КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно
Всего книг - 706323 томов
Объем библиотеки - 1349 Гб.
Всего авторов - 272773
Пользователей - 124662

Последние комментарии

Новое на форуме

Новое в блогах

Впечатления

DXBCKT про Калюжный: Страна Тюрягия (Публицистика)

Лет 10 назад, случайно увидев у кого-то на полке данную книгу — прочел не отрываясь... Сейчас же (по дикому стечению обстоятельств) эта книга вновь очутилась у меня в руках... С одной стороны — я не особо много помню, из прошлого прочтения (кроме единственного ощущения что «там» оказывается еще хреновей, чем я предполагал в своих худших размышлениях), с другой — книга порой так сильно перегружена цифрами (статистикой, нормативами,

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
DXBCKT про Миронов: Много шума из никогда (Альтернативная история)

Имел тут глупость (впрочем как и прежде) купить том — не уточнив сперва его хронологию... В итоге же (кто бы сомневался) это оказалась естественно ВТОРАЯ часть данного цикла (а первой «в наличии нет и даже не планировалось»). Первую часть я честно пытался купить, но после долгих и безуспешных поисков недостающего - все же «плюнул» и решил прочесть ее «не на бумаге». В конце концов, так ли уж важен носитель, ведь главное - что бы «содержание

  подробнее ...

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
DXBCKT про Москаленко: Малой. Книга 2 (Космическая фантастика)

Часть вторая (как и первая) так же была прослушана в формате аудио-версии буквально «влет»... Продолжение сюжета на сей раз открывает нам новую «локацию» (поселок). Здесь наш ГГ после «недолгих раздумий» и останется «куковать» в качестве младшего помошника подносчика запчастей))

Нет конечно, и здесь есть место «поиску хабара» на свалке и заумным диалогам (ворчливых стариков), и битвой с «контролерской мышью» (и всей крысиной шоблой

  подробнее ...

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).
iv4f3dorov про Соловьёв: Барин 2 (Альтернативная история)

Какая то бредятина. Писал "искусственный интеллект" - жертва перестройки, болонского процесса, ЕГЭ.

Рейтинг: 0 ( 0 за, 0 против).
iv4f3dorov про Соловьёв: Барин (Попаданцы)

Какая то бредятина. Писал "искусственный интеллект" - жертва перестройки, болонского процесса, ЕГЭ.

Рейтинг: +1 ( 1 за, 0 против).

Над пляцам [Леанід Дранько-Майсюк] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Леанід Дранько-Майсюк НАД ПЛЯЦАМ


Вершы


Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Над пляцам: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1986. — 86 с.


Радзіма паэта — Давыд-Гарадок, таму зразумела, што да асноўных матываў кнігі далучаны матыў удзячнасці роднаму гораду і яго жыхарам. Тэма творчасці і працы ўвасоблена ў выразных, зрокава-дакладных вобразах. Постаць Дубоўкі, убачанай праз далеч дзесяцігоддзяў, рамантычная ў рэвалюцыннай рэчаіснасці 20-х гадоў.


Рэцензент: Уладзімір Някляеў


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

МЭТА


Ёсць пачуццё, і дастаткова
У вершы можна свет змясціць.
I верш плыве па хвалі новай,
I верш пяе як мае быць.
I найвялікшае жаданне
У нетрах месціцца грудзей,
Каб верш, які набыў дыханне,
Быў пра людзей і для людзей.

КАСМЕЯ


Той час,—
Калі глядзелі на цябе
Вароны, валуны і змеі,—
Пчалу сачыў на залатой вярбе,
Падобнай да палескае касмеі.
На хвалях узнікаў абраз тугі
З вянком сухім і ручніком зрудзелым
I ад вады ўцякалі берагі,
А да вады імкнуліся, глядзелі,
Забыўшыся на час і на цябе,
Вароны, валуны і змеі,
I ўслед пчала —
Ёй сумна на вярбе,
Ёй лепей тут,
На залатой касмеі.
I нават час
I той глядзеў сюды —
На чысціню таемнае вады
Каля гароду,
А ў гародзе маці
Не пакідала з доўгае грады
Насенне красак у хвартух збіраці.

МАТЧЫН РАДОК


Адзін, як вока ў лобе,
У лузе дуб зялёны.
Сядзяць на гэтым дубе
Сарока і варона.
Сарока хоча сала
I кірмашовых плётак.
Лупінак, скорак мала
Каля старога плота.
Варона хоча сесці
На спіну да каровы,
Наскубці мяккай шэрсці
Сабе на сачык новы,—
Ці маёй маці Любе
З яе радком маўлёным:
«Адзін, як вока ў лобе...»
У лузе дуб зялёны.

НАД ПЛЯЦАМ


А плота пакуль што няма —
Над пляцам кружыліся дошкі.
Брахала на дошкі шчаня,
I вапнаю пахлі валошкі.
Для шулаў, для лагаў — дубы,
Глухім плывучы абшарам,
Раструшчвалі чарапы
Аблезлым балотным хмарам.
Ад хвояў цяжкая імгла —
Цяжэй за спякоту цагельні.
Цякла на валошку смала,
I жоўтыя лапы цяжэлі.
У глінішчы жалезнякі
Выкопвалі з бітае гліны
I водар, і хвалі ракі
I кідалі іх у драбіны.
Цыратай засланае дно
Ці скруткам якой палатніны...
Звісала над пляцам радно,
Затульваючы глабіны.
I кроквы спынялі свой крок
Над пляцам.
I збегліся ў небе
I латы, і гонта, і дрот,
I зроблены з яблыні гэбель.
Вось так пачынаўся мой свет —
Раскручваўся толь на цагліны
Падмурку.
I клаліся ўслед
Абчэсаныя падваліны...
Маленства, як тое шчаня,
Як смолкія тыя валошкі,
Як дзіва, што плота няма,
А ў небе і сонца, і дошкі.

БОНДАР


Амерычкі, еўропкі —
Адзінства не стае.
Вы згубленыя клёпкі
Бочкі аднае.
Вы на шляхах шаленства —
Шляхоў тых не злічыць! —
З ляшчыны і жалеза
Згубілі абручы.
Як не сваё згубілі,
А чортава майно.
Абкамянелі ў пыле
I накрыўка, і дно.
Не выспеліць арэшкі
На абручах кара.
На згубленыя рэшткі
Няма гаспадара.
Вам трэба у спажытку
Быць схоўняй назаўжды
На мёд, віно і жыта,
I на алей руды.
Або жытлом часовым —
Дзвярэй не зачыняць!
Для юнакоў вясёлых,
Што з Дыягена кпяць.
Сабраць вас трэба...
Зрэшты,
Усё пакуль дарма,
На згубленыя рэшткі
I бондара няма...
А бондар быў і хвацка
Рабіў работы ўсе —
Максімавіч па бацьку,
Па імю Аляксей.
Усё цаніў, не грэбваў
I спевам вераб'я.
Даёнкі, бойкі, цэбры
I жлукты вырабляў.
Ахвочую на моду
Да пеўневых галоў,
Дубовую калоду
На клёпкі ён калоў.
У працы ведаў меру
I для танчэйшых спраў,
Адсунуўшы сякеру,
Шаршэтку-гэблік браў.
У рухах нетаропкі,
У стружкі пот зганяў,
Да аднае — ўсе клёпкі
На спусту падганяў.
I клёпкі ў крузе шчыльным
Адна адну плячом
Сціналі пад ляшчынным,
Надзейным абручом.
Пусціўшы пры даробку
У бочку струк які,
Хапаўся ён за склобку
І вычышчаў струкі.
Каб не цякла, не лішне
Набоічам наўскос
У шчыліну на днішчы
Утрамбаваць рагоз.
У шчыліну-разору...
I днішча наўскасы
Прыладжваў у атору
На доўгія часы.
Сцякала стома з цягляў
На тванныя карчы.
Нацягічам нацягваў
Тугія абручы.
Па абручах, па новых,
Як глухаваты гром,—
Набоічам кляновым,
Драўляным малатком!
Усё рабіў, як цацку
На продаж ці ў музей,—
Максімавіч па бацьку,
Па імю Аляксей.
Праз чэрвеньскія травы
Салдацкаю ступой
Дайшоў да пераправы
На чорны бераг той...
I жалю цень пярэсты
Паслаўся ў дол яму:
«Каму сваё майстэрства
Ты перадаў, каму?»
I чулася: «Нікому...
Вайна так неўспадзеў...
Ні хлопчыку малому,
Ні дзеду не паспеў».
Амерычкі, еўропкі...
Вайна так неўспадзеў...
На згубленыя клёпкі
Цень атаму асеў.
Ужо выразным край стаў
Бяды, таму крычы,
Каб нейкі новы майстар
Сцяў клёпкі ў абручы.
Крычы, каб паяднацца
У шчыльныя рады
З бунтоўнасцю юнацкай
Супроць тае бяды.
Такому верны бунту
I ўсёй зямной красе
Мой дзед, палескі бондар
I воін — Аляксей.

