Артыкулы [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Караткевіч Артыкулы
Абдуванчык на кромцы вады
Ёсць у вялікага мастака М. К. Чурлёніса карціна "Спакой". Апалогія раўнавагі. Вялікі светавы акіян настолькі ціхі, што каля самай кромкі вады паспеў пабялець і не абсыпацца абдуванчык. Спакой даўно. Прарос, зрабіўся маленькім залатым сонцам, пасля — апушыўся, пасля — рассее свой род па ўлонні зямным. Як у каго, але ў мяне гэтая карціна выклікае адзіную думку: наколькі ж я моцны. Як я ўсё магу. Захачу — сякерай пад камель тысячагадовы дуб. Захачу — разаб'ю вялізны, як хата, валун. Захачу — па бярвенцы, па каменьчыку разнясу першую — лепшую крэпасць. Дзесяткі тысяч рук узводзілі піраміду Хеопса. А ў мяне дзве рукі і (пакуль па іх не далі) шар-баба, дынаміт, мелініт, трасца і хвароба. І — выбуховай сілы папера ад нейкага… гм!.. геадэзіста, што шаша павінна прайсці якраз праз такі і такі будынак, адкрыты кар'ер ляжыць якраз пад каранямі дубовага гаю, які памятае часы Шэкспіра або нават Цэзара. Паперыну можна павярнуць, як дышаль, куды ты хочаш. На месцы рэліктавага лесу пабудуваць прафілакторый (мой!) або крэматорый (мой!), як быццам побач няма месца. Як быццам нашчадкі калі яны толькі захочуць (а я да таго часу даўно ўжо буду безабаронны) не знясуць усяго. што толькі захочуць, каб насадзіць на тым месцы сваё. Псуюць нашу памяць, каб нехта пасля сапсуў іхнюю. Выйсце, відавочна, адзінае: перастаць ганарыцца сваёй сілай (на тваю сілу заўсёды знойдзецца іншая), перастаць бачыць саперніка ў тваім продку, каб нашчадкі перасталі бачыць саперніка ў табе. Дыялектыка ў тым, што для добрага — калі гэта зроблена добра — заўсёды знойдзецца месца. Побач са старым і новым. Дыялектыка ў тым, што і абдуванчык на кромцы вады, вядома, безабаронны. А ты на кромцы жыцця? Сутнасць у тым, што ты зрабіўся занадта моцны. Я вось так аднойчы штурхнуў проста далонню дрэва. Ды, відаць, трапіў у нейкую там "амплітуду", і яно ўпала. А ў ім было некалькі гнёздаў! І птушкі над гэтымі шкарлупінамі галасілі дужа "сілне і слезне". Мне была забава, а ім… Ёсць гэтаму жывыя сведкі. А самы няўмольны — мая памяць і маё сумленне. Не хочаш, каб нехта вось таксама, не думаючы штурхнуў тваё існаванне — не штурхай сам. Ты дасягнуў такіх неймаверных магчымасцяў, што жах уявіць. Ты сапраўды (па праву ці без права) — "цар прыроды" (ох, як мне хочацца пры адным слове "цар" узяцца за маю добрую пушчанскую доўбню!). Ты ўсемагутны. І менавіта таму, што ты ўсемагутны, асабліва цяпер, засвой першы прынцып культуры: умей абмяжоўваць сябе. Нават калі гэта ў нечым табе асабіста пашкодзіць. Не грабі далонню, шкробай, жменяй — лепей аддай. Будзеш багацейшы за Крэза, бо прыдбаеш раўнавагу ў гэтым свеце, які цябе стварыў і якому ты павінен як мага аддзячыць. Гэта вельмі простае крэда: жыві ў поўнай раўнавазе з прыродай, маці тваёй, пакінь, урэшце, бачыць у ёй ворага (а то, як бач, яна ўбачыць яго ў табе, і табе ж будзе горай), з якім трэба безупынна ваяваць адстойваючы права на існаванне. Яна на тваё права на існаванне руку не заносіць. Калі ты, вядома, разумны і пяшчотны палюбоўнік. А калі ты добры палюбоўнік (а значыць, каханы), навучыся асцярожнасці, максімальнай абярэжнасці у сваім каханні. Вось пляжаць лес, ідзе молевы сплаў, аголены схілы яроў, плыве аглушаная рыба, хвошча ў раку вада са сцёкавай трубы, пэцкае дымам неба завод. Гэ, мілы, ды ты гвалтаўнік! Там, дзе можна ўгаварыць, ты робіш злачынства горшае, чым забойства. Глядзіце, вось яры, кар'еры, звалкі! У нас столькі яшчэ пустых, продкамі калісьці спустошаных пустошных фактычна зямель. То, можа, спачатку прывучыцца аднаўляць іх? Прывучыцца браць спаўна з таго, што ў нас ёсць? Не разменьваць дзесятку на шклянку газіроўкі, калі ў цябе ў кішэні ёсць капейка. Ледзь не самы горшы чалавечы грэх — скупасць! І тая ж самая скупасць — адна з найбольшых чалавечых вартасцяў, калі справа ідзе пра кішэню грамадства. Не "мой рубель", а "мой, твой, ягоны". Бярыце з таго, што ёсць. Не адбірайце нічога ў лясоў, паплавоў, у жывёл і птушак, якія жывуць там. Ведаю, што ўсе гэтыя ламентацыі (а па-нашаму, па-простаму — лямант) могуць не дайсці па адрасу. І таму давайце проста звернемся да вашага здаровага сэнсу, да таго, што вы не проста "гаспадарнікі". Гэта вас прызначылі — гэта вас і зняць могуць. Але ніхто (і найперш — ваша сумленне) не здыме вас з пасады мужоў, бацькоў, таварышаў. Гэта ваша пажыццёвая (і нават пасмяротная) пасада. Пакуль можаце — служыце ёй. Браслаўшчыне, Прыпяці, Дняпру, Гарыні — вячэрняму пылу на дарогах, па якім вечна ступаць босым чалавечым нагам! Вы і вашы ўнукі жывяце для гэтага. Чалавек запраграміраваны для свежай вады, абмытай дажджом зеляніны, чыстага паветра. І таму калі мы хоць у дробязі нявечым адзіную, раз і назаўсёды нам дадзеную біясферу — мы нявечым саміх сябе. Могуць спытацца: "А чаго ты гарлаеш, чалавеча, калі гэта і так усім вядома?" Так, "усім вядома". Але існуе на свеце такая рэч, як чалавечая легкаважнасць. "Ну, паступлюся ў дробязі. Вунь, сусед ваюе. І другі. І трэці". "Так, і соты ваюе. Ён храбры дзядзька. А я яму буду біць у ладкі". Ды не біць у ладкі трэба там, дзе і ты сам прыклаў сілу. Чым ты будзеш біць у ладкі, калі ты склаў рукі. І падумай, калі ты ўжо звыкнуў думаць толькі пра сябе, што кожная ўпушчаная табою дробязь на табе і адгукнецца. Атручаная "хіміяй" пчала, разбітая кімсьці аб камень бутэлька — і вось дзеці твае не пабягуць босыя па траве, не загартуюцца, будуць не вылазіць з пнеўманіі, не атрымаюць пад час крызісу лыжкі паўнацэннага мёду. Перабольшанне? Дурасць? Не такая ўжо і дурасць, як падумаць. …Колькі ж нас яшчэ, "легкаважных"?! тых, якія гавораць пра "сінія крэсачкі, што пярэсцяць карту". Пра балоты, якія, як гэта ні дзіўна для беларуса, таксама ўжо трэба бараніць. Бо падае ўзровень грунтавых вод, сям-там перасушваюцца землі (і — парадокс! — лютуе паводка), знікаюць мясціны, дзе нараджаліся аблокі, у некаторых гарадах адчуваецца голад на ваду (за сто кіламетраў ты правёў канал, дзе не трэба, або ссек дрэва над крыніцай), няма рэчкі, дзе ты плаваў дзіцем (Куцеянка пад Оршай), гінуць звяры і птушкі. А маральная шкода? Ішлі мы калісьці пад час вяселля прыяцеля над Волмай. Начная рака пахнула рыбай, зоркі гарэлі ў водах і на беразе. Гэта былі светлякі… І вось нядаўна я трапіў туды і ўбачыў просты, як страла, канал, у якім няма месца нават для пячкура. Сын прыяцеля не ўбачыць ужо, што бачылі ў тую ноч мы. Пячкуры ў гэтым канале не будуць пакусваць яго за пальцы на нагах, калі ён будзе вудзіць, стоячы ў вадзе. Ён проста не палезе туды вудзіць. І можа, у гэтым чалавеку менавіта з гэтай прычыны памёр паэт, і людзі засталіся абкрадзенымі. Перабольшанне? Абдуванчык на мяжы вады? Магчыма. А можа, і не? "Лёгка табе казаць такое, калі табе не трэба дбаць пра…" Ну, па-першае, мне заўсёды даводзілася пра гэта дбаць. І не толькі пра сваю асобу. Справа ў тым, што чалавеку, вядома, трэба есці і піць. Яму толькі не трэба браць там, дзе потым немагчыма будзе аддаць. Неабходна разабрацца, ці ёсць "да канца шкодныя жывёлы", "пустыя сабе" рыбы, ці ёсць увогуле на зямлі ні навошта не патрэбнае пустазелле. Трэба быць страшэнна абачлівым (а гэта цяжка, але неабходна). І проста добрым. А то ты добры ў хімгасе ці ў шахце. У цябе ў руках выбуховыя рэчывы, ты сочыш, каб твае людзі не падарваліся. А тое, што часткай "выбухоўкі", якой ірвуць карчы, тыя ж людзі падарвалі рыбу ў Друці — на гэта табе напляваць. Заплаціў за паляўнічы білет — ну і ўсё. А дзе такія жывёлы, як тур, балотная рысь, чорны заяц? На гербе горада Копыся? Хіба што толькі на гербе… Сціпла апранутая жанчына (а стукнуў раптам люты мароз) несла па вуліцы ў Оршы вялізны марлевы хатуль, з якога ва ўсе бакі тырчала нешта вострае, фіялетавага колеру. — Што гэта, цётачка? — А… Я, ці ведаеце вы, прыбіральшчыца ў школе… Шпакі… Мароз… То дзеці іх штук трыста падабралі ды грэлі, ды трымалі ў класе… Нясу вось трэці хатуль дадому… Бо там — нельга… Панапіваліся чарніла, аж дзюбы сінія… Відаць, трэба сяму-таму браць прыклад з прыбіральшчыцы. І калі ўжо ставіць помнік "вартавым прыроды", то я паставіў бы на п'едэстале побач з Лютэрам Бёрбанкам тую бабулю з хатулём. Не будзем баяцца слоў "паратунак прыроды". Што не скіравана на знішчэнне прыроды, тое ідзе на яе ўратаванне. Справа ці ведаеце, зусім не ў адзіным дзяржаўным органе аховы (хаця і добра, што такі ёсць). Справа ва ўсіх людзях, у іхнім беражлівым трыманні жывога на далоні. Справа ў бабулі-арнітолагу, схіленай над гняздом, у грамадскіх інспектарах па ахове прыроды, якія мерзнуць недзе на беразе старыцы, каб не дазволіць нікому (а ёсць такія аматары) перадчасна стрэліць па вывадку кражных качак, калі хлапунцы яшчэ не падняліся "на крыло". Я не супраць азарту (сам мог скочыць па падбітую качку ў дрыгву замест сабакі), але з узростам разумееш усё лепей, што і па табе лёс можа секануць, і нават не бакасіннікам, а жаканам, што самы лепшы азарт — гэта быць у школьным лясніцтве недзе пад Цырынам, пераносіць на новае месца мурашнікі пад Оршай, прывіваць вучням у школе любоў да пушчы, каб з іх не выраслі драпежнікі, падгадоўваць аленяў недзе ў Белавежы, выхоўваць пільных і добрых егераў. Што там слава нейкага зверабоя Буфала Біла, які знішчыў некалькі тысяч бізонаў! Ты зрабі так каб на месцы аднаго лася, аднаго бабра — тры. Ты малады і славалюбны — вось яна, твая слава: садзіць сады на палескіх пясках, што нейкі дурань выпусціў калісьці на волю, зберагаць паркі ў Нясвіжы, Вялікім Мажэйкаве, Канстанцінаве. Таму што ўся гісторыя кожнага народа ёсць гісторыя паступовага зведання ім сваёй Радзімы, асваенне і ўпрагожванне яе, асэнсаванне самога сябе як чалавека на гэтай зямлі. Сохне ў горадзе хваёвы парк. Бывае, як, скажам, пад Кругліцамі, турысты запаскуджваюць лясы. Стань і падумай: твае каравыя рукі лепей манціруюцца не з тапарышчам, а з пушыстай хвояй маладых сасонак. І ўлічы: сасна сохне ад шуму, ад клаксанаў, яна не любіць галасу горш, чым ты, калі ў цябе інфаркт. То чаму ж блізкія берагуць цябе, а яе — не? Дай спакой абдуванчыку на кромцы вады, ты, абдуванчык. …Страшныя яры кіламетраў за пяць на поўдзень ад Карэліч. Проста нейкі беларускі