КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 703862 томов
Объем библиотеки - 1319 Гб.
Всего авторов - 272255
Пользователей - 124517

Новое на форуме

Впечатления

DXBCKT про Дроздов: Князь Мещерский (Альтернативная история)

Поскольку уже в части предыдущей герой фактически достиг «своего потолка» (как и в плане наград, должностей, так и в плане помолвки с … ) было очень интересно увидеть — куда же именно «повернет» автор дабы развить тему «с малыми перспективами»))

Ну а поскольку сам ГГ давным давно не довольствуется простой работой хирурга (пусть и даже «на высших командных должностях» приближенных «к его императорскому величеству»), то на первый

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Дроздов: Лейб-хирург (Альтернативная история)

Во второй части автор явно достигает «потолка» (осыпав ГГ чинами и наградами, а так же в плане «иных перспектив» героя), плюсом идет «полный провал легенды Штирлица» (так что вопрос наличия «вопросов к попаданцу» / упс, тавтология / автоматически снят с повестки))

Неким же отвлечением от основной линии (судьба героя) становится «паралельная нить» повествования жизни друзей (будущего барона и «кавалерственной дамы» от медслужбы)).

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Дроздов: Зауряд-врач (Альтернативная история)

Поскольку в последнее время меня основательно «унесло» в сторону аудиоверсий (а не бумажно-электронных вариантов произведений) для меня некоторой проблемой стала не сколько художественная часть, сколько озвучка книги (а именно чтец). Случайно же набрев на данную серию (нечитанную мной ранее), и уже имея некоторое впечатление об авторе — я без сомнений взялся за нее (ибо все остальные варианты были «не айс»))

В начале книги

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Гончарова: Азъ есмь Софья. Царевна (Героическая фантастика)

Вторую часть (как собственно и первую) я прочел «уже на бумаге», благо доставка (на сей раз) сработала весьма оперативно... По части второй (коя так же была прочитана «влет»)) нельзя не отметить некоторое (пусть и весьма вынужденное) отступление от центрального персонажа, в пользу второстепенных фигур (царь, царевич, король и королевич)) + «по ходу пьесы» пошло весьма долгое описание «всяких там сражений» времен «завоевания Кемской

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
kiyanyn про серию МНС

Кажется, да Винчи сказал, что великое уродство встречается столь же редко, как и великая красота?

Вот так и великий бред встречается так же редко, как и хорошие произведения.

Но встречается, примером чему сия, гм... графомания.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
iv4f3dorov про Кулаков: Цивилизатор в СССР 1980 (Альтернативная история)

Либерман или как там его ещё спасает СССР? Тем что тащит за уши горбачишку? Афтырь ты мудак.

Рейтинг: +4 ( 4 за, 0 против).
greatcommy про Чехов: Полночь, XIX век (Антология) (Социально-философская фантастика)

Истинным ценителям

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).

Вершы. Паэмы [Тарас Рыгоравіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

ТАРАС ШАЎЧЭНКА ВЕРШЫ. ПАЭМЫ

Вершы. Паэмы: З укр./Уклад. і каментарыі Э. М. Мартынавай; Прадм. К. Р. Хромчанкі.— Мн.: Маст. літ., 1989.— 462 с., [4] л. іл.— (Скарбы сусвет. літ.).


Тэкст друкуецца па выданню:

Т. Шаўчэнка. Кабзар. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1952.

Новыя пераклады зроблены з выдання:

Т. Шевченко. Повне зібрання творів у шести томах.— Київ: Видавництво Академії наук УРСР, 1963.— Т. 1, 2.


Рэдактар Н. I. Тулупава

Мастак А. I. Цароў

Мастацкі рэдактар А. М. Малышава

Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо

Карэктар К. А. Крукоўская

СВАБОДЫ I ДРУЖБЫ НАРОДАЎ ПЯСНЯР

У сузор’і неўміручых імёнаў найвыдатных дзеячаў сусветнай культуры ярка ззяе імя вялікага сына Украіны Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі. Прадстаўнік свайго прыгнечанага, але няскоранага народа, ён узняўся да такіх агульначалавечых вышынь духоўнасці, з якіх праз цемрадзь прыгонніцтва ўбачыў шлях у светлае будучае для працоўных усяго свету. Творчасць геніяльнага Кабзара, паэта-рэвалюцыянера, нястомнага змагара за свабоду і шчасце абяздоленага люду, вось ужо на працягу паўтара стагоддзя служыць высокім ідэалам дабра, чалавечнасці і сацыяльнай справядлівасці.

Шырока вядомы сёння ўсяму культурнаму чалавецтву, Т. Шаўчэнка асабліва блізкі і дарагі славянскім народам, бо іх лёс, складаныя ўзаемаадносіны ў мінулым глыбока хвалявалі паэта, былі яго душэўным болем, а пошукі шляхоў да дружбы і яднання гэтых народаў у барацьбе за сацыяльную і нацыянальную свабоду сталі мэтай жыцця і творчасці вялікага ўкраінскага песняра.

Яго роўная самаму высокаму подзвігу барацьба за вызваленне і шчасце чалавека, рашучы пратэст супраць прыгонніцтва самадзяржаўнай Расіі служылі натхняючым прыкладам і для стваральнікаў новай беларускай літаратуры, сталі сімвалам мужнасці і самаахвярнасці для пісьменнікаў наступных пакаленняў. Надзвычай багатая зместам, глыбока народная, высокамастацкая творчасць славутага Кабзара і па нашым часе з’яўляецца для беларускіх літаратараў узорам, вяршыняй ідэйна-эстэтычнай думкі ў галіне прыгожага пісьменства.

Узыход зоркі Шаўчэнкі на пахмурным небе спакутаванай і знявечанай Украіны — з’ява далёка невыпадковая. У яго асобе, па словах вядомага ўкраінскага паэта і фалькларыста Івана Манжуры, «усё абяздоленае маларасійскае сялянства нібыта зліло ўсе лепшыя свае духоўныя сілы і выбрала яго песняром свайго спрадвечнага гора».

У сваёй аўтабіяграфіі Т. Шаўчэнка сказаў пра сябе: «Гісторыя майго жыцця складае частку гісторыі маёй радзімы». Сапраўды, пражытыя паэтам 47 гадоў увабралі ў сябе амаль паўвекавую шматпакутную гісторыю Украіны часоў мікалаеўскага рэжыму, калі прыдушаныя лютым прыгонніцтвам сялянскія масы цярпелі нечуваны прыгнёт з боку самых розных крыўдзіцеляў, калі «скрозь па слаўнай Украіне ярмо надзелі ўсім працоўным людзям», калі гэты сярмяжны люд нарэшце ўсвядоміў сябе народам і пачаў вызваляцца ад дзікага рабства.

Ад парога забытай богам, пахілай сялянскай хаты, дзе спрадвеку месцілася адно толькі «люте зло», брала свой пачатак яго жыццёвая дарога, каб потым стаць цярністымі «шляхамі Тараса», пазначанымі незлічонымі пакутамі, суровымі выпрабаваннямі і здзіўляючай высакароднасцю духу.

На шляхах лёсу давялося яму зведаць і змрочнае прыгоннае маленства з раннім сіроцтвам, і ганебнае «казачкоўства» ў пана-самадура, прыніжэнне, здзекі, з якімі цяжка стасавалася хлапечая непатольная прага да ведаў, да самавыяўлення. Не прынесла жаданай радасці і атрыманая ў 24 гады свабода, яна мала чым адрознівалася ад узаконенай няволі: праніклівы позірк юнака-паэта паўсюдна натыкаўся на няпраўду і глумленне над чалавечай годнасцю. I тады ён паўстаў супраць той самадзяржаўна-прыгонніцкай сістэмы, пры якой, паводле Івана Франко, «царская воля і грубая сіла былі ўсім, а чалавечае пачуццё і справядлівасць прызнаваліся за нішто».

Такога нечуванага «злачынства» не маглі дараваць Т. Шаўчэнку абаронцы гэтай чалавеканенавісніцкай сістэмы. «Каранаваны кат» Мікалай I загадаў надзець на плечы непакорнага паэта цяжэйшы ад кайданаў салдацкі шынель, строга забараніўшы яму пісаць і маляваць.

Звыш дзесяці доўгіх гадоў, адарваны ад радзімы, на далёкай чужыне, мучыўся, але не каяўся паэт-рэвалюцыянер. Нязломны характар змагара, прыродная вынослівасць, жыццёвая загартоўка ды яшчэ магутная сіла чалавечай дружбы дапамаглі яму адолець жорсткія ўдары лёсу, канчаткова пераканалі, што з ворагам не можа быць ніякіх кампрамісаў, што ненавіснае ярмо самаўладства можна скінуць толькі агульнымі намаганнямі прыгнечаных народаў.

На гэта і накіроўвае сваё палымянае слова паэт: гнеўна бічуе цара, самадзяржаўе, рэлігію, кідае рашучы выклік самому богу, імем якога заўсёды прыкрываліся самыя жудасныя злачынствы на зямлі.

А ты, ўсёбачлівае вока!
Ці ты ўглядалася звысоку,
Як сотнямі ў кайданах гналі
Ў Сібір нявольнікаў святых,
Як мардавалі, распіналі
І вешалі?! А ты не знала?
А ты глядзела ўсё на іх
I не аслепла?! Вока, вока!
Не дужа бачыш ты глыбока!
Спіш у кіёце... А цары...
Хай мор на іх, цароў паганых!
(«Юрадзівы».
Пераклад Р. Барадуліна)
Усвядомленая Шаўчэнкам яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў ідэя народнай рэвалюцыі, якую ён выкладае ў сваім «Запавеце», у перыяд уздыму антыпрыгонніцкага сялянскага руху знайшла сваё канкрэтнае ўвасабленне ў адкрытых закліках да ўзброенай барацьбы. Спазнаўшы на ўласным лёсе і асабістым вопыце, што такое царская міласць, паэт не верыў, што працоўны народ атрымае свабоду з рук Аляксандра II, таму павучаў:

                Не чакай, глядзі,
Дабра і спадзяванай волі —
Яна заснула: цар Мікола
Яе прыспаў. А каб збудзіць
Слабую волю, трэба вера,
Каб грамадой абух сталіць,
Ды добра навастрыць сякеру —
Дый распачаць яе будзіць.
А то праспіць сябе, нябога,
Да божага суда страшнога!
(«Не занядужаў я няўрокам».
Пераклад Р. Барадуліна)
Як паэт сапраўды народны, Шаўчэнка добра разумеў ролю паэзіі. Сваё ўласнае прызначэнне ён бачыў у тым, каб паэтычным словам змагацца за інтарэсы прыгнечанага працоўнага люду, адчуваў за сабой ганаровае права гаварыць ад імя народа:

                                Узвялічу
Малых вось тых рабоў нямых!
І я на варце каля іх
Пастаўлю слова.
(«Наследаванне II псалму».
Пераклад П. Броўкі)
Творчасць Т. Р. Шаўчэнкі надзвычай багатая і разнастайная. Яна ўбірае ў сябе агромністы свет тэм, матываў, вобразаў, узятых з глыбінь народнага жыцця, гісторыі, фальклору, біблейскай і антычнай міфалогіі. Разам з тым яго паэзія надзіва цэласная, мэтанакіраваная і паслядоўная ў сцвярджэнні сваёй асноўнай ідэі — ідэі вызвалення «нявольнікаў» усяго свету, калі, нарэшце,

I спачнуць у нявольнікаў
Стомленыя рукі,
I калені адпачнуць,
Што ў кайданы ўкуты!
(«Ісаія. Глава 35».
Пераклад Р. Барадуліна)
Дбаючы пра ўвесь свет, Кабзар мілаваў у сэрцы найперш сваю Украіну, клапаціўся пра яе будучыню. Адной з найглыбейшых у сусветнай лірыцы выяў любові паэта да роднага краю можа служыць яго верш «А мне ўсё роўна, а ці буду...» з трагічна-ашаламляльнай канцоўкай:

Ды не ўсё роўна для мяне,
Як Украіну злыя людзі
Прыспяць, зладзеі, і яе
Ў агні, абкрадзеную, збудзяць...
Ох, не ўсё роўна для мяне.
(Пераклад З. Бядулі)
Спачуванне абяздоленаму, прыгнечанаму сялянству ў Шаўчэнкі, па словах А. В. Луначарскага, «злілося з любоўю да роднага краю, роднай мовы». Разам з тым гэта быў патрыятызм новага тыпу, «наскрозь прасякнуты дэмакратызмам і рэвалюцыйным пачуццём». Любоў да Украіны гучыць у шчырых аўтарскіх прызнаннях:

Я так яе, я так люблю
Маю Ўкраіну лёсу злога,
Што пракляну святога бога,
Я за яе душу згублю!
(«Сон. Горы мае высокія!..»
Пераклад Р. Барадуліна)
Яна выразна выяўляецца ў хвалюючых замалёўках роднай зямлі («Садок вішнёвы каля хаты»), а таксама ў гнеўным асуджэнні тых дамарошчаных ілжэпатрыётаў, «слаўных прадзедаў вялікіх праўнукаў паганых», якія любяць «шкуру, а не душу» ў свайго «меншага брата» селяніна.

Як гаварылася раней, смеласцю, дакладнасцю ацэнкі гістарычных падзей вызначаюцца творы Т. Шаўчэнкі, у якіх узнімаюцца далёка не простыя праблемы тагачасных і мінулых суадносін украінскага, рускага і польскага народаў. Раз’яднаць гэтыя народы, пасеяць варожасць паміж імі намагаліся цары, магнаты і духавенства, простыя ж людзі заўсёды імкнуліся жыць у дружбе і згодзе. На баку апошніх быў паэт, ён верыў у абноўленую зямлю, у прыход новых часоў, калі «святая праўда» на зямлі жывой вадою напоіць мёртвую пустыню, і тады

Нямых пакіне немата,
Прарвецца слова, як вада,
Пустэльня з доляю калючай,
Вадою ўмыўшыся гаючай,
Прачнецца ўся; і пацякуць
Вясёла рэкі, а азёры
Наўкол гаямі прарастуць,
Вясёлым птаствам ажывуць.
(«Ісаія. Глава 35».
Пераклад Р. Барадуліна)
Асуджаючы ўсялякі нацыянальны прыгнёт, рашуча выкрываючы захопніцкую палітыку рускага царызму, Шаўчэнка ратуе за свабоду і роўнасць усіх народаў свету, марыць пра тыя часы, калі на абноўленай зямлі «врага не буде, супостата, а буде син, і буде мати, і будуть люди на землі». Прарочае слова Кабзара ўсяляла веру ў яго сучаснікаў, яно будзіла і працягвае будзіць сумленне нашчадкаў. Ці не пра гэта з удзячнасцю гаварыў наш бязмежна ўлюбёны ў шаўчэнкаўскую паэзію Уладзімір Караткевіч: «Людзі будуць, урэшце, на ўсёй зямлі. I ў немінучым чаканні гэтага мы павінны вечна дзякаваць светачам, і сярод іх Кабзару, за тое, што ён вучыць таму, што не падмане і не састарэе: любові да чалавека, вучыць адзіна вартаму ў свеце — мужнасці».

Т. Шаўчэнка — паэт глыбока сацыяльны, бязлітасны змагар супраць грамадскага зла, выкрывальнік «людзей ненасытных» і разам з тым — лірык. Ды яшчэ які! Нават у сваіх эпічных творах ён увесь час кіпіць, абураецца, праклінае, плача, перабівае сам сябе, а ў рэшце рэшт выяўляе нам самога сябе, свае адносіны да герояў. Аўтар гнеўных, поўных знішчальнага сарказму твораў («Сон», «Каўказ», «I мёртвым, і жывым...», «Осія. Глава XIV», «Неафіты» і інш.), ён быў і стваральнікам ласкава-пяшчотных вершаў пра каханне, пра хараство навакольнага свету, умеў, як гаварыў М. Багдановіч, «падысці да жыцця ўкраінскай вёскі як проста да чалавечага жыцця, умеў знайсці там і прыгажосць і любоў, умеў даць месца і радасці, смутку, і жалю, і спачуванню». Найчасцей звяртаўся паэт да вобразаў дзяцей, сірот, матуль, людзей абяздоленых, пакутнікаў, далучаючы да іх звычайна эпітэт «святы».

Люты гнеў і лагодная пяшчота, уласцівыя ўжо самым раннім творам Шаўчэнкі, паступова перарасталі ў складанае дыялектычнае адзінства, што стала пасля характэрнай рысай яго творчасці, абумоўленай самабытнасцю натуры самога паэта, адметнасцю яго таленту, а таксама ўмовамі, у якіх ён знаходзіўся. На гэта ў свой час звярнуў увагу I. Франко. Ён пісаў: «Доля здзекавалася з яго ў жыцці колькі хацела, але яна не змагла ператварыць золата яго душы ў іржу, яго любоў да людзей у нянавісць і пагарду, а веру ў бога ў зняверу і песімізм. Доля не паскупілася яму на пакуты, але і не пашкадавала ўцех, якія білі з здаровых крыніц жыцця».

Т. Р. Шаўчэнка прыйшоў ва ўкраінскую літаратуру ў самы яе ранак. Менавіта яму суджана было стаць заснавальнікам новай літаратуры, вывесці яе на такія рубяжы і вышыні, калі яе права на існаванне не залежала ўжо ад чыёй бы то ні было волі ці паблажлівасці. Святло рэвалюцыйна-вызваленчых ідэй вялікага Кабзара азарыла ўвесь далейшы шлях украінскай літаратуры, якая і па сённяшні дзень прадаўжае і плённа развівае яго традыцыі.

Промні гэтага святла даходзяць да літаратур іншых народаў, абуджаючы іх уласныя жыватворныя сілы, пранікаюць у самыя аддаленыя куткі нашай планеты. Яго паэзія стала набыткам не толькі ўкраінскага народа, але і іншых народаў нашай Радзімы, атрымала прызнанне ва многіх краінах свету.

Дык у чым жа сакрэт такой выключнай жыццядзейнасці творчасці Т. Шаўчэнкі? Што ўзняло ўкраінскага Кабзара на ўзровень сусветна вядомых паэтаў? Каб адказаць на гэта, неабходна перш за ўсё дакладна акрэсліць месца, якое заняў Шаўчэнка ў сваёй украінскай літаратуры, затым вызначыць ролю, якую адыграла яго творчасць у развіцці культур іншых народаў.

Несумненнай заслугай Шаўчэнкі з’яўляецца тое, што ён, абапіраючыся на дасягненні сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, трывала ўсталяваў ва ўкраінскай літаратуры метад крытычнага рэалізму, скіраваў развіццё Гэтай літаратуры на рэвалюцыйна-дэмакратычны шлях і тым самым паставіў яе ўпоравень з найбольш развітымі літаратурамі свету. I яшчэ ці не самае галоўнае. У гісторыі сусветнай літаратуры першай палавіны XIX ст. гэта быў, бадай, адзіны паэт, які цалкам засяродзіўся на ідэі вызвалення працоўных і выказаў гэтую ідэю сілай свайго паэтычнага слова, не ведаючы ніякіх хістанняў, ніякіх кампрамісаў. У нямногіх яго сучаснікаў была такая цвёрдая вера, што «будзе праўда на зямлі», што яна павінна быць, таму што іначай стане сонца і спаліць апаганеную зямлю.

З’яўляючыся паэтам украінскім, глыбока нацыянальным, Т. Шаўчэнка быў паэтам у вышэйшай ступені інтэрнацыянальным, які «ў формах строга нацыянальных выявіў агульначалавечы змест» (М. Багдановіч). Неад’емны ад свайго роднага краю, ён, па прызнанню А. В. Луначарскага, «раскінуў магутныя, поўныя кветкавага водару галіны свайго генія далёка за межы Украіны». Яго творчасць сваім дэмакратызмам і рэвалюцыйнай скіраванасцю аказала ўздзеянне на многія літаратуры, у тым ліку і на беларускую.

Т. Шаўчэнку багата што радніла з Беларуссю. Яму давялося неаднаразова бываць на нашай зямлі, спазнаць жыццё яе народа, прыгнечанага, як і ўкраінскі, царызмам, самадзяржаўна-прыгонніцкім ладам. Менавіта адсюль, з гэтай першай, падкрэслім, краіны на шляхах сваіх будучых вандровак, вынес паэт жывыя ўражанні, назіранні, якія знайшлі затым такое дакладнае і яскравае адлюстраванне ў яго творах («Кацярына», «Капітанша», «Музыкант» і інш.).

Першы раз Шаўчэнка апынуўся на беларускай зямлі ў 1829 годзе, калі ў складзе чэлядзі П. В. Энгельгарта ехаў у Вільню, дзе яго гаспадар служыў ад’ютантам у віленскага вайсковага губернатара. Праязджаючы праз беларускія гарады Лоеў, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Мінск, Маладзечна, Ашмяны, праз шматлікія вёскі, панскі казачок Тарас на працягу амаль двух тыдняў у час прыпынкаў, начлегаў на пастаялых дварах меў магчымасць знаёміцца з жыццём беларускага народа, чуць яго мову, слухаць песні. Усё гэта глыбока западала ў душу юнака, абуджаючы ў ёй спачуванне абяздоленым і нянавісць да іх крыўдзіцеляў.

Сустрэчы і рознага роду сувязі дапытлівага хлопца-ўкраінца з беларусамі былі магчымы і ў час яго двухгадовага пражывання ў Вільні, населенай тады, як вядома, людзьмі самых розных нацыянальнасцей. Не выключаюцца, у прыватнасці, яго кантакты з беларусамі-студэнтамі Віленскага універсітэта, грамадскі радыкалізм якіх мог сказацца на фарміраванні ідэйнага светапогляду будучага паэта.

Праз многія вёскі паўночнай Віцебшчыны давялося прайсці Тарасу і ў 1831 годзе, калі ён разам з іншымі дваровымі на працягу чатырох месяцаў пехатой, этапным шляхам дабіраўся з Вільні ў Пецярбург. Яшчэ раз непасрэдна сутыкнуўся ён з жыццём народа гэтай «заўсёды галоднай» краіны, краіны «нараканняў і плачу». Юнак, як піша Колас у артыкуле «Шаўчэнка і беларуская паэзія», услухоўваецца ў гутарку, у расказы, у песні і думы народа, у якіх так моцна гучыць адвечнае гора і нянавісць да паноў і чыноўнікаў. Яго маладое чулае сэрца, у якім злучыліся мільёны сэрцаў вялікага працоўнага народа, прагна ўбірае ў сябе гэта гора і нянавісць, гэтыя мары і надзеі народа, як убірае высушаная сухавеем зямля жыватворчую вільгаць навальнічных дажджоў».

Слушнай з’яўляецца выказаная Коласам думка пра ўплыў «беларускіх» уражанняў на фарміраванне светапогляду Шаўчэнкі, яго эстэтычных ідэалаў. «Так накопліваецца яго жыццёвы вопыт, так ствараецца крыніца яго чаруючай, своеасаблівай паэзіі, неадлучна злітай з паэзіяй народа. Гэтым назіраннем народнага гора, гнёту і бяспраўя, пратэсту і нянавісці да прыгнятальнікаў азначаецца асноўны тон і характар яго паэзіі».

Мае пад сабой падставу і меркаванне, што ў час знаходжання ў Беларусі Шаўчэнка шмат чаго даведаўся пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, памяць пра якую была яшчэ свежай на беларускай зямлі. Адсюль, відаць, бярэ вытокі яго захапленне героямі гэтай вайны — М. Кутузавым, генералам Я. Кульнёвым, атаманам М. Платавым, партрэты якіх ён капіраваў з бытуючых сярод народа лубачных карцін.

З фальклорам і пісьмовай літаратурай беларусаў Т. Шаўчэнка пазнаёміўся бліжэй у канцы 30-х гадоў. Па сведчанні Р. Зямкевіча, які ў сваю чаргу спасылаецца на неадшуканы дагэтуль ліст В. Рэута да мінскага паэта і бібліёграфа I. Легатовіча, украінскі паэт у 1839 г. зблізіўся з пецярбургскім гуртком літаратараў, які ўзначальваў беларускі паэт Ян Баршчэўскі. Ад іх, у прыватнасці ад Рамуальда Падбярэскага, пачуў Шаўчэнка беларускія народныя песні, якія яму вельмі спадабаліся, як і «Энеіда навыварат», даведаўся пра мастацкія творы беларускіх аўтараў, якія крыху крытыкаваў, «кажучы, што ў іх мала чыста народнага элементу». Тым не менш, паводле Р. Зямкевіча, украінскі паэт «заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарэмна і сляды гэтай працы застануцца».

У 1843 годзе Шаўчэнку давялося яшчэ раз наведаць Беларусь. Атрымаўшы дазвол на паездку на радзіму, ён, ужо вольны чалавек, вядомы паэт, аўтар «Кабзара», разам з сваім сябрам украінскім літаратарам Яўгенам Грабёнкам у другой палавіне мая Беларускім трактам праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Чачэрск, Гомель прыехаў на Украіну, дзе знаходзіўся да лютага 1844 г. У астатні раз Шаўчэнка бачыў Беларусь праз акно жандарскай карэты, якая тым жа Беларускім трактам у красавіку 1847 г. спешна пад узмоцненым канвоем везла арыштаванага паэта з Кіева ў Пецярбург. Якія ўражанні вынес ён ад гэтых, такіх не падобных адна на адну, паездак, якія малюнкі выносіла наверх яго памяць у гады ссылкі, калі ствараліся многія аўтабіяграфічныя вершы, рускія аповесці, пісаліся лісты да сяброў? Дакладна ўстанавіць гэта, відаць, ужо немагчыма. Бясспрэчна адно: знаёмства з Беларуссю і яе народам пакінула глыбокі след у свядомасці ўкраінскага Кабзара, садзейнічала фарміраванню яго як рэвалюцыйнага дэмакрата, абаронцы інтарэсаў прыгнечанага працоўнага люду.

Сувязі Т. Шаўчэнкі з Беларуссю, безумоўна, не вычэрпваюцца яго наведваннем гэтай зямлі. На нялёгкіх жыццёвых пуцявінах паэту траплялася нямала беларусаў або выхадцаў з Беларусі, сустрэчы з якімі значна пашыралі яго ўяўленні пра наш край і народ. Многія з гэтых яго сяброў або знаёмых былі так ці інакш звязаны з беларускай культурай, літаратурай, мастацтвам. Гэта — паэт Эдвард Жалігоўскі, мастакі Браніслаў Залескі і Міхаіл Башылаў, скульптар і ілюстратар кніг Міхаіл Мікешын, юрыст Уладзімір Спасовіч, удзельнікі польскага і беларускага вызваленчага руху Зыгмунт Серакоўскі, Сільвестр Кількевіч, Ян Станевіч і многія іншыя, хто ў большай або меншай ступені далучалі вялікага сына Украіны да беларускіх спраў, чым садзейнічалі ўмацаванню дружбы двух нашых народаў, узаемадзеянню іх культур і літаратур.

Натхнёнае слова Кабзара не толькі даходзіла да «шчырага сэрца» ўкраінца, яно пранікала і на Беларусь. Цёмныя, непісьменныя сяляне, па сведчанні Я. Купалы, спявалі песні Тараса Шаўчэнкі, не ведаючы, хто іх складаў. «Песня Шаўчэнкі безыменнай жыла ў беларускім народзе многія дзесяткі год». Прычыны такой вялікай папулярнасці шаўчэнкаўскай паэзіі ў Беларусі Я. Колас справядліва бачыць у агульнасці гістарычнага лёсу, падабенстве ўмоў жыцця беларусаў і ўкраінцаў. Таму «паэзія Шаўчэнкі, якая выцякала непасрэдна з жывых крыніц фальклору і асабістага назірання жыцця, глыбока рэвалюцыйная па сваёй сутнасці, шчырая і простая па форме, так горача ўспрымалася працоўнымі масамі беларускага народа і знаходзіла жывы водгук у яго сэрцы».

Велізарны ўплыў Т. Р. Шаўчэнкі на развіццё беларускай пісьмовай літаратуры. Зарадзіўшыся параўнаўча позна, новая беларуская літаратура вымушана была развівацца паскоранымі тэмпамі. Шырока абапіраючыся на фальклор, уласна нацыянальныя традыцыі, яна багата і рупліва засвойвала мастацкія набыткі іншых літаратур, сярод якіх украінская займала адно з першых месц. Асабліва творчасць Шаўчэнкі, якая найбольш адпавядала вырашэнню задач, што паўставалі тады перад маладой беларускай літаратурай, шмат чым садзейнічала станаўленню ў беларускай літаратуры крытычнага рэалізму, узмацненню яе сацыяльнай накіраванасці. Гэта яскрава выявілася ў творчасці Ф. Багушэвіча, паэта, які ўжо даволі трывала засвойваў творчы вопыт свайго ўкраінскага папярэдніка.

Больш спрыяльныя ўмовы для ўспрыняцця беларускай літаратурай шаўчэнкаўскіх традыцый склаліся на пачатку

XX ст. Абуджаная рэвалюцыяй 1905 года, наша літаратура выходзіла тады на шырокі шлях творчага развіцця, і ідэі сацыяльнага і нацыянальнага разняволення працоўных, якія займалі цэнтральнае месца і ў паэзіі ўкраінскага песняра, жывілі рэвалюцыйны дэмакратызм, грамадзянскасць, патрыятычны пафас творчасці беларускіх пісьменнікаў, У творах якіх «адчуваецца гнеўны голас Тараса Шаўчэнкі, калі яны выступаюць супраць царскага прыгнечання, супраць багачоў, якія нажываюцца і будуюць свой дабрабыт на непасільнай працы і ўбостве працоўнага народа» (Я. Колас).

Уздзеянне Т. Шаўчэнкі на развіццё беларускай культуры пачатку XX ст. захоплівае многія сферы духоўнага жыцця народа і выяўляецца ў самых розных формах: ад тыпалагічных аналогій, роднасці тэм, матываў да звычайнай запазычанасці паэтычных вобразаў, сюжэтных дэталей, асобных тропаў і іншых сродкаў. Многае тут было абумоўлена падабенствам грамадска-гістарычных працэсаў на Украіне і ў Беларусі, агульнасцю задач рэвалюцыйна-вызваленчага руху абодвух народаў, для якіх, па вызкачэнні У. I. Леніна, «абарона бацькаўшчыны» была яшчэ адначасова і «абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя».

У вырашэнні гэтых задач і аб’ядноўвалі тады свае намаганні беларуская і ўкраінская літаратуры ў асобе іх буйнейшых прадстаўнікоў — I. Франко, М. Кацюбінскага, Л. Украінкі, В. Стэфаніка, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, Ц. Гартнага і інш. Братняе яднанне беларусаў і ўкраінцаў станавілася патрэбай дня. «У цесным братанні, у супольнасці ідэй свабоды і поступу,— заклікаў у 1909 годзе М. Грушэўскі,— няхай узрастае сіла гэтых народаў. Няхай адродзіцца пасля розных ліхалеццяў і ўтрат іхняя даўняя арліная маладосць і скрыдламі сваімі пакрые свой панявераны, злыднямі прыбіты народ».

Творчасць Т. Шаўчэнкі набывала ў тых умовах асаблівае значэнне, само імя паэта станавілася своеасаблівым сімвалам пратэсту і барацьбы супраць царскага самаўладства, а яго рэвалюцыйная паэзія — узорам мастацтва дзейснага, грамадска-актыўнага. «Наша ніва» (яна ўвогуле шмат увагі аддавала ўкраінскай літаратуры) вельмі часта звярталася да Т. Шаўчэнкі, змяшчала на сваіх старонках самыя розныя матэрыялы пра ўкраінскага паэта. Так, цэлы шэраг публікацый пра Шаўчэнку з’явіўся ў сакавіку 1909 года да 48-й гадавіны з дня смерці Кабзара, затым у лютым 1911 года да 50-годдзя з дня яго смерці: артыкулы А. Бульбы «Памяці Тараса Шаўчэнкі», Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і беларусы» і інш.

Шырока адзначалася беларусамі 100-годдзе з дня нараджэння вялікага сына Украіны, нягледзячы на забарону святкавання юбілею рускім царызмам. «Наша ніва» надрукавала тады артыкул Л. Гмырака «Тарас Шаўчэнка».

Беларускаму крытыку найбольш імпанавалі патрыятычныя заклікі Шаўчэнкі не цурацца роднай мовы, змагацца за яе, глыбей пазнаваць гісторыю свайго народа, не забываць, хто мы такія, «чые сыны, якіх бацькоў». Сваім землякам, якія жывуць у варунках, «дужа падобных да ўкраінскіх», аўтар раіць жыва цікавіцца ўкраінствам, шырэй знаёміцца з украінскім пісьменствам, якое прызнае за «найболей дэмакратычнае ў свеце». «Шаўчэнкавага «Кабзара», кнігу, даўно ўжо стаўшую каранам украінства, кожны свядомы беларус павінен прачытаць; трэба, каб вялікі ўкраінскі паэт папраўдзе стаў і нам бацькам мілым,— як гэтага жадае ў сваім вершы Янук Купала».

Аж два артыкулы прысвяціў украінскаму Кабзару ў яго стогадовы юбілей Максім Багдановіч. Гэта — «Памяти Т. Г. Шевченко (1814 — 25 февраля 1914)», змешчаны ў яраслаўскай газеце «Голос», і «Краса и сила. Опыт исследования стиха Т. Г. Шевченко», апублікаваны ў часопісе «Украінская жизнь» № 2. У першым беларускі паэт выразна акрэсліў месца і значэнне Шаўчэнкі для Украіны, для ўсяго культурнага славянства, падкрэсліў агульначалавечую сутнасць яго паэзіі, у якой пад своеасаблівай чаканкай украінскіх нацыянальных форм крыецца сапраўдны «паўнацэнны метал духоўнай культуры, агульнай для ўсіх цывілізаваных людзей».

Другі артыкул М. Багдановіча быў, па яго прызнанні, спробай падысці да творчасці ўкраінскага Кабзара з пункту гледжання метаду, які дагэтуль «заўсёды знаходзіўся ў цені»,— метаду эстэтычнага. «Краса и сила» — фактычна першае грунтоўнае і надзвычай дасканалае даследаванне творчасці Т. Шаўчэнкі з боку яе формы, паэтычнага майстэрства. Прааналізаваўшы рытміку, метрычную структуру, асаблівасці рыфмоўкі шаўчэнкаўскай паэзіі, паказаўшы надзвычайную разнастайнасць і рухомасць паэтычных прыёмаў і сродкаў, арганічнае спалучэнне ў ёй класічна літаратурных і песенна-народных форм, Багдановіч робіць абагульняючую выснову, што ў асобе Шаўчэнкі «сусветная літаратура мае паэта з вершам меладычным і вытанчаным, паэта, які хараства сваіх твораў дасягаў не знешне відавочнымі сродкамі паэтычнага ўздзеяння, а, наадварот, сродкамі найбольш тонкімі — асанансамі, алітэрацыямі, унутранымі рыфмамі; паэта, які да гэтага хараства ўказаных элементаў верша далучаў яшчэ незвычайную сілу сваіх рытмаў, а таксама арыгінальнасць, жывасць і грацыёзнасць разнастайных метраў» і такім чынам стварыў асобны паэтычны свет, своеасаблівы мастацкі стыль нацыянальна-ўкраінскі, які сведчыў аб арганічным зліцці яго паэзіі з украінскай народнай паэзіяй.

Творчасць выдатнага ўкраінскага паэта судакраналася з тагачаснай беларускай рэчаіснасцю самымі рознымі сваімі гранямі.

У Шаўчэнкі вучыліся беларускія пісьменнікі бязмежнай любові да свайго беднага краю і зняволенага народа, вучыліся служыць ідэалам дабра і справядлівасці, ненавідзець грамадскае зло, спапяляць яго гнеўным паэтычным словам. I навуку гэтую спасцігнуў у той або іншай меры амаль кожны з беларускіх літаратараў.

Янку Купалу, напрыклад, творчасць Шаўчэнкі была настолькі роднаснай, што ён не палічыў патрэбным у адказе Л. Клейнбарту ў 1929 г. растлумачваць, у чым канкрэтна сказаўся ўплыў на яго ўкраінскага паэта. Не асобныя ідэі, тэмы, матывы, а ўся творчасць Кабзара разам з паэзіяй Пушкіна, Някрасава, Міцкевіча ўздейнічала на беларускага песняра, стварала тое сілавое поле, у якім паспяхова развіваўся яго яркі і самабытны талент.

На больш канкрэтнай аснове можна гаварыць пра шаўчэнкаўскія традыцыі ў творчасці Я. Коласа, Цёткі, П. Труса. Алеся Гаруна, у прыватнасці, прыцягваў Т. Шаўчэнка як паэт-выгнаннік, які «за тысячу вёрст ад радзімага краю» сумуе «па маці-Украіне цуднай». Думкі Кабзара, народжаныя «ласкай і каханнем», вобразы-ўспаміны пра родную старонку, гісторыю свайго народа былі сугучны настрою аўтара, палітычнага ссыльнага, які таксама пакутаваў за свой край і народ у далёкай Сібіры, жывучы надзеяй на лепшае будучае.

Імя ўкраінскага Кабзара шырока выкарыстоўвалася прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху ў барацьбе супраць шматлікіх «ворагаў беларушчыны», якім не па душы было друкаванае беларускае слова, стварэнне мастацкай літаратуры на сваёй роднай мове, з’яўленне «беларускіх Шаўчэнкаў», як называлі яны маладых беларускіх пісьменнікаў.

Крылаты выраз Т. Шаўчэнкі «I чужому научайтесь, й свого не цурайтесь» выкарыстаў у якасці назвы свайго артыкула Л. Гмырак, выступаючы ў ім як за сваю родную мову, так і за шчырую павагу да мовы і культуры іншых народаў. «Бацькам украінскай свабоды», які «роднага слова ў сябе не глушыў», назваў Шаўчэнку Я. Купала, аддаючы яму вялікую пашану найперш за тое, што ён

Дух збудзіў свайму народу
      Сваім гучным словам,
Навучыў любіць свабоду,
      Родны край і мову.
(«Памяці Шаўчэнкі»)
Вялікадзяржаўныя шавіністы і мясцовыя русіфікатары, не спыняючыся перад любымі фальсіфікацыямі, паклёпнічалі на ўкраінскага паэта, вінавацілі яго ў нібыта варожым стаўленні да рускага народа. Маладая ж беларуская літаратура бачыла ў Шаўчэнку свайго аднадумца, ідэйнага правадыра, яго магутнае слова натхняла беларускіх пісьменнікаў на высакародную справу барацьбы за праўду і свабоду для ўсіх прыгнечаных людзей.

Маюцца ўсе падставы гаварыць не толькі пра ўплывы, уздзеянне Т. Шаўчэнкі на творчасць асобных беларускіх пісьменнікаў, але і разглядаць гэтую праблему больш шырока, весці размову пра жыватворныя шаўчэнкаўскія традыцыі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст., пра паглыбленне і развіццё іх у новых гістарычных абставінах, пра тыя магутныя сустрэчныя патокі, што вырываліся з нетраў нацыянальнага жыцця, з глыбінь сваёй уласна беларускай культуры.

Песня славутага Кабзара, па словах Купалы, на «кобзах людскіх душ» разносілася па свеце «на поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца», «вольна-расхадзіста» плыла яна «ад краю да краю», не ведаючы перашкод, і «чэсць» гэтай песні аддавалі ўсе, «хто праўды не здрадзіў жывой». Тарасова «слоўца» «не раз далятала» і да братоў-суседзяў, знаходзячы «водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім». Яно даходзіла да нас у арыгінале («мы слухалі ўцешна, што бае сусед»), яго імкнуліся данесці да свайго народа сродкамі роднай мовы беларускія паэты.

Першыя пераклады твораў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову былі зроблены Янкам Купалам, і датуюцца яны 1905— 1907 гг. Гэта — змешчаныя ў зборніку «Жалейка» вершы «Думка» («Нашто чорныя мне бровы»), «За думаю дума роем вылятае...» (у арыгінале «Гоголю»), а таксама «Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы» (у арыгінале «Минають дні, минають ночі»), апублікаваны пазней, у 1930 г. Пераклады Купалы былі паспяховай спробай перадачы сродкамі беларускай мовы твораў украінскага паэта, яны, як зазначыў С. Александровіч, «паклалі пачатак больш глыбокаму знаёмству беларускага чытача з паэзіяй вялікага Кабзара».

Услед за Купалам да творчасці Т. Шаўчэнкі звярнуліся і іншыя беларускія паэты. У 1910 г. «Наша ніва» друкавала ўрывак з Шаўчэнкавага паслання «I мёртвым, і жывым...» у перакладзе А. Гурло і верш «Думка (Цячэ вада ў сіне мора)» у перакладзе Хв. Чарнышэвіча. У 1911 годзе ў віленскім выдавецтве «Палачанін» выйшла паэма Т. Шаўчэнкі «Кацярына». Гэты пераклад Хв. Чарнышэвіча, адрэдагаваны Я. Купалам, быў першым асобным выданнем твораў Т. Шаўчэнкі на беларускай мове. У 1914 г. да 100-годдзя ўкраінскага паэта часопіс «Лучынка» змясціў верш «Мінаюць дні, мінаюць ночы» ў перакладзе А. Паўловіча.

Наступныя пераклады твораў Шаўчэнкі паявіліся ў 1918 годзе. Газета «Вольная Беларусь» у трэцім нумары апублікавала ўрывак з паэмы «Каўказ» у перакладзе А. Г. і ў нумары дваццатым — дваццаць першым вершы «Запаведзь», «Разрытая магіла» і «Мне адналькова ўсё...». Варта адзначыць, што падбор твораў з пункту гледжання іх праблематыкі, сацыяльнай завостранасці робіць гонар газеце. У цяжкі час, калі большая частка Беларусі была акупіравана немцамі, калі разгаралася барацьба за панаванне над Беларуссю розных палітычных сіл, асаблівае гучанне набывалі і гнеўны антыкаланіяльны пафас Шаўчэнкавага «Каўказу», і адкрыта рэвалюцыйная скіраванасць «Запаведзі», і шчырая заклапочанасць аўтара лёсам роднай Украіны ў «Разрытай магіле» і «казематаўскім» вершы «Мне адналькова ўсё...».

У 20-я гады перакладаў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову не было, хаця творчасць украінскага паэта па-ранейшаму прыцягвала ўвагу нашых літаратараў. Беларускія пісьменнікі жыва цікавіліся ёю ў час сваіх паездак у братнюю рэспубліку, пра ўплыў шаўчэнкаўскіх традыцый на беларускую літаратуру, у тым ліку і савецкую, нямала пісалася тады ў беларускім і ўкраінскім перыядычным друку.

Ускладненне грамадска-палітычных абставін у краіне к канцу 20-х гадоў адмоўна адбілася і на беларуска-ўкраінскіх літаратурных узаемаадносінах. Групаўшчына ў крытыцы, тэндэнцыйнае вышукванне ў пісьменнікаў ідэйных памылак, нацыяналістычных ухілаў, а затым і выкрыццё «ворагаў народа» ў пісьменніцкім асяроддзі прыводзіла да таго, што пра беларускую і ўкраінскую дакастрычніцкую літаратуры, нават нацыянальную класіку, гаварылася больш у негатыўным плане, нібыта пра з’явы зусім чужога нам мінулага.

Светлае імя Тараса Шаўчэнкі, якога здаўна «бацькам» ахрысціла памятна Украйна» (Я. Купала), настойліва выцяснялася з літаратурнага ўжытку, а яго неўміручыя ідэі аб праўдзівай дружбе народаў у «сям’і вольнай, новай» знаходзілі самыя адвольныя вытлумачэнні. У такой грамадскай атмасферы праходзіла святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Т. Шаўчэнкі на Украіне.

У Беларусі Шаўчэнкава свята таксама вылілася ў пустое словаслоўе. Варта паглядзець хаця б зборнік «У вянок Т. Г. Шаўчэнку» (1939), артыкулы ў тагачаснай перыёдыцы, уважліва прачытаць паэму Я. Купалы «Тарасова доля», прынамсі, яе заключную частку, каб пераканацца ў гэтым.

Да юбілею Шаўчэнкі ў нашай рэспубліцы была прынята пастанова аб выданні яго паэтычнай спадчыны ў перакладзе на беларускую мову. Гэтую справу арганізацыйна узначаліў Я. Купала, які разам з Я. Коласам быў і рэдактарам выдання. Над перакладамі працавалі, апрача Купалы і Коласа, фактычна амаль усе беларускія паэты, што заставаліся яшчэ ў той час у літаратуры: К. Крапіва, П. Броўка, А. Куляшоў, П. Глебка, 3. Бядуля.

Для Я. Купалы праца над перакладамі твораў Т. Шаўчэнкі пачалася значна раней. Ужо ў 1933 г. у «Полымі рэвалюцыі» быў надрукаваны ягоны пераклад паэмы «Сон». Затым у наступныя гады публікаваліся ў перыёдыцы пераклады вершаў «Запаведзь», «Свет мой ясны! Свет спакойны», «Думка (Цяжка жыць на свеце)», «Думка (Вецер буйны)», «На вечну памяць Катлярэўскаму», «Човен (Вецер з гаем размаўляе)», паэма «Таполя», балада «Заварожаная» («Причинна») і інш.

Купалам было перакладзена для «Кабзара» звыш 30 твораў Шаўчэнкі, у тым ліку паэмы «Кацярына», «Гайдамакі», «Сон», «Каўказ». Значная частка перакладаў была зроблена Я. Коласам («Ерэтык», «Сава», «Мар’яна-чарніца», «Сляпы», «Неафіты», «Марыя» і інш.), А. Куляшовым, П. Броўкам.

Праца над паэзіяй Т. Шаўчэнкі, па прызнанню саміх перакладчыкаў, была для іх крыніцай творчага натхнення, вялікай школай удасканалення паэтычнага майстэрства. «Работа над перакладамі «Кабзара»,— адзначаў у дакладзе на юбілейным пленуме праўлення СП СССР у Кіеве Я. Колас,— яшчэ больш зблізіла нашых паэтаў з творчасцю Шаўчэнкі. Уся магутнасць і глыбіня яго паэзіі, дзівоснае багацце фарбаў і гукаў адкрыліся нам у гэтай рабоце ў працэсе пераадолення тых часамі вялікіх цяжкасцей, з якімі звязана перадача вершаў Шаўчэнкі на беларускую мову, нягледзячы на блізкасць украінскай і беларускай моў. Мы імкнуліся даць пераклад, блізкі да арыгінала, захаваўшы ўсе асаблівасці паэтычных прыёмаў, паэтычную прастату і яснасць, музыку і напеўнасць шаўчэнкаўскай паэзіі. Мы ўважна і многа працавалі, пераадольваючы ўсе цяжкасці перакладу, маючы на ўвазе даць сапраўднага Шаўчэнку на беларускай мове». Гэта ж падкрэсліваў у сваім выступленні на пленуме Я. Купала: «На нашай беларускай зямлі Тарасава песня гучыць на поўны голас. Нашы паэты вучацца на яе ўзорах, любяць яе і шануюць. Яны далі нашаму народу мажлівасць пазнаць яе сілу і красу на беларускай мове».

Выхад «Кабзара» Т. Шаўчэнкі на беларускай мове з’явіўся важнай падзеяй у беларуска-ўкраінскім культурным яднанні. У 1952 г. «Кабзар» быў перавыдадзены. Выходзілі таксама асобнымі выданнямі на беларускай мове паэмы Шаўчэнкі «Наймічка» (1940), «Кацярына» (1946), «Выбраныя творы» (1941), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), у юбілейныя даты публікаваліся новыя беларускія пераклады вершаў паэта. Палымянае слова ўкраінскага Кабзара не перастае хваляваць сэрцы беларускіх чытачоў, знаходзіць у іх жывы водгук. Таму і цікавасць да яго ўсё ўзрастае.

Разам з тым у самой творчасці ўкраінскага паэта шмат што ўспрымаецца ўжо сёння па-іншаму, адкрываюцца ўсё новыя яе якасці, новыя аспекты, якія дапамагаюць глыбей асэнсаваць некаторыя актуальныя праблемы нашага сучаснага жыцця. У прыватнасці, праблемы гісторыі народа, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры, мовы і інш. Зрэшты, і цяперашні стан перакладчыцкага майстэрства вымагае новага, больш уважлівага падыходу да твораў гэтага выдатнага майстра слова.

Новае выданне твораў Т. Шаўчэнкі ахоплівае большую частку паэтычнай спадчыны ўкраінскага Кабзара, уключае творы, розныя па тэматыцы, жанрава-стылёвых асаблівасцях, вобразна-выяўленчых сродках, і дае даволі поўнае ўяўленне пра ідэйны змест і паэтыку яго творчасці.

Пераважная большасць твораў даецца ў перакладах, якія былі зроблены для ранейшых выданняў «Кабзара» і выкананы на высокім прафесійным узроўні. Шэраг вершаў і паэм нанова перакладзены для прапануемага выдання нашымі вядомымі паэтамі Р. Барадуліным, В. Зуёнкам, Н. Гілевічам.

П. Броўка, гаворачы ў свой час пра сілу і хараство паэзіі Тараса Шаўчэнкі, пра яе ўздзеянне на беларускіх паэтаў прызнаваўся:

I мы з невычэрпных крыніц Кабзара
Чало асвяжаем жывою вадою.
Хочацца спадзявацца, што і наш сучаснік, знаёмячыся з Т. Шаўчэнкам на сваёй роднай мове, успрыме яго паэзію ва ўсёй невымернай глыбіні яе зместу і адчуе пры гэтым сапраўдную асалоду ад судакранання з хвалюючым, вечна жывым словам украінскага паэта.

Кузьма Хромчанка

ВЕРШЫ ПАЭМЫ

ПРЫЧЫННА[1]

      Раве ды стогне Днепр шырокі,
Сярдзіты вецер вые, дзьме,
Гне ў дол галіны верб высокіх,
Угору хвалі ўзносіць, рве;
I месяц бледны ў тую пору
3-за хмар дзе-нідзе выглядаў,
Бы човен хісткі ў сінім моры,
То выныраў, то зноў знікаў.
Йшчэ трэці пеўні не спявалі,
Не гаманіў ніхто, не пеў,
Адно сычы ў гаі гукалі,
Ды ясень раз-параз скрыпеў.
      У такі час пад гарою,
Каля таго гаю,
Што чарнее над вадою,
Хтось белы блукае.
Мо русалачка там выйшла
Матулі шукаці,
А мо казака чакае,
Каб заласкатаці.
Не русалачка блукае —
То дзяўчына ходзіць:
I не знае (бо вар’ятка),
Што такое робіць.
Так зрабіла варажбітка,
Каб журбы не знала,
Каб, ходзячы апаўночы,
Спала й выглядала
Казачэньку маладога,
Што летась пакінуў;
Вярнуціся абяцаўся,
Ды, мабыць, і згінуў!
Не кітайкаю пакрылі
Казацкія вочы,
Не памылі і твар белы
Слёзанькі дзявочы:
Арол выняў кары вочы
Яму ў чужым полі,
Бела цела ваўкі з’елі —
Такая ўжо доля.
Дарма што ноч дзяўчыначка
Яго выглядае...
Не вернецца чарнабрывы
Дый не прывітае,
Не распусціць касы доўгай,
Хустку не завяжа;
Не на ложак — ў дамавіну
Сіратою ляжа!
      Такая ёй доля... О божа мой мілы!
За што ты караеш яе, маладу?
За тое, што шчыра яна палюбіла
Казацкія вочы?.. Не крыўдзь сірату!
Каго ж ёй любіці? Ні бацькі, ні маці:
Адна, нібы птушка, у далёкім краю!
Яна маладзенька — пашлі ж ты ёй шчасце,—
 Бо людзі чужыя яе засмяюць.
Ці ж вінна галубка, што голуба любіць?
Ці ж вінен той голуб, што сокал забіў?
Сумуе, варкуе, белым светам нудзіць,
Лётае, шукае, думае — зблудзіў.
Шчасліва галубка: высока лятае,
Памчыцца да бога — мілога пытаць.
Каго ж сіраціна, каго запытае?
I хто ёй раскажа, і хто тое знае,
Дзе мілы начуе: ці ў цёмным гаю?
Ці ў быстрым Дунаі ён коніка поіць?
Ці, можа, з другою, другую кахае,
Яе, чарнабрыву, забыўся ўжо з тою?
Каб ёй прыдаліся арліныя крылы —
За сінім бы морам мілога знайшла;
Жывога б любіла, другую забіла,
А да нежывога — у яму б лягла.
Не так сэрца любіць, каб з кім падзяліцца,
Не так яно хоча, як бог нам дае;
Яно жыць не хоча, не хоча журыцца.
А думка — «журыся!» жалю задае.
О божа, такая, мабыць, твая воля,
Такое яе ўжо і шчасце і доля!
      Яна ўсё ходзіць, з губ ні пары.
Шырокі Днепр не гаманіць;
Разбіўшы вецер чорны хмары,
Лёг каля мора адпачыць.
А з неба месяц так і ззяе;
І над вадою, і над гаем —
Кругом, бы ў вуху, ўсё маўчыць...
Аж бульк!.. З Дняпра павыныралі
Малыя дзетачкі вясёла.
«Хадзема грэцца! — закрычалі.
Зайшло ўжо сонца!» А ўсе голы,
З асокі косы (бо дзяўчаты).
— Ці ўсе вы тутка? — кліча маці.—
Хадзем вячэраць пашукаці.
Паскачэма, пагуляйма
Ды песеньку заспявайма:
      «Ух, ух!
Саламяны дух, дух!
Мяне маці спарадзіла,
Нехрышчону палажыла.
Месячык!
Галубочак!
На вячэру хадзі ў госці;
У нас казак у чароце,
У чароце, у асацэ,
Срэбны персцень на руцэ;
Маладзенькі, чарнабровы,—
Знайшлі ўчора ля дубровы.
Свяці доўга ў чыстым полі,
Нагуляцца каб даволі!
Пакуль ведзьмы йшчэ лятаюць,
Пакуль пеўні не спяваюць,
Пасвяці нам!..
Вунь штось ходзіць!
Вунь пад дубам штось там робіць!
      Ух, ух!
Саламяны дух, дух!
Мяне маці спарадзіла,
Нехрышчону палажыла».
      Зарагаталі нехрышчоныя...
Гай абазваўся: галас, крык —
Арда бы рэжа. Бы шалёныя,
Лятуць да дуба... і ні пік!..
      Схамянуліся няхрысткі,
Глядзяць: штось мільгае,
Штосьці лезе ўверх па дрэве
Да самага краю.
Дзяўчыначка гэта тая,
Што соннай блудзіла,—
Вось такую варажбітка
Ёй крыўду ўчыніла!
На самы верх на галінцы
Стала... У сэрцы квола.
Паўзіралася навокал
Дый лезе дадолу.
Русалачкі вокал дуба
Маўчалі, чакалі,
Узялі яе, гаротную,
Дый заласкаталі.
Доўга, доўга паглядалі
На яе на ўроду...
Трэці пеўні: кукарэку! —
Шаляснулі ў воду.
      Зашчабятаў жаваронка,
Угару летучы;
Зязюлька закукавала,
На дубе седзячы;
Зашчабятаў салавейка —
Пайшло рэха гаем;
Чырванее за гарою;
Араты спявае.
Гай чарнее над вадою,
Дзе ляхі хадзілі;
Засінелі па-над Днепрам
Курганы-магілы.
Пайшоў шэлест па дуброве,
Зашапталі лозы;
А дзяўчына спіць пад дубам
Пры бітай дарозе —
Добра спіць, бо кукавання
Не чуе зязюлі
I не лічыць, ці жыць доўга...
Знаць, добра заснула.
      А тым часам з-за дубровы
Казак выязджае;
Пад ім конік вараненькі
Насілу ступае.
«Замарыўся, мой таварыш!
Сягоння спачынем:
Блізка хата, дзе дзяўчына
Вароты адчыне.
А можа, ўжо адчыніла
Не мне, а другому...
Хутчэй, косю, хутчэй, косю,
Паспяшай дадому!»
      Утаміўся вараненькі,
Ідзе, спатыкнецца,—
Каля сэрца казацкага
Як гадзюка ўецца.
«Вось і дуб той кучаравы...
Яна! Божа мілы!
Бач, заснула, выглядаўшы,
Мая сізакрыла!»
Кінуў каня, да яе ўпаў:
«Божа ты мой, божа!»
Кліча яе ды цалуе...
Не, ужо не паможа!
«За што ж яны разлучылі
Мяне ды з табою? »
Зарагатаў, разагнаўся —
Ды ў дуб галавою!
      Ідуць дзяўчаты ў поле жаці
Ды, знай, спяваюць, ідучы:
Як праважала сына маці,
Як бой татарын вёў ўначы.
Ідуць... Пад дубам зеляненькім
Конь змардаваны чуць стаіць,
А каля яго маладзенькі
Казак ды дзеўчына ляжыць.
Цікаўныя (усур’ёз нібыта)
Падкраліся, каб напужаць;
Калі зірнулі, што забіты,—
З перапалоху ну ўцякаць!
      Збіраліся таварышкі —
Слёзанькі ўціраюць;
Збіраліся таварышы
Ды ямы капаюць.
Прыйшлі папы з харугвямі,
Зазванілі звоны;
Пахавалі грамадою
Як след, па закону.
Насыпалі край дарогі
Ў жыце дзве магілы.
Няма каму запытацца,
За што іх забілі?
Над казакам пасадзілі
Явар ды яліну,
А ў галовах у дзяўчыны
Чырвону каліну.
Прылятае зязюленька
Да іх кукаваці;
Прылятае салавейка
Штоноч шчабятаці;
I спявае і шчабеча,
Пакуль месяц ўзыдзе,
Пакуль тыя русалачкі
З Дняпра грэцца выйдуць.
С.-Пецярбург
1838

ДУМКА

      Вецер буйны, вецер буйны!
Ты з морам гаворыш —
Збудзі яго, зайграй ты з ім,
Спытай сіне мора.
Яно знае, дзе мой мілы,
Бо яго насіла;
Яно скажа, сіне мора,
Дзе яго згубіла.
Калі мілага ўтапіла,—
Разбі сіне мора!
Пайду мілага шукаці,
Ўтаплю сваё гора,
Ўтаплю сваю нядоленьку,
Русалкаю стану,
Пашукаю ў чорных хвалях,
На дно мора кану.
Знайду яго,— прытулюся,
На сэрцы замлею,
Тады, хваля, нясі з мілым
Куды вецер вее!
Калі ж мілы на тым боку,—
Вецер буйны, знаеш,
Дзе ён ходзіць, што ён робіць,—
Ты з ім размаўляеш.
Калі плача, то й я плачу;
Калі не — спяваю;
Калі згінуў чарнабрывы,
То й я прападаю.
Тады нясі маю душу
Туды, дзе мой мілы,
Чырвонаю калінаю
Пастаў на магіле.
Лягчэй будзе ў чужым полі
Сіраце ляжаці:
Будзе над ім яго міла
Кветкаю стаяці.
Зацвіту калінай-кветкай,
Каб мілага грудзі
Не пякло чужое сонца,
Не тапталі людзі.
Вечарам я пасумую,
Раніцай паплачу;
Сонца ўзыдзе — утру слёзы,
Ніхто й не пабача.
      Вецер буйны, вецер буйны!
Ты з морам гаворыш,—
Збудзі яго, зайграй ты з ім,
Спытай сіне мора!..
С.-Пецярбург
1838

ДУМКА

Цяжка-цяжка жыць на свеце
Сіраце без роду:
Няма куды прыхіліцца,—
Хоць з гары ды ў воду!
Утапіўся б маладзенькі
У той быстрай рэчцы;
Утапіўся б — цяжка жыці,
I няма дзе дзецца.
Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,
А мая дзесь, нягодніца,
За морам блукае.
Добра таму багатаму:
Яго людзі знаюць;
А са мною сустрэнуцца —
Вокам абмінаюць.
Багатага, губатага
Дзяўчына шануе;
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.
«Ці я ж табе не прыгожы,
Ці не ў цябе ўдаўся,
Ці не люблю цябе шчыра,
Ці з цябе смяяўся?
Любі ж сабе, маё сэрца,
Любі, каго знаеш,
Але з мяне ты не смейся,
Калі ўспамінаеш.
А я пайду на край свету...
На чужой старонцы
Знайду лепшую ці згіну,
Як той ліст на сонцы».
Пайшоў казак сумуючы —
Нікога не кінуў;
Шукаў долі ў чужым полі
Ды там і загінуў.
Уміраючы, ўглядаўся,
Дзе сонейка ззяе...
Цяжка-цяжка уміраці,
Цяжка ў чужым краі!
Гатчына
1838

ДУМКА

      Нашто чорныя мне бровы,
Нашто кары вочы,
Нашто леты маладыя,
Думачкі дзявочы?
Леты мае маладыя
Марна прападаюць,
Вочы плачуць, чорны бровы
Ад ветру ліняюць.
Сэрца вяне, нудзіць светам,
Як птушка без волі...
Нашто ж мне, краса мая ты,
Калі няма долі?
Цяжка-цяжка сіратою
Мне на свеце жыці;
Свае людзі —
Як чужыя,
Не з кім гаварыці;
Няма каму распытаці,
Чаго плачуць вочы;
Няма каму расказаці,
Чаго сэрца хоча,
Чаго сэрца, як галубка,
Дзень і ноч варкуе;
Ніхто яго не пытае,
Не знае, не чуе.
Чужы людзі не спытаюць —
Дый нашто пытаці?
Няхай плача сіраціна,
Няхай леты траціць...
Плач жа, сэрца, плачце, вочы,
Пакуль не заснулі,
Галаслівей, жаласлівей,
Каб ветры пачулі.
I каб буйныя панеслі
За сіняе мора
Чарняваму, здрадліваму —
На лютае гора!
С.-Пецярбург
1839

НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ КАТЛЯРЭЎСКАМУ[2]

      Сонца грэе, вецер вее
З поля на даліну;
Над вадою гне з вярбою
Чырвону каліну;
Самотнае на каліне
Гнёздачка гайдае.
А дзе ж дзеўся салавейка?
Не пытай, не знае.
Гора ўспомні ды кінь думаць...
Мінула... прапала...
Добра ўспомні — сэрца вяне:
Чаму ж ды не стала?
Вось жа гляну ды успомню:
Было, як змяркае,
Зашчабеча на каліне,—
Ніхто не мінае.
Ці багаты, каго доля,
Як маці дзяціну,
Прыбірае, даглядае,—
Не міне каліну.
Ці сіротка, што да свету
Ўстае працаваці,—
Прыпынецца, паслухае,
Як бацька ды маці.
Пытаюцца, размаўляюць —
Сэрцу люба ў грудзях...
I свет божы, як Вялікдзень,
I людзі як людзі!
Ці дзяўчына, што мілога
Штодзень выглядае,
Вяне, сохне сіратою,
Дзецца дзе, не знае.
На шлях пойдзе паўзірацца,
Паплакаць у лозах;
Зашчабеча салавейка,
Сохнуць дробны слёзы.
Паслухае, усміхнецца,
Пойдзе цемным гаем...
Нібы з мілым размаўляла...
А ён, знай, спявае
То дробна, то роўна, як бога благае.
Пакуль выйдзе злодзей на шлях пагуляць
З нажом у хляве,— пойдзе рэха гаем,
Пойдзе ды замоўкне — нашто шчабятаць?
Зацятую душу злодзея не спыніць,
Толькі страціць голас, дабру не наўчыць.
Няхай жа лютуе, пакуль сам загіне,
Пакуль безгалоўе груган пракрычыць.
      Засне даліна. На каліне
I салавейка дрэмле-спіць.
Павее вецер па даліне —
Дубровай рэха паляціць;
Гуляе рэха — божа мова...
Устануць людцы працаваць,
Каровы пойдуць па дуброве,
Дзяўчаты выйдуць ваду браць,
I сонца гляне — рай, дый годзе!
Вярба смяецца — свята скрозь!
Заплача злодзей, люты злодзей.
Было так перш — цяпер жа вось:
      Сонца грэе, вецер вее
З поля на даліну;
Над вадою гне з вярбою
Чырвону каліну;
Самотнае на каліне
Гнёздачка гайдае.
А дзе дзеўся салавейка?
Не пытай, не знае.
      Нядаўна, нядаўна у нас на Ўкраіне
Стары Катлярэўскі вось так шчабятаў;
Замоўк небарака, сіротамі кінуў
I горы і мора, дзе ўперад лятаў;
Дзе ватагу прайдзісвета
Вадзіў за сабою[3],—
Засталося ўсё й сумуе,
Як руіны Троі[4].
Ўсё сумуе,— толькі слава
Сонцам зазіяла;
Не ўмрэ кабзар, бо навекі
Яго прывітала.
Будзеш, бацька, панаваці,
Пакуль жывуць людзі;
Пакуль сонца з неба ззяе,
Цябе не забудуць!
      Прымі ж маё слова, душа кабзарова!
Шчырае, ад сэрца,— прымі, прывітай!
Не кінь сіратою, як кінуў дубровы,
Да мяне спусціся хоць на адно слова
Ды мне пра Ўкраіну маю заспявай.
Няхай усміхнецца сэрца на чужыне,
Хоць раз усміхнецца, гледзячы, як ты
Казацкую славу сваім словам дзіўным
Перанёс у хату беднай сіраты.
Прыляці, арол мой, бо я адзінокі
Сірата на свеце, у чужым краю.
Гляджу я на мора, на прастор шырокі,
Паплыў бы на той бок — чаўна не даюць.
Успомню Энея, бацькаўшчыну ўспомню,
Успомню, заплачу, як дзіцё, няўтомна;
А хвалі на той бок ідуць ды равуць.
А можа, я й цёмны, нічога не бачу,
Злая доля, можа, на тым баку плача,—
Сірату людзі ўсюды асмяюць!
Смяяліся хай бы, ды там мора грае,
Там месяц, там сонца зіяе ясней,
Там з ветрам магіла ў стэпе размаўляе,
Там не адзінокі быў бы ўжо я з ёй.
      Прымі ж маё слова, душа кабзарова!
Шчырае, ад сэрца — прымі, прывітай!
Не кінь сіратою, як кінуў дубровы,
Да мяне спусціся хоць на адно слова
Ды мне пра Ўкраіну маю заспявай!
С.-Пецярбург
1838

КАЦЯРЫНА

В. А. Жукоўскаму[5]

на памяць 22 красавіка 1838 года

I

      Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Чыняць ліха з вамі.
Жартуючы маскаль любіць,
Жартуючы кіне,
Ў Маскоўшчыну сваю пойдзе,
А дзяўчына гіне...
Каб сама, то йшчэ б нічога,
А то й стара маці,
Што на свет зрадзіла божы,
Мусіць прападаці.
Спяваючы сэрца вяне,
Калі за што знае;
Людзі сэрца не пабачаць,
«Блудніцай» аблаюць.
Кахайцеся ж, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Здзекваюцца вамі.
      Бацькі, маці Кацярына
Слухаці не стала,
Маскаліка палюбіла,
Як сэрцайка знала.
Палюбіла маладога,
Ў садочак хадзіла,
Пакуль сябе, сваю долю
Там не загубіла.
Вячэраці кліча маці,
А дачка не чуе;
Дзе з маскалікам жартуе,
Там і заначуе.
Не дзве ночы кары вочы
Люба цалавала,
Пакуль слава на сяло ўсё
Нядобрая стала.
Няхай сабе тыя людзі
Што хочуць гавораць:
Яна любіць, то й не чуе,
Што ўкралася гора.
      Надышлі благія весткі —
Ў паход затрубілі,
Маскалі пайшлі на турка,
Катрусю забылі.
Не адчула, ды і што там,
Што дзявоча згуба,
За мілога, як спяваці,
Й патужыці люба.
Абяцаўся чарнабрывы,
Калі не загіне,
Абяцаўся ён вярнуцца —
Тады Кацярына
Будзе сабе маскоўкаю,
Забудзецца гора;
А пакуль што, няхай людзі
Што хочуць гавораць.
Не журыцца Кацярына —
Слёзачкі ўцірае,
Бо на вуліцы дзяўчаты
Без яе спяваюць.
Не журыцца Кацярына —
Памыецца слёзкай,
Возьме ў поўнач вёдры, пойдзе
Па ваду, за вёску,
Каб ворагі не бачылі;
Прыйдзе да крыніцы,
Стане сабе пад каліну,
Заспявае Грыца[6].
Так спявае, вымаўляе,
Аж каліна плача.
Вярнулася — і радзенька,
Што ніхто не бачыў...
Не журыцца Кацярына
I ў думках не мае —
У новенькай хусціначцы
Ў акно пазірае.
Выглядае Кацярына...
Паўгода мінула;
Занудзіла каля сэрца,
У баку кальнула.
Заняпала Кацярына,
Ледзьве-ледзьве дыша...
Ачуняла ды ў запечку
Дзіцянё калыша.
А замужкі бубняць бубнам,
Матулю бічуюць,
Што маскалі вяртаюцца
Ды ў яе начуюць:
«Дочка ў цябе чарнабрыва,
Ды йшчэ не ядына,
А муштруе ў запечку
Маскоўскага сына.
Чарнабрывага прыдбала...
Знаць, сама вучыла...»
Бадай жа вас, сакатухі,
Маланка пабіла,
Як і матку, што на смех вам
Сына спарадзіла!
      Кацярына, маё сэрца!
Горанька з табою!
Дзе ты дзенешся на свеце
З малым сіратою?
Хто без мілага спаткае,
Як сваіх, хто прыме?
Бацькі ўжо — чужыя людзі,
Цяжка жыці з імі!
      Ачуняла Кацярына;
Калыша дзіцятка,
А на вуліцу ў аконца
Паглядае ўкрадкам;
Паглядае — а няма ўсё!..
Няўжо ж і не будзе?
У садок пайшла б паплакаць,
Дык пабачаць людзі.
Зойдзе сонца — Кацярына
Па садочку ходзіць,
На ручаньках носіць сына,
Вочкамі паводзіць:
«Вось тут з муштру выглядала,
Вось тут размаўляла,
А там... а там... ах, сыночак!» —
Дый не дасказала...
      Зелянеюць у садочку
Чарэшні ды вішні;
Як выходзіла й калісьці,
Кацярына выйшла.
Выйшла ды ўжо не спявае,
Як раней спявала,
Як маскаля маладога
Ў вішняку чакала.
Не спявае чарнабрыва,
Кляне сваю долю.
А тым часам варажбіткі
Чыняць сваю волю —
Паганую твораць справу.
Што ж мае рабіці?
Каб быў мілы, чарнабрывы,—
Умеў бы спыніці...
Так далёка чарнабрывы,
Не чуе, не бача,
Як з яе смяюцца злыдні,
Як Катруся плача.
Мо забіты чарнабрывы
За ціхім Дунаем;
Ці ў Маскоўшчыне ўжо, можа,—
Другую кахае!
Не, чарнявы не забіты,
Ён жывы-здаровы...
А дзе ж знойдзе ён такія
I вочы і бровы?
Ў Маскоўшчыне, на край свету,
На тым баку мора,
Няма нідзе Кацярыны;
Ды здалась на гора!..
Бровы, кары вачаняты
Даці ўмела маці,
Ды не ўмела ў гэтым свеце
Шчасця, долі даці.
А без долі твар бяленькі —
Як кветка на полі:
Пячэ сонца, трэпле вецер,
Рве ўсякі паволі.
Умывай жа тварык белы
Дробнымі слязамі,—
Маскалікі вярнуліся
Іншымі шляхамі.

