Вялікі Шан Ян [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Уладзімір Караткевіч Вялікі Шан Ян[1]
Песня пра баявыя калясніцы
Ранняй вясной сто семдзесят другога года эпохі Ці сюн[2] прадзіраўся праз хмызы на ўзгорках і ўвалах чалавек. Была ноч, задоўга да Часу Крыку Пеўня. І таму было асабліва цяжка дзерціся праз гэтыя джунглі, небяспечныя і ўдзень тыграмі, змеямі і ліхімі людзьмі. Чалавек цэлы дзень упарта блытаўся ў каркаломным спляценні ліян, араліі і ажыны. Чалавек быў у росквіце сталай мужнасці, год пяцьдзесят, але стаміўся і ён, нягледзячы на вечныя фізічныя практыкаванні з пікаю, канём і кіданнем каменняў. Да вёскі, цэнтру павета, заставалася па яго падліку гадзіна хады, і там ён адпачне. А пасля яшчэ дзень-паўтара хады да вялікай ракі Хуанхэ, там, дзе абрывае яе Вялікі Мур. Той адростак Мура, што аддзяляе царства Цінь ад царства Вэй. "Кепска чалавеку без каня. Кепска, калі конь падае так блізка ад сталіцы княства Цінь, Сяньяна і так далёка ад сталіцы Вэй, Даляна. Нішто ў гэтым свеце чалавек без каня. І, вядома, куды вышэй за яго вазнічы баявой калясніцы, у якога іх восем. І што ўжо казаць пра таго, у каго пятнаццаць тысяч баявых калясніц?" Вёска Лі, да якой ён дабіраўся, была цэнтрам павета і цзунам[3], нядаўна падточаным і разбураным, як тысячы такіх, загадамі вялікага канцлера княства Цінь і правіцеля вобласці Шан, Шан Яна. Тады тут, за супраціўленне загаду канцлера аб тым, што "не быць цяпер "вялікай сям'і", а калі "сям'я" не хоча распадацца, то хай кожны мужчына ў ёй плоціць суму старога налога, і хай будзе "тысяча мужчын — тысяча налогаў" — тады за супраціўленне гэтаму загаду жывымі былі зарытыя ў зямлю фу сюн — "голоўны айцец і старэйшы брат", і многія з цзы дзі — "малых братоў". Тыя, што крычалі, абражаючы слых. Вялікае царства Цінь! Горы, азёры, балоты, лясы. Годнай зямлі толькі чатыры дзесятых, і таму па царству цяжка хадзіць. І ўсё адно, дваццаць чатыры гады кідаліся арміі за ўсе сем межаў царства, і грукаталі баявыя калясніцы, і рабавалі, і грамілі, і дваццаць чатыры гады амаль без перарыву перамагала войска парадамі вялікага Шан Яна. Дваццаць чатыры гады пагроз усяму і ціш, у якой ніхто не смеў пікнуць унутры краіны. "О, я ведаю цану вайне і грукату. Усе мы ведаем, але лепей за ўсіх Шан Ян… І якая ж тут пасля грукату першазданная цішыня! Чарацінка перакрэсліла гладзь ручаіны, і вярба звіснула над вадой". …Танюткі, амаль празрысты месяц, які часам, хаця і ледзь-ледзь, асвятляў гэты непрытульны свет, моцна схаваўся ў хмару, калі чалавек спыніўся ля нізкай дзверы ў глінабітным муры. Падарожнік бываў тут раней і ведаў, што мур квадратам абкружае аднапавярховы будынак і стайні. Гэты быў пастаялы двор вёскі Лі, і знаходзіўся ён наводдаль ад яе. Грукаць у гэтыя парэпаныя, пабітыя дзверы давялося доўга, вельмі доўга. І кулаком, і абцасамі мяккіх боцікаў, і эфесам кароткага мяча, які чалавек трымаў пад плашчом. У верхнім акне пад чарапічным дахам бліснула было святло і згаснула: нехта апусціў цыноўку. І зноў удары. — Каго прынёс шлях? — Ён не пачуў крокаў і таму здрыгануўся ад гэтага дрыжачага шэпту. — Гунсунь Ян, спадарожны са сталіцы. Пусці пераначаваць. — Не-не, я не ведаю, хто ты… А паўсюль шныпараць даносчыкі і віжы. Сам ведаеш, хто данясе — а чаму я ведаю, хто ты? — узнагародзяць, як воіна, што адсек галаву, хто не данясе — рассякаюць напалам. Хто ўкрые кагосьці, таго, — як воіна, што здаўся ў палон… Адкуль мне ведаць? Кожны павінен да часу лічыць іншага злодзеем. — Я багата заплачу. — Такі закон, — выбачаючыся, біўся голас. — Самі ведаеце, чый закон. Я і гандляваць баюся і прымаць людзей. Бо як у законе: "Калі зачыніць пастаялыя двары[4], дзе спыняюцца вандроўныя людзі, то тыя, хто самушчаюць сэрцы і сеюць сумненні, не здолеюць вандраваць, — о даруйце, пане! — …і сяляне не пачуюць пра розныя перамены і не будуць глядзець на іх як на ўзор для пераймання… І не будзе даходу шынкам, а калі людзям з корчмаў няма з каго будзе карміцца, то ўсе яны неадменна вярнуцца да земляробства". …Я і вярнуўся. Я нікога не пускаю. Хіба што праскача дзяржаўны ганец. Злітуйцеся, добры пане. Ён не хацеў болей грукаць. Ён пайшоў прэч, да вёскі, хаця ведаў, што там толькі блохі ды суп з гарахавіння. Але што было рабіць? …І ён абышоў усю вёску, і яму нідзе не адчынілі. Часцей за ўсё ён фізічна адчуваў, як дрыжаць за дзвярыма людзі, а пару разоў яму з-за дзвярэй прыгразілі сякерамі. Раз ён заўважыў над мурам маціцовыя вочы, якія ў імгненнай успышцы месяца цяжка варочаліся за ім, нібы глядзеў, прачаіўшыся, загнаны звер. Праўда, дзве трэці дамоў былога цзуна сустрэлі яго выбітымі дзвярыма і чорнымі праёмамі акенцаў, з якіх выпаралі радзіну або саламяныя цыноўкі. Калі, абышоўшы ўсё, ён стаяў ля весніцаў і думаў, як яму быць, ён раптам пачуў, вельмі здалёк, ляск капытоў. Нехта імчаўся ва ўвесь апор па вялікай паштовай дарозе. Бліснуў схілены цень конніка, ускінуты і развеяны на вятры хвост бунчука. Пасля коннік знік, і толькі тады да чалавека, які схаваўся за ствол дуба, данёсся хрыплы, сарваны, раздзерты ветрам крык вяшчальніка. Адно толькі слова: — …памё-ор!!!