Дагестан. Сюды нельга было прывесці ў пасаг карову з раўніннай вёскі. Мясцовыя каровы будуць насмельваць таварку, штурхаць яе пысамі ("Чаго баішся? Ідзі! Не бойся!"), яна ўпадзе, ногі паломіць. Жудаснае відовішча! А ты проста не прымірыся з гэтым. Знішчы эрозію, гэтую праказу зямлі. Пасадзі там вербы (проста забі вярбовы кол у зямлю) і таполі — хай трымаюць каранямі гэтую зямлю. Або вялікае воднае наша багацце. "Краіна дваццаці адной тысячы рэк і адзінаццаці тысяч азёр". Гучыць? Яшчэ як гучыць! А яшчэ калі прыпамінаеш кожную рэчку і кожнае возера "ў твар"? Вялікі Нёман, прабацька Дняпро і ягоныя жонкі — Прыпяць і Бяроза (ён — язычнік, яму можна), светлая сястрыца Дзвіна. І, па ўсёй Беларусі, слязіны азёр. Толькі не кожная вада — вада. Вада толькі тады вада, крыніца і калыска жыцця, калі яна — частая. І тут кожнаму трэба памятаць, што ніякія тытанічныя намаганні гідрахімічных лабараторый, якія сочаць за гэтай празрыстай чысцінёй, ніякія старанні інжынераў, скажам, таго ж Наваполацка па будове ачышчальных спаруд і прыстасаванняў (каб ніжэй нафтаапрацоўчага завода ў чысцюткай вадзе брохала вечарамі рыба), ніякія водныя сістэмы (каб ліквідаваць жарсткаваты водны баланс некаторых гарадоў) не дапамогуць, калі кожны чалавек не перастане засмечваць ручаіны і крыніцы, ператвараць нават самую малую рачулку ў прыёмнік сцёкавых водаў. Як ніякія лесаводы, батанікі, заолагі і паляўніцтвазнаўцы, ніякія школьныя лясніцтвы не дапамогуць, калі кожны турыст, курортнік, грыбнік, паляўнічы распяражацца ў нашым лесе, як п'яны вандал у захопленым Рыме. А наш лес не горад, аддадзены салдатні на паток і разрабаванне. Ён — наш храм, наш гонар і, пры выпадку, наш паратунак, як гэта было ў вайну. А раз ён храм і ўратавальнік, то і паводзь сябе, як у храме або ў хаце ўратавальніка. Але вернемся на сваё балота. Балота — "праклён", балота — "чума гэтай зямлі". А ўспомнім толькі тое, што большасць нашых буйных рэк (а колькі малых?) бярэ пачатак у так званых верхавых балотах. І калі іх асушаюць — мялеюць рэкі, сохнуць малыя рэкі і навакольныя студні, падае ўраджай. Таму што балота — рэзервуар вады на лета, балота — маці аблокаў і забойца засушы. Адзін Палескі, адзін Бярэзінскі запаведнік справы тут не ўратуюць. А балотныя ж сітнягі могуць у многім замяніць дрэва пры вытворчасці дэфіцытнай паперы. А журавіны, сабраныя з аднаго гектара балота, у два разы больш каштоўныя чым драўніна з гектара спелага, мачтавага бору. Але што ўсё выгада ды выгада? А захад, які дагарае над балотам, а звон косаў у касьбу, а скокі вячэрніх журавоў на балоце? Глядзіце, колькім жывёлам, птушкам, раслінам дае жыццё і прытулак гэты "праклён"! Без ежы, пад наглядам лекара, можна жыць і месяц, без вады — пару дзён, без паветра… Ды што там, без яго мы не толькі задыхнуліся б, але й замерзлі, памерлі ад радыяцыі. І вось мы, радуючыся "фабрыкам дымным", забыліся, што вось ужо ў гэтым паветры і пыл, і попел ад вугалю і сланцаў, і серавадарод, і вокіслы азоту. За год у паветра трапляе паўтара мільёна тон пылу толькі ад цэментавых заводаў! А аўтамабільныя выхлапы, а лясныя пажары… А пяцьдзесят тон пылу і сажы, што асядае толькі на Мінск… Гэта, вядома, чысцей, чым над Лонданам і Чыкага, таму што памеры не тыя, дый барацьба з забруджваннем паветра ў нас вядзецца. Але ўсё ж кепска, бо чалавек усё разумее, ды робіць далёка не ўсё. Вядома, ты не ў змозе весці барацьбу з забруджваннем адзін. Гэта справа дзяржавы: ставіць апараты для ўлоўлівання попелу, цэментавага і іншага пылу, пераводзіць прадпрыемствы на газавае паліва, электрыфікаваць дарогі і дамы, рабіць цыклонныя топкі. Твая справа — падаць сігнал, калі недзе нешта не ўсё ў парадку. Але ёсць род дзейнасці, дзе ты і адзін у полі воін. Хай кожны пасадзіць і дагледзіць хаця б адно дрэўца ў год — і вось на барацьбу з "дымнай чумою" выйдзе толькі ў Мінску мільён, а па ўсёй Беларусі — дзевяць мільёнаў трывалых зялёных воінаў. Воінаў, якім мы абавязаны тым, што мінскае, гродзенскае, гомельскае паветра ўсё ж чыстае! Кожны год забяспеч гэтаму зялёнаму легіёну падмацаванне — і ён адолее ўсё. Не будзь ворагам братняму войску, якое выйшла бараніць твае лёгкія, тваё жыццё. Зусім мала: толькі адно дрэўца за сябе, адно за свайго нямоглага дзеда і адно — за сваё яшчэ някемнае дзіця. І ты забяспечыш дзеду больш здаровую старасць, сыну — нармальнае развіццё, сабе — даўжэйшы век. А яго другі раз табе не дадуць, наконт гэтага будзь пэўны. Ваюй, дзе можаш. Бо гэта адзіная вайна, якую варта весці. Садзі дрэвы ля вадаёмаў, не давай без патрэбы валіць ніводнага дрэва, падымай голас за павелічэнне тэрміну забароны вясновай лоўлі рыбы, за мэтазгоднасць промыславай лоўлі толькі з канца лета, каб паспела аднераставаць і ўзмацнець каштоўная рыба. І шкадуй галасістых і пёрыстых братоў сваіх, брат "двуногі і без пер'я" (паводле трапнага вызначэння Платона). Бо, вядома ж летам і восенню неба над маці тваёй Беларуссю звініць ад спеву крылаў, нашы паляўнічыя далёкія ад таго, каб, скажам, страляць у дразда, бусла, шпака, чайку, але ж вадаплаўнай, баравой, стэпавай дзічыне куды горш. Наўрад ці многа знайшлося б на Беларусі паляўнічых больш заядлых і азартных, чым я. Бадай што, не было такога звера ці птушкі (акрамя, вядома, тых, паляванне на якіх забаронена), на якіх бы я не выходзіў. І вось гадоў пятнаццаць назад я, назіраючы за меліярацыяй, высечкай хмызоў, ляснымі гарамі, разгулам браканьераў, усур'ёз задумаўся і ўрэшце вырашыў: што датычыцца мяне — досыць! Ні ў каго і ніколі я больш не адбяру стрэлам жыцця, хіба ў шалёнага ваўка. І, ведаеце, ахвяра мая выявілася больш лёгкая, чым я думаў. Спачатку, праўда, усе рэдактары лаяліся, што ў маіх "Каласах" зашмат сцэн палявання (а гэта была проста спроба пазбавіцца ад неадчэпных праяў, спроба галоднага набіць рот тым, што пад руку трапіць, ад чаго — смею спадзявацца — мой чытач не дужа многа страціў). Цяпер я "палюю" сваімі вачамі, кадрамі ў маім фотаапараце або з нажом у кошыку на грыбным "ціхмяным паляванні". Мне цяпер больш цікава і куды больш сумленна жыць. Звяры і птушкі па-ранейшаму вакол мяне, але яны жывыя. І куды цікавей, паверце, бачыць такаванне цецерукоў, чым уварвацца туды несправядлівым наканаваннем, шротам, пухам і крывёй. Трэба, каб ва ўсіх лясных гаспадарках, а не толькі ў некаторых, не секлі дуплаватых дрэў (гэта чыясьці магчымая кватэра), не палілі на балотах траву (гэта чыёсьці сховішча), не пасвілі ў лесе быдла (гэта чыйсьці знішчаны "хлеб"), абмяжоўвалі збор грыбоў і ягад (іх ясі не толькі ты, і для цябе яны — прысмакі, а для звера — жыццёвая неабходнасць). Ды ўсё гэта і асабіста ў тваіх руках таксама. Кармі птушак зімой, арганізоўвай ім "галечнікі", каб маглі "купацца". Нават "нікому не патрэбных" мухамораў не збівай нагамі, бо звяры ядуць іх перад зімой, каб выгнаць паразітаў і лягчэй перажыць галодную сцюжу. Нават арабіну ў сваім кветніку не абірай да рэшты — хай крыху з'ядуць або абтрасуць на зямлю (гэта запас на вясну, калі сыдзе снег) птушкі, якім яна, магчыма, паратунак. Ёсць, вядома, і такое, што знішчаюць нават будысты, якім забаронена забойства ўвогуле. Усе гэтыя кольчатыя шаўкапрады, сасновыя клапы, матылі-манашкі, яблыневыя молі і г.д. Дык вось, калі ты ўжо жывеш па прынцыпу "размахніся, рука", то размахніся гэтай рукою на іх. А іх, дарэчы, нямнога сярод тых, што жыццём сваім дораць нам карысць і прыгажосць. І вельмі-вельмі асцярожна звяртайся да хімікаліяў, нават у сваім садзе. Гэта ж праўда, што ў 1969 годзе пры "атручванні лазы" на Прыпяцкім узбярэжжы здараліся выпадкі атручвання нават буйной фауны. Я сам бачыў дохлых качак, буслоў, нават ласёў. Не разбурай нават мурашніка — гэта добрая форма чужога жыцця. І, галоўнае, не жыві ў гэтым свеце інтарэсамі свайго ведамства. Тваё ведамства — увесь свет вакол цябе. "Усё ўва мне, і я ва ўсім". Не шкодзь старому парку ў тваёй вёсцы, нават калі ён не пад аховай дзяржавы (такіх мала), не шкодзь жывому — можаш учыніць непапраўную згубу. Апошні зубр быў забіты ў Англіі ў ХІІ стагоддзі. У Швецыі ў XVІ, а ўвогуле збярогся ў свеце толькі дзякуючы тым зубрам, якія калісьці былі вывезеныя з Белавежы. Ну добра, зубр уратаваны. І многія яшчэ звяры, птушкі, насякомыя. Схапіўся чалавек. А ўвогуле ж і цяпер яшчэ каля шасцісот відаў звяроў і птушак на шляху да вымірання. Наладзіла чалавецтва гэткі звера-птушыны генецыд замест таго, каб падкормліваць, лекаваць, ствараць новыя месцы для жытла: спрадвечную, але і выпраўленую, разумна скіраваную гармонію жыцця. Забіць, як я гэта даўно зразумеў, - непрыгожая і паскудная штука. І ніколі на паляванні мне не было так лёгка і радасна, як, скажам, на адлове баброў, для перасялення іх у новыя, незайманыя вадаёмы. Як ён, выпушчаны, яшчэ не верыць волі, як пасля імкнецца да вады, як прагна, доўга, упарта пялёхаецца, плавае, нырае (жарцікі — суткі не мыўся!), мые футра, не зважаючы на блізкасць людзей і сабак! І як ён потым спакойна плыве некуды ў ціхія воды, да захаду, у бляклую стужку вячэрняй заранкі… Змывае вячэрняй вадой і спакоем свае "бабровыя слёзы". У такія хвіліны адчуваеш з гонарам, што ты — чалавек, створаны прыродай і роўны з ёю. Шчаслівыя, незабыўныя імгненні! Лепей, чым стварыць новы верш. Хіба што верш пра тое самае:
Людзям простым к добраму навучанню
475 год з дня нараджэння Георгiя[1] Скарыны, выдатнага дзеяча беларускай культуры, вучонага, заснавальніка кнігадрукавання ў Беларусі і Літве