II

      У канцы стала сядзіць бацька,
На рукі схіліўся;
Не глядзіць ён на свет божы:
Цяжка зажурыўся.
Ля яго старая маці
Сядзіць на услоне,
Са слязамі адно толькі
На дачку гамоне:
«Што, вяселле, мая дочка?
А дзе ж твая пара?
Дзе сваточкі з ручнікамі,
Прыданкі, баяры?
Ў Маскоўшчыне, мая дочка!
Ідзі ж іх шукаці,
Ды не кажы добрым людзям,
Што ў цябе ёсць маці.
Ох, праклятаю часінай
Цябе спарадзіла!
Каб ды знала, да ўсход сонца
Была б утапіла...
Гадзюкавай была б стравай,
Цяпер — маскалёвай...
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Цвеце мой ружовы!
Як ягадку ды як птушку,
Кахала, расціла
На нядолю... Эх, дачушка,
Што ты нарабіла?..
Адплаціла!.. Йдзі, шукай жа
У Маскве свякрухі.
Не слухала маіх радаў,
Дык яе паслухай!
Ідзі, дочка, знайдзі яе,
Знайдзі, прывітайся,
Будзь шчасліва ў чужых людзях,
Да нас не вяртайся!
Не вяртайся, мая дзетка,
З далёкага краю...
А хто ж костачкі мае тут
Без цябе схавае?
Хто заплача нада мною,
Як родная дзетка?
Хто пасадзіць на магіле
Каліну ды кветкі?
Хто без цябе грэшну душу
Будзе памінаці?
Ой, дачушка, ой, дачушка,
Што болей казаці?
Ідзі ад нас!..»
      Ледзьве, ледзьве
Паблагаславіла:
«Бог з табою!» — ды, як мёртва,
Галаву схіліла.
      Абазваўся стары бацька:
«Чаго жджэш, нябога?»
Заплакала Кацярына
Ды бух яму ў ногі:
«Даруй ты мне, мой татулька,
Што я нарабіла!
Даруй ты мне, мой галубе,
Мой саколе мілы!»
«Няхай бог табе даруе
Ды добрыя людзі,
Памаліся ды йдзі з богам —
Мо лягчэй мне будзе».
      Пакланілася, устаўшы,
Выйшла моўчкі з хаткі;
Засталіся сіратамі
Стары бацька й матка.
У садок пайшла вішнёвы,
Малілася богу,
Узяла зямлі з-пад вішні
Сабе на дарогу;
Прашаптала: «Не вярнуся!
У далёкім краі,
У чужой зямлі чужыя
Мяне пахаваюць;
А сваёй гэты драбочак
Нада мною ляжа,
Ды пра долю, маё гора
Чужым людзям скажа...
Не расказывай, галубка!
Дзе б ні пахавалі,
Каб на гэтым свеце грэшнай
Людзі не чапалі!
Ты не скажаш... Вось хто скажа,
Што я яго маці!
Мой ты божа! Маё гора!
Дзе ж мне захавацца?
Схаваюся, мая дзетка,
Сама пад вадою,
А за грэх мой адцярпіш ты
Ў людзях сіратою,
Бязбацькаўцам!..»
      Пайшла вёскай
З плачам Кацярына,
Завязаўшыся хусцінай,
Галубячы сына.
Азірнулася, як выйшла,
Сэрцайка заныла,
Паківала галавою
Дый загаласіла.
Як таполя, стала ў полі
Пры бітай дарозе;
Як раса да ўсходу сонца,
Пакапалі слёзы.
За горкімі за слязамі
I свету не бача,
Толькі сына прыгартае,
Цалуе ды плача.
А яно, як ангелятка,
Нічога не знае,
Ручаняткамі малымі
Пазухі шукае.
      Села сонца, чуць дзе-нідзе
Зоркі зазіялі,
Слёзы ўцерла, паплялася...
Нікне... знікла ў далі.
Доўга ў сяле гаманілі
Дасужыя свацці,
Ды не чулі тых гамонак
Ні бацька, ні маці...
      Вось жа як на гэтым свеце
Робяць людзям людзі!
Таго вяжуць, таго рэжуць,
Той сам сябе губіць...
А за што? Святы іх знае.
Свет, як глянь, шырокі,
Ды няма дзе прыхіліцца
Ў свеце адзінокім.
Таму доля дала месца
Ад краю да краю,
А другому тры аршыны,
Дзе і пахаваюць.
Дзе ж добрыя тыя людзі,
Што сэрца жадала
З імі жыці, іх любіці?
Прапалі, не стала!
      Ёсць на свеце доля,
А хто яе знае?
Ёсць на свеце воля,
А хто яе мае?
Ёсць людзі на свеце —
Золатам зіяюць;
Здаецца, пануюць,
А долі не знаюць,—
Ні долі, ні волі!
З нудою ды з горам
Жупан надзяваюць,
А плакаці — сорам...
Забярыце скарбы,
Жывіце ў багацці,
А я вазьму слёзы —
Гора заліваці.
Затаплю нядолю
Дробнымі слязамі,
Затапчу няволю
Босымі нагамі!
Тады я вясёлы,
Тады ўсё — багаццем,
Як сэрцайка будзе
На волі гуляці.

III

      Крычаць совы, спіць дуброва,
Зорачкі зіяюць;
Па-над шляхам чарадою
Начніцы гуляюць.
Людзі добрыя паснулі;
Што каго ўтаміла:
Каго — шчасце, каго — слёзы,
Ночка ўсіх пакрыла,
Ўсіх цямненькая пакрыла,
Як дзетачак маці;
Дзе ж Катрусю прыгарнула:
Ці ў лесе, ці ў хаце?
Ці на полі пад капою
Сына забаўляе,
Ці ў дуброве з-пад калоды
Ваўка выглядае?
Бадай жа вас, чорны бровы,
Нікому не меці,
Чым за вас бяду такую
Самахоць цярпеці!
А што йшчэ далей сустрэне?
Будзе ліха, будзе!
Сустрэнецца пясок жоўты
I чужыя людзі;
Сустрэнецца зіма, сцюжа...
А той — ці спаткае,
Ці пазнае Кацярыну,
Сына прывітае?
З ім забыла б чарнабрыва
Шляхі, пяскі, гора:
Ён, як маці, прывітае,
Як брат, загавора...
      Будзем бачыць, а пакуль што —
Адпачыну троху,
Ды тым часам распытаю
На Маскву дарогу.
Ой, далёкі шлях, браточкі!
Знаю яго, знаю!
Ажно сэрца ледзянее,
Як успамінаю.
I я калісь папамераў,—
Каб яго не мераць!..
Расказаў бы я пра гэта,
Але ці ж павераць?
«Хлусіць,— скажуць,— такі-гэткі!
(Ведама, не ў вочы),
А так толькі псуе мову
Ды людзей мароча».
Праўда ваша, праўда, людзі!
Нашто ж тое знаці,
Што слязамі перад вамі
Буду выліваці?
Нашто яно? У кожнага
Ці ж свайго не хваце?..
Ану яго!.. А тым часам
Крэсіва лепш дайце
Ды табакі, каб, як кажуць,
З гора не журыцца.
А то гаварыць аб ліху —
Бяда йшчэ прысніцца!
Няхай яе ліха возьме!
Лепей памяркую,
Дзе мая ўжо Кацярына
З Іванкам вандруе.
      За Кіевам ды за Днепрам,
Па-над цёмным гаем,
Чумачэнькі ідуць шляхам,
Пугача спяваюць[7].
Ідзе шляхам маладзіца,
Неіначай з прошчы.
Чаго ж смутная такая,
Заплаканы вочы?
На плячах звісае клумак,
Латана апратка,
У руцэ кій, на другой жа —
Заснула дзіцятка.
Сустрэлася з чумакамі,
Дзіцё закрывае.
«Ці ў Маскоўшчыну шлях гэты?» —
Чумакоў пытае.
«У Маскоўшчыну? Гэты самы.
Далёка, нябога?»
«У Маскву аж! Майце літасць,
Дайце на дарогу!»
Бярэ грош і аж трасецца:
Цяжка яго браці!..
Дый нашто ёй?.. А дзіцятка?
Яна ж яго маці!..
Заплакала, пайшла шляхам,
У Броварах спачыла,
Ды сыночку за мядзяк той
Перніка купіла.
Доўга, доўга сіраціна
Ішла ды пытала;
Было й гэтак, што пад тынам
З сынам начавала...
      Бач, нашто здаліся кары вачаняты:
Каб пад чужым тынам слёзы выліваць!
Вось жа пазважайце й кайцеся, дзяўчаты,
Каб не давялося маскаля шукаць,
Каб не давялося, як Кася шукае...
Тады не пытайце, за што людзі лаюць,
За што не пускаюць ў хату начаваць.
      Не пытайце, чарнабрыўкі,
Бо людзі не знаюць;
Каго бог караць захоча,
То й яны караюць...
Людзі гнуцца, нібы лозы,
Куды вецер вее;
Сіраціне сонца свеціць
(Свеціць, ды не грэе) —
Людзі сонца б заступілі,
Калі б мелі сілу,
Сіраце каб не свяціла
I слёз не сушыла.
А завошта, божа мілы?
За што светам нудзіць?
Што яна людзям зрабіла,
Чаго хочуць людзі?
Каб плакала!.. Маё сэрца!
Не плач, Кацярына,
Не паказвай людзям слёзы,
Цярпі да загіну!
А каб твар не марнаваўся
З чорнымі брывамі,—
Да ўсход сонца ў цёмным лесе
Умыйся слязамі.
Умыешся — не пабачаць
I не засмяюцца;
А сэрцайка адпачыне,
Пакуль слёзы льюцца.
      Вось жа як пагана, бачыце, дзяўчаты!
Жартуючы кінуў Катрусю маскаль.
Нядоля не бачыць, з кім ёй строіць жарты,
А людзі хоць бачаць, ды людзям не жаль.
«Няхай,— кажуць,— гіне лядача дзяўчына,
Калі ўжо не ўмела сябе шанаваць!»
Шануйцеся ж, любкі! У благую часіну
Каб не давялося маскаля шукаць!
      Дзе ж Катруся блудзіць?
Пад тынамі начавала,
Раненька ўставала,
У Маскоўшчыну паспяшала;
Аж бух — зіма стала.
Свішча полем завіруха;
Ідзе Кацярына
У лапцях — цяжкое гора! —
Вецер рве хусціну.
Кацярына йдзе, дыбае;
Глядзіць — штось віднее...
Маскалікі йдуць, здаецца...
Ой жа! Сэрца млее...
Паглядзела, іх сустрэла:
«Ці няма,— пытае,—
Чарнявага майго Йвана?»
Тыя ж: «Мы не знаем».
I, як маскалі звычайна,
Смяюцца, жартуюць:
«Ай да баба! Ай да наши!
Кого не надуют!»
Паглядзела Кацярына:
«I вы, бачу, людзі!
Не плач, сынку, маё гора!
Што будзе, то й будзе.
Пайду далей — больш хадзіла...
А можа, й спаткаю;
Аддам цябе, мой галубе,
А згіну сама я».
      Раве, стогне завіруха,
Коціць, верне полем;
Стаіць Кася сярод поля,
Дала слёзам волю.
Утамілася завея,
Там-сям пазяхае;
Яшчэ б плакала Катруся,
Ды слёз больш не мае.
Паўзіралася на дзіця:
Ўмытае слязою,
Чырванее, нібы кветка
Ўранку пад расою.
Ўсміхнулася Кацярына,
А ва ўсмешцы — мукі:
Каля сэрца скрабянула
Чорная гадзюка.
Вокал моўчкі паглядзела;
Бачыць — лес чарнее,
А пад лесам, край дарогі,
Як бы дом віднее.
«Хадзем, сыне! Змяркаецца...
Ў хату пусцяць, можа,
А не пусцяць, то і ў полі
Начаваці зможам.
Пад хатаю заначуем,
Сыне мой Іване!
Дзе ж ты будзеш начаваці,
Як мяне не стане?
З сабакамі, мой сыночку,
Дзялі сваё гора!
Сабакі хоць пакусаюць,
Ды не загавораць,
Не раскажуць, смеючыся...
З сабакамі жыці...
Бедна ж мая галовачка!
Ой, што мне рабіці?»
      Сірата-сабака мае сваю долю,
I добрае слова ў свеце сірата;
Яго б’юць і лаюць, куюць у няволю,
I ніхто пра матку не стане пытаць.
А Янку спытаюць, зарання пацешаць,
Не дадуць да мовы дзіцяці дажыць.
На каго сабакі на вуліцы брэшуць?
Хто голы, галодны пад тынам сядзіць?
Абібок, гультай хто, як не байстручаты?!
Адна яго доля — чорны вачаняты,
З зайздрасці й тых людзі не даюць насіць.

IV

      Каля гары, над ярам-долам,
Як старцы, ўзняўшы сваю голаў,
Дубы з гетманшчыны стаяць.
Грабелька ў яры, вербы ў рад,
Ставок пад крыгаю ў няволі,
У ім палонка — ваду браць,
Як круг чырвоны чырванее,—
3-за хмары сонца усплыло;
Надзьмуўся вецер,— як павее!
Няма нічога, скрозь бялее...
Ды толькі ў лесе загуло.
Раве, свішча завіруха,
Па лесе завыла;
Як бы мора, бела поле
Снегам закаціла.
Выйшаў з хаты карбаўнічы
Лесу аглядаці,
Ды куды там! Гэткі розрух!
Свету не відаці.
«Эге, бачу, што за немач!
Ліха ж яго з лесам!
Пайсці ў хату... Але што там?
Ну іх да ста бесаў!
Ліхаццё іх разнасіла,
Як бы й справу мелі.
Глянь, Нічыпар, прыглядзіся!
Як жа пабялелі!»
«Што, маскалі?.. Дзе маскалі?»
«Што ты? Схамяніся!..»
«Дзе маскалі, галубочкі?»
«Ды вунь, падзівіся!»
Паляцела Кацярына,
Не ўспела адзецца.
«Мабыць, добра Маскоўшчына
Ў знакі ёй даецца!
Бо ўначы толькі і знае,
Што маскаля кліча».
Цераз пні, цераз сувеі
Ляціць, ледзьве дыша.
Босай стала сярод шляху,
Махае рукамі.
А маскалі ёй насустрач,
Як адзін, вярхамі.
«Доля ж мая! бяда-гора!»
Да іх... Калі гляне —
Наперадзе старшы едзе.
«Любы мой Іване!
Каханае маё сэрца!
Дзе ж ты быў падзеўся?»
Ды да яго... за страмёны...
А ён прыглядзеўся
Ды шпорамі каня ў бокі.
«Чаго ж ты ўцякаеш?
Забыў хіба Кацярыну?
Хіба не пазнаеш?
Прыглядзіся, мой галубе,
На мяне глянь, скемі:
Я — Катруся твая люба,
Нашто рвеш ты стрэмя?»
А ён каня паганяе,
Нібы і не бача.
«Пачакай жа, мой галубе!
Зірні — я не плачу.
Не пазнаў мяне, Іване?
Сэрца, прыглядзіся,
Ей жа богу, я — Катруся!»
«Дура, отвяжися!
Возьмите прочь безумную!»
«Божа мой! Івасю!
I ты мяне пакідаеш?
А ты ж прысягаўся!»
«Возьмите прочь! Что ж вы стали?»
«Каго? Мяне ўзяці?
За што ж скажы, мой галубе?
Каму хочаш даці
Сваю Касю, да цябе што
Ў садочак хадзіла,
Сваю Касю, для цябе што
Сына спарадзіла?
Мой бацечка, мой браточак!
Хоць ты не цурайся!
Найміткаю табе стану...
З другою кахайся...
З цэлым светам... я забуду,
Што калісь кахала,
Што ад цябе сына мела,
Пакрыткаю[8] стала...
Пакрыткаю... Які сорам!
I за што я гіну?
Кінь мяне, забудзь мяне ты,
Ды не кідай сына.
Не пакінеш?.. Маё сэрца,
Пастой! Прашу вельмі!..
Я вынесу табе сына».
Выпусціла стрэмя
Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,
Нясе яму сына.
Заплаканы, неспавіты
Бедны сіраціна.
«Во яно дзе, на, прыгледзься!
Дзе ж ты? Захаваўся?
Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына
Бацька адцураўся!
Божа ты мой!.. Мая дзетка!
Дзе ж дзецца з табою?
Маскалікі! Галубочкі!
Вазьміце з сабою;
Не цурайцеся, браточкі:
Яно сіраціна;
Забярыце і аддайце
Старшаму за сына.
Забярыце!.. Бо пакіну,
Як бацька пакінуў,—
Бадай яго не кідала
Горкая часіна!..
Грэхам цябе на свет божы
Маці спарадзіла;
Вырастай жа на смех людзям!»
На шлях палажыла.
«Заставайся шукаць бацькі,
А я ўжо шукала...»
Ды ў лес з шляху, як вар’ятка!
I следу не стала.
Дзіцё плача... Маскалям што?
Балазе; мінулі.
Яно й добра; ды на ліха
Леснікі пачулі.
      Кася бегае па лесе,
Бегае, галосіць,
То кляне свайго Івана,
То плача, то просіць.
Выбягае на узлессе;
Зірнула навокал
Ды ў яр... бяжыць... сярод ставу
Стала адзінока.
«Прымі, божа, маю душу,
А ты — маё цела!»
Бух старчма ў ваду!.. Пад лёдам
Глуха забурлела.
      Чарнабрыва Кацярына
Знайшла, што шукала.
Дзьмухнуў вецер па-над ставам —
I следу не стала.
      То не вецер, то не буйны,
Што дубы ламае;
То не гора, не ліхое,
Што маці ўмірае;
Не сіроткі тыя дзеці,
Што мамка ў зямельцы,
Слава добрая й магіла
Для іх застанецца.
Як дакучаць злыя людзі
Малой сіраціне,—
Вылье слёзы на магілу —
Сэрцайка спачыне.
А таму якая доля,
Доля засталася,
Каго бацька і не бачыў,
Маці адраклася?
Байструку што засталося?
Хто з ім загавора?
Ні радні той, ні хаціны;
Шляхі, пяскі, гора...
Панскі тварык, чорны бровы...
Нашто? Каб пазналі!
Выпесціла, не схавала...
Бадай палінялі!

V

      Ішоў кабзар да Кіева,
Сеў спачыць з дарогі.
З ім, абчэплены вузламі,
Павадыр убогі.
Ля яго дзіця малое
Дрэмле, як нядбае,
А стары кабзар тым часам
Ісуса спявае.
Хто йдзе, едзе — не мінае:
Хто — праснак, хто — грошы;
Хто старому, а дзяўчаты
Шэлег механошы.
Падзівяцца чарнабрыўкі —
I босы і голы.
«Дала,— кажуць,— вочкі, броўкі,
Ды не дала долі!»
      Едзе шляхам да Кіева
Шасцярнёй карэта,
А ў карэце пан і пані,
Багата адзеты.
Апынуліся ля старцаў —
Пыл густы злягае.
Пабег Янка, бо з аконца
Рукою махае.
Дае пані Янку грошы,
Дзівуецца пані,
А пан глянуў... адвярнуўся...
Распазнаў, паганы,
Пазнаў чорныя ён бровы
I карыя вочы...
Пазнаў бацька свайго сына,
Але ўзяць не хоча.
«Як завуць?» — пытае пані.
«Янка».— «Какой милый!»
Коні рушылі, а Янку
Абсыпала пылам...
Палічылі, небаракі,
Што дасталі, ўсталі,
Памаліліся на сонца,
Пайшлі шляхам далей.
С.-Пецярбург
1838

***

      Ой вы, думы, мае думы,
Цяжанька мне з вамі!
Нашто сталі на паперы
Сумнымі радкамі?..
Што вас вецер не развеяў
Ў стэпу да астатку?
Што вас гора не прыспала,
Як сваё дзіцятка?..
      Бо на свет вас беды на смех
                                            спарадзілі,
Палівалі слёзы... Што ж не затапілі,
Не вынеслі ў мора, не размылі ў полі?..
Не пыталі б людзі, што ў мяне баліць?
Не пыталі б, за што праклінаю долю,
Чаму мне маркотна? «Нечага рабіць!» —
На смех не сказалі б...
                                Кветкі мае, дзеці!
Нашто ж я кахаў вас, нашто даглядаў?
Ці заплача сэрца адно на ўсім свеце,
Як я з вамі плакаў?.. Можа, і ўгадаў...
Можа, знойдзецца дзявоча
Сэрца, кары вочы,
Што над думамі заплачуць —
Большага не хочу...
Адну слёзку з вачэй карых —
I... пан над панамі!..
      Ой вы, думы, мае думы,
Цяжанька мне з вамі!..
      За карыя вачаняты,
За чорныя бровы
Сэрца млела, смяялася,
Вылівала мову;
Вылівала як умела,
За цёмныя ночы,
За вішнёвы сад зялёны,
За ласкі дзявочы...
За стэп буйны, за магілы,
Што на Украіне,
Сэрца млела, не хацела
Спяваць на чужыне...
Не хацела ў снезе, ў лесе
Казакоў грамаду
З булавамі, з бунчукамі
Збіраць на параду...
Няхай душы казацкія
На Ўкрайне лунаюць —
Там шырока, там вясёла
Ад краю да краю...
Нібы воля, што мінула,
Днепр шырокі — мора,
Стэп і стэп, равуць парогі,
I магілы — горы.
Там радзілася, гуляла
Казацкая воля;
Там татарамі ды шляхтай
Засявала поле,
Засявала поле трупам,
Пакуль не астыла...
Спачыць легла... А тым часам
Вырасла магіла,
А над ёю арол чорны
Сторажам лятае,
I аб ёй жа людзям добрым
Кабзары спяваюць.
Што тварылася, спяваюць
Сляпцы-небаракі,—
Бо кемлівы... А я... а я
Толькі ўмею плакаць,
Толькі слёзы за Ўкраіну...
А слова — няма ўжо...
А за гора... Ды цур яму!
Хто яго не знаў жа!..
А надта той, хто глядзіцца
На людзей душою,—
Пекла яму ў гэтым свеце,
А на тым...
                  Журбою
Не наклічу сабе долі,
Калі так не маю.
Няхай злыдні жывуць тры дні —
Я іх захаваю,
Захаваю змяю люту
Каля свайго сэрца,
Каб і вораг не пабачыў,
Як гора смяецца...
Няхай думка, як груган той,
Лётае ды крача,
А сэрцайка салавейкам
Шчабеча ды плача
Цішком — людзі не пабачаць,
То й не засмяюцца...
Не ўцірайце ж мае слёзы —
Няхай сабе льюцца,
Хай чужое паліваюць
Поле днём і ночай,
Пакуль поп той не засыпле
Чужым пяском вочы...
Вось яно як...
А рабіць што?
Журба не паможа.
Хто ж зайздросціць сіраціне,
Карай таго, божа!
      Ой вы, думы, мае думы,
Кветкі мае, дзеці!
Гадаваў вас, даглядаў вас,
Дзе ж мне вас падзеці?
На Ўкраіну йдзеце, думы! —
На нашу Ўкраіну,
Пад платамі, сіратамі,
А я — тут загіну.
З сэрцам стрэнецеся шчырым
I з словам ласкавым,
Там вы знойдзеце і праўду,
А йшчэ, можа, й славу...
      Прывітай жа, мая маці!
Мая Украіна!
Маіх дзетак неразумных,
Як роднага сына!
С.-Пецярбург
1839

ПЕРАБЕНДЗЯ[9]

      Перабендзя сляпы, стары —
Хто яго не знае!
Ён усюды блукаецца
Ды на кобзе йграе.
А хто йграе, таго знаюць
I дзякуюць людзі.
Ён тугу ім разганяе,
Хоць сам светам нудзіць.
Пад тынамі бедачына
Днюе і начуе,
Няма яму ў свеце хаты;
Нядоля жартуе
Са старога, як з малога,
А ён хоць бы слова —
Сядзе сабе, заспявае:
«Не шумі, дуброва!»
Заспявае дый успомніць,
Што ён сіраціна,
Пажурбуе, пасумуе,
Седзячы пад тынам.
      Вось такі ён, Перабендзя,
Стары ды хімерны!
Заспявае пра Чалога[10],
На Гарліцу зверне;
З дзяўчатамі на выгане —
Грыца ды вяснянку,
А калі ў шынку з хлапцамі —
Сэрбіна, Шынкарку;
З жанатымі на банкеце
(Дзе свякруха злая) —
Пра таполю — ліху долю,
А потым — у гаю;
Пра Лазара — на кірмашы,
Ці, каб тое зналі,
Цяжка-важказаспявае,
Як сеч руйнавалі.
Вось такі ён, Перабендзя,
Стары ды хімерны!
Заспявае, засмяецца,
А на слёзы зверне.
      Вецер вее, павявае,
Па полі гуляе.
Кабзар сядзіць на магіле
Ды на кобзе йграе.
Вакол яго стэп, як мора,
Кавылём хістае;
За магілаю — магіла,
А там — чуць мільгае.
Вус яго сівы, чупрыну
Вецер развявае,
То паслухае, прылёгшы,
Як кабзар спявае;
Як сэрца смяецца, як вочанькі плачуць...
Паслухаў... павеяў...
      Стары знайшоў схоў
На магіле ў стэпу, каб ніхто не бачыў,
Каб вецер па полі словы паразмёў,
Каб людзі не чулі — гэта ж божжа слова,
Гэта сэрца з богам зважна гутарыць,
Гэта сэрца славу шчабеча багову,
А думка край свету на хмары ляціць.
Арлом сізакрылым лятае, лунае,
Аж сіняе неба крыллем дастае;
Спачыне на сонцы, яго запытае,
Дзе яно начуе? Як яно ўстае?
Паслухае мора, што яно гавора?
Гару запытае: «Чаго ты нямая?»
Ды ізноў на неба, бо на зямлі гора,
Бо на ёй, шырокай, куточка не мае
Той вось, хто ўсё знае, той вось,
                                     хто ўсё чуе:
Што мора гавора, дзе сонца начуе —
Яго ў гэтым свеце ніхто не прымае.
Адзін ён між імі, як месяц высокі.
Яго знаюць людзі, бо носіць зямля...
А як бы пачулі, што ён адзінокі,
Пяе на магіле, з морам размаўляе,—
Дык божае слова яны б асмяялі,
Дурнем бы назвалі, ад сябе прагналі.
«Няхай па-над морам,— сказалі б,—
                                     гуляе!»
      Добра гэтак, мой кабзару!
Добра, бацька, робіш,
Што спяваці, размаўляці
На магілу ходзіш!
Хадзі сабе, мой галубе,
Пакуль не заснулі
Думкі, сэрца, ды спявай так,
Каб людзі не чулі,
А каб цябе не міналі —
Патурай жа, брат, ім!
Скачы, уража, як пан кажа:
На то ён багаты.
      Вось такі ён, Перабендзя,
Стары ды хімерны!
Вясельнае заспявае,
А на слёзы зверне.
С.-Пецярбург
1839

ТАПОЛЯ

      Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі;
Ля дарогі аж да долу
Згінае таполю.
Стан высокі, ліст шырокі
Марна зелянее;
Кругом поле, нібы мора,
Шырака сінее.
Чумак едзе, азірнецца
Дый галаву схіліць;
Чабан раніцай з жалейкай
Сядзе на магіле,
Азірнецца — сэрца ные:
Вокал ні быліны!
Адна, адна, як сіротка
На чужыне, гіне!
      Хто ж узросціў, каб у стэпу
Ёй марнець здарма так?
Пачакайце, раскажу ўсё.
Слухайце ж, дзяўчаты!
      Палюбіла чарнабрыва
Казака дзяўчына,
Палюбіла — не спыніла:
Пайшоў дый загінуў...
Каб жа знала, што пакіне,—
Была б не любіла;
Каб жа знала, што загіне,—
Была б не пусціла;
Каб жа знала — не хадзіла б
Позна за вадою,
Не стаяла б да паўночы
З мілым пад вярбою;
Каб жа знала!..
                     Таго ліха —
Як знаці пачатак,
Што нам стрэнецца на свеце...
Не знайце, дзяўчаты!
Не пытайце сваёй долі!..
Само сэрца знае,
Каго любіць.
Няхай вяне,
Пакуль закапаюць,
Бо не доўга, чарнабрыўкі,
Кары вачаняты,
Твар бялявы чырванее —
Не доўга, дзяўчаты!
Да палудня, дый завяне,
Бровы паліняюць...
Кахайцеся ж, любіцеся,
Як сэрцайка знае.
      Зашчабеча салавейка
Ў лузе на каліне,
Заспявае казачэнька,
Йдучы па даліне.
Заспявае, пакуль з хаты
Дачакае мілай,
А ён яе запытае:
«Ці маці не біла?»
Стануць сабе, абымуцца;
Пяе салавейка;
Паслухаюць, разыдуцца —
Абое радзенькі...
Ніхто таго не пабачыць,
Ніхто не спытае:
«Дзе была ты, што рабіла?»
Сама сабе знае...
Любілася, кахалася,
А сэрцайка млела:
Нядолечку сэрца чула,
А сказаць не ўмела.
Не сказала — засталася,
Дзень і ноч варкуе,
Як без голуба галубка,
А ніхто не чуе...
      Не шчабеча салавейка
Ў лузе над вадою,
Не спявае чарнабрыва,
Стаўшы пад вярбою;
Не спявае,— як сіротка
Белым светам нудзіць,
Без мілога бацька, маці —
Як чужыя людзі;
Без мілога сонца свеціць —
Як вораг смяецца;
Без мілога скрозь магіла...
А сэрцайка б’ецца.
      Год мінуў, другі мінуў год,—
Казак не вяртае;
Яна сохне, нібы кветка;
Маці не пытае:
«Чаго вянеш, мая дзетка?» —
Яна не спытала.
За багатага старога
Выйсці намаўляла.
«Ідзі, дочка! — кажа маці.—
Не век дзеўкай быці!
Ён багаты, адзінокі —
Будзеш паняй жыці!»
«Не хачу я панаваці,
Не пайду я, мама!
Ручнікамі, што прыдбала,
Спусці мяне ў яму.
Хай папы мне заспяваюць,
А дружкі заплачуць:
Лягчэй ў труне мне ляжаці,
Чымся яго бачыць».
      Не слухала стара маці,
Рабіла, што знала,—
Усё бачыла дзяўчына,
Сохла ды маўчала.
Пайшла ўночы к варажбітцы,
Каб паваражыці —
Ці ёй доўга йшчэ на свеце
Адзінокай жыці?..
«Бабуленька, маё сэрца,
Малю з усёй сілы,
Скажы шчырую мне праўду:
Дзе сэрцайка-мілы?
Ці здароў-жыў? Ці ён любіць?
Ці забыў-пакінуў?
Скажы ж ты мне, дзе мой мілы?
На край свет палыну!
Бабуленька, маё сэрца,
Скажы, калі знаеш...
Бо выдае мяне маці
За старога замуж.
Любіць яго, бабуленька,
Сэрца не наўчыці.
      Пайшла ж бы я ўтапіцца —
Жаль душу згубіці...
Калі не жыве мой любы,—
Зрабі, калі ласка,
Каб дадому не вярнуцца...
Цяжанька мне, цяжка!
Там стары жджэ са сватамі...
Скажы ж маю долю!»
«Добра, дзетка! Спачынь трошкі...
Чыні ж маю волю.
Я сама была дзяўчынай —
Гэта ліха знаю;
Мінулася — наўчылася:
Людзям памагаю.
Тваю долю, мая дзетка,
Я залетась знала
I залетась траўкі-зелля
Для таго прыдбала».
Пайшла баба і дастала
Пляшачку з паліцы.
«Вось на табе гэта дзіва!
Пайдзі да крыніцы;
Пакуль пеўні не спявалі,
Умыйся вадою,
Выпі трошкі гэтых зёлак —
Гора ўсё загояць.
Бяжы, выпіўшы, як змога;
Што б там ні крычала,
Не аглянься, пакуль станеш
Там, дзе развіталась.
Адпачынеш; а як стане
Месяц сярод неба,
Выпі йшчэ раз, а не прыйдзе —
Ў трэць раз выпіць трэба.
За раз першы, як і летась,
Будзеш ты такою;
За другі раз — сярод стэпу
Тупне конь нагою.
Калі жыў твой казачэнька,
То зараз прыбудзе...
А за трэці, мая дзетка!
Не пытай, што будзе...
Ды йшчэ, чуеш, не хрысціся,
Бо ўсё пойдзе ў воду...
Цяпер жа йдзі, палюбуйся
На леташню ўроду».
      Ўзяла зелле, пакланілась:
«Дзякую, бабуся!»
Выйшла з хаты: «Ці йсці, ці не?..
Не, ужо не вярнуся!»
Прыйшла яна, напілася,
Ціха мірганула,
Двойчы, тройчы напілася,
Назад не зірнула.
Паляцела, як на крыллях,
Сярод стэпу пала...
Пала, стала, заплакала
I... і заспявала.
      «Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!
Расці, расці, тапалінка,
Ўсё ўгору ды ўгору!
Расці гнуткай ды высокай
Да самае хмары,—
Спытай бога, ці дажду я,
Ці не дажду пары?
Расці, расці, прыглядзіся
За сіняе мора:
Па тым боку — мая доля,
А па гэтым — гора.
Там дзесь мілы, чарнабрывы
Спявае, гуляе,
А я плачу, леты трачу,
Яго выглядаю.
Скажы яму, маё сэрца,
Што смяюцца людзі;
Скажы яму, што загіну,
Як яго не будзе!
Сама хоча мяне маці
Ў зямлю пахаваці...
А хто ж яе галовачку
Будзе даглядаці?
Хто дагледзіць, запытае,
На старасць паможа?
Мая ж мама!.. мая ж доля!..
Божа мілы, божа!..
      Зірні, гляні, тапалінка!
Як няма — заплачаш
Да ўсход сонца, ранюсенька,
Каб ніхто не бачыў...
Расці ж, сэрца-тапалінка,
Усё ўгору, ўгору!
Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!»
      Гэтак тая чарнабрыўка
Плакала, спявала...
I надзіва сярод поля
Таполяю стала.
      Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі,
Край дарогі гне таполю
Да самага долу.
С.-Пецярбург
1839

ДА АСНАВЯНЕНКІ[11]

Б’юць парогі; ўсходзіць месяц,
Як і перш усходзіў...
Няма Сечы[12], прапаў і той,
Хто ўсім верхаводзіў.
Няма Сечы! А чароты
У Дняпра пытаюць:
«Дзе дзеліся нашы дзеці?
Дзе яны гуляюць?»
Лятаючы, скігліць чайка,
Бы па дзецях плача;
Сонца грэе, вецер вее
На стэпу казачым.
На тым стэпу скрозь магілы
Стаяць ды сумуюць;
Ветра буйнага пытаюць:
«Дзе нашы пануюць?
Дзе пануюць, банкетуюць?
Дзе вы загасцілі?..
Вярнецеся! Во, пшаніцы
Колас пахілілі,
Дзе пасліся вашы коні,
Дзе трава шумела,
Дзе кроў ляхаў і татараў
Морам чырванела.
Вярнецеся!..»
                    «Не вернуцца! —
Загулі, сказалі
Хвалі мора.— Не вернуцца,
Навекі прапалі!»
Праўда, праўда, сіне мора:
Такая іх доля!
Не вернуцца чаканыя,
Не вернецца воля,
Не вернуцца запарожцы,
Не ўстануць гетманы,
Не пакрыюць Украіну
Чырвоны жупаны.
Абадрана сіратою
Па-над Днепрам плача;
Цяжка-цяжка сіраціне,
А ніхто не бача,
Толькі вораг, што смяецца...
Смейся, люты ўража!
Дый не дужа, бо ўсё гіне,—
Слава не паляжа;
Не паляжа, а раскажа,
Што было на свеце,
Чыя праўда, чыя крыўда
I чые мы дзеці,
Наша дума, наша песня
Не ўмрэ, не загіне...
Вось дзе, людзі, наша слава,
Слава Украіны!
Без золата, без камення,
Без хітрае мовы,
Галасіста ды праўдзіва,
Як божае слова...
Ці так, бацька-атамане?
Ці праўду спяваю?
Эх, каб тое!.. Ды казаць што! —
Таленту не маю.
Маскоўшчына йшчэ пры гэтым,
Скрозь чужыя людзі.
«Не патурай!» — можа, скажаш;
Ды што з таго будзе?
Насмяюцца з таго псалму,
Што вылью слязамі; Насмяюцца!..
Цяжка, бацька, Жыці з варагамі!
Пабароўся б і я, можа,
Каб сілы прыклікаў;
Заспяваў бы — галасок быў,
Ды з’елі пазыкі.
Вось яна, бяда якая,
Бацька мой, ліхая!
Блуджу ў снезе ды сабе сам:
«Ой, не шумі, гаю!»
Не зайграю больш. Ты ж, бацька,
Як сам здароў, знаеш,
Цябе людзі паважаюць,
Добры голас маеш.
Спявай жа ім, мой галубе!
Пра Сеч, пра магілы,
Дзе насыпалі якую,
Каго палажылі;
Пра былое й тыя дзівы,
Што былі, мінулі...
Зайграй, бацька! Каб нехаця
На ўвесь свет пачулі,
Што тварылася на Ўкрайне,
За што памірала,
За што слава казацкая
На ўсім свеце стала!
Зайграй, бацька, арол сізы!
Няхай я заплачу,
Няхай сваю Украіну
Я йшчэ раз пабачу;
Хай паслухаю яшчэ раз,
Як мора іграе.
Як дзяўчына пад вярбою
Грыца заспявае;
Хай яшчэ раз усміхнецца
Сэрца на чужыне,
Пакуль ляжа ў чужу землю,
Ў чужой дамавіне!
С.-Пецярбург
1839

ІВАН ПАДКОВА[13]

В. I. Штэрнбергу

І

      Было калісь на Ўкраіне —
Гарматы равелі;
Было калісь — запарожцы
Панаваць умелі!
Панавалі, здабывалі
I славу і волю,—
Мінулася: засталіся
Магілы на полі.
Ой, высокія магілы
Ля долаў-байракаў,
Дзе казацкае спіць цела,
Спавіта кітайкай.
Ой, высокія магілы
Чарнеюць, як горы,
Ды пра волю ціха ў полі
З ветрамі гавораць.
Сведка прадзедавай славы
З ветрам размаўляе,
А касу ў расу нясе ўнук,
За імі спявае.
      Было калісь на Ўкраіне —
Гора танцавала,
Журба ў шынку мёд-гарэлку,
Як ваду, смактала.
Было калісь добра жыці
На той Украіне...
Дык успомнім, можа, сэрца
Хоць трохі спачыне.

II

      Чорна хмара з-за Ліману
Неба, сонца крые;
Сіне мора дзікім зверам
То стогне, то вые.
Дняпра вусце затапіла...
«Нуце, хлопцы-брацці,
На байдакі! Мора грае —
Хадзем пагуляці!»
      Высыпалі запарожцы —
Ліман чоўны ўслалі.
«Грай жа, мора!» — заспявалі,
Пайшлі пенай хвалі;
Кругом хвалі, нібы горы,—
Ні зямлі, ні неба.
Сэрца млее, казакам жа
Таго толькі й трэба —
Плывуць сабе ды спяваюць;
Рыбалка лятае;
Атаман стаў на сам-перад,
Вядзе, куды знае.
Пахаджае ўздоўж байдака,
Гасне люлька ў роце;
Пазірае сюды-туды —
Дзе та быць рабоце?
Закруціўшы чорны вусы,
За вуха чупрыну,
Падняў шапку — чоўны сталі.
«Няхай вораг гіне!
Не ў Сінопу[14], атаманы,
Панове-малойцы!
А у Царград[15] да султана
Паедзем у госці!»
«Добра, бацька-атамане!» —
 Кругом заравела.
«Дзякуй жа вам!» Надзеў шапку,—
Ізноў закіпела
Сіне мора. Ўздоўж байдака
Ізноў пахаджае
Пан атаман ды на хвалю
Моўчкі паглядае.
С.-Пецярбург
1839

ГАЙДАМАКІ[16] Паэма

Васілю Іванавічу Грыгаровічу[17]

на памяць 22 красавіка 1838 года

      Ідзе ўсё, мінае — і краю не мае...
Дзе ж яно прапала? Скуль яно прыйшло?
I дурань, і мудры нічога не знае.
Жыве... умірае... Адно зацвіло,
Другое завяла, навекі завяла...
Пажоўклае лісце вятры разняслі,
А сонейка ўстане, як перш уставала;
Чырвоныя зоры, як і перш плылі,
Паплывуць і потым... I ты, белаліцы,
Па сіняму небу выйдзеш пагуляць;
Выйдзеш паўзірацца ў жалабок, крыніцу,
Ў бяскрайняе мора і будзеш зіяць,
Як над Вавілонам, над яго садамі[18]
I над тым, што будзе з нашымі сынамі.
Ты вечны без краю!.. Люблю размаўляць,
Як з братам, з сястрою, размаўляць з табою,
Спяваць табе думу, што ты ж нашаптаў.
Парай мне яшчэ раз, дзе дзецца з журбою?
Я не адзінокі і не сірата я:
Ёсць у мяне дзеці, ды дзе іх падзеці?
Пахаваць з сабою? — Грэх: душа жывая!
А можа, лягчэй ёй будзе на тым свеце,
Як хто слёзы-словы тыя прачытае,
Што яна так шчыра калісь вылівала,
Што яна цішком так над імі рыдала.
Не, не пахаваю, бо душа жывая!
Як сіняе неба — няма яму краю,
Так душа пачатку і краю не мае.
А дзе яна будзе? — Пашто разважаць!!
Успомні ж хто-небудзь, успомні хоць зрэдку,—
Без славы свет гэты цяжка пакідаць.
Успомніце, дзяўчаты, вам трэ ўспамінаць!
Яна вас любіла, ружовыя кветкі,
I пра вашу долю любіла спяваць.
Пакуль сонца ўстане — спачывайце, дзеткі,
А я памяркую, важака дзе ўзяць.
      Сыны мае, гайдамакі!
Свет шырокі, воля!
Дык ідзеце, пагуляйце,
Пашукайце долі!
Сыны мае маладыя,
Няхітрыя дзеці!
Хто вас шчыра без матулі
Прывітае ў свеце?
Сыны мае! арлы мае!
Мкніце на Ўкраіну,—
Хоць і ліха напаткае,
Але не ў чужыне.
Душа шчырая там стрэне,
Служыць долю змусіць;
А тут... а тут... цяжка, дзеці!
Калі ў хату пусцяць,
То, сустрэўшы, пасмяюцца,
Такія, бач, людзі:
Усе з асветай, пішуць кнігі,
Сонца нат асудзяць.
«Не адтуль,— кажа,— усходзіць,
Ды не так і свеціць;
Вось так,— кажа,— было б трэба...»
Што ж рабіці, дзеці?
Трэба слухаць, мо й сапраўды
Не так сонца ўсходзіць,
Як пісьменныя гавораць.
Разумнікі, й годзе!
А што ж на вас яны скажуць?
Знаю вашу славу!
Пасмяюцца, пажартуюць
Дый кінуць пад лаву.
«Няхай,— скажуць,— спачываюць,
Пакуль бацька ўстане,
Ды па-нашаму раскажа
Пра сваіх гетманаў;
А то баіць байкі, дурань,
Мёртвымі славамі.
Ды якогась там Ярэму
Вядзе перад намі
У пастолах. Дурань! дурань!
Білі, а не ўчылі.
Ад казацтва, ад гетманства
Курганы-магілы —
Больш нічога не пабачыш,
I іх разрываюць;
А ён хоча, каб слухалі,
Як старцы спяваюць.
Дарма праца, пане-браце:
Калі хочаш грошай,
Ды йшчэ славы, таго дзіва,
Спявай пра Матрешу,
Пра «Парашу, радость нашу»,
Султан, паркет, шпоры.
Во дзе слава! А то пяе:
«Грае сіне мора».
А сам плача; за табою
I твая грамада
У сярмягах!..» Праўда, мудры!
Дзякую за раду!
Кажух цёплы, толькі шкода —
Не на мяне шыты,
Разумнае ж ваша слова
Брахнёю падбіта.
      Выбачайце!.. Хоць крычыце,
Не пайду за вамі.
Дый да сябе не паклічу:
Вы людзі з мазгамі,
А я дурань; сам сабе я,
З сваёю журбою,
Заспяваю і паплачу,
Як дзіця малое.
Заспяваю — мора грае,
Вецер павявае,
Стэп чарнее, і магіла
З ветрам размаўляе.
Заспяваю — раскрылася,
Бы гара, магіла;
Аж да мора запарожцаў
Безліч стэп укрыла;
На вараных атаманы
Перад бунчукамі[19]
Зіхацяцца... А парогі
Паміж чаратамі
Равуць, стогнуць, зазлавалі,
Страшнае спяваюць.
Паслухаю, пажуруся
I старых спытаю:
«Што сумуеце, бацькі, так?»
«Нявесела, сыне!
Дняпро на нас раззлаваўся,
Плача Украіна...»
I я плачу. А тым часам
Пышнымі радамі
Выступаюць атаманы,
Сотнікі з панамі
I ўсе ў золаце гетманы.
У маю хаціну
Прыйшлі, каля мяне селі
I пра Украіну
Гутараць, апавядаюць,
Як Сеч будавалі,
Як казакі на байдаках
Парогі міналі;
Як гулялі ў сінім моры,
Грэліся ў Скутары[20],
Ды як, люлькі закурыўшы,
Ў Польшчы на пажары,
Вярталіся на Ўкраіну;
Як банкетавалі:
«Грай, кабзару! Лі, шынкару!» —
Казакі гукалі.
Шынкар знае, налівае
I не азірнецца;
Кабзар выцяў, а казакі —
Аж Хорціца[21] гнецца —
Мяцеліцу ды гапак той
Гуртам адбіваюць;
Куфаль ходзіць, пераходзіць,
Так і высыхае.
«Гуляй, пане, без жупана!
Гуляй, вецер, полем!
Грай, кабзару, лі, шынкару,
Покі ўстане доля!»
Падбачэніўшыся, ў скокі
Дзецюкі з дзядамі:
«Во так, дзеці! Добра, дзеці!
Будзеце панамі!»
Атаманы на банкеце,
Бы прыйшлі на раду,
Пахаджаюць, размаўляюць...
Важная грамада
Ударыла, не ўцярпела
Старымі нагамі.
Я дзіўлюся, паглядаю,
Смяюся слязамі.
      Дзіўлюся, смяюся, слёзы ўжо ўціраю...
Я не адзінокі, ёсць з кім век дажыць!
У маёй хаціне, бы ў стэпу без краю,
Казацтва гуляе, байрак[22] гаманіць;
У маёй хаціне сіне мора грае,
Магіла сумуе, таполя шуміць,
Ціхусенька Грыца дзяўчына спявае —
Я не адзінокі, маю з кім я жыць!
      Во маё дзе дабро, грошы,
Слава і парада!
А за вашу раду — дзякуй,
Здрадніцкую раду!
Пакуль жыў я, з мяне хопіць
I мёртвага слова,
Выліваць каб журбу, слёзы...
Бывайце здаровы!
Пайду сыноў праважаці
Ў дальнюю дарогу.
Хай сабе йдуць! Можа, знойдуць
Казака старога,
Што прыгорне маіх дзетак
Старымі слязамі.
Хопіць з мяне. Скажу йшчэ раз:
Пан я над панамі!
      Вось так, седзячы на лаве,
Ў думках разважаю:
Каго прасіць? Павядзе хто?
На дварэ світае,
Пагас месяц, гарыць сонца,
Гайдамакі ўсталі,
Памаліліся, паелі,
Вокал мяне сталі.
Сумна гэтая грамада
Голавы схіліла:
«Багаславі,— кажуць,— бацька,
Пакуль маем сілу!
Багаславі шукаць долю
На шырокім свеце».
«Пачакайце!.. Свет — не хата,
Вы ж малыя дзеці,
Куды йсці вам? Хто важатым
Пойдзе перад вамі?
Павядзе хто? Гора, дзеці,
Горанька мне з вамі!
Выпесціў вас, выгадаваў,
Выраслі нямала,
Ў людзі йдзеце, бо цяпер там
Ўсё пісьменным стала.
Выбачайце, што не выўчыў,
Бо й мяне хоць білі,
Добра білі, а багата
Чаму навучылі!
Тма, мна — знаю, а оксію[23]
Не ўцямлю і досюль.
Што ж вам скажуць? Хадзем, сыны,
Хадзема папросім!
Ёсць у мяне шчыры бацька[24]
(Роднага не маю) —
Ён жа дасць мне раду з вамі,
Бо сам добра знае,
Як цяжка блукаць па свеце
Сіраце без роду;
Душа шчырая на тое,
Казацкага роду!..
Не адрокся таго слова,
Што маці спявала,
Як малога спавівала,
З малым размаўляла;
Не адрокся таго слова,
Што пра Украіну,
Сумуючы, сляпы старац
Спявае пад тынам.
Любіць яе, думу праўды,
Казацкую славу,
Любіць яе! Хадзем, сыны,
За радай ласкавай!
Каб не ён спаткаў мяне так
Пры ліхой часіне,
Даўно б дасюль пахавалі
Ў снезе на чужыне;
Пахавалі б дый сказалі:
«Так... нешта пустое...—
Цяжка тужыць, як не знаеш
За што, за якое.
Мінулася, хай не сніцца!..
Пойдзема гуляці!
Калі мне ён на чужыне
Не даў прападаці,
То й вас прыме, прывітае
Як роднага сына.
Памаліўшыся ўсе разам
Гайда на Ўкраіну!»
      Добры дзень жа, тата, ў хату!
Ля свайго парогу
Багаславі маіх дзетак
У свет, у дарогу!
С.-Пецярбург
1841

ІНТРАДУКЦЫЯ[25]

      Была калісь шляхетчына
Вяльможная пані,
Мералася з маскалямі,
З ордай, з султанамі,
З немчурою. Было колісь...
Ды што не мінае?
Было, шляхта ганарыцца,
Дзень і ноч гуляе
Ды муштруе каралямі...
Не кажу Сцяпанам[26]
Ці Янам Сабескім[27]:
Яны з незвычайных,—
А іншымі... Небаракі
Моўчкі панавалі.
Соймы, соймікі равелі,
Суседзі маўчалі,
Дзівіліся, як там з Польшчы
Каралі ўцякаюць,
Ды слухалі, як шляхецтва
Збэшчана гуляе:
«Nie pozwalam![28] Nie pozwalam!»
I шляхта гвалтуе,
А магнаты паляць хаты,
Шабелькі гартуюць...
Доўга гэтак тварылася,
Пакуль у Варшаве
Панаваць стаў над ляхамі
Панятоўскі[29] жвавы.
      Запанаваў дый думаў шляхту
Прыцішыць трошкі... I не змог!
Дабра хацеў, як дзецям матка,
А можа, йшчэ хацеў чаго.
Адно ён слова «nie pozwalam»
У шляхты думаў адабраць,
А потым... Польшча запалала,
Панкі сказіліся... Крычаць:
«Гонору слова, дарма праца!
Паганец, найміт маскаля!»
На гвалт Пулаўскага і Паца[30]
Ўстае шляхецкая зямля...
I — разам сто канфедэрацый[31].
      Разбрылі канфедэраты
Па Польшчы, Валыні,
Па Літве, па Малдаванах
I па Украіне,
Распаўзліся дый забылі
Волю ратаваці,
Ссябраваліся з жыдамі
Дый ну руйнаваці.
Руйнавалі, мардавалі,
Цэрквамі тапілі...
А тым часам гайдамакі
Нажы асвянцілі.

ЯРЭМА

      «Ярэма! Герш-ту[32], хамскі сыне!
Пайдзі кабылу прывядзі,
Падай пантофлі гаспадыні,
Мне прынясі вады, ідзі.
Падмяці хату, нясі дровы,
Пасып індыкам, гусям дай,
Пайдзі ў абору, дай карове,
Ды хутка, хаме!.. Пачакай!
Зрабіўшы ўсё, бяжы ў Вільшану[33]:
Ягомасць трэба. Не марудзь!»
Пайшоў Ярэма, йдзе чуць-чуць.
      Вось так ад рання жыд паганы
Казаку жаху задаваў.
Ярэма гнуўся, бо не знаў,
Не ведаў, гаротны, што выраслі крылы,
Што неба дастане, калі паляціць,
Не знаў, нагінаўся...
                             О божа мой мілы!
Цяжка жыць на свеце, а хочацца жыць:
Хочацца глядзеці, як сонейка ззяе,
Хочацца паслухаць, як мора зайграе,
Як птушка шчабеча, байрак гаманіць
Або чарнабрыўка ў гаю заспявае...
О божа мой мілы, як весела жыць!
      Сірата Ярэма, сіраціна ўбогі:
Ні сястры, ні брата, нікога няма!
Папіхач жыдоўскі, вырас ля парогу,
Людзей не чапае, долі ён не знаў.
Дый за што іх лаяць? Хіба яны знаюць,
Каго трэба гладзіць, каго катаваць?
Няхай банкетуюць... Аб іх доля дбае,
А сіраце трэба самому прыдбаць.
Трапляецца часам, ціхенька заплача,
Дый не з таго болю, што сэрца баліць:
Што-небудзь успомніць або што пабача...
Ды ізноў за працу. Так во трэба жыць!
Нашто бацька, маці, палацы, дукаты,
Калі няма сэрца з сэрцам размаўляць?
Сірата Ярэма — сірата багаты...
Бо ёсць з кім заплакаць, ёсць з кім
                                           заспяваць;
Ёсць карыя вочы — як зоранькі ззяюць,
Белыя ручаткі — млеюць, абдымаюць.
Сэрцайка адно ёсць, сэрцайка дзявоча,
Што плача, смяецца, мрэ і ажывае,
        Святым духам сярод ночы
        Па-над ім вітае.
                Вось такі ён, мой Ярэма,
            Сірата багаты!
            Калісь быў і я такім жа...
            Мінула, дзяўчаты!
            Мінулася, разышлося,
            I следу не стала.
            Сэрца млее, як прыпомню...
            Чаму запрапала?
        Чаму запрапала? Чаму не вітала?
Лягчэй было б слёзы, журбу выліваць.
Людзі адабралі, бо ім было мала:
«Нашто яму доля? Трэба закапаць:
Ён і так багаты!»
                         Багаты на латы
Й на дробныя слёзы — бадай не ўціраць!..
Доля мая! доля! Дзе цябе шукаць?
Да мяне вярніся, да роднае хаты,
Або хоць прысніся... не хочацца спаць.
            Выбачайце, мае людзі!
        Можа, не да ладу,
        Праз праклятых злыдняў, ліха
        Не даб’ёмся складу.
        Можа, стрэнемся яшчэ раз,
        Пакуль я дыбаю
        За Ярэмаю па свеце,
        А можа... й не знаю.
        Гора, людзі,— ўсюды гора,
        Недзе прыгарнуцца:
        Куды, кажа, хіліць доля,
        Туды трэба й гнуцца.
        Гнуцца моўчкі, усміхацца,
        Каб людзі не зналі,
        Што захована на сэрцы,
        Каб не прывіталі.
        Бо іх ласка... няхай сніцца
        Таму, ў каго доля,
А сіротцы хай не сніцца,
Не сніцца ніколі!
Цяжка, нудна разважаці,
А маўчаць не ўмею...
Вылівайся ж, слова-слёзы:
Сонейка не грэе,
Не высушыць. Падзялюся
Маімі слязамі...
Ды не з братам, не з сястрою —
З нямымі сцянамі
На чужыне... А пакуль што —
Да карчмы вярнуся:
Што там робіцца?
                           Жыдзюга
Трасецца, сагнуўся
Над каганцам, лічыць грошы
Ля ложка, пракляты.
А на ложку... Ох, аж душна!
Белы ручаняты
Раскідала, раскрылася...
Як кветачка ў гаю
Чырванее, а пазуха...
Пазухі не мае...
Разарвана... Мабыць, душна
У пярыне спаці
Адзінокай, маладзенькай;
Не з кім размаўляці —
Адна шэпча... Нехрышчонка —
Адно летуценне!
Гэта дочка, а во бацька —
Чортава кішэня.
Хайка песціцца старая
Ў пярынах паганых.
Дзе ж Ярэма? Ўзяўшы торбу,
Паплёўся ў Вільшану.

КАНФЕДЭРАТЫ

      «Адчыняй, пракляты жыдзе!
Бо будзеш біты... Адчыняй!
Ламеце дзверы, пакуль выйдзе
Стары паскуда!»
                          «Пачакай!
Чакайце, зараз!»
                          «Нагаямі
Свінячча вуха! Жартаваць,
Ці што, ты хочаш?»
                            «Я? З панамі?
Крый божа! Зараз, дайце ўстаць,
Ясне панове!» (Цішком — «свінні».)
«Пане палкоўніку, ламай!»
Упалі дзверы... а нагаем
Б’е ўздоўжку па жыдоўскай спіне.
«Здароў, свіння! Здароў, жыдзе!
Здароў, чортаў сыне!»
Ды нагаем, ды нагаем.
А жыд сагнуў спіну:
«Не жартуйце, ясне пане!»
«Вечар добры ў хату!
Йшчэ раз шэльму! Йшчэ раз!.. годзе!
Выбачай, пракляты!
Добры вечар! А дзе дочка?»
«Умярла, панове!»
«Лжэш ты, Юда! Нагаямі!»
Сыпяцца нанова...
«Ой, паночкі, ей жа богу!
Ўжо дачкі не маю!»
«Брэшаш, шэльма!»
                             «Калі лгу я,
Няхай бог карае!»
«Не бог, а мы. Прызнавайся!»
«На што б меў хаваці
Я жывую? Няхай, божа,
На мяне пракляцце!»
«Ха, ха, ха, ха!.. Чорт, панове,
Літанне[34] спявае.
Хрысціся!»
                «А як жа гэта?
Далібог, не знаю».
«Во, глядзі як!»
                       Лях хрысціцца,
А за ім і Юда.
«Брава! Брава! Ахрысцілі!
За такое ж цуда
Барыша нам, ягамосцю!
Чуеш, ахрышчоны?
Барыша стаў!»
                     «Зараз, зараз!»
Зараўлі шалёна,
Равуць ляхі, куфлі, чаркі
Па стале гуляюць.
«Яшчэ Польшча не згінэла!» —
Хто куды гукаюць.
«Давай, жыдзе!»
                          Ахрышчоны
Са склепа ды ў хату,
Знай, шмыгае, налівае;
А канфедэраты,
Знай, гукаюць: «Жыдзе! мёду!»
I жыд мігам мкнецца.
«Дзе цымбалы? Грай, псявера!»
Аж карчма трасецца —
Кракавяка адбіваюць,
Вальца ды мазура.
А жыд гляне ды ціхенька:
«Шляхоча натура!»
«Добра, годзе! Спявай зараз!»
«Не ўмею, яй-богу!»
«Не бажыся, пся ты скура!»
«Якую ж? Нябогу?»
      «Была сабе Гандзя,
      Калека-нябога,
      Бажылася,
      Малілася,
Што балелі ногі:
На паншчыну не хадзіла,
      А за дзецюкамі...
      Ціхусенька,
      Прыгожанька
      Паміж бур’янамі».
      «Годзе, годзе! Гэту к чорту:
Схізматы спяваюць».
«Якой жа вам? Хіба тую?
Чакайце, ўжо знаю:
Перад панам Хведаром
Ходзіць жыд хадыром,
      I задком,
      I перадком
Перад панам Хведарком...»
      «Добра, годзе! Цяпер плаці!»
«Жартуеце, пане:
За што плаціць?»
                         «Што слухалі.
Не віляй, паганец!
Не жартуем. Давай грошы!»
«Дзе мне іх узяці?
Ні шэлега[35]; з ласкі панскай
Маё ўсё багацце».
«Лжэш, сабака! Прызнавайся!
Ану-це, панове,
Батагамі!»
                 Засвісцелі.
Хрысцяць Лейбу знова.
Бічавалі, бічавалі,
Аж пер’е ляцела.
«Ні шэлега, ей жа богу!
Ежце маё цела!
Ні шэлега! Гвалт! Ратуйце!»
«Вось мы паратуем!»
«Пачакайце! Я скажу штось...»
«Пачуем, пачуем,
Ды не брашы! Бо хоць здохні,
Брахня не паможа».
«Не... ў Вільшане...»
                         «Твае грошы?»
«Мае?.. Хавай божа!
Не, кажу я... што ў Вільшане...
Ў вільшанскіх схізматаў[36]...»
«Па тры сям’і, па чатыры
Збіты ў адну хату.
Гэта знаем, бо мы самі
Іх паабскубалі».
«Ды не тое... выбачайце...
Каб ліха не зналі,
Каб прысніліся вам грошы!..
Бачыце, ў Вільшане...
У касцёле... у ктытара[37]...
А дачка Аксана!
Як паненка! I не бачыў
Я такой харошай!
А чырвонцаў? Не яго хоць,
Дык што? Абы грошы!»
«Абы грошы, аднолькава!
Праўду Лейба кажа;
А каб пэўнай была праўда,
Няхай шлях пакажа.
Адзявайся!»
                  Паехалі
Ляхі у Вільшану.
Адзін толькі пад лаваю
Канфедэрат п’яны
Ўстаць нядужы, а мурлыча
У нос асалавела:
«My żyjemy, my żyjemy,
Polska nie zginęla»[38].

КТЫТАР

      «У гаю, гаю
Вецер не йграе;
Месяц высока,
Зоркі зіяюць.
Сэрцайка, выйдзі,—
Я выглядаю;
Хоць на гадзінку,
Мая рыбінка!
Выглянь, галубка,
Ды паваркуем,
Ды пасумуем:
Бо я далёка
Сёння вандрую.
Выглянь жа, пташка,
Сэрцайка, выглянь,
Пакуль блізенька,
Хоць паваркуем...
Ох, цяжка, цяжка!»
      Гэтак, ходзячы пад гаем,
Ярэма спявае,
А Аксаны ані знаку,
Як ні выглядае.
Зоры ззяюць; сярод неба
Месяц зіхаціцца;
Верба слухае салоўку,
Глядзіцца ў крыніцу;
На каліне, над вадою,
Так і вылівае,
Як бы знае, што дзяўчыну
      Казак выглядае.
      А Ярэма па даліне
      Кволым ходзіць ходам,
      Не слухае салавейкі...
      «Ой, нашто мне ўрода,
Калі няма долі, калі крыўды гнуць.
Леты маладыя марна прападуць.
Адзін я на свеце без роду і долі —
Сцябліна-быліна ды на чужым полі,
Сцябліну-быліну вятры разнясуць;
Так і мяне людзі не знаюць, дзе дзеці.
За што ж адракліся? Што я сірата.
Адно было сэрца, адно на ўсім свеце,
I душа, як сонца, адна ясната,
Дый тая зраклася!»
                              I хлынулі слёзы.
Паплакаў гаротны, уцёр рукавом.
«Бывай жа здарова. У далёкай дарозе
Найду або долю, або за Дняпром
Галавою лягу... А ты не заплачаш,
А ты не пабачыш, як груган клюе
Тыя кары вочы, ой, вочы казачы,
Што ты цалавала, сэрцайка мае!
Забудзь мае слёзы, забудзь сіраціну,
Забудзь, што клялася,— другога шукай!
Я табе не пара; я ў шэрай свіціне,
Ты ж — дачка ктытара... Лепшага вітай!
Вітай каго знаеш... Такая мне доля.
Забудзь мяне, пташка, забудзь, не журыся!
А калі пачуеш, што на чужым полі
Палёг галавою,— цішком памаліся.
Адна, сэрца, на ўсім свеце
Хоць ты памаліся!»
Дый заплакаў гарапашны,
На кій пахіліўся.
Плача сабе ціхусенька...
Шалесць!.. Калі глянуў:
Каля гаю, як ласачка,
Крадзецца Аксана.
Забыў, пабег, абняліся...
«Сэрца!» — дый самлелі.
Доўга, доўга толькі — «Сэрца!» —
Дыў ізноў нямелі.
«Годзе, пташка!» — «Яшчэ трошкі,
Яшчэ... сізакрылы!
Душу вымі!.. Йшчэ раз... йшчэ раз...
Як мяне ўтаміла!»
«Адпачынь, мая ты зорка!
Ты з неба зляцела!»
Паслаў світку. Як ясачка,
Ўсміхнулася, села.
«Сядай жа й ты каля мяне!»
Сеў дый абняліся.
«Сэрца маё, мая зорка,
Як я занудзіўся!»
«Замарудзіла я сёння:
Бацьку штось змарыла,—
Яго ўвесь час даглядала...»
«А мяне й забыла?»
«Ах, які ты, ей жа богу!»
I слёзка бліснула.
«Не плач, сэрца, я жартую».
«Жарты!»
               Усміхнулась.
Прыхілілася галоўкай
Дый нібы заснула.
«Бач, Аксана, я жартую,
А ты ўпраўду плачаш.
      Ну, не плач жа, на мяне глянь:
Заўтра не пабачыш.
Заўтра буду я далёка,
Далёка, Аксана...
Заўтра ўночы ў Чыгірыне[39].
Свянцоны дастану;
Срэбра-золата ён дасць мне,
Дасць ён мне і славу;
Адзену цябе, абую,
Пасаджу, як паву,—
На пасадзе, як гетманку,
Буду любавацца...
      Пакуль не ўмру — любавацца».
«А можа й так стацца:
Разбагацееш, у Кіеў
Паедзеш з панамі,
Шляхцяначку сабе знойдзеш,
Забудзеш Аксану!»
«Няўжо ёсць дзе прыгажэйша?»
«Стрэнешся мо й з лепшай».
«Гневіш бога, маё сэрца:
Няма прыгажэйшай!
Ні на небе, ні за небам,
Ні за сінім морам —
Няма больш, як ты, прыгожай!»
«Што гэта гаворыш?
Апомніся!»
                «Праўду, рыбка!»
Дый знову, дый знову.
Як бачыце, яны доўга
Паміж чулых словаў
Цалаваліся ўсім сэрцам,
Колькі сілы мелі;
Плакалі ды бажыліся,
Туліліся, млелі.
Ёй расказываў Ярэма,
Як ім жыцца будзе
Удваёчку, як золата
I долю здабудзе.
Як выражуць гайдамакі
Ляхаў на Ўкраіне,
Як ён будзе панаваці,
Калі не загіне.
Аж абрыдала ўсё слухаць,
Далібог, дзяўчаткі!
«Вось які! Як бы й сапраўды
Абрыдла!..»
                   А матка
Або бацька як пабачаць,
Што вы, мае любы,
Чытаеце гэта дзіва,—
Грэха на ўсё губу!
Тады, тады... Ды ну яго,
А яно цікава!
А каб жа вам расказаць бы,
Як казак чарнявы
Пад вярбою, над вадою,
Абняўшысь сумуе;
А Аксана, як галубка,
Варкуе, цалуе.
То заплача, то замлее,
То галоўку склоне:
«Маё сэрца, мая доля!
Мілы мой саколе!
Мой!..» Аж вербы нагнуліся
Слухаць тую мову.
Вось так мова! Не скажу вам,
Мае чарнабровы,
Не раскажу проці ночы,
Прысніцца наліха.
Хай разыдуцца ціхенька,
Як зышліся ціха —
Ціхусенька, мілюсенька,
Каб ніхто не бачыў
Ні дзявочых дробных слёзак,
Ні шчырых казачых.
Няхай сабе... Можа, йшчэ раз
На гэтым на свеце
Яны стрэнуцца... пабачым...
      А тым часам свеціць
З усіх акон у ктытара.
Што магло там стацца?
Трэба глянуць, расказаці...
Бадай не ўглядацца...
Бадай не ўглядацца, бо якое ж свята!
Бо за людзей сорам, бо сэрца баліць.
Гляньце, паглядзеце: то канфедэраты,
Людзі, што меліся волю бараніць.
Бараніць, загубцы!.. Будзь праклята маці,
I дзень, і гадзіна, калі панясла,
Калі спарадзіла, на свет прывяла!
Глядзеце, што робяць у ктытара ў хаце
Пякельныя дзеці!
                           У печы палае
Агонь і свеціць на ўсю хату.
Сабакай у кутку дрыжыць
Пракляты жыд. Канфедэраты
Крычаць ктытару: «Хочаш жыць?
Скажы, дзе грошы?»
                               Той маўчыць.
Пастронкамі скруцілі рукі,
Аб землю ўдарылі... Няма,
Няма ні слова. «Мала мукі!
Давайце прыску! Дзе смала?
Крапі яго! Так! Халадзее?
Хутчэй жа прыскам пасыпай!
Што? Скажаш, шэльма?.. I не стогне!
Заўзяты, бестыя! Чакай!..»
Насыпалі ў халяву жару...
«Цвічок у цемя забівай!»
Не выцерпеў святое кары,
Упаў няшчасны — прападай
Душа без споведзі святое!
«Аксана... дочка!» — дый сканаў.
Зірнулі ляхі з неспакоем,
Хоць заядлыя. «Якую ж нам
Цяпер даць раду? Памяркуем.
Цяпер з ім нечага рабіць.
Запалім цэркву!»
                         «Гвалт! Ратуйце!
Хто ў бога веруе!» — крычыць
На дварэ голас у бяссіллі.
Уздрыгнулі ляхі: «Хто такі?»
Аксана ў дзверы: «Ах, забілі!»
Дый пала крыжом. Старшы з іх
Махнуў рукою на грамаду.
Панура шляхта, бы харты,
За дзверы выйшла. Сам жа ззаду
Бярэ самлелую...
                       Дзе ж ты,
Ярэма, дзе ты? Падзівіся.
А ён, вандруючы, спявае,
Як Налівайка[40] з ляхам біўся.
Прапалі ляхі, нежывая
Прапала з імі і Аксана.
Сабакі там-сям ля Вільшаны
Загаўкаюць дый замаўчаць.
Бялее месяц. Людзі спяць.
I ктытар спіць... Не рана ўстане:
Навекі, праведны, заснуў.
Святло гарэла, пагасала,
Пагасла... Мёртвы бы ўздрыгнуў,
I сумна, сумна ў хаце стала.

