КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 711943 томов
Объем библиотеки - 1398 Гб.
Всего авторов - 274285
Пользователей - 125022

Последние комментарии

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

pva2408 про Зайцев: Стратегия одиночки. Книга шестая (Героическое фэнтези)

Добавлены две новые главы

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
medicus про Русич: Стервятники пустоты (Боевая фантастика)

Открываю книгу.

cit: "Мягкие шелковистые волосы щекочут лицо. Сквозь вязкую дрему пробивается ласковый голос:
— Сыночек пора вставать!"

На втором же предложении автор, наверное, решил, что запятую можно спиздить и продать.

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
vovih1 про Багдерина: "Фантастика 2024-76". Компиляция. Книги 1-26 (Боевая фантастика)

Спасибо автору по приведению в читабельный вид авторских текстов

Рейтинг: +3 ( 3 за, 0 против).
medicus про Маш: Охота на Князя Тьмы (Детективная фантастика)

cit anno: "студентка факультета судебной экспертизы"


Хорошая аннотация, экономит время. С четырёх слов понятно, что автор не знает, о чём пишет, примерно нихрена.

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
serge111 про Лагик: Раз сыграл, навсегда попал (Боевая фантастика)

маловразумительная ерунда, да ещё и с беспричинным матом с первой же страницы. Как будто какой-то гопник писал... бее

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).

Трава і камень [Юсцінас Марцінкявічус] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

ЮСЦІНАС МАРЦІНКЯВІЧУС ТРАВА I КАМЕНЬ


Трава і камень: Вершы. З літоўскай.— Мн.: Маст. літ., 1981 — 159 с., 1 л. партр. (Паэзія народаў СССР)


Рэдактар Н. I. Тулупава.

Мастак М. А. Вецік.

Мастацкі рэдактар У. М. Якунін.

Тэхнічны рэдактар Л. М. Шлапо.

Карэктар Т. В. Трубач.



КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ

БЕЛАЯ БЕСТУРБОТНАСЦЬ


Белым-бела ўсё навокал, белым-бела!
Паміж небам і зямлёй расталі межы.
Бестурботна снег палотны свае сцеле,
Вее радасцю ягоны подых свежы.
Я прыжмуруся, ўпаду ў сумёт дзе-небудзь,
Як пад сонцам, расхіну наросхрыст грудзі —
Хай пальецца белізна мне ў сэрца з неба
Бестурботнасцю пяшчотнай і бясконцай.

1958


ПЕРШЫ ТРАКТАР


Цені клаліся на паплавы,
чэзлі сонца барвяныя блікі.
Урачыста над цішаю плыў
гул званоў, што на пацеры клікаў.
А ў ваколіцы дню наўздагон
першы трактар гурчаў дзелавіта.
Людзі беглі, забыўшы пра звон,
каб дзівосным тым дзівам дзівіцца.
I ў гурчанні матора глухім звон
свой голас нашчэнт замарудзіў:
можа быць, першы раз перад ім
шапкі скінуць забыліся людзі.

1956


ЗАХАД


Ніколі не бачыў
Такога прыгожага захаду сонца.
I ў светлым настроі такім
Я ніколі не быў.
Рассеяліся ўжо на ўсходзе
Грымотныя хмары,
I сэрца нарэшце
Знайшло супакой,
Здаецца, нібыта я змог
Разгадаць таямніцу,
Якая патрэбна для ўсіх
I святая для ўсіх.
Не ведаю толькі:
Ці хопіць жыцця,
Каб паспець мне пра гэта
Хоць трохі сказаць.

1958


***


Хачу гаварыць пра зямлю,
Ды слоў не хапае ў мяне,
Таму гаварыць буду словамі іншых.
Я чуў, пра зямлю гаварылі «мая».
I людзі, сціскаючы зубы,
Ад ворагаў і ад сяброў баранілі
Змест гэтага слова.
Я чуў, як маліліся людзі зямлі
I ў шчырых малітвах прасілі:
«Ты, родная наша матуля-зямля,
Нас накармі, апрані нас».
Я чуў, пракліналі людзі зямлю,
I ў гэтых праклёнах бяссільных
Спрадвечнаю скаргай гучала жальба:
«Не маці ты — мачыха злая».
Я чуў, называюць «нашай» зямлю,
Аб ёй прыгажэй і не скажаш.
Бо ў слове тым «наша» змяшчаецца больш,
Чым скажа нам слова «мая».

1956


ЗАМЁРЗЛАЕ МОРА


Мора сцюдзёнае і нежывое —
Быццам твар хворага,
Забінтаваны белай павязкай.
Няма вачэй —
I не відаць яго дум.
Няма губ —
I не чуваць стогну.
I няма твару —
Толькі белая павязка.
На беразе чайкі
Мітусяцца і крычаць,
Што мора памерла,
Што пакінула іх.

1961


ВЯСНА


Далёка
Па зямлі, што ў смузе веснавой падсыхае,
Дзяўчынка бяжыць.
Ёй, напэўна, семнаццаць гадкоў,
I ёй нельга не бегчы.
Валасы з паркалёвай сукенкай
Трапечуць, як сцяг.
А зямля, што чакае сяўбы,—
Ёй мільёны, мільярды гадоў,—
Як зярняты ў сябе,
Ногі белыя гэтай дзяўчынкі прымае.
Яшчэ ўсё так далёка —
Дык адкуль гэта радаснае прадчуванне ўраджая?

1961


КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ


На беразе сосны. Чакаюць. I чайкам зайздросцяць.
I ў прострадзь глядзяць: ці не плыве карабель?
На самым світанку. Заружавелі лёгкія ветразі.
I — ток хвалявання
стрункія целы працяў.
Замітусіліся ўвішныя чайкі.
А карабель усё плыў, не спыняўся, мінаў.
Мабыць, да іншага берага, мабыць, да іншых соснаў.
У якіх шчаслівейшая доля.
У якіх літасцівейшы бог.
I раптам ускінулася ў паветра
і — паляцела,
                    як птушка,
                                    адна сасна...
I рынуліся ўслед за ёю іншыя,
                                             незвычайна
сабою уражаныя...
Астатнія так і памерлі,
не здагадаўшыся паляцець.

1961


ТАКІ ВЕЧАР


Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.
У самоце захацелася застацца.
Ахінае вечар мяне змрокам,
I такім спакоем некранутым,
I такою лёгкасцю раскутай!
Адышлі трывогі так далёка.
Ахінае вечар мяне змрокам.
Я пушчу сягоння сэрца прагуляцца.
У самоце захацелася застацца.
Я прашу: не затапчыце толькі сэрца!

1960


РУХ


Працягваюць рукі, напружваюць вочы,
      Зблытаўшы яву і сны,
Да ісціны людзі крочаць і крочаць,
      Хоць ісціна — самі ж яны.
У целах здаровых, пульсуючых жылах
      Нясуць яны праўды агонь.
Самі сабе насыпаюць вяршыню,
      Каб імкнуцца было да чаго.
Ідзіце, людзі, ідзіце, ідзіце,
      Ідзіце разумнай гурмой!
На гэтай дарозе, святой і цярністай,
      Сустрэньцеся вы са мной.
А сонца зойдзе і ўзыдзе зноўку
      На нейкай далёкай вярсце.
Будзеш за сонцам імчаць наўздагонкі,
      Рукамі яго вярцець.
Вечар палае полымем жоўтым,
      Гараць твае ідалы ў ім.
Толькі аднойчы па сцэне прайшоў ты,—
      Авацый не будзе зусім.

1962


ГАРЛЕМАЎСКІ МАТЫЎ


Каралі рок-н-рола
I ўсе іншыя, чуйце!
Каму рытм падуладны,
Танцуйце!
У рэактарах жыл
Кроў іграе.
Танец той жа адзін,
Толькі назва другая.
Рэчамі, што грозяць
Задушыць гэты танец,
Танец, быццам кулак,
Танец — рух апантаны.
Рэчы з рэчамі,
Як пылінкі, злучайце!
Нападайце на рэчы,
Нападайце!
Будзьце гучнымі,
Непадобнымі будзьце
I зямлю, як пакоі,
Танцамі абсталюйце.

1963


СПРОБА ЗНАЙСЦІ


1
Я гэтай ноччу ад сябе уцёк,
ад прыцягнення недарэчных рэчаў.
Што прывяду з сабою ў свой куток?
Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы.
Што было ўпору — душыць, як пракруст.
Знікчэмнела — чым сам я быў заўсёды.
Нібы на нечы вымучаны густ —
адны і тыя захады і ўсходы.
I так ціхмяна без далечыні.
I так маркотна ў гэтакай ціхмені.
О, да каго звяртацца: адчыні,
што ад мяне схавалася ў зацьменні!..

2
А што я не маю —
                           узруненай роўнядзі нівы
ці горнасці неба,
               з якім дзе калі гаварыў ганарліва?
Ці, можа, не маю
                          турботы штодзённай
ці хатняга ўтулку —
                             і ў хаце сцюдзёна?
О не, я ўсё маю.
Я поўны, як пляшка.
Ды толькі гадзіны варушацца цяжка.
Ды толькі спыняецца час,
                      бы заважкую ношку наклалі.
Ды толькі
               зямля
                        ападае,
                                    як шаля.

3
        Утрымайце зямлю —
трава для яе зелянее.
        Утрымайце зямлю —
для яе карагодзіць завея.
        Утрымайце зямлю —
і для захадаў, і для ўсходаў.
        Утрымайце зямлю —
для людзей і багоў, для іх згоды.
        Утрымайце зямлю —
хто яшчэ разумее
        першародную мову надзеі.

4
Я гэтай ноччу ад сябе уцёк,
ад прыцягнення недарэчных рэчаў.
Што прывяду з сабою ў свой куток?
Чаго не маю — прагну з тым сустрэчы.
Па сцежцы ранняй я сябе дамоў
прывёў плаціць задоўжаныя чыншы.
Круцілася зямля, час цёк ізноў.
Ды іншы ранак быў, і я быў
Ды іншы ранак быў, і я быў іншы.
                                             ІНШЫ

1963


***


Не сядзіцца ў маіх казках прынцу.
Ён, дзівак, шукае іх працягу.
Бедны прынц, ён голы, як той прынцып,
Хоча наталіць шуканняў смагу.
Смешны й добры, носіць ён у сэрцы
Мудрасць, нібы кніжную старонку,
Ды сысці з яе яму няймецца,
Каб, як хлеб, раздаць сябе пароўну.
Ды зямля, што выспела каменнем,
Гоніцца бязлітасна за прынцам,
Кпіць з яго на людзях і нязменна
Ганьбіць прынцаў просты ўзнёслы прынцып.
Ах, зямля! Не любіць яна казак!
Хоць само жыццё мудрэй за казку.
Дзівакі, хоць раз паверце сказу:
Казка — гэта голай праўды маска!

1963


ПАКАЛЕННЕ

Альф. Малдонісу


Дзень паспеў для свайго перавалу.
У пярэдадня — цяжкая столь.
Навучаліся, як выпадала,
праз нястачу, і радасць, і боль.
I любоў апынулася вартай,
і нянавісць займела цану.
Мы знаходзім, знаходзім упарта
чалавечнасць, а не ману.
Да нялёгкасці першай — падробка.
Не ржавее сталь праз вякі.
Мы не можам быць паасобку:
у нас толькі па дзве рукі.
Мусяць сэрцы пільней ашчаджацца.
Блізка восень, і з ёй наставаць
найвялікшаму ў свеце мастацтву —
да астатку сябе аддаваць.
Абы ярка свяціць!..— хай сажа
уядаецца ў плоць і косць...
А заўсёды і ўсюды пакажа
цень дакладна, бы компас: ты ёсць.

1963


ДОШКА ДЛЯ АБ’ЯЎ


Хацеў бы я быць дошкай для аб’яў
I пасля працы да людзей заходзіць.
У дзверы пазваніць,
Зайсці
I здзіўленым мужчыне ці жанчыне
Сказаць:
Канцэрт Баха.
Выстаўка пейзажа.
Гамлет.
Травіята.
Рэчытатыў Рыхтара.
Спяваючыя галасы Японіі.
Кожнаму хацеў бы запрапанаваць
Яго любімы гук, пах, колер:
Высокім, мускулістым юнакам —
Спаборніцтвы па боксу, столікі ў кафэ,
Пасвараным маладажонам —
Кароткую экскурсію на параходзе.
А закаханым —
Апошні рад у кіно.
Дзіцяці, што за падзёртыя штаны быў пакараны,—
Марожанага порцыю.
Бабулькам —
Выстаўку кветак.
Міністрам, рэдактарам і лаўрэатам,
Што мараць аб суботнім паляванні і рыбацтве,—
Лекцыю «Ахоўвайце прыроду».
I я ўжо бачу,
Як глядзіць жанчына запытальна на мужчыну,
I ўстае той,
Па барадзе рукой праводзіць —
Не трэба і галіцца —
I з роздумам гаворыць:
— Калі наведала нас дошка для аб’яў,
Знаць, сапраўды, ёсць нешта надзвычайнае.
Прас электрычны ўключыла жанчына.
I я магу ісці далей.