Канец пятнаццатага — першая палавіна шаснаццатага стагоддзя. У Францыі будуюць замак Шэнано паблізу Блуа. Ствараюць свае творы, пранікнутыя ідэямі прагрэсу, паэты Кляман Маро і П'ер Рансар, працуе над раманам "Гарганцюа і Пантагруэль" Франсуа Рабле. У Германіі пакутліва шукае навуковую праўду Парацельс, Лютэр стварае свае "дзевяноста пяць тэзісаў", а паветра напружанае атмасферай Сялянскай вайны, ідэямі Томаса Мюнцера. У Англіі Т. Мор марыць аб дзяржаве справядлівасці, але яшчэ не нарадзіліся на свет бацькі Шэкспіра. У Іспаніі зараджаецца гарэзлівы раман. Свежы вецер праносіцца над светам. Адраджаецца разуменне дэмакратыі. Людзі прагна спрачаюцца аб філасофіі, літаратуры, этыцы. Людзі прачнуліся, яны бачаць прыгажосць зямлі і самых сябе. "Мы народжаны не для жывёльнай долі, А к доблесці і ведам народжаны". Мацнее і пашыраецца разуменне слова "гуманізм". Але адразу ж паяўляюцца і яго шматлікія ворагі. Пачынаецца бязлітаснае праследванне думкі. Цемрашальства люта супраціўляецца руху чалавечага духу ўперад. Небяспечна нават "Біблія", няхай нават малазразумелая, на лацінскай і стараславянскай мовах. Каб не сапсавацца ў розуме і веры, яе трэба слухаць толькі з вуснаў свяшчэнніка і з яго каментарыямі. Пагалоўная бязграматнасць. Голад. Прыгнечанне. Фанатызм. Маравая пошасць. Чалавек няшчасны, як ніколі. І толькі палацы і саборы ўзносяцца да неба сярод убогіх хацінак. Жудасная рэчаіснасць, і з ёю не маглі згадзіцца найлепшыя розумы гэтага часу. Не мог з ёю пагадзіцца і чалавек, які нарадзіўся ў гэтыя дні, у 1490 годзе, на беларускай зямлі, у Полацку, чалавек, увесь жыццёвы шлях якога быў шляхам барацьбы за "доблесць і веды", за ўмацаванне каштоўнасці чалавечай асобы ў свеце, за шчасце ўсіх людзей у сваёй роднай краіне. Георгій Скарына — першадрукар не толькі беларускай, але і ўсяе ўсходне-славянскай кнігі. Вучоны, асветнік, змагар, нястрымна прагнучы ведаў чалавек. Жыццё ў сучаснай яму Беларусі было адносна яшчэ нядрэнным. Прыгоннае права яшчэ не зусім скавала народ (толькі праз 98 год пасля яго нараджэння яно было канчаткова аформлена юрыдычна). Ёсць яшчэ свабода сумлення (няхай агранічаная), ёсць мова, ёсць магчымасць адысці ад дрэннага феадала на вольныя землі. Але дзень хіліцца да захаду, і, усё роўна як бачучы гэта, сын заможнага купца шукае ведаў, святла, не можа без агіды думаць аб наступаючай ночы… Жадае барацьбы з ёю. Ён сын стагоддзя. Культура стагоддзя — культура, афарбаваная рэлігіяй. І гэты чалавек хоча, каб людзі свядома разбіраліся ў жыцці, а не зубрылі, як папугаі, усялякія догмы на незразумелай для іх мове. "Бог пусціў мяне ў свет з гэтай мовай", і гэтая жывая мова павінна стацца мовай кнігі. Гэтай, якой яшчэ няма, якая зараз неймаверна дарагая, знявечана перапісчыкамі, незразумелая. Кнігадрукаванне, "Мастацтва над мастацтвам, навука над навукамі" (Гуценберг), існуе ў Германіі толькі 50 год, у Іспаніі — сорак, у Жэневе і Лондане — каля трыццаці, калі паглынаючы прагай навукі вандроўны шкаляр атрымоўвае ў Кракаве дыплом бакалаўра сямі вызваленых навук і адпраўляецца ў шасцігадовае вандраванне па Еўропе. За плячыма — два гады навукі, прафесар Глагоўскі і, магчыма, знаёмства з Капернікам. Спераду — дарогі, клунак, Пражскі універсітэт, бадзянні па нямецкіх гарадах. У 1512 годзе беларускі юнак прыйшоў у Падую, дзе універсітэт слаўны сваім медыцынскім факультэтам. Бацька яго да гэтага часу памёр. Скарына "незвычайна вучаны, але бедны" па думцы віцэ-прыёра, доктара Мусаці. Бясплатна дапушчаны да экзамену на доктара медыцыны (ён ужо мае ступень доктара вызваленых навук), Скарына вельмі добра здаў яго. І зноў гады бадзянняў і неадчэпная думка аб кнізе для свайго народа. Не проста перакласці біблію, але даць яе народу "на роднай мове". Ён здабывае грошы, шукае майстроў, заказвае шрыфты, знаходзіць мастакоў і гравёраў. Справа новая. Ніхто яшчэ не выдаваў бібліі на роднай мове (нямецкая біблія паявілася ў тым жа годзе, што і біблія Скарыны, у 1517 г.). Ён перакладае, наладжвае работу. Ён друкар, ён і карэктар. 6 жніўня 1517 года выходзіць "Псалтыр". У 1517–1519 гадах — дваццаць дзве часткі "Бібліі" на роднай Скарыне мове. Георгій ведаў нямецкія інкунабулы, кнігі Фіёля, рукапісныя кнігі родных мясцовасцей. Але сапраўдны чалавек заўсёды імкнецца да дакладнасці. Кнігі Скарыны — не проста кнігі на зразумелай мове, яны яшчэ і ўцяшэнне для вока, сапраўднае цуда паліграфіі тых гадоў. Яны незвычайна прыгожыя, і рускі мастацтвазнаўца В. Стасаў свайго часу скажа, што яны "лепшыя за ўсё, створанае падобнага роду ў Бібліі". Мала таго, гэта не "кнігі-цары", убраныя ў золата і жэмчуг, неймаверна цяжкія, а кнігі — працаўнікі, кнігі- сябры і спадарожнікі кожнага дня, у дарозе і дома. Выдадзены ў чвэрць ліста, адносна танныя і даступныя, са смакам ілюстраваны, каб людзі "чытаючы маглі лепш разумець", зразумелыя сваёю моваю — яны займаюць адно з першых месц сярод першадрукаў. Ілюстрацый у іх, на тыя часы, вельмі многа (у адным "Пяцікніжжы Майсеевым" іх дзевяць, і сярод іх такое маленькае цуда, як "Дачка фараона, якая выймае Майсея з вады"), не гаворачы ўжо аб шэдэўрах заставак, гербаў, тайнапісных знакаў, манаграм і расліннага арнаменту. Тэхніка гравюр — вельмі добрая. Яны цудоўныя і, у той час, чулліва наіўны. Вось царыца Саўская перад Саламонам. Ніякая тут Палесціна. Гэта сярэдневяковая Беларусь паводле адзення, твараў, будынкаў. Выдавец, вядома, разумеў гэта, але лічыў, што такім людзям будзе больш зразумелым. І вось Іудзіф у адзенні багатай гараджанкі і двухручны меч, які наўрад ці магла паднесці. А галава Алаферна прыпамінае вусамі і ўсім іншым галаву беларускага магната, ды і названы ён "ваяводай". Усе кнігі маюць прадмовы, разважанні Скарыны аб жыцці і людзях. Трэба лічыць, за іх, як і за зразумелую для простага чалавека мову, — ненавідзелі выдаўцу як "лаціністы-католікі", так і "царкоўнаславіністы-праваслаўныя". Таму што ў гэтых прадмовах раз-пораз прарываецца гуманізм, ласкавасць да людзей, клопаты аб іх шчасці і адукацыі. Вось ён гаворыць аб царах у прадмове да кнігі "Эсфіль". Асур — "усе землі падбіў пад уладу сваю. І ўсё ж ніколі не хацеў ператвараць у зло вялікай сілы сваёй. Але дабратой думкі заўсёды правіць сваімі падданымі. Каб без усялякага страху, у цішы жылі, у згодзе, якой усе людзі жадаюць…" Мала было міру ў гэтыя часы. Не было такіх цароў. І таму клопаты аб людзях, смутак аб іх няшчасцях хвалююць Скарыну. Ён ведае, што людзі родзяцца, каб думаць і сумнявацца. Ні думкі, ні сумнення не можа быць там, дзе ставяць перашкоды палёту розуму. Галоўная перашкода — амяртвелая чужая мова. І ў канцы "Кнігі прарока Данііла" ён гаворыць аб роднай мове, прызнанай памнажаць хвалу Богу і дабру на зямлі. У імкненні быць зразумелым нават найбольш неадукаванаму, ён часам вялікі і чуллівы. Вось Саламон у "Песні песняў" параўноўвае грудзі каханай з гранатам. Скарына дык бачыў гэты плод у Італіі, і на дрэвах, і ў руках мадон. Але астатнія — яго суайчыннікі не бачылі. І вось паяўляецца "яблыка зярнятае". А ў "Кнізе Руф", такой простай і зразумелай, ён часта зрываецца на простанародную мову. Ён паэт і ў гэтых прадмовах раз-пораз пераходзіць на вершы, няхай іншы раз чароўна-наіўныя, але гэтыя вершы — першыя вершы ў Беларусі, прычым не фальклорнага характару. Скарына называе чытанне "люстэркам нашага жыцця, пацехай усім маркотным", асабліва тым, хто "у бедах і немачах". У прадмовах ён стараецца даць людзям як мага больш звестак з геаграфіі, гісторыі, музыкі. Разумеючы, што ўсё гэта пахне абвінавачаннем у ерасі, ён праяўляе і дыпламатычны талент, бо гаворыць жа аб месцазнаходжанні сонца і астраноміі "Кніга Ісуса Навіна". Значная частка тыража "Бібліі" прапала. Туга за радзімай пацягнула Скарыну з Прагі. Па дарозе ён заехаў у Віценберг, дзе прапаведваў Лютэр. Католікі абвінавацілі першадрукара ў адносінах з ім, і амаль не прысудзілі да спалення. Скарыне ўдалося апраўдацца. Кнігі ж, таму што яны былі зразумелыя ўсім і, такім чынам, былі зброяй д'ябла, спалілі. Ён перанёс і гэты ўдар. Вытапталі ніву — зноў засей яе. У Вільні, у доме бургамістра Якуба Бабіча, на гэты раз на радзіме з яе прыгажосцю і беднасцю, дзе гучыць родная мова, і навокал браты, ён арганізуе новую друкарню. У хуткім часе выходзяць "Апостал" і "Малая падарожная кніжыца", усе на тым жа высокім паліграфічным узроўні і таксама прыгожа, страсна, пяшчотна і грубавата перакладзены. А потым — маўчанне. Амаль губляюцца сляды. Новых кніг няма. Разарэнне. Багатым мяшчанам і выдадзенага надта хапае. Ідуць цяжкія часы. У 1580 годзе агонь паглынае дзве трэція горада і друкарню. Праз тры гады прыходзіць чума. Ноч яшчэ далёка, але на твары ўжо начныя цені. Ён зрабіў што мог. Даў суайчыннікам друкаванае слова на сваёй мове, а значыць, аснову для школы на гэтай жа мове, для асветы, для вялікай чалавечнасці. Ён пачаў адраджэнне на сваёй зямлі, ён верыў, што навука нясе патрэбныя ўсім мір і спакой. Ён лічыў, што яго кнігі не толькі грамата, але і аснова для сямі вызваленых навук, для разумення свету, якім ён ёсць. Ён быў чалавекам сярэдневякоўя, як Дантэ, якога тады ў Беларусі, акрамя яго, Скарыны, ведалі толькі адзінкі. І, у той жа час, ён быў чалавекам будучыні. Жыццё яго — ланцуг няшчасцяў і смутку. Але справу, зробленую ім, ужо нельга было задушыць ніякім гарам, ніякімі агнямі. Таму што яго кнігамі пачалося трыумфальнае шэсце кнігі па землях усходніх славян. Друкароў забівалі, друкарні палілі. Дык кнігу лёгка спаліць — два-тры ўдары крэсівам. І ўсё ж зноў і зноў грукатаў прэс друкарскага станка і на месца адной кнігі станавілася дзесяць новых. 1561 — Украінская перасопніцкая "Евангелія". 1562 — Беларускі "Катэхізіс" Сымона Буднага і "Евангелія" Цяпінскага, 1564 — Маскоўскі "Апостал" Івана Фёдарава, 1568 — Заблудаўскі, Беларускі "Апостал". 1570 — там жа "Псалтыр". Дзесяткі. Сотні. Тысячы. І вось ужо старонкі свецкіх кніг шалясцяць у руках людзей. У 1575 годзе Пятро Мсціславец адраджае справу Скарыны ў Вільні. Грукочуць друкарні Мамонічаў у Кутсіне, Магілёве. Што абазначае іх грукат? І, аднак, сцены замкаў і засценкаў уздрыгваюць ад яго. Як і кожны сапраўдны сын сваёй зямлі, Скарына горача любіў сваю радзіму. Ён пісаў: "…Паколькі ад нараджэння зверы, якія ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае. Птушкі, яція лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае. Рыбы, якія плаваюць па моры і ў рэках, ведаюць ямы свае. Пчолы і ім падобныя ахоўваюць вуллі свае. Таксама і людзі, дзе нарадзіліся і выгадаваныя… да гэтага месца вялікую любоў маюць". Ён жыў любоўю да ўсіх простых людзей, да ўсіх народаў і жадаў ім дабра і свету. Ён быў у шэрагу тых, хто прапаведваў і закладаў асновы вялікага братэрства на зямлі. У цёмныя дні яны падавалі руку ўсім людзям добрай волі ва ўсім свеце. Яны шукалі праўду і чалавечнасць, змагаліся за іх і гінулі, у пагібелі здабываючы перамогу. Светачы сярод галечы і цемры, першыя агні, нашы продкі, справу якіх мы прадаўжаем і вобраз якіх захоўваем у сэрцы.