СВЯТА Ў ЧЫГІРЫНЕ

Гетманы, гетманы, ой, каб жа вы ўсталі,
Усталі, паглядзелі на той Чыгірын,
Што вы будавалі, дзе вы панавалі!
Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі
Казацкае славы ўбогіх руін.
      Базары, дзе войска, як морам чырвоным,
Перад бунчукамі, бывала, гарыць,
А яснавяльможны на кані шыкоўным
Блісне булавою — мора закіпіць...
      Закіпіць — і разлілося
Стэпамі, ярамі.
Ліха млее перад імі...
А за казакамі...
Дый казаць што?.. Мінулася.
А дні, што мінулі,
Ўспамінаць, браты, не варта,
Бо каб не пачулі...
Дый што з таго, хоць і ўспомніш?
Успомніш — заплачаш.
Ну, хоць глянем на Чыгірын,
Калісьці казачы.
      А з-за лесу, з-за туману,
Месяц выплывае,
Чырванее, круглаліцы,
Гарыць, а не ззяе,
Відаць, знае, што ўжо лішні
Блеск яго на свеце,
Што пажары Украіну
Нагрэюць, асвецяць.
      I змерклася, а ў Чыгрыне,
Як у дамавіне,
Сумна, сумна. (Было гэта
Па ўсёй Украіне
Проці ночы Макавея[41],
Як нажы свянцілі.)
Людзей не чуць, цераз рынак
Кажан кастакрылы
Пераляціць, на прыселлі
Сава завывае.
А дзе ж людзі?.. Над Цясмінам[42],
У цёмным у гаю,
Сабраліся: стары, малы,
Бедны і багаты
Паядналіся — чакаюць
Вялікага свята.
      Там у цёмным гаю, ў зялёнай дуброве,
На папасе коні атаву скубуць,
Асядланы коні стаяць нагатове.
А куды ж паедуць? Каго павязуць?
Вунь каго, глядзеце! Ляглі па даліне,
Як бы нежывыя, ні слова не чуць.
Гэта гайдамакі... На гвалт Украіны
Арлы наляцелі. Яны разнясуць
      Ляхам, жыдам кару,
      За кроў і пажары
Пеклам гайдамакі ляхам аддадуць.
      Каля дубровы ў рад стаяць
Вазы жалезныя тарані:
Гасцінец гэта шчодрай пані[43]
Умела што каму даваць,
Няўрокам ёй, няхай пануе,
Няхай не шкодзіць, як не чуе!
Паміж вазамі недзе стаць;
Як бы ў вырай, наляцела
З Сміляншчыны, з Чыгірына
Казацтва тое, старшына,—
На пэўнае зляцелі дзела.
Казацкае панства па блонні
Ў кірэях чорных, як адзін,
Паціху ходзячы, гамоніць
I паглядае на Чыгрын.
Старшына першы

Стары Галаваты[44] штось вельмі хітруе.

Старшына другі

Мудрая галава. Сядзіць сабе на хутары, нібы не знае нічога, а глядзіш,— усюды Галаваты. «Калі сам, кажа,— не давяршу, то сыну перадам».

Старшына трэці

Дый сын жа штука! Я ўчора сустрэўся з Залезняком; такое расказвае пра яго, што цур яму! «Кашо-вым,— кажа,— будзе, дый годзе; а можа, яшчэ і гетманам, калі тое...»

Старшына другі

А Гонта[45] на што? А Залязняк[46]? Да Гонты сама... сама пісала: «Калі»,— кажа...

Старшына першы

Ціха! замаўчэце! Здаецца, звоняць!

Старшына другі

Ды не, гэта людзі гамоняць.

Старшына першы

Гамоняць, пакуль ляхі пачуюць. Ох, старыя галовы ды разумныя! Мудруюць, мудруюць, дый зробяць з лемяша швайку! Дзе можна лантух[47], там торбы не трэба. Купілі хрэну — трэба з’есці; плачце, вочы, хоць павылазьце: бачылі, што куплялі; грошам не прападаць! А то думаюць, думаюць, ні ўголас, ні моўчкі, а ляхі здагадаюцца — вось табе і пшык! Што там за рада? Чаму яны не звоняць? Чым спыніш народ, каб не гаманіў? Не дзесяць душ, а, дзякуй богу, уся Сміляншчына, калі не ўся Украіна. Во, чуеце, спяваюць.

Старшына трэці

Сапраўды, спявае штось. Пайду спыню.

Старшына першы

Не спыняй! Няхай сабе спявае, абы не голасна.

Старшына другі

Гэта, мабыць, Волах[48]! Такі не выцерпеў стары дурань: трэба, дый годзе!

Старшына трэці

А мудра спявае! Калі не паслухаеш, усё іншую. Падкрадземся, браткі, ды паслухаем, а тым часам зазвоняць.

Старшына першы і другі

А што ж? То й хадзема!

Старшына трэці

Добра, пойдзем!

(Старшыны цішком сталі за дубам, а пад дубам сядзіць сляпы кабзар; кругом яго запарожцы і гайдамакі. Кабзар спявае з павагай і няголасна.)

«Ой, волахі, волахі!
Вас засталося трохі,
I вы, малдаваны,
Цяпер вы не паны:
Вашы гаспадары —
Найміты ў татараў,
У турэцкіх султанаў.
У кайданах, ў кайданах!
Годзе ж, не журыцца!
Шчыра памаліцца,
Братайцеся з намі,
З намі, казакамі;
Успомніце Багдана,
Старога гетмана;
Будзеце панамі,
Ды, як мы, з нажамі,
З нажамі святымі,
Ды з бацькам Максімам
Ночку пагуляем,
Ляхаў пагайдаем,
Ды так пагуляем,
Што аж пекла засмяецца,
Зямля затрасецца,
Неба запалае...
Добра пагуляем!»
Запарожац

Добра пагуляем! Праўду стары спявае, калі не брэша. А што з яго за кабзар быў бы, каб ды не волах!

Кабзар

Ды я й не волах — так толькі: быў калісьці на Валошчыне[49], а людзі і завуць Волахам — сам не знаю, за што.

Запарожац

Ну і надарэмна. Іграні яшчэ якую-небудзь! Ану пра бацьку Максіма зажар.

Гайдамака

Ды не голасна, каб не пачуў старшына.

Запарожац

А што нам ваш старшына? Пачуе, дык паслухае, калі мае чым слухаць, дый годзе! У нас адзін старшы — бацька Максім; а ён як пачуе, то ішчэ карбаванца дасць. Спявай, старча божы, не слухай яго.

Гайдамака

Ды яно так, чалавеча. Я гэта й сам знаю, ды вось што: не так паны, як падпанкі, або — пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Запарожац

Брахня! Спявай, старча божы, якую знаеш, а то й звона не дачакаемся — паснем.

Разам

Папраўдзе, паснем. Спявай якую-небудзь!

Кабзар (спявае)

      «Ой, лётае арол сізы
Аж пад аблакамі.
Ой, гуляе Максім-бацька
Стэпамі, лясамі.
Арол сізы, з ім арляты
Высака лятаюць.
Ой, гуляе Максім-бацька,
З ім хлопцы гуляюць.
Запарожцы тыя хлопцы,
Сыны яго, дзеці.
Памяркуе, загадае,
Біць ці піць і пеці
Ці скакаці, ды і ўжараць,
Аж зямля трасецца.
Заспявае — заспяваюць,
Аж ліха смяецца;
Мёд, гарэліцу не чаркай —
А збанком сцябае,
А ворага, заплюшчыўшысь,
Лупіць, не мінае.
Вось які той атаман наш,
Арол сізакрылы!
I ваюе, і гарцуе
З усёй сваёй сілы —
Няма ў яго ні хаціны,
Ні саду, ні ставу...
Стэп і мора — скрозь шлях біты,
Скрозь золата, слава.
Шануйцеся ж, ўражы ляхі,
Лютыя сабакі:
Йдзе Залязняк Чорным шляхам[50],
За ім гайдамакі».
Запарожац

Вось гэта так! Шмаргануў, нечага сказаць: і да ладу, і праўда. Добра, далібо, добра! Што хоча, то так і ўтне. Дзякуй, дзякуй!

Гайдамака

Я штось не ўцяміў, што ён спяваў пра гайдамакаў?

Запарожац

Які ж ты бязглузднік, сапраўды! Бачыш, вось што ён спяваў: калі ляхі паганыя, шалёныя сабакі, каяліся, бо йдзе Залязняк Чорным шляхам з гайдамакамі, каб ляхаў, бачыш, рэзаць...

Гайдамака

I вешаць і катаваць! Добра, яй-богу, добра! Ну, гэта так! Далібо, даў бы карбаванца, каб быў не прапіў учора! ІНкада! Ну, няхай старая вязне, больш мяса будзе. Пачакай, будзь ласкаў, заўтра аддам. Утні яшчэ што-небудзь пра гайдамакаў.

Кабзар

На грошы я не вельмі ласы. Абы была ласка слухаць,— пакуль не ахрып, спяваць буду; а ахрыпну — чарачку-другую таей лядашніцы-жывіцы, дый зноў. Слухайце ж, панове, грамада!

      «Начавалі гайдамакі
Ў зялёнай дуброве,
На прывязі паслі коні,
Ў сёдлах, нагатове.
Начавалі ляшкі-панкі
У хатах з жыдамі,
Напіліся, разлягліся,
Дый...»
Грамада

Сцішцеся! Здаецца, звоняць? Чуеш? Яшчэ раз... О!..

«Зазванілі, зазванілі!» —
Пайшло рэха гаем.
«Ідзіце вы маліцеся,
А я даспяваю».
      Павалілі гайдамакі,
Аж стогне дуброва;
Не павезлі, а на плечах
Вазы чумаковы
Нясуць яны. А за імі
Сляпы Волах знову:
«Начавалі гайдамакі
Ў зялёнай дуброве...»
Услед пляцецца, ў нос мармоча,
I ўсё недарэчы.
«Дай нам іншай, старча божы!» —
З вазамі на плечах
Крычаць яму гайдамакі.
«Добра, наце, хлопцы!
Вось так! Вось так! Добра, добра!
Ану-це, малойцы,
Заіграем!»
               Зямля гнецца,
А яны з вазамі
Так і рэжуць. Кабзар грае,
Дадае славамі:
      «Ой, гоп такі-так!
Кліча Гандзю казак:
«Хадзі, Гандзя, пажартую!
Хадзі, Гандзя, пацалую!
Хадзем, Гандзя, да папа
Богу памаліцца,
Няма жыта ні снапа —
Вары вараніцы!»
Ажаніўся, зажурыўся:
Нічога не мае,
У зрабніне растуць дзеці,
А казак спявае:
«I па хаце дзы-ны-ны,
I па сенцах дзы-ны-ны,
Вары, жонка, ліны!
Дзы-ны-ны, дзы-ны-ны!»
«Добра! Добра! Шчэ раз! Шчэ раз!» —
Крычаць гайдамакі.
      «Ой, гоп таго дзіва!
Наварылі ляхі піва.
А будзем шынкаваць,
Панкоў-ляшкаў частаваць;
Панкоў-ляшкаў пачастуем,
З паненкамі пажартуем.
Ой, гоп такі-так!
Кліча пані казак:
— «Панна, пташка мая!
Панна, доля мая!
Не саромся, дай ручаньку,
Хадзем пагуляйма;
Няхай людзям ліха сніцца,
А мы заспявайма!
А мы заспявайма,
А мы пасядайма,
Панна, пташка мая!
Панна, доля мая!»
«Шчэ раз, шчэ раз!»
      «Як бы такі або так, або сяк;
Як бы такі запарожскі казак!
Як бы такі малады, малады,
Павадзіў бы хоць туды, то сюды!
      Страх, як мне не хочацца
      З старым дзедам марочыцца!
Як бы такі...»
      «Гэй-гэй, буяны! замаўчыце!
Бач, расхадзіліся! А ты,
Стары сабака, каб маліцца,
Вярзеш тут погань! Вот чарты!» —
Ім атаман крычыць што сілы;
Аж глянь — і цэркаў. Дзяк спявае,
Папы з кадзіламі, з крапілам,
А грамада — што нежывая,
Ані дзілінь.. Паміж вазамі
Папы з крапіламі пайшлі,
За імі хоругві няслі,
Як бы на той Вялікдзень самы.
      «Маліцесь, брація, ў дзень гэты! —
Так благачынны пачынаў:
Кругом святога Чыгірына
Пастане варта з таго свету,
Не дасць святога распінаць.
А вы Украіну трымайце:
Не дайце мацеры, не дайце
Ў руках у ката прападаць!
Ад Канашэвіча[51] і досюль
Пажар не гасне, людзі мруць,
Гніюць у турмах, ласкі просяць...
Дзеці няхрышчаны растуць,
Казаччы дзеці; а дзяўчаты!..
Зямлі казацкае краса
У ляха вяне, як перш маці,
I непакрытая каса
Сячэцца стыдам... Кары вочы
Ў няволі гаснуць, раскаваць
Казак сястру сваю не хоча,
Сам не сароміцца канаць
У ляха ў путах... Гора, гора!
Маліцесь, дзеці! Страшны суд
Ляхі на Ўкраіну нясуць —
I чорныя заплачуць горы.
Успомніце сваіх гетманаў:
Дзе іх магілы? Дзе ляжыць
Астанак слаўнага Багдана[52]?
Дзе Остраніцына[53] стаіць
Хоць бы убогая магіла?
Дзе Налівайкава? Няма!
Жывога й мёртвага спалілі.
Дзе той Багун[54], дзе та зіма?
Інгул штозіму замярзае —
Багун не ўстане загаціць
Шляхоцкім трупам. Лях гуляе!
Няма Багдана чырваніць
I Жоўты Воды й Рось Зялёну[55].
Сумуе Корсунь старадзённы:
Няма журбу з кім падзяліць.
I Альта плача: «Цяжка ў свеце!
Я сохну, сохну... Дзе Тарас?[56]
Няма, не чуць... Не ў бацьку дзеці!
Не плачце, брація: за нас
I душы праведных, і сіла
Архістратыга Міхаіла[57].
Не за гарамі кары час.
Маліцесь, брація!»
                            Спяшылі
Маліцца шчыра буяны,
Як дзеці госпада малілі,
Гадалі тое... а здабылі —
Над казакамі курганы!
      Адно дабро, адна слава —
      На крыжы хусціна,
      Дый ту знімуць...
                            А дыякан:
«Няхай вораг гіне!
Во нажы вам! Пасвянцілі».
Званы загудзелі;
Равегаем: «Пасвянцілі!»
Ажно сэрца млее.
Пасвянцілі! пасвянцілі!
Гіне шляхта! гіне!
Разабралі, заблішчалі
Па ўсёй Украіне.

ТРЭЦІЯ ПЕЎНІ

      Штодзень Украйну катавалі
Крывава ляхі; йшчэ адзін,
Адзін астатні сумавалі
I Украіна, і Чыгрын.
I той мінуў, дзень макавея,
Украйны свята і надзея.
Мінуў... I лях, і жыдавін
З крывёй гарэлку выпівалі,
Клялі схізмата, распіналі,
Клялі, што нечага ўжо ўзяць.
А гайдамакі моўчкі ждалі,
Пакуль паганцы лягуць спаць.
Ляглі — і ў голавы не клалі,
Што ўжо ім заўтра не ўставаць.
Заснулі ляхі ўжо, а Юды
Йшчэ лічаць грошы уначы,
Ўпацёмку лічаць барышы,
Каб не пабачылі, бач, людзі.
На золата й яны ляглі
I сном нячыстым задрамалі.
Дрэмлюць... Каб навекі яны задрамалі!
А тым часам месяц плыве аглядаць
I неба, і зоры, і зямлю, і мора,
Ды на людзей глянуць, на іх долю, гора,
Каб раніцай богу гэта расказаць.
Свеціць белаліцы на ўсю Украіну,
Свеціць, а ці бачыць маю сіраціну,
Аксану з Вільшаны, сірату маю?
Дзе яе катуюць, дзе яна варкуе?
Ці знае Ярэма? Ці знае, ці чуе?
Пабачыма потым... А цяпер спяю,
Не тую — другую, іншую зайграю;
Ліха — не дзяўчаты — будзе танцаваць.
Нядолю спяваю казацкага краю!
Слухайце ж, каб дзецям потым расказаць,
Каб і дзеці зналі,— ўнукам расказалі,
Як казакі шляхту цяжка пакаралі
За то, што не ўмела ў дабры панаваць.
      Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Цякла, цякла дый высахла.
Стэпы зелянеюць;
Дзяды ляжаць, а над імі
Магілы сінеюць.
Што з таго, што высокія?
Ніхто іх не знае,
Ніхто шчыра не заплача
I не ўспамінае.
Толькі вецер ціхусенька
Павее часамі,
Толькі росы ранюсенька
Дробнымі слязамі
Іх умыюць. Сонца ўзыдзе,
Асушыць, прыгрэе...
Ну, а ўнукі? Ім хоць бы што —
Жыта сабе сеюць!
Багата іх, а хто скажа,
Дзе Гонты магіла?
Дзе мучаніка схавала
Варожая сіла?
Залязняк дзе з душой шчырай,
Дзе адпачывае?
Цяжка-цяжка! Кат пануе,
Іх жа як не знаюць.
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Дзень і ноч гвалт і гарматы,
Зямля стогне, гнецца,
Сумна, страшна, а успомніш —
Сэрца усміхнецца.
      Месячык мой ясны! З высокага неба
За гару схавайся, бо святла не трэба,
Страшна табе будзе, хоць гуляў на Росе,
На Альце, на Сене[58], і там разлілося
Крыві, не знай за што, шырокае мора.
А цяпер што будзе? Схавайся ж за горы:
Схавайся, мой дружа, каб не давялося
На старасць заплакаць...
      Сумна, сумна сярод неба
Ззяе белаліцы.
Паўздоўж Дняпра ідзе казак,
Можа, з вечарніцы.
Ідзе смутны, невясёлы,
Ледзьве цягне ногі.
Мо за тое ўжо не любіць
Дзяўчына, што ўбогі?
I дзяўчына яго любіць,
Хоць лата ля латы.
Чарнабрывы, ён не згіне,
Будзе і багаты.
Чаго ж смутны, невясёлы
Ідзе, чуць не плача?
Якусь цяжкую нядолю
Адчуў той казача.
Хоць варожыць, ды не скажа,
Што за ліха будзе.
Міне ліха... Вокал яго —
Бы вымерлі людзі.
Ані пеўня, ні сабакі,
I толькі з-за гаю
Дзесь далёка небаракі
Ваўкі завываюць.
Хай выюць! Ідзе Ярэма,
Ды не да Аксаны,
Не ў Вільшану на досвіткі,—
Да ляхаў паганых
У Чаркасы. А там трэці
Певень заспявае.
А там... там... Ідзе Ярэма,
Дняпро аглядае.
    «Ой, Дняпро, Дняпро мой, шырокі ды дужы!
Багата ты, бацька, у мора насіў
Той крыві казацкай — йшчэ панясеш, дружа!
Чырваніў ты мора, ды не напаіў,—
А ў ноч гэту ўп’ешся. Пякельнае свята
Па ўсёй Украіне сёння зараве;
Пацячэ багата, багата, багата
Шляхоцкае крыві. Казак ажыве,
Ажывуць гетманы ў залатых жупанах,
Прабудзіцца доля; казак запяе:
«Ні жыда, ні ляха!» А ў стэпах Украйны —
О божа мой мілы — булава блісне!»
      Так думаў, ідучы ў латанай свіціне,
З свянцоным гаротны Ярэма ў руках.
Дняпро ж бы падслухаў: шырокі ды сіні
Падняў горы-хвалі; грозна ў чаратах —
      Раве, стогне, завывае,
Лозы нагінае;
Гром грукоча... А маланка
Хмару раздзірае.
Ідзе сабе наш Ярэмча,
Нічога не бача;
Адна думка усміхнецца,
Другая заплача.
«Там Аксана, там вясёла
I ў шэрай свіціне;
А тут... а тут... што йшчэ будзе?
Можа, йшчэ загіну!»
А тым часам з-пад байраку
Певень — кукарэку!
«А Чаркасы!.. божа мілы,
Не ўкараці веку!»

ЧЫРВОНЫ БАНКЕТ

      Зазванілі ва ўсе звоны
Па ўсёй Украіне;
Закрычалі гайдамакі:
«Гіне шляхта, гіне!
Гіне шляхта! Пагуляем
Ды хмару нагрэем!»
Занялася Сміляншчына[59]
Хмара чырванее,
А найпершай Медзвядзёўка[60]
Неба награвае.
Гарыць Сміла; Сміляншчына
Крывёй падплывае.
Гарыць Корсунь, гарыць Канеў,
Чыгірын, Чаркасы;
Чорным шляхам запалала,
I кроў палілася
У Валынь аж. Па Палессі
Гонта банкетуе,
А Залязняк ў Сміляншчыне
Дамаску[61] гартуе,
У Чаркасах, дзе й Ярэма
Пробуе свянцоны.
«Вось так, вось так! Добра, дзеці,
Рэжце іх, шалёных!
Добра, хлопцы!» — так на рынку
Залязняк гукае.
Вокал пекла, гайдамакі
Па пекле гуляюць.
А Ярэма — страшна глянуць —
Па тры, па чатыры
Так і ложыць. «Добра, сыне!
Мацяру іх к віру!
Рэж, дарэзвай! Ў раю будзеш
Або есаулам.
Гуляй, сыне! Нуце, дзеці!»
I дзеці шугнулі
Па гарах і па каморах,
У склепе, ў гародзе
Ўсіх уклалі, ўсё забралі.
«Цяпер, хлопцы, годзе!
Утаміліся, спачыньце!»
Вуліцы, базары
Крывёй зліты, ўсланы трупам.
«Мала злыдням кары!
Трэба йшчэ раз перамучыць,
Каб не паўставалі
Нехрышчоныя іх душы!»
На рынак шыбалі
Гайдамакі. Ярэма йдзе,
Залязняк гукае:
«Чуеш, хлопча? Хадзі сюды!
Хадзі, не спужаю!»
«Не баюся!» Зняўшы шапку,
Стаў, як перад панам.
«Скуль ты будзеш? Хто такі ты?»
«Я, пане, з Вільшаны».
«З той Вільшаны, дзе ктытара
Псы замардавалі?»
«Дзе? якога?»
                   «У Вільшане...
I кажуць, што ўкралі
Яго дочку, калі знаеш».
      «Дочку... У Вільшане?»
«У ктытара, калі ведаў».
«Аксана! Аксана!» —
Ледзьве вымавіў Ярэма
Дый бухнуўся долу.
«Эге! Вось што!.. Шкода хлопца!
Праветры, Мікола!»
Праветрыўся. «Бацька! браце!
Ах, каб быў старукі!..
Дайце нож мне! дайце сілу!
Мукі ляхам! мукі!
Мукі страшнай, каб аж пекла
Траслося ды млела!»
«Добра, сыне! Нажы будуць
На святое дзела.
Хадзем з намі у Лісянку[62]
Нажы гартаваці!»
«Хадзем, хадзем, атамане,
Бацька ты мой, браце
Мой ядыны! На край свету
Паляту, дастану,
З пекла вырву, атамане!..
На край свету, пане...
На край свету, ды не ўбачу,
Не знайду Аксаны!»
«Можа, й знойдзеш. А цябе як
Завуць? — я не знаю».
                              «Ярэмаю».
«А прозвішча?»
                 «Прозвішча не маю!»
«Байструк хіба? Без прозвішча...
Запішы, Мікола,
У рэестр! Няхай будзе...
Няхай будзе Голы!
Так і пішы!»
                  «Не, пагана!»
«Ну, хіба Бядою?»
«I не тое».
              «Пачакай во:
Пішы Галайдою[63]
Запісалі.
             «Ну, Галайда,
Паедзем гуляці!
Знойдзеш долю... А не знойдзеш...
Ну, хлопцы, сядлайце!»
I Ярэме каня далі
Лішняга з абозу.
Усміхнуўся на гнядошы
Ды ізноў у слёзы.
Выехалі за вароты —
Палаюць Чаркасы...
«Ці ўсе, дзеці?»
                      «Усе, бацька!»
«Гайда!»
            Паняслася
Па дуброве, па-над Днепрам
Казачча ватага.
А за імі кабзар Волах
З кобзаю з павагай
На коніку кавыляе,
Казакам спявае:
«Гайдамакі, гайдамакі!
Залязняк гуляе».
Паехалі... а Чаркасы
Палаюць, палаюць.
Палайце! Ніхто й не гляне.
Смяюцца, ды лаюць
Панкоў-шляхту, і гамоняць,
Кабзара марочаць.
Залязняк жа насам перад
Пільна вухам сочыць;
Едзе сабе, люльку курыць,
Нікому ні слова.
А за ім нямы Ярэма...
Зялёна дуброва,
I гай цёмны, і Днепр дужы,
Высокія горы,
Неба, зоры, дабро, людзі
I лютае гора —
Ўсё прапала, ўсё! Нічога
Не знае, не бача,—
Як забіты. Яму цяжка,
Цяжка, а не плача.
Крыважадная гадзюка
Смагла выпівае
Яго слёзы, душу давіць,
Сэрца раздзірае.
«Ой вы, слёзы, дробны слёзы,
Вы змыеце гора,
Змыйце яго... Цяжка, нудна!
I сіняга мора,
I Дняпра, каб гора выліць,—
I Дняпра не стане!
Загубіці хіба душу?
Аксана! Аксана!
Дзе ты? Дзе ты? Адгукніся,
Мая ты ядына!
Паглядзі ты на Ярэму!
Дзе ты? Можа, гіне;
Можа, цяжка кляне долю,
Кляне, умірае
Або ў пана у кайданах
У склепе канае!
Мо Ярэму ўспамінае,
Родную Вільшану,
Кліча яго: «Маё сэрца,
Абымі Аксану!
Абымемся, мой саколе!
Навекі замлеем.
Няхай здзекуюцца ляхі,
Не пачуем!..» Вее,
Вее вецер з-за Ліману,
Гне таполю ў полі —
I дзяўчына пахінецца,
Куды гне нядоля,
Пасумуе, пажурыцца,
Забудзе... і можа...
У жупане — сама пані.
А лях... божа, божа!
Карай пеклам маю душу,
Вылі мукі мора,
Разбі кару нада мною,
Ды не такім горам
Карай сэрца! Разарвецца,
Хоць было б як камень!
Доля мая, маё сэрца!
Аксана! Аксана!
Дзе ты дзелася, прапала?»
I хлынулі слёзы —
Драбнюткія паліліся.
Скуль яны ўзяліся?
А Залязняк гайдамакам
Кажа запыніцца:
«У лес, хлопцы! Бо світае
I коні прысталі:
Папасём іх!» I ціхенька
На папаску сталі.

ГУПАЛАЎШЧЫНА

      Зайшло сонца, Украіна —
Дзе палала, тлела,
А дзе шляхта, запёршыся,
У будынках млела.
Скрозь па сёлах шыбельніцы;
Навешана трупаў —
Толькі старшых, а так шляхта —
Валяецца гуртам.
На вуліцах, на расстанях
Сабакі, вароны
Грызуць шляхту, клююць вочы —
Ніхто не бароніць...
Дый некаму: засталіся
Дзеці ды сабакі —
Жанкі нават з качаргамі
Пайшлі ў гайдамакі.
      Вось было якое ліха
Па ўсёй Украіне!
Горш ад пекла... А завошта,
За што людзі гінуць?
Таго ж бацькі, тыя ж дзеці —
Жыць бы ды братацца.
Не, не ўмелі, не хацелі —
Трэба раз’яднацца!
Крыві трэба, крыві братняй,
Бо зайздрасць, што ў брата
Ё ў каморы і на полі,
I поўная хата.
«Заб’ём брата! Спалім хату!» —
Сказалі, зрабілі.
Ўсё б, здаецца!.. Не, на кару
Сіротаў пусцілі.
Раслі ў слёзах, дый выраслі;
Замучаны рукі
Развязаліся — й кроў за кроў,
I мукі за мукі!
Баліць сэрца, як успомніш:
У крыві заліты
Славян дзеці. А хто вінен?
Ксяндзы, езуіты!..
      Вандравалі гайдамакі
Ярамі, лясамі,
А за імі і Галайда
З дробнымі слязамі.
Ўжо мінулі Вараноўку,
Вярбоўку, ў Вільшану
Прыехалі. «Спытаць хіба,
Спытаць пра Аксану?
Не спытаю, каб не зналі,
За што прападаю...»
А тым часам гайдамакі
Й Вільшану мінаюць.
Пытаецца у хлопчыка:
«Ктытара забілі?»
«Ды не, дзядзька, казаў бацька,
Што яго спалілі
Тыя ляхі, што ляжаць там,
I Аксану ўкралі.
А ктытара на цвінтары
Ўчора пахавалі».
Не даслухаў... «Нясі, косю!»
I паводдзе кінуў.
«Чаму ўчора, як не ведаў,
Чаму не загінуў!
А калі і ўмру сягоння,
З дамавіны ўстану
Ляхаў мучыць. Сэрца маё!
Аксана! Аксана!
Дзе ты?»
             Змоўкнуў, зажурыўся,
Паехаў ступою.
Цяжка-цяжка бедачыне
Змагацца з тугою.
Дагнаў сваіх. Баравіцкім
Полем ужо едуць.
Са стадолай карчма тлее,
А Лейбы ні следу.
Усміхнуўся мой Ярэма,
Цяжка усміхнуўся:
«Вось тут, вось тут пазаўчора
Перад жыдам гнуўся,
А сягоння!..» Дый жаль стала,
Што беды мінулі.
Гайдамакі каля яру
З шляху павярнулі.
Наганяюць парабчонка.
Хлопец у зрабнінах
Палатняных, у пастолах,
На плячах тарбіна.
«Гэй, старчэня! Пачакай, брат!»
«Я не старац, пане!
Я, як бачыш, гайдамака».
«Які ж абарванец!
Адкуль жа ты ?»
                       «З Кірылаўкі[64]».
«А Будзішча[65] знаеш?
I возера каля Будзішч?»
«I возера знаю —
Вось яно там, гэтым ярам
Да яго даедзеш».
«Што, сягоння ляхаў бачыў?»
«Прапалі ўсе недзе!
А ўчора было багата,
Вянкоў не свянцілі:
Не далі паганцы-ляхі.
Ва то ж іх і білі!
Я нажом святым і бацька,
А маці нядужа,
А то й яна б...»
                     «Добра, хлопча!
Вось на табе, дружа,
Дукат[66] гэты, не згубі, бач!»
Узяў залатога.
Паўзіраўся: «Шчыра дзякуй!»
«Ну, хлопцы, ў дарогу!
Ды чуеце? Без гамонкі.
Галайда, за мною!
Возера ё ў гэтым яру
I лес пад гарою,
А ў лесе скарб. Як прыедзем,
Дык каб вокал сталі,
Скажы хлопцам. Можа, ў лёхах
Варту пастаўлялі
Там паганцы».
                     Прыехалі,
Сталі кругом лесу,
Паглядаюць — анікога...
«Цю іх да ста бесаў!
Што за грушы урадзілі!
Збівайце, хлапчаты!
Жыва! жыва! Гэтак! гэтак!»
I канфедэраты
Пасыпаліся дадолу,
Грушы гнілабокі.
Пазбівалі, падабралі,
Не маргнуўшы вокам:
Знайшлі лёхі, скарб забралі,
У ляхаў кішэні
Ператрэслі дый рушылі
Чыніць кару дрэні
                          У Лісянку.

БАНКЕТ У ЛІСЯНЦЫ

      Змяркалася. А з Лісянкі
Агні засвяцілі:
Гэта Гонта з Залязнякам
Люлькі закурылі,
Страшна, страшна закурылі!
I ў пекле не ўмеюць
Курыць гэтак. Гнілы Цікіч
Крывёй чырванее
I шляхоцкай, і жыдоўскай,
А над ім палаюць
I хаціна, і будынак,
Бы доля карае
I вяльможных, і убогіх.
А сярод базару
Залязняк стаіць і Гонта,
Крычыць: «Ляхам кары!
Кары ляхам, хай каюцца!»
I дзеці караюць.
Стогнуць, плачуць, адзін просіць,
Другі праклінае,
Той моліцца, спавядае
Грахі перад братам,
Ўжо забітым. Не мілуюць,
Караюць заўзята.
Як смерць тая, не ўважаюць
На годы, на ўроду
Шляхцяначкі, жыдовачкі.
Цячэ кроў у воду.
Ні калекі, ні старога,
Ні дзіцё малое
Не мінулі — не ўпрасілі
Часіны ліхое.
Паляглі ўсе, ўсе покатам:
Ні душы жывое
Не засталася ў Лісянцы.
А пажар удвое
Разгарэўся, распаліўся
Да самае хмары.
А Галайда, знай, гукае:
«Кары, ляхам, кары!»
Як шалёны, мёртвых рэжа,
Вешае з запалам.
«Дайце ляха, дайце жыда!
Мала іх мне, мала!
Дайце ляха, крыві дайце
Натачыць з паганых!
Крыві мора... Мала мора!..
Аксана! Аксана!
Дзе ты?» — крыкне і знікае
Ў полымі, ў пажары.
А тым часам гайдамакі
Сталы ўздоўж базару
Паставілі, нясуць страву,
Ды што дзе папалі,
Засветла каб павячэраць.
«Гуляй!» — загукалі.
Вячэраюць, а кругом іх
Пекла чырванее.
Павешаныя у пажары
На кроквах чарнеюць
Паноў трупы. Гараць кроквы
I падаюць з імі.
Піце, дзеці!
«Піце, дзеці!
З панамі такімі
Можа, йшчэ раз сусрэнемся,
Йшчэ раз пагуляем!»
I з паўгарца адным духам
Залязняк куляе.
«За праклятых вашых трупаў
I за душ праклятых
Шчэ раз вып’ю!
Піце, дзеці!
Вып’ем, Гонта, браце!»
«Вып’ем, дружа, пагуляем
Удваёчку, ў пары.
А дзе ж Волах? Заспявай жа
Нам, стары кабзару!
Не пра дзедаў, бо не горай
Мы ляхаў караем,
Не пра ліха,— бо яго мы
Не зналі й не знаем.
Вясёлую ўтні нам, старча,
Каб зямля трашчэла,—
Пра ўдавіцу-маладзіцу,
Як яна цярпела».

Кабзар

(грае і прыпявае)

      «Ад сяла да сяла
Танцы ды музыкі:
Курку, яйкі прадала,
Маю чаравікі!
Ад сяла да сяла
Буду танцаваці:
Ні каровы, ні вала —
Сама адна ў хаце.
Я аддам, я прадам
Ды куплю хаціну,
Я куплю, я зраблю
Крамачку пад тынам;
Таргаваць, шынкаваць
Чарачкамі буду,
Танцаваць ды гуляць
З парабчанскім людам!
Ох вы, дзеткі мае,
Мае галубяткі!
Не журыцеся, глядзіце,
Як танцуе матка!
Сама ў наймы пайду,
Ў школу дзетак аддам,
А чырвоным чаравічкам
Такі дам, такі дам!»
      «Добра! добра! Ну, да танцаў,
Да танцаў, кабзару!»
Сляпы ўрэзаў. Упрысядкі
Пайшлі па базару.
Зямля гнецца... «Ану, Гонта!»
«Ну, браце Максіме!
Жарнем дружна, мой галубе,
Покуль не загінем!»
«Не ўзірайцеся, дзяўчаты,
Што я абадраўся;
Бо мой бацька рабіў гладка,
I я ў яго ўдаўся».
«Добра, браце! Яй жа богу!»
«Ану, ты, Максіме!»
«Пачакай, брат!»
«Вось рабі так, як раблю я:
Любі дочку хоць якую,—
Хоць папову, хоць дзякову,
Хоць харошу мужыкову!»
      Ўсе танцуюць, а Галайда
Не чуе, не бача,
Сядзіць сабе ў канцы стала,
Цяжка-важка плача,
Як дзіцё. Чаго б, здаецца?
Ў чырвоным жупане,
I золата ёсць, і слава,
Ды няма Аксаны!
Не з кім долю падзяліці,
Не з кім заспяваці!
Адзін, адзін сіратою
Мусіць прападаці!
А таго, таго й не знае,
Што яго Аксана
Па тым боку за Цікічам
Ў пакоях з панамі,
З тымі самымі ляхамі,
Што закатавалі
Яе бацьку. Недалюдкі!
А цяпер прапалі
За мурамі, ды глядзіце,
Як жыды канаюць,
Браты вашы! А Аксана
Ў акно выглядае
На асвечану Лісянку.
«Дзе та мой Ярэма?» —
Сама думае, не знае,
Што ён тут не дрэмле,
У Лісянцы. Ды не ў світцы —
Ў чырвоным жупане,
Сядзіць адзін ды думае:
«Дзе мая Аксана?
Дзе яна, мая галубка
Бяскрылая, плача?»
Цяжка яму!
                  А з-пад яру
Ў кірэі казачай
Хтось крадзецца.
                  «Хто такі ты?» —
Галайда пытае.
«Пасланец я пана Гонты.
Няхай пагуляе —
Я пажду».
             «Не, не дажджэшся,
Жыдоўскі сабака!»
«Хавай божа, які я жыд?
Бачыш? Гайдамака!
Вось капейка... Прыглядзіся...
Хіба ты не знаеш?»
«Знаю, знаю!» — і свянцоны
З халявы вымае.
«Прызнавайся, жыд лукавы,
Ты прывёў у Млееў
Да ктытара ляхаў п’яных.
Я, Лейба, не ўмею
Жартаваці. Я — Ярэма,
Твой найміт паганы.
Ці ж не пазнаў? Прызнавайся...
Дзе мая Аксана?» —
Дый замахнуўся.
                      «Крый божа!..
Ў палацы... з панамі...
У золаце ўся...»
                       «Выручай жа!
Выручай, пракляты!»
«Добра, добра... Які ж бо вы,
Ярэма, заўзяты!
Іду зараз і выручу:
Грошы мур ламаюць.
Скажу ляхам: заместа Паца...»
«Добра, добра! Знаю,
Хутчэй ідзі!»
                  «Зараз, зараз!
Гонту забаўляйце,
З паўчасіны, а няхай там!
Ідзіце ж, гуляйце!..
Куды везці?»
                  «У Лебядзін[67]!
У Лебядзін,— чуеш?»
«Чую, чую».
                   I Галайда
З Гонтаю танцуе.
А Залязняк бярэ кобзу:
«Патанцуй, кабзару!
Я зайграю».
                   Наўпрысядкі
Сляпы па базару
Адбівае пасталамі,
Дадае славамі:
«На гародзе пастарнак, пастарнак;
Ці ж табе я не казак, не казак?
Ці ж цябе я не люблю, не люблю?
Ці ж табе я чаравічкаў не куплю?
Куплю, куплю, чарнабрыва,
Куплю, куплю таго дзіва.
Буду, сэрца, хадзіць,
Буду, сэрца, любіць».
«Ой, гоп-гапака!
Палюбіла казака,
Ды рудога,
Ды старога —
Ліха доля така!
Ідзі ж, доля, за журбою,
А ты, стары, за вадою!
А я — дык у шынок.
Вып’ю чарку і другую,
Выпіць трэцюю хачу я,
Пятай, шостай закушу я.
Пайшла баба у танок,
А за ёю галубок,
      Выкрутасам,
      Выхілясам,
Маладзец галубок!
Стары руды бабу кліча.
Тая ж яму дулю тыча:
«Ажаніўся, сатана,
Даставай жа мне пшана!
Трэба дзетак гадаваць,
Трэба дзетак адзяваць,
А я буду дабываць;
А ты, стары, не грашы,
Ды ў запечку калышы,
Ды маўчы,не дышы!»
«Як была я маладою прыпадобніцаю,
Павесіла хвартушыну над аконніцаю;
Хто йдзе — не міне,
То кіўне, то міргне.
А я шоўкам вышываю,
У шыбінку выглядаю.
      Сыманы,
      Іваны,
Надзявайце жупаны,
Ды мы пойдзем пагуляем,
Ды мы сядзем заспяваем!»
«Заганяйце квочку ў бочку,
А курчат у сетку!..
...................
...................
      I... гу!
Загнуў бацька дугу.
Цягне маці супоню,
А ты ж звяжы, доню!»
«Ці йшчэ? Ці годзе?»
      «Яшчэ!
Хоць брыдкую! Самі ногі носяць».
«Ой, сып вядром квас
Ды крышы апенькі!
Дзед ды баба,
Той да ладу,—
Абое радзенькі.
Ой, сып вядром квас
Ды крышы пятрушку!
...................
...................
Ой, сып вядром квас
Ды накрышы хрэну!
...................
...................
Ой, сып воду, воду
Ды ідзі шукаці броду!..»
      «Годзе, годзе! — крычыць Гонта.—
Годзе, пагасае.
Светла, дзеці!.. А дзе Лейба?
Дзе ён прападае?
Знайсці яго ды павесіць.
Пяцелька свіняча!
Гайда, дзеці! Пагасае
Каганец казачы!»
А Галайда: «Атамане!
Пагуляйма, татка!
Глядзі — гарыць, на базары
I відна, і гладка.
Патанцуем. Грай, кабзару!»
«Не хачу гуляці!
Агню, дзеці! Дзёгцю, клочча!
Гарматы давайце,
Даць агню у склепы, сховы!
Думаюць — жартую!»
      Заравелі гайдамакі:
«Добра, бацька, чуем!»
Цераз грэблю павалілі,
Гукаюць, спяваюць.
А Галайда крычыць: «Бацька!
Стойце!.. Прападаю!
Пачакайце, не страляйце:
Там мая Аксана!
Часіначку, бацькі мае!
Я яе дастану!» —
«Добра, добра! Залязняча,
Давай знак страляці!
Годзе цацкацца з ляхамі...
А ты, мілы браце,
Знойдзеш іншую!»
      Тут глянуў —
Галайды ні духу.
      Равуць горы — дом з ляхамі
Пажарам забухаў
Каля хмар. Што засталося —
Пеклам запалала...
«Дзе Галайда?» — Максім кліча.
I следу не стала.
Пакуль малойцы танцавалі,
Ярэма з Лейбай не драмалі.
Пралезлі ў дом, у самы лёх.
      Схапіў Аксану ў хвіліну
Ярэма з лёху і сам рынуў
      У Лебядзін...

ЛЕБЯДЗІН

      «Ой, сіротка я з Вільшаны,
Сірата, бабуся!
Бацьку ляхі замучылі,
А мяне... Баюся,
Баюся, галубка, успомніць!..
Узялі з сабою.
Не распытывай, бабулька,
Што было са мною.
Плакала ды наракала,
Гора сэрца рвала,
Слёзы сохлі, душа мёрла...
Ох, каб гэта знала,
Што яго йшчэ раз пабачу
Жывым і здаровым,—
Выцерпела б яшчэ болей
За адно хоць слова!
Выбачай, мая галубка!
Можа, я грашыла,
Можа, бог за то й карае,
Што я палюбіла,—
Палюбіла стан высокі
I карыя вочы,
Палюбіла, як умела,
Як сэрцайка хоча.
Не за бацьку малілася
Й за сябе ў няволі —
За яго, мая бабуся,
За мілага долю.
Карай божа! Тваю праўду
Я выцерпець мушу.
Сказаць страшна: думала ж я
Загубіці душу.
Каб не ён жа,— можа б... можа,
Так і загубіла.
Цяжка было! Думала я:
«О божа мой мілы!
Сірата ён,— без мяне хто
Яго прывітае?
Хто пра долю, пра нядолю,
Як я, распытае?
Хто абыме, як яго я?
Хто душу пакажа?
I хто ўбогаму сіроце
Слова ласкі скажа?» —
Я так думала, бабуся,
Смяялася сэрца:
«Без бацькоў я засталася
Сіратой на свеце,
I адзін ён на ўсім свеце
Мяне верна любіць,
А пачуе, што не жыва,
Сам сябе загубіць,—
Так я думала ў малітвах,
Ждала ў кожным часе:
I няма яго, не будзе! —
Адна засталася...»
      Дый заплакала. Чарніца
Горка, без надзеі
Зажурылася.
                    «Бабулька!
Ты скажы мне: дзе я?»
«Ў Лебядзіне, мая птушка!
Не ўставай: ты хвора».
«Ў Лебядзіне? Ці даўно я?»
«Ды не, пазаўчора».
«Пазаўчора?.. Пачакайце!..
Пажар над вадою...
Жыд, Майданаўка, будынак...
Завуць Галайдою...»
«Так, Ярэмай Галайдою
Сябе называе
Той, прывёз што...»
                         «Дзе ён? дзе ён?
Цяпер жа я знаю!..»
«Цераз тыдзень абяцаўся
Прыйсці за табою».
«Цераз тыдзень! Цераз тыдзень!
Сэрцайка загоіць!
Бабусенька, мінулася
Ліхая часіна!
Той Галайда — мой Ярэма!..
Па ўсёй Украіне
Яго знаюць. Я глядзела,
Як сёлы гарэлі,
Бачыла я — каты-ляхі
Трэсліся і млелі,
Як хто скажа пра Галайду.
Знаюць яны, знаюць,
Хто такі ён, і адкуль ён,
I каго шукае!..
Ён шукаў мяне й нарэшце
Адшукаў, саколік!
Прылятай жа, мой галубе,
Маё шчасце, доля!
Ох, як весела на свеце,
Хоць ідзі скакаці!
Цераз тыдзень, бабусенька...
Яшчэ тры дні ждаці,
Ох, як доўга!..»
«Заграбай, мама, жар, жар —
Будзе табе дочкі жаль, жаль...»
«Ох, як весела на свеце!
А табе, бабуся,
Ці весела?» — «Я табою,
Пташка, весялюся».
«А чаму ж ты не спяваеш?»
«Я ўжо адспявала...»
Зазванілі на вячэрню.
Аксана ўздыхала,
А чарніца памаліцца
У храм падыбала.
      Цераз тыдзень ў Лебядзіне
У царкве спявалі:
«Ісаія, лікуй!»
Ранкам
Ярэму вянчалі;
А вечарам мой Ярэма
(От хлопец звычайны!),
Не злаваць каб атамана,
Пакінуў Аксану:
Ляхаў кончыць; з Залязнякам
Вяселле спраўляе
На Уманшчыне[68], ў пажарах.
Яна выглядае,—
Выглядае, ці не едзе
З баярамі ў госці —
Перавезці яе з келлі
Ў хату на памосце.
      Не журыся, спадзявайся
Ды маліся богу.
А цяпер жа мне на Умань
Сцелецца дарога.

ГОНТА Ў УМАНІ

Хваліліся гайдамакі,

На Умань ідучы:

«Будзем драці, пане-браце,

З кітайкі анучы!»

Мінаюць дні, мінае лета,
А Украіна, знай, гарыць;
Галосяць дзеці неадзеты:
Бацькоў няма ўжо. Шалясціць
Лісцё пажоўклае ў дуброве;
Гуляюць хмары, сонца спіць;
Нідзе не чуць людское мовы;
Звер толькі вые за сялом,
Трупы грызучы. Не хавалі,—
Ваўкоў ляхамі гадавалі,
Аж пакуль снегам занясло
Агрызкі воўчыя.
      Не спыніла завіруха
Пякельнае кары:
Ляхі мерзлі, а казакі
Грэліся ў пажары.
Вясна ўстала і зямельку
Сонную збудзіла,
Уквяціла ў зелень кветкі,
Барвінкам пакрыла;
I на полі жаваронак,
Салавейка ў гаі
Зямлю ўбраную вясною
Ўранні сустракаюць...
Рай, ды годзе! Для каго ж ён?
Для людзей... А людзі?
На яго й зірнуць не хочуць,
А зірнуць — асудзяць.
Крывёй трэба змаляваці,
Асвяціць пажарам;
I багата хмараў.
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ўжо з вас будзе
Дабра таго, што маеце?
Дзіўныя вы людзі!
      I вясна кроў не спыніла,
Ні злосці людское.
Цяжка глянуць; а прыпомніш —
Так было і ў Троі.
Так і будзе.
                   Гайдамакі
Гуляюць, караюць;
Дзе праедуць — зямля ў прыску,
Крывёю сплывае.
Максім прыдбаў сабе сына
На ўсю Украіну;
Хоць не родны сын Ярэма,
А шчыры хлапчына.
Максім рэжа, а Ярэма
Не рэжа — лютуе:
З нажом вострым на пажарах
Днюе і начуе.
Не мілуе, не мінае
Нідзе анікога,
За ктытара ляхам плаціць,
За бацьку святога,
За Аксану... Дый замлее,
Ўспомніўшы Аксану.
А Залязняк: «Гуляй, сыну,
Покуль доля ўстане!
Пагуляем!» Пагулялі:
Купаю на купе
Ад Кіева да Умані
Леглі ляхі трупам.
      Нібы хмара, гайдамакі
Умань абступілі
Апоўначы; да ўсход сонца
Умань затапілі,
Затапілі, закрычалі:
«Бі ляха, панове!»
Пакацілася па рынку
Jazda narodowa[69];
Пакаціліся і дзеці
I калека хворы.
Гвалт і галас... На базары,
Як пасярод мора
Крывавага, стаіць Гонта
З Максімам заўзятым.
Крычаць удвух: «Добра, дзеці!
Вось так іх, праклятых!»
Аж вядуць во гайдамакі
Ксяндза езуіта
I двух хлопцаў: «Гонта! Гэта
Твае дзеці ўмыты!
Ты нас рэжаш — рэж і іх ты:
Яны каталікі.
Чаго ж стаў? Чаму не рэжаш?
Покуль невялікі.
Зарэж і іх, бо вырастуць,
Дык цябе зарэжуць!..»
«Забіце пса! А псянятаў
Сваёю зарэжу.
Кліч грамаду. Прызнавайцесь,
Што католікі вы!»
«Католікі... бо нас маці...»
«Божа міласцівы!
Маўчаць! Маўчаць! Знаю, знаю!»
Збеглася грамада.
Католікі — мае дзеці...
Каб не было здрады,
Каб не было перасудаў,
Панове грамада!
Прысягаў, як браў свянцоны,
Католіка рэзаць.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Малыя гарэзы!
Што не рэжаце вы ляха?»
«Будзем рэзаць, татка!»
«О, не будзеце вы рэзаць!
Будзь праклятай матка,
Праклятая каталічка,
Што вас спарадзіла!
Чаму вас да ўсходу сонца
Была не ўтапіла?
Менш бы грэху: вы памерлі б
Не каталікамі!
А сягоння, сыны мае,
Горачка мне з вамі!
Пацалуйце мяне, дзеці,
Не я забіваю,
А прысяга!..» Махнуў нажом —
I дзяцей не мае!
Парэзаныя палеглі.
«Тата...— булькаталі.—
Тата, тата!.. Мы не ляхі!
Мы...» — дый замаўчалі.
«Пахаваць, можа?» — «Не трэба
Дзяцей каталічкі.
Ой, сыны, сыны мае вы!
Чаму невялічкі?
Чаму ворага і матку
Не гналі ў магілу?
Тую матку-каталічку,
Што вас спарадзіла?..
Хадзем, браце!»
      Ўзяў Максіма,
Пайшлі ўздоўж базару.
I абодва закрычалі:
«Кары ляхам, кары!»
I каралі... Страшна, страшна
Умань запалала.
Ні ў харомах, ні ў касцёле
Нікога не стала.—
Паляглі ўсе. Разні гэткай
Не было паганай,
Што ў Умані бушавала.
Школу базылянаў,
Дзе вучылі дзяцей Гонты,
Сам Гонта руйнуе:
«Ты паіла маіх дзетак! —
Гукае, лютуе.—
Тут паілі невялікіх,
Дабру не наўчылі —
Бурыць сцены!»
                       Гайдамакі
Сцены развалілі.
Развалілі, аб каменне
Ксяндзоў разбівалі,
А школьнікаў у крыніцы
Жыўцом пахавалі!
Да самае ночы ляхаў выразалі;
I душы не знойдзеш. А Гонта крычыць:
«Дзе вы, людаеды? Дзе вас пахавалі?
З’елі маіх дзетак — цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! з некім гаварыць!
Ой, сыны, сыночкі, дзе мне вас шукаці?
Дзе вы запрапалі? Крыві, крыві дайце!
А крыві шляхоцкай, бо хочацца піць!
Хочацца ўзірацца, як яна чарнее,
Хочацца напіцца!.. Што вецер не вее,
Ляхаў не навее?.. Цяжанька мне жыць!
Цяжанька мне плакаць! Праведныя зоры!
Пакрыйцеся хмарай — я вас не чапаў,
Я дзяцей зарэзаў!.. Горачка мне, гора!
Дзе я прытулюся?»
      Так Гонта крычаў,
Па Умані бегаў. А сярод базару
Сталы гайдамакі ставілі ў крыві;
Дзе што адшукалі, стравы наняслі
I вячэраць селі. Апошняя кара,
Апошняя вячэра!
      «Гуляйце, сыны!
Піце, покуль п’ецца! Біце, покуль б’ецца!» —
Залязняк гукае: «Ану, разані
Што-небудзь, бязглузды! Няхай зямля гнецца,
Няхай пагуляюць мае казакі!»
      I кабзар усыпаў:
«А мой бацька і купец,
                  I кравец;
Праля мая маці
                  Ды свацця;
Браты мае, кавалі,
                  Прывялі
I карову аж з дубровы
I маніста прыняслі.
А я сабе Хрысця
                  Ў манісце;
А на ліштве лісце
                  Ды лісце,
Чаравічкі і падковы.
Выйду ранкам да каровы,—
Я карову напаю,
                  Падаю,
З дзоцюкамі пастаю,
      Пастаю».
«Ой, гоп па вячэры!
Замыкайце, дзеці, дзверы!
Ты, старая, не журыся
Ды да мяне прытуліся!»
Ўсе гуляюць. А дзе ж Гонта?
Чаму не гуляе?
Чаму не п’е з казакамі?
Чаму не спявае?
Няма Гонты, як відаці,
Спяваці не смее
Ў гэтым часе.
      А хто гэткі
У чорнай кірэі
Цераз рынак пераходзіць?
Стаў, рые ля слупа,
Ляхаў мёртвых раскідае.
Нагнуўся, два трупы
Узваліў сабе на плечы
I назад з базару
Цераз мёртвых пераходзіць,
Крыецца ў пажары
За касцёлам... Хто ж то гэткі?
Гонта ў горы ўночы
Нясе дзетак пахаваці,
Пяском закрыць вочы,
Каб казацкае іх цела
Сабакі не елі.
I па вуліцах, дзе меней
Калоды гарэлі,
Панёс Гонта сваіх дзетак,
Каб ніхто не бачыў,
Дзе сыноў ён пахавае
I як Гонта плача.
За дарогу ў поле вынес;
Свянцоны вымае
I свянцоным рые яму.
А Умань палае,
Свеціць Гонце пры рабоце
I на дзяцей свеціць.
Як бы спяць яны ў адзежы...
Чаго ж страшны дзеці?
Чаго Гонта, бы крадзе што
Або скарб хавае?
Аж трасецца... А з Умані
Чуваць, як гукаюць
Таварышы-гайдамакі.
Гонта як не чуе,—
Сынам хату сярод стэпу
Глыбоку будуе.
Збудаваў... Бярэ сыноў ён,
Кладзе ў тую хату
I не гляне, нібы чуе:
«Мы не ляхі, тата!»
Абаіх злажыў; з кішэні
Кітайку вымае
I цалуе ў вочы мёртвых,
Хрысціць, накрывае
Той чырвонаю кітайкай
Голавы казачы.
Паглядзеў, раскрыўшы йшчэ раз...
Цяжка-важка плача:
«Ой, сыны мае, сыночкі!
На тую Ўкраіну
Паглядайце! За яе вы —
I я з вамі гіну.
А хто мяне пахавае?
На чужацкім полі
Хто заплача нада мною?
Доля мая, доля!
Доля мая няшчасная!
Што ты нарабіла?
На што мне дзяцей дала ты?
Чаму не забіла?
Хай бы яны пахавалі,
А то я хаваю!»
Са слязьмі перахрысціўшы,
Накрыў, зарывае.
«Спачывайце, сыны мае,
Ў глыбокім прыселлі!
Сука-маці не прыдбала
Новае пасцелі.
Без васількоў і без руты
Спачывайце, дзеці!
Ды прасіце шчыра бога,
Хай на гэтым свеце
За вас мяне пакарае,
За грэх мой вялікі!
Мне даруйце. Я прашчаю,
Што вы каталікі».
Зраўняў зямлю, накрыў дзёрнам,
Каб ніхто не бачыў,
Дзе палеглі Гонты дзеці,
Голавы казачы.
«Спачывайце і чакайце
Ўбачыцца са мною.
Скараціў жа я вам веку,
I мне будзе тое!
I мяне заб’юць... Хутчэй бы!
Ды хто пахавае?
Гайдамакі!.. Пайду йшчэ раз,
Пайду пагуляю!..»
Пайшоў, згорблены, ў свет Гонта;
Ідзе, спатыкнецца.
Пажар свеціць; Гонта гляне,
Гляне — усміхнецца.
Страшна, страшна усміхаўся,
На стэп азіраўся.
Абцёр вочы... Чуць мільгае
Ў дыме дый схаваўся.

ЭПІЛОГ

Даўно то мінула, як малой дзяцінай,
Сіратою ў зрэб’і я калісь блукаў
Без світкі, без хлеба па той Украіне,
Дзе Залязняк, Гонта з свянцоным гуляў.
Дзе йшлі гайдамакі,— малымі нагамі
Хадзіў я ды плакаў, ды людзей шукаў,
Што дабру наўчылі б. Я цяпер пазнаў,
Пазнаў дый жаль стала, што ліха мінула.
Прамяняў бы долю, што цяпер я маю,
Ліха тое ўспомню, бяскрайныя стэпы,
I бацьку, і дзеда,— дзед яшчэ мой крэпак...
Бацька ж не жыве мой, дзед яшчэ гуляе.
Бывала, ў нядзелю, старадаўным следам,
Выпіўшы той горкай па чарцы з суседам,
Бацька дзеда просіць, каб той расказаў
Пра Каліеўшчыну ды як ваявалі,
Як Залязняк, Гонта ляхаў пакараў...
Сталетнія вочы, як зоры, зіялі,
А слова за словам крыніцай лілося:
Як ляхі каналі, як Сміла гарэла...
Суседзі ад страху слухалі нясмела.
I мне, йшчэ малому, не раз давялося
Па ктытару плакаць. I ніхто не бачыў,
Што дзіцё малое ды ў куточку плача.
Дзякую табе, дзеду, што ты захаваў
Ў галаве сталетняй славу нам казачу:
Я цяпер унукам яе расказаў.
      Выбачайце, людцы, што вам
Казацкую славу
Так расказваю наўгадкі
Без кніжнае справы.
Так расказваў дзед калісьці —
Няхай здароў будзе! —
А за ім я. Не знаў стары,
Што пісьменны людзі
Тыя рэчы прачытаюць.
Дзедка, не сумуйся!
Няхай лаюць! А я покуль
Да сваіх вярнуся,
Ды ўжо давяду да краю,
Давяду — спачыну,
Ды хоць скрозь сон пагляджу я
На тую Ўкраіну,
Дзе хадзілі гайдамакі
З святымі нажамі,
На шляхі тыя, што мераў
Малымі нагамі.
      Пагулялі гайдамакі,
Добра пагулялі:
Год шляхецкаю крывёю
Паілі, злівалі
Украіну. Дый замоўклі,—
Нажы пашчарбілі.
      Няма Гонты; няма яму
Крыжа, ні магілы.
Развеялі буйны ветры
Попел гайдамака,
I некаму памаліцца,
Некаму заплакаць.
Адзін толькі брат названы
Застаўся на свеце;
Той, пачуўшы, што так страшна
Пякельныя дзеці
Замучылі яго брата,—
Залязняк заплакаў
Першы раз і слёз не выцер,
Памёр, небарака.
Нуда яго задавіла
На чужацкім полі,
Ў чужу землю палажыла:
Такая ўжо доля!
Сумна-сумна гайдамакі
Жалезную сілу
Пахавалі... Насыпалі,
Як гару, магілу;
Заплакалі, разышліся,
Адкуль узяліся.
      Адзін толькі мой Ярэма
На кій пахіліўся,
Стаяў доўга. «Спачынь, бацька,
На чужацкім полі!
Бо на сваім няма месца,
Няма месца, волі!..
Спі, казача, з добрым сэрцам!
Хто-небудзь успомніць».
      Пайшоў стэпам небарака,
Галаву ў дол клоніць.
Доўга-доўга азіраўся,
Дый не відна стала;
Адна толькі сярод стэпу
Магіла стаяла.
      Пасеялі гайдамакі
На Ўкраіне жыта,
Ды не яны яго жалі —
Нехта будзе сыты.
Няма праўды, не вырасла,—
Крыўда спавівае...
Разышліся гайдамакі,
Хто куды, дзе знае:
Хто дадому, хто ў дуброву,
З нажом у халяве.
Жыдоў кончыць. I такая
Дасюль ходзіць слава.
А тым часам зруйнавалі
Сеч тую былую:
На Кубань хто, за Дунай хто;
Адно толькі чуеш,
Як парогі сярод стэпу
Равуць, завываюць:
«Пахавалі дзяцей нашых
I нас разрываюць!»
Равуць сабе й раўці будуць —
Іх людзі мінулі;
А Ўкраіна, яе дзеці
Навекі заснулі.
      З таго часу на Ўкраіне
Жыта зелянее;
Не чуць плачу, ні гарматаў,
Толькі вецер вее,
Нагінае вербы ў гаі,
А кавыль на полі.
Ўсё замоўкла. Хай маўчыць жа:
На то божа воля.
      Толькі вечарам часамі,
Па-над Днепрам, гаем
Гайдамакі йдуць старыя,
Ідучы спяваюць:
«А ў нашага Галайды — хата на памосце,
Грай, мора! Добра, мора!
Добра будзе, Галайда!»

ПРАДМОВА

Па размове — прадмова; можна б і без яе. Дык вось бачце што: усё, што бачыў я надрукаванае,— толькі бачыў, а прачытаў дужа небагата,— усюды маецца перадслова, а ў мяне няма; як бы я не друкаваў сваіх «Гайдамакаў», дык яно не трэба і прадмовы. А калі ўжо ў людзі пускаю, дык трэба і з чым, каб не кпілі з абарванцаў, каб не сказалі: — Вось які! Хіба дзяды ды бацькі дурнейшыя былі, што не пускалі ў людзі нават граматкі без перадслоўя? — Так, далібог, так, выбачайце, трэба перадслоўе. Дык як жа яго скампанаваць? — каб, ведаеце, не было і маны, не было і праўды, а так, як усе перадслоўі кампануюцца. Хоць забі, не ўмею; трэба б хваліць, дык сорам, а ганіць не хочацца. Пачнем ужо ж пачатак кнігі гэтае: весела глядзець на сівага кабзара, як ён сабе сядзіць з хлопцам, сляпы, пад тынам, і весела паслухаць яго, як ён заспявае думу пра тое, што даўно дзеялася, як ваявалі ляхі з казакамі,— весела... а ўсё ж скажаш: — Слава богу, што мінула,— а надта як згадаеш, што мы аднае маці дзеці, што ўсе мы славяне, сэрца баліць, а расказваць трэба: няхай бачаць сыны і ўнукі, што бацькі іхнія памыляліся, няхай братаюцца зноўку з сваімі ворагамі. Няхай жытам-пшаніцаю, як золатам, пакрытая, не размежаванаю застанецца навекі ад мора і да мора — славянская зямля. Пра тое, што дзеялася на Украіне 1768 года, расказваю так, як чуў ад старых людзей; надрукаванага і крытыкаванага нічога не чытаў, бо, здаецца, і няма нічога. Галайда напалову выдуманы, а смерць вільшанскага ктытара праўдзівая, бо яшчэ ёсць людзі, якія яго ведалі. Гонта і Залізняк, атаманы той крывавай справы, можа, выведзены ў мяне не так, як яны былі,— за гэта не ручаюся. Дзед мой, няхай здароў будзе, калі пачынае расказваць што-небудзь такое, што сам не бачыў, а чуў, дык спярша скажа: — Калі старыя людзі брэшуць, дык і я з імі.

ПАНОВЕ СУБСКРЫБЕНТЫ[70]!

— Бачыма, бачыма, што адурачыў, дык яшчэ хоча і адбрахацца! — Вось так вы ўслых падумаеце, як прачытаеце маіх «Гайдамакаў». Панове грамада! далібог, не брашу. Вось бачыце што! Я думаў, і дужа хацелася мне надрукаваць вашыя казацкія імёны радочкам гожа; ужо было і знайшлося іх дзесяткаў з два, з тры. Слухаю, выходзіць рознагалосіца: адзін кажа — «трэба», другі кажа — «не трэба», трэці нічога не кажа. Я думаў: — Што тут рабіць на свеце? — Узяў дый прахайдокаў гожа тыя грошы, што трэба было заплаціць за аркуш надрукаванай паперы, а да вас і ну пісаць гэтую цыдулу! Усё б гэта яшчэ нічога! Чаго не здараецца на вяку! Усё бывае, як на даўгой ніве. Ды вось ліха на маю галаву! Ёсць яшчэ і такія панічы, што саромеліся сваё высакароднае прозвішча (Кірпа-Гнучкашыенкаў) і надрукаваць у мужыцкай кніжцы. Дальбог, праўда!

Т. Шаўчэнка

***

Вецер з гаем размаўляе,
Шэпча з асакою,
Плыве човен па Дунаю
Сам-насам з вадою.
Плыве човен, вады повен,
Ніхто не спыняе,
А хто́ спыніць, дзе вясляр той,—
Белы свет не знае.
Паплыў човен сінім морам,
А яно зайграла,—
Пагулялі хвалі-горы —
I трэсак не стала.
Шлях нядоўгі — як у чоўна
Да сіняга мора —
Сіраціне на чужыну,
А там — і да гора.
Пагуляюць людзі, быццам
Халодныя хвалі,
Потым распачнуць дзівіцца,
Як сіротка плача;
Потым спытай, дзе сіротка,—
Не чуў і не бачыў.
С.-Пецярбург
1841

***

      Чыгрыне[71], Чыгрыне,
На свеце ўсё гіне!
I святая твая слава,
Як пылінка ў плыні,
За ветрамі халоднымі
Ў хмары прападае...
Над зямлёю лятуць леты,
Дняпро высыхае,
Рассыпаюцца магілы,
Курганы-магілы —
Твая слава... Пра цябе ўжо,
Старча маласілы,
Ніхто й слова не прамовіць,
Ніхто й не пакажа,
Дзе ты стаяў? Чаго стаяў?
I на смех не скажа!!
      За што мы біліся з ляхамі?
За што мы рэзалісь з панамі?
За што скародзілі кап’ямі
Татарам рэбры?.. Засявалі
      I крывёю палівалі...
      I шаблямі скарадзілі.
      Што ж на ніве урадзіла?!
Урадзіла рута... рута...
Волі нашае атрута.
      А я, неразумны, на тваіх руінах
Марна слёзы трачу; заснула Ўкраіна,
Бур’яном укрыта, цвіллю зацвіла,
У балоце, лужы сэрца прагнаіла
I ў дупло гнілое гадзін напусціла,
А дзецям надзею ў стэпу аддала.
                                    А надзею.
Вецер па полю развеяў,
Хваля морам разнясла.
            Няхай жа вецер ўсё разносіць
      На неакраеным крыллі!
      Няхай жа сэрца плача, просіць
      Святое праўды на зямлі.
      Чыгрыне, Чыгрыне,
дружа мой адзіны!
Ты праспаў лясы, і стэпы,
I ўсю Украіну.
Спі ж, павіты гандлярамі,
Покі сонца ўстане,
Покі тыя недалеткі
Падрастуць, гетманы.
Памаліўся б, і я б заснуў...
Дык думкі-закляцці
Рвуцца душу запаліць мне,
Сэрца разарваці.
Ды не рвіце, не паліце.
Мо вярну нанова
Маю праўду гаротную
I ціхае слова.
Можа, выкую з яго я
Да старога плуга
Новы лемеш і нож востры —
I ў ярме упруга...
Можа, ўзару пералог той,
А на пералозе...
Я пасею мае слёзы,
Ды шчырыя слёзы.
Можа, ўзыдуць і вырастуць
Нажы на два бокі,
Расчвартуюць гніласць сэрца,
Боль яго глыбокі.
I выцадзяць сукравіцу,
I нальюць жывое
Казацкае крыві свежай,
Чыстае, святое!
      Можа... можа... А між тымі,
Між нажоў, нанова
Рута-мята разаўецца —
Забытае слова,
Маё слова смутку, суму,
Пакорнае богу,
Успомніцца — і дзявоча
Сэрцайка з трывогай
Страпянецца, як рыбанька,
I мяне згадае...
Словы мае, слёзы мае,
Раю ты мой, раю!
      Спі, Чыгрыне! Няхай гінуць
У ворага дзеці!
Спі, гетмане, покі ўстане
Праўда тут на свеце!
1844
Масква

САВА

      Спарадзіла маці сына
У цяні дубровы;
Дала яму вочы-зоры
I чорныя бровы.
Кітайкаю спавівала,
Святых упрашала,
Каб святыя ўсе сыночку
Шчасце-долю слалі.
«Маці божая, пашлі ты
Твае благадаці —
I ўсяго, чаго матуля
Не здолее даці».
Да ўсход сонца воду брала,
Ў барвінку купала,
Да поўначы калыхала,
Досвіткам спявала.
      «А-а... лю-лі...
Пытала зязюлю —
Зязюля вяшчала,
Праўданьку казала.
Буду сто год жыці.
Цябе гадаваці,
Ў жупане хадзіці,
Буду панаваці.
Ой вырасцеш, сынку,
За паўчварта году,
Як ясень высокі,
Як княжога роду,
Гнуткі і дзябёлы,
Шчаслівы, вясёлы
I не адзінокі.
Найду табе роўню,
Хоць за морам сінім,
Або крамароўну,
Або сотнікоўну —
Такі панну, сыну!
У чырвоных чаравіках,
Ў зялёным жупане,
Па святліцы пахаджае,
Як пава, як пані,
Ды з табою размаўляе;
      У хаце, бы ў раю!
      А я сяджу на покуці,
Толькі паглядаю.
      Ой, маё дзіцятка!
Ой, сыне мой, сыне!
Ці ёсць лепшы на ўсім свеце,
На ўсёй Украіне?
Няма лепшага й не будзе —
Дзівуйцеся, людзі!
Няма лепшага!.. А долю...
Долю раздабудзем».
      Ой, зязюля, зязюленька,
Нашто кукавала?
Нашто ты ёй доўгіх годаў
Сто лет абяцала?
Хіба ж ёсць на гэтым свеце
Слухмяная доля?
Ох, каб была!.. Змагла б маці
З нямецкага поля
Сваім дзетачкам заклікаць
I долю, і волю,
Дык жа не... А зло нядолі
Сустрэнецца ўсюды —
I на шляху і без шляху —
Усюды, дзе ёсць людзі.
      Цешылася маці сынам,
Як кветкаю ў гаю,
Цешылася... А тым часам
Бацька памірае.
Засталася удавою,
Хоць і маладою,
I не адна... ды ўсё ж цяжка...
З горам ды з нудою
Пайшла яна да суседзяў
Парады прасіці...
Прысудзілі суседанькі
У наймах служыці.
Агалела і змарнела,
Кінула гасподу —
Пайшла ў наймы... Не мінула
Ліхое прыгоды.
I дзень і ноч працавала,
Падаткі плаціла,
За тры копы свайму сыну
Жупанок купіла,—
Каб і яно, удовіна,
Да школы хадзіла.
      Ой, талане, талане,
Удовіны паганы!
Ці ты ў полі, ці ты ў гаю,
Абадраны цыгане,
З бурлакамі гуляеш? Багатаму сама льецца
Вада ў яго хаце,
А беднаму ў яры трэба Крыніцу капаці.
У багатых растуць дзеці — Вербы пры даліне,
А ўдовіна адным-адно,
Ды і тое гіне.
      Прычакала ўдава долі,
Даросласці сына,
I пісьменны, і ўрадлівы —
Кветачка хлапчына!
Як у бога за дзвярыма
Ўдава панавала;
Зазіраліся дзяўчаты
I ручнікі дбалі.
Палюбіла багатая —
Не пацалавала;
Вышывала шоўкам хустку —
Не падаравала.
Злыдні ж краліся з-за мора
Ка ўдовінай хаце.
Падкраліся... Сталі хлопцаў
Ў кайданы каваці
Ды павезлі да прыёму
Бітымі шляхамі.
Пайшла з маткамі і ўдоўка
З дробнымі слязамі.
      Дзе ноч начавалі,
      Вартавым давалі,
      Але ўдаву да абозу
      I не дапускалі.
Ой прывезлі да прыёму
Чупрыны галіці;
Усе дробны, недаросткі —
То багатых дзеці.
Той калека-недарэка,
Той не ўмее стаці,
Той гарбаты, той багаты,
Тых чатыры ў хаце.
Усе не ў лад, усіх назад —
Ва ўсіх доля маці.
А ва ўдовы адзін сын,
Дый той якраз пад аршын.
      Пакінула ізноў хату,
Сынову гасподу,
Пайшла ў наймы, за хлеб чорствы
Чужым насіць воду,
Бо свае і не прымаюць:
«Нядошлая стала,
Не здужае...» I агрызак
Праз акно давалі,
Як убогай... Не дай, божа,
Такога дажыці!
Не дай, божа, ў багатага
I піць папрасіці!
Па капейцы зарабляла,
Копу назбірала,
Ды да сына ліст пісала,
Палягчэла. Год праходзіць,
I другі мінае,
I чацвёрты, і дзесяты,
А чуткі не мае.
Няма чуткі, што тут рабіць?
Торбу браць у латах
Ды йсці... Ісці сабак дражніць
Ад хаты да хаты.
Ўзяла торбу, пайшла сялом,
На выгане села
I ў сяло ўжо назад не йшла —
Дзень і ноч сядзела
Каля веснічак. А лета
За летам мінае.
Змізарнела, у крук звяло —
Ніхто й не пазнае.
Дый каму там цікавіцца
Калекай убогай!
Сядзіць сабе, пазірае
Ў поле на дарогу.
Рассвітае, і цямнее,
Ды ізноў світае...
А маскалік, сынок яе,
Не йдзе, не дыбае.
      Па-над ставам увечары
Шуміць чарот шэры.
Маці сына ўсё чакае
Досвіта вячэраць.
Па-над ставам увечары
Шэпча штось вярбіна.
Выглядае ў цёмным гаю
Казака дзяўчына.
Па-над ставам вецер вее,
Лозы нагінае;
Плача маці адна ў хаце,
А дзяўчына ў гаю.
Паплакала чарнабрыўка
Ды стала спяваці;
Паплакала стара маці
Ды стала рыдаці.
Малілася і рыдала,
Кляла ўсё на свеце...
Ох, як цяжкі вы, без долі,
У мацеры дзеці!
      Кастлявыя свае рукі
Да бога ўзнімала,
Сваю долю праклінала
Ды сыночка звала.
То ад жалю адходзіла
I ў журбе нямела,
То на шлях той на далёкі
Скрозь слёзы глядзела.
I дзень і ноч пазірала
Дый стала пытаці:
«Ці не чуў хто, ці не бачыў
Маскаля-дзіцяці,
Майго сына?..» Ніхто не чуў,
I ніхто не бачыў.
Сядзіць яна, не йдзе ў сяло,
Маўчыць і не плача.
Звар’яцела!.. I цагліну
Муштруе, то лае,
То калыша, як дзіцятка,
Сынам называе...
Ды украдкам ціхусенька
Скрозь слёзы спявае:
      «Змяя хату запаліла,
Дзецям кашы наварыла,
Паморшчыла пасталы,
Паляцелі маскалі.
Гусі шэрыя у вырай
Па чатыры, па чатыры
Паляцелі — гол-гол! —
На магіле арол.
На магіле сярод ночы
У казака выме вочы,
А дзяўчына ў цёмным гаю
Яго з войска выглядае...»
Днём лазіла па сметніках,
Чарапкі збірала,
Гаварыла, што сыночку
Гасцінца хавала.
Позна ноччу расхрыстана
I проставалоса
Сялом ходзіць — то спявае,
То страшна галосіць.
Людзі лаялі... Бо, бачце,
Спаць ім не давала
Ды крапіву пад іх тынам
I бур’ян таптала.
Дзеці бегалі з драколлем
Удзень за ўдавою
Па вуліцы; ды са смехам
Клікалі Савою.
1844
С.П.Б.

