калі б сам тутэйшы маладняк не меў у падвалінах свае натуры такога, што ад'ядае сэрца і даймае да дрыжыкаў. Мажліва, самы невыносны з хлопчыкаў, да якіх сягае мой недарэчны голас, гэта Грыфіт Гэмасміт. О, якая тут з ім фатыга! Адно ягонае імя адразу поўніць вільгаццю вочы, калі я не паспяваю зацугляць свае эмоцыі; і хоць дзень пры дні вучуся авалодваць гэтай эмацыянальнай тэндэнцыяй, пакуль я тутака, поспехі мае мізэрныя. Божа, няхай бы клапатлівыя бацькі спачатку трохі пачакалі, паназіралі за дзецьмі ў практычным, так бы мовіць, узросце, перш як узычыць малым імя Трыфіт альбо накшталт таго, якое ніяк не памагацьме малому стварэнню цягнуць жыццёвую ношку. Маё ўласнае імя Сімар было велізарнай нявіннай памылкай, бо некаторыя сімпатычныя памяншальныя формы, ці то "Чак", ці нават "Ціп” альбо “Коні” маглі б здавацца дарослым і настаўнікам куды зручнейшыя, каб звыкла звяртацца да мяне падчас выпадковых гутарак, так што і я сутыкнуўся з гэтай праблемкай. Яму, юнаму Грыфіту Гэмасміту, таксама сем; аднак я старэйшы за яго на імгненне часу, нейкія няшчасныя тры тыдні. Ён самы маленькі, шчупленькі хлопчык ва ўсім лагеры, нават меншы, як ні дзіўна і ні сумна, за вашага цудоўнага сына Бады, нягледзячы на ладную — у два гады — розніцу ва ўзросце. Цяжар, які ён валачэ падчас гэтага свайго з'яўлення на свет, як падняць. Толькі падумайце пра пакуты, якія гэты цудоўны, фацэтны, мілы, дасціпны хлопец мае трываць. Будзьце гатовыя вырваць з грудзей свае сэрцы з карэннем!

а Ён страшэнна заікаецца. Гэта куды горай за мілую шапялявасць, усё ягонае цела спатыкнецца, пакуль ён вымавіць слова, так што для выхавальнікаў і дарослых прыемнага тут мала.

б Гэтае малое дзіця вымушана спаць з гумавай прасціной на ложку па зразумелых прычынах, падобных на тыя, што і ў нашага дарагога Вэйкэра, але ж цалкам інакшых, калі быць дакладным. Мачавы пузыр Гэмасміта пакінуў усялякую надзею абудзіць якую-кольвек цікавасць або вымаліць спачуванне.

в У яго змянілася дзевяць (9) розных зубных шчотак з таго дня, як лагер цалкам адчыніўся. Ён закопвае або хавае іх у лесе, як трохгадовае або чатырохгадовае дзіця, або ладзіць для іх патаемнік пад лісцем ці пад іншаю лухтою ў сваім бунгала. Робіць ён гэта без гумару і пометы, і без усялякай асалоды. Бясспрэчна, тут ёсць помста, але штосьці не дае яму спажываць яе напоўніцу альбо адчуць сапраўднае задавальненне ад яе, гэтак цалкам і поўнасцю ягоны дух быў прыціснуты, а мо і ўдушаны сям’ёю. Сітуацыя, скажу я вам, страшэнна тонкая і паганая.

Ён, юны Грыфіт Гэмасміт, ходзіць следам за вашымі старэйшымі сынамі, часцяком залазячы з намі ў кожны зацішны куток і запаўзаючы ў кожную шчыліну. Ён прыемны, кемлівы кампаньён, калі толькі яго не цкуюць, як ганчакі, ягонае мінулае і сучаснае. Ягоная ж будучыня, мне да смерці прыкра гэта казаць, выглядае жудаснай. Я прывёз бы яго да нас дадому пасля лагера, нават не думаючы, з поўнай упэўненасцю, радасцю і лёгкасцю, калі б ён быў сірата. У яго, аднак, ёсць маці — маладая разведзеная з дыстынктоўным фанабэрыстым тварам, які злёгку падпсавалі славалюбства, эгаізм і пара неразумных расчараванняў у жыцці, зрэшты, неразумных не на яе погляд, можаце быць пэўныя. Сэрца і чыстая пачуццёвасць цягнуцца да яе — і гэта мы адчулі — нягледзячы на ейную незайздросную, пякельную працу маткі і жанчыны.

У мінулую нядзелю папаўдні (ашаламляльны дзень, ані аблачынкі) яна зазірнула да нас і запрасіла праехацца з ёю і Грыфітам на іхнім салідным, шыкоўным, элегантным Піэс-эроў, а перад вяртаннем дамоў перакусіць у Элмз. 3 засмучэннем мы адхілілі гэтае запрашэнне. Святы Божа, то было ледзяное запрашэнне! Я чуў у свой час некалькі ледзяных запрашэнняў, але пальму першынства артымала б гэтае! Мяркую, цябе трохі пацешыў бы ейны цалкам фальшывы сяброўскі жэст, Бэсі, а зрэшты, наўрад; ты недастаткова старая, мая любая! Хоць і нельга сказаць, што гэта надта ўжо ўсхвалявала празрыстае, трохі камічнае сэрца місіс Гэмасміт, але ўсё ж яна была моцна расчаравана тым, што мы — найлепшыя Грыфітавы камрады ў лагеры, бо ейны мозг і надзвычай вёрткае вока імгненна аддалі перавагу Рычарду Мэйсу і Дональду Вігмалеру, двум суседзям Грыфіта па бунгала, якія былі ёй больш пад густ. Прычыны тут відочныя, але не буду закранаць іх у звычайным сяброўскім лісце да сям’і. Час ідзе, я авыкаюся з падобнымі рэчамі, ды і ваш сын Бады, і ў вас ёсць досыць падстаў гэта ведаць, зусім не дурань, нягледзячы на такі, здавалася б, цудны, ранні ўзрост. Аднак для маладой, прывабнай, акрутна-строгай адзінокай маткі з усімі муніцыпальнымі вартасцямі, тожбо: фанабэрыстыя, патрыцыянскія рысы твару, вялікія грошы, вольны доступ у найлепшыя дамы, пальцы ў пярцёнках — дэманстраваць гэткі ўзор сацыяльнага расчаравання і ў дачыненні да свайго юнага сына, галапупка, і без таго "ашчасліўленага" нервозным, панылым пузыром, проста недаравальна і безнадзейна. Безнадзейна — гучыць занадта моцна, але я не бачу на гарызонце ні прыкметы, што такія праклятыя і тонкія праблемы калі-небудзь удасца развязаць. Будзьце ўпэўненыя, я думаю пра гэта, але ж неабходна браць пад увагу мой юны век і надзвычай сціплы вопыт, набыты мной за час цяперашняга майго ўвасаблення.

Напачатку, як вы ведаеце, яны бязглузда сунулі нас у розныя бунгала, сыходзячы з перадумовы, што гэта надта разумна і карысна — раздзяляць братоў ды іншых крэўных. Аднак пасля таго, як я пачуў выпадковую камічную рэмарку, кінутую вашым непараўнальным сынам Бады, з якою я ўсім сэрцам згадзіўся, мы мелі страшэнна прыемную размову з місіс Гэпі на трэці або чацвёрты з тых недарэчных дзён, уводзячы ёй у вушы, наколькі проста гэта — забыцца на абсурдны (толькі першая квецень) век Бады і на кранальна людскую патрэбу ў размове і ў бліскавічным дасціпным адказе і — о шчаслівы вынік! — Бады атрымаў дазвол перанесці свае пажыткі, як і сваё ўласнае файнае, мініяцюрнае, смешнае цела, сюды наступнае ж нядзелі пасля агляду. Для абодвух нас у гэтай перамене — палёгка, уцеха і проста справядлівасць. Я страшэнна спадзяюся, што вы пазнаёміцеся з місіс Гэпі напраўду блізка, як скарыстаеце або калі скарыстаеце з магчымасці завітаць да нас, альбо калі прыдумаеце такую магчымасць. Уявіце сабе яскравую брунетку, гарэзную, дужа здатную да музыкі, з вельмі прывабным невялічкім пачуццём гумару! Патрэбны велізарны самакантроль, каб утрымацца, не схапіць яе ў абдымкі, калі яна шпацыруе сабе па траве ў адной са сваіх густоўных сукенак. Яе высокая думка пра вашага сына Бады, яе гарачая любоў да яго — для мяне як шчодрая прэмія, ажно слёзы зусім неўспадзеўкі прыліваюць да вачэй. Адно з радасна-трымтлівых узрушэнняў, на якія багатае маё існаванне — гэта бачыць, як маладая яскравая дзяўчына ці жанчына інстынктыўна распазнае вартасць гэтага хлопца на працягу чвэрцьгадзіннай выпадковай гаманы з ім на беразе чароўнае ручаіны, што высыхае. Ісусе Хрысце, кожнае жыццё мае сваю долю шляхетных радасна-трымтлівых узрушэнняў, усяго толькі расплюшчы вочы і глядзі! Дарэчы, місіс Гэпі палкая паклонніца вашых талентаў, Бэсі і Лэс, шмат разоў яна бачыла вас на сцэне ў Готэме, звычайна, на Рыверсайд, паблізу іхняга месца жыхарства. Так сталася, што і яна дзеліць з табой, Бэсі, кранальнае багацце дасканалых ног, шчыкалатак, дзёрзкіх грудзей, вельмі свежага, ладненькага азадка, а таксама цудоўных маленькіх ступняў з надзвычай мілымі невялічкімі пальцамі. Самі ведаеце, дарэчы, які гэта неспадзяваны дарунак лёсу — увабрацца ў маладую сталасць, захаваўшы цудоўныя або й нават цалкам прэзентабельныя пальцы ног; звычайна, страх, што з імі робіцца пасля таго, як яны пакідаюць дзіцячае цельца, ці ж не праўда. Божа, блаславі сэрца гэтага дзівоснага дзяўчаці! Немажліва часам паверыць, што гэтая неадчэпна-прынадная, спакуслівая красуня на пятнаццаць (15) гадоў старэйшая за мяне! Пакідаю на ваш уласны, справядлівы і важкі суд, Бэсі і Лэс, ці варта ўведаць гэткае малым, але калі поўная шчырасць мае панаваць паміж бацькамі і дзецьмі гэтак жа бесперашкодна ў ліставанні, як падчас жывое размовы, а менавіта да такіх стасункаў імкнуўся я ўсё сваё жыццё, няхай са сціплым, але штораз большым поспехам, дык мушу прызнацца, і мне ажно весела — бываюць моманты, калі тая пекная, зваблівая дзеўка, місіс Гэпі, міжволі ўзбуджае бязмежную маю пачуццёвасць. Маючы на ўвазе мой абсурдны ўзрост, сітуацыя, безумоўна, трохі гумарыстычная, але гэткая яна здаецца толькі тады, як яе прыгадваеш, павінен сказаць са скрухай. Падчас дзвюх ці трох нагодаў (яны моцна сядзяць у маёй памяці), калі я згаджаўся з ейным ласкавым запрашэннем зайсці ў галоўнае бунгала выпіць какава або халоднага напою пасля купання, я чакаў тае хвіліны з нецярпеннем ды ўсё большай прыемнасцю: а раптам (маё спадзяванне не выказаць словамі) яна, проста не падумаўшы, адчыніць дзверы галышом. Гэтае ўзбурэнне пачуццяў зусім не смешнае тады, калі яно адбываецца, я паўтараю, такое яно толькі ў рэтраспектыве. Я яшчэ не абмяркоўваў гэтае недалікатнае пытанне з Бады, чыя пачуццёвасць зацвітае ў тым жа пяшчотным, занадта раннім веку, як у свой час зацвітала мая, але ён і так здагадаўся, што гэтая мілая істота захапіла мяне ў пачуццёвы палон, і ўжо кінуў пару гумарыстычных заўваг. О, мой Божа, які гонар і прывілей быць кроўна звязаным з гэтым прыцягальным юнаком і тайным геніем, што ніколі не прыме за праўду выкруты ды хітрыкі з маіх вуснаў! Праблема місіс Гэпі зарасце травой забыцця, як лета пойдзе на спад, але было б вялікім дабрадзействам, дарагі Лэс, калі б ты пажадаў прызнаць, што мы ўспадчылі твой дар пачуццёвасці, улучна з дужа паказальным хрыбтом пажадлівасці адразу ж за тваёю ўласнаю пачуццёваю ніжняю губою, як успадчыў гэта наш цудоўны малады брат, бліскучы Уолтэр Ф. Глас (юныя Бэатрыс ды Уэйкэр Глас, дзве беззаганна чыстыя істоты, амаль што не пазначаны згаданым вымоўным хрыбтом). Зазвычай, спадзяюся, вы згодзіцеся, калі я гляджу на чалавечы твар, то не надта зважаю на прыкметы, якія быццам бы варта браць у рахубу, бо яны абсалютна ненадзейныя ці могуць знікнуць або змяніцца воляю Бацькі-Часу, але я ніколі не ігнарую хрыбта за ніжняю губою: звычайна, больш цёмна-чырвонага колеру. Не буду зацыклівацца на тэме кармы, ведаючы і цалкам салідарызуючыся з вашай пагардай да маёй паглынальнай і выпадковай цікавасці да яе, але даю слова гонару, што хрыбет, пра які гаворка, ёсць трохі болей, як знак адказнасці за папярэдняе жыццё; ты атрымліваеш гэты знак, ты адольваеш яго, а калі не ўдаецца, уступаеш з ім у сумленны двубой, не шукаючы літасці і не літуючыся. Што датычыць мяне, я зусім не прагну, каб юр, зачараваўшы маё цела, валачыў дзень пры дні мяне за сабою на працягу тых нешматлікіх і цудоўных гадоў, што яшчэ засталіся, якімі надзелены я ў цяперашнім з’яўленні. Велізарная праца мае быць здзейсненая падчас гэтага з’яўлення, хоць яшчэ не зусім вядома мне, якая, і я з радасцю лепш згадзіўся б здохнуць сабачай смерцю, як дазволіў, каб у крытычныя моманты маю ўвагу адцягвалі павабны, раскошны платан або ўзгорысты контур вабнага цела. Мой час занадта абмежаваны, гэта мяне і засмучае, і бавіць. Я, несумненна, намерваюся безупынна працаваць над праблемай пачуццёвасці, і падарункам з неба для мяне было б, каб ты, любы Лэс, як мой дарагі бацька і шчыры прыяцель, быў бессаромнай, поўнай разгорнутай кнігай у тым, што датычыць тваёй уласнай настырнай пачуццёвасці, калі ты меў столькі гадоў, як мы. Я скарыстаў з магчымасці прачытаць адну ці дзве кніжкі, прысвечаныя пачуццёвасці, але яны альбо ўзбуджаюць, альбо не па-чалавечы напісаныя і думкам ад іх малы спажытак. Я не хочу ведаць, якія пачуццёвыя акты ты ўчыняў у нашым веку, я пытаюся пра што-нішто горшае: я хочу даведацца, якія ўяўныя пачуццёвыя акты прыносілі твайму мозгу найжывое задавальненне, у якіх, аднак, сарамата прызнацца. Акрамя мозгу пачуццёвасць не мае ніякіх сваіх уласных органаў. Горача заклікаю цябе быць наконт гэтага бессаромным. Мы хлопчыкі, сыны чалавечыя, і не сталі б цябе любіць або паважаць меней, зусім наадварот, калі б ты агаліў перад намі самыя раннія і найгоршыя пачуццёвыя думкі, я ўпэўнены, што яны падаліся б нам вельмі кранальнымі і хвалюючымі. Прыстойны, цалкам шчыры крытэрый — заўсёды, на пэўны час, цудоўны для маладой асобы. У дадатак, ні ў натуры твайго сына Бады ані ў маёй, ані твайго сына Уолтэра не закладзена здатнасць адчуць шок або агіду ад чаго хочаш мілага, зямнога, уласцівага роду людскому. Напраўду, усе формы чалавечага грэху і чалавечай жывёльнай бессаромнасці закранаюць надта сугучную струну ў нашых сэрцах!

Божухна! Якая ўцеха і ўзнагарода, калі выкройваеш у лагернай мітусні трохі вольнага часу пагаварыць са сваёю радзінаю! Баюся, вы нават не падазраяце, якую процьму блаславёнага часу я маю сёння, каб задаволіць патрэбы сэрца і розуму; поўнае вытлумачэнне — неўзабаве.

Працягваючы маё канфідэнцыяльнае і надта бесцырымоннае апісанне місіс Гэпі, якую, я ведаю, вы змаглі б навучыцца любіць або шкадаваць, зазначаю, што яна моцна высільваецца ў прыватным жыцці, каб даволі паганы шлюб, у якім яна жыве, не атруціў шчаснай і салодкай ношкі мацярынства. Цяпер яна цяжарная, хоць і мае наперадзе шэсць—сем месяцаў да таго, як падзея, якую яна так слаба сабе ўяўляе, адбудзецца. Гэта для яе неверагодна цяжкое змаганне ад самага пачатку. Яна запраўды беднае дзіцё з ужо надзьмутым жывоцікам і галавой, поўнай вельмі кранальнай лухты; ад збянтэжанасці, прыкрых кніжак, напісаных лекарамі, што падзяляюць такія ж стэрэатыпныя, плыткія погляды, ды ад інфармацыі, якою яе забяспечвала ейная шчырая сяброўка, яны разам жылі ў пакоі, калі вучыліся ў каледжы, першакласны гулец у брыдж, як я зразумеў, па імені Вірджынія. На няшчасце, увесь гэты лагер поўны вартых жалю недарэчных сужэнстваў, але яна, місіс Гэпі, адзіная тут цяжарная жанчына, наколькі мне вядома. Таму, з-за адсутнасці вышэйзгаданай Вірджыніі, місіс Гэпі даручыла мне выконваць паслугі суразмоўцы, і гэта сямігадоваму хлапчаняці, заўважце! Мне прыносіць бязмерны клопат, але, бывае, і невялікую ўцеху, як ні сорамна прызнавацца, тое, што яна, па сутнасці, не ўсведамляе, што на вачах ва ўсіх наймае дзіця майго веку як слухача для сябе. Зрэшты, яна сарамяжлівая, незвычайная размоўца; і калі б не давала выйсця сваёй тузе, гутарачы са мною, то, будзьце пэўныя, вылівала б яе тутака перад кімсьці іншым, чый твар пазначаны пачуццямі. Усё, што яна кажа, трэба ўспрымаць, падсольваючы гэта незлічонымі драбкамі солі. На самай справе, яна, хоць і мілая, але ў размове далёкая ад абсалютнае сумленнасці. Яна пераканана лічыць сябе вельмі душэўнай асобай, а містэра Гэпі — не надзеленым такой рысай. Дужа папулярная тэорыя, але, на жаль, чыстая лухта. Бог мне суддзя: містэр Гэпі, вядома, не падаруначак, але ён зусім пэўна душэўны чалавек. 3 другога боку, на жаль, місіс Гэпі — асоба з вельмі пяшчотным сэрцам і ніколечкі не душэўная. Ад яе ілюзій кідае ў жар, калі толькі ты патаемна не прагнеш яе красы! Яна не ведае і гэтулькі, каб часам падняць малога накшталт вашага сына Бады, які зараз далёка ад матулі ды іншых родных, і цмокнуць яго, каб аж рэха пайшло па блізкім лесе! У яе і не ўзнікае натуральная чалавечая думка пра тое, як страшэнна неабходнае на гэтым неабсяжным і зусім не шчодрым свеце звычайнае цалаванне! Аднае мімалётнае чароўнае ўсмешкі занадта мала. Кубак найсмачнага какава, аздоблены задуменным зефірам, слабаватая замена пацалунку ці шчырым абдымкам для пяцігадовага дзіцяці. Яна не здагадваецца, што яе чакае, я амаль перакананы. Калі ёй ад мяне як ад суразмоўцы будзе замалая карысць, пакуль лета не скончыцца, гэтую вабную прыгажуню падсцерагацьме небяспека амаральнасці, няцяж-эка прадбачыць цалкам субтэльнае падзенне i degringolade, што вынікнуць з простага флірту і дзявочай балбатні. 3 ейнай безудзельнасцю, глыбознай невелікадушнасцю яна даспявае да гарачага, пачуццёвага кахання з файным чужаком, бо занадта гордая і аточаная сябелюбствам, каб дзяліць свае незлічоныя чары з сапраўды блізкім чалавекам. Я ў вялікай трывозе. На жаль, мая пазіцыя цалкам фальшывая падчас крызісаў у нашых размовах, я разрываюся паміж добрай, разумнай, бязлітаснай парадай і нячыстым жаданнем, каб яна адчыніла дзверы голаю. Калі ў вас знойдзецца вольная хвіля, даpariя Лэс і Бэсі, і ў вас, малыя, маліцеся, каб я выбраўся больш-менш ганарова з гэтай недарэчнай пустыні, дзе звар’яцець можна. Маліцеся толькі ў вольны час і як хочаце, сваімі ўласнымі слаўнымі, цудоўнымі словамі, адно рабіце націск на тым, каб я мог асягнуць раўнавагу, разрываючыся паміж цалкам здаровай, дасканалай парадай і звычайнай пажаднасцю майго цела і геніталіяў, нягледзячы на іхні юны памер. Прашу вас, будзьце пэўныя, вашы малітвы не пойдуць у глум, я перакананы; усяго толькі вымаўляйце іх як словы, і яны дойдуць, гэтак, як я казаў вам падчас абеду летась узімку. Калі Бог палічыць мяне прыдатным, каб уладзіць гэтую справу, я магу быць бязмежна карысны для прыгожанькага, кранальнага дзяўчаці. Усе злыбеды прыватнага жыцця місіс і містэра Гэпі караняцца ў тым, што яны не здолелі стацца дасканала адзіным целам. Смела і старанна растлумачыўшы адпаведны, той менавіта, які патрабуецца, метад, гэта можа быць дасягнута вельмі добра і амаль што імгненна. Я мог бы надта лёгка прадэманстраваць, калі б тутака была Дэзірэ Грын з яе надзвычай смелымі і шчырамі для васьмігадовай дзяўчынкі разважаннямі, але магу выдатна абысціся і без дэманстравання. Не вагайцеся маліцца за мяне ў гэтай далікатнай справе! Уэйкэр, стары дружа, я асабліва спадзяюся на пранізлівую нявінную моц тваёй малітвы! Памятайце, што я не маю права скінуць з сябе ношу адказнасці на той падставе, што я ўсяго толькі сямігадовы хлопчык. Калі я стану на крохкі, паганы грунт падобных апраўданняў, дык я хлус ці баязлівы махляр і саматужнік, што вырабляе танныя, нармальныя адгаворкі. На жаль, я не магу падступіцца да містэра Гэпі, да яе мужа, наконт гэтага. Не надта падступішся да яго ні наконт гэтай, ані якой іншай справы. Калі ж адпаведны для гутаркі час выпадзе, я буду змушаны проста прывязаць містэра Гэпі да зручнага крэсла, каб ён аддаў мне ўсю сваю ўвагу. Ён вырабляў вяроўкі падчас свайго папярэдняга жыцця, але не надта добра, дзесьці ў Турцыі ці Грэцыі, дакладна не ведаю. Ён быў пакараны смерцю за тое, што зрабіў няякасную вяроўку, праз якую загінула некалькі ўплывовых альпіністаў; калі ж браць глыбей, то да такога канца яго прывялі неверагодная ўпартасць і фанабэрыстасць, спалучаныя з нядбайствам. Як я казаў яшчэ перад нашым ад’ездам, я са скуры лезу, каб як мага меней усялякіх відзежаў завітвала да мяне, бо мы тут дзеля прыемнага звычайнага лета. У дзевяці выпадках з дзесяці ўсё адно пустое марнаванне часу — дазваляць, каб гэтыя відзежы шныпарылі ў мазгах, незалежна ад таго, як успрыме тая ці іншая асоба шчырую дыскусію наконт іх: як вельмі карысную, цалкам жахлівую або проста агідную.