1964


***


Вочы расплюшчыў я — сонца ўзыходзіць.
Ночы нібы й не было.
Усё, што губляў ты калісь ці знаходзіў,
Сэнсу не мае — сплыло.
I перамогу, і паражэнне,
Каб лёгкі да сонца быў бег,
Як тое, з якога ты вырас, адзенне,
Скінеш без жалю з сябе.
Раніцай гэтай мо здарыцца дзіва,
Здзейсніцца даўні твой сон:
Спусціцца з неба юнак зіхатлівы,
Сагрэе планету ўсю ён.
Раніцай гэтай мо з рога пальецца
Тое, чаго не знайшлі ў барацьбе.
Як гэта проста нам зажывецца:
Будзеш маліцца ты мне, я — табе.

1964


АДЗІНСТВА ТРАВЫ I КАМЕНЯ


Калі мяне наведвае стары мой бацька,
Я быццам бы яго вачамі
Гляджу на горад,
На свет,
На сябе,
На рэчы.
На яго твары няма нічога лішняга —
Быццам у спелым
Коласе пшаніцы,—
Усё ясна,
Проста,
Дакладна,
Усё як мае быць.
Сёння ён вярнуўся з горада
I сказаў:
— Тут няма адзінства травы.
I дадаў: —
Ёсць затое адзінства каменя.
Вечарам сказаў ён, уздыхнуўшы:
— Бачыш,
Мы падзялілі свет,
А як яго скласці зноў,
Мы не знаем.

1964


***


Кожны дзень я ў самога сябе паглыбляюся
I знікаю, нібыта ў натоўпе людскім,
У глыбінях уласных блуканняў губляюся,
Не заўважаны, не разгаданы нікім.
Прастаты! Я хачу прастату непадробную,
Быццам хлеба акраец, трымаць у руках,
Абыходзіць прасторы чужыя і родныя,
Каб адлегласць адчуць на цяжкіх бальшаках.
Я жадаю павесці за ручкі маленькія
Неспакойных, дапытлівых, прагных дзяцей,
Каб у свет углядаліся яснымі зрэнкамі,
Як зямля у ласкавых праменнях цвіце.
Так, напэўна, прыходзіць жаданая сталасць,
Калі чую і бачу я ўсё да драбніц,
I баюся, каб толькі для іх не настала
Неспадзеўна ліхая пара навальніц.
Толькі б ім не прыйшлося, пакінуўшы справы,
I мяне дакараць, і мяне папраўляць.
Толькі б нашым наступнікам, дужым і правым,
Не дазнацца, як даўнія раны смыляць.

1965


ТЫЯ ВОКНЫ


Яшчэ жывуць і бачаць тыя вокны,
праз шкло якіх вяло дзяцінства ў свет.
...Нібыта кіпці, вецце дрэў намоклых
на шыбіны кладзе свой плыўкі след.
I прабягаюць дрыжыкі па целе,
як зябкі вецер па старым стаўку.
А дождж плюскоча ў шыбах запацелых,
і дня пачатак туліцца ў кутку.
Ах, колькі іх нашараваных, чыстых,
заклееных папераю па швах,
ліло святло ў маю душу калісьці,
вяло за сцены ў невядомы шлях!
Бывала, утаропішся вачамі
праз крыж акна ў ліпнёвай спёкі муць,
і ўжо ніхто не адарве рукамі
таго, што зрэнкай ты паспеў крануць.
А ноч надыдзе — бляск свой серабрысты
лье маладзік на дрэвы і кусты...
За ўсё, што бачыў я ў дзяцінстве чыстым,
удзячны я таемным вокнам тым.
Як і ў дзяцінстве, я й сягоння доўга
гляджу на ўсё праз даўняе акно.
Яно жывое. Ды ў праёме строгім,
на жаль, не ўсё сапраўднае відно.

1966


АСЕННЯЯ ПРАГУЛКА


Злагодзіўся верасень нібы,
і поўна ў вятрыскі пяшчоты.
I лес прасвятліўся, як шыбы,
сарваўшы фіранку лістоты.
Хоць раз, затаіўшы дыханне,
дрыготкім ухопім зрокам,
як падае лісце і вяне,
адчуўшы зіму недалёка.
А сэрца не скіне ігліцы...
Усё мы спазнаем і знойдзем
і вернемся, ўсе таямніцы
адкрыўшы.
Не вернемся. Пойдзем
туды, дзе зара палыхае
вячэрняя — сцягам для бою.
Радзіны яна прадракае.
Чые? Ці не нашы з табою?

1966


СЦЯЖЫНА Ў ПУШЧУ


У сінюю пушчу сцяжына —
далёка ці блізка яна?
На твары ляжыць павуціна —
прыгаданая даўніна.
Ах, кратайце, кратайце, згадкі,
трывогай няяснай мяне!
Няхай усяго, без астатку,
вячэрні настрой захлыне.
Укленчыць такою часінай
карціць, абдымаючы дол,
каб рыжую гліну айчыны,
і гукі, і справы наўкол
адчуць, бы вязьмо павуціны
з наліплай жывою расой,
бы ў сінюю пушчу сцяжыну,
што свеціцца ў цемры сляпой.

1966


ГАРУЧЫ КУСТ


Стаю — нібы Майсей — збянтэжаны праявай
гаручага куста.
Асенні ліст пячэ.
Яшчэ няма задум, напэўнасці яскравай,
што, калі стукну ляскай,— крыніца пацячэ.
А трэба спрабаваць.
I верыць неабходна,
што, працягні руку — магічны маніфест,—
і маннаю з нябёс накорміцца галодны.
Якой цаною мусіць сплаціцца гэты жэст?!.
Акінуся назад:
руплівыя гадзіны
над тым, што не цвіло, шчыруюць — хай цвіце...
I, можа, ўсё жыццё —
                                 няскончаны, адзіны,
нераспазнаны цуд,
няпросты ў прастаце.
Так і цяпер.
Агонь — цаной.
                       Агніста
гаворыць куст.
Жыццёвы агнябег.
I я прыўзняў руку — і першы, чысты
стаў, быццам манна, з неба падаць снег.

1966


ПАХМУРНАЯ РАНІЦА


Я ў дзень адзін сваё жыццё ўмяшчаю,
ноч сустракаю, нібыта труну,
на сонца як на бога паглядаю,
хвіліну ўсё чакаючы адну.
Разбудзіш ці ўваскрэсіш — я пытаю —
дасі мой век падоўжыць на зямлі,
з якога, зрэшты, выкуеш металу
жыцця яшчэ хоць некалькі хвілін?
Я добрым стаць яшчэ, напэўна, здолею,
патрэбным для людзей, нібы агонь,
змагу стрымаць лавіну часу цвёрдай воляю,
знайсці, нарэшце, сэнс жыцця свайго.
Ідуць дажджы, злятае лісце долу.
Я пазнаю падзенне й заняпад.
Ідзе світанак так павольна й квола —
о божа, як святлу твайму я рад!

1967


НАШЫ МАЦІ


Сагнуўшыся, бульбу капаюць,
гадуюць маленькіх дзяцей.
Мужчынская ж справа такая
страляць на вайне у людзей.
Вярнуўшыся, дні баявыя
успомняць за чаркай-другой.
А спіны жаночыя ныюць
ад родаў, ад працы цяжкой.
Глядзяць на калыскі ласкава,
дзе ўголас крычыць новы рот,
а позна пасядуць на лавы —
і зноў загудзе калаўрот.
I так аж да пеўняў. Ірвецца
трывожны іх сон раніцой,
калі варухнецца пад сэрцам
пачатак істоты жывой.
А колькі жалобнай часінай
схаваць іх прыпала ў зямлі.
Ды зноў і кудзеля й радзіны
па бітай сцяжыне вялі:
то хату падперці, то воўну
часаць або сукны валіць,
а спыніцца сэрца раптоўна —
прыпасці да роднай зямлі.
Не шмат яны ласкі зазналі
да самай гаротнай труны.
Шкада! Ўсю Літву ўзгадавалі
худымі грудзямі яны.

1966


ПЯЮ ЛІТВУ


Пяю Літву, як радасць тую,
Што з папялішчаў узрасла,
Як мару самую святую,
Што шляхам прада мной лягла.
Зялёны шоўк лугоў надрэчных,
Што атуліў маё сяло,
Цяпло тваёй разумнай печы,
Нібы сяброўскае цяпло.
Прашу перада мной раскрыцца
Крыніцай дум і сэрц сваіх.
Глынуць дай з гэтае крыніцы,
Дзе б’е струмень надзей жывых.
Яшчэ крычыць уся тут глеба,
Магілы з ранамі гудуць.
Бяру ў руку кавалак хлеба
I з вамі гутарку вяду.
Вяду я гутарку жывую
З агнём, паветрам, шумам дрэў.
Ды з усяго, што маю, чую
Вас — як Літвы маёй напеў.

1966


ВЕТРАКІ


На дыназаўраў, ацалелых
З дагістарычнае пары,
Яны падобны. Душы з целаў
Даўно ўжо вымелі вятры.
Але часаць імкнуцца сонца
Падраным крыллем ветракі,
Да нас дайшоўшы, як у смолцы
Бурштыну — ўліплыя жучкі.
I думкі іх астылі, нібы
Цяжкія жорны, на вякі.
Пустуе ў іх бярэмя хібаў,
Сумленне іх — чысцей мукі.
Як пірамідам анямеўшым,
Нічога ім не прыгадаць
I не ляцець, а клыпаць пешшу,
Дзвярэй зубамі скрыгатаць.
(Якое моцнае натхненне
Іх вымушала зноў і зноў
Малоць начамі летуценне
Палёў, што згружана з вазоў!)
Ушчэнт іх час яшчэ не спетрыў,
Надзея ў іх яшчэ ліпіць,
Хоць разумеюць: можа ветрам
Іх ноччу гэтаю ж зваліць.
Яны і ў слоту, і ў спякоту,
I пад завейнае выццё
Свайго чакаюць Дон Кіхота,
Каб скончыць з гонарам жыццё.

1966


ЯК РАСТУЦЬ ДЗЕЦІ


Нешта ў змроку расце і расце.
Можа, лёс неспакойны ці страх —
Гэта дзевяць пачварных галоў,
Як на плоце гаршкі.
Дзеці, дзеці, дадому пара!
Чаравікі пад ложкам растуць.
I на крэсле расце апранаха,
I драўляны выростае меч,
Што звісае з высокага ложка.
Вось да брамы дабегла дарога,
Засаплася, прыстала, укрылася пылам:
— За дзевяццю рэкамі,
— За дзевяццю лясамі,
— За дзевяццю морамі,
— Праз дзевяць крокаў
Расце дзевяцігаловы дракон!
I спачатку...

1967


ДАРОГА З ДОМУ


З усіх дарожных думак
Было адно жаданне:
Каб так было ўсё гэта:
Гасцінец праз пагоркі,
Воз драгкі і слуп пылу,
Дождж, пад якім прамоклі
I дзеці, і каноплі,
I белы дым над грэчкай,
Над ярыною зрэбнай,
I рэчка, і той мосцік,
Дзе грукацяць калёсы,
Нібыта гром далёкі
Або перасцярога,
Што гэта ўсё ніколі
Ўжо больш не паўтарыцца:
Гасцінец і пагоркі,
Воз драгкі, і слуп пылу,
I прагны позірк, поўны
Далечыні імглістай.

1967


ЛОДКІ НА БЕРАЗЕ


Даўно рыбакі свой апошні
улоў прапілі і забылі
і лодкі, як посуд парожні,
на беразе перакулілі.
Нібыта на пляжы, тут лодкі
з голымі жыватамі
стынуць пад ветрам халодным,
мокнуць яны пад дажджамі;
як рыба на беразе, млеюць,
знядужаныя ў паняверцы.
А возера побач шалее,
чуе прыход белай смерці
і той блакітнай нядзелі,
калі скрозь чарот высокі
чароўная лодка-надзея
пройдзе ў ваду лябёдкай.
Разлуку прыносіць восень,
тугу і самоты холад:
з лугамі рассталіся косы,
з дарогамі пругкія колы.
Прыроды чысцюткае поле —
нібыта сумленне зрання:
нічога няма на ім, толькі —
вецер, снег і чаканне.

1966


ЧАКАННЕ ВЯСНЫ


Што разважыць наш ранішні роздум?
Мы — пагаслай зямлі жыхары.
...Ад звярыных напружаных ноздраў
перасохнуць рачныя віры.
I да сонца павернецца камень,
і абрынецца вецер са стром.
Да калыскі сваёй ці да ямы,
працягнуўшы далоні, замром?!
Так звычайна і так неймаверна
рунь праб’ецца праз пыл пакрысе.
I зямля запаветнае зерне,
бласлаўляючы, ўгору ўзнясе.
Усміхнуся: ах, мілая, зноўку
мы абудзімся ў новай пары...
Быццам глечык, парэпаны звонку,
мы жыццём яшчэ поўны ўнутры.