ДВА ВЕРШЫ


1

Згорнутыя пялёсткі шольсіі
Нагадваюць жоўты сцяжок чыгуначніка.
Гэта з маіх назіранняў,
З таго часу, калі,
Прыехаўшы з Масквы,
Я ішоў да маці ў гарод
Паглядзець на краскі,
На спелыя струкі белага бобу,
Які маці абрывала ў запінку.
Мне патрэбны былі параўнанні,
Бо так нас вучылі
Ў Літаратурным інстытуце.
I я параўноўваў краскі з тымі рэчамі,
Што былі ў двары
Або за нашым плотам.
I параўнанняў было багата,
Столькі ж —
Колькі красак у давыд-гарадоцкіх
Гародах.
А засталося з пары вучнёўства
Толькі тое,
Што ў братак —
Злыя пыскі кацянят,
А жоўтыя пялёсткі шольсіі —
Згорнуты сцяжок чыгуначніка.
I параўнанне гэтае
Мяне заўсёды супакойвае
Перад кожнай дарогай.

2

За хатай шольсія цвіце,
I кружыцца пяро ля долу.
У правай матчынай руцэ
Хвост надзімае дзікі голуб.
А ў левай коршак малады
Пагрозна шыю выгінае...
Пяро зляцела да грады —
Чыё яно?
Ніхто не знае.
Дурненькі коршак малады
I дзікі голуб дурнаваты,
Два ворагі і два браты,
Якой чакаеце вы раты?
Вас маці выпусціць.
Пасля —
Па тым, чыё пяро,
Спазнае,
Што у сыну больш:
Дабра ці зла?
I слёзы ў шольсію схавае.

ЗА РАКОЮ


Мамачка,
Давай мы пагаворым
I пра тое, як раней было,
I пра тое, як глядзелі зоры
На акуты куфар і вясло.
Я вяслую,
Ты глядзіш на бацьку...
Цемра адбягае ад вясла,
I тужлівай робіцца знянацку
Ноч вады, жыцця і хараства.
Ноч зайцоў і вучаных мядзведзяў,
Бубны хочуць з бору уцячы,
I цыганскі месячык угледзеў,
Што вязём мы куфар уначы.
Мамачка,
Дзе твой настрой вясёлы,
Вось і лодка ціха прыстае,
I скрыгочуць куфравыя колы
Па пяску, ламаччы і траве.
Вось і ён,
Начны і неабжыты,
За ракою,
Як за лёсам, дом,
Але ж нешта гэты дом набыты
Думкі твае студзіць скразняком.
А ў старой хаціне абымшэлай,
Да якой няма звароту нам,
На ўвесь свет
І на Сусвет весь белы
Весела жывецца цыганам.

КРАЯВІД


Каля нашага плота рака.
Абсыпаецца бераг паціху.
Грукат ранішняга цягніка
Настрахаў на бярозе бусліху.
Час такі — трэба дом пакідаць.
Не ўратуе бярозу карэнне,
Бо не надта глыбока, відаць,
Дол свідруе ці стомлена дрэмле.
Будзе доўга сівая страха
Мроіць даўнія забабоны.
Па-грабарску працуе рака,
Глей дакідваючы да перона.
Праваднік пажартуе на лёс:
«Цяжка з ім, як з білетам на поўдзень»...
Вось бусліха ўзляціць да нябёс!
Паглядзім і ў купэ сваё пойдзем.

ГЛІНА


Маці сустрэў па гары,
Збіраючыся да лагчыны,
Дзе стомленыя ганчары
Дакопваліся да гліны.
На кожны вымах рукі
Уздрыгвалі дамавіны,
I цень крумкача цяжкі
На голыя клаўся спіны,—
I палымнелі яны
Пад сонцам, як хвалі патопу.
I весляроў ганчары
Нагадвалі і далакопаў.
З могілкавай гары,
Гледзячы прыцьма на гліну,
Маці прамовіла: «Сыну,
У кошык яе набяры».

ПІСЬМО


Ад песень колішніх і ад балад
Яно, чаканае —
I дзень прайшоў марудны.
Асыпаў лісце сакавіцкі сад
Калянае ў парожнія аруды.
Яно ад красак родных і ракі,
Пісьмо ад маці —
Там навіны, просьбы...
Я адшукаў раптоўныя радкі
I сум адчуў, які цяжэй за роспач.
«...вярнулася ад вас,
а ў хаце ўсё на месці,
бульбы наварыла,
каб з бацькам паесці».
Нібыта ў сад убегла навальніца,
Затрэсла плот і паваліла ніцма.
I я не чуў, зусім не разумеў,
З якіх часоў той векапомны спеў
Аб хаце, бульбе, зрушанай Гарыні,
Аб крыгах, па якіх кашы і скрыні...
Вада ля печы, лямант гаспадыні,
Вада праз вокны, крык гаспадара,
Па даху певень ходзіць на адрыне,
Прамоклы да апошняга пяра.
Адкуль яно,
Мо з гэтага пісьма?
I мне ніякай пэўнасці няма,
Што гэты спеў працягнецца далей,
Што будзе несці з лета і да лета
Радкі з пісьма —
Яны былі раней
За хараство і за вар'яцтвы свету.

ЯСІКІ


Ясікі сушацца на сталюгах
У папяловым двары.
Дровы ляжаць па-над жоўтай калюгай
Шчыльна ў доўгім кастры.
Спалена смецце,
I жоўтая хмара
Рэкі стварае, бары.
Па-над калюгай кудзеліцца пара
З пахам альховай кары.
Ясікі колішнія, рудыя,
Да вашай аздобы жывой
Цягнецца попелу цёплая шыя
З мяккай, пустой галавой.