Пэўна, гэта будзе вельмі доўгі ліст! Не падай духам, Лэс! Я напаўжартам даю табе дазвол прачытаць толькі чвэрць майго паслання. Можаш смела занесці памер майго ліста на рахунак нечаканай прэміі — вольнага часу, пра што далажу неўзабаве. Пакуль што скажу толькі, што ўчора я сур’ёзна параніў нагу і зараз прыкаваны да ложка дзеля разнастайнасці, удача з удачаў! Здагадайцеся, хто па-майстэрску здабыў дазвол быць маім кампаньёнам і прыслугоўваць мне! Ваш улюбёны сын Бады! Ён павінен вось-вось вярнуцца!

Мы атрымалі яшчэ ладню дрэнных адзнак за паводзіны пасля вашага хвалюючага тэлефанавання з атэля Ля Саль, якое прынесла нам невыказную радасць, нягледзячы на паганую сувязь. Апроч таго: я згубіў свой прыгожы новы наручны гадзіннік у час нядаўніх заняткаў плаванием; але па яго зноў збіраюцца ныраць заўтра або сёння папаўдні, так што не трэба турбавацца, калі толькі ў яго не набралася поўна вады. Вяртаючыся да тэмы дрэнных адзнак за паводзіны, бальшыню іх мы атрымалі за хранічна неахайнае бунгала, а ўслед зд імі яшчэ цэлы акуратны букецік за няўдзел у спевах на ігрышчах і за тое, што пакідалі ігрышчы без дазволу. Вось так яно атрымліваецца. Ісусе Хрысце, спадзяюся, вы можаце лёгка адчуваць на гэтай адлегласці, як нам не стае вас, дарагія Бэсі і Лэс, і астатнія, тры арэшкі майго сэрца! Божа, няхай бы просты ліст не быў гэтак наладаваны элегантнымі пісьмовымі канструкцыямі! Пачынаеш сумнявацца, ці гэта твой уласны голас, голас вашага сына і брата, але ўсё ж строга трымаешся высокіх і кранальных патрабаванняў раскошнай канструкцыі. Гэта абяцае стацца адным з няшчасцяў будучага майго жыцця, але я вылузнуся са скуры, каб дамагчыся ганаровага гумарыстычнага замірэння.

Тысячу разоў дзякуй за ваш забаўны і цудоўны ліст і некалькі паштовак! 3 палёгкай і бязмернай радасцю ўведалі мы, Лэс, што Дэтройт і Чыкага, як выявілася, не такія ўжо і цяжкія. 3 гэткім жа задавальненнем мы даведаліся, што юны містэр Фэй быў на адной афішы з вамі ў Горадзе вятроў, не навіна, а свята для цябе, Бэсі, калі твая бяскрыўдная сяброўская пасія да гэтага слаўнага хлопца яшчэ не прайшла. Я збіраюся напісаць гэтаму хлопцу, нечакана для яго, як з грому, цэлы год пасля нашай недарэмнай і камічнай гутаркі, калі мы разам ехалі ў таксоўцы пад маляўнічай залевай, ён разумны і ўмеркавана арыгінальны дзяцюк, і, прыгадаеце мае словы, яму паўсюдна будуць наследаваць ды красці ягоныя знаходкі, пакуль ён вычарпае свае мажлівасці. Даганяючы дабрыню, арыгінальнасць — адна з самых хвалюючых рэчаў на свеце, і найрэдкая! Будзьце ласкавыя, раскажыце нам у вашых будучых лістах усе навіны, чым больш банальныя і міла нязначныя, тым больш яны чытабельныя. Навіна пра "Бамбаліна” выдатная і болей як проста захапляльная! Выкладвайце ўсё, што ведаеце, малю вас! Гэта чароўная мелодыя! Калі вы паспееце, пакуль працавацьме летнік, хуценька дашліце нам адну з першых кружэлкаў, бо тут, ва ўтульных апартаментах місіс Гэпі, ёсць "Віктрола”, хай у незайздросным стане, і я, не задумваючыся, скарыстаю з нашага асаблівага знаёмства ў такім выпадку. Працуйце гэтак жа слаўна, як заўсёды! Ісусе Хрысце, вы таленавітая, мілая, найцудоўная пара! Будзьце пэўныя, маё захапленне вамі было б бязмернае і тады, калі б мы нават не былі крэўныя. Бэсі, мы страшэнна спадзяёмся, што ты зноў у выдатным настроі, любая, і не надта дзьмешся з тае прычыны, што зноў у раз'ездах. Калі ты яшчэ не пачала варушыцца, каб зрабіць тое, што шчыра клялася зрабіць і прынесці палёгку майму смешнаму сэрцу, прашу цябе, паспяшайся і зрабі. Гэта кіста напэўна, паводле майго невясёлага пераканання, і які-небудзь салідны хірург мае бліскавічна выпаліць або выразаць яе. Я размаўляў з імпазантным хірургам, калі мы нарэшце пад'язджалі ў цягніку, і той хірург сказаў, што гэта аніколечкі не балюча, калі яе выдаляюць, чык — і як не было. О, Божа, чалавечае цела такое бездапаможнае, з яго незлічонымі плямамі ды кістамі ды пагарджанымі, кранальнымі прышчамі, што з'яўляюцца і знікаюць з дарослага цела, калі найменш чакаеш. Адсюль яшчэ адно настойлівае жаданне зняць капялюш перад Богам спанталычаным днём; асабіста я не магу і не стану бачыць Яго такім, які мог бы абысціся, не ствараць чалавечых кістаў, плямаў, ані дзіўнага прышча на твары або кранальнай скулы! Я ніколі не бачыў, каб што-кольвек створанае ім не было б цудоўна невыпадковае! Абмінаю гэтую далікатную тэму і проста дасылаю вам, усім пяцярым, каля 50000 пацалункаў. Бады ахвотна далучыўся б да мяне, калі б ён быў тут. Баюся, я падышоў да яшчэ адной далікатнай тэмы. Бэсі і Лэс, я разважна звяртаюся да вас. Не крыўдуйце, але вы абое, цалкам, абсалютна і надта моцна памыляецеся, бо лічыце, што яму ніхто ніколі не патрэбны, толькі я. Вядома ж, гаворка пра Бады. Па праўдзе кажучы, ты зрабіў бы мяне куды шчаслівейшым, мой дарагі Лэс, калі б ізноў не ўводзіў мне ў вушы па тэлефоне гэтую балючую і хібную лухту. Вельмі цяжка адыходзіць ад тэлефона на двух уласных нагах, калі твой уласны ўлюбёны і таленавіты бацька гаворыць гэткія шкодныя, памылковыя і надта неразумныя рэчы. Выбітная асоба, пра якую мы гаворым, не выстаўляе сваіх пачуццяў напаказ у адрозненне ад бальшыні людзей, у тым ліку цябе і мяне. Першае і апошняе, што ты павінен ведаць пра гэтага невялічкага, надзвычай адметнага хлопца — усё сваё жыццё імкліва і шчыльна будзе ён зачыняць за сабой дзверы, ледзь ступіўшы на парог пакоя, дзе ёсць хвалюючы, прывабны запас добрых, завостраных алоўкаў ды багата паперы. Я цалкам бездапаможны, ды і сумнеўна схільны змяняць ягоны курс; гэта старая гісторыя і незлічоныя пытанні гонару, будзьце ўпэўненыя! Як ад ягоных улюбёных бацькоў ад вас (гэта ў чалавечай прыродзе) не выпадае чакаць, што вы палегчыце яго ношу, але вы не павінны, малю вас, наўмысна ўзвальваць цяжар папрокаў на яго кволую спіну. Не кажучы пра гэтыя субтэльныя рэчы, ён, у прыватным жыцці, найбольш вынаходлівае Божае стварэнне, якое я калі-небудзь сустракаў, чыя душа ўсю дарогу не прымае патрыманага існавання, не зважаючы на гарачыя рэкамендацыі практычна ўсіх, з кім ён сутыкаўся. Ён будзе спрытна і далікатна накіроўваць крокі кожнага дзіцяці ў сям'і яшчэ доўга пасля таго, як я канчаткова знясілею і зраблюся ні да чаго не прыдатны ці наогул сыду з гэтай сцэны. Непаважліва і недаравальна для малога хлопца майго веку размаўляць гэткім чынам з маім мілым бацькам, але Бады адзіная рэч на свеце, пра якую ты не ведаеш анічога. Паспяшаемся, аднак, перайсці да менш казытлівай тэмы.

Адзін кангрэсмен ЗША, франтавы сябра містэра Гэпі, наведаў лагер мінулым уікэндам. Паколькі ён быў адной з найменш вартых цікавасці фігур, якія я калі-небудзь сустракаў, будзе цалкам слушна абмінуць ягонае прозвішча ў гэтым асабістым лісце. Подых няшчырасці ды імпазантнай прагніласці прайшоў па лагеры, паветра ў ім дагэтуль смярдзіць як вытрымаць. Угодніцтва і штучны смех з боку містэра Гэпі не падлягаюць апісанню. Сам-насам з місіс Гэпі падчас выпадковай сустрэчы на ганку ейнага бунгала я папрасіў яе трымацца і не дазволіць, каб кангрэсмен і містэр Гэпі з яго агіднымі адказамі на пытанні першага, засмуцілі яе і яе дзівосны эмбрыён, пакуль гэтае панурае непаразуменне працягваецца. Яна цалкам згадзілася. Пазней таго ж дня, дзеля яе, з вялікай неахвотай прыняў я запрашэнне і загад містэра Гэпі, што мы з Бады прыйдзем у іхняе бунгала пасля трэцяй імшы і паспяваем ды трохі пазабаўляем ягонага госця кангрэсмена. Я не маю жаднага права прымаць нячыстае запрашэнне за майго каханага малодшага брата; усім сэрцам спадзяюся, употай, што Усявышні дасць мне добрага прачуханца за маю злачынную саманадзейнасць; ніхто не ўпаўнаважваў мяне на паспешныя рашэнні, не параіўшыся з гэтым бліскучым юнаком. Праўда, мы пракансультаваліся адзін з адным пасля таго, як запрашэнне было прынятае, дамовіўшыся паміж сабой не абуваць нашы чаравікі для чачоткі, калі пойдзем, але то была вельмі фальшивая палёгка і самападман для нас. Вечаровай гарачынёй мы вырашылі абуць мяккія туфлі! Іронія лёсу: мы былі ў выдатнай форме, калі місіс Гэпі іграла на акардыёне як акампаніятар; ды і вельмі цяжка нам не быць у выдатнай форме, калі прыгожая, неталенавітая асоба жахліва акампануе нам на акардэоне; гэта кранае нас за жывое, але трохі і пацяшае. Нягледзячы на нашую надзвычайную маладосць, мы застаемся дужа ломкімі, забаўнымі рапірамі там, дзе ёсць файныя, неталенавітыя дзяўчаты. Я працую над гэтым, але праблема досыць крутая.

Калі ласка, калі ласка, КАЛІ ЛАСКА, не сярдуйце і не рабіцеся халодныя, як лёд, датычна гэтага ліста з тае прычыны, што памер ягоны расце! Як толькі вы гатовыя выбухнуць, хуценька прыгадайце, як багата сёння ў мяне ў запасе вольнага часу і як патрэбная мне такая прыемная гутарка з далёкімі зараз пяццю сямейнікамі майго сэрца! Я не створаны для працяглых разлук; я ніколі не сцвярджаў, што гэта па мне.

Апроч таго, мне здаецца, шмат якія мае навіны і маё пасланне ўвогуле павінны быць вельмі цікавым і лагодзіць настрой.

Вы як двойчы два ведаеце, што мы ніколі істотна не змяняемся ў нашых сэрцах. Але ў нас з’явіўся лёгкі загар і выглядаем мы зусім так, як выглядаюць здаровыя дзеці і гадаванцы летніка. Нам можа спатрэбіцца ўсё праклятае здароўе, якое льга здабыць, гэта напэўна. Непрывабны выпадак нядаўна здарыўся. У дадатак да агульнавядомай інфармацыі, што мы дзеці паважаных Галахэр і Гласа і што мы даволі вопытныя і дасведчаныя забаўляльнікі самі па сабе, дзякуючы вашаму кранальнаму і хвалюючаму прыкладу, па лагеры разышлася навіна, што мы абодва, ваш сынок Бады і я, ад ранняга ўзросту сумна знаныя заўзятыя чытачы ды яшчэ маем пэўныя здатнасці, умельства, спрыт ды здольнасці вельмі няпэўнае вартасці і пачуццё самай сур’ёзнай адказнасці, апошняе проста прыстала да нас, як цэмент, з ранейшых увасабленняў, асабліва астатніх двух, дужа няпростых. Ваш сын Бады, зразумела, скарыстоўвае аказію напоўніцу. Тут патрэбны не абы-які гарт, скажу я вам. Вазьміце ў рахубу, калі не шкадуеце хвілінкі, абсалютную сакаўную свежасць навіны як стравы для плётак, і шкадлівасць хлопца, якому пяць гадоў, а ён з кожным днём увачавідкі стаецца ўсё больш дасведчаным чытачом і аўтарам, і які да таго ж, нягледзячы на як быццам смешны ўзрост, ёсць вялізарны аўтарытэт у чалавечых тварах з усімі іхнімі кранальнымі маскамі, славалюбствам, успышкамі найчыстай харобрасці і хлуснёю, якая палохае! Вось вам сучасная сітуацыя гэтага малога хлопца. Далей уявіце, якая заварылася б каша, калі б хоць частка гэткай патаемнай інфармацыі прасачылася ды сталася вядомым фактам ці чуткай сярод гадунцоў летніка і выхавальнікаў таксама. Акурат такое і адбылося. На жаль, як ён добра ведае, тое нядаўняе ўзбурэнне пераважна вынік ягонага неабачлівага ўчынку.

О, мой Божа, я маю фацэтнага і нязвыклага кампаньёна на дрогкай жыццёвай дарозе. Вось коратка, як гэтая лухта здарылася. Містэр Нэльсан, прыроджаны неафіл і заядлы балбатун і пляткар, поўнасцю, як ужо казалася, апякуецца сталоўкай, разам з місіс Нэльсан, сварлівай, няшчаснай кабетай і натхнёнай парушальніцай спакою. Калі ў сталоўцы нікога няма, гэта адзінае блаславёнае месца ў лагеры, дзе можна цешыцца жыватворнай адзінотай. Бады на гэтую ціхую затоку адразу паклаў вока. У аўторак папаўдні, спякотным днём, ён пабіўся аб заклад з містэрам Нэльсанам, што зможа завучыць на памяць кніжку, якую містэру Нэльсану на той час надарылася чытаць, не за дваццаць хвілін, дык за паўгадзіны. Калі б ён зрабіў гэта дасканала, то містэр Нэльсан, у сваю чаргу, каб засведчыць высокую ацэнку спрэчнага дасягнення, дазволіў бы нам, братам Гласам, выкарыстоўваць пустую ўтульную сталоўку ў наш вольны час для чытання, пісання, вывучэння моваў ды іншых шчымлівых патрэб, такіх, як ачышчэнне нашых галоў ад пазычаных і шматкроць пазычаных апіній і поглядаў, што гудуць над лагерам, як мухі. Божа мой, як не вітаю я і не падтрымліваю ўсялякага роду трансакцыі, ці то з адказнымі за сваё слова дарослымі, ці то з дарослымі без гонару і сумлення! Без майго ведання пра такі проста жахлівы факт гэты ашаламляльны, незалежны хлапец кінуўся наперад і заключыў трансакцыю з містэрам Нэльсанам, нягледзячы на нашыя несканчоныя дыскусіі перад світальнымі гадзінамі пра пажаданасць трымаць язык за зубамі наконт некаторых нашых талентаў і асаблівасцей. На шчасце, гэты выпадак не стаўся суцэльнай стратай або паразай. Так здарылася, што кніжка, пра якую гаворка, была "Цвёрдая драўніна Паўночнай Амерыкі” Фолі і Чэмбэрліна, двух незвычайна сціплых і непрыкметных людзей, якімі ядаўно захапляўся дзякуючы свайму чытанню, з надта заразлівай для іншых любоўю да дрэў, асабліва да бука і белага дуба, пры тым яны маюць чароўную, празмерную прыхільнасць да букаў! Таму абмен фразамі паміж Бады і мною не быў занадта невыносна рэзкі або непрыемны; і без слёз, дзякуй Богу, абышлося. Аднак Вайты Пітман, галоўны выхавальнік (паходзіць з Балтымора, штат Мэрыленд), вясёлы дружака містэра Нэльсана, прачуў пра дасягнуты рэкорд ды ўвішна пажывіўся з аказіі, скарыстаўшы навіну ў сваёй размове. Пры ўсёй сумленнасці ды абаяльнасці, ён валодае адмысловым дарам: павялічваць уласны прэстыж за кошт якога-небудзь дзіцяці; кемны, ласы на адкіды ды мярцвячыну птах, паразіт на чужых размовах. Гэта той самы дваццацішасцігадовы фраер, аніяк не жаўтаротае птушанё, што сказаў Бады, аточанаму гуртам незнаёмцаў: “Я так і думаў, што ты дужа разумнае хлапчаня”. Ці тактоўна звяртацца з гэткай заўвагай да пяцігадовага малога? Дзякуй Богу, абышлося без сораму і клопату для ўсёй сям’і, бо я не меў з сабой аніякай добрай зброі, калі гэткая агідная, дурная заўвага была зроблена; аднак, пазней ужо, я выкарыстаў зручны момант і сказаў Роджэру Пітману (такое поўнае імя далі яму ягоныя злашчасныя бацькі), што заб’ю яго ці сябе, магчыма, яшчэ раней, як надыдзе вечар, калі ён у маёй прысутнасці зноў загаворыць з Бады падобным манерам, ды і з любым іншым пяцігадовым хлопчыкам. Думаю, у рашаючы момант я здолеў бы зацугляць гэтае злачыннае памкненне, але балючая праўда тое, што вена неўраўнаважанасці праходзіць праз мяне зусім як нейкая бурлівая рака, гэта нельга не браць пад увагу. Я так і не выправіў сваю турботную неўраўнаважанасць у двух папярэдніх увасабленнях, грэшна і агідна; яе не выправіш сяброўскай лагоднай малітвай. Гэта можа быць выпраўлена страшэннымі намаганнямі з майго боку, дзякуй Богу; я не магу годна або задушэўна маліцца да якойсьці мілай, кволай боскай істоты, каб яна завітала і прыбрала смецце пасля мяне, нават ад думкі пра гэта мне моташна. Аднак чалавечая мова можа занадта лёгка быць прычынай degringolade у цяперашнім маім увасабленні, калі толькі я не паспяшаюся. Я намагаўся як д’ябал ад часу нашага прыезду сюды цярпліва сустракаць чалавечую нядобразычлівасць, страх, зайздрасць і панылую нялюбасць да неардынарнага. Не чытай услых гучна гэтую неасцярожную заўвагу двайнятам, ды і ў вушы Бу-Бу ёй ранавата трапляць, але прызнаюся (слёзы плывуць па маім неўраўнаважаным твары), што ў сэрцы ў мяне нямашака празмернай надзеі на чалавечую мову, якою яна сёння ёсць.

Калі апошні абзац занадта нечытэльны ды прыкры, пастарайцеся прыгадаць, што я пішу са страшэннай, імклівай хуткасцю, і тут не да прыгожага стылю. Праз жменю хвілін ці праз чвэрць гадзіны будзе вячэра, пішу я не ў адпаведны час. У бунгала "Ліліпут” патрабуюць спаць, як сабак, па дзесяць невыносных гадзін кожнае начы, калі дакладна а дзевятай цемра паглынае бунгала. Я загаворваў з містэрам Гэпі наконт гэтага некалькі разоў, але бясплённа. Божа, які жахлівы чалавек, калі ён не ўводзіць каго-небудзь у зман, дык даводзіць да істэрычнага рогату, і тое, і другое марнаванне часу. Калі б ты ўзяўся напісаць яму кароткі, зычлівы, жывы ліст — я наважыўся звярнуцца да цябе асабіста, дарагі Лэс — ды разжаваў яму, што для таго, хто валодае хоць бы азамі правільнага дыхання, дзесяць гадзін сну чыстае вар'яцтва і кара. Мы маем, вядома ж, ліхтары, але такое ўладкаванне дужа нязручнае: кепскае святло і кепскі настрой.