Гэта было 10-га сакавiка 1864 года…
Да 100-годдзя з дня смерці Кастуся Каліноўскага
Спатрэбілася дзве роты салдат, каб схапіць аднаго чалавека. Была цёмная і снежная ноч 29 студзеня 1864 года. Салдаты абкружылі квартал Святаянскіх муроў і распачалі планамерны вобыск. Чалавек жыў адзін. Аб яго месцазнаходжанні ведалі два-тры бліжэйшыя сябры. Каб не здрада — яго нельга было б знайсці. Ён лічыў за лепшае рызыкаваць толькі сваёй галавой. Калі ўжо здарыцца бяда — хай з яго смерцю перарвуцца галоўныя ніці падпольных тайн. Але ў горшае ён не верыў. Сам шчыры, просты і адданы справе паўстання, ён верыў у нязломную цвёрдасць людзей, якія рабілі з ім адну справу. Дзве роты салдат і адзін чалавек. Салдаты абкружалі Святаянскія муры ў Вільні. Пачаўся пошук чалавека, які кіраваў адсюль паўстаннем у Беларусі і Літве, не даючы згаснуць полымю. Ратаваў самае каштоўнае — сяброў, братоў, людзей. Дамагаўся, каб вясною паўстанне выбухнула зноў… Чалавек ішоў сходкамі насустрач салдатам, несучы свечку ў руцэ. Так яны і сутыкнуліся. Адзін нёс святло. Другія выраслі са змроку. — Як ваша прозвішча? — Вітажэнец, — спакойна адказаў малады чалавек. Яго схапілі за рукі. Агеньчык скаціўся па каменных прыступках. Згаснуў. Уласна кажучы, гэта быў канец. Бо ні на допытах, ні на судзе чалавек не зрабіў нічога, каб палегчыць сваю долю. Чалавека павесілі на Лукішскай плошчы ў Вільні. Яго звалі Кастусём Каліноўскім, і за тыдзень да страшнай ночы 29 студзеня яму мінуў дваццаць шосты год. За такі час большасць людзей паспявае зрабіць мала. А гэты паспеў стварыць вольную беларускую прэсу, пасеяць насенне народнага гневу, узрасціць яго і зжаць пасеў. Спачатку ён кіраваў паўстанцамі Гродзеншчыны, а потым усклаў на свае юныя плечы паўстанне ўсёй Беларусі і Літвы. І калі белае панства здрадзіла і пакінула ўзброены народ, Каліноўскі ўзначаліў яго і неймавернай сілай волі трымаў гэты цяжар пяць месяцаў. Што гэта азначала, можна ўявіць хоць бы з таго, што супраць паўстанцаў Беларусі і Літвы царызм кінуў 120 тысяч багнэтаў і шабель пры належнай колькасці артылерыі. На аднаго паўстанца было пяць салдат. І гэты адзін быў дрэнна ўзброены, а ў пяцёх была вывучка, гарматы. І, аднак, людзі змагаліся, а Кастусь ствараў сетку арганізацый і атрадаў. Нават у апошнія дні. І гэтыя яго трагічныя апошнія часіны, гэтая тытанічная праца, гэтая мужная ўпэўненасць у тым, што яшчэ не скончана барацьба, гэтая гатоўнасць біцца да канца, гэтая невычэрпная любоў да волі, да радзімы, да дэмакратыі, - робяць асобу Каліноўскага самай трагічнай і велічнай у гісторыі Беларусі, яе нацыянальным героем. Вось ён, студэнт, люта спрачаецца з "белымі" за волю і зямлю для народа. І мы на яго баку. Вось ён ідзе на чале мужных атрадаў: за поясам чамаркі два пісталеты, на чамарку накінута белая сялянская світка, а побач трапеча баявы сцяг. І мы захапляемся ім. Вось ён сядзіць з пяром над пробнымі водціскамі "Мужыцкай праўды". А мы сочым за ходам яго думак і згаджаемся з імі. І мы адчуваем фізічны боль, калі ўяўляем яго на эшафоце, з мураўёўскай пятлёй на шыі, калі чуем яго апошнія словы. Каб ніхто больш не асмельваўся называць рабом простага чалавека і крыўдзіць яго, каб адны не елі "пушны" хлеб, а другія не жэрлі, як не ў сябе, і не подлічалі, каб родная зямля між Дняпром і Бугам (а потым і ўсе землі на свеце) сталі радзімай волі і дэмакратыі, - ён, гэты малады чалавек, змагаўся словам, пяром і зброяй. Каб не плакалі з голаду дзеці, каб не было прыгону і гвалту, каб квітнела вольнае слова, каб не было няроўнасці, каб не сівелі ў роспачы жанчыны, каб мужчыны не лаяліся бяссільна і не паміралі з думкай, што ў іх жыцці не было жыцця, — ён аддаў сваё жыццё. Бо ведаў: неацэнны дар — жыццё — нельга абражаць рабствам, голадам, цемрай, нацыянальным уціскам, смяротнымі пакараннямі. "З-пад шыбеніцы" ён напісаў свой славуты верш, звернуты да зямлі, якая нарадзіла яго і выхавала, дала яму песні і родную мову і вочы, што бачылі ўсю нізасць і веліч свету, і сэрца, што беспамылкова адрознівае дабро ад зла. …Калі яго вялі на пакаранне, ён, як усе "чырвоныя", трымаў кулак левай рукі на тым месцы, дзе білася сэрца. Стары ўмоўны знак змоўшчыкаў. — Люблю Беларусь! Грымелі барабаны. І пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных спраў, якія ведала беларуская гісторыя. Гэта было 10 сакавіка 1864 года ў дзесяць гадзін трыццаць хвілін раніцы.
З вадой і без вады
Мы ўсе, жыхары нашага дома (вул. Карла Маркса, дом № 36), любім газету "Вячэрні Мінск", выпісваем або купляем яе, верым таму, што там надрукавана. Любім мы і свой дом, пабудаваны недзе гадоў дваццаць з гакам назад, зручны, цёплы зімою і з халадком летам. Нам добра ў ім жыць і працаваць. І мы вельмі не любім нешта пісаць і на людзей, і на арганізацыі, і, тым больш, на дом, у якім мы жывём. Хаця гады тры назад мы і пісалі скаргу за шматлікімі подпісамі служачых і пенсіянераў, пісьменнікаў і вучоных, бібліятэкараў і мастакоў, што насяляюць нашу простую, адзначаную мемарыяльнымі дошкамі камяніцу. А пісалі мы пра тое, што ў нашым доме няма вады. Пісалі. І тое пісьмо было нават надрукавана ў "Вячэрнім Мінску". На кароткі час яно дапамагло, а пасля… што там казаць аб тым, што адбывалася пасля. Але што рабіць: памалу мы звыкліся са сваім становішчам за дваццаць год (я і мая сям'я — за шэсць). І, магчыма, нават не білі б у званы, каб не рэпартаж з цэнтральнага дыспетчарскага пункта Мінскага водаправода, змешчаны ў газеце "Вячэрні Мінск" 24 сакавіка. Назва рэпартажу — "Як горад напаіць?" Пачатак яго: "Калі раптам у вашай кватэры перастала цячы з крана вада — не спяшайцеся біць трывогу. Пра гэта ўжо ведаюць тыя, хто адказвае за бесперабойнае забеспячэнне вадой насельніцтва"… Ужо ведаюць. Гэта суцяшае. Ведае цэнтральны дыспетчарскі пункт упраўлення водаправода вытворчага аб'яднання воднай гаспадаркі "Мінскводаканал". Бо менавіта туды сцякаюцца ўсе звесткі аб стане гарадской сістэмы водазабеспячэння. "Кожную гадзіну аператары помпавых станцый інфармуюць дзяжурнага інжынера аб ціску, расходзе вады, запасе яе ў рэзервуарах. …У васьмі пунктах горада ёсць аўтаматычныя датчыкі, якія кантралююць дзейнасць усёй сістэмы. І калі, напрыклад, у нейкім квартале ці раёне горада ціск у водаправодзе не адпавядае ўстаноўленаму, адразу ж прымаюцца меры да аднаўлення патрэбнага рэжыму". Відаць, наш дом ляжыць далёка ад гэтых васьмі пунктаў. Я зрабіў летапіс забеспячэння вадой нашага дома на працягу амаль двух месяцаў. 25 сакавіка. Усю другую палавіну дня аж да ночы і пазней краны маўчалі. 26 сакавіка. З дзевяці гадзін раніцы ішла ці толькі гарачая вада, ці адна халодная. 27 сакавіка. Нягледзячы на "нешчаслівы" дзень, панядзелак, вада зрэдку лілася, даўшы магчымасць за дзень дзяжурства наліць (далёка не ўсе) вываркі, вёдры, тазы, чайнікі і ўпрыгожыць імі ванны пакой і кухню. Гэта быў мой абавязак, бо жонка была на рабоце. Мой дзень работы, дзякуючы гэтаму, — прапаў. 28 сакавіка. Вады не было з сямі гадзін раніцы, у дзесяць пацурчала адна халодная, а ў дзесяць трыццаць пайшла і ледзь цёплая. 29 сакавіка. З дваццаці адной гадзіны не было ніякай вады. У дваццаць дзве дзесяць пайшла халодная. 30 сакавіка. У чатырнаццаць гадзін дваццаць мінут гарачая вада некуды прапала. Пасля ёй абрыдла гуляць у хованкі, і ў пятнаццаць пяцьдзесят пацякла, толькі, каб знікнуць у дваццаць гадзін і з'явіцца ў дваццаць дзве…. 3 красавіка. Гуллівы настрой не пакідае нашу сістэму. Да 15.30 вада госціць недзе ў іншых месцах. Пяць мінут работы — і "перакур". 16.35–16.45 — ёсць струменьчык. Гэта ж падсачыць трэба. Жыхары сядзяць, як паляўнічыя ў засадзе. З такім самым поспехам. Колькі сапсаваных нерваў… 17.10–17.15 — зноў няма. Нарэшце, вада выходзіць на прагнага "лаўца" толькі ў 23 гадзіны. 5 красавіка. У 15.30 пайшла, каб знікнуць да 18.30. 12 красавіка. Да 17 гадзін гарачай вады не было. Так што гарачай вады ў гэты дзень мінчане скарысталі крыху менш. Прынамсі, у нашым доме. 15 мая. Да 13.50 — суха нібы ў Сахары. У 13.50 выбухамі б'е гразь. Ну, а каб, скажам, чалавек у такі дзень вярнуўся з водпуску? У кватэры нават запасу мінералкі няма. І стала чалавеку, скажам, кепска, а запаслівыя суседзі ў гэты час на рабоце… Дык вось: "Калі раптам у вашай кватэры перастала цячы вада, не спяшайцеся біць трывогу. Аб гэтым ужо ведаюць тыя…" і г.д. А сур'ёзна кажучы, да якіх, таварышы, часоў?! Хто там з матэматычным складам мыслення, падлічыце, колькі гадзін за гэтыя амаль два месяцы мы мелі ваду? А за гады? Дык можа плаціць трэба меней? Або наладзіць урэшце водазабеспячэнне? Ці не досыць? Чэхаў сказаў, што калі зайца біць, ён навучыцца запальваць запалкі. А калі водную гаспадарку?.. Што тады будзе з вадой?