ДЗЯВОЧЫЯ НОЧЫ

Высушылі кары вочы

Дзявочыя ночы...

Чарніца Мар’яна
Расплялася пышна каса
      Аж да пояса;
Раскрыліся персі-горы —
      Хвалі сярод мора;
Засвяцілі кары вочы —
      Зоры сярод ночы;
Працягліся белы рукі,
      Так бы й абвіліся
Вакол стану... I з падушкай
      Горка абняліся,
Дый замлелі, дый замерлі,
      З плачам разняліся.
      «Ды нашто мне каса-краса
I карыя вочкі,
Стан мой гнуткі... Калі няма
Мілага дружочка?
Няма з кім мне палюбіцца,
Сэрцам падзяліцца...
Сэрца маё! сэрца маё!
Цяжка табе біцца
Адзінокаму. З кім жыці,
З кім, свеце лукавы,
Скажы ты мне?.. I нашто мне
Слава... тая слава?
Я любіць і жыці хочу
Сэрцам — не красою!
А мне яшчэ і зайздросцяць,
Гордаю і злою
Злыя людзі называюць.
А таго не знаюць,
Што я ў сэрцы захавала...
Няхай называюць —
Грэх ім будзе... божа мілы!
Чаму ты не хочаш
Укароціць свае цемры
Цяжкае мне ночы!..
Бо я ўдзень не адзінока —
З полем размаўляю,
Размаўляю і нядолю
Ў полі забываю.
А ўначы...» Дый анямела,
Слёзы паліліся...
Рукі самі з падушкаю
Горка зноў звіліся.
1844
С.П.Б.

Сон Камедыя

Дух истины, его же мир не может прияти, яко не видит его, ниже знает его.

Іоанна, гл. 14, стих 17
      У кожнага свая доля
I свой шлях шырокі:
Той муруе, той руйнуе,
Той нясытым вокам
За край свету зазірае,
Ці няма краіны,
Каб заграбаць ды з сабою
Ўзяць у дамавіну.
Той тузамі абірае
Ў сватняй хаце свата,
А той спадцішка ў куточку
Точыць нож на брата.
А той ціхі ды цвярозы,
Богабаязлівы,
Нібы кот той падкрадзецца,
Выжджа нешчаслівы
У цябе час дый запусціць
Пазуры ў пячонку,—
I не прасі: не вымаляць
Ні дзеці, ні жонка.
А той шчодры ды багаты,
Цэрквы ўсё муруе;
Ды так бацькаўшчыну любіць,
Так па ёй гаруе,
Ажно з яе, небарачкі,
Як ваду, кроў точыць!..
А ўся брацця маўчыць сабе,
Вытрашчыўшы вочы!
Як ягняты: «Няхай — кажа,—
Можа, так і трэба».
Так і трэба! Няма бога
На зямлі, на небе!
А вы ў ярме падаеце
Ды нейкага раю
На тым свеце шукаеце?
Няма раю — знаю!
Шкода й працы! Падумайце:
Ўсе на гэтым свеце —
Жабраняты, цараняты —
Адамавы дзеці,
I той... і той... Ну, а я што?
Вось што, мае людзі:
Я гуляю, банкетую
Ў нядзелю і ў будзень.
А вам нудна! А вам шкода!
Яй-богу, не чую.
Не крычыце! Я сваю п’ю,
А не кроў людскую!
      Вось, ідучы так каля тыну
З банкету п’яны уначы,
Я меркаваў сабе, йдучы,
Пакуль даплёўся да хаціны.
А ў мяне дзеці не крычаць
      I жонка не лае,—
      Ціха, як у раі.
Усюды божжа благадаць:
      I ў сэрцы, і ў хаце.
      Вось жа лёг я спаці.
А падпілы ўжо як засне,
Дык хоць з гармат страляць і —
      I вусам не маргне.
Дый сон жа, сон, надзіва дзіўны,
      Сон мне прысніўся:
Найцверазейшы бы упіўся,
Скупы скарэда даў бы грыўню,
Каб паглядзець на тое дзіва.
      Ды чорта з два!
Гляджу: так быццам бы сава
Ляціць лугамі, берагамі, ды нетрамі,
Ды глыбокімі ярамі,
Ды шырокімі стэпамі,
            Ды байракамі.
      А я за ёю, ды за ёю,
      Ляту й прашчаюся з зямлёю.
«Бывай, свет! Бывай, зямліца,
Непрыязны краю!
Мае жудасныя мукі
Ў хмарах пахаваю.
А ты, мая Украіна,
Гаротная ўдоўка!
Я ляцець да цябе буду
З хмары на гамонку.
На гамонку ціхасумну,
На раду з табою;
Апоўначы падаць буду
Густою расою.
Параімся, пасумуем,
Пакуль сонца ўстане,
Пакуль твае краскі-дзеці
На ворага стануць.
Бывай, родная мая ты,
Удава-нябога!
Гадуй дзетак; жыве праўда
У госпада бога!»
      Ляцім... гляну — ўжо світае,
Край неба палае;
Салавейка ў цёмным гаі
Сонца сустракае,
Ціхусенька вецер вее,
Стэпы, нівы дрэмлюць,
Між ярамі над стэпамі
Вербы зелянеюць.
Пахіліліся сады ў дол;
Таполі паволі
Стаяць сабе, нібы варта,
Ды гамоняць з полем.
I ўсё гэта, ўся краіна,
Спавіта красою,
Зелянее, ўмываецца
Дробнаю расою.
Спакон веку ўмываецца,
Сонца сустракае...
I няма таму пачатку,
Няма яму краю!
Ніхто яго не дагледзіць
I не разруйнуе...
I ўсё так... Душа мая ты!
Чаго ты сумуеш?
Душа мая убогая!
Чаго марна плачаш?
Чаго табе шкода? Хіба ты не бачыш,
Як людзей катуюць, крыўдзяць сірату?
Дык глянь, падзівіся! А я паляту
Высока, высока за сінія хмары;
Няма там улады, няма там і кары,
Там смеху людскога і плачу не чуць.
Вунь глянь — у тым раі, што ты пакідаеш,
Латаную світку з калекі знімаюць,
Са скурай знімаюць,— бо нечым абуць
Княжат недарослых. А вунь распінаюць
За падаткі ўдоўку: а сына куюць,
Удоўкі няшчаснай ядынага сына,—
Ядыну надзею! — ў войска аддаюць!
Бо войска, бач, мала! А вунь дзе пад тынам
Апухлае дзіце галоднае мрэ,
А маці пшаніцу на паншчыне жне.
А вунь — бачыш? Вочы! вочы!
На што вы здаліся?
Чаму змалку не высахлі,
Слязьмі не зліліся?
Гэта ля тыноў пакрытка
З байструком вандруе —
Бацька й маці адракліся,
Чужыя ганьбуюць!..
Старцы нават цураюцца!..
А паніч не знае:
З дваццатаю, недалетак,
Душы прапівае!
      Ці бог бачыць з па-за хмараў
Нашы слёзы, гора?
Можа, й бачыць, ды падмогі —
Як і з гэтых гораў
Векавечных, што паліты
Крывёю людскою!..
Душа мая убогая,
Горанька з табою!
Уп’ямося атрутаю,
Ў лёдзе ляжам спаці[72],
Пашлём думу аж да бога,
Яго распытаці:
Доўга йшчэ на гэтым свеце
      Катам панаваці??
Ляці ж, мая дума, крывавая мука!
Забяры з сабою ліхі ўсе да тла —
Сваё таварыства! Ты з імі расла,
Кахалася з імі; іх цяжкія рукі
Цябе спавівалі. Бяры ж іх, ляці
Ды па ўсім па небе орду распусці!
Хай чарнее, чырванее,
Полымем павее,
Няхай рыгаюць зноў змеі,
Трупам зямлю грэе.
А без цябе я дзе-небудзь
Сэрца пахаваю
Ды тым часам пашукаю
На край свету раю.
Ізноў ляту па-над зямлёю,
Ізноў прашчаюся я з ёю,
      Цяжка маці пакідаці
      Ў непакрытай хаце,
      А йшчэ горш на слёзы, латы
      Яе зазіраці.
Ляту, ляту, а вецер вее,
Перада мною снег бялее;
Бары, балоты, дзе ні глянь,
I ўсюды пустата, туман.
Людзей не чуць,— не знаць і следу
Людское страшнае нагі.
I вораг мой, і друг блізкі,
Бывайце! У госці не прыеду!
Упівайцеся, балюйце!
Я ўжо не пачую,—
Адзін сабе на век векі
Ў снезе заначую.
I пакуль вы дазнаеце,
Што йшчэ ёсць краіна
Крывёй, слязьмі не паліта,
То я адпачыну...
Адпачыну...
                  Ажно чую —
Загулі кайданы
Пад зямлёю... Пагляджу я...
0 народ паганы!
Скуль ты ўзяўся? Што ты робіш?
Чаго ты шукаеш?
Пад зямлёю? Не! Ужо, мабыць,
Сябе не схаваю
I на небе!.. За што ж кара?
I за што мне мукі?
Каму што зрабіў калі я?
Чые злыя рукі
Душу ў целе закавалі,
Сэрца запалілі
I сілаю гругановай
Думы распусцілі??
За што пакутую — не знаю,
Сябе сам караю!
Калі кончыцца пакута?
Канца дачакаю? —
Не бачу й не знаю!!
      Заварушылася пустыня...
Як бы там з цеснай дамавіны
На той астатні страшны суд
За праўдай мерцвякі ўстаюць.
То не трупы, то не суду
Прасіць ад пакуты!
Не, жывыя гэта людзі,
Ў кайданы закуты,
З нораў золата выносяць,
Каб горла, як скрутам,
Ненасытнаму заткнуці!..
Катаржане гэта!..
А завошта? Хіба знае
Ўсемагутны... Дзе там!
      Вунь дзе злодзей штампаваны
Кайданы валоча;
Ён, разбойнік катаваны,
Зубамі скрыгоча —
Таварыша, недабітку
Зарэзаці хоча!
Паміж імі, зацятымі,
Ў кайданы убраны,
Цар сусветны. Цар волі, цар,
Штампам увянчаны![73]
Ў муцы, ў катарзе — не просіць,
Не стогне, не плача!
Раз дабром нагрэта сэрца —
Будзе век гарачым!
А дзе ж твае думы, ружовыя кветкі?
Гэтак дагляданы, выкаханы дзеткі?
Каму ты іх, дружа, каму перадаў?
Ці, можа, навекі ў сэрцы пахаваў?
О, не хавай, браце! Рассып іх, раскідай!
Ўзыдуць, расці будуць і у людзі выйдуць!
      Ці йшчэ пакута, ці ўжо будзе?
Будзе, будзе, бо холадна,—
Мароз розум будзіць.
      Ізноў ляту. Зямля чарнее.
I дрэмле розум, сэрца млее.
Гляджу я: хаты над шляхамі,
То гарады са ста царквамі;
А ў гарадах, бы жураўлі,
Замуштравалі маскалі:
      I адзеты, і абуты,
      I кайданамі акуты
Муштруюцца... Далей гляну;
У даліне, як бы ў яме,
На багне горад віднее[74];
Над ім хмараю чарнее
Туман цяжкі... Далятаю —
То горад без краю.
      Ці то турэцкі,
      Ці то нямецкі?
А можа, гэта і маскоўскі!
      Цэрквы ды палаты,
      Ды паны пузаты.
I не аднюсенькае хаты!
Змяркалася... Агонь — агні
Кругом запалалі —
Аж спужаўся... «Ура! Ура!
Ура!» — закрычалі.
«Цю-цю, дурні! Агледзьцеся!
Чаго вы так рады?
Што, гарыце?» — «Экой хохол!
Не знает параду!
У нас парад! Сам изволит
Сегодни гуляти!»
«Ды дзе ж яна, тая цаца?»
«Вон видишь — палаты».
Пхнуся я, аж землячок, бач,
Дзякую, прызнаўся,
З бляшанымі гузікамі:
«Дзе ты здзесь узялся?»
«З Украіны».— «Так як жа ты
Й говорить не ўмееш
По-здешнему?» — «Ну не, кажу,
Гаварыць умею,
Ды не хочу».— «Экой чудак!
Я все входы знаю
Я служу тут... Калі хочаш,
В дворец попытаюсь
Цябе ўвесці. Толькі, знаешь,
Мы, брат, просвешчэнны,—
Не поскупись полтинкою...»
«Цур табе, нікчэмны
Каламару!..» Невідомым
Стаў ізноў, як быў я,
Дый прапхнуўся у палацы.
Божа мой! Святыя!!
Дык во рай дзе! А як густа
Золатам абліты
Блюдалізы! Аж і сам вось:
Высокі, сярдзіты,
Выступае. А з ім побач
Царыца-нябога,
Бы засушаны апенек,
Тонка, даўганога,
Ды наліха йшчэ ківае
Тупа галавою.
Дык вось жа тая багіня?!
Ліханька з табою!
А я, дурны, не бачыўшы
Цябе, ляля, й разу,
Ды паверыў тупарылым
Тваім вершамазам.
Вось жа дурны! А йшчэ й біты!
На квіток паверыў
Маскалю. Ну, і чытай тут,
I дай ты ім веры!
      За багамі — панства ў срэбры,
У золаце без меры!
Як раскормленыя свінні —
Мардатыя, пузатыя!..
Аж пацеюць, а тоўпяцца,
Каб то бліжай стаці
Каля самых: можа, ўдараць
Або хвігу даці
Благаволяць, хоць маленьку,
Хоць паўхвігі, абы толькі
Пад самыя пыскі.
I у рад усе пасталі,
Нібы без’языкі —
Ані бзынкнуць!.. Цар балбоча;
А дзіва-царыца,
Быццам чапля паміж птушак,
Скача, бадзярыцца.
Доўга ўдваіх пахаджалі,
Як сычы надуты,
Ды цішком штось размаўлялі —
Здалёку нячутна —
Аб ацечастве, здаецца,
Ды новых пятліцах,
Ды аб муштрах шчэ навейшых...
А потым царыца
Села моўчачы на зэдлік.
Бачу: цар падходзіць
Да найстаршага... ды ў морду
Яму як закоціць!..
Аблізаўся небарака
Ды меншага ў пуза —
Загуло аж!.. А той сабе
Йшчэ меншага туза —
Паміж плечаў; той — меншага,
А меншы — малога,
А той — дробных, а драбнота
Ужо за парогам
Як кінецца па вуліцах
Дый давай мясіці
Недабіткаў праваслаўных,
Тыя ж — галасіці
Ды прагчыся... Ды як раўнуць:
«Цар наш бацюшка гуляе,
Ура!.. Ура!.. У-р-а-а-а!»
      Зарагатаўся я, дый годзе;
А й мяне даўнулі —
Такі добра. На світанні
Сцішыліся гулі;
Толькі там-сям хрысціяны
Па вуглах стагналі
Ды стогнучы за бацюшку,
Госпада благалі.
Смех і слёзы! Вось пайшоў я
Горад азіраці.
Ноч як дзень там. Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою;
А бераг абшыты
Ўвесь каменнем. Дзівуюся,
Быццам з тропу збіты!
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіва!.. Бо крыві тут
Выліта людское —
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званіца,
Як завостраная швайка[75],—
Аж не надзівіцца.
I дзілінгае гадзіннік.
Далей пазіраю —
Аж ляціць конь, капытамі
Скалу разбівае!
На кані сядзіць ахлапам
Ў свіце — ці без світы,
I без шапкі. Нейкім лістам
Галава павіта.
Конь на дыбах — вось-вось рэчку,
Вось-вось пераскоча.
А ён руку прасцірае,
Бы свет увесь хоча
Заграбці. Хто ж такі гэта?
Вось сабе й чытаю,
Што на скале накавана:
«Первому вторая»[76]
Гэта выставіла дзіва.
Цяпер жа я знаю:
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну.
А вторая даканала
Ўдаву-сіраціну.
Каты! Каты! Людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Цяжка, цяжанька мне стала.
Так, нібы чытаю
Гісторыю Украіны!
Стаю, заміраю...
А тым часам — ціха, ціха
Ды сумна спявае
Штось нябачана такое:
«А з горада, а з Глухова
Палкі выступалі
З рыдлёўкамі на лінію.
А мяне паслалі
На сталіцу з казакамі
Наказным гетманам![77]
О божа наш міласэрны!
0 цару паганы!
Цар пракляты, подла-хітры,
Аспід прагавіты!
Што зрабіў ты з казакамі?
Балота засыпаў
Благароднымі касцямі,
Паставіў сталіцу
На іх трупах катаваных!
І ў цёмнай цямніцы
Мяне, вольнага гетмана,
Голадам замучыў
У кайданах... Цару! Цару!
I бог не разлуча
Нас з табою. Кайданамі
Скованы са мною
На век-векі. Не лёгка мне
Лунаць над Нявою!
Можа, Ўкраіны далёкай
Ўжо няма — не знаю...
Паляцеў бы, паглядзеў бы,
Дык бог не пускае.
Масква выпаліла, можа,
I Дняпро спусціла
Ў сіне мора? Раскапала
Курганы-магілы —
Нашу славу. Божа мілы!
Зжалься, божа мілы!»
      Дый замоўкла. Пазіраю:
Бела хмара крые
Неба шэрае, а ў хмары —
Бы ў гаі звер вые.
То не хмара — бела птушка
Хмараю зляцела
Над царом тым масянжовым[78],
Галасіла, пела:
«I мы скованы з табою,
Людаед з бярлогі!
На судзілішчы на страшным
Мы закрыем бога
Ад вачэй тваіх пражорных.
Ты нас з Украіны
Загнаў голых і галодных
У снег на чужыну
Дый парэзаў, а з скур нашых
Сабе баграніцу[79]
Пашыў жыламі тугімі
I заклаў сталіцу
Ў новай рызе. Падзівіся:
Цэрквы ды палацы!
Весяліся, кат пракляты,
З крывавае працы!»
      Разляцеліся і зніклі.
Сонейка ўставала;
А я стаяў, дзіваваўся,
Ды аж страшна стала.
Бедакі ўжо паўставалі,
На працу спяшылі,
Маскалі ўжо на распуццях
Муштроўку рабілі.
Краем вуліц паспяшалі
Сонныя дзяўчаты,
Ды не з дому, а дадому!..
Пасылала маці
На ўсю ночку працаваці,
На хлеб зарабляці.
А я стаю, пахіліўся,
Ў думках разважаю:
Як то цяжка хлеб штодзённы
Людзі зарабляюць!
      Вот і брація сыпнула
У сенат пісаці
Ды падпісываць, ды з родных,
З бацькі, з брата драці.
А між імі й зямлячкі тут
Сям-там праглядаюць,
Па-маскоўску так і рэжуць,
Смяюцца ды лаюць
Бацькоў сваіх, што іх змалку
Дзэкаць не наўчылі
Па-нямецку — а цяпер тут
Кісні во ў чарніле!
П’яўкі, п’яўкі! Можа, бацька
Астатню карову
Прадаў жыдам, пакуль выўчыў
Маскоўскае мовы.
Украіна! Украіна!
Вось жа твае дзеткі.
Твае злітыя чарнілам
Маладыя кветкі.
Маскоўскаю балбатнёю
Ў нямецкіх цяпліцах
Заглушаны!.. Плач, Украйна,
Бяздзетна ўдавіца!
      Пайсці, хіба, паглядзеці
Да цара ў палацы,
Што там робіцца? Прыходжу —
Дворня (стаў ўзірацца)
Стаіць радам, сапе, храпе,
Насы панадзьмула,
Як індыкі, і на дзверы
Коса паглядала.
Адчыніліся во й дзверы —
I як бы з бярлогі
Мядзведзь вылез. Ледзьве-ледзьве
Пераносіць ногі,
Ды адуты, пасінеў аж:
Пахмелле праклята
Яго мучыла. Як крыкне
На самых пузатых,—
I пузатая ўся хеўра
Ў зямлю паляцела!
З ілба вылупіў ён банькі —
I ўсё задрыжэла,
Што было там! Як шалёны,
На меншых гукае —
Ў зямлю й тыя. Ён да дробных —
Тыя прападаюць!
Ён да чэлядзі — і чэлядзь,
I чэлядзь прапала.
Да маскаляў — маскалікі,
Толькі застагнала,
Пайшлі ў зямлю. А на свеце
Ўсё, бы ў нейкім цудзе!
Я гляджу, што будзе далей,
Што рабіці будзе
Мой мядзведзік! Стаіць сабе,
Галаву панурыў
Небарака. Дзе ж прапала
Мядзвежжа натура?
Як той коцік — такі смешны!..
Я аж засмяяўся!
Аж пачуў ён ды як зыкне,—
Я перапужаўся
I збудзіўся...
                    Вось якое
Ў сне пабачыў я там
Дзіва дзіваў! Гэта ж толькі
Сніцца дурнаватым
Ды п’яніцам. Не крыўдуйце,
Браткі дарагія,
Што не сваё расказаў вам,
А то, што сасніў я.
1844
С.-Пецярбург

***

      У нядзелю не гуляла:
Ды на шоўкі зарабляла,
Ды хусціну вышывала,
Вышываючы, спявала:
«Хусціначка мярэжаная,
      Вышываная!
Выгаптую, падарую,
А ён мяне пацалуе...
      Хусціна мая
      Маляваная!
Задзівяцца ўранку людзі,
Што ў сіроткі хустка будзе
      Мярэжаная,
      Маляваная!
А я касу расплятаю,
З сваім мілым пахаджаю...
      Долечка мая,
      Матанька мая!»
      Вось так яна вышывала,
У акенца паглядала:
Ці не згледзіць крутарогіх?
Ці не йдзе чумак з дарогі?
      Ідзе чумак з-за Ліману
З чужым дабром, бесталанны,
Чужых валоў паганяе,
Паганяючы, спявае:
      «Доля мая, доля!
Што ты не такая,
Як доля чужая?
Ці я п’ю, гуляю?
Ці сілы не маю?
Ці да цябе дарожанькі
У стэпу не знаю?
Ці да цябе сваіх дароў
Я не пасылаю?
Ёсць у мяне дары —
Вочы мае кары.
Маладую маю сілу
Багачы купілі.
Мо без мяне і дзяўчыну
З другім заручылі...
Навучы ж ты мяне, доля,
Гуляць навучы!
      Дый заплакаў бедачына,
Стэпам ідучы,
Ой, застагнаў сівы пугач
Ў стэпу на магіле;
А ў дарозе чумачэнькаў
Журба атуліла.
«Дазволь ты, наш атамане,
Каля сяла стаці,
Панясём мы таварыша
Ў сяло прычашчаці».
      Спавядалі, прычашчалі,
Знахароў пыталі —
Не паможа!.. З незлячымым
Паехалі далей.
Ці то праца загубіла
Маладую сілу?
Ці ў разлуцы нуда-гора
Яго з ног зваліла?
Ці наслалі людзі ліха
Яму, маладому,
Што прывезлі яго з Дону
На возе дадому?
Прасіў бога, каб дзяўчыну...
Хоць сяло пабачыць,
Ды не ўпрасіў...
Пахавалі,
Ніхто й не заплача!
      Паставілі грамадою
Крыж над сіратою
Й разышліся... Як былінка,
Як ліст над вадою,
Свет пакінуў казачэнька,
Ўсё забраў з сабою.
А дзе ж мая расшытая
Шоўкамі хусціна?
А дзе ж мая вясёлая,
Любая дзяўчына?!
Унь на новым крыжы хустку
Вецер развявае,
А дзяўчына у манашках
Касу расплятае.
1844
С.-Пецярбург

***

      Чаго мне так цяжка, чаго мне так нудна,
Чаго сэрца плача, рыдае, крычыць,
Як дзіця галоднае? Чаго ж табе трудна?
Чаго ты жадаеш? Што ў цябе баліць?
Ці піці, ці есці, ці спатанькі хочаш?
Засні, маё сэрца, засні ты навек!
Разбітае сэрца... Няхай чыніць здзек
Звар’яцелы люд... Закрый, сэрца, вочы...
1844
С.П.Б.

ГОГАЛЮ

      За думаю дума роем вылятае:
Адна цісне сэрца, тая раздзірае,
А трэцяя ціха, ціхусенька плача
У саменькім сэрцы — можа, й бог не бачыць.
      Каму ж яе пакажу я
I хто тую мову
Прывітае, угадае
Вялікае слова?
Усе глухі. У кайданы
Закованы ў сцюжу!..
Ты смяешся, а я плачу,
Вялікі мой дружа.
А што ўродзіць з таго плачу?
Дурнап’ян пракляты...
Не заравуць на Ўкраіне
Вольныя гарматы.
Не зарэжа бацька сына,
Роднае дзяціны,
За чэсць, славу, за братэрства,
За волю Ўкраіны.
Не зарэжа: выкахае
Дый прадасць з кахання
Маскалю ўраздроб. То, бачыш,
Ўдовіна даянне
Цару-бацьку, і айчыне,
I нямчуры плата.
Няхай, браце! А мы будзем
Смяяцца ды плакаць.
1844
С.-Пецярбург

***

Не завідуй багатаму:
Багаты не знае
Ні прыязні, ні любові —
Бо ён іх наймае.
Не завідуй магутнаму,
Бо той прымушае.
Не завідуй і слаўнаму:
Слаўны добра знае,
Што не яго людзі любяць —
Любяць тую славу,
Што ён цяжкімі слязамі
Выліў на забаву.
Маладыя ж як сыдуцца —
Дык люба ды ціха,
Як у раю. А паглядзіш —
Варушыцца ліха.
      Не завідуй жа нікому,
А зірні наўкола;
Няма раю на ўсёй зямлі,
Як і ў небе гола.
1845
Міргарад

ЕРЭТЫК

Шафарыку[80]

      Падпалілі ў суседа
Новую хаціну
Злыя людзі, нагрэліся,
Пайшлі на спачынак,
Ды забылі шэры попел
Па ветры развеяць.
Ляжыць попел на ростані,
А ў попеле тлее
Іскра агню вялікага.
      Тлее, не згасае,
      Жджэ падпалу, як той помснік,
      Часу дажыдае,
      Злога часу. Тлела іскра,
      Тлела, ўсё чакала
      На ростані, на шырокай
      Ды ўжо гаснуць стала.
      Вось так нямчура запаліла
Вялікі дом наш. I сям’ю,
Сям’ю славянаў падзяліла
I ціха, ціхенька ўпусціла
Нязгоды лютую змяю.
      Паліліся крыві рэкі,
Пажар загасілі.
А нямчуры пажарышча
Й сірат падзялілі.
Вырасталі ды ў кайданах
Славянскія дзеці
I забыліся ў няволі,
Што яны на свеце!
А на даўнім пажарышчы
Іскра брацтва тлела —
Датлявала і чакала
Цвёрдых рук ды смелых.
I прыждала... Стала бачыць
У тым тле глыбока
Агонь добры смелым сэрцам,
Смелым орлім вокам!
I засвяціў любамудры,
Светач праўды, волі...
I славянскія народы
У цьме і няволі
Пералічыў да аднаго,
Пералічыў трупы,
А не славян. I ты стаўся
На вялікіх купах —
На ростані усясветнай —
Іезекіілем[81].
I — о дзіва! Трупы ўсталі
I вочы раскрылі,
I брат з братам абняліся,
I прагаварылі
Слова ціхае любові
Навекі і векі!
I паплылі ў адно мора
Славянскія рэкі!
      Слава табе, любамудры,
Чэху-славяніне,
Што не даў ты патануці
У нямецкай плыні
Нашай праўдзе! Тваё мора
Стане морам новым!
Будзе скора яно поўным,
I паплыве човен
З шырокімі ветразямі,
Са стырном удалым,
Паплыве па вольным моры,
На шырокіх хвалях.
Слава табе, Шафарыку,
Вавекі і векі,
Што сабраў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!
      Прывітай жа ў сваёй славе
I маю нябогу,
Лепту-думку нямудрую
Пра чэха святога,
Вялікага мучальніка,
Пра слаўнага Гуса!
Прымі, ойча. А я ціха
Богу памалюся,
Каб усе славяне сталі
Добрымі братамі,
I сынамі сонца праўды,
I ерэтыкамі,
Вось такімі, як Канстанцкі
Ерэтык вялікі![82]
I мір свету падаруюць,
I славу вавекі!
1845
У Пераяславе

Камень, его же небрегоша зиждущий, сей бысть в[о] главу угла; от господа бысть сей, и есть дивен во очесех наших.

Псалом 117, стих 22
      «Кругом няпраўда і няволя,
Народ замучаны маўчыць.
I на апостальскім прастоле
Чарнец адкормлены[83] сядзіць.
Крывёй гандлюе пад’ярэмных
I рай у наймы аддае!
Цару нябесны! Надарэмны
Твой суд і царствіе твае.
      Разбойнікі, людаеды
Праўду пабаролі,
Асмяялі тваю славу
I сілу і волю.
У кайданах зямля плача,
Як па дзецях маці.
Няма каму раскаваці,
Аднадушна стаці
За евангелле той праўды,
Якой прагнуць людзі!
Няма каму! Божа! Божа!
Ці ж то так і будзе?
Не! Настане час вялікі
Нябеснае кары!
Ці разломім тры кароны
На гордай ціары![84]
Так, разломім! Благаславі
На помсту, на мукі,
Благаславі мае, божа,
Няцвёрдыя рукі!»
      Вось так у келлейцы праўдзіва
Іван Гус думаў разарваць
Аковы пеклавы!.. I дзіва,
Святое дзіва паказаць
Вачам нязрачым.
                           «Пабарусь!..
За мяне бог!.. Хай споўніцца!»
I ў віфліемскую капліцу[85]
Пайшоў маліцца добры Гус.
      «У імя госпада Хрыста,
За нас распятага на дрэве,
I ўсіх апосталаў святых,
Пятра і Паўла асабліва,
Мы адпускаема грахі
Вось гэтай булаю[86] святою
Рабыні божай...»
               «Вось той самай,
Што вадзілі па вуліцах
Пазаўчора ў Празе.
Вось той самай, што сланялась
Па шынках, па стайнях,
Па пярэсмыках манашых
I па келлях п’янай!
Вось яна і зарабіла
Ды булу купіла:
Святой стала!.. Божа! Божа!
Вялікая сіла!
Вялікая слава! Зірні на людзей!
Адпачынь ад кары у прасветлым раю!
За што прападаюць? За што ты караеш
Сваіх і пакорных, і добрых дзяцей?
      За што закрыў іх, божа, вочы
I вольны розум акаваў
Кайданамі ліхое ночы?
Празрыце, людзі,— дзень настаў!
Распраўце рукі, мрок аблуды
Развейце, чэхі, будзьце людзі,
А не пасмешышча папам!
Кáты, разбойнікі ў ціарах
Ўсё патапілі, ўсё ўзялі,
Як у Маскоўшчыне татары,
I нам, сляпым, перадалі
Свае дагматы!.. Кроў, пажары,
Ўсё зло на свеце, як біч кары,
Пякельных мук бясконцы рад...
I поўны Рым байстрат!
Вось догматы іх і іх слава!
То слава ў яве!.. А цяпер
Вось тым паложана канклавам[87]:
Хто без святой булы памёр,—
У пекла пойдзе! Будзе ж плата
За булу ўдвойчы — рэж хоць брата,
Апроч пап і чарняца,
I ў рай ідзі! Канец канцам!
I злодзея ж зладзей акрадзе,
Ды яшчэ ў цэркві. Гады! Гады!
Ці напіліся вы, ці не
Людской крыві?.. I хіба мне,
Вялікі госпадзі, малому,
Судзіці дзеянні твае
Волі святой? Кары свае
Ты без віны не шлеш нікому.
      Малюся, госпадзі, памілуй,
Выбаў ты нас, святая сіла!
Парань язык мой за хулы
Ды ранай выбаў з боляў злых.
Не дай жа здзеквацца лукавым
I над тваёю вечнай славай,
Й над намі, простымі людзьмі!..»
      I плакаў Гус у тым маленні,
I цяжка плакаў... Люд маўчаў
I моўчкі думаў у здзіўленні:
Супроць каго руку падняў?
       «Глядзіце, людзі! Вось дзе була,
Што я чытаў!» — і паказаў
Народу. Боязнь агарнула:
Іван Гус булу разарваў!!
I з віфліемскае капліцы
Аж да сусветнае сталіцы
Пагудка шумная пайшла.
Манахі ў страху... Нібы кара,
Канклаў пагудка затрасла,—
I пахілілася ціара!
Зашыпела, як гадзюка,
Погань з Ватыкана.
Шапочацца Авіньёна[88]
З рымскімі папамі;
Шапочуцца антыпапы,
Аж сцены трасуцца
Ад шопату. Кардыналы,
Як гадзюкі, ўюцца
Ля ціары. Ды ціхачом,
Як каты, дзяруцца
За мышанё... Ды як зноў жа?
Аднае той скуры
Гэтка сіла!.. А мясішча!!!
Аж дрогнулі муры,
Як успомнілі, што ў Празе
Гегекнулі гусі[89]
Ды з арламі ляцяць біцца...
Канклаў схамянуўся,
Сабраў раду. Ухвалілі:
Усім разам стаці
Супроць Гуса і ў Канстанцы
Вараннё склікаці
I сцерагчы, колькі сілы,
I згары і здолу,
Каб не села тая птаха
На славянскім полі.
      I вараннё поле ўкрыла —
Папы павалілі
      Да Канстанцы, шляхі, стэпы
      Саранчой забілі
Бароны, герцагі і д’юкі[90],
Псары, герольды[91], шынкары,
I трубадуры (кабзары),
I шляхам войска, як гадзюкі.
I герцагіні з немчурою.
Хто з сакаламі на руках,
Хто пешкі, верхам на аслах,—
Бы на аблаву ўсе гурмою,
Як гады, ў вырай, аж кішаць!
      О чэху! Дзе твая душа??
Глядзі, што сілы паваліла,
Як сарацына ваяваць
Або вялікага Атылу[92]!
      У Празе глуха гаманяць
I цэсара, і Вячаслава,[93]
I той сабор тысячаглавы
Уголас лаюць і пускаць
На сход не хочуць яны Гуса...
«Жыў бог! Жыва душа мая!
Браты, я смерці не баюся!
Я давяду ўсім тым вужам!
I ненасытнае іх вырву джала!..»
I чэхі Гуса праважалі,
Як дзеці бацьку.
      Зазванілі у Канстанцы
Рана ва ўсе звоны.
Тлум сабраўся кардыналаў
Гладкіх і чырвоных,
Як бугаёў на выпасе,
I натоўп прэлатаў,
I тры папы, і баронства,
I князёў багата.
Сабраліся, як Іуды
На суд непраўдзівы
Супроць Хрыста. Сваркі, гоман —
То раве, то вые,
Нібы нейкі дзікі табар
Ці кагал у школе...
I — ўсім разам як зарвала!..
      Як кедр сярод поля
Ліванскага,— у кайданах
Стаў Гус перад імі.
I акінуў нечасцівых
Орлімі вачымі.
Затрасліся, пабялелі,
Моўчкі азіралі
Мучальніка. «Што ж вы мяне —
На дыспут пазвалі?
Ці каб глядзець на кайданы?»
«Маўчы, чэх бязверы...» —
Гадзюкаю зашыпелі,
Зараўлі, як зверы.
«Ты ерэтык! Ты ерэтык!
Ты сееш расколы!
I нязгоды развіваеш,
Свяцейшае волі
Не прымаеш!.. Адно слова! —
Ты богам пракляты!
Ты ерэтык! Ты ерэтык!..» —
Раўлі ўсе прэлаты.
«Ты усобнік!.. Адно слова —
Ты ўсімі пракляты!..»
Паглядзеў Гус на прэлатаў,
      Дый пайшоў з палаца.
      «Пабаролі! Пабаролі!..»
      Нібы звар’яцелі.
      «Аўтадафэ! Аўтадафэ!..»[94]
      Гуртам заравелі.
      I ўсю ноч банкетавалі
Папы, бароны... Ўсе пілі
I сп’яна Гуса пракліналі,
Аж покі звоны загулі.
I дзень настаў... Ідуць маліцца
Ксяндзы за Гуса. 3-за гары
Выходзіць сонца, аж гарыць.
I сонца хоча падзівіцца,
Што будуць з праведным тварыць?!
      Зазванілі ва ўсе звоны.
I павялі Гуса
На Галгофу у кайданах...
I не пахіснуўся
Перад агнём. На агні стаў
I моліцца богу.
«О госпадзі міласэрны!
Што зрабіў я злога
Гэтым людзям, тваім людзям?
За што мяне судзяць?
За што мяне распінаюць?
О людзі вы, людзі!
Маліцеся! Вы — нявінны!
І з вамі так будзе!
Маліцеся! Прыйшлі зверы злыя
У авечых шкурах,
Кіпці распусцілі...
Ні горы, ні муры
Не схаваюць. Разальецца
Чырвонае мора
Крыві. Крыві з дзяцей вашых...
О гора! О гора!
Унь яны! Ў адзежах ясных
Іх лютыя вочы...
Ужо ў крыві...
                      «Палі! Палі!
Крыві! Крыві хочуць!
Крыві вашае!..» I дымам
Праведнага ўкрыла.
«Маліцеся! маліцеся!
Госпадзі, памілуй,
Даруй ты ім — не ведаюць!..»
Ды не чутна стала!
Вакол агню, як сабакі,
Ўкруг манахі сталі.
Баяліся, каб не вылез
Гадзюкаю з жару
Ды не павіс на кароне
Або на ціары.
      Пагас агонь, дзьмухнуў вецер
І попел развеяў.
I бачылі на ціары
Чырвонага змея
Людзі простыя. Манахі
Te deum[95] спявалі.
Разышліся па хаўтурах
I хаўтуравалі
I дзень і ноч, аж папухлі.
Малою сям’ёю
Прыйшлі чэхі, зямлі ўзялі
З таго кастра, з ёю
Пайшлі ў Прагу. Гэтак Гуса
Ксяндзы асудзілі,
Запалілі... Ды божага
Слова не спалілі,
Не згадалі, што вылеціць
Арол з па-над хмары —
Замест гуся — і расклюе
Папскую ціару.
Дык няхай ім! Разбрыліся,
Як тыя вароны,
З крывавага таго свята
Манахі, бароны,
Парасселіся ў будынках,
Клопату не маюць,
Банкетуюць, час ад часу
Te deum спяваюць.
Ўсё зрабілі... Ды чакайце!
Унь над галавою
Стары Жыжка з Табарова[96]
Махнуў булавою.
1845
с. Мар’інскае

НАЙМІЧКА

Пралог

      У нядзелю раным-рана
Поле крылася туманам,
На кургане сярод поля,
Як пахілая таполя,
Маладзіца маладая
Нешта к сэрцу прытуляе
Ды з туманам размаўляе:
      «Ой, тумане, тумане,
Мой ты лёс-гараванне!
Чаму мяне не схаваеш
У гэтым кургане?
Чаму ты мяне не ўгоніш
У гэту зямельку,
Маёй долі не засыплеш,
Не ўбавіш мне веку?
Не душы мяне, тумане,
Схавай толькі ў полі,
Каб ніхто не знаў, не бачыў
Маёй цяжкай долі...
Я не адна: у мяне ёсць
I бацька і маці...
У мяне ёсць... Туманочку!!.
Тумане, мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
Не я цябе хрысціць буду
На марную долю,
Перахрысцяць цябе людзі,
Я ж не буду знаці,
Як завешся... Дзіця маё!
Жыла я ў багацці...
Не лай мяне! Я выпрашу
I вымалю ў бога
Долю, выплачу слязамі
Для сына малога!»
      Пайшла полем праз туманы,
Ішла і рыдала,
Ды праз слёзы ціха-ціха
Пра ўдаву спявала,
Як яна ў рацэ Дунаі
Сыноў пахавала.
      «Ой, у полі магіла,
Удава там хадзіла,
Ой, хадзіла, гуляла,
Зводу-зелля шукала.
Зводу-зелля не знайшла,
Ды сыноў двух прывяла,
У кітайку спавіла
I Дунаю аддала,
Ціхі-ціхі Дунай!
Маіх дзетак забаўляй,
А ты, жоўценькі пясок,
Даглядай сыноў, браток,—
Іх купай, спавівай
I сабой накрывай!»

I

      Быў сабе дзед ды баба.
Ля сажалкі ў гаі з даўных-даўна
      Вось так сабе жылі,
            Як дзетачак двое,—
            Усюды абое.
Пасвілі ягнят, як малыя былі,
            А потым пабраліся,
            Набытку даждаліся,
      Прыдбалі хутар і млынок,
      Развялі сабе садок
            I пчальнік да яго —
            Надбалі ўсяго.
Ды вось няма дзяцей у бабы з дзедам,
А смерць з касою ходзіць следам.
      Хто ж іх старасць прывітае,
Дзіцем родным стане?
Хто заплача, пахавае,
Зробіць памінанне?
Хто, дабро спажыўшы, чэсна
Пражыве на свеце?
Хто з падзякай іх успомніць,
Як родныя дзеці?
Цяжка дзетак гадаваці
У бязверхай хаце,
А яшчэ цяжэй старэцца
У белым палацы
I па смерці ўсё пакінуць —
I дабро і хату —
Чужым людзям, чужым дзецям
На здзек, на растрату.

II

      На прызбе неяк у нядзелю
Дзед з бабаю сабе сядзелі
Так хораша ў кашулях белых,
Старыя косці сонца грэла —
Ні хмаркі ў небе — ціха-ціха.
Ды люба, быццам гэта рай,
Ды ў сэрцы ім залезла ліха,
Як дзікі звер у цёмны гай.
      У такім раю чаго ж бы
Старым сумаваці?
Ці не ліха даўнейшае
Прачнулася ў хаце?
Ці прыдушанаму ўчора
Вярнулася сіла?
Ці мо сёння завялося
Ды рай запаліла?
      Аб чым сумуюць, я нічога
Пра гэта не магу сказаць.
Мо ўжо збіраюцца да бога?
Дык хто ў вялікую дарогу
Ім будзе коні запрагаць?
«А хто нас, Насця, пахавае,
Калі памром?» — «Хіба я знаю?
Я сама ўсё меркавала —
Думкі спанавалі:
Адзінокія, старыя...
Каму мы надбалі
Дабра таго?» — «Чакай крыху!
Чуеш? Нехта плача
Ля варот... Нібы дзіцятка!
Пабяжым жа!.. Бачыш?
Казаў жа я, нешта будзе!»
Ускочылі разам,
Падбягаюць, спыніліся!
Перад пералазам,
Ля варот ля самых бачаць —
Дзіцянё спавіта —
Дый не туга, новенькаю
Світкаю накрыта.
Гэта маці спавівала,
Накрыла і летам
Дзіцянё апошняй світкай!..
Здзіўленыя гэтым,
Старэнькія маліліся,
А яно, як знае:
Напружыла ручаняткі
Ды ім выстаўляе
Маленькія... I замоўкла,
Нават і не плача,
Толькі ўсхліпвае. «Ну, Насця?
Я ж казаў! Вось бачыш?
Вось і шчасце, вось і доля
Старым, адзінокім!
Бяры ж хутчэй ды спавівай!..
Вунь які, няўрокам!..
Нясі ў хату, а я зараз
Прыбягу з кумамі
З Гарадзішча...»
                        Дзіўна неяк
Робіцца між намі!
Адзін сына праклінае,
З хаты выганяе,
Другі свечку, небарака,
Потам зарабляе,
Рыдаючы, ставіць яе
Перад абразамі —
Няма дзяцей!.. Дзіўна неяк
Робіцца між намі!

III

      Аж тры пары на радасці
Кумоў назбіралі,
Ды вечарам ахрысцілі
I Маркам назвалі.
Расце Марка. Старэнькія
З радасці часамі,
Дзе пасадзіць, дзе палажыць,
Не ведаюць самі.
Мінае год. Расце Марка —
Для яго карова
У раскошы купаецца,
Каб ён быў здаровы.
Чарнабровая аднойчы
Прыйшла маладзіца
На той хутар да старэнькіх
У наймы прасіцца.
«А што ж? — кажа.—
                      Возьмем, Насця!»
«Ды возьмем, Трахіме,
Не дагледзім мы, старыя,
Вачыма сваімі.
Падрасло дзіця ўжо, праўда,
А ўсё ж такі трэба
Каля яго пільнавацца».
«Ды яно-то трэба,
Бо я сваю ўжо частачку
Пражыў, дзякуй богу.
Падтаптаўся. Дык што ж цяпер,
Што возьмеш, нябога,
За год, ці як?» — «А што дасце...»
«Каб не мець утраты,
Загадзя лічы, дачушка,
Колькі будзе платы,
Бо сказана: хто не лічыць,
Дык той і не мае.
Хіба так вось, маладзіца:
Ні ты нас не знаеш,
Ні мы цябе, пажывеш тут,
Разгледзішся ў хаце,
Вось тады нам лёгка будзе
Гаварыць пра плату.
                    Ці так, дачка?»
«Добра, дзядзька!»
«Дык заходзь у хату!»
Абжылася маладзіца —
Твар яе вясёлы,
Нібы стала жонкай пана,—
Закупіла сёлы!
Увіхаецца старанна
У дварэ і ў хаце,
I вечарам і досвіткам,
А каля дзіцяці
I ў нядзелю, і ў будны дзень —
Як тая матуля:
Галовачку яму мые,
Белую кашулю
Штодзень божы надзявае,
Пяе, забаўляе,
Робіць возікі, а ў свята
I з рук не спускае.
Аж дзівяцца старэнькія —
Богу шлюць падзяку,
А наймічка няўтомная
Штоноч, небарака,
Сваю долю праклінае,
Горка-горка плача,
I ніхто таго не чуе,
I ніхто не бачыць.
Апрача малога Маркі,
Дык ён жа не знае,
Чаго наймічка слязамі
Яго абмывае,
Чаму так яго цалуе,
Быццам ён ёй родны,
Не даесць сама, каб толькі
Ён не быў галодны.
А калі ён у калысцы
Часам сярод ночы,
Прачнуўшыся, зварухнецца,
Дык яна і ўскочыць,
Перахрысціць і накрые,
Ціха закалыша,
Чуе Ганна цераз хату,
Як малое дыша.
Раніцою ручаняты
Марка выстаўляе
I мамаю няўтомнаю
Ганну велічае.
Ён не знае, расце сабе,
Расце, падрастае.

IV

      Гадоў нямала прамінула,
Вады нямала працякло,
На хутар ліха заглянула,
I слёз нямала там было.
Бабусю Насцю пахавалі
I дзеда ледзь адратавалі,
Па свеце ліха прагуло,
Пасля заснула. Стаў нанова
Патроху хутар ажываць,
I шчасце зноў прыйшло з дубровы
Да дзеда ў хату спачываць.
            Ужо Марка чумакуе
      I восенню не начуе
      Ні ў хаце, ні пад хатай,—
      Каго-небудзь яму сватай!
Стары думае: «Каго ж бы?»
I просіць парады
У наймічкі. А наймічка
Да царэўны б рада
Сватоў паслаць: «Трэба ў Маркі
Запытаць самога».
«Добра, дачка! Запытаем
Ды за справу з богам!»
Сталі радзіцца, пытацца,
А пасля з сватамі
Пайшоў Марка. Вярнуліся
Людзі з ручнікамі,
З святым хлебам абмененым.
Высваталі панну —
Хоць бы гетманусамому,
Дык было б да стану.
I дзе яны гэтакае
Дзіва напаткалі?!
«Дзякуй жа вам! — стары кажа,—
Цяпер, каб вы зналі,
Да канца давесці трэба —
Дзе, калі вянчаці,
Дый вяселле! Вось яшчэ што:
Хто ў нас будзе маці?
Не прыждала мая Насця!..»
Заліўся слязамі.
А наймічка ўхапілася
За вушак рукамі,
У парозе абамлела.
Ціха стала ў хаце,
Толькі наймічка шаптала:
«Маці... маці... маці!»

V

      Цераз тыдзень маладзіцы
Каравай мясілі
На хутары. Стары бацька,
Колькі мае сілы,
З маладзіцамі танцуе
Ды двор вымятае,
Каго ўбачыць на дарозе —
У двор запрашае,
Ды гарэлкаю частуе,
На вяселле просіць,—
Забегаўся, аж самога
Ледзьве ногі носяць.
Чуцен рогат і гармідар
Аж на ўсім падвор’і.
Павыносілі начоўкі
З новае каморы.
Кожны ўходжваецца: варыць,
Падмятае, мые —
Чужыя ўсё. Дзе ж наймічка?
Пайшла яна ў Кіеў
Памаліцца. Прасіў стары,
А Марка аж плакаў,
Каб яна была за матку.
«Не, Марачка, дзякуй!
Быць мне маткай не да твару —
Багатыя ж людзі,
А я наймічка... Смяяцца
Кожны з цябе будзе.
Няхай бог вам памагае!
Пайду памалюся
Усім святым у Кіеве
Дый да вас вярнуся.
Як прымеце мяне ў хату,
Пакуль маю сілы,
Папрацую...»
                 Шчырым сэрцам
Паблагаславіла
Свайго Марку... Заплакала,
Пайшла за вароты.
      Разгарнулася вяселле —
Музыкам работа
I падковам. Гарэлкаю
Сталы, лавы мыюць,
А наймічка кандыбае,
Спяшаецца ў Кіеў.
Прыйшла ў Кіеў — не спачыла,
У мяшчанкі стала,
Нанялася ваду насіць,
Бо грошай не стала
На імшу святой Варвары.
Насіла, насіла,
Копаў з восем зарабіла,
Шапачку купіла
Потым Марку ў пячэрах
Івана святога,
Каб галоўка не балела
Ў Марка маладога.
I пярсцёнак у Варвары
Нявестцы дастала,
I, адбіўшы ўсе паклоны,
Дамоў пакульгала.
      Вярнулася. Кацярына
I Марка сустрэлі,
Запрасілі яе ў хату,
За стол з ёю селі,
I паілі, і кармілі,
Пра Кіеў пыталі,
А пасля яе ў пакоі
Адпачыць паслалі.
«За што яны мяне любяць?
За што паважаюць?
О мой божа міласэрны!
Можа, яны знаюць...
Дагадаліся ўжо, можа...
Хаця не,— сказала,—
Яны добрыя...» I Ганна
Цяжка зарыдала.

VI

      Тройчы крыга замярзала,
Тройчы раставала,
Тройчы ў Кіеў Кацярына
Ганну выпраўляла,
Быццам маці. I ў чацвёрты
Правяла ў дарогу
Пад курган той, што на полі,
Ды прасіла бога,
Каб хуценька вярнулася:
Без яе ж у хаце
Неяк сумна, быццам хату
Пакінула маці.
      Раз у нядзелю на прачыстай
На прызбе на сваёй Трахім
Сядзеў сабе ў кашулі чыстай,
Капелюшы. А побач з ім
Унук з сабакам забаўляўся.
А ўнучка, ў матчынай спадніцы,
Прыйшла, як ходзяць маладзіцы,
Да дзеда ў госці. Засмяяўся
Стары і ўнучку прывітаў,
Нібы сапраўдную кабету.
«А булкі дзе ж табой падзеты?
Ці мо хто ў лесе адабраў?
Ці мо забылася ты ў хаце?
А мо зусім не напякла?
Э, сорам! Вылітая маці!»
Аж зірк! — і наймічка ўвайшла
У двор. Пабег дзед сустракаці
З унукамі сваю Ганну.
«А Марка ў дарозе?» —
Ганна ў дзеда спыталася.
«Яшчэ ўсё ў абозе».
«А я ледзьве дадыбала
Да вашай хаціны.
Не хацела паміраці
Адна на чужыне.
Каб хоць Маркі дачакацца!..
Нешта цяжка стала...»
I з клуначка яна ўнукам
Гасцінцы вымала:
Медалікі і крыжычкі,
Пацерак шнурочак
Ярыначцы і чырвоны
З фольгі абразочак,
А для Карпа салавейку
Ды конікаў пару,
А чацвёрты аж пярсцёнак
Ад святой Варвары
Кацярыне, а старому
З восачку святога
Тры свечачкі. Толькі Марку
I сабе нічога
Не прынесла: не купіла —
Грошай не хапіла,
Зарабіць жа не прыйшлося.
«Яшчэ асталося
Бараначка палавінка».
Дзецям раздзяліла.

VII

Зайшла ў хату. Кацярына
Памыла ёй ногі,
Палуднаваць пасадзіла.
Не ела нічога
Ганна, толькі запытала:
«Калі ў нас нядзеля?»
«Паслязаўтра».— «Трэба будзе
Акафіст наняці
Ды святому Мікалаю
На часціну даці,—
Бо вось Марка забавіўся...
Можа, дзе ў дарозе
Занядужаў, не дай божа!»
Закапалі слёзы
З старых вачэй памутнелых,
Ледзьве Ганна ўстала,
Прамовіла:
                  «Кацярына!
Я не тая стала,
Знядужала, не магу ўжо
I на ногі ўстаці.
Цяжка, Катра, паміраці
Ў чужой, цёплай хаце!»
      Захварэла, небарака.
I прычасць прымала,
Мазалі святым алеем —
Не дапамагала.
Стары Трахім па надворку
Як прыбіты ходзіць,
Кацярына ж з хворай Ганны
I вачэй не зводзіць —
Ад пасцелі не адходзіць
Ні ўдзень ні ўночы,
А тым часам на каморы
Сыч бяду прарочыць.
Непакоіцца ўсё Ганна.
Штодзень, штогадзінна
Ледзьве чутна пытаецца:
«Скажы, Кацярына,
Яшчэ Марка не прыехаў?
Ох, каб жа я знала,
Што даждуся, што пабачу,—
Яшчэ б пачакала!»

VIII

      Ідзе Марка з чумакамі,
Ідучы спявае,
Спыняецца на папаску —
Дамоў не спяшае.
Вязе Марка Кацярыне
Сукна дарагога,
Чырвонага шоўку пояс
Вязе для старога.
I каптур вязе для Ганны
З парчы залатое,
I чырвоную ёй хустку
З белаю каймою.
А дзетачкам чаравічкі,
Фіг ды вінаграду,
А ўсім разам чырвонага
Віна з Цараграду
Вёдзер мо са тры ў бачурцы,
Ікры рознай з Дона —
Вязе ўсяго, не ведае,
Што робіцца дома.
      Ідзе Марка, не журыцца,
Прыйшоў, дзякуй богу!
I вароты адчыняе,
I моліцца богу.
«Вось, ці чуеш, Кацярына?
Бяжы, сустракай ты!
Прыйшоў ужо! Бяжы хутчэй
Ды вядзі дахаты!
Дзякуй табе, хрысце-божа!
Ледзь я прычакала!»
I «Ойча наш» ціха-ціха,
Як праз сон, шаптала.
      Стары валы выпрагае,
Ярмо прыбірае,
Кацярына гэтым часам
Марку аглядае.
«А дзе ж Ганна, Кацярына?
Я сабе й не дбаю!
Мо памерла?» — «Не памерла,
А вельмі слабая.
Пойдзем у малую хату,
Покуль выпрагае
Валы бацька, яна цябе
Вельмі ўжо чакае».
Увайшоў у хату Марка
I стаў ля парога...
Аж спужаўся. Ганна шэпча:
«Дзякуй... Дзякуй богу!
Хадзі сюды, не пужайся!
Выйдзі з хаты, Каця:
Нешта маю запытаць я,
Нешта расказаці».
Выйшла з хаты Кацярына,
А Марка схіліўся
Да наймічкі. Прашаптала:
«Марка! Прыглядзіся,
Прыглядзіся да мяне ты!
Бач, як я змарнела.
Я не Ганна, не наймічка,
Я...» — і занямела.
Марка плакаў і дзівіўся.
Зноў вочы адкрыла,
Пільна глянула, ды зрок ёй
Сляза засланіла.
«Даруй ты мне! Мучылася
Век я ў чужой хаце!..
Даруй жа мне, мой сыночак!
Я... Я твая маці!»
I замоўкла...
                  Самлеў Марка —
Зямля задрыжала.
Прахапіўся — да мацеры,
А маці ўжо спала.
1845
У Пераяславе

КАЎКАЗ

Шчыраму майму Якаву дэ Бальмену[97]

Кто даст главе моей воду, и очесем моим источник слез, и плачуся и день и нощь, о погибиенных...

Иеремии, глава 9, стих 1
За гарамі горы, хмараю спавіты,
Засеяны горам, крывёю паліты!
Спакон веку Праметэя
Там арол карае,
Штодзень божы яму рэбры
Й сэрца разбівае,
Разбівае, ды не вып’е
Крыві жывой з сэрца —
Ізноў яно ажывае
Ды ізноў смяецца.
Не ўмірае душа наша,
Не ўмірае воля,
I пражора не выара
На дне мора поле,
Не скуе душы жывое
I слова жывога,
Не паганьбіць славы бога,
Вялікага бога.
      Не нам у спрэчку з табой стаці!
Не справы нам твае судзіць!
Нам толькі плакаць, плакаць, плакаць
I хлеб штодзённы замясіць
Крывавым потам і слязамі.
I каты бэсцяцца над намі,
А праўда наша п’яна спіць.
Калі яна пратрэ вочы?
Калі адпачыці
Ляжаш, стомлены ты, божа,
I нам дасі жыці?
А мы верым тваёй сіле
I духу жывому,
Праўда ўстане! Воля ўстане!
I табе адному
Памоляцца ўсе языкі[98]
Вавекі і векі.
А пакуль што цякуць рэкі,
Крывавыя рэкі!..
За гарамі горы, хмарамі спавіты,
Засеяны горам, крывёю паліты!
Вось тамка міласцівы мы...
Бы тую лань у чыстым полі,
Злавілі залатую волю
Дый цкуямо... Лягло касцьмі
Людзей муштрованых нямала.
А слёз? Крыві? Ўсіх напаіць
Тут імператараў бы стала
З дзяцьмі і ўнукамі, ўтапіць
У ўдовіх слёзах... А дзявочых,
Пралітых скрытна сярод ночы?
А матчыных гарачых слёз,
А бацькавых, старых, крывавых?
Не рэкі — мора... Льецца скрозь
Крывёю мора! Слава! Слава!
Хартам, і гончым, і псарам,
I нашым бацюшкам-царам!
                       Слава!
I вам слава, скалы, горы,
Снягамі спавітым,
I вам, рыцарам вялікім,
Богам незабытым!
Змагайцеся, а зможаце:
Вам бог памагае!
За вас праўда, за вас слава
I воля святая!
      Чурэк[99] і сакля[100] — ўсё тваё:
Яно не прошана, не дана,
Ніхто й не возьме за сваё,
Не павядзе цябе ў кайданах.
А ў нас!.. На то ж пісьменны мы,
Чытаем божыя глаголы!
I ад глыбокае турмы
Ды да высокага прастола —
Усе мы ў золаце і голы.
Да нас вучыцца! Наўчым мы,
Пачым і хлеб, і соль пачым!..
Мы хрысціяне: цэркваў ў волю,
Усё дабро, сам бог у нас!
Нам толькі сакля вочы коле:
Чаго яна стаіць у вас,
Не намі дана? Чаму вам
Чурэк жа ваш, ды вам не кінем,
Як таму псу! Чаму вы нам
Плаціць за сонца не павінны,—
Ці ж гэта ўсё!.. Мы не паганы,
Сапраўдныя мы хрысціяне —
Крыхой мы сыты! А зато,
Як бы вы з намі падружылі,
Мы шмат чаму б вас навучылі!
У нас жа й свету... Як на то —
Адна Сібір неісхадзіма!
А турм? А люду? Што й лічыць?
Ад малдаваніна да фіна
На мовах ўсіх усё маўчыць...
Бо благадзенствуе... У нас
Святую біблію чытае
Святы чарнец і навучае,
Што цар якісь-та свінні пас[101]
Ды, ўзяўшы сабе жонку ў друга,
Забіў ён друга й валацуга.
На небе сеў, так як і ў нас
Сядзяць на небе! Вы йшчэ цёмны,
Святым крыжом не прасвяшчоны.
Навучым мы! У нас дзяры,
      Дзяры ды дай —
      I проста ў рай,
Хоць і радню ўсю забяры!
У нас! Чаго толькі не ўмеем?
I зоры лічым, грэчку сеем,
Французаў лаем. Прадаем
Або і ў карты прайграем
Людзей... не неграў... а такіх,
Хрышчоных жа... але прастых[102],
Мы не гішпаны[103]! Крый нас божа,
Крадзенае перакупляць,
Як гандляры: мы па закону!..
      Па закону апостала
Вы любіце брата?
Суесловы, ліцамеры,
Госпадам пракляты!
Вы бо любіце на браце
Скуру, а не душу!
Дый лупіце па закону:
Дочцы на кажушак,
На пасаг байстручаняці,
Жонцы на гарсэцік,
Для сябе ж — аб чым не знаюць
Ні жонка, ні дзеці!
      За каго ж ты распінаўся,
Хрысце, сыне божы?
За нас, добрых, ці за слова
Ісціны? Ці, можа,
Каб мы цябе асмяялі?
Яно ж так і стала!
      Капліцы, храмы і іконы,
I свечкі, і кадзіла дым,
I перад вобразам тваім
Бесперапынныя паклоны —
За крадзеж, за вайну, за кроў,—
Каб братнюю праліць кроў, просяць,
I после ў дар табе прыносяць,
З пажару ўкрадзены пакроў!!
      Прасвяціліся!.. Ды хочам
Для другіх прасветы,
Сонца праўды паказаці
Сляпым, бачыш, дзеткам...
Ўсё пакажам! Толькі дайце
Сябе ў рукі ўзяці.
Як і турмы мураваці,
Кайданы каваці
I насіць як... I як плесці
Бізун з вузлаваццем,—
Ўсяго наўчым! Толькі дайце
Свае скалы, горы
Астатнія... бо ўжо ўзялі
I поле і мора!
      I цябе загналі, мой дружа ядыны,
Якаве мой добры! Не за Украіну,
А за яе ката прыйшлося праліць
Светлую сваю кроў,— атрутай запіць —
З маскоўскае чашы атрутны напітак!
О мой дружа добры! Дружа незабыты!
Жывою душою на Ўкрайне вітай;
Лётай з казакамі па-над берагамі,
Разрыты магілы ў стэпе назірай,
Заплач з казакамі дробнымі слязамі
І мяне з няволі ў стэпе выглядай!
А пакуль што — мае думы,
Маё злое гора,
Зіяць будуць і растуць хай
Ды з ветрам гавораць...
Вецер ціхі з Украіны
Панясе з расою
Мае думы да цябе аж!..
Братняю слязою
Ты іх, дружа, прывітаеш,
Веру, не прагоніш...
I магілы, стэпы, мора
I мяне ты ўспомніш.
1845
У Пераяславе

I МЁРТВЫМ, I ЖЫВЫМ, I НЕНАРОДЖАНЫМ ЗЕМЛЯКАМ МАІМ НА УКРАІНЕ I НЕ НА УКРАІНЕ МАЁ СЯБРОЎСКАЕ ПАСЛАННЕ

Аше кто речет, яко люблю бога, а брата своего ненавидит, ложь есть.