1967


ЛЕТНЯЕ УРАЖАННЕ


З далягляду
прылятае ўвесь зялёны
коннік лета: след зялёны,
цень зялёны
спрытна скачуць цераз рэчку,
узбягаюць па адхоне,
узнімаючыся ўгору,
абмінаючы азёры,
умінаюць край дарогі —
і праносіцца, імчыцца
напрасткі па даляглядзе,
і абрушваецца морам,
і адносіць, і адносіць —
о п’янлівы лёт ягоны, я і сам,
як ён, зялёны,
так бы лётаў,
так бы шастаў —
лёс зялёны, без кантрастаў,
лёт зялёны,
ўзлёт зялёны,
толькі ў полі за дарогай
нечаканай засцярогай
кропляй капае чырвонай
мак,
ды конніку
няўзнак...

1967


ЖНІВЕНЬ


Паглыбеўшыя ночы
пралятаюць без сноў.
Жнівень ласкава крочыць
між людзей, каласоў.
Над гумном ззяе неба,
поўня сее святло
круглым боханам хлеба
над заснулым сялом,
быццам сімвал таемны
той вясёлай пары,
калі бачыць прыемна
госця, сябра ў двары.
Калі спелай прыроды
кліча голас жывы,
калі шчасця прыгоды
будзіць лёс у крыві.
Калі смеласць з надзеяй
нараджаюцца зноў,
на касе палымнее
срэбра рос, а не кроў.

1968


НОЧ ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ


Пайду зірну— ці ясны месяц, ці паўзмрочны,
а можа, ў небе поўня?
Даўно я чуў пагудку: гэткай ноччу
здзяйсненнямі свет поўны.
Я ўбачыў: ад мяне чакаюць травы й дрэвы
слоў новых і нязвыклых,
адзіных тых спрадвечных даўніх спеваў,
у вечным часе зніклых.
Стаяў нікчэмны я, разгублены і смешны,
самотны, як на сцэне,
згубіўшы словы ўсе свае ў тузе няўцешнай,
іх сэнс былы й адценні.
I я, як лук напяты, ўсёй душой і целам
не захацеў скарыцца
і голасна гукнуў тым дрэвам, травам спелым
адзінае: жывіце!
I ажыло усё, і дрэвы зашумелі
ад слоў маіх прарочых,
а я, як творца бог, ад цудаў тых змарнелы,
глядзеў сусвету ў вочы.

1966


ТУМАН НАД НЁМАНАМ


А ці ёсць ён за хваляй вірлівай,
бераг іншы, ці ўсё тут са мною,
дзе куляюцца сосны з абрыву,
ап’янеўшы быцця вышынёю?
Дзіўна гэтак дайсці да мяжы той,
аб якой і не марыў употай.
Так адчайна птах крыкнуў над жытам,
нібы страціў вышыннасць палёту.
Дык маўчы, маё сэрца, аціхні!
Ты стрываць яшчэ многае мусіш:
праз туманы ляцець і праз ліўні,
уздымацца і падаць у скрусе.
Далятае гудкоў сіплых рэха,
каля берага плешчацца лодка,
і каменне спускаецца ў рэку,
абціраючы золакам шчокі.
Нечакана, бы сонца, зайграе
кропля росная, ўпаўшы пад ногі.
Чалавека раптоўна спаткаеш —
здасца ён і вялікі й убогі.
Дык маўчы, маё сэрца, аціхні!
Ты стрываць яшчэ многае мусіш:
праз туманы ляцець і праз ліўні,
уздымацца і падаць у скрусе.

1966


ПАД АСЕННІМ СОНЦАМ


Як падачку, рукою з трымценнем
Горнем рэшткі святла, цяпла.
Пагасцім яшчэ ў сонцы асеннім,
Бо да кожнага шчырасць прыйшла.
Бо зімы ўжо мы чуем подых,
Бо ўжо сонца свеціць скупей.
Цень у кожнага з кожным годам
Шмат даўжэйшы, як быў раней.
Бо згубіць у жыцці чалавека,
Як і сонца ў небе згубіць.

1966


ПРЫВІД


Так не часта, на жаль, ах, не часта,
толькі ў міг, калі добры бываю,
за хацінаю роднаю бачу
ў звоне птушак
і ў квецені сад.
       На парозе,
       стаптаным парозе,
       сядзіць маці, прычэсвае пасмы,
       напяваючы, як заклінанне,
       нечуваную песню-малітву:
— СІВЫ ВОЛАС — ЖАЎРАНКУ,
ЧОРНЫ ВОЛАС — ЛАСТАЎЦЫ,
А РУСЯВЫЯ КОСКІ
Ў КАЛЫСКУ — СЫНОЧКУ...
       Валаскі, што апалі, збірае
       ды пускае з далоні на вецер,
       каб у птушак маленькіх было
       з чаго віці сабе гняздзечкі.
А за спінаю дзверы — правалам,
і халодныя сенцы — магілай.
Узнімаецца цяжка матуля
і знікае — у чорным правале.
       За хацінаю сад абгарэлы
       ў чорнай квецені кожную весну.
       Ах, з чаго цяпер птушка малая
       будзе віці сабе гняздзечка?

1966


АНТОНАЎКІ


Пах і смак іх на губах не стыне,
яшчэ помняць рукі важкасць плоду.
Як быкі сівыя у лагчыне,
туманы пасуцца каля броду.
Ды імжа ляжыць на прыгуменні
белым папярэджаннем аб сцюжах.
Застаецца толькі, як імгненне,
успамін аб леце, сонцы, ружах.
Сок слязой бурштынавай халодзіць
зубы, што грызуць той плод салодкі.
Так каханне наша на зыходзе,
хоць яно й было такім кароткім.
Але вочы з жалем паглядаюць
У той бок, адкуль няма вяртання.
Ці то снег дарогу засцілае,
ці то мы ссівелі нечакана?
Сонечны той смак яшчэ нам сніцца,
адчуваюць рукі важкасць плоду.
Толькі мары той не паўтарыцца,
не вярнуць нязбытную нагоду.

1966


ЦІШЫНЯ


I я буду маўчаць.
Добра ісці з маўклівымі рэкамі.
Чуць шорах у цішыні.
Мо думкі?
Мо рыбы?
I рыбы і думкі нямыя?

1967


ЗІМА МАЙГО БАЦЬКІ


З дрэў, што некалі садзіў мой бацька,
Птушкі ўсе даўно паадляталі.
I на чорныя галіны іх
Толькі ўзімку зоры ападаюць.
Вось ляжаць усе яго прылады:
Барана, саха, каса і рукі,
Быццам бы няма куды пайсці,
Быццам бы няма чаму дзівіцца.
I жыццёвыя яго падзеі
Неадназначнымі засталіся —
Хто абраміць жыта ці ваду,
Хто апіша ці вясну, ці лета?
Калі добра ўслухацца, дык ноччу
Чутна, як у хлевушку за хатай
Глыбака, пакутліва ўздыхае
Верная, старэнькая рагуля.
Гэта ўсё трывожыць маю думку.

1966


ЛОСЬ


Каля крыніцы свежыя сляды,
Абгрызеныя парасткі ракіты,
Дрыжаць ад пахаў трапяткія ноздры,
I музыка сугуччаў — у вушах.
А потым на яго ссівелай шкуры
Разыдзецца скрываўленая пляма,
Уткнуцца ноздры у пясок настылы,
I згаснуць промні сонечных рагоў.
Ён мне на сконе не аддаў нічога:
Ні пахаў, ні сугуччаў, ні пачуццяў,
Якімі ён быў повен і багаты,
I засталося ўсё ў дрымучым лесе.
Здавалася —
Мяне ён перамог.
Змачыце палец у крыві гарачай,
Каб перакрэсліць каінавым знакам
Мой дужы лоб,— няхай убачыць кожны,
Што я такі звычайны, як і ўсе.
I я пайшоў з лясных зялёных нетраў,
Нібы ў астрог,
Суровы, адзінокі,
Асуджаны сабою пажыццёва.

1967


ПАМІРАЕ РАКА


Няма асноўнага пытання
Цячэ адкуль, цячэ куды.
I берагі даўно замоўклі
Ад жуды.
У глей хвастамі
Рыбы б’юць і б’юць.
Знікаюць рыбы,
Птушкі не пяюць.
Няма жанчынам дзе
Ні мыць, ні паласкаць,
Расце трава,
А хваляў не відаць.
Ой, на каго ж
Пакінула ты нас?
Я гладжу дно,
Што высахла не ў час.
Хадземце, людзі,
I раку наплачам,
Каб слёзы піць свае.
Тады мы нешта значым!

1967


ПЕРШЫ ЎСХОД СОНЦА


На верхавінах дрэў
Лісты трапечуць лёгка:
Яны ўжо бачаць,
Яны ўжо бачаць!
Спаўзаюць цені
Доўгія на захад.
Там будзе ноч.
Калі мы не праспім,
Дык дойдзем да яе.
Маўчыць імклівая вада,
Нібы мяркуе, а ці варта
Ёй выпускаць на бераг чалавека
Імклівай рыбінаю, яшчарам, лілеяй
Ці з іншым неразгаданым абліччам.
Мы нават і не ведаем напэўна,
Каторы раз такое робіцца на свеце.

1967


ДУША НАПОЎНІЛАСЯ КРЫКАМ ЖУРАЎЛЁЎ

ЦЁМНЫ ВЕЧАР


Вечарэла.
Цягнуліся птушкі да лесу.
Застаёмся адны
і, напружыўшы зрэнкі, глядзім,
як сутонне бяздоннае нас паглынае,
як ад нас аддаляецца добры,
асвойтаны свет.
Усё вернецца некалі,
мусіць вярнуцца.
Але ў гэтым няўмольным прамежку
як дыхаць жывым?
Рукі самі
адна да адной пацягнуліся ў змроку
і, знайшоўшыся,
бы за імгненне і вечнасць,
трымаліся за сябе.
Паглядзі на мяне
Паглядзі,
бо, не ўбачаны, знікну.
Пасяліся ўва мне,
як планету любові, ўзгадуй.
Пастаянна губляючы
і пастаянна знаходзячы,
назаві мяне імем,
якое падобна жыццю.
Быццам нешта хацелі дагнаць,
заклапочаных птушак чароды
кіраваліся ў лес, далячынь, небасхіл...
А адтуль падымалася важка, павольна
адна птушка вялізная —
ноч.

1966


КАЛЯ МОРА


Не ведаю,
                падзякаваць каму
За сонца гэтае
                      і мора,
За глыбіню ўрачыстага спакою,
За ўсё, за ўсё, што ёсць,
За тое, што магу не думаць,
А калі думаць — думаць спакваля,
Што не было і што няма нічога,—
Што не было пачатку і канца,
Што толькі ёсць вось гэтае імгненне,
Такое неабдымнае заўсёды,
Калі тваё асмужанае цела
Мяне высока ўзносіць, аж да сонца,
I акунае ў мора глыбіню,
Дзе тоіцца, нібыта падсвядома,
Інстынкт непераможнага жыцця...
Пасля усёю сілаю,
                            да болю,
Сціскаю ў жмені дробныя пясчынкі,—
Каб гэтым, хоць маленечкім імгненнем
З бясконцай вечнасці
Самому кіраваць.
Ды чым упарцей я сціскаю жменю,
Тым высыпаецца пясок імклівей,
I ўсё канчаецца.
                   Два целы,
Што вынырнулі з морскай глыбіні,
Каб хоць нядоўга сонцам любавацца,
Што выбралі сабе Зямлю,
Але няма за гэта дзякаваць каму.

1967


***


Снягі там цяпер — пад стрэхі,
з якіх капяжы — як свечкі.
Бацька з палонкі свежай
поіць карову з авечкай.
Пасля ён рукой беражлівай
кладзе ім у яслі сена.
I маці з даёнкай ля вымя
апусціцца на калені.
Мне трэба той край праведаць,
пяшчотна цяля пагладзіць
і бачыць, як скупа, ды светла
жыццё плыве ў згодзе і ладзе.
Мне трэба, мне дужа трэба
сесці за стол бацькоўскі
і лустаю чорнага хлеба
прычасце зрабіць да спакою.

1966


БРАТ


Лепей давай памаўчым,
можа, абодва ўбачым:
п’юць ля калодзежа коні,
пысы ўзнімаюць —
                    падае з вуснаў вада.
А на высокім схіле
іх велізарныя цені.
Гэтак заходзіць сонца.
Бусел на даху.
Як дзень прамінулы.
Стаіць і глядзіць.
Адчынены насцеж вароты —
вяртайцеся ўсе дадому.
Крокі — як дождж —
усмакталіся ў глебу глыбока
і непрыкметнымі жыламі
ў студню прыбеглі.
Вады зачарпні для мяне.
Проста з вядра буду піць —
дзень быў нялёгкі.
Явар у цемры — як палец,
пагрозліва ўзняты.
Не бойся:
нам толькі здаецца,
што вечныя мы.

1967


СТАРАЯ АЗБУКА


Так робяць люльку,
Хлеб расчыняюць.
А так на хату
Лес высякаюць.
А так малоцяць.
Так круцяць жорны.
Так гасяць вапну.
Так паляць горны.
А так смяюцца.
А так галосяць.
Так ткуць палотны.
Так пояс носяць.
Так ладзяць сохі,
Гартуюць зброю.
I на вайну так
Ідуць гурбою.
Так, хто шчаслівы,
З вайны вяртае,
Так над магілай
Сасна ўздыхае.