Трэба было шукаць, дзе прыткнуцца на ноч. І лепей далей ад дарогі, калі ўжо няма страхі над галавой. Ён пабрыў улева па мінулагоднім шорсткім прасавішчы туды, дзе, як здалося яму, пялёснуўся над зямлёю нейкі вокаімгненны аранжавы водбліск. Ён iшоў досыць доўга, пакуль ногi не вывелi яго на невялiчкi адхон. Нiжэй была малая катлавiнка: толькi-толькi размясцiцца тром людзям з коньмi. А пасярэдзiне гэтай затравелай ужо катлiвiнкi гарэла невялiчкае вогнiшча. Такое невялiкае, што падарожнiк не зразумеў, чаму ён заўважыў яго. I толькi пасля, заўважыўшы вялiкую шаўковiцу, што звiсала над ямай, зразумеў: аднойчы вогнiшча ўскiнулася крыху вышэй i адбiтак гэтай зыркасцi затрапятаў у кроне. Было ясна, што так жа, як ён, можа заўважыць такі выпадковы ўсплёск і іншы, але выбіраць не даводзілася. Ля вогнішча, захутаўшыся ў грубы плашч, сагнуўшыся — спачатку нават здавалася, што ён гарбаты, сядзеў чалавек. — Не бойцеся. Я з раскрытымі далоньмі. — Я і не баюся, — чалавек узняў галаву і зірнуў на таго, хто падыходзіў, вялізнымі чорнымі вачніцамі. — Я не прыкуты да кола існага, узяць у мяне няма чаго, а неба адкрыта кожнаму, і мы не ведаем часу. "Вандроўны вучоны, — падумаў спадарожнік і прысеў побач, не скідаючы ваўнянага, з капюшонам, плашча. — У пенчанай вопратцы. Значыць, не стаіць на дзяржаўнай службе, не атрымоўвае пайка зернем. Жыве літасцінаю. А ў наш час з гэтага не дужа пражывеш". Абмяняўшыся пытаннямі ветлівасці, абодва працягнулі далоні да агню, і тады на пальцы навічка бліснуў вялізны сыкгнет. — Здыміце, — параіў вучоны. — Не трэба паказваць багацця дарогам. У яго было старападобнае — зусім не старое — аблічча, жоўтае, як лімон, і змаршчакаватае, як печаны яблык, тонкія, у некалькі валаскоў, і доўгія звіслыя вусы. Яму можна было даць і шэсцьдзесят, і сорак, каб не гарачая, дапытлівая жвавасць наўскосых, як ластаўчыны крылы, вачэй. Побач з ім ляжалі два вузлікі, біклага і доўгі кій — гнамон, з насечкамі для пазнання часу. Вось і ўсё. Вучоны таксама неўпрыкмет вывучаў прыбылога. Пад ільняным халатам зялёнага колеру з шаўковымі аплікацыямі нешта тоўстае паддзета, ля паяса цяжкі, нават на выгляд, мяшэчак, падазрона тапырыцца ў адным месцы плашч. Побач напханая саква. "Купец? Толькi што з iм магло здарыцца? Адбiўся ад каравана, калi напалi разбойнiкi? Можа быць. Iх шмат. Ведаюць, што гандлярства пры Шан Яне занятак малапачцiвы, што нiхто не будзе з пострахам весцi следства аб невялiкiм караване. Багатыя гандляры, вялiкiя караваны — жах разбойнiкаў. Багатым сяк-так дазваляюць гандляваць, бо зусiм без гандлю нельга: Але i гэты, мабыць, шкурай i крывёй за Шан Яна. Усе за яго. Так задурылi галовы ўсiм у царстве Цiнь: Аблiчча ганарлiвае, вузкае, позiрк пякучы, смаляныя доўгiя вусы i чорная, з праголенай сярэдзiнай падбароддзя, барада. Мускулы моцныя, грудзi шырокiя. I, аднак, нейкая вытанчанасць у руках, нейкая няпэўная i моцная ўкрадлiвасць: Добра выхаваны чалавек: I, у сваiм невялiкiм коле, сярод прыказчыкаў i рабоў, мабыць, умее часам i ўладу паказаць". — Чаму такое бязлюддзе ў Лі? — спытаў барадаты. — Тут амаль усе займалiся рамяством, — не адразу адказаў вучоны. — Зямля кепская. А гандляроў, рамеснiкаў i лянiвых загадана ператвараць у рабоў. Ну, вядома, нябуйных гандляроў, наймiтаў i ўсiх рамеснiкаў. Разбiваюць вялiкiя сем'i. Раней на адну сям'ю адзiн падатак. А цяпер, калi ў сям'i пяцьдзесят мужчын — значыць, пяцьдзесят падаткаў, а сто — сто. — Я ведаю. Мне, калі я папрасіўся на начлег, толькі адзін адчыніў. Вочы страшныя, і ведаеце, чым ён адказаў мне, вельмішаноўны? Адказаў словамі вялікага Шан Яна, — барадаты паказаў некуды ўгору. — "Калі людзі будуць занятыя са світанку да заходу ў земляробстве, яны палюбяць правіцеля як роднага і будуць ахвяраваць жыццём дзеля выканання яго загадаў…" — "Вось мы і ахвяруем, — сказаў далей той, з сякераю. — Ідзі адсюль. Сёння памёр, надарваўшыся, мой брат. Ідзі!!!" — і ў самога занесеная сякера… Я не спалохаўся, проста не хацелася шуму… У хаце памёрлага. — Як зваць высокашаноўнага? — спытаў вучоны. — Гунсунь Ян. — Вядомае прозвішча, — на хвіліну апусціў вочы