Соборно[е] послание Иоанна, глава 4, с. 20
    I змяркае, і світае,
Дзень божы мінае,
Зноў і стомленыя людзі,
I ўсё спачывае.
Толькі я, нібы пракляты,
I дзень, і ноч плачу
На шматлюдных раздарожжах,
I ніхто не бачыць.
I не бачыць, і не знае —
Аглухлі, не чуюць,
Кайданамі мяняюцца,
Праўдаю гандлююць
I госпада зневажаюць —
Людзей запрагаюць
У ярмо, аруць жа ліха,
Ліхам засяваюць,
А што ўродзіць? Пабачыце,
Што за жніва будзе.
Схамяніцеся ж, нарэшце,
Вырадкі — не людзі!
Паглядзіце на рай ціхі,
На сваю краіну,
Палюбіце вялікую
Гэтую руіну!
Раскуйцеся, братайцеся
I ў чужой краіне
Не шукайце, не пытайце,
Чаго няма ў свеце,—
Не знайсці таго ніколі
На чужыне ў полі.
Свая ж хата — свая праўда,
Свая сіла й воля.
      Няма на свеце Украіны,
Другога не знайсці Дняпра,
А вы працеся на чужыну
Шукаць там добрага дабра,
Дабра святога. Волі! Волі!
Братэрства братняга. Знайшлі,
Прынеслі к нам з чужога поля:
На Ўкраіну з чужой зямлі
Вялікіх слоў прынеслі многа,
Нічога больш. А крычыцé,
Што не затым вы жывяцё,
Каб кланяцца няпраўдзе ў ногі,
I хіліцеся горш былога!
I зноў вы скуры дзераце
З братоў няшчасных, грэчкасеяў,
I сонца праўды сузіраць
Туды, да немцаў-дабрадзеяў,
Працеся зноў вы. Каб забраць
Маглі нікчэмнае з сабою
I крадзенае ўсё дабро,
Тады б астаўся сіратою
З святымі горамі Дняпро!
      Каб вам не вярнуцца, каб так яно стала!
Каб там і здыхалі, дзе вы параслі,
Не плакалі б дзеці, маці не рыдала
I словы б знявагі не чутны былі.
I сонца б не грэла смярдзючага гною
На чыстай, шырокай, на вольнай зямлі.
Не ведалі б людзі, што вы за арлы,
I не паківалі б на вас галавою.
      Майце розум, будзьце людзі,
Бо ліха вам будзе!
Раскуюцца неўзабаве
Скованыя людзі.
Суд настане, загавораць
I Дняпро, і горы!
Кроў пацячэ дзяцей вашых
У сіняе мора
Сторэкамі... I не будзе
Каму памагаці:
Адцураецца брат брата
I дзіцяці маці,
I дым хмараю заслоніць
Сонца перад вамі,
Будзеце навек пракляты
Сваімі сынамі!
Умыйцеся! Вобраз божы
Не паганьце самі!
Не дурыце дзяцей вашых,
Што яны панамі
Быць над іншымі павінны,
Бо простае вока
Гляне ў самую душу ім
Глыбока! Глыбока!
Дазнаюцца небаракі,
Чыя на вас скура,
I асудзяць... I прамудрых
Простыя абдураць.
      Каб вы вучыліся як трэба,
То й мудрасць бы была свая,
А то залезеце на неба:
I мы — не мы, і я — не я!
I я ўсё бачыў і ўсё знаю:
Няма ні пекла, ані раю,
Няма і бога, толькі я!
Яшчэ куртаты, хітры немец,
А больш нікога!
                        Як жа скеміць,
Што ты такое?
                      Я не знаю —
Няхай скажа немец!
Так праходзіце навуку
У чужым вы краю!
Немец скажа: «Вы манголы!» —
«Манголы! манголы!»
Залатога Тамерлана[104]
Я патомак голы!
Немец скажа: «Вы славяне!»
«Славяне! Славяне!
Слаўных прадзедаў вялікіх
Праўнук я паганы!»
I Колара[105] чытаеце
Вы з усяе сілы,
I Шафарыка, і Ганку[106],
I ў славянафілы
Вы працеся, і ўсе мовы
Славянскіх народаў
Вы знаеце, а сваю як?
Дасць бог, год ад году
I па-свойму загаворым,
Як немец пакажа —
I тым часам гісторыю
Нашу нам раскажа.
Вось тады мы завінемся!
Завіхацца сталі:
Па нямецкаму загаду
Так забалбаталі,
Што аж сам не ўцяміць немец —
Вучыцель вялікі,
А ўжо дзе там простым людзям!
А гвалту, а крыку!
«I гармонія, і сіла,
Музыка, дый годзе!
А гісторыя? — Паэма
Аб вольным народзе!
Што рымляне побач з намі!
Бруты-недарэкі!
У нас Бруты[107] і Коклесы[108]
Слаўныя навекі!
Воля ў нас расла і твар свой
Дняпром умывала,
Пад галовы горы слала,
Стэп — ёй пакрывала».
Кроўю твар яна ўмывала,
А спала на купах,
На казацкіх вольных трупах,
Абкрадзеных трупах!
Прачытайце толькі добра,
Разбярыце зноў вы
Тую славу. Ды чытайце
Ад слова да слова:
Ані цітла[109], ані коскі
Нідзе не мінайце,
А тады — хто мы такія? —
Пра сябе спытайце.
Чые сыны? Якіх бацькоў?
Кім, за што закуты?
Дык пабачыце, што вось хто
Вашы тыя Бруты.
      Рабы, падлізы, гразь Масквы,
I гетман ваш яснавяльможны —
Варшавы панскай бруд падножны.
Чаго ж вы хваліцеся — вы,
Сыны Украіны гаротнай?
Што добра ходзіце ў ярме,
Лепш нават, як бацькі хадзілі?
Дарэмна: з вас дзяруць рамень.
А з іх, бывала, лой тапілі.
Можа, гонар ваш, што брацтва
Веру бараніла,
Што Сінопам, Трапезонтам[110]
Галушкі варыла?
Праўда, праўда, яны елі,
А вам цяпер шкодзіць,
I на Сечы мудры немец
Бульбу ўжо разводзіць[111],
А вы яе купляеце,
Ясцё на здароўе
Ды славіце Запарожжа.
А чыёю ж кроўю
Зямля гэта напоена,
Што так бульбу родзіць?
Усё роўна вам, каб толькі
Радзіла ў гародзе.
Хваліцеся, што мы Польшчу
Некалі звалілі!..
Польшча ўпала, ды абломкі
Вас жа раздушылі!
Дык вось як кроў бацькі лілі
I за Маскву, і за Варшаву!
I вам, сынам, перадалі
I кайданы свае, і славу!
Дазмагалася Ўкраіна
Да самага краю.
Горш за ляха свае дзеці
Яе распінаюць.
Замест піва кроў з рабрынаў
Праліваць ахвочы.
I сучаснымі агнямі
Мацерыны вочы
Прасвятляюць: хай за векам
Крочыць недарэка,
Хай за немцам патрапляе
Сляпая калека!
Што ж, вядзіце, паказвайце,
Хай старая маці
Навучаецца дзяцей тых
Новых даглядаці.
Паказвайце! За навуку
Маці добра вельмі
Вам заплаціць калі-небудзь:
Распадуцца бельмы
На вачах паганых вашых,
I жывую сілу
Дзядоў сваіх пабачыце,
Бацькоў хітрых справу.
Не дурыце самі сябе!
Думайце, чытайце,
Пераймаючы чужое,
Свайго не кідайце.
Бо хто маці забывае,
Таго бог карае,
Таго дзеці цураюцца,
Ў хату не пускаюць.
Чужаніцы праганяюць,
I няма ліхому
На зямлі на ўсёй бяскрайняй
Вясёлага дому.
Я рыдаю, як згадаю
Ці як мне прысніцца
Мінулае Украіны.
Каб яго забыцца,
Я аддаў бы вясёлага
Веку палавіну.
Вось якая наша слава,
Слава Украіны!..
Вось так і вы прачытайце,
Каб наяве снілі
Усе крыўды. Каб усталі
Тыя, што ў магіле,
Перад вашымі вачамі,
Каб вы распыталі
Пакутнікаў: каго, калі,
За што распіналі!
Абніміце ж, браты мае,
Найменшага брата —
Няхай маці слёзы вытра,
Бо ліла багата.
Хай сыноў благаслаўляе
Цвёрдымі рукамі
I дзетачак пацалуе
Вольнымі губамі.
I забудземся пра сорам
Даўняе гадзіны,
I паўстане наша слава,
Слава Украіны.
Промень ясны, невячэрні
Ціха нам засвеціць.
Абніміцеся ж, малю вас,
Адной маткі дзеці!
1845
Уюнішча

ХАЛОДНЫ ЯР[112]

      У кожнага сваё ліха,
I ў мяне не ціха;
Хоць не сваё — пазычана,
А ўсё-такі ліха.
Ды ці варта ўспамінаці,
Што даўно мінула,
Бо нашто будзіць старое?
Добра, што заснула!..
Хоць бы Яр той! Да яго ўжо
Сцежачкі малое
Не асталася, здаецца,
Што ніхто нагою
Не ступіў там. А прыпомніш,
Дык была дарога
З манастыра Мотрынага
Да Яру страшнога.
Там калісьці гайдамакі
Табарам стаялі,
Рыхтавалі самапалы,
Пікі майстравалі.
У Яр тады схадзіліся,
Бы з крыжоў іх знялі,
Бацька з сынам і брат з братам.
Разам яны сталі
На ворага на хітрага,
На лютага ляха.
      Дзе ж ты дзеўся, ў Яр глыбокі
Пратаптаны шляху?
Ці сам зарос цёмным лесам,
Ці то засадзілі
Кáты новыя? Каб людзі
К табе не хадзілі
На параду: што рабіць ім
З добрымі панамі,
Людаедамі ліхімі,
З новымі ляхамі?
Не схаваеце! Над Ярам
Залязняк вітае,
I на Умань пазірае,
Гонту выглядае.
Не хавайце, не тапчыце
Святога закона!
Не завіце прападобным
Лютага Нерона[113]!
Не бахвальцеся вы царскай
Вайною святою!
Хто з вас знае, што царыкі
Гандлююць крывёю,
А крычыце, што нясеце
I душу і скуру
За ацечаства!.. Яй-богу,
Авечча натура:
Дурны шыю падстаўляе
I за што не знае!
Дый шчэ Гонту зневажае,
Лядашчая зграя!
«Гайдамаки не воины,—
Разбойники, воры,—
Пятно в нашей истории[114]...»
Брэшаш, людамора!
За святую праўду-волю
Разбойнік не стане,
Не раскуе закаваны
Ў вашыя кайданы
Народ цёмны. Не зарэжа
Лукавага сына,
На агонь не кіне сэрца
За сваю краіну.
Вы — драпежныя злачынцы.
Прагныя вароны!
Па якому праўдзіваму
Святому закону
I зямлёй усенароднай,
I сардэчным людам
Гандлюеце?! Асцярожна,
Ліха ж вам, прыблудам,
Будзе!.. Дурыце вы дзяцей
I брата сляпога,
Дурыце вы сябе, чужых,
Не дурыце ж бога.
Бо ў дзень радасці час прыйдзе,
Падзе на вас кара,
I павее агонь новы
З Халоднага Яру.
14 снежня 1845
Уюнішча

МАЛЕНЬКАЙ МАР’ЯНЕ

Расці, расці, мая птушка,
Макавы мой цвеце,
Развівайся, пакуль тваё
Не разбіта сэрца.
Пакуль людзі не дазналі
Ціхае даліны.
А дазнаюць — пагуляюць,
Засушаць ды кінуць.
Ані годы маладыя,
Спавіты красою,
Ні карыя ачаняты,
Умытыя слязою,
Тваё сэрца залатое,
Добрае дзявоча —
Не заступіць, не закрые
Прагныя іх вочы.
Знойдуць злыя дый абкрадуць...
I табе, убогай,
Створаць пекла... Замучышся
I праклянеш бога.
Не красуй жа, цвеце новы,
Неразвіты цвеце!
Завянь ціха, пакуль тваё
Не разбіта сэрца.
1845
Уюнішча

***

      Мінаюць дні, мінаюць ночы,
Мінае лета; шапаціць
Ліст пажаўцелы; гаснуць вочы,
Заснулі думы, сэрца спіць,
I ўсё заснула... I не знаю,
Ці я жыву, ці дажываю,
Ці так бадзяюся за грэх,
Бо ўжо заціх мой плач, мой смех.
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
      Спаць не дай ты хадзячаму,
Астудзіцца сэрцам
I гнілою калодаю
Валяцца па свеце.
А дай жыці, сэрцам жыці
I людзей любіці.
А калі не... то праклінаць
I свет запаліці!
      Страшна ў ланцугі упасці,
Канаць у няволі,
А шчэ горай — спаці, спаці
I спаці на волі.
I заснуць, заснуць навекі
I следу не кінуць
Ніякага: адналькова —
Ці жывы, ці згінуў!..
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты?
Мне хоць бы якую!
Калі добрай, бог, шкадуеш,
Дай хоць злую, злую!
1845
Уюнішча

ТРЫ ГАДЫ

    I дзень не дзень, і йдзе не йдзе,
А годы стралою
Пралятаюць, забіраюць
Добрае з сабою.
Абкрадаюць мары-думы,
Аб халодны камень
Разбіваюць сэрца наша
I спяваюць аман.
Аман шчыраму вяселлю
З гэтых дзён навекі.
I кідаюць на растані
Сляпога калеку.
Невялікія тры годы
Праляцелі скора...
А багата ў маёй хаце
Нарабілі гора.
Апустошылі мне сэрца,
Што жыло паціху,
Пагасілі добрае ўсё,
Запалілі ліха.
Высушылі чадам-дымам
Добрыя слязіны,
Што на тракце на маскоўскім
Ліў я з Кацярынай,
Што ліліся з казакамі
Ў турэцкай няволі,
I Аксану, маю зорку,
Маё шчасце-долю,
Штодзень божы умывалі...
Пакуль злыя леты
Не падкраліся, пакралі
Адразу ўсё гэта.
Шкода бацькі, шкода маткі,
Шкода жонкі мілай,
Вясёлую, маладую,
Класці у магілу,—
Браты мае, жаль вялікі!
Цяжка гадаваці
Малых дзетак непамытых
У сцюдзёнай хаце!
Ліха злое, ды не тое,
Як таму дурному,
Што палюбіць, пабярэцца,
А яна другому
За тры грошы прадаецца
Ды з яго смяецца.
Вось дзе ліха! Вось дзе сэрца
Разам разарвецца!
Вось такое злое ліха
I мяне спаткала:
Людзей сэрца палюбіла,
Людзей мілавала.
I яны яго віталі,
Бавілі, хвалілі...
Годы краліся паціху
I слёзы сушылі —
Слёзы шчырага кахання...
I вось маё вока
Праяснела... Назіраю,—
А казаць нялоўка!
Дзе ні гляну, там не людзі,
А гадзюкі злыя...
I засохлі мае слёзы —
Слёзы маладыя.
Цяпер сэрца разбітае
Атрутай ратую —
I не плачу, не спяваю,
А савой крычу я.
Вось як справа! Што хочаце,
Тое і рабіце:
Ці голасна зневажайце,
Ці шэптам хваліце
Мае думы — усё роўна
Не вернуцца знова
Леты мае маладыя,
Вясёлае слова.
Не вернецца... I я сэрцам
Да вас не вярнуся.
Дзе падзенуся, не знаю,
Дзе я прытулюся,
З кім размову завяду я
У сардэчным суму,
Да каго пайду на споведзь
Са сваёю думай?
Мае годы! Мае думы,
Тры гады цяжкія!
Да каго вам прытуліцца,
Дзеці мае злыя?
Вам туліцца і не трэба.
Лепш паспіце ў хаце...
А я пайду чацвёрты год
Новы сустракаці.
Добры дзень жа, новы годзе,
У світцы старагодняй!
Што ў дзіравай нясеш торбе
Украіне роднай?
«Благадзенсцвіе, указам
Новым абгарнута».
Будзь здаровы, пакланіцца
Злыдням не забудзь ты.
1845
Уюнішча

ЗАПАВЕТ

      Як памру, дык пахавайце,
Дзе курган палынны,
Сярод стэпу шырокага
Мілай Украіны.
Каб шыракапола долы,
I Дняпро, і кручы
Мне відаць былі, каб чуў я,
Як раве равучы.
      Як пагоніць з Украіны
У сіняе мора
Кроў варожую... тады я
I долы і горы —
Ўсё пакіну і падамся
Да самога бога,
Памаліцца... А да тога —
Я не знаю бога.
      Пахавайце ды ўставайце,
Кайданы парвіце
I варожай злой крывёю
Волю акрапіце.
I мяне ў сям’і вялікай,
Ў сям’і вольнай, новай,
Не забудзьце — памяніце
Нязлым ціхім словам.
1845
Пераяслаўль

ЛІЛЕЯ

      «За што мяне, як расла я,
Людзі не любілі?
За што мяне, як вырасла,
Змоладу забілі?
За што яны цяпер мяне
Ў палацах вітаюць,
Царэўнаю называюць,
Вачэй не спускаюць
З майго цвету? I не знаюць,
Дзе мяне падзеці!
Скажы ты мне, мой браціку,
Каралёвы цвеце!»
«Сястра мая, я не знаю»,—
I цвет каралёвы
Прыхіліўся галоўкаю
Чырвона-ружовай
Да белага паніклага
Тварыка лілеі.
I заплакала лілея
Расою-слязою...
Заплакала і сказала:
      «Браце мой! З табою
Мы даўно ўжо кахаемся,
А я й не сказала,
Як была я чалавекам,
Як я гаварыла...
      Мая маці... Чаго яна,
Яна сумавала,
На мяне ўсё, на малую,
Пільна паглядала
I плакала. Я не знаю,
Браце даражэнькі!
Хто ўчыніў ёй ліха злое?
Я была маленькай,
Я ў гуляначкі гуляла,
А яна ўсё вяла,
Ды нашага злога пана
Кляла-праклінала
Дый памерла. А пан мяне
Узяў дагадаваці.
Вырасла я пешчаная
У белым палацы.
Я не знала, што байстручка,
Што яго дзяціна.
Пан паехаў дзесь далёка,
А мяне пакінуў.
I праклялі яго людзі,
I палац спалілі...
А мяне, за што не знаю,
Забіць — не забілі,
Толькі доўгія мне косы
Астрыглі, накрылі
Галаву мне анучаю
Дый шчэ рагаталі.
I нехрысці нячыстыя
На мяне плявалі.
Дык вось столькі, мой браціку,
Я цярпела здзекаў!
Маладога, кароткага
Людзі дажыць веку
Не далі мне. Я памерла
Зімою пад тынам,
А вясною зацвіла я
Краскай пры даліне —
Краскай белай, як снег белай!
Аж гай весяліла.
Зімой людзі не пусцілі
Ў хату... божа мілы!
А вясною светлым дзівам
Я ўсіх дзівіла.
Уквятчаліся дзяўчаты
I пачалі зваці
Лілеяю — снегацветам;
I я красаваці
Стала ў гаі, і ў цяпліцы,
I ў белых палацах.
Ты скажы мне, братку мілы,
Каралёвы цвеце:
Мне навошта бог прызначыў
Краскай быць на свеце?
Каб людзей я весяліла,
Тых жа, што забілі
Мяне й матку? Міласэрны,
Святы божа, мілы!..»
      I заплакала лілея.
А цвет каралёвы
Прыхіліўся галоўкаю
Чырвона-ружовай
Да белага паніклага
Тварыка лілеі.
Кіеў 1846
Ніжні Ноўгарад 1858

РУСАЛКА

      «Спарадзіла мяне маці
Ў палацах высокіх,
Ды купаць панесла ўночы
У Дняпры глыбокім.
Купаючы, размаўляла
Са мною, малою:
«Плыві, плыві, мая дзетка,
Дняпром за вадою.
Ды выплыві русалкаю
Заўтра сярод ночы,
А я выйду з ім гуляці,
А ты заласкочаш.
Заласкачы, маё сэрца:
Няхай не смяецца
Нада мною, маладою,
Няхай п’е-уп’ецца,
Не маімі кроў-слязамі —
Сіняю вадою
Днеправою... Няхай сабе
Гуляе з дачкою.
Плыві ж, мая дарагая!
Хвалі, мае хвалі!
Вы русалачку вітайце!..»
Ды і зарыдала,
Дый пабегла. А я сабе
Плыла за вадою,
Пакуль сёстры не сустрэлі,
Не ўзялі з сабою.
Ужо з тыдзень, як расту я,
З сёстрамі гуляю
Апаўночы ды з пакояў
Бацьку выглядаю.
Можа, маці зноў зышлася
З панам, вядзе гулі?
Мо смяецца і балюе
Грэшная матуля?»
Дый замоўкла русалачка,
У Дняпро нырнула,
Як плотачка. А лазіна
Веццем скалыхнула.
      Выйшла маці прагуляцца —
Ў палацах не спіцца;
Пана Яна няма дома,
Не з кім весяліцца.
А як прыйшла да берага,
Дачку прыгадала,
Прыгадала, як купала
I як прымаўляла.
Дый хоць бы што. Пайшла сабе
У палацы спаці.
Ды не дайшла — давялося
Ў Дняпры начаваці.
Не пачула, як дзяўчаты
Выйшлі сустракаці
З хваляў Дняпра. Ухапілі
Дый ну з ёй гуляці.
Рады-рады, што злавілі...
Доўга ласкаталі,
Покі ў невад не запхалі...
Ды зарагаталі.
Адна толькі русалачка
Не зарагатала.
Кіеў 1846
Ніжні Ноўгарад 1858

ВЕДЗЬМА Паэма

      Малюся, зноў надзею маю,
Нанова слёзы праліваю
I думу цяжкую маю
Нямым сцянам перадаю.
            Адгукнецеся ж, заплачце,
            Нямыя, са мною...
            Над няпраўдаю людскою,
            Над доляю злою.
            Адгукнецеся! За вамі,
            Можа, адгукнецца
            Несупыннае няшчасце
            I нам усміхнецца,
            Памірыць нас з нядоляю
            I з людзьмі і скажа
            Нам дзякуй: і памоліцца
            I ціха спаць ляжа.
      I прымірэннаму прысняцца
I людзі добрыя, й любоў,
Адно дабро. I ўстане ўранку
Вясёлы, і забудзе зноў
Сваю нядолю. I ў няволі
Пазнае рай, пазнае волю
I дабратворную любоў.
      Каля асенняга Міколы,
Абдзёртыя бадай дагола,
Бендэрскім шляхам уначы
Ішлі цыгане. А йдучы —
Звычайна, вольныя,— спявалі.
Ішлі, ішлі, а потым сталі.
Шацёр край шляху нацяглі,
Агонь не малы развялі
I навакола пасядалі.
Хто з шашлыком, а хто і так —
Затое вольны, як казак
Калісьці быў. Сядзяць і дрэмлюць,
А ў стэпу воддаль хтось спявае,
Мабыць, з прыданак маладзіца
Дадому п’яная ідзе.
«Ой, у новай хаце
Паклаліся спаці,
Дочка сніла смела:
Маці звар’яцела,
Свёкар ажаніўся,
Бацька утапіўся,
I... гу...»
Цыгане слухаюць, смяюцца:
«Дзе ж тыя людзі тут бяруцца?
То з-за Днястра, мабыць, яно,
Бо ўсё тут стэп... Зданнё! Зданнё!»
Цыгане крыкнулі ўсе разам.
Тут апынулася адразу
Спявачка тая. Жаль і страх!
У світцы латанай дрыжала
Адна жанчына. На нагах
I на руках павыступала
Ад сцюжы кроў; аж струпам стала;
I косы ў дзікіх рэп’яхах
На полы лезлі ў каўтунах.
Пастаяла, а потым села
Каля агню і рукі грэла
На самым полымі. «Ну такі
Ажаніўся небарак!»
Сама сабе яна шаптала,
З усмешкай страшнай пазірала.
О, хто ж яна? Не здань, не страх.
То ж мая маці і сястра,
То ж мая ведзьма, каб вы зналі.
Цыгане

Адкуль ты будзеш, маладзіца?
Ведзьма

Хто, я?
(Спявае.)

«Як была я маладою,
Цалавалі хлопцы роем,
А як стала старой бабай,
Цалавалі б, была б рада».
Цыган

Спявачка, нечага сказаць!
Каб гэткую сабе дастаць,
Ды йшчэ і з мядзведзем...
Ведзьма

Я спяваю.
Ці то сяджу, ці то гуляю,
Я спяваю ды спяваю,
Ужо забыла гаварыць...
А перш я добра гаварыла.
Цыган

Дзе ж ты была, што заблудзіла?
Ведзьма

Хто, я? Ці ты?
(Шэпча.)

Цыц, крыху, цыц.
Вунь, бач, са мною пан ляжыць.
Агонь пагас, усходзіць месяц,
Ў яру пасецца ваўкалак...
(Усміхнуўшыся.)

Я ў прыданках была, упілася
I молада не прадалася...
А ўсё праклятыя паны
З дзяўчатамі такое дзеюць...
Трэба другую ажаніць.
Пайду, без мяне не ўмеюць
I ў дамавіну палажыць...
Цыгане

Не йдзі, нябога, будзь тут з намі!
У нас, яй-богу, добра жыць!
Ведзьма

А дзеці ёсць у вас?
Цыгане

Не маем.
Ведзьма

Каго ж вам песціць, гадаваць?
Каго ж вам нанач класці спаць?
Каго калышаце ўначы?
Кладучыся і ўстаючы,
За каго моліцеся? Дзеці!
I ўсё дзеці! I ўсё дзеці!
Не знаю, дзе ад іх падзецца.
Дзе ні пайду, яны за мною,
З’ядуць мяне калі-небудзь...
Цыгане

Не плач, нябога, сум забудзь.
У нас дзяцей няма й заводу.
Ведзьма

Хоць з гары ды ў воду.
      I ведзьма цяжка зарыдала.
Цыгане моўчкі паглядалі,
Пакуль заснулі, дзе хто ўпаў.
Яна ж не спала, не тужыла,
Сядзела, ногі палажыла
Ў гарачы попел. Выступаў
Шчарбаты месяц з-за магілы,
I на шацёр ён паглядаў.
Аж покуль хмара засланіла.
Што не спіцца багатаму,
Гладкаму, сівому?
Што не спіцца убогаму
Сіраце старому?
Адзін думае, як гэта
Дом дабудаваці,
Другі думае, як гэта
На званы прыдбаці.
Адзін стары адпачыне
Ў пышнай дамавіне.
Другі стары і так сабе
Дзе-небудзь пад тынам.
I абодва спачываюць —
Ні аб чым не дбаюць,
Убогага забываюць,
А таго шчэ й лаюць.
      Каля агню стары цыган
З люлькі дым пускае,
Пазірае на прыблуду
Й пра званы не дбае.
Цыган

Чаму не ляжаш, не спачынеш?
Зарніца ўсходзіць — паглядзі.
Ведзьма

Глядзела я — ўжо ты глядзі!
Цыган

Мы рана рушыма, пакінем,
Як не прачнешся.
Ведзьма

Не прачнуся,
Я ўжо ніколі не прачнуся.
Вось так дзе-небудзь і загіну
У бур’яне...
(Спявае ціха.)

            «Гаю, гаю, цёмны гаю,
      Ціханькі Дунаю!
      Ой, у гаі пагуляю,
      Паплыву Дунаем.
      У зялёным багавінні
      Трохі адпачыну...
      Дый спараджу хоць калеку —
      Дачку або сына...»
Дарма! абы сабе хадзіла
Ды ўмела матку праклінаць.
А вунь, ці бачыш, на магіле
Вачыма свеціць кацянё?
Ты да мяне йдзі.
Кіця, кіця...
Не йдзе, благое чарцянё!
А то дала б табе напіцца!
З маёй чысцюткае крыніцы...
(Спявае.)

      «Стаіць куцця на покуці
А ў запечку дзеці,
Нарадзіла, напладзіла,
Няма дзе падзеці.
Ці то патапіці?
Ці то падушыці?
Ці запрадацца карчмару,
А грошы прапіці?
      Што, можам дыхту задаваць?
Сядай во блізенька, тут сядзь.
Ото ж бы то! А ты не знаеш...
Што я ў Валошчыне была.
Я раскажу, як прыгадаю.
Двайню ў Бендэрах прывяла,
У белых Ясах калыхала,
У Дунаі пакупала,
У Турэччыне спавіла
I дадому аднясла —
Аж у Кіеў. Ды ўжо дома,
Без кадзіла, без крапіла,
За тры грошы ахрысціла,
А тры грошы прапіла.
Напілася, упілася!
I дагэтуль п’яная!..
I ўжо ніколі не прасплюся,
Бо я ўжо й бога не баюся
I не саромлюся людзей...
Калі бы мне вось тых дзяцей
Знайсці дзе-небудзь! Ты не знаеш,
Ці ё ў Турэччыне вайна?
Цыган

Была даўней, цяпер няма.
Памёр найстаршы старшына.
Ведзьма

А я думала дагэтуль...
Аж няма ў тым краі.
Вось слухай жа! Скажу табе,
Каго я шукаю.
Я шукаю Наталачку
Ды сына Івана...
Дачку сваю Наталеньку...
Ды шукаю пана,
Таго Ірада, што знаеш?..
Чакай, прыгадала.
Як была я маладою
I ў думках не мела,
Па садочку пахаджала,
Квітнела, пышнела.
А ён мяне і нагледзіў.
Ірад!.. I не сніла,
Што я была прыгоннаю,
А то б у магілу,—
Лягчэй было б тапіцца мне.
Вось бярэ ў пакоі
I стрыжэ, як быццам хлопца,
I ў паход з сабою
Бярэ мяне. У Бендэры
Прыйшлі мы, стаялі
З маскалямі на кватэрах,
А маскалі за Дунаем
Турка ваявалі.
Тут жа даў бог мне блізнятак
Якраз перад Спасам.
А ён мяне і пакінуў.
Не ўступіў у хату,
На дзяцей сваіх не глянуў,
Люцыпер пракляты!
Пайшоў сабе з маскалямі,
А я з байструкамі
Павяртала на Ўкраіну
Стэпамі, цярнямі,
Стрыжаная. Хоць бы што мне.
У сёлах пытала
Шлях у Кіеў. I што з мяне
Людзі накпівалі...
Я хацела ўжо тапіцца,
Шкада было кінуць
Блізнятачак. То сяк то так
На сваю краіну
Прыдыбала. Адпачыла,
Вечара даждала
Дый ў сяло. Хацелася,
Каб людзі не зналі.
Вось крадуся каля тына
Ў хату асцярожна.
Цёмна ў хаце, няма дома
Ці лёг спаці, можа,
Мой бацечка адзінокі.
Я ледзьве ступаю,
Уваходжу. Хтосьці стогне,
Нібы памірае,
То бацька мой. Перахрысціць
Некаму пры смерці,
Ці скласці рук. О хітрыя,
Праклятыя дзеці,
Што вы робіце на свеце!..
Страхаццё напала,
Хата пусткаю смярдзела...
Вось я захавала
Блізнят сваіх у каморы,
Убягаю ў хату,
А ён ужо ледзьве дыша.
Я да яго: «Тата!
Мой татачка! То я прыйшла».
За рукі бяру я.
«То я,— кажу. А тата мне
Шэпча: «Я дарую.
Я дарую». Толькі й чула.
Здаецца, я ўпала.
I заснула. Каб жа гэтак
Давеку праспала!
Апоўначы прачнулася:
Нібы яма — хата.
А за руку бацька душыць.
«Тата! — крычу.— Тата!»
А ён ужо так, як крыга...
Я насілу руку Вызваліла.
Што, цыгане,
Каб такую суку
Дачку табе. Што б зрабіў?
Цыган

Яй-богу, не знаю.
Ведзьма

Ды маўчы ўжо, бо забуду...
Потым не згадаю.
Дзяцей, бачыш, гадавала
Ды ў засек хавала.
Ды каптур свой, ужо ўранку,
Клоччам набівала,
Каб не ведалі, што стрыжка.
Па хаце хадзіла,
Пакуль людзі дамавіну
На дварэ рабілі.
Дарабілі, налажылі,
Паняслі, схавалі...
Як быліна ў чыстым полі,
Адзінокай стала Я на свеце...
Былі дзеці,
Ды ўжо й тых не стала...
«Цераз яр хадзіла
Ды ваду насіла,
Каравай сама пякла —
Дочку замуж аддала,
Сына ажаніла...
I... гу!..»
Цыган

Не скаголь, бо ты ўсіх пабудзіш!
Ведзьма

Хіба скаголю. Ашалеў?!
Цыган

Ну добра, так! Далей што будзе?
Ты раскажы.
Ведзьма

А што дасі?
Наварыш заўтра мамалыгі?
Я кукурузы прынясу.
      Прыгадала! Прыгадала
Спаць ён лёг з дачкою,
Аддаў сына ды ў лакеі...
З хаты грамадою...
Выганялі... Прыгадала.
Я сабак дражніла
Па-над вокнамі з старцамі.
Байструкоў насіла
За плячамі. Каб прывыклі...
Аж і сам вярнуўся.
Зло забыла, кінулася
Да яго, хілюся.
Прывітаў мяне люцыпер,
Блаславіў ён дзетак
Дый забраў іх у пакоі...
Растуць мае кветы!
Дый выраслі. Сына Йвана
У лакеі. А Наталлю...
Ці твае цыгане
Ўсе паснулі?
Цыган

Усе паснулі.
Ведзьма

Бо каб не пачулі
Майго слова. Страшна будзе.
I ты, як пачуеш,
Сам спужаешся, мой дружа...
Ці ж не пашкадуеш?
Наталачку! Дзіця сваё!
Ірад злы які ён!..
Апаганіў... А раней жа
Пасылае ў Кіеў
Мяне, бачыш, памаліцца.
Малілася многа,
Але марна я, цыгане,
Малілася богу.
У вас ёсць бог які-небудзь?
Мы яго не маем...
Паны ўкралі ды ў шкатуле
У сябе хаваюць.
      Вяртаюся я з Кіева,
Замкнёны пакоі.
Ён узяў яе з сабою
Дый паехаў з ёю,
З Наталляю... Ці чуеш ты?
I астрыг, паганы,
Дзіця сваё. Паляцела
Я шукаці пана
Ў Валошчыну. Дый шукаю,
Савою лятаю
Над байракамі. Ды дзетак,
Дзетачак шукаю,
Наталачку! Не, не, не, не!
Я шукаю пана.
Разарву!.. Вазьмі ж ты мяне
Да сябе, цыгане.
Я мядзведзя вадзіць буду,
А як знайду ката,
То й спушчу яго на ката.
Вось тады, пракляты!..
Не, не спушчу. Сама яго
Загрызу... Чуў гэта?
Пабярэмся, маё сэрца,
Дзеўка я й дагэтуль.
А сына ўжо ажаніла,
А дачка й так будзе.
Будзе лазіць пад платамі,
Пакуль знойдуць людзі
Нежывою. Ці ты бачыў?
Ён такі харошы —
Мой сын Іван... Ух, холадна!
Пазыч ты мне грошай,
Маністу добрую куплю
Дый табе павешу,
А сама пайду дадому...
Мыш, вунь мыш, пацешна,
У Кіеў нясе мышанят.
Не данясеш, дзесьці ўтопіш,
Альбо пан адніме.
Ці я знайду маіх дзетак,
Ці так і загіну? —
      Дый замоўкла, бы заснула.
Цыгане ўставалі.
Разбіралі шатры свае,
На шлях паспяшалі.
Дый рушылі. Пайшлі стэпам.
А яна, нябога
Бяздольная, моўчкі ўстала,
I нібыта богу
Памалілася нячутна
Дый пашкандыбала
За цыганамі. I ціха,
Ціханька спявала:
      «Кажуць людзі, што суд будзе,
А суда й не будзе.
Бо мяне ж на гэтым свеце
Асудзілі людзі».
Вось з-за Днястра пайшлі цыгане
I на Валынь і на Ўкраіну.
За сялом сяло міналі,
Ў гарады хадзілі
I страхотай за сабою
Прыблуду вадзілі.
I спявала, і скакала,
Не ела й не піла,—
Як быццам смерць, з цыганамі
Па сёлах хадзіла.
Схамянулася раптоўна,
Стала есці, піці,
I хавацца за шатрамі,
I богу маліцца.
Штосьці з ёю учыніла
Стара Марыула,—
Нейкім зеллем напаіла,
Дык яно й мінула.
Потым яе навучыла
Лякаркаю стаці:
Ад чаго якія зёлкі
I дзе іх шукаці.
Як сушыці, як варыці...
Марыула ўчыла многа.
Вучылася тая, часта
Малілася богу.
Мінула лета і другое,
Трэцяе настала.
Прыйшлі ужо на Ўкраіну...
Шкода чагось стала?
Пакланілася цыганцы
За навуку ў ногі,
Пакланілася цыганам,
Памаліла бога,
Дый пайшла сабе, нябога,
На сваю краіну.
Пайду, кажа, хоць зірну я
На дачку, на сына.
Не прыйшлося. Пан вярнуўся,
Пакінуў Наталлю
У Маскоўшчыне. А ты ж яе
За Днястром шукала.
У салдаты маладога
Узялі сына ў маці.
Таму, што ты не наўчыла
Паноў шанаваці.
Да каго ж ты прыхілішся?
Нікога не маеш!..
Да людзей хіліся, дружа,
Людзі прывітаюць.
Пан вярнуўся, занядужаў,
Стогне, прападае.
А яна набрала зелля
Ды пайшла ў палацы
Лячыць яго, памагаці,
А не праклінаці.
Не вылечыла хворага,
Бо не дапусцілі...
А як памёр, дык за яго
Госпада маліла.
Святой жыла сабе, дзяўчат
Стала навучаці,
Каб з панамі не кахацца,
Людзей не цурацца.
«А то бог вас пакарае,
Ды шчэ горш, чым людзі,
Людзі гордыя й благія,
Сваім судом судзяць».
Вось так яна навучала,
Нядужых лячыла,
А з убогім астатнюю
Скарынку дзяліла.
Разумныя і добрыя
Людзі яе зналі,
А ўсё-такі пакрыткаю
I Ведзьмаю звалі.
Седнеў 1847
Ніжні Ноўгарад 1858

У КАЗЕМАЦЕ

***

      Ты прыгадай, сяброў сям’я...
Каб тое ліха мы не зналі
Ніколі больш, як вы і я
3-за крат на волю выглядалі.
I пэўна думалі: калі,
Калі на раду, на размову
Ўсе разам сойдземся ізноў мы
Тут на зубожанай зямлі?
Ніколі, як відаць, ніколі
З Дняпра мы разам не пап’ём!
Разойдземся і разнясём
У лес, у стэп сваю нядолю,
Яшчэ паверым трохі ў волю,
А потым жыць сабе пачнём
            Між людзьмі, як людзі.
            Покуль тое ж будзе,
            Любіцеся, браты мае,
            Украйну любіце,
            За гаротную старонку
            Госпада маліце.
            I яго забудзьце, другі,
            I не праклінайце.
            I мяне ў няволі лютай
            Часам прыгадайце.
Орская крэпасць
1847

I

Ой, адна я, адна,
Як быліначка ў полі,
Ды не даў жа мне бог
Ані шчасця, ні долі.
Толькі даў жа мне бог
Красу — карыя вочы,
Выплакала й тыя
Ў адзіноце дзявочай.
Ані браціка я,
Ні сястрычкі не знала,
Між чужымі ўзрасла
I ўзрасла — не кахала!
Дзе ж ты, мілы дружок,
Дзе вы, добрыя людзі?
Іх няма... Я адна,
А дружка і не будзе!
У каземаце
1847

II

За байракам байрак,
А там стэп ды магіла.
А з магілы казак
Ўстае сівы, пахілы.
Устае уначы,
Ідзе ў стэп, а йдучы
Песню сумна спявае:
«Нанасілі зямлі
Дый дадому пайшлі,
I ніхто не згадае.
Нас тут трыста, як шкло,
Таварыства лягло!
I зямля не прымае.
Як запродаў гетман
У ярмо хрысціян,
Зрабіў з нас прыганятых.
Па сваёй па зямлі
Сваю кроў разлілі
I зарэзалі брата.
Кроў братоў мы пілі,
I вось тут паляглі
Мы ў магіле заклятай».
Сціх казак, сумаваў
I да пікі прыпаў,
Стаў на самай магіле.
На Дняпро пазіраў,
Цяжка плакаў, рыдаў,
Сіні хвалі галасілі.
3-за Дняпра, за сялом
Рэха гаем гуло,
Трэці пеўні спявалі.
Праваліўся казак,
Страпянуўся байрак,
А магіла застагнала.
У каземаце
1847

III

      А мне ўсё роўна, а ці буду
На Украіне жыць ці не.
Ці хто ўспомніць, ці забудуць
Ў чужой халоднай старане —
Мне ўсё адно — ўсё роўна мне.
Ў няволі вырас, між чужымі,
I, неаплаканы сваімі,
Ў няволі, плачучы, памру,
I ўсё з сабою забяру —
Малога следу не пакіну
На нашай слаўнай Украіне,
На нашай — не сваёй зямлі.
I не спамяне бацька з сынам,
Не скажа сыну ён: «Малі,
Малі ты бога: за Ўкраіну
Яго замучылі калісь».
I мне аднолькава, ці будзе
Той сын маліціся, ці не...
Ды не ўсё роўна для мяне,
Як Украіну злыя людзі
Прыспяць, зладзеі, і яе
Ў агні, абкрадзеную, збудзяць...
Ох, не ўсё роўна для мяне.
У каземаце
1847

IV

      «Не кідай мацеры!» — казалі,
А ты пакінула, ўцякла,
Шукала маці — не знайшла
Ды ўжо шукаці перастала...
Памерла, плачучы. Даўно
Пануе ціш, дзе ты гуляла,
Уцёк сабака згаладалы,
I ў хаце выбіта акно.
У цёмненькім садку ягняты
Удзень пасуцца, а ўначы
Вяшчуюць совы ды сычы,
Няма ані суседзям сну там.
I твой барвінак крыжаваты
Аж быльнікам зарос, ждучы
Цябе няўквечанай. Ў гаі
Ставочак чысты высыхае,
Дзе ты купалася калісь,
Сумуе гай, схіліўся ўніз...
У гаі птушка не спявае —
Яе з сабою панясла.
Ў яру завалена крыніца,
Вярба пасохла, пала ніцма.
I сцежачка, дзе ты хадзіла,
Калючым цернем парасла.
Куды пайшла ты, дзе асела?
I да каго пераляцела?
Ў чужой зямлі, ў чужой сям’і
Каго ты радуеш? Да кога,
Да кога рукі прыраслі?
Вяшчуе сэрца, што ў багатых
Жывеш палацах — не шкада
Табе пакінутае хаты...
Благаю бога, каб бяда
Цябе давеку не збудзіла,
Каб у палацах не знайшла...
Каб бога ты не асудзіла
I мацеры не пракляла.
У каземаце
1847

V

      «Чаго ты ходзіш на магілу?» —
Са скаргай маці гаварыла.
«Чаго ты плачаш, ідучы,
Чаму не спіш ты уначы,
Мая галубка сізакрыла?»
«Так, мама, так!..» I зноў хадзіла,
А маці плакала, ждучы.
      Не сон-трава на магіле
Ўначы расцвітае,—
Заручоная дзяўчына
Каліну саджае,
I слязамі палівае,
I госпада просіць,
Каб дажджы паслаў уночы
I дробныя росы.
Каб каліна прынялася,
Вецце распусціла.
Можа, птушкай залунае
З таго свету мілы.
Саўю яму я гняздзечка,
Сяду на галіне,
Шчабятаць мы будзем разам
З мілым на каліне.
Шчабятаці будзем, плакаць,
Ціха размаўляці,
Будзем разам раніцою
На той свет лятаці.
      I каліна прынялася,
Нецце распусціла,
I тры годы на магілу
Дзеўчына хадзіла.
На чацвёрты... Не сон-трава
Ўначы расцвітае —
То дзяўчына з калінаю
Плача, размаўляе:
«Шырокая, высокая
Каліна мая,
Не вадою на ўсход сонца
Паліваная!
Шырокія рэкі-слёзы
Цябе палілі,
Іх славаю лукаваю
Людзі паняслі.
Зневажаюць падружанькі
Падружку сваю,
Зневажаюць чырвоную
Каліну маю.
Спаві маю галованьку,
Расою памый,
Галінамі шырокімі
Ад сонца закрый!
Ўранку знойдуць мяне людзі,
Мяне асмяюць,
Шырокае тваё вецце
Дзеці абарвуць».
Рана ўранку на каліне
Птушка шчабятала,
Пад калінаю дзяўчына
Спала — не ўставала:
Стамілася маладое,
Навекі спачыла...
      Ўставала сонца з-за магілы,
I люд быў рады па начы,
А маці і не задрамала,
Дачку вячэраці чакала
I цяжка плакала, ждучы.
У каземаце
1847

VI

      Ой, тры шляхі шырокія
Ды разам зышліся,
На чужыну з Украіны
Браты разышліся.
Пакінулі сваю маці.
Той жонку пакінуў,
А той — сястру, а найменшы —
Мілую дзяўчыну.
Пасадзіла тады маці
Тры ясені ў полі,
А нявестка пасадзіла
Стромкую таполю.
Тры яворы пасадзіла
Сястра пры даліне...
А дзяўчына маладая —
Чырвань-цвет каліну.
Не прыжылі тры ясені,
Таполя ўсыхала,
Паўсыхалі тры явары,
Каліна завяла.
Тры браты не вяртаюцца —
Плача горка маці,
Плача жонка з дзетачкамі
У сцюдзёнай хаце.
Сястра плача, йдзе шукаці
Братоў на чужыне...
Для заручанай дзяўчыны
Робяць дамавіну.
Тры браты не вяртаюцца,
Па свеце блукаюць,
А тры шляхі шырокія
Цернем зарастаюць.
У каземаце
1847

VII

Н. КАСТАМАРАВУ[115] [116]
      Вясёла сонейка гуляла
Ў вясёлых хмарах веснавых,
Гасцей закованых сваіх
Сардэчным чаем частавалі
I вартавых перамянялі,
Сінемундзірых, вартавых.
I да дзвярэй, на ключ замкнутых,
Да тых, да кратаў на акне
Прывык я трохі... I ўжо мне
Не жаль было даўно адбытых,
Даўно пахованых, забытых
Крывавых цяжкіх слёз маіх.
Ці мала разлілося іх
На сухаполле... Хоць бы рута,
А то нічога не ўзышло!
I ўспомніў я сваё сяло...
Каго я там калі пакінуў?
Бацькі ляжаць у дамавіне...
I жалем сэрца запякло,
Няма каму мяне згадаці!
Гляджу: твая праходзіць маці
Чарней ад чорнае зямлі,
Як з крыжа знятая, мой браце...
Малюся! Госпада хвалю!
Хваліць яго не перастану!
Што я ні з кім не падзялю
Маю турму, мае кайданы!
У каземаце
1847

VIII

      Садок вішнёвы каля хаты,
Хрушчы над вішнямі гудуць,
Ратаі з ворыва ідуць,
У вёску спеў нясуць дзяўчаты —
I рады маткі іх пачуць.
Сям’я сабралася ля хаты,
Зара вячэрняя ўстае.
Дачка вячэраць падае,
Ёй маці хоча даць парады,
Дык салавейка не дае.
Паклала маці каля хаты
Маленькіх дзетачак сваіх,
Сама заснула каля іх,
Заціхла ўсё... адно дзяўчаты
Ды салавейка не заціх.
У каземаце
1847

IX

      Рана ўранку навабранцы
Выходзілі за сяло,
А за імі, маладымі,
I дзяўчо адно пайшло.
Падыбала стара маці
Дочку ў полі даганяці...
I дагнала, прывяла,
Наракала, гаварыла,
Покі ў землю палажыла,
А сама ў старцы пайшла.
      Мінулі годы, а сяло
Выгляд не змяніла.
Толькі пустку ў канцы сяла
Годы пахілілі.
А ля пусткі на мыліцы
Маскаль кандыбае,
На садочак пазірае,
Пустку аглядае...
Марна, браце! Чарнабровай
Не відаць у хаце.
Не пакліча на вячэру
Ў хату яе маці.
А даўным-даўно...
Калісьці! Ручнікі ўжо ткалі
Ды мярэжылі хусціну,
Шоўкам вышывалі.
Думаў жыць, і мілавацца,
Ды бога хваліці!
А прыйшлося... Ні да кога
Ў свеце прытуліцца.
Сядзіць сабе каля пусткі,
На дварэ змяркае,
А з акна, як тая баба,
Сава выглядае.
У каземаце
1847

X

      Ў няволі цяжка... Хоць і волі,
Сказаць па праўдзе, не было.
Ды ўсё сяк-так жыццё плыло,
Хоць на чужым, але на полі...
Цяпер жа злой ранейшай долі
Чакаць, як бога, прыпякло.
Яе чакаю, выглядаю,
Дурны свой розум праклінаю,
Што даўся дурням абдурыць,
У лужы волю утапіць.
Аж стыне сэрца, як згадаю,
Што не ў Ўкрайне пахаваюць,
Што не ў Украйне буду жыць,
Людзей і госпада любіць.
У каземаце
1847

XI

КАСАР
      Па-над полем ідзе,
      Не пракосы кладзе,
Не пракосы кладзе — горы.
Стогне зямля, стогне мора,
      Стогне ды гудзе!
      I касца ўначы
      Сустракаюць сычы.
Косіць ён, не спачывае,
Ні на кога не зважае,
      Нават не прасі.
      Не крычы, не прасі,
      Не кляпае касы,
Ці то прыгарад, ці горад,—
Нібы брытвай стары голіць
      Усё, што дасі.
      Мужыка й шынкара,
      Сірату кабзара;
Прыпявае стары, косіць,
Кладзе горамі пракосы,
      Не міне й цара.
      I мяне не міне,
      На чужыне сатне
Ды за кратамі задавіць,
Ніхто крыжа не паставіць
      I не спамяне.
У каземаце
1847

XII

      Ці сыдземся яшчэ мы знова?
Ці разышліся назусім?
I слова праўды і любові
Панеслі нетрам вы глухім?
Няхай і так!.. Не наша маці,
А давялося паважаці,
То воля госпада. Гадзіць,
Змірыцца трэ, маліці бога
I ўспамінаць адзін другога,
Сваю Украіну любіць,
Любіць яе... Часінай лютай,
Астатняю цяжкой мінутай
За Ўкраіну госпада маліць.
У каземаце
1847
Масква 1858

***

      Думы мае, думы мае,
Мае сіраціны,
Хоць вы мяне не кідайце
Ліхою гадзінай.
Прылятайце шызакрыла,
Мае галубочкі,
3-за Дняпра ў стэп прылятайце,
Пагуляйце моўчкі
З кіргізамі няшчаснымі,
Кожны з іх нябога
Шле малітвы богу.
Ходзіць голлю... Ды на волі,
Прылятайце ж, я вас ціха
Словамі, вачамі
Прывітаю, як дзетачак,
I заплачу з вамі.
Орская крэпасць
1847

КНЯЗЁЎНА Паэма

      Зара мая вячэрняя,
Ўзыдзі нада мною,
Пагаворым ціхусенька
Ў няволі з табою.
Раскажы, як за гарою
Сонейка сядае,
Як у Дняпра вясёлачка
Ваду пазычае.
Як павыпусціў шырока
Ясакар галіны...
А схілілася над самай
Над вадой вярбіна —
Аж па вадзе разаслала
Голле на дасвецці,
А на голлі гайдаюцца
Няхрысцікі-дзеці.
Як у полі на магіле
Ваўкалак начуе.
Сыч у лесе ды на стрэсе
Нядолю вяшчуе.
Як сон-трава пры даліне
Ўначы расцвітае...
А пра людзей... Ды няхай ім.
Я іх, добрых, знаю,—
Добра знаю.
Вечарніца!
Дружа мой адзіны!
I хто знае, што тварыцца
У нас на Ўкраіне?
А я знаю. Даспаную
Табе й не засну я.
А ты заўтра ціхусенька
Богу даспануеш.
      Сяло! I сурца на спачыне.
Сяло на нашай Украіне —
Няйначай пісанка сяло,
Зялёным гаем парасло.
Цвітуць сады, бялеюць хаты,
А на гары стаяць палаты,
Няйначай дзіва. А наўкол
Шыракалістыя таполі,
А там і лес, і лес, і поле,
I гор сінеча за Дняпром.
Сам бог лунае над сялом.
      Сяло! Сяло! Вясёла хатам.
Вясёлыя здалёк палаты —
Каб вы цярноўем параслі!
Каб людзі й следу не знайшлі,
Каб і шукаць не сталі страты.
У тое богава сяло,
На нашай слаўнай Украіне —
Не знаю, скуль іх узяло —
Прыблуда князь, была й княгіня,
У маладых гадах былі,
Жылі сабе. Жылі багата:
Высокія былі палаты,
А немалы ў яры ставок,
Зялёны на гары садок,
      I вербы, і таполі,
      I ветракі на полі,
I долу ўдалечы сяло
Па-над вадой сабе лягло.
      Раней там весела было.
Бывала, летам і зімою
Музыка тне, віно ракою
Цячэ ў гасцей, а кожны хват...
А князь аж сіні пахаджае
I сам нясмелым налівае,
Яшчэ й пакрыквае «віват!».
Гуляе князь, гуляюць госці,
I леглі ўпокат на памосце...
А заўтра тое ж акурат:
Ажыўшы, зноўку п’е, гуляе,
I так за днямі дзень мінае.
Аж душы ў мужыкоў пішчаць...
Судоўнікі гукаюць бога...
П’янчугі, знай сабе, крычаць:
— I патрыёт! I брат нябогіх!
Наш слаўны князь! Віват! Віват! —
А патрыёт, нябогіх брат...
Дачку й цялушку адбірае
У мужыка... I бог не знае,
А можа, знае, ды маўчыць.
      Княгіня пад замком сядзіць.
Яе і ў сенцы не пускае
Нябогіх брат. А што ж рабіць?
Сама ўцякла, каб павянчалі,
I бацька й маці не пускалі,
Казалі:— Ўгору не залазь.
Дык не, за князя. Вось і князь!
Вось пыху май цяпер, княгіня!
      Загінеш, сэрдачка, загінеш,
Як рунь вясною паначы.
Засохнеш, не дасі нічога,
Не ведацьмеш, як хваляць бога,
Як людзі любяць, жывучы.
А жыць так, госпадзі, карцела!
            Карцела любіцца
            Хоць гадочак, хоць гадзінку,
            З свету надзівіцца.
            Не прыйшлося... А было ўсё,
            Ўсяго напрыдбала
            Маці. I цябе самую
            Як намалявала,
            Хоць маліся прад табою,
            Як перад святою...
            Краса мая маладая,
            Горачка з табою!
            Жыць бы, жыць, ды славіць бога,
            I дабро чыніць бы,
            Ды красою божай тою
            Людзей весяліць бы.
            Дык не доля. А карыя
            Маладыя вочы
            Каб самотныя марнелі...
            Можа, бог не хоча?
            Божа! Божа! Даеш волю,
            Розум, свет дарэшты.
            I красу даеш, і сэрца...
            Ды жыць не даеш ты.
            Не даеш на рай вясёлы,
            Свет тваёй апекі
            Надзівіцца, намаліцца
            I заснуць навекі.
На свеце невясёла жыць,
Калі няма каго любіць.
Вось так і ёй, адной каліне,
Шчэ маладой маёй княгіні,
Красу і сэрца засушыць,
А ўсё ў самоце марна гіне,—
Аж страшна!.. А яна маліла
I жыць у госпада прасіла,
А ўжо матуляю хадзіла,
Ўжо цешылася і любіла
Сваё дзіця. I даў дажыць
Гасподзь ёй радасці на свеце:
Убачыць і пацалаваць
Сваё адзінае дзіця
I першы крык пачуць ягоны...
Ах, дзеці! Дзеці! Дзеці!
Вялікая ты, багадаць!
            Слёзы высахлі, прапалі,
            Сонейка заззяла.
            I княгіня з малым дзіцем
            Зусім не той стала.
            Быццам свет спаткала мілы,
            Бавілася, гаманіла...
            I князёўне маленечкай
            Сарочачкі шыла.
            Рукавочкі маленькія
            Шоўкам вышывала,
            Калыхала, і купала,
            I сасіла дбала.
            Бо княгіні толькі ўмеюць:
            Народзіць і кіне,
            А гадаваць ды даглядаць
            Не ўмеюць княгіні.
А потым стогне: «Забывае
Мяне мой Поль альбо Філат!»
За што ж дзіця цябе згадае?
За тое ўсё, што прывяла?
А мая сваю дачушку
Сама даглядала.
А п’янага свайго князя
I не дапускала.
Нібы яблычка ў садочку,
Дзіця брала сілы.
I гаварыць ужо стала,
Княгіня вучыла
Вымаўляць малую «мама»,—
«Тата» не вучыла...
I кніжачак з куншцікамі[117]
Ў Ромні накупіла.
Забаўляла, размаўляла
I богу маліцца,
I азбуцы па куншціках
Схіляла вучыцца.
I што божы дзень купала,
Рана спаткі клала
I на яе пыліначцы
Ўпасці не давала.
I ўсю ночаньку над ёю
Лунала, не спала.
Наглядалася з пяшчотай
Князёўнай сваёю...
Жаніха яе вітала,
Цешылася з ёю,
Плакала: даўгія косы
Ужо расплятала.
А як толькі свайго князя
П’янага згадала —
У мундзіры... Дый закрыла
Ўплаканыя вочы.
А малечы нібы сніцца,
Бы вымавіць хоча:
— Не плач, мама, не расплятай
            Мне даўгія косы:
            Пасякуцца... А дзень божы
            Радасці прыносіць
            Матулі сваёй шчаслівай
            Дачушка даткліва.
            Як таполя, вырастае
            Свету на падзіву.
            Вырастае... Ды нядоуга
            Цешыць сэрца мае
            Сваёй маці. Бог на свеце
            Княгіню карае...
            А за што? Дзівосна людзям,
            Бо ніхто не знае,
            Чаму добрае канае,
            Злое ажывае?
            Занядужала княгіня,
            I князь схамянуўся,
            За бабкамі-шаптухамі
            Па сёлах крутнуўся.
            Наехалі... Захадзілі.
            Лечылі, шапталі...
            Пакуль яе, гаротніцу,
            У труну паклалі.
Не стала на сяле княгіні,
Гудуць зноў гуслі ўвесяле.
А сірата яе ў сяле,
Як адарвалі ад галіны
Яе аднюткую ў імгле:
Някормленая ходзіць боссю,
Сарочачку да зносу носіць.
Нябогу не шкадуе сквар.
Шчавульнік есць, ставочкі гаціць
З малымі ў лужынах, дзе яр.
Памыйся, сэрдачка! Бо маці
Вунь пазірае з небыцця —
Не пазнае сваё дзіця.
I думае: цябе не стала...
Памыйся, сэрца, каб пазнала
Цябе, адзіную сваю...
I госпада б багаслаўляла
            За долю добрую тваю.
            Памылася. А з ласкай людзі
            Прыбралі, ў Кіеў адвязлі
            У інстытут. А там што будзе,
            Пабачым.
                            Гуслі на святле...
            Гуляе князь, гуляюць госці,
            Рвуць палаты на памосце,
            А голад стогне на сяле.
I стогне ён, стогне па ўсёй Украіне.
Гасподня кара. Тысячамі гінуць
Галодныя людзі. А сцірты гніюць.
А паны й мякіну жыдам прадаюць.
Ды голаду рады, ды бога гукаюць,
Каб яшчэ гадок хоць недарод трываў.
Тады б і ў Парыжы ды і ў іншым краі
Наш брат хутаранін сябе паказаў.
А бог сабе дрэмле. Бо сталася б дзіва,
Каб і чуць і бачыць — і не пакараць.
Або аж занадта ўжо доўгацярплівы...
Гады мінаюць; людзі гінуць,
Лютуе голад на Ўкраіне,
Галеюць сёлы-бабылі.
А ў князя сцірты пагнілі.
А ён, каб што там, п’е, гуляе
Ды карчмара з грашмі чакае.
Няма яго... Руні ўзышлі,
I рады людзі, бога просяць...
Аж раптам з Кіева прывозяць
Князёўну. Сонейка ўзышло
Над абакрадзеным сялом.
Карая вачмі смуглянка
Вылітая маці.
Ды зажураная, ў смутку...
Чаго б сумаваць ёй?
Альбо, можа, ўжо такою
I свет прывітала?
Альбо, можа, маладая
Ці не пакахала
Каго-небудзь? Не, нікога.
Вясёла гуляла,
Як ласачка з кубельчыка,
На свет пазірала
З таго Кіева. Аж покуль
Пабачыла сёлы
            Змучаныя. I таму ёй
            Стала невясёла.
            Як шызая галубанька,
            Сяло абляцела.
            Ва ўсіх была, ўсіх бачыла,
            Усіх абагрэла.
            Там словамі прывітала,
            Там пачаставала...
            Штодзень божы абходзіла
            Сяло. Памагала
            Усякаму. А сіроты
            Прыходзілі. I маткаю
            Сваёю святою
            Яе звалі. Маліліся
            Богу са слязамі
            За яе. Да з’явіліся
            Гандляры з грашамі.
            Радуецца, прадае князь
            З мякінаю жыта
            I малаціць выганяе
            Людзей недабітых.
            Змалацілі, хай не вадзіць,
            За адну гадзіну,
            За гумном правеялі...
            Князь без адпачыну
            На барышы запрашае,
            I п’е, і гуляе
            Аж у гаі... Бо ў пакоях
            Дачка спачывае.
      Гармідар, галас, гам у гаі,
Брыдота спеваў. Аж трашчыць
Жаночы рогат. Завывае
Сам гаспадар там: «Будзем піць,
Пакуль дачка салодка спіць».
      А пад замком дачка сядзіць
Самотная ў сваім пакоі,
Адно глядзіць, як пад гарою
Чырвоны месяц аж гарыць,
3-за хмары ціха выступае.
I нібы горы ажываюць.
Дубы ў дубровы з рукава,
Як здані, ў поле вырушаюць.
Пугач пужае, і сава
З падстрэшша ў поле вылятае,
А жабы крахкаюць, гудуць.
Глядзіце, вочы-дабрадзеі,
Як зоркі божыя ўстаюць,
Усходзіць месяц, чырванее...
Нагледзьцеся, пакуль вас грэе,
А зоркі спаткі не даюць.
            Галавою маладою
            На руку прымлела,
            Схілілася, да поўначы
            На зоркі глядзела
            Князёўна мая. Глядзела...
            Потым плакаць стала.
            Можа, сэрцу злое ліха
            Ціха прашаптала?
            Ды нічога. Паплакала,
            Ўсміхнулася чула,
            Памалілася, спаць легла
            I ціха заснула.
У гаі покатам ляжала
Ўсё — пляшкі, госці. Дзе што ўпала,
Там засталося. Сам не ўпаў
I кроплю нават дапіваў,
Дапіў. Устаў. Жуда ў паглядзе.
Ідзе ў пакоі... Брыдкі гадзе!
Куды ты лезеш? Схамяніся!
Не схамянуўся. Ключ вымае,
Прыйшоў, і дзверы адмыкае,
I лезе да дачкі. Прачніся!
Прачніся, чыстая! Ўсхапіся,
Забі гадзюку, пакусае!
Забі, і бог не пакарае!
Як тая Чэнчыё[118] калісьці
Забіла бацьку кардынала,
На Саваофа[119] не зважала.
Не, не змагла прачнуцца, спіць,
А бог хоць бачыць, ды маўчыць,
Грахам вялікім патурае...
Не чуць нічога. Час мінае.
А потым крык, а потым гвалт
I плач пачулі ўжо з палат...
Пачулі совы. Зноў сурова
Не чуць нічога. I ў той час
Успыхнула гумно якраз
I зоркі зніклі. Хоць бы слова,
Каб голас дзе які пагас.
Паны ў гаі дрымотна млелі,
А людзі беглі і глядзелі,
Як віўся ў неба дыму пас...
            Прачнуліся ўранні госці,
            Аж бачаць, што ліха,—
            Пакінулі свайго князя,
            I люба і ціха...
            Так і мы яго пакінем,
            Так і бог пакіне.
            Цябе толькі не пакіне
            Ліхая гадзіна —
            З горкай доляю князёўна,
            Яшчэ мусіш грахі несці
            Ты на гэтым свеце,
            Бацькавы грахі. О доля!
            Няверная доля!
            Пакінь яе хоць пад старасць,
            Хоць на чужым полі
            На бязлюддзі. Не пакінеш,
            Павядзеш да краю,
            Да самае дамавіны,
            Сама й пахаваеш.
            Не бачылі ў сяле, не чулі,
            Дзе яна значэла.
            Думалі, што на пажары
            Нябога згарэла.
                  Стаіць сяло. Невясёла
            На гары палаты
            Пачарнелі. Князь хварэе,
            Устаць слабаваты,
            А паднесці няма каму,
            Ніхто не загляне
            Да грэшнага ў паганыя
            Будынкі — хай вяне.
            Людзі трохі ачунялі,
            Моляць бога дбала,
            Каб вярнулася князёўна.
А яе не стала
I не будзе ўжо, святое...
Дзе яе дарога?
У Кіеве пастрыглася
Ў манашкі нябога.
Радзілася, каб жыць, любіць,
Зіхцець гасподняю красою,
Лунаць над грэшнымі святою
I ўсякаму дабро тварыць.
А сталася так. У манашках,
Нашчэнт знявечана дабро...
      Блукаючы па Украіне,
Прыбіўся я і ў Чыгірын
I ў манастыр вунь той дзявочы,
Што за пяскамі на балоце
У лозах сам сабе стаіць.
Манашка там і расказала
Старая гэту навіну,
Што ў манастыр да іх зайшла
Князёўна неяк з-за Дняпра
Аж пазалетась. Спачывала
Дый богу душу аддала...
— Была ж яшчэ і маладою,
I дужа гожаю сабою.
Яе спякота даняла,
I занядужала. Ляжала
Нядоўга, так сядміцы з тры.
I ўсё дарэшты расказала...
I мне і Ксеніі-сястры.
Памерла ў нас. I дзе хадзіла,
Ў якіх мясцінах, хто ўрачэ.
А ў нас, няшчасная, спачыла.
Святая вось яе магіла...
Крыж не паставілі яшчэ.
Орская крэпасць
1847 — Ніжні Ноўгарад
1858

N. N.

Сонца заходзіць, горы чарнеюць,
Птушка змаўкае, поле нямее,
Цешацца людзі — блізка спачынак,
А я гляджу... і лячу несупынна
Ў цёмны садочак на Украіну.
Сэрцам лунаю, думу гадаю,
I нібы сэрца адпачывае.
Чарнеюць горы, і гай, і поле,
На неба зорка ўзышла паволі.
О зорка! зорка! — і слёзы хлынуць —
А ці ўзышла ты на Украіне?
Ці вочы тыя цябе шукаюць
На небе сінім? Ці забываюць?
Як забываюць — хай засынаюць,
Пра маю долю хай і не знаюць.
Орская крэпасць
1847

N. N.

Трынаццаць мне якраз мінала.
Ягнят я пасвіў за сялом.
Ці сонейка так гожа ззяла,
Ці так мне хораша было?
I так мне люба, люба стала,
Няйнакш у бога...
Гукнулі на папас з-за гаю,
А я сабе ўсё ў бур’яне
Малюся богу... і не знаю,
Чаго ў маленькага ў мяне
Душа ў малітве шчыравала,
Чаму так весела было?
Святлелі неба і сяло,
Ягня вясёлае скакала!
I сонца грэла, не пякло!
      Ды не доўга сонца грэла
      I душа маліла...
      Запякло, пачырванела
      I рай запаліла.
      Як прачнуўся ды дзіўлюся:
      Сяло пачарнела,
      Неба богава з блакіту
      Ураз памарнела.
      Паглядзеў я на ягнятак —
      Не мае ягняты!
      Азірнуўся я на хаты —
      Няма ў мяне хаты!
      Не даў бог мне анічога!..
      I лінулі слёзы,
      Слёзы жалю!.. А дзяўчына
      Пры самай дарозе
      Каля мяне недалёка
      Маніцы ўбірала
      Дый пачула, што я плачу,
      Прыйшла, прывітала,
      Выцірала мае слёзы
      I пацалавала...
Няйнакш і сонейка заззяла,
Няйнакш усё на свеце стала
Маё... Палі, гаі, сады!..
I мы, жартуючы, пагналі
Чужых ягнятак да вады.
Лузда!.. дый сёння, як згадаю,
Дык сэрца плача ды баліць,
Чаму гасподзь не даў дажыць
Мне век малы мой у тым раі.
Памёр бы, аручы, на ніве,
Нічога б я сабе не знаў,
Не быў бы ў свеце юрадзівым,
Людзей і бога не пракляў!..
Орская крэпасць
1847

***

Не грэе сонца на чужыне,
А дома надта аж пякло.
I мне не весела было
На нашай слаўнай Украіне.
Ніхто не лашчыў, не вітаў,
Я не хіліўся ні да кога,
Блукаў сабе, маліўся богу
Ды люта панства праклінаў,
I згадваў я гады ліхія,
Паганай даўнасці гады:
Хрыста павесілі тады —
Не ўцёк бы й зараз сын Марыі!
I мне не весела нідзе,
Ды, мабыць, весела не будзе,
I на Ўкраіне любай, людзі,
I на чужыне я ў бядзе.
Хацелася б... дый то для тога,
Каб не рабілі маскалі
Дамоўку з дрэва мне чужога
Або хоць крышачку зямлі
Той, з-за Дняпра майго святога,
Вятры святыя прыняслі.
Дый больш нічога. Так вось, людзі,
Хацелася б... Ды што ж гадаць...
Нашто ўжо бога турбаваць,
Калі па-нашаму не будзе.
Орская крэпасць
1847

СОН

      Горы мае высокія!
      Не так і высока,
      Як хораша, ў харашбе вы
      Звышаны здалёку —
      З Пераяслава старога,
      З Віблага кургану[120],
      Шчэ старэйшага... бы хмары
      З Дняпровага стану.
Іду я ціхаю хадою,
Гляджу — аж вось перада мною,
Няйнакш дзівосы выплываюць,
I з хмары ціха выступаюць
Абрыў высокі, гай, байрак;
Бялюткі хаткі выглядаюць,
Як дзеці ў белых хвартушках
У жмуркі у яры гуляюць;
А доле сівы наш казак
Дняпро з лугамі выйгравае.
Аж вунь дзе, вунь дзе за Дняпром
На прыгарбе, нібы каплічка,
Казацкая царква-малічка
Стаіць з пахіленым крыжом.
      Даўно стаіць, выглядае
      Запарожца з Лугу...
      З Дняпром сваім размаўляе,
      Разганяе скруху,
      Акяніцамі старымі,
      Як мярцвяк вачыма
      Зялёнымі, пазірае
      На свет з дамавіны.
      Ці чакаем абнаўлення?
      Не чакай той славы!
      Тваіх людзей абакралі,
      А панам крывавым...
      Навошта ім казацкая
      Вялікая слава?!
I Трахцеміраў[121] за гарою
Свае хацінкі наўпрасткі
Раскідаў з доляю ліхою,
Як п’яны старац хатулькі.
Старое вунь Манастырышча.
Раней казацкае сяло,
Ці гэткае тады было?..
Ды ўсё пайшло царам на йгрышча:
I Запарожжа, і сяло...
I манастыр святы, і скарбы.
Разнеслі ў ненасыці клёк!..
А вы? Вы, горы, вы здалёк!!.
Бадай, не хопіць і пагарды
Праклятых бачыць вас!! Не, не...
Не вы праклятыя... яны —
I ляхі, й гетманы, й паны!!.
Высокія, даруйце мне!
Высокія! I залатыя!
Блакіту дзеці найсвятыя!
Даруйце!.. Бога памалю...
Я так яе, я так люблю
Маю Ўкраіну лёсу злога,
Што пракляну святога бога,
Я за яе душу згублю!
Над Трахцеміравым высока
На кручы, нібы сірата
Прыйшла тапіцца... у глыбокім,
Ў Дняпры шырокім... і вось так
Стаіць адным-адна хаціна...
Відна з хаціны Украіна
I Гетманшчына ўся кругом.
Пад хатай сівы дзед нядужы
Сядзіць, а сонца нізка дужа
Спусцілася ўжо над Дняпром.
Сядзіць, глядзіць і песціць думкі.
А слёзы капаюць... — Гай! гай!.. —
Стары прамовіў: — Недатлумкі!
На тлум пусцілі божы рай!..
      Гетманшчына!! — I крутое
      Чало пахмурнела...
      Нешта важкае, цяжкое
      Вымавіць карцела.
      Ды не вымавіў...
      . . . . . . . . . . . . . . . . .
— Блукаў па свеце я нямала
Насіў і світку і жупан...
Нашто ўжо блага за Уралам
Кіргізам тым,— аднак і там
      Лепей жыць, чым на Ўкраіне.
      У большай пашане
      I кіргізы, ці таму што
      Шчэ не хрысціяне?..
      Нарабіў ты, Хрысце, ліха!
      А ці перайначыў?!
      Людзей божых?! — Каціліся
      Нашыя казачыя
      З дурняў галовы за праўду,
      За хрыстову веру,
      Папілі крыві чужое
      I сваёй празмеру!..
      А палепшалі?.. ды дзе там!
      Яшчэ горай сталі,
      Без нажа і аўтадафэ
      Людзей закавалі
      Дый марудзяць... Сэрца вяне,
      Паны хрысціяне!.. —
Заціх мой сівы, біты тугою,
Абвяў старою буй-галавою.
Вечарам сонейка гай залаціла,
Дняпро і поле золатам крыла;
Сабор Мазепы ззяе, бялее,
Бацькі Багдана курган шарэе;
Кіеўскім шляхам вербы ў нахіле
Тры братнія курганы[122] акрылі;
З Трубайлам Альта[123] між асакою
Сышліся згодна, як брат з сястрою.
I гэта ўсё так мілуе вочы,
А сэрца плача, зірнуць не хоча!
Рассталася ясна сонца
З чорнаю зямлёю,
Выступае круглы месяц
З сястрою зарою,
Выступаюць з-за хмурыны,
Хмары звесялелі...
А стары мой як пабачыў,
Слёзы пабуйнелі...
— Малю цябе, божа мілы,
За тваю ахвяру!
Што не даў ты мне загінуць,
Нябесны ўладару.
Што даў ты мне добрай сілы
Перасіліць гора
I прывёў мяне старога
На святыя горы
Век самотны дажываць свой,
Табе хвалу ўзносіць
I тваёй красою сэрца
Цешыць, бо галосіць...
I пахаваць пабітае
Грахамі людскімі
На гарах высокіх гэтых
I лунаць над імі...
Нехалодныя ўцёр слёзы,
Хоць немаладыя...
I свае гады прыпомніў
Даўнія, благія...
Дзе, як, калі і што бывала?
Што сон насніў, што праўдай стала?
Як моры ён пераплываў?..
I цёмная палоска гаю,
I чарнаброўка маладая,
I маладзік у зорках ззяў,
I салавейка на каліне
То заціхаў, то шчабятаў,
Хвалу святому богу слаў,
I ўсё, ўсё гэта на Ўкраіне!..
I пасміхнуўся сівы дзед...
Няма дзе, можа, праўду дзець.
Было, што ў вернасці кляліся,
Ды не сышліся — разышліся,
Пакінула ў самоце тлець,
Век дажываць і помніць страту!..
Каб адагнаць журбы імглу,
Ля хаты дзед хадзіў багата,
А потым богу ўздаў хвалу.
I начаваць пайшоў у хату.
Вёў месяц хмару па святлу.
Мне такі вось на чужыне
Дзіўны сон прысніўся!
Нібы зноўку я на волю,
На свет нарадзіўся.
Дай жа, божа, калі-небудзь,
Хоць на старасць, стаць мне
На тых горах абкрадзеных
У маленькай хаце.
Хоць бы змучанае сэрца,
Сточанае горам,
Мне прынесці і пакласці
На Дняпровых горах.
Орская крэпасць
1847