1967


РЭХА


Яшчэ калі-небудзь
Выйду у лес пагукаць.
А-у!
Сам з сабою накрычуся
і насваруся:
А-у!
Бярозы і елкі
рознымі імёнамі назаву:
А-у!
Дамоў вярнуся
добры, такі, нібыта з царквы.
I ўзляціць на плячо маё
голуб ласкавы.
У руцэ прынясу я
кавалак калючагадроту.
Ці не ён гэта
прывязаў мяне да жыцця?
А-у!

1967


ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ


Дакладна не ведаю,
Колькі трацілу цяпер прыпадае
На кожнага з нас.
Хоць добра вядома, што столькі,
Колькі яго назапасілі недзе,
З лішкам хопіць
На кожнага з нас.
Я дома адзін.
Я сяджу.
I куру.
Вечарэе.
Не рана.
Час святло запаліць.
Невысока, каб зручна было,
Пры дзвярах невялічкая чорная кнопка.
Можа, смешна,
А я вось баюся, што выбухне раптам...
Смешна, бадай, сапраўды.
А што, калі выбухне?
Лепш пачакаю.
Хутка вернецца жонка.
Хутка прыйдзе са школы дачка.
I я, вярнуўшыся ў матрыярхат,
Магчыма, здалею хоць некалькі
                              тысячагоддзяў пражыць.

1967


УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ


Я доўга сачыў за адным чалавекам:
ён стаяў на рагу і ўсміхаўся.
Па вуліцы ехалі, людзі ішлі,
а ён, адзінокі, стаяў і ўсміхаўся.
Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?
Стаяць сярод белага дня
і самому сабе усміхацца...
Я сачыў за паглядам ягоным.
Здаецца, нічога у ім не было.
У аблічча ўглядаўся,—
на стомлены
і непаголены твар.
Скажыце, ці ж гэта не дзіўна?
Стаяць сярод белага дня
і самому сабе усміхацца?
Міжвольна і я усміхацца пачаў.
Хоць дзіўна!
А ну, паспрабуйце і вы
спыніцца на вуліцы
і без прычыны
ўсміхацца самому сабе.
Як добра,
як добра ўсё ж!
Пасля да яго падышоў я паціху:
— Прабачце...
Вы б мне адказаць не змаглі,
чаго вам так смешна?
Чаго?
А ён на мяне паглядзеў
і здзівіўся,
усмешка прапала адразу:
— Няўжо усміхаюся я?
Вам гэта здалося...
А зрэшты,
што вам да таго?
Пайшоў ён,
а я на тым месцы спыніўся,
ды толькі ўжо не ўсміхаліся болей
ні ён і ні я.

1964


ПАЧАТАК ЭПАСУ


Нечакана выспела слова
і слязой застрала ў горле.
Аплачам сябе, аплачам.
Камень.
На камені — агонь.
Над агнём — ястраб і голуб.
Вечны агонь.
Вечныя ястраб і голуб.
Не вечны толькі камень —
яму на змену прыйшлі бронза і жалеза.
Азёры яшчэ былі безыменныя.
Усе рэкі называліся «дунаямі».
А дзеці гулялі з вужамі
і — як сёння — пахлі малаком.
Мужчыны выпальвалі прасекі ў лесе.
Вечарамі яны напружана думалі
пра ўсё, што бачылі ўдзень,
імкнуліся знайсці прычыны і мэты.
................................
Сёлета раскапалі курган
і ўсё, што знайшлі,
другі раз пахавалі ў музеі.
Калі ніхто не бачыў,
я па старой звычцы
аплакаў іх — другі раз.

1967


***


Ты, што міма праходзіш,
я чую і бачу цябе,
адчуваю твой страх, тваю стому,
бо дарога крутая твая
праз сэрца маё пралягае.
Калі-небудзь,
пры захадзе сонца,
я хацеў бы паслухаць расказ твой — аб тым,
якія пустыні, цясніны і горы,
якія лугі, цаліну і пасевы,
якія гарады ці іх руіны
табе давялося прайсці.
Магчыма, усё, што ты бачыў,
было выбітае, спустошанае поле
мінулых жорсткіх баёў...

1967


ПАКУЛЬ СПЯЦЬ ДЗЕЦІ


Кажу:
пакуль яшчэ дзеці спяць,
расці нам спяшацца трэба
і з дзён, нібы з цацак, складаць
казачныя палацы,
дрэвамі іх абсадзіць
з пладамі важкімі ведаў
і, як карабель касмічны,
буслянку на дах узняць.
Пакуль яшчэ спяць дзеці,
мы павінны спяшацца,
каб прыручыць птушак —
мары дзяцей, іх душы,
усе расчыніць вароты
і задушыць гадзюку,
пакуль яе дзеці не бачаць.
Пакуль спяць.

1966


ДЗВЕ ЖАНЧЫНЫ


Дзве жанчыны мне гаварылі праўду:
«Любы... Дарагі... Адзіны!»
Дзве жанчыны мяне лаялі з любоўю.
Дзве жанчыны моўчкі мяне папракалі.
Дзве жанчыны мне ўсё даравалі.
Дзве жанчыны мною ганарыліся.
Адна з іх была мая маці.
Другая — маці маіх дзяцей.

1967


НА ЗОЛКУ


Золкам зляцелі дзве птушкі.
За ноч падцягнуліся травы.
Абдымі мяне і трымай.
Белыя рэкі і рукі
цякуць праз мяне лагодна.
На золку ў дзіцячай калысцы
доўгае дрэмле жыццё.
I ценяў няма.
Зямля прылятае
з гаямі, пагоркамі і гарадамі
і падае ў стоме да ног.
Прыйдзецца ўстаць,
каб падаць ёй вады і хлеба.

1967


ЛЕТА


Спевы птушак поўняць галаву.
Галасы іх пераймаць я ўмею.
Можа, паміж іх знайду свой голас?
На зары казуля йшла праз лес,
каб вады напіцца з ручая.
Але ён засох. Засумавала.
Калі мы, лянотныя, сядзелі
апаўдня, над намі прамільгнуў
каршуна вялікі чорны цень.
Калі хочаце спытаць што-небудзь
у мяне, спяшайцеся —
бо я магу сыйсці.

1967


ВЫСЕЧКА ЛЕСУ


Вырываюць голле з неба,
і застаецца прагала.
Ля пня збіраюцца звяры
і па яго кольцах, як з папірусаў,
чытаюць гісторыю лесу.
Гарыць агонь.
Пахне пілавінне.
Акрываўленая сякера.
Журавіны кропля.
Не будзем сячы гэтую асіну —
маё дзяцінства шукае на ёй
гняздо дзікага голуба.
Малочная пена.
Крывавая пена.
Паўзе па моху вуж —
вялікі
ствол абрубленага дрэва.
Вечарам прыляцелі птушкі.
Абнялі голле кіпцюрамі
і трымалі дрэвы,
каб не ўпалі.

1967


РАНІЦА Ў ЛІТВЕ, ІДЫЛІЯ


Па полі,
па полі
коціцца сонца.
Што будзем рабіць, мужчыны?
Пазяхаюць жанчыны.
Гнуцца калодзежныя жураўлі.
Шафёры кураць:
дарогі, як пружыны,
яшчэ наматаны на колах.
Пацягваецца возера.
Варочаецца з боку на бок рэчка. Пах малака —
па ўсёй зямлі.
Бычыныя вочы
крывёй наліліся:
замычаў, падхапіў сонца рагамі
і падкінуў угору.
Усміхаецца ля дарогі
драўляны бог:
якія харошыя людзі,
жывёлы і птушкі!

1967


АСЕННЯЯ АХВЯРА


Вось ужо сонца праз вокны хаціны
не дасягае праменнем масніцы,
нож на парозе вострыць мужчына,
ставіць у печку гаршчок маладзіца.
Час надышоў прынашэння ахвяры:
ззяблай зямлі сны зімовыя сняцца,
чэравам прагне яна свайго дару —
цёплай крыві маладога ягняці.
Лісце апала, сціх гоман птушыны,
людзі, ды хлеб, ды зямля засталіся.
Рукі ратаяў чакаюць спачыну,
душы іх з працай сялянскай зрасліся.
Працу й любоў да любімай айчыны
неслі на поле з вялікай пашанай.
Б’ецца ахвяра ў нагах у мужчыны,
дробна трапечацца перад скананнем.
Хлеў расчыняецца. Ногі жанчыны
жвава мільгаюць. Гаршчок повен вару.
Падаюць гронкі чырвонай рабіны.
Сонца ўзыходзіць, прыняўшы ахвяру.

1966


ЛЯ ТРУНЫ


Што я скажу,
рассыпаўшы словы і ўздыхі,
пусціўшы звяроў і птушак
на волю з грудзей сваіх.
Трымаў у руках я
крыштальны кубак,
ды нічога ў яго не наліў.
Што я скажу,
усе разгубіўшы дарогі
і на макаўках дрэў
ні разу не звіўшы гнязда.
Ля астылага вогнішча
цені сыходзяцца.
Ноч халодная, зорная.
Па рэках святлівых плыве
траваў і дрэў насенне,
як душы,
на бераг той.
Чуваць — зачыніліся дзверы.
Сем мячоў працінаюць
маўклівае сэрца.
Калі запытаюць,
я, галаву пахіліўшы,
правай рукой прыкладуся
да грудзей тваіх.
Калі запытаюць.

1971


ШЫПШЫНА


I ад жыцця ўсяго застанецца
толькі адзін гэты момант,
калі ты ў зялёныя вочы
вечнасці будзеш глядзець.
I высахлая шыпшына
над стромай высокай і сопкай,
дзе ўкленчыў мой цень,
галаву пахіліўшы.
                           Даруйце,
даруйце, малю я, даруйце:
я болей нічога не бачу.

1969


НАТХНЕННЕ (Санет)


Натхненне, як распяцце, кожны раз нанова
прыходзіць з горбам, цяжкім ды святым.
I, поўны праўды, шчырасці, любові,
прымаю гэты крыж, хоць падаю пад ім.
У радасці жыццё сваё аддаць гатовы
за птушак, за звяроў, за дрэвы, за людзей,
за сонца ў сіняве, за спраўджанне надзей,
за першае дзіцём прамоўленае слова.
Галгофа творчасці! Свяцейшая з пакут!
Пад цяжкай ношай валакуся ўпарта,
да яснай зоркі мой пагляд прыкут —
няўжо яна астыла, нібы трут,
няўжо яна крыжа і мук не варта
і ўжо дарэмны ўсе ахвяры тут?

1971


ІСНАВАННЕ (Санет)


...І траве, і дрэву, й лёту птаха
шкоды я ніколі не зраблю.
Людзі, размнажайцеся без страху,
засяляйце шчодрую зямлю!
Безліч з’яў жыцця расце, як лава,
што плыве з расколатай гары.
Існавання вечнага праява,
непагасным полымем гары!
О Малох вялікі існавання!
Што даеш — бярэш другой рукой.
Знак, дзе сквапнасць дружыць з дабрынёй,
знак, дзе стоен выбух палымяны,
мы, хто рос і вырас нечакана,
хоць часова, а завём Сабой!

1972


СТРАЧАНЫ ЧАС


Страчаны час, невыразны твар,
што толькі на здымках захаваўся,—
рэчышчы рэк, па якіх вецер
цячэ прывольна, нібы вада,
часам здаецца,
што дрэвы ў яго парывах адбіваюцца,
як нашыя твары ў пажаўцелых здымках.
Страчаны час
і нашыя адбіткі ў табе —
нястрымная чарада аблок,
што беззваротна ціха
адплываюць за небасхіл!
Нахмураны вечнасці лес,
дзе блукаюць нашыя цені,
не пазнаючы адзін аднаго,
у пошуках агню забыцця,
у якім яны маглі б згарэць.
Незнаёмыя, бляклыя цені
(гэта іх ад нас адкалоў
хуткацечны імклівы век,
пакідаючы нас,
як рака старое рэчышча) —
дзе ўзыходзіць сонца, як урна
са страчаным часам,
з яго яшчэ цёплым попелам.

1971


ПАЛЁТ ПТУШКІ


Цяпер.
Па вячэрнім небе.
Над пушчай,
што на поўнач хвалямі адступае,—
птушка. Ляціць павольна
маленькая кропка.
Супраць ветру. Далёка.
На поўдзень...
                      і ўспомніў я
прывабную тваю блізкасць —
келіх, напоўнены
ласкай і летам, і цела палёт
па світальным небе
ўсё ўгору)
                — птушка,
чаму гэта час і лёс
супраць мяне?
Заўсёды
супраць мяне і цябе.

1975


ПАД ЗОРКАЙ ВЫСОКАЙ


Цяпер я ўжо ведаю, хто ты,
і моўчкі стаю
пад зоркай высокай,
дзе сціплая —
                     радасць,
дзе стоены —
                     боль:
пад зоркай высокай.
Твой голас мяне абдымае.
Тулю
ў далонях бяскветную зёлку.
Каханнем пазначаны —
я ўсё прыгадаю
і ўсё зберагу:
пад зоркай высокай.
Праз досвітак смужны
над полем і сэрцамі
                            ўзносіцца голуб,
быццам галінку алівы,
                        сціскаючы ў дзюбе
слова «кахаю»...
Ужо прызямляйся, гукаю.