Мая пагарда да сябе самога за тое, што я паказваю вам толькі чорны і пануры бок жыцця ў лагеры, бязмерная. Заняўшы такую лядачую пазіцыю, я не патрапіў прыгадаць незлічоных рэчаў, што зіхаюць вакол, ўражваючы ладнасцю і годнасцю. Нягледзячы на мае змрочныя заўвагі ў папярэдніх абзацах, кожны дзень шчодра аздоблены шчасцем, эстэтычным задавальненнем, уцехай і досыць гучным смехам. Багата цудоўненькіх жывёлін трапляе ў поле зроку, зусім нечакана: бурундучкі, неядавітыя змеі, але ніводнага аленя. Я наважыўся на сумнеўную вольнасць, Лэс, і дасылаю табе колькі голак дзікабраза, мёртвага, але не дохлага, яны могуць стацца дасканалым вырашэннем тваёй старой праблемы з мяккімі ды ломкімі зубачысткамі. Наваколле тут чароўнае, і пад нагамі, і па баках. На маю радасць і шчырае здзіўленне, ваш сын Бады стаўся цалкам і глыбока nemophilous! Для мяне гэткае ягонае пераўтварэнне — сенсацыя, дый годзе. Я таксама адчуваю вострую асалоду ад сельскай прыроды, і ўсё ж гэта толькі між іншым, бо ў глыбіні душы я не ў сваёй стыхіі, калі перабываю ўдалечы ад халодных, аж душу праймае, гарадоў смешных памераў накшталт Нью-Йорка або Лондана. Што датычыцца Бады, то ён назаўжды парве тыя сувязі, што злучаюць яго з горадам, гэта відавочна, мы не здолеем утаймаваць яго на працягу нейкай жменькі гадоў. Шкада, што вы не можаце ўбачыць, як ён тутака прабіраецца праз гушчэзны лес, калі моцныя гэтага свету не перашкаджаюць улюбёным заняткам кожнага з нас, з неймавернай, пільнай асцярогай, як хвацкі, забаўны, нястомны індзейскі танец. Кожнае начы — нам і забава, і пакута — я выліваю бязмерную колькасць ёду на ягонае ўпартае цельца, скалечанае шыпамі ажыны ды іншай брыдотнай нарасцю. 3 прыемнасцю праглынуты намі перад ад’ездам сюды ці не тузін кніжак, як выдатных, так і пасрэдных, аб раслінах, ядомых і неядомых, быў для нас, як выявілася, надта каштоўным, які дазволіў прыгатаваць, употайку, мноства добрых страў: параныя амаранты, маладую крапіву, партулак, а гэтаксама апошнія маладыя лісты папараці, скарыстоўваючы кубак са сталоўкі як пасудзіну для гатавання. Часта да нас далучаўся гэты злашчасны земляны арэшак, Грыфіт Гэмасміт, проста надзіва прагна ласы да падобнай ежы. Каб не выпала з маёй не дужа трывалай памяці, Бады прасіў цябе, дарагая Бэсі, прыслаць яму яшчэ трохі блакнотаў без лінеек, а таксама крыху яблычнага павідла ды кукурузнай мукі, бо ён, можна сказаць, практычна жывіцца ёю, калі мы маем магчымасць прыгатаваць у спакоі прыемны, няспешны пасілак. Ведайце, што кукурузная мука вельмі спажыўная для яго; ягонае маленькае цела незвычайна падыходзіць да кукурузы і ячменю, калі па праўдзе. Хутка ён напіша вам, пры адпаведнай аказіі ды жаданні. Ці вельмі ён заняты? Божа літасцівы, я ніколі не бачыў яго болей занятым, калі не здраджвае мне памяць. Ён напісаў 6 новых апавяданняў, мясцінамі напраўду гумарыстычных, пра ангельскага юнака, які нядаўна вярнуўся з-за мяжы, з вандроўкі, поўнай натхняльных прыгод. Што за невымоўны дарунак: бачыць, як асоба пяцігадовага ўзросту зноў сядае на кукішкі (якія мілыя, камічныя, бязмясыя сцягенцы), ды чыркае барвістую гісторыю з імпэтам і з немалою дасціпнасцю розуму. Даю слова гонару, вы яшчэ аднойчы пачуеце пра гэтага хлопца, не мінае сутоння, каб я ў думках не здымаў перад вамі капялюш за тое, што вы падаравалі свету Бады; ваш мілы, цудоўны ўдзел у тым, што ён наогул нарадзіўся, застаецца невыказна хвалюючым для мяне. Карціна гэтая робіцца яшчэ больш вартай і хвалюючай, калі ўлічыць панурую відзежу, якую я меў канікулярным часам, пасля калядных вакацый, і якая адкрыла, што наша інтымнасць з табою, дарагі Лэс (калі ты па-ранейшаму тут), была досыць неглыбокая і абцяжараная несумяшчальнасцю. Што да маёй уласнай творчасці, дык у вольны час я завяршыў тут блізу дваццаці пяці (25) прымальных, але не болей, вершаў, услед за якімі з’явіліся яшчэ 16, што маюць пэўную вартасць, хоць і пазбаўлены праўдзівай высакароднасці. I яшчэ 10 было напісана, але атрымаліся міжвольныя кашмарныя імітацыі Уільяма Блэйка, Уільяма Уордсварта ды аднаго ці двух іншых мёртвых геніяў, чый раптоўны адыход не перастае кроіць мне сэрца як нож. Так што, мой паэтычны плён выглядае бедна і паныла. Глыбока перакананы: адзіны верш з напісаных гэтым летам, які ўяўляе для мяне самога сапраўдную непазбыўную цікавасць — той, што пакуль я ўвогуле не напісаў. У час вашага нятаннага тэлефанавання з Ля Саль я паведаміў, прыгадай, што мы з калегамі па лагеры цэлы дзень правялі ў Вагль Фішэрыз. Па дарозе туды нас чакаў грунтоўны ланч з сандвічаў у атэлі Калборн, рэспектабельным папулярным атэлі, куды з’язджаюцца маладыя ўлюбёныя пары на мядовы месяц. Шпацыруючы каля возера з Бады і Гэмасмітам, я ўбачыў парачку, яна дурэла і смяялася. Прыкінуўшы сёе-тое ў думках і раптам адчуваючы жаданне, з галавы да пят, гарманічна паяднацца з гэтымі двума невядомымі маладымі закаханымі, мне захацелася напісаць верш, што вось гэта мільённы малады ў атэлі Калборн гулліва апырсквае марской вадой мільённую маладую. Я неаднойчы бываў сведкам, як маладыя каханкі бавяцца падобным чынам у Лонг Біч і на іншых папулярных курортах. Бэсі, дарагая, гэтае вясёлае відовішча прынесла б табе прыемнасць, узрушэнне, лёгкую ўсмешку, зважаючы на розум і сэрца, якімі ты надзелена — штопраўда, несмяротная паэзія, з якой я сутыкаўся, нідзе не пацвярджае, што яны, розум і сэрца, будуць на свеце запатрабаваны. Але ж лёс не выбіраюць. Абыдзем, аднак, гэтую вострую тэму. Каб ты асабіста і, магчыма, міс Овэрман ведалі, але будзь крыху абачлівай, бо апошняя, на жаль, не мае вялікага дару не пераказваць даверлівыя прызнанні — мы працягваем авалодваць італьянскай мовай і прыгадваем іспанскую, добра пастукаўшы па прыймачу. Вельмі грубы, прымітыўны намёк, але новыя батарэйкі былі б для нас як усмешка фартуны.

Лэс, якая гэта палёгка і прыемнасць чыркнуць пару радкоў, не прыслухваючыся да абрыдлых гукаў горна! Я проста не магу стрымаць свой разгон. Калі ты замарыўся або калі чытанне табе папраўдзе дакучыла, перастань чытаць зараз жа, з майго шчырага дазволу. Я, як вядома, карыстаюся тваёй добрай воляй, бацькоўствам і тваім сумна славутым, ажно смяхотным цярпеннем. Упэўнены, Бэсі перакажа табе існасць іншых далейшых паведамленняў ды разваг; бестурботна закурвай цыгарэту, кідай мой збрыдзелы ліст як гарачую бульбіну, ды ідзі сабе ў хол якога заўгодна атэля, дзе ты спыніўся, і няхай уцехай табе будзе чыстае сумленне і мая бессмяротная любоў. Гульня ў пул або пінакль магла б цябе крыху асвяжыць!

3 асалодай працягваю пісаць наўдачу, як падказвае душа. Пакуль што мы не надта папулярныя ў нашым бунгала, сярод іншых хлопчыкаў. Гэта галоўным чынам датычыць Дугласа Фолсама, Бэры Шарфмана, Дэрэка Сміта малодшага, Тома Лэнтарна, Мідж Імінгтана ды Рэда Сілвармана. Том Лэнтарн! Прывабнае ці не вельмі прозвішча, каб ісці з ім па жыцці? На жаль, праўдападобна, гэты юнак вырашыў не запальваць ніводнай сваёй лямпачкі, так што ягонаму дзівоснаму прозвішчу пагражае небяспека марна згібець. Занадта жорсткая думка. Усе мае думкі занадта часта, ліха на іх, жорсткія для слоў. Я імкнуся ўдасканаліцца, але гэтым летам дазваляў сабе такую жорсткасць зачаста, аж не ператравіць. Памагай табе Божа, Том Лэнтарн, запаліў ты свае святло ці не! На верхнім паверсе гэтага пагана збудаванага бунгала ёсць адзін хлопчык — сапраўдная соль зямлі, ніводны камплімент, якім яго ўзнагародзіш, не будзе занадта прыўкрасны, запэўніваю вас. Ён часта, калі мае вольны час, збягае лёгка і з імпэтам уніз па не надта трывалых сходцах і бавіць дзень з вашымі нічога не вартымі сынамі, распавядае шчыра і з гумарам пра сяброў, знаёмых ды непрыяцеляў у Троі, штат Нью-Йорк, вялікім паселішчы далей за Олбані, і ўвогуле бачыць жыццё і чалавецтва цудоўнымі, нягледзячы на падманлівыя абалонкі. Ягоная адвага, перакананы, разбіла б ці балюча раскалола вашае сэрца, проста сказаць нам сардэчнае хэлоў патрэбна бязмерная харобрасць, я не парупіўся паведаміць, што якраз цяпер мы сталіся аб’ектам астракізму На імя ён Джон Колб, 8 с паловай гадоў, паводле поўнага права. Прамежкавы, але ў бунгала Прамежкавых для яго нямашака месца, і нас ушанавалі прывілеем цешыцца яго шляхетнай кампаніяй у гэнай перапоўненай будыніне. Малю цябе запісаць гэтае харобрае, дабрадушнае імя ў памяці на сёння і на ўвесь наступны час! На жаль, размова, што цягнецца звыш пяці хвілін, аж да слёз дакучае гэтаму мужнаму, дзейнаму хлопчыку, зірнеш — і са здзіўленнем ды замілаваннем бачыш, што ягонага добрага, абаяльнага твару ўжо нямашака на абсягах бунгала! Я ахвяравау бы незлічонымі гадамі свайго жыцця, каб хоць трохі дапамагчы яму з яго будучыняй. Ён ласкава даў мне слова гонару, зусім не здагадваючыся пра матывы, якія змусілі мяне прасіць пра гэта, што ніколі не глыне віскі і ніякага іншага трунку, калі стане дарослым, але мяне мучаць праклятыя панурыя сумненні, ці стрымае ён слова. У ім жыве і чакае свайго часу схільнасць напівацца да супакойвальнай здранцвеласці, гэта можна перамагчы поўнасцю, калі ён выкарыстоўвацьме ўвесь розум і волю ды ўключыць адно-другое святло, але баюся, ён занадта лагодны і няўрымслівы хлопчык, каб выкарыстоўваць дзеля чагосьці ўвесь свой розум. У нас ёсць яго адрас у Троі, штат Нью-Йорк. Калі буду жывы, як надыдуць лёсавызначальныя гады, я прылячу ў Нью-Йорк без адкладу і пры неабходнасці ўстану на абарону гэтай бліскучай асобы; тады не будзе лішнім выпіць кубак, што адурманіць мяне, але ты павінен зразумець: мы розуму крануліся ад любові да гэтага хлопчыка, у сэрцы якога няма ні каліва забабонаў. Мой Божа — ці ж не дзіва — гераічны хлопчык 8 1/2-гадовага ўзросту! Цяжка пагадзіцца з такой іроніяй лёсу, але гераічным людзям куды болей патрэбна абарона, як здаецца на першы погляд. Цалую твае шляхетныя, няўслаўленыя песняром ногі, Джон Колб, тубылец Троі, брат высакароднага Гектара!

Што датычыцца іншых рэчаў, мы нармалёва тусуемся, калі акалічнасці дазваляюць, бяром удзел у бясконцых спартовых ды іншых забавах, а шмат якімі цешымся напоўніцу. Нам тут лафа, бо мы досыць хвацкія, прыстойныя лёгкаатлеты, самыя зацятыя незычліўцы не аспрэчылі б нашу ўмеркаваную класнасць у бейсболе, магчыма, найхвалюючым, найцудным спорце ў Заходняй паўкулі. Гэта не падстава для пыхі альбо гонару, а як бы забаўны прэзент з мінулага жыцця; у кожнай гульні з мячом мы з лёгкасцю дэманструем дасканаласць, кожную гульню без мяча патрапім, як ні сумна, спляжыць. Апроч гульняў ды іншых заняткаў тут у нас ёсць мажлівасць зусім выпадкова займець купку сяброў на ўсё жыццё Аднак, Бэсі, вам, каму выпала доля быць нашымі ўлюбёнымі бацькамі, трэба змусіць сябе глядзець некаторым рэчам проста ўтвар, нат не думаючы здрыгануцца, калі адзін-два чыннікі выглядаюць пагрозна. А зараз прашу цябе ў гэты самы момант, калі ласка, прыхавай без ценю засмучэння ў памяць на чорны дзень, што да апошняй нашай гадзіны заўжды будзе безліч хлапцоў, якія кіпяць злосцю ці аж пырскаюць варожасцю, нават усяго толькі калі бачаць, як адно нашыя твары ўзыходзяць над гарызонтам. Заўваж, я кажу адно нашыя твары, незалежна ад нашых нязвыклых і часта нязносных асоб! Гэта была б досыць смяхотная дэталь, не болей, калі б з агіднай збянтэжанасцю я не заўважаў, што такое здараецца занадта шмат сотняў разоў для маіх нядоўгіх гадоў. Я, аднак, спадзяюся, што калі мы працягвацьмем угрунь паляпшаць ды ўдасканальваць нашыя характары, намагаючыся дзень у дзень пазбаўляцца смаркатай самаўпэўненасці, плыткага славалюбства і процьмы, д’ябальскай безлічы эмоцый, спалучаных яшчэ з колькімі наскрозь гнілымі якасцямі, дык адзін наш выгляд і розгалас не будуць спараджаць і выклікаць гэткую лютасць у сэрцах братоў па чалавецтву. Я чакаю добрых вынікаў ад гэтых захадаў, але не Бог ведае якіх вынікаў; я, па праўдзе, не прадбачу Бог ведае якіх вынікаў у галоўным. А ўсё ж не дазволь, каб гэтае месца ў маім лісце кінула на вашы сэрцы занадта вялікі цень! Радасцей, суцяшэнняў, забаўных кампенсацый — мноства! Ці бачыла ты на свае вочы такіх двух няўрымсных, неўгамаваных шыбенікаў, як твае сыны, якіх зараз няма з табой? Калі згушчаюцца непамыслоты, калі ты як утрапёная, ці ж не гучаць для цябе нашыя маладыя жыцці незабыўным вальсам? Мажліва, калі тваё ўяўленне раптам станецца перакручаным, дапраўды, мажліва, адзіным вальсам, які Людвіг ван Бетховен нібыта напісаў на Божай пасцелі! Без сораму самаўпэўнена бараніцьму гэтуютэзу. Мой Божа, якое ашаламляльнае ўзрушэнне можна спазнаць, калі наважышся па-свойму ўчуць просты, незразумелы вальсок! Ніколі ў жыцці, даю слова, не ўстаў я з ложка ўранні, не пачуўшы ўдалечы лёгкі, чароўны — і раз, і другі, — стук дырыжорскай палачкі! Акрамя далёкае музыкі, прыгоды і рамантыка палоняць нас; усёпаглынальныя зацікаўленні ды разрыўкі лагодна вядуць рэй; дзякуй Богу, жаднага разу не апыналіся мы неабароненымі ад душэўнай млявасці. Не варта грэбаваць такімі блаславёнымі дарамі. Забраўшыся на вяршыню гэткага шчасця, што яшчэ знаходзіш ты? Здатнасць здабываць багата цудоўных сяброў, хоць колькасць іх не будзе вялікая, сяброў, якіх мы будзем горача любіць і аберагаць ад бескарыснай, непавучальнай шкоды аж да сканчэння нашых жыццяў, і якія ў сваю чаргу таксама будуць любіць нас і ніколі не пакінуць, не засмуціўшыся дужа моцна, а гэта, не сумнявайся, куды лепей, больш памысна і весялей, як быць пакінутымі без усялякага жалю наогул. Я мімаходзь кранаюся гэтай шчымлівай лухты, няцяжка здагадацца, дзеля тваіх салодкіх успамінаў ці перад, ці пасля заўчаснага нашага адыходу; але нельга, каб гэта гняло цябе ў міжчассі. I яшчэ, з другога, светлага боку, каб ты трохі пажвавела, май на ўвазе цёпла і ўсцешна, што папярэднія нашы з’яўленні ўзычылі нам творчы талент, сурова нас абавязалі і ўганаравалі прывілеем, часта сумнеўным, прынесці яго сюды з сабою. Цяжка сказаць, што мы з яго зробім, але ён нязменна пры нас, хоць і марудна, трасца на яго, набірае сілу. Я заўважаю, асабліва адчувальны ён пасля адбою, калі мазгі, несусветна смяхотныя, ужо ўлегліся ды паводзяць сябе належным чынам, і ўвесь увогуле досыць прыстойны дух твой у рэшце рэшт рахманы і нават не думае кудысьці мкнуць; бачыш, як у гэтай інтэрлюдыі дар тварэння грае ў дзівосным святле, пра што я казаў табе асабіста, Бэсі, мінулым травенем, калі мы разам міла і жвава мянташылі языкамі на кухні. Я назіраю таксама, як тая ж абнадзейлівая дзея адбываецца ў душы гэтае выключнае персоны - майго кампаньёна, якога вы далі мне ў браты. Калі згаданае вышэй святло стаецца непераможліва моцнае, тады я іду спаць абсалютна перакананы, што мы, ваш сын Бады і я, кожнаю крывінкаю сваёю гэткія ж прыстойныя, неразумныя і людскія, як кажнюткі хлапчук або выхавацель у нашым лагеры, што мы надзвычай пяшчотна і смяхотна экіпіраваны тымі ж сімпатычнымі, паўсюднымі, невыноснымі заганамі. Божа мой, падумаць толькі пра тыя слаўныя магчымасці і тыя штурхялі, што чакаюць наперадзе, калі без драбка сумнення ведаеш, які ты ў глыбіні душы звычайны і нармальны! Маючы крыху стойкай прыхільнасці да небудзённае красы і крыху адданасці маральным падвалінам сэрца, хоць і яны не трываюць вечна, у спалучэнні з нашай нязломнай пэўнасцю, што мы такія ж нармальныя і чалавечыя, як і хто іншы, і ведаючы, што гэта — не проста высалапіць языкі, як іншыя хлопчыкі, падчас першага ў годзе, чароўнага снегападу, хто можа перашкодзіць нам зрабіць нешта добрае ў гэтае нашае прыйсце? I сапраўды, хто, я пытаюся, пры ўмове, што мы будзем выкарыстоўваць усе свае магчымасці і так ціха ісці, як гэта толькі магчыма? “Ціха! Ідзі наперад, але не кажы нікому!”, як раіць незраўнаны Сянг Самдуп. Цалкам слушна, што праўда, выконваць параду вельмі цяжка і шмат каму агідна.