Коласаўцы
Назвы такой да 1944 года не было. І ўсё адно для мяне яны — коласаўцы. Так з вялікай пяшчотай называюць гэтую трупу на маёй роднай Віцебшчыне, і не толькі на ёй. Колькі я жыву, столькі памятаю гэты тэатр і спадзяюся дажыць вызначаны мне век разам з ім, радуючыся, што ён жыве, нястомна расце, працвітае і, як заўсёды, заваёўвае сэрцы людзей. Першыя спектаклі БДТ-2 мне давялося бачыць яшчэ да вайны. Тады мы — і я, і тэатр — былі зусім дзеці. Мне год сем. Ён гады на чатыры старэйшы. Бачыць і ў Віцебску, які пасля правінцыяльнай тады Оршы здаваўся вялізным, як Парыж, і ў самой Оршы, у даваенным драўляным тэатры, што так утульна размяшчаўся сярод дрэў парка над рэчкай Аршыцай. Ясна, што тыя спектаклі моцна падзабыліся, але адчуванне свята ад святла, яркасці фарбаў, музычнасці, нават паху сцэны — яны не забудуцца. І менавіта з гэтай прычыны я не верыў і не буду верыць у хадзячую тэорыю смерці тэатра, забітага кіно і тэлебачаннем. Не будзе такога, пакуль існуюць дзеці, якія прагна глядзяць на заслону і чакаюць дзіва, якое адкрыецца іхнім вачам, а пасля застаюцца сябрамі гэтага дзіва, гэтага свята — на ўсё жыццё. Не будзе для мяне асабіста і для тысяч і тысяч іншых, бо на свеце былі і ёсць — коласаўцы. …Памятаю іх выязныя спектаклі пасля вайны ў выпаленай, ушчэнт спапялёнай Оршы. Калі нават завея не магла выць у руінах, бо і руін не было (немцы разабралі іх на ўмацаванні). Тэатр выступаў тады ў сяк-так адноўленым будынку старога касцёла. І ў нас, падлеткаў, ясна ж, не было грошай, каб паглядзець усе спектаклі. А нам так хацелася гэтай вялізнай штодзённай радасці! Мы проста не маглі без яе жыць. Як без хлеба. Грэшным чынам, гэта я абследаваў тады хады ў мурах касцёла і дазнаўся, што імі можна прабрацца і на галёрку (былыя хоры), і пад сцэну, і, у горшым выпадку, на гару, адкуль відаць было толькі патыліцы акцёраў. І мы (хай даруе нам адміністрацыя) кожны раз пранікалі туды і глядзелі, і смяяліся, і абліваліся слязьмі. Ці мог я тады думаць, што "Званы Віцебска", першая з маіх п'ес, якая ўбачыць святло рампы, убачыць яго менавіта тут, на падмостках тэатра віцебскага, што ёю адкрыецца свята 1000-годдзя горада, што любімыя мае акцёры будуць гаварыць мае словы, што ў гэтым тэатры я ўрэшце не толькі глядач? А здарылася так. Такое шчасце здарылася. І падзеі трохсотгадовай даўнасці, апісаныя мной, ажылі ў знаёмых мне так даўно мурах, у абліччах так даўно мною любімых. Мне лёгка і радасна працавалася з імі. І з рэжысёрам, і з мастаком, і з кампазітарам, і з усімі акцёрамі да адзінага. Гэта, згадзіцеся, шчасце. І калі вам будзе так жа добра з усімі намі, з гэтайп'есай, з гэтым цудоўным тэатрам — мы будзем лічыць, што зрабілі ўсё, што маглі. Гэты тэатр для мяне, як каханне, на якое адказалі ўзаемнасцю. Я дзякую яму.
Мова (што я думаю пра цябе)
Перагарнуў апошнія старонкі кнігі "Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?". Кнігі, бо гэты рукапіс — гэта ўжо нешта такое, што адбылося, здзейснілася. Назнарок не кажу нічога пра дзве-тры папраўкі, якія зрабіў бы ў рукапісу я. Таму што, магчыма, іх зрабіў бы толькі я, і яны аніяк не могуць прэтэндаваць на "ўсеагульнасць". Таму што цікавасць гэтай кнігі менавіта не ва ўсеагульнасці, а ў шматплыннасці, у мностве твараў жывой, сённяшняй чалавечай думкі. І менавіта ў гэтай цякучасці, сённяшнясці, адлюстраванні становішча, якое маем зараз, цяперашняга пункту гледжання на яго — галоўная каштоўнасць кнігі, складзенай А. А. Бембелем па цаглінцы на фундаменце і пад дахам, якія склаў, стварыў ён. З самага пачатку згодзімся з аўтарам, які перафразаваў думку М. Глінкі, што "мудрасць стварае народ; філосафы яе толькі аранжыруюць", і з сумнай, на жаль, часта справядлівай заўвагай, што гэтым яны яе почасту "толькі псуюць". З цалкам правільнай заўвагай аб двух узроўнях філасофствавання. Бо гэта праўда, што жывое спасціжэнне ісціны і існага кожнай чалавечай душой, незалежна ад "прафесійнай вывучкі і заняткаў яе носьбіта", заўсёды куды больш жывое, часам куды больш глыбокае і заўсёды куды больш цікавае. Таму што — магчыма, гэта толькі мая думка, ды я і не прэтэндую на непагрэшнасць, я не папа рымскі — філасофіі нельга навучыць, калі ў аб'екта няма свайго погляду на рэчы, свайго светаадчування, сваіх густаў і — тады ўжо гэта справа зусім безнадзейная — сваіх, непазычаных мазгоў. А паколькі — па словах Мефістофеля — разумнікаў, як тое быдла:
Наш агульны клопат
У рэспублiцы ствараецца музей народнай архітэктуры і быту
У канцы мінулага года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову "Аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту". Рашэнне гэта — адно з красамоўных сведчанняў клопатаў нашай партыі і ўрада аб далейшым развіцці беларускай нацыянальнай культуры. Што будзе ўяўляць сабой будучы музей, музей пад адкрытым небам? З усёй тэрыторыі рэспублікі мяркуецца звезці і паставіць у адным месцы, у маляўнічай мясцовасці пад Мінскам, найбольш старыя і найбольш тыповыя сялянскія і местачковыя пабудовы: хаты, пуні, гумны, адрыны, дрывотні, млыны, іншыя жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы. Вырасце як бы вялікае паселішча, і наведвальнікі яго здолеюць за досыць кароткі час убачыць, як жылі сяляне і местачкоўцы розных этнаграфічных раёнаў Беларусі трыста, дзвесце, сто гадоў назад, учора. Дзеля чаго гэта трэба? Ну, перш за ўсё, — гэта гісторыя народа. І праз гісторыю музей павінен яшчэ больш умацаваць у нашых людзях, і ў першую чаргу ў моладзі, пачуццё патрыятызму (а значыць, і інтэрнацыяналізму), пачуццё высокай адказнасці за сваю Радзіму, пачуццё павагі да працоўнага чалавека і кроўнай роднасці з ім. І яшчэ: музей пад адкрытым небам — гэта Веданне. Веданне матэрыяльнай і духоўнай гісторыі народа. Якой наша краіна стала за гады Савецкай улады — гэта ўсе мы добра ведаем (відавочныя таму прыклады будуць трапляцца ўжо на кожным кроку па дарозе з Мінска да музея). А вось якой была наша краіна, якой была яе культура да рэвалюцыі, з чаго мы выраслі — уяўленне аб гэтым і павінен будзе даць музей народнай архітэктуры і быту. Міністэрствам культуры БССР зараз ствараецца арганізацыйная група. Яна будзе працаваць пакуль што пры міністэрстве, але як самастойная адзінка. Разам з зацікаўленымі арганізацыямі гэта група зоймецца зборам экспанатаў, выяўленнем і адборам помнікаў народнага дойлідства, грамадскіх і бытавых пабудоў, збіраннем даўніх прылад земляробства, рамяства, побыту, а таксама твораў народнага мастацтва. Арганізацыйная група — будучая дырэкцыя — мае намер абапірацца на шырокае кола грамадскасці. І не толькі на дапамогу членаў таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (хаця, вядома, гэта ў першую чаргу іхняя справа, справа іхняга гонару), але і на актыўную дапамогу ўсяго насельніцтва рэспублікі. Распачынаецца справа вялікай важнасці, і справа гэта можа быць даведзена да поспеху толькі пры актыўнай дапамозе кожнага з нас. Таму што мы з вамі, і толькі мы, ведаем, як выглядаў "бегунок", на якім мы вучыліся хадзіць, пакуль маці пякла аладкі, як выглядаў "ключ" (ад старажытнага слова "клюка"), якім хітра адсоўваўся "рыгель" у дзвярах. …Уявіце сабе вялізнае вадасховішча, хваёвы і лісцёвы лес на яго берагах, а ў гэтым лесе, на ўзлессі і палянах, звезеныя з усіх канцоў Беларусі будынкі. Срэбна-шчапяныя дахі і залаціста-саламяныя стрэхі. Разьблёныя ліштвы і франтоны. Махаюць крыламі ветракі, шуміць вадзяны млын. У лесе — леснічоўка. На беразе — рыбакова хата. Над вяндлярнямі — ядлоўцавы дымок. Тут — тыповы сялянскі двор з Полаччыны ці Ушаччыны, крыху далей — слуцкі або рагачоўскі двор. Уся наша рэспубліка, як на далоні, на плошчы ў нейкіх сто гектараў. На невялікай плошчы — усе праявы помнікаў народнага будаўніцтва: жылога, грамадскага, вытворчага і іншых. А паколькі людзі не жывуць і не жылі ў пустых хатах, то для хаты кожнага рэгіёна павінна быць і мясцовае ўбранства: розныя тыпы печак, мэблі, начыння, посуду, ткацтва, прадметаў быту — ад драўлянай лыжкі да гаршка, ад старых цымбалаў да сальнічкі. А вакол хат — уласцівыя гэтай мясцовасці дворныя пабудовы. Сад, у якім мясцовыя пароды дрэў, агарод, у якім расце самая распаўсюджаная ў гэтай мясцовасці гародніна. Словам, усё гэта дзеля таго, каб вы, скажам, прывезлі ў музей сваіх дзяцей-мінчан, прывялі іх да полацкай хаты і сказалі ім: "Вось так, дзеці, жылі вашы дзяды. Гэта — ваша гісторыя. Яны былі працавітыя, простыя людзі. Але яны ўмелі не толькі працаваць. У іх было незвычайнае пачуццё прыгожага. Глядзіце, які посуд, як прыгожа і спрытна сплецена гэтая вярэнька, якія гожыя забаўкі, як меладычна гучаць іхнія музычныя інструменты…" Але не толькі мінчанам, а і палачанам будзе цікава ўбачыць у музеі "полацкую" хату. Бо і на Полаччыне іх, тыповых, засталося вельмі мала. І мала хто іх бачыў: атрыбуты народнага побыту і культуры ўсё больш і больш знікаюць. Працэс гэты няўхільны, але мы павінны зберагчы тое, што засталося. І пакуль што шмат яшчэ можна знайсці ў многіх вёсках багатых і каштоўных для музея матэрыялаў. Так што трэба спяшацца. …Школа патрыятызму, школа павагі да працы і працоўных людзей, школа выхавання пачуццяў прыгожага на самых дасканалых, вякамі адточаных, народных узорах — вось што такое музей пад адкрытым небам. У чым канкрэтна можа выявіцца дапамога грамадскасці будучаму музею? Ну, перш за ўсё, каб кожны з нас не застаўся раўнадушным да гэтай справы, зрабіў спіс старых пабудоў у сваім раёне, сельсавеце, вёсцы. У спіс гэты (а ён можа складацца нават з аднаго-двух цікавых старых будынкаў, што зберагліся ў наваколлі) павінна ўвайсці самае цікавае, самае адметнае. Старыя хаты розных тыпаў і канструкцый, розных планіровак, разнастайных формаў страхі або даху, з рознымі ўпрыгожваннямі на ліштвах, вушаках, франтонах. Разнастайныя тыпы двароў, агароджаў, гаспадарчых пабудоў — свіран, пуня, адрына, млыны паравыя і вадзяныя, ветракі, варыўні, скляпы (лёхі), паветкі, хлявы, цікавай формы студні, сыраварні, вяндлярні, азярыны рознай формы. Не мінайце ўвагаю старыя кузні з усім начыннем, ганчарні і ганчарныя печы, майстэрні для насякання жорнаў, смалярні, дзе яны зберагліся, стальмашні, буды (спецыяльныя печы для вытворчасці паташу, выпальвання драўлянага вугалю) і многае, многае іншае. Безумоўна, у хатах (земляроба, рыбака, пчаляра, палясоўшчыка і г.д.) павінна быць і адпаведнае начынне, рэчы, прылады, якімі карысталіся людзі. Усё тое, чым працаваў там калісьці наш працоўны чалавек, чым ён жыў. З гэтай прычыны значную цікавасць для музея ўяўляе даўняя мэбля: сталы, лавы, зэдлікі, шафы, канапы (не тыя, што зараз, а проста лавы са спінкай), скрыні простыя і маляваныя і г.д. Фатаграфуйце або рабіце замалёўкі асабліва цікавых даўніх печак з іхнімі нішамі і выступамі для размяшчэння розных прылад. Магчыма, камусьці пашанцуе знайсці печ з "комінам" (раней так называўся абмазаны глінай конус-дымаход з лазы, пад якім гарэла лучына). Будучы музей зацікавяць таксама вырабы з воўны, лёну, канопляў, скуры, посцілкі, вышываныя ручнікі (наўрад ці якая гаспадыня — асабліва калі імя яе будзе ўпамянута — адмовіцца даць для музея нават "мамчын ручнік", калі ён упрыгожыць нейкую "пінскую" ці "віцебскую" хату), адзенне ўсіх узростаў, верхняе і ніжняе, для лета і для зімы, на свята і ў будні дзень, усе гэтыя "лятухі", "світкі", "буркі" і іншае, галаўныя ўборы, абутак ("пасталы", "поршні", "лапці", "апанкі", на поўначы — драўляны абутак, у якім выходзілі да жывёлы), паясы, упрыгожанні. У спісе будучых экспанатаў абавязкова павінна быць рознае хатняе начынне (гаршкі, крынкі, драўляныя вёдры і цэбры, даёнкі і г.д.), прылады земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама прадметы, патрэбныя на свята і для абрадаў. Перш за ўсё музычныя інструменты: дуды і дудкі, жалейкі, цымбалы, гуслі, старыя скрыпкі і басэтлі, бубны, дрымбы (жалезныя выразныя пласцінкі з язычком, на якіх ігралі, сціснуўшы іх зубамі — гэта, галоўным чынам, на Палессі). Калі б нехта знайшоў батлейку з наборам (хай няпоўным) лялек — гэта быў бы добры падарунак будучаму музею. І, вядома ж, нельга абмінуць увагаю творы народнай мастацкай творчасці: вышыўка наша і непаўторнае наша ткацтва, жывапіс, разьба, вырабы з гліны і дрэва, ільну і саломы, рогу і косці. І яшчэ. Новаму музею будуць патрэбны не толькі жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы. Яму будуць патрэбныя і пабудовы культавыя, бо старую вёску цяжка ўявіць сабе хоць бы без капліцы. Таму неабходна ўзяць на ўлік старыя драўляныя цэрквы (а таксама старыя абразы, іканастасы і іншае ў іх), капліцы, старадаўнія драўляныя званіцы. Гэта таксама тое, чым жыла яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад наша вёска. Па складзеных спісках вучоныя, архітэктары, гісторыкі — усе знаўцы даўніны адбяруць самае-самае вартае, разбяруць будыніну, перасыплюць у выпадку патрэбы, перавязуць і паставяць на тэрыторыі будучага музея пад адкрытым небам. Каб людзі з усіх канцоў, з усіх краін дзівіліся будаўнічаму генію нашага чалавека. Ужо заразустановы, прадпрыемствы і асобныя грамадзяне могуць пачаць збор экспанатаў народнага быту для будучага музея пад адкрытым небам. Дасылаць іх можна па адрасе: г. Мінск, Міністэрства культуры БССР, арганізацыйная група. І абавязкова ўказваць на кожным экспанаце: дзе, у каго, калі і пры якіх абставінах ён быў знойдзены. Міністэрству культуры БССР варта было б падумаць аб тым, каб людзей, якія прыслалі найбольш цікавыя знаходкі, нейкім чынам заахвочваць і пра знаходкі гэтыя шырока паведамляць у прэсе. Гэта будзе стымуляваць людзей, падахвоціць іх, прымусіць яшчэ больш актыўна збіраць экспанаты для будучага музея, дасць лепшую арыенціроўку на тое, што, як і дзе шукаць, у якім напрамку весці пошукі. Словам, праца наперадзе чакаецца вялікая. Але гэта — высакародная, удзячная праца. Наш агульны клопат цяпер — садзейнічаць як мага хутчэйшаму адкрыццю будучага музея, зрабіць яго дзейсным сродкам ідэйна-маральнага і эстэтычнага выхавання працоўных.
Родная мова
Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце… А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі. Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім — легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і кампазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце — ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі. Мова першай матчынай калыханкі і апошняга "бывай", мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш. Гнуткі, спявучы, адвечна новы інструмант, без якога нельга ўявіць сабе сваё жыццё, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць. Няма цябе — і вось няма суцяшэння ў горы. Няма цябе — і вось нямы язык, і нельга сказаць словаў радасці. А калі ўбіць сабе у галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе, то… нашто нам тады такая будучыня? Таму што ўсе мы — ад настаўніка да паэта — любім цябе, таму што ты — самы важлівы наш здабытак, і мы ў меру сіл нашых не дазваляем і не будзем дазваляць, каб нехта выказваў да цябе пагарду. Тым больш дзіка, што яшчэ нядаўна зламысныя ёлупы прарочылі табе знікненне. Мала таго, самі дбалі аб ім са стараннем, вартым лепшага ўжывання. Што ж, Іваны Бязродныя вартыя толькі пагарды, як усе тыя, якія, адвярнуўшыся, праходзяць ля матчынай хаты. Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам. …Старая хроніка данесла да нас жудасную і горкую гісторыю. Тэўтоны захапілі землі прусаў, і старая пруская мова паступова знікла, і вось на турнір мейстэрзінгераў прыйшоў апошні прускі спявак і паэт — вайдэлот. Ён спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць, пра вернасць і дружбу. Ён апяваў прыгажосць сваёй зямлі, але ніхто яго не разумеў. Яму не далі скончыць, бо рыцары рагаталі, як ашалелыя. І паднеслі старому вайдэлоту прыз… сто гарэхаў свістуноў. Глыбокі сэнс гэтай гісторыі ясны, як божы дзень: нямы той чалавек, які забыў мову продкаў, і не можа ён спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе. Па пальцах можна пералічыць выпадкі, калі, напрыклад, пісьменнік стварае на чужой мове нешта нават не геніяльнае, а проста вартае друкавання, а не сметніка (скажам, паляк Кажанеўскі стаў англійскім пісьменнікам Джозефам Конрадам). Але нават геніяльны Пушкін, дасканала ведаючы французскую, пісаў на ёй дужа пасрэдныя вершы. Тое самае можна сказаць пра польскія вершы Лучыны і рускія — Багдановіча. А яны ж таксама большую частку жыцця чулі рускую і польскую. Нібы нейкі лёс неўблажымы кіруе рукою таго, хто піша. Нібы цень маці, прамаці ўсіх продкаў, што прайшлі па зямлі з дня з'яўлення на ёй людзей і народаў. І калі пачынаеш пісаць не так, як думалі і гаварылі яны, — немінуча пачынаеш фальшывіць. У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. Але і тады мовы былі практычна неўміручыя. Тая ж самая латынь не толькі нарадзіла ўсю сям'ю раманаўскіх моў — ад Аргенціны да Румыніі, - не толькі, будучы ўжо мёртвай, цэлымі стагоддзямі была мовай паэзіі і навукі, але і зараз уплывае на нас творамі Катула і Вергілія, Гарацыя і Авідзія, прымушаючы нас смяяцца і плакаць. Што ўжо хадзіць далёка за прыкладам: новая беларуская літаратура пачыналася з пераробкі Вергіліевай "Энеіды", і той жа самы Вергілій вадзіў па пекле заснавальніка новай італьянскай паэзіі, першага паэта новага часу Дантэ. У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях", але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчыньскага ёсць верш, герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова "свежоп", перагортвае ўсе, якія ёсць, слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з'язджае з розуму.