ІРЖАВЕЦ[124]

      На ўвесь свет калісьці шведы
      Нарабілі славы,
      Уцякалі з Мазепаю
      Ў Бендэры з Палтавы,
      А за імі — Гардзіенка[125]...
      Нараіла маці,
      Як пшанічаньку пажаць ім,
      Як Палтаву ўзяці.
      Ой пажалі б, калі б разам
      Аднадушна сталі
      Ды з фастоўскім палкоўнікам[126]
      Гетмана ядналі.
      Не заселі б коп’і ў цэлі —
      У стрэхах Пятровых.
      I з Хорціцы не ўцякалі б
      Нябогі на сховы,
      Не спыняў бы іх прылуцкі
      Палкоўнік няслынны...[127]
      I не знаўся б маці боскай
      Плач на Украіне.
Калі ішлі з радзімы прэч,
З сабою неслі ў сэрцы кожным
Вялікі Луг і маці-Сеч.
I маці боскай воблік гожы
Ўзялі. I ўсё — нічога больш...
Хай, можа, хан суцешыць боль
У новым гора-Запарожжы[128]...
      Хмара чорная напала
      На белую хмару.
      Закайданіў запарожца
      Паганы татарын.
      Хоць дазволіў хан у Крыме
      На пясках спыніцца,
      Ды царкву не даў узвесці —
      Богу памаліцца.
      У шатры абраз стаўлялі
      Маці прасвятое
      I маліліся таемна...
      Божа мой з табою!
Краю мой цудоўны, велічны, багаты!
Хто цябе не бэсціў? Толькі расказаць
Пра якога-небудзь аднаго магната
Гісторыю-праўду, то пералякаць
Нават пекла можна. А ў Данта старога
Наш падпанак звычны можа дух адняць.
I ўсё гэта ліха, кажуць нам, ад бога!
Ці ж яму так люба людзей катаваць?
А найбольш матулю — маю́ Украіну.
Што ж яна зрабіла? За што яна гіне?
За што яе дзеці ў кайданах маўчаць?
      Расказалі кабзары нам
      Пра войны, пажары,
      Спрэчкі, кроў і ліхалецце...
      Пра лютыя кары,
      Што нам ляхі паўчынялі,—
      Пра ўсё расказалі.
      А чым шведчына далася! —
      Кабзары нямелі,
      Слоў не мелі небаракі,
      Нібы з пераляку.
      Так шалелі ваяводы,
      Пятровы сабакі,
      I грызлі яе, і рвалі...
      Чулі запарожцы,
      Як у Глухаве званілі[129]
      Пад гарматны пошчак.
      Як пагналі на балота
      Люд узводзіць горад.
      Як плакала па сыночках
      Маці ў чорным горы.
      I як тыя на Арэлі[130]
      Лінію капалі,
      У Фінляндыі сцюдзёнай
      У снягах каналі.
      З далёкага Крыму,
      Што канае Гетманшчына,
      Непавінна гіне.
      Чулі, чулі ўсё нябогі,
      Чулі, ды маўчалі.
      Бо і іх на злой чужыне
      Мурзы[131] катавалі.
      Бедакі ў слязах каналі,
      I плакала з імі
      Маці боская пакутна
      Слязамі святымі,
      Міласэрнымі слязамі,
      Як па родным сыне.
      Глянуў бог на тыя слёзы,
      Прачыстыя слёзы!
      Пабіў Пятра, пабіў ката
      На ліхой дарозе.
      Вярнуліся запарожцы,
      Зноў абраз у Гетманшчыну
      I паставілі ў Іржаўцы
      Там яна і зараз плача
      Разам з казакамі.
Орская крэпасць
1847

N. N.

О мае думы! О слава злая!
За цябе марна я ў чужым краі
Цярплю... ды кайнасці не прымаю!..
Люблю, як жонку, аж да загіну,
Як горадольную сваю Ўкраіну!
Рабі што хочаш з цёмным са мною,
Не кідай толькі, ў пекла з табою
Пакандыбаю . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
                      Ты прывітала
Нерона лютага, Сарданапала,
Ірада, Каіна, Хрыста, Сакрата,[132]
О непатрэбная! Кесара-ката
І грэка добрага ты палюбіла
Аднакавіта!.. бо плата міла.
А я, няшчасны, што прынясу я?
За што гаротніка ты пацалуеш?
За песню-думу: «Ой гаю, гаю»?
I не такія дарма спяваюць.
Як памяркую, дык невясёла,
Што часта коцяцца галовы долу
За тое дзіва! Як псы, грызуцца
Браты з братамі — й не схамянуцца.
А тое дзіва, што любяць людзі:
Ў шынку даступна ў п’янай аблудзе!
Орская крэпасць
1847

ПАЛЯКАМ

Калі былі мы казакамі,
А уніі не чуць было[133],
Жыццё ў нас весела ішло!
Не ў шкодзе з ляхамі-братамі,
У згодзе з вольным стэпам самі
Жылі, кахаліся,— цвілі
Лілеі-дочкі ў кожнай хаце,
Сынамі цешыліся маці,
Сынамі вольнымі... Раслі,
Раслі сыны і весялілі
Бацькоўскі век, што адлятаў...
Аж покуль іменем Хрыста
Прыйшлі ксяндзы і запалілі
Наш ціхі рай. I разлілі
Крыві і слёз народных мора,
I крыж Хрыстоў ім быў апорай,
Як распінаць сыноў вялі...
Паніклі казакоў чупрыны,
Нібы стаптаная трава.
I плача-стогне Украіна!
За галавою галава
Дадолу падае.
Лютуе
Бязбожны кат, а ксёндз услед
Крычыць: «Te deum! алілуя!..»
Вось гэтак, ляша, дружа, брат мой,
Ксяндзы-абжоры і магнаты
Нас пасварылі, развялі,
А мы б у згодзе век жылі.
Падай жа нам руку, дай слова
I сэрца чыстае падай!
I зноўку іменем Хрыстовым
Адновім мы наш ціхі рай.
1847
Орская крэпасць — 1850 Арэнбург

ЧАРНЕЦ

У Кіеве на Падоле
Было калісь... I ніколі
Не вернуцца тыя дзеі,
Не вернецца і надзея,
Не вернецца... а я, браце,
Усё ж буду спадзявацца,
Усё ж буду выглядаці,
Сэрцу жалю задаваці.
У Кіеве на Падоле
Братэрская наша воля
Без халопа і без пана
Сама сабой у тумане
Развінула плечы смела,
Аксамітам шляхі сцеле,
А ядвабам насцілае
I нікога знаць не знае.
У Кіеве на Падоле
Казакі гуляюць.
Як ваду, вядром-цабэркам
Віно разліваюць.
Усе шынкі з шынкаркамі,
З вінамі, мядамі
Закупілі запарожцы
Дый п’юць чарпакамі.
А музыка раве, грае,
Людзей забаўляе.
А гурма бурсацтва з Брацтва[134]
Моўчкі пазірае.
Няма голай школе волі,
А то б дагадзілі...
Ды каго ж там з музыкаю
Людзі абступілі?
У аксамітных шараварах
Дарогу метучы матнёй,
Ідзе казак. «Ой, старасць, старасць!
Што творыш-робіш ты са мной?» —
I ўдарыў раптам у абцасы —
Аж закурыўся пыл! Вось так!
Яшчэ й запеў стары казак:
      Па дарозе рак, рак.
      Няхай будзе так, так.
      Як бы гэта, маладзіцы,
      Дам я дыхту абцасам,
      Усім ботам дыхту дам.
      Дастанецца й перадам!
А ўжо ж такі мае боты
Нагуляюцца з ахвоты!
Дам я дыхту абцасам,
Усім ботам дыхту дам.
Дастанецца й перадам!
Аж да Мяжыгірскага Спаса[135]
Патанцаваў сівы.
А за ім і таварыства
I ўвесь святы Кіеў.
Датанцаваў аж да брамы,
Крыкнуў: — Пугу! Пугу!
Прывітайце, чарнарызцы,
Таварыша з Лугу!
Браму тут жа адчынілі,
Казака ўпусцілі.
I зноў браму зачынілі,
Навек зачынілі
За сівым. А хто ж падаўся
Жыць у муры ціхім?
Сямён Палій, запарожац,
Недабіты ліхам.
      Ой высока сонца ўсходзіць,
      Нізенька заходзіць.
      А па келлі ў доўгай расе
      Стары чарнец ходзіць.
      Ідзе чарнец у Вышгорад[136]
      Паглядзець на Кіеў,
      Пасядзець ды пажурыцца
      Па тым, што пакінуў.
      Ідзе чарнец Дзванковую[137]
      У яр ваду піці
      Дый згадвае, як жа цяжка
      Ідзе чарнец, ідзе ў келлю,
      Дзе сцены нямыя,
      Дый згадвае свае годы,
      Годы маладыя.
      Дастае пісьмо святое,
      Голасна чытае...
      А думкаю чарнец стары
      Далёка лятае.
I ціхне мудрасць боскіх слоў,
I, нібы ў Сечы, ажывае
Братэрства ў келлі той, і зноў
Сівы, як лунь, з далёкіх сноў
У вочы гетман[138] зазірае.
Бярдзічаў, музыка іграе,
Масква і бразгат кайданоў,
Бары, снягі і Енісей...
I пакаціліся з вачэй
На расу слёзы... Бі паклоны!
I плоць старэчую ўнімай.
Пісанне божае чытай.
Чытай, чытай ды слухай звоны,
А сэрцу больш не патурай.
Яно цябе ў Сібір вадзіла,
Яно ў цябе ўвесь век блудзіла,
Прыспі ж яго і занядбай
Сваю Барзну і Фастаўшчыну.
Загіне ўсё, ты сам загінеш.
I не згадаюць, каб ты знаў...
I старац цяжка зарыдаў,
Чытаць пісьмо святое кінуў,
Хадзіў па келлі ён, хадзіў,
А потым сеў і зажурыўся:
— Нашто на свет я нарадзіўся,
Сваю Ўкраіну я любіў?
Завыў да вутрані ў званіцы
Вялікі звон. Чарнец устаў,
Надзеў клабук, ружанцы ўзяў,
Перахрысціўся, кій дастаў...
I за Ўкраіну памаліцца
Стары чарнец пашкандыбаў.
Орская крэпасць 1847 —
Масква 1858

***

Дзіўлюся сам. А дзе ж дзявацца?
I што рабіць, з чаго пачаць?
Людзей і долю праклінаць
Не варта. Як жа мацавацца,
З чужынаю сам-насам жыць?
Душой замкнёнаму як быць?
Каб мог я кайданы адолець,
То грыз бы іх. Ды не ўкусіць:
Не тая кузня іх кавала,
Не так жалеза гартавала,—
Тут не ўгрызеш. I гора нам!
Няволі катаржнай сынам,
У стэпе дзікім за Уралам.
Другая палова 1847
Орская крэпасць

***

Ой, радочак да радочка,
Вышываю я тры ночкі,
У мярэжку вышываю,
У нядзельку пагуляю.
Панёвачка-шаўковачка,
Любуйцеся, сябровачкі,
Любуйцеся, галубкі,
Запарожцы-казакі.
Любуйцеся, кахайцеся,
А з іншымі вянчайцеся,—
Замоўлены ручнікі...
От жа гэтак, казакі!
Другая палова 1847
Орская крэпасць

ХУСЦІНА

            Ці божая гэта воля?
      А ці яе доля?
      Расла ў наймах, вырастала,
      Сіраціну пакахала.
      Небарак як голуб з ёю,
      З бесталаннаю сваёю,
      Ад зарніцы да зарніцы
      Сядзяць сабе ва ўдавіцы.
      Сядзяць сабе, размаўляюць
      Ды Прачыстае чакаюць.
      Дачакаліся... З Чыгрыну
      На ўсю слаўную Ўкраіну
      Зараўлі званы ў прызвоне,
      Каб сядлалі хлопцы коней,
      Каб гастрылі шаблі-мечы
      Ды збіраліся дарэчы
      На вяселле, заляцанне,
      На крывавае гулянне.
      У нядзельку ды ранюсенька
Сурмы-трубы заігралі.
У дарогу слаўныя кампанейцы
На дасвецці вырушалі.
А праводзіла ўдава свайго сына,
А ў яе ён быў адзіны.
А праводзіла сястра свайго брата.
А сіротку сіраціна
Праводзіла і каня паіла
З крыніцы да зараніцы,
Выносіла зброю — шаблю залатую
I стрэльбіцу-гакаўніцу.
А праводзіла тры полі, тры мілі,
Рассталіся пры даліне.
А дарыла шоўкам шытую хусціну,
Каб прыгадваў на чужыне.
            Ой хусціна, хусціначка!
      Вышыта ад сэрца.
      Толькі той казацкай славы —
      Каб акрыць сядзельца.
      Вярнулася, ў жалю вяла,
      На шлях біты пазірала.
      Убіралася ўквячона,
      Спадзявалася штодзённа.
      А ў нядзельку на курганне
      Выглядаць хадзіла ўранні.
      Прайшло лета і другое,
      На трэцяе — слынна
      Вяртаюцца кампанейцы
      На сваю Ўкраіну.
      Ідзе войска, ўслед другое,
      А за трэцім — ціха,
      Не глядзі лепш, бяздольная! —
      Вязуць табе ліха:
      Кітайкай труна акрыта,
      Плыве, бы ў нябыце.
      А за ёю з старшынёю
      Ідзе ў чорнай свіце
      Сам палкоўнік кампанейскі,
      Характэрнік з Сечы.
      За ім ідуць есаулы,
      Плачуць па-малечы.
      Нясуць паны есаулы
      Казацкую збрую:
      Літы панцыр пасечаны,
      Шаблю залатую,
      Тры стрэльбіцы-гакаўніцы
      I тры самапалы...
      А на зброі... казацкая
      Кроў пазасыхала.
      Вядуць каня варанога
      Капыты разбіты...
      А на вараным сядзельца
      Хусцінай акрыта.
Орская крэпасць
1847— Ніжні Ноўгарад
1858

А. В. КАЗАЧКОЎСКАМУ

      Даўно было ўсё гэта. Ў школе
Такі ў настаўніка-дзяка
Украду спрытна пятака —
Бо я хадзіў амаль што голлю,
Ушчэнт змарнелы — дый куплю
Паперы аркуш. I зраблю
Малютку-кніжачку. Крыжамі,
I ўзорамі, і васількамі
Вакол лісточкі абвяду
Дый спісваю Скавараду
Альбо «Три царіе со дари»[139]
Ды сам сабе у бур’яне,
Каб не пачуў хто, каб не ўбачыў,
      Спяваю я ды плачу.
I давялося зноўку мне
На старасць з вершамі хавацца,
Мярэжыць кніжачку, старацца,
Спяваць да слёз у бур’яне.
I цяжка плакаць. I не знаю —
За што мяне гасподзь карае?
У школе мучыўся і рос,
Сівець у школе змусіў лёс,
У школе дурня й пахаваюць,
А ўсё за тога пятака,
Шо ўкраў маленькім у дзяка,
Вось так гасподзь мяне карае.
Дык слухай жа, мой галубе,
Мой орле-казача!
Як канаю я ў няволі,
Як нуджуся светам.
Слухай, браце, навучай
Сваіх малых дзетак,
Каб не рупіліся змалку
Вершаваць не ў спраце.
Калі ж нехта паквапіцца,
Дык употай, браце,
Няхай сабе у куточку
Вяршуе і плача
Ціхусенька, каб не чуў бог,
Каб і ты не бачыў.
Каб не давялося, браце,
Яму з карай брацца,
Як я цяпер у няволі
Мáю кару, браце.
Няйначай злодзей той з валамі,
Ў нядзелю крадуся я ў поле.
Таламі выйду[140] па-над Уралам
На стэп шырокі, як на волю.
            I, пабітае, збалела
            Сэрца здрыганецца,
            Як рыбанька пад вадою,
            Ціха пасміхнецца,
            Пакрыляе галубкаю
            Па-над чужым полем,
            I я нібы ажываю
            На полі, на волі.
            I на гару высокую
            Выходжу, дзіўлюся,
            I згадваю Украіну,
            I згадаць баюся.
            I там стэпы, і тут стэпы,
            Ды тут не такія,—
            Аж да чырвані рудыя,
            А з блакіту тыя,
            Мярэжаныя зялёна
            Нівамі, палямі,
            Высокімі курганамі,
            Цёмнымі лугамі.
А тут бур’ян, пяскі, талы...
Каб хоць на смех курган які дзе
Казаў аб даўніне, аб крыўдзе.
Нібыта людзі не жылі.
Спрадвек да сёння ў несупыне
Ўцякала ад людзей пустыня,
А мы такі яе знайшлі.
I ўжо турбуем несціхана,
Затое будуць і курганы.
Мы ўсё здабудзем з-пад зямлі!
О мая доля! Мая краіна!
Калі ўжо вырвуся з пустыні?
            Ці, можа, крый божа,
            Тут і загіну.
Чырвонае пачарнее поле...
— Гайда ў казармы! Гайда ў няволю! —
Няйначай крыкне хто нада мною.
Я прахаплюся. Па-за гарою
Крадком вяртаюся па-над Уралам,
Няйначай злодзей той, па-за валамі.
            Вось так я, дружа мой, святкую
            Вось тут нядзелечку святую.
А панядзелак?.. Дружа-браце!
Ноч сцішыцца ў смярдзючай хаце.
І прыйдуць думы. Разаб’юць
На стокраць сэрца, і надзею,
I тое, што сказаць не ўмею...
I ўсё на свеце адапхнуць,
I спыняць ноч. I дні гадамі,
Вякамі глуха пацякуць.
I я крывавымі слязамі
Не раз пасцелю апяку.
      Гады і дні злічу ў прыкмеце.
Каго я, дзе, калі любіў?
Нікога ў свеце, нікому ў свеце...
Няйнакш па лесе прахадзіў!
А меў жа волю, меў я сілу,
Пазыкі сілу ўсю знасілі,
А воля ў госцях упілася,
Ды да Міколы[141] заблудзіла,
Дый напівацца зараклася.
Не паможа мілы божа,
Як гавораць людзі.
Будзе кайнасці на свеце,
Звароту не будзе.
Гукаю бога, каб віднела.
Як волі, ўсмешкі сонца жду.
Цвіркун замоўк, пабудку б’юць.
Гукаю бога, каб цямнела,
Бо на паганьбішча вядуць
Старога дурня муштраваць,—
Каб знаў, як долю шанаваць,
Каб знаў, што дурня ўсюды б’юць.
            Гады мінаюць з ветравею,
            Мінула доля, а надзея
            Ў няволі за правы свае
            Бярэцца і спагадай грэе,
            I сэрцу жалю задае.
А можа, і дабро пабачу?
А можа, ліха пераплачу?
Вады Дняпровае пап’ю,
З табой, мой дружа, пастаю.
I, можа, ў ціхай тваёй хаце
I зноўку буду размаўляць я
З табой. Я страху не таю!
Баюся сам сябе спытаць я.
Ці здарыцца калі гэта?
Ці з неба няйначай
Пагляджу на Украіну
I цябе пабачу.
А парою так бывае,
Што слёзы застынуць,
Смерць бы я сваю паклікаў...
Дык ты, і Ўкраіна,
I надзея, і Дняпрова,
Браце мой, разлога
Смерці вы не даецё мне
Папрасіць у бога.
Орская крэпасць 1847
Масква 1858

***

      Ану ізноўку вершаваць!
Цішком, вядома. Ну нанова,
Пакуль навінка на аснове,
Старызну божжу ліцаваць,
А гэта... Як бы вам сказаць,
Каб не збрахаўшы. Ну нанова
Людзей і долю праклінаць!
            Люд за тое, каб нас зналі
            Ды нас шанавалі;
            Долю нашу, каб не спала
            Ды нас даглядала.
            А то, бач, што нарабіла:
            Кінула малога
            Ў раздарожжы і не дбае...
            А яно, нябога,
            Сівавусае, малое —
            Дзіцянё, вядома! —
            I падыбала паціху
            Сцежкай незнаёмай
            Аж за Урал. У пустыні
            Як жа цябе не праклясці,
            Здрадлівая доля?
            Не выкляну ж цябе, доля,
            За валамі. I паціху
            Вершамі займацца,
            Сумаваць і спадзявацца,
            Што ў госці ў няволю
            3-за Дняпра ты шырокага
            Прыйдзеш, мая доля!
Орская крэпасць
1848

***

У бога пад лавай ляжала сякера.
(Па свеце бог тады хадзіў
З Пятром, і цуды ён тварыў.)
            Тут, як на той верад
            Дый цяжкое ліха,
            Любенька ды ціха
            Скраў кайзак[142] сякеру
            Дый пайшоў па дровы
            Ў шумную дуброву;
            Аблюбаваўшы дрэва — цюк!
Як вырвецца сякера з рук —
Пайшла па лесе касавіца,
Аж страх было глядзець-дзівіцца:
Дубы, таўшчэзныя, наздзіў,
Нібы траву, віхор касіў,
Пракосы сцелячы, а з яра
Устаў пажар і дымнай хмарай
Святое сонца засланіў.
I стала цемра, ад Урала
Аж да Тангіза, да Арала[143]
Кіпелі возеры тады.
Палаюць сёлы, гарады,
Рыдае люд, звяры скаголяць,
Аж у Сібіры за Таболам
Хаваюцца ў снягах. З тых пор
Сем год сякера лес сцінала,
I пажарышча не згасала,
I божы свет за дымам мерк.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На лета восьмае ў нядзелю,
Як быццам ляля ў лёлі белай,
Святое сонейка ўзышло.
Пустыня цыганом чарнела,
Дзе горад быў або сяло —
I галавешка ўжо не тлела,
I попел ветрам размяло,
Былінкі нават не ўцалела,
Адным-адно ўсяго шумела
У стэпу дзерава адно.
      Чырванеюць па пустыні
Пяскі чырвоныя ды гліна,
Бур’ян калючы ды будзяк,
Ды часам тырса з асакою
Чарнее ў яры пад гарою,
Ды дзікі іншы раз кайзак
Паціху выедзе на гору
На хілым вярблюдзе сваім.
Бывае дзіўна часам тым:
Стэп быццам з богам загаворыць,
Вярблюд заплача і кайзак
Панурыць галаву і гляне
На стэп і на Кара-бутак[144].
Сынгіч-агач[145] прыгадваць стане,
Паволі спусціцца з гары
I згіне ў глінянай пустыні...
            Адным-адзіным пры даліне
            Ў стэпу ля дарогі
            Высокае стаіць дрэва,
            Кінутае богам.
            Кінутае сякераю
            I агнём пустыні.
            Шапочацца з далінаю
            Аб даўняй часіне.
            I кайзакі не мінаюць
            Дзерава святога,
            На даліну заязджаюць
            Адпачыці троху,
            I моляцца, і ахвярай
            Дзерава благаюць,
            Каб галіны распусціла
            У іх бедным краі.
Орская крэпасць
1848

ВАРНАК[146]

      Блукаючы ў чужым краі,
Над Елекам[147], сустрэў я дзеда
Старога вельмі. Наш зямляк
I недамучаны варнак
Стары той быў. Нейк мы ў нядзелю
Адзін другога ў полі стрэлі
I сталі гутарыць. Стары
Згадаў сваю Валынь святую
I волю-долю маладую,
Сваю бывалынчыну. I мы
За валам у траве прыселі
I гаварылі, што хацелі,
Адзін другому. «Доўгі век! —
Стары сказаў: усё ад бога!
Ад бога ўсё! А сам нічога
Дурны не зробіць чалавек!
Я марна сам, як ты пачуеш,
Я сам свой пакалечыў век.
I ні на кога не сярдую,
I ні ў каго вось не прашу я,
Нічога не прашу. Вось так,
Мой сыне, дружа мой адзіны,
Так і загіну на чужыне
Ў няволі». I стары варнак
Заплакаў ціха. Сівы браце!
Пакуль жыве надзея ў хаце,—
Няхай жыве, не выганяй!
            Няхай зрэдку хоць сагрэе
            Пустку жар у печы
            I пальюцца маладыя
            Слёзы з воч старэчых;
            I, умытае слязамі,
            Сэрца адпачыне,
            Паляціць яно з чужыны
            У сваю краіну!
— Багата шмат чаго не стала,—
Сказаў стары.— Вады нямала
У мора з Іквы уцякло...
Над Ікваю[148] было сяло.
У тым сяле на гараванне
Ды на пагібель вырас я.
Ліхая долечка мая!..
У нашае старое пані
Малыя панічы былі,
Якраз равеснікі са мною.
Яна й бярэ мяне ў пакоі
Сынкам на забаўку. Раслі,
Раслі паняты, вырасталі,
Нібы шчаняты. Пакусалі
Не аднаго мяне былі.
Вось і вучыць іх пачалі
Чытаць, пісаць. На безгалоўе,
Вучуся й я. Слязамі! Кроўю!
Пісьмо лілося тое... Нас,
За панскіх тых сабак таннейшых
Вучыць чытаць?!
            Маліцца богу,
            За сахою спатыкацца,
            А болей нічога
            Не павінен знаць нявольнік —
            Гэта яго доля!
Вось і выўчыўся я, вырас,
Прашу сабе волі:
Не дае і ў маскалі,
Клятая, не голіць.
Што на свеце тут рабіці?
Зноў пайшоў да нівы...
А панічоў у гвардыю
Аддала шчаслівых...
Часіна цяжкая настала,
Насталі цяжкія гады!
Я за сахой працую дбала,
Я сірата быў малады,
Як у суседа падрастала
У наймах дзеўчына. I я...
О доля! Долечка мая!
О божа мой! О мой адзіны!
Тады малой была дзяўчына,
Амаль зусім дзіцём была...
Не нам цябе судзіць, магутны.
Дык вось яна мне на пакуты
Ды на пагібель падрасла.
Не давялося й наўглядацца...
А я ўжо думаў з ёй пабрацца,
У весялосці й згодзе жыць,
Людзей і госпада хваліць...
А давялося...
                     Накупілі
Крамніны, піва наварылі,
Не давялося толькі піць.
Бахур старое пані сівы
Украў крамніну, выліў піва,
Пусціў пакрыткаю... Дарма.
Мінула... непатрэбна!.. Годзе
Цяпер і ўспамінаць. Няма,
Няма, мінулася жахліва...
Пакінуў я саху і ніву,
Пакінуў хату і гарод,
Усё пакінуў. Чорт назводзіў
Стаць мне за пісара ў народзе.
То сяк то так мінае год.
Пішу сабе, з людзьмі бываю
Ды хлопцаў добрых падбіраю.
Мінуў другі... I па вясне
Паны дамоў папрыязджалі,
Ужо засватаныя. Шмат
Пілі яны ў двары, гулялі,
Свайго вяселлейка чакалі
Ды нашых маладых дзяўчат,
Як бугаі, перабіралі,—
Вядома, панічы. I вось
I мы чакаем іх вяселля...
I нейк на Сёмуху ў нядзелю
Іх і звянчалі разам двох,
У іх дваровым жа касцёле.
Яны, бач,— ляхі. I ніколі
Нічога лепшага сам бог
Не бачыў на зямлі вялікай,
Як маладыя іх былі...
Зайгралі весела музыкі,—
Іх ад касцёла павялі
Ў нанова ўбраныя пакоі...
А мы і стрэлі іх і ўсіх —
Княжат, панят і маладых,—
Усіх парэзалі. Крывёю
Вяселле ўмылася! Не ўнік
Нажа ніводзін каталік:
Усе зляглі, як парасяты,
Ў смуродным багнішчы. А мы,
Управіўшыся, новай хаты
Пайшлі шукаці і знайшлі
Сабе зялёны дах багаты
У цёмным лесе. У лугах,
У вольных стэпах, у ярах
Крутых, глыбокіх — скрозь нам хата!
Было дзе пагуляць заўзята
I адпачыці дзе было.
Мяне гаспадаром абралі,
Сям’я мая штодзень расла
I ўжо да сотні дарастала.
Як з парасятаў кроў цякла,
Я ўсё знішчаў, што панам звалі,
Без літасцівасці і зла,—
А нішчыў так. I сам не знаю,
Чаго хацеў у тыя дні?
Я тры гады хадзіў з нажамі,
Нібыта п’яны той разнік.
Да слёз, да смерці, да пажару —
Я да ўсяго тады прывык.
Было, як жабу на жыгале,
Дзіцёнка спражыш на агні
Ці возьмеш голую паненку,
Распяўшы, пусціш на кані
Ў шырокі стэп.
Усё, усё тады бывала —
I ўсё не цешыла ані...
            Адурэў я, цяжка стала
            Ў нетрах жыць, бадзяцца,
            Думаў сам сябе зарэзаць,
            З светам развязацца.
            I зарэзаў бы... Ды дзіва,
            Цуд нябачны стаўся
            Нада мною, недалюдкам...
Досвітак займаўся,
Выйшаў я з нажом аднойчы
З Броварскага лесу[149],
Каб зарэзацца. Гляджу я,
Як хто з неба звесіў
Святы Кіеў наш вялікі!
Святым цудам ззяюць
Храмы божыя, нібыта
З богам размаўляюць.
Пазіраю, а сам млею.
Ціха зазванілі
У Кіеве, як на небе,
О божа мой мілы!
Які дзіўны ты!.. Я плакаў,
Да полудню плакаў...
І мне гэтак добра стала:
Нават ані знаку
Той нуды не засталося,—
Як перарадзіўся...
Паглядзеў на свет навокал
I перахрысціўся,
Ды пайшоў паволі ў Кіеў
Госпада маліці,
Ды суда, суда людскога
У людзей прасіці.
Орская крэпасць
1848

***

      Ой, гляну я, падзіўлюся
На той стэп, на поле:
Ці не дасць бог літасцівы
Хоць на старасць волі?
Пайшоў бы я на Ўкраіну,
Пайшоў бы дадому,
Там бы мяне прывіталі,
Радыя старому;
Там бы я спачыў хоць трохі,
Молячыся богу;
Там бы я... Ды шкода й думкі —
Не будзе нічога.
Як жа ж гэта у няволі
Жыці без надзеі?
Людзі добрыя, наўчыце,
А то адурэю!
Орская крэпасць
1848

ЦАРЫ[150]

      Сястра старая Апалона[151]!
Калі б вы часам, хоць на час,
Прыдыбалі б такі да нас,
Ды, як бывала у дні оны,
Узвысілі б свой божы глас
Да оды пышна-баявое,
Дый захадзіліся абое
Цароў, напрыклад, апяваць!
Бо як папраўдзе вам сказаць,
Дык вельмі ўжо і мне самому
Абрыдлі тыя мужыкі,
Пакрыткі, панічы, панкі;
Хацелася б сагнаць аскому
На каранованых галовах,
На тых памазанніках божых...
Ды што ж? Не ўтну! А як паможаш,
Пакажаш птахаў тых упрах
Скубці і патрашыць, дык, можа,
Й мы патрымаем у руках
Памазаннікаву чупрыну.
Пакіньце ж свой святы Парнас[152],
Прыдыбайце хоць на гадзіну
Ды хоць старэнькі божы глас
Узвысьце, дзядзіна! Ды ладам,
Ды добрым складам, хоць на час,
Хоць на гадзіначку у нас
Мы венцаносную грамаду
Пакажам спераду і ззаду
Сляпым людзям. У добры час
Давай пачнём, мая парада!

І

      У Ерусаліме не бачна нікога.
Вароты замкнёны, як быццам чума
Ў Давідавым месце[153], захованым богам,
Сядзіць на пляцы. Не, чумы — дык няма!
А горшае ліха, благая часіна
Пакрыла Ізраіль: царова вайна!
      Князі царовы, і ўсе сілы,
      I юнакі, і ўвесь народ,
      Замкнуўшы ў горадзе ківот,
      Гурмой у поле павалілі
      I там у бітвах сірацілі
      Маленькіх дзетачак сваіх.
      А ў месце маладыя ўдовы,
      Ў сваіх святліцах адмысловых
      Замкнуўшыся, дзяцей малых
      Калышуць, плачучы. Прарока,
      Давіда, прагнага цара,
      Клянуць свайго гаспадара.
      А ён, узяўшыся у бокі,
      Па даху кедравых палат
      У срэбнай рызе пахаджае
      I, нібы кот той, пазірае
      На сала, на зялёны сад
      Суседа Гурыя[154]. А ў садзе,
      У тым зялёным вертаградзе[155],
            Вірсавія[156] купалася,
            Як у райскай плыні,
            Таго Гурыя сябрыня,
            Царова рабыня;
            Купалася сабе з богам,
            Грудзі свае мыла
            I цара свайго святога
            У дурні пашыла.
Сцямнела, і, цемрай кругом ахінёны,
Сумуе ў дрымотнасці Ерусалім.
У пышных палацах, нібыта шалёны,
Давід пахаджае — о цар неўпынёны!
I сам сабе кажа: «Я... Мы павялім!
      Я цар над божым над народам!
      I сам я — бог маёй зямлі!
      Я — ўсё!..» А трохі потым
      Рабы вячэру падалі
I кубак добрага сікеру[157]...
I цар сказаў, каб на вячэру...
Рабы рабыню прывялі,
Такі ж Вірсавію. Няўрокам —
Да божага цара-прарока
Сама Вірсавія прыйшла
I павячэрала, сікеру
З прарокам выпіла й пайшла
Крыху спачыць пасля вячэры
З сваім царом. I Гурый спаў.
Яму й не снілася, вядома,
Што ціха дзеялася дома,
Што з дому цар яго украў
Не золата, не серабро,
А лепшае яго дабро,
Яго Вірсавію украў.
А каб не ведаў ён аб шкодзе,
Дык цар забіў яго, і годзе!
А после цар пры ўсім народзе
Заплакаў трохі, абдурыў
Псалмом старога Анафана...[158]
I зноў вясёлы, і зноў п’яны
Каля рабыні захадзіў.
Святыя так цары жывуць.
А як жа простыя? Не знаю,
I раю вам таго не знаць
Ды і ні ў кога не пытаць,
Каб не зашкодзіла, бывае!..

II

      Давід, святы прарок і цар,
Не вельмі быў благачасцівы.
Была дачка ў яго Фамар
I сын Амон[159]. I нам не дзіва:
Бываюць дзеці і ў святых,
Ды не такія, як другіх,
А іншыя... Амон шчаслівы,
Прыгожы першы сын яго,
Ляжыць, хварэючы чагось.
Давід і стогне, і рыдае,
Рве рызу, попел пасыпае
З бяды сабе на галаву:
«Я без цябе не пажыву
I дня адзінага, мой сыне,
Мой лепшы, дарагі хлапчына!
Не ўбачу сонца і зару,
Я без цябе памру, памру!»
I, плачучы, ідзе да сына,
Ажно трушком нібы бяжыць,
А той, бугай сабе здаровы,
Ў харомах сваіх кедровых
Ляжыць,— аж стогне, а ляжыць.
Смяецца з дурня; аж галосіць,
Аж плача, бедны, бацьку просіць,
Каб да яго Фамар прыйшла.
«Мой добры бацька і мой цару!
Скажы сястры маёй Фамары,
Каб коржыкаў мне напякла
Ды каб сама і падала,
Пакаштаваўшы іх, устану
I ачуняю я». Назаўтра рана
Фамар спякла і падала
Для брата коржыкі. За рукі
Амон бярэ яе, вядзе
Ў пакоі цёмныя, кладзе
Сястру на ложак. Ломіць рукі,
Сястра рыдае і, рвучыся,
Крычыць да брата: «Схамяніся!
Амоне, браце мой здрадлівы!
Адзіны браце мой! Я... Я...
Сястра адзіная твая!
Дзе дзецца мне? Дзе грэх жахлівы
I сорам дзець? Цябе самога
I бог, і людзі праклянуць!..»
Не памагло-такі нічога!..
Вось так царэвічы жывуць,
      Дурэючы на свеце.
Любуйцеся, людскія дзеці.

III

I вось пражыў Давід на свеце
      Ужо нямала год.
Абнядужаў, пакрывалі
Старога рызамі яго.
А ўсё ж такі не награвалі
Ката блудлівага свайго.
Вось хлопцы і прымеркавалі
(Натуру воўка добра зналі!)
I, каб нагрэць яго, ўзялі
Найлепшых за царыц красою
Дзяўчат старому навялі —
Хай грэюць кроўю маладою
Свайго цара. I прэч пайшлі,
Замкнуўшы дзверы за сабою.
Аблізаўся кот нядошлы
I распусціў сліны.
Кіпцюры распасцірае
Да Саманцяніны[160],
Бо была сабе на ліха
Лепшая між імі,
Між дзяўчат,— нібы лілея
Пышная ў даліне
Паміж кветак. Ды яна вось
I грэла сабою
Цара свайго, а дзяўчаты
Між сабой гулялі
Голенькія. Як яна там
Грэла, я не знаю,
Знаю толькі, што цар грэўся
I... і не позна ю[161].

IV

      Па двары ціха пахаджае
Стары вясёлы Рагвалод[162],
Дружына, юнакі, народ
У золаце навокал ззяюць.
У князя свята: выглядае
З Літвы ён князя-жаніха
У сваты да дачкі Рагнеды[163].
      Перад багамі Лель і Лада[164]
Агонь Рагнеда развяла,
Алеем пахкім паліла
I сыпала на вугаль ладан,
Нібы валькірыі[165], навокал
Танцуюць, цешацца дзяўчаты
            і прыпяваюць:
            «Гой, гоя, гоя!
            Новыя пакоі
            Кветкамі ўбіраці
            Ды гасцей чакаці!
      За Полацкам, як тая хмара,
Чарнее пыл. Бягом ляцяць
Хлапцы і сівыя баяры
З Літвы вясельных сустракаць.
Сама Рагнеда з Рагвалодам
Пайшла з дзяўчатамі, з народам.
      Не з Літвы йдзе князь спадзяваны,
Шчэ незнаёмы, ды чаканы,
А там з Кіева турам-буйвалам
Па Рагнеду йдзе, ідзе вепрышчам
Владзімір[166] князь з кіяўлянамі.
      Прыйшлі, і горад абступілі
      Кругом, і горад запалілі,
      Владзімір князь перад народам
      Забіў старога Рагвалода,
      Паця[167] народ, княжну пая[168].
      Адыдзе ў воласці свая —
      Адыдзе з шумам. I растлі ю,
      Рагнеду тую маладую,
      I пражане ю, і княжна
      Па свеце блукае адна,
      Не зробіць з ворагам нічога.
      Дык вось наколькі ў іх святога
      У тых царах!

V

      Бадай іх каты расціналі
Усіх цароў, гадзюк людскіх!
Дакука з імі, каб вы зналі!
Як дурань ходзіш каля іх,
Не знаеш, як і дзе ступіці!
Дык што, парайце, мне рабіці
Цяпер з паганымі? Скажы,
      Сястра старая Апалона!
Наўчы, галубка! Памажы
Палазіць трохі каля трона!
Каралечкі, як зараблю,
Табе к Вялікадню куплю.
Дык пададзімся ж у лакеі
I дбайна ў новенькай ліўрэі
Пачнем цароў сваіх любіць.
Шкада і алавок тупіць,
Бо дзе няма святое волі,
Не будзе там дабра ніколі.
Навошта ж нам сябе дурыць?
Хадзем у селішчы, там людзі,
А там, дзе людзі,— добра будзе;
Там будзем жыць, людзей любіць,
Святога госпада хваліць!
Кос-Арал 1848
С.-Пецярбург (?) 1858

***

Дабро, хто мае сам хаціну,
А ў той хаціне ёсць сястра
Ці маці добрая. Дабра,
Дабра такога і ў паміне
Ў мяне ад роду не было,
А так сабе жыццё ішло...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
I давялося неяк мне
Ў чужой далёкай старане
Заплакаць, што няма радзіны,
Няма прыстанішча, хаціны!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мы доўга ў моры прападалі;
Прыйшлі ў Дар’ю[169], на якар сталі;
З Ватагі[170] пісьмы падалі.
I ўсе паціху зачыталі.
А мы з калегам прыляглі,
Ды штось такое размаўлялі.
Я думаў: дзе б таго дабра,
Пісьмо ці маці ўзяць на свеце?
А ты, брат, маеш? «Жонка й дзеці.
I дом, і маці, і сястра,—
А пісьма няма...»
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Кос-Арал
1848

***

      Як за падатак, абступілі
Мяне ў чужацкай старане:
Туга і восень. Божа мілы!
Куды ж ад іх схавацца мне?
Што мне рабіць? Ужо й гуляю
Па тым Арале; і пішу,
Складаю вершыкі, грашу,
Выпадкі даўнія без краю
Ў душы сваёй перабіраю
Ды спісваю,— каб сум і жаль
Не перліся, як той маскаль,
Ў душу самоты. Люты злодзей
Упарта прэцца ўсё ж, і годзе.
Кос-Арал
1848

П. С.[171]

      Не жаль на злога, ля благога
I слава вартаю стаіць,
А жаль на добрага такога,
Што й славу ўмее абдурыць.
      I зараз нудна, як згадаю
      З гадзіннікам гатычны дом[172],
      Сяло абдзёртае кругом,
I шапачку мужык здымае,
Як сцяг пабачыць. Значыць, пан
Са світаю ў сябе гуляе.
О гэты кормлены кабан.
О гэты лодар! Шчыры пан,
Патомак гетмана дурнога[173],
І самы люты патрыёт,
I хрысціянін шчэ да тога!
У Кіеў ездзіць кожны год,
У світцы ходзіць між панамі,
I п’е гарэлку з мужыкамі,
I вальнадумствуе ў шынку —
Ён тут увесь, хоць надрукуй!
Яшчэ ў сяле сваім дзяўчатак
Перабірае, падзяржыць
Ў год байструкоў сваіх з дзесятак,
Калі іх вынесуць хрысціць,—
I гэта ўсё... Кругом паскуда!
Чаму ж яго не так завуць?
Чаму ў аблічча не плююць?
Чаму не топчуць?! Людзі, людзі!
За шмат гнілое каўбасы
У вас хоць матку папрасі,
Дык аддасцё. Не жаль на злога,
На п’янага Пятра крывога,
А жаль вялікі на людзей,
На тых юродзівых дзяцей!
Кос-Арал
1848

Г. З.[174]

      Гарчэй няма, чым у няволі
Пра волю ўспамінаць. А я
Ізноўку, волечка мая,
Цябе прыгадваю. Ніколі
Больш не здавалася ты мне
Такой прыгожа-маладою
I чараўнічаю такою,
Як тут, у дальняй старане,
Дый шчэ ў няволі. Доля! Доля!
Мая праспеваная воля!
Хоць глянь на момант з-за Дняпра,
Хоць усміхніся з-за...
I ты, мая адзіная,
Устаеш з-за мора,
3-за туману, слухмяная,
Ружовая зора!
I ты, мая адзіная,
Вядзеш за сабою
Леты мае маладыя,
I перада мною,
Нібы мора, выступаюць
Шырокія сёлы
З вішнёвымі садочкамі
I народ вясёлы.
Тыя людзі, сяло тое,
Дзе мяне вітаці,
Быццам брата, ішлі. Маці!
Старэнькая маці!
Ці збіраюцца й дагэтуль
Вясёлыя госці
Пагуляці у старое,
Пагуляці проста,
Па-даўняму, па-старому,
З вечара да ранку?
А вы, мае маладыя
Чорныя смуглянкі,
Вясёлыя дзяўчатачкі,
I дасюль у старое
Танцуеце? А ты, доля?
А ты, мой спакою?
Маё свята-чарнаброўка,
I дасюль у старое
Ціха, пышна пахаджаеш?
I тымі вачыма,
Аж чорна-блакітнымі,
I дасюль кранаеш
Душы хлопцаў? Ці й дагэтуль
Марна паглядаюць
На стан гнуткі? Свята маё!
Адзінае свята!
Як абступяць цябе, доля,
Д зетачкі-дзяўчаты,
Зашчабечуць па своему
Добраму звычаю,—
I мяне мо ненарокам
Дзетачкі згадаюць;
I пра мяне мо якая
Скажа хоць бы ліха.
Усміхніся, маё сэрца,
Ціхенечка-ціха,
Каб ніхто і не пабачыў...
I болей нічога.
А я, долечка, ў няволі
Памалюся богу.
Кос-Арал
1848

***

Калі б мы стрэліся нанова,
Ці ты спужалася б, ці не?
Якое б ціхае ты слова
Знянацку вымавіла мне?
Ніякага. I не пазнала б.
А можа, потым прыгадала б,
Сказаўшы: — Трызнілася ў сне.
А я б табе, мая ты ружа,
Мая ты доля, рад быў дужа!
Пабачыўшы, я б прыгадаў
Вясёлае ды маладое
Былое ліханька ліхое,
I зарыдаў бы, зарыдаў —
Ад горкіх дум, што не праўдзівым,
А сном спадманным адышло,
Слязьмі-вадою прэч сплыло
Святое колішняе дзіва!
Кос-Арал
1848

ПРАРОК

      Нібыта праведных дзяцей,
Бог, любячы сваіх людзей,
Паслаў ім на зямлю прарока,
Каб любасць ім апавясціць,
Святому розуму вучыць.
Нібыта наш Дняпро шырокі,
Святыя словы пацяклі,
I ў сэрца падалі глыбока,
I там, нібы агнём, пяклі
Благія душы. Палюбілі
Прарока людзі, скрозь хадзілі
За ім і слёзы ўсё лілі.
А после?.. Людзі, род лукавы,
Гасподнюю святую славу
Растлілі... I чужым багам
Ахвяры блуднікі палілі,
Свайго святога... Гора вам!
На плошчы каменем пабілі
I захадзіліся гуляць,
Святою кроўю шынкаваць.
I праведна гасподзь вялікі,
На вас на лютых, на вас дзікіх,
Кайданы загадаў каваць,
З камення турмы мураваць,
Замест — о люты род, хлуслівы —
Прарока з сэрцам літасцівым,
Цара вам загадаў абраць.
Кос-Арал 1848 —
С.-Пецярбург 1859 года

***

      Няўмытае неба, заспаныя хвалі,
Далёка прамераўшы брод,
Няйначай той п’яны, чарот
Без ветру гнецца. Божа жалю!
Яшчэ ці доўга будзе мне
Тут, у нязамкненай турме,
Па-над нікчэмным гэтым морам
Цягнуцца мука? Не гаворыць,
Маўчыць і нікне, бы ўдава,
У стэпе зжоўклая трава;
Не хоча праўданькі сказаць,
А больш няма ў каго спытаць.
Кос-Арал
1848

***

I на чужыне я узрос,
I на чужыне я сівею,—
I даў мне ў адзіноце лёс,
Здаецца, лепшую надзею —
Дняпро, што лашчыць сэрца нам,
Ды нашу слаўную краіну.
Аж бачу — добра толькі там,
Дзе нас няма. Ліхой гадзінай
Мяне дадому пацягло,
I я наведаў Украіну
I тое светлае сяло,
Дзе колісь маці спавівала
Мяне малога і ўначы
На свечку богу зарабляла;
Паклоны цяжкія б’ючы,
Прачыстай ставіла, маліла,
Каб доля добрая любіла
Яе дзіця... О маці, маці,
Чаму ты рана спаць лягла!
А то б ты бога пракляла
За сынаў лёс.
                     Адны няшчасці
У тым сяле, што я люблю:
Чарней за чорную зямлю
Блукаюць людзі; паўсыхалі
Сады, і хаткі пагнілі,
Старыя да зямлі прыпалі;
Ставы бур’янам параслі.
Сяло, нібыта пагарэла,
Нібыта людзі падурэлі,
На паншчыну нямыя йдуць
I дзетачак сваіх вядуць.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
I я, заплакаўшы, назад
Ізноў паехаў на чужыну.
I не ў адным сяле такім,
А скрозь па слаўнай Украіне
Паны ярмо надзелі ўсім
Працоўным людзям. Гінуць, гінуць
Ў ярме тым рыцараў сыны,
А чорным гандлярам паны,
Братам сваім, прадаць спяшаюць
Ужо апошнія штаны...
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Нядобра дужа, страх нядобра
Тут у пустыні прападаць.
А горш яшчэ на Украіне
Глядзець, і плакаць, і маўчаць.
А як не бачыш тога ліха,
То скрозь, здаецца, люба, ціха;
I на Ўкраіне дабро скрозь;
Між белых гор стары Дняпро,
Нібыта ў малаку хлапчына,
Красуецца, любуецца
На ўсю Украіну,
А па-над ім зелянеюць
Шырокія сёлы;
А ў тых сёлах у вясёлых
I народ вясёлы.
Яно б, можа, так збылося.
Каб не засталося
Слядоў панскіх на Ўкраіне!..
Кос-Арал
1848

***

      Каля гаю ў чыстым полі,
На курган-магіле
Дзве высокія таполі
Адна адну хіляць.
I без ветру гайдаюцца —
Нібы б’юцца ў полі.
Дзве сястрыцы-чараўніцы —
Гэтыя таполі.
      Закахаліся абедзве
Ў аднаго Івана,
А Іван, казак звычайны,
Абаіх не ганіў,
А гуляў сабе то з тою,
То з гэтаю люба,—
Покуль ў яры ўвечар
Стрэліся пад дубам
Усе трое.— Кат паганы! —
Дзяўчаты сказалі.
Труцця-зелля на Івана
Дзве сястры шукалі.
Труцця-зелля, каб Івана
Заўтра атруціці.
Знайшлі зелля, накапалі,
Пачалі варыці.
Заплакалі, зарыдалі,—
Ды трэба рабіці:
Варыць трэба! Наварылі,
Хлапца атруцілі,
Пахавалі каля гаю
У курган-магіле.
I ўсяго там? Але потым
Дзве сястры хадзілі
Штодзень божы раным-рана
Плакаць над Іванам,
Покуль сябе атруцілі
Тым зеллем паганым.
Бог іх людзям на навуку
Паставіў у полі
На магіле таполямі.
I тыя таполі
Над Іванам, на кургане
Каля тога гаю,
I без ветру гайдаюцца,
I вецер гайдае.
Кос-Арал
1848—1858

***

А як бы мне чаравікі,
То пайшла б я на музыкі,
      Горачка маё!
Чаравічкаў не маю,
А музыка грае, грае,
      Жалю задае!
Ой, пайду я босай полем,
Пашукаю сваю долю.
      Долечка мая!
Я вырасла чарнабровай,
Толькі з долечкай суровай,
      Гаротная я!
Дзяўчатачкі на музыках
У чырвоных чаравіках,
      Я ж светам нуджу.
Без раскошы, без любові
Я чорныя знашу бровы,
      У наймах знашу!
Кос-Арал
1848

***

      Палюбілася я,
      Павянчалася я
З нешчаслівым сіратою —
      Бо то доля мая!
      Злыя людзі ўзялі
      Яго з роднай зямлі
I павезлі да прыёму —
      У салдаты здалі!
      I салдаткаю я,
      Адзінокаю я
Старэюся ў чужой хаце —
      Бо то доля мая!
Кос-Арал
1848

***

Парадзіла мяне маці
У высокіх у палацах,
      Шоўкам спавіла.
У золата, аксаміты,
Нібы кветка, апавіта,
      Расла я, расла.
I вырасла я высокай,
Чарнабровай, каравокай —
      Белаліцая.
Убогага палюбіла,
Маці замуж не пусціла —
      Засталася я
У высокіх у палацах
Дзеўкай век свой векаваці.
      Нядоля мая!
Адзінокая дзяўчынка,
Адзінока, як былінка,
      Старэюся я.
Не спяваю, не смяюся,
Ні да кога не хінуся
      З вясны да вясны...
А цябе, даруй мне маці,
Буду цябе праклінаці
      Да самай труны.
Кос-Арал
1848

***

Ой навастру таварыша,
Засуну ў халяву,
Пайду шукаць тую праўду
I громкую славу.
Ой, пайду я не лугамі
I не берагамі,
А пайду я не шляхамі,
А па-над шляхамі;
Ды спытаю ў гандляра я,
Ў багатага пана,
У шляхціца паганага
Ў паганым жупане,
I ў манаха, як трапіцца,—
Няхай не гуляе,
Слова божае чытае,
Людзей навучае,
Каб брат брата не рэзалі
Ды не абкрадалі,
Ды ў салдаты сына ўдоўкі
Каб не аддавалі.
Кос-Арал
1848

***

      Па вуліцы вецер вее
Ды снег замятае,
Па вуліцы пападтынню
Удава дыбае
Пад царкву, прасцерла рукі,
Просячы спагады
У тых самых, у багатых,
Што сына ў салдаты
Пазалетась пагалілі.
А жыць меркавала...
Хоць на старасць у нявесткі
Адпачыць жадала.
Але марна!.. Вымаліла
Капейку жанчына —
Ды прачыстай паставіла
Свечачку за сына.
Кос-Арал 1848
С.-Пецярбург (?) 1858

***

Кукавала зязюлечка
У зялёным гаі,
Заплакала дзяўчыначка,
Што мужа не мае.
Дзявочыя маладыя
Вясёлыя леты,
Нібы кветкі за вадою,
Сплываюць са свету.
Як бы былі бацька-маці
Ды жылі ў багацці,
Было б каму палюбіці,
Было б каму ўзяці.
А то няма, сіратою
Вось так і загіну,
Век дзяўчынай у самоце
Дзе-небудзь пад тынам.
Кос-Арал
1848

***

Ой не п’юцца мёд і піва,
Не п’ецца вада,
З чумаком у чыстым полі
Сталася бяда.
Баліць яму галовачка
I жывот баліць,
Упаў чумак каля воза,
Упаў і ляжыць.
З праславутае Адэсы
Завезлі чуму,
Пакінулі таварышы,—
Горачка яму!
Валы яго каля воза
Панура стаяць,
Крумкачы са стэпу з крыкам
Да яго ляцяць.
— Не махайце, крумкачы, вы
Шызымі крыламі,
Ды не клюйце труп чумацкі —
Падохнеце самі.
Ой, ляціце, крумкачыкі,
Развінайце крыллі,
Да татачкі ды скажыце,
Каб службу служылі
Ды псалтыр у час абедні
Хай па мне чытаюць,
А дзяўчыне так скажыце —
Няхай не чакае.
Кос-Арал
1848

***

Як у той у Кацярыны
Хата на памосце,
Са слаўнага Запарожжа
Наехалі госці.
Адзін Сямён Босы,
Другі Іван Голы,
Трэці ўдовіч-казачэнька
Іван Ярашэнка.
«Аб’ездзілі Польшчу
I ўсю Украіну,
Не сустрэлі нідзе гэткай,
Як ты, Кацярына».
Адзін кажа: «Браце,
Меў бы я багацце,
То аддаў бы ўсё золата
Гэтай Кацярыне
За адну гадзіну».
Другі кажа: «Дружа,
Калі б я быў дужы,
То аддаў бы я ўсю сілу
За адну гадзіну
Гэтай Кацярыне».
Трэці кажа: «Дзеці,
Няма таго ў свеце,
Чаго б я зрабіць не меціў
Для гэтае Кацярыны
За адну гадзіну».
Падумала Кацярына
I кажа гасціне:
«Ёсць у мяне брат адзіны,
Ды ў няволі гіне!
Дзесьці ў Крыме прападае;
Хто ўратуе брата,
Толькі той надзею мае
Кацярыну сватаць».
Разам паўставалі,
Коней пасядлалі,
Паімчалі ў чыста поле
Шукаць брату волю.
Адзін утапіўся
У дняпроўскай плыні,
Другога ў Казлове
На кол пасадзілі.
Трэці, Іван Ярашэнка,
Слаўны казачэнька,
З лютае няволі
У Бахчысараі
Брата вызваляе.
Зарыпелі рана дзверы
Вялікае хаты.
«Прачынайся, Кацярына,
Сустракаці брата».
Кацярына ж нечакана
Як загаласіла:
«То не брат мой, а каханы,—
Я табе маніла...»
«Ты маніла?!.» I галоўку
З целам разлучыла
Злая шабля... «Пойдзем, брат мой,
З нячыстае хаты».
Паехалі запарожцы
Ветры ў стэпе сватаць.
Кацярыну-чарнаброўку
Пахавалі ў полі,
Пабраталіся навекі
З запарожскай воляй.
Другая палова 1848
Кос-Арал

***

      А з-за гаю сонца ўсходзіць,
За гай і заходзіць;
Па даліне адвячоркам
Казак сумны ходзіць.
Ходзіць ён гадзіну,
Ходзіць ён другую —
З лугу цёмнага чакае
Сваю дарагую.
Не выходзіць здрадлівая,
Забылася недзе...
Цёмным ярам з сабакамі
Пан-гуляка едзе.
Цкуюць яго сабакамі,
Круцяць назад рукі,
Зазнаў казак ад паганых
Смяротнае мукі.
У склеп яго, маладога,
Той пан замыкае,
А дзяўчыну пакрыткаю
Па свету пускае.
Кос-Арал
1848

***

Ой люлі, люлі, мой родны сыне,
            Удзень і ўначы.
Пойдзеш, сыночак, па Украіне,
      Нас кленучы.
Сыне мой, сыне! Не кляні татку,
            Не памяні!
Кляні, мой родны, родную матку,—
            Мяне кляні!..
Мяне не стане,— не йдзі ты ў людзі,—
            Ідзі ты ў гай:
Гай не спытае, бачыць не будзе —
            Там і гуляй!
Там да каліны сябе, дзіцятка,
            Ты прыхіні!..
Яе любіла, я — твая матка,
            Ў былыя дні.
У сёлы пойдзеш, у тыя хаты,
            Дык — не нудзі.
А як пабачыш з дзеткамі маці,
            Дык не глядзі!..
Кос-Арал
1848

***

Утаптала сцежачку
      Цераз яр,
Цераз горы, сэрцайка,
      На базар,
Прадавала бублікі
      Казакам,
Ўтаргавала, сэрцайка,
      Пятака.
Я чатыры капейкі
      Прапіла.
За пятую дударыка
      Наняла.
Дый зайграй жа, мой дударык,
      На дуду,
Няхай сваё горачка
      Забуду!
Вось што за дзяўчына я,
      Што за я!
Сватай мяне, сэрцайка,
      Выйду я!
Кос-Арал
1848

***

      I шырокую даліну,
I высокую магілу,
I вячэрнюю гадзіну,
I што снілі, гаварылі —
      Не забуду я.
      Ды што з таго? Не вянчаліся,
Разышліся, як не зналіся,
А тым часам дарагія
Гады тыя маладыя
      Марна адплылі.
      Памарнелі мы абое:
Я ў няволі, ты ўдавою,
Не жывем, адно блукаем,
Гады тыя ўспамінаем,
      Як раней жылі.
Кос-Арал
1848

***

      На гародзе, каля броду,
Барвінак не ўсходзіць.
Чагось дзеўчына да броду
Па ваду не ходзіць.
На гародзе каля тыну
Сохне на тычыне
Хмель зялёны; не выходзіць
Дзяўчына з хаціны.
На гародзе, каля броду,
Стан вярба схіліла.
Зажурылася дзяўчына,
Цяжка затужыла.
Плача, плача ды рыдае,
Як рыбінка б’ецца...
А з дзяўчыны з маладое
Паганец смяецца.
Кос-Арал
1848

***

      А як бы мне, мама, ды ўборы,
То пайшла б я заўтра у горад;
А ў горадзе, мамачка, свята —
Там музыка грае заўзята;
      А дзяўчаты з дзецюкамі
      Там гуляюць... Мама! Мама!
            Гаротная я!
      Ой, пайду я богу памалюся,
Ды пайду я ў наймы наймуся,
Ды куплю я, маці, чаравікі,
Ды найму я, найму я музыкі —
      Няхай людзі бачаць, чуюць,
      Як я, мама, патанцую...
            Долечка мая!
      Не дай жа мне век змарнаваці,
Косы мае плясці-заплятаці,
Бравяняты дома знасіці
I дзяўчынай век свой дажыці!
      А пакуль я зарабляю,
      Бровы чорныя зліняюць...
            Гаротная я!
Кос-Арал
1848

***

Зноў з Украіны не чуваць
Мне з новай поштаю нічога!
За справы грэшныя, відаць,
Караюся сярдзітым богам
Тут у пустыні. Не, не мне
Разгадваць божыя парадкі,
I знаць не хочацца іх мне!..
А сэрцам плачу я ад згадкі
Пра невясёлыя выпадкі
З дзён невясёлых па вясне,
Што пранясліся нада мною
Там на Украіне маёй.
Бажыліся вы быць са мной,
Браталіся не раз са мною,
I зніклі хмар тых чарадой
Без слёз, што я заву расою
Святой. I давялося мне
Людзей на старасці... Не, не!
Яны з халеры паўміралі,
А то б шматок хоць пераслалі
Тае паперы. . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ой, з журбы тае ды з жалю,
Каб не бачыць, як чытаюць
Лісты тыя, пагуляю,
Пагуляю каля мора,
Паразвею сваё гора,
Украіну прыгадаю
Ды песеньку заспяваю.
Людзі скажуць, людзі здрадзяць,
А яна, яна парадзіць,—
I парадзіць, і разважа,
I ўсю праўданьку мне скажа.
Кос-Арал
1848

***

      Не ўначы, адгасцяваўшы
У кумчынай хаце,
Не спаць позна кладучыся,
Згадай мяне, браце!
А як прыйдзе нуда ў госці
Ды на ноч засядзе,
Вось тады і на параду
Пакліч мяне, браце.
Вось тады згадай ў пустыні
Далёка над морам
Свайго друга вясёлага,
Што ваюе з горам,
Як ён думы свае тыя
I сэрца трывогу
Захаваўшы, ходзіць ціха
Ды моліцца богу,
Украіну ўспамінае
I цябе, мой дружа,
А часамі пасумуе...
Вядома, не дужа,
А так толькі... Вось і свята —
На дварэ і ў хаце,—
Цяжка яго, дружа, браце,
Аднаму спаткаці
У пустыні... Заўтра рана
Загудуць званіцы
На Ўкраіне, заўтра рана
Да царквы маліцца
Пойдуць людзі, заўтра ж рана
Завые галодны
Звер у полі, і павее
Сівер той халодны,
I пяском засыпле, снегам
Курэнь — маю хату.
Вось мне гэтак даводзіцца
Сустракаці свята!
Што ж рабіць? На тое й ліха,
Каб з тым ліхам біцца;
А ты, дружа мой адзіны,
Як маеш нудзіцца,—
Прачытай пасланне гэта
I знай, што на свеце
Толькі й цяжка, што ў пустыні,
Ў няволі марнеці...
Дый там жывуць, хоць пагана...
Што ж рабіць я маю?
Час памерці б,— дык надзея,
Браце, не ўмірае!
Кос-Арал
1848

***

Нібы стэпам чумакі
Увосень доўгі шлях мінаюць,
Так і мае гады знікаюць;
А мне ўсё роўна: я такі
Мярэжу кніжкі, начыняю
Іх вершамі ды разважаю
Дурную галаву сваю.
Ды кайданы сабе кую
(Як людзі добрыя дазнаюць).
Ды ўжо няхай хоць разапнуць,
А я без вершаў тых не ўлежу:
Я два гады ўжо так мярэжу
I трэці ў добры час пачну.
Кос-Арал
1849

***

      Ой крыкнулі шэры гусі
Ў яру на ставу,
На ўсё сяло пайшла слава
Пра тую ўдаву.
Не так слава, не так слава,
Як той пагавор,
Што заехаў казак з Сечы
Да ўдавы на двор.
      Вячэралі ў светлай хаце,
Мёд-віно пілі
I ў пакоі на пасцелі
Адпачыць ляглі...
Не мінула тая слава,
Не марна пайшла:
Ўдава тая маладая
Сына прывяла.
Маленькага гадавала,
Да школы вяла,
А як скончыў сын вучыцца,
Каня набыла;
А каня яму купіўшы,
Вышыла сядло —
Яно ў золаце зіхцела
I ў шаўку было;
У чырвоным, у жупане
Сын ішоў на шлях —
На каня яго саджала:
Ворагам на страх!
— Паглядзіце! — Маці з сынам
Ішла ўздоўж сяла
I, прывёўшы да абозу,
У войска здала,
А сама яна ў манашкі
У Кіеў пайшла...
Кос-Арал
1849

***

      Як бы табе давялося
Ў нас папанаваці,
Дык ведаў бы, пане-браце,
Як іх называці,
Гэтых тваіх нешчаслівых
Дзяўчатак-пакрытак;
А то меле несусвецце
Ды думае: — Мы то!
Мы пакажам людзям, свету
Нашых зганьбаваных
Ды навучым шанавацца
Панічоў паганых! —
Шкода й працы! Покуль сёлы,
Покуль паны ў сёлах,
Штодзень, браце, бачыць будзем
Пакрытак вясёлых
Па шыночках з салдатамі,—
Не турбуйся, браце!
— Добра, кажу. А ўсё-такі
Маю расказаць я
Вось гэтую, апошнюю...
Панічы, зважайце!
      Дзяўчаты сена днём граблі,
А дзецюкі капіцы клалі,
Ды, знай, на сонца пазіралі,
Ды несусветчыну вярзлі,—
Вядома, хлопцы! А смуглянкі,
Нібы сарокі, сакаталі
Ды да крыніцы учашчалі —
            У яр на гулянкі.
Красуня ж усяго сяла
Даўно з глячком у яр пайшла,
Назад вярнуцца не спяшае;
А прыганяты й не шукае,
Нібы не бачыць ці забыў.
А ён, аднак жа, хітры быў:
Сабака і стары, і біты.
У балцы пачалі крычаць,
Пабеглі хлопцы ратаваць.
Аж там паніч несамавіты,
Блазнюк, такое стаў чыніць,
Дзяўчыну бедную мардуе,
Дзяўчына бедная крычыць.
Прыбеглі хлопцы, не ратуюць:
Баяцца пана. А адзін,
Наймаладзейшы, азірнуўся
            Ды віламі пана
            Прасадзіў, як тую жабу.
            Застагнаў паганец
            Дый сканаў. Якая-ж рада?
            Якая парада?
            Суд наехаў; паглядзелі,
            Папілі заўзята
            Тыя суддзі. Закавалі
            Хлапца маладога
            Ды ў турму яго пагналі,
            I болей нічога.
      На шырокім тракце ў полі
Карчма пад вярбою
Стаіць сабе ў халадочку,
А пад той карчмою
Загадана ланцужнікам
На троху спыніцца —
Дазволена гарацешным
Там вады напіцца.
Сядзяць разам арыштанты,
Ціха размаўляюць.
А з-за ўзгорку паязджане
На шлях выязджаюць,
Аж тры тройкі,— як звычайна
Коней прыпынялі
Ля карчмы на адпачынак,
Дый дружкі прысталі,
Спяваючы. Коні сталі,
Маладая ўстала,
Ўзяла кварту з пачастункам
Дый пачаставала
Гаротнага нявольніка,
Яго канваіра...
Як жа гляне, як пагляне,
Божачка мой шчыры!
Між нявольнікамі ў путах
Той самы, адзіны
Яе помснік нешчаслівы,
Нясе з Украіны
У Сібір ланцуг пакуты...
А ты будзеш тута
У раскошы, і не будзеш
Не знаць і не чуць ты
Яго плачу штодзённага?
Не пачаставала
Свайго помсніка святога
I не прывітала,—
Толькі глянула з трывогай,
I болей нічога.
      Паперадзе паязджане
Рушылі ў дарогу,
А за імінявольнікі
Бразгалі пакутна
Ланцугамі,— больш нікога
Не відна, не чутна
Ля карчмы... I на хвілінку
Яна засталася
З шынкаркаю. Вакол яе
Пылам узнялася
Шлях-дарога...
                     I сцямнела.
I век не вялікі,
Не толькі дзень. На хутары
Танцы ды музыкі.
Да поўначы. I прыданкі
Пасцель пайшлі слаці
У камору; маладая ж
Выйшла пагуляці
I прапала. Скрозь шукалі,
Да свету шукалі,
Але марна... Дзе ж дзяўчына?
Дзе? Павандравала
За нявольнікам гаротным
У Сібір... дый годзе!
Кос-Арал
1849

***

Зараслі шляхі цярноўем
На тую Ўкраіну —
Мабыць, я яе навекі,
Навекі пакінуў.
Мабыць, мне ўжо не вярнуцца
Ніколі дадому?
Мабыць, прыйдзецца ў няволі
Мне чытаць самому
Думы гэты? Божа мілы!
Цяжка жыць без ласкі!
Маю сэрца шырокае —
Падзяліць няма з кім!
Не даў ты мне, божа, долі,
Маладое долі!
Не даваў яе ніколі,
Ніколі! Ніколі!
Не даў сэрцу маладому
З сэрцам тым дзявочым
Паяднацца! Мінуліся
Мае дні і ночы
Без радасці, маладыя!
Так сабе мінулі
На чужыне. Не знайшлося
З кім сэрцам дзяліцца,
А цяпер не маю нават
З кім нагаварыцца!
Цяжка, важка, божа мілы,
Несці мне самому
Думы гэты. Не дзяліць іх
Ні з кім, і нікому
Не сказаць святога слова,
I душу-нябогу
Не радаваць, і не ўпікаць
Чалавека злога,
I памерці!.. О госпадзі!
Дай хоць на хвіліну
Глянуць на народ забіты,
На тую Ўкраіну!
Кос-Арал
1849

***

Зацвіла ў даліне
Чырвона каліна,
Быццам расквітнела
Дзеўчына-дзяціна.
Люба, люба стала,
Пташачка ў шчасці
Там зашчабятала.
Пачула дзяўчына
I ў белай свіціне
Выйшла пагуляці
У гай на даліну.
Не сядзіцца ў хаце.
Да дзяўчыны выйшаў
З зялёнага гаю
Казак маладзенькі;
Цалуе, вітае,
I йдуць па даліне,
I, йдучы, спяваюць,
Як дзетачак двое,
Пад тую каліну
Прыйшлі, пасядзелі,
Моцна абняліся.
      Якога ж мы раю
У бога жадаем?
Рай у сэрцы лезе,
А мы ў царквы просім,
Заплюшчыўшы вочы.—
Такога не хочам.
Сказаў бы я праўду,
Ды што з яе будзе?
Адно — перашкодзіць,
А папам ды людзям
Аднолькава будзе.
Кос-Арал
1849