Без утойванняў, бегла знаёмячы цябе з тым, што на левым прыходным баку рахунка, мушу, аднак, засмучана адзначыць, што вялікі адсотак вашых дзяцей, Бэсі і Лэс (калі ты яшчэ не падаўся ў хол, шукаючы якой уцехі), маюць даволі жахлівую здатнасць адчуваць боль, які, уласна кажучы, не заўсёды іхні. Часам якраз ад гэтага болю ўхінаўся зусім не знаёмы нам чалавек, магчыма, лянівы дзяцюк у Каліфорніі ці Луізіяне, з якім мы нат не мелі прыемнасці стрэцца і перакінуцца словамі. Гаворачы і за вашага сына Бады, і за сябе, я не бачу ніякага спосабу ўнікаць невялікага болю, тады-сяды, пакуль мы не выкарыстаем свае шанцы ды не выканаем свой абавязак, мы, у цяперашніх цікавых, фацэтных целах. Палова болю навокал, на няшчасце, цалкам належыць камусьці іншаму, хто альбо ўхіляецца ад гэтага болю, альбо не патрапіць учэпіста ўхапіць яго за тронкі! Аднак, ужыццявіўшы нашыя шанцы ды абавязкі, дарагія Бэсі і Лэс, даю вам слова, што мы адыдзем з чыстым сумленнем і ў гуморы, дзеля разнастайнасці, чаго поўнасцю мы ніколі ў мінулым не рабілі. Гаворачы зноў за вашага ўлюбёнага сына Бады, ён можа вярнуцца ў любы момант, яшчэ даю вам слова гонару, што адзін з нас будзе прысутны падчас адыходу другога, на тое розныя прычыны; такая, наколькі мне вядома, наша планіда. Я не малюю змрочную карціну! Гэта ні ў якім разе не здарыцца заўтра! Асабіста я жыцьму, прынамсі, не меней за тэлефонны слуп, што добра захаваўся, гэта шчодры тэрмін у трыццаць (30) або і болей гадоў, з якога ніяк не выпадае кепікі строіць. Вашаму сыну Бады наканавана крочыць яшчэ даўжэй, як бязмежна радасна будзе вам уведаць. А ў гэты шчаслівы прамежак часу, Бэсі, калі ласка, папрасі Лэса прачытаць наступныя заўвагі, як альбо калі ён вернецца з хола ці любога іншага прыемнага месца, якое ён выбраў. Лэс, прашу цябе, будзь цярплівы з намі ў твой вольны час. 3 усіх сіл старайся моцна не трывожыцца і занадта не маркоціцца, калі мы не нагадваем табе вельмі відочна і кранальна іншых добрапрыстойных хлопчыкаў, магчыма, хлопчыкаў твайго ўласнага дзяцінства. У частыя чорныя хвіліны хуценька выкрэсвай у сэрцы згадкі, што мы надзвычайна і ад галавы да пят добрапрыстойныя хлопчыкі, якія ўсяго толькі перастаюць быць дужа добрапрыстойнымі, калі здараецца нешта крыху важнае ці вырашальнае. Божа літасцівы, я поўнасцю адмаўляюся раніць вашы сэрцы далейшымі разважаннямі такога кшталту, але не магу сумленна сцерці ніводнае з папярэдніх, размашыстых, безгустоўных заўваг. Баюся, яны павінны заставацца ў сіле. Ды гэта і не зрабіла б вам добрай паслугі, калі б я сцёр іх. У вялікай ступені праз маю ўласную танную мяккасць і баязлівасць вы двойчы раней у папярэдніх увасабленнях не наважыліся твар у твар сустрэцца з падобнымі рэчамі; проста не ведаю, ці вытрымаў бы я ваш паўторны боль. Адкладзены боль — з тых найжахлівых, якія толькі можна адчуць. Каб вас трохі пацешыць, заткніце за пас некалькі вясёлых навін, якія прыўзнімуць настрой. Асабіста ў мяне ад іх дух перахоплівае. Ці гэтаю зімою, ці зімою, што не замарудзіць прыйсці праз год, вы, Бэсі, Лэс, Бады і той, што падпісаўся ніжэй, усе мы пойдзем на вечарыну, якая багата чаго тоіць у сабе, на адну з самых важных для нас вечарын, дзе нам, разам, у гарманічнай кампаніі ці самотна, увогуле калі-небудзь надарыцца пабываць. Падчас гэтага прыёму гасцей, калі будзе ўладарыць вечаровы час, мы сустрэнем чалавека цяжкага, як гармата, які ў вольную хвіліну зробіць нам трошкі бесцырымонную, звязаную з нашай кар’ерай, дзелавую прапазіцыю, яна будзе датычыць нашага лёгкага, чароўнага спявацкага ды танцорскага ўмельства, але гэта далёка не ўсё, чаго яна будзе датычыць. Ён, гэты паўнацелы мужчына сваёй дзелавой прапазіцыяй не зменіць занадта сур’ёзна мернай, нармальнай плыні нашага маленства і ранняга, фацэтнага юнацтва, але магу вас запэўніць, што на паверхні ўзбурэнне будзе страшэннае. Аднак гэта толькі палова маёй відзежы. Уласна кажучы, калі па ўсёй шчырасці, другая палова куды бліжэйшая майму сэрцу і душы. Другая палова відзежы дзівосным чынам высвечвае яго, Бады, у іншы, пазнейшы дзень месяца праз незлічоныя гады. Зусім асірацелы — без маёй сумнеўна-прыемнай адданай кампаніі, піша ён пра гэтую самую вечарыну на вельмі вялікай, чорнай, як смоль, любата якой, шыкоўнай пішучай машынцы. Ён курыць цыгарэту, час ад часу сашчэпліваючы рукі і кладучы іх на макаўку галавы задуменна і знясілена. У яго сівыя валасы; ён старэйшы, як ты цяпер, Лэс! Жылы на руках крыху выдаюцца ў пробліску відзежы, таму я ўвогуле нічога не казаў яму пра яе, трохі зважаючы на ягоны юны забабон наконт выпнутых жылаў на руках у небарак дарослых. Вось як яно. Вы маглі б падумаць, што такі асаблівы пробліск здатны працяць душу выпадковага сведкі наскрозь, зрабіць яго нагэтулькі бездапаможным, што ён аніяк не здолеў бы сабрацца з сіламі, каб абмяркоўваць мільгнуўшае са сваёй любай, талерантнай сям’ёй. Гэта не зусім той выпадак; галоўнае тут, зрабіць надзвычайна глыбокі ўдых, засцерагчыся ад млоснасці самым простым, жыватворным сродкам. Братаў пакой — вось што кроіць мне сэрца найболей. Гэта ўсе ягоныя юныя мары, ужыццёўленыя цалкам і поўнасцю! У столі ёсць адно з тых прыўкрасных вокнаў, якія, мне абсалютна дакладна вядома, заўсёды паланілі ягоную ўяву, калі ён чытаў пра іх. Паўсюль вакол Бады, у дадатак, дыстынктоўныя паліцы для ягоных кніг, прыладдзя, блакнотаў, вострых алоўкаў, вырабаў з чорнага дрэва, дарагой пішучай машынкі ды іншай вельмі каштоўнай для яго асабістай маетнасці. О, мой Божа, ён будзе ўзрадаваны немаведама як, убачыўшы гэты пакой, памятайце пра мае словы! Гэта адна з самых уцешных і ружовых відзежаў за ўсё маё жыццё і цалкам магчыма, з найменшаю доляю прыкрых дамешак. Скажу, не мудрагелячы, што я апынуўся б далёка ад праўды, сцвярджаючы, што гэта была ці не апошняя відзежа ў маім жыцці. Аднак тыя дзве, здзекліва адчыненыя ў маім мозгу маленькія брамкі, пра якія я згадваў летась, пакуль не думаюць зачыняцца; шусне яшчэ год ці блізу года, і тады, праўдападобна, штось патане, а штось паўстане. Калі б гэта залежала ад мяне, я сам ахвотна зачыніў бы брамкі; толькі ў трох ці чатырох выпадках — у гэтым, прыкладам — пробліск адкрыцця варты таго, каб пашкуматаць звычную ўладкаванасць і блаславёную бязбурнасць душы, як і спакой бацькоў Але ўсё ж дужа прашу вас уявіць сабе, што за дзівота ўбачыць, як гэты хлопец, ваш сын Бады, пяцігадовы малы, які ўжо ажно згубіў галаву ад любасці да кожнага алоўка ў сусвеце, уміг перакінуўся ў сталага смуглявага літаратара! Як бы мне хацелася ўлегчыся на ўтульную аблачыну ў далёкай будучыні, магчыма, з добрым крамяным Паўночным разведчыкам у руцэ ды чытаць кажнюсенькае слова, што ён піша пра гэтую багатую на падзеі і наступствы ў досыць блізкім часе, не зусім звычайную вечарыну! Спадзяюся, першае, што гэты адораны хлопец як цалкам даспелы смуглявы літаратар апісвае, гэта прыгожыя паставы нашых целаў у святліцы, калі мы вось-вось пакінем дом тым памятным вечарам. Самы прыгожы момант на свеце ў даволі вялікай сям’і, што збіраецца на вечарыну або нават у выпадковую рэстарацыю, гэта памяркоўныя, паблажліва-нецярплівыя паставы ўсіх сямейнікаў у святліцы, бо ўсе чакаюць, калі ж нейкая маруда збярэцца! У думках я прашу чуллівага сівавалосага пісьменніка з адцаленай будучыні пачаць з прыгожых паставаў, у якіх перабываюць целы ў святліцы, з найпрыгажэйшай, на мой погляд, мясціны для пачатку! Слова гонару, я лічу, што ўся відзежа таго вечара ад пачатку да канца вартая ціхай умеркаванай радасці. Мне здаецца дзівосным, як душы, падобныя на файныя вольныя канцы троса, знаходзяць адна адну ў свеце, калі толькі чакаеш дастаткова цярпліва і з табой пругкасць духу і няўтрымна безразважная сіла. Лэс (калі ты вярнуўся з хола), я ведаю, ты ставішся з гумарам, хай сабе шляхетным, да веры ў Бога або ў Вышэйшую Боскую волю, ці якое падабраць слова, каб яно гучала меней напышліва і не бянтэжыла, але даю слова гонару сённяшнім спякотным памятным днём майго жыцця, што не закурыш і выпадковай цыгарэты, пакуль сусвет не дасць на гэта свой артыстычны шчодры дазвол! Магчыма, дазвол — занадта моцна але чыясьці галава мусіць згодна кіўнуць, перш як цыгарэта кранецца агню запалкі. I гэта, усёю істотаю шкадую, таксама, на жаль, занадта прыблізна. Упэўнены, Бог ласкава ўздзене на сябе чалавечую галаву, цалкам здатную ківаць, дзеля задавальнення якогасьці аматара падобных рэчаў, што любіць уяўляць Яго ў такім выглядзе, але я асабіста без прыхільнасці стаўлюся да ідэі пра тое, што Ён носіць чалавечую галаву, і, пэўна, павярнуўся б і пайшоў, калі б Ён надзеў якую дзеля майго сумнеўнага спажытку. Гэта, вядома, перабольшанне, я быў бы бяссільны адцурацца Яго, нягледзячы ні на што, нават пад пагрозай смерці.

Я сяджу тут, сабе на ўцеху, зусім неспадзявана, адзін у пакінутым бунгала, плачучы або рыдаючы, якое слова вам болей даспадобы. Гэта скончыцца праз момант, не сумняваюся, але надта сумотна і пакутна ўсведамляць падчас неабачлівых, стыхійных інтэрлюдый, які я малады зануда на працягу ад сямідзесяці пяці да васьмідзесяці адсоткаў пражытага мною дасюль жыцця. Я моцна абцяжарваю вас, усіх да аднаго, бацькоў і дзяцей, вельмі даўгім нудным лістом, які літаральна перапоўнены высакамоўным патокам слоў і думак. Што да мяне самога, маёй віны тут меней, як можа здавацца; пад цяжарам мноства з’явішчаў хлопчыку майго сумнеўнага ўзросту і дасведчання нават вельмі проста стацца лёгкай здабычай напышлівага, дрэннага густу, зіхоткага збытку і выстаўляння. Бог мне суддзя, я змагаюся з гэтым, але без найдасканалага настаўніка, да якога я мог бы звярнуцца з абсалютнаю вераю і нязмушанасцю, маё змаганне вымотвае з мяне кішкі. Калі ж найдасканалага настаўніка нямашака, ты абавязаны пасяліць такога ў сваёй душы; рызыкоўная, што й казаць, справа, калі нарадзіўся маладушным, як я. Аднак уласна мяне мусіць бараніць тая акалічнасць, што цалюткі дзень я ляжу тут, малюючы ў думках вашы твары, Бэсі і Лэс, разам з непазбыўнымі, свежымі тварыкамі дзяцей, так што патрэба ў надзвычай моцным кантакце з вамі заканамерная. "Прэч налыгачы! Волі — слава гучы!” — усклікваў незраўнаны Уільям Блэйк. Цалкам слушна, але не зусім суцяшальна для ўзорных сем’яў ды бездакорных людзей, якія трохі нервуюцца або так змучваюцца, што ледзь кеўляюць, калі іхні любімы старэйшы сын і брат тут пры кожнай нагодзе кляне налыгачы.

Прычына, па якой я зараз у ложку, даволі недарэчная, і я занадта доўга не згадваў пра яе, але яна не гэтак ужо займае мяне, як магла б. Учорашні дзень быў перасыпаны дробнымі непрыемнасцямі. Пасля снедання кожны Гном і Прамежкавы ва ўсім лагеры быў абавязаны пайсці ў суніцы, скарыстаўшы, магчыма, з апошняга сумнеўнага шанцу ў сезоне. Тою раніцай я параніў сваю злашчасную нагу. Мілі і мілі дабіраліся мы туды, дзе ёсць сунічныя лапінкі, на маленькіх, растрэсеных, старасвецкіх, адурэць можна, калёсах, ламачына, а не калёсы, у якія былі запрэжаныя двое, а не хоць бы чацвёра коней. 3 калодкі аднаго драўлянага кола вытыркаўся нейкі кавалак жалеза, і ён пракалоў маё сцягно на добрую цалю і тры чвэрці або і на дзве цалі, калі мы папіхалі ззаду гэтыя занядбаныя Богам калёсы, каб вывалачы іх з гразі; напярэдадні ліло як з цэбра, ператвараючы дарогу ў нешта кашмарнае для экспедыцыі па суніцы. Упохапкі, як у жахлівай меладраме, мяне пасадзілі на задняе сядзенне таксама Богам забытага матацыкла містэра Гэпі, матацыкл паімчаў мяне да шпіталя, мілі тры назад. Тут мелася некалькі лёгкіх гумарыстычных момантаў. Па-першае і найгалоўнае, мне дужа няпроста, з жалем вымушаны прызнацца, змусіць сябе адчуць штосьці меншае за пагарду і гнеў у стасунку да містэра Гэпі асабіста. Я змагаюся з гэтым, але ён ажыўляе маю прыхаваную нянавісць, ад якой, здавалася мне, мая сістэма даўным-даўно вызвалілася. Дзеля ўласнае кволае абароны дазвольце высунуць думку, што трыццацігадоваму мужчыну ніяк не пасуе прымушаць малых, недалужных хлопчыкаў папіхаць праклятыя, дрэнь, а не калёсы, выцягваючы іх з гразі, тады як на добры лад патрабавалася праўдзівая запрэжка з чатырох ці шасці маладых вынослівых коней. Мая злосць узвілася, як змяя. Я нагадаў яму, седзячы на матацыкле, калі мы былі гатовыя газануць назад, што Бады і я, ён гэта добра ведае, вопытныя, досыць таленавітыя спевакі і танцоры, як нашы бацькі, хоць пакуль усё яшчэ аматары. Я выказаў меркаванне, што ты, Лэс, верагодна ўзбудзіш супраць яго судовую справу і ён заплаціць слаўна, да апошніх сваіх дзесяці цэнтаў у тым выпадку, калі я застануся без маёй няшчаснай нагі- ад інфекцыі, страты крыві ці гангрэны. Містэр Гэпі прыкінуўся, што не зважае ці не чуе бязглуздай лухты, якую я плёў; тым не меней, ад гэтага ён ніяк не стаўся лепшым кіроўцам і двойчы траха не ўтрупяніў нас, пакуль мы дабраліся да месца прызначэння. Зрэшты — гэта выключна мой погляд — сітуацыя была смяхотная з самага пачатку. Цуд дый годзе, я заўважаю, што ў забаўнай ці дастаткова смяхотнай сітуацыі кроў, праўдападобна, цячэ не гэтак моцна, як было б пры іншых акалічнасцях. Штопраўда, хоць мне падабаецца тлумачыць спыненне крывацёку гумарыстычнай сітуацыяй, мажліва, прычына ў тым, што праклятае сядзенне матацыкла ўпіралася ў параненае сцягно; увогуле, тыя часткі майго цела, у якія штосьці ўпіраецца, як правіла, вельмі пругкія, з прыемнай пульсацыяй. Неаспрэчна толькі тое, што містэр Гэпі быў далёкі ад захаплення, убачыўшы кроў маладога летнікоўца, з якім яго звязваюць адно служба ды грошы, і як кроў расцякаецца па задняй частцы матацыкла, па сядзенні, коле, крыле ды па баках шыны. Не магло быць і гаворкі, каб ён уважаў яе за сваю; ён не палічыў бы нават кроў місіс Гэпі сваёю, дык як адчуў бы ён штосьці супольна чалавечае з крывёю дзівакаватага дзіцяці, чый твар пазначаны выразнымі, надта непрыгожымі, фацэтнымі рысамі?

У шпіталі, камічнай разніцы, зрэшты, цалкам верагодна, вартным і адмысловым, як мае быць, міс Калгэры, прамыўшы рану, зрабіла мне перавязку. Яна маладая дзяўчына і дыпламаваная медсястра, дакладнага ўзросту не ведаю, не адметная прыгажосцю або пагляднасцю, але з акуратненькім, ладным целам, якім надта настойліва імкнецца авалодаць бальшыня выхавальнікаў і адзін-два студэнты старэйшых курсаў да таго, як ім трэба будзе вяртацца ў каледж. Баюся, гэта старая гісторыя. Міс Калгэры сціплая асоба, якая не мае ніякіх унутраных магчымасцей (або здольнасці), каб самой прымаць разумныя рашэнні. Пад мноствам мудрагелістых абалонак міс Калгэры хавае збянтэжанасць і страшэнную ўзбуджанасць з тае прычыны, што яна — адзіная наяўная ў лагеры прывабная кабета, місіс Гэпі на гэтую ролю не падыходзіць. Разважная, рахманая, з голасам, што гучыць у шпіталі вельмі кампетэнтна, яна робіць уражанне асобы, якая ў самай казытлівай сітуацыі захавае прысутнасць духу, але гэта ўсяго толькі неймаверная, невыносная поза! Калі казаць проста, то гэтая маладая жанчына смела магла б згубіць сваю галаву яшчэ да таго, як нарадзілася; у цяперашні момант гульні, бясспрэчна, галавы на плячах у міс Калгэры нямашака. Толькі ейны падманлівы голас, нязменна халодны і кампетэнтны ў сталоўцы, як і ў шпіталі, не дае ёй канчаткова апынуцца ў кіпцюрах выхавальнікаў і вышэйзгаданых студэнтаў-старшакурснікаў, як на падбор маладых і вельмі здаровых, вельмі вульгарных у гурце і неміласэрна ўважных да ўспрыімлівых дзяўчат, асабліва, калі тым не ўласцівая класічная прыгажосць. Сітуацыя выклікае трывогу і неспакой, але рукі ў мяне звязаныя. Бачна з першага погляду, што міс Калгэры нічога ніколі не абмяркоўвала цалкам шчыра ні з сябрамі-дзецьмі, ні з дарослымі, так што ў гэтай справе да яе не падступішся; аднак, маючы наперадзе цэлы месяц жыцця ў лагеры, я асабіста не ручаўся б за ейную бяспеку, калі б яна была маё дзіця. Пытанне цнатлівасці, безумоўна, казытлівае пытанне; крытэрыі датычна гэтага прадмета, пра якія я пільна чытаў, зусім не бясспрэчныя і заслугоўваюць гарачых дыскусій, але не пра тое цяпер гаворка. Гаворка цяпер ідзе пра тое, што гэтая паненка, ёй, мабыць, гадоў дваццаць пяць, без жаднай сапраўднай галавы на плячах, ды ў спалучэнні з голасам, што гучыць падманліва кампетэнтна і як быццам сведчыць пра адменны, просты, здаровы клёк, не можа сама апекавацца з глыбокім асабістым гонарам і прадбачлівасцю гэткай важнай рэччу, як ейная пекная дзявочасць; вось да якое прагрэсіўнае ідэі я прыйшоў. Вядома, яна нічуць не лепшая і не больш бясспрэчная, на вялікі жаль, за прагрэсіўную ідэю любой іншай асобы на зямной кулі. Калі не стаяць на бязлітасна-пільнай варце, удзень і ўначы, дык ад разнабою прагрэсіўных ідэй, што нараджаюцца на свеце, лёгка з глуздоў з’ехаць; я не перабольшваю, урэшце, колькі можна карыстацца прагнілымі, ненадзейнымі крытэрыямі, дужа кранальнымі і людскімі, якраз такімі, каб іх даследаваць, шанаваць і трымацца, але гатовымі рассыпацца на кавалкі праз раптоўную змену хаўрусу або мінучасць абставін? Ты пытаешся ў мяне шмат разоў, Бэсі мілая, чаму я ганяю сябе як нейкага сабаку; хоць і часткова, але якраз таму я і ганяю сябе. Найперш, я старэйшы хлопчык у нашай сям’і. Падумай, як карысна, прыемна і хвалююча было б час ад часу адкрыць свой рот і пачуць штосьці іншае, а не хцівую, перадавую, ненадзейную ідэю! На няшчасце, юны асёл, якіх пашукаць, я трошкі плачу, робячы такую заўвагу. На шчасце, прычына для плачу зусім дробная. Калі ты паспяшаешся з высновай, што нешта я разглядаю як асабістую думку (да прыкладу, страта або захаванасць дзявочай цнатлівасці), а штосьці як цалкам бясспрэчны, салідны факт, ты задаволішся вельмі прыемнай, легкадумнай высновай, але горка памылішся. Горка — занадта агульна, ты прамахнешся на мілю міма праклятай цэлі. Я ніколі не сустракаў цалкам бясспрэчнага, саліднага факта, які не быў бы, самае меншае, стрыечным братам, калі не яшчэ бліжэйшым сваяком, асабістага погляду. Уявім сабе, калі ты здатная вытрываць невялічкае кароткае тлумачэнне, што ты няспешна вяртаешся дадому з дзённага спектакля, дарагая Бэсі. і роўным голасам пытаешся ў асобы, якая адчыніла табе дзверы, у мяне, твайго дзівакаватага сына, Сімара Гласа, ці памыліся ўжо двайняты?Я ахвотна адкажу: але. Мая цвёрдая асабістая думка такая, што я ўласнаручна паклаў іхнія гнуткія целы, якія выслізгваюць з рук, у ванну і асабіста зрабіў націск на тым, каб яны карысталіся мылам, а не проста плюхаліся, заліваючы вадой усю падлогу. Мае юныя рукі і цяпер яшчэ мокрыя ад тых маіх абавязкаў. Цягне за язык сказаць: вось бясспрэчны, салідны факт — двайнятаў пакупалі, як было задумана! Зусім не! Не ёсць неабвержны, салідны факт нават тое, ці дома цяпер двайняты! Мала таго, наважваюся сказаць, што ўзнікае моцнае сумненне, ці якія-кольвек цудныя двайняты са жвавымі язычкамі і смешнымі вушамі ўвогуле калі-небудзь з’яўляліся ў нашай сям'і! Бо ж дзеля сумнеўнага задавальнення назваць нешта на гэтым прыўкрасным і вар’яцкім свеце неабвержным, салідным фактам, мы, дабрадушныя вязні, мусім безагаворачна абапірацца на крохкую інфармацыю, якую ўзычваюць нам, шчыра ў яе верачы, нашы вочы, рукі, вушы і да болю наіўныя мазгі. Вы гэта называеце дасканалым крытэрыем? Я — не! Гэта вельмі неблагі крытэрый, тут няма ні каліва сумнення, але ён вельмі-вельмі далёкі ад дасканалага. Гэтае абсалютна сляпое спадзяванне на кволыя асабістыя магчымасці! Ты знаёмая з выразам "сувязнае звяно"; нават чалавечы мозг —чароўнае “сувязнае звяно”! Я нарадзіўся без жаднага даверу да жаднага міражу пад назвай “сувязнае звяно” на паверхні зямлі, напэўна, так; ведама ж, незайздросная сітуацыя, але нішто не перашкаджае мне скарыстаць з хвіліны і расказаць табе вясёлую праўду пра гэтую рэч. Аднак тут мы значна бліжэй падыходзім да галоўнай нявыкруткі, якая жывіць заўсёднае забурэнне ў маіх недарэчных грудзях. Хоць я і не маю ніякага даверу да пасярэднікаў, асабістых думак ды неабвержных салідных фактаў, у той жа час у глыбіні душы ўсе яны мне дужа даспадобы; мяне бязмерна кранае адвага кожнай дзівоснай чалавечай асобы, што прызнае гэтую цудную, крохкую інфармацыю кажнюткі, невераемна шчымлівы міг свайго жыцця! Божа літасцівы, чалавечыя істоты — адважныя стварэнні! Найбольшы баязлівец на зямлі — і той, небарака, невыказна адважны! Уяві сабе, яны ўважаюць усе гэтыя асабістыя, крохкія сродкі за звонкую чыстую манету! I разам з тым, несумненна, гэта заганнае кола. Я журботна ўпэўнены, той, хто зламаў бы яго, зрабіў бы ласкавую і трывалую паслугу ўсім. Штопраўда, часта наракаеш на жахлівую сумятню ў звязку з гэтым. Нельга быць разлучаным больш са сваімі слаўнымі, каханымі роднымі, як тады, калі нават усяго толькі разважаеш наконт вышэйзгаданай далікатнай справы. На жаль, я маю на ўвазе і страшэнную сумятню вакол яе ў маім уласным выпадку; так, паспехзвязаны з кароткачасовасцю майго цяперашняга з’яўлення. Маючы вельмі шчодры, але ў пэўным сэнсе мізэрны запас часу, пакінутага мне для гэтага жыцця, я шукаю вырашэнне праблемы, якое было б і ганаровым, і не сеяла паняверку. Тут, аднак, я выпускаю прадмет сваіх разваг, як тую гарачую бульбіну; я толькі трошкі закрануў адну з ягоных незлічоных праяў.