ВАСІЛЬ I ЛЮБА


Васіль, ідзі да Любы,
У Любы клопат спорны —
Дзярэ ў адрыне крупы
У берастовых жорнах.
Ідзі, і сыдуць крыўды
Усе, і клопат сыдзе,
I жорны, што зрабіў ты,
Абчохрацца за тыдзень.
Спачатку прагнуць крупаў
Няўробленыя жорны,
I млёну, пэўна, рупіць
Кружыць да ночы зорнай.
Спачатку прагнуць жыта
На вобмешку худобе,
Са скрыні ды ў карыта —
Памол яшчэ не добры.
За тыдзень у адрыне
Абчохрацца імкліва,
I набярэцца ў скрыні
Чысцей за вока — мліва.
За сонца, што ў зеніце,
Ярчэй...
I вось нарэшце
Прасеецца на сіце,
Каб рашчыніцца ў дзежцы.
На высеўках замесяць
Той хлеб, адвеку чорны...
I не здзічэе месца,
Дзе працавалі жорны.
Васіль, табе раўнёю
Той клопат незамглёны,
Краніся даланёю
Бярозавага млёну.
Наждачнаю паперай
Яго ты ўкручваў шчыльна
I непакорны бераст
На камяні распільваў.
Хваліў ты на паўсвета
Той бераст непакорны,
Таму, што дрэва гэта
Прыдатнае на жорны.
I чорту рогі зверне...
Ты падбіваў клінкамі
Адзін абруч на верхні
I два — па сподні камень.
Чыгун з чарэнным духам
На дробную палову
Ты разбіваў абухам
На рэйцы каляёвай.
Адкідваў чуба стрэшку,
Паплёўваў па далоні
I чыгуновы рэшткі
У камяні загоньваў.
Прыжмурваўся жартоўна —
Маўляў, тае няўгоды,
Што ў берастовых жорнах
Памол буйны заўсёды.
Што ў жорнах у каменных
Памол драбнейшы значна,
I выраб найадменны
I грэцкіх круп, і ячных.
Але ж вялася звычка,
Спавітая вякамі,
Для зручнасці практычнай
Мяняць на дрэва камень.
Дзеля цябе, нястомнасць,
Што працай апавіта
Пад небам векапомным
У Гарадку Давыда.
Патрэбу тую, мусіць,
Не вызнаеш дарэшты,
Хоць роднай Беларусі
Усе абыдзеш сцежкі?
Яна, як сон нядрэмны
Паэзіі, кахання —
Таму адказ дарэмны
На гэтае пытанне.
Памроіш, паварожыш
I з паэтычным шалам
Згадаеш падарожжа
Да слыннага Байкала.
Згадай у мроі чыстай
I жорны, што ў музеі,
З лістоўніцы сібірскай
З папрысыханым зернем.
Хоць камянёў як лёду
На беразе байкальскім,
Ды з дрэвам мелі згоду
I тут па-гаспадарску.
Ты з думкай гэтай любай
Хадзіў, спакою поўны...
I Васіля, і Любу —
Бацькоў сваіх успомніў.
Васіль, ідзі да Любы,
У Любы клопат спорны -
Дзярэ ў адрыне крупы
У берастовых жорнах.
Ад неспазнанай волі
Сляза схавае вочы.
«Лявон, ідзі да Вольгі»,-
Хай сын гукне аднойчы.

ПРОЗА РАДАСЦІ


Груша падобная да высознай елкі —
Зграбная, святочная,
З гострым голлем.
З ганка яны глядзяць на яе,
Як на сваё дзіця.
Цвету на грушы багата,
I збоку дрэва ціхмянае,
Нібы саромеецца сваёй аздобы.
— Уродзіць,— кажа маці і шкадуе,—
Зверху грушы прападуць.
— Можна будзе струсіць,— кажа бацька.
— А хіба струсіш?
— З долу не, а з гары можна...
Онь на тую галіну стаць і трахануць.
Вечар намотвае шэрыя клубкі
Ранняга прыцемку
На ражкі штакетніку.
Кот завіс па прымніцы,
Як яшчэ адзін шэры клубок,
Але больш выразны.
Кот глядзіць на вільчык грушы —
Там шпакоўня.
— Няможна трусіць,— кажа маці.
— Утрымаецца, сам прымотваў...
Дым ад цыгаркі завіваецца
У празрыстыя халодныя лейкі,
Цягпецца да высокай шпакоўні.
Хмаркі выбаўляюцца з дрыготкіх плямаў дня
I шукаюць для сваіх лапак
Вячэрняга седала.
— Няможна, хоць і прымотваў.
— Здыму, калі буду трусіць.
— Нельга здымаць...
Бацька падымае сасновую трэску,
Пужае ката.
Груша ўдзень маўклівая,
Бо адкрытая ўсяму свету.
На змярканні пачынае гаманіць,
Бо сумуе праз адзіноту цемры.
Так заўгодна чалавеку,
Што на зямлі няма вясёлых дрэў,
Што дрэвы заўсёды сумныя.
Калі чалавек смуткуе —
Ягоная радасць ідзе да другога чалавека,
Калі ж радуецца —
Смутак,
Што саступіў радасці,
Ідзе да дрэва.
I трэба тое ведаць,
Што другога чалавека ён не шукае.
Я заходжу ў двор
I апускаю чамадан на зямлю.
На сходах перад грушай сядзяць бацькі.
У паглыбеўшым вечары яна як прывід —
Велічны і рахманы.
Шпакоўня, напэўна, пахне жывіцай,
Бо пад маімі нагамі
Ажываюць хрусткія смаловыя трэскі.
— Трэба было прыбраць,—
Кажа маці і не бачыць мяне.
— Заўтра, будзе час, прыбяру,—
Кажа бацька.
Цыгарка зыркай кропляй
Патанае ў яго далоні.

ВЕЧАР


Богам створаная проза,
Д'яблам высненыя вершы —
Я стаміўся. Над парогам
Пчолы кружацца і шэршні.
На іржавыя завесы
I на звяглівую клямку
Пазірае цыган з лесу,
Да майго шыбуе ганку.
А ў парозе плешча мора,
Голад кінецца на дзверы.
Самы моцны у прасторы
Смак сялянскае вячэры.

ЧАМУ...


А ўсё таму, што мала я кахаю,
А ўсё таму, што надта я люблю
Даверыцца раптоўнаму дыханню
Пяшчоты і раптоўнаму цяплу.
Мой неспакой нікчэмны, і, здаецца,
Што ён знарок, але скажыце мне,
Куды ад гэтай радасці падзецца,
Што ўбачана ў тралейбусным акне?
Мой неспакой і драбяза адчаю,
Як сена жмак стамлёнаму валу,
А ўсё таму, што мала я кахаю,
А ўсё таму, што надта я люблю.
Куды, вандроўны дух, цябе завесці
Раптоўная спрабуе пекната?
Вісяць там дзверы на адной завесе,
I на сякеру тчэцца павута.

ЯШЧЭ РАЗ ПРА ПЕРШЫ СНЕГ


Нарэшце снег, літаратурна-белы,
На падваконні зазіхцелі бэры,
Што з воску злеплены,
I з нейкіх нітак шэрых,
I з лапікаў, накручаных без меры.
Ды выпаў снег, і зроку весялей
Да кожнай дробнай з'явы дакранацца.
Сняжынкамі насычаны алей,
I повен воск жартоўнага вар'яцтва.

