КулЛиб электронная библиотека
Всего книг - 475124 томов
Объем библиотеки - 701 Гб.
Всего авторов - 221293
Пользователей - 102893

Последние комментарии


Впечатления

Rusta про Кири: Мир, где мне не рады (Юмористическая фантастика)

Весьма неплохо

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
Сварщик Сварщиков про Ищенко: Город на передовой. Луганск-2014 (Политика и дипломатия)

какой бред несет эта баба.
и явно, не луганчанка, или писалось со слов, а аффтор, не зная местной специфики употребления слов, воткнул/ла отсебятину.
нечитаемо. и учить историю по этому опусу я бы детям не давал.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
vovih1 про Бурмистров: Антология фантастики и фэнтези-23. Компиляция. Книги 1-13 (Боевая фантастика)

Спасибо за релизы произведений отличных авторов

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
pva2408 про Тишанская: Проклятье старинного кольца (Альтернативная история)

Ежели есть желание, задайте вопрос автору на Литнет)))

https://litnet.com/ru/book/proklyate-starinnogo-kolca-b374998

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
Сварщик Сварщиков про Тишанская: Проклятье старинного кольца (Альтернативная история)

вопрос залившему
где тут альтернативная история?
RE:задайте вопрос автору на Литнет)))

сходил.у автора указано
RE:попаданка в другой мир_приключения_магия приключение фантастика приключения дружба становление героя

попаданцы-да, есть.

альт. история-нет

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
a3flex про Сёмин: История России: учебник (Учебники и пособия ВУЗов)

Класс! Я думал авторов расстреляют, а им позволили преподавать))

Рейтинг: +2 ( 2 за, 0 против).
kiyanyn про Рокоссовский: Солдатский долг (Биографии и Мемуары)

Книгу, правда, не читал, а слушал :), но...

Порадовало, что маршал ни разу не ездил на Малую землю посоветоваться о том, как проводить ту или иную операцию, с полковником Брежневым... Да и Хрущев упомянут только один раз.

Зато постоянно прорывались его нестыковки с Жуковым. Рокоссовский корректен, но мы-то привыкли читать (и слушать :)) меж строк. Особенно грустно было ему, как я понимаю, отдавать в конце войны I Белорусский и взятие Берлина...

Рейтинг: +5 ( 6 за, 1 против).

Вастрыё стралы [Алесь Разанаў] (fb2) читать онлайн

- Вастрыё стралы 198 Кб  (читать) (читать постранично) (скачать fb2) (скачать исправленную) - Алесь Разанаў

Настройки текста:



Алесь Разанаў ВАСТРЫЁ СТРАЛЫ

Версэты, паэтычныя мініяцюры


Падрыхтаванае на падставе: Алесь Разанаў, Вастрыё стралы. Версэты, паэтыч. мініяцюры, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1988. — 159 с.

ISBN 5-340-00061-3


Copyright © 2015 by Kamunikat.org 

БЯЗМЕЖЖА
Палову жыцця падаюся ў свет, палову — варочаюся са свету,
палову жыцця пішу на дарозе свае імёны, 
палову — закрэсліваю напісанае, 
палову жыцця расту ад зямлі, палову — расту з зямлёю:
i ўсё менш ува мне мяне, i ўсё больш бязмежжа.

ПЯРЭЧАННЕ
Яшчэ здольны балець,
яшчэ здольны пакутаваць,
яшчэ здольны памерці,
я разбіваю душу i рукі аб камяні i сцены, якія мяне абступаюць.
Я парываюся з мінулага ў сёння, з бяспекі ў свабоду.
Але мы твая абарона,— пярэчаць мне камяні i сцены,— мы тваё вонкавае цела,
мы ратуем цябе ад спёкі i сцюжы, ад агню i вады, ад кулі i шаблі,
бо ты яшчэ не здольны не балець,
бо ты яшчэ не здольны не пакутаваць,
бо ты яшчэ не здольны не памерці.

НАВОБМАЦАК
Мы рухаемся навобмацак.
Калі настае дзень — мы заўважаем, што нам светла,
калі настае ноч — заўважаем, што цёмна,
калі адхіляемся з дарогі, калі забягаем наперад альбо калі адстаём — тады непазбежна вяртаемся на ранейшае месца.
Мы рухаемся з адной цяперашнасці ў другую i як сваю долю прымаем тое, што ёсць.
Наша дарога праходзіць праз нашы сэрцы,
кожны наш крок — гэта крок за небакрай,
i ў кожным нашым імгненні змяшчаецца ўвесь час.

ШЫЛЬДАЧКІ
На дрэвах — шыльдачкі.
На ix напісана, колькі якому дрэву гадоў, як яно называецца, якая яго таўшчыня i вышыня.
Людзі праходзяць міма дрэў, не заўважаючы ix, — яны чытаюць шыльдачкі...
A сведчанні дрэў так i застаюцца непачутыя,
a пісьмёны дрэў так i застаюцца непрачытаныя.

У КРУЗЕ
Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне, куды я іду.
Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту? Я толькі спраўджваю тое, на што здатны, што вымагае ад мяне жыццё:
засмяглы — п'ю ваду,
галодны — ем хлеб,
зняможаны — адпачываю,
адпачыўшы, імкнуся наперад — i апынаюся на сваіх слядах.
Я ў крузе, дзе слова шукае Слова, а чалавек — Чалавека.

ПТАХ
Вялізны хцівы птах пагойдваецца нада мною. Я ведаю: ён чакае маёй загубы. Тады ён з галодным хрыплым крыкам апусціцца на маё цела i цвёрдай глюгай ударыць мне ў твар.
Я напінаю лук i выпускаю стралу. Страла, не даляцеўшы да птаха, падае долу. Я падбіраю яе i зноў прыладжваю да лука: зараз я паспрабую стрэліць вышэй...
Але на ранейшым месцы птаха ўжо не аказваецца. Нібы нешта надумаўшы, ён пералятае наперад — туды, куды іду я.
Бяскрайні стэп.
I мы двое: я i птах — мой пракаветны вораг.
Ён адзін суправаджае мяне на маёй жыццёвай дарозе.
Дый, урэшце, як бы я ведаў, куды мне ісці, калі б ён час ад часу не залятаў наперад?!.

ГАВОРКА САША
Мой аднагодак Гаворка Саша, задумаўшыся глыбока, сядзіць каля груды жалезнага лому, у жоўтай пожні:
кашуля расхрысталася на ім,
ля скроні кроў запяклася...
— Саша,— я клічу яго,— хадзем разам з усімі, з намі!..
А ён не адказвае анічога,
а ён застаецца на тым самым месцы,
а ён застаецца ў тым самым часе,
а ён застаецца на тым свеце,
дзівячыся на дарогу, па якой адыходзяць усё далей яго аднагодкі.

У СТАРОЙ ХАЦЕ
У той старой хаце з сябрынаю за сталом сядзіць невясёлы бацька:
што было есці — паелі,
што было піць — папілі,
a ўсё адно не хапіла.
У акно зазірае ясная восень.
Гудуць далёкія цягнікі.
Бацька дае мне грошы i кажа: «Ідзі i купі дзе-небудзь яды i пітва, a купіш — тады вяртайся...»
Я праходжу каля глыбокіх чыстых азёр, у якіх залацяцца ўрачыстыя дрэвы i цямнеюць аблокі,
саджуся ў імклівыя цягнікі,
але сёння вялікі выходны:
усё заняла сабою гэтая восень,
усё заняло сабою гэтае чараванне,
усё заняло сабою гэтае хараство,
усё заняў сабой тэты дзень,
на ўскрайку якога ў старой сутонлівай хаце сядзіць па-ранейшаму за сталом з сябрынай сваёю бацька i ўсё чакае, калі я вярнуся.

ВУЧАНЬ ЧАРАЎНІКА
He ўтрываўшы, я адгарнуў наступную старонку...
«Ліхнаэль, Весмалон, Гермашур, Мэмрагай...» — я чытаю, спяшаючыся, няўцямныя словы-імёны той старой таямнічай кнігі, якую на часіну даверыў мне мой настаўнік...
А на дварэ раптам цямнее, як пры змярканні. Чароды птушак запалоньваюць двор i з гучным пранізлівым крыкам абрушваюцца ў дзверы i вокны.
Спалатнелы, я не паспяваю што-небудзь зрабіць, куды-небудзь падзецца, як у хату ўбягае ўгневаны чараўнік, выхоплівае кнігу, шэпча...
Ужо не вучань, я ўсё далей адыходжу ад чараўніковай сядзібы.
Аднак словы, тыя забароненыя словы імёны, якія я вычытаў у кнізе...—
я мучуся, я намагаюся не ўспамінаць ix, не дапусціць ix да свайго розуму, не застацца з імі сам-насам...
Я баюся таго, што ведаю.
За вокнамі маёй свядомасці цёмныя крыкі.

* * *
Дзве мэты, якія пярэчаць адна адной, ува мне супадаюць: мэта — усё займець, i мэта — ўсяго пазбыцца.
Што я адваёўваю ў дня — у мяне забірае ноч, што я аддаю раздарожжу — вяртае мне скрыжаванне.
I не хапае мне дня, каб усюды паспець, i не хапае начы, каб адусюль вярнуцца,
i не хапае жыцця, каб жыць,
i, каб не жыць, не хапае смерці...
Я маю — усё, i не маю — усё.
Дзіўлюся на цені ўдзень, i на зоркі — ноччу.
У вёсцы далёкай гарланяць пеўні.
Цьмен i палын абступаюць маю дарогу.
Сэрца сусвету б'ецца ўва мне.

СІНІЯ ЛЮДЗІ
Крышыцца пад нагамі зашэрхлы снег.
Цямнеюць ямы з вадою.
Сакавіцкая ноч: хаты, i вокны, i вуліцы, ды — без нікога.
Бязлюддзе ў маёй душы, бязлюддзе — у свеце.
I толькі хістаюцца нада мною прадвеснія дрэвы,
i толькі бягуць па небе аблокі,
i толькі імчыць кудысьці месяца сіні човен, a ў ім сядзяць сінія людзі.

НА ГЭТАЙ ЗЯМЛІ
Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, хто — дарогу на захад...
Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, куды ісці, а сам застаюся на месцы — на гэтай зямлі, пад гэтым небам,
занадта лёгкі для глыбіні,
занадта цяжкі для вышыні,
занадта цэласны, каб падавацца ў якінебудзь бок...
Вось мая левая рука, вось — правая...
Я кладу зерне ў дол - i яно вырастае ў дрэва:
на адной галіне ў яго сонца,
на другой — месяц,
рознагалосыя птушкі з усіх канцоў свету спяваюць на ім свае песні i ладзяць гнёзды...
Тут мой захад, i тут — усход.

ЛЕСВІЦА
Па крутой, стромкай лесвіцы я ўздымаюся ўсё вышэй i вышэй, каб дасягнуць нарэшце той апошняй, той завяршальнай прыступкі, з якой можна было б рынуцца ў неабсяжнасць —
i апярэдзіць самое жыццё,
i апярздзіць самую смерць...
Колькі прыступак я ўжо мінуў?!.
Здаецца, ix утварае сама хада, сам рух, само мае падыманне ўгору, само мае спадзяванне, што там, вышэй, я стану мацнейшы, чым быў дагэтуль, i змагу тое, чаго не магу цяпер...
Яны адна з адной вынікаюць, яны адна другую прадбачаць, яны перашкода, яны i апора, яны спыняюць, яны i вядуць.
Вышэйшы за дрэвы, вышэйшы за гнёзды, вышэйшы за воблакі, вышэйшы за вышыню,— я слухаю-чую, як мне паўтарае ўпарта мой пакінуты ўнізе двайнік:
«Вяртайся!..
Прыступка апошняя тут.
У неабсяжнасць трэба ўздымацца адгэтуль».

БУДУЧЫНЯ
Не бачу яе — прадбачу,
не чую — а прадчуваю,
не ведаю — а прадведваю...
Зямля запяклася, як чорная кроў.
Шчэрацца ззаду здані.
Боязь засцерагае: у будучыні — смерць!..
Адвага натхняе: у будучыні — неўміручасць!..
Мы аддзіраем сябе ад зямлі.
Мы ацярушваем ад глухаты свой слых, адтуляем ад слепаты свой зрок, з няўцямнасці выплаўляем сваё разумение.
Гэта — паўстанне.
Насупраць нас — неабсяжнасць.
Цяжар вызвалення распроствае нашы паставы.
Мы становімся тым, кім яшчэ не былі.
Спрадвечныя зоры вандруюць праз нашы лёсы.

СЫНЫ ІОВА
Мае браты збіраюцца разам — на святы, нарады, справы, што тычацца нас усіх.
Але я сцярожка сачу наўкола.
Я ўхіляюся ад сумесных сустрэч.
Калі ўсе прысутнічаюць, нехта, хоць бы адзін, адсутнічаць мусіць.
Я вартаўнік лёсу.
Я не магу яму даверыцца.
Я памятаю пра сыноў Іова: яны загінулі, калі сабраліся пад адною страхой усе разам.