Цi дажывем да ста год, або пасмяротнае рыданне
Пану Ф. Н., якi быў сведкам гэтай праўдзівай і журботнай гісторыі
Цярпець не магу анкет, апытанняў і тэстаў. Па-мойму, гэта толькі задурванне галавы добраму чалавеку. А пайшла ж на іх за апошнія гады нейкая паскудная мода! "Колькі год было вашай стрыечнай бабцы, калі яна трэці раз выйшла замуж?" (А колькі тыдняў было пазалеташняму снегу?) "Як вы ставіцеся да знешняй і ўнутранай палітыкі прэзідэнта Хрэніі Бумба Юмба?" (Так я вам і сказаў бы, нават калі б ведаў.) "Якой вы думкі аб творчасці NN?" (Мог бы і праўду сказаць, але ён жыве са мною ў адным квартале.) "Ці знаходзіцеся вы ў сваяцтве з Радзівіламі? У якім?" (Не. Ні ў якім. З адной Радзівіловай аднойчы выпіў пару-другую кяліхаў. Ёй шэсцьдзесят год. І яна харошы чалавек, лепшы, чым многія мае сучаснікі.) "Што штурхнула вас на напісанне таго і таго?" (Вось бы суцешыліся, калі б сказаў: "Грошы".) Або пытанні ад шаноўных даследчых інстытутаў у акадэміях навук. "Якія каляровыя асацыяцыі выклікае ў вас знак "0"? (Ніякіх. Нуль, ён і ёсць нуль. Нуль хлеба, нуль віна, нуль заробкаў.) "Ці бачыце вы колеры, слухаючы музыку? З якімі колерамі асацыіруецца ў вас творчасць Чайкоўскага? Вячасава Адамчыка? Брамса? Рыгора Барадуліна?" (Божа, каб я ведаў, з якімі!) Назолы страшэнныя — і я ведаю чаму. Апытаюць 50 чалавек — і гатова дысертацыя, толькі склеіць трэба. Але да клею ім не прывыкаць. І каб хоць запісваў са слоў, а тое намагаецца, каб лягчэй, атрымаць адказы пісьмовыя. Але асабліва я цярпець не магу анкет, апытанняў і тэстаў польскіх. Сырцом бы іх з'еў! Нахабства неверагоднае. Ненавіджу! Чаму? А вось чаму… і няхай пасля майго апавядання нехта са мной не згодзіцца… …Сядзім неяк у віруючай Варшаве, у інтэлігентнай прафесарскай кватэры. Я, жонка і гаспадар хаты, мой друг. Мы з гаспадаром каву п'ем, а жонка, як Юлі Цэзар, займаецца адразу трыма справамі: п'е каву, чытае "Kobieta i zycie" ("Кабета, значыцца, і жыццё") і меле языком бесперапынку. - Слухай, — кажа раптам. — Ці не хацеў бы ты застрахаваць жыццё? - Тваё? - Не, сваё. Адкуль у яе раптам такія тагасветныя ідэі з'явіліся? Хоць і жанчына, але няма ж і ў іх дыму без агню. - А колькі? — пытаецца ўва мне загартаваны матар'яліст. - Чатырыста рублёў праз тры гады? - А што мне трэба рабіць праз тры гады? - Атрымаць грошы. - Ламіць нічога не трэба? Руку? Нагу? Шыю? - Можна і такое. Адчуў я за гэтым нешта падступнае. Усё адно як сабрат па пяру цябе пытае аб тым, што ты пішаш. Але змаўчаў. А яна раптам: - Ой, як цікава! Гляньце, што ў часопісе. А там тлустая назва: "Ці дажывём да ста год?" А зверху лозунг: "Варажэнне з… навыкаў". І словы, што некалі варажылі на картах ці на кававай гушчы (цяпер верны быў бы спосаб вылецець у трубу), а мы — на сямейных дадзеных і найпрасцейшых прывычках чалавека. І табліца, колькі яшчэ год перад табою, смяротны. І подпіс. Нейкая доктар псіхалагічных навук Diana S. Woodruff. А ніжэй таблічка. Калі табе зараз 21 год і ты мужчына (а хто з мужчын на добрую ахвоту прызнаецца ў адваротным?), то жыць табе 70,6 года, калі жанчына — 76,4 гады. Ну і гэтак далей. - Ой, цікавасць якая! — сказала жонка. — Давай паварожым. - Гэ-эх, а яшчэ член прафсаюза. Ну ладна ўжо я. А вы? Шэрасць вы былі, шэрасць і засталіся, як сказаў малады чалавек акадэміку Паўлаву, калі той хрысціўся на храм… Ну, вось твая лічба. Маеш шансы дажыць да 77,4 год. Хопіць яшчэ з цябе… Хочаш — паваражы, няхай… - А ты? Раней ты. - Гэта ўсё адно як у Назарэі піраміду будаваць збіраліся, то тыя сказалі: "Паспрабуем раней у Егіпце"… Дзівачка! То размовы аб страхоўцы, то — колькі пражыву. - Ды не. Вось, шукай сваю лічбу. Узяў я "Кабету". (Шчаслівец мой польскі друг, яму рэдка калі выпадае на яе падпісацца, не тое што ў нас. Віншую яго.) Адшукаў свае лічбы. Мне 46. Я мужчына. - Ну вось, — кажу. — Пражыву 72,7 гады. Калі, вядома, на мяне цэгла з мура не ўпадзе. - А ты трымайся далей ад новых дамоў. - Далей ад дамоў — вуліца. А там — аўтамабілі. - А ты хадзі толькі па тратуарах, — з чароўнай жаночай логікай заяўляе яна. — Ну, хопіць. Ты не да канца прачытаў. Там яшчэ трэба плюсаваць або мінусаваць. - Чаго? - Розныя рэчы. Тут я адразу засумаваў. Плюсаваць — гэта не па маёй частцы (мінусаваць хаця сяк-так навучыўся). Гэта жонка майстар: "Адзін пішам, два на вум кладзем". А я, сорам прызнацца, нават табліцу множання збіваюся, і няма мне ў гэтым памочніка, як раней. (Раней яна друкавалася на апошняй вокладцы сшытка, а цяпер… А яшчэ кажуць, ракаліі і паршыўцы, што свет ідзе да лепшага, калі ніякага клопату аб чалавеку і яго мазгах). А што, калi кепскае наварожыш? I не паспееш — на шчасце чытачоў, на гора сабе — кнiгу скончыць? Чытаю першы раздзел. Гады, якія наследуем. Ці ёсць твая даўгавечнасць якасцю сямейнай? - Ці дажылі дзяды да васьмідзесяці? - Ну, дзед дажыў. І невядома, колькі б пражыў, каб не вайна, на якой столькі іх ляжыць, патэнцыяльных стогадовых. Адразу ў мяне настрой сапсуўся. Пабывалі б вы, доктар Дыяна, на вайне. Але плюсую сабе два гады. Малайчына дзед. А вось бабка падвяла. Памерла рана ад хваробы, якая цяпер не страшней катару. Мінусуем два, і застаюся я пры сваіх інтарэсах. - Ці мае твая матка 80 год? - Так. Нават 84. Дай Бог ёй здароўя. Маю ў плюсе паўтара гады. - Бацька? - Нуль я тут маю. Пражыў 72 гады. Не піў, не курыў, перажыў удала шэсць войнаў і дзве рэвалюцыі. Пражыць павінен быў бы, па табліцы, сама меней 79. І чаго ён так? - Ці хварэў хто са сваякоў перад шасцюдзесяццю на сэрца? Не. На дыябет? Так, адзін, — мінус тры ачкі. На жалезы ўнутранай сакрэцыі? Не. На пухліны? Не. На астму? Не. Ну вось. Не хварэлі, ані дэбету, ані крэдыту. Чатыры нулі. Добра, што хаця не аднялі ў мяне гэтыя нулі дванаццаці гадоў. Ну і, вядома, сваякам добра. Разумніца анкета. Наступны яе раздзел. Гады, якія прапрацавалі. - Якая асвета? Калі пачатковая — дадаем адзін год. Сярэдняя — два. Вышэйшая — тры. - Дзіўна, — сказаў сябар, — я думаў, наадварот. - Тут сказана, што павышаецца тады ўзровень жыцця, — сказала жонка. — І веды пра рацыянальнае харчаванне і вобраз гэтага жыцця. - А калі асвета царкоўна-парафіяльная, а ўзровень жыцця на дзесяць універсітэтаў? — спытаў я. - Выключаецца, — сказала жонка. - А калі шафёр зарабляе больш за кандыдата? — спытаў сябар. - Не можа гэтага быць, — сказала жонка. - Адзін — малатабоец і сала есць, — змрочна сказаў я. — Другі — аперацыі робіць, усё пра рацыянальнасць ведае, у анатоміі з фізіялогіяй дока, ведае, якое жыццё самае нармальнае, часам інстытутам геранталогіі кіруе, а глядзіш — за яго труною, сярод іншых, ідуць пяцьдзесят чорнарабочых з ніжэйшай асветай. А пасля, за ўспамін душанькі, сала ядуць і чаркай запіваюць. - І, па-мойму, — сказаў сябра, — ад добрага заробку і вышэйшай асветы (калі ўжо такое спалучаецца) толькі лішняя вага ды стрэсы. Во, і ў табліцы далей так сказана. То каму на свеце пасля такога верыць? Спрачацца пачалі. Набаўлялі. Прыбаўлялі. Аж пакуль крыху не заблыталіся, як той чалавек, у якога пляменнік (а быў ён старэйшы за далёкага дзядзьку) ажаніўся з траюраднай сястрой дзядзькі, а яе дачка пайшла замуж за дзядзькавага сына, а брат сына… Словам, урэшце выявілася, што дзядзька сам сабе бабуля. І да таго часу ён разбіраўся ў гэтым сваім сваяцтве, аж пакуль яго ледзь не звезлі ў Навінкі. - Досыць, — перарваў я. — Тры вышэйшыя асветы ў мяне. Дзевяць год ганіце. - Пра тры нічога не сказана, — зайздрасна сказала жонка. - Няхай, няхай адна. Давайце мае тры гады. "Прафесія? — пытае анкета далей. — Калі твая прафесія звязана з тым ВНУ, якую ты скончыў, - дабаў 2 гады. Адвакат, настаўнік — дадай тры. Архітэктар, музыкант, фармацэўт, лекар — 1 год". Пра маю прафесію нічога. А хто я, сапраўды. І адвакат, і настаўнік, і архітэктар, і з музеямі звязаны, і з музыкай. Шматстаночнік. Як казаў адзін дзед: "Во ў мяне быў зяць дык зяць! Ён табе і сталяр, ён табе і цесля, ён табе і бондар, ён табе і брыгадзір, ён табе і злодзей, ён табе і старшыня мясцкома". Прыбаўляў, адбаўляў. Адбаўляў — прыбаўляў. Урэшце з уздыхам паставіў сабе два гады. З плюсам. "Колькі зарабляеш?! — як фінінспектар, грозна пытае анкета. — Калі ацэньваеш свой заробак як вельмі добры — адліч два гады". - А-а чаму адлічаць, калі добры заробак? - Таму, што ў такіх часцей стрэсы, і ядуць яны зашмат і нерацыянальна, — павучальна, як быццам раней ведаў, сказаў я. - А я ж і гаварыў, - сказаў сябар. — А раней казалі тут жа пра вышэйшую асвету, заробак і веданне, як харчавацца добра, а як дрэнна. Дзе логіка? - Асвета — гэта яшчэ не заробак, — паўтарыў я. — І веданне яшчэ не ўсё. Ведае чалавек, што вячэру трэба аддаць ворагу, а сам павячэрае такой яешняй, што і сучка не пераскочыць, ды яшчэ і набярэцца, як жаба гразі. - Фу, — сказала жонка. — Як ты, урэшце, выражаешся? - На чыстай беларускай, — раздражнена сказаў я. — Вось ты? Ведаеш, што каву нанач піць дрэнна? Ведаеш. А ўжо трэцюю п'еш. А з вышэйшай асветай і з добрым заробкам. - Не добры ён у мяне. Нават горшы, чым у цябе. - Першы раз прызналася. Звычайна наадварот пілуеш. Усе вушы аб'ела… эмансіпіраваная жанчына. Феміністка. - Ведаеш, — уздыхнула жонка, — я, як амаль усе жанчыны, з ахвотаю б назад разэмансіпіравалася. - Не трэба было ланцугамі да лавы ў парламенце прыкоўвацца. І кіслату ў паштовыя скрынкі ліць. Дазмагаліся, кабеткі. - Нашы дазмагаліся, — уздыхнуў сябар. — Сядзяць па кавярнях, а мужыкі ім на вячэру гатуюць эсцюржон а ля рюс. - Ой, а што гэта такое? — спытала жонка. — А ты мне згатуеш? - І ў ложак падам, — сказаў я. — Гэта асятрына па-руску. Толькі, пакуль я жывы, у нашай, у маёй