ГАЛУБОК


Я сніў,
Што ў Давыд-Гарадок,
Як вечнасці позірк ласкавы,
Цукровы ляцеў галубок,
Прапахлы аерам і кавай.
Не проста паштовы які
Або фанабэрлівы дутыш —
Цукровыя хвост і бакі,
Як пеўнік на палачцы:
Купіш?
Счакаўшы начны зарапад
Пад стрэшкай гароху ці кропу,
Ён зранку імкнуўся
Па-над
Зялёнай, без пылу, Еўропай.
На беразе Рэйна пра Буг,
На Бузе аб роднай Гарыні
Ён марыў,
I воблакі пух
Яму на кубельца дарылі.
Расу выпіваў ля платоў,
Ля брамак трапляў яму пернік,
I з лапаў баварскіх катоў
Выдзёўбваў кафейнае зерне.
...Ах, сон! На вятрах-скразняках
Нясеш ты праяву якую?
Паволі ў наступных радках
Цябе разгадаць паспрабую.
Даруйце за даўні ўспамін —
Быў дзень веснавы, незабыўны.
Я ў хаце — адзіны сын,
I ўзрост у мяне прызыўны.
Назаўтра мне ў войска ісці,
Вядома ж, далёка ад дому,
А тут у праменні-трысці
Зляцеў галубок на салому.
Сусед-галубятнік:
«Пабач?! —
З веранды сваёй закрычаў нам.—
Чырвонае з белым...
Махнач!
Для вас проста голуб звычайны».
I бацька сказаў:
«Забяры,
Бо клопат мой зараз аб сыне».
Забраў...
I прыбег без пары,
Бо зноў галубок на адрыне.
Суседа няволіў здагад:
Чаму праз якую хвіліну
З ягонай веранды назад
Ляціць галубок на адрыну.
I нават да ранку трымаў.
Дарэмна паіў сырадоем,
Пад дзюбу падсоўваў дарма
I жыта, і проса рудое.
I крупы,
I ў сподачку джэм,
I сала...
Якое ж там трасцы
Яшчэ?
Галубок анідгем
Не даўся суседавай ласцы.
Ляці!
I шчаслівы махнач
Над нашым дваром закружыўся...
I плакала мама.
«Не плач! —
Сусед каля мамы спыніўся.—
Ты сына праводзь у жальбе,
А з блізкіх вышынь і здалёку
Дасць голуб раптоўны табе
На час развітання палёгку.
Упарты,
Ён, пэўна, адно
Нам сцвердзіць,
Што ведае волю
I неба
Бязмежнае поле,
Якога не ўмесціць акно.
Ад сына бяду адвядзе
I пусціць па свеце вадою.
Убачыш сябе ў той вадзе
Шчасліваю і маладою».
Не простае слова казаў,
Меў рацыю галубятнік,
Нібыта ў прарочы казан
Зірнуў, да дзівосаў прыдатны.
I той галубок малады
Спускаўся да мамы ў далоні.
Самаахвярны палоннік
Бацькам адслужыў два гады...
I з імі у снах лекацеў,
I разам да сонца гарнуўся,
Пасля паляцеў, паляцеў
I болей да нас не вярнуўся.
Праз далечы і туманы
Сачу галубоў я новых,
Ці ў ранішнім небе яны,
Ці ў небе яны вечаровым.
На шыльдзе шукаю любой,
На кожнай шукаю вітрыне,
Ці ўбачу цябе, галубок,
Як некалі на адрыне?
Гандлярка прыпыніць мяне,
Папросіць купіць каляровы,
Астатні, на самым дне
У кошыку, пеўнік цукровы.
А ўвечары дома Васіль
Папросіць пра пеўніка казку:
Ці пеўнік катаўся ў таксі,
Ці любіць салодкую кашку?..
Пад небам Давыд-Гарадка
Ляціць незабыўна вясновы...
«Пра што гэта?»
«Пра галубка».
«А што, ён таксама цукровы?»
(Няхай жа твой лёс, галубок,
Шчаслівую мае разгадку),
Цукровы...
Я згодзен, сынок,
Таму пачынаю спачатку:
«Здалёку ў Давыд-Гарадок,
Як вечнасці позірк ласкавы,
Цукровы ляцеў галубок,
Прапахлы аерам і кавай...»

ЗАЛЯЦАННЕ


А ў позірку няма спакусы
I летуценнага святла.
На градах морквы і капусты
Жыве балотная імгла.
З таго раптоўнага імгнення,
З празрыстай вопраткі тваёй
Я зразумеў — ёсць наталенне
Тугі звычайнаю вадой.
Кранецца промень палівачкі,
I можна баечку сплясці,
Як певень бег да дзікай качкі
Па градах, купінах, трысці.

ВАЛЯ


Пра што мы згадаем,
Пра што запяём,
Куды мы на лета паедзем?..
I лютаўскі вецер,
I ліпеньскі гром
Спрыяюць сардэчнай бяседзе.
Хвіліна спакою, калі мы з табой
Адны ў выдавецкім пакоі,
I гэты захоўваючы спакой,
Згадаю здарэнне былое,—
Ці хто блазнаваў у Давыд-Гарадку,
Ці млынам угневалі хмару,
Бо яблык агністы упаў у муку,
I збегліся ўсе да пажару.
А дзеці хацелі той яблык знайсці
I рознай другой садавіны,
Якая за хмарамі можа расці
Амаль увесь год безупынна.
Дарэмны той пошук...
I тою парой
Ці думалі мы, што ў адхланні
Прыносяць нам радасць,
Даюць нам спакой
Дзіцячыя нашы жаданні.

НЯМА НАЗВЫ


Знерухомленае дыханне —
Гэта лёсу, напэўна, сіло.
Мы не ўмеем пісаць пра каханне
I палохаемся пытання —
Ці яно ў нас, каханне, было?
Мы благія паэты з табою —
Трэба помніць аб гэтым найперш.
Пра любоў, пра святло незямное
Не складзём нават просценькі верш.

РАЗВОДДЗЕ НА ГАРЫНІ Ў 1933 ГОДЗЕ


I ланцугі,
I злоты
На прымніцы і ў лодцы.
Балеі тонуць,
Боты,
I ступкі,
I жаронцы,
I крама...
«Ўсё па-боску»,—
Гарадчукі не ў крыўдзе.
I нешта там па-польску
Напісана на шыльдзе.
А варта з пастарунку,
Што каля гэтай крамы,
Раве аб паратунку
I ў шыбы б'е рагамі.
Ці лодкі ў іх нямашака,
Ці жаху назапашана
Паўнюткія вантробы —
Равуць, нібы каровы.
— Ратуйце, людзі, варту! —
Гукне вясёлы вязень.
Зялёнай меднай квартай
Па кратах звонка бразне.

АДКРЫЦЦЁ


А хараство кахання ў тым,
Што навальніцы, снегапады
Прымаем сэрцам маладым
Як спеў пяшчоты і спагады.
Анёл у зорным лахмане
Вартуе чыстае каханне.
Незразумелае жаданне
Анёла пільнага кляне.

ПЛЯЦ ВОЛІ

(УСПАМІН БЫЛОГА РАБФАКАЎЦА)


Спаткацца ў цукерні прыдумалі Вы,
Там шыльда з імбрычкам у місе,
Там крылы і мяккія лапы савы
З рагамі каровы спляліся.
А тут пра завод, пра плугі трактарам...
І дождж, нібы цемра на шыбы.
Аловак зламаны паперу араў,
Пасля забываўся на сшытак —
Абломленым краем пісаў па сталу,
Тупым па бліжэйшай шыбе.
I шкрэбат за мной без галёш у слату
На ганак рабфакаўскі выбег.
I вось я ў цукерні...
I змрок павуком
Снуе па забруджанай столі,
I шклянкі цукернік таўчэ кулаком,
Не адчуваючы болю...
На капялюшыку Вашым святло
I золь вераснёвай вуліцы.
Праз пальцы цукерніка крышыцца шкло
I корак, як дробная груца.
Здаецца, і пальцы, як груца ў віне,
З абруса сцякуць на масніцы.
Цукернік няўцямна глядзіць праз мяне
На дзверы, сталы і паліцы.
Па ценю яго, па высозным гарбе,
Ці муха паўзе, ці хвароба.
Ён шкло на сваім расцірае ілбе,
Да столі ускінуўшы бровы.
Не толькі мяне, нават муху трасе
I кідае ўніз ліхаманка.
Чакаю, а колы дажджу пакрысе
Штурхае ў рышток брукаванка.
Халоднае лісце сплывае туды,
Размоклы, абгрызены пернік.
Каштаны там нейкія ці жалуды
I словы, што кажа цукернік:
«Зусім не шкадую — хай бурыцца нэп,
Хай шыльдаў губляюцца крылы,
Хоць зараз аддам табе гэты мой склеп
З цукеркамі, дружа мой мілы.
А сам да людзей, як усе жабракі,
Ці дворнікам, спрыту ж даволі,
Хоць заўтра павешу на дзверы замкі —
Пайду падмятаць пляц Волі!
Шкадую дачку, праз яе гэты боль...
Дзіця — а яно ж адзінае,
На што спадзяецца жабрак і кароль,
Страчаючы дні дамавінныя.
Дзіця ў капялюшыку з дому сышло
На вуліцу красагуліцца.
На капялюшыку гэтым святло
I золь вераснёвай вуліцы».
Цукернік за пляшку бярэцца ізноў,
I кварта віном набракае,
I ланцужок яго болесных слоў
У жмені рыштка заціхае.
А там, дзе дажджу ацяжэла крыло,
Ваш тварык уедліва хмуліцца.
На капялюшыку спее святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I ў гэту цукерню не зойдзеце Вы,
Дзе шыльда з імбрычкам у місе,
Дзе крылы і мяккія лапы савы
З рагамі каровы спляліся.
Дзе з Вашай гульні калыхаюся я
На моцнай падманнай вудзе.
Шкадую цукерніка, але ўдвая
Шкадую, што Вас тут не будзе.
Пра Ваша імя, можа, ў бацькі спытаць,
Прызнацца... ў каго закаханы,
Я гэты падман Вам хачу дараваць
I тыя, што будуць, падманы.
Пазнаўшы хлуслівую душу здаля,
Да Вас, абнадзеены, рушу —
Скажу пра каханне сваё, а пасля
Да бацькі вярнуцца прымушу.
Калі ж у цукерні маркотна зусім —
Да нас, на рабфак запрашаю,
Па-над Беларуссю заводскі дым
Паплыве,
Над сялянскім краем!
Нам трэба вучыцца і працаваць
I новае бачыць наўкола —
Хутка, хутка па вуліцах празвіняць
Цяжкія трамвайныя колы.
I абломіцца дажджавое крыло,
I пагодным цяплом атуліцца
На капялюшыку Вашым святло
I золь вераснёвай вуліцы.
I конаўка сонечнай сінявы
Напоўніць імбрычак у місе,
Каб з промнямі крылы і лапы савы,
I рогі каровы спляліся.