***

      У нашым раі на зямлі
Мы прыгажэйшага не маем,
Чым тая маці маладая
З дзіцяткам родным і малым.
Бывае, часам нагляджуся
На гэта дзіва, і нуда
Душу ахопіць, так шкада
Мне бедную, і зажуруся,
I перад ёю памалюся,
Як быццам на абраз святы
Той маці чыстае, святое,
Што ў свет наш бога прынясла...
      Шчаслівая, яна смяецца,
Яна сярод начы ўстае,
Дзіця пільнуе, і пяе,
I просіць ранне развіднецца,
Каб зноўку добра наглядзецца,
Папесціць: «Вочкі вы мае!
Дзіця маё!» Цалуе многа,
I моліцца аддана богу,
I йдзе на вуліцу гуляць,
Там ганарыцца больш царыцы,
Каб людзям, бачыш, паказаць
Сваё дабро. А падзівіцца!
«Хто з ім зраўняецца красой!»
Хоць незнарок другі, а гляне,—
Вясёла, рада, божа мой!
Нясе дамоў свайго Івана.
I ёй здаецца, ўсё сяло
Не знае лепшага, другога,
Што толькі й дзіва там было,
А болей не было нічога,
Шчаслівая!..
                  Гады мінаюць.
Патроху дзеці вырастаюць,
I выраслі, і ўсе пайшлі
На заработкі, ў маскалі.
I засталася ты, нябога,
I ўжо няма ў цябе нікога
У сумнай хаце. Цяжка жыць,
I цела нечым ёй прыкрыць,
I выпаліць зімою ў хаце.
А ты не здужаеш і ўстаці,
Каб хоць агонь той распаліць.
I мерзнеш, молішся аб долі
Любімых дзетачак.
                              А ты
Велікамучаніца! Сёлы
Мінаеш, плачучы, ўначы.
I полем, стэпам ідучы
Свайго ты сына закрываеш.
Бо й пташка возьме ды пазнае
I зашчабеча: — Байструка
Нясе пакрытка на базар.
      Бесталанная! Скажы ты
Прыгажосць дзе тая,
Што ўсе людзі аглядалі?
Згінула, не знаеш!
Ўсё забрала дзяціначка
I выгнала з хаты,
I пайшла ты ў свет за выган,
Быццам з крыжа знята.
Старцы цябе чураюцца,
Быццам ад праказы.
А яно зусім малое
Покуль і не лазіць.
I калі ж яно ўжо будзе
Большым і прамовіць
Слова «мама». Вялікае.
Найлепшае слова!
Ты ўсміхнешся і раскажаш
Дзіцятку праўдзіва,
Як зманіў паніч лукавы,
I будзеш шчасліва.
Ды нядоўга. Бо не дойдзе
Поўных год дзяціна,
Як сляпца вадзіць ён пойдзе,
А цябе пакіне
Калекаю ў бездарожжы,
Каб сабак дражніла,
Ды і вылае. За тое,
Што на свет радзіла.
I за тое, што так цяжка
Дзяціну любіла.
I любіць будзеш, нябога,
Покуль не загінеш
Між сабак ды на марозе
Дзе-небудзь пад тынам.
Кос-Арал 1849 —
С.-Пецярбург (?) 1858

***

      На Вялікдзень на саломе
Дзеці ўсё гулялі
Ў пафарбованыя яйкі
Дый хваліцца сталі
Абноўкамі. Таму к святу
З вышыўкай пашылі
Сарочачку. А той стужку,
Той каснік купілі.
Каму шапку, каму боты,
Аж гараць падкоўкі,
Каму світку. Адна толькі
Сядзіць без абноўкі
Сірацінка, свае ручкі
Схаваўшы ў рукавы.
— А мне маці ўсё купляла.
— А мне тата справіў,
— А хрышчоная мне маці
Ліштву вышывала.
— А я ў папа абедала,—
Сіротка сказала.
Кос-Арал
1849

***

      I залатое, й дарагое
Зусім мне, знайце, не шкада
Маёй жа долі маладое.
А часам вострая нуда
Душу агорне, аж заплачу.
Ды больш яшчэ, калі пабачу,
Як хлопчык у сяле адзін,
Бы адарваўся ад галін,
Пад тынам, чахнучы ў дакуцы,
Сядзіць у зрэб’і у калючым.
I мне здаецца, гэта я,
То ж маладосць сядзіць мая.
I мне здаецца, што ніколі
Не будзе хлопчык бачыць волі,
Яе святой. Што між бяды
Дарэмна, марна пралятуць
Яго найлепшыя гады,
Што ён не будзе знаць, дзе дзецца
На гэтым белым, вольным свеце,
I ў наймы доля павядзе,
А каб не плакаў у бядзе,
Каб толькі прытуліўся дзе,
У маскалі хтось адвядзе...
Кос-Арал
1849

***

. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мы разам некалі раслі,
Кахаліся яшчэ малыя,
А нашы маці дарагія
Казалі, вырастуць калі,
Пажэнім іх. Ды не ўгадалі.
Старыя рана паўміралі,
Пуцінай рознай мы пайшлі,
Ды не сышліся ўжо ніколі.
Мяне па волі і няволі
Насіла ўсюды. Прывяло
На старасці зусім дадому.
Вясёлае даўней сяло
Чамусьці мне цяпер старому
Здалося цёмным і нямым,
Такім, як я цяпер, старым.
I бачу я,— ў сяле убогім
(Мне так здавалася) нічога
Не вырасла і не згніло,
Таксама ўсё, як і было:
I яр, і поле, і таполі,
I над крыніцаю вярба
Нагнулася, нібы журба
Далёка ў цяжкае няволі.
Ставок, бліз грэбля, і вятрак
3-за гаю крыллямі махае.
I дуб зялёны, бы казак
Пад горку выйшаў дый гуляе,
А на гары я пазнаю
Садок свой цёмны, а ў садочку
Ляжаць сабе у халадочку
Мае старыя, бы ў раю.
Крыжы дубовыя схіліла,
Дажджамі надпісы пазмыла...
Не словы, не дажджом, аднак,
Гладзюсенька Сатурн сцірае...
Хай са святымі спачываюць
Мае старыя...— Дзе яна
Жыве — Аксаначка? — пытаю
У брата ціха я.— Якая?
— Была малою, кучаравай,
Гуляла з намі. Ці згадаў,
Чаго ж ты, брат, засмуткаваў?
— Ды не, я так. Павандравала
Даўно Аксаначка ў паход
За маскалямі дый прапала.
Вярнулася, была, праз год,
Дый з байструком малым, ў клапотах,
Пастрыжанай. Было ўначы
Сядзіць зязюляю пад плотам,
Кукуе, плача і крычыць,
Або ціхусенька спявае
Ды быццам косы расплятае
А потым некуды пайшла,
Ніхто не знае, дзе прыстала,
Бо адурнела, занядбала.
А што за дзеўчына была.
Ды проста краля! I не ўбога,—
Ды толькі долі бог не даў...
А можа, й даў, ды хтось украў
I абдурыў святога бога.
Кос-Арал
1849

***

Гатова! Ветразь распусцілі,
Пасунулі ў вясёлай сіле
Паміж кугою[175] ў Сырдар’ю
Байдару[176] ды баркас па хвалі.
Бывай, убогі Кос-Арале[177].
Тугу заклятую маю
Ты суцяшаў два леты зрэшты.
То дзякуй, дружа, лёс хвалі,
Што людзі і цябе знайшлі
I ведалі, зрабіць з цябе што.
Бывай і не крыўдуй, калі
Хвалы і ганьбы не сплятаю
Тваёй пустэльні, ў іншым краі,
Не знаю, можа, і згадаю
Тугу на высмяглай зямлі!
Кос-Арал
1849

***

                  Лічу ў няволі дні і ночы
            I лік забываю.
            О мой божа, гэтак цяжка
            Тыя дні мінаюць.
            А гады плывуць за імі,
            Плывуць сабе сціхам,
            Забіраюць за сабою
            І дабро і ліха,
            Забіраюць, не вяртаюць
            Ніколі нічога,
            I не прасі, бо загіне
            Малітва за богам.
      Паміж багнішчаў, балатамі
Сярод бур’янаў, за гадамі
Аж тры гады, як ноч, прайшлі,
Забралі многа, што знайшлі,
З маёй панурае каморы
I ў мора ўпотай адняслі.
I ўпотай праглынула мора
Не золата, не серабро,
Мае гады, маё дабро,
Маю нуду забралі хвалі,
Тыя нябачныя скрыжалі,
Нябачным пісаны пяром.
Няхай гнілымі балатамі
Цякуць сабе між бур’янамі
Гады нявольныя. А я!
Такая запаведзь мая!
Спачну я трошку, пагуляю
На стэп, на мора пагляджу,
Згадаю што, і заспяваю,
Ды зноў узорамі пісаць
Вазьмуся ў кніжцы. Пачынаю.
Арэнбург
1850

***

Мы заспявалі і пайшлі
Без слёз і без размовы,
Ці сыдземся ж нанова?
Ці заспяваема калі?
А можа, ўсё ж... Ды дзе? Якімі?
Гукнемся песняю якой?
Не тут і, пэўне, не такімі!
Гукнемся песняй не такой!
I тут нявесела спявалі,
Бо й тут нявесела было,
Ды ўсё-ткі тут жыццё жыло —
Прынамсі, разам сумавалі,
Згадаўшы той вясёлы край,
Дняпро той дужы, крутагоры
I маладое тое гора!..
I малады той грэшны рай!
Арэнбург
1850

***

                  Не малілася за сына.
            Паклоны не клала
            Мая маці, а так сабе
            Мяне спавівала,
            Спяваючы: — Няхай расце
            Ды здаровы будзе!
            I вырас я, дзякуй богу,
            Ды не выйшаў ў людзі,
            Лепш было б не нарадзіці
            Альбо утапіці,
            Як я меў бы у няволі
            Госпада гнявіці.
А я так мала, небагата
Прасіў у бога. Толькі хату,
Адну хаціначку ў гаю,
Ды дзве таполі разам з ёю,
Ды нешчаслівую маю,
Маю Аксаначку, каб з ёю
Удвох глядзець адтуль з гары
На Днепр шырокі, на яры,
Вакол на залатое поле,
Ды на высокія магілы,
Глядзець, і думаць, і гадаць:
Калі ж то іх панасыпалі?
Каго там людзі пахавалі?
I ўдвох ціхутка заспяваць
Ды тую песню аб старым,
Аб гетмане, ваяку тым,
Што ляхі на агні спяклі.
А потым бы з гары сышлі,
Па-над Дняпром у цёмным гаі
Гулялі б, покуль не змяркае,
Пакуль свет божы не засне,
Пакуль з вячэрняю зарою
Не ўзыдзе месяц над гарою,
Туман на дол не адхіне.
Мы б там з малітвай паглядзелі
I, размаўляючы б, пайшлі
Вячэраць у сваю хаціну.
Даеш ты, божа наш адзіны,
Сады панам ў тваім раю,
      Даеш высокія палаты.
Панам жа хцівым і пузатым
На рай твой, госпадзі, пляваць,
I нам яны не хочуць даць
На свет глядзець з убогай хаты.
      Я толькі хатачку ў тым раю
Прасіў і сёння упрашаю,
Каб хоць памерці на Дняпры,
Хоць на малюсенькай гары.
Арэнбург
1850

***


Калі б вы зналі, панічы,
Дзе людзі плачуць, жывучы,
То вы б элегій не тварылі
Ды марна бога б не хвалілі,
Наш пот і слёзы ўсмак п’ючы.
За што, не знаю, называюць
Хаціну ў гаі ціхім раем.
Я зведаў мукі ў хаце той
I столькі слёз праліў у ёй —
Ад самых першых! Я не знаю,
Ці ёсць такое ў бога зло,
Каб у той хаце не жыло?
А хату раем называюць!
      Не назаву ніколі раем
Хаціначку я тую ў гаі
Над чыстым ставам край сяла,
Мяне там маці спавіла
I, спавіваючы, спявала,
Журбу-тугу пералівала
Свайму дзіцяці... Ў гаі тым,
У раі тым не залатым
Я бачыў пекла... Там няволя,
Работа цяжкая, ніколі
I памаліцца не даюць.
Там маці добрую маю,
Жыцця забраўшы палавіну,
Паклала нэндза ў дамавіну.
Там бацька, плачучы з дзяцьмі
(А нас — гурма, малых і голых),
Не вытрываў праклятай долі,
Памёр на паншчыне... А мы
Параспаўзліся між людзьмі,
Як мышаняты. Я пры школе —
Ваду прыносіў шкалярам.
Браты на паншчыну хадзілі,
Пакуль ілбы ім не забрылі!
А сёстры! Сёстры! Гора вам,
Мае галубкі маладыя!
Дзеля каго вы жывяце?
Вы ў наймах выраслі чужыя,
У наймах станеце сівыя,
У наймах, сёстры, й памраце!
      Аж страшна мне, як прыгадаю
Хаціну тую край сяла!
Такая, божа наш, была
I ёсць твая тут воля ў раі
На праведнай тваёй зямлі!
Мы ў раі пекла развялі,
А ад цябе дабра чакаем.
З братамі ціха мы жывем,
Братамі свой загон арэм
I іх слязамі паліваем.
А можа, нават... не, не знаю,
А так здаецца... Сам есі...
(Бо без тваёй нябеснай волі
Не прыйдзе нэндза ў рай ніколі.)
А можа, й сам на небясі
Смяешся, бацечка, над намі
Ды, можа, раішся з панамі,
Як правіць светам! Бо зірні:
Вунь дрэмле гай у цішыні,
А вунь з-за гаю выглядае
Ставок — бялее палатном,
А вербы, глянь, па-над стаўком
Ціхусенька сабе купаюць
Галлё ў вадзе... I праўда рай?
А ты прыгледзься ды спытай,
Што сёння творыцца ў тым раі!
Вядома, люд хвалу пяе
Табе, адзінаму святому,
За справы дзіўныя твае!
Ды каб жа так! Хвалы нікому,
Там, дзе ён кроў ды слёзы лье.—
Там ганьба ўсім! Не, не! Нічога
Няма святога на зямлі...
Здаецца мне, што і самога
Цябе ўжо людзі праклялі!
Арэнбург
1850

***

      I станам гнуткім, і красою,
Такою чыстай, маладою,
Старыя вочы весялю.
Глядзець часамі я люблю,
I дзіўна!.. Бы перад святою,
Табе малітвы свае шлю.
I шкода мне, старому, стане,
Што будзе з божаю красой,
А дзе падзенешся ты з ёй?
Хто бліз цябе у свеце стане
Святым заступнікам тваім?
Хто бараніць цябе сумее
Ад зла людскога ў час ліхі?
Хто сэрца чыстае сагрэе
Агнём кахання? Хто такі?
Ты сірата, няма нікога
Ў цябе апроч святога бога.
Маліся, сэрцайка! З табой
Я памалюся. Штось прарочыць
I мне ўжо заглядае ў вочы,
Малітвы не шапчу сваёй
I ўжо не цешуся табой.
I я прысніў, што ты ўжо маці,
Не ў аксаміце, не ў палацах
Дзіця галоднае крычыць...
I вянеш ты, а час ляціць,
Бярэ ўсё добрае з сабою,
Ужо надзеі адплылі,
Ты ж засталася на зямлі,
Адной-аднюсенькай, з табою
Адзінае дабро было —
Тваё дзіця... Пакуль расла,
Пакуль не вырасла і з часам
Узнялася... Ты засталася
Старой, нядужаю. Людзей
Ты непрыязных упрашаеш,
Жабрачкай горкай узнімаеш
Каля зачыненых дзвярэй
Старыя рукі.
      Вось так часамі я табою,
Табою, сэрца, маладою
Старыя вочы весялю.
Глядзець я часта так люблю
На стан твой гнуткі. I старанна
Ціхутка бога я малю,
Маліся ж ты яму аддана,
Яшчэ, бач, з неба не сышла
Твая і доля, і нядоля.
Арэнбург
1850

***

      Агні гараць, музыка грае,
Музыка плача, завывае;
Алмазам добрым, дарагім
Палаюць вочы маладыя;
А вочы ясныя такія,
Надзея ў іх — і люба ім,
Вачам нягрэшным, маладым.
I ўсе рагочуць і спяваюць,
I ўсе танцуюць. Толькі я,
Нібы пракляты, пазіраю
I ціха плачу, плачу я.
Чаго ж я плачу? Мабыць, шкода,
Што без прыгоды, як нягода,
Ты, маладосць, прайшла мая.
Арэнбург
1850

***

      I сёння сніцца: пад гарою,
Паміж вярбамі над вадою,
Хацінка белая. Сядзіць,
Нібы сівенькі дзед, глядзіць,
Малога ўнучка забаўляе,
Яго, курчавага, гайдае,
Малога, слаўнага свайго.
I сёння сніцца: што пры хаце
Вясёлая смяецца маці,
Цалуе дзеда і дзіця
Аж тройчы весела цалуе,
Бярэ на рукі, і гадуе,
I спаць нясе. А дзед сядзіць
I усміхаецца, і сціха
Прамовіць ён: «Дзе тое ліха?
Журбота, ворагі усе?»
Перахрысціўшыся, чытае
Стары ціхутка «Ойча наш».
Скрозь вербы сонейка так ззяе
I ціха гасне. Дзень пагас,
I ўсё спачыла. Дзед у хаце
Спакойна лёг адпачываці.
Арэнбург
1850

***

Мой божа мілы, зноўку ліха!..
Было так люба, гэтак ціха;
Мы узняліся раскаваць
Сваім нявольнікам кайданы...
Аж трах!.. I зноўку пацякла
Кроў бедных! Шмат цароў вянчаных,
Нібы сабакі за маслак,
Грызуцца зноў.
Новапятроўскі форт
1854 (?)

НЕАФІТЫ[178] Паэма

Сия глаголет господь: сохраните суд и сотворите правду, приближибося спасение мое прийти, и милость моя открыется.

Ісаія, г[лава] 5(6), с. 1
М. С. Шчэпкіну[179]

На памяць 24 снежня 1857

Мой друг, абраннік муз і грацый!

Цябе чакаю, ціха плачу

I думу смутную маю

Тваёй душы перадаю.

            Прывітай жа ты зычліва

            Маю сіраціну,

            Наш вялікі цудадзею,

            Дружа мой адзіны.

            Прывітаеш: убогая,

            Горкая, з табою

            Пераплыве яна Лету[180];

            I агнём-слязою

            Упадзе ў свой час на землю,

            I прытчаю стане

            Распінацелям народным,

            Катам і тыранам.

      Даўно ўжо я сяджу ў няволі,

Нібы той злодзей пад замком,

На шлях гляджу я ды на поле,

Ды на варону над крыжом

На могілках, і больш нічога

З турмы не згледзіш, дзякуй богу

I за гэта. Ды жыве,

I богу моліцца, і мрэ

Хрышчоны люд.

                         А крыж высокі,

Як вартавы і трохі збоку,

Там, на тых могілках, стаіць.

Відаць, багаты тут ляжыць.

I намалёвана: распяты

За нас сын божы на крыжы.

I дзякуй сіратам багатым,

Што крыж паставілі. А я...

Такая долечка мая.

Сяджу сабе ды пазіраю

На гэты крыж з свае турмы...

Гляджу, малітвы пасылаю.

I гора, горачка маё,

Як выгадованы дзяцёнак,

Заціхне трохі. I турма

Нібы пашырыцца. Спявае

I плача сэрца, ажывае

I ў цябе, божа, і ў святых

Ды праведных тваіх пытае:

Што ён зрабіў ім, той святы,

Той назарэй, той сын адзіны

Богам абранае Марыі,

Што ён зрабіў ім? I за што

            Яго, святога, мардавалі,

            У путы кавалі

            I галаву яго чэсную

            Цернем увянчалі?

            I вывелі з злодзеямі

            На Галгофу[181]-гору

            I павесілі між імі.

            За што? Не гаворыць

            Ні сам сівы верхатворац,

            Ні яго святыя —

            Памочнікі, паборнікі,

            Кастраты нямыя.


      Благаславенная ў жэнах,

Святая праведная маці

Святога сына на зямлі!

Не дай мне марна прападаці

I дні мае ў няволі траціць.

Балесных радасць! Ты пашлі,

Пашлі і мне святое слова,

Спрадвечнай праўды голас новы!

I слова розумам святым

Ты ў сэрцы ажыві маім!

I раскажу я людзям гора,

Як тая маці рэкі, мора

Слёзы крывавыя ліла

Так, як і ты, і прыняла

Ў жывую душу свет нявідны

Сына распятага пастыдна.

Ты, маці бога на зямлі,

Ты слёзы матчыны да краю,

Да кроплі выліла. Рыдаю.

Малю, рыдаючы: пашлі,

Падай душы убогай сілу,

Каб агнявіста гаварыла,

Каб слова полымем гуло,

Каб людзям сэрцы растапіла

I па Ўкраіне паплыло,

I на Ўкраіне каб свяціла,

Як тое божае кадзіла,

Кадзіла ісціны. Амін.

I

Не ў нашым краю, богу мілым,
А ў рымскіх ідальскіх краях,
Не за гетманамі й царамі,
Бяззакань гэтая тварылась.
Ці то за Дэцыем-царом[182]?
Ці за Неронам-ўладаром?
Сказаць напэўна не здалею.
Няхай за Неранам!
                              Расеі
Тады й на свеце не было,
Як у Італіі расло
Дзяўчо малое. I красою,
Святою, чыстаю красою,
Як тая лілія, цвіло.
Уцеху мела з яе маці,
Аж маладзела ды дзяўчаці
Людзей шукала і знайшла,
Хвалу аддаўшы Гіменею[183]
У тым вясёлым гінекею[184],
Яго чужому адвяла.
I неўзабаве стала маці
З тае прыгожае дзяўчаці:
Дзіцёнка-сына прывяла.
Малілася сваім пенатам
I ў Капітолій[185] прынясла
Ахвяр нямала. Упрашала
Капіталійскі той сінкліт[186],
Каб першачка яе віталі
Святыя ідалы. Гарыць
I дзень і ноч у яе хаце
Святы агонь. I рада маці,
Алкідам сын яе расце,
Расце... Аж падаюць гетэры
I перад вобразам Венеры
Лампаду паляць.

II

      Тады ўжо ўсходзіла зара
Над Віфлеемам. Праўды слова,
Святое праўды і любові
Зара ўсясветная ўзышла
I мір і радасць прынясла
На землю людзям. Фарысеі[187]
I ўся мярзота Іудзеі
Заварушылася, раўла,
Як тая гадзіна ў балоце,
I сына божага ва плоці
На той Галгофе распяла
Паміж зладзеямі. I спалі,
Упіўшыся крывёю, каты,
Тваёй крывёю. А ты
Паўстаў з труны. I слова ўстала.
I слова праўды паняслі
Па ўсёй нявольніцкай зямлі
Твае апосталы святыя.

III

      Тады ж якраз яе Алкід,
А з ім гетэры маладыя
Ды п’яны дзед — казліны від[188]
Над самым Апіевым шляхам[189]
У гаі слаўна разлягліся,
Ды яшчэ лепей напіліся,
Хвалу прыносячы Прыаму[190].
Аж зірк! Ідзе святы Пятро
Ды, ў Рым ідучы з божым словам,
Звярнуў у гай — пад яго сховам
З дарогі адпачыць. «Мір вам!» —
Сказаў утомлены апостал
I оргію благаславіў.
Ды словам ціхім і лагодным
Ім звеставаў, як блізкім, родным
Любоў, і праўду, і дабро,
Дабро найлепшае на свеце —
То браталюбства. I той сыты
I п’яны голы як ёсць Фаўн
I сын Алкід твой, і гетэры —
Пападалі ўсе да зямлі
Перад Пятром і павялі
К сабе у тэрмы[191] на вячэру
Таго апостала...

IV

      I ў тэрмах оргія. Зіхцяць
Палацы ў пурпуровых шатах.
Амфоры курацца. Дзяўчаты
Траха не голыя стаяць
Перад Кіпрыдаю[192] і ў лад
Спяваюць гімн. Тут угатован
Вясёлы баль. I паляглі
На ложак госці. Рогат. Гоман.
Гетэры госця прывялі
Сівабародага. I словы
З вуснаў апостала святога,
Як рэчка срэбра, пацяклі.
I сціхла оргія. А жрыца
Кіпрыды, оргіі царыца,
Панікла радасным чалом
Перад апосталам. I ўстала,
I ўсе за ёю паўставалі
I за апосталам пайшлі
У катакомбы. I адзіны
Твой сын Алкід пайшоў за імі
I за апосталам святым,
За тым настаўнікам сваім.
А ты вясёлай выйшла з хаты —
Ці не ідзе к сваім пенатам[193]
Алкід твой з гаю... Не, няма!
I ўжо не будзе! Ты сама
Памолішся сваім святыням.
Вячэраць сядзеш, ды без сына,
I не вячэраць, а рыдаць,
Рыдаць і долю праклінаць
I век зжываць адной. I гора!
Памрэш адна ў глухой цішы,
Як у праказе!

V

                       На крыжы
Пятра, апостала святога,
Распялі долу галавой,
А неафіты ў Сіракузы[194]
Адведзены ў кайданах. Твой
Алкід, твая дзяціна,
Твая адзіная радзіна,
Любоў адзіная твая,
Гніе ў няволі, ў кайданах.
А ты, гаротная, не знаеш,
Дзе ён канае, прападае.
Ідзеш шукаць яго ў Сібір,
Ці як там... Скіфію[195]... I ты...
I ці адна ты? Божжа матка!
I заступі нас, і укрый.
Няма сям’і, і няма хаткі,
Няма ні брата, ні сястры,
Каб з горам цяжкім не хадзілі,
Не катаваліся ў турме,
Або ў далёкай старане,
Ў брытанскіх, гальскіх легіёнах
Не мардаваліся... Нероне,
Нероне люты! Божы суд,
Праўдзівы суд, неспадзяваны
Цябе асудзіць. Прыплывуць
I прыляцяць у славе-цвеце
Святыя мучанікі, дзеці
Волі святой. Каля адра,
Каля смяротнага ў кайданах
Падыдуць і табе даруюць:
Яны браты і хрысціяне,
А ты сабака! Людаед!
Сшалелы дэспат!

VI

                        Аж кішыць
Нявольнікаў у Сіракузах
Па лёхах, турмах. А Медуза[196]
Ў шынку п’янюсенькая спіць.
Вось-вось прахопіцца... і потам,
I кроўю вашаю, дэспоты,
Пахмелле справіць.
                          Скрозь шукала
Сыночка маці, не знайшла...
I ў Сіракузы паплыла.
Ды там яго ужо ў кайданах
Знайшла, пакутная, ў турме.
Не дапусцілі паглядзець,
I мусіла яна сядзець
Каля астрога і чакаць,
Як бога з неба, выглядаць
Свайго сына: аж покі то
Яго ў кайданах павядуць
Брук падмятаць.
                      А ў Рыме свята,
I немалое. Сціск народу,
Са ўсёга царства ваяводы,
Прэтарыяне[197] і сенат,
Жрацы і ліктары[198] стаяць
Ля Капітолія. I хорам
Спяваюць гімн і кураць дым
З кадзіл і амфар. З усім зборам
Ідзе сам кесар. Перад ім
З бронзы адлітую статую
Самога кесара нясуць.

VII

      Напэўна, выдумалі свята
Патрыцыі[199]-арыстакраты
I мудры кесараў сенат.
Яны ж бо кесара ўслаўлялі
      На ўсе лады, аж прыкра стала
Самім ім дурня выслаўляць,
Ды заадно, каб даказаць,
Яны на радзе й прысудзілі,
Каб проста кесара назваць
Самім Юпітэрам, ды годзе.
I напісалі ваяводам
З канца ў канец: моў, так і так,
Што кесар — бог. Што больш ад бога!
I тым майстрам далі каваць
Статую кесара. Да тога
Так Note bene[200] дадалі,
Што бронзавы той кесар будзе
Караць і мілаваць. I людзі
Нібы ў той вырай паплылі
У Рым па міласць. Прыплыла
I тая з Сіракуз нябога
Прасіць і кесара і бога.
А ці адна яна? Мой божа!
Прыйшло іх тысячы ў слязах,
Прыйшлі здалёку.
                            Гора з вамі!
Каго прасіць, маліць прыйшлі?
Каму вы слёзы прыняслі?
Каму вы прыняслі з слязамі
Сваю надзею? Гора з вамі,
Рабы нязрачыя! Каго,
Каго вы просіце, дурныя,
Рабы, нявольнікі сляпыя?
Ці ж кат памілуе каго?
Маліцеся богу адному,
Маліцеся праўдзе адной.
I на зямлі больш ані кому
Не пакланяйцеся. Брахнёй
Гучаць — поп, цар...

VIII

      Перад Неронам,
Перад Юпітэрам новым,
Паклоны білі сенаторы
I ўсе патрыцыі, і ўчора
Лілася божжа благадаць.
Каму ці чынам, ці грашамі,
Каму ў арэнду Палесціну
I байструкам кусок, каму
Зрабілі ласку самі даць
Сваю наложніцу за жонку,
Хоць падтаптаную. Нічога,
Абы з-пад цара. У другога
Сястру зрабілі ласку ўзяць
У свой гарэм. I то нічога —
На тое бог ён, мы ж пад бога
Сябе павінны падкладаць,
Не толькі сёстраў...
           Прэтарыяне папрасілі,
Прэтарыянам даў указ:
Рабіце тое, што рабілі,
А мы памілуема вас.
I вы, плебеі, грэчкасеі,
I вы маліліся; ды вас
Ніхто не мілуе. Не ўмеюць
Дарыць вам міласці хоць раз.

IX

Ужо на трэці дзень пусцілі
Маліцца і за хрысціян.
I ты прыходзіла, маліла,
I міласэрны той балван
Загад даў весці з Сіракузаў
У Рым закутых хрысціян.
I рада ты, ты ажыла.
Ідалу нанова
Памалілася. Той ідал,
Юпітэр той новы,
Вось побач, якое свята
Будзе задаваці
Ў Калізеі[201]. А тым часам
Ідзе сустракаці
Свайго сына. Ды не дужа
Радуйся, нябога.
Бо ты новага не знаеш
Ласкавага бога.
А пакуль што з мацярамі
Алкідава маці
Пайшла сыну на спатканне,
Святых прывітаці
На беразе. I ты пайшла,
Траха не спяваеш
Ды кесара-Юпітэра
Хваліш-выслаўляеш.
— Вось Юпітэр дык Юпітэр!
I назваць не шкода
Юпітэрам. Я ж, дурная,
Дурная ж урода,
У Афіны Юпітэра
Упрашаць хадзіла!
Ды ціхенька зноў кесара,
Як бога, маліла.
I пайшла па-над балотам,
На Тыбр[202] паглядае,
А на Тыбру з па-за гаю
Байдак выплывае
Ці галера. На галеры
Вязуць твайго сына
З неафітамі ў кайданах.
Твой родны хлапчына
Да галеры прыкаваны —
Не неафіт новы,
А апостал вялікага
Хрыстовага слова.
Вось ён хто такі. Ці чуеш,
Спявае у путах
Твой мучанік:
— Псалом новы богу-духу
I новую славу
Заспяваем усе разам
Сэрцам чыстым, правым,
У псалтырах[203] і тымпане[204]
Бога ўсе уславім.
Бог карае непраўдзівых,
Памагае правым.
Прападобныя бо ў славе
I на ціхіх ложах
Радуюцца, славасловяць,
Хваляць імя божжа.
І мячы ў святых руках іх
Праўдзе служыць будуць —
Для адпомсты злым народам,
Для навукі людзям.
Акуюць цароў праглівых
У кайданы-путы
I аковамі іх, слынных,
Ручнымі акруцяць.
I асудзяць няправедных
Судом сваім правым
I навекі будзе слава,
Прападобным слава.

X

      А ты на беразе стаяла,
Нібы панурая скала,
Не слухала і не рыдала,
А алілуя падала
За мацярамі хрысціянам.
Як звоны, загулі кайданы
На неафітах. А твой сын,
Адзіны твой, апостал новы,
Перахрысціўся, ўзгаласіў:
— Маліцеся, браты! Прасіце
За ката лютага. Яго
Ў сваіх малітвах памяніце.
Перад гардыняю ж яго
Не кланяйцеся, не маліце —
Малітва госпаду. А ён
Няхай лютуе на зямлі,
Няхай прарока пабівае,
Няхай усіх нас распінае,
Ужо бо зачаліся ўнукі,
I будуць сільныя іх рукі,
Ды не забойцы ўнукі тыя —
Хрыстовы воіны святыя!
I без нажа і без агню
Стратэгі божыя паўстануць.
I цьмы і тысячы паганых
Перад святымі пабягуць.
Маліцеся, браты.
                           Малілісь,
Маліліся перад крыжом
У цяжкіх путах неафіты.
Малілісь радасна. Хвала,
Хвала вам, душы маладыя,
Хвала вам, рыцары святыя,
Ва векі вечныя хвала.

XI

      I ў Рым галера прыплыла.
Мінае тыдзень. П’яны кесар,
Узвёўшы сам сябе ў Зевеса,
Задаў Зевесу юбілей.
Балюе Рым. Перад кумірам
Вязуць вазамі ладан, міро,
Гуртамі гоняць хрысціян
У Калізей. Як у разніцы
Кроў пацякла. Балюе Рым.
I гладыятар, і патрыцый —
Абодва п’яныя. Кроў, дым
Іх упаіў. Руіну славы
Рым прапівае. Трызну правіць
Па Сціпіёнах[205]. Лютуй! Лютуй,
Старызна гнусны, і балюй
Ты па гарэмах. Там, з-за мора,
Святыя выплываюць зоры.
Не громам праведным, святым
Цябе заб’юць — нажом тупым
Цябе зарэжуць, як сабаку,
Заб’юць абухам.

XII

      Другі дзень
Раве арэна. На арэне
Лідзійскі залаты пясок[206]
Пакрыўся пурпурам чырвоным,
З крывёй змяшаўшыся людской.
А сіракузскіх назарэяў[207]
Яшчэ не відна ў Калізеі.
На трэці толькі дзень закутых
Іх стража з голымі мячамі
Гуртом на бойню прывяла.
Арэна зверам зараўла.
А сын твой горда на арэну,
Псалом спяваючы, ўзышоў.
I п’яны кесар, як шалёны,
Стаў рагатаць. I леапард
На сцэну ўскочыў раз’яроны,
Ступіў, зірнуў... I палілася
Святая кроў. Па Калізеі
Грымучым шумам праняслася
I сціхла бура. Дзе ж была?
Дзе ты схавалася, нябога?
Чаму на кесара святога
Не кінулася? Не магла,
Бо варта пільна сцерагла
Зевеса гэтага. За ім,
Тваім Юпітэрам святым,
I браму зараз зачынілі.
I засталася ты адна,
Адна-адненькая у дворы.
I што ты зробіш? — Гора! Гора!
О гора лютае маё!
Мая ты доля! Без яго
Што мне рабіць? I да каго
Я прыхілюся? — I нябога
Вакол зірнула і аб мур,
Аб мур старою галавою
Ударылася, трупам пала
Пад самай брамай...

XIII

      З відовішча надвячоркам
У тэрмі схаваўся
Святы кесар з ліктарамі.
Калізей застаўся
Без кесара і без рымлян
I быццам заплакаў
Адзінокі. I гарою
На полі чарнее
Калізей той сярод Рыму.
Ціха-ціха вее
Свежы вецер з-за Альбана[208]
Над знямелым Рымам.
А над чорным Калізеем,
Быццам бы з-за дыму,
Плыве месяц круглаліцы,
I свет першатворны
Адпачыў на лоне ночы.
Толькі мы, Адаме,
Твае дзеці бяспутныя,
Не адпачываем
Аж да самай дамавіны
У праспаным раі.
I грызёмся, як сабакі
3-за косткі смярдзючай,
I самога зневажаем,
Праойча лядачы.

XIV

                  Трохі адпачыла
            Стара маці-недабітка.
            Жывучую сілу
            Сіла ночы ажывіла.
            Устала, пахадзіла
            Каля брамы замкнёнае
            Ды штосьці шаптала.
            Ці не кесара святога
            Моўчкі праклінала?
            Можа, і так. Ціхусенька
            Каля брамы стала,
            Паслухала і са смехам
            Нешта прашаптала,
            Слова нейкае. I ціха
            Каля брамы села
            I журыцца. Неўзабаве
            Браму расчынілі
I на вазах, на калясніцах
З той калізейскае разніцы
Святыя вывезлі цяла
I павезлі на Тыбр. Цяламі
Святых забітых гадавалі
Для таго ж царскага стала
У Тыбры рыбу. Ўстала маці,
Вакол зірнула і ўзялася
За голаў бітую рукамі
I ціха, моўчкі за вазамі
Марою чорнаю пайшла.
I не адзін скіф шэравокі,
Што целы вёз,— апошні раб,—
Падумаў тут: сястра Марока[209]
Прыйшла аж з пекла правадзіць
У пекла ж рымлян.
Паскідалі
У ваду трупы дый назад
З вазамі скіфы павярталі.
I засталася ты адна
На беразе. I ты глядзела,
Як круг закругам анямела
Ішоў, знікаючы над ім,
Над сынам праведным тваім.
Глядзела ты, пакуль не стала
I следу іх сярод вады.
I усміхнулася тады
I цяжка, страшна зарыдала,
I першы раз ты ўзнесла рукі
Таму, хто выбавіў ад мукі
Цябе — распяты сын Марыі,
I словы ты яго жывыя
Ў жывую душу прыняла.
I ты ў палац і ў дом убогі
Жывога ісцінага бога
Са словам праўды панясла.
1857
Ніжні Ноўгарад

ЮРАДЗІВЫ

У дні фельдфебеля-цара[210]
Капрал Гаўрылавіч Бязрукі[211]
Ды унтэр п’яны Далгарукі[212]
Ўкраінай правілі. Дабра
Такі нямала натварылі.
Нямала люду агалілі
Сатрапы, дралі да рабра,
I надта стрыжаны Гаўрылыч
З яфрэйтарам сваім малым[213]
Рухавым ды наліха злым.
Люд да таго дамуштравалі,
Што сам фельдфебель быў ва ўхвале
I маршыроўкаю і ўсім,
I «дабрасхільнасць адчувалі
Заўжды к яфрэйтарам сваім».
А мы глядзелі, і маўчалі,
Ды моўчкі чухалі чубы.
Нямыя, подлыя рабы,
Абножжа царскае, лакеі
Капрала п’янага! Не вам,
Не вам, ва ўзорчатай ліўрэі
Даносчыкі і фарысеі,
За праўду прасвятую стаць
I за свабоду. Распінаць,
А не любіць вучылі брата!
О род нікчэмны, род пракляты,
Калі паздохнеш ты? Калі
Мы дачакаем Вашынгтона
А з новым, праведным законам?
А дачакаемся калісь!
А вас не сотні, а мільёны
Палян, дулебаў і драўлян[214]
Гаўрылыч гнуў у час хвалёны;
А вас, маіх святых кіян,
I вашых важлівых кіянак
Аддаў сваім прафосам[215] п’яным
У найміткі сатрап-капрал.
Вам і не вадзіць. А між вамі
Знайшоўся нехта з кулакамі,
Такі дурны арыгінал,
Што ў морду заляпіў капралу —
Яшчэ ў царкве той,— і прапала,
Як на сабаку.
Тады, дурным, і вам было б
На гада выйсці з рагачамі,
А вы збаяліся...
                       Вось так!
Знайшоўся ўсё-такі казак
Адзін з мільёна свінапасаў,
Што царства ўсё апавясціў:
Сатрапу ў морду заляпіў.
Вы, юрадзівыя, тым часам,
Пакуль недамагаў капрал,
Вы аб’явілі юрадзівым
Святога рыцара! I жыва
Фельдфебель ваш, Сарданапал[216],
Паслаў на катаргу святога,
А да пабітага старога
Сатрапа «навсегда» ён стаў
Найдабрасхільным.
                       Больш нічога
Не выкраілася, і драму
Глухімі цёмнымі дварамі
На сметнік вынеслі. А я...
О зорка ясная мая!
Вядзеш мяне з турмы, з няволі,
Якраз на сметнічак Міколы,
І свеціш, і гарыш над ім
Агнём нябачаным, святым,
Які дае жыццё, а з гною
Ўстае стаўпом перада мною,
Яго бязбожных дзей імгла...
Бязбожны цару, творца зла,
Ганіцель праўды, зману лёкай!
Чаго начварыў на зямлі!
А ты, ўсёбачлівае вока!
Ці ты ўглядалася звысоку,
Як сотнямі ў кайданах гналі
Ў Сібір нявольнікаў святых[217],
Як мардавалі, распіналі
I вешалі?! А ты не знала?
А ты глядзела ўсё на іх
I не аслепла?! Вока, вока!
Не дужа бачыш ты глыбока!
Спіш у кіёце, а цары...
Хай мор на іх, цароў паганых!
Хай ім трылузяцца кайданы,
А я падамся на Сібір,
Аж за Байкал, ды гляну ў горы,
У цёмныя пячоры, ў норы,
Без дна глыбокія, і вас,
Заступнікі святое волі,
З смуроду, з цемрачы, з няволі,
Царам і людзям напаказ,
На свет вас выведу найдалей
Радамі доўгімі ў кайданах...
Ніжні Ноўгарад
1857

ДОЛЯ

      Не хітравала ты са мною,
Ты другам, братам і сястрою
Нябогу стала. Узяла
Ты за руку мяне, малога,
I ў школу хлопца адвяла
Ў навуку да дзяка п’янога.
— Вучыся, сэрца, будуць з нас
Калісьці людзі! — ты сказала.
Я і паслухаў твой наказ
I вывучыўся. Ты ж збрахала.
Што з нас за людзі? Ды дарма!
Не хітравалі мы з табою,
Ішлі мы проста, ў нас няма
Няпраўды зерня за сабою.
Хадзем жа, доленька мая!
Мой дружа ўбогі, немахлявы!
Хадзем жа далей: далей слава,
А слава — запаведзь мая.
Ніжні Ноўгарад
1858

МУЗА

      А ты, прачыстая, святая,
Сястра ты, Феба[218] маладая!
Мяне ты ў свой падол ўзяла
I ўдаль, у поле аднясла.
I на кургане сярод поля,
Як тую волю на раздоллі,
Туманам сівым спавіла.
I калыхала, і спявала,
Тварыла чары ты... I я...
О чараўнічанька мая!
І мне ты ўсюды памагала,
Мяне ты ўсюды даглядала.
            У стэпу, бязлюдным стэпу,
            Далёка ў няволі,
            Зіхацела, расцвітала,
            Як кветачка ў полі!
            Ды з казармы той нячыстай
            Чыстаю, святою
            Пташачкаю вылецела,
            I па-нада мною
            Паляцела, заспявала
            Ты, залатакрылай...
            Як жывучаю вадою
            Душу акрапіла.
I я жыву, і нада мною
З сваёю божаю красою
Гарыш ты, зоранька мая,
Мая дараднічка святая!
Мая ты доля маладая!
Не пакідай мяне. Ўначы
I ўдзень, і ўвечары, і рана
Лунай за мною і вучы,
Вучы няскладнымі губамі
Сказаці праўду. Памажы
Малітву мне тварыць да краю.
А як памру, мая святая!
Мая ты мама! Палажы
Свайго ты сына ў дамавіну
I хоць адзіную слязіну
З воч неўміручых пакажы.
1858
Ніжні Ноўгарад

СЛАВА

А ты задрыпанка, шынкарка,
П’яная гандлярка!
Дзе забавілася ў ката?
Каму зорыш ярка?
У Версалі над злачынцам
Сееш бляск прамення?
Ці з кім іншым сваячышся
З нуды ды з пахмелля?
Прыгарніся ж да мяне ты
Дый станцуем з ліха:
Абдымемся харашэнька
Ды люба, ды ціха
Пажартуем, пабуськаем
Дый паберымося,
Мая пісаная краля,
Бо я ўжо знямогся
За табою гнацца, бегчы,
Хоць ты й красавала
I з п’янымі ўсё царамі
Па шынках гуляла,
Асабліва з Міколаю
У Севастаполі,—
Ды мне гэта ані ў знакі,
Мне ты, мая доля,
На сябе дай наглядзецца,
Дай і прытуліцца,
Пад крылом тваім у ценю
Ціхім сном забыцца.
1858
Ніжні Ноўгарад

СОН

На паншчыне пшаніцу жала,
Стамілася, не адпачыць
Пайшла ў снапы; пакандыбала
Івана-сына пакарміць.
Дзіцё спавітае крычала
У халадочку пад снапом.
Распавіла, пасілкавала,
Папесціла і нібы сном,
Як і сядзела, задрамала.
I сніцца ёй той сын Іван
Прыгажавіты а багаты,
Ужо засватаны, жанаты —
На вольнай, бачыцца, бо й сам
Ужо не панскі, а на волі,
I на сваім вясёлым полі
Удвох сабе пшаніцу жнуць,
А дзетачкі абед нясуць.
Дый усміхнулася нябога.
Ачнулася — няма нічога,
На сына глянула, ўзяла
Івася ціха спавіла,
Каб зжаць да цівуна ліхога,
Яшчэ капу дажаць пайшла.
С.-Пецярбург
1858

***

Не занядужаў я няўрокам,
А штось такое бачыць вока,
Чакае сэрца ўсё. Баліць,
Баліць, і плача, і не спіць,
Нібы галоднае малое.
Чакаеш, мабыць, ты ліхое
Часіны? Не чакай, глядзі...
Дабра і спадзяванай волі —
Яна заснула: цар Мікола
Яе прыспаў. А каб збудзіць
Слабую волю, трэба вера,
Каб грамадой абух сталіць,
Ды добра навастрыць сякеру —
Дый распачаць яе будзіць.
А то праспіць сабе, нябога,
Да божага суда страшнога!
А панства будзе калыхаць,
Палацы, храмы мураваць,
Любіць цара свайго п’янога,
Ды візантыйства праслаўляць,
Дый болей, бачыцца, нічога.
С.-Пецярбург
1858

НАСЛЕДАВАННЕ II ПСАЛМУ

      Мой божа мілы, гэтак мала
Святых людзей на свеце стала.
Адзін на аднаго куюць
Кайданы ў сэрцы. Тут жа самі
Найсаладжавымі губамі
Цалуюцца і не прыждуць,
Ці хутка брата ў дамавіне
З гасцей на цвінтар панясуць?
А ты, о божа наш адзіны,
Ты можаш вуснаў зло стрымаць,
Язык замнога гаварлівы,
Што нам казаў: мы не здарма!
I узвялічым мы надзіва
I розум наш, і наш язык...
Ды дзе той пан, што нам закажа
I думаць так, і гаварыць?
— Ускрэсну я! — той пан вам скажа,—
Ускрэсну сёння! Дзеля іх,
Людзей закованых маіх,
Убогіх, бедных... Узвялічу
Малых вось тых рабоў нямых!
I я на варце каля іх
Пастаўлю слова. Ляжа ніцам,
Нібы стаптаная трава,
I думка ў вашых галавах.—
Як срэбра кутае, цвярдое
I сем разоў пералітое
Агнём у горне,— словы вось
Твае, о божа наш, такія.
Раскінь жа іх, твае святыя,
Па ўсёй зямлі. I цудам скрозь
Тваім павераць ўсе на свеце
Твае малыя ў горы дзеці!
1859
С.-Пецярбург

МАРКУ ВАЎЧКУ[219]

На памятку

24 студзеня 1859

Яшчэ нядаўна за Уралам
Блукаў я і Хрыста прасіў,
Каб наша праўда не прапала
I слова каб не памірала,
I вымаліў. I бог усім
Цябе паслаў нам — як прарока,
Суддзю драпежных крывасмокаў.
Праменьчык мой, свяці ярчэй!
Мая зараначка святая!
Мая ты сіла маладая!
Свяці на шлях мой, абагрэй
I сэрцу зноў вярні надзею,
А з ім і я памаладзею,
Душой пакутнай ажыву,
I думку вольную на волю
Аж з дамавіны я ўзніму.
I думку вольную... О доля!
Прарок ты наш! Мая ты доня!
Тваёю думку назаву.
1859
С.П.Б.

ІСАІЯ[220]. ГЛАВА 35 (Перайманне)

      Май радасць, ніва непалітая!
Зямля, мая радасць не павітая
Травой квяцістай! Узрасці,
Ружовым крынам працвіці!
I працвіцеш, пазелянееш,
Як Іярданавы святыя
Лугі густыя, берагі!
I чэсць Кармілава[221] і шана
Ліванава[222], а без спадмана,
Цябе акрые дарагім
Залатканым, хітрашытым,
Дабром ды воляю падбітым,
Святым амофарам[223] сваім.
А людзі цёмныя, сляпыя
Дзівосы бога ўбачаць тыя.
            I спачнуць у нявольнікаў
            Стомленыя рукі,
            I калені адпачнуць,
            Што ў кайданы ўкуты!
            Радуйцеся, ўбогадухі,
            Не бойцеся дзіва,—
            Гэта судзіць, вызваляе
            Бог доўгацярплівых
            Вас убогіх. А злодзеяў
            Ён за зло карае!
Тады, як на зямлю святая,
О божа, праўда прыляціць
Хоць на гадзінку адпачыць...
Сляпыя ўбачаць, а крывыя,
Як сарна з гаю, стрымгануць.
Нямых пакіне немата,
Прарвецца слова, як вада,
Пустэльня з доляю калючай,
Вадою ўмыўшыся гаючай,
Прачнецца ўся, і пацякуць
Вясёла рэкі, і азёры
Наўкол гаямі прарастуць,
Вясёлым птаствам ажывуць.
            Ажывуць стэпы, азёры,
            I не верставыя,
            А вольныя, шырокія
            Скрозь шляхі святыя
            Прасцеляцца: і не знойдуць
            Тых шляхоў улады,
            А рабы шляхамі тымі,
            Без крыку і гвалту,
            Пасыдуцца ў гурт адзіны
            Радасна, вясёла.
            I пустэльню апануюць
            Вясёлыя сёлы.
1859
С.-Пецярбург

N. N.

Калісьці, як і ты, лілея
На Іярдані расцвіла
I над зямлёю пранясла
Святое слова і надзею.
Калі б і ты, Днястровай кветкай...
Не, не! Крый божа! Разапнуць.
Кайданным шляхам павядуць.
I ты, мой цвеце, кволы гэткі...
Не вымаўлю...
                     Вясёлы рай
Пашлі ёй, божа! Божа, дай
Ёй толькі долю ў гэтым свеце
I больш нічога не давай.
I не бяры яе вясною,
Нябесны рай не абяцай,—
Тут, на зямлі, тваёй красою
Налюбавацца ўволю дай.
1859
С.-Пецярбург

***

Ой маю я вочкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды аглядаці,
Няма каго, сэрцайка, ды аглядаці!
Ой, маю я ручкі, родная маці,
Няма каго, матухна, ды абнімаці,
Няма каго, сэрцайка, мне абнімаці!
Ой, маю я ножкі, родная маці,
Ды няма з кім, матухна, мне паскакаці,
Ды няма з кім, сэрцайка, мне паскакаці!
1859
Пірацін

СЯСТРЫ[224]

      Праходзячы па ўбогіх сёлах
Панаддняпроўскіх невясёлых,
Я думаў: — Дзе спыніцца мне?
I дзе падзецца мне на свеце?
I потым бачу ува сне,
Што дрэўцы ў садзе ў белым цвеце
I на ўзгорачку стаіць,
Як быццам дзеўчына, хаціна.
Дняпро шырокі разгарнуўся!
Аж ззяе бацька ды гарыць!
Гляджу: у цёмненькім садочку,
Пад вішанькай у халадочку
Мая адзіная сястра!
Многапакутніца святая!
Нібы ў раю адпачывае
Ды з-за шырокага Дняпра
Мяне гаротная чакае.
I ёй здаецца — вынырае
3-за хвалі човен той, плыве...
I ў хвалі потым і знікае.
— Мой брацітка! Мая ты доля! —
I мы прачнуліся. А ты...
На паншчыне, а я ў няволі!..
Вось так нам давялося йсці
Яшчэ ад малку колкай нівай!
Сястра, маліся! Будзем жывы,
Дык бог паможа перайсці.
1859
Чаркасы

***

      Ва Іудзеі ва дні оны,
У часе Ірада[225] цара,
Вакол Сіона й на Сіоне
Паскуднічалі легіёны
Раманскія. А у цара,
У Ірада таго самога,
I на парозе і за парогам
Стаялі ліктары. А цар...
Самаўладарны валадар!
Лізаў у ліктара халяву,
Каб на выдаткі на усе
Хоць поўдынарыя[226] пазычыў:
А той кішэняю трасе,
Вымае грошы і не лічыць,
Як быццам старцу ён дае.
I п’яны Ірад зноўку п’е!
Дык вось не ў самым Назарэце,
А у якімсьці там вярцепе,
Марыя сына прывяла
I ў Віфліем з малым пайшла...
Бяжыць паштар ад Віфліема.
— Паслухай, цар, расказ ты мой!
Гірса і кукаль з лебядой
Расце ў пшаніцы. Гэта племя
Давідава ў нас узышло!
Сячы, пакуль не узрасло!
— Дык што ж! —
Прамовіў Ірад п’яны,—
Па царству ўсім пазасякаць
Малых дзяцей, бо род паганы
Не дасць як след дацараваць.
Паштар быў п’яны, гаварылі.
Аддаў сенату ён указ,
Каб толькі ў Віфліеме білі
Малых дзяцей.
                      Ратуй ты нас,
Дзіцёнак праведны, вялікі,
Ад п’янага цара-ўладыкі!
Табе з ратункамі прыйшла
Ад горшага святая маці.
Ды дзе ж нам тую маці ўзяці?
Мы сэрцам голым дагала!
Рабы з какардаю на лобе!
Лакеі ў залатой аздобе...
Анучы, смецце з памяла
Яго вялікасці. Дый годзе!
1859
С.-Пецярбург

МАРЫЯ Паэма

Радуйся, ты бо обновила еси зачатыя студно.

Акафісій прасвятой багародзіцы. Ікас 10.
Надзеі, мыслі ўсе мае
Я на цябе, мой светлы раю,
На міласэрдзе на тваё,
Усё спадзеванне маё
На цябе, маці, пакладаю.
Святая сіла ўсіх святых!
Найначысцейшая, святая!
Малюся, плачу і рыдаю.
Зірні, прачыстая, на іх,
На тых акрадзеных, сляпых
Нявольнікаў. Падай ім сілу
Твайго мучаніка-сына,
Каб крыж-кайданы даняслі
Да саменькага канца-краю.
Праслаўленая! Я ўзываю,
Царыца неба і зямлі.
Пачуй іх стогны і пашлі
Канец шчаслівы, прасвятая!
А я, нязлоблівы, спяю,
Як працвітуць сядзібы, сёлы,
Псалмом і ціхім і вясёлым
Святую долечку тваю.
А зараз плач і болесць, слёзы
Душы убогае,— убогай
Сваю я лепту падаю.
      У Ёсіфа, у цесляра,
Ці бондара таго святога,
Марыя ў наймічках расла.
Расла сабе і вырастала.
I на пары Марыя стала...
I кветкай-ружай расцвіла
У беднай і чужой хаціне,
У ціхім і святым раю.
Цясляр на наймічку сваю,
Нібы на родную дзяціну,
Бывала струг, цяслу пакіне
Дый пазірае; час міне,
А ён і вокам не змігне
I думае: — Ані радзіны,
Ані хаціначкі няма,
Адна-адненькая!.. Хіба...
Ці смерць мая ўжо за плячыма?..
Марыя ж стане каля тыну
Ды воўну белую прадзе
На той бурнус яму, на новы,
Або на бераг павядзе
Казу з казляткам такім кволым
Папасвіць там і папаіць,
Хоць і далёка. А любіла ж
Яна той ціхі божы стаў,
Шырокую Тыверыяду[227],
I рада, аж смяецца, рада,
Што Ёсіф, седзячы, маўчаў
I не пярэчыў, не спыняў
На стаў ісці. Ідзе, смяецца,
А ён сядзіць ды ўсё сядзіць,
За струг, бядага, не бярэцца...
Каза нап’ецца ды пасецца,
А дзеўчына сабе стаіць
З сваімі думкамі пад гаем
I смутна, сумна пазірае
На той шырокі, божы стаў
Ды прагаворыць: — Тыверыяда!
Цару шырокі азярам!
Скажы ты мне, мая парада,
Якая доля выйдзе нам
З старым Іосіфам? О доля!
I хіліцца, нібы таполя
Ад ветру хіліцца ў яру.
— Яму я родным дзіцем стану,
Плячмі маімі маладымі
Яго старыя падапру?
I зрокам абвяла паляну,
Аж іскры сыпнулі з вачэй,
А з маладых яе плячэй
Хітон палатаны дадолу
Паволі ссунуўся. Ніколі
Такое божае красы
Ніхто не ўбачыць. Злая ж доля
Калючым цернем правяла
I нібы кпіла над красою!
О долечка! — Па-над вадою
Хадою ціхаю пайшла.
Лапух край берага знайшла,
Лапух сарвала і накрыла,
Нібы тым брылікам, сваю
Галоўку смугленькую тую,
Сваю галованьку святую!
І ў цёмным знікла дзесь гаю.
О свеце вечны наш, нягаслы!
О ты, прачыстая ў жэнах!
Пахучы квет, палёў краса!
Скажы ў якіх гаях, ярах,
Прытулках блізкіх ці далёкіх
Дзе ты схаваешся ад спёкі
Агняспаляючай тае,
Што сэрца без агню растопіць
І без вады прарве, затопіць
Святыя думанькі твае?
Дзе ты схаваешся? Нідзе!
Агонь запаў ужо — і годзе!
Запалымнеў ужо. I шкода,
Дарэмна сіла прападзе,
Да сэрца дойдзе, да касці
Агонь той люты, негасімы,
I, недабітая, за сынам
Ты будзеш змушана прайсці
Агонь пякельны. I прарочыць,
Табе ўжо зазірае ў вочы
Прышласць твая. Ты не глядзі!
Твой сум прарочы адвядзі,
На галаву ўзлажы вяночак
З чырвоных макаў, віаргінь
Ды бестурботна адпачынь
      Пад яварам у халадочку,
Пакуль што будзе.
Пад вечар, нібы зорка тая,
З вянком Марыя выйшла з гаю.
А перад ёй Фавор[228]-гара,
Як бы з золата-серабра,
У небе высіцца і ззяе,
Аж вочы слепіць. Падняла
На той Фавор свае святыя
Вочкі лагодныя Марыя
З усмешкай ціхай. Заняла
Казу з казлятачкам з-пад гаю
I заспявала:
— Раю! раю!
Цёмны гаю!
Ці я маладая,
Мілы божа,
У тваім раю
Ці я пагуляю,
Нагуляюся?
                  Дый змоўкла
I азірнулася наўкола,
На рукі кэзлянё ўзяла
I весяленькая пайшла
На хутар бондараў убогі.
Ідучы, казлянё-нябогу,
Нібы малое на руках,
Яна пагушквала, гайдала,
Да ўлоння ціха прытуляла
I цалавала. Казлянё,
Як быццам тое кацянё,
Ляжала ціха, не крычала,
На ўлонні песцілася ўдала.
I мілі дзве з тым казлянём
Яна амаль не танцавала.
I не ўтамілася. Стары
Глядзеў, сумуючы пад тынам,
I ўжо даўно сваю дзяціну
Здалёку згледзіў, прывітаў
I запытаўся: — Дзе ты, ў бога
Забавілася так, нябога?
Хадзем у кушчу[229], адпачынь
Ды за вячэру сядзем разам
З вясёлым госцем маладым.
Хадзем жа, дочухна. Які?
Які то госць? А з Назарэта[230]
Зайшоў да нас падначаваць.
Ён кажа: — Божжа благадаць
На старую Елізавету[231]
Учора раненька зышла,
Учора, кажа, прывяла
Дзіцёнка-сына. А Захары
Стары назваў яго Іанам.
Дык бачыш што! — А госць разуты,
Умыты з кушчы выступаў
У белым чысценькім хітоне,
Як намалёваны ён ззяў
I велічна стаў на парозе
I, пакланіўшыся, вітаў
Марыю ціха. Ёй, нябозе,
Аж дзіўна стала. Госць стаяў
I сапраўды нібы заззяў.
Марыя на яго зірнула,
I боязь нейкую адчула,
I прыгарнулася ад страху
Да Ёсіфа свайго старога.
А потым госця маладога
Прасіла, нібы павяла
Вачамі ў кушчу. Прынясла
Вады чысцюсенькай з крыніцы
Ды малако і сыр казліцы
Ім на вячэру падала.
Сама ж не ела, не піла,
Ў куточку ціхенька стаяла
Ды ўсё маўкліва пазірала
I слухала, як малады,
Дзівосны госць той гаварыў.
I словы гутаркі жывыя
У душу падалі Марыі,
I ў сэрцы стыла і пякло!
— У Іудзеі не было,—
Прамовіў госць,— таго ніколі,
Што зараз станецца. Рабі!
Звястун вялікае глаголы
Засее праўду на зямлі!
I вырастуць, і пажнямо
I ў жытніцы мы зберамо
Святыя зерні. Я месію
Іду людзям апавясціць,—
I памалілася Марыя
Перад апосталам.
                             Гарыць
Агеньчык ціха у жарніцы.
А Ёсіф праведны сядзіць
Ды думае. Ужо зарніцы
На небе ясным узышлі.
Марыя ўстала і пайшла
З гляком па воду да крыніцы.
I госць за ёю і ў ярочку
Дагнаў Марыю...
                         Халадочкам
Да ўсходу сонца правяла
Аж да самае Тыверыяды
Святога весніка. I рада,
Радзюсенька сабе прыйшла
Дадому.
              Жджэ яго Марыя.
А вусны, шчокі маладыя
Тым часам блекнуць. Вочы ёй
Туманам засціць. «Ты не той,
Не той цяпер, Марыя, стала,
Наш цвет, аздоблены красой! —
Прамовіў Ёсіф.— Дзіва стала
З табою, дочухна мая!
Марыя, трэба нам звянчацца,
А то...— Не вымавіў — заб’юць,
На вуліцы.— Затым схавацца
Ў сваім аазісе. I ў пуць...»
Марыя ўбогі скарб збірала
Ды цяжка плакала, рыдала.
      I вось яны сабе ідуць,
Забраўшы скарб увесь на плечы.
Між скарбу конаўка. Сказаць,
Можна было б яе прадаць
Ды хустку ёй купіць дарэчы,
Дый за павенчанне аддаць.
      О старча праведны, багаты!
Не ад Сіёна благадаць:
Яна з твае убогай хаты
Нам узвясцілася. Калі б
Прачыстай ёй не даў ты руку,
Рабамі беднымі былі б,
Дагэтуль мерлі бы. О мука!
О цяжкая душы нуда!
Не вас, гаротных, мне шкада,
Сляпыя, бедныя душою,
А тых, што бачаць над сабою
Сякеру, молат і куюць
Кайданы новыя. Заб’юць,
Зарэжуць вас, душазабойцы,
Ды з той крывавае крыніцы
Сабак напояць.
                       А дзе той
Лукавы госць яе нядаўны?
Хоць бы прыйшоў, даў вестку ёй
Ды глянуў бы на шлюб праслаўны,
На шлюб акрадзены. Не чуць
Ані яго, ані месіі,
А людзі ждуць чагось і ждуць,
Чагось няпэўнага. Марыя!
Не маеш долі ты. Чаго,
Чаго чакаць табе ад бога
І ад людзей яго? Нічога,
Як ад апостала таго.
Не, не чакай. Цясляр убогі
Цябе, вянчаную, вядзе
Ў сваю жабрачую хаціну.
Маліся, дзякуй, што не кінуў,
Цябе ў дарозе не прагнаў,
А то б цаглінаю забілі,—
Як бы цябе ён ні хаваў.
Ў Ерусаліме гаварылі
Паціху людзі, што сцялі
У горадзе Тыверыядзе
Ці то кагосьці распялі,
Што чуткі сеяў аб месіі.
— Яго,— падумала Марыя
I весяленькая пайшла
У Назарэт. I ён святлее,
Што наймічка яго нясла
Пад сэрцам праведную душу
Распятага за волю мужа.
      Вось так яны ўдваіх ідуць.
Прыйшлі дадому і жывуць
Павенчаныя без турботы.
Цясляр за новаю работай —
Калыску ладзіць, а яна
Сядзіць сабе каля акна,
Глядзіць у поле ўсё ды шые
Кашульку тую з палатна —
Каму яшчэ?
                  — Гаспадар дома? —
З двара пачулася.— Указ
Ад кесара, яго самога.
Каб вы сягоння, ў гэты ж час,
Для перапісу ў горад,
У горад Віфліем ішлі.—
I знік, замоўк той грозны голас,
I ціша стала, як была.
      Марыя цеста замясіла,
Каб хоць праснак спячы. Спякла,
I ў торбу моўчкі палажыла,
Ды са старым сваім пайшла
У Віфліем.— Святая сіла!
Выбаў мяне, мой божа мілы.
Толькі й казала. Зноў ідуць
I цяжкі сум нясуць абое.
Убогія, яны з сабою
Казу з казлятачкам вядуць,
Бо дома не на кага кінуць,
А можа, бог дасць і радзіны,
Дык вось і будзе малако
Той беднай мацеры. Скаціна
Ідзе і жывіцца. Радком.
Ідуць вось гэтак бацька, матка.
I між сабой яны украдкам
Гамоняць ціха. Сімеон
Протапрэсвітэр,— Ёсіф мовіў,—
Прарочае такое слова
Сказаў мне, што святы закон
I Аўраама і Майсея
Адновяць мужы і асеі.
I ён яшчэ угледзіць сам
Месію, што прыходзіць к нам!
Ці чуеш ты, мая Марыя?
Месія прыйдзе! — Ён прыйшоў,
I мы ўжо бачылі месію! —
Яна азвалася.
                     Знайшоў
Праснак зачэрсцвелы, убогі
I кажа Ёсіф: «З’еш, нябога,
Пакуль што будзе там яно.
Да Віфліема не блізенька;
I я спачыну заадно».
I селі на шляху згадненька
Палуднаваць. Вось так сядзяць,
А сонца яснае хуценька
Дадолу коціцца. Глядзяць —
Схавалася. Сцямнела ў полі.
I дзіва дзіўнае! Школі
Ніхто не бачыў, не чуваў
Такога дзіва. Задрыжаў
Святы цясляр. Мятла з усходу
Над Віфліемам — знак народу —
Шырокай пасмаю зайшла[232]
I дзіўным бляскам заіграла.
Марыя з шляху не ўставала —
Марыя сына прывяла,
Адзіную тую дзяціну,
Што нам збавенне прынясла.
I, найсвяцейшая, нявіннай
За грэх наш кары прыняла.
Непадалёку, ўскрай дарогі,
Авечак гналі пастухі
I іх пабачылі. Нябогу,
Матку з дзіцёнкам узялі,
Ў сваю пячору прыняслі
I грамадой усёй убогай
Эмануіл[233] імя далі.
      Да ўсходу сонца, рана-рана,
У Віфліеме на майдане
Зышоўся люд і шапаціць,
Што пэўна штосьці з людзьмі будзе
У Іудзеі. Гамоніць,
I моўкне люд.— О людзі! людзі!
Хтось з пастухоў бяжыць, крычыць.
Прароцтва ўжо Іерэмія,
Ісаія збылось, збылось!
У нас, у пастыраў, месія
Радзіўся ўчора.— Загуло
У Віфліеме на майдане:
— Месія! Іісус! Асанна[234]! —
I люд расходзіўся.
                             I ўраз
З Ерусаліма пад той час
Прыслаў загад цар Ірад люты.
I штось нябачана, нячута
На свеце сталася тады.
      Яшчэ ў пялёнках дзеткі спалі,
Купель ім грэлі мацяры,
Намарна грэлі! Не купалі
Маленькіх дзетачак сваіх!
Нажы салдаты спаласкалі
Ў дзіцячай праведнай крыві!
Дык вось яно што ў свеце сталась!
Глядзіце ж вы, о мацяры!
Што робяць Ірады-цары!
      Марыя нават не хавала
Свайго дзіцёнка. Хвала вам
Убогім людзям, пастухам,
Што прывіталі, захавалі
I нам збавіцеля ўпаслі
Ад Ірада. Пашкадавалі
I накармілі, і далі
Кажух і світку на дарогу,
I, небаракі, дадалі
Асліцу дойную. Нябогу
З яе дзіцём, дый як маглі
I даглядалі і вялі
Слядамі ўночы патайнымі
На шлях Мемфійскі[235]. А мятла,
Мятла агністая гарэла,
Як тое сонца, і глядзела
На іх асліцу, што нясла
Ў Егіпет добрую Марыю
I нараджонага месію.
      Калі б на свеце дзе хоць раз
Царыца села на асліцу,
То слава йшла б і пра царыцу
I пра вялікую асліцу
Па свеце ўсюды. Гэта ж нясла
Жывога ісціннага бога.
Цябе ж, бядачку, копт[236] убогі
Хацеў у Ёсіфа купіць,
Ды здохла ты. Мабыць, дарога
Такі пашкодзіла табе?
      У Ніле скупанае спіць
Ў пялёнках долі пад вярбою
Дзіцятачка, а між лазою
З лазы калысачку пляце
Ды плача праведная маці,
Калыску тую плетучы.
Знайшоў і Ёсіф зноў работу —
Будуе хатку ён з чароту,
Каб мець прытулак уначы.
3-за Нілу сфінксы, як сычы,
Страшнымі мёртвымі вачымі
Глядзяць на гэта. А за імі
На спаленым пяску стаяць
Па шнуру піраміды ў рад,
Як тая варта фараонаў.
I фараонам даюць знаць,
Што праўда божага закону
Ужо ўзыходзіць на зямлі,
Каб асцярожнымі былі.
      Марыя нанялася прасці
У копта воўну, а стары
Авец узяўся стадка пасвіць,
Каб зноў казу сабе нажыць
На малако малому сыну.
Мінае год. Каля хаціны
Паветкі ціхія куты,
Дзе бондар праведны святы
Ніякіх помыслаў не мае,
Барыла й бочкі набівае
Ды штось мурмукае. А ты?
Не плачаш ты і не спяваеш,
Гадаеш, думаеш, гадаеш,
Як навучыць, як навясці
На троп святы святога сына
I як ад ліха упасці,
Ад бур жыццёвых адвясці?
      Зноў год мінуў. Каля хаціны
Каза пасецца, а хлапчына
З малым вясёлым казлянём
У сенцах бавіцца. А маці
Сядзіць на прызбе або ў хаце
Ды воўну тонкую прадзе,
Аж вось і сам стары ідзе
З кіёчкам ціха каля тыну:
На торг у горад ён хадзіў
I сыну пернічак купіў,
А ёй прасценькую хусціну,
Сабе ж нясе на хадакі
Тавар раменны. Спачынуў
I кажа: — Дочка, не бядуй.
Выпадак з Ірадам такі —
Чагось наеўся ён і, чуй,—
Цяпер хаўтуры адсвяткуй —
Так мне казалі старыкі.
Дык пойдзем жа мы ў той свой гай,
У свой маленькі ціхі рай,
Хадзем дадоманьку, рыбчына.
— Хадзем,— сказала. I пайшла
На Ніл памыць кашулькі сыну,
Каб у дарогу ўзяць. Паслася
Каза з казляткам каля тыну.
А Ёсіф сына забаўляў,
На прызбе сеўшы, покі маці
Збірала скарб той свой малы.
Кашулькі мыла. Пасля ў хаце
Наладзіў добра пасталы
Сабе ў дарогу. I... пайшлі
Да ўсходу сонца, па тарбіне
На плечы ўзяўшы, а хлапчыну
Яны ў калысачцы няслі.
      Сяк-так прыйшлі яны дадому.
Бадай не выпала нікому
Такое ўгледзець. Благадаць —
Гаёчак ціхі сярод поля,
Адна-адзіная іх доля
Вось той гаёчак! — і не знаць,
Дзе ён меў радасць, і хаціна —
Усё разбурана. Ў руіне
Прыйшлося бедным пачываць.
У яр Марыя да крыніцы
Хуценька кінулася. Там
Калісьці з ёю ясналіцы
      Сустрэўся госць святы. Бур’ян,
      Будзяк калючы з крапівою
Каля крыніцы параслі.
Марыя! Горачка з табою.
Маліся, сэрцайка, малі!
Акуй сваю святую сілу,
Доўгацярплівасцю акуй,
Слязьмі крывавымі гартуй.
Чуць не ўтапілася нябога
У той крыніцы. Гора нам
Было б выбаўленым рабам!
Ці выйшла б што з таго малога
Без мацеры? I мы б не зналі
Дагэтуль праўды на зямлі,
Святое волі... Адагнала
Цяжкія думкі, зарыдала,
Ды цяжка, горка. Пацяклі
На дол сыры святыя слёзы
Дый высахлі, а ёй, нябозе,
Палегчала.
                  Елізавета,
Ўдава старая з Назарэта,
З малым сынком сваім жыла,
З сынком Івасем, і была
Раднёю ім. Марыя рана
Сыночка любага старанна
Адзела, естачкі дала
I за святым сваім пайшла
У Назарэт той да ўдавіцы,
Каб дзе хоць наймічкай прасіцца.
      Дзіця маленькае расло,
З Івасем удваіх гуляла.
Тым часам трохі падрасло.
Вось раз яны сабе гулялі
Удвух на вуліцы. Знайшлі
Дзве палачкі і прыняслі
Дадому мацярам на дровы.
Дзеткі звычайныя. Ідуць
I весяленькі і здаровы,
Аж люба глянуць, як ідуць.
I вось яно малое ўзяла
Другую палачку ў Івася,—
Івась гульнёю дзесь заняўся,—
Зрабіла крыжык ды нясло
Дамоў старэйшым паказаці,
Што й ён умее майстраваці.
Марыя ў сенічках здалёк
Дзяцей заўважыла і ўмлела,
Як на той крыжык паглядзела.
— Што ты зрабіў? Што, мой сынок?
То чалавек ліхі знарок
Цябе наўчыў, мой любы сын,
Зрабіць вось гэта... Кінь жа, кінь.
А ён, маленькі і нявінны,
Глядзіць і шыбенічку кінуў[237]
Ды зарыдаў, і пацяклі
У першы раз святыя слёзы
На ўлонне матцы. Ёй, нябозе,
Нібы палегчала. Ўзяла,
У халадочак завяла,
У садзік свой. Пацалавала
Ды коржыкам пачаставала,
Свяжуткім коржыкам. Яно ж
Папесцілася, пагуляла
Ды спатанькі сабе лягло
У роднай маткі на каленях.
I спіць сабе, бы ў райскім цені,
Пазбыўшы горачка таго.
I на адзінага свайго
Глядзіць матуля, глядзіць, плача
Ціхутка-ціха: анёл спіць,
Хоць бы ж яго не абудзіць,
Ды не дагледзела — няйнача
Слязы расінка, як агонь,
Упала на яго. Яно
I абудзілася. I слёзы
Марыя выцерла, смяецца,
Каб ён не бачыў. Ды, нябозе,
Ёй не ўдалося ашукаць
Малога сына. Ён зірнуў
I заплакаў.
                 Зарабіла
Ці то пазычыла ўдава
Капеек колькі на буквар.
Сама б вучыла, ды не знала ж
Яна пісьма таго. Ўзяла
Ды ў школу хлопца адвяла
Да іасеяў[238]. Даглядала ж
Яго сама. Сама вучыла
Дабру і розуму. Івась
Яму пад пару быў якраз,
Удвух сабе хадзілі ў школу,
Разам вучыліся. Ніколі
Не пагуляе ён з дзяцьмі
I не пабегае ні-ні.
Адзін-аднюсенькі, бывала,
Засядзе ён у бур’яне
Ды клёпку чэша. Памагала
Дзіця бацькам у працы іх.
Па сёмым нейк ужо гадочку —
Малы ўжо добра майстраваў,—
Адпачываючы ў куточку,
Стары на сына пазіраў.
Які то майстра з яго будзе?
Якія выйдуць з яго людзі?
Ды, ўзяўшы вёдзер, міс вянок,
I бацька з маткай і сынок —
Ну, як было расстацца з ім? —
На торг пайшлі ў Ерусалім.
Хоць і далёка, дык прадаці
Дарожай можна. Бацька й маці
Сядзяць сабе ды прадаюць
Дабро сваё. А дзе ж хлапчына?
Прапаў ён дзесь. Шукае сына
Ды плача маці — не чуваць
Яе сынка. У сінагогу
Зайшла маліць добрага бога,
Каб сын знайшоўся. Аж глядзіць —
Між рабінаў яе хлапчына,
Яе дзіцёнак той сядзіць
I навучае ён, нявінны,
Як трэба жыць, людзей любіць,
За праўду стаць, за праўду згінуць —
Без праўды гора. Гора вам,
Настаўнікі архіерэі!
Дзівіліся тут Фарысеі
I кніжнікі яго славам.
А радасць мацеры Марыі
Не скажаш словамі. Месію,
Самога бога на зямлі
Яна ўжо бачыць.
                           Прадалі,
Хвалу прынеслі ў храме богу
I весяленькія ў дарогу
Дадому рушылі ўначы
Ды халадочкам.
                          Падрасталі,
Вучыліся разам, растучы,
I гонар матчын падымалі
Святыя дзеткі іх. Са школы
Цярновым шляхам яны йшлі
Абодва. Божыя глаголы,
Святую праўду на зямлі
Яны сказалі. Распялі
За волю іх, святую волю!
      Іван пайшоў у ціш пустыні,
А твой між люду. А за ім,
За сынам праведным сваім,
I ты пайшла. У той хаціне
Чужой пакінула яго
Святога Ёсіфа свайго.
Пайшла ў вандроўку па-пад тынню,
Аж покі-покі не дайшла
Аж да Галгофы.
                         Бо за сынам
Святая маці ўслед ішла.
I цяжкі крыж яго ўзяла
I чула, бачыла ды млела,
I моўчкі радасцю гарэла,
На сына гледзячы. А ён,
Бывала, сядзе на Элеоне[239],
Каб адпачыць. Ерусалім
Красуе горда перад ім
I ззяе ў залатым вісоне[240]
Ізраільскі архіерэй!
Раманскі залаты плебей[241]!
Гадзіна, дзве міне, не ўстане,
На матку на сваю не гляне
Ды аж заплача, гледзячы
На іудзейскую сталіцу.
I яна плача, ідучы
У яр па воду да крыніцы
Ціхусенька, і прынясе
Вады чысцюткай, і абмые
Стамлёныя ступні святыя,
I дасць напіцца, і страсе,
Садзьме той прах з яго хітона[242],
Зашые дзірачку нанова,
Пад смокву пойдзе і сядзіць
З трывогаю — о ўсесвятая!
Што сын балесным спачывае.
Аж вось дзятва сюды бяжыць
3-пад горада — яго любілі
Малыя дзетачкі. Слядком
За ім па вуліцах хадзілі.
А іншы раз на Элеон
Да яго бегалі малыя.
Вось і прыбеглі.— Освятыя,
Вы найбязгрэшныя! — сказаў,
Як згледзеў дзетак, прывітаў,
Цалуе іх, благаслаўляе,
Гуляе з імі як маленькі.
Надзеў бурнус і, весяленькі,
З сваімі дзеткамі пайшоў
Ў Ерусалім сказаць сурова
Лукавым, грэшным праўды слова.
За тыя словы распялі...
Як распінаць яго вялі,
На скрыжаванні ты стаяла
З малымі дзецьмі. Мужыкі,
Яго браты, вучанікі
Усе ад страху паўцякалі.
— Няхай ідзе! Няхай ідзе!
Вось так і ён вас павядзе,—
Сказала дзецям і упала
На землю трупам.
                            Распялі
Тваю адзіную дзяціну!
Ты ж, адпачыўшы дзесь пад тынам,
У Назарэт адна пайшла.
Тваю сваячку пахавалі
Ў чужой пазычанай труне
Чужыя людзі. А Іана
Яе зарэзалі ў турме.
I Ёсіфа твайго не стала,
I ты адненькай гаравала,
Адна, як палец, бо такі
Твой лёс палатаны, нябога.
Браты яго, вучанікі
Няцвёрдыя, з душой убогай —
Яны на мукі не даліся,
Схаваліся і распаўзліся.
I ты іх мусіла збіраць.
I вось яны неяк сышліся
З табою ўночы сумаваць.
I ты, вялікая ў жэнах,
I іх паныласць, і іх страх
Развеяла, як пацяруху,
Сваім святым натхнёным духам.
Той дух святы свой унясла
У душы іхнія. Хвала
I пахвала табе, Марыя!
Мужы узнесліся святыя,
Далёка ў свет яны пайшлі
З імем святога твайго сына,
Твае балеснае дзяціны,
Любоў і праўду паняслі
Па свеце ўсім. А ты пад тынам,
Сумуючы, у бур’яне
Памерла з голаду. Амін.
      А потым папы цябе ўзняслі,
Адзелі ў пурпур і вянчалі,
Нібы царыцу. Распялі
Цябе, як сына. Аплявалі
Твой воблік чысты і святы,
Растлілі добрую... А ты?..
А ты, як золата ў гарніле,
Ў людской душы сябе ўзнавіла,
Ў душы нявольніцкай, малой,
Ў душы балеснай і жывой.
1859
С.-Пецярбург