1975


ЛІПА


Ліпа, мяккае дрэва,—
гудзенне святочнае пчол,
хаціна,
           поўная птушак.
Развейвалася па Літве,
я бачыў, тваё насенне:
лыжкі ліповыя на стале,
ў каморы ліповыя дзежкі.
У ночвах ліповых
румзае немаўля,
ды, слодыч тваю адчуўшы,
зацмокае ўцешна.
Некалі ўбачу:
                     мужчына,
схіліўшыся над табой,
габлюе, чэша, разьбярыць...
— Раблю,— неахвотна скажа,—
рэч для душы,
                      не для цела.
О дрэва,
поўнае ласкі і чысціні,
столькі вякоў
ты са мною.

1975

ВЯРТАННЕ ПТУШАК


Здаецца, не рукамі да мяне
ты дакранаешся, а — квеценню.
                                               Званчэюць,
калі ты побліз, веснія світанкі.
Пяшчотай ахінаецца душа,
і цела ёй ужо не супярэчыць.
Не брудзяцца агонь, вада і хлеб.
Менш гаварыць або зусім маўчаць
і позіркамі выгадаваць дрэва
з лістотаю любові і жыцця.
Вяртаюцца ўжо птушкі, ўжо ляту
і я ў сінечы любага пагляду,
упарта паўтараючы:
багоў,
якім дагэтуль ахвяроўвалі, забудзем,
ахвяр,
якімі ахвяроўвалі, успомнім.

1974


РАЛЛЯ


Палалі над палямі цэлы дзень
каня і чалавека вочы ў стоме.
Яшчэ далёка так было да хлеба.
Над ворывам замоўклі жаўрукі.
На ўскрайку поля скрозь туман вячэрні,
як птушкі, босыя, ў адных кашулях,
з пяяннем прадзеды ляцелі ў неба.
Благаславёны, хто з зямлі прыходзіць!
Іх сэрцы пахнуць мёдам, малаком,
купаюцца ў слязе іх галубы,
іх рукі, як званы, ўслаўляюць працу.
Ужо лагодны, як баранчык, вецер
бег па зямлі. I стомлена з нябёсаў
каня і чалавека ззялі вочы.
Як палатно на лузе, чысты ты,
лёс чалавечы ў заквітнеўшым жыце.

1974


***


Сястра ціхманая, асенняя трава!
Яшчэ стаіць за лесам тая хата,
якую лашчу згадкамі дасюль.
Пакіньце ў ноч адчыненыя дзверы.
Сястра ціхманая, асенняя зямля!
Напоўнены дажджом сляды баранькі,
і мне нічога ўжо не кажаш ты,
калі, сасмяглы, кленчу перад імі.
Сястра ціхманая, асенняя зара!
I з усяго, што ёсць, дапамажы мне
сабраць свой голас, твар, сваю душу,
каб зноў вярнуцца мне такім, як выйшаў.

1974


***


Так прыгожа гадавалі
Мяне поле, луг, дарога,
так прыгожа вёў за ручку
доўгі добры летні дзень.
Так прыгожа бор ківаўся,
поўны ягад і зязюлек,
так прыгожа адпачынак
у дарозе даючы.
I прыгожа так гучалі
словы: поле, луг, дарога.
Так прыгожа з іх узнікла
слова роднае: Літва.

1974


КРАЯВІД


Крочыш каля Нёмна вод празрыстых,
з жытам падымаешся на ўзгорак,
з возерам струменіш,
падаеш з абрыву,
жыламі карэнняў
па пяску сыпучым
узбіраешся на бераг,
па далінах кветкі рассцілаеш,
апіраешся плячом аб пушчу,
каля лесу прабяжыш —
глядзіш мне ў вочы,
пачынаеш размаўляць са мною,
покуль цені доўгімі не стануць,
покуль бег ты свой не запаволіш,
фарбы не сальюцца ўсе ў адну,
не ўпадзе на чорную раллю,
спеваў поўная,
душа твая —
                   жаўрук.

1975


ЧАС


На схіле дня.
Над горадам.
Сёння.
Знянацку закрычалі журавы.
Мы ўздрыгнулі,
і чорны цень
прабег па нашых тварах.
Чаму так зашчымела сэрца?
Што слухалі апоўначы бяссонна?
Нічога не пачулі,
                          а ўсё роўна
падумалі:
ідзе.
I доўга не маглі суняць,
утаймаваць лямантаванне цела.
Намучанае, скрушнае,
                                  яно
ў акно світальнае глядзела
і, засынаючы,
яшчэ ўсё паўтарала:
прадоўжы... гэтую зямлю
і гэтую траву... прадоўжы
сонца... і раку, і дрэва...
дыханне гэтае...
прадоўжы!

1974


АПЛАКВАННЕ БРАТА


Што адтуль ты людзям прынясеш,
з той зямлі, куды ідзеш навек?
Лётаць будзе сэрца тваё дзе,
у якой птушынай чарадзе?
Да якой ты краскі палявой
прыхінешся сціплаю душой?
I жалеза ад прылад якіх
на руках пакіне след цяжкі?
I яшчэ якое ліха з ліх
для цябе на свеце тым знайшлі?
Быў ты ўмельцам спрытным між няўмек,
адпачні ж хоць сёння. I навек!

1974


***


Калі гаворым аб айчыне —
найпершае тым, хто загінуў, слова.
Дыханне іхняе распроствае нястомна
штандары нашы; рукі бласлаўляюць
і нашы клопаты, і нашы спадзяванні;
і вочы іхнія, бы зоркі, сочаць;
і гутарыць зямля іх плённай мовай:
птушыным граем і цвіценнем вішняў,
дзіцячым смехам, голасам жанчыны,
дзясніцай, што, прасцёршыся, трымае
наступную і гэтую айчыну.
Давайце гаварыць аб ёй праўдзіва,
каб, хто загінуў, мог нас разумець.

1975


***


Спакой тым, хто нічога не жадае.
Тым, хто смяецца,— сонца.
                                          Будзь свабодны,
каб дзеці і буслы цябе любілі.
Патайнасць каранёў і годнасць кроны —
такі твой воблік. Сярод нас жывеш,
гаворачы: ах людзі людзі людзі...
Так хораша гучыць гэта, што мы
спыніліся і, гледзячы ў нябёсы,
здзіўляліся: як сіне і высока!
Яшчэ не ведаю, ці мы знаёмы;
заўважыў толькі: вочы — не звяроў,
не кулакі і не каменне — рукі.
Так хораша было, што стала днець.

1975


***


Душа напоўнілася крыкам жураўлёў.
Зямля мая, балесная мая,—
Каменьчык мігатлівы між сузор’яў.
Адсутных блаславіць рука ўзнялася.
Так ціха — бы вярнуліся з пагоста
і, ўздыхамі раздзьмухаўшы агонь,
што шэпча — слухаем,
што кажа — разумеем.
Мы разумеем трацячы. Вазьмі
вось гэтае пяро, каб адчуваў
жыццеахоўны дух птушыных гнёздаў,
каб да цябе прыходзілі звяры
памерці...
Штось быццам патрабуе твайго слова,
і штось яго затрымлівае ў вуснах.
Кахаючы, трывай. Каб заставаўся.
Каб з цёплых рук жыцця не выпаў раптам,
як востры камень...

1976


***


Калі стараецца прыпомніць дрэва
зялёны колер сваім голым голлем
і посвіст птушак выплакаць спрабуе —
я замаўкаю, і ў маіх вачах
свет бачыць, як нялёгка быць на свеце.
Як два агні, абдымемся так, дрэва,
і танна суцяшаць сябе не будзем.
Дагэтуль я саромюся прызнацца,
як вечна, як пакутліва люблю.
Ці падалося мне, ці сапраўды
ты клікала мяне? Куды ты, дрэва?
Бязлітасная цемра навакол.
I птушка, за якой імкнешся,
— птушка смутку. I ліст не ад вясны палёт займеў.
Як плачуць нашы карані сляпыя — чую.

1976


***


...і прыдумалі, які я:
так прыгожы, а так брыдкі,
так благі, а гэтак добры,
так вясёлы, гэтак сумны,
так стары, а так не надта.
Яшчэ дзякуй, надтачылі
столькі — птушкі,
столькі — дрэва:
то квітнею,
то шчабечу,
на сябе самога сеўшы.

1976


ЛАГОДА ГЭТАЕ ЖЫЦЦЁ


Бы гладзіш птушку
ці глядзіш
на басаногі след дзіцячы —
так жывеш.
Ёсць у табе лагода,
і мае словы крыляцца ў цябе:
дай несці гэты сцяг і мне таксама.
Каменне зацвіло — не абарву,
няхай пяе няпужанай лагода.
Зламаная галіна прынялася —
зноў вешаем пад яблыняй калыску.
Глядзі, я ж гаварыў,— няма канца.
Багі адпачываюць пад рабінай.
Спытайся, што не ведаеш, у іх,
а потым адчыні старую скрыню
і кужалю адрэж ім — на кашулі.
Цвіце рабіна — дзякуюць багі.
Прачнуўшыся, кугікае дзіцёнак:
нябачны хтосьці гушкае калыску
і з ім гамоніць,— і яму відаць,
як неба адчыняецца ўрачыста
і як усе ўсміхаюцца яму
і гушкаюць калыску. Бедалажка!
Лагода гэтае жыццё, лагода.

1976


АПОШНЯЯ БАЛАДА


Кашаль — як тупы спрадвеку нож.
Сонца
сочыцца ў сардэчкі аканіц.
Сціхла ўсё — каструлі, вёдры, дзверы.
Закрэслена аджытае даўно,
мухамі заседжаным крыжом — акно:
ідзі ўжо, ідзі, жыццё ты маё!
Нашто яшчэ ўпіраешся ў вушак дзвярны,
нашто яшчэ чапляешся за слуп варот?
Вось толькі рукі зараз дзе падзець
з пальцамі, пакурчанымі болем,
з завусеніцамі каля пазногцяў,
вялікія, нязграбныя, аж сорам.
Анёльчыкі — мае унучаняты,
умыты і святочна апрануты,
на сцежку да магілак сыплюць кветкі.
Пайду, пайду, ўрублю сякеру толькі
ў цурбак — каб не згубілася.
Намацваюць пад ложкам ногі доўга
старыя боты ў плямах перагною —
няўжо ісці да бога басанож?

1976


ЖЫЦЦЁ ПАЭТА


З вечарынкавай песні,
З песні буднічных дзён,
З жыта, з лёну мяне саткалі.
Чалавека сустрэнеш — да долу паклон,
Шапку першым здымі, наказалі.
Шапку першым здымі —
Я з ахвотай здыму,
Аддаю ўсім паклон-прывітанне:
I хлебу твайму,
I сэрцу твайму,
I твайму хаценню-жаданню.
Надавалі вы гэтулькі мне за гады,
Што не сорам было б і сагнуцца,
Але ж трэба крочыць нястомна туды,
Адкуль нам назад не вярнуцца.

1976


БАЛЬШАК ВАЙНЫ


(можа, і я —
не дужа маленькі для кулі,
калі рулі вінтоўкі крычу:
свой я, свой!)
                    ...дарогаю той,
кажуць, палова Еўропы прайшла
пад якатанне сабак усёй вёскі,
услед несучы, нібы нож,
                             у спіну ўвагнаны,
крык «О Езус!..».
Сякера глядзіць на дарогу.
Крыж глядзіць на дарогу.
Бяжы, дзіцятка, на луг, на луг
шукаць траву праўды.
Вячэрняе сонца
                        з вокнаў
цаляла ў мяне...
                         (а траву
тую скасілі, на свежай пакошы
нагу пракалоў я)
                         О Езус! —
клікала кроў маім голасам.

1976


ПОЎНАЧ І


Ля вуснаў даравальная рука.
О, як трымціць прамень безабаронны —
жывая кропля на павейках ночы!
Ужо ты разгаданы? Ужо пражыты?
Названы імем?
                      Посуд мітусні
як быў парожні — так і ёсць парожні.
А тыя бляшкі (калі гэтак трэба)
няхай засведчаць галас, пыху, тлум.
Адно — свайго кахання не саромся.
Хвілін, калі адбіліся нябёсы
у паўнаце тваёй. Не прыніжайся
ля даравальных рук. Ужо цяпер
дзівіся, сэрца, пільна і пачуеш:
які час гаманлівы і якая
маўкліва-засяроджаная вечнасць!

1976


ПОЎНАЧ ІІ


Ці дакрануцца, бы калісь, пяшчотна
асот і асака яшчэ? Ці свет
абернецца ранейшай дабрынёю?
Бяздоннем галасоў мяне ён мусіць
паклікаць, засмуціць, усцешыць, звабіць.
Ён будзіць ува мне такое рэха,
што ад яго душуся ў цемры: жыць!
Не тут, дзе я цяпер, а там, а там...
дзе ўчора... але заўтра... і яшчэ
далей... Вяртаюцца плады ў суквецце
ўва мне і не ўва мне... ў насенне — дрэва,
у цемру — дзень. Усё наўзбоч мяне.
Усё ўва мне. I не маё усё-ткі.
Спакой з табою, чалавечы сын! —
ты на зямлі прамовіць паспяваеш,
на момант апярэдзіўшы сябе.
Тваёй душы пахмурнае аблічча
нябёсы мыюць птаствам і святлом.