ШЧАСЛІВЫ МІГ


I клёны зімнія з карой зялёнай
Спрыяюць нам,
I цеплаваты снег
На той кары,
I ў далечы прымглёнай
Дзіцячы смех,
Што коціцца з гары.
Усё спрыяе нам —
I дзень стамлёны,
I вечара
Такі бязважкі цень,
I светлыя сарочыя праклёны —
Усё, усё...
Дык будзем жыць прасцей.

КОЛА


Цяжкое трамвайнае кола,
Адбегшыся з-пад вагона,
Паўз яткі, кавярні і школы
Імчала па Менску шалёна.
Забыліся дрогкія рэйкі
I ўпірлівы скрогат спынення.
Імчала па лісці клейкім,
Па мармуры і каменні.
Палохала балаголаў
I нэпманаў каля крамак.
Па бруку, па гною кола
Сабе вызначала напрамак.
Усё саступала дарогу.
Ад груку трымцела цырата,
Выплёхвалася на падлогу
Са сподкаў крутая гарбата.
Відэльцы і рэшткі вяндліны
Падскоквалі на цыраце.
Збіваліся ў гурбу гадзіны
На зрушаным цыферблаце.
Здавалася, пыльная ціша
Навек пакідала чытальні.
Часопісы, кнігі, афішы
Ад рук і вачэй адляталі.
На кола тэатры глядзелі,
Царква, дзе гучалі аканты.
За колам сачылі дзеці,
Студэнты і спекулянты.
Паэт Уладзімір Дубоўка,
Расхрыстаны і вясёлы,
Таксама выглядваў з натоўпу
Цяжкое трамвайнае кола.
У таўкачэчы-задусе
Прыгожы, задумны такі
Аб той, за мяжой, Беларусі
Губляў і знаходзіў радкі...
...Свой вершык далей прамаўляю
Нібыта з Дубоўкавых слоў:
«Ты, пэўна, з таго трамваю,
Які заблудзіўся зноў.
Табе вандраваці няспынна,
Палохаці і чараваць,
Па золаце кожнай краіны,
Нібыта па смецці, імчаць.
Хто золата тое палічыць,
Той згубіць каханне пасля.
Ёсць нешта ў тваім абліччы
Ад п'янага карабля.
Прамчыся па вуліцах Менска,
Здаволься магчымым, тады
Хай пойдзе твой грукат і трэскат
Да іншай зямлі і вады!»
Паслухала кола і ўроскат
За горад — па хмызу, па лузе
Памчала ў мястэчкі і вёскі
Заходняе Беларусі.
Нібы на цяжкую адплату,
Глядзелі на рух перуновы
Ужэнднікі з магістратаў,
А з пастарункаў совы.
Паліцыянты беглі
За гэтай вар'яцкай праявай,
Каб можна — пад кола б леглі,
Баронячы крыж і Варшаву.
Ды клопат дарэмны — не войска,
Якога за дзень не злічыць,—
Па гарадах і па вёсках
Адно толькі кола імчыць!
I чуюцца гнеўныя словы,
Штораз набываючы сілы,
I разлапушваюць совы
На словы калючыя крылы:
«Краіна зруйнуе уціскі,
захопнікаў знішчыць датла.
Світанне ўрачыстае блізка:
на ўсходзе зара узышла».
Кліч гэты — да Пінска, да Брэста,
Да рэчкі любой, раўчука,
Да самага дальшага места
Й мястэчка Давыд-Гарадка.
Вось дзед мой, ён шые боты
Сялянам і дробным панам.
Заходзіць да дзеда ў суботу
З валіскаю крамнік Абрам.
Ён дзеду збывае скуры —
Выдатны варшаўскі хром.
З-пад печы вылётваюць куры,
Пачуўшы на вуліцы гром.
Груды заціхаюць і долы,
I вусцішна неяк барам.
I хрысціцца дзед мой на кола,
I моліцца ціха Абрам,—
I злоты свае забірае,
У спіну глядзіць яму дзед.
Паліцыянтаў зграя
За колам не здыхае ўслед.
Але аддаляецца трэскат,
I грукат, і зірк перуна.
Вяртаецца кола да Менска
Па купінах і валунах.
Чакае яго камсамолец
Вагонаважаты Максім,
Вясёлы, няздзеклівы хлопец,
Які падабаецца ўсім.
Ён смехам ратуецца бедаў,
Ён вершыкі складвае сам,
Яму сваю кнігу «Credo»
Заўчора паэт падпісаў.
I кажа наш хлопец: «Пустое,
Што кола не пераняў,
З паэтам сустрэўся затое
I вершы яму пачытаў».

САД У КРАСАВІКУ


Той сад падобны да сабакі,
Чакае ён гаспадара.
Цякуць ружовай сліны пахі,
I мяккай робіцца кара.
Узіму ён далёка бегаў —
Гняла бяздонная туга,
Але ад холаду і снегу
Вярнуўся зноў да ланцуга.
Глядзіць на хату і на поле
I сочыць мой вандроўны крок.
Сваё кіпцюрыстае голле
На плот выкідвае знарок.