НАСЛЕДАВАННЕ ЭДУАРДУ САВЕ[243]

      Пасаджу каля хаціны
Жонцы на ўспаміны
I ябланьку, і грушаньку,
На ўспамін адзінай!
      Бог дасць, вырастуць, і жонка
Пад дрэвамі тымі
Сядзе сабе ў халадочку
З дзеткамі малымі.
      А я буду грушы рваці,
Дзеткам падаваці...
Ды з жоначкай адзінаю
Ціха размаўляці.
      — Тады, сэрца, як браліся,
Тут дрэвы садзіў я...
Я шчаслівы!
— I я, дружа,
З табою шчасліва!
1859
С.-Пецярбург

ОСІЯ[244]. ГЛАВА XIV (Наследаванне)

Загінеш, згінеш, Украіна,
Не стане знаку на зямлі!
Ты ж ганарылася калісь
Ў дабры, раскошы! Украіна!
Мой любы краю непавінны!
За што цябе гасподзь скараў,
Карае цяжка? За Багдана,
Ды за скажонага Пятра,
Ды за паноў вось тых паганых
Дашчэнту нішчыць... Пакараў,
Заб’е нябачна. I праўдзіва!
Бо доўга ён доўгацярплівы
Ўглядаўся моўчкі на тваю,
Грахоўную тваю утробу
I мовіў злосна: — Загублю
Тваю красу, тваю аздобу,
Сама ты разапнешся. Ў злобе
Сыны твае цябе заб’юць,
Што падраслі, а злопачатым
У чрэве згінуць, прападуць,
Як неданоскі-кураняты!..
Пашлю шмат матчынага плачу
Па гарадах і па палях,
Хай бачыць ў погані зямля,
Што я ўладар і я ўсё бачу.
Ускрэсні, мама! I вярніся
Ў святліцу-хату, адпачынь,
Сябе занадта ты стаміла,
Грахі сыноўі несучы.
Спачыўшы, сумная, скажы
I дзецям хітрым дай параду,
Што ўсім загінуць ім ліхім,
Што бессумленне іх, і здрада,
I крывадушша — ўсё агнём,
Крывавым, полымным мячом
Нарэзаны ў людзей на душах,
I кара прыйдзе неўсыпушчай,
Што не ўратуе й добры цар,
Іх сціплы, п’яны гаспадар.
Не дасць ім піць, не дасць ім есці,
Каня, каб без сядла вам сесці
Ды уцякаць; не уцячы
I не схавацца; бо ўсюды
Вас знойдзе праўда-помста, людзі ж
Вас будуць добра сцерагчы,
Спаймаюць і судзіць не будуць,
Ў кайданы моцна закуюць,
Ў сяло на показ прывядуць
I на крыжы тым і без ката,
I без цара вас, вар’яватых,
Парвуць, скрамсаюць, разапнуць.
I вашаю крывёй, сабакі,
Сабак напояць...
                        I дадай,
Такое слова ім дадай,
Ім проста выскажы: — Зрабілі,
Рукамі бруднымі стварылі
Сваю надзею; усяляк
Цара хваліўшы: бог, надзея,
I ён накорміць і сагрэе
Ўдаву, сіротак.
Не, не так!
Скажы ім вось што: — Брэшуць богі,
Ды ідалы ў чужых чартогах;
Скажы, што праўда аджыве,
Прамчыць, пакліча, пазаве
Не даўняе, старое слова
Збуцвелае, а словам новым
Над светам крыкам пранясе,
I людзі збавяцца усе
Ад ласкі царскае...
1859
С.-Пецярбург

***

Дзяўчыначка-чарнаброўка
Несла з склепа піва.
А я глянуў, падзівіўся...
Ды аж пахіліўся...
Каму яна піва носіць?
Чаму босай ходзіць?
Божа моцны! Твая сіла
Ды табе ж і шкодзіць.
1860
С.П.Б.

***

Ненасытным вачам,
Багаяўным царам,
Ім — плугі, караблі,
I даброты зямлі,
I псалмы-пахвалы —
Ім, драбнюткім багам.
А зямлі мудрацам,
Працавітым рукам
Пералогі араць,
Думаць, сеяць і жаць,
Прывілей не чакаць
Працавітым рукам.
З добрым сэрцам усім
Ціхалюбцам-святым,
Ойча неба й зямлі! —
Даўгалецця ты ім
Дай, на свеце ж на тым
Рай нябесны пашлі.
Што ні ёсць тут — не нам.
А багам — тым царам!
Ім — плугі, караблі
I даброты зямлі,
Нам жа, любая, нам —
Нам любоў між людзьмі.
1860
С.П.Б.

ГІМН МАНАШАК

      Грымні, гром, над гэтым домам,
Па-над божым, дзе памром мы,
Цябе ж, божа, зневажаем,
Зневажаючы, спяваем:
            Алілуя[245]!
      Каб не ты, дык мы б любілі,
Кахаліся б, вянчаліся б,
Ды дзетачак гадавалі,
Навучалі б ды спявалі:
            Алілуя!
      Абдурыў ты нас няшчасных,
Мы ж, абкрадзены дачасна,
Самі цябе абдурылі
I прарэзліва завылі:
            Алілуя!
      Ты ў манашкі пастрыгаеш,
Маладзіцы мы, ты знаеш...
То танцуем, то спяваем,
Спяваючы, прымаўляем:
            Алілуя!
1860
С.-Пецярбург

***

      Свеце ясны! Свеце ціхі!
Свеце вольны, неспавіты!
За што ж цябе, свеце-браце,
Ў сваёй добрай, цёплай хаце
            Закулі, замуравалі
            (Прасвятога ашукалі),
Баграніцамі закрылі
I распяццямі дабілі?
Не дабілі! Схамяніся!
Ды над намі засвяціся,
Засвяціся!.. Будзем, браце,
З баграніц анучы драці,
З кадзіл люлькі прыпаляці,
Яўленымі печ паліці[246],
А крапідлам будзем, браце,
Ў новай хаце вымятаці!
1860
С.-Пецярбург

***

I Архімед і Галілей
Віна й не бачылі. Ялей
Пацёк у чэрава манаху!
А вы, пазбаўленыя страху,
Па свеце першыя пайшлі
I крошкі хлеба паняслі
Царам убогім. Будзе біта
Царамі сеянае жыта!
А людзі ўзыдуць. Прыйдзе мор
На царанят да іх зачацця...
I на абноўленай зямлі
Не будзе злыдняў рознай масці,
А будзе сын, і будзе маці,
I будуць людзі на зямлі.
С.-Пецярбург
1860

Л.

      Пастаўлю хату ў ахарошы,
Садок-раёчак насаджу.
Папасяджу і пахаджу
Ў сваёй маленькае раскошы.
Яшчэ ў самоце-адзінé
Ў садочку буду спачываць я,
I дзетачкі прысняцца мне,
Вясёлая прысніцца маці,
Як даўна-колішняй вясной
Прысніцца ясны сон!.. і ты!..
Ды не, не буду спачываць я,
Бо й ты прыснішся мне. I ў той
У мой малы раёчак ціха
Падкрадзешся, наробіш ліха...
Запаліш рай самотны мой.
1860
С.-Пецярбург

***

      Не наракаю я на бога,
Не наракаю ні на кога,
Я сам сябе, дурны, дуру,
Яшчэ й спяваючы. Ару
Я свой аблог — благую ніву!
Ды сею слова. I ўрадліва
Жніво там будзе. I дуру!
Сябе тут я, сябе самога,
А болей, ведама, нікога.
            Арыся ж ты, мая ніва,
            Долам і гарою!
            Засявайся, мая ніва,
            Воляй удалою!
            Арыся ж ты, разгарніся,
            Полем пасцяліся!
            Ды засейся добрым жытам,
            Доляю палійся!
            Разгарніся навакол ты,
            Ніва-дзесяціна!
            Ды не словамі пасейся,
            А розумам, ніва!
            Выйдуць людзі жыта жаці...
            Вясёлае жніва!..
            Разгарніся ж, уздыміся ж,
            Бедная ты ніва!!!
      Ці не дуру сябе нанова
Сваім узлётным добрым словам?
Дуру! Бо лепей абдурыць
Сябе ізноў, сябе самога,
Чым з ворагам папраўдзе жыць
I дарма наракаць на бога!
1860
С.-Пецярбург

***

      Дні маладосці прамінулі,
I ад надзей усіх падзьмулі
Вятры халодныя. Зіма!
Адзін сядзі ў халоднай хаце —
Няма з кім ціха размаўляці,
Ані парадзіцца. Няма
Анікагусенькі. Няма!
Сядзі ж адзін, пакуль надзея
Абдурыць дурня, абсмяе...
Марозам вочы закуе,
А думы гордыя развее,
Нібы сняжынку па стэпу!
Сядзі ж адзін сабе ў кутку,
I не чакай жа вясны-долі!
Яна не ўзыдзе ўжо ніколі
Садочак твой пазеляніць,
Тваю надзею абнавіць!
I думу вольную на волю
Не прыйдзе выпусціць... I знай —
Што больш нічога не чакай!
1860
С.-Пецярбург

***

Хаця ляжачага й не б’юць,
Ды і прылегчы не даюць
Няшчаснаму. Цябе ж, о Сука!
I самі мы, і нашы ўнукі,
На свет ўвесь людзі праклянуць!
Не праклянуць, а толькі плюнуць
На тых аддоеных шчанят,
Што ты шчаніла. Мука! Мука!
О смутак мой, мая журба!
Ці ты мінеш калі? Ці псамі
Цары з міністрамі-рабамі
Цябе такую зацкуюць!
Не зацкуюць. А людзі ціха,
Без жаднага ліхога ліха,
Цара да ката павядуць.
1860
С.-Пецярбург

***

О людзі! Людзі-небаракі!
Нашто здаліся вам цары?
Нашто здаліся вам псары?
Бо вы ўсё ж людзі, не сабакі!
            Слізгота ноччу, і туман,
      I снег, і холад. I Нява
      Кудысьці несла ціхатой
      Малую крыгу дзесь пад мостам.
      А я, таксама уначы,
      Іду ды кашляю, йдучы,
      Гляджу: няйначай, як агняты,
      Ідуць абдзёртыя дзяўчаты,
      А дзед (няшчасны інвалід)
      За імі гнецца, кандыбае,
      Бы ў хлеў чужую заганяе
      Жывёлу ён. А дзе ж той свет?!
      Дзе тая праўда! Гора! Гора!
      Неўзгадаваных, босых, голых
      Іх шлюць (последний долг отдать),
      Да матак гоняць іх, дзяўчат —
      Байстручанят, нібы атару.
      Ці будзе суд! Ці будзе кара!
      Царам, царатам на зямлі?
      Ці будзе праўда між людзьмі?
      Павінна быць, бо сонца ўстане,
      Зямлю спаганеную спаліць.
1860
С.-Пецярбург

***

      Калі б з кім сесці, хлеба з’есці,
Прамовіць слова, дык яно б
Хоць і як-небудзь тут на свеце,
А неяк бы жыццё ішло.
Ды не! Няма з кім! Свет шырокі,
Людзей нямала на зямлі...
А давядзецца адзінокім
Ў халоднай хаце крывабокай
Або пад плотам паміраць.
Або... Не! Трэба ажаніцца,
Хоць бы ўжо з чортавай сястрой!
Бо адурнееш сіратой
Адзін-адным. Пшаніца ж, жыта
На добры сеяны загон,
Пажнуць жа людзі. Скажуць: «Ён
Як быццам недзе там забіты
У незнаёмай старане...»
О гора, горачка ў мяне!
1860
С.-Пецярбург

***

I дзень ідзе, і ноч ідзе.
I, галаву схапіўшы ў рукі,
Дзівуешся, што ж не ідзе
Апостал праўды і навукі!
С.-Пецярбург
1860

***

Цячэ вада з-пад явара
Ярам на даліну.
Красуецца над вадою
Чырванню каліна.
Красуецца калінанька,
Явар маладзее,
А наўкол іх вербалозы,
Лозы зелянеюць.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Цячэ вада ды з-пад гаю,
Цячэ пад гарою.
Хлюпаюцца качаняткі
Паміж асакою.
А качачка выплывае
З качарам за імі,
Ловіць раску, размаўляе
З дзеткамі сваімі.
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Цячэ вада ўскрай гароду.
Вада ставом стала.
Браць ваду прыйшла дзяўчына,
Брала, заспявала.
З хаты пагуляць у садзе
Выйшлі бацька, маці,
Параіцца, ды каго б ім
Назваць сваім зяцем?
1860
С.-Пецярбург

***

А неяк ідучы ўначы
Па-над Нявой... Ды, ідучы,
Мяркую сам сабе з сабою:
— Як бы, я думаю, як бы
Не пахіліліся рабы!
Дык не стаяла б над Нявою
Спаганеных палацаў шмат.
Была б сястра, і быў бы брат.
А то... няма цяпер нічога —
Ні бога нават, ні паўбога...
Царуе сабакар — і рад,
А нам заняцца больш няма чым,
Хартоў гадуема ды плачам.—
Вось гэтак сам сабе ўначы,
Па-над Нявою ідучы,
Старанна думаў. I не бачу,
Што з тога боку, нібы з ямы,
Вачыма кацянятка — глядзь,
А то два ліхтары гараць
Каля апостальскае брамы.
Я схамянуўся, крыж паклаў
На грэшны дух і тройчы плюнуў,
Дый зноўку думаць распачаў
Пра тое ж, што спачатку думаў.
С.-Пецярбург
1860

***

      Сышліся, сэрцы паядналі,
Памаладзелі, падраслі,
Гаёк, садочак развялі
Вакол хаціны. Красавалі
Мы, што князі. Дзяцей гайдалі,
Яны ж раслі ды вырасталі...
Дзяўчатак маскалі укралі,
А хлопцаў ў маскалі забралі.
А мы як хто куды пайшлі.
Нібы жыцця і не ядналі.
1860
С.-Пецярбург

***

Ці не пакінуць нам, нябога,
Суседачка жыцця зямнога,
З табою вершы рыфмаваць
I ці не час нам рыхтаваць
Вазы ў далёкую дарогу,
На свет на той, ажно да бога,
Пакрочым разам спачываць.
Нямала чобатаў стапталі,
Нямала розуму прыдбалі,
То будзе з нас! Збірайся спаць,—
Гайда ў той хаце спачываць —
Вясёлай хаце, каб ты знала!..
      Ой не пойдзем... Яшчэ дойдзем...
      Яшчэ рана-рана...
      Яшчэ ў згодзе не пашкодзіць
      На свет гэты глянуць...
      Яшчэ глянем, мая доля...
      Бач, які шырокі,
      Ды высокі, ды прывольны,
      Ясны ды глыбокі...
      Павандруем, мая зорка...
      Сядзем на пагорку,
      Адпачнём, а гэтым часам
      Твае сёстры-зоркі,
      Несмяротныя, у небе
      Паплывуць, заззяюць.
      Пачакаем жа, сястрыца,
      Сяброўка святая!
      З чыстых вуснаў чыстым словам
      Памолімся богу
      Дый пакрочым паціхеньку
      Ў дальнюю дарогу —
      Над Летаю бяздоннаю
      З мутнаю вадою.
      Блаславі ж мяне, сяброўка,
      Славаю святою.
      14 лютага
А покуль тое там ды сёе —
Хадзем з табою напрасткі
Да Эскулапа[248],— ёсць такі,
Што і Харона[249] супакоіць
I Парку-праллю[250] абвядзе...
I покуль бы хімерыў дзед,
Мы б эпапеі том стваралі
I, лежачы, да зор луналі.
Калі б гекзаметры[251] сплялі,
То на гарышча б адняслі
Мышам на снеданне. А потым
Спявалі б прозу, ды па нотах,
А не як-небудзь...
Дружа мой,
Апора ў споведзі святой!
Пакуль агонь не заімглёны,
Хадзем мы лепей да Харона —
            Цераз Лету бяздонную
З мутнаю вадою
Пераплывём са сваёю
Славаю святою —
Несмяротнай, маладою.
Або цур, мой дружа,
I без яе абыдуся —
А як буду дужы,
То над самым Флегетонам[247]
Або над Сціксам, там, дзе рай,
      Нібыта над Дняпром шырокім,
      Дзе шэпча лісцем вечны гай,
      Пастаўлю хатку і садочак
      Навокал хаткі насаджу,
      Цябе ў таемны халадочак,
      Нібыта кралю, пасаджу.
      Мы Украіну прыгадаем,
            Дняпро і селішчы ў гаях,
      Магілы ў цёмных курганах —
      I ціха песню заспяваем...
1861
С.-Пецярбург

Заўвагі

1

Прычынна — заварожаная, у дадзеным выпадку душэўнахворая ад чар варажбіткі дзяўчына.

(обратно)

2

Катлярэўскі Іван Пятровіч (1769—1838) — украінскі паэт і драматург, аўтар паэмы «Энеіда», п’есы «Наталка-Палтаўка» і інш. твораў.

(обратно)

3

Дзе ватагу прайдзісвета вадзіў за сабою... «Прайдзісвет» — Эней, герой паэмы Катлярэўскага «Энеіда».

(обратно)

4

Троя — горад у Малой Азіі, у XII ст. да н. э. разбураны грэкамі. Прыгоды траянцаў, якія пасля доўгіх вандраванняў на чале з Энеем заснавалі на Апенінскім паўвостраве новую дзяржаву (будучы Рым), адлюстраваныя ў паэме рымскага паэта Вергілія (I ст. да н. э.). Катлярэўскі гераічную паэму Вергілія «пераліцаваў» на ўкраінскую мову, на яе сюжэтнай аснове стварыў твор, які напоўніў гумарыстычна-сатырычнымі замалёўкамі з жыцця і побыту розных сацыяльных пластоў насельніцтва Украіны 2-й пал. XVIII ст.

(обратно)

5

Жукоўскі Васіль Андрэевіч (1783—1852) — вядомы рускі паэт і перакладчык. Прымаў непасрэдны ўдзел у выкупе Шаўчэнкі з прыгону.

(обратно)

6

Заспявае Грыца... — Народная песня «Ой, не хадзі, Грыцу».

(обратно)

7

Пугача спяваюць...— Народная чумацкая песня.

(обратно)

8

Пакрытка — дзяўчына, якая нарадзіла дзіця без шлюбу. Па народным звычаі ёй, як замужняй жанчыне, пакрывалі галаву хусткай.

(обратно)

9

Перабендзя — дзівакаваты, добры, гаваркі чалавек.

(обратно)

10

Чалы Сава — гістарычная асоба і персанаж народнай песні. Здрадзіў гайдамакам і быў імі пакараны ў 1741 г.

(обратно)

11

Квітка-Аснавяненка Грыгорый Фёдаравіч (1778—1843) — вядомы ўкраінскі пісьменнік, пісаў на рускай і ўкраінскай мовах.

(обратно)

12

Няма Сечы... Запарожская Сеч — арганізацыя ўкраінскага казацтва, якая ўзнікла з беглых прыгонных і беднаты ў 1-й пал. XVI ст. на цяжкадаступных астравах за Дняпроўскімі парогамі. Канчаткова была зруйнавана Екацярынай II у 1775 г.

(обратно)

13

Падкова Іван — гістарычная асоба, важак запарожскіх казакаў у 2-й пал. XVI ст. Вядомы паходамі супраць турак. Пакараны смерцю ў Львове ў 1578 г. Звесткі пра яго ўдзел у марскіх паходах гістарычнымі дакументамі не пацверджаны.

(обратно)

14

Сіноп — турэцкі горад на беразе Чорнага мора.

(обратно)

15

Царград — цяперашні Стамбул.

(обратно)

16

Гайдамакі — удзельнікі народнага паўстання на Украіне супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскай шляхты. У паэме Шаўчэнкі адлюстраваны адзін з самых драматычных момантаў гэтай барацьбы, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Калііўшчыны (1768 г.).

(обратно)

17

Грыгаровіч Васіль Іванавіч (1786—1865) — канферэнц-сакратар Акадэміі мастацтваў, прымаў удзел у выкупе Шаўчэнкі з прыгону.

(обратно)

18

Як над Вавілонам, над яго садамі... Вавілон — сталіца старадаўняга Вавілонскага царства (Азія). Яе «вісячыя сады» на штучных тэрасах былі вядомыя на ўвесь свет.

(обратно)

19

Бунчук — знак гетманскай улады.

(обратно)

20

Скутары — прадмесце Стамбула.

(обратно)

21

Хорціца — востраў на Дняпры, адзін з цэнтраў Запарожскай Сечы.

(обратно)

22

Байрак — роў, парослы лесам.

(обратно)

23

Тма, мна — знаю, а оксію... «Тма», «мна» — склады з царкоўнаславянскага буквара, «оксія» — знак націску над складам у царкоўных кнігах.

(обратно)

24

Шчыры бацька... Маецца на ўвазе В. I. Грыгаровіч.

(обратно)

25

Інтрадукцыя — уводзіны, уступ.

(обратно)

26

Сцяпан — Стэфан Баторый, кароль Польшчы ў 1576—1586 гг.

(обратно)

27

Ян Сабескі — кароль Польшчы ў 1674—1686 гг.

(обратно)

28

«Nie pozwalam!» — «Не дазваляю», права вета, забароны, якое меў кожны член сейма і мог сарваць любую яго пастанову, бо яны прымаліся толькі аднагалосна.

(обратно)

29

Панятоўскі Станіслаў-Аўгуст — апошні кароль Польшчы, з 1764 па 1795 год.

(обратно)

30

Пулаўскі, Пац — польскія шляхціцы, кіраўнікі апазіцыі супраць Панятоўскага.

(обратно)

31

Канфедэрацыі — узброеныя аб’яднанні польскай шляхты, незадаволенай палітыкай Панятоўскага. Найбольш значнай была Барская канфедэрацыя (г. Бар), выступала пад сцягам абароны каталіцкай веры і сваіх шляхецкіх прывілеяў, супраць ураўнавання ў правах з праваслаўнымі. Адказам на здзекі канфедэратаў — членаў канфедэрацыі была Калііўшчына.

(обратно)

32

Герш-ту... (яўр.) — Ці чуеш...

(обратно)

33

Вільшана — мястэчка Звенігародскага павета Кіеўскай губерні.

(обратно)

34

Літанне — каталіцкая кароткая царкоўная служба.

(обратно)

35

Шэлег — даўнейшая дробная манета.

(обратно)

36

Схізматы — «Неуніатаў ляхі называлі схізматамі» (заўвага Т. Шаўчэнкі).

(обратно)

37

Ктытар — царкоўны стараста. У паэме Т. Шаўчэнкі гутарка ідзе пра ктытара Данілу Кушнера, закатаванага канфедэратамі.

(обратно)

38

«My żyjemy, my żyjemy, Polska nie zginela» — «Мы жывём, мы жывём, Польшча не загінула» — словы з дзяржаўнага гімна тагачаснай Польшчы.

(обратно)

39

Чыгірын, Чыгрын — горад на Чаркашчыне. Быў сталіцай украінскіх гетманаў пачынаючы з Багдана Хмяльніцкага.

(обратно)

40

Налівайка — кіраўнік антыфеадальнага сялянскага паўстання, дзейнічаў і на Беларусі. У заўвагах Т. Шаўчэнкі да «Гайдамакаў» чытаем: «Паўла Налівайку жывога спалілі ў Варшаве... (Георгі Каніскі)».

(обратно)

41

Макавей — свята ў праваслаўных, 1 жніўня старога стылю.

(обратно)

42

Цясмін — рэчка каля Чыгірына, прыток Дняпра.

(обратно)

43

Вазы жалезныя тарані: гасцінец гэта шчодрай пані... Гутарка ідзе пра вазы з нажамі, якія нібыта перадала гайдамакам Екацярына II. Гэта ілюзія хутка пацярпела крах: замест дапамогі ў барацьбе з польскай шляхтай царыца дапамагла Польшчы падавіць сялянскі рух на Правабярэжнай Украіне.

(обратно)

44

Стары Талаваты — відаць, Паўло Галаваты (1715—1795), апошні суддзя Войска запарожскага.

(обратно)

45

Гонта Іван — сотнік дваровых казакоў Патоцкага ў Умані. Са сваім атрадам перайшоў на бок гайдамакаў і разам з Залезняком кіраваў паўстаннем. Пасля паражэння паўстання быў закатаваны.

(обратно)

46

Залязняк Максім — адзін з кіраўнікоў сялянскага паўстання 1768 г. супраць польскай шляхты. Пасля падаўлення паўстання войскам караля Сігізмунда і Екацярыны II быў засужданы на вечную катаргу і сасланы ў Сібір.

(обратно)

47

Лантух — вялікі мех.

(обратно)

48

Волах — паводле заўвагі Т. Шаўчэнкі, «За гайдамакамі хадзіў кабзар; яго называлі сляпым Волахам (дзед расказваў)».

(обратно)

49

Валошчына — гістарычная назва тэрыторыі на поўдні Румыніі, на той час была захоплена Турцыяй.

(обратно)

50

Йдзе Залязняк Чорным шляхам... У заўвагах Т. Шаўчэнкі сказана: «Чорны шлях ішоў ад Дняпра паміж рэчак Сакораўкі і Насачоўкі і бег цераз стэпы запарожскія, цераз ваяводствы Кіеўскае, Падольскае і Валынскае — на Чырвоную Русь да Львова. Чорным названы таму, што па ім татары хадзілі ў Польшчу і сваімі табунамі выбівалі траву».

(обратно)

51

Канашэвіч-Сагайдачны Пятро — гетман войска запарожскага ў 1614—1622 гг. Уславіўся паходамі на Крым і Турцыю.

(обратно)

52

Багдан — Багдан Хмяльніцкі (1595—1657), гетман Украіны, выдатны палітычны дзеяч, палкаводзец. Узначальваў вызваленчы рух украінскага народа супраць шляхецкай Польшчы, змагаўся за ўз’яднанне Украіны з Расіяй.

(обратно)

53

Остраніца — Остранін Яцко, адзін з кіраўнікоў казацка-сялянскага паўстання 1637—1638 гг.

(обратно)

54

Багун Іван — паплечнік Б. Хмяльніцкага ў вызваленчай барацьбе ўкраінскага народа супраць польскай шляхты. Пакараны смерцю ў 1664 г.

(обратно)

55

Жоўтыя воды, Рось, Альта — рэчкі, ля якіх адбываліся бітвы з польскімі войскамі. Пад Жоўтымі водамі і Корсунем у 1648 г. Багдан Хмяльніцкі разграміў польска-шляхецкае войска.

(обратно)

56

Дзе Тарас? — маецца на ўвазе Тарас Фёдаравіч — арганізатар народнага паўстання супраць польскай шляхты 1630 г. Разграміў армію польска-шляхецкага гетмана Канецпольскага.

(обратно)

57

Архістратыг Міхаіл. Архістратыг — вышэйшы военачальнік. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе архангел Міхаіл як «начальнік» нябесных сіл.

(обратно)

58

...Хоць гуляў на Росе, на Альце, на Сене... Называючы Сену, рэчку, на якой стаіць Парыж, Шаўчэнка мае на ўвазе Варфаламееўскую ноч (пад святога Варфаламея 24.VIII.1572 г.), калі французскія католікі, падбухтораныя рымскай царквой, нішчылі гугенотаў.

(обратно)

59

Сміляншчына — мясцовасць на Кіеўшчыне (ад горада Сміла).

(обратно)

60

Медзвядзёўка. Шаўчэнка ў заўвагах пісаў: «Расказваюць, есаул Залезняка, не дачакаўшы трэціх пеўняў, запаліў Медзвядзёўку, мястэчка паміж Чыгірынам і Звенігародкаю».

(обратно)

61

Дамаска — сабля са славутай дамаскай сталі (Дамаск — горад У Сірыі).

(обратно)

62

Лісянка — мястэчка Звенігародскага павета над рэчкай Гнілы Цікіч.

(обратно)

63

Галайда. У дадзеным кантэксце — бяздомны.

(обратно)

64

Кірылаўка — сяло Звенігародскага павета.

(обратно)

65

Будзішча — сяло Будзішча недалёка ад Кірылаўкі; у яры возера і над возерам лес невялікі, завецца Гупалаўшчынай за тое, што там Залязняк збіваў ляхаў з дрэва (заўвага Шаўчэнкі).

(обратно)

66

Дукат — даўняя назва венецыянскай залатой манеты ў Еўропе. Шаўчэнка ў заўвагах адзначае: «Чырвонец, які даў Залязняк хлопцу, да гэтага часу захаваўся ў сына таго хлопца, якому быў дадзены, я сам яго бачыў».

(обратно)

67

Лебядзін. У Лебядзіне (паміж Чыгірынам і Звенігародкаю) быў дзявочы манастыр.

(обратно)

68

Умань — горад Кіеўскай губерні.

(обратно)

69

Jazda narodowa — «Kawaleria narodowa» — так зваліся польскія драгуны; іх было ў Умані 3000, і ўсе былі пабіты гайдамакамі (заўвага Шаўчэнкі).

(обратно)

70

Субскрыбенты — перадплатнікі, слова лацінска-польскага паходжання.

(обратно)

71

Душы прапівае — прайграць у карты ці прапіць прыгоннага было звычайнай справай у побыце памешчыкаў.

(обратно)

72

У лёдзе ляжам спаці — на поўначы, куды царскі ўрад высылаў на катаргу палітычных зняволеных.

(обратно)

73

...Цар сусветны, цар волі, цар, штампам увянчаны! — сімвалічны вобраз рэвалюцыянера, барца за свабоду, прыгавораны царом да катаргі.

(обратно)

74

На багне горад віднее... — маецца на ўвазе Пецярбург, заснаваны Пятром I на балотах.

(обратно)

75

Цвярдыня й званіца, як завостраная швайка... — Петрапаўлаўская крэпасць (яна ж турма для ворагаў самадзяржаўя). На царкве ў крэпасці высокая званіца.

(обратно)

76

Первому вторая — надпіс на пастаменце помніка Пятру I: «Петру Первому — Екатерина Вторая». Помнік пастаўлены ў Пецярбургу па загаду Екацярыны II у 1782 г.

(обратно)

77

Наказны гетман — чарнігаўскі палкоўнік, прызначаны гетманам Паўла Палуботак. Выступаў супраць палітыкі Пятра I у дачыненні да Украіны. Памёр у Петрапаўлаўскай крэпасці ў 1724 г.

(обратно)

78

Над царом тым масянжовым...— бронзавым (слова польскага паходжання).

(обратно)

79

Баграніца — царскае параднае адзенне барвовага або пурпуровага колеру.

(обратно)

80

Шафарык П. Й. (1795—1861) — чэшскі і славацкі вучоны, прафесар Пражскага універсітэта. Яго працы прысвечаны этнаграфіі, археалогіі, гісторыі, філалогіі славян. Яны садзейнічалі культурнаму збліжэнню і яднанню славянскіх народаў.

(обратно)

81

Іезекііль — біблейскі прарок.

(обратно)

82

Канстанцкі ерэтык вялікі — Ян Гус (1369—1415) — сацыяльны і рэлігійны чэшскі рэфарматар, натхняльнік антыфеадальнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы чэшскага народа. За выкрывальныя выступленні супраць царквы быў агалошаны ерэтыком і спалены ў г. Канстанцы.

(обратно)

83

Чарнец адкормлены. Шаўчэнка мае на ўвазе папу рымскага.

(обратно)

84

Ці разломім тры кароны на гордай ціары? Ціара (тыяра) — карона рымскіх пап. Спачатку яна мела форму высокай мітры (шапкі), а з часам папы дадалі тры вянцы-кароны — сімвалы ўлады папы як суддзі, заканадаўцы і свяшчэннаслужыцеля.

(обратно)

85

Віфлеемская капліца — капліца ў Празе, дзе Ян Гус выступаў з пропаведзямі.

(обратно)

86

Була — папская грамата.

(обратно)

87

Канклаў — збор прадстаўнікоў вышэйшага каталіцкага духавенства — кардыналаў, на якім выбіраецца папа.

(обратно)

88

Шапочацца Авіньённа. Авіньён — горад ў паўднёвай Францыі, дзе знаходзіліся антытгапы, якіх выбіралі на папскі прэстол варагуючыя групы каталіцкай царквы. Так бывала, калі адначасова на папскім прэстоле былі рымскі і авіньёнскі папы; яны люта варагавалі.

(обратно)

89

Гегекнулі гусі — гаворка ідзе пра гусіцкі рух.

(обратно)

90

Д’юкі — графы (франц. duc).

(обратно)

91

Герольды — асобы, якія абвяшчалі каралеўскія наказы, паведамлялі аб урачыстасцях і г. д.

(обратно)

92

Атыла — стаяў на чале гунаў, жорсткі заваёўнік, вядомы паходамі і заваяваннямі ў Еўропе і Азіі.

(обратно)

93

I цэсара, і Вячаслава. Цэсар — нямецкі імператар Сігізмунд у 1410—1437 гг. і яго брат Вячаслаў — чэшскі кароль (Вацлаў IV, 1376—1419).

(обратно)

94

Аўтадафэ! Аўтадафэ! — пакаранне смерцю на кастры (з партугальскай мовы).

(обратно)

95

Te deum laudamus — «Цябе, бога, славім» (лац.) — каталіцкая малітва.

(обратно)

96

Стары Жыжка з Табарова — Ян Жыжка. Пасля смерці Яна Гуса ўзначальваў вызваленчую барацьбу народных мас Чэхіі супраць каталіцкай царквы, феадальнага прыгнёту і нямецкага засілля. Гэтая барацьба вылілася ў гусіцкія войны. Табароў — адзін з цэнтраў гусітаў.

(обратно)

97

Якаў дэ Бальмен. Якаў Пятровіч Бальмен (1813—1845) — афіцэр, мастак, прыяцель Шаўчэнкі. Загінуў на Каўказе ў час паходу супраць горцаў.

(обратно)

98

Памоляцца ўсе языкі. ...усе языкі (царк.-слав.) — усе народы.

(обратно)

99

Чурэк — прэсны хлеб горцаў, мае форму каржа (чэркескае).

(обратно)

100

Сакля — чэркеская хата.

(обратно)

101

Што цар якісь-та свінні пас...— гаворка ідзе пра біблейскага цара Давіда. Гл. пра яго ў паэме «Цары».

(обратно)

102

Прадаем або і ў карты прайграем людзей... не неграў... а такіх хрышчоных жа... але прастых. У 1842 г. некаторымі еўрапейскімі дзяржавамі быў складзены трактат пра барацьбу з таргоўляй неграмі. У сувязі з гэтым Мікалай I выдаў закон, у якім таргоўля неграмі кваліфікавалася як цяжкае злачынства. Шаўчэнка выкрывае крывадушнасць самадзяржаўя, якое ў сваёй краіне санкцыяніравала продаж прыгонных.

(обратно)

103

Гішпаны — іспанцы (тут іспанскія каланізатары).

(обратно)

104

Тамерлан, або Цімур (1336—1405) — сярэднеазіяцкі заваёўнік.

(обратно)

105

Колар Ян (1793—1852) — чэшскі паэт і вучоны, адзін з першых змагароў за адзінства славянскіх народаў.

(обратно)

106

Ганка Вацлаў (1791—1861) — чэшскі паэт і вучоны, аўтар некалькіх славянскіх граматык, перакладаў «Слова пра паход Ігаравы».

(обратно)

107

Бруты. Брут Люцый Юній у 509 г. прымаў актыўны ўдзел у дзяржаўным перавароце супраць цара Тарквінія, пасля смерці якога Рым стаў рэспублікай. Брут Марк Юній быў на чале змовы супраць Юлія Цэзара і прымаў удзел у яго забойстве (44 г. да н. э).

(обратно)

108

Коклесы. Публій Гарацый Коклес — легендарны рымскі герой: адзін абараняў мост у Рыме і ўратаваў яго ад этрускіх войск (507 г.).

(обратно)

109

Цітла — знак, якім пазначалася скарачэнне слова ў царкоўна-славянскім пісьме.

(обратно)

110

Трапезонт. Трапезунд — турэцкі горад у Малой Азіі.

(обратно)

111

I на Сечы мудры немец бульбу ўжо разводзіць... Маецца на ўвазе засяленне поўдня Украіны нямецкімі каланістамі, чаму вельмі спрыяла Екацярына II.

(обратно)

112

Халодны Яр — назва яра пад Чыгірынам, дзе збіраліся гайдамакі ў час паўстання 1768 г.

(обратно)

113

Нерон — рымскі імператар з дынастыі Юліяў Клаўдзіяў (37— 68), вызначаўся надзвычайнай бязлітаснасцю. Пад Неронам Шаўчэнка меў на ўвазе Мікалая I.

(обратно)

114

«Пятно в нашей истории». У гэтых радках Шаўчэнка амаль даслоўна прыводзіць абразлівую ацэнку вызваленчага сялянскага руху на Украіне ў кнізе гісторыка А. О. Скалькоўскага (1808— 1897).

(обратно)

115

Верш «Н. Кастамараву», як і іншыя творы цыкла «У каземаце», напісаны ў час следства над Шаўчэнкам і іншымі ўдзельнікамі Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства (17 красавіка — 30 мая 1847 г.).

(обратно)

116

Кастамараў Мікола Іванавіч (1817 — 1885) — вядомы гісторык, паэт і драматург, адзін з арганізатараў Кірыла-Мяфодзіеўскага таварыства.

(обратно)

117

Куншцікі — узоры, упрыгожванні.

(обратно)

118

Чэнчыё — Беатрычэ Чэнчы, дачка рымскага вяльможы, жыла ў 2-й пал. XVI ст. Адпаведна існуючай гістарычнай версіі, забіла свайго бацьку, які хацеў яе згвалціць.

(обратно)

119

Саваоф (старажытнаяўр.) — бог.

(обратно)

120

Віблы курган — маецца на ўвазе курган каля Пераяслава (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі).

(обратно)

121

Трахцеміраў — мястэчка на беразе Дняпра, непадалёк ад Пераяслава.

(обратно)

122

Тры братнія курганы — тры высокія курганы каля Пераяслава.

(обратно)

123

З Трубайлам Альта... Трубайла (р. Трубаж) — прыток Дняпра, на якім стаіць Пераяслаў. Альта — яго прыток.

(обратно)

124

Іржавец — сяло ў Палтаўскай губерні (цяпер Чарнігаўшчына).

(обратно)

125

Гардзіенка Косць (? — 1733) — кашавы атаман Запарожскай Сечы. Здрадзіў запарожцам і прыбіўся да Мазепы. Пасля Палтаўскай бітвы і разгрому шведскіх інтэрвентаў з Мазепам і Карлам XII збег у Бендэры.

(обратно)

126

Фастоўскі палкоўнік. Сямён Піліпавіч Гурко (? — 1710) у гісторыі вызваленчай барацьбы супраць шляхецкай Польшчы вядомы пад імем Сямёна Палія. Пра яго ў народзе складзена шмат песень і легенд. Па нагаворы Мазепы быў сасланы ў Сібір. Пасля здрады Мазепы быў звольнены, удзельнічаў у Палтаўскай бітве на баку рускага войска (гэты факт выкарыстаў Пушкін у паэме «Палтава»).

(обратно)

127

Прылуцкі палкоўнік няслынны... Палкоўнік Гнат Галаган. Прымаў удзел у разбурэнні Сечы, расправе з палоннымі запарожцамі.

(обратно)

128

Гора-Запарожжа — Шаўчэнка мае на ўвазе так званую Алешкаўскую Сеч, створаную запарожцамі пасля разбурэння Запарожскай ля Алешак (нізоўе Дняпра). Тады гэтая тэрыторыя належала Крымскаму ханству.

(обратно)

129

Як у Глухаве званілі...— Глухаў — горад на Чарнігаўшчыне, з 1709 г.— рэзідэнцыя гетманаў.

(обратно)

130

Арэль — левы прыток Дняпра.

(обратно)

131

Мурзы — татарскія вайсковыя старшыны-феадалы.

(обратно)

132

Імёны названых у творы асоб сталі хадзячымі імёнамі. Нерон — тыран, Сарданапал — распутны дэспат, Каін — першы забойца на зямлі, Ірад — персаніфікацыя зла, Сакрат — «грэк добры», яго імя асацыіруецца з мудрасцю.

(обратно)

133

А уніі не чуць было... Маецца на ўвазе Брэсцкая унія 1596 г., па якой праваслаўная царква Беларусі і Украіны была аб’яднана з каталіцкай і падпарадкоўвалася Ватыкану.

(обратно)

134

Брацтва — праваслаўныя арганізацыі на Украіне ў XVI— XVII стст., асветніцкія і культурныя цэнтры. Пры іх былі школы. Тут маецца на ўвазе Кіева-брацкая школа пры Брацкім Багаяўленскім манастыры.

(обратно)

135

Мяжыгірскі Спас — маецца на ўвазе манастыр ў Межгор’і (ля Кіева).

(обратно)

136

Вышгорад — сяло на поўнач ад Кіева. Да татарскага нашэсця — горад, адсюль такая назва.

(обратно)

137

Дзванковая вада. Непадалёк ад манастыра была студня, якую звалі Дзванковая.

(обратно)

138

Сівы... гетман — здраднік Іван Мазепа.

(обратно)

139

«Три царіе со дари» — словы з каляднай песні.

(обратно)

140

Таламі выйду... Талы (казахск.— пясчаныя ўзгоркі, зарослыя асакой.

(обратно)

141

Мікола. Маецца на ўвазе цар Мікалай I.

(обратно)

142

Кайзак — казах.

(обратно)

143

Аж да Тангіза, да Арала — да Аральскага мора (тангіз — мора, казахск.).

(обратно)

144

Кара-бутак — невялічкая рэчка (заўвага Шаўчэнкі).

(обратно)

145

Сынгіч-агач — адно дрэва (заўвага Шаўчэнкі).

(обратно)

146

Варнак — кляймованы катаржнік.

(обратно)

147

Елек — рэчка, левы прыток ракі Урала.

(обратно)

148

Іква — рэчка на Валыні.

(обратно)

149

Броварскі лес — лес каля сяла Бравары, недалёка ад Кіева, на левым беразе Дняпра.

(обратно)

150

У рукапісе Шаўчэнкі гэты твор не мае назвы.

(обратно)

151

Апалон — бог сонца і мастацтва ў старажытных грэкаў. Яго сёстры — музы (іх было дзевяць) — пакравіцельніцы розных відаў мастацтва.

(обратно)

152

Парнас — гара ў Грэцыі, дзе па ўяўленні старажытных грэкаў жылі Апалон і яго сёстры — музы.

(обратно)

153

Давід — ізраільскі цар (з 1055 па 1015 да н. э.). Лічыцца, што ён валодаў паэтычным дарам і складаў рэлігійныя песні — псалмы.

(обратно)

154

Гурый — военачальнік пры цару Давідзе.

(обратно)

155

Вертаград — фруктовы сад, вінаграднік.

(обратно)

156

Вірсавія — жонка Гурыя, а пасля яго смерці — цара Давіда, маці цара Саламона.

(обратно)

157

Сікер — хмялёвы напітак.

(обратно)

158

Абдурыў псалмом старога Анафана — біблейскі прарок часоў Давіда, абвінавачваў цара ў забойстве Гурыя. Цар, каючыся, напісаў пакаянны псалом.

(обратно)

159

I сын Амон — старшы сын цара Давіда. Быў забіты сваім братам, які помсціў за сястру Фамар.

(обратно)

160

Саманцяніна — Авісага Сунаміцянка, дзяўчына з палесцінскага племені сунаміцян.

(обратно)

161

Ю (царк.-слав.) — яе.

(обратно)

162

Рагвалод — полацкі князь канца X ст.

(обратно)

163

Рагнеда — дачка Рагвалода.

(обратно)

164

Перад багамі Лель і Лада — у славян Лада — багіня вясны і кахання, Лель — яе сын.

(обратно)

165

Валькірыі — у скандынаўскай міфалогіі ваяўнічыя дзевы, якія пераносілі душы загінуўшых герояў з поля бою ў Вальхалу — мясціну, дзе жылі багі.

(обратно)

166

Уладзімір — вялікі князь кіеўскі. З яго імем звязана хрышчэнне Русі. Царква абвясціла яго святым.

(обратно)

167

Паця (царк.-слав.) — парэзаў, пабіў.

(обратно)

168

Пая (царкв.-слав.) — узяў. Растлі ю — згвалціў яе. Пражане ю — прагнаў яе.

(обратно)

169

Прыйшлі ў Дар’ю — маецца на ўвазе рака Сырдар’я, якая ўпадае ў Аральскае мора.

(обратно)

170

Ватага — у дадзеным выпадку рыбацкі зімоўнік, у якім размяшчалася Аральская экспедыцыя. У якасці мастака да экспедыцыі быў прыкамандзіраваны і Шаўчэнка.

(обратно)

171

П. С.— Пятро Скарападскі (1805—1863) — чарнігаўскі памешчык.

(обратно)

172

З гадзіннікам гатычны дом — палац П. Скарападскага быў пабудаваны ў гатычным стылі.

(обратно)

173

Патомак гетмана дурнога... П. Скарападскі быў нашчадкам гетмана Івана Скарападскага, які зусім не адзначаўся здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча.

(обратно)

174

Г. 3. — Ганна Закрэўская, жонка памешчыка П. О. Закрэўскага, з Палтаўшчыны. Шаўчэнка напісаў маслам партрэты Закрэўскіх.

Сучасныя шаўчэнказнаўцы з імем Закрэўскай звязваюць і верш «Калі б мы стрэліся нанова».

(обратно)

175

Куга — разнавіднасць асакі.

(обратно)

176

Байдара — вялікі човен, абіты скурай.

(обратно)

177

Кос-Арал — востраў ля вусця Сырдар’і. Тут Шаўчэнка пражыў зіму 1848—1849 гг. Цяпер там два востравы: востраў Тараса Шаўчэнкі і Кос-Арал.

(обратно)

178

Неафіты (грэч.) — людзі, якія абярнуліся ў новую веру, тут — першыя хрысціяне. Шаўчэнка ў сваім дзённіку пісаў пра гэтую паэму: «Здаецца, я назаву яе «Неафіты, ці Першыя хрысціяне», яна «нібыта з рымскай гісторыі». На самай справе ў алегарычных вобразах паэмы ўвасоблена расійская рэчаіснасць, а ў вобразах неафітаў-хрысціян — барацьбіты супраць царызму і ў першую чаргу — дзекабрысты.

(обратно)

179

Шчэпкін Міхаіл Сямёнавіч (1788—1863) — выдатны рускі акцёр з прыгонных, блізкі сябра Шаўчэнкі.

(обратно)

180

Лета — паводле вераванняў старажытных грэкаў, рэчка забыцця ў падземным царстве.

(обратно)

181

Галгофа — гара каля Ерусаліма, на якой па хрысціянскім паданні быў распяты Ісус Хрыстос.

(обратно)

182

Дэцый — Дэцый Гай (200—251), рымскі імператар, вядомы жорсткімі праследаваннямі хрысціян.

(обратно)

183

Гіменей — бог шлюбу ў старажытных грэкаў.

(обратно)

184

Гінекей — жаночая палавіна жылля ў старажытных грэкаў.

(обратно)

185

Капітолій — адзін з сямі ўзгоркаў Рыма, на якім быў Капіталійскі храм (храм Юпіцера).

(обратно)

186

Сінкліт (грэч.) — збор вышэйшых духоўных асоб.

(обратно)

187

Фарысеі — прадстаўнікі рэлігійна-палітычнай плыні ў Іудзеі. У пераносным сэнсе — крывадушнікі.

(обратно)

188

Ды п’яны дзед — казліны від...— Фаўн, бог палёў і лясоў, пакравіцель атар і пастухоў у рымлян.

(обратно)

189

Апіеў шлях — шлях, пракладзены ў 312 г. да н. э. з Рыма да Капуі (поўдзень Апенінскага паўвострава) рымскім цэнзарам Апіем Клаўдзіем. Цэнзар — службовая асоба ў старадаўнім Рыме, якая кантралявала фінансы, будаўніцтва і г. д.

(обратно)

190

Прыам — у міфах Грэцыі — бог садоў, пакравіцель вінаграднікаў, у рымлян — бог пладавітасці і пачуццёвых асалод.

(обратно)

191

Тэрмы — бані ў Рыме, пры якіх былі залы для спорта, пасяджэнняў і г. д.

(обратно)

192

Кіпрыда — так называлі багіню кахання і прыгажосці ў старажытных грэкаў — Афрадзіту — па месцы міфалагічнага паходжання (востраў Кіпр).

(обратно)

193

Пенаты — у рымлян багі, апекуны дамашняга ачага.

(обратно)

194

Сіракузы — горад на востраве Сіцылія.

(обратно)

195

Скіфія — старажытная назва зямель на тэрыторыі паўночна-заходняга Прычарнамор’я.

(обратно)

196

Медуза — у грэчаскіх міфах пачвара, ад пагляду якой камянела ўсё жывое. Шаўчэнказнаўцы лічаць, што тут Шаўчэнка памыліўся, напісаўшы замест «Мегера» «Медуза». Мегера ў грэчасскіх міфах — адна з багінь помсты. Яе і меў на ўвазе Шаўчэнка, калі пісаў: «Вось-вось прахопіцца... і потам, і кроўю вашаю, дэспоты, пахмелле справіць».

(обратно)

197

Прэтарыяне — імператарская гвардыя ў Рыме.

(обратно)

198

Ліктары — пачэсная варта вышэйшых урадавых асоб у Старажытным Рыме.

(обратно)

199

Патрыцыі — арыстакраты ў Старажытным Рыме.

(обратно)

200

Note bene (лац.) — добра заўваж.

(обратно)

201

Калізей — велізарны цырк у Рыме. Служыў для гладыятарскіх баёў і інш. відовішч.

(обратно)

202

Тыбр — рака, на якой стаіць Рым.

(обратно)

203

Псалтыр — царкоўная кніга, якая складаецца з псалмоў (рэлігійных песень).

(обратно)

204

Тымпан — старажытны ўдарны музычны інструмент накшталт літаўр.

(обратно)

205

Сціпіёны — старадаўні рымскі род патрыцыяў, з якога выйшлі вядомыя палкаводцы і дзяржаўныя дзеячы.

(обратно)

206

Лідзійскі залаты пясок — Лідзія — дзяржава ў заходняй частцы Малой Азіі, у тыя часы — правінцыя Рымскай імперыі. Славілася залатымі капальнямі.

(обратно)

207

Назарэі — так называлі першых хрысціян.

(обратно)

208

Альбан — Альбано, горад непадалёк ад Рыма, тут, на свяшчэннай гары лацінян, быў храм Юпітэра.

(обратно)

209

Сястра Марока. Марок трактуецца як міфічны ўладар падземнага царства.

(обратно)

210

У дні фельдфебеля-цара — часы царавання Мікалая I.

(обратно)

211

Капрал Гаўрылавіч Бязрукі — Дзмітрый Гаўрылавіч Бібікаў 1837—1852 — Кіеўскі, Падольскі і Валынскі генерал-губернатар. Вызначаўся самадурствам і рэакцыйнасцю.

(обратно)

212

...унцер п’яны Далгарукі — князь Мікола Андрэевіч Далгарукі у 1840—1847 гг. Харкаўскі, Палтаўскі і Чарнігаўскі генерал-губернатар.

(обратно)

213

...З яфрэйтарам сваім малым — маецца на ўвазе М. 3. Пісараў, управіцель канцылярыі Бібікава.

(обратно)

214

Паляны, дулебы, драўляны — старажытныя славянскія плямёны.

(обратно)

215

Прафос — у расійскай арміі XVIII—XIX стст.— салдат або унтэр-афіцэр, абавязак якога: цялесныя пакаранні, прыбіранне казарм, нагляд за арыштаванымі.

(обратно)

216

Сарданапал — асірыйскі цар. Яго імя стала хадзячай назвай вяльмож-распутнікаў.

(обратно)

217

Ў Сібір нявольнікаў святых...— маюцца на ўвазе дзекабрысты.

(обратно)

218

Феб — другое імя Апалона, бога сонца і мастацтваў у грэкаў.

(обратно)

219

Марка Ваўчок. Марыя Аляксандраўна Вілінская (1833— 1907) — вядомая ўкраінская пісьменніца. Пісала на рускай і ўкраінскай мовах.

(обратно)

220

Ісаія — старадаўні яўрэйскі прарок, жыў у Іудзейскім царстве ў VIII ст. да н. э. Яму прыпісваюць аўтарства адной з кніг бібліі.

(обратно)

221

Карміл (Кармель) — гара ў Палесціне.

(обратно)

222

Ліван — ланцуг гор на тэрыторыі сучаснага Лівана.

(обратно)

223

Амофар — дэталь культавага адзення найвышэйшага праваслаўнага духавенства.

(обратно)

224

Сястра — Ярына Рыгораўна, па мужу Бойка, на 2 гады маладзейшая за брата. Прыязнасць між імі існавала ўсё жыццё.

(обратно)

225

Ірад — надзвычай люты іудзейскі цар (73—4 г. да н. э.). Па евангельскай легендзе, Ірад, пачуўшы пра нараджэнне Ісуса, даў наказ выразаць усіх немаўлят у Віфліеме.

(обратно)

226

Дынарый — срэбная рымская манета.

(обратно)

227

Тыверыяда — Тыверыядскае возера ў Галілеі (Палесціна).

(обратно)

228

Фавор — гара над Тыверыядскім возерам.

(обратно)

229

Кушча — курэнь, хата.

(обратно)

230

Назарэт — горад у Галілеі.

(обратно)

231

Елізавета па еванельскай легендзе — сваячка Марыі і маці Іаана Хрысціцеля.

(обратно)

232

Мятла... шырокай пасмаю зайшла...— камета.

(обратно)

233

Эмануіл (старажытнаяўр.) — «З намі бог».

(обратно)

234

Асанна (старажытнаяўр.) — уратуй!

(обратно)

235

Шлях Мемфійскі. Мемфіс — сталіца Старажытнага Егіпта.

(обратно)

236

Копты — егіпцяне хрысціянскага веравызнання.

(обратно)

237

...I шыбенічку кінуў...— «крыжык» асацыіруецца з «шыбенічкай», бо на крыжах у старадаўнія часы распіналі асуджаных на смерць.

(обратно)

238

Асеі, іасеі — іудзейская секта, якая мела некаторыя агульныя рысы з раннім хрысціянствам.

(обратно)

239

Элеон — гара непадалёк ад Іерусаліма.

(обратно)

240

Вісон — у тагачасных міжземнаморскіх краінах дарагая тканіна белага ці пурпуровага колеру.

(обратно)

241

Раманскі залаты плебей — Іерусалім належаў Рымскай (раманскай) імперыі.

(обратно)

242

Хітон (грэч.) — адзежа старажытных грэкаў.

(обратно)

243

Эдуард Сава — польскі паэт Эдвард-Вітальд Жалігоўскі (1816—1864), пісаў пад псеўданімам Антонія Савы, быў высланы з Вільні ў Петразаводск, потым — Арэнбург і Уфу. Сябраваў з Шаўчэнкам, прысвяціў яму верш і запісаў яго ў дзённік украінскага паэта.

(обратно)

244

Осія — біблейскі прарок, які прарочыў пагібель Ізраільскага царства як божую кару за несумленнасць яго грамадзян. Выкарыстаўшы схему біблейскага тэксту, Шаўчэнка стварае востры, палітычна актуальны твор-прароцтва.

(обратно)

245

Алілуя — у хрысціянскім богаслужэнні прыпеў пры царкоўным песнапенні.

(обратно)

246

Яўленымі печ паліці... Маюцца на ўвазе так званыя цудатворныя іконы.

(обратно)

247

Лета, Сцікс і Флегетон — па антычнай міфалогіі рэкі падземнага царства.

(обратно)

248

Эскулап — у старажытных рымлян бог лячэння. Пазней — іранічная назва лекараў.

(обратно)

249

Харон — паводле старажытных грэчаскіх міфаў перавозіў душы памёршых праз Сцікс.

(обратно)

250

Парка-пралля — паркі (у рымлян) — багіні чалавечага лёсу, пралі і перарэзвалі нітку чалавечага жыцця (у грэкаў — мойры).

(обратно)

251

Гекзаметр — найбольш папулярны памер у антычнай паэзіі (Гамер, Вергілій, Гарацый і інш.). У паэзіі пазнейшых часоў лічыцца памерам велічным і плаўным.

(обратно)

Оглавление

  • ТАРАС ШАЎЧЭНКА ВЕРШЫ. ПАЭМЫ
  • СВАБОДЫ I ДРУЖБЫ НАРОДАЎ ПЯСНЯР
  • ВЕРШЫ ПАЭМЫ
  •   ПРЫЧЫННА[1]
  •   ДУМКА
  •   ДУМКА
  •   ДУМКА
  •   НА ВЕЧНУЮ ПАМЯЦЬ КАТЛЯРЭЎСКАМУ[2]
  •   КАЦЯРЫНА
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •   ***
  •   ПЕРАБЕНДЗЯ[9]
  •   ТАПОЛЯ
  •   ДА АСНАВЯНЕНКІ[11]
  •   ІВАН ПАДКОВА[13]
  •     І
  •     II
  •   ГАЙДАМАКІ[16] Паэма
  •     ІНТРАДУКЦЫЯ[25]
  •     ЯРЭМА
  •     КАНФЕДЭРАТЫ
  •     КТЫТАР
  •     СВЯТА Ў ЧЫГІРЫНЕ
  •     ТРЭЦІЯ ПЕЎНІ
  •     ЧЫРВОНЫ БАНКЕТ
  •     ГУПАЛАЎШЧЫНА
  •     БАНКЕТ У ЛІСЯНЦЫ
  •     ЛЕБЯДЗІН
  •     ГОНТА Ў УМАНІ
  •     ЭПІЛОГ
  •     ПРАДМОВА
  •     ПАНОВЕ СУБСКРЫБЕНТЫ[70]!
  •   ***
  •   ***
  •   САВА
  •   ДЗЯВОЧЫЯ НОЧЫ
  •   Сон Камедыя
  •   ***
  •   ***
  •   ГОГАЛЮ
  •   ***
  •   ЕРЭТЫК
  •   НАЙМІЧКА
  •     Пралог
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •     VIII
  •   КАЎКАЗ
  •   I МЁРТВЫМ, I ЖЫВЫМ, I НЕНАРОДЖАНЫМ ЗЕМЛЯКАМ МАІМ НА УКРАІНЕ I НЕ НА УКРАІНЕ МАЁ СЯБРОЎСКАЕ ПАСЛАННЕ
  •   ХАЛОДНЫ ЯР[112]
  •   МАЛЕНЬКАЙ МАР’ЯНЕ
  •   ***
  •   ТРЫ ГАДЫ
  •   ЗАПАВЕТ
  •   ЛІЛЕЯ
  •   РУСАЛКА
  •   ВЕДЗЬМА Паэма
  •   У КАЗЕМАЦЕ
  •     ***
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •     VIII
  •     IX
  •     X
  •     XI
  •     XII
  •   ***
  •   КНЯЗЁЎНА Паэма
  •   N. N.
  •   N. N.
  •   ***
  •   СОН
  •   ІРЖАВЕЦ[124]
  •   N. N.
  •   ПАЛЯКАМ
  •   ЧАРНЕЦ
  •   ***
  •   ***
  •   ХУСЦІНА
  •   А. В. КАЗАЧКОЎСКАМУ
  •   ***
  •   ***
  •   ВАРНАК[146]
  •   ***
  •   ЦАРЫ[150]
  •     І
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •   ***
  •   ***
  •   П. С.[171]
  •   Г. З.[174]
  •   ***
  •   ПРАРОК
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   НЕАФІТЫ[178] Паэма
  •     I
  •     II
  •     III
  •     IV
  •     V
  •     VI
  •     VII
  •     VIII
  •     IX
  •     X
  •     XI
  •     XII
  •     XIII
  •     XIV
  •   ЮРАДЗІВЫ
  •   ДОЛЯ
  •   МУЗА
  •   СЛАВА
  •   СОН
  •   ***
  •   НАСЛЕДАВАННЕ II ПСАЛМУ
  •   МАРКУ ВАЎЧКУ[219]
  •   ІСАІЯ[220]. ГЛАВА 35 (Перайманне)
  •   N. N.
  •   ***
  •   СЯСТРЫ[224]
  •   ***
  •   МАРЫЯ Паэма
  •   НАСЛЕДАВАННЕ ЭДУАРДУ САВЕ[243]
  •   ОСІЯ[244]. ГЛАВА XIV (Наследаванне)
  •   ***
  •   ***
  •   ГІМН МАНАШАК
  •   ***
  •   ***
  •   Л.
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  • *** Примечания ***