1976


***


Малю цябе, каб гэты цуд адбыўся.
Ты ўмела адгадаць азёр імёны
яшчэ тады, калі яны ляталі... 1
Люблю! — гукала, галаву узняўшы,
і клаліся яны ля ног тваіх,
а я адзін у небе заставаўся.
Усё далей-далей з хвілінай кожнай
сплывае, што павінна знікнуць,
калі яго любоў не абароніць.
Ты бачыш ў небе воблачка-азерца,
што з ціхаю журбой плыве на захад;
пакліч яго па імені, пакліч,
пакуль яшчэ я — не за небасхілам.

1976


ЛІТВА


Ты словам, словам ува мне,
і ты ўва мне ўсё хлебам, хлебам.
Вырошчвай дрэва, пад якім,
нібы браты, пасядуць людзі.

1976


КАБ СПЯВАЎ ПРА ЦЯБЕ


Я ўжо ёсць, існую,
як камень, падкінуты ўгору,
каб спяваў пра цябе,
твая птушка і крык, Літва!
З лёну, з дрэва, з гліны —
выйдзі, пакажыся, сціплая!
Ідзі проста на гук
роднае мовы —
і знойдзеш мяне...
Яшчэ слова — цябе я ўбачу,
ціхую і чыстую, як нядзеля:
белы абрус на стале
з выцвілымі плямамі крыві.
Тут дзялілі хлеб.
Не пакінь мяне аднаго
у задумлівасці самотнай.
Дай неба,— прашу,—
каб шэраму каменю спяваць —
дай неба,
якога твой Нёман поўны.
Я ўжо ёсць, існую,
як камень, падкінуты ўгору,
каб спяваў пра цябе.

1975


ШЧАСЦЕ, ШТО МАЮ ЦЯБЕ


У святле звечарэлых нябёсаў
твой твар прыгажэе, радзіма.
Укленч і маўчы — хай табою
напоўніцца гэты абшар,
бо такая любоў. Цераз сэрца
струменіцца кроў і крычыць:
                                           радзіма,
лёсаў калыска, я мэты тваёй
шукаў, не знаходзіў —
гняздо жаўрука
ў разлогах палёў — ты!
Мне хораша так углядацца
у яблыню, ў квецені ўсю,
у дзіцёнка, што спіць,
у пагляд твой туманны.
Ды кветку шукаю,
што сходна з табою,
якая заўсёды захоўвае водар
маленства і вечара,
цёплага, соннага.
Так, шчасце, што маю цябе,
заўжды нада мной нахілёную.
Адсюль мае словы —
о, мае словы! Яны, як бінты,
прыліплі да ранаў тваіх.

1975


ГАВАРЫЛА


З казак словамі мамы:
было даўным-даўно;
маім голасам з песень:
ой ліля, ліля;
малаком з гладышоў гліняных,
крошкаю хлеба з абрусаў;
пошумам пралак
              і крыжыкамі вышывання
сэрцамі з-пад кашуляў;
слязьмі з вачэй,
у крыўдзе — косамі
гаварыла, гаварыла, гаварыла;
столькі стагоддзяў мінула,
пакуль я пачуў цябе, краю.

1976


***


Не адзінокі я.
Мова ёсць
са словамі для стрэчы
і развітання.
Не адзінокі я,
таму й гавару.
З вёсак і рэк,
гарадоў і азёраў
па імёнах пазнаны.
Ужо, нібы слоўнік,
на літары Л
я разгорнут.
Тут і імя тваё блішча.
Белая кветка
ўзнімаецца і гайдаецца.
У цемры
буду трымаць, нібы ліхтар,
тваё імя.

1976


РАНЫ


Нібы заклятую ваду
нясу —
увечары і ўрана
сцярожка, ціха абыду
твае затоеныя раны.
Услед лістоце — весні ліст.
Але нязменлівая вера.
Твае вароты нарасхліст,
і разнасцежаныя дзверы.
Між скрыжаванняў і шляхоў,
між розных моў,
у стромкіх лёсах
звініць твой голас:
хто пайшоў...
тым, хто пайшоў,— абсяг і посах.
Нанова зелянее гай.
Ды не загойваецца верад.
Хай дакрануцца — загадай!
Хай —
         дакрануўшыся —
                                  павераць!

1976


НЁМАН II


Ты дакрануўся
крылом да маіх вачэй —
і яны сталі бачыць:
сонца ў табе, наша сонца!
На беразе ягняткі,
на хвалях качаняткі,
каромысла на плячах.
Ты мой крык —
ад зямлі беларусаў
да прускай зямлі,
ты мая спавівальная стужка.
Падаў камень —
не так балела.
Хілілася дрэва —
не так шчымела.
А слова ўпала —
берагі застагналі,
Данелайціс заплакаў.
Ішоў проці плыні,
каменьчыкі падбіраў:
дзе слова,
а дзе каменьчык,
праз слёзы не бачыў.
А калі ён, знямогшы,
заснуў ля Тыльзіта,
ты губы яго абпёк,
і яны заспявалі:
сонца ў табе, наша сонца!

1977


ПАЭТ


Імгненні, у якіх ты вечны;
і голас твой падобны да агню —
дык дзякуй, што ён грэе і што свеціць.
Як быццам з болю выняты — прамы,
прасвечаны да дна: магчыма, слова
папраўдзе стала целам і жыве?
Услед за ім ісці да небакраю.
Да чалавека. I яшчэ далей. Вазьмі
мяне за рукі, папараць, як брата.
Найкарацейшай ноччу года мы цвіцём.

1977


ІМГНЕННЕ

ІМГНЕННЕ


I ў голасе кветка, і ў хлебе любоў,
колькі дасі, столькі зноў цябе будзе.
Хто ж ты, скажы мне, як знацца з табой,
цела ці дух ты, ліпень ці студзень?
Вось ты ў мелодыі красак палёў
або ў спякоце агромністай лета.
Ты ўжо было. Ёсць. I будзеш ізноў,
прысак зямлі ці часцінка сусвету.

1977


***


Дрэва, што ветры няшчадна схіляюць,
ці ж, як маланка, згарыш ты ва мне?
Так ты ўрачыста галінкі люляеш,
так і расцеш ты за ўсіх зеляней.
Я за табою да сонечных высяў
смела на крылах-галінках лячу.
Птахам лятучым з душой маёй зліся,
жыць, як і ён, без гнязда не хачу.
Хораша ў засень тваю мне схавацца,
слухаць гамонку лістоты густой.
Як жа адзін без цябе я стаяцьму
там, дзе карэнне дружыла з зямлёй?
А завар’ююць вятры-ураганы,
гнуць і ламаць над прадоннем пачнуць,
гэткім ты блізкім і родным мне станеш,
быццам мяне гэта трушчаць і гнуць.

1976


ТВОРЧАСЦЬ


Палі ўзялі мяне ў палон.
Іх волі паслухмяны,
ішоў я і спяваў без слоў
страката, палымяна.
I столькі пела іх ва мне
тых фарбаў і адценняў,
што дзень, здаецца, палымнеў
іх зыркім зіхаценнем.
Я знаў: да гэтае пары
так не спяваў ніколі.
Луналі песні угары,
па ўсім зямным раздоллі.
Яны, напоўненыя мной,
жылі ва мне паўторам
і славілі наперабой
смерць творцы іх у творы.
1976

***


Расце з любві і дабрыні
і чалавечнасць наша, й веліч!
I тое полымя, што спеліць
гарт нашых душ, дух чысціні
і ў вечнасць наш кірунак цэліць!
I ты, што ў зыркім тым агні
прыйшла, нібы з’яўленне свету
ў жыццё ўлюбёнага паэта,
яго да сэрца прыгарні
і знікні ўяўнаю прыкметай!
Святлей тут стала ад цябе,
ад слоў скупых, дзе сэнсу многа.
Я паўтараю змест іх строгі:
існую я не для сябе,—
жыву для некага другога!

1976


АКНО


Мабыць, так і здарыцца тады —
лёс міргае змоўніцку ў прыкметах,—
раптам,
быццам з яблыні плады,
я ўпаду на іншую планету.
I зямля схаваецца ў імжы,
думкі павяртаюцца з бадзяння.
Як ты жыў дагэтуль? —
раскажы,—
запытаюць іншапланецяне.
Чым быў значны — быццам адпадзе.
Божа мой, у гэтым дзіўным крэне
што змагу сказаць я пра людзей,
пра сябе,
пра крылы,
пра карэнне?..
Што пра іх я ведаю?!.
                                 Кіно —
праслізне абрывак небакраю
ў розуме нямым.
Бы праз акно,
праз мяне бясконцасць пазірае.

1976


***


Паслухмяны я з табой, агонь,
ціхі, бы запаленае дрэва.
Хісткая, нахіленая ўвысь —
гэткая мяжа не раз’яднае.
Вечны, у часовасці замкнёны,
формаю рухавай вышэй форм
вынікаеш.
I ва ўсім знікаеш,
як у целе думка і душа.
Шэпчаш мне спагадліва з мяне:
адхініся.
Востры дотык болю —
гэта ты мяне пацалаваў
ці працяла думка: гасне цела.

1977


***


Аголеная згвалчаная пушча.
Вятрамі скрозь прадзьмутая душа.
Як цісне адвячоркам змроку гушча,
як гулка цішыня гудзе ў вушах!
Здаецца, спынен лёт і, склаўшы крылы,
лячу ў нямую бездань стрымгалоў.
Усе ўспаміны цішыня акрыла,
і што было, з туманамі сплыло.
Адно жыве іскрынка тае сілы,
што не згасілі бог і забыццё,
што чалавека некалі стварыла,
што мы завём, жартуючы, жыццём!

1975


***


Адшапацелі, адгулі лясы.
Спакой руку на лоб паклаў.
Праз сэрца прайшла думка неба.
Выйдзі ранкам на ганак і глядзі на дарогу,
па якой век віхрыцца,
прыгінаючы жоўтыя травы.
Вярніцеся ўсе, каго я любіў,
я хачу вам засведчыць,
што клопат маёй душы —
хадзьба адвечная ў людзі.
Святло, якое ва мне — ад вас.
Цемра, баюся яе,— ад вас, людзі.
Ды з надзеяй гляджу, як да зямлі
далікатна дакранаюцца пальцы чалавечнасці,
шукаючы нашых слёз на ёй.

1976


***


Калёры сну жыцця...
Спі, спі, пакуль не разбудзяць
крыкам ці шэптам. Ён будзе
галінкай з пупышкай гарачай,
шыба яе астудзіць.
Даруй — укленчу зары.
Даруй — укленчу каменю.
Вочы мае апякаюць
дзве кроплі. Апошнія.
Смяюся я? Плачу?

1976


МОВІЎ ЖЫЦЦЁ


Цягнучы свой цень, крыло нібыта,
вымавіў: жыццё. I тут прыйшло:
зоркаю ж была зямлякалісьці.
Не чорны хлеб жыцця ў маіх далонях
крышыцца, а, мусіць, лёгкі хлеб.
Ах, як жыцця банальная расліна
ружовай кветкай неспатольна мкне:
благаславі яе дабром і ласкай,
абві ў прамень.
                        (Рука, што падае,
яна святая, нібы стол ад бога.
Скажыце ж ёй ісці і зелянець.
Кулак не трэба гадаваць. У цемры
яго ідэя. А ў каменні корань.)
У кожнай кветкі свой калёрны смех,
зялёнаю лістотай мовіць дрэва,
пяе пылінка кожная бязгучна!
I гэта свету шчырая рука.
Няхай жа на ёй скача ў дабрыні
канец, які намерыўся ў пачатак.

1978


ЗЯМЛЯ ЎЗДЫХАЎ


Зямля перасохлая
цяжка ўздыхае.
Расце там чаканне
(шыпшына без лісця)
і птушкі і голас абронены —
востры, сухі,
нібыта шып,
раніць
узнятыя вочы ўгару.
Бачыць знікненне страшуся,
адказу не чую,
і не пытаю, і не пытаю.
Рану пазнання,
як кветку, паказваю небу:
глыбока баліць,
і кругам ідзе галава.
Як гулка ціха!

1978


РАТАЙ


Праца цябе не ўмяшчае.
Спатоля — таксама.
Ратай,
якая ж твая зямля?
Калі яна на стале —
маленькая вельмі!
Затое, якая яна бясконцая
ў сэрцы!
На самай вялікай зямлі
ён стаіць,
увянчаны
вянком зязюль.
Дотык любові
абуджае яго дабрыню,
і яна зіхціць,
як нарог
пасля ворыва.
Ходзіць па яго сэрцы
ці то чалавек, ці то бог
гаспадаром руплівым
і кладзе ўсё на месца,
што не так пакладзена.