ПРЫКМЕТЫ
Каб адгарадзіцца ад выпадку, мы абгарадзілі сябе каменнай сцяною,
забрукавалі дол,
паставілі громаадводы,
уклалі законы,
распланавалі сваё жыццё далёка наперад — на дзесяцігоддзі, стагоддзі, але...
Але на самым пачатку лета зажоўкла бярэзіна ў скверы,
але каля самае ратушы раптам, з палёту, упала мёртвая птушка,
але загарчэла вада ў студнях,
але старыя людзі спыняюцца на дарозе i кажуць: «Мы чуем, як плачуць нашы бацькі...»

ДРУГОЕ СОНЦА
Запальваецца ў небе другое сонца.
Я хаваюся ад яго за старую кашлатую дзічку, але сонца прасвечвае яе наскрозь;
хаваюся за сцяну хлява, але цень ад яе празрысты, як дзень;
хаваюся за валун, што ляжыць каля студні, але ён як сіта;
хаваюся ў хату, a ў хаце звыклы спакой, a ў хаце ні цёмна, ні светла...
У хаце сядзяць, бы на свяце нейкім, бацькі,
у хаце сядзяць сваякі,
i так мне шкада, што я ўжо не з імі...
A маці — наўздзіў маладая — гладзіць мяне рукою па галаве, дзьмухае мне на твар...
— Вось i ўсё добра,— кажа яна.— Я пагасіла другое сонца.

ТРАНСМУТАЦЫЯ
Рукамі абмацваю твар: аднымі часткамі цела адчуваю другія часткі.
— На каго ты падобны?!.— кажа сястра.
Не ведаю, на каго:
хто кажа — на камень,
хто кажа — на птушку,
хто кажа — на дрэва,
хто — на самога сябе...
Блізка Вялікдзень.
У паветры разліты салодкі i горкі водар.
Падсыхаюць груды.
Цвітуць кацяхі вербалозу.
Прадвесціцца шчасце.
Сонца запальваецца ў грудзях.
З песняй i плачам кудысьці ідуць натоўпы.

ДЗІЧКА
Дзічка-дзічка, чаму ты не груша?
Вось i піла ўжо зубіцца на цябе, i вострыцца ўжо сякера.
Але хіба ведае дзічка, чаму яна дзічка?
Але хіба ведае горкі палын, чаму ён горкі палын?
I хіба ведаюць людзі, чаму яны людзі?
Нешта пагасла ў свеце, нешта замоўкла, нешта асірацела.
Не ўсё, што расце, расце для яды, i ўсё, што расце, расце не адною ядою.
Прыходзіць з мінуўшчыны на апусцелае месца сівы дзядуля.
З будучыні выблісквае ў нашы вочы пажар.
— Яны не мелі таго, што мы сёння маем,— расказваюць сваякі пра людзей, што жылі калісьці,— але жылі яны лепш.
Ці ведае чалавек урэшце, што яму лепш, а што горш,
што — страта, а што — набытак,
што — немач, а што — здароўе,
што — мала, што — шмат?
Усё вырашае па-свойму розум, ды нешта ў жыцці не згаджаецца з ім.
Пад вечар запаліцца ў печы.
I загаворыць — апошні раз — з намі дзічка на самай відушчай мове — на мове агню.

ПАСТУХІ
Яшчэ з лагчын не сышла вада, а тут, дзе гарыць цяпельца, ужо досыць суха.
Прысеўшы каля цяпельца, чакаю, калі ад далёкага статка прыйдзе мой даўні сябра, з якім я не бачыўся шмат гадоў.
Тут стойбішча пастухоў: хто падыходзіць сюды, а хто адыходзіць, хто прышывае да світкі латку, хто самакрутку няспешна курыць, хто дастае з торбы харч...
«Калі сабраліся ў іхнім двары, каб рэзаць тую карову,— апавядае стары пастух пра аднаго з пастушкоў,— ён раптам збялеў быццам смерць, заплакаў, схапіў, што было пад рукою,— шкліну i кінуўся з ёй на людзей.
Моцна сабе ён тады тою шклінай руку параніў, а крыкам, апостальскім нейкім крыкам: нельга рэзаць кароў!..— параніў людзей...»
Я ведаю: колішні той пастушок — гэта ён, мой сябра.
Гляджу на знаёмую вёску, дзе між драўляных хацін паўсталі гіганты-дамы,
гляджу ў агонь пастухоўскі, што супакойвае i непакоіць,
i ў неба, усё тое ж неба, дзе сярод белых аблокаў блукаюць разам душы апосталаў i кароў.

* * *
На маёй дарозе ўзгоркі i ўпадзіны.
Але гэта мая дарога: яна рухаецца, яна разважае, яна размаўляе, яна ўдакладняе маю хаду.
Побач, непадалёку,— асфальтаваныятрасы: на ix усё роўна, на іхусёпэўна, пра ix усё наперад вядома: адкуль яны i дакуль...
Па ix імчацца аўтобусы i аўтамабілі, абапал ix пешаходы ўпэўнена крочаць, але самі трасы стаяць.
Я апускаюся ў новую ўпадзіну — i мяне апаноўвае змрок, якога няма яшчэ на зямлі,
уздымаюся на новы ўзгорак — i сустракаю яшчэ раз сонца, што ўжо на зямлі зайшло.

ВАНДРОЎНЫ ГОРАД
Шумяць вяршаліны дрэў.
Неба зацягваецца смугою.
Усчынаецца дождж.
Я не хаваюся ад дажджу, не зважаю на дождж, я гляджу за Вялікае Поле, дзе бурштынава-жоўтаю светлынёю зорыцца небасхіл,— на адзіна празрысты шматок сярод хмурнай сінечы.
Там, быццам мачты дзівоснага карабля, акрэсліліся званіцы, спічастыя дахі, вежы, акрэсліўся горад —
які я шукаю па ўсёй зямлі,
горад, што выплыў з людской надзеі...
Хіба ўвесь шлях чалавека абмежаваўся зямлёй?!.
Хіба ўвесь сэнс чалавека замкнуўся наўколлем?!.
Хіба мае моц i вагу адно толькі тая думка, якая засціць?!.
Дождж прыбівае дарожны пыл, хвошча па дрэвах, траве, будынках, руччамі цурчыць па равах...
А за Вялікім Полем ззяе бурштынава-жоўтая светлыня і, быццам кагосыді чакае, узвышаецца горад —
горад, якога няма на зямлі,
горад, які вандруе.

ПАЛЁТ
Дакуль мне яшчэ трываць?
Птах, з якім я лячу праз імглістую бездань часу, з няволі — у вызваленне, са скрухі — у радасць, з цемры — у светлыню, паварочвае да мяне галаву i кажа:
датуль, пакуль хопіць часу,
датуль, пакуль хопіць цябе самога,
датуль, пакуль хопіць нас...
Я кармлю птаха сваім целам,
паю сваёю крывёю
i перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, а дзе я, а дзе час...
Усё загойваецца на мне мае цела,
усё аджывае ўва мне мая кроў,
усё патрабуе птах сабе новай ежы,
i ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт.

СЯРГЕЙ ЦЫГАН
Сябра майго маленства Сяргей Цыган стаіць на крутым пясчаным пагорку i з левай рукі шпурляе ўгору каменне.
Каменне, што мы кідаем заўзята, з падвойнаю моцай вяртаецца зноўку на дол, прымушаючы нас разбягацца, хавацца, ўхіляцца...
Але Сяргей Цыган не сыходзіць з месца: яму няма ад чаго ўхіляцца, яму няма чаго асцерагацца,— каменне, што ён зашпурнуў угору, i застаецца там.
— На тое ён i Цыган,— мы захапляемся i зайздросцім.— На тое ў яго такая рука...
Мы пакідаем потым пагоркі,
мы выпраўляемся потым дахаты,
кіруючыся на той двор, дзе жыве разам з маці i меншай сястрою Сяргей Цыган — сярэдзіна нашай сябрыны.
А ўвышыні, над зямлёю, плывуць кудысьці вялізныя хмары, i ў ix пагрозліва грукаюць камяні, якія пазакідаў на неба Сяргей Цыган ca сваёй левай — шчаслівай сваёй — рукі.

ЗОРКІ
Дачакаюся, калі прыйдзе ноч, калі ўзыдуць на небе зоркі...
Цямнее зямля, цямнее вада, цямнее трава, цямнеюць будынкі...—
яшчэ нядаўна ўсё мела свае абрысы, яшчэ нядаўна ўсё свае межы мела, спрыяла адно аднаму, пярэчыла адно аднаму i было толькі часткаю наваколля.
Калі я ўзыходзіў на вежу — в е ж а ю разважаў,
калі ішоў па дарозе — д а р о г a ю бачыў,
а тут, а цяпер сачу, як усе становіцца ўсім,
як у вышынях недасягальных уваскрасаюць зоркі.
Ёсць нешта ў белым дні наступнейшае, чым дзень,
ёсць нешта ў цёмнай начы наступнейшае, чым ноч,
i ёсць нешта ў вежы наступнейшае, чым вежа,
i нешта ёсць у дарозе наступнейшае, чым дарога,
ёсць нешта ў нас наступнейшае, чым мы...
Той, хто ішоў па дарозе, казаў: гэта — зоркі.
Той, хто ўзыходзіў на вежу, адказваў: гэта — мы...
Жывы на зямлі, нашу ў сабе сваю смерць i сваю неўміручасць, i адкрываю жыццём зямлю, i адкрываю смерцю нябёсы, a неўміручасцю — што найвышэй за ўсё,
a неўміручасцю — што найбліжэй за ўсё,
a неўміручасцю — зоркі.

СХОВЫ
Падамся самаю простаю сцежкай, але пярэймуць крывыя,
намацаю самую важкую думку, але староннія зоймуць увагу,
памкнуся спаткацца сам-насам са смерцю, але апынуся ў сховах...
З запаленымі ліхтарамі ў руках i з павязкамі-плеўкамі на вачах прыходзяць i адыходзяць людзі.
Яны мне даюць гэткі самы ліхтар i гэткую самую плеўку-павязку.
— Ты адшукаўся,— кажуць яны.— Ты цяпер зноўку з намі.
— Навошта мне гэты ліхтар?— пытаюся ў ix.
— Каб бачыць у цёмным змроку,— адказваюць мне адны.
— Навошта мне гэтая плеўкапавязка?
— Каб бачыць у яркім бляску,— тлумачаць другія.
А мне хочацца глядзець проста,
а мне хочацца разумець проста
i проста жыць —
i бачыць светлае светлым,
i бачыць цёмнае цёмным,
праўдзівым — праўдзівае,
крывое — крывым...
...На белай, на чорнай, на шэрай зямлі малюю, сціраю i зноўку малюю сваё аблічча.

ЛАНЦУГ
На панадворку сабакі: на ланцугу.
Яны адважныя — дакуль дазваляе ланцуг,
куслівыя — дакуль дазваляе ланцуг,
брахлівыя — дакуль дазваляе ланцуг,
i злуюцца яны на ланцуг таксама — дакуль дазваляе ланцуг.
Наводдалі, вакол ix, блукаюць ваўчыныя зграі.
Яны прынюхваюцца да сабак, прыслухоўваюцца да сабак, але бліжэй усё роўна не падступаюць:
не дазваляе ланцуг.

ТАНЕЦ З В УЖАКАМ!
Змаганне захоплівае мяне: яно разнявольвае ўсе мае здольнасці, яно абуджае ўсе мае сілы, яно становіцца танцам, яно становіцца святкаваннем, яно тчэ з маіх рухаў свой непаўторны ўзор.
Я ашчаджаюся ад яго. I чакаю яго.
А з мора ўжо вынырнулі дзве вужакі — дзве неспатольныя пометы.
Яны апантана накідваюцца на мяне, абкручваюць слізкімі шчыльнымі звівамі, пстрыкаюць джаламі ў самы твар...
Я аддзіраю ix ад сябе, я душу ix рукаMi, тапчу нагамі, кручуся, уюся, крычу...
Навокал, з усіх бакоў, збіраюцца гараджане.
Нібыта прыцягнутыя магнітам, яны глядзяць на мой адчайны міжбой, на мае пагібельныя вымогі...
— Якое відовішча!..— у захапленні, я чую, гамоняць яны.—
Мы першы раз назіраем такі напружаны рытм,
мы першы раз бачым такі выкшталцоны танец.

ПАСТКІ
Каб не баяцца хадзіць у лес, панастаўлялі аднавяскоўцы ў лесе ўсялякіх пастак: на рысь, на ваўка, на дзіка, на мядзведзя...
Пайшоў Сымон паглядзець, што трапіла ў яго самаловы,— трапіў у нейчы сам,
пайшоў Тарас паглядзець, што трапіла ў яго петлі,— заблытаўся сам у нейчай,
пайшоў Дамінік паглядзець, што трапіла ў яго ямы,— нібы скрозь зямлю праваліўся, кудысьці прапаў...
I пачалі яшчэ горай людзі баяцца лесу:
водзяцца там ваўкі,
водзяцца там дзікі,
мядзведзі,
рысі
i — пасткі.