ВІЦЕБСК. 1922


Да бруку ляцелі крыжы і цвікі,
Сцягі караблёў і ўчарнелыя ванты.
Не чулі, не бачылі вартаўнікі,
Як сноўдалі злодзеі і спекулянты.
Якія там зданіліся караблі,
Якія там сны залацілі дакуку —
Як золата,
Рэчы патрэбны былі,
Што валам ляжалі на віцебскім бруку.
Нічыйныя рэчы —
Аполкі, цвікі,
Загуслы пакост і ўчарнелыя ванты.
Ля жорнаў пахропвалі вартаўнікі —
Па чысты памол беглі ўноч спекулянты.
...I вось абступаюць дабро талакой,
Нішто не прапусцяць,
Усё падымуць,
I нават цацкі зламанай якой
Яны беспрытульнікам не пакінуць.
А ўранні,
Калі завіруе базар,
А ў крамках яўрэйскіх запаляць аконцы,
Нагледзіцца гэты дарэмны тавар
На золата царскае і чырвонцы.
Цыраты, сурвэткі, алоўкі, цвікі
I двойчы ўжо тут называныя ванты
Купляе вядома хто — вартаўнікі,
I хто прадае не сакрэт — спекулянты.
Якое ў іх вока, якая рука...
Да іх падыходзяць з якімсьці пытаннем
Чырвонаармейцы з агітцягніка
I з блізкіх да Віцебска вёсак сяляне.
Дахаты пасунуцца вартаўнікі,
А ў нейкім закутку базарнага раю
Купляе Шагал малаток і цвікі
I слоікі з фарбамі выбірае.
Яму прапануюць найлепшы пакост,
Алей не з канопляў якіх, а з алівы,
Мядзведзеву шкуру і мамантаў хвост —
Звычайныя і незвычайныя дзівы.
Здзіўляюцца сонныя вартаўнікі,
Што ён выбірае з дарэмнага мноства
Цяжкі малаток, і даўгія цвікі,
I фарбы,
Разведзеныя пакостам.
А нейкі марак пра сваё распавёў —
Пра ванты пытае,
Што складзены бантам,
З эпохі якой
I з якіх караблёў?..
Але на яго не глядзяць спекулянты.
Смяецца марак з іх,
Нібыта з варон:
«Вам лётаць пядоўга над полем, над гаем...
Я ж часу не маю...
Чакае вагон —
Да Петраграда дарога даўгая».
«Не трэба вагона,— азваўся мастак,—
Ён горшы за гэтыя поўныя высі.
Я раю вам шчыра, таварыш марак,
Да Петраграда па небу прайсціся.
I з воблака,
З вечнай блакітнай гары
Убачацца вам,
Што не бачацца доле:
Чырвоныя віцебскія муры
I ўсё беларускае наваколле...»
У кожнай складанасці ёсць прастата,
Якая звычайнай работай завецца,
I хто зразумее хоць раз мастака —
Да сэрца свайго і душы дакранецца.
Марак зразумеў,
Хоць гара мараку
Не хвалі ці бераг —
Ды справа такая:
Пайшоў па блакітнаму ён цаліку —
Да Петраграда дарога даўгая...
Падобны мастак да таго цесляра,
Які абуджае драўляныя струны
У аканіцах, у браме двара,
У кроквах-праменнях,
Спрадвечных і юных.
У дужых руках малаток, і цвікі,
I фарбы,
Разведзеныя пакостам.
У позірку —
Вуліцы, вартаўнікі
I Віцьба з канём,
Што ляціць па-над мостам.
Шчаслівы, мастак пакідае базар,
А ў небе —
З тужліваю думкай лунае,
Што той нешчаслівы,
Хто вечны цясляр,
Бо еднасці з пекнай красою не мае.
Рамесніцтва —
Пошук таксама красы,
Ды гэтай красе не навек заставацца,
А той,
Што пазначана знакам мастацтва,
Праз лёсы людскія прайсці і часы.
Вярнуцца да Віцебска з клічам,
Які
Узвіхрыць будзённасці шэрыя транты:
«Не спіце, лянівыя вартаўнікі,
Бо сноўдаюць злодзеі і спекулянты!»

КОМІН


У коміне шоргат.
Ці скончыцца ён?
I хлопчыку сніцца пацук.
А шоргат бясконцы і б'ецца аб сон,
Нібыта аб цэглу ланцуг.
Уздымецца хата на тым ланцугу,
Уздымецца сцішаны сон.
I зкоміна вылезці трэ пацуку,
Аднак жа не здумае ён.
Ці зорку ўпалюе,
Што ў комін глядзіць,
Ці яйка вароны глыне.
Або з ланцуга,
Што бясконца звініць,
Даліжа расу і засне.

НАКШТАЛТ ПАРАДЫ


Ты захварэў на гамлетызм,
Набыў класічную хваробу
I, разважаючы аб тым:
Стаяць альбо шукаць дарогу,
Палохаешся новых стрэч
I змен у побыце грашовым...
Мой сябра,
Зменам не пярэч,
Нібыта цэнам кірмашовым.
Пустой развазе і тузе
Не паддавайся бесхрыбетна,
У чыстай згледзеўшы расе
Дубовы жолуд пракаветны.

ПРАДБАЧАННЕ


Радок уваскрэсне патрэбны,
Тваю скалане дамавіну.
I дзень уваскрэсне ганебны,
Калі ты пакрыўдзіў жанчыну.
Радок гэты твой, найадзіны,
I ён пра каханне, вядома,
Магчыма, да гэтай жанчыны,
На свет навакольны падобнай.
З якіх небакраяў глядзела
На лёс вераб'іны твой,
Як прагнула, як хацела
Твой лёс, як уцеха, здрабнелы
Сваёй азарыць вышынёй.
Яна разумела мастацтва,
Яна гаварыла: «Застацца
З усіх тваіх вершаў павінен
Вось гэты радок аб жанчыне»,
Прароцтва цяжэй ад прымусу.
Даць веры такому няможна,
Бо ты ў гаспадарлівай Музы
Пазначаны ў спісе заможных.
I лепей пакінуць жанчыну,
Пазбыцца прароцтва яе...
I пыха твая без прычыны
Пра ўяўную славу пяе:
«Я — Майстар! Паэт знакаміты,
Я слова да бога узнёс,
I новую Маргарыту
Яшчэ мне падорыць лёс.
Пагляньце — спазнілася восень,
Але да мяне на парог
Стажок вінаграду падносіць
На срэбнай далоні бог.
Яшчэ не сабралася лета,
Але на ацуплы парог
Снапок мармуровых кветак
Кладзе заінелы бог».
Кладзе, паціскае плячыма,
Ранейшага не пазнае...
Як свет навакольны, жанчына
Ідзе да самоты свае
I з поўнымі снегу вачыма
Пра ўяўную славу
Пяе.

ДЗЯВОЧАЯ ПЕСНЯ


Цесля цалаваў мяне...
Засталіся ў змроку шэрым
На смаловым бервяне
Гэбель, пілка і сякера.
Ах, як зіркаў маладзік
З неспазнанай яшчэ далі!
Трэску кожную, і цвік,
I смалу каўталі хвалі.
I да нашага жытла
Па рацэ цяклі халоднай
Зоркі, поўныя святла,
Свечкі, поўныя жалобы.

ПАЧАТАК


Вам гэта імжа падабаецца,
Вам гэты раскажа спакой,
Што д'ябал у багне хаваецца,
Паранены асакой.
Магчыма, убачыце квеценне
Даспелае асакі,
Калі гэты д'ябал выцягне
З вашых далоняў цвікі.
Руплівая жонка пяшчотна
Абдыме і скажа: «Люблю» —
I верне цвікі ўсе ашчадна
Брату свайму, кавалю.

ШЧАСЦЕ


I сонца ў вочы пячэ,
I лапы адужвае змога —
Кот
Вэлюм з вянком валачэ,
Ад стога бяжыць і да стога.
На ніткі не падзярэ,
Не выпацкае ў даліне —
Бугай той вянок адбярэ
I верне з паклонам дзяўчыне.
«Падзякуе хай, зладзюга,
Што цэлым да лесу знік»,—
Жардзіну паклаў на сталюгі
Усхваляваны жаніх.
Ды марныя гэта трывогі —
У садзе вясельны стол,
I, ў танцах адтупаўшы ногі,
Счакаліся госці наўкол.
Нявеста, суседка мая,
Ад радасці заспявала
I сцішанага бугая,
Як бацьку, пацалавала.

КАРОВЫ


Густое воблака скубуць,
Хвастамі засцячы паўнеба.
Лімонныя, як пальцы негра,
Струмені малака цякуць.
Ці вераб'іная гурма
Ля місы малака шчыруе,
Ці ліст ад сябра атрымаў,
Які па Афрыцы вандруе.
* * *
Ці проста бачу каміны,
I на няшчылкай гонце сажу,
I пастуха з той даўніны,
Калі каровы скублі пашу.