1978


ІДУЦЬ КАМЯНІ


Зноўку камень, шэры брат, мой ідзе.
Цяжка ўзнімаецца па сцяжыне ўгору.
Як і я, галаву апусціўшы, ідзе.
Нясе сваю каменную цішыню,
дагістарычны подых леднікоў,
водар траў і жытоў,
памяць аб чалавеку,
жывёліне і пчале,
якія да яго датыкнуліся:
мёдам пахне стары твар каменя,
ашчасліўлены жывёлінай і чалавекам.
Ідуць камяні.
Цяжка-цяжка ідуць.
Разам з намі нясуць
ледавік вечны смерці.
I становяцца ў нашых галовах
каля перапоўненых ямак.
Не спяшайся, камень,
пакуль яшчэ можаш
кветку быцця запальваць,
пакуль носяць чмялі мёд салодкі
з горкіх слядоў жыцця.
Ой, пад нагамі ў цябе каменьчык!

1978


***


Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала.
Абліплыя слодыччу дзён твае рукі.
Часіна стомы тваёй шчаслівай.
Быццам званы, хтось узносіць цябе над зямлёй.
На вуснах квітнее, гайдаецца слова:
спявай, што ты ёсць, і маўчы, што ты ёсць.
Але няма таго дома, дзе б ты быў, як дома.
Як пчала у вулеі. Як у кветцы пчала.

1978


ЛЕТНІ ПСАЛОМ


Жыта паспела. Пакрыквае драч.
Гляну наўкола — ўвесь слых і цікаўнасць:
мне на жніво падаспела пара —
слоў назапасіць і важкіх, і спраўных.
Рукі напеўныя лашчы, каса,
рот блаславі, каб не змоўк у аблудзе.
Дрэва часін, як жывая краса,
поўніцца тым, што было і што будзе.
Слаўлю нажын залатой збажыны!
Косы, вядзіце свой рэй адмысловы!
Вось я ўжо ўвесь у ахапку адным:
зерне і глеба, вусны і слова.

1978


НАРОДНАЯ ПЕСНЯ


З вока песні выкаціўся раптам
я слязой і ля дарогі ўпаў.
Дзякуй табе, творца мой крылаты,
што твой голас чую ў будні й святы,
што навек тваім падданым стаў.
Па жыцці з кійком дарожным крочу
між лугоў зялёных — душ людскіх,
чую ўсё — з парога плач дзявочы,
стрэлы слоў і стогн у цемры ночы,
скрыжаванне рук у міг цяжкі.
Крылаў шум над працаю спрадвечнай,
боль, што нават камень струшчыць змог,
голас бога ў тлуме чалавечым
чую я — і светла мне, й сардэчна,
ліжа рукі мне жыццё само.

1978


P. S.


На кожны пагорак
паклаў я па сонцу:
вось будзе прыгожа малечы,
калі будзе ўзыходзіць сюды.
На кожнай бярозцы
прыймеў па зязюлі:
вось радасна будзе дзяўчаткам,
калі ўсе будуць тут кукаваць.
У кожныя грудзі
уклаў я па слову:
вось заспяваюць сэрцы ў мужчын,
калі будуць ісці праз Літву.

1978


СЛОВА ЧОРНАЯ КВЕТКА

Памяці Стасіса Красаускаса


1.

Не магу вымавіць тваю смерць.
Не хачу імя яе чуць.
Летам, калі садзілася сонца,
глядзеў я на мора,
чакаючы твайго вяртання,—
як супакоіць вочы,
якія цябе ўсё шукаюць?
А ў нашых руках
рэха трапеча жывое
тваіх рук:
яны трымаюць цябе
і нікому не аддаюць.

2.

Упаў,
а неба не ўпусціў.
Птушкі бачылі, як ляцеў,
як і мы —
яго песню чулі.
Высока над намі
ўзнялося дрэва яго голасу.
Маўклівыя, мы селі пад ім,
ужо ведаючы,
што самае вялікае сярод нас —
Час.

3.

Карціна без рамкі — жыццё.
Чорнае і белае.
Які ж гэты трэці —
смерці
колер?
Знік, як зорка,
не адказаўшы.
Упершыню прамаўчаў.
А можа, і не пачуў,
што табе мы крычалі:
Застанься!
У зямлі і ў мора
ёсць дно.
Высечыце акенца,
каб праз века гроба
усіх вас
бачыць я мог.

1978


ПСАЛОМ ДОМУ


Па сцежцы, што вядзе дамоў,
парог балюча прыбягае,
да сэрца туліцца,— пагладзь хоць,—
імя тваіх зямлі і дому.
А з вокан, многа дзе вачэй,
на сон твой ціха налягае
знаёмы твар зямлі і дому,
агню, вады спрадвечных святасць.
I цёплай пысаю жыцця
гасцінны стол вячэрай дыша.
У першародстве ў сэрцы зліты
імя тваіх зямлі і дому.
I болей, чым магу я, веру!

1978


ПАХАВАННЕ


Двор успамінаў засланяе цень.
Каму і на каго цябе пакіну?
На кім самкну абапал шыі рукі?
Дзіця зямлі ўбягае ў гэты свет,
як з лугу, вышчыпнуўшы ў ім званочак,
і ўсё, праменячыся, звоніць, звоніць.
Збяры яго, наш свет, з любві і працы —
і ўбачыш: людзі ж там. Чаму ў жалобе
яны з такою цяжкасцю выносяць
з быцця у небыццё сваю паклажу?
Ёсць недзе сэнс, камусьці так патрэбна.
Схіляецца над дзіцем ціха радасць,
і вусны, лоб пацалаваўшы, шэпчуць:
апроч зямлі ёсць і бясхмар’е неба,
куды імкнуцца з вечнай песняй птушка
і чалавек з акрыленаю марай.

1978


***


Са сцірты, як з крыл аблокаў,
ахапіць дасяжна воку
ўсё па самай крайняй мерцы —
ад стала да слоў ад сэрца.
Дзьмуць вятры, а спіны ў поце
на гары ў такой рабоце.
Сып, жаўрук, свой спеў з вышыняў,
як расу нябёс, за шыю.
I калі не хмарыць зрання,
стуль відно і да прызнання:
хтосьці там, дзе зжата ніва,
быццам кветку, беражліва
чалавека ўзняў. Далёка —
а, здаецца, ўзняў высока.

1978


***


То аддалялася, то зноў навісла...
I я гатоў бы сам абняць
квітнення разгайданую вяршыню.
Прашу цябе, грудочак дабраты,
расчуль мяне да ўздыху, спазмы ў горле,
да дрыжыкаў лістка мяне праймі!
Сашчэру зубы, выцерплю ўвесь боль,
бо знаю: ён жа мой і боль, і клопат.
Падтрымка міру — гэта груз гары,
але пасільны кожнаму, каб несці.
Ёсць шчасце міласэрнасці — не зможаш
падаць руку, нямым вярнуць дар мовы.
Але чаму засмужана ў трывозе
ўся гэта прыгажосць? Няўжо часова?..
У кроне росквіту два розных птахі —
Залюбавацца б, а на сэрцы цяжка.

1978


КАІН


Ноч беспрасветная, і ўсё ж
яна не хлус. Беспамылкова
пакажа з мірыядаў зор
яго адзіную і строга
спытае: дзе ж цяпер твой брат?
Ён адчуваў твае абдымкі
перад скананнем? Ну, кажы!
Каб мне дастаць яго — далёка.
Каб адштурхнуць — занадта блізка.
Ён неадхільны і прыгожы,
мой брат, сваёй бязмоўнай смерцю.

1978


ТРЫПЦІХ


1. РАНІЦА З ВАДОЙ
Пра радасць жыць крычыць світальна ранак.
Ружовацелы, кволіцца ў расе.
Яго нясуць праз поле птах і кветка,
каб паказаць вадзе спачатку ранак
і ўпасці кропляй даць дазвол пасля.
Прыйдзі хутчэй з зямлі і неба ў губы,
мне воблік бога нагадай, які
ў бясконцых водах колісь быў адбіты:
ўжо на святло глядзець магу я ўгору
і дасканаласць кроплі разумець.
Нясуць праз поле птах і кветка кроплю.
Праз пальцы жудасна цячэ жыццё.
Сачу, схілёны, нібы для малітвы,
як цьмяніцца вада, дзе на паверхні
свой пасвятлелы раптам бачу твар.

2. ДЗЕНЬ З ТАБОЙ
Кажу: час — бескалёрная расліна.
I пад галінкай хісткаю яго
з тваіх дрыготкіх рук свой твар бяру я.
З цябе магу сябе я толькі ўбачыць,
нібы вужа, што мерыць цені дня.
Свет: тое, што душа мая кранае.
Яна ідзе ў аблоках, бы ў гарах,
яна цвіце ў кахання пад нагамі.
Я ціхі краявід паўдзённай згоды
з аблокамі, з квітненнем і з табой,
дзе сэнс мой пераносіць вецер часу
як семя дрэў, куды, калі, нашто.
Зямлю пячэ маё пустое цела,
як выпаўзень вужа, які зрабіўся
зацесным для кахання і жыцця.

3. ВЕЧАР З АГНЁМ
Агонь пусці ў сваё жытло пустое —
пагутары з ім, з богам залатым
(Цяпло, крыло, магчыма, гэта мова,
што полымя ў бясконцасці ўмяшчае?
Магчыма, помняць сцены воблік сну?).
Чуваць, як лес шуміць у семі дрэва.
У цемры затаіўся знак жыцця —
яшчэ ні рух, ні формы невядомы,
чым выявіць сябе жыццё. I толькі
глядзіш, як час гайдаецца ў агні.
I не жыццё яшчэ, але на твары
ўжо залатыя пальцы бога ўчуў.
Схіліўшыся паміж жыццём і сненнем,
крылу агню даверыўшыся, знаеш,
што ўжо нікому не належыш ты.

1977


РАДАСЦЬ З ТАБОЮ


Сонца ў ветраны вечар спускаецца.
Мой праменьчык, і ў нас канчаецца
наша лета. Кляваць сініцы
абмарожаныя брусніцы.
Паміж восенню і зімой —
             радасць з табой!
Кветкай рук уключыць спяшаешся
начнічок і вачыма пытаешся:
дзе паставіць? Заўжды ахвочы
ты, праменьчык, свяціць сабой.
Паміж днём і імглою ночы —
             радасць з табой!
Раптам слова ў цішы пачуецца,
як далонь да шчакі, прытуліцца
ў самым сэрцы, і ўжо з журбой
ты не знаешся, а з табой —
      толькі радасць, праменьчык мой!

1976


***


Дачакаюся цябе з дзянніцы.
Вось засінела вачам
акно раніцы,
яно расчыняе мяне
для твайго жыцця,
каханне!
I мора ва мне,
і яго спяваючы бераг.
Не аддзяляю таго,
што было,
ад таго, што будзе яшчэ,
нічога не хачу забываць,
цябе сустракаючы
вуснамі: тут.
Хто ідзе па мне,
як па сцяжыне?
Хто з мяне п’е,
нібы з крыніцы?
Быццам кветка
ці птушка.
Апярэнне яе
колеру бога.

1978


ВОСЬ Я — ТЫ!


Толькі не гавары,
што мы незнаёмы.
Рукі, рукі мы,
што стрэліся ў поціску.
Святло мы,
аб якім павінны
ўсім абвясціць.
Вусны раскрыў я табою —
і яны заспявалі.
За табой яны паспяшаюць —
ты маё бясконцае слова!
Бачу: праз цябе
мне бліжэй да сябе.
Вось я — ты!
Ты сцвярджаеш мяне ці не?
Можаш проста кіўнуць галавой.
Толькі не гавары,
што мяне не ведаеш.
Давай пабяромся за рукі,
каб не страшна было,
каб рука Чурлёніса ў нас,
не дасягнуўшы неба,
не высахла.
Каб на нашы сляды
не падалі недаверу
чорныя слёзы.
Выкінь камень з грудзей,
што носіш супроць мяне,
утрымай мяне, нястрыманага.
Чалавек, разгайдай
любові маёй,
маёй веры дрэва.
Вось ты — я!

1978


ГЭТЫХ ДВА СЛОВЫ


Усе зернавыя пасеяны.
Думкі — таксама правеяны.
Зараз і ў склад радковы
вусны пасеюць словы.
А пра ўмалот прамовы
покуль што жаўруковы.
Дзе тая цераспалосіца?
Ды ці ж загон папросіцца
ў шыр тваю, маці Айчына!
Як у гняздо, ўсяліся
ў сэнс гэтых слоў, дзяліся
з братам па-братняму жытам.
А перад тым як мову
зойме, два гэтыя словы
побач, як меч, палажы ты 2.

1977


ПРЫСВЯЧЭННЕ


Бытаваць табе не балюча?
Пазіраць на другіх не холадна?
Сэрца выгаварыць не цёмна?
Зачарпну з цябе, як з крыніцы,
дабраты і любві, цярплівасці
і рашучасці — слова па слову.
Змочыш імі, як лекамі, вусны,
стане млосна — прамыеш вочы,
і ўтаймуецца боль.
Дзе ні быць ім — дадому вернуцца
нат з-пад шыбеніц, з-пад расстрэлаў.
Рана, позна — ў акно пастукаюць,
як даўней з пасялення ссыльныя.
А сышоўшыся ў гурт, адразу ж
за работу з любоўю возьмуцца
і, калі тут да месца ўзнёсласць,
перад вечнасцю схіляць калені.