Пасля таго, як міс Калгэры вельмі кепска і смешна перавязала мне нагу, да таго ж размаўляючы са мною ў стрыманай, фальшыва кампетэнтнай манеры, якая магла б змусіць чалавека напіцца дап'яна, калі б той не валодаў пэўным самакантролем, яна адаслала мяне з пацешнай мыліцай у маё бунгала, каб я чакаў там доктара, які павінен быў прыехаць з Гэпварта, дзе ён жыве і мае сваю сумнеўную практыку. Ён, доктар, прыехаў неўзабаве пасля трэцяга пасілка ў сталоўцы і перавёз мяне назад у шпіталь, каб накласці мне на нагу адзінаццаць (11) швоў. Непрыемная, ліха на яе, праблема, узнікла ў звязку з гэтым. Мне прапанавалі абязбольвальны ўкол, але я ветліва адхіліў прапанову. Адразу, найперш за ўсё, седзячы на праклятым матацыкле містэра Гэпі, я перарваў сувязь паміж болем у назе і мозгам, вылучна дзеля маёй зручнасці. Пасля маленькага здарэння, звязанага са сківічнай косткэй і з губамі, што адбылося мінулым летам, упершыню я зноў ужыў гэты метад. Часамі ледзь не роспач бярэ, ці спатрэбіцца табе асаблівае, набытае табою ўменне больш як адзін раз, а мо і наогул не спатрэбіцца, але такі момант конча прыходзіць, калі ёсць трохі цярпення; у двух выпадках, як мы сюды прыехалі, я нават выкарыстаў выбленачны вузел, а мне здавалася, што гэты мой навык змарнуецца без ужытку!

Калі я ветліва адхіліў анестэзію, доктар вырашыў, што я выстаўляюся, і містэр Гэпі, са свайго боку, падзяліў гэты бязглуздны погляд. Як найдурны абэлтух, а я, запэўніваю, такі і ёсць, ідыёцкім чынам я прадэманстраваў, што поўнасцю спыніў перадачу болю. Было б яшчэ дурней і нават зняважліва ў стасунку да іх сказаць ім проста ў іхнія фальшыва цярплівыя твары, што я лічу за лепшае не дазваляць ні сабе, ні любому іншаму дзіцяці ў сям’і пазбаўляцца ад прытомнасці па несур’ёзных дзеля такой падзеі матывах; перш, як працягвацьму гэтую тэму стан чалавечай свядомасці сумнеўна каштоўны для мяне. Пасля некалькіх хвілін палкіх, дурнотных дэбатаў з містэрам Гэпі я дабіўся лекаравай згоды на тое, што буду цешыцца поўнай свядомасцю, калі ён зашывацьме мне рану. Гэта недарэчна балючая для цябе тэма, Бэсі, ведаю з ранейшага дасведчання, але магу цябе запэўніць, з гумарам кажучы, часамі мне надзіва зручна мець твар, які толькі маці можа любіць: чаго вартыя брыдкі, паганы нос і кволы, нядошлы падбародак! Калі б я быў ладным хлопчыкам, меў досыць прывабныя рысы, то цалкам перакананы, што мяне змусілі 6 пагадзіцца на анестэзію. Нічыёй віны тут нямашака, адразу гэта ведай, будучы чалавечымі істотамі са сваімі думкамі і мазгамі, мы адгукаемся на кожнае каліва красы, якое толькі можам угледзець, і я сам безнадзейна чуйны да яе!

Пасля таго, як мая нага была зашыта — Бады з-за яго юнага ўзросту не дазволілі назіраць за аперацыяй і ўвогуле быць побач са мною, мяне хуценька занеслі назад у бунгала і паклалі на мой ложак. Рэч утым, што дзякуючы шчасліваму выпадку ўсе ложкі ў шпіталі былі занятыя; некалькім хлопчыкам з высокай тэмпературай і мне дазволена было заставацца ва ўласных бунгала, пакуль не вызваляцца ложкі ў шпіталі. Я лічу сітуацыю з ложкамі дарункам неба. У пэўным сэнсе, нават у некалькіх, гэта першы цалкам бестурботны, няспешны, паўнакроўны дзень, што я меў з таго часу, як я сышоў з цягніка, тое ж на ўсе сто стасуецца да Бады, містэр Гэпі дазволіў яму на працягу дня быць вольным ад усіх шыхтоў і глядзець мяне. Дазвол ён атрымаў з цяжкасцю, але містэр Гэпі вырашыў, што лепш, урэшце, даць яго, як твар у твар размаўляць з Бады, бо ў прысутнасці апошняга ён пачуваецца не надта нязмушана і не надта прыемна. Паміж гэтымі дзвюма асобамі — гара гумарыстычнай варожасці, часткова яна паўстала пасля панядзелкавай інспекцыі. Падчас той інспекцыі, асабіста я лічу яе неапраўданай, зняважлівай, непатрэбнай фатыгай, якую тут узвальваюць на кожнага малога, містэр Гэпі зайшоў у бунгала, калі мы стаялі па стойцы "зважай", і кінуўся сварыцца на Бады за тое, што Бады не запраўляе свой ложак так, як некалі рабіў ён, містэр Гэпі, тады — шараговы пехацінец, які дзеля нас цудам здолеў не прайграць усю тую праклятую вайну ўвогуле. Ён выплюхнуў на Бады некалькі непатрэбных абраз у маёй прысутнасці. Назіраючы за тварам вашага сына Бады, тварам, цалкам здатным, запэўніваю вас, бараніцца, я не ўтыкнуўся ці не ўмяшаўся ў тую грубую праборку. Я маю поўны давер да здатнасці гэтага хлопца абараніцца заўсягды, і той момант не быў выняткам. Зусім спакойна, якраз тады, калі містэр Гэпі даваў Бады прачуханку, бянтэжачы яго перад таварышамі па бунгала і калегамі па лагеры, Бады выдаў гэты гумарыстычны нумар са сваімі пекнымі, выразнымі вачыма, якія ўзялі ды закаціліся пад гожыя чорныя бровы, стаўшы безжыццёвымі, белымі і даволі страхотлівымі для таго, хто ніколі не бачыў, як мой брат гэта робіць. Шчыра кажучы, я сумняваюся, што містэр Гэпі калі-небудзь раней бачыў, каб хоць хто гэткае вырабляў. Устрывожаны і разгублены, самае меншае, містэр Гэпі ўмомант агледзеў ды праінспектаваў ложак Гнома Імінгтана, на які ён пераключыўся, ужо ніяк не дбаючы пра той, што стаяў побачкі, і нават забыўшыся ўзычыць вашаму моцнаму спадзяваннем на ўласныя сілы сыну хоць адну чародную дрэнную адзнаку за паводзіны! О, мой Божа, які дасціпны, цікавы хлопец на свой пяцігадовы ўзрост! Збярыце ўвесь свой гонар, малю вас, і шчодра ўскладзіце яго на гэтага малога хлопчыка! Ён вось-вось прыйдзе і, мабыць, яму вельмі захочацца дадаць пару сваіх радкоў. А тым часам, калі ласка, не прасіце мяне, каб я пераконваў Бады хадзіць перад містэрам Гэпі на пальчыках; рэч не ў тым, каб хадзіць перад некім на пальчыках; рэч у тым, каб ведаць, калі ўжываць адмысловую вынаходлівасць дзеля абароны ўласнае асобы і справы ўсяго свайго жыцця ад непазбежных непрыяцеляў, не наносячы ім сур'ёзнае шкоды.

Бывайце на кароткі антракт у колькі дзён або гадзін! У мяне хопіць простае літасці і ветласці скончыць свае пасланне, запэўніваю вас, бацькоў, як і дзяцей, што вы не ў меру, збыт добрыя і вартныя, каб мець такога апантанага сына, але што я магу зрабіць? Няможна выказаць словамі, як нам вас не стае. Гэта адна з рэдкіх у мяне магчымасцей пакарыстацца чалавечай мовай у згодзе з ейным прызначэннем. Бэсі, будзь ласкавая, май на ўвазе тую невялікую справу, пра якую ішла ўжо гаворка. А таксама прашу цябе, няхай поўны заняпад тваіх душэўных сіл найчасцей здараецца паміж спектаклямі падчас гастроляў; сярод іншых прычын, абмяркоўваць якія цалкам вольна тут, зараз, я не маю ніякага права: калі ты не адпачыла і вельмі стомленая, тады менавіта ты наймацней жадаеш развітацца са сцэнаю. Малю цябе не спяшацца. Малю цябе гахнуць молатам толькі тады, калі жалеза, пра якое мы гаварылі раней, будзе адменна напаленае. У іншым выпадку, калі ты адмовішся ад выдатнай кар’еры ў бадзёрым дваццацівасьмігадовым узросце, і не істотна, колькі бліскучых творчых гадоў у цябе ўжо за плячыма, — ты не ў пару сапсуеш сабе лёс. У пару, няма сумневу, лёсу могуць быць нанесены аглушальныя ўдары, але не ў пару, на жаль, памылкі — рэч цалкам звычайная, і яны дорага абыходзяцца. Памятай пра нашую дзелавую і шчырую размову ў дзень, калі да нас прывезлі новую прыгожую пліту: акрамя таго часу, калі ты іграеш на сцэне альбо занятая надта празаічнымі рэчамі цягам тых гадзін, пра якія я ўпамінаў, прашу цябе, настойліва старайся дыхаць вылучна левай ноздрай, а ў іншы час адразу ж дыхай правай. Пачні дыхаць з левай ноздры, калі ўпэўнілася, што пачала як след, далікатна засунь кулак пад супрацьлеглую паху, злёгку прыціскаючы яго да цела альбо проста прыляж на некалькі хвілін на бок, супрацьлеглы задзейнічанай зараз ноздры. Запэўніваю цябе яшчэ раз, няма нічога дзіўнага, што ты робіш усё гэта з бязмежнай прыкрасцю, але калі твой нясмак будзе найбольшы, паспрабуй зняць капялюш перад Богам, натуральна, у думках, за дзівосныя складанасці чалавечага цела. Ці так ужо цяжка бы­ло б хутка, прачула салютнуць, ушаноўваючы гэтага невымернага мастака? Ці ж не ў вышэйшай ступені спакусліва зняць капялюш перад тым, хто аднолькава вольны выбіраць для сваіх дзеяў таемныя шляхі і шляхі зусім не таемныя? О, мой Божа, мы маем Бога дык Бога! Як я казаў тады, калі намі валодала свежая радасць ад новай кухоннай прылады, занятак з ноздрамі можна кінуць уміг, у той самы момант, як пачынаеш бачыць і знаходзіць адзіную апору ў Богу датычна дыхання, зроку, слыху і астатніх недарэчных функцый; аднак жа ўсе мы ўсяго толькі чалавечыя істоты, страшэнна няўважныя да гэткага роду апоры, калі ў нашыя паўсядзённыя клопаты не завітала роспач або напруга. Каб згладзіць гэтую нядбайнасць, і надта мілую, і лядачую, каб поўнасцю спадзявацца на Бога, мы павінны разлічваць на не дужа зручныя, хоць і разумныя, уласныя прыдумкі, аднак, яны не нашы ўласныя, гэта яшчэ адзін гумарыстычны, цудны бок справы; не дужа зручныя, разумныя прыдумкі — Ягоныя таксама! Гэта ўсяго толькі мой перадавы погляд на справу, але не проста нейкая імпульсіўная думка.

Калі рэшта майго ліста падасца табе занадта порсткая і сухая, будзь ласкавая, выбачай, я наважыўся дапісаць яго пад знакам эканоміі слоў і фразеалогіі, гэта якраз найслабое месца ў маіх пісьмовых канструкцыях. Калі я гучу надта холадна і порстка, памятай, што гэта дзеля маёй уласнай практыкі і што сам я ані не чуюся холадна і порстка там, дзе гаворка пра вас — як пра бацькоў, так і пра дзяцей; зусім не!

Каб не выпала з памяці і каб трапіла ў гэтую сціслую фінальную частку ліста: я літаральна ўкленчваю перад табою, Бэсі, і малю, спявай сваім ўласным разнасцежаным голасам, іграючы ў “Бамбаліна” разам з Лэсам! Малю цябе не спакушацца бяспечнымі, звычнымі манерай і гучаннем голасу — як быццам ты сядзіш на паганых нейкіх арэлях, у цэнтры сцэны, трымаючы ўгары прыгожанькі парасон; такое вельмі тонка і натуральна пасуе некаму накшталт Джуліі Сандэрсан, прыемнай акторцы, несумненна, але ты ў душы бурная, неўтамаваная персона, адтуль, з глыбіні крынічаць твая дужа прынадлівая ды мілая грубаватасць і файная жарсць! Лэс, калі ты зноў тут, у пакоі, я таксама пра нешта прашу цябе. Будзь ласкавы, вельмі старайся рабіць тое, што прасіў, каб ты рабіў, калі будзеш запісваць другую кружэлку: любыя словы або ферматы, якія вольна рыфмуюцца з “try” ці “my”, ці “by” вельмі шкадлівыя і небяспечныя пры гэтай акалічнасці! Наперадзе крутыя павароты! Акрамя тых выпадкаў, калі ты спяваеш перад публікай або горача ці сярдзіта пра штосьці дыскутуеш каля сямейнага агменю, твой акцэнт, я запэўніваю цябе, ужо нельга вычуць, цалкам магчыма, нікому за выняткам мяне, Бады, Бу-Бу, альбо нейкай іншай асобы, надзеленай бязлітаснымі, як пракляцце, вушамі. Калі ласка, не зразумей гэтыя заўвагі няправільна. Я, асабіста, безнадзейна прывязаны да твайго акцэнту; ён проста надзвычай мілы. Аднак пытанне тут пра тое, як твой акцэнт гучыць для безлічы людзей, у якіх няма часу ці жадання слухаць без прадузятасці; увогуле публіка ўспрымае французскі, ірландскі, шатландскі, акцэнт Паўдзённага Дыксі, шведскі, ідыш і колькі іншых акцэнтаў як досыць забаўныя і прыемныя самі па сабе, але пекны, непрыхаваны аўстралійскі акцэнт, здаецца, не дае асаблівых падстаў разлічваць на цёплае да яго стаўленне, практычна, ён на сто адсоткаў засцерагае ад гуляў у замілаванасць ды забаву. Сумныя справы, з агульнай тупасцю і снабізмам у падмурку, але ты мусіш браць іх у рахубу ў час запісу кружэлкі! Калі ты, магчыма, у стане зрабіць гэта без залішняй напругі, не стаўшы няшчасным, і табе не падасца, што ты крыўдзіш прыстойных, абаяльных аўстралійцаў твайго маленства ці пагарджаеш імі, будзь ласкавы, не перанось свой акцэнт на кружэлку, хоць мы, сваякі, смакуем яго напоўніцу! Ты вельмі злуешся на мяне? Не трэба, прашу цябе, на мяне злавацца. Адзін-адзінюткі сябелюбны інтарэс у маім сэрцы, які датычыць гэтае сур'ёзнае справы, — тваё ўласнае, глыбокае, пакутлівае жаданне выдаць, нарэшце, хіт, які ўзварушыў бы кожнага. 3 належнымі прабачэннямі я ўдзячна кіруюся далей ад тэмы, якую дзёрзка закрануў; я люблю цябе, стары дружа.

Наступныя борздкія пасланні адрасаваны двайнятам і Бу-Бу. Аднак ласкава папрасі Бу Бу прачытаць іх самой і абсалютна без помачы бацькоў, з чым яна цалкам здатная справіцца! Гэтая чароўная чарнавокая дзяўчынка патрапіць прачытаць, калі пастараецца!

Бу-Бу, практыкуйся ў напісанні поўных слоў! Мяне не цікавіць алфавіт сам па сабе! Не чапляйся за традыцыйныя адгаворкі! Не хавайся больш за хітрае апраўданне — свой юны ўзрост, заклінаю цябе! Не абвяшчай нам ізноў, што ад Марцін Брэйды ці Лоты Дэйвіла, або ад любога іншага знаёмага чатырохгадовага дзіцяці не патрабуюць чытаць і пісаць цалкам бегла. Я не іхні нягодны брат; я твой нягодны брат. Некалькі разоў я даваў табе шчырае слова, што ад прыроды ты няшчадны, няўтольны чытач, зусім, як Бады і я; калі б ты такая не была, ахвотна, у адзін дух, я пазбавіўся б ад гэтай маёй нягоднасці, спаліў бы яе, як рыззё! Для няўгольнага чытача ранні старт з пяром, як і з вокам, вельмі пажаданы. 3 плюсаў, што будуць відочныя адразу, адзнач, якую невымоўную прыемнасць прынясуць тваім ашаломленым братам (часова на экзылі) паштоўкі, якія ты час ад часу дасылацьмеш! Калі б ты толькі ведала, як нам да густу, як цешыць нас твой почырк і неўяўляльны выбар слоў! Усяго толькі напішы ў сваёй звыклай манеры, друкаванымі літарамі на паштоўцы два-тры словы ды бягом з ёю ў хол да паштовай скрынкі альбо дай пакаёўцы, якой захочаш. I вось што яшчэ, мая дарагая, мілая, незабыўная міс Бэатрыс Глас, калі ласка, у прыватным жыцці, як і на людзях, больш сачы за сваімі манерамі ды пільнуйся этыкету. Мяне куды меней хвалююць твае паводзіны на людзях, чымся тое, як ты трымаешся зусім адна ў пустым пакоі; калі ты выпадкова ўгледзішся там у самотнае люстра, няхай у ім адаб’ецца дзяўчына з бліскучымі чорнымі вачыма і з невераемнай тактоўнасцю!

Уолт, Бэсі перадала нам тваё пасланне. Нам было радасна атрымаць яго, хоць гэта і лухта, якой свет не бачыў. Нас так і цягне апраўдвацца сваім раннім векам. У тым, што камусьці тры гады, ні на панюх табакі нямашака падстаў, каб не рабіць тых простых рэчаў, пра якія мы гутарылі ў таксі па дарозе на вакзал; я глуха смяюся ў глыбіні часу са збітых расповедаў ды звычаяў, учэпіста звязаных з раннім, трохгадовым узростам! Па сутнасці, ты сам, напэўна, больш за любога, каго я калі-небудзь сустракаў, здатны сардэчна, глуха пасмяяцца з такіх замшэлых баек! Калі для практыкаванняў цяпер сапраўды занадта, “пякельна горача”, як паведамляюць, тады, прынамсі, насі свае чаравікі для чачоткі даволі стала, да прыкладу, калі падсілкоўваешся, хай яны будуць на тваіх нагах пад сталом, альбо калі пахаджаеш па нумары ці холе атэля, дзе вы спыняецеся; аднак, няхай яны будуць на тваіх незабыўных, магічных ножках самае малое дзве гадзіны ў дзень!

Уэйкар, тая ж просьба, цалкам нягодная і дэспатычная, як найлепей падыходзіць і да жангліравання ў гэтую гарачыню! Калі цяпер не па-людску спякотна гэтым займацца, дык хаця б насі задушлівым днём каторыя свае ўлюбёныя штуковіны для жангліравання, умеркаваных памераў, з сабою ў кішэнях. Я ведаю, Бады шчыра падзяліў бы маю задаволенасць, калі б вы, мае незраўнаныя хлопчыкі, раптам узялі ды назаўжды адмовіліся ад абранай кар’еры. Штопраўда, вы пакуль яшчэ не прыйшлі да такога рашэння, і да таго часу страшэнна неабходна, каб вы не адрываліся поўнасцю ад абранай вамі справы больш як на 2 ці 2 1/2 гадзіны запар! Да вашых чаравікаў для чачоткі і прадметаў для жангліравання трэба ставіцца як да неразважных, раўнівых каханак, што не могуць вынесці ніякага расстання з улюбёнай асобай, нават на 24 гадзіны. Твой бліскучы старэйшы брат і я, Бог сведкам, не даём сваім навыкам зацягнуцца бросняй тут, у гэтым лагеры, нягледзячы на незлічоныя перашкоды і цяжкасці. Калі гэта выхвалянне, то няхай Бог не паскупіцца на простую, элементарную ласку пакараць мяне самым суровым чынам, але гэта не таннае выхвалянне; я ўсяго толькі сцвярджаю, хлопчыкі, што вы абодва здатныя рабіць усё, што робяць вашы старэйшыя браты, наша ўласная неўраўнаважанасць, я запэўніваю, не меншая, як чыя б там ні была на зямлі!

Бу-Бу, я адчуваю да сябе штосьці мацнейшае за агіду, бо сказаў табе ўсяго адну рэч, і тая, да таго ж, прагучала нядобра і неяк непрыгожа. Няпоўная ж праўда вось якая: твае манеры і этыкет з кожным днём робяцца ўсё больш няўкорныя. А бубню я толькі пра адну-дзве неадпаведнасці, боты гэтак любіш мілыя, элегантныя рэчы і заўсёды аддаеш перавагу перада мною альбо Бэсі чытанню кніжак, населеных адменна выхаванымі, арыстакратычнымі, далікатнымі дзеткамі і дарослымі, зазвычай, англічанамі з іх як быццам бы вытанчанымі манерамі, з густоўнымі строямі і такімі ж вакол інтэр'ерамі, і гэткім жа неаспрэчна высокім класам ва ўсім астатнім. О, Божа, ты пацешнае, забаўнае дзеўчанё! Ты захопліваеш у палон сэрцы сваіх старэйшых братоў! Ты адна з тых рэдкіх асобаў, якія мне тады-сяды сустракаліся на вяку і якім, верагодна, сам Бог дазволіў нічога як след не дадумваць! Цудны, дзівосны дар, і нямашака ў мяне жаднага намеру пляваць у ягоны пекны твар, але зазначу, што ёсць яшчэ я, твой брат, з якім ты як адзін спарыш; лічу цалкам натуральным цябе запэўніць: калі б ты вырасла і ў глыбіні сэрца ведала, што твае ўзорныя, раскошныя манеры на людзях былі ўсяго толькі павярхоўным нейкім макіяжам, які ніколечкі не перашкаджаў табе быць, не раўнуючы, брудным свінчом адной, у сваім пакоі, пад назіраннем толькі ўласных вачэй, ты не мела б шмат уцехі, гэта цябе паціху раз’ядала б, як іржа.

Больш не буду тыраніць анікога! Бывайце здаровы ўсе замест інтэрлюдыі! Дасылаем вам нашыя аголеныя сэрцы!

3 палёгкай і немалым задавальненнем я адкрыў, што маю яшчэ адзін стос паперы, пра існаванне якога не здагадваўся, а ў дадатак убачыў, што гадзіннік Грыфіта Гэмасміта, які Бады ласкава пазычыў дзеля маёй выгоды, не быў накручаны і зараз паказвае час учорашняга, а мо спякотнага пазаўчорашняга дня! Аднак маюся быць вельмі борзды і сціслы. Шчыра скажу, мая рука і палец так, як і вы, пачынаюць бунтаваць супраць памеру гэтага пісьма, якое я пачаў пісаць неўзабаве пасля світанку і якое мяне змушалі адкладваць усяго адзін-два падносы з ежай, на маю радасць. Святы Божа, як даспадобы мне раздолле вольнага часу! Зусім рэдкае, пры гэтых акалічнасцях.

Лэс, карыстаючыся аказіяй, і да таго, як вось-вось загучыць на поўную сілу пракляты горн, склікаючы ў сталоўку падхарчавацца ў трэці раз, ды запануе гармідар, дазволь мне выказаць адну апошнюю просьбу ад імя абодвух тваіх старэйшых сыноў. Буду выключна сціслы. Калі пісьмовыя канструкцыі, якія ты неўзабаве чытацьмеш, атрымаюцца дужа некрасамоўныя, куртатыя і здадуцца табе занадта халоднымі ці нават ледзянымі, усяго толькі згадай, колькі твайго часу я ўжо спажыў; зараз я са скуры вылузваюся, ашчаджаючы твае і так расцвеленыя нервы.