СТАЛЯР


Жывы пачне пра клопаты свае,
А мёртваму даслухаць не стае
Ні часу, ні жадання, ні патрэбы.
Ён скажа толькі: «Клопатамі грэбуй».
Жывы пакрыўдзіцца
I гаварыць пакіне,
Да гэбля вернецца —
Хай лепшае настрой!
I раптам на духмянай дамавіне
Зязюлю ўбачыць з дзюбай залатой.
I зноў пачне пра клопаты свае.
А па майстэрні тырса завіруе,
I шэрая зязюля запяе,
I мёртвы спевы гэтыя пачуе.

У МЕНСКУ


Смех вуснаў і бліск вачэй —
На рэйкі, на дрот і на бляху.
Трамвай адлюструецца ў Свіслачы
Шпалерынай жоўтага даху.
З маста ён далей прапаўзае
Стракаты, нібыта афіша —
«У памяшканні чыгуначнага вакзалу
Выступаюць паэты «Узвышша».
О, рэвалюцыйная паэзія...
З чаканнем атакі,
З люмпэн-крылымі журавамі,
З лістамі да каханай і сабакі
I музычнымі вечарамі.
Сімфанічная стрункасць падкоў
I пабраная срэбрам вуздэчка
Да трамвайных даносяць званкоў
Крамны водар мястэчка.

ПЕРАД СПРЭЧКАЙ


Раскладваць вогнішча у возе,
Як секчы дровы на парозе —
Вар'яцтва!
Але усё ж прашу
Незразумелага мастацтва
Доўгачаканыя дзівацтвы,—
Ускалыхніце мне душу.
Не толькі рыфмай ці радком,
Што неспадзеўкай душу лашчыць,
А чым заўгодна,
Хоць ваўком
З метафарай у чорнай пашчы...
Ён зразумелы для мяне,
Як неба роднае і людзі,
Пакуль бяжыць, пакуль імкне,
Пакуль метафары не згубіць.

НА РОВАРЫ


Круціцеся, колы, сціраючы гуму.
Ніякага груку, ніякага шуму —
Адно што ланцуг скубянуў і грызе
Галінку алешыны ў зыркай расе.
А вось і чыгунка. Суседняя вёска.
I небу не ўпасці ў пустое дупло.
I пасвяцца пчолы, і мёдам і воскам
Там дыхае хмара па даху дэпо.
I ластаўка-маці да глею імкнецца.
Паеду назад, бо мне гэта здаецца...
Круціцеся колы па чорнай шашы.
На беразе чорным з наіўнай душы
Пярун валачобны лагодна смяецца.

У МАЙСТЭРНІ РАЗЬБЯРА


Драўляны летапіс гартаю —
Шуміць драўляная трава!
Прымацаваная ганталем
На чорным шулу спіць сава.
На клямцы кропля залатая.
Я не спыняюся,
Далей
Драўляны летапіс гартаю —
У кроплі свеціцца алей,
Платы, і цацачныя крамкі,
I воллі пеўняў уначы.
Сава схіляецца да клямкі,
Драўляным крыллем трасучы.

ПРЫЗНАННЕ


Выратавання патрабую,
I новай музыкі, і слоў.
Ты, аднастайная любоў,—
У дзень любы і ў ноч любую.
Таму прашу выратавання,
I новай музыкі, і слоў —
Хай нечаканае каханне
Заменіць пэўную любоў.
З любові тое,— дзень пры ночы,—
Рассохлай, як знябыты воз,
Бяруцца недаверам вочы
Да кветак родных і нябёс.

ВУЖАКА


Ты бачыш міску на стале
I ў місцы шэрую вужаку.
На ёй у залатым святле
Расы ці пылу ані знаку.
Яна варушыцца ледзь-ледзь,
На лыжку з болем пазірае,
I пачынае сцюдзянець
Пагляд.
Вужака памірае.
I ты не здолеў зразумець,
Што ёй патрэбна дапамога.
Ты не адчуў чужую смерць,
Бо цэлы дзень не еў нічога.
Давай, вужаку матляні
На дол знянацку
Ці на неба.
Густога крупніку налі
У міску з надпісам «Smacznego».

БАЛЕЯ


У балеі блакітнай іржа —
У балею выкідвалі рыбу.
На страсе конь бляшаны іржаў
I аб комін вычэсваў грыву.
I цякла па Давыд-Гарадку
Бруку польскага палатніна.
Стрэльба гойдалася на суку
I здавалася хворай галінай.
Маці выбера шчупака
I аддасць невядомай жанчыне,
А ў балеі луску пакіне,
Бо з іржою ужо луска.
Вытра нож і пакіне ляжаць
На услоне пад хворай галінай.
На лязу каля тронак іржа
Спелай свеціцца журавінай.

НАЗІРАННІ


Акно адчыню —
На фіранку
Прылепіцца лісцік сцюдзёны.
Да казачнае старчанкі
Ляцяць вераб'і і вароны.
На цыганскай убачу будзе
Пеўня ці коршака злога,
А голуба гарадскога
У жытнім духмяным арудзе,
I ў дзюбе трымаці ён будзе
Сцябліну аера сівога.
Насупраць,
На сумным троне,
Старая сядзіць на балконе
У лапленым кажушку,—
Яшчэ ў маладосці пашыла,—
На баляску паклала руку,
Выпацканую ў чарніла.
Магчыма, чакае са школы
Унука ці ўнучку сваю
Альбо свой настрой вясёлы,
Бадзёрасць былую сваю.
Магчыма, глядзіць на мяне
Здзіўлёна: «Жанаты ці не?»
На фіранцы лапік зрудзелы
Чорнай ніткай прышыты па белым.

СЦЭНЫ


1. Маленства

Вось яна, казка — Давыд-Гарадок,
Бацька на ганку і маці ў гародзе,
А перад хатаю чысты грудок —
Сонца стаіць і не хоча заходзіць.
Вось яна, ява — ахоўца нябёс
Крылы суцішыў ля нашае хаты.
Маці глядзіць, не хаваючы слёз,
Бацька глядзіць у здзіўленні зацятым...
Добры ахоўца ізноў да мяне...
Цацку прынёс... я прамовіць баюся.
Ён вандраваў па дажджы-тумане,
Вочы ягоныя ў стомленай скрусе.
«Я на хвіліну, каб выпіць вады»,—
Словы гучаць, як вандроўныя сховы.
Бусел з адрыны зляціць малады,
Студню крануўшы крылом чаратовым.

2. Сталасць

Зноў яна, казка,—
У студні віно:
Верх залацісты,
Празрыстае дно...
Студзячы зоры,
Студня гаворыць:
«Сініцы валлём казыталі мяне,
Калі спаталялі раптоўную смагу,
I навальніцы у гэтым віне
Купалі маланкі свае і адвагу.
Дарога плыла, абтрасаючы пыл,
I кроплі спадалі на тую дарогу.
Вандроўнік самотны праходзіў і піў
I забываўся на сон і знямогу.
Глыні, чалавек, і ў цябе гэткі лёс!»
Глынуў толькі кроплю, і студня заснула.
I строгая сталасць ахоўцу нябёс
З дарослае казкі ў маленства вярнула.