вучоны. — Купец. Чаму ж без каня, без каравана? — Караван мой разбіты, — хрыпата сказаў Гунсунь. — І я ведаю, чыя гэта работа, хто нацкаваў іх на мяне. Якая лапа якога моцнага ворага. Па чыёй правіне я павінен кінуць тавары і дом і ўцякаць у царства Вэй. І куды? За паўночны Вялікі Мур? Да сюнну[5]? Да дзікуноў? Або за Хуанхай[6], на не менш дзікія астравы? Да дзікіх заходніх жуанаў? У дзікія джунглі, на поўдзень, да язычнікаў Бай? Хто чакае мяне там? Толькі туды, усходней гор. У Вэй, Хань, Чжао, Чу, Сун, Ці, Янь? Ува ўсе гэтыя царствы, якія змагаюцца? Толькі таму, што яны — адна Паднябесная, а жыць можна толькі ў Паднябеснай, бо яна вышэй за ўвесь дзікунскі свет. — І, аднак, няма дзе ў Паднябеснай прыхіліць галаву абяздоленаму… Ідзі да Хуанхэ, купец. Яе плынню можаш дабрацца ўва ўсе сталіцы[7] царстваў. А калі трэба ўцячы яшчэ далей, то можна дабрацца і ў царства Янь, у далёкі горад Цзі[8]. Там ужо не дастане нічыя рука. Але ўлічы, купец, яны глядзяць адно на адно, як тыгры. Не забывай, Шан там год пераконваў цара, што спачатку трэба напасці і абезгаловіць Чу, пасля Вэй, бо там самыя багатыя жалезныя руднікі. А там ужо прыйдзе чарга астатніх. — Адкуль ты так падазрона інфармаваны? — з недаверам спытаў купец. — Ведаеш пра радцу Лу Іня? — Хто ж пра яго не чуў у сталіцы. Набліжаны цара. А гэта небяспечна. — Нябожчык быў маім сябрам. Дык ты запомні, уздымаецца рука княства Цінь. Не пройдзе і стагоддзя, як падуць усе сем мацнейшых царстваў у Паднябеснай. Па вулках сталіц загрымяць ціньскія баявыя калясніцы. Будуць сячы галовы палонным. І ўсё таму, што шакал і сын шакала Шан навучыў гасудара ціньскага Сяо-гуна і напісаў злашкодную, подлую сваю кнігу. Тысячы палонных жыўцом закапаюць у зямлю[9], мы ведаем, што такое войны ў Паднябеснай, ды яшчэ ў наш час, ды яшчэ па навучэнню Шан Яна. Іх закапаюць, але затое выкапаюць прах гэтага ўблюдка. І невядома, каму будзе лепей. — Што ты ведаеш пра яго? — Са збяднелых арыстакратаў царства Вэй (зараз ён падбівае цара супраць сваёй жа радзімы). Пачаў служыць у дваццаць пяць. Прыз тры гады перайшоў да Сяо-гуна і настолькі пераканаў яго сваёй палітычнай праграмай, настолькі захапіў сваімі довадамі, што той споўз з цыноўкі, падпоўз і наблізіўся да яго. І вось дваццаць чатыры гады ён кіруе, і ўсе гэтыя гады няма ад яго ні сну, ні адпачынку, ні дыхання ўсім царствам, а больш за ўсё — Цінь. — Ты вучоны чалавек, о высокашаноўны! — Вучоны. Але зараз вучоным няма нават горкага хлеба. Таму што "калі народ перастане цаніць вучонасць, то ён будзе дурны, а калі ён дурны, то ў яго няма знешніх сувязяў, а калі ён не мае іх, то ён руплівы ў земляробстве і старанны… і тады пустуючыя землі неадменна будуць апрацаваныя…"[10]. Так, продкі мае былі — "У", жрацы. Сам я вучоны. Агонь заміраў. У водсветах вуголляў мудры і нібыта асуджаны твар стаў аранжавы, як памяранец. Вучоны сцепануўся і працягнуў рукі да агню. — Я не абрыднуў табе, купец? — Не, — адарваўся той ад сваіх думак. — О, не. Мне ніколі не даводзілася чуць такога. У першы раз… Праўда, я чалавек малавучоны, але трактат Шана я ведаю. Усе гавораць кавалкамі з яго. — Дзіва што! Дваццаць чатыры гады яго дзяўблі ў вушы жыхарам Паднябеснай. То давай пагаворым, купец. Гэта будзе мая апошняя размова з вучнем, хай сабе і такім недасведчаным, як ты. Але хто з нашых не філосаф?.. На жаль, давядзецца, значыць, абмежавацца трактатам Шана. Што ж, можа, мне хаця ў апошні раз дадзена будзе ўкласці ў чыесьці вушы хаця кавалачак праўды. — З чаго мы пачнем, вучонейшы? Мне цікава ўсё. Ты ж ведаеш "Шан"? — Я шмат ведаю. Зашмат для нашага часу. — Можа, пачнем з прынцыпу дзесяцёх паразітаў? Вучоны прыўзняў бровы: — О, у цябе прыродна-жывы розум. З цябе мог бы… Ты ўзяў самую сутнасць. Тое, з чаго пачынаецца ўсё і чым вучэнне Шана "фацзя" імкнецца забіць канфуцыянства і навуку. Ён засяродзіўся і павольна, змейкаю, пацягнуў па траве ружанец з ляпіс-лазуры. Пасля пачаў нараспеў, але інтанацыя была такая, што ясна было: яму брыдка да нудоты: — "У дзяржаве бываюць дзесяць паразітаў: лі[11], музыка, Шыцзін і Шуцзін[12], дабрадзейнасць з дабрачыннасцю і