Расклад вашых гастроляў, стары дружа, зтаго часу, як ты ўзычыў яго мне, не разлучаўся з маім смешным целам. У гэты самы момант я кладу яго на пакровец ложка перад сабой для ўважнага вывучэння. 19 гэтага месяца ты і п’янлівая місіс Глас, дэман бегавой дарожкі і краса, вартая, каб у яе гонар вымаўлялі тосты на тысячах кантынентаў (я толькі адцаю належнае гэнай зграбнай шэльме), пакінеце тэатр у Корце, няхай ён квітнее сабе; і пакінеце дзеля Нью-Йорка, каб служыць музам у Элбі, чытай, у Брукліне. Божа літасцівы, як бы яхацеў, каб мы, твой сын Бады і я, маглі быць з табой, а замест нас двое іншых, зусім незнаёмых хлопчыкаў атрымалі гэтую магчымасць цягам усяго лета заставацца ўдалечы ад гарадскіх вуліц і ўдушлівай гарачыні цягнікоў, гасцінічных нумароў ды падобных “выгодных” прытулкаў. А вось, смешкі набок, і мая просьба. Як вы зноў утульна ўладкуецеся на Манхэтане, калі ласка, забяжы ў бібліятэку, звычайную тамтэйшую філію гарадское, і перадай нашы паклоны, як і нашу любоў, незраўнанай міс Овэрман. У вольны час, будзь ласкавы, папрасі яе звязацца дзеля нас з містэрам Уілфрэдам Дж. Л. Фрэйзарам, сябрам бібліятэчнай рады, каб мы змаглі яго злавіць на ягоным неабдуманым, сяброўскім, магчыма, безразважным слове, маю на ўвазе прапанову містэра Фрэйзара прысылаць нам з бібліятэкі любы неабходны матэрыял, пакуль мы ў ад’ездзе. Мне страшэнна не падабаецца звяртацца з просьбай да міс Овэрман, надта занятай персоны, каб узвальваць на сябе лішнюю турботу, але яна мае ягоны асабісты адрас на гэтае лета; ён не палічыў патрэбным даць яго нам перад нашым ад’ездам, магчыма, сумысля, з пэўным вясёлым прыцэлам! Калі б я мог не падбухторваць міс Овэрман ісці на гэтае злоўжыванне, то ахвотна так бы і зрабіў; мяне ніколькі не радуе мой замах на ейны вольны час; адвеку дружба на белым свеце моцна псуецца безліччу розных варункаў ды асабістых інтарэсаў, дылема, што й казаць, паганая, нягледзячы на выразны гумарыстычны аспект. Аднак, можа, ты коратка прыгадаеш ёй, што містэр Фрэйзар нібы з грому сам, асабіста прапанаваў нам гэную нязвыклую паслугу, ашаламіўшы нас, магу цябе запэўніць. Ён паабяцаў, што вышле любыя неабходныя мне кнігі персанальна ці дасць такое даручэнне, калі будзе па-за горадам, несумненна, маючы на ўвазе, што сябра або надзейны сваяк возьме на сябе паштовыя выдаткі. Але хопіць таптацца каля брамкі, вось прыблізны спіс кніжак дзеля зручнасці — тваёй і міс Овэрман; нас бы моцна ўсцешыла, калі б кнігі былі пасланы ў гэтым сумнеўным кірунку. Містэр Фрэйзар не згадаў, колькі кніг ён пагодзіцца даслаць нам, таму, калі я тут занадта смелы, будзь ласкавы, папрасі міс Овэрман падключыцца і паводле свайго слаўнага ўласнага меркавання скараціць спіс. Сцісла перадай наступнае:

"Гутарковая італьянская мова” Р.Дж. Абрагама. Гэта прывабная, патрабавальная асоба, наш добры сябра з далёкіх дзён вывучэння іспанскай мовы.

Усялякія, талерантныя або фанатычныя, кнігі пра Бога ці ўсяго толькі аб рэлігіі, напісаныя людзьмі, чые прозвішчы пачынаюцца з той ці іншай літары пасля “Г”; на ўсялякі выпадак, калі ласка, уключы таксама і “Г", хоць мне здаецца, у асноўным, я вычарпаў яе.

Чароўныя, вельмі добрыя, проста цікавыя або хай сабе і пасрэдныя вершы, якія яшчэ не сталіся для нас занадта знаёмымі і непазбыўнымі, нацыянальнасць паэта не мае значэння. Досыць ладны спіс вычарпаных вершаў ёсць у маёй шуфлядзе ў нью-йоркаўскім неапраўдана знакамітым абсталяванні для заняткаў фізкультурай, калі толькі вы не кінулі тамтэйшае памяшканне ды не паслалі ў тартарары ўсю яго маетнасць у апошнюю хвіліну; вы зусім забыліся сказаць нам наконт гэтага ў сваіх лістах, а я не палічыў патрэбным папытацца ў вас падчас таго незабыўнага, хвалюючага тэлефанавання з Ля Саль.

Яшчэ раз збор твораў графа Льва Талстога. Гэта не складацьме жаднай нязручнасці для містэра Фрэйзара, гэта будзе нязручнасць для сардэчнай сястры міс Овэрман, таксама страшэнна прыгожай, упэўненай ў сваіх сілах старой дзеўкі, пра якую міс Овэрман згадвае, вельмі кранальна, не іначай, як "мая малодшая сястрычка”, хоць румянак юнацтва даўно знік са шчокаў апошняй. Яна, малодшая міс Овэрман, мае поўны збор твораў графа і, пэўна, пагодзіцца зноў пазычыць яго нам, ведаючы ўжо наш рупны, належны клопат пра кнігі, давераныя сябрамі. Калі ласка, адзнач, але не ўгнявіўшы ніводнай з гэтых уражлівых жанчын, каб яны не пасылалі зноўку “Уваскрэсенне” або "Крэйцэраву санату” ды, магчыма, і “Казакоў”, інтэнсіўнае перачытванне гэтых шэдэўраў не ёсць неабходнае ці пажаданае. Не перадавай ім тое, што я зараз скажу, бо гэта не зусім пад іхні густ, але асабліва нам хочацца ўзнавіць наша знаёмства са Сцяпанам і Долі Аблонскімі, якія літаральна захапілі нас, нашы сэрцы, нашу чалавечую прыроду і ейную прыхільнасць да ўцехі, калі мы апошні раз сустракаліся з імі; гэтыя героі, муж і жонка, “Ганны Карэнінай” найцудоўныя сваёй існасцю. Бясспрэчна, малады задуменны герой кнігі таксама проста зачароўвае, як і ягоная каханая — будучая жонка, слаўнае дзяўчо, па сутнасці; аднак надта яны яшчэ недаспелыя; куды больш дарэчы тут выглядаў бы абаяльны авантурыст з простай, шчырай добразычлівасцю ў сэрцы і пячонках.

"Малітва Гаятры”, невядомага аўтара, пажадана з гулкімі словамі арыгінала побач з ангельскім перакладам; надта прыгожа, узвышана і асвяжальна. Дарэчы, адна істотная рэч, што тычыцца Бу-Бу, каб не забыцца. Бу-Бу, цудоўнае маё дзіцятка! Адмоўся цалкам ад часовай малітвы перад сном, якую ты папрасіла даць табе. Замяні яе новай, калі яна адразу ж прыйдзецца табе даспадобы, новая малітва вельмі адпавядае тваім цяперашнім пярэчанням супраць слова “Бог”. Няма на свеце такога закона, які абавязваў бы карыстацца словам, што ў дадзены момант камень спатыкнення для цябе. Паспрабуй паўтараць наступнае: "Я малое дзіця, якое збіраецца ісці спаць, як заўсёды. Слова “Бог” цяпер для мяне што бяльмо на воку, бо гэтае слова зазвычай ужываюць і шануюць, магчыма, з глыбокаю вераю, дзве мае знаёмыя дзяўчынкі, маленькія Лота Дэйвіла і Марджэры Гэрцбэрг, якіх я лічу даволі-такі нікчэмнымі, ды і манюкамі несусветнымі. Я звяртаюся да безназоўнага Крытэрыя, найлепей без формы або смяхотных атрыбутаў, які заўжды быў добры і досыць сімпатычны, каб не пакідаць мяне адну на велічнай і кранальнай пуцявіне людскога жыцця-быцця. Дарагі Крытэрый, дай мне якія-небудзь слушныя, разважныя інструкцыі на заўтра, і якраз тады, калі я спацьму. Неабавязкова, каб я ведала, што гэта за інструкцыі, аднак, пакуль даспявае мой розум, з захапленнем і ўдзякаю я паклала б іх у кайстру. А часова меркавацьму, што гэтыя інструкцыі выявяцца моцнымі, эфектыўнымі, абнадзейвальнымі ды надта дзейнымі пры ўмове, што я захаваю ў сваёй душы супакой і пустэльнасць, у той манеры, што прапанаваў мой самаўпэўнены старэйшы брат”. У заключэнне скажы “Амін" або проста "Дабранач”, слова, што заўсёды табе даспадобы і здаецца шчырым ды непасрэдным. Вось усё, што я здолеў прыдумаць у цягніку, але прыхаваў, каб прадоўжыць гэтую малітву пры першым зручным выпадку. Аднак ужывай яе толькі ў тым выпадку, калі яна не выклікае ў цябе непрыемнага пачуцця! Звяртайся з ёю так вольна і палка, як пажадаеш! Калі штосьці ў ей цябе адштурхоўвае ці бянтэжыць, адкладзі без драбка жалю і чакай, пакуль я не вярнуся дамоў і нанова як след яе не перагледжу! Не думай, што я ніколі не памыляюся! Спатыкаюся і я!

Спіс для містэра Фрэйзара далей працягваецца наўдачу: “Дон Кіхот” Сэрвантэса, два тамы зноўку, калі не завялікая турбота; гэта — геній, вышэй за дзяжурнае ці таннае параўнанне! Я маю спадзёўку, што міс Овэрман адправіць іх асабіста, а не звяртаючыся да містэра Фрэйзара, бо, баюся, ён проста не здатны паслаць нам стварэнне генія без свайго каментара ды дзівацкай, паблажлівай ацэнкі У знак пашаны да Сэрвантэса я жадаў бы атрымаць гэты твор у мяшку для пошты без бескарысных дыскусій ды іншай непатрэбнай лухты.

Раджа-Ёга і Бхакці-Ёга, два фантастычныя, зручныя для карыстання, маленькія томікі, адмыслова для кішэняў звычайных, мабільных хлопчыкаў нашага ўзросту, аўтарства Вівікананда, Індыя. Гэта адзін з самых хвалюючых, арыгінальных і дасведчаных гігантаў нашага стагодцзя, з якімі я сутыкаўся; для майго сэрца ён ніколі не стане цесны ці вузкі, або вычарпаны, пакуль я не сканаю, запомні мае словы; я з лёгкасцю аддаў бы дзесяць гадоў жыцця, а можа, нават болей, калі б толькі змог паціснуць яму руку ці хаця б сказаць сціслае, паважлівае "дзень добры” на якой-небудзь шматлюднай вуліцы ў Калькуце або ў якім іншым месцы. Ён дасканала, намнога лепей за мяне валодаў ведай, як і калі ўключаюць тое ці іншае Святло, пра якое я згадваў раней. Хочацца спадзявацца, што ён не палічыў бы мяне празмерна мітусліва-зямной і пачуццёвай асобай! Гэтая д'ябальская думка часта трывожыць мяне, калі ягонае валатоўскае імя ўсплывае падчас маіх разважанняў; дужа загадкавае і журботнае перажыванне; як было б слаўна, калі б паміж аскетычнымі і пачуццёвымі насельнікамі сусвету былі цяплейшыя, заснаваныя на супольным грунце, узаемадачыненні. Мяне дрэнчаць такога роду разыходжанні; я проста не ведаю, як вытрываць, і гэта яшчэ адзін пагрозлівы знак маёй неўраўнаважанасці.

Для першага знаёмства альбо дзеля ўзнаўлення знаёмства — як найменшага фармату выданні наступных геніяў і талентаў:

Чарльз Дзікенс, ці ў выглядзе блаславёнага збору твораў ці ў любой іншай форме або кшталце. Святы Божа, я вітаю цябе, Чарльз Дзікенс!

Джордж Эліэт, аднак не ў поўным аб’ёме. Будзь ласкавая, перадай гэтае пытанне міс Овэрман або містэру Фрэйзару на вырашэнне. Паколькі міс Эліэт, калі па праўдзе, не надта блізкая маёй душы і сэрцу, тое, што я давяраюся меркаванню міс Овэрман ці містэра Фрэйзара, дае мне яшчэ і шчымліва неабходны шанц прадэманстраваць ветласць ды паважлівасць, належную ў маім смешным узросце, не плацячы за гэта занадта дорага. Даволі агідная думка, якая ўпрытык мяжуе з камбінатарскай разважлівасцю, але я нічога не магу зрабіць з сабой. Няёмка прызнацца, але мяне вельмі трывожыць маё бесчалавечнае стаўленне да ненадзейнай парады. Я намагаюся з усіх сілаў выпрацаваць адпаведны такой сітуацыі падыход, адначасна чалавечны і прымальны для мяне.

Уільям Мэйкпіс Тэкерэй, не цалкам. Зрабі ласку, папрасі міс Овэрман, каб містэр Фрэйзар выбраў творы асабіста. Вялікіх страт мне гэта не прычыніць, маючы на ўвазе тыя дзве кнігі Уільяма Мэйкпіса Тэкерэя, што я ўжо чытаў. Як і міс Эліэт, ён выдатны мастак, але бачу, што не магу зняць перад ім капялюш з пачуццём бязмежнай удзякі, і таму ёсць яшчэ адна добрая, агідная магчымасць даверыцца асабістаму густу містэра Фрэйзара. Я цяпер дэманструю свае нікчэмныя слабасці ды разлікі проста ў вочы любімым бацькам і малодшым братам з сястрою, я гэта ўсведамляю, але мае рукі звязаныя; апроч таго, я не маю жаднага права, якое дазваляла б мне здавацца мацнейшай асобай ці юнаком, як я ёсць папраўдзе, а я не надзелены страшнаю сілаю, зусім не!

Джэйн Остэн, поўнасцю альбо ў любой форме ці кшталце, за выняткам “Гордасці і прадузятасці”, што ўжо ў нас маецца. Не буду болей турбаваць сумнеўнымі заўвагамі геній незраўнанай дзяўчыны; я і так параніў пачуцці міс Овэрман, адмовіўшыся пра гэтую дзяўчыну размаўляць, але мне бракуе нават прасцюткае прыстойнасці як след пашкадаваць пра гэта. У найгоршым выпадку, я згадзіўся б сустрэцца з кім-небудзь у Роўзынз, але я не магу ўступаць у дыскусію пра жаноцкі геній, нагэтулькі вясёлы, зіхоткі і блізкі мне; я рабіў такія-сякія кволыя чалавечыя спробы, але нічога вартнага яны не ўяўлялі.

Джон Баньян. Калі я станаўлюся занадта лаканічным ці сціслым, будзь ласкавая дараваць, бо я хачу як найхутчэй скончыць гэты ліст. Кажучы поўную праўду, я не дужа высока цаніў яго, калі быў меншы, бо ўважаў, што ён не надта схільны даваць сваім героям пару асабістых слабінак, такіх, як лянота, сквапнасць ды многія іншыя, прывілей мець некалькі колкіх, ажно пакутлівых, сумненняў; я сам сустракаў на дарозе жыцця не адзін дзесятак бліскучых, абаяльных чалавечых істотаў, што ажно млеюць ад лайдацтва, але застаюцца тымі чалавечымі істотамі, да якіх звяртаешся ў патрэбе, як і цудоўнымі, жыццядайнымі кампаньёнамі дзецям, возьмем да прыкладу таго ж нядбайнага, дзівоснага Гэрбза Каўлі, якога выганяюць то з адной то з другой дробнай, паслужніцкай тэатральнай працы! Ці быў такі выпадак, каб лянотны Гэрбза Каўлі не выручыў сваіх сяброў? Ці ж ягоны гумар і жыццярадаснасць не лагодзяць і не падбадзёрваюць падарожных, што спатыкаюцца з ім? Няўжо Джон Баньян думае, што Усявышні мае больш як дзіўнае, прадузятае стаўленне да такіх рэчаў, каб прымаць іх пад вельмі зычлівую ўвагу ў Судны дзень, які, на мой прагрэсіўны погляд, досыць рэгулярна бывае ў людзей? Перачытваючы Джона Баньяна нанова, я маю намер аддаць натуральнаму, прывабнаму генію гэтага мастака большую даніну прызнання і любасці, але, баюся, ягонае светаадчуванне будзе для мяне заўсёдным бяльмом на воку. Ён занадта, страшэнна суровы для мяне. Вось дзе прыходзіць на помач грунтоўнае, асабістае перачытванне кранальнай, цуднай Святой Бібліі, якая шчыра аберагае наш здаровы розум у чорную пару, непараўнальны Ісус Хрыстос, шчыра радзячы наступнае. “Дык вось, будзь дасканалы, як твой Айцец, які на небе, ёсць дасканалы”. Абсалютна правільна; я не знаходжу тут нічога няслушнага, зусім наадварот; аднак, Джон Баньян, хрышчоны ваяр Хрыстовай царквы, несумненна, думае, відаць, што высакародны Ісус Хрыстос казаў наступнае: "Дык вось, будзь беззаганны, як твой Айцец, які на небе, ёсць беззаганны!” Святы Божа, такой недакладнасці свет не бачыў! Ці ж нехта нешта казаў пра беззаганнасць? Дасканаласць — зусім іншае слова, шляхетна пакінутае дзеля дабра чалавечай істоты вісець велічна, як сцяг, на працягу стагоддзяў! Гэта тое, што я называю хвалюючым, разумным дрэйфам або адхіленнем ад курсу. Мой Божа, я шчыра ўхваляю невялікі дрэйф, бо інакш гэтая праклятая гульня скончана! На шчасце, мой асабісты прагрэсіўны погляд, які грунтуецца на сумнеўнай інфармацыі ненадзейнага мозгу, такі, што гульня ніколі не бывае праклятая і ніколі не заканчваецца, калі здаецца неймаверна праўдзівым якраз супрацьлеглае, папросту трэба ізноў сабрацца са сваімі тытанічнымі сіламі і перагледзець пытанне, магчыма, па горла ва ўласнай крыві ці ў падманлівай, невуцкай тузе, не шкадуючы ладнага, прыстойнага кавалка часу, прыгадаць, што нават дасканаласць нашага велічнага Бога пагаджаецца з кранальнай колькасцю прыкрых дрэйфаў, возьмем хоць бы голад, заўчасны, як нам падаецца, скон, малых дзяцей, гожых кабет і спадарынь, доблесных, непахісных мужчын ды незлічонае мноства іншых ашаламляльных з пункту гледжання чалавечага розуму неадпаведнасцей. Зрэшты, калі я працягвацьму ў такім плане, дык, бадай, цвёрда адмоўлюся ўшанаваць гэтым летам несмяротнага пісьменніка Джона Баньяна добрасумленным паўторным чытаннем. Без затрымкі пераходжу да наступнага ў гэтым бязладным спісе аўтара:

Уоік Дзіпін; яго не надта абнадзейліва, але настойліва рэкамендаваў мне якісьці вельмі сімпатычны чалавек у цэнтральнай бібліятэцы. Нягледзячы на тое, што наступствы часта бываюць проста жахлівыя, я абсалютна і, пэўна, нязменна супраць ігнаравання кніг, што ад сэрца рэкамендуюць дужа прывабныя знаёмцы і незнаёмцы; гэта занадта рызыкоўна і не па-людску; апроч таго, наступствы часта прыкрыя на даволі файны лад.

Сёстры Брантэ зноў; непаўторныя дзяўчаты! Прашу цябе мець на ўвазе, што Бады ўжо дачытаў да сярэдзіны “Вільет”, лёгкую, займальную кніжку, калі прыйшла пара збірацца ў лагер; гэты ўвішны чытач, як ты выдатна ведаеш, не пераносіць ніякіх пярэрваў, апроч цалкам непазбежных! Тут можна прыгадаць і тое, што ягоная пачуццёвасць вельмі рана прачынаецца; дужа няпроста саўладаць з фізічнай хэнцю да гэтых асуджаных конам дзяўчат. Праўда, сам я ў мінулым ніколі не адчуваў да Шарлоты якой-небудзь пажадлівасці; аднак зараз, у рэтраспектыве, ейныя жаночыя вартасці паўстаюць у надзіва прывабным святле.

"Кітайская “Materia Medica”, аўтарства Портэра Сміта, старадаўняя кніга, якая амаль што выйшла з ужытку, мабыць, у ёй багата памылак і яна трохі раздражняе, і ўсё ж я з ахвотай цішком перагартаю яе і, калі яна здасца мне таго вартая, дам пачытаць твайму бліскучаму сыну Бады ў якасці невялічкага сюрпрызу. Цалкам верагодна, што ты нават не падазраеш, колькі незапатрабаваных ведаў пра ўсялякія зёлкі і цудоўную флору гэты хлопец прынёс з сабой, галоўным чынам у сваіх, падобных на рыдлёвачкі, пальцах, з ранейшых з'яўленняў; калі гэта толькі не будзе перашкаджаць справе ягонага жыцця, нельга, каб гэтыя зачараваныя веды зглуміліся без карысці! Я, старэйшы за яго на два гады, ягоны старанны, недасведчаны вучань у такіх рэчах! Нягледзячы на частаванне Грыфіта Гэмасміта і мяне тымі дзівоснымі прысмакамі, ён проста не здольны сарваць нявінную краску, не агледзеўшы ды не панюхаўшы ейнае карэнне, ды не змачыўшы яго трохі слінай, каб ачысціць ад зямлі; расліны гучна жаляцца гэтаму хлопчыку, ведаючы, што ягоныя рэдкасныя вушы іх пачуюць! Сумна казаць, але мізэрная колькасць кніг на гэтую тэму, пераважна ангельскіх, абцяжарана недакладнасцямі, самападманам ды вартымі шкадавання забабонамі, а таксама бязмерным перабольшаннем ролі валадарнага Крытэрыю! Дык давайце ж мы, сямейнікі, што пяшчотна яго, Бады, любяць, звернемся з пэўнай надзеяй і ў добрым настроі да вандроўнага кітайца, які шчодра дзеліцца з высакародным індыйцам шырокімі, смелымі поглядамі на чалавечае цела, дыханне ды сваімі думкамі наконт неверагоднай розніцы паміж левай і правай часткамі цела. Кніга Портэра Сміта крыху падбадзёрвае ды абнадзейвае, каб ісці далей, ведама, пры ўмове, што аўтар уклаў душу і сэрца ў бязмежны абсяг сваёй тэмы, што ён не яшчэ адзін прыкры, прэтэнцыёзны дылетант, якога клапоціць толькі тое, каб заняць утульную нішу ў навуцы, але не дазваляй мне батожыць гэтага аўтара без папярэдняга добрага, прыстойнага суда!