1978


ЗАКЛІНАННЕ


Палямі ўздыхні,
Адзавіся лясамі:
Хай будзе вядомым
Тваё невядомае слова.
Ногі ў дарозе.
Дарога — ў заходзячым сонцы:
Хай бачнымі будуць нябёсы,
Ў якія ідзеш ты.
Камень на сэрцы.
На камні птушка.
Хай будзе пачуты
Апошні твой крык.

1977


***


Мабыць, вечар яшчэ ніколі
не глядзеў так пяшчотна ў вочы,
як сягоння. Ён па-бацькоўску
лоб абмацвае — і ў даглядзе
мы расцём, мы ўжо з днём нароўні.
Кожны з нас пасталеў і бачыць,
як наш дзень распагодзіўся к поўдню.
Аглянёмся і ўспомнім, якім ён
быў, наш ранак — маленства наша.
Белы свет быў замглён, заслонен
непасільнай штодзённай працай.
Мы былі ў ім і дном, і верхам.
О, як мутна было на днішчы!
О, як хмарна было ў вяршыні!
Але ж вечар цябе шукае,
прыўзнімі галаву — адчуеш
на ілбе цеплыню далоні.
Удыхай цішыню яго дрэва,
задавольвайся ззяннем зорак,
мілагучнасцю хору кроны.
Бачыш, як падраслі мы разам,
адчуваючы ствол плячамі.
Гэты вечар закрэсліў рысу
паміж дном нашым і вяршыняй.
Ён і камень замшэлы зверне
на магільніку боскасці нашай.
Уздыхаем, але з палёгкай,
бо і чуем, і бачым, душою
адчуваем, што з нас таксама
ў невымерны прасцяг нябёсаў,
як з маленькага пругкага сэрца,
паскарае свой пульс
                               бясконцасць.

1977


***


Жыць буду я ў табе.
Вось толькі працягні руку:
Прамень, траву ці корань.
I дай мне свет:
Сон, зорку,
Крыху хлеба.
Цяпер ужо я буду ўмець
Пра шчасце гаварыць.
I сам дабром дзяліцца.
Пусціце да мяне бліжэй
Расцвіўшых,
Падаючых,
Плывучых.
Я гавару:
Зямлю цераз парог перанясіце.
Брат, якім з’яўляюся я:
Як цяжка
Самому ноччу уявіць сябе!
А ці патрапіш свет стварыць
З птушкі, кветкі, смеху?
Мне сніцца, што мы яшчэ жыць будзем
Пад камнем і пад сонцам.
Вось цвітуць мае працягнутыя рукі:
Зямля, падыдзі бліжэй!

1978


ВЕЧАР ВІЛЬНЮСА


Вечар вежаў
у небе Вільнюса.
Анёлак горада —
белы голуб —
абдымае чырванацэглыя плечы Анны.
Жыццё, як арган,
вышэй узнесена.
Рукі жыцця цалую,
поўныя ўсіх і мяне:
мой твар павярні, кажу,
ў кірунку галоўнага алтара,
бо ўжо занадта мілосць вялікая,
каб мог замаўчаць яе —
жыццё маё не маё.
У цемрадзі
акуні мой пагляд
у самую глыбіню жыцця,
каб не пачуў, каб не адчуў
як за спіной
зачыняюцца дзверы —
жыццё маё не маё.

1978


***


Мне няўцям — дарога знае,
не чуваць мне — лес, ён чуе,
не відаць мне — бачыць поле
                 тваю думку
                 тваё слова
                 тваю душу
не сканчылася б дарога,
не аглух бы лес знячэўку,
толькі б не аслепла поле,
покуль думку зразумею,
покуль поўна слова ўчую,
покуль дно душы пабачу:
                 шлях збялелы
                 лес зялёны
                 роўнае поле

1978


НЯДЗЕЛЯ


Прыбярыся дрэвам, сыне,
каб было святочней сёння.
Дзверы ў лес вазьмі з сабою,
вокны з каранёў цярпення.
Пацалуй сякеру, сыне,
лютасці лязо прылашчы.
Захапі даверу бохан,
слова праўды зганьбаванай.
А Літва цябе шукацьме —
ты ёй пасвяці рукамі:
не прынось вачэй без птушкі,
сэрца без Літвы не слухай.

1978


***


самота наша
чорны агонь
ты апякаеш толькі
ці нават свеціш
не хачу
каб глядзела ты на мяне
свечка жыцця дрыжыць
над небыццём маім
неба не ведаю выйсця
з маленькай самай сцяблінкі
дапамажы
маёй непамыснасці
калі горла сціскаюць
пальцы самоты
кажу: я сам сцяг
і я ж сцяганосец.

1978


***


пасеяў я на гары
зерне жыцця
і не дачакаюся хлеба
што да стала прыходзіць
сонцам паліцца
дажджом згінаецца
вялікага ў нашым маўчанні
маленькага ў галасах зямлі
пад галінкаю ветру
пад рукою неба
пад дрэвам свету
прыносяць прыносяць чалавека
і побач з зернем кладуць
вітаю, браце!

1977

ІДУЧЫ


з імем тваім ідучы:
так маю тут шмат
што няма чаго адабраць
усё я аддаць магу
з радасцю тваёй ідучы:
тут днее ўвесь час
з глыбіняў цемры
святло дастае рука
з болем тваім ідучы:
колер праўды ў гэтай крыві
ужо вугалямі хлусні
не датыкайцеся да жывых ран
ах калі пустаруч ідучы:
абарані нас ад нас
айчына

1978


***


Пад ліпай знайшоў не зямлю,
а маці світальную: неба
ласкава на ўлонні трымала.
Нябёсы ў хусцінку кладзі,
у кветках вясёлых хусціну
і сцягвай на вузел любові.
А будзе праходзіць жыццё,
стамлёная жытка-жабрачка,
аддай ёй хатуль без развагі.
На ўсіх хай раздзеліць жыццё,
хай чэсна пароўну падзеліць,
усіх нас яднаючы з небам.

1978


У НАКІРУНКУ ДОБРЫХ СЛОЎ


У накірунку добрых слоў
свет пашыры, зрабі яго
хоць на адно жыццё глыбейшым.
Надзеі ападаюць тут,
ніхто іх не збярэ. Як ліст,
шапочуць пад нагамі думкі.
Ты сярод іх стаіш, як дрэва
зямное, верхавіну час
з учора і да заўтра хіліць.
Ды карані глыбей. Адтуль
ідуць угору сны і сум.
Там золата быцця цямнее.
Прыгожы некаму і ты,
бо з птушкамі расцеш у неба
у накірунку добрых слоў.

1978


ІШЛА БАГОЎКА ПА ВЯСЁЛЦЫ


Луг змаладзелы небам пах.
Ішла багоўка па вясёлцы.
I жаўранкагалосы хтось
глыбей яшчэ ў Літву ўваходзіў.
Спагадная (ён так спяваў),
калі цябе кажу — мне добра.
Дазволь і ў цемрадзі ў вачах
святло тваёй вяршыні ўбачыць,
твой боль губамі адшукаць
і паўтараць цябе на памяць,
гарэць у вугальку тваім,
на стол тваёю лыжкай легчы
ці гэтай трэсачкаю, што
сталу пад ножку падкладаюць,
пад хлебам і пад сэрцам каб,
калі ўсе сядуць, не гайдаўся...

1978


Заўвагі

1

Паводле народнай легенды, азёры ляталі, пакуль ім не далі назваў.

(обратно)

2

У старадаўнія часы продкі паэта пры пахаванні нябожчыка-воіна клалі з ім побач у дамавіну і ягоны баявы меч. (Заўвага перакладчыка.)

(обратно)

Оглавление

  • ЮСЦІНАС МАРЦІНКЯВІЧУС ТРАВА I КАМЕНЬ
  • КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ
  •   БЕЛАЯ БЕСТУРБОТНАСЦЬ
  •   ПЕРШЫ ТРАКТАР
  •   ЗАХАД
  •   ***
  •   ЗАМЁРЗЛАЕ МОРА
  •   ВЯСНА
  •   КРЫЛАТЫЯ СОСНЫ
  •   ТАКІ ВЕЧАР
  •   РУХ
  •   ГАРЛЕМАЎСКІ МАТЫЎ
  •   СПРОБА ЗНАЙСЦІ
  •   ***
  •   ПАКАЛЕННЕ
  •   ДОШКА ДЛЯ АБ’ЯЎ
  •   ***
  •   АДЗІНСТВА ТРАВЫ I КАМЕНЯ
  •   ***
  •   ТЫЯ ВОКНЫ
  •   АСЕННЯЯ ПРАГУЛКА
  •   СЦЯЖЫНА Ў ПУШЧУ
  •   ГАРУЧЫ КУСТ
  •   ПАХМУРНАЯ РАНІЦА
  •   НАШЫ МАЦІ
  •   ПЯЮ ЛІТВУ
  •   ВЕТРАКІ
  •   ЯК РАСТУЦЬ ДЗЕЦІ
  •   ДАРОГА З ДОМУ
  •   ЛОДКІ НА БЕРАЗЕ
  •   ЧАКАННЕ ВЯСНЫ
  •   ЛЕТНЯЕ УРАЖАННЕ
  •   ЖНІВЕНЬ
  •   НОЧ ЗДЗЯЙСНЕННЯЎ
  •   ТУМАН НАД НЁМАНАМ
  •   ПАД АСЕННІМ СОНЦАМ
  •   ПРЫВІД
  •   АНТОНАЎКІ
  •   ЦІШЫНЯ
  •   ЗІМА МАЙГО БАЦЬКІ
  •   ЛОСЬ
  •   ПАМІРАЕ РАКА
  •   ПЕРШЫ ЎСХОД СОНЦА
  • ДУША НАПОЎНІЛАСЯ КРЫКАМ ЖУРАЎЛЁЎ
  •   ЦЁМНЫ ВЕЧАР
  •   КАЛЯ МОРА
  •   ***
  •   БРАТ
  •   СТАРАЯ АЗБУКА
  •   РЭХА
  •   ВЕЧАР: АТАМНЫ СТРАХ
  •   УСМЕШКА НА ВУЛІЦЫ
  •   ПАЧАТАК ЭПАСУ
  •   ***
  •   ПАКУЛЬ СПЯЦЬ ДЗЕЦІ
  •   ДЗВЕ ЖАНЧЫНЫ
  •   НА ЗОЛКУ
  •   ЛЕТА
  •   ВЫСЕЧКА ЛЕСУ
  •   РАНІЦА Ў ЛІТВЕ, ІДЫЛІЯ
  •   АСЕННЯЯ АХВЯРА
  •   ЛЯ ТРУНЫ
  •   ШЫПШЫНА
  •   НАТХНЕННЕ (Санет)
  •   ІСНАВАННЕ (Санет)
  •   СТРАЧАНЫ ЧАС
  •   ПАЛЁТ ПТУШКІ
  •   ПАД ЗОРКАЙ ВЫСОКАЙ
  •   ЛІПА
  •   ВЯРТАННЕ ПТУШАК
  •   РАЛЛЯ
  •   ***
  •   ***
  •   КРАЯВІД
  •   ЧАС
  •   АПЛАКВАННЕ БРАТА
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ЛАГОДА ГЭТАЕ ЖЫЦЦЁ
  •   АПОШНЯЯ БАЛАДА
  •   ЖЫЦЦЁ ПАЭТА
  •   БАЛЬШАК ВАЙНЫ
  •   ПОЎНАЧ І
  •   ПОЎНАЧ ІІ
  •   ***
  •   ЛІТВА
  •   КАБ СПЯВАЎ ПРА ЦЯБЕ
  •   ШЧАСЦЕ, ШТО МАЮ ЦЯБЕ
  •   ГАВАРЫЛА
  •   ***
  •   РАНЫ
  •   НЁМАН II
  •   ПАЭТ
  • ІМГНЕННЕ
  •   ІМГНЕННЕ
  •   ***
  •   ТВОРЧАСЦЬ
  •   ***
  •   АКНО
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   ***
  •   МОВІЎ ЖЫЦЦЁ
  •   ЗЯМЛЯ ЎЗДЫХАЎ
  •   РАТАЙ
  •   ІДУЦЬ КАМЯНІ
  •   ***
  •   ЛЕТНІ ПСАЛОМ
  •   НАРОДНАЯ ПЕСНЯ
  •   P. S.
  •   СЛОВА ЧОРНАЯ КВЕТКА
  •   ПСАЛОМ ДОМУ
  •   ПАХАВАННЕ
  •   ***
  •   ***
  •   КАІН
  •   ТРЫПЦІХ
  •   РАДАСЦЬ З ТАБОЮ
  •   ***
  •   ВОСЬ Я — ТЫ!
  •   ГЭТЫХ ДВА СЛОВЫ
  •   ПРЫСВЯЧЭННЕ
  •   ЗАКЛІНАННЕ
  •   ***
  •   ***
  •   ВЕЧАР ВІЛЬНЮСА
  •   ***
  •   НЯДЗЕЛЯ
  •   ***
  •   ***
  •   ІДУЧЫ
  •   ***
  •   У НАКІРУНКУ ДОБРЫХ СЛОЎ
  •   ІШЛА БАГОЎКА ПА ВЯСЁЛЦЫ
  • *** Примечания ***