краіне такога не будзе. Ніякая канстытуцыя яшчэ не забяспечвала мужчыне роўных правоў з жанчынай. І наша, мая таксама. Стала мне маркотна: "Дурацкая анкета. Мела рацыю жонка. Няма такога чалавека, які ацэньваў бы свой заробак як вельмі добры. І хаця я ем мала, але стрэсаў у мяне на цэлы Кітай хапае. Але паколькі людзі некаторыя кажуць і табе так хочацца — ладна, адкінем два гады. Нам не шкада". "Ці вымагае ваша праца безупыннага руху? — пранырліва і подла пытае анкета. — Ці, наадварот, вы праседжваеце за сталом з раніцы да вечара? У першым выпадку тры з плюсам, у другім — шэсць з мінусам". - Ну што мне тут сказаць? — жаласна разгубіўся я. — Спачатку сяджу за сталом з раніцы да вечара. А пасля, як скончыш, пачынаецца ўжо і нястомны рух з раніцы да вечара. На дні, месяцы, гады. А пасля зноў сядзенне за сталом з раніцы да вечара. З патрэбнымі і зычлівымі людзьмі. А пасля зноў сядзенне за сталом з раніцы да вечара. А пасля зноў рух безупынны. - Які гэта рух? — спытала жонка. - А рэдакцыі. Тут толькі і адпачываеш. У Польшчы. Сёння аглядзеў Віланаў, пасля да Лазенак, пасля пешшу да Старога Мяста, пасля па трох музеях, пасля пешшу на Руткаўскега, былую Хмельную. І так прыемна адпачываюць ногі. Не тое што ў Дом друку, пасля да машыністкі (восьмы паверх з сапсутым ліфтам), пасля пешшу на кінастудыю (гадзіны пік), пасля ў адну рэдакцыю, пасля ў оперны, пасля ў другую рэдакцыю, пасля… Ногі вы мае, ногі… - Але сядзець больш даводзіцца? — спытаў сябар. — За сталом. І спачатку, і пасля. - Твая праўда. Рэж тры гады. Ну, усё адно, мабыць, жыць будзем з усімі надбаўкамі год восемдзесят дзевяць — дзевяноста. Недзе гэтак да 2019 года. Эфектна, халера на яго! А мо паднапружымся на тры месяцы, і — уяўляеш, жонка? — 2020 год. Ф-ф-фу-у! - Э-э не-е, — з нейкай незразумелай хцівасцю кажа жонка. — Тут вось далей раздзел: "Гады, якія самі сабе адлічваем". - Ну нашто, нашто іх адлічваць? — Дужа мне спадабалася ідэя жыць у трэцім тысячагоддзі. Хаця б фізічна. Бо абяцаная на зямлі вечная слава канчаецца, часцей за ўсё, з апошнім, хто пайшоў дадому з цвінтара. - Не-е, трэба па закону. - Няхай. Я люблю закон… Без узаемнасці. - За кожны кілаграм вагі звыш меры — адлічвай адзін год, — прачытала жонка. - Ужо адлічыў, - сумна сказаў я. — Год. Год, за які я, можа, "Магілу льва" напісаў бы. - Глупства, — сказала жонка. — Па-першае, не напісаў бы, я цябе ведаю. Па-другое, я год змагалася, каб пахудзець на пяць кіло, і за гэты час ні пра якія кнігі не думала, а толькі пра патэльню смажанай бульбы са скваркамі. І ў выніку… - І ў выніку адлічы ад свайго жыцця два гады: адзін інтэлектуальны, другі — тыя пяць кіло, што не скінула, — сказаў я. - Ці паліш? — замяла размову жонка. — Адлічвай, калі ніжэй дваццаці папярос у дзень — два гады, калі 20–40 — ад трох да сямі, больш, чым сорак — восем-дванаццаць год. - Гэта як калі. Часам 20. А калі выклічуць куды ці ты пачынаеш біць у пастронкі, то й пяцьдзесят. Сячы галовы дванаццаці маім гадкам. - "Ці п'еш? — пытае са значэннем, бы на дыване ў начальніка, анкета. — Калі трохі і ад часу да часу — далічы (!) тры гады. Калі горкі п'янчуга — адлічы восем". - Што такое горкі п'яніца? — спытаў я. - Ну той, хто адпівае, — сказаў друг. Хто адсёрбвае, прысёрбвае, распівае, папівае, прыхлёбтвае, цягне, смокча, дудоліць, пацягвае, хвошча, глытае, дзьме, глокча, залівае, зашыбае, прыкладаецца, прымае, закладвае, прыкладаецца да бутэлькі, залівае за каўнер, трымаецца шклянкі, п'е без просыпу, мяртвецкі, горкую, п'яны як бэля, як бочка, п'е як конь. Той, хто алкаголік, алкаш, хто набіраецца, як жаба гразі, хто прапойца, не дурань выпіць, хто запівоха, пітух, півар, бражнік, паклоннік Бахуса і зялёнага змія. Хто нецвярозы, хмяльны, у стане ап'янення, касы, падгулялы, хто языком не варочае, у каго заплятык языкаецца. - Ты што, мне слоўнік сінонімаў чытаеш? - Не. А ўвогуле, я чытаў, што алкаголю, сухога віна, можна выпіць палову літра на год. Акадэмік адзін пісаў. Філосаф-медык. Здаецца, Кайгародскі. Ці ў "Літаратурцы", ці ў "Навуцы і жыцці". - І я чытаў, - уздыхнуў я. — А што рабіць? Тут адных свят на год — сем, не лічачы рэлігійных, якія не святкуеш, але… Ды дзён нараджэння ў адной сям'і тры. Ды ў сяброў лепшых дзесяткі тры. Ды сваякоў паўсюль. Ды публікацыя ці кніга, ды… не, тут у паўлітру сухога не ўлезеш. Цяжкае жыццё, і спачынку няма. І таму я языком не варочаю, у куражы, лыка не вяжу, п'яны, як зюзя, падшафэ і ўвогуле гатоў. Махнуў рукою: - Не ўлезеш у акадэмікаву норму. Пішы, горкі. Пі маю кроў. Адбірай восем год. Адзінае суцяшэнне, што ў абстынентаў, у поўных цвярознікаў, адзін год адбіраецца. Таму што калі горкае п'янства прычына хвароб, то невялікая колькасць гарэлкі дапамагае перажыць стрэсы, дазваляе расслабіцца, а абстынент у выпадку стрэсу хаваецца за свае парашкі, а яны шкаднейшыя, чым чарка гарэлкі. Добра, што я хаця не абстынент. - І я тое ж думаю, — з палёгкаю сказаў сябар. — Ну а далей. - Далей, — драпежна кажа жонка, — гады, што залежаць ад цябе. Ці дбаеш аб форме? Рэжым, спорт, плаванне, пешы турызм, бег па інф… цьфу, па здароўе — далічы тры гады. - З часу да часу. Нерэгулярна. Галоўным чынам у выглядзе пікнікоў. - Не лічыцца. Ці клапоціцеся аб здароўі? Ці кантралюеце ціск і сэрца? - Прымусова, — сказаў я. — У нас лекары такія — душу вымуць. Хоць бы Н. Д. Трапіш у кіпцюры — не вырвешся. Пра лечкамісію і не кажы. Гразіліся пяць метраў вантробы выразаць. А чаго мне тады вылічаць па чатырох папярэдніх пунктах? - Плюс два. - Ці любіш спаць? - Люблю. Хаця і не заўсёды. - Мінус чатыры. "Ці ездзіш аўтамабілем? Ці ліхач, ці бравіруеш? Калі так — адлічы 2". - Чужымі — езджу. Адлічаю — у сябе. Ім асалода без двух гадоў, а мне — страх без двух. - Ці жанаты? - Так. - Далічвай тры гады. - Да-ліч-вай? — абурыўся я. — Я б гэтыя тры — адлічваў. Ад-ліч-ваў. Толькі працаваць сядзеш (а жонка на работу ідзе): "Пойдзеш сёння свежым паветрам падыхаць?" — "Гадзіны праз чатыры хвілін на дзесяць". — "То ты за гэтыя хвіліны паглядзі, што ў рыбным, малака купі, хлеба, якія бра ў электрычным і лямпачак купі, папярос сабе, два кіло цукру, масла, а пасля пады хай, а пасля яшчэ папрацуй". Ідзеш, як ішак. Жанчына за год цягае 20 тон прыпасаў, мужчына — мінімум пяцьсот. Толькі сеў працаваць: "Прынясі мне кніжку". "А колькі зараз часу?" "А што табе па тэлефоне Аля казала?". "А нехта званіў". І як знак вышэйшага клопату ў момант натхнення: "Ці не з'еў бы ты чаго?" Колькі яны ў нас, у кожнага, жыцця ад'ядаюць? Мінімум дзесяць год… Ну ладна, прыпісвай паўтара гады. Слабае, але суцяшэнне. "Ці спакойны характар? — спытала анкета. — Ураўнаважаны? Цярплівы? Калі так, то дапішыце па тры гады на кожную якасць. Калі агрэсіўны, запальчывы, поўны непакою — адлічыце па пяць год". - Адлічвай пятнаццаць, — сказаў я. — Адкуль з такім жыццём быць ураўнаважаным? Спакойным? Цярплівым? Не!!! Я запальчывы, я неспакойны, я агрэсіўны. На ўсіх, а асабліва на гэты часопіс, і на вас, што ўцягнулі мяне ў гэтую гульню. Я… вельмі-вельмі страшны! Я… кусацца буду! - У вялікім месцы жывеш ці на вёсцы? Плюс-мінус адзін год. - Мінусь, — узроў я. - Ці шчаслівыя вы? Калі адкажаце "так" без вагання — прыбаўце тры гады. - А хто можа адказаць з пэўнасцю і без вагання, што ён шчаслівы?! Халера на ўсё. Лепшыя розумы, лепшыя філосафы свету, і тыя. А калі адказвалі так, то хлусілі. "А калі ў вас клопаты, нязмерныя псіхічныя нагрузкі, пачуццё віны, — кінула анкета апошнюю саломінку, што зламіла вярблюду спіну, — то адкіньце тры гады". - А ў каго няма клопатаў? У каго не перагружана псіхіка? А хто не мае пачуцця віны перад усімі людзьмі? Падлюгі хіба? — Я ўжо быў у ашалелай раз'юшанасці, амаль непрытомны. А тыя пачалі ўжо сваю італьянскую бухгалтэрыю. Лічылі, вылічалі, адбаўлялі і прыбаўлялі, а матэматыкі з іх былі, як з мяне. - Бі іх, — роў я. — Бі дактароў навук! Бі друкароў! Бі пісьменнікаў! Анархія — маці парадку! Рэж, Янка, Бога няма! - Ты не можаш нас рэзаць, — станоўча сказала жонка. - Чаму не магу?! - Ды ты ж дзевятнаццаць год назад памёр, — ахнула жонка. - Як? - Ну так. У 1958 годзе. Тут усё сказана. Па табліцы. - Я ж тады толькі першую кнігу выпусціў! А астатнія дзевятнаццаць?! - Падумаць толькі, - здзівілася жонка. — Ніколі б не паверыла ў такое. Мёртвы! Аж дзевятнаццаць! Я затужыў. Праверыў. Сапраўды, так. І, як кожны мужчына, прызнаў рацыю жонкі і жаночага часопіса. Заўсёды яны ўсё ведаюць, заўсёды маюць рацыю. Вось хоць бы жонку ўзяць. Сядзім у тэатры. І раптам яна на ўсю залу сказала: - Пабач, пабач, унь у першым радзе Дунін-Марцінкевіч сядзіць. - Цс-с-с, — засычэў я. — Што за… Ён жа даўно памёр. - Глядзі-і ты… А зусім як жывы… Я толькі рукой махнуў. Махнуў і на гэты раз. Заставайся пры сваім. Суцэльны дэбет пасіву. А ўсё клятыя анкеты, каб ім згарэць. І вось людзі жывуць, смяюцца, кнігі пішуць, а я ўжо дзевятнаццаць год мёртвы. Такі яшчэ малады, прыгожы, халодны. І праз месяц мой дзень нараджэння. Стукне мне сорак сем. І, значыцца, ужо дваццаць год буду я парыць родную зямельку-маці. Кнігі адтуль буду пісаць, закахаюся няўдала, з жонкай пазнаёмлюся, убачу многіх людзей, добрых і благіх. І ў Варшаву паеду адтуль. Што ж мне рабіць? Хто ўратуе? Калі надрукуюць гэтае маё пасмяротнае рыданне — ганарар за яго прашу пераслаць у пекла, рад апошні, квартал пяцьдзесят восем. Люцыпаровічу. Можа, хоць менш дроваў падкіне пад злашчасны, перадчасны мой кацёл. …Ратуйце, людзі…
Последние комментарии
1 час 23 минут назад
1 час 24 минут назад
8 часов 7 минут назад
8 часов 15 минут назад
14 часов 27 минут назад
14 часов 31 минут назад