У адпаведным аб’ёме, вазьмі ў рахубу мітусню і тлум жыцця ў летніку, калі ласка, прышлі наступных французаў, дзеля практыкі або чыстай уцехі, у залежнасці ад магнетызму кожнага паасобнага аўтара. У даволі вялікай колькасці, калі ласка, прышлі кнігі Віктора Гюго, Гюстава Флабэра, Анарэ дэ Бальзака ці проста Анарэ Бальзака, бо апошні самавольна дадаў сабе арыстакратычнае "дэ”, сыходзячы з кранальных, смяхотных матываў, без жаднага ўганаравання ці дазволу. Гумарыстычная прага арыстакратызму на гэтым свеце невынішчальная! Зрэшты, на маю перадавую думку, не такі ўжо гэта і гумар. Аднойчы, прыемным дажджлівым днём, маючы на тое ахвоту, даследуй вантробы любой паспяховай рэвалюцыі ад пачатку гісторыі; калі ў глыбіні душы кожнага слыннага рэфарматара ты не ўбачыш, як асабістая зайздрасць, рэўнасць, нястрымнае імкненне самому стацца арыстакратам пад новай, хітрай маскай бягуць навыперадкі з жаданнем, каб ежы было болей, а жабрацтва меней, я ахвотна адкажу перад Богам за гэты шчыры, цынічны погляд. Бяда, але я не ведаю, як адразу можна выправіць гэтую сітуацыю.

У меншым аб’ёме, таксама па-французску, дзеля практыкі або чыстай уцехі, разнастайныя выбраныя творы Гі дэ Мапасана, Анатоля Франса, Марціна Лепэра, Эжэна Сю. Калі ласка, папрасі міс Овэрман папрасіць містэра Фрэйзара не ўкладваць ніякіх біяграфій Гі дэ Мапасана, па памылцы або сумысля, асабліва ж тых, што належаць пяру Эліз Зухард, Роберта Курца ды Леанарда Бэланда Уокара, якія я ўжо чытаў з невыказным болем і жалем, і не хочу, каб наш Бады чытаў іх з болем і жалем у такім раннім веку. Як прыроджаныя юрліўцы, баюся, што гэта так, мы адчуваем патрэбу ў кожным салідным, грунтоўным папераджальным знаку, які толькі здатныя здабыць, на тэму пачуццёвасці, але ні ваш сын Бады, ні я зусім не маем намеру гінуць ні ад мяча, ні ад фаласа; мы цвёрда наважыліся ўзяць за шчэлепы праблему пачуццёвасці, даю табе слова гонару; тым не меней, я рашуча адмаўляюся лічыць Гі дэ Мапасана ўдалай ілюстрацыяй злоўжывання пачуццёвасцю, хоць гэта і вельмі спакусліва. Калі б ён не злоўжываў сваім мужчынскім органам, дык злоўжываў бы чым-небудзь іншым. Я не давяраю вам, масье Мапасан! Я не давяраю ні вам, ані якому іншаму вялікаму пісьменніку, які чэрпае дзень у дзень натхненне і поспех з нізкае іроніі! Мая недаравальная непрыязнасць цалкам датычыцца і вас, Анатоль Франс, вялікі іраніст! Мой брат і я, як і незлічонае мноства іншых людзей, вашых чытачоў, прыходзяць да вас з непадробнаю вераю, а вы нас аплявушваеце! Калі гэта лепшае, што вы можаце зрабіць, дык майце элементарную прыстойнасць забіць сябе альбо ласкава спаліць вашы цудадзейныя пёры!

Спадзяюся, ты прабачыш мне гэты варты жалю нервозны выбух; так, ён проста недаравальны, ніякія прабачэнні немажліва прыняць поўнасцю, але ж маё рэзка адмоўнае стаўленне да ўсеагульнай іроніі ды аплявух добра вядомае; я спрабую яго змякчыць, не сумнявайся, але з даволі нікчэмным поспехам. Звернемся лепш да іншай, не такой безнадзейнай тэмы і працягнем спіс. Будзь ласкавая, папрасі міс Овэрман прыслаць Марселя Пруста, як апошняга француза, усяго. Бады яшчэ не зведаў бурнай, навальнічнай сустрэчы з гэтым нязручным, разбуральным геніем сучаснасці, але зараз борзда шыхуецца да яе, не зважаючы на свой юны ўзрост; я ўжо трохі падрыхтаваў яго ў нетрах цэнтральнай бібліятэкі шматлікімі бліскучымі ўрыўкамі, як вось наступны, з нясцерпна балючага “Al’Ombre des jeunes Filles en Fieurs”, наш хвацкі чытач палічыў вартым вывучыць яго на памяць. "On netrouve jamais aussihautsqu’on avaitesperes, unecathedrale, une vague dans la tempete, le bond d’un danseur”. У адно імгненне гэты хлопец дасканала пераклаў кожнае слова за выняткам “vague”, што дакладна азначае “акіянская хваля”, як і “захоплены прыгажосцю"! Калі ён дастаткова сталы, каб яго змагла захапіць прыгажосць непараўнальнага дэкадэнта-генія, ён павінен быць цалкам гатовы паставіцца спакойна і памяркоўна — да юрлівай вычварнасці ды гомасексуалізму; тым болей, што і ў летніку гэтага не так і мала, асабліва сярод Прамежкавых. На маю думку, нямашака ніякіх падстаў для фальшывага, невідушчага далікацтва вакол гэтых рэчаў. Але крый Бог табе ўнушыць містэру Фрэйзару думку, нібыта я прапаноўваю якую-небудзь кнігу Пруста дзеля пажытку Бады. Наперадзе круты паварот! Улічваючы юны ўзрост Бады, містэр Фрэйзар не ўзняўся б вышэй таго, каб выкарыстаць такія факты ў выпадковай размове, ды пацешыць або моцна зацікавіць сяброў, бо ў ім жыве неўтаймаваная пасія быць цэнтрам агульнага інтарэсу падчас размовы! Гэткая падзея, калі б яна адбылася, запэўніваю цябе, паволі рабіла б нам зло, ушчэнт падкопваючы ўсё нашае прыватнае, таемнае ўдасканальванне, якім мы займаемся пад выглядам бяскрыўдных, узорных хлопчыкаў у самых небяспечных, бязлітасных публічных месцах! Хаця ён надзвычай добры ў душы, спагадлівы і адмыслова адукаваны, але язык у яго такі, што містэр Фрэйзар мог бы ім аперазацца, будзь упэўненая. Славалюбства адыгрывае тут нязначную ролю; страта індывідуальнасці ў раннім веку спрычынілася да гэтага куды болей. Удумлівы, адмыслова адукаваны чалавек, ён здатны бессаромна недалікатна выкарыстоўваць свабодную дзіцячую асобу ў якасці забаўнай тэмы для размовы, бо гэта сумная, бязлітасная праўда, што добрыя людзі, якія недастаткова настойліва намагаюцца высветліць сваё ўласнае прызначэнне і заўсёдную адказнасць у жыцці, задавальняюцца паразітычным заняткам, жыруючы на жыццях іншых, як вампіры. Містэр Фрэйзар, страшэнна мілы чалавек, прынамсі, даволі часта, здабыў маю прыхільнасць з самага пачатку, але я катэгарычна адмаўляюся дазволіць яму самавольнічаць у дачыненні да майго малодшага брата, як і да любога іншага перспектыўнага, яшчэ нікому не вядомага генія такога надзіва ранняга веку, робячы з яго штосьці накшталт рыбы, за кошт якой існуе арганізм-паразіт! Бязмерная страта, адзінае, што можа быць ад гэткага глупства! Прыкладзі ўсе намаганні, каб гэты выключны юнак як мага даўжэй заставаўся адным з сяброў наскрозь людское, боскае грамады звычайных!

Далей спіс працягваю наўдачу.

Збор твораў, поўны, сэра Артура Конан-Дойля, за выняткам тых кніжак, дзе Шэрлак Холмс ніяк не самы галоўны, да прыкладу, “Белай дружыны”. А табе будзе з чаго пасмяяцца ды павесяліцца, калі я распавяду пра звязаны з гэтым выпадак, што здарыўся са мною аднаго дня, зусім нядаўна! Я бесклапотна гілаваў у возеры, аддаючы даніну воднаму спорту, без аніякіх думак у галаве, хіба што прыгадваючы са спачуваннем вартае ўхвалы захапленне міс Констабл, у цэнтральнай бібліятэцы, поўным зборам твораў вялікага Гётэ. У гэты спакойны момант да мяне завітала думка, якая нялітасціва ўзняла мае бровы! Я раптам уцяміў, убачыў як на далоні, што люблю сэра Артура Конан- Дойля, але не люблю вялікага Гётэ! Рухаючыся ў вадзе са жвавасцю бестурботнага лайдака, я выразна зразумеў, што нават тое, ці ёсць у маім сэрцы хоць бы паказное захапленне вялікім Гётэ, далёка не ўстаноўлены факт, а вось мая любоў да сэра Артура Конан-Дойля, да ягонага творчага плёну, факт абсалютны і неаспрэчны! Рэдка мне здаралася зрабіць ярчэйшае адкрыццё, плаваючы ў вадаёмах. Адважваюся сказаць, што ў мяне ніколі не з'явіцца больших шанцаў патануць проста ад удзячнасці за ўзычаную мне долю ісціны Ты толькі задумайся, на адзін ашаламляльны момант, што гэта значыць! Гэта значыць, што кожны мужчына, жанчына і дзіця старэйшыя за, скажам, дваццаць адзін або, самы крайні выпадак, трыццаць, не павінны рабіць нічога асабліва важнага ці вырашальнага ў сваім жыцці, не параіўшыся папярэдне з любімымі асобамі, што жывуць або жылі на свеце. Памятай, малю цябе, што ён не мае ніякага права ўключаць у гэты спіс ніводнага з тых, да каго ён адчувае ўсяго толькі захапленне, няхай сабе ўтрапёнае! Калі асоба ці здабыткі гэтай асобы не абудзілі ягонае любові і не падаравалі яму невытлумачальнага шчасця або вечнага, неадлучнага цяпла, яе трэба бесспагадна выкрасліць са спіса! Для такой асобы можа быць іншы спіс, будзем спадзявацца, вельмі прывабны, але гэты спіс, які я маю на ўвазе, вылучна для любові. Божа мой, гэта можа быць найтанчэйшая, наймацнейшая самаахова супраць ашуканства і хлусні, як для сябе самога, так і для любых сяброў і знаёмых падчас мімалётных і заўзятых размоў з самім сабою! Я ўжо зрабіў у вольны час даволі ладную колькасць такіх спісаў, прызначаных для прыватнага кансультавання, якія ахопліваюць мноства людскіх тыпаў. У якасці відавочнага прыкладу, куды гэта можа прывесці, зараз ты пацешышся ўдосталь, хто, як табе здаецца, у маім спісе адзіны сапраўдны спявак, чый голас або запісаны на кружэлцы “Віктролы”, або мне даводзілася чуць непасрэдна? Энрыка Каруза? Надта баюся, што гэта не так. Акрамя сямейнікаў, чые галасы, безумоўна, ніколі не страчвалі для мяне сваіх чараў, ёсць толькі адзін спявак, пра якога я гатовы сказаць без сумневу, што я люблю, як ён спявае, і не баюся, што хлушу або дужа кемна ашукваю сябе, гэта мой незраўнаны сябар містэр Баблз, з “Бак і Баблз”,які ўсяго толькі нягучна напявае сам сабе ў сваёй гардэробнай, суседняй з вашай у Кліўлендзе! Гэта не прыніжае Энрыка Каруза альбо Эль Джолсана, але факты ўпартая штука! Нічога не зробіш! Склаўшы адзін такі жахлівы спіс, ты прыліпаеш да яго навечна. Кажучы пра сябе, даю табе шчырае слова: вярнуўшыся ў Нью-Йорк, ніколі зноў не буду пакідаць свой пакой нават на момант без добрага стоса такіх спісаў, за выняткам блізкага маршруту ў гасціную або ванную Чыстасардэчна прызнаюся, я не ведаю, да чаго ўсё гэта можа прывесці, але калі гэта не прывядзе да таго, што хлусні на свеце стане болей, скурка варта вырабу. Найгоршае, што могуць зрабіць такія спісы, — засведчыць, які тупы я хлопчык, па сутнасці, не надзелены і каліўцам беззаганнага густу, але ж гэта, мажліва, не зусім так, дзякуй Богу.

Шпарка рухаючыся наперад, я прашу цябе ласкава прыслаць любую мужную кнігу пра сусветную вайну, дзе тая была б паказана ва ўсёй сваёй аголенай праўдзе, і найлепш, каб гэтая кніга не належала пяру пустаслаўных ці настальгічных ветэранаў, ані прадпрымальных журналістаў са слабымі здольнасцямі ці сумленнем. Майму густу надзвычай адпавядацьме любое выданне, якое не змяшчае дасканалых фотаздымкаў. Чым старэйшы становішся, тым больш абыякавы да дасканалых фотаздымкаў.

Калі ласка, прышлі мне наступныя адборныя, брудныя кніжкі, можа, упакуй іх разам, так будзе зручней, апроч таго яны не змогуць заразіць іншыя кнігі, што напісалі мужчыны і жанчыны, пазначаныя геніяльнасцю, талентам або хвалюючай, умеркаванай адукаванасцю. “Аляксандр” Альфрэда Эрдоны і "Пачаткі і разважанні” Тэа Эктана Баўма. Без аніякіх намаганняў, не высільваючыся самі і не абцяжарваючы маіх добрых сяброў у бібліятэцы, будзьце ласкавыя, зрабіце ўсё магчымае, каб паслаць гэтыя кніжкі найраней, як толькі з'явіцца зручны момант. Гэта тыя неацэнна нудныя кніжкі, якія я вельмі хацеў бы, каб наш Бады меў у сваім багажы да таго, як упершыню ў цяперашнім сваім абліччы ступіць у будучым годзе на парог школы. Не ўскідвайся з пагардай на нудныя кніжкі! Адзін з самых хуткіх спосабаў, хоць ён цяжкі ды пакутны, як навучыць малога, дужа кампетэнтнага хлопчыка накшталт Бады не заплюшчваць вачэй на штодзённую сумоту і зямны бруд, гэта запрапанаваць яму адборную, нудную, брудную кнігу. Магчыма, у поўнай цішыні можна сказаць яму, унікаючы глыбокага смутку ў голасе або шалёнай раз'ятранасці, падаючы яму на срэбранай талерцы неацэнныя кнігі: “Вось табе, юнача, дзве кнігі, абедзве — субтэльныя, надзіва неэмацыянальныя, незаўважна гнілыя наскрозь. Абедзве напісаныя знакамітымі лжэвучонымі, людзьмі паблажлівага і здзірніцкага складу, з умеркаванымі, асабістымі амбіцыямі. Сам я скончыў чытаць гэтыя кнігі са слязьмі сораму і гневу. Без лішніх слоў я даю табе два Богам пасланыя ўзоры таго, у якое чорнае пракляцце ператвараецца інтэлектуальнасць ды беззаганная адукаванасць, калі яны разлапушваюцца і буяюць без таленту і глыбокай чалавечнасці". Я не сказаў бы ніводнага слова ў дадатак юнаку, пра якога ідзе гаворка. Ты можаш вырашыць, што гэта гучыць зноў вельмі неміласэрна. Было б проста неразумна і смешна, калі б я пярэчыў; гэта сапраўды вельмі неміласэрна. А з другога боку, ты, магчыма, не ведаеш, якую небяспеку тояць у сабе абодва аўтары. Зараз жа сцісла іх разгледзім, каб не было ніякіх недагаворванняў, пачнем з Альфрэда Эрдоны. Прафесар вядучага ангельскага універсітэта напісаў біяграфію Аляксандра Вялікага ў няспешнай, чытабельнай манеры, нягледзячы на памер кнігі, часта згадваючы ўласную жонку, таксама знакамітага прафесара ў вядучым універсітэце, ды свайго любімага сабаку Аляксандра, і колішняга, старога прафесара Гідара, які таксама пражыў за кошт Аляксандра Вялікага шмат гадоў. I адзін, і другі, выключна ў свой вольны час, добра-такі нажыліся на Аляксандры Вялікім, калі не ў матэрыяльным плане, дык у сэнсе славы і прэстыжу напэўна. Але не зважаючы на гэта, для Альфрэда Эрдоны Аляксандр Вялікі ўсё адно як яшчэ адзін мілы сабака, частка ягонай праклятай маёмасці! Я асабіста стаўлюся да Аляксандра Вялікага як і да любое іншае невылечнае, ваяўнічае асобы без усякага фанатычнага піетэту, але як адважваецца Альфрэд Эрдона заканчваць сваю кнігу, літаральна намякаючы — тонка, несумленна, нібыта ён, па сутнасці, вышэйшы за Аляксандра Вялікага з тае прычыны, што Эрдона і ягоная жонка, а мажліва, і сабака, маюць дужа зручную і ўтульную пазіцыю, каб эксплуатаваць і апекаваць Аляксандра Вялікага! У яго няма і драбніцы ўдзячнасці да Аляксандра Вялікага за тое, што гэтая славутасць існавала, і як вынік — Альфрэд Эрдона змог займець прывілей “даіць” яе ў няспешнай, вытанчанай форме. Я нават не выгаворваю гэтай ілжэвучонай персоне за тое, што яна сама, асабіста не можа трываць герояў і гераізму і ў адным з раздзелаў, даючы Напалеону столькі ж месца, як Аляксандру, паказвае, якую шкоду і крывавую бязглуздзіцу героі прыносілі свету. Сама па сабе гэтая думка вельмі блізкая мне, тут я аддаю належнае ягонай шчырасці, але, каб пісаць такі дзёрзкі, неарыгінальны раздзел, трэба ўлічваць два моманты. Бясспрэчна, гэта варта хвіліннай, не дужа грунтоўнай дыскусіі; прашу цябе быць безразважна спагадным да мяне, пакуль я не скончу! Зрэшты, ёсць і яшчэ адзін, трэці момант.

1. Куды больш пасуе бясконца не любіць герояў і гераізм тады, калі сам ты напраўду гатовы зрабіць штосьці гераічнае. Калі ты не гатовы зрабіць нічога гераічнага, то ўсё роўна можаш годна ўступаць у дыскусію, але страшэнна асцярожна і памяркоўна, вельмі абачліва і пільна ўключаючы кожнае паасобнае святло ў сабе ды яшчэ, магчыма, з падвойнай жарлівасцю молячы Бога, каб ён не даў табе заблудзіцца і знічожаць душою.

2. Дзеля зразумелых прычын ты павінен заўжды мець пры сабе мадэль чалавечага мозгу. Калі ў цябе няма пад рукой мадэлі чалавечага мозгу, яго зусім нармалёва заменіць аблуплены каштан! Але надзвычай неабходна, маючы справу з такімі рэчамі, як героі ды гераізм, уласнымі вачыма ясна бачыць, што чалавечы мозг усяго толькі прыемны, мілы, вельмі адпаведны для доследу прадмет, які сам не мае і каліва праўдзівай здольнасці зразумець гісторыю чалавецтва поўнасцю альбо тое, якую часовую ролю, гераічную ці не надта, мусіш ты зараз выконваць усім сэрцам і сумленнем.

3. Ён, Альфрэд Эрдона, без утойвання прызнае, што асабістым настаўнікам Аляксандра Вялікага ў юнацкія гады быў Арыстоцель. Hi разу, ні пры якой добрай нагодзе, Альфрэд Эрдона засмучана не выгаварыў Арыстоцелю, што той не здолеў навучыць Аляксандра Вялікага, як не стацца вялікім! Нямашака ніводнай згадкі ў ніводнай кнізе на гэтую цікавую тэму, якія я ўвогуле чытаў, каб Арыстоцель калі-небудзь хоць бы папрасіў Аляксандра ўздзець толькі мантыю шараговай вялікасці ды адкінуць, не раўнуючы, як экскрэменты, калі вы мне хуценька прабачыце, якую б там ні было іншую вялікасць.

Тут я ахвотна скончу гэтую праклятую тэму. Мае нервы напружаны да немагчымасці; апроч таго, я цалкам пазбавіў сябе досыць ладнага кавалка часу, які меркаваў прысвяціць сумнеўнаму і надта небяспечнаму, неталенавітаму, напісанаму з халодным сэрцам літаратурнаму твору Тэа Эктана Баўма. Аднак, паўтараю, я не адказвацьму за свой душэўны спакой, калі мы дапусцім, каб наш Бады пайшоў у школу і далей, доўгай, надзвычай складанай дарогай афіцыйнай адукацыі, не ўзброены такім дасведчаннем, як гэтыя пагрозлівыя, самаздаволеныя, зусім звычайныя кніжкі.

Зараз іду літаральна скокам, жартам кажучы, і прашу вас даслаць мне любыя змястоўныя кнігі наконт чалавечага кручэння ці вярчэння. Бадай, ты прыгадаеш, прыняўшы мае гумарыстычныя, найглыбокія спачуванні, што, па меншай меры, трое з тваіх дзяцей, цалкам незалежна адно ад аднаго ды без чыёй бы там ні было навукі, набылі далікатную звычку надзвычай хутка круціць целам, як абручом. Пасля гэтага надта дэманстратыўнага, паказнога практыкавання асоба, якая такім манерам круціцца, можа часта, хоць далёка не заўсёды, знайсці вырашэнне таго ці іншага пытання, зазвычай, вельмі нязначнага, або даць на яго фунтоўны адказ. Неаднойчы ў бібліятэцы гэтае неацэннае практыкаванне дапамагала мне ў той ці іншай дробнай справе; вядома, ты мусіш знайсці месца, дзе цябе не ўбачаць няўзброеным вокам. На сённяшні дзень я, канечне, выявіў, што здаўна багата людзей ва ўсім свеце з поспехам ужывалі такое практыкаванне, гэта датычыць, у пэўнай ступені, нават мілых, кранальных трасуноў. Апроч таго, ходзіць вартая ўвагі чутка пра тое, што святы Францішак з Асізі, цудоўная постаць, аднойчы папрасіў сабрата манаха трохі пакруціцца, калі яны былі на адказным раздарожжы і вагаліся, які абраць кірунак. Так, несумненна, тут мы маем візантыйскі ўплыў на трубадураў, але я далёка не перакананы, што гэты досвед можа быць абмежаваны адным кутком нашае незвычайнае зямное кулі. Хоць сам я ў вельмі хуткім часе назаўжды кіну круціцца, пераклаўшы болей адказнасці на іншую частку мозгу, але фактам застаецца, што шматлікую інфармацыю на гэтую тэму трэба толькі вітаць, бо малыя, паводле сваіх уласных матываў, магчыма, пажадаюць працягваць падобны занятак і надалей, яшчэ доўга пасля таго, як даспеюць; па праўдзе, дык я сумняваюся ў гэтым.