давер'е, успрыняцце вайныя як чагосьці ганебнага і, адсюль, нежаданне ваяваць, павага да бацькоў, пачытанне старых парадкаў і звычаяў, братні доўг, бескарыслівасць, красамоўства… Калі ў дзяржаве ёсць гэтыя дзесяць паразітаў, то валадар не здолее прымусіць народ ваяваць, дзяржава будзе неадменна расчлянёная і, у канцы канцоў, загіне. Калі ж у краіне няма гэтых дзесяцёх "шы", вошаў, правіцель можа прымусіць народ ваяваць, а дзяржава неадменна даб'ецца ўладання ў Паднябеснай". І яшчэ: "Красамоўнасць і востры розум садзейнічаюць беспарадкам… дабрыня і чалавекалюбства — "маці праступкаў"[13]. — Але ж ён за Паднябесную, — горача ўставіў купец. — Хіба нельга дзеля такога ахвяраваць чымсьці? — О, ублюдкі і сыны чарапахі, — раптам застагнаў вучоны. — Косці людскія на дарогах, а ім падавай Паднябесную. — Слухай, высокавучоны, — з раптоўнай зацікаўленасцю спытаў купец. — Ты часам не з кола Мэн-цзы?[14] Ты ж супраць Шана. — Я ведаю Мэн-цзы, але я не з яго кола. І не з кола яго ворагаў. — Хто ж ты, такі рэдкі? — Я за народ. Усе, хто карае яго за розум і праўду, — шум на супе. — Як імя тваё? — Жун Лун… Але Цзы казаў: "Хто служыць цераз пасрэднiцтва дао, не скарае другiя народы сiлаю войскаў, бо гэта можа звярнуцца супраць яго, бо там, дзе пабывалi войскi, — там цернi i калючка"… бо "вышэйшага пакарання заслугоўваюць тыя, што любяць вайну, а затым тыя, хто арэ пусткi, бо яшчэ i старая зямля не дае таго, што можа, i запушчана нядбальствам, бо ворыва новай зямлi па загаду Шан Яна — ёсць толькi пагроза суровых пакаранняў, а па нашай думцы — абкраданне капiлкi сыноў i ўнукаў". — Адкуль ты так ведаеш гэты трактат? — Трэба ведаць ворага ўсёй сваёй памяццю, — адказаў той. — Ты памятаеш, калі трактат распаўсюдзілі, Шан забараніў абмяркоўваць яго і, на знак таго, што не жартуе, саслаў на вёску тых, што насмеліліся яго хваліць. Значыць, выключалася будзь якая крытыка цара. — Ты з тых? — Не. Я проста ўцёк тады. Таму і ўцёк, што мне хацелася не хваліць, а крычаць ад жаху і гневу. Ад таго, куды вядзе гэты нягоднік мой народ, вялікую зямлю маю. Ад таго, што ён забараніў на ёй думаць, што ён выбіў лепшых, мозг і сумленне краіны. Купец маўчаў. Мабыць, чакаў, пакуль субяседнік выкажа сябе да канца. Таму пакуль атрымоўвалася не размова і не спрэчка, а маналог з рэплікамі. — Памятаеш, што ён сказаў? "Калі веды заахвочваюцца… немагчыма кіраваць краінай". А хто сказаў, што краінай павінен кіраваць адзін, а не ўсе? І вось падтрымліваюць хлуслівыя веды. "Калі людзі дурныя, іх лёгка прывучыць дя цяжкай працы, а калі разумныя, то нялёгка"[15]. І вось знішчаюць цвет народны. "Як атрутную траву"[16]. "З гэтых людзей — моцных трэба зламіць, красамоўных — прымусіць прыкусіць языкі". Разбэсціць іх кармушкай, бо, "імкнучыся да выгады, людзі забываюць пра "лі", імкнучыся да славы, губляюць у сабе чалавека… Таму яны пойдуць на ўсё, што скажа правіцель, калі гэта абяцае ім выгаду?"[17] Які цынізм! Як гэта сумна!.. Ніякіх лі, музыкі, абавязку, ніякіх нацыянальных традыцый. Бо ад іх паўсюль пракрадзецца нараканне… Застаецца толькі адно рабскае земляробства, і тупыя тысячнікі, і крывавыя сымы[18], і кіраўнікі армій, і вайна. Зямля і вайна. — Аднак не будзеш жа ты, о высоканавучаны, адмаўляць неабходнасць войска. — Я адкажу табе словамі кнігі "Даодэцзін": "Войска — зброя няшчасця, яно не з'яўляецца зброяй высакароднага. Ён ужывае яго толькі тады, калі яго да гэтага вымушаюць. Праслаўляць сябе перамогамі — значыць радавацца забойству людзей. Якое ж такому спачуванне ў краіне? Калі забіваюць многіх, дык аб гэтым трэба горка плакаць. Перамогу трэба адзначаць жалобнай цырымоніяй". У купца непрыкметна нарастаў цень раздражнення. Злёгку паторгваліся краёчкі вуснаў. Проста ён ніколі не чуў іншага за "Шан-цзюнь шу". Асабліва ў такой стройнай сістэме, якая ламіла ўсё. — Але ж ён змагаўся супраць вярхушкі за аднаго моцнага цара. — Адзін ці другія — усе яны вартыя адзін аднаго. — І ты ж не будзеш адмаўляць, што ён быў супраць прыватнага рабаўласніцтва. — Ясна чаму. Не з дабрыні ж да рабоў. Проста тады рабы не плоцяць налогаў дзяржаве. А рабам усё адно, каму