АПОШНІ АРГУМЕНТ
Перад тым, як пачнецца бітва, бяссонныя звездары разважаюць-гадаюць, чым яна скончыцца, на чый бок схіліцца перамога.
Я таксама ўзіраюся ў зоркі,
слухаю, як шамацяць лісты,
сачу, як дзьме вецер i як палымнее агонь...—
усё заўважаю, усё ўлічваю i вырашаю ўхіліцца ад заўтрашняй бітвы:
акалічнасці складваюцца супраць нас.
— Аднак ты забыўся ўлічыць яшчэ адзін аргумент — апошні,— кажа галоўны звяздар,— той аргумент, што ўвесь час засланяецца ад цябе табою.
Я гляджу на яго — i разумею яго.
Кладу руку на агонь — i агонь, які перад гэтым кусаўся люта, ліжа маю далонь.
Мой апошні, непераможны, утоены i ад мяне аргумент,— я сам.

ВІДУШЧЫ КАМЕНЬ
З веку ў век ляжаў ля гасцінца камень.
З веку ў век ішлі па гасцінцы людзі.
Людзі глядзелі на камень, камень глядзеў на людзей, глядзеў-прыглядаўся i ўрэшце зрабіўся відушчым.
I стала яго відушчасць праменіцца на гасцінец i абпраменьваць кожнага, хто па гасцінцы ішоў.
I сталі рабіцца відушчымі людзі, i стаў кожны ў кожнага бачыць думкі — пярэстыя, простыя, пакручастыя, белыя, шэрыя, чорныя, каляровыя, i стаў кожны кожнага без слоў разуметь.
Спачатку ўсе ўзрадаваліся, а потым палохацца сталі гэтага свайго разумення, відушчасці гэтай нязвыклай сваёй.
Накінуліся грамадой на камень — i саштурхнулі яго ў глыбокую яму, але на трэці дзень стала свяціцца яма,
укінулі камень у мора — на шосты дзень стала свяціцца мора,
закінулі камень высока ў нябёсы — камень адно ўсміхнуўся i стаў, быццам новы месяц, кружыцца i ззяць над усёю зямлёй.
Так скончыўся колішні свет i настаў — відушчы.

ДУБОВЫ ПЛОТ
Я рухаюся ўздоўж плота — i плот рухаецца ўздоўж мяне,
спыняюся перад плотам — i плот спыняецца перада мной...
Ён побач, але калі я спрабую ступіць да яго бліжэй — адступае.
З таго боку плота ў доўгай зрэбнай кашулі ходзіць мой дзед. Ён па-змоўніцку мне махае рукою: «Хадзі сюды — я адкрыю табе таямніцу жыцця...»
Але паміж намі дубовы плот.
На кожнай штакеціне плота — бязмоўная дзедава галава.

ЛЯСНАЯ ДАРОГА
Едзем на возе з Хведаркам Барадатым па даўняй лясной дарозе.
Павыступалі з зямлі вузлаватыя карані, быццам чыесьці крыкі i нараканні.
Апавядае Хведарка Барадаты, як шмат тут чаго за вякі адбылося:
як людзі людзьмі пераймаліся,
як людзі людзьмі рабаваліся,
як забіваліся людзі людзьмі...
— Я ведаю,— кажа ён,— толькі трохі, ды ўсё, што было тут, да самых апошніх драбніц, адкрыецца на судзе, на тым страшным судзе, дзе ўзважвацца будуць людскія душы.
Просяцца ў нас, каб падвезлі, каго даганяем: дзядзькі, дзецюкі, маладзіцы, падлеткі, жанкі, старыя,— i мы ix бяром, бо ўсе, хто ні ёсць на гэтай дарозе, ужо не староннія нам, не чужыя, ужо, нейкім чынам, свае.
Зыбаецца воз па пяску, ляскоча воз па карэнні,
Хведарка Барадаты махае лейцамі i паганяе каня...
Цесна пасеўшы, усім хаўрусам едзем па даўняй лясной — па людской!..— дарозе, едзем на страшны суд.

ПАДАРУНАК ХРОСНАЙ МАЦІ
Хросная маці аддае мне свой падарунак. Гэта люстэрка. Я спрабую ўгледзець у ім сябе, але дарэмна. Яго паверхня зморшчаная i цьмяная, быццам чыясьці далонь.
— У ім жыве Бог,— кажа хросная маці,— i некалі ты яго ўбачыш...
Здараецца, люстэрка яснее, зморшчыны разгладжваюцца — i тады мне відаць то птушка, якая ляціць, то паставы людзей, то абрысы незразумелых рэчаў...
Я губляюся ў меркаваннях: магчыма, я ўжо бачу Бога, ды толькі не ведаю, што гэта ён.

ЗАВАЁЎНІКІ
Яны ідуць па чужой зямлі.
Кожны ix крок — парушэнне невідавочнай мяжы, якая ўтрымлівае ix саміх у іхніх абліччах, у іхніх імёнах, у іхніх жыццях...
Яны выходзяць з сябе: скура старых забаронаў выварочваецца на левы бок.
На ix наведзена пільная лінза нябёсаў.
Сярэдзіна свету перамяшчаецца разам з імі.
За імі гарыць зямля.
Яны не змогуць вярнуцца.

АСКЕПКІ
Люстэрка, у якое я бачыў сябе, расцялася на аскепкі —
i кожны аскепак расказвае мне пра сваё,
i кожны гаворыць ca мной па-свойму...
У адным — сціскаючы шчыт i меч, я ваюю на полі бою,
сяджу на ўзбярэжжы вялікай ракі — у другім,
у трэцім — кляновай сахою ару палетак,
праз урвішчы i кустоўе ўцякаю ад насцігачоў — у чацвёртым,
у пятым — схіляючыся ля горна, сплаўляю серу i ртуць...
Я спрабую злучыць аскепкі ў адно, але пярэчаць сколы, спрабую ўсіх гэтых — такіх разнаісных — людзей пазнаёміць паміж сабой, але не дазваляюць краі...
Ты, загнаны ўцякач, за кім небяспека цікуе хціва,
ты, засяроджаны ў позе лотасу ёг,
ты, руплівы ратай,
ты, рымлянін ваяўнічы,
i ты, чарадзей-алхімік,
хіба вы нічога-нічога не ведаеце пра мяне?!.
Я той, хто стаіць проці вас, i ўзважвае вашы жыцці, i пераходзіць з аскепка ў аскепак, не ранячыся аб краі.

ІВАН ГУГОВІЧ
Колішні брыгадзір паляводчай брыгады Іван Шаўкаловіч, па-вулічнаму Гуговіч, казаў, што ён пражыве семдзесят два гады.
Столькі разоў адстукаў яму ў часы яго маладосці, яшчэ пры Польшчы, на адным спірытычным сеансе драўляны столік.
I з ім, i вакол яго ўсё мянялася неаднаразова, i ў чужых землях, i ў сваёй зямлі гінулі аднавяскоўцы, a Іван Гуговіч, нібы зарок, насіў у сабе тую звестку, якая прыйшла да яго з яго канца...
І калі па вёсцы блукалі ўпартыя чуткі: будзе вайна, i ў ёй аніхто не ўцалее, а ў краме бралі мяшкамі запалкі, мыла i соль, я не згаджаўся: не будзе — Івану Гуговічу яшчэ далека да сямідзесяці двух гадоў.
Загінуў ён неяк дзіўна. Паехаў на возе ў лес, а перад мостам чамусьці збочыў, паехаў па-плыткаму — уброд, праз раку...
Там i знайшлі яго: на беразе ходзіць конь, воз у вадзе, а пад возам Іван Гуговіч, адно вытыркаецца, у кола ўчаперыўшыся, рука...
Рознае меркавалі пра выпадак гэты. А я прыгадаў ягоны расказ, якому i сам ён здзіўляўся, нібы не верачы, як гэта можа быць...
Ён не дажыў паўгода да тэрміну, што яму тады налічыўся,— мабыць, апошні раз столік стукнуў цішэй.

АДГЭТУЛЬ
Крэсліць вакол мяне доля свае заклёны- кругі.
Груган сядзіць на вяршаліне дуба.
Складаюцца зоркі ў знакі нераспазнанай карты.
Аспрэчвае мэта, што ёсць.
Сны зберагаюць, што трачу.
Ці самы апошні круг — небакрай?
За мною, удалечыні, зноў зелянеюць лясы, зноў палавее жыта, зноў белымі, сінімі, жоўтымі кветкамі ўпрыгожваюцца лугі...
Але не магу я вярнуцца туды, дзе ўжо быў,— проці сваіх слядоў,
i не магу затрымацца тут, дзе знаходжуся сёння.
Мая прастора — мяжа.
Мой час — вастрыё.
Мой шлях — шлях агню: адгэтуль.

ПАРОГ
Парог урос у зямлю, струхлеў...
Я б'ю па парозе нагою — з яго сыплецца парахня.
Але гэткі ён толькі зверху, далей ён трывалы, далей ён моцны — i шашаль яго не стачыў, i цвіль яго не збуцвіла,
— О, яму безліч гадоў,— кажа брат.— I высечаны ён з дрэва, якога цяпер няма ўжо,— ca шчырага дрэва, i высечаны людзьмі, якіх гэтаксама няма...
Мы не ўваходзім у хату: у ёй жылі нашы дзяды, у ёй жылі прадзеды нашы, а мы стаім на парозе, на шчырым парозе, i адчуваем, што мы гэтаксама парог, да якога — няма нас, i пасля якога — няма...
Ёсць месца ў набытку i месца ў страты.
Дзе растлумачыцца чалавеку, хто ён такі?
Хаты чакаюць, што вернуцца людзі.
Пыл ацярушваецца на парозе.
Калі мы са светам — мы супраць свету,
калі мы з прыродай — мы супраць прыроды,
калі мы з родам — мы супраць роду...
Мінулае тоіцца ў змроку, будучыня — у светлыні.

МЫ, ЛЮДЗІ
На даляглядзе, у самым канцы пакручастай доўгай дарогі,— сонца,
а на дарозе, ва ўсю яе даўжыню,— мы, людзі...
Калі мы лічым адно аднаго па пальцах — нас шмат,
калі мы лічым адно аднаго па душах — нас мала:
нам яшчэ трэба ўбачыць у іншых сябе, у сабе — нябёсы, у нябёсах — сонца, a ў сонцы — сонцалюдзей.
Спыніўшыся на дарозе, адны з нас будуюць на ёй жытло. Мы ўжо знайшлі,— яны кажуць,— месца сваё пад сонцам.
Другія, збаяўшыся, што ix у канцы не стане, падаюцца назад, ва ўсё большы цень.
Трэція, аддаўшы дарозе, што ix затрымлівала i цямніла, уваходзяць, быццам у браму новага свету, у сонца, i самі становяцца сонцам, i ў людзях зямлі прадбачаць сонцалюдзей.

АДЛЮСТРАВАННІ
Па засяроджаных кольцах пня стану гадаць пра леты, якія сплылі, пра зімы, якія расталі, а па люстэрках — пра тое, хто я...
Усё, што з люстэркаў ідзе да мяне на- сустрач, прыходзіць насупраць,
усё, што знаходзіцца праваруч, апынаецца леваруч,
i тое, што ёсць адно, становіцца тым, наго шмат.
Увасабляюся — у люстэрках, мяняюся — у люстэрках, распознаю па люстэрках, дзе праўда, дзе крыўда,
дзе цемра, а дзе святло...
Цемра — найбольшае адасабленне: у ёй нічога няма.
Святло — найбольшае ўвасабленне: у ім ёсць усё.
Я сустракаю ў люстэрках знаёмых i незнаемых людзей, я сустракаю ў люстэрках птушак, вужак, жывёлін, я сустракаю ў люстэрках нажы i ружы —
i ўсе яны маюць штось да мяне.
— Ты яшчэ ані разу не бачыў сябе,— запэўніваюць яны.— Заўсёды i ўсюды ты бачыш адно толькі нас — свае шматаблічныя адлюстраванні...
Няўжо без люстэркаў думка не ведае, што падумаць, позірк — куды паглядзець, дарога — куды падацца, жыццё — як жыць?!.
Некалі, вырваўшыся ў наступнасць, туды, дзе мяне няма, убачу далёкую постаць, якая блукае сярод люстэркаў i намагаецца ў адлюстраваннях кагосьці знайсці.

ГОСЦІ
Госці прыйшлі ў мой дом.
Пытаюся, што ім трэба.
Адказваюць госці: мы хочам узяць свой скарб.
Пытаюся, хто яны.
Адказваюць госці: гаспадары.
Відаць, памыліліся госці i забрылі не ў той дом. Я жыву тут ад нараджэння i ведаю ўсё да апошняй драбніцы: вунь — столь, вунь — падлога, вунь — рэчы, бо ўсё, што ні ёсць тут,— яно мае.
Ды госці ўзрываюць маснічыны — i дастаюць з-пад ix куфар,
вымаюць пару цаглін ca сцяны — i ўжо трымаюць шкатулку ў руках,
лезуць пад столь — i выцягваюць з нейкай шчыліны нейкі скрутак...
I вось я стаю ў сваім доме — госць.