Працягваючы, а тым часам, і міласэрна заканчваючы свой спіс, я быў бы рады прачытаць любую рэч па-ангельску з напісанага досыць прыстойнымі братамі Чэнг або любой іншай, умеркавана адоранай і невераемна амбіцыёзнай асобай, якой собіла стацца аўтарам рэлігійнага твора ў Кітаі пасля двух небасяжных, непараўнальных геніяў Лао-цзы і Чжуан-цзы, не кажучы пра Гаўтаму Буду! Няма неабходнасці падступаць да міс Овэрман або містэра Фрэйзара на пальчыках наконт кніг названых вучоных, я ўжо неаднаразова ўносіў у гэта яснасць, але далікатны падыход, як і раней, надта пажаданы! Hi міс Овэрман, ні містэр Фрэйзар аніколі нітрохі не захапляліся тэмай Бога або суцэльнага хаосу ў сусвеце, таму такая абыякавая, крывадушная ўхвала з іхняга боку маёй усёпаглынальнай цікавасці да гэтай тэматыкі. Але нельга назваць іхняе стаўленне да мяне безуважным або незычлівым, зусім не, гэта ж славуты Эдгар Сэмпл сказаў містэру Фрэйзару, што ў мяне ёсць задаткі стацца бліскучым амерыканскім паэтам, па сутнасці, сказаў чыстую праўду. Яны надзвычай баяцца, усе як адзін, што мая поўная дзівавання прыхільнасць да Бога — без утойвання і без ладу — зруйнуе маю прыўкрасную паэтычную будучыню; гэта не дурнота; заўжды існуе лёгкая, цудная, цалкам вартная рызыка, што я стануся няўдачнікам, якога свет не бачыў, прырода не чула, расчараваўшы ўсіх сваіх дружбакоў і любімых людзей, вельмі рэальны, паганы варыянт, які заўсягды выклікае ў мяне слёзы, калі я па шчырасці разважаю сам з сабою. Якім, бясспрэчна, слаўным і вясёлым дарам было б, калі б кажнюсенькага дня свайго класнага цяперашняга побыту мы беспамылкова і дакладна ведалі, дзе яны, нашыя несмяротныя абавязкі, відавочныя і канкрэтныя! Вельмі шкадую, а ў душы радуюся, што мае відзежы да смешнага бездапаможныя паспрыяць мне ў гэткіх справах! Штопраўда, заўжды ёсць кволая магчымасць, што твой улюбёны, без пэўнай формы і аблічча Бог здзівіць цябе, як з грому, мілым, карысным загадам, да прыкладу: "Сімар Глас, рабі гэта” ці “Сімар Глас, дурненькі мой сынок, рабі тое”, але я зусім не здольны прасякнуцца ўцехай ад такой мажлівасці. Гэта, безумоўна, грубае перабольшанне. Мяне моцна цешыць і натхняе такая мажлівасць, калі я разважна смакую яе, але адначасна ўсёй сваёй сумнеўнай душой я адчуваю да яе моцную, нязменную агіду! Вульгарна кажучы, сама гэтая магчымасць атрымлівання зручненькіх асабістых загадаў ад Бога, цалкам пазбаўленага формы або аздобленага саліднаю, прыгожаю барадою, ажно смярдзіць фаварытызмам дый годзе! Дастаткова Богу ўзвысіць адну чалавечую істоту над другой, асыпаўшы яе сваімі шчодрымі ласкамі, і зараз жа праб'е гадзіна пакідаць Ягоную адмысловую службу назаўсёды і без шкадобы! Гучыць надзвычайна рэзка, але ж я эмацыянальны юнак, напраўду смяротны і маю найбагатыя дасведчанні ў смяротным фаварытызме, я не магу на яго глядзець; няхай Бог адорвае альбо ўсіх нас цуднымі, асабістымі загадамі альбо нікога! Калі ў цябе хапае цярпення чытаць гэты ліст, дарагі Божа, будзь пэўны, я ўсведамляю тое, што кажу! Не пасыпай мой лёс ніякім сумнеўным цукрам! Не выдзяляй мяне цуднымі, асабістымі загадамі ды бліскучымі парадамі, як найспрытней дасягнуць мэты! Не прапаноўвай мне стацца сябрам ніякае элітарнае суполкі людзей, якая не адчыненая шырока для кожнага і любога! Прыгадай неадкладна ж, грунтам, на якім паўстала мая гатоўнасць любіць Твайго незвычайнага, высакароднага сына, Ісуса Хрыста, было тое, што Ты не рабіў Яго сваім улюбёнцам і не ўзычваў яму карт-бланш на ўвесь час Ягонага знаходжання тут!

Варта Табе толькі цьмяна намякнуць, што Ты даваў Яму карт-бланш, і я са шкадаваннем вытру Ягонае імя з танюткага спіса тых чалавечых істотаў, якіх я паважаю без незлічоныха гаворак, нягледзячы на шматлікія і размаітыя Ягоныя цуды, што, відаць, былі неабходныя ў тых акалічнасцях, але застаюцца сумнеўным штрыхом, на мой перадавы погляд, як і злашчасным каменем спатыкнення для прыстойных, сімпатычных атэістаў накшталт Леана Зандгайма і Мікі Уотарза, першы — ліфцёр у атэлі “Аламак”, другі — абаяльны чалавек без пэўнага занятку і месца працы. Так, неразумныя слёзы цякуць па маім твары; нямашака прыстойнай альтэрнатывы. 3 Твайго боку, Ягомасць, ласкава і не без гумару, што ты дазваляеш, каб я заставаўся паглыбленым у мае ўласныя сумнеўныя метады, гэткія, як усёпаглынальнае зацікаўленне чалавечым сэрцам і мозгам. Магутны Божа, Цябе дужа няпроста спасцігнуць, дзякуй Богу! Я люблю Цябе больш, як калі! Ведай, Ты можаш вечна карыстацца сумнеўнымі маімі паслугамі!

Нейкую хвілінку я вольна перадыхну, дарагія Лэс і Бэсі ды іншыя каханыя ахвяры імклівай атакі майго пісьма. Насупраць пустога бунгала, заліваючы святлом краявід, што адкрываецца вачам з акна над шчаслівым ложкам Тома Лэнтарна, ззяе дзённае сонца, надта хвалююча, вядома, калі гэта не ўсяго толькі мой мозг ззяе надта хвалююча. Як бы там ні было на самай справе, але часам проста глупства не прывітаць уцеху, адкуль бы яна ні зіхацела.

Скончу перапынены спіс кніжак для міс Овэрман і містэра Фрэйзара некалькімі сціслымі штрыхамі.

Калі ласка, дашліце што заўгодна пра каларытных і хцівых Медычы, а таксама якую-небудзь кнігу, прысвечаную кранальным трансцэндэнталістам нашай уласнай гадоўлі. Апроч таго, дашліце паасобнікі, пажадана, без эксгібіцыянісцкіх пазнак алоўкам на старонках, як французскага выдання, гэтак і перакладу містэра Котэна "Вопытаў” Мантэня. Які чароўны, павярхоўны, цудоўны француз! Няхай злятае з галавы капялюш перад усімі таленавітымі, цудоўнымі асобамі; мой Божа, яны рэдкія і яскравыя!

Будзьце ласкавыя, прышліце любыя цікавыя кнігі аб чалавечай цывілізацыі задоўга да грэкаў, але якраз пасля таго спіса цывілізацый, што ляжыць у кішэні майго старога дажджавіка са злашчаснай прарэхай на плячы, які Уолт смяхотна адмовіўся насіць на людзях.

Тое, пра што я зараз папрашу, невымоўна важнае. Калі ласка, прышліце мне кнігі, у якіх разглядаецца будова чалавечага сэрца: тыя, якія мне яшчэ не ўдалося прачытаць; досыць кампактны спіс у апошні час ляжаў у верхняй шуфлядзе майго шыфаньера — ці пад маімі насоўкамі, ці па суседству з пісталетамі Бады. На нязвыклыя, дакладныя малюнкі сэрца заўжды прыемна глядзець, як і на любы іншы, створаны з добрымі намерамі, прыблізны партрэт гэтага незраўнанага органа, найцуднага ў чалавека; зрэшты, малюнкі — рэч не надта істотная, бо перадаюць усяго толькі простыя, фізічныя ўласцівасці, пакідаючы без усялякай увагі недаследаваныя, лепшыя часткі! На жаль, і засмучэнне ад гэтага непазбыўнае, лепшыя часткі можна агледзець толькі ў вельмі дзіўныя, хвалюючыя, нечаканыя хвіліны, калі твае свяцільнікі без сумневу, напэўна ўключаны; не маючы ладнага рысавальшчыцкага таленту, а яго ў мяне нямашака наогул, не ведаеш, як і перадаць іхні выгляд блізкім і зацікаўленым людзям. Несамавітыя справы, самае меншае! Поўны выгляд такога дзівоснага органа, з якім нішто ў чалавечым целе нельга параўнаць, павінен мецца ў кожнага, а не толькі ў сумнеўных малалетак накшталт тых, чые подпісы будуць пад гэтым лістом!

Менавіта для вывучэння цела, бачнага ці не бачнага няўзброеным вокам, будзьце ласкавыя, дашліце якую-небудзь кнігу, прысвечаную вылучна ўтварэнню калюса. Гэта будзе вельмі няпроста або немагчыма, але вы, калі ласка, не прасіце міс Овэрман або містэра Фрэйзара высільвацца. Калі, аднак, кніга на гэткую палонячую тэму ўсё ж знойдзецца, не сумнявайцеся, яна будзе тутака прагна праглынута, асабліва ўсё, што датычыць таго, як гаючы калюс, лекуючы, злучае зламаную чалавечую костку, проста дзіва, які ў яго розум, ён дакладна ведае, калі пачаць і спыніцца, безжаднай адмысловай дапамогі з боку мозгу параненага. Вось яшчэ адно бліскучае дасягненне, што з вар’яцкай упартасцю прыпісваецца “Маці Прыродзе”. Ставячыся да яе з усёй належнай пашанай, мне да смерці дакучыла чуць столькі гадоў ейнае сумнеўнае імя.

У лютым гэтага памятнага года я спазнаў невыказную асалоду ад жвавай гамонкі, што доўжылася поўную, прыемную чвэрць гадзіны, з павабнай жанчынкай, родам з Чэхаславаччыны, асобай у цёмным дарагім уборы, аднак з цікавымі, кранальнымі, бруднымі пазногцямі. Гэты выпадак здарыўся ў цэнтральнай бібліятэцы, недзе праз месяц пасля таго, як высокашаноўны Луіс Бэнфард у адказ на мой ліст цудоўным чынам і без затрымкі зрабіў маю сумнеўную прысутнасць тамака магчымай. Назваўшыся маткай маладога дыпламата, і гэта знайшло сваё пацвярджэнне, яна мякка ўвяла ў размову імя свайго ўлюбенага паэта, чэха Отакара Бржэзіны, горача рэкамендуючы мне прачытаць яго. Магчыма, містэр Фрэйзар зможа знайсці для мяне адну з ягоных кніг, баюся, у ангельскім перакладзе. Не ўсё так і блага, калі гэтая неверагодная жанчына, хаця і дужа нервовая і, па праўдзе, неўраўнаважаная, мела ў жыцці чарадзейную, журботную іскру любові! У містэра Бржэзіны тут ёсць нязломная прыхільніца! Божа, блаславі спадарынь у дарагіх, густоўных строях і з мілымі, бруднымі пазногцямі, тых, што адстойваюць таленавітых замежных паэтаў і аздабляюць бібліятэку на пекны, меланхалічны манер! Мой Божа, строіць кепікі з Твайго сусвету не выпадае!

У заключэнне, цяпер ужо, бадай, апошняе, я быў бы надзвычай удзячны, калі б'вы папрасілі міс Овэрман папрасіць місіс Гантар, мажліва, па тэлефоне, калі зручна, зрабіць ласку адшукаць студзеньскі выпуск “Часопіса Дублінскага універсітэта” за 1842 год, студзеньскі выпуск “Часопіса джэнтльмена” за 1866 год і вераснёўскі нумар “Паўночнага Брытанскага агляду” за 1866 год, бо ўсе тры не надта свежыя часопісы змяшчаюць артыкулы пра аднаго вельмі дарагога мне сябра, толькі па перапісцы, падчас папярэдняга майго існавання, прызнаюся, гэта сэр Уільям Роўван Гамільтан! Я вельмі рэдка здольны рабіць гэта, яшчэ адно пацвярджэнне, што ліха без дабра не бывае, але я ўсё яшчэ магу ўбачыць перад сабой ягоны сяброўскі, самотны, таварыскі твар, хоць і гады ў рады! Аднак не ўпамінай міс Овэрман ні пра якія асабістыя сувязі накшталт гэтых, заклінаю цябе! Усе асаблівасці ейнай аўтаматычнай рэзкай рэакцыі на такое нармальныя і натуральныя; міс Овэрман нязменна ашаломлена, устрывожана і засмучана, калі я, зрэдку, бываю дастаткова неразумным і неасцярожным і закранаю непапулярную тэму ўвасабленняў. Ёсць і яшчэ адзін момант, які не спрыяе таму, каб знаёміць яе з падобнымі сумнеўнымі дэталямі, а менавіта, на жаль, яны становяцца предметам дужа прыкрага абгаворвання ў кампаніі дарослых. Хаця міс Овэрман, звычайна, не выкарыстоўвае нас, вашага сына Бады і мяне, як сумнеўныя тэмы для размовы, каб пазабаўляць ейных сяброў і калегаў, будучы высакароднаю жанчынаю, якой уласціва лічыцца з пачуццямі іншых людзей і з іхнім сумнеўным становішчам, яна абсалютна няздольная стаіць асаблівую ці пазначаную пэўнай навізной інфармацыю ад містэра Фрэйзара ці якога іншага добра апранутага, культурнага джэнтльмена з адметнымі сівымі валасамі; гэткія джэнтльмены — ейная вечная слабасць, яна схільная адчуваць да іх лёгкую закаханасць, калі тыя з ёю зычлівыя і ўважныя або перасыпаюць сваю гаворку ветлым пакепліваннем, шчыра ці няшчыра. Вядома, гэта дробны, смяхотны недахоп, але махнуць рукой і дазволіць сабе неасцярожнасць задорага абышлося б. Калі ласка, проста папрасі яе, каб яна патэлефанавала місіс Гантар, магчыма, мы здолеем дастаць згаданыя часопісы без вялікіх нязручнасцей, не падавай ніякіх прычын, хіба што вымаві адным дыхам, зусім мімаходзь, маўляў, яна, міс Овэрман, заўжды перадае нам цудоўнае, лёгкае чытанне, якім нядаўна цешылася сама. Ад гэтых слоў за вярсту патыхае страшэннаю двудушнасцю, але ейны густ датычна лёгкага чытання часта бывае і высокі, таму са шкадаваннем я ўсё ж рэкамендую ўжыць гэткі манеўр. Давяраю тваёй абачлівасці, як у дадзенай, так і ва ўсіх астатніх справах, хоць пра гэта, Бэсі любая, я мог бы і не казаць. А яшчэ мы з удзячнасцю ўспрынялі б, калі б вы сунулі мімаходзь у ёмкі канверт твор містэра і місіс Мун Малінз ды, можа, пару паасобнікаў “Вар'етэ” пасля таго, як прачытаеце іх самі. Ісусе Хрысце, якім цяжарам, якой дакукай і ўвогуле мітрэнгай я раблюся ў вашым жыцці! Дня не бывае, каб я забыўся на сваю паганую патрабавальнасць!

I яшчэ, дарэчы, магчыма, варта сказаць: папярэдзь міс Овэрман, што містэра Фрэйзара можа добра-такі збянтэжыць і ўгнявіць колькасць заказаных мною кніг, хоць сам містэр Фрэйзар не парупіўся назваць максімальны лік, які ён з ахвотай даслаў бы нам, пакуль мы ў ад'ездзе. Будзьце ласкавыя, папрасіце міс Овэрман пераканаць яго, што абодва мы чытаем з падвышанай, неверагоднай хуткасцю кажнюткі дзень і зможам вярнуць любыя вельмі рэдкія кнігі ўмомант, калі гэта спатрэбіцца і як толькі здабудзем маркі. Баюся, тут будзе безліч цяжкасцей. Ён, містэр Фрэйзар, і сапраўды вельмі шчодры, добры чалавек, з надзвычайна высокай ступенню талерантнасці ў дачыненні да паганых рысаў маёй натуры, але ў ягонай шчодрасці тоіцца і хітрынка, бо яму падабаецца бачыць удзячныя твары сваіх даўжнікоў, калі ён робіць ім ажно такую ласку. Па-чалавечы, тут усё зразумела, і не трэба чакаць або дарэмна жадаць, каб гэткае знікла на зямлі за адну ноч, так ці інакш, майце мае словы на ўвазе. На мой прыватны, гумарыстычны погляд, нам страшэнна пашанцуе, калі містэр Фрэйзар дашле нам самае большае дзве або тры кнігі з усяго спіса! О, мой Божа, можна адурэць ад такой камічнай думкі!

Адгадай, хто ўвайшоў у бунгала з шырокай усмешкай на твары? Ваш сын Бады! Вядомы таксама як У. Дж. Глас, выдатны пісьменнік! Які няўломны хлапец! Ён, відавочна, меў плённы працоўны дзень! Як бы я жадаў, каб вы ўсе былі тут, уласнай персонай, і бачылі ягоны незвычайна абаяльны, прыцягальны, злёгку загарэлы твар; яшчэ і таму плаціце вы, дарагія Бэсі і Лэс, надта празмерную цану за нашыя легкадумныя летнія забавы ды разрыўкі. Au revoir! Бады далучаецца да кожнага майго сардэчнага пажадання вам заўсёднага здароўя і ўсялякай памыснасці ў нашу працяглую адсутнасць. Застаёмся, Вашы сыны і браты, якія любяць вас, Сімар і У.Дж. Глас; злучаныя назаўсёды духам і крывёю і нязведанымі глыбінямі ды палатамі сэрца.

Спяшаючыся найхутчэй завяршыць гэты ліст, а таксама ад радасці бачыць вашага незвычайнага сына, які раптоўна прыляцеў у бунгала, пасля сямі з паловай гадзін адсутнасці, я рызыкую забыцца на невялічкую гронку апошніх просьбаў, спадзяюся, дужа нязначных. Як ужо адзначалася мы маем незайздросна бліскучыя шанцы, што містэра Фрэйзара агорне паныласць і скруха па атрыманні гэтага кніжнага спіса, і ён папракацьме сябе за сваю сяброўскую, добраахвотную прапанову; зрэшты, мажліва, я раблю яму вялікую крыўду, думаючы падобным чынам; у такім выпадку (у чым я маркотна сумняваюся), калі ласка, папрасіце міс Овэрман прыгадаць яму, што гэта будзе абсалютна апошні наш кідок, самае меншае, на 6 доўгіх месяцаў наперад! Калі пагасне зіхатлівы бляск лета, рэшту гэтага памятнага года мы аддамо вылучна кансультацыям са слоўнікам; унікацьмем нават паэзіі ў адказны перыяд не ў далёкім часе, гэта, натуральна, азначае што містэр Фрэйзар не мецьме магчымасці, больш турботнай, чымся вартнай, бачыць нашыя юныя, зацятыя твары ў ніводнай публічцы Готама цэлых шэсць поўных ёмкіх месяцаў. Хто не адчуе вялізнай палёгкі, пачуўшы гэта! Вынятку, хоць сам па сабе ён прыемны, бадай, няма. У непасрэдным звязку з толькі што ўпамянутымі месяцамі, шчыра прашу вас як нашых улюбёных бацькоў, братоў і сястру прамовіць некалькі крамяных, сур’ёзных малітваў за нас. Асабіста я вельмі спадзяюся на тое, што нагрувашчванні ненатуральных, афектаваных, напышліва высакамоўных і паганых, прыкрых слоў зваляцца з майго юнага цела, як тыя мухі, падчас адказнага перыяду, які надыдзе! Гэта варта любога высілку, будова маіх будучых сказаў пастаўлена на карту!

Прашу цябе, не сярдуй на мяне, Бэсі; аднак вось маё абсалютна апошняе слова наконт сыходу са сцэны ў нязвычна раннім веку. Я зноў проста малю цябе: нічога не рабі не ў час. Пачакай, цярпліва і спакойна, хаця б да кастрычніка, а тады глядзі на ўсе вочы, каб скарыстаць са спрыяльнай аказіі; у кастрычніку ты, магчыма, рушыш як на мазаных колах! Яшчэ, каб не забыць. Бады настойліва просіць, каб вы абавязкова прыслалі яму некалькі тых вельмі вялікіх блакнотаў, зусім без лінеек, для ягоных дужа займальных апавяданняў. Hi ў якім разе не пасылайце яму іншыя, з лінейкамі, тыя, што я ўжываю аж па сённяшні, аддадзены прыемнай размове з вамі дзень, бо ён пагарджае такімі блакнотамі. I яшчэ, хоць я і не адважыўся шчыра абмеркаваць гэта з Бады, думаю, ён дужа ўзрадуецца, калі вы прышляце яму цацачнага трусіка сярэдняга памеру, бо ягоны вялікі трусік згубіўся, калі праваднік у цягніку прыбіраў уранні пасцель; толькі, калі ласка, не згадвайце пра гэта ў сваіх будучых лістах, а проста ціха пакладзіце не вельмі вялікага трусіка ў зручную тару, да прыкладу, у пустую кардонку з-пад абутку ці ў якую каробку ды пашліце поштай. Я ведаю, што магу пакінуць вырашэнне гэтай ці любой іншай справы цалкам на цябе, Бэсі; Божа, ты, Бэсі, выклікаеш столькі ж дзівавання, колькі любові! Апроч таго, што больш не трэба яму дасылаць для ягоных апавяданняў блакноты з лінейкамі, не дасылайце яму ніякіх блакнотаў з танюсенькай паперай, падобнай на шалупінне цыбулі, бо ён папросту выкідвае такія ў скрыню для смецця, паблізу бунгала, якой карыстаюцца ўсе. Марнатраўства, безумоўна, але я быў бы ўдзячны вам, калі б вы не наказвалі мне ўмешвацца ў гэткую далікатную справу. Не ведаю, ці варта казаць, што не ўсялякая марнатраўнасць абурае мяне; па праўдзе, дык, бывае, у марнатраўнасці ёсць нешта трымтліва-хвалюючае для мяне. Будзем мець на ўвазе і тое, што менавіта львіная адданасць Бады свайму літаратурнаму рыштунку ўрэшце дазволіць яму, маё вам шчырае слова, поўнасцю вызваліцца, годна і шчасна, з гэтае зачараванае даліны слёз, смеху і выратавальнае чалавечае любові, прыхільнасці і зычлівасці.

3 50000 дадатковых пацалункаў ад двух баламутных шыбенікаў бунгала нумар 7, якія вас любяць,

Найсардэчна,

С.Г

— Дж. Д. Сэлінджэр


Пераклаў з англійскай мовы Павел МАРЦІНОВІЧ.