плаціць, арыстакрату ці цару. І ён скараціў колькасць вольных абшчын, забыўшы, што ўсе мы — людзі на зямлі. Я ведаю, чаму ён рабіў гэта. Вось раздзел "Аб аслабленні народа". "Калі народ слабы — дзяржава моцная, калі дзяржава моцная — народ слабы… Таму аслабляй народ". І што такое цар, дзеля якога ён стараўся? "Калі гасудар праводзіць палітыку, ненавісную народу, народ слабее"[19]. Няпраўда. Гэта часовая моц. Тады дзяржава моцная, калі моцны ўвесь люд, да апошняга чалавека. Іначай, калі моцны адзін цар ды купка ягоных сянаў[20], тады рана ці позна дзяржава грыміць дагары глінянымі нагамі. Калі вучоны і годны не знаходзяць месца — сорам кіраўніку. Калі на яго месцы падлюга — сорам правіцелю. Дай простаму народу тое, што ён жадае; пазбаў таго, што адвяргае, — іначай шчасце табе здрадзіць. А адзін над усімі — гэта смешна. Адзін — ці дзесяць, — выходзіць, працуе, а краіна лайдачыць. Яны маўчалі. Купец відавочна злаваўся, не знаходзячы аргументаў. — Ты гаворыш аб годных — урэшце сказаў ён. — Усе вы так. Ну а што б ты адказаў, каб табе прапанавалі быць першым сярод сянаў. Абедзвюма рукамі б… — Тое, што сказаў Чжуан Чжоў паслам: "Вы абяцаеце тысячы залатых, высокі пост… Але хіба вы ніколі не бачылі, як прыносяць у ахвяру быкоў?…Іх шмат год гадуюць, прыбіраюць у парчу і так вядуць у храм. Каб у такі момант бык захацеў зрабіцца мізэрным парсючком, хіба гэта яму ўдалося б? Ідзіце адсюль і не апаганьвайце мяне! Лепей качацца ў гразнай канаве, чым пастаянна знаходзіцца пад ярмом правіцеля. Да канца дзён не служыць нікому — вось маё запаветнае жаданне. Я не хачу служыць валадарам. Цяперашнім, без сораму і сумлення."[21]. Купцова рука непрыкметна слізнула пад плашч. У гэты момант, пралятаючы над галовымі іхнімі, пранізліва і трывожна енкнула нейкая вялізная раскрыленая птушка. Купец уздрыгнуў і вытаргнуў руку. Жун Лун быў па-ранейшаму непарушны і глядзеў убок. — Чыясьці душа, — сказаў ён. — Нехта памёр і папярэджвае пра гэта мяне. А можа, і цябе. Купец сядзеў зніклы, нібы з яго выпусцілі паветра. А вучоны снаваў сваю думку далей, хаця яго трэслі ліхаманкавыя дрыжыкі. — Не служыў, нават каб не забівалі кліна ў галаву, нават каб не закопвалі варожых палонных, такіх жа кітайцаў, не, проста гэткіх жа людзей у зямлю. Нават каб не вешалі за праўду, а проста садзілі ў турмы на месяц або знявольвалі ва ўласным доме — і тое гэта было б бессаромнае і аблуднае злачынства. Што ж казаць пра тое, што цяпер?.. І заўваж, за дробныя праступкі — вялікія кары. Караюць усіх. Але калі высакародны і подлы аднолькавыя перад законам — падае павага да таго, каго трэба паважаць. І, перш за ўсё, да цара, які слухае Шана і яго "фацзя", тэорыю самага ашалелага дэспатызму. Непасільны прыгнёт на зямлі, праца на ўсіх — ад цара да дробнай мясцовай чыноўніцкай сволачы. І вайна з-за крыважэрнасці, з-за жадання давесці, што вы лепшыя, адзіныя ў Паднябеснай, самыя разумныя на зямлі. Косткі мерцвякоў на дарогах, а гнілыя, разадзетыя, як пеўні, дзяды ядуць ластаўчыны гнёзды і суп з вярблюджага капыта. Чым заплоціць Шан за тое, што пасеяў? За тое, што ў нас не тое, што няма права на праўду, няма правоў, а няма нават някранутага разумення, што такія правы могуць быць. Жун Лун нешта мармытаў, кладучыся, стараючыся як найшчыльней падторкнуць плашч сабе пад ногі. Пасля стомлена самкнуў павекі і, нібы трызнячы, нібы паступова засынаючы, стаў шаптаць: — Бедныя Сем царстваў… Бедная Паднябесная… І ўсё гэта кара за грахі нашых душаў… Мы вялікі, таленавіты народ. І мы страшны народ. Бо варта Шан Яну, ягонаму гаспадару Сяо-гуну, або прынцу-спадчынніку Хуэй-вану, або іншаму мярзотніку даць кліч баявых калясніц, і ўсе мы, нават самы мудры, самы добры, хапаем бамбукавую дзіду і ідзем таптаць справядлівасць, святасць, праўду і чысціню… У-у, які вецер!.. Узгоркі, здаецца трэснуць ад ветру… Дорага заплаціць за гэта калісьці мой народ… І… твой народ… Гансунь Ян. Ён мармытаў і далей нешта зусім бязладнае, а пасля змоўк. Ці то заснуў, ці то знепрытомнеў. Гансунь Ян паляжаў хвіліну, гледзячы ў высокія і халодныя вочы зорак, якія міргалі яму, і адразу ж праваліўся ў сон.