РЭЧЫ
Раскопваюць гарадзішча.
Выкопваюць рэчы.
Вось рэч-рука, вось рэч-нага, вось рэч-моц, вось рэч-улада...
Рэчы — апошняе цела людзей, яков жыве найдаўжэй.
За рэчы трымаюся, аб рэчы абапіраюся, атрымліваю ў спадчыну рэчы...
Рэчамі мераецца мой час, акрэсліваецца мая прастора, без іх я губляюся, без ix я знікаю, без ix я нічога не значу сам.
На торжышчы, дзе ўсё набываецца i прадаецца, пытаюся ў рэчаў, як ix завуць.
Яны, называюць мае імёны.

ЗАЦЬМЕННЕ
Прыставіўшы да вачэй замглёныя шкліны, людзі глядзяць угору: цяпер яны бачаць, як сонца ззяе i як зацьміцца сонца...
Што, дрэва, што, камень, што, воблака — няўжо мы бачым вас толькі таму, што i вы ў зацьменні?!.
А чыстыя сутнасці свету для нас яшчэ ўсё застаюцца закрытым!?!.
I мы ні разу ні з чым яшчэ не былі самнасам?!.
...За вёскаю — рэчка, за рэчкаю — горка, за горкаю — поле, на полі — камень, а на тым камені-валуне стаіць-зіхаціць залатая карона...
Ды варта мне толькі зірнуць на яе сваімі вачыма — усё прападае...
Бачу праз перашкоду.
Думаю праз перашкоду.
Праз перашкоду жыву.
I стала сонца зямлёй.
I стала зацьменне целам.

КРАТЫ
Як здрадлівы лёд, пад намі правальваецца зямля,
самі сабою зрушваюцца са сваіх месцаў нашы бажніцы, астрогі, музеі, крамы...
— Не трэба звяртаць на ўсё гэта ўвагі,— нам раяць аднекуль зверху,— гэта капаюць краты свае норы, усяго-наўсяго краты...
Мы i так не звяртаем даўно ўжо на шмат што ўвагі,
нават на тое, што мы ўжо не надта i мы,
што мы падкапаны ў саміх сваіх думках, учынках, словах,
што — невядома кім — ашуканы, што — невядома як — страцілі грунт...
Мы чуем спаднізу штуршкі — быццам там, пад зямлёй, устае на ногі палонны волат,
адною сваёю часткай палохаемся, i радуемся — другой,
адважваемся i марудзім, чакаем i вырашаем, як быць, што цяпер нам рабіць усё-ткі:
ці слухаць не тое, што чуем, бачыць не тое, што бачым, казаць не тое, што разумеем,
ці напярэймы кратам капаць пад сабой — разам з імі — зямлю.

ПАЛЁТ СТРАЛЫ
Напружваецца цеціва: паўакружнасць лука ўраўнаважваецца паўакружнасцю цецівы.
Упарцься, лук!
Супрацьдзейнічай, цеціва!
Вы ўтрымліваеце ў сабе звышвыйсце: палёт стралы.
Я ў хаты ўваходзіў i з хат выходзіў, уваходзіў у гарады i выходзіў з ix — i ўсё адно апынаўся то ў паўакружнасці дня, то ў паўакружнасці ночы, самім сваім існаваннем дзелячы свет надвое i з'ядноўваючы ў адно.
Пакуль я жыву, я абкружаны небакраем,
пакуль я жыву, не магу дасягнуць небакраю:
ён — там, дзе спынюся,
ён — там, дзе ўпаду.
Жыццё ідзе кругам, вяртаючыся да пачатку,
смерць — нацянькі.
I ляціць нацянькі страла, вынікаючы безупынна з сябе самое, вызваляючыся ад сябе самое, каб зрэшты зрабіцца палётам самім.

ЗАВЕЯ
У завеі — зямля, у завеі — дрэвы, людзі, якія жылі i якія яшчэ не жылі,у завеі,
i я таксама ў завеі...
Дзе яно, мінулае?!.
Дзе яна, будучыня?!.
Дзе яно, сёння?!.
Болей няма на каго наракаць,
болей няма каму дзякаваць — за ўсё што давалася i адымалася, радавала засмучала,
i болей няма каму ведаць, які я добры альбо благі, брыдкі альбо пры гожы, стары альбо малады...
Адступіў ад мяне белы свет, абсту піла мяне белае беспрасвецце.

KAPOHA
Уранні карона знайшлася, a ўдзень яе ўкралі.
Яна была залатая — i злыя суседзі зайздросцілі нашай хаце: за што ім даецца гэткае шчасце — яны такія ж, як мы.
Маўчаць платы i вароты.
Перамяшчаюцца ўпотай цені.
Бацькі не знаходзяць ад роспачы месца: i хто мог падумаць, што за каронай сочаць. .
Я пералажу праз плот у суседскі, зарослы травой, падворак, дзе жылі калісьці брат i сястра.
Былі б яны сёння тут — я расказаў бы ім пра сваё няшчасце, якое магло стаць шчасцем,
я расказаў бы ім пра карону, якую не ўпільнаваў.
Але падворак глухі: няма ні сястры, ні брата.
Дзесьці, дзе зараз яны жывуць, таксама няма i мяне для ix.
Брат мае сястру, сястра мае брата, а я маю тое, кім ёсць.
Аўжо гукаюць-шукаюць мяне бацькі па сядзібе нашай.
«Знайшлася ў другі раз карона,— кажуць яны.— Тая была залатая, а гэтая модная, але ўсё роўна карона, i зноў на тым самым месцы — у лебядзе... Золата ўкрасці зладзеі ўкралі, a ўкрасці карону саму не здолелі: вось яна...»

* * *
Што прымушае нас незаўважна пераходзіць з гадзіны ў гадзіну, з дня ў дзень, з года ў год i не дазваляе спыніцца?
Рэчка цячэ — i знаходзіць дарогу да мора,
дрэва расце, урастаючы ў час i прастору,
i адкрывае ў сабе, жывучы, чалавек неабсяжнасць, дзе свеціць новае сонца i новы сэнс.
Нешта глядзіць на мяне маімі вачамі,
слухае, што я кажу, маім слыхам,
думае пра жыццё маёй думкай...
А на драўляным парозе сядзіць нядужы стары чалавек, яму ўжо цяжка выходзіць з хаты i ў хату вяртацца — цела ўвабрала ў сябе свой шлях i стала само парогам: што чалавеку дапамагае, урэшце, пераступіць i праз тэты парог?!.
Паспелі зярняты — i адшукалі глебу, a паспявалі — туліліся да сцябліны.
Крычу — адгукаецца рэха.
Маўчу — адгукаецца ціша.
Заходзіць сонца ў мой сон.
I час, як рэльеф невядомай мясціны, сведчыць, дзе ёсць мы i дзе нас няма.

МАЛАНКА
Тады, калі я ўвайшоў у бажніцу i, зачыніўшы дзверы, стаў гутарыць з небам, з неба раптоўна ўпала маланка i раскалола бажніцу надвое.
Людзі, якія прыйшлі на світанні, адбудавалі з адной яе палавіны бажніцу світання,
a людзі, якія прыйшлі на змярканні, адбудавалі з другой палавіны бажніцу змяркання.
— Хадзі да нас,— заклікаюць мяне адны,— гэта жтвая бажніца: ты зноў тут зможаш казаць свае словы да неба...
— Хадзі да нас,— пераймаюць мяне другія,— гэта твая бажніца: ты зноўку тут зможаш слухаць, што кажа неба...
А я ўсё стаю на тым самым месцы,
здранцвелы,
уражаны,
праяснёны,
не маючы мовы, каб гаварыць,—
з маланкаю ў сэрцы.

СНЕГ
Такое маўчанне ў снезе,
такая далеч,
такая бель —
што замірае душа: не ўмее яна яшчэ быць такой.
Шастае шорсткая асака.
Сінеюць самотныя лозы.
У вёсцы запальваюцца агні.
У снега позірк маіх надзей,
у снега маіх летуценняў голас.
Снег, ты з бясконцасці? ты з дасканаласці? ты са скону?
Усё, што буяла, цвіло, красавала, усё, што стала мінулым, усё, што стала ўспамінам, усё, што вярнуцца назад не можа,— вярнулася ў белы снег.
У наваколлі яшчэ адно наваколле,
у адвячорку яшчэ адзін адвячорак,
у долі яшчэ адна доля:
снег.
Свет спавядаецца перад снегам. Кранаю далонню снег.

УЗБОЧЧА
Побач ca мною, мяняючыся на вачах, вандруе мая пракаветная вотчына: ўзбочча.
— Хто ты такі? — дапытваецца ў ча- лавека сфінкс.
Адказваюць за чалавека гадзіннікі, вагі, календары, слупы,
адказваюць маленькія сонцы, месяцы, зоркі — узнагароды,
адказваюць могілкі — край узбочча, а сам чалавек маўчыць.
Няма ўнутры слова — слова,
няма ўнутры думкі — думкі,
няма ўнутры часу — часу,
няма ўнутры лесу — лёсу,
няма ўнутры смерці — смерці,
i чалавека ўнутры чалавека няма.
Сам сабе вагі i тое, што ўзважваецца na вагах, сам сабе мера i тое, што вымя- раецца ёй, па лазерным зорным промні ўзыходжу да зоркі i ўзнагародаю маю кожны наступны крок.

РЫБІНА
Заплыўшы ў затоку, лягу-замру між карчоў кашлатых.
Будуць закідваць рыбакі ў затоку блешні, кручкі, запускаць браднікі, бучы, будуць выцягваць рыбакі з затокі падманутых рыб...
Старая мудрая рыбіна, я прадчуваю ў сабе чалавека, i разважаю пра сэнс жыцця, i пытаюся ў сэнсу, чаму ў сваім рыбіным целе не можа быць рыбіна чалавекам, i не паддаюся на хітрыкі рыбакоў.
Некалі, ужо нежывы, я выплыву на паверхню затокі — i ўсе рыбакі, што ўбачаць мяне, пашкадуюць уголас: авох!..
Такая вялікая рыбіна — i прапала!..
Такая вялікая рыбіна — i не дасталася анікому!..
I я гэтаксама тады пашкадую пра гэта сэнсам, агульным для рыбін i для людзей.

АБСЯГ
Дакуль дасягае мой слых i зрок — датуль мой абсяг. Ён маё прадаўжэнне, мой поступ, мая заваёва.
Я вынаходжу ўсё больш магутныя тэлескопы, усё больш чуйныя гукапрыёмнікі — я ўвесь час пашыраю свой абсяг. Ён ужо займае не толькі зямлю, a велізарныя галактыкі i сусветы.
Аднак часам я чую, як на межах майго абсягу перагаворваюцца галасы:
“...Небарака, ён яшчэ ўсё на месцы...
Ён яшчэ ўсё ніяк не можа пераступіць свой абсяг...”

ЛАБАРАТОРЫЯ
У лабараторыі зачынены шчыльна дзверы i занавешаны вокны — сюды не праходзяць староннія людзі, староннія гукі, старонні час...
Тут у гліняных вазонах красуюць ружы, ляжыць на стале наламаны кавалкамі хлеб, плаваюць у вадзе сярод водарасцяў зялёных рыбы,
a ў празрыстай шкляной абалонцы стаіць шаравая маланка, нібы паланёны, увесь з суцэльнага вока, звер...
У лабараторыі, усе на месцах, зкаходзяцца пэўныя лвддзі.
Тут дзейсніцца беслерастанна адзін i той самы дослед, праводзіцца адзін i той самы эксперымент:
ці дастаткова вазоны — вазоны, ці дастаткова ружы — ружы, ці дастаткова стол — стол, ці дастаткова рыбы — рыбы, ці дастаткова вада — вада, ці дастаткова маланка — маланка, ці дастаткова хлеб — хлеб, i людзі, якія праводзяць дослед,— ці дастаткова людзі...
Яны сумняваюцца ва ўсіх рэчах,
яны сумняваюцца ва ўсіх з'явах,
яны сумняваюцца ў адчуваннях, у думках i нат у сваіх сумненнях,
a вынікі доследу настойліва адкрываюць ва ўсім, што ні ёсць тут, адно i тое ж:
н i ш т о.

МЯЖА
З левага боку — поле, i з правага — поле, а проста — мяжа:
на ёй божыя слёзкі, на ёй сівец,
i бацька, панурыўшы галаву, стаіць на мяжы з касою.
Даўно ўжо стаіць — заржавела яго каса,
счарнела касільна,
праз скошаную траву прарасла маладая...
І чуць ён не чуе, як б'е капытамі зямлю i гучна іржэ на двары буланы,
i бачыць не бачыць, як ззяе на небе адразу два месяцы — ветах i маладзік.

ЛУЖЫНЫ
Збіраюцца парушэнні.
Мяшаюцца поры года.
Як дым, па наўколлі паўзе трывога.
У лужынах млее вада — a людзі не вераць вадзе,
у лужынах грае сонца — a людзі не вераць сонцу,
у лужынах плёхкаюцца аблокі — а людзі не вераць аблокам.
Яны пазіраюць, куды ўжо зайсці немагчыма,— удалечыню.
Там, па дарозе, па лузе, ад лужы да лужы, пасля дажджу, бягуць басаногай чародкаю дзеці, смяюцца, нагамі намацваюць неба, вясёлку, плыты аблок i не баяцца нічога.
Гэта было да таго, як выпаў аднаго разу шкляны дождж,
гэта было да таго, як павыступалі з зямлі нажы i іголкі,
гэта было да таго, як свет стаў раптам дарослым.