АПОЎНАЧЫ


О, бацькавыя пілкі, малаткі,
Цвікі ў бляшанках, пляшкі на паліцах...
Апоўначы сівыя пацукі
У сенцах пачыналі варушыцца.
I пачыналі сенцы вар'яцець,
I пачыналі глухнуць аканіцы.
Згінацца пачыналі і сівець
Ад поўсці і ад вэрхалу паліцы.
Звінелі пілкі, малаткі гулі,
Цвікі дзяўблі гліняную падлогу —
I мы нікога з маці не маглі
Паклікаць да сябе на дапамогу.
Дзяўчынка-маці Васілю свайму
Паведаміць пра гэтыя трывогі
На цаліну,
I слёзнаму пісьму
Да Омска тры далёкія дарогі.
А мне да сенцаў рапіцой —
Адна:
Іду караць. Мяне сам бог баіцца.
Пацук апошні скокне да акна
У кош дзіравы і пачне маліцца.

КРАСАВІК


Перасыпаць старую адрыну.
Перабраць мікалаеўскі плот.
Бугаю на струкатую спіну
Скіне фосфару самалёт.
У пакінутую балею
Нацячэ рудаватай вады,
I хмурынка ўгары зразумее:
Колер шчасця — таксама руды.
Выгнуць зашчапку на аканіцы.
Межы выцягні ў шнур прамы.
Граблі гразкія і капаніцы
На змярканні ў калюзе памыць-
Абмінаючы шулы-вароты
I абдоймы паветраных ям,
Па гарбатым хрыбце Еўропы
Сонца коціцца ў акіян.

ПАЛІВАЧКА


Палівачку пакінь, будзе дождж
З лёгкім водарам аўтамабільным.
Пад акном у гародчыку кош
Да падмурка прыціснецца шчыльна.
Дождж, бы меўшы чатыры нагі,
Праімчыць па запозненай крызе
I гарынскія берагі
Да бляшанага неба наблізіць.
Будзе дробна звінець-сумаваць
Палівачка ў дрымотнай адрыне.
Будзеш ты каля шыбкі стаяць
I глядзець у гародчык сіні,—
На маланкі агністы воз,
Які робіць шалёныя скокі.
Кіт сухі і патрэсканы скрозь
Будзе ў кош асыпацца глыбокі.

КАЛЯ ЧЫГУНКІ


Неспадзяванае спатканне
Каля заснежанай чыгункі.
Неспадзяванае змярканне
I пацалункі, пацалункі.
Неспадзяваны, выпадковы
У два бакі нясе агні
Рух апантаны, цягніковы,
Шалёны, божа барані!
Чыгунцы ў цемрадзі завейнай
Нястрымна хочацца, дальбог,
Злізаці кропелькі глінтвейна
Са снегу каля нашых ног.
I хто ні едзе, хто ні едзе
У тых імгненных цягніках,
Твае сябры, мае суседзі
Ці так, ці з дзецьмі на руках,—
Усе б, напэўна, захацелі
Сысці вось тут, спыніцца тут,
Дзе будзень робіцца нядзеляй
I ні клапотаў, ні пакут.

САД


Так пасвятлее на душы,
Што ўсё благое, незямное
Пакіне дом,
А сад насупраць
Засне глыбока па-дзіцячы.
Ён ранкам з ветрам барукаўся,
Удзень з агнямі светафора,
Пад вечар з хваляй атлантычнай,
Убачанай ў апошнім промні.
А мы спрачаліся, спявалі,
Успаміпалі анекдоты,
Сок выціскалі з апельсінаў
У чыста вымытыя сподкі.
Глядзелі ў сад.
А дзеці цукру
У сок занадта насыпалі,
Яшчэ зрабіць прасілі соку
З кубінскіх спелых апельсінаў.
Спакой і радасць прыхавана,
Пачуўшы спеўны лад гаворкі,
Да хмар туліліся празрыстых
У глыбіні акна змяркальнай.
Ні тэлеграмы і ні крыку,
I тэлевізар быў спагадны —
Там фільм круціўся пра каханне,
Раптоўнае і назаўсёды.
Вярталіся жанчыны з саду,
Пад пахай несучы пасцілкі,
А па сабе пяшчоту сонца
I цень купальнікаў нядрэмны.
Былі хвіліны, і маўчанне
Нас разлучала ненадоўга,
Мы зноў гаворку пачыналі,
Нібы прасілі прабачэння.

МАГЧЫМАСЦЬ ЗБАВЕННЯ


Люблю адзіноту,
Люблю адзіноту скразную,
Да шляху падобную ў вырай
Праз далеч сваю і чужую.
У той адзіноце,
Як стома,
Жыве спамінанне
Пра страты малыя,
Пра клопаты
I пра каханне.
Ах, тое каханне —
Святло невядомае зоркі...
На сцежкі кладзецца чужыя
I родныя песціць пагоркі.
Ах, клопаты-страты,
Як рух безупынны да волі —
Да раніцы весняй,
Што ў родным сустрэнецца полі.
Ратуй ад здранцвення,
Мая адзінота скразная.
У руху — збавенне
I далеч свая і чужая.

ЯБЛЫНЯ


Мячом футбольным па галіне!
Дзіця няцямнае, дзіця.
Яно смяецца, што ляцяць
Пялёсткі.
Цвет ружовы гіне.
Тае бяды, такі узрост...
Душа чысцей ад кветкі чыстай,
I ці садоўніка ў ёй лёс,
Ці лёс і радасць футбаліста? —
Ніхто не вызначыць пакуль...
I толькі яблыня адзначыць,
Што спеюць кропелькі пакут
У кожнай забаўцы дзінячай.

ХАРАСТВО ІМПРАВІЗАЦЫІ


Акцёру, які закашляўся,
Падам шклянку вады
I выключу тэлевізар.
Удзячны акцёр
Мусіцьме вярнуць парожнюю шклянку
Суседзям —
Яны на гэты час
Будуць глядзець спектакль.
Шклянку мне аддадуць
І скажуць,
Што акцёр вельмі выбачаўся
За свой раптоўны кашаль
I што мая ўвага
Надала ўсяму спектаклю
Хараство імправізацыі.

Оглавление

  • Леанід Дранько-Майсюк НАД ПЛЯЦАМ
  • МЭТА
  • КАСМЕЯ
  • МАТЧЫН РАДОК
  • НАД ПЛЯЦАМ
  • БОНДАР
  • ДВА ВЕРШЫ
  • ЗА РАКОЮ
  • КРАЯВІД
  • ГЛІНА
  • ПІСЬМО
  • ЯСІКІ
  • ВАСІЛЬ I ЛЮБА
  • ПРОЗА РАДАСЦІ
  • ВЕЧАР
  • ЧАМУ...
  • ЯШЧЭ РАЗ ПРА ПЕРШЫ СНЕГ
  • ГАЛУБОК
  • ЗАЛЯЦАННЕ
  • ВАЛЯ
  • НЯМА НАЗВЫ
  • РАЗВОДДЗЕ НА ГАРЫНІ Ў 1933 ГОДЗЕ
  • АДКРЫЦЦЁ
  • ПЛЯЦ ВОЛІ
  • ШЧАСЛІВЫ МІГ
  • КОЛА
  • САД У КРАСАВІКУ
  • ВІЦЕБСК. 1922
  • КОМІН
  • НАКШТАЛТ ПАРАДЫ
  • ПРАДБАЧАННЕ
  • ДЗЯВОЧАЯ ПЕСНЯ
  • ПАЧАТАК
  • ШЧАСЦЕ
  • КАРОВЫ
  • СТАЛЯР
  • У МЕНСКУ
  • ПЕРАД СПРЭЧКАЙ
  • НА РОВАРЫ
  • У МАЙСТЭРНІ РАЗЬБЯРА
  • ПРЫЗНАННЕ
  • ВУЖАКА
  • БАЛЕЯ
  • НАЗІРАННІ
  • СЦЭНЫ
  • АПОЎНАЧЫ
  • КРАСАВІК
  • ПАЛІВАЧКА
  • КАЛЯ ЧЫГУНКІ
  • САД
  • МАГЧЫМАСЦЬ ЗБАВЕННЯ
  • ЯБЛЫНЯ
  • ХАРАСТВО ІМПРАВІЗАЦЫІ