Спаў ён мала, як звер, і прачнуўся адразу, свежы, нібы наліты сілай і яснасцю. Усё тыя ж вялізныя вочы паўдзённых зорак глядзелі на яго з вышыні. Усё так жа гарэла вогнішча. Усё тая ж была ноч. Вучоны ўжо зноў сядзеў ля агню. Стары — а можа, старападобны — твар ягоны быў яшчэ больш бяскроўны. Веi самкнёныя. Вусны амаль бязгучна варушылiся, як на малiтве. Але ён адчуў, што абудзілі яго не зноў ажыўшае вогнішча і не гэты шэпт. Ён не ведаў — што. Але ён адчуваў уначы набліжэнне чагосьці варожага. Яно набліжалася неадольна і няўхільна. …І сапраўды, праз хвіліну здалёк даляцеў спярша няясны, а пасля акрэслены, грозны і дзікі матыў. Недзе вялі яго дзесяткі грубых галасоў. І ён хутчэй здагадаўся — бо адтуль далятаў акрамя пагрозных галасоў, яшчэ і нейкі невыразны пошчак — што гэта было. Уначы ўсяўладна гучала "Песня баявых калясніц". Сто разоў хадзіў пад ёй чалавек. Нёс, як бунчук. А яна плаціла гордаю ўпэўненасцю. Ён смутна, шостым пачуццём, як заўсёды пазнаеш знаёмае, пазнаў словы, мабыць, першага прыпеву:
Праз месяц ён быў выдадзены галавою Хуэй-вану суседнім правіцелем, сваім вучнем. — Я кепска б засвоіў твае ўрокі, каб не зрабіў з іх вываду, Шан Ян, — нібы просячы прабачэння, з нявіннаю ўсмешкай сказаў "вучань". І амаль тое самае паўтарыў пры сустрэчы ўладар царства Цінь Хуэй-ван, сын чалавека, які любіў і шанаваў Шан Яна вышэй за ўсякую меру, слухаў яго, як самога духа Неба і, як духа, у кепскія для дзяржавы часы, нават крыху пабойваўся. Сын чалавека, пры якім вялікі Шан Ян быў другім — а часам нават і першым — кіраўніком дзяржавы. Ён ведаў Хуэй-вана і ведаў, чаго ад яго чакаць. Гэты хацеў правіць адзін і не пацярпеў бы сведкаў свайго другараднага пры бацьку становішча. Чым мог дапамагчы яму вялікі Шан Ян? Усё, што ён мог сказаць, было ўжо сказана ім у ягоным трактаце. І лепей трымаць побач з сабою мёртвы трактат, чым жывога чалавека. Шан Ян не спадзяваўся. Ён ведаў фізіялагічны жах цара перад небяспекай. Заўсёды, калі быў набег на чужыя землі або ўварванне ворагаў, калі рыхтавалася і выбухала змова або, наадварот, секлі галовы — гэты стараўся быць не ў цэнтры землятруса, дзе дрэвы ўзлятаюць угору, а на краёчку яго, дзе ледзь варушыцца сітняг. Ён заўсёды адседжваўся. А пасля прыходзіў і зноў сядаў на сваё законнае месца і выжываў інтрыгамі тых, што насмельваліся дзейнічаць, весці войска, прымаць законы, і адсюль у яго і была жорсткасць. І рэдкая нават для старажытнага азіята крывадушнасць. І, аднак, Шан, як кожны чалавек, спадзяваўся на нешта. Хіба не яго дбаннем было створана магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц? Хіба не ён кіраваў паходамі і распрацоўваў тактыку? Хіба не ягоным дбаннем жыхары Цінь лічылі, што адзіны вялікі занятак — вайна? Ну і земляробства, як грунт для вядзення вайны. Аб усім гэтым ён думаў, калі чжун вэй, камендант сталіцы з соценнай вартай, на чале якой стаяў той самы паршывец дзінлін, які ледзь не спаймаў яго тады, вялі яго ў палац Сына Неба. Вялікі горад Сяньян — народу ў ім было столькі і штурханіна была такая, што летапісец казаў: надзеўшы раніцай новую вопратку, вечарам вяртаешся дадому ў лахманах — гэты вялікі горад жыў пакуль звычайным вячэрнім жыццём. Нават на чарапічных дахах было поўна народу: туды не дасягаў вулічны пыл. Крычалі вярблюды, і тураваў ім віск свінні, якую калолі ля крамы мясніка. Над кішкамі другой свінні ўжо віліся буйныя зялёныя мухі. Пранізліва крычалі ваданосы. На плошчах бегалі, пускаючы змея, дзеці з бруднымі голенымі галовамі. Людзі гулялі ў "шэсць фігур"[30] або падбівалі мяч нагой. У трох месцах яны бачылі баі пеўняў і ў двох — сабачыя бягі. І тут і там людзі вішчалі, вохкалі, рагаталі да слёз і ляскалі сябе далонямі па сцёгнах. Толькі што ў адным выпадку над пляцоўкай узлятала пер'е і часам пырскалі цэўкі крыві, а ў другіх, у клубах пылу, сцяліліся над зямлёй, сціснуўшыся ў клубок і заносячы заднія ногі за пярэднія, бегавыя сабакі. Колца гурманаў ля харчэўнi збiралася есцi пiтона. Шан Ян успомнiў, як i ён сам, калi яшчэ не быў вярхоўным сянам, рабiў гэта. Пiтона марылi голадам. Пасля марозiлi на лёдзе i напiхвалi рысам. Кожны з тых, што ўваходзiў у складчыну, купляў мерны кавалак, i ўсе збiралiся ў пэўны час для трапезы. Пiтона клалi ў ваду, ён ажываў, а пасля ў той жа вадзе варыўся. Кожны атрымоўваў заказаны кавалак, па даўжынi, i адпаведную