* * *
Абуджаюся i засынаю,
a ўсё няпоўны мой сон, усё няпоўнае абуджэнне...
А па вуліцы туды-сюды пахаджае, бы штосьці яна шукае, жанчына:
у плюшавым каптане, у паркалёвай хустцы, з абломкам сярпа ў руках...
Усе на яе азіраюцца,
усе ёй здзіўляюцца,
усе стараюцца распазнаць, хто яна,
i ўсе страшацца, што сапраўды распазнаюць.

СТАРЫ ГОРАД
На ацішэлых падворках, ля гонты i чарапіцы, квітнее ружовы i белы бэз i асвятляе сваім цвіценнем, сваім разуменнем горад, што паглыбляецца ў даўніну.
Кашлаты дзядоўнік натоўпіцца каля паркана:
кожная лапушына — шаля,
кожная лапушына — голас,
кожная лапушына — далонь:
наноў разважае зялёнае веча, наноў узважвае думнае веча кошт смерці i кошт жыцця...
Пакінулі апошнія жыхары свае дамы-мураванкі, свае драўляныя хаты з аканіцамі i ліштвой i ўсё, што мелі, што нажывалі, што памяталі, што снілі, пабралі ў пярэбары, у перасяленне, у новы кут...
Ды нехта ўсё роўна сюды вяртаецца неадольна,
нешта ўсё роўна тут, быццам колісь, жыве:
тут раптам зазвоняць званы трывожна,
зацокаюць раптам падковы па бруку,
раптам дзіця заплача,
раптам некага нехта пакліча, i той адгукнецца ў адказ...
Тут пласт на пласце, на падмурку — падмурак.
Тут свае таямніцы, свой радавод, свой лад.
Тут нешта тоіцца, нешта хаваецца, нешта ўхіляецца ад разгляду...
Падводзіцца да старога горада вузкакалейка.
Па старым горадзе ходзяць узброеныя патрулі.

АДЛІГА
Жоўтыя ліхтары.
Туман.
Гракаюць гракі ў парку,
i дрэвы гатовы паверыць, што ўжо не будзе зімы.
Нешта скранулася ў наваколлі, нешта адтала.
I намагацца ўжо дужа не трэба,
i засцерагацца дужа не трэба,
сталі спрыяць акалічнасці неспадзявана,
зрабілася ўсё бліжэй,
зрабілася ўсё прасцей,
жыццё пачало атрымлівацца само сабою.
Пятая пара года — адліга. Што забіралі ўсе іншыя поры, яна вяртае:
i зноў магчыма сустрэча,
i зноў магчымае шчасце,
i зноў магчымая неўміручасць.
Распаліся жорсткія сковы, што замацоўвалі ўсіх на адным i тым самым месцы, у адных i тых самых паставах — i пачал! адкрывацца нанова, якскарбы, людзі.
Высачы момант — i азірніся, i ў гэты кароткі прамежак ты ўбачыш сябе, што не паспеў яшчэ стаць мінулым.
Гукаюць нейчыя галасы.
Кранаюць нейчыя лёсы.
Адліга.
Туман.
Жоўтыя ліхтары.

РАСКОЛIНА
Дарога, якая мяне вяла, павярнулася папярок i стала расколінай.
Калі не бяру яе пад увагу — яе нібыта нідзе няма,
калі намерваюся перабрацца на той, на другі, на адрынуты бок жыцця — яна пашыраецца на ўсё наваколле.
Я пераходжу трыдзевяць зямель,
адольваю рэкі, пустыні, горы,
ды сутнасць у тым безумоўным, у тым канчатковым, у тым адным кроку, які мне дазволіць пераступіць...
— Скокні,— мне раіць адзін мой сябрук,— i ты пераскочыш, мажліва, на той бок расколіны.
— Спыніся,— стрымлівае другі,— і, мажліва, яна сама ад цябе адступіць.
Настае ноч — сябрукі засынаюць.
Сціхае вецер.
Сутоняцца хаты, дрэвы, платы.
А пад зямлёю, унізе, вясёлая музыка грае,
a ўверсе, па-над зямлёю, зораць вогненныя масты.

* * *
Прымаю тое, што ёсць, i не прымаю таго, што ёсць.
Перашкодаю, што ўва мне, наштурхоўваюся на перашкоду, што прада мною.
А за маімі плячамі стаіць мая неадольная абарона — смерць —
i кажа: змагайся,
i кажа: перамагай.
Што можа ўва мне паражацца, бярэ параза.
Бярэ, што можа ўва мне памерці, смерць.
Знаходжу выйсце ў бязвыйсці. Пакуль не шукаю ратунку — не маю страты.
Пакуль не турбуюся аб сабе — магутнейшы за сябе.
П'ю з кубка нябёсаў нектар, п'ю з кубка зямлі атруту.
Зычу сабе асалоды i зычу сабе пакуты, зычу дабра i зычу таксама зла.
А прад маімі вачамі цвіце i хаваецца за сябе самое, i разнастайваецца жыццё — мая неадольная перашкода —
i кажа: змагайся,
i кажа: перамагай.

ЧАРАВІКІ
Мы ўцяклі: адзін ca сваёй рэчаіснасці, другі — са сваёй, a ў часе ўцёкаў сустрэліся.
— Давай памяняемся чаравікамі,— прапануе мне мой хаўруснік.— Калі нас будуць лавіць, то зловяць якраз не таго, каго хочуць.
Ён абувае мае чаравікі, а я — яго, i мы, хто — куды, разыходзімся.
У жоўтай глёўкай зямлі застаюцца сляды ад маіх чаравікаў i ад яго чаравікаў.
Hi цемра, ні светлыня.
Стаіць нерухомая постаць часу.
На небасхіле ўспыхваюць бліскаўкі небяспекі.
За мной — крок у крок — ідуць чужыя сляды.
Я не магу ад ix анідзе падзецца.
Куды нас імкнуць уцёкі?!.
Ён ловіць мяне, я — яго.

СТУДНЯ
Прагну вады.
Але каля студні сядзіць вартаўнік i не дае мне напіцца.
Ён зазірае ў студню i кажа: «Дзівіся!..» Студня глыбокая-глыбачэзная, i светлая ў ёй вада, i яна — мне здаецца — уздрыгвае, быццам сэрца, i падымаецца да паверхні.
— У ёй відаць твая смага,— кажа мне вартаўнік.— Як толькі яна ў табе дойдзе да самага краю, усё пераменіцца ўвачавідкі: вада перальецца праз верх, i ты тады зможаш напіцца ўволю, але дагэтуль — не...
Я веру вартаўніку,
я веру студні,
я веру свайму нераспазнанаму прызначэнню —
i гатовы трываць, колькі трэба трываць,
i гатовы гарэць на нябачным вогнішчы смагі, колькі трэба гарэць. каб споўніць, што мушу i што магу...
Над студняй стаю, i сам я падобны да дзіўнай студні, што ўсёю сваёю істотаю прагне вады, a глыбінёю апошняю — смагі.

ДАЛЕЧЫНЯ
Далечыня падступае i адступае, i ўсюды замест яе застаю сутонлівую зямлю, засяроджаную ваду, шурпатыя дрэвы.
Я ў ix дапытваюся пра далечыню.
Кажа зямля: гэта — мой слых.
Кажа вада: гэта — мой зрок.
Кажуць дрэвы: гэта — наша дыхание.
Я паварочваюся наўкола.
Я магу быць адначасова толькі тут, дзе стаю, дзе ўжо ёсць.
Далечыня — мой страчаны рай: ён адлюстроўваецца снамі i міражамі.
Я разаслаў удалечыню па розных кірунках стрэлы, а стрэлы вяртаюцца, цэлячыся ў мяне.

ДАРЭШТЫ
У левую руку мне даюць паразу, але ў правую я паспяваю ўзяць перамогу.
Тады ў правую руку мне даюць радасць, але я працягваю левую руку i бяру скруху...
У мяне пытаюцца: хто ты? — i хочуць спыніць.
Я не адказваю i не спыняюся.
Засяроджанаю душою я намацваю дрогкую лінію сэнсу, па якой мушу ісці дарэшты.

АПОШНІ ЧАС
Зоркі перакульваюцца i выліваюць на нашы палеткі смалу i cepy,
перуны выбухаюць над нашымі гарадам!,
хістаецца сонца...
Нам боязна, нам неспакойна,
мы яшчэ шчыльней прыпадаем да зямлі,
яшчэ мацней учаперваемся ў нашы заняткі i рэчы
i не адважваемся паглядзець вышэй за сябе
i зразумець, што ратунак перашкаджае...
А сонца расхіствае нашы дні,
a зоркі ўрываюцца ў нашы развагі,
а перуны заглушаюць нашу размову.
I ўсё настае, i ўсё ніяк не можа настаць той час, той адзіны час, які для нас існуе сапрaўды,— апошні.

ШЭРАНЬ
Я чую шмат слоў.
Бачу мноства людзей.
Усе яны кажуць, што трэба адрозніваць няшчырасць ад шчырасці, уяўнасць ад праўды, намер ад здзяйснення, клопат пра аднаго сябе ад клопату пра ўсіх іншых...
Але цяпер зіма.
I словы, i людзі, i ўсё наваколле захутаны ў шэрань.
I сухадрэвіны не адрозніваюцца ад дрэў.

МЭТА
Перада мной паўстаюць аснежаныя горы, цякуць стромістыя рэкі, рассцілаюцца пагібельныя балоты...—
колькі я ix адолеў?!.
Колькі мушу адольваць зноў?!.
I няўжо на самой справе мушу?!.
Я спрабую паразумецца са сваімі жаданнямі, пераправерыць мэту, удакладніць шлях —
i заўважаю, як неўпрыкмет, паступова пачынае мяняцца воблік мясціны,
як у залежнасці ад маіх жаданняў, ад мэты, якую я выбіраю, перастаўляюцца горы, знікаюць балоты, паварочваюцца рэчышчы рэк...
...Я — мэта, што тоесна перашкодзе.

ДРЭВЫ
Блукаю па веснавых гарадскіх завулках:
спыняюся каля кожнай сядзібы,
вітаю кожнае дрэва...
Дрэвы — страчаныя мае браты,
дрэвы — страчаныя мае сёстры.
Якія магілы ляглі між намі?
Якія адлегласці i небасхілы?
Нічога не ўтойваюць дрэвы: як загаворыць да ix наваколле, так яны адгукнуцца: улетку — па-летняму, зімой — па-зімоваму i па-веснавому — вясной.
Іx загароджваюць людзі, прысвойваюць сабе людзі, але яны не належаць нікому, належаць ягады i садавіна, належыць драўніна, а дрэвы — не...
Не перастаю ўсё нанова вяртацца ў наступныя вёсны,
не перастаю ўсё нанова пытацца, што ведаюць дрэвы пра наш, чалавечы, лес...
Прыходзіць у сон мой балесны маці i дастае з-за пазухі яблык: «Калі будзеш есці — ён будзе горкі, a калі з'есца — стане салодкі, у ім разуменне: бяры, каштуй...»

ЗДАРЭННІ
З неба на мяне падаюць вогненныя жарыны, манеты старажытных княстваў, жабы i рыбіны, рознакаляровыя камяні;
зямля пад маімі нагамі перакідваецца то ў багну, то ў пясчаную пустэльню, то ў могілкі дыназаўраў;
a калі мы праходзім паўз вёскі, то на платы ўскокваюць галасістыя пеўні, а з-пад платоў да мяне сігаюць куслівыя сабакі i гусакі.
Здараецца, я смяюся ад захаплення, здараецца, плачу ад болю i крыўды. Але ззаду за мною неадступна рухаюцца два мае пастухі — манекены, якія бароняць мяне ад незлічоных неспадзяванак.
— Мы можам памяняцца месцамі,— прапануюць мне манекены,— i тады нічога не будзе здарацца.
Я адмаўляюся.
Я па-ранейшаму ўсё сустракаю першы, i па-ранейшаму свет размаўляе ca мною на мове здарэнняў.

РОЛІ
Той, хто ідзе па гэтай дарозе, выконвае ролю, якую дае дарога:
воін ваюе,
музыка грае,
купец гандлюе,
лепіць гаршкі ганчар...
Але калі прыходзяць яны ў канец, канчаюцца іхнія ролі: воін ужо не воін, музыка ўжо не музыка, ганчар ужо не ганчар, i не купец — купец, a ўсё гэта толькі ўмовы, толькі няпростасці той дарогі, якую яны — усе па- свойму — прайшлі.
Хіба, каб адолець дарогу спаўна, канчаткова, дарэшты, трэба спаткнуцца аб кожны камень, зваліцца ў кожную яму, патрапіць у кожны след?!.
Хіба трэба кожнаму быць адразу i гэтым, i тым, i вось тым, i вось гэтым?!.
Альбо наогул не быць нікім?!.
Нічога нікому не хоча тлумачыць дарога, зноў раздае яна новыя ролі, зноў запалоньвае ўсіх сабой...
Зноў будзе музыка натхняцца, што ён музыка,
купец — ганарыцца, што ён купец,
воін — даказваць, што ён воін,
ганчар — пераконвацца, што ён ганчар...
Зноў яны будуць здзіўляцца, што людзі — людзі i што неўзабаве — канец.