колькасць — гэта ўжо ад гаспадара — кубачкаў прасяной гарэлкi. I ўсё гэта было смачна i нядорага. Пад простую добрую бяседу. На хвіліну варухнулася ў ім шкадаванне: а якога чорта было яму лезці да Сяо-гуна? Але тут жа і знікла. Місію сваю ён выканаў. Што зробіш, калі лёсам яму загадана патрасаць царствамі? А горад жыў, і над усім пераклікаліся гукі жалеек і лютняў. …Наступнага дня быў знаёмы яму палац і тыя ж саноўнікі, што асцерагаліся пакуль што радавацца, і цыноўка на ўзвышшы, і заслоны, затканыя аленямі, чаплямі і драконамі. На яго глядзела шафраннае, азызлае аблічча Хуэй-вана. Сядзеў, як бажок хіндаў. І толькі вузкія прыпухлыя вочы выдавалі трыумфуючую радасць чалавека, які задоўга чакаў свайго часу. Два пучкі валасоў пад носам, два, доўгія, на падбароддзі, а між іх вялікі, жорстка прыкушаны рот. — Ты пазбавіўся свайго аленя, Шан Ян[31]. — Я ведаю. І не разумею, чаму гэта так. Чаму ты раптам узняў руку гневу? Я стварыў табе магутнае царства, якое пераможа свет. Магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц. — Я яшчэ раз спаўзу да цябе з цыноўкі. Хадзем сюды, вялікі Шан Ян. Вы… заставайцеся на месцах. Адзін сотнік са мной… Ён адторгнуў заслону, і з галерэі стала відаць плошчу. На ёй былі расстаўлены ў нейкім невядомым парадку некалькі соцень людзей. Другія, узброеныя, хадзілі між іх. І Шан Ян спачатку не зразумеў, што яны там робяць, гэтыя людзі. — Ты разумееш, чаму я прыняў цябе ў самым далёкім, "Зялёным флігелі"? — Так, — пасля паўзы сказаў Шан Ян, — за ім Плошча Слёз. — І унь там выкапаны ямы. А там слупы. А унь каты з падручнымі, і ў руках іхніх мячы і кліны і іншае. І клешчы… Так, магутнае царства на дзесяць тысяч калясніц, — ван відавочна здзекаваўся. — Вось жа яно. Няўжо не пазнаеш? Яно ж тваё стварэнне. Шан Ян хацеў ускочыць, але рукі дзінліна ляглі на ягоныя плечы і сціснулі так, што ён на імгненне страціў прытомнасць. — Раю сядзець, — сказаў ван. — Гэта істота двума пальцамі ламае чалавеку ключыцу і шчаўчком прабівае чэрап. Будзеш і далей так — за кожную тваю ўспышку я вазьму лішнюю сотню людзей твайго рода. "Чаму я не ўвёў у розум гуну, каб ён страціў цябе, — падумаў Шан Ян. — Я ж мог пераканаць яго нават забіць сына. Мог!" Ван нібыта адгадаў ягоныя думкі. — Што з таго? Знайшоўся б нехта іншы. Усе мы днямі і начамі думалі над "Шан-цзюнь шу". Але тут ты маеш рацыю. Ты мог. І ты зрабіў маленькую памылку, што пакінуў мяне ў жывых. Так што не толькі царства, але і я тваё стварэнне. Няўжо не пазнаеш, Шан Ян? І сказаў шэптам: — Я ненавіджу цябе за тое, што ты памыкаў мною так доўга, што так доўга ты адзін трымаў лейцы гэтай дзівоснай, вялікай, грознай калясніцы, прыдуманай табой. Ты прыніжаў мяне словам, учынкам, тым, што пагарджаў і не прымаў усур'ёз. Прыніжаў веліччу і розумам. Нічога, розум ты аддаў мне трактатам. А веліч? Веліч тваю я зараз вазьму, Шан Ян. Твар вана плыў і дваіўся ў вачах, а на плошчы дзесяткі людзей рабілі сваю занадта зразумелую справу. І ўжо раздаваліся стогны, і ўжо секлі галовы сваякам, і наложніцам, і паплечнікам, і сын Су, улюбёнкі, торгаў ножкамі перад плахай. Сын улюбёнкі і сам улюбёны. — Ты чуеш гукі барабанаў і спевы і можаш спытаць, няўжо я дазволіў музыку, — далятаў аднекуль злавесны шэпт. — Няхай паспяваюць гады два. У канцы іх я вельмі добра буду ведаць самых заўзятых пеюноў. Я — увесь ад цябе. Я ўмею палоць пустазелле. На дабрабыт гэтага вашывага народа, не воля адной асобы і мурашніка з гэтых асоб. Мая воля і сіла. І закон пераможа народ! Ты казаў, Шан Ян. Яго адлівалі вадой, і ён зноў атупела глядзеў на тое, што рабілася ўнізе. — Не бойся. Гэты спектакль будзем бачыць толькі мы трох. Ты, я, дзінлін. Ён маўчыць. Ты хутка будзеш маўчаць. Я так вырашыў: народ таксама не любіць празмернай, як ён кажа, "жорсткасці", — мы ж з табой ведаем, што гэта толькі паняцце — не любіць, калі забіваюць дзяцей. Не трэба яго хваляваць. Ён убачыць адно відовішча, страту цябе. І ён будзе рад. Усе лічаць, што вінаваты ты, і ненавідзяць цябе, і лічаць мяне збаўцам. Ён ужо амаль не слухаў, і толькі словы пра род бацькі, род маткі і род жонкі, якія вырашыў знішчыць, разам з ім ван — вывелі яго з абыякавасці. — На гэты раз усё гэта даткнецца не іншых, а цябе. — Але ж гэта некалькі тысяч! — з безнадзейным адчаем сказаў ён. — Бу-удзе. Што жыццё некалькіх тысяч перад мільёнамі? Сам казаў. Шкада, што многія твае сваякі ў Вэй. Але да іх дабяруцца. Не я, дык наследнікі. Ім запаветана. Калі мы захопім Вэй. Тваімі планамі. Ён амаль паміраў і знайшоў толькі адно слова. Простае і чалавечнае: — За што? І тут жа ягонымі словамі адказаў ван. У напаўпрытомнасці здалося, што нават ягоным голасам: — А няма ж ніякай сувязі між мерай стрымання і цяжкасцю зробленага злачынства. Дзе мякка караюць людзей за дробныя ўчынкі, нельга будзе не толькі стрымаць цяжкія злачынствы, але не прадухіліш і дробных. А яны? Ты ж сам прапаноўваў кругавую паруку ўсіх сваякоў і ўсіх, занятых адной справай, — ён усміхнуўся. — З наложніцамі ты ж таксама займаўся адной справай. Нясцерпна, нудна звінела ў вушах. А тут яшчэ тым, каго страчвалі ўнізе, сказалі, што яму дадуць жыццё, калі ён згодзіцца на іхнюю смерць. І ён нібыта згадзіўся. І цяпер знізу ляцелі стогны, праклёны і плач. І ўставаў туман у вачах, і ён кожны раз адчуваў у роце пякучую сухасць ад моцнай гарэлкі. Ён уже не ведаў, гаворыць гэта ван ці ён сам успамінае, што, дзякуючы яму, у краіне дакладная сістэма пакаранняў: прабіванне цемя вострым клінам, выломванне рэбраў… жыўцом у зямлю… удушэнне… абезгалоўленне… выстаўленне галавы, рассячэнне на часткі… знішчэнне патраніміі або трох… "Гэта як у выпадку з табою… Не, ты добра распрацаваў сваю сістэму і сваю ідэю, Шан Ян". Ён канчаткова ачуўся, толькі калі палілі кнігі. Кідалі сувоі, звязкі бамбуковых пласцінак, скуры. Палілі Шыцзін і Шуцзін і ўсё тое, што ён аддаваў анафеме. І цяпер, пасля таго, як на вачах ягоных курчыліся людзі, сваякі, сябры, таварышы з выламанымі рэбрамі або з прабітай галавой, пасля таго як ён бачыў іх на слупах, — ён ужо не мог не адносіцца і да кніг як да жывых арганізмаў, якія гавораць і адчуваюць боль. Цягнуўся горкі дым. Стралялі ў агні бамбукавыя пеналы, у якіх захоўваліся світкі. — Я пакінуў толькі світкі гаданняў, медыцыны, аптэкарскай справы і земляробства. Я думаю, гэта мудра. Астатняе будзе спалена[32]. Усё было скончана. Чорны кніжны дым цягнуўся над вялікім полем, дзе сям-там варушылася, варушылася, варушылася зямля. І тады ён устаў. Ён усё зразумеў, яшчэ не ведаючы і не думаючы, што будзе з ім. Ведаў, што ўсё гэта чакае і яго, але чакае стакрот, бо гэта ён запісаў ўсё гэта каліграфічнымі "цзырамі" ў раздзеле "Узнагароды і пакаранні", бо кожную страту ён перажыў на сабе, і гэта яшчэ чакала і яго. Бо найгоршае пакаранне прымяніў бы ван, пусціўшы яго зараз на волю. Толькі ў яго не стане на гэта мазгоў. І толькі б не паказаць яму гэтага, толькі б не даць яму ў рукі яшчэ і гэтую смяротную пакуту. "Выпусціў звера. Якога ж я выпусціў звера! І хто, калі загоніць яго назад, у клетку?! Хто назаўсёды заб'е яго?!" Ван устаў: — Можна было б пакрысе зрабіць усё гэта і з табой. Закапаць — і выкапаць… ну і гэтак далей. Але я зраблю з табой справядліва. Усмешка на яго азызлым твары была як крывая трэшчына ў жоўтым гарбузе. — Ты ўсё жыццё рупіў пра баявыя калясніцы. Дзеля іх было ўсё, што ты ўбачыў за час вандроўкі і тут… Дык вось. Шчыліна раскалолася далей. — Я загадаю ўсяго толькі разарваць цябе на часткі баявымі калясніцамі. Павольна, але ўсё ж гэта літасць. Шан Ян сплюнуў яму пад ногі. Адкуль узялася сліна, ён не ведаў. Ён убачыў, як закрылася шчыліна, убачыў міжвольную павагу ў вачах дзінліна і сказаў: — Яны ўжо ўсе мёртвыя. Што ты можаш зрабіць з адным мною? Рабі што хочаш. Ён разумеў, што гэта толькі адчай, што гэта толькі помста вану, што ўсё застаецца па-ранейшаму, бо жывы трактат і ўсё гэта будзе цягнуцца і цягнуцца, але ён не хацеў, каб сабаку перамог яшчэ горшы сабака. Таму яго хапіла толькі на гэта. Таму на плошчу між равучых натоўпаў ён ішоў са схіленай галавой і бязвольна абвіслымі рукамі, увесь у бездані свайго чорнага апошняга адчаю, ведаючы, што зныня і давеку ён — сімвалічны сябар усёй сволачы зямлі і люты вораг усіх людзей на ёй. І сволачы будуць, не ведаючы і не памятаючы аб ім, напускаць на Людзей усіх змей, якіх ён вырасціў у сваім гадзючніку. І ніхто, ніводны Чалавек не памяне яго дабром і не даруе. Бо няма за што. Ці з лобнай плошчы, ці проста з неба дакучліва, абрыдліва да нуды, вякала ў вушах ягоных славутая "Песня баявых калясніц":
Последние комментарии
1 час 8 минут назад
6 часов 52 минут назад
7 часов 59 минут назад
8 часов 57 минут назад
9 часов 11 минут назад
18 часов 21 минут назад