ПАДЗЕЛ
Я аддзяліў слодыч ад горычы, асалоду ад пакуты, рай ад пекла —
i кветкі сталі мяне паіць толькі салодкім нектарам, а дрэвы частаваць толькі райскімі яблыкамі.
Але чым далей, тым з усё большай трывогай я ўслухоўваюся ў тую другую палову падзеленага мною свету.
«Яшчэ не позна,— мне шэпчуць нейчыя галасы,— выпі кубак горычы, якою перапоўніліся кветкі,— i яна ацэліць цябе, саступі ў пекла — i яно цябе выратуе...»
Я вагаюся, тулюся ў сваю палову i не адважваюся зразумець, што я ўжо асуджаны.

АПОРА
Нам няма на што абаперціся.
Крышталі пэўнасці, на якія мы ўскладалі такія вялікія спадзяванні, нечакана пераўтвараюцца ў ластавак i шпакоў i імкліва адлятаюць ад нас.
У вырай,— збянтэжана разводзім мы рукамі.
I мы нічога не можам зрабіць з гэтым неспасціжным выраем,
не можам яму запярэчыць.
Мы жывём у свеце, дзе вечар змяняецца раніцай, вясна — восенню, жыццё — смерцю,
дзе час рухаецца ў адзін бок,
дзе адзіная адвечна ўстойлівая апора — гэта страчванне яе:
в ы р а й.

CIHI ТУМАН
Ізноў вясна.
Я стаю каля сваей хаты.
Ціха ў дварах: не бразгаюць вёдры, не размаўляюць людзі, не брэшуць сабакі i не сакочуць куры.
А ў канцы вуліцы, быццам спусціліся на зямлю нябёсы, сінее туман:
у ім я бачу аднавяскоўцаў, бачу сваіх сяброў, бачу сябе самога...
Я думаю — не надумваюся, i няма ў каго папытацца, як гэта так адбылося, што я не з усімі, што я падзяліўся надвое, што я не ў вясне i ў вясне...
Тужыць i радуецца мае сэрца.
Цвіце ў канцы вуліцы сіні туман.

КАМЯНІ
Што ты скажаш цяпер? — пытаюцца ў мяне камяні, калі мяне спасцігае якая няўдача, калі здараецца ca мною якая неспадзяванка.
Яны пытаюцца, яны цешацца, яны ганарацца сабой, яны цяпер адчуваюць сябе мудрэйшымі за ўсе мае аргументы, якія я ім прыводзіў, за ўсе мае ўчынкі, якімі даводзіў, што быць людзьмі лепш...
Я пастаянна казаў, што меў,
я пастаянна кажу, што маю,
нічога не ўтойваючы,
нічога не пакідаючы на чорны дзень;
мае канчатковыя аргументы тут — у кожнай хвіліне, у кожным дні, ва ўсім маім існаванні.
A камяні мяркуюць, што я жабрак, што я жыўлюся чужым, шго нічога свайго не маю...
Яны закрываюцца ад мяне:
у іхняй закрытасці — іхняя моц,
у іхняй закрытасці — ix каменнасць.
Я вучу камяні быць людзьмі.
Я ix прасвятляю сабою.
Дзень, калі яны адкрываюцца мне,— мой скарб.
Дзень, калі яны закрываюцца ад мяне,— чорны.

РАЗАМ З ТРАВОЙ
Лёгшы ў траву, забываюся, як мяне зваць i навошта я ў гэтым свеце.
Шчыльна мяне абступае трава.
Гэта — наша сустрэча, тэта — наша паразуменне: колькі разоў я намерваўся, але ні разу дагэтуль яшчэ не сустрэўся з травой, усё замінала нешта, усё нешта аказвалася бліжэй.
Чую: здалечыні мяне клічуцьгукаюць клопаты i абавязкі, якім прызначаў я на сёння сустрэчу.
Я голасу не падаю, я ляжу ў зялёнай траве i ўпершыню разумею, што я адначасна ёсць i не ёсць, што я адначасна прысутны й адсутны, усюды i тут...
Быццам воблака, мяняючыся на вачах, кудысьці сплывае мае аблічча, якое ўмела так шмат: гневацца i разважаць, засяроджвацца i ўсміхацца, прасіць прабачэння i пагарджаць, нідзе не знаходзіць сабе прытулку i ўпісвацца ў розныя асяродкі.
Дыхаю разам з травой;
слухаю разам з травой, як наплывае ціша;
разам з травой назіраю, як сціраецца растае ў чыстым небе той цень, тое воблачка, тая кропка, якая ўсё парушала сабой i ўсё дзяліла надвое...
I няма ў мяне сёння іншага клопату, іншага абавязку, як проста быць — разам з травой.

ПАВЕРХНЯ
Паверхня раскрэслена на трохкутнікі, ромбы, кругі...
Каб трапіць у глыбіню, я набіраю паветра ў грудзі i бяру ў рукі камень.
Але глыбіня ўхіляецца ад мяне. Самае большае, што я магу дасягнуць,— гэта новай паверхні: дна.
Няўжо такая мая ўласцівасць, такі мой знак: усё, што асвойтваю, усё, што кранаю,— пераўтвараць у паверхню?!.
Жыву на паверхні зямлі, i вады, i агню, i паветра,
i цела — паверхня майго жыцця, i розум — паверхня цела.
Паверхняю — разважаю, паверхняю — разумею, паверхняю — мераю глыбіню...
Ледзьве жывы, выбіраюся я на бераг.
Мяне абступаюць знаёмыя трохкутнікі, ромбы, кругі...
Цяпер я ў бяспецы, цяпер я дома...
Апе вагаецца ўва мне неспасціжная глыбіня i прымушае вагацца паверхню.

ЧОРНЫ АБРАЗ
У маіх руках абраз, на якім няма ніякай выявы, ніякіх рысаў,— чорны драўляны абраз.
Я трымаю яго перад сабою i разам з ім павольна ўзлятаю па-над падворкамі, па-над жоўтымі асеннімі дрэвамі, па-над прасторліваю зямлёй...
Я ведаю, на што здатны мае мажлівасці — яны маюць свой колер, свае абліччы i свае межы, але мяжа маёй немажлівасці, дзе яна?!.
I ці ёсць яна?!.
Чорны абраз.
I нямыя прадонні космасу, дзе гараць, не згараючы, сонцы.

НА ДРУГІ ГОД ВАЙНЫ
На другі год вайны не вырасла жыта на полі, не вырасла бульба, a выраслі лозы.
Узяўся я дзерці з лозаў кару — а яны з жалеза,
узяўся сякераю секчы лозы — стала з ix сыпацца на зямлю жалезнае зерне,
узяўся выкопваць лозы рыдлёўкай — стала выкопвацца з-пад каранёў жалезная бульба.
Хто будзе есці жалезнае зерне?
Хто будзе есці жалезную бульбу?
Кажа бабуля: вайна.
А я спрабую сам разгрызці тыя зярняты,
спрабую сам угрызці бульбіны тыя,
каб самому зрабіцца жалезным, нібы вайна, i павыдзіраць жалезныя лозы з поля.

ЗМЕІ
Бацька разворвае поле.
Па баразне, ўслед за плугам, пхнуцца гурмою куры i дзяўбуць дажджавых чарвякоў.
Іx шмат у раллі. Але сярод ix вылучаюцца два велізарныя чарвякі, ад якіх у спалоху куры ўцякаюць.
Ды гэта не чарвякі, а бялёсыя слізкія змеі. Яны сыкаюць — джалы выстромліваюцца з іхніх пашчаў.
З копашкаю ў руках да ix бяжыць Тэкля. Шпаркімі ўзмахамі яна сячэзабівае адну змяю, але другая тым часам кудысьці знікае...
— Там, пад зямлёю, у іх гняздо,— паказвае копашкай Тэкля.
А бацька варочае ўжо каня з таго канца поля ў гэты канец
i новаю баразною заворвае, што ўзараў перад гэтым —
i дажджавых чарвякоў, i тую змяю, якую Тэкля пасекла, i тую, якая схавалася пад зямлю.

СЛЯДЫ
Ты ўжо мінуў,— гаворыць мне вечар.
Ты яшчэ не настаў,— гаворыць мне ранак.
Я мінаю i настаю, i неадступна мае сляды цягнуцца ўслед за мною.
Ці ёсць паміж днямі прадонні, а паміж хвілямі — ямы?!.
Калі я спыняюся — паміраю,
калі ажываю — перамяшчаюся па паверхні, i час адлучае мяне ад мяне, i месцы перамяшчэння ўсё нешта маюць наўвазе...
Ты зноў узыходзіш, сонца!..
Ты зноў паміраеш, ветах!..
Такі ў чалавека клопат, такое выйсце:
сабою — дапытвацца,
сабою — адказваць,
сабой — спалучаць пачатак i завяршэнне.
Дзівіцца, выйшаўшы з хаты, стары мой бацька на дрэвы — якія цвітуць...
На вуліцы хлапчаня клянецца перад сябрамі: «Каб мне не сысці з таго месца...»
Я ведаю шмат, не ведаю аднаго.
Мой цень пільнуе мяне.
Змяркаецца ранак, світае вечар.
I набракаюць крывёю мае сляды.

ЗБРОЯ
Таго, хто бярэцца за зброю, зброя таксама забірае і абавязвае, каб ён укладаў у яе сваю змогу, сваё ўменне, свае жыццё.
Зброя пад забаронай: да яе нельга звяртацца, каб адплаціць за крыўду ці за абразу, нават калі свярбяць рукі, але калі да яе звяртаецца той, хто крыўдзіць і абражае,— яна найлепшая абарона.
I з аднаго, і з другога боку зброя з'ядноўвае ўсіх, як сяброў, як братоў, але паміж самімі гэтымі бакамі разворвае баразну барацьбы.
На зброі зазубрыны, аднак вызвоньзае ў ёй старадаўняе — «зубрынае» — высакародства бронзы.
Зброя: на полі бою разбураны бор целаў, над полем бою абразовы рой душаў.

СПАДЧЫНА
Калі яна цяжар — тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць — тады яна гоіць,
калі яна знясільвае — тады дае сілу...
— Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба,— перасцерагае мяне першы анёл.
— А без яе зноў упадзеш у мінулае,— перасцерагае другі.
Я ix абодвух разумею.
Пісягі i апёкі на маім целе.
Віхуры клічуць мяне падужацца.
Зямля — частка мяне.
I агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.

ПЛЫНЬ
Ноччу прыйшла вада — i аддзяліла цела ад цела, слова ад слова, сушу ад сушы, жытло ад жытла,
i ператварыла вуліцы ў рэкі.
Тулячыся да платоў, мы ідзём i ідзём уздоўж плыні i адыходзім кудысьці далека, дзе плынь замірае на месцы, а мы пачынаем плысці, як дагэтуль яна сама,—
усё незваротней, усё непазбежней, хаця адзінае, што нам трэба, дык тэта — перайсці на той бок.

ПЛАНЕТА МЕТАМАРФОЗАЎ
Зайшло сонца — i ў небе ўзышла тая загадкавая планета, якая займае наш розум,
якая прыцягвае нашы пагляды,—
планета метамарфозаў.
Па прыхаманлівых нейкіх законах, нібыта яна выпраменьвае свае ўспаміны ці сны, на ёй час ад часу ўзнікаюць постаці наскіх, знаёмых істотаў:
льва,
чалавека,
птаха,
быка.
Што яны азначаюць?
Чаму ix столькі?
Можа, яны нешта сведчаць пра нас, што кевядома i нам самім?
Мы нацэльваем на тую планету свае тэлескопы,
шлём да яе сваіх астранаўтаў —
i зблізку, адлегласць адолеўшы, расчароўваемся-распазнаём:
гэта не бык — а зямля,
гэта агонь — а не леў,
гэта не птах — а паветра,
не чалавек — а вада.
Але запаноўвае ноч — i знікае асвойтаная адлегласць, i ў нашым няўзброеным зроку зноўку ўзнікаюць яны — постаці льва, чалавека, быка i птаха, змушаючы нас разумець больш, чым бачым, i бачыць болей, чым разумеем цяпер.

* * *
Гавару, услухоўваючыся ў саму гаворку: што ў ёй?!.
Гляджу, углядаючыся ў само ўгляданне: што ў ім?!.
Думаю, удумваючыся ў самі думкі: што ў ix?!.
Побач са мной, леваруч, ступае драпежны звер, праваруч — непахібны робат,
наперадзе ззяе сонца,
ззаду чарнее цень.
Чым больш я адзіны, тым больш усіхні,
чым больш непаўторны, тым больш увабраў у сябе паўтораў,
чым больш неўміручы, тым болей адкрыты смерці,
чым больш старажытны, тым больш малады.
Мерае чалавека меркай адною зямля, адваротнаю — неба, i меркай двайною сам сябе чалавек.
Звер зыркае на мяне сваім грозным вокам, а робат адну за адной называе лічбы, то адымаючы ад мяне, то прыкладаючы да мяне суму звера i суму сябе...
Я — слова, што вучыцца гаварыць,
думка — што вучыцца думаць,
жыццё — што вучыцца жыць.

ЯНЫ
Людзі, што мне сустрэліся ўчора i пазаўчора i што сустракаюцца сёння...— уваходзяць яны ў мой лес, быццам яны гэта я таксама.
Нават калі я адводжу вочы — яны ўсё адно глядзяць на мяне,
нават калі не растульваю вуснаў — яны ўсё адно ўступаюць ca мною ў размову.
Вось яны, вось: то хаваюцца ў цёмныя нетры майго забыцця, то аб'яўляюцца на белым полі маёй увагі.
Але чаму з разнастайнага мноства якраз яны?
Чаму менавіта яны — яны?

У ЛЕСЕ
У лесе дрэвы i людзі: той, хто стаіць нерухома на месцы,— дрэвы, той, хто блукае,— людзі.
Збочвае поле ў лес, i збочвае ў лес лагчына.
Быццам заклятае дрэва, ляжыць каля ног маіх цень.
Сцежкі, якія ўва мне, упадаюць у сцежкі, якія ў лесе.
Каб адшукацца, трэба спярша згубіцца.
A таямніца ў самай сярэдзіне нетраў трымае відушчы ліхтар.
Куды б ні ішоў — я вяду за сабою лес.
Дзе б я ні быў — застаюся ў лесе.
А словы складаюцца разам i паўтараюцца бесперастанку: лес — лес.

ATABА
Кашу траву, якую касіў перад гэтым,— атаву.
Дыхае восень.
Туманіцца лета.
Кранае званы далячыняў туга.
Незаўважна расце трава, незаўважна мяняюцца поры года.
З аднаго канца лугавіны скіроўваюся ў другі канец лугавіны.
Час, як траву, мяне росціць i час, як траву, мяне косіць, i смерць становіцца нараджэннем, якое нічога не памятае пра тое, што было перад ім.
Спяшайся расці, трава,
спяшайся, адна палова імгнення, злучыцца з другою паловай,—
каб спраўдзіўся некалі цуд, каб паспелі ўсе нарадзіцца i не паспела смерць анікога скасіць касой.

З КЛЮЧОМ У РУЦЭ
— Ты не ўсё яшчэ ўзяў з сабою,— кажа мне стражнік, калі я спрабую выйсці з падземнага замка.
Я вяртаюся i аглядаю яшчэ раз рэчы, сабраныя тут.
Я не ведаю іхняга сэнсу i прызначэння, i таму наўздагад бяру сабе тое, што нагадвае мне пэўным чынам мяне самога: бронзавага чалавечка з ключом у руцэ.
Аднак i на гэты раз мне не ўдаецца выйсці.— Ты не ўсё яшчэ тут пакінуў,— кажа мне стражнік, але не тлумачыць — што.
І зноў я вяртаюся ў залы падземнага замка, дзе я i вязень, i валадар, i стаўлю свайго чалавечка на тое месца, дзе ён стаяў.
Што мушу я ўзяць у падземным замку i што ў ім пакінуць?
Я бяру й пакідаю, пакідаю й бяру — i апынаюся кожны раз то ў нястачы, то ў лішку.

ГЛІНЯНЫЯ ЧАЛАВЕЧКІ
Зайшоўшы на загуменне, накопваю гліны, мяшаю яе са сваёю слінаю i ляплю, што хоча ляпіцца само,— чалавечкаў.
Гэта — сусед Іван,
гэта — сусед Багдан,
гэта — бацька,
а гэта — маці,
а гэта — я...
Прыходзіць на загуменне сусед Іван, прыходзіць сусед Багдан, прыходзіць бацька, прыходзіць маці i дзіву даюцца, што я ix так добра зляпіў.
— Аднак мы самі,— кажуць яны,— жывыя, а вось яны нежывыя, i калі ты ix не ажывіш, мы гэтаксама з часам станем такія ж, як i яны...
Я стаўлю сваіх чалавечкаў на ногі,
адхукваю ix, бы яны закляклі,
упрошваю ix, каб яны ажылі...
Але не чуюць мяне гліняныя чалавечкі i не намерваюцца ажываць.
Пойдуць суседзі, пойдуць бацькі, а я паранейшаму буду сядзець на тым загуменні,
i думаць,
i мучыцца,
i шкадаваць, нашто я наогул звязваўся з глінай.

* * *
Вобразы вабяць услед за сабою, але памкнуся за імі — i ix растворыць прастора: магчыма, яны проста птушкі, якія адводзяць таго, хто ідзе, ад сваіх затоеных гнёздаў.
Заблытаны сцежкі, якія вядуць i на ўсход, i на захад, але на кожным кроку, усюды, ад ix падымаецца стромкая вышыня, i, падымаючыся над сабою, становіцца розумам цела, i, падымаючыся над сабою, розум становіцца ўсёразуменнем, якое, нібы ваданосныя жылы, сабой насычае i жывіць кожнае слова i кожны крок.
Чалавек — гэта два чалавекі, як дзве далоні, што лепяць суладна снежку ці перакідваюць, каб утрымаць, жарыну: адзін з ix — пачатак, другі — завяршэнне, адзін з ix — выток, i другі — суток, адзін з ix — прычына, другі з ix — вынік, адзін з ix — пытанне, другі — адказ, а паміж імі цякуць, вынікаючы з ix i ўпадаючы ў ix, сусветы.
Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне.
Не скончаны дзень тварэння: зноўку i зноў вылеплівае чалавек сваю лепшую долю.
Дзеліць мяне прастора, з'ядноўвае час.
Калі чалавек сустрэнецца з чалавекам?
У бездані памяці мгліцца бяссонны ліхтар.
Пачакай, памарудзь, адпусці жаданне — i ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усіх, i вернуцца да цябе тыя птушкі, якія не ловяцца, калі ix ловіш, якія хаваюцца, калі ix шукаеш, i ты пачуеш: у кожнай птушкі — твой голас, i ўбачыш: у кожнай птушкі — твой твар.

КВАНТЭМЫ


* * *
руіны запарушваюцца
рунь
уваскрашае руны,
неба блізка
* * *
сам-насам з незавершанасцю
што
пярэчыць перамогам
бездань ззаду
* * *
апрануты ў прамень
ніжэй зямлі
жаданняў джалы
* * *
твар вераду
ўзіраецца
углыб
не маю месца
вернутая вера
* * *
у нетрах сэрца
горкае карэнне
цень цішыні
* * *
дапытваецца смага
напрасткі
у пекле існы
парастак зялёны
* * *
ахрышчвае палёт
па-за сабой
адшукваюся
леташнія гнёзды
* * *
адлюстраванні множацца
мажлівы
серп на мяжы
* * *
у тоесамнай постаці
уздоўж
пільнуе агароджа
тут адсутны
* * *
кірункі скрыжаваныя
у скон
прысвечаны
адрозніваю зоры
* * *
пярэчаць рэчы
гіну ў гліну
твар
навыварат
* * *
жыўлюся немажлівасцю
цвікі
нацэльваюцца
ўпартая апора
* * *
вясткуюць папярэднікі
услед
настойліваму целу
ветах свеціць
* * *
ахвяры абуджаюцца
нажы
з ядаюцца іржою
чую рэха
хлеб аржаны
* * *
у горадзе радовішчы
дзе родзіч
дзіравы посуд
пасткі ў пустаце
* * *
над межамі імжа
спажытак кажа
каменням мякка
манекен чужы
* * *
скы маюць вочы
ў чэрапе пячор
нераспазнаны прашчур
сёння позна
* * *
празрысты цень
праз цела нацянькі
страла спявае
* * *
сцізорыку карціць
з крыніцы прысак
збяруцца ўраз
абразы
месца досыць
* * *
адольваю адлегласці
цаны
сабе не маю
у сцяне каменне
* * *
развязваецца вузел
вязні зла
у помсцеспеюць
месяц у лязе
* * *
даведваюся кошты
на сваім
настойваюць nay торы
вечны лішак
над гарадамі воблакі
ў зямлі
блукаюць норы
раптам старажытны
* * *
варочаюцца жорны
зноў малы
цярплю цяпер
вымольваецца выйсце
* * *
прадбачыць сон
час іншыцца
ўначы
ў насення вочы
* * *
палічаны спачатку
чалавек
насупраць частак
частае аблічча
* * *
у каменя імя
знікае замак
імгненні — вокны
раюся з травой
* * *
загойваюцца сны
ураздарож
сустрэчы вабяць
вострая самота
* * *
у садзе дрэвы
дзверы дзесьці
дзеці
шукаюць асалоду
звер услед
* * *
праз шкло павелічальнае
нябыт
глядзіць людзьмі
падобныя адбіткі
* * *
у смерці мера
свечка растае
старое веча
* * *
прадонне з крыку
ноч у дні —
крумкач
трымаецца ў руцэ
галінка лёсу
* * *
маўчанне
мучыць
меч
ерэтыкі
ратуюць веру
ад шчыта пачатак

ПУНКЦІРЫ


*
У вечаровым аўтобусе
чуваць урыўкі людскіх размоў...
Зрэшты, усе размовы
урыўкі чагосьці.
*
Кружацца ўвышыні буслы —
неўзабаве вырай.
Пазіраем на ix —
i паглядам адлюстраваным
бачым сябе.
*
Наведваюся ў мясціны,
дзе ўжо некалі быў,
і не ведаю, як растлумачыць
дрэвам, людзям, сабе самому,
што ўжо мяне двое,
i не ведаю, чым запоўніць
прагал паміж мною гэтым i тым.
*
Не сплю. Адліжна. Поле
туманіцца ў акне.
Міжчассе — ў наваколлі.
Міжчассе — ува мне.
*
Ты адчуваеш кроўна
душу сваіх патрэб.
А вагам усё роўна,
што — камень, а што — хлеб.
*
Нас рухае нямы
кругазварот нязморны.
У прадчассі плену, мы —
нібы. зярняты ў жорнах.
*
Сваёй дарозе мера —
спрабуй, здзяйсняй, вяршы!..
У будучыню дзверы
не ў часе, a ў душы.
*
Надакучыла хадзіць паводле сваёй хады,
надакучыла ездзіць паводле правіл
дарожнага pyzy,
надакучыла лётаць паводле законаў
аэрадынамікі...
Паклаўшыся на зямлю,
гляджу ў неба —
асвойваю думкаю неабсяжнасць.
*
Запалкі,
пакуль яны не гараць,
проста аскепкі дрэва...
Людзі падобныя на запалкі:
калі не гараць — утульваюцца ў бяспеку,
калі гараць — адтульваюцца для свабоды.
*
Нікога,
хто ў гэты свет прыходзіць,
не абыходзіць доля:
атрымліваюць усе без вынятку
два найвялікшыя падарункі —
жыццё i смерць.
*
Спасцігаю i слова, I справу,
але ўсім жыццём даводзіцца спасцігаць,
што свет, які ты намерваешся здабыць,
ты ўжо здабыў i так —
самім з'яўленнем на свет.
*
Чалавек i правы, i левы —
дзве істоты,
дзве палавіны...
Ён яшчэ мусіць сабою стаць,
становячыся ўсім светам.
*
Карэнне i лісцё.
Бальшак жыцця зямнога.
Цябе сустрэне Усе,
праводзіць Анічога.
*
Згадзіўся,
змоўк,
прывык—
абуты i адзеты...
А патаемны крык
цябе шукае:
дзе ты?!.
*
I выпітая чаша,
i ясны дзень пагас,
i зноў набыткі нашы.
не па-за намі —
ў нас.
*
Час паскараецца,
час набывае ўсё большы разгон,
каб вырвацца
з-пад прыцягнення таго,
што ўжо адбылося.
*
Як стары мудры вуж
шукае вузкае выйсце,
каб скінуць старую скуру —
так i я патаемнай вужовай натурай
шукаю сабе перашкоды,
хаця i пярэчыць гэтаму розум.
На той палявой дарозе,
па якой мне хадзілася легка,
павырасталі горы,
паўтвараліся прорвы....
I гэта з маіх слядоў.
*
Тыя недаробленыя работы
i недадуманыя думкі,
якія я пакідаў на потым,
спадзеючыся, што калі-небудзь
вырашацца яны самі,
так i засталіся на колішнім месцы...
I сёння я ix вязень.
*
Сярод гамонкі анямець,
з паўтораў выбіцца, з кружэння,
i — бы ўваскрошання — хацець
сабе не ўдачы —
паражэння.
*
Спазніўся ўстаць
i спазніўся легчы,
спазніўся пачаць работу
i спазніўся скончыць —
i сталі мяняцца месцамі дні i ночы,
вынікі i прычыны,
i я апынуўся насупраць самога сябе.
*
Калі атрымліваю перамогу —
сцвярджаюся тым, кім ёсць,
калі цярплю паражэнне —
трачуся тым, кім ёсць...
Маю надзею, што некалі навучуся
не гнацца за перамогай
і не ўхіляцца ад паражэння.
*
Гукаю цябе ў мінулым,
гукаю цябе ў наступным —
ты адгукаешся
рэхам майго гукання.
*
Час —
калі адна мэта
слухаецца другую.
Бясчассе —
калі замінае
кожная кожнай.
*
Калісьці мы разумелі,
што такое дабро,
што такое зло,
i напісалі пра гэта кнігі.
Цяпер мы разумныя тым,
што напісана ў кнігах,
але самі дабро ад зла
адрозніць не можам.
*
Такі рухавы малы —
што амаль што выслізгвае ca свету,
такі нерухомы. стары —
што свет амаль што выслізгвае ад яго.
*
Навокал праталіны.
I толькі тую сцяжыну,
якой мы заўсёды хадзілі з табою,
не адпускае зіма.
*
Нямы i шматгалосы,
аспрэчваю свой след.
A ўвышыні нябёсы —
як вьішні запавет.
*
Сяджу дома —
не падарожнічаю, не вандрую.
Падарожнікі апавядаюць
пра свае ўражанні i назіранні —
назіраю адно за імі.
*
За крок да ўдачы
спынюся,
за хвіліну да перамогі
паглыблюся ў одум...
Сябры ўздыхнуць i адыдуць прэч,
жыццё ўсміхнецца i спыніцца побач.
*
Усё мінае,— сказаў мудрэц,
i ўсе з ім згадзіліся.
Аднак засмяяўся непадалёку дзіцёнак,
i ўсе, азірнуўшыся, ўспомнілі:
i настае.
*
Мы — насенне жыцця.
Мы вырастаем людзьмі.
Аднак бесперастанку шукаем
i час, i месца,
каб вырасці цэлым светам.
*
На людзях ці ў глушы
ты й шчасны, ты й балесны.
Усё месціцца ў душы,
а ёй усюды, цесна.
*
Аблокі-цемратворцы
акрыюць неба твар.
Убач сябе, празорца!..
Змажы сябе, змагар!..
*
Бы выпаду з
з гнязда сэрцабіцця...
Што скажаш мне, бяссонне,
аскепак небыцця?!.
*
Снег растае.
Шкада —
i яго,
i сябе чамусьці.
*
Сакавік.
У сё паварочваецца ў наступнасць,
Праз чорнае голле блішчыць
востры маладзічок.
*
Вяртаюся да ранейшых размоў,
да ранейшых сустрэч,
магчымасцей i абавязкаў —
каб узяць тое, чаго не ўзяў,
каб пакінуць тое, чаго не пакінуў.
*
Жыву між зямлёю i небам,
каб стаць з цягам часу
асобна зямлёй
i асобна небам.
Цяку ад таго, дзе быў,
кім быў,
кім не стаў...
А яно даганяе мяне берагамі.
*
Калі твая будучыня
сумесціцца з будучыняю сусвету
усе славы дарэчы,
усе ўчынкі да месца,
усе стрэлы ляцяць у цэль.
*
Азірнуўся —
нехта бяжыць па маіх слядах:
сухое лісце.
*
Адкрывае абсяг
думка-голас,
a думцы-бязмоўю
адкрываецца неабсяжнасць.
*
Асеннія хмары. Імжа.
Няма куды больш спяшацца,
няма куды больш паспяваць —
усіх суцяшае дождж.
*
Выбег на сцежку
няўрьшслівы дзьмухавец
i разгубіўся:
што будзе?!
*
Адной палавінай жыцця набываю,
другою — трачу:
раскрыжаваны
ў самім сабе.
*
Хіба іду зямлёй?!.
Іду сабой —
бесперастанна сцелючы nad ногі
свой цень,
свае намеры,
свае мэты.
*
Аблётваюць буслы зямлю кругамі,
каб увабраць яе ў сябе дарэшты
i скіравацца,
вольнымі ўжо,
ў вырай.
*
Звечарэла.
Зайшло чырвонае сонца,
выйшаў чырвоны месяц.
Блукаю па вуліцах.
Восень блізка.
*
Дом знеслі.
Застаўся сад.
Як пастарэлі адразу дрэв
*
Людзі
глядзяць у будучыню,
мінулае —
на людзей.
*
Нізкае шэрае неба.
Цяжка стаяць пад ім
дрэвам i людзям.
Аднак ухіляцца нельга —
каб іншым не стала
яшчэ цяжэй.
*
У лесе пахмурым
бярозы, —
белыя паланянкі.
Такія недасканалыя,
у немачах i супярэчнасцях,
мы, як імглісты золак,
мінаем
i не шкадуем пра гэта...
З нас нараджаецца дзень.
*
Маленства:
nad шэраю глебаю
жоўты пясок —
радовішча залатое.
*
Ёсць лепшыя за мяне,
ёсць горшыя,
але сам я
ні лепшы, ні горшы —
адзіны,
угледзьцеся...—
чалавек
моўчкі кажа людзям.
*
Вулічныя ліхтары —
начныя сонцы:
на трату ары. ляжыць нерухома
той самы цень
на тым самым месцы.
*
Каб зразумець сябе —
думка
дзеліцца на дзве часткі:
адна становіцца паляўнічым,
другая — уцекачом
i спасцігаецца,
калі гіне.
*
У горадзе шэрых шматпавярховых дамоў
як найвялікшае дзіва
я рантам убачыў
барвовы. акраец сонца.
*
Стаю перад кніжнай паліцай,
гляджу, не чапаючы ix, на кнігі —
чытаю сваю душу.
*
Бабуля з nad'езда:
усё цяжэй ёй спускацца па лесвіцы,
усё цяжэй падымацца,
усё цяжэй заставацца дома.
*
Той абруч,
якім сашчапілі дрэва,
што раскалолася ад цяжару ўраджаю,
увайшоў у сярэдзіну дрэва,
карой зацягнуўся,
стаў дрэвам самім.
*
Марафон:
людзі бягуць
навыперадкі
ca сваім целам.
*
Мы абышлі ўсю зямлю —
i вярнуліся на ранейшае месца:
жаўцее лісце на дрэвах,
да неба ўздымаюцца птушкі,
i невядомай дарогаю час
ідзе, не сыходзячы з месца.
*
Хаваецца сонца —
наш дсш супольны.
Нібы ў дамавіны, нанач
замкнёмся ў свае дамы.
*
Сяджу над яблыняй,
яблыкамі паабчаплянай.
Гутару з часам
на мове часу.
*
Адчыняю паштовую скрынку:
газета, часопіс, ліст...—
усё, што было i раней шмат разоў.
А кожны раз
чакаецца незвычайнае — вестка.
*
Напярэдадні Новага года
шлём свае віншаванні-зычэнні небу,
а яно — ўсёй зямлі.
Сняжынкі,
*
Скончыліся пытанні —
i не насталі адказы.
Жыву між адным краем часу
i між другім —
бяскрайні.
*
Дрэва:
крывыя галіны,
крылатае лісце,
скрытыя карані.
*
У вёсцы прадзедаў:
пазіраю на хмары —
бачу людзей.
*
Пад шэрым небам
між шэрых палёў —
зялёны агонь надзеі:
палетак руні.
*
Калі прыходжу на раздарожжа
i чытаю на камені
надпісы-перасцярогі —
разумею,
што чалавеку нічога не застаецца,
як, зрэшты, выбраць
тую дарогу, якая яго спакон веку чакае,—
дарогу ўгору.
*
Вісіць на ўсходзе
чырвонае сонца,
з высокіх комінаў
цягнецца дым...
Людзі ідуць хто-куды
альбо стаяць — гамоняць
і зважаць не зважаюць,
што будучыня ўжо адпрэчвае
гэты дзень.
*
Сонца адно: ян о,
зямлі дзве: дзённая i начная,
чалавека — тры:
маці, бацька, дзіця...
Выходзім па-за сябе безупынна, каб стаць
адзінымі ўрэшце.
*
Смерць косіць салому —
зярнят скасаваць не можа:
ратунак у плёне,
у лішку.
*
Дзіця вучыцца вымаўляць
свае першыя словы.
Дарослыя слухаюць:
раптам яно скажа тое,
чаго яны ўжо не могуць сказаць.
*
Сосны ўзышлі
на самы высокі ўзгорак.
Стаяць, разважаюць:
куды далей?
*
Той крок,
які я не здолеў ступіць напрасткі,
ператвараецца ў мноства крокаў
па крузе.
*
Каменьчыкі ў ручаі.
Людзі не могуць узяць з сабой ручая —
бяруць з сабою
каменьчыкі.
*
Сустракаюся ў думках з тымі,
каго няма побач.
Для кагосьці
i я таксама ўспамін,
для кагосьці
i я гэтаксама думка.
*
Пусцее наўколле:
праз кроны дрэў
замігцелі зоркі.
*
Мёртвы ў мінулым,
жывы ў сучасным
i неўміручы ў будучыні —
куды б чалавек ні ішоў,
вядзе з сабой
раздарожжа.
*
Блукаю
па незнаемым горадзе.
Ніхто мяне тут не спаткае,
ніхто не пярэйме,
ніхто не скажа:
ты сёння не гэтакі, як звычайна.
*
Хіба я ведаю,
чаму я ўчора думаў адно,
а сёння другое,
чаму ўчора быў у адным настроі,
а сёння ў другім...
Мне часам здаецца,
што я рука,
у якой ёсць свой уладальнік.
*
Раніца.
Дворнік мяце тратуар —
ніяк не патрапщь
змесці свой цень.
*
Чакайце, птушкі,
чакайце, дрэвы,
чакай, зямля,—
куды вы без чалавека?!.
*
Які ты — неўпрыкметку
упэўнішся шматкроць.
А вершы — гэта сведкі
i за цябе, й супроць.
*
Світае.
3 глыбінь чалавечага сну
уваскрасаюць сонца
i — чалавек.
*
Я там ужо быў,
i гэта я ўжо рабіў,
i тое ўжо зведаў...—
стаю сярод белага дня
з жыццём ашчаджоным для невядомай
справы,
для невядомай думкі
i для невядомага дня.
*
Чалавек:
упадае ў жыццё
вадой,
выпадае —
лёдам.
*
Тут — спёка,
там — сцюжа,
тут — дужа цяжка,
а там — залёгка,
тут — я занадта шматстайны,
а там — занадта самотны...
Усё жыццё шукаю сябе,
што быў бы не мной,
a кімсьці.
*
Канчаецца лета:
лісце
туліцца да галіны,
галіна — да дрэва,
дрэва — да каранёў.
*
Растае снег.
А ён жа так шмат абяцаў,
калі падаў.
*
Ішоў па зямлі,
еў яблыкі,
зярняты збіраў
i высейваў у дол...
Калі прайду ўсю зямлю —
вярнуся
ў квітнеючы сад.
*
Як бы ні мкнулася дрэва
ў неба,
яно ўсё роўна
не дасягае неба...
Але, магчыма,
ніякага іншага неба няма,
апроч самога імкнення.

Алесь Разанаў


Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.

З 1990 старшыня Беларускага рэспубліканскага фонду імя Рэрыхаў, з 1992 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтра імя Ф. Скарыны. Віцэ-прэзідэнт Беларускага Пэн-цэнтра. Сябра Рады СП Беларусі (з 1990). Узнагароджаны дыпломам ЮНЕСКА за ўдзел у міжнародным літаратурным конкурсе «Сустрэча двух сусьветаў».

Першыя публікацыі А. Разанава з'явіліся ў 1961 у піянэрскіх газэтах. Аўтар зборнікаў паэзіі «Адраджэньне», «Назаўжды», «Каардынаты быцьця», «Шлях – 360», «Вастрыё стралы», «У горадзе валадарыць Рагвалод» (Вершаказы і пункціры). Творчасьць паэта сьведчыць аб яго неардынарным мысленьні і нетрадыцыйным вобразна-паэтычным самавыяўленьні. Наватарскія жанравыя і рытміка-інтанацыйныя формы яго паэзіі вызначаюцца гуманістычным напаўненьнем, багатым жыцьцёвым зьместам. Як адзначаў вядомы крытык В. Бечык, «ён абапіраецца на вялікі вопыт сусьветнага мастацтва. Мы ўбачым у яго творах і баладны лад, і сучасную жанрава-стылявую раскаванасьць, і асаблівую ёмістасьць усходніх танка і хоку, і ўласьцівыя сюррэалізму сродкі і прыёмы пісьма».

У нечаканасьці асацыяцый, мэтафарычнай вастрыні і дакладнасьці, заснаваных на збліжэньні далёкіх паняцьцяў, адкрываецца неабсяжны інтэлектуальны падтэкст. Філасофскі роздум над бясконцым і непаўторным сьветам прыроды, грамадскім быцьцём і неабмежаванымі духоўнымі магчымасьцямі чалавечай асобы, над маральна-этычнымі праблемамі сучаснасьці найбольш поўна выяўляецца ў верлібры і яго разнавіднасьцях – квантэмах і версэтах.

Паэзія А. Разанава патрабуе ўдумлівага і неаднаразовага прачытаньня, заўсёды адкрывае новыя абсягі творчай індывідуальнасьці. Выступае з артыкуламі па пытаньнях сучаснага літаратурнага працэсу, а таксама ў жанры эсэістыкі. Вядомы як перакладчык. Яго творы перакладзены на ангельскую, балгарскую, грузінскую, чувашскую, чэшскую, эстонскую мовы.

Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Менску.


Оглавление

  • Алесь Разанаў ВАСТРЫЁ СТРАЛЫ
  • КВАНТЭМЫ
  • ПУНКЦІРЫ
